355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Редьярд Джозеф Киплинг » Маўглi (на белорусском языке) » Текст книги (страница 4)
Маўглi (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 8 октября 2016, 11:27

Текст книги "Маўглi (на белорусском языке)"


Автор книги: Редьярд Джозеф Киплинг


Жанр:

   

Прочая проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 4 (всего у книги 10 страниц)

Маўглi сам не ведаў сваёй сiлы. У джунглях ён адчуваў сябе куды слабейшым за звяроў, а ў вёсцы людзi казалi, што ён дужы, як бугай. Ён не разумеў, што такое страх, i калi вясковы жрэц сказаў яму, што бог у храме разгневаецца на Маўглi, калi ён будзе красцi ў жраца салодкiя плады манга, Маўглi схапiў статую бажка, прывалок яе да жраца ў дом i папрасiў зрабiць так, каб бог разгневаўся i Маўглi можна было б пабiцца з iм. Спакуса была вялiкая, але жрэц не даў ходу гаворцы, а мужу Месуi давялося заплацiць нямала серабра, каб супакоiць бога.

Апрача таго, Маўглi зусiм не разбiраўся ў той рознiцы памiж людзьмi, якую стварае каста. Калi асёл ганчара звалiўся ў яму, Маўглi выцягнуў яго за хвост i дапамог скласцi гаршкi для адпраўкi на рынак у Канхiвару. Гэта было ўжо зусiм кепска, бо ганчар належаў да нiжэйшай касты, а пра асла i гаварыць няма чаго. Калi жрэц пачаў сварыцца на Маўглi, той прыгразiў, што пасадзiць i яго на асла, i жрэц сказаў мужу Месуi, што сама лепш – як найхутчэй знайсцi Маўглi якi-небудзь занятак. Пасля гэтага вясковы стараста загадаў Маўглi iсцi заўтра ранiцай на пашу пiльнаваць буйвалаў. Больш за ўсiх быў задаволены гэтым Маўглi. У той жа вечар, лiчачы сябе ўжо на службе ў вёскi, ён далучыўся да гурту, што збiраўся кожны вечар на каменнай пляцоўцы пад вялiкай смакоўнiцай. Гэта быў вясковы клуб, куды сыходзiлiся папалiць i стараста, i цырульнiк, i вартаўнiк, якiя ведалi ўсе да адной вясковыя плёткi, i стары Балдзео, вясковы паляўнiчы, што меў ангельскi мушкет. Малпы сядзелi i гаманiлi на верхнiх галiнах смакоўнiцы, а ў нары пад пляцоўкай жыла кобра, якой кожны вечар ставiлi сподачак малака, бо яна лiчылася свяшчэннай. Старыя садзiлiся вакол дрэва, гаманiлi да позняй ночы i палiлi тытунь з вялiкiх кальянаў. Яны расказвалi дзiвосныя гiсторыi пра людзей, багоў i зданi, а Балдзео расказваў яшчэ больш дзiвосныя гiсторыi пра звычкi звяроў у джунглях, так што ў хлопчыкаў, што сядзелi за кругам, дух займала. Больш за ўсё расказвалi пра звяроў, бо джунглi падыходзiлi да самай вёскi. Аленi i дзiкi травiлi пасевы, i час ад часу ў змроку тыгр хапаў чалавека на вачах ва ўсiх, ледзь не каля саменькiх вясковых варотаў.

Маўглi, якi, вядома, добра ведаў тое, пра што тут расказвалi, закрываў твар рукамi, каб нiхто не бачыў, як ён смяецца. Балдзео, паклаўшы мушкет на каленi, пераходзiў ад адной дзiвоснай гiсторыi да другой, а ў Маўглi трэслiся плечы ад смеху.

Балдзео расказваў пра тое, што тыгр, якi схапiў сына Месуi, быў пярэварацень i што ў яго ўсялiлася душа злоснага старога лiхвяра, якi памёр некалькi гадоў назад...

– I гэта праўда, я ведаю, – казаў ён, – бо Пуран Дас заўсёды кульгаў. Яму выцялi нагу ў час бунту, калi спалiлi ўсе яго рахункавыя кнiгi, а той тыгр, пра якога я гавару, таксама кульгае: яго лапы пакiдаюць няроўныя сляды.

– Праўда, праўда, так яно i ёсць! – пацвердзiлi сiвабародыя, дружна кiваючы галовамi.

– Няўжо ўсе вашы байкi – такая старая парахня? – сказаў Маўглi. – Гэты тыгр кульгае таму, што нарадзiўся кульгавы, як усе ведаюць. Балбатаць, нiбыта душа лiхвяра жыве ў зверы, якi заўсёды быў баязлiвейшы за шакала, могуць толькi малыя дзецi.

Балдзео на хвiлiну знямеў ад здзiўлення, а стараста вылупiў вочы.

– Ого! Гэта ж хлапчук з джунгляў! – сказаў Балдзео. – Калi ўжо ты такi разумны, тады лепей занясi шкуру гэтага тыгра ў Канхiвару – урад прызначыў сто рупiй за яго галаву. А яшчэ лепей памаўчы, калi гавораць старэйшыя.

Маўглi ўстаў, збiраючыся пайсцi.

– Увесь вечар я ляжаў тут i слухаў, – абазваўся ён, азiрнуўшыся цераз плячо, – i за ўвесь час, апрача аднаго цi двух разоў, Балдзео не сказаў нi слова праўды пра джунглi, а яны ж у яго за парогам. Як жа я магу паверыць казкам пра багоў, зданi i нядобрых духаў, якiх ён нiбыта бачыў?

– Гэтаму хлопчыку даўно пара iсцi да статка, – сказаў стараста.

А Балдзео пыхкаў i чмыхаў, абураны грубiянствам Маўглi.

У шмат якiх iндыйскiх вёсках хлопчыкi з ранiцы выганяюць кароў i буйвалаў на пашу, а ўвечары прыганяюць iх назад, i тыя самыя буйвалы, якiя затапталi б белага чалавека насмерць, дазваляюць бiць i паганяць сябе дзецям, якiя ледзь дастаюць iм да мысы. Пакуль хлопчыкi трымаюцца каля буйвалаў, iм не пагражае нiякая небяспека – нават тыгр не асмелiцца напасцi на цэлы статак. Але калi яны адыдуцца збiраць кветкi або лавiць яшчарак, iх можа схапiць тыгр.

На досвiтку Маўглi праехаў па вясковай вулiцы, седзячы на спiне Рамы, сама вялiкага буйвала ў статку. Сiне-шэрыя буйвалы з доўгiмi, загнутымi назад рагамi i дзiкаватым позiркам адзiн за другiм выбiралiся з хлявоў i iшлi за важаком Рамам, i Маўглi даў зразумець астатнiм хлопчыкам, што гаспадар тут ён. Ён малацiў буйвалаў доўгай адшлiфаванай бамбукавай палкай i сказаў аднаму з хлопчыкаў, якога звалi Камiя, што праедзе далей з буйваламi, а хлопчыкi няхай пасуць кароў без яго i нi ў якiм разе не адлучаюцца ад статка.

Iндыйская паша – гэта адны камянi, кусты, пучкi калючай травы i неглыбокiя яры, па якiх разыходзiцца i хаваецца статак. Буйвалы звычайна трымаюцца паблiзу балотаў, дзе шмат мулу, i цэлымi гадзiнамi ляжаць i грэюцца ў гарачай ад сонца гразi. Маўглi прыгнаў статак на той край раўнiны, дзе Вайнганга выходзiць з джунгляў, саскочыў з шыi Рамы, падбег да бамбукавага гаёчка i знайшоў там Шэрага Брата.

– Ага, – сказаў Шэры Брат, – я ўжо шмат дзён чакаю цябе тут. Навошта табе гэтая ваджанiна са статкам?

– Так мне загадалi, – сказаў Маўглi. – Пакуль што я вясковы пастух. А дзе Шэр-Хан?

– Ён вярнуўся ў гэтыя мясцiны i доўга падпiльноўваў цябе тут. Цяпер ён зноў пайшоў адсюль, бо дзiчыны мала. Ён хоча забiць цябе.

– Цудоўна! – сказаў Маўглi. – Пакуль яго тут няма, ты або хто-небудзь з чатырох братоў павiнен сядзець на гэтай скале, каб я цябе бачыў, калi выходжу з вёскi. Калi ён вернецца, чакайце мяне ў яры пасярод раўнiны, пад дрэвам дхак. Няма чаго лезцi ў самую пашчу Шэр-Хану.

Пасля гэтага Маўглi выбраў цянiстую мясцiнку i заснуў, а буйвалы пасвiлiся вакол яго. Пасвiць жывёлу ў Iндыi – занятак для гультаёў. Каровы пераходзяць з месца на месца i жуюць, потым кладуцца, потым зноў iдуць далей i нават не рыкаюць. Яны толькi чмыхаюць, а буйвалы вельмi рэдка гавораць што-небудзь. Яны заходзяць у мулiстыя затокi адзiн за другiм i залазяць у гразь па самую мысу, так што вiдаць толькi нос ды сiнiя, нiбы фарфоравыя, вочы, i ляжаць там, як калоды. Нагрэтыя сонцам скалы быццам бруяцца ад спёкi, i пастушкi чуюць, як каршун (заўсёды ўсяго адзiн) нябачна пасвiствае ў iх над галавой, i ведаюць, што, калi хто-небудзь з iх памрэ або здохне карова, гэты каршун зляцiць унiз, i суседнi каршун за шмат мiляў адсюль убачыць, як той спусцiўся i таксама паляцiць за iм, а потым яшчэ адзiн i яшчэ, так што ледзь толькi паспее хто-небудзь памерцi, як дваццаць галодных каршуноў з'яўляюцца невядома адкуль. Хлопчыкi дрэмлюць, прачынаюцца i зноў засынаюць, плятуць маленькiя кошыкi з сухой травы i саджаюць у iх конiкаў; а то зловяць двух багамолаў i прымушаюць iх бiцца, а то нанiзваюць пацеркi з чырвоных i чорных лясных арэхаў, або глядзяць, як яшчарка грэецца на сонцы, або як змяя каля лужыны палюе на жабу. Потым яны спяваюць доўгiя, працяжныя песнi з дзiўнымi пералiвамi ў канцы, i дзень здаецца iм даўжэйшым, чым усё жыццё iншым людзям. А другi раз вылепяць палац або храм з глiны з фiгуркамi людзей, коней i буйвалаў, уставяць трысцiнкi людзям у рукi, нiбыта гэта ўладарныя князi, а астатнiя фiгуркi iхняе войска, або нiбыта гэта багi, а астатнiя iм моляцца. Потым надыходзiць вечар, дзецi склiкаюць статак, i буйвалы адзiн за другiм падымаюцца з густой гразi з шумам гарматнага стрэлу, i ўвесь статак цягнецца гужам цераз шэрую раўнiну назад, да мiгатлiвых агеньчыкаў вёскi.

Дзень за днём вадзiў Маўглi буйвалаў да мулiстых затокаў, дзень за днём бачыў Шэрага Брата на раўнiне (i таму ведаў, што Шэр-Хан яшчэ не вярнуўся), дзень за днём ён ляжаў у траве, прыслухоўваўся да гукаў вакол сябе i думаў пра ранейшае жыццё ў джунглях. Калi б Шэр-Хан спатыкнуўся сваёй кульгавай лапай дзе-небудзь у зараснiку на беразе Вайнгангi, Маўглi пачуў бы яго гэтымi доўгiмi цiхiмi ранкамi.

Надышоў нарэшце дзень, калi Маўглi не ўбачыў Шэрага Брата на дамоўленым месцы, i, засмяяўшыся, ён пагнаў буйвалаў да яра пад дрэвам дхак, якое было ўсё ўсыпана залацiста-чырвонымi кветкамi. Там сядзеў Шэры Брат, i кожны валасок на яго спiне тырчаў дыбам.

– Ён хаваўся цэлы месяц, каб збiць цябе са следу. Учора ўночы ён перайшоў горы разам з Табакi i цяпер iдзе па гарачых слядах за табою, – сказаў воўк, цяжка дыхаючы.

Маўглi нахмурыўся:

– Я не баюся Шэр-Хана, але Табакi вельмi хiтры.

– Не бойся, – сказаў Шэры Брат i злёгку аблiзнуў губы. – Я сустрэў Табакi на досвiтку. Цяпер ён расказвае ўсе свае хiтрыкi каршунам. Але, перш чым я зламаў яму хрыбет, ён усё расказаў мне. Шэр-Хан мае намер чакаць цябе сёння ўвечары каля вясковых варотаў, толькi цябе i нiкога iншага. А цяпер ён залёг у вялiкiм перасохлым яры каля ракi.

– Еў ён сёння цi выйшаў на паляванне з пустым страўнiкам? – спытаў Маўглi, таму што ад адказу залежала яго жыццё або смерць.

– Ён зарэзаў свiнню на досвiтку, а цяпер яшчэ i напiўся ўдосталь. Не забудзь, што Шэр-Хан не можа прабыць i аднаго дня без яды нават дзеля помсты.

– О ёлупень, ёлупень! Дурань з дурняў! Наеўся ды яшчэ i напiўся i думае, што я буду чакаць, пакуль ён выспiцца! Дык дзе ж ён залёг? Калi б нас было хоць дзесяцера, мы збiлi б з яго пыху. Гэтыя буйвалы не захочуць нападаць, калi не ўчуюць тыгра, а я не ўмею гаварыць на iхняй мове. Цi нельга нам пайсцi па яго следзе, каб буйвалы яго ўчулi?

– Ён праплыў далёка ўнiз па Вайнганзе, каб след згубiўся, – адказаў Шэры Брат.

– Гэта Табакi яго навучыў, я ведаю. Сам ён нiколi не здагадаўся б. Маўглi стаяў, паклаўшы палец у рот, i думаў. – Вялiкi яр каля Вайнгангi – ён выходзiць на раўнiну амаль за паўмiлi адсюль. Я магу павесцi статак кругаля, праз джунглi, да пачатку яра, а потым спусцiцца ўнiз, але тады ён уцячэ ад нас па дне яра. Трэба загарадзiць той канец. Шэры Брат, можаш ты падзялiць статак напалам?

– Не ведаю, можа, i не здолею, але я прывёў табе разумнага памочнiка.

Шэры Брат адбегся ўбок i саскочыў у яму. Адтуль паказалася вялiкая шэрая галава, добра знаёмая Маўглi, i спякотнае паветра запоўнiлася сама тужлiвым выццём, якое толькi можна пачуць у джунглях, – гэта быў паляўнiчы поклiч ваўка ў паўдзённы час.

– Акела! Акела! – крыкнуў Маўглi i запляскаў у ладкi. – Я так i ведаў, што ты мяне не забудзеш! Нас чакае вялiкая работа. Падзялi статак напалам, Акела. Збяры кароў з цялятамi, а быкоў i рабочых буйвалаў – асобна.

Абодва ваўкi, робячы петлi, загойсалi ў статку сярод буйвалаў i кароў, якiя чмыхалi i задзiралi ўгору галовы, i падзялiлi яго на дзве групы. У адной стаялi каровы, акружыўшы цялят кальцом, i, злосна пазiраючы, грэблi капытамi зямлю, гатовыя кiнуцца на ваўка i растаптаць яго насмерць, як толькi ён спынiцца. У другой групе чмыхалi i грэблi зямлю быкi i маладыя бычкi; яны здавалiся страшнейшымi, але былi далёка не так небяспечныя, бо не баранiлi сваiх цялят. Людзi i ўшасцёх не справiлiся б падзялiць статак гэтак спрытна.

– Што загадаеш яшчэ? – спытаў Акела, засопвшыся. – Яны хочуць зноў сысцiся разам.

Маўглi ўскочыў на спiну Рамы:

– Адганi быкоў падалей налева, Акела. Шэры Брат, калi мы пойдзем адсюль, не давай каровам разбягацца i заганяй iх у вусце яра.

– А цi далёка? – спытаў Шэры Брат, цяжка дыхаючы i ляскаючы зубамi.

– Да таго месца, дзе схiлы сама крутыя, каб Шэр-Хан не мог выскачыць! крыкнуў Маўглi. – Затрымай iх там, пакуль не падыдзем мы.

Быкi рванулiся ўперад, пачуўшы голас Акелы, а Шэры Брат выйшаў i стаў перад каровамi. Тыя рынулiся на яго, i ён пабег перад самым статкам да вусця яра, а ў гэты час Акела адагнаў быкоў далёка ўлева.

– Добра зроблена! Яшчэ раз – i яны дружна рушаць уперад. Асцярожней цяпер, асцярожней, Акела! Варта толькi клацнуць зубамi, i яны кiнуцца на цябе! Ого! Шалёная работа, горш чым ганяць чорных аленяў! Цi думаў ты, што гэтыя жывёлiны могуць так хутка бегаць? – спытаў Маўглi.

– Я... я паляваў i на iх у свой час, – задыхаючыся ад пылу, адгукнуўся Акела. – Павярнуць iх у джунглi?

– Ага, павярнi. Павярнi iх хутчэй! Рама шалее ад злосцi. О, каб я мог сказаць яму, што мне ад яго трэба!

Быкi павярнулi, на гэты раз направа, i з шумам рынулiся ў гушчар. Хлопчыкi-пастухi, што пiльнавалi статак за паўмiлi далей, з усiх ног прыпусцiлi ў вёску з крыкам, што буйвалы пашалелi i ўцяклi.

План Маўглi быў даволi просты. Ён хацеў зрабiць вялiкi круг па ўзгорках i дайсцi да пачатку яра, а потым сагнаць быкоў унiз, каб Шэр-Хан апынуўся памiж быкамi i каровамi. Ён ведаў, што, наеўшыся i напiўшыся ўдосталь, Шэр-Хан не здолее бiцца i не ўскараскаецца па схiлах яра. Цяпер Маўглi супакойваў буйвалаў голасам, а Акела бег ззаду, падвываючы зрэдку, каб падагнаць тых, што адставалi. Давялося зрабiць вялiкi-вялiкi круг, таму што яны не хацелi падыходзiць занадта блiзка да яра, каб не спудзiць Шэр-Хана. Нарэшце Маўглi павярнуў статак на зарослы травой абрыў, якi крута спускаўся да яра. З абрыву з-за вяршалiн дрэў была вiдаць раўнiна ўнiзе, але Маўглi глядзеў толькi на схiлы яра i з радасцю бачыў, што яны вельмi крутыя, амаль стромкiя, i што плюшч i лiяны, якiя iх аплялi, не ўтрымаюць тыгра, калi ён захоча выбрацца наверх.

– Дай iм уздыхнуць, Акела, – сказаў ён, падымаючы руку. – Яны яшчэ не ўчулi тыгра. Дай iм уздыхнуць. Трэба ж сказаць Шэр-Хану, хто iдзе. Мы злавiлi яго ў пастку.

Ён прыклаў рукi да рота i крыкнуў у яр – гэта было ўсё роўна, што крычаць у тунель, – i рэха пакацiлася ад скалы да скалы.

Не вельмi хутка ў адказ пачулася працяглае соннае бурчанне сытага тыгра, якi толькi што прачнуўся.

– Хто заве? – раўнуў Шэр-Хан, i прыгожы паўлiн з рэзкiм крыкам выпырхнуў з яра.

– Я, Маўглi! Пара табе з'явiцца на Скалу Рады, каровiн злодзей! Унiз! Ганi iх унiз, Акела! Унiз, Рама, унiз!

На момант статак замёр на краi абрыву, але Акела правыў на ўвесь голас паляўнiчы поклiч, i буйвалы адзiн за адным нырнулi ў яр, як параходы ныраюць цераз парогi. Пясок i камянi паляцелi фантанам на ўсе бакi.

Раз рушыўшы, статак ужо не мог спынiцца, i не паспеў ён спусцiцца на дно яра, як Рама зарыкаў, учуўшы Шэр-Хана.

– Ага! – сказаў Маўглi, седзячы на яго спiне. – Цяпер ты зразумеў!

I паток чорных рагоў, мысаў, пакрытых пенай, i вылупленых вачэй пакацiўся па яры, якраз так, як коцяцца валуны ў паводку: слабейшых буйвалаў адцiснулi на бакi яра, дзе яны ледзь прадзiралiся праз лiяны. Буйвалы зразумелi, што iх чакае наперадзе: напасцi ўсiм статкам i з усяе сiлы, чаго не вытрымае нiводзiн тыгр. Шэр-Хан, пачуўшы тупат капытоў, падхапiўся i нязграбна затрухаў унiз па яры, азiраючыся па баках у пошуках выйсця. Але адхоны ўзнiмалiся амаль строма, i ён бег далей i далей, ацяжэлы ад яды i вады, гатовы на ўсё, абы не бiцца. Статак ужо расплюхваў лужыну, па якой ён толькi што прайшоў, i рыкаў так, што стогн стаяў у вузкiм праходзе. Маўглi пачуў рыканне ў адказ у канцы яра i ўбачыў, як павярнуў Шэр-Хан (тыгр разумеў, што лепш сустрэцца з быкамi, чым з каровамi i цялятамi). Потым Рама спатыкнуўся i прайшоў па нечым мяккiм i, падганяемы астатнiмi быкамi, на ўсiм хаду ўрэзаўся ў другую палову статка. Слабейшых буйвалаў гэтае сутыкненне проста збiла з ног.

Абодва статкi вылецелi на раўнiну, боручыся, чмыхаючы i тупочучы капытамi.

Маўглi счакаў колькi трэба i саслiзнуў са спiны Рамы, малоцячы направа i налева сваiм кiем.

– Хутчэй, Акела, разводзь статак! Разганяй iх, а то яны пачнуць бароць адно аднаго! Адганяй iх падалей, Акела. Гэй, Рама! Гэй, гэй, гэй, дзецi мае! Цiхенька цяпер, цiхенька! Усё ўжо скончана.

Акела i Шэры Брат бегалi ўзад i ўперад, кусаючы буйвалаў за ногi, i хоць статак зноў падаўся быў у яр, Маўглi здолеў павярнуць Раму, а астатнiя буйвалы паплялiся за iм на балота.

Шэр-Хана не трэба было больш таптаць. Ён быў мёртвы, i каршуны ўжо зляталiся да яго.

– Браты, от гэта была сабачая смерць! – сказаў Маўглi, намацваючы нож, якi заўсёды насiў у ножнах на шыi з таго часу як пачаў жыць з людзьмi. – Але ён усё роўна быў баязлiвец i не захацеў бы бiцца. Праўда! Яго шкура будзе вельмi дарэчы на Скале Рады. Трэба хутчэй брацца за работу.

Хлопчыку, якi вырас сярод людзей, нiколi не прыйшло б у галаву аднаму аблупiць дзесяцiфутавага тыгра, але Маўглi лепш за любога iншага ведаў, як трэба лупiць жывёлу.

Аднак работа была цяжкая, i Маўглi завiхаўся цэлую гадзiну, аддзiраючы i паласуючы шкуру нажом, а ваўкi глядзелi, высалапiўшы язык, або падыходзiлi i цягнулi шкуру, калi ён загадваў iм.

Раптам нечая рука легла на плячо Маўглi, i, узняўшы вочы, хлопчык убачыў Балдзео з ангельскiм мушкетам. Пастухi расказалi ў вёсцы пра тое, што буйвалы пашалелi i ўцяклi, i Балдзео выйшаў сярдзiты, загадзя гатовы пакараць Маўглi за тое, што ён кепска глядзеў за статкам. Ваўкi знiклi з вачэй, як толькi заўважылi чалавека.

– Што гэта яшчэ за дурасць? – сярдзiта спытаў Балдзео. – Ды хiба ты аблупiш тыгра? Дзе буйвалы яго забiлi? Да таго ж гэта кульгавы тыгр, i за яго галаву прызначана сто рупiй. Ну-ну, мы не будзем цябе караць за тое, што не ўпiльнаваў статак, i магчыма, я дам табе адну рупiю, пасля таго як завязу шкуру ў Канхiвару.

Ён намацаў за поясам крэмень i крэсiва i прыгнуўся, каб асмалiць Шэр-Хану вусы. Амаль усе паляўнiчыя ў Iндыi падсмальваюць тыгру вусы, каб яго прывiд не трывожыў iх.

– Гм! – цiха сказаў Маўглi, здымаючы шкуру з пярэдняй лапы. – Дык ты завязеш шкуру ў Канхiвару, атрымаеш узнагароду i, магчыма, дасi мне адну рупiю? А я дык думаю, што шкура спатрэбiцца мне самому. Гэй, стары, выбiрайся з агнём падалей!

– Як ты смееш так размаўляць з найлепшым паляўнiчым вёскi? Тваё шчасце i дурнота буйвалаў памаглi табе займець такую здабычу. Тыгр толькi што наеўся, iнакш ён быў бы зараз за дваццаць мiляў адгэтуль. Ты нават аблупiць яго не зможаш як след, убогi хлапчук, ды яшчэ асмельваешся гаварыць мне, Балдзео, каб я не падсмальваў тыгру вусоў! Не, Маўглi, я не дам табе з узнагароды нiводнага медзяка, затое адлупцую як мае быць. Адыдзi ад тушы!

– Клянуся буйвалам, якi выкупiў мяне, – сказаў Маўглi, здымаючы шкуру з лапаткi, – няўжо я патрачу ўвесь поўдзень на балбатню з гэтай старой малпай? Сюды, Акела, гэты чалавек абрыдзеў мне!

Балдзео, якi ўсё яшчэ стаяў, прыгнуўшыся над галавой Шэр-Хана, раптам расцягнуўся на траве, а калi апамятаўся, дык убачыў, што над iм стаiць шэры воўк, а Маўглi па-ранейшаму лупiць шкуру, як быццам ён адзiн ва ўсёй Iндыi.

– Та-ак, – сказаў Маўглi скрозь зубы, – ты кажаш праўду, Балдзео: ты не дасi мне нiводнага медзяка з узнагароды. Я даўно ваюю з гэтым кульгавым тыграм, вельмi даўно, i верх цяпер мой!

Трэба сказаць шчырую праўду пра Балдзео – калi б ён быў гадоў на дзесяць маладзейшы, ён бы не пабаяўся схапiцца з Акелам, сустрэўшы яго ў лесе, але воўк, якi слухаецца слова хлопчыка, у якога ёсць асабiстыя рахункi з тыграм-людаедам, – не звычайны звер. Тут вядзьмарства, сама небяспечныя чары, думаў Балдзео i ўжо не спадзяваўся, што амулет на шыi ўратуе яго. Ён ляжаў ледзь дыхаючы i чакаў, што Маўглi вось-вось зробiцца тыграм.

– Махараджа! Валадар! – прамовiў ён нарэшце хрыплым шэптам.

– Праўда? – адказаў Маўглi, не паварочваючы галавы i цiхенька пасмiхаючыся.

– Я ўжо стары. Адкуль я ведаў, што ты не звычайны пастушок? Можна мне ўстаць i пайсцi адсюль цi твой слуга разарве мяне на шматкi?

– Iдзi i жывi спакойна. Толькi другi раз не ўмешвайся ў мае справы. Пусцi яго, Акела!

Балдзео зачыкiльгаў у вёску, спяшаючыся i ўвесь час азiраючыся цераз плячо, цi не ператварыўся Маўглi ў што-небудзь страшнае. Дабраўшыся да вёскi, ён расказаў такую гiсторыю пра напушчаныя на яго чары, чарадзейства i вядзьмарства, што жрэц не на жарт перапалохаўся.

Маўглi працаваў без спачыну, але насоўваўся ўжо змрок, калi ён разам з ваўкамi злупiў з тушы вялiкую паласатую шкуру.

– Цяпер трэба схаваць шкуру i гнаць буйвалаў дахаты. Памажы мне сабраць iх, Акела!

Статак сабралi на сутоннi, i, калi ён наблiжаўся да вёскi, Маўглi ўбачыў агнi i пачуў, як у храме б'юць званы i трубяць у ракавiны. Здавалася, палова вёскi сабралася каля варотаў сустракаць Маўглi.

"Гэта таму, што я забiў Шэр-Хана", – падумаў ён.

Але цэлы дождж камянёў прасвiстаў паўз яго, i людзi закрычалi:

– Вядзьмар! Пярэварацень! Воўчы выкармак! Iдзi прэч! Ды хутчэй, а то жрэц зноў зробiць цябе ваўком! Страляй, Балдзео, страляй!

Стары ангельскi мушкет гучна бухнуў, i ў адказ зарыкаў ад болю паранены буйвал.

– Зноў вядзьмарства! – закрычалi людзi. – Ён умее адводзiць кулi! Балдзео, гэта ж твой буйвал!

– Гэта што ж такое? – спытаў разгублена Маўглi, калi камянi паляцелi яшчэ гусцей.

– А яны ж падобны на Чараду, гэтыя твае браты, – сказаў Акела i спакойна сеў на зямлю. – Калi кулi што-небудзь азначаюць, яны як быццам збiраюцца прагнаць цябе.

– Воўк! Воўчы выкармак! Iдзi прэч! – крычаў жрэц, размахваючы галiнкай свяшчэннай раслiны тулсi.

– Зноў? Мiнулы раз мяне гналi за тое, што я чалавек. На гэты раз за тое, што я воўк. Хадзем, Акела!

Жанчына – гэта была Месуа – перабегла цераз дарогу да статка i крыкнула:

– О сын мой, сын мой! Яны кажуць, што ты вядзьмар i можаш, калi захочаш, зрабiцца ваўком! Я iм не веру, але ўсё-такi iдзi адсюль, а то яны заб'юць цябе. Балдзео кажа, што ты чарадзей, але я ведаю, што ты адпомсцiў за смерць майго Натху.

– Вярнiся, Месуа! – крычаў натоўп. – Вярнiся, а то мы паб'ём цябе камянямi!

Маўглi засмяяўся кароткiм злосным смехам, – камень выцяў яго па губах.

– Бяжы назад, Месуа. Гэта дурная казка з тых, якiя расказваюць пад вялiкiм дрэвам вечарамi. Я ўсё ж адпомсцiў за твайго сына. Бывай i бяжы хутчэй, бо зараз я пашлю на iх статак, а ён рухаецца хутчэй, чым ляцяць камянi. Я не вядзьмар, Месуа. Бывай!.. Ну, яшчэ раз, Акела! – крыкнуў ён. – Ганi статак у вароты!

Буйвалы i самi рвалiся ў вёску. Iм не трэба было, каб iх падганяла выццё Акелы, яны, як вiхор, уляцелi ў вароты, расшпурляўшы натоўп направа i налева.

– Лiчыце! – з пагардай крыкнуў Маўглi. – Можа, я ўкраў у вас буйвала? Лiчыце, таму што больш я не буду пасвiць для вас статак. Бывайце, людзi, i скажыце дзякуй Месуi, што я не паклiкаў сваiх ваўкоў i не ўзяўся ганяць вас узад i ўперад па вясковай вулiцы.

Ён павярнуўся i пайшоў прэч разам з ваўком-адзiнцом i, пазiраючы ўгору на зоркi, адчуваў сябе шчаслiвым.

– Больш я ўжо не буду спаць у пастках, Акела. Давай возьмем шкуру Шэр-Хана i пойдзем адсюль. Не, вёску мы не зачэпiм, бо Месуа была добрая да мяне.

Калi месяц узышоў над раўнiнай i залiў яе нiбы малаком, напалоханыя сяляне ўбачылi, як Маўглi з двума ваўкамi ззаду i з клункам на галаве бег да лесу ваўчынай рыссю, пакiдаючы за сабой мiлю за мiляй. Тады яны пачалi бiць у званы i затрубiлi ў ракавiны яшчэ мацней, чым дагэтуль. Месуа плакала, Балдзео ўсё больш хлусiў, расказваючы пра свае прыгоды ў джунглях, i закончыў тым, што расказаў, нiбыта Акела стаяў на заднiх лапах i размаўляў, як чалавек.

Месяц ужо заходзiў, калi Маўглi i абодва ваўкi падышлi да ўзгорка, дзе была Скала Рады, i спынiлiся перад логавам Мацi Ваўчыхi.

– Яны прагналi мяне з чалавечай чарады, мацi! -крыкнуў ёй Маўглi. – Але я стрымаў сваё слова i вярнуўся са шкурай Шэр-Хана.

Мацi Ваўчыха не спяшаючыся выйшла з пячоры са сваiмi ваўчанятамi, i вочы яе загарэлiся, калi яна ўбачыла шкуру.

– У той дзень, калi ён уцiснуў галаву i плечы ў наша логава, гонячыся за табой, Жабянятка, я сказала яму, што з паляўнiчага ён стане здабычай. Ты зрабiў як трэба.

– Добра зрабiў, Маленькi Брат, – пачуўся нечы нiзкi голас у зараснiку. Мы сумавалi ў джунглях без цябе. – Багiра падбегла i пацерлася аб босыя ногi Маўглi.

Яны разам паднялiся на Скалу Рады, i на тым пляскатым каменi, дзе сядзеў раней Акела, Маўглi разаслаў тыгравую шкуру i прымацаваў яе чатырма бамбукавымi калкамi. Акела лёг на шкуру i па-даўнейшаму пачаў склiкаць ваўкоў на Раду: "Глядзiце, глядзiце, о ваўкi!" – якраз як у тую ноч, калi Маўглi ўпершыню прывялi сюды.

З таго часу як змясцiлi Акелу, Чарада заставалася без важака i ваўкi хадзiлi на паляванне або бiлiся як хто надумаецца. Аднак ваўкi па звычцы прыйшлi на поклiч. Адны з iх закульгавелi, трапiўшы ў пастку, другiя ледзь чыкiльгалi, параненыя шротам, трэцiя запаршывелi, бо харчавалiся рознай дрэнню, шмат каго недалiчвалiся зусiм. Але ўсе, хто застаўся жывы, прыйшлi на Скалу Рады i ўбачылi паласатую шкуру Шэр-Хана на скале i вялiзныя кiпцюры, што матлялiся на канцах пустых лапаў.

– Глядзiце як след, о ваўкi! Хiба я не стрымаў слова? – сказаў Маўглi.

I ваўкi прадзяўкалi: "Стрымаў!", а адзiн, сама заняпалы, завыў:

– Будзь зноў нашым важаком, о Акела! Будзь нашым важаком, о дзiцяня! Нам апрыкрала беззаконне, i мы хочам зноў стаць Вольным Народам!

– Не, – правуркатала Багiра, – гэта немагчыма. Калi вы будзеце сытыя, вы можаце зноў ашалець. Нездарма вы называецеся Вольным Народам. Вы бiлiся за Волю, i яна ваша. Ешце яе, о ваўкi!

– Чалавечая чарада i воўчая чарада прагналi мяне, – сказаў Маўглi. – Цяпер я буду хадзiць на паляванне ў джунглях адзiн.

– I мы будзем хадзiць на паляванне разам з табой, – сказалi чацвёра ваўчанят.

I Маўглi пайшоў i з гэтага дня займаўся паляваннем у джунглях разам з чатырма ваўчанятамi.

Але ён не заўсёды заставаўся адзiн: праз многа гадоў ён стаў дарослы i ажанiўся.

Але гэта ўжо – гаворка для вялiкiх!

ЯК СТРАХ ПРЫЙШОЎ У ДЖУНГЛI

Закон Джунгляў, якi куды старэйшы за ўсе iншыя законы на зямлi, прадбачыў амаль усе выпадковасцi, якiя могуць выпасцi на долю Народа Джунгляў, i цяпер у гэтым Законе ёсць усё, што маглi даць час i звычай. Калi вы чыталi папярэднiя апавяданнi пра Маўглi, дык памятаеце, што ён правёў большую частку свайго жыцця ў Сiянiйскай Воўчай Чарадзе i навучаўся Закону ў бурага мядзведзя Балу. Гэта Балу сказаў хлопчыку, калi таму надакучыла выконваць яго загады, што Закон падобны на ўчэпiстую лiяну: ён хапае кожнага i нiкому ад яго не ўцячы.

– Калi ты пражывеш з маё, Маленькi Брат, дык пабачыш, што ўсе джунглi падначальваюцца аднаму Закону. I гэта будзе не дужа прыемна бачыць, – сказаў Балу.

Яго словы ўвайшлi ў адно вуха Маўглi i выйшлi праз другое: хлопчык, у якога ўсё жыццё iдзе на яду i сон, не будзе асаблiва непакоiцца, пакуль бяда не падыдзе да яго ўпрытык. Але настаў год, калi словы Балу пацвердзiлiся, i Маўглi ўбачыў, што ўсе джунглi падпарадкуюцца аднаму Закону.

Гэта пачалося пасля таго, як зiмовых дажджоў не выпала амаль зусiм i дзiкабраз Сахi, сустрэўшы Маўглi ў бамбукавым зараснiку, расказаў яму, што дзiкi ямс падсыхае. А ўсе ж ведаюць, што Сахi пераборлiвы да смешнага i есць толькi сама смачнае i сама спелае. Маўглi засмяяўся i сказаў:

– А мне якi клопат?

– Цяпер – амаль нiякага, – суха i няветлiва адказаў Сахi, пабразгваючы iголкамi, – а там будзе вiдаць. Цi можна яшчэ даваць нырца ў глыбокай яме пад Пчалiнай Скалой, Маленькi Брат?

– Не. Дурная вада ўся кудысьцi сышла, а я не хачу раскалоць сабе галаву, сказаў Маўглi, якi быў упэўнены, што ведае не менш, чым пяць дзiкабразаў, разам узятыя.

– Тым горш для цябе: у маленькую расколiну магло б увайсцi хоць трошкi розуму.

Сахi хуценька адхiлiўся, каб Маўглi не скубнуў яго за шчацiнкi на носе. Калi Маўглi перадаў Балу словы Сахi, мядзведзь на хвiлiну задумаўся i прабурчаў:

– Калi б я быў адзiн, я змянiў бы месца палявання, перш чым астатнiя пра гэта здагадаюцца. Ды толькi паляванне сярод чужых заўсёды канчаецца бойкай хаця б яны не ўчынiлi чаго-небудзь кепскага дзiцяняцi. Пачакаем, паглядзiм, як будзе цвiсцi махуа.

Гэтай вясной дрэва махуа, плады якога любiў Балу, так i не зацвiло. Сметанковага колеру васковыя пялёсткi былi спалены спякотай, перш чым паспелi распусцiцца, i ўсяго некалькi бутонаў, ад якiх нядобра пахла, упала на зямлю, калi мядзведзь стаў на заднiя лапы i страсянуў дрэва. Потым паступова невыказная спякота прабралася ў самае сэрца джунгляў, i яны пажоўклi, пабурэлi i нарэшце пачарнелi. Зялёны зараснiк на схiлах яроў выгараў, памярцвеў i скруцiўся, нiбы кавалкi чорнага дроту; патаемныя азёры высахлi да дна, пакрылiся скарынкай, i нават сама лёгкiя сляды на iх берагах захоўвалiся доўга, быццам вылiтыя з чыгуну; сакавiтыя сцяблiнкi плюшчу, што абвiвалi дрэвы, упалi да iх камлёў i завялi; бамбук засох i трывожна шамацеў на спякотным ветры; мох сышоў са скал у глыбiнi джунгляў, i яны зрабiлiся гэткiя ж голыя i гарачыя, як сiнiя валуны ў рэчышчы патоку.

Птушкi i малпы, разумеючы, што iм пагражае бяда, перабралiся на поўнач у самым пачатку года, а аленi i дзiкi забiралiся далёка ў засохлыя на коранi палеткi вакол вёсак i нярэдка памiралi на вачах у людзей, якiя занадта аслабелi, каб забiваць iх. Каршун Чыль застаўся ў джунглях i растлусцеў, бо падлы было вельмi многа. Кожны вечар ён паўтараў звярам, якiя ўжо не мелi сiлы сысцi на новыя мясцiны, што сонца забiла джунглi на тры днi лёту ва ўсе бакi.

Маўглi, якi дагэтуль не ведаў сапраўднага голаду, узяўся за стары мёд трохгадовай даўнасцi; ён выграбаў з апусцелых вуллёў сярод скал мёд, чорны, як ягады цёрну, i пакрыты налётам застылага цукру. А яшчэ ён даставаў лiчынкi, што пазабiралiся глыбока пад кару дрэў, i выкрадаў у восаў iхнюю дзятву. Ад дзiчыны ў джунглях засталiся скура ды косцi, i Багiра забiвала тройчы на ноч i ўсё не магла наесцiся ўволю. Але горш за ўсё было тое, што не хапала вады, бо Народ Джунгляў п'е хоць i рэдка, але ўдосталь.

А спякота ўсё трымалася i трымалася i выпiла ўсю вiльгаць, i ў рэшце рэшт з усiх рэк, рэчак i ручаёў заставалася толькi галоўнае рэчышча Вайнгангi, па якiм бруiўся тоненькi ручаёк вады памiж мёртвымi берагамi; i калi дзiкi слон Хатхi, якi жыве сто гадоў i нават больш, убачыў доўгi сiнi каменны хрыбет, што высунуўся з-пад вады пасярэдзiне патоку, ён пазнаў Скалу Мiру i тут жа ўзняў хобат i затрубiў, абвяшчаючы Вадзяное Перамiр'е, як пяцьдзесят гадоў назад абвясцiў гэтае Перамiр'е яго бацька. Аленi, дзiкi i буйвалы хрыпла падхапiлi яго заклiк, а каршун Чыль, лятаючы над зямлёй вялiкiмi кругамi, свiстам i крыкам паведамляў джунглям пра Перамiр'е.

Паводле Закону Джунгляў, забойства каля вадапою караецца смерцю, калi Перамiр'е ўжо аб'яўлена. Гэта таму, што напiцца вады важней, чым пад'есцi. Кожны звер у джунглях як-небудзь пераб'ецца, калi мала дзiчыны, але вада ёсць вада, i калi засталася ўсяго адна крынiца, любое паляванне спыняецца, пакуль Народ Джунгляў ходзiць да яе на вадапой. У добрыя часы, калi вады было шмат, звярам, што хадзiлi на вадапой да Вайнгангi або ў iншае месца, пагражала смерць, i гэтая небяспека павялiчвала асалоду начнога жыцця. Спусцiцца да ракi так спрытна, каб не зашамацеў нi адзiн лiсцiк; хадзiць па калена ў грукатлiвай вадзе парогаў, якая заглушае любы шум; пiць, азiраючыся цераз плячо, са страхам напружваючы ўсе мускулы для першага адчайнага скачка, а потым пакачацца па пясчаным беразе i вярнуцца з мокрай пысай i поўным жыватом да зачараванага тваёй смеласцю статка, – усё гэта з захапленнем рабiлi маладыя аленi з блiскучымi гладкiмi рожкамi якраз таму, што ў любую хвiлiну Багiра або Шэр-Хан маглi кiнуцца на iх i схапiць. Але цяпер гэтая гульня ў жыццё i смерць была скончана, i Народ Джунгляў падыходзiў галодны i змучаны да абмялелай ракi – тыгр i мядзведзь разам з аленямi, буйваламi i дзiкамi, – пiў забруджаную ваду i доўга стаяў над ракой, не маючы сiлы крануцца з месца.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю