355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Редьярд Джозеф Киплинг » Маўглi (на белорусском языке) » Текст книги (страница 7)
Маўглi (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 8 октября 2016, 11:27

Текст книги "Маўглi (на белорусском языке)"


Автор книги: Редьярд Джозеф Киплинг


Жанр:

   

Прочая проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 7 (всего у книги 10 страниц)

– Мне таксама. Я не хачу нават, каб iх косцi ляжалi на нашай чыстай зямлi. Няхай шукаюць сабе iншае логава. Тут iм няможна заставацца. Я чуў, як пахне кроў жанчыны, якая мяне кармiла – жанчыны, якую яны забiлi б, каб не я. Толькi пах свежай травы на парогах дамоў можа заглушыць пах крывi. Ад яго ў мяне смылiць у роце. Напусцiм на iх джунглi, Хатхi!

– А! – сказаў Хатхi. – Вось гэтак жа смылеў i шрам на маёй скуры, пакуль мы не ўбачылi, як загiнулi вёскi пад веснавым параснiкам. Цяпер я зразумеў: твая вайна стане нашай вайной. Мы напусцiм на iх джунглi.

Маўглi ледзь паспеў перавесцi дух – ён увесь калацiўся ад нянавiсцi i злосцi, – як тое месца, дзе стаялi сланы, апусцела, i толькi Багiра глядзела на Маўглi з жахам.

А Хатхi i яго тры сыны павярнулi кожны ў свой бок i моўчкi пакрочылi па далiнах. Яны iшлi ўсё далей i далей праз джунглi i зрабiлi шэсцьдзесят мiляў гэта значыць цэлы двухдзённы пераход. I кожны iх крок, i кожнае пагойдванне хобата былi прыкмечаны i вытлумачаны Мангам, Чылем, Малпiным Народам i ўсiмi птушкамi. Потым сланы пачалi кармiцца i мiрна пасвiлiся не менш тыдня. Хатхi i яго сыны падобны на горнага ўдава Каа: яны не будуць спяшацца, калi ў гэтым няма патрэбы.

Праз тыдзень – i нiхто не ведае, адкуль гэта пайшло, – па джунглях пранеслася чутка, што ў такой i такой вось далiне корм i вада сама лепшыя. Дзiкi, якiя гатовы iсцi на край свету дзеля сытнага харчу, рушылi першыя, атрад за атрадам перавальваў цераз каменне; за iмi падалiся аленi, а за аленямi – маленькiя лiсiцы, якiя харчуюцца падлай. Побач з аленямi iшлi непаваротлiвыя антылопы нiльгау, а за нiльгау рухалiся дзiкiя буйвалы з балотаў. Спачатку лёгка было б павярнуць назад адзiночныя i разрозненыя статкi, якiя скублi траву, iшлi далей, пiлi i зноў скублi траву, але як толькi сярод iх узнiмалася трывога, з'яўляўся хто-небудзь i супакойваў iх. То гэта быў дзiкабраз Сахi з весткай аб тым, што добры харч пачынаецца трошкi далей; то кажан Манг, трапечучы крыламi, з радасным пiскам праносiўся па прагалiне, каб паказаць, што там нiкога няма; то Балу з поўным ротам карэння, валюхаючыся, падыходзiў да статка i жартам або ўсур'ёз палохаў яго, выкiроўваючы на патрэбную дарогу. Шмат хто павярнуў назад, разбегся або не захацеў iсцi далей, але астатнiя заставалiся i па-ранейшаму iшлi ўперад.

Мiнула дзён дзесяць, i к гэтаму часу ўсё выглядала так: аленi, дзiкi i нiльгау тапталiся, рухаючыся па крузе радыусам восем цi дзесяць мiляў, а драпежнiкi нападалi на iх з краёў. А ў цэнтры круга была вёска, а навакол вёскi даспявала збажына на палетках, а на палетках сядзелi людзi на вышках, падобных на галубятнi i пабудаваных для таго, каб адпуджваць птушак i iншых зладзейчыкаў.

Была цёмная ноч, калi Хатхi i яго тры сыны без шуму выйшлi з джунгляў, зламалi хобатамi жэрдкi, i вышкi ўпалi, як падае зламаная сцяблiна амежнiку, а людзi, што звалiлiся з iх, пачулi глухое бурчанне сланоў. Потым авангард напуджанай армii аленяў прымчаўся i вытаптаў вясковую пашу i ўзараныя палеткi; а за iмi прыйшлi тупарылыя дзiкi з вострымi капытамi, i што засталося пасля аленяў, тое знiшчылi свiннi. Час ад часу ваўкi трывожылi статкi, i тыя, ашалелыя, кiдалiся з боку ў бок, тапталi зялёны ячмень i раўнялi з зямлёй берагi арашальных каналаў. Перад свiтаннем у адным месцы на краi круга драпежнiкi адступiлi, пакiнуўшы адкрытай дарогу на поўдзень, i аленi рынулiся па ёй, статак за статкам. Астатнiя, смялейшыя, залеглi ў гушчары, каб пакармiцца наступнай ноччу.

Ды ўсё ўжо было зроблена. Ранiцай сяляне глянулi на свае палеткi i ўбачылi, што ўсе пасевы загiнулi. Гэта пагражала смерцю, калi людзi не сыдуць адсюль у iншыя мясцiны, бо голад быў заўсёды гэтак жа блiзка ад iх, як i джунглi. Калi буйвалаў выгналi на пашу, галодны статак убачыў, што аленi падчыстую з'елi ўсю траву, i разышоўся па джунглях услед за сваiмi дзiкiмi таварышамi. А калi надышоў вечар, выявiлася, што тры цi чатыры вясковыя канi ляжаць у стойлах з праламанымi галовамi. Толькi Багiра ўмела наносiць такiя ўдары, i толькi ёй магла прыйсцi ў галаву дзёрзкая думка вывалачы апошнi труп на сярэдзiну вулiцы.

У гэтую ноч сяляне не асмелiлiся раскласцi вогнiшчы на палетках, i Хатхi з сынамi выйшаў падбiраць тое, што засталося; а там, дзе пройдзе Хатхi, ужо няма чаго больш падбiраць. Людзi парашылi харчавацца збожжам, прызапашаным для пасеву, пакуль не пройдуць дажджы, а потым наняцца парабкамi, каб неяк пакрыць страты гэтага года. Але пакуль гандляр хлебам думаў пра свае кашы, поўныя збожжа, i пра цану, якую ён будзе браць з пакупнiкоў, вострыя бiўнi Хатхi ламалi вугал яго глiнабiтнага свiрна i руйнавалi вялiкi плецены засек, дзе захоўвалася збожжа.

Пасля таго як стала вядома гэтая страта, надышла чарга жраца сказаць сваё слова. Багам ён ужо малiўся, але дарэмна. Магчыма, казаў ён, што вёска, сама таго не ведаючы, зняважыла якога-небудзь бога джунгляў: па ўсiм вiдаць, што джунглi супраць iх. Тады паслалi па верхавода суседняга племенi вандроўных гондаў, маленькiх, разумных, чорных як вугаль паляўнiчых, што жывуць у глыбiнi джунгляў i чые продкi паходзяць ад найстаражытнейшых народнасцей Iндыi – ад першых гаспадароў зямлi. Гонда пачаставалi, чым знайшлося, а ён стаяў на адной назе, з лукам у руках i дзвюма-трыма атручанымi стрэламi, уваткнутымi ў валасы, i пазiраў не то спалохана, не то пагардлiва на ўстрывожаных людзей i на iх спустошаныя палеткi. Людзi хацелi даведацца, цi не злуюцца на iх яго багi, старыя багi, i якiя ахвяры iм патрэбны. Гонд нiчога не адказаў, але сарваў доўгую сцяблiну паўзучага дзiкага гарбуза, якi дае горкiя плады, i заплёў ёю дзверы храма на вачах у здзiўленага бажка. Потым ён некалькi разоў махнуў рукою па паветры ў той бок, дзе была дарога ў Канхiвару, i пайшоў назад да сябе ў джунглi глядзець, як статкi жывёлы блукаюць па iх. Ён ведаў, што, калi джунглi наступаюць, толькi белыя людзi могуць спынiць iхнi рух.

Не было патрэбы пытацца, што ён хацеў гэтым сказаць. Дзiкi гарбуз вырастае там, дзе людзi малiлiся свайму богу, i чым хутчэй яны пойдуць адсюль, тым лепш.

Але нялёгка вёсцы зняцца з наседжанага месца. Людзi заставалiся да таго часу, пакуль у iх былi летнiя запасы. Яны спрабавалi збiраць арэхi ў джунглях, але ценi з палаючымi вачамi сачылi за iмi нават сярод дня, а калi людзi спалохана павярнулi назад, дык убачылi, што са ствалоў дрэў, паўз якiя яны праходзiлi ўсяго пяць хвiлiн назад, чыёйсьцi вялiзнай кiпцюрастай лапай садрана кара. Чым больш людзi тулiлiся да вёскi, тым смялейшыя станавiлiся дзiкiя звяры, што з рыкам i тупатам гулялi па пашах каля Вайнгангi. Сяляне не асмельвалiся рамантаваць i латаць заднiя сцены апусцелых хлявоў, якiя выходзiлi ў бок лесу. Дзiкi тапталi руiны, i вузлаватыя каранi лiян спяшалiся захапiць толькi што адваяваную зямлю i закiдвалi цераз сцены хацiн учэпiстыя парасткi, а ўслед за лiянамi шчацiнiлася калючая трава. Халасцякi збеглi першыя i разнеслi скрозь i ўсюды вестку, што вёска асуджана на пагiбель. Ды i хто мог змагацца з джунглямi, калi нават вясковая кобра пакiнула сваю нару пад смакоўнiцай!

Людзi ўсё менш i менш мелi зносiн са знешнiм светам, а пратаптаныя цераз раўнiну сцежкi станавiлiся ўсё вузейшымi i вузейшымi. I трубны клiч Хатхi i яго трох сыноў болей не трывожыў вёску ўночы: iм больш не было чаго прыходзiць. Палеткi за ваколiцай зарасталi травой, злiвалiся з джунглямi, i для вёскi надышла пара iсцi ў Канхiвару.

Людзi адкладвалi адыход з дня на дзень, пакуль першыя дажджы не захапiлi iх знянацку. Неадрамантаваныя стрэхi пачалi працякаць, выган залiло вадою па шчыкалатку, i ўсё, што зелянела, пайшло адразу ў рост пасля летняй засухi. Тады людзi паплялiся ўброд – мужчыны, жанчыны i дзецi – пад сляпучым i цёплым ранiшнiм дажджом i, вядома, азiрнулiся, каб глянуць апошнi раз на свае дамы.

I якраз калi апошняя сям'я, нагружаная клункамi, праходзiла праз вароты, з грукатам абвалiлiся бэлькi i дах за вясковай агароджай. Людзi ўбачылi, як мiльгнуў на момант блiскучы, чорны, як змяя, хобат, раскiдваючы мокрую салому страхi. Ён знiк, i зноў пачуўся грукат, а за грукатам – вiск. Хатхi зрываў стрэхi з дамоў, як мы зрываем вадзяныя гарлачыкi, i адарваная бэлька выцяла яго. Толькi гэтага i не хапала яму, каб раз'юшыцца, бо з дзiкiх звяроў, што жывуць у джунглях, ашалелы дзiкi слон буянiць i разбурае больш за ўсiх. Ён убрыкнуў задняй нагой глiнабiтную сцяну, i сцяна развалiлася ад удару, а патокi дажджу ператварылi яе ў жоўтую гразь. Хатхi кружыўся, i трубiў, i кiдаўся па вузкiх вулках, навальваўся на хацiны справа i злева, ломячы хiсткiя дзверы, крышачы кроквы; а тры яго сыны шалелi ззаду, як шалелi яны пры разгроме палеткаў Бхаратпура.

– Джунглi паглынуць гэтыя шкарлупiнкi, – сказаў спакойны голас сярод руiнаў. – Спачатку трэба звалiць агароджу.

I Маўглi, паблiскваючы мокрымi ад дажджу плячамi, адскочыў ад сцяны, якая асела на зямлю, як стомлены буйвал.

– Усё ў свой час, – прахрыпеў Хатхi. – О праўда, у Бхаратпуры мае бiўнi пачырванелi ад крывi! Да агароджы, дзецi мае! Галавою! Усе разам! Ну!

Стаўшы адзiн каля аднаго, усе чацвёра налеглi разам. Агароджа пахiснулася, трэснула i ўпала, i людзi, анямелыя ад жаху, убачылi ў няроўным праломе выпацканыя глiнай галовы разбуральнiкаў. Людзi кiнулiся ўцякаць унiз па далiне, застаўшыся без прытулку i без ежы, а iхняя вёска быццам раставала ззаду, растаптаная, разбураная i разнесеная на шматкi.

Праз месяц ад вёскi застаўся рыхлы пагорак, зарослы кволай маладой зелянiнай, а калi прайшлi дажджы, джунглi забуялi на тым самым месцы, дзе ўсяго паўгода назад былi ўзараныя палеткi.

КНЯЖАЦКI АНКУС

Каа, вялiкi горны ўдаў, змянiў скуру – пэўна, двухсоты раз з дня нараджэння, – i Маўглi, якi нiколi не забываў, што аднойчы ноччу ў Халодных Бярлогах Каа выратаваў яму жыццё, пра што, магчыма, памятаеце i вы, прыйшоў яго павiншаваць. Мяняючы скуру, змяя бывае панурая i зласлiвая да таго часу, пакуль новая скура не зробiцца блiскучай i прыгожай. Каа больш не пасмейваўся з Маўглi. Як i ўсе ў джунглях, ён лiчыў яго Гаспадаром Джунгляў i расказваў яму ўсе навiны, якiя, само сабою, даводзiцца чуць удаву яго велiчынi. Тое, чаго Каа не ведаў пра сярэднiя джунглi, як iх называюць, пра жыццё, якое iдзе каля самай зямлi або пад зямлёй, пра жыццё каля валуноў, купiн i лясных пнёў, змясцiлася б на сама маленькай яго лускавiнцы.

У той дзень Маўглi сядзеў памiж вялiкiх кольцаў Каа i перабiраў пальцамi лускавiнiстую старую скуру, якую ўдаў скiнуў сярод камянёў. Каа ласкава падставiў сваё цела пад шырокiя голыя плечы Маўглi, i хлопчык сядзеў, нiбы ў жывым крэсле.

– Яна ўся цэлая, нават i лускавiнкi на вачах цэлыя, – нягучна сказаў Маўглi, забаўляючыся скiнутай скурай. – Як дзiўна бачыць каля сваiх ног тое, што закрывала галаву!

– Так, але ног у мяне няма, – адказаў Каа, – i я не бачу тут нiчога дзiўнага, гэта звычай майго народа. Хiба ты нiколi не адчуваеш, што скура ў цябе сухая i цвёрдая?

– Тады я iду купацца, Пляскатагаловы, хоць, праўда, у вялiкую гарачыню мне хочацца скiнуць скуру зусiм i бегаць без скуры.

– Я i купаюся i мяняю скуру. Ну, як табе падабаецца маё новае адзенне?

Маўглi правёў рукой па косых клетках вялiзнай спiны.

– У чарапахi спiна цвярдзейшая, але не такая стракатая, – сказаў ён у задуменнi. – У жабы, маёй цёзкi, яна больш стракатая, але не такая цвёрдая. З выгляду вельмi прыгожа, нiбы стракаты ўзор у чашачцы жоўтага гарлачыка.

– Новай скуры патрэбна вада. Да першага купання колер усё яшчэ не той. Хадзем купацца!

– Я панясу цябе, – сказаў Маўглi i, смеючыся, нагнуўся, каб прыўзняць вялiзнае цела Каа там, дзе яно здавалася сама тоўстым.

Гэта было ўсё роўна што падняць водаправодную трубу двухфутавай таўшчынi, i Каа ляжаў нерухома, цiха пыхкаючы ад асалоды. Потым у iх пачалася звычайная вячэрняя гульня – хлопчык у росквiце сiлы i ўдаў у цудоўнай новай скуры пачалi барукацца адзiн з адным, выпрабоўваючы зоркасць i сiлу. Вядома, Каа мог раздушыць сотню такiх, як Маўглi, калi б даў сабе волю, але ён гуляў асцярожна, нiколi не выкарыстоўваў i дзесятай долi сваёй магутнасцi.

Як толькi Маўглi стаў дастаткова дужы, каб з iм можна было барукацца, Каа навучыў хлопчыка гэтай гульнi, i яго цела зрабiлася пасля такiх практыкаванняў надзвычай гнуткiм. Iншы раз Маўглi стаяў, абкручаны амаль да горла гiбкiмi кольцамi Каа, намагаючыся вызвалiць адну руку i ўхапiць яго за шыю. Тады Каа, увесь абмякшы, паслабляў хватку, а Маўглi сваiмi шпаркiмi нагамi не даваў знайсцi пункт апоры вялiзнаму хвасту, якi выцягваўся назад, намацваючы камень або пень. Яны пагойдвалiся ўзад i ўперад, галава каля галавы, кожны выбiраючы момант для нападу, i нарэшце прыгожая, як статуя, група ператваралася ў вiхор чорных з жоўтым кольцаў i мiльгаючых ног i рук, каб зноў i зноў падняцца.

– Ну-ну-ну! – гаварыў Каа, робячы галавой выпады, якiх не магла адбiць нават шпаркая рука Маўглi. – Глядзi! Вось я дакрануўся да цябе, Маленькi Брат! Вось i вось! Рукi ў цябе анямелi, цi што? Вось зноў!

Гэтая гульня заўсёды заканчвалася аднолькава: прамым, iмклiвым ударам галавы Каа заўсёды збiваў хлопчыка з ног. Маўглi так i не навучыўся абараняцца супраць гэтага вокамгненнага выпаду; i, як казаў Каа, на гэта не варта было трацiць часу.

– Добрага палявання! – прабурчаў нарэшце Каа.

I Маўглi, як заўсёды, адляцеў крокаў на дзесяць убок, задыхаючыся i рагочучы.

Ён падняўся з поўнымi жменямi травы i пайшоў за Каа да любiмага месца купання мудрай змяi – глыбокай, чорнай як смоль затокi, акружанай скаламi i асаблiва прывабнай таму, што на дне яе ляжалi ствалы затанулых дрэў. Як заведзена ў джунглях, хлопчык бязгучна кiнуўся ў ваду i нырнуў; потым вынырнуў, таксама без нiводнага гуку, лёг на спiну, заклаўшы рукi пад галаву, i, пазiраючы на месяц, што ўзышоў над скаламi, пачаў разбiваць пальцамi ног яго адлюстраванне ў вадзе. Трохвугольная галава Каа разразала ваду, як брытва, i, падняўшыся з вады, легла на плячо Маўглi. Яны ляжалi нерухома, цешачыся прахалодай, што ахiнала iх.

– Як цудоўна! – сонна сказаў Маўглi. – А ў чалавечай чарадзе ў гэты час, памятаю, лажылiся на цвёрдае дрэва ўнутры земляных пастак i, закрыўшыся як мага з усiх бакоў ад свежага ветру, захутвалiся з галавой затхлымi анучамi i заводзiлi носам нудныя песнi. У джунглях лепш!

Таропкая кобра праслiзнула паўз iх па скале, напiлася, пажадала iм добрага палявання i знiкла.

– О-о-ш! – сказаў Каа, быццам успомнiў штосьцi. – Дык, значыцца, джунглi даюць табе ўсё, чаго табе толькi хочацца, Маленькi Брат?

– Не ўсё, – сказаў Маўглi i засмяяўся, – а то можна было б кожны месяц забiваць новага Шэр-Хана. Цяпер я мог бы забiць яго сваiмi рукамi i не прасiць дапамогi ў буйвалаў. Яшчэ мне хочацца iншы раз, каб сонца свяцiла ў час дажджоў або каб дажджы закрылi сонца ў разгар лета. А калi я галодны, мне заўсёды хочацца забiць казу, а калi заб'ю казу, хочацца, каб гэта быў алень, а калi гэта алень, хочацца, каб гэта быў нiльгау. Але ж так бывае з усiмi.

– I больш табе нiчога не хочацца? – спытаў Каа.

– А чаго мне больш хацець? У мяне ёсць джунглi i Ласка Джунгляў! Хiба ёсць яшчэ што-небудзь на свеце памiж усходам i захадам?

– А кобра казала... – пачаў Каа.

– Якая кобра? Тая, што прапаўзла зараз, нiчога не казала: яна выправiлася на паляванне.

– Не гэтая, а другая.

– I шмат у цябе спраў з Ядавiтым Народам? Я iх не чапаю, няхай iдуць сваёй дарогай. Яны носяць смерць у пярэднiх зубах, i гэта нядобра – яны такiя маленькiя. Але з якой жа гэта кобрай ты размаўляў?

Каа павольна пагойдваўся на вадзе, як параход на бакавой хвалi.

– Тры цi чатыры месяцы назад, – сказаў ён, – я быў на паляваннi ў Халодных Бярлогах – ты, можа, яшчэ не забыўся пра iх, – i стварэнне, за якiм я гнаўся, з вiскам кiнулася паўз вадаёмы да таго дома, якi я калiсьцi праламаў дзеля цябе, i ўцякло пад зямлю.

– Але ў Халодных Бярлогах нiхто не жыве пад зямлёй. – Маўглi сцямiў, што Каа гаворыць пра Малпiн Народ.

– Гэтае стварэнне не жыло, а ратавала сваё жыццё, – адказаў Каа, высоўваючы трапяткi язык. – Яно запаўзло ў нару, якая iшла вельмi далёка. Я папоўз за iм, забiў яго, а потым заснуў. А калi прачнуўся, дык папоўз уперад.

– Пад зямлёю?

– Ага. I нарэшце натрапiў на Белы Клабук – белую кобру, якая гаварыла са мною пра незразумелыя рэчы i паказала мне шмат такога, чаго я нiколi яшчэ не бачыў.

– Новую дзiчыну? I добрае было ў цябе паляванне? – Маўглi шпарка перавярнуўся на бок.

– Гэта была не дзiчына, я паламаў бы аб яе ўсе зубы, але Белы Клабук сказаў, што людзi – а гаварыў ён так, быццам ведае гэтую пароду, – што людзi аддалi б усё да апошняга дыхання, каб толькi зiрнуць на гэтыя рэчы.

– Паглядзiм! – сказаў Маўглi. – Цяпер я ўспамiнаю, што калiсьцi быў чалавекам.

– Цiха, цiха! Паспешлiвасць загубiла Жоўтую Змяю, якая з'ела сонца. Мы пагаварылi пад зямлёй, i я расказаў пра цябе, называў цябе чалавекам. Белая кобра сказала (а яна сапраўды старая, як джунглi): "Даўно ўжо не бачыла я чалавека. Няхай прыйдзе, тады i пабачыць усе гэтыя рэчы. За сама малую з iх шмат хто з людзей не пашкадаваў бы жыцця".

– Значыцца, гэта новая дзiчына. А Ядавiты Народ нiколi ж не кажа нам, дзе ёсць няпуджаная дзiчына. Яны нядобразычлiвыя.

– Гэта не дзiчына. Гэта... гэта... я не магу сказаць, што гэта такое.

– Мы пойдзем туды. Я нiколi яшчэ не бачыў белай кобры, ды i на ўсё астатняе мне таксама хочацца паглядзець. Гэта яна iх забiла?

– Яны ўсе нежывыя. Кобра сказала, што пiльнуе iх.

– А! Як воўк пiльнуе здабычу, калi прывалачэ яе ў логава. Хадзем!

Маўглi падплыў да берага, пакачаўся па траве, каб абсохнуць, i яны ўдвух рушылi да Халодных Бярлогаў – закiнутага горада, пра якi вы, магчыма, чыталi.

Маўглi цяпер анi не баяўся малпаў, затое малпы дрыжалi ад страху перад Маўглi. Але Малпiна племя гойсала цяпер па джунглях, i Халодныя Бярлогi стаялi ў святле месяца пустыя i маўклiвыя.

Каа падпоўз да руiнаў княжацкай альтанкi пасярэдзiне тэрасы, перабраўся цераз кучы шчэбню i слiзгануў унiз па засыпанай абломкамi лесвiцы, якая вяла ў падзямелле. Маўглi падаў Змяiны Поклiч: "Мы з вамi адной крывi, вы i я!" – i папоўз за iм на карачках. Абодва яны доўга паўзлi па нахiленым калiдоры, якi некалькi разоў паварочваў убок, i нарэшце дабралiся да такога месца, дзе корань старога дрэва, што ўзнiмалася над зямлёй футаў на трыццаць, выцiснуў са сцяны вялiкi камень. Яны пралезлi ў дзiрку i апынулiся ў прасторным падзямеллi, скляпенне якога, рассунутае каранямi дрэў, таксама было ўсё ў расколiнах, так што зверху ў цемру падалi тонкiя праменьчыкi святла.

– Надзейны прытулак! – сказаў Маўглi i выпрастаўся на ўвесь рост. – Толькi ён занадта далёка, каб кожны дзень у iм бываць. Ну, а што ж мы тут убачым?

– Хiба я нiшто? – сказаў чыйсьцi голас у глыбiнi падзямелля.

Перад Маўглi мiльгнула штосьцi белае, i паступова ён разгледзеў такую вялiзную кобру, якiх ён дагэтуль не сустракаў, – амаль восем футаў даўжынёй, вылiнялую ад жыцця ў цемры да жаўцiзны старой слановай косцi. Нават акуляры на раздзьмутым клабуку зрабiлiся ў яе бледна-жоўтымi. Вочы ў кобры былi чырвоныя, як рубiны, i ўся яна была такая дзiўная з выгляду.

– Добрага палявання! – сказаў Маўглi, у якога ветлiвыя словы, як i паляўнiчы нож, былi заўсёды напагатове.

– Што новага ў горадзе? – спытала белая кобра, не адказваючы на прывiтанне. – Што новага ў вялiкiм горадзе, абгароджаным сцяною, у горадзе сотнi сланоў, дваццацi тысяч коней i незлiчоных статкаў, – у горадзе князя над дваццаццю князямi? Я станаўлюся тугаватай на вуха i даўно ўжо не чула баявых гонгаў.

– Над намi джунглi, – сказаў Маўглi. – Са сланоў я ведаю толькi Хатхi i яго сыноў. А што такое "князь"?

– Я гаварыў табе, – лагодна сказаў Каа, – я гаварыў табе чатыры месяцы назад, што твайго горада ўжо няма.

– Горад, вялiкi горад у лесе, чые вароты ахоўваюцца княжацкiмi вежамi, не можа знiкнуць. Яго пабудавалi яшчэ да таго, як дзед майго дзеда вылупiўся з яйка, i ён будзе стаяць i тады, калi сыны маiх сыноў пабялеюць, як я. Саладхi, сын Чандрабiджы, сына Вiйеджы, сына Ягасары, пабудаваў яго ў даўнiя часы. А хто ваш валадар?

– След згубiўся, – сказаў Маўглi, звяртаючыся да Каа. – Я не разумею, што яна гаворыць.

– Я таксама. Яна вельмi старая... Прамацi Кобраў, тут навокал адны толькi джунглi, як i было заўсёды, ад самага пачатку.

– Тады хто ж ён, – спытала белая кобра, – той, што сядзiць перада мною i не баiцца? Той, што не ведае iменi князя i размаўляе на нашай мове вуснамi чалавека? Хто ён, з нажом паляўнiчага i мовай змяi?

– Мяне завуць Маўглi, – быў адказ. – Я з джунгляў. Ваўкi – мой народ, а гэта Каа, мой брат. А ты хто, Мацi Кобраў?

– Я вартавы княжацкага скарбу. Каран Раджа палажыў нада мною камянi яшчэ тады, калi ў мяне была цёмная скура, каб я забiвала тых, што прыйдуць сюды красцi. Потым скарбы апусцiлi пад камень, i я пачула спевы жрацоў, маiх настаўнiкаў.

"Гм! – сказаў сам сабе Маўглi. – З адным жрацом я ўжо меў справу ў чалавечай чарадзе, i я ведаю, што ведаю. Хутка сюды прыйдзе бяда".

– Пяць разоў падымалi камень з таго часу, як я пiльную скарб, але заўсёды для таго, каб дабавiць яшчэ, а не панесцi адсюль. Нiдзе няма такiх багаццяў, як гэтыя – скарбы ста князёў. Але даўным-даўно ўжо не падымалi камень, i мне здаецца, што пра мой горад забылiся.

– Горада няма. Паглядзi навокал – вунь каранi вялiкiх дрэў рассунулi камянi. Дрэвы i людзi не растуць разам, – угаворваў яе Каа.

– Двойчы i тройчы людзi знаходзiлi сюды дарогу, – злосна адказала кобра, але яны нiчога не гаварылi, пакуль я не знаходзiла iх вобмацкам у цемры, а тады крычалi, толькi зусiм нядоўга. А вы абое прыйшлi да мяне з хлуснёй, i чалавек i змяя, i хочаце, каб я вам паверыла, нiбыта майго горада больш няма i прыйшоў канец маёй службе. Людзi мала змяняюцца з гадамi. А я не змяняюся! Пакуль не падымуць камень i не прыйдуць жрацы са спевам знаёмых мне песняў, i не напояць мяне цёплым малаком, i не вынесуць адсюль на святло, я, я, я – i нiхто iншы! – буду Вартавым Княжацкага Скарбу! Горад памёр, кажаце вы, i сюды пранiклi каранi дрэў? Дык нагнiцеся ж i вазьмiце што хочаце! Няма нiдзе на зямлi такiх скарбаў! Чалавек са змяiнай мовай, калi ты зможаш выйсцi адсюль жывы тою дарогаю, якою прыйшоў, князi будуць табе слугамi!

– След зноў згубiўся, – спакойна сказаў Маўглi. – Няўжо якi-небудзь шакал прагробся гэтак глыбока i ўкусiў вялiкi белы Клабук? Яна, мусiць, ашалела... Мацi Кобраў, я не бачу, што можна адсюль вынесцi.

– Клянуся багамi Сонца i Месяца, хлопчык страцiў розум! – сыкнула кобра. Перш чым заплюшчацца твае вочы, я зраблю табе адну вялiкую ласку. Глядзi – i ўбачыш тое, чаго не бачыў яшчэ нiхто з людзей!

– Кепска бывае таму, хто гаворыць Маўглi пра ласку, – адказаў хлопчык скрозь зубы, – але ў цемры ўсё змяняецца, я ведаю. Я пагляджу, калi табе гэтак хочацца.

Прыжмурыўшы вочы, ён абвёў пiльным позiркам падзямелле, потым падняў з-пад ног жменьку чагосьцi блiскучага.

– Ого! – сказаў ён. – Гэта падобна на тыя штучкi, якiмi забаўляюцца ў чалавечай чарадзе. Толькi гэтыя жоўтыя, а тыя былi карычневыя.

Ён выпусцiў золата долу i зрабiў крок уперад. Усё падзямелле было выслана слоем залатых i сярэбраных манет таўшчынёй пяць-шэсць футаў; манет, што высыпалiся з мяхоў, дзе яны раней захоўвалiся. За доўгiя гады метал зляжаўся i выраўняўся, як пясок у час адлiву. На манетах i пад iмi, закапаўшыся ў iх, як абломкi крушэння ў пяску, былi чаканнага серабра сёдлы для сланоў з бляхамi каванага золата, аздобленыя рубiнамi i бiрузой. Там былi паланкiны i насiлкi для княгiняў, акаваныя i ўпрыгожаныя серабром i эмаллю, з нефрытавымi ручкамi i бурштынавымi кольцамi для фiранак; там былi залатыя свяцiльнi са смарагдавымi падвескамi, што калыхалiся на iх; там былi пяцiфутавыя статуi даўно забытых багоў, сярэбраныя, са смарагдавымi вачамi; былi кальчугi, стальныя, з залатою насечкаю i з махрамi з пачарнелага дробнага жэмчугу; там былi шлемы з грабянямi, усыпанымi рубiнамi колеру галубiнай крывi; там былi лакiраваныя шчыты з панцыра чарапахi i скуры насарога, акутыя чыстым золатам са смарагдамi па краях; бярэмы шабляў, кiнжалаў i паляўнiчых нажоў з алмазнымi тронкамi; залатыя чашы i каўшы i пераносныя алтары, што нiколi не бачылi дзённага святла; нефрытавыя келiхi i бранзалеты; кадзiлы, грабянi, пасудзiны для духоў, хны i сурмы, усё з чыстага золата; мноства кольцаў для носа, абручоў, пярсцёнкаў i паясоў; паясы на сем пальцаў шырынёю з гранёных алмазаў i рубiнаў i драўляныя шкатулкi, тройчы акутыя жалезам, дрэва якiх рассыпалася ў пыл, i засталiся груды апалаў, кацiнага вока, сапфiраў, рубiнаў, брыльянтаў, смарагдаў i гранатаў.

Белая кобра гаварыла праўду: нiякiмi грашыма нельга было ацанiць гэткi скарб – здабыткi многiх i стагоддзяў вайны, рабункаў, гандлю i пабораў. Адным толькi манетам не было цаны, ужо не кажучы пра каштоўныя камянi; золата i серабра тут было не менш за дзвесце цi трыста тон чыстай вагi.

Ды Маўглi, вядома, не зразумеў, што значаць гэтыя рэчы. Нажы зацiкавiлi яго трошкi, але яны не былi такiя зручныя, як яго нож, i таму ён iх кiнуў. Нарэшце ён знайшоў нешта сапраўды прывабнае; яно ляжала перад слановым сядлом, напалову засыпаным манетамi. Гэта быў анкус – кароткi жалезны крук, якiм паганяюць сланоў. Яго дзяржальна ўпрыгожваў круглы зiхатлiвы рубiн, а васьмiцалёвай даўжынi ручка была спрэс аздоблена нешлiфаванай бiрузой, так што трымаць яе ў руцэ было вельмi зручна. Нiжэй быў нефрытавй абадок, а вакол яго iшоў узор з кветак, толькi лiсце было смарагдавае, а кветкi – рубiны, устаўленыя ў халаднаваты зялёны камень. Астатняя частка ручкi была з чыстай слановай косцi, а самы канец – вастрыё i крук – быў стальны з залатой насечкай, малюнак якой паказваў паляванне на сланоў. Малюнкi i зачаравалi Маўглi: ён убачыў, што на iх паказаны яго сябар Хатхi.

Белая кобра паўзла за iм па пятах.

– Хiба не варта аддаць жыццё за тое, каб гэта пабачыць? – сказала яна. Праўда, я зрабiла табе вялiкую ласку?

– Я не разумею, – адказаў Маўглi. – Яны ўсе цвёрдыя i халодныя i зусiм не прыдатныя для яды. Алё вось гэта, – ён падняў анкус, – я хацеў бы забраць з сабою, каб разгледзець на сонцы. Ты кажаш, што гэта ўсё тваё. Дык падары гэта мне, а я прынясу табе жаб для яды.

Белая кобра ўся затрэслася ад злоснай радасцi.

– Вядома, я падару табе гэта, – сказала яна. – Усё, што тут ёсць, я дару табе – да таго часу, пакуль ты не пойдзеш.

– Але я пайду зараз. Тут цёмна i холадна, а я хачу ўзяць гэтую калючую штуку з сабою ў джунглi.

– Зiрнi сабе пад ногi! Што там ляжыць?

Маўглi падняў штосьцi белае i гладкае.

– Гэта чалавечы чэрап, – сказаў ён абыякава. – А вось i яшчэ два.

– Шмат гадоў назад гэтыя людзi прыйшлi, каб забраць скарб. Я пагаварыла з iмi ў цемры, i яны супакоiлiся.

– Але хiба мне трэба што-небудзь з таго, што ты называеш скарбам? Калi ты дазволiш мне ўзяць з сабою анкус, гэта будзе добрае паляванне. Калi не, усё роўна гэта будзе добрае паляванне. Я не варагую з Ядавiтым Народам, ды, апрача таго, я ведаю Запаветнае Слова твайго племенi.

– Тут толькi адно Запаветнае Слова, i гэтае Слова – маё!

Блiснуўшы вачамi, Каа рынуўся ўперад:

– Хто прасiў мяне прывесцi чалавека?

– Я, вядома, – зашапацела старая кобра. – Даўно ўжо не бачыла я чалавека, а гэты чалавек гаворыць па-нашаму.

– Але мы не дамаўлялiся пра тое, каб забiваць. Як жа я вярнуся ў джунглi i раскажу, што завёў яго на смерць?

– Я i не заб'ю яго раней часу. А калi табе трэба iсцi, вунь дзiрка ў сцяне. I памаўчы цяпер, тлусты забойца малпаў! Варта мне дакрануцца да тваёй шыi, i джунглi цябе больш не ўбачаць. Нiколi яшчэ чалавек не выходзiў адсюль жывым. Я Вартавы Скарбаў у Княжацкiм горадзе!

– Ды кажуць жа табе, ты, белы начны чарвяк, што няма больш нi князя, нi горада! Навокал нас адны толькi джунглi! – усклiкнуў Каа.

– А скарб ёсць. Але вось што можна зрабiць. Не iдзi яшчэ, затрымайся, Каа, – паглядзiш, як будзе бегаць хлопчык. Тут ёсць дзе папаляваць. Жыццё цудоўнае, хлопчык! Пабегай узад i ўперад, павесялiся!

Маўглi спакойна паклаў руку на галаву Каа.

– Гэтая белая пачвара дагэтуль бачыла толькi людзей з чалавечай чарады. Мяне яна не ведае, – прашаптаў ён. – Яна сама напрасiлася на паляванне. Няхай мае паляванне!

Маўглi стаяў, трымаючы ў руках анкус вастрыём унiз. Ён шпурнуў анкус, i той упаў наўкос, якраз за клабуком вялiкай змяi, прыцiснуўшы яе да зямлi. Як згледзець вокам удаў навалiўся ўсiм сваiм цяжарам на звiвiстае цела кобры ад клабука да хваста. Чырвоныя вочы кобры палалi, i галава шалёна выкручвалася ўправа i ўлева.

– Забi яе! – сказаў Каа, убачыўшы, што Маўглi бярэцца за нож.

– Не, – сказаў Маўглi, дастаючы нож, – больш я не хачу забiваць, хiба толькi для ежы. Паглядзi сам, Каа!

Ён схапiў кобру нiжэй клабука, расшчапiў ёй рот лязом нажа i паказаў, што страшныя ядавiтыя зубы ў верхняй скiвiцы пачарнелi i выкрышылiся. Белая кобра перажыла свой яд, як гэта бывае са змеямi.

– Тхунтх (Гнiлая Калода), – сказаў Маўглi i, зрабiўшы Каа знак, каб той адхiлiўся, выцягнуў анкус з зямлi i вызвалiў белую кобру.

– Княжацкаму скарбу патрэбен новы вартаўнiк, – сказаў ён сурова. – Тхунтх, ты дала маху. Пабегай узад i ўперад, павесялiся, Гнiлая Калода!

– Мне сорамна! Забi мяне! – сыкнула белая кобра.

– Занадта многа было размоў пра забойства. Цяпер мы пойдзем адсюль. Я вазьму гэтую калючую штуку, Тхунтх, таму што я бiўся i перамог цябе.

– Глядзi, каб яна ўрэшце не забiла цябе. Гэта смерць! Памятай, гэта смерць! У гэтай штуцы хопiць сiлы, каб забiць усiх людзей у маiм горадзе. Нядоўга ты ўтрымаеш яе, Чалавек з Джунгляў, або той, хто забярэ яе ў цябе. Дзеля яе будуць забiваць, забiваць i забiваць! Мая сiла скончылася, затое калючка зробiць маю работу. Гэта смерць! Гэта смерць! Гэта смерць!

Маўглi выбраўся праз дзiрку ў падземны калiдор i, азiрнуўшыся, убачыў, як белая кобра раз'юшана кусае бяссiльнымi ўжо зубамi нерухомыя твары залатых iдалаў, што ляжаць на падлозе, i сыкае:

– Гэта смерць!

Маўглi i Каа былi рады, што зноў выбралiся на белы свет.

Як толькi яны апынулiся ў родных джунглях i анкус у руках хлопчыка зазiхацеў на ранiшнiм сонцы, Маўглi адчуў амаль такую ж радасць, як калi б знайшоў пучок новых кветак, для таго каб уваткнуць iх сабе ў валасы.

– Ён ярчэйшы за вочы Багiры, – з захапленнем сказаў Маўглi, паварочваючы рубiн. – Я пакажу ёй гэтую штуку. Але што хацела сказаць Гнiлая Калода сваiмi словамi пра смерць?

– Не ведаю. Мне да кончыка хваста крыўдна, што яна не паспытала твайго нажа. Заўсёды ў Халодных Бярлогах тоiцца якая-небудзь бяда – i на зямлi i пад зямлёй... А цяпер я хачу есцi. Ты пойдзеш разам са мною на паляванне сёння на досвiтку? – сказаў Каа.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю