Текст книги "Маўглi (на белорусском языке)"
Автор книги: Редьярд Джозеф Киплинг
Жанр:
Прочая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 10 страниц)
Киплинг Редьярд
Маўглi (на белорусском языке)
Джозэф Рэдзьярд Кiплiнг
Маўглi
З "Кнiгi Джунгляў"
Пераклаў С.Мiхальчук
БРАТЫ МАЎГЛI
Было сем гадзiн спякотнага вечара ў Сiянiйскiх гарах, калi Бацька Воўк прачнуўся пасля дзённага адпачынку, пачухаўся, пазяхнуў i выпрастаў адну за другой здранцвелыя лапы, праганяючы сон. Мацi Ваўчыха драмала, паклаўшы сваю вялiзную шэрую мысу на чацвярых ваўчанят, а тыя варочалiся i павiсквалi, i месяц асвятляў уваход у пячору, дзе жыла ўся сям'я.
– Уф! – сказаў Бацька Воўк. – Пара зноў на паляванне.
Ён ужо збiраўся спусцiцца скачкамi з гары, як раптам нiзенькi цень з калматым хвастом лёг на парог i занудзiў:
– Жадаю табе ўдачы, о Правадыр Ваўкоў! Удачы i моцных белых зубоў тваiм высакародным дзецям. Няхай яны нiколi не забываюць, што на свеце ёсць галодныя!
Гэта быў шакал, Падлiза Табакi, – а ваўкi Iндыi ставяцца з пагардай да Табакi за тое, што ён гойсае ўсюды, сее разлад, разносiць плёткi i не грэбуе анучамi i акраўкамi скуры, калi грабецца на вясковых сметнiках. I ўсё-такi ваўкi баяцца Табакi, бо ён часцей за ўсiх iншых звяроў у джунглях хварэе на шаленства i тады бегае па лесе i кусае ўсiх, хто толькi трапiцца яму насустрач. Нават тыгр уцякае i хаваецца, калi ашалее маленькi Табакi, бо нiчога горшага, чым шаленства, не можа здарыцца з дзiкiм зверам. У нас яно называецца вадабоязь, а звяры завуць яго "дзiванi" – шаленства – i ратуюцца ад яго ўцёкамi.
– Што ж, зайдзi i паглядзi сам, – суха сказаў Бацька Воўк. – Але ежы тут няма.
– Для ваўка няма, – сказаў Табакi, – але для такой нiкчэмнасцi, як я, i голая костка – сапраўдны баль. Нам, шакалам, няма чаго надта перабiраць.
Ён пракраўся ў глыбiню пячоры, знайшоў аленевую костку з рэшткамi мяса i, вельмi задаволены, сеў i пачаў з трэскам грызцi гэтую костку.
– Дзякуй за пачастунак, – сказаў ён i аблiзнуўся. – Якiя прыгожыя высакародныя дзецi! Якiя ў iх вялiкiя вочы! А яны ж яшчэ такiя маленькiя! Праўда, праўда, мне варта было б памятаць, што царскiя дзецi ад самых першых дзён ужо дарослыя.
А Табакi ж ведаў не горш за любога кожнага, што няма нiчога больш небяспечнага, як хвалiць дзяцей у вочы, i з прыемнасцю назiраў, як збянтэжылiся Мацi i Бацька Ваўкi.
Табакi сядзеў моўчкi, радуючыся таму, што наклiкаў на другiх бяду, потым злосна сказаў:
– Шэр-Хан, Вялiкi Тыгр, змянiў месца палявання. Ён будзе ўвесь гэты месяц паляваць тут, у гарах. Гэтак ён сам сказаў.
Шэр-Хан быў тыгр, якi жыў за дваццаць мiляў ад пячоры, каля ракi Вайнгангi.
– Не мае права! – сярдзiта пачаў Бацька Воўк. – Паводле Закону Джунгляў, ён не можа мяняць месца палявання, нiкога не папярэдзiўшы. Ён распудзiць усю дзiчыну на дзесяць мiляў навокал, а мне... мне цяпер трэба паляваць за дваiх.
– Мацi нездарма празвала яго Лангры (Кульгавы), – спакойна сказала Мацi Ваўчыха. – Ён ад самага нараджэння кульгае на адну нагу. Вось чаму ён палюе толькi на свойскую жывёлу. Жыхары паселiшчаў на берагах Вайнгангi злосныя на яго, а цяпер ён з'явiўся сюды, i ў нас пачнецца тое самае: людзi будуць ганяцца за iм па лесе, злавiць яго не здолеюць, а нам i нашым дзецям давядзецца ўцякаць куды вочы глядзяць, калi падпаляць траву. I праўда, нам ёсць за што дзякаваць Шэр-Хану!
– Цi не перадаць яму вашу падзяку? – спытаў Табакi.
– Вон адсюль! – агрызнуўся Бацька Воўк. – Вон! Iдзi паляваць са сваiм панам! Досыць ты набаламуцiў сёння.
– Я пайду, – спакойна адказаў Табакi. – Вы i самi хутка пачуеце голас Шэр-Хана ўнiзе, у зараснiку. Дарэмна я турбаваўся перадаваць вам гэтую навiну.
Бацька Воўк натапырыў вушы: унiзе, у далiне, што збягала да маленькай рэчкi, пачуўся сухi, злосны, адрывiсты, тужлiвы рык тыгра, якi нiчога не злавiў i анi не саромеўся таго, што ўсе джунглi пра гэта ведаюць.
– Дурань, – сказаў Бацька Воўк. – Пачынаць гэткiм шумам начную работу! Няўжо ён думае, што нашы аленi падобны на тлустых буйвалаў з Вайнгангi?
– Ш-ш! Ён палюе сёння не на буйвала i не на аленя, – сказала Мацi Ваўчыха. – Ён палюе на чалавека.
Рык перайшоў у глухое бурчанне, якое чулася нiбыта з усiх бакоў адразу. Гэта быў той рык, якi палохае дрывасекаў i цыганоў, што начуюць пад голым небам, а iншы раз прымушае iх бегчы проста ў лапы тыгру.
– На чалавека! – сказаў Бацька Воўк i выскалiў белыя зубы. – Хiба мала жукоў i жаб у сажалках, што яму спатрэбiлася есцi чалавечыну, ды яшчэ на нашай зямлi?
Закон Джунгляў, загады якога заўсёды на чым-небудзь грунтуюцца, дазваляе звярам паляваць на чалавека толькi тады, калi яны вучаць сваiх дзiцянят забiваць. Але i тады зверу няможна забiваць чалавека ў тых мясцiнах, дзе палюе яго зграя або племя. Услед за забойствам чалавека з'яўляюцца рана цi позна белыя людзi на сланах, са стрэльбамi i сотнi смуглых людзей з гонгамi, ракетамi i факеламi. I тады кепска даводзiцца ўсiм жыхарам джунгляў. А звяры кажуць, што чалавек – сама слабая i безабаронная з усiх жывых iстот i чапаць яго – ганьба для паляўнiчага. Яны гавораць таксама – i гэта праўда, – што людаеды з цягам часу паршывеюць i ў iх выпадаюць зубы.
Бурчанне ўзмацнiлася i закончылася грамавым "а-а-а!" тыгра, гатовага да скачка.
Потым пачулася выццё, не падобнае на тыгравае, – выццё Шэр-Хана.
– Ён прамахнуўся, – сказала Мацi Ваўчыха. – Чаму?
Бацька Воўк адбегся на некалькi крокаў ад пячоры i пачуў раззлаваны рык Шэр-Хана, якi варочаўся ў кустах.
– Гэты дурань апёк сабе лапы. I хапiла ж розуму скакаць у вогнiшча дрывасека! – чмыхнуў Бацька Воўк. – I Табакi з iм.
– Нехта падымаецца на гару, – сказала Мацi Ваўчыха, варухнуўшы адным вухам. – Падрыхтуйся.
Кусты ў гушчары злёгку зашамацелi, Бацька Воўк прысеў на заднiя лапы, гатовы скокнуць. I тут калi б вы назiралi за iм, дык убачылi б сама незвычайнае на свеце – як воўк спынiўся на сярэдзiне скачка. Ён кiнуўся ўперад, калi яшчэ не бачыў, на што кiдаецца, а потым крута спынiўся. Выйшла так, што ён падскочыў угору на чатыры цi пяць футаў i сеў на тое ж месца, дзе адарваўся ад зямлi.
– Чалавек! -агрызнуўся ён. – Чалавечае дзiцяня! Глядзi!
Проста перад iм, трымаючыся за адну з нiжэйшых галiнак, стаяла голенькае смуглае дзiця, якое, вiдаць, толькi што навучылася хадзiць, – мяккае, усё ў ямачках, маленечкi жывы камячок. Такое маленечкае дзiця яшчэ нi разу не заглядвала ў ваўчынае логава начною парой. Яно зiрнула ў вочы Бацьку Ваўку i засмяялася.
– Гэта i ёсць чалавечае дзiцяня? – спытала Мацi Ваўчыха. – Я iх нiколi не бачыла. Прынясi яго сюды.
Воўк, якi прывык насiць сваiх ваўчанят, можа, калi трэба, узяць у зубы яйка i не раздушыць яго; i хоць зубы Бацькi Ваўка сцiснулi спiнку дзiцяцi, на скуры малога не засталося нават драпiны, пасля таго як ён палажыў яго памiж ваўчанятамi.
– Якое маленькае! Зусiм голае, а якое смелае! – ласкава сказала Мацi Ваўчыха. (Дзiця працiскалася сярод ваўчанят блiжэй да цёплага бока.) – Вой! Яно смокча разам з астатнiмi! Дык вось яно якое, чалавечае дзiцяня! Ну калi ж гэта ваўчыца магла пахвалiцца, што сярод яе ваўчанят ёсць чалавечае дзiцяня!
– Я чуў, што гэта бывала i раней, але толькi не ў нашай Чарадзе i не за маю памяць, – сказаў Бацька Воўк. – Яно зусiм безвалосае, i я мог бы забiць яго адным плескачом. Зiрнi, яно глядзiць i не баiцца.
У пячоры пацямнела, святло месяца больш не прабiвалася ў яе: вялiзная квадратная галава i плечы Шэр-Хана загарадзiлi ўваход. Табакi павiскваў ззаду яго:
– Пане, пане, яно ўвайшло сюды!
– Шэр-Хан робiць нам вялiкi гонар, – сказаў Бацька Воўк, але вочы яго злосна блiснулi. – Што трэба Шэр-Хану?
– Маю здабычу! Чалавечае дзiцяня ўвайшло сюды, – сказаў Шэр-Хан. – Яго бацькi ўцяклi. Аддайце яго мне.
Шэр-Хан, як i гаварыў Бацька Воўк, скокнуў у вогнiшча дрывасека, апёк сабе лапы i цяпер ажно шалеў. Але Бацька Воўк добра ведаў, што ўваход у пячору занадта вузкi для тыгра. Нават там, дзе Шэр-Хан стаяў зараз, ён не мог варухнуць нi плячом, нi лапай. Яму было цесна, як чалавеку, якi надумаўся б распачаць бойку ў бочцы.
– Ваўкi – вольны народ, – сказаў Бацька Воўк. – Яны слухаюцца толькi Важака Чарады, а не нейкага паласатага людаеда. Чалавечае дзiцяня наша. Захочам, дык заб'ём яго i самi.
– "Захочам, захочам"! Што мне да таго? Клянуся буйвалам, якога я забiў, доўга мне яшчэ стаяць, уткнуўшыся носам у ваша сабачае логава, i чакаць таго, што мне належыць па праву? Гэта гавару я, Шэр-Хан!
Рык тыгра запоўнiў пячору грамавымi раскатамi. Мацi Ваўчыха скiнула з сябе ваўчанят, скокнула ўперад, i яе вочы, падобныя ў цемры на два зялёныя месячыкi, сустрэлiся з палаючымi вачамi Шэр-Хана.
– А адказваю я, Ракша (Дэман): чалавечае дзiцяня маё, Лангры, i застанецца ў мяне! Яго нiхто не заб'е. Яно будзе жыць i хадзiць на паляванне разам з Чарадой i бегаць разам з Чарадой! Сцеражыся, паляўнiчы на голых дзiцянят, рыбаед, забойца жаб, – прыйдзе час, яно паганяецца за табою! А цяпер выбiрайся вон, а то, клянуся аленем, якога я забiла (я не ем падлы), ты пойдзеш на той свет кульгавым на ўсе чатыры лапы, смаленая пачвара джунгляў! Вон адсюль!
Бацька Воўк здзiўлена глядзеў на яе. Ён паспеў забыцца пра той час, калi адваёўваў Мацi Ваўчыху ў адкрытым баi з пяццю ваўкамi, пра той час, калi яна бегала разам з Чарадой i нездарма мела мянушку "Дэман". Шэр-Хан не пабаяўся б Бацькi Ваўка, але з Мацi Ваўчыхай ён не асмельваўся схапiцца: ён вёдаў, што перавага на яе баку i што яна будзе бiцца не на жыццё, а на смерць. Парыкваючы, ён падаўся назад i, адчуўшы сябе на волi, зароў:
– На сваiм двары кожны сабака брэша! Паглядзiм, што скажа Чарада наконт прыёмыша з чалавечага племенi! Дзiцяня маё, i рана цi позна я яго з'ем, о вы, даўгахвостыя зладзеi!
Мацi Ваўчыха, цяжка дыхаючы, кiнулася на зямлю каля сваiх ваўчанят, а Бацька Воўк сказаў ёй сурова:
– На гэты раз Шэр-Хан кажа праўду: дзiцяня трэба паказаць Чарадзе. Ты ўсё-такi хочаш пакiнуць яго сабе, Мацi?
– Пакiнуць сабе? – цяжка паводзячы бакамi, сказала Ваўчыха. – Яно прыйшло да нас зусiм голае, уночы, адно, i ўсё ж яно не баялася! Зiрнi, яно ўжо адпiхнула адно з маiх ваўчанят! Гэты кульгавы мяснiк забiў бы яго i ўцёк на Вайнгангу, а людзi ў адплату разбурылi б наша логава. Пакiнуць яго? Так, я яго пакiну. Ляжы цiха, жабянятка! О Маўглi – бо Жабяняткам Маўглi я назаву цябе, прыйдзе час, калi ты пачнеш паляваць на Шэр-Хана, як ён паляваў на цябе.
– Але што скажа наша Чарада? – спытаў Бацька Воўк.
Закон Джунгляў гаворыць вельмi ясна, што кожны воўк, пасля таго як завядзе сям'ю, можа пакiнуць сваю Чараду. Але як толькi яго ваўчаняты падрастуць i стануць на ногi, ён павiнен прывесцi iх на Раду Чарады, якая збiраецца звычайна раз у месяц, у час поўнi, i паказаць усiм астатнiм ваўкам. Пасля гэтага ваўчаняты могуць бегаць, дзе iм захочацца, i пакуль яны не забiлi свайго першага аленя, няма апраўдання таму з дарослых ваўкоў, якi заб'е ваўчаня. Кара за гэта – смерць, калi толькi зловяць забойцу. Падумай з хвiлiну, i ты сам зразумееш, што так i павiнна быць.
Бацька Воўк пачакаў, пакуль яго ваўчаняты падраслi i пачалi бегаць, i ў адну з тых начэй, калi збiралася Чарада, павёў усiх ваўчанят, Маўглi i Мацi Ваўчыху на Скалу Рады. Гэта была вяршыня ўзгорка, усыпаная вялiкiмi валунамi, за якiмi магла схавацца цэлая сотня ваўкоў. Акела, вялiкi шэры воўк-адзiнец, абраны важаком усёй Чарады за сiлу i спрыт, ляжаў на скале, выцягнуўшыся на ўвесь рост. Пад скалой сядзела сорак з лiшнiм ваўкоў усiх узростаў i сама рознай масцi – ад сiвых, як барсукi, ветэранаў, што распраўлялiся адзiн на адзiн з буйвалам, да маладых чорных трацякоў, якiя ў думках лiчылi, што iм гэта таксама пад сiлу. Воўк-адзiнец ужо каля года быў iхнiм важаком. У юнацтве ён два разы трапляў у воўчую пастку, аднойчы людзi яго збiлi i кiнулi, бо парашылi, што ён здох, так што норавы i звычкi людзей былi яму знаёмыя. На Скале Рады амаль нiхто не размаўляў. Ваўчаняты кулялiся пасярэдзiне пляцоўкi, навокал сядзелi iхнiя бацькi i маткi. Час ад часу адзiн з дарослых ваўкоў нетаропка падымаўся, падыходзiў да якога-небудзь ваўчаняцi, пiльна глядзеў на яго i, бясшумна ступаючы, вяртаўся на сваё месца. Iншы раз мацi выпiхвала сваё ваўчаня на святло месяца, баючыся, што яго не заўважаць. Акела заклiкаў са свае скалы:
– Закон вам вядомы, закон вам вядомы! Глядзiце ж, о ваўкi!
I клапатлiвыя мацi падхоплiвалi:
– Глядзiце ж, глядзiце як след, о ваўкi!
Нарэшце – i Мацi Ваўчыха ўся натапырылася, калi падышла iх чарга, – Бацька Воўк выпiхнуў на сярэдзiну круга Жабянятка Маўглi. Маўглi сеў на зямлю, засмяяўся i пачаў забаўляцца каменьчыкамi, што паблiсквалi ў святле месяца.
Акела нi разу не ўзняў галавы, якую ён паклаў на пярэднiя лапы, толькi час ад часу ўсё гэтак жа паўтараў:
– Глядзiце, о ваўкi!
Глухi рык данёсся з-за скалы – голас Шэр-Хана:
– Дзiцяня маё! Аддайце яго мне! Навошта Вольнаму Народу чалавечае дзiцяня?
Але Акела нават i вухам не варухнуў. Ён сказаў толькi:
– Глядзiце, о ваўкi! Навошта Вольнаму Народу слухаць чужакоў? Глядзiце як след!
Ваўкi глуха загырчалi хорам, i адзiн з маладых чатырохгадовых ваўкоў у адказ Акелу паўтарыў пытанне Шэр-Хана:
– Навошта Вольнаму Народу чалавечае дзiцяня?
А Закон Джунгляў гаворыць, што калi пачынаецца спрэчка аб тым, цi можна прыняць дзiцяня ў Чараду, на яго карысць павiнны выказацца сама менш два ваўкi з Чарады, але не бацька i не мацi.
– Хто за гэтае дзiцяня? – спытаў Акела. – Хто з Вольнага Народа хоча гаварыць?
Адказу не было, i Мацi Ваўчыха падрыхтавалася да бою, якi, як яна ведала, будзе для яе апошнi, калi справа дойдзе да бойкi.
Тут падняўся на заднiя лапы i забурчаў адзiны звер iншай пароды, якога дапускаюць на Раду Чарады, – Балу, лянiвы буры мядзведзь, якi вучыць ваўчанят Закону Джунгляў, стары Балу, якi можа блукаць, дзе ён хоча, бо ён есць толькi арэхi, мёд i карэнне.
– Чалавечае дзiцяня? Ну што ж, – сказаў ён, – я за дзiцяня. Яно нiкому не зробiць шкоды. Я не майстар гаварыць, але кажу праўду. Няхай сабе яно бегае з Чарадой. Давайце прымем дзiцяня разам з iншымi. Я сам буду вучыць яго.
– Нам трэба яшчэ хто-небудзь, – сказаў Акела. – Балу сказаў сваё слова, а ён жа настаўнiк нашых ваўчанят. Хто яшчэ будзе гаварыць, апрача Балу?
Чорны цень лёг пасярод круга. Гэта была Багiра, чорная пантэра, чорная ўся спрэс, як чарнiла, але з меткамi, якiя, як ва ўсiх пантэр, вiдаць на святле, быццам лёгкi ўзор на муары. Усе ў джунглях ведалi Багiру, i нiхто не захацеў бы станавiцца ёй упоперак дарогi, бо яна была хiтрая, як Табакi, адважная, як дзiкi буйвал, i бясстрашная, як паранены слон. Затое голас у яе быў салодкi, як дзiкi мёд, што капае з дрэва, а шкурка мякчэйшая за пух.
– О Акела, i ты, Вольны Народ, – пракурняўкала яна, – на вашым сходзе ў мяне няма нiякiх правоў; але Закон Джунгляў гаворыць, што, калi пачынаецца спрэчка за новае дзiцяня, жыццё гэтага дзiцяняцi можна выкупiць. I ў Законе не гаворыцца, каму можна, а каму нельга плацiць гэты выкуп. Цi праўда гэта?
– Так! Так! – закрычалi маладыя ваўкi. Яны заўсёды былi галодныя. Слухайце Багiру! За дзiцяня можна ўзяць выкуп. Такi Закон.
– Я ведаю, што не маю права гаварыць тут, i прашу ў вас дазволу.
– Дык гавары ж! – закрычала дваццаць галасоў адразу.
– Сорамна забiваць безвалосае дзiцяня. Апрача таго, яно будзе цудоўнай забаўкай для вас, як падрасце. Балу закiнуў за яго слоўца. А я да слова Балу дадам буйвала, тлустага, толькi што забiтага ўсяго за паўмiлi адсюль, калi вы прымеце чалавечае дзiцяня ў Чараду, як належыць паводле Закону. Хiба гэта так цяжка?
Тут узняўся шум, i дзесяткi галасоў закрычалi разам:
– Што за бяда? Яно памрэ ў час зiмовых дажджоў. Яго спапялiць сонца. Што можа зрабiць нам голае жабяня? Няхай бегае з Чарадой. А дзе буйвал, Багiра? Давайце прымем дзiцяня!
Маўглi па-ранейшаму забаўляўся каменьчыкамi i не бачыў, як ваўкi адзiн за другiм падыходзiлi i аглядалi яго. Нарэшце ўсе яны пайшлi з узгорка па забiтага буйвала, i засталiся толькi Акела, Багiра, Балу i сям'я Жабяняцi Маўглi. Шэр-Хан усё яшчэ роў у цемры – ён вельмi раззлаваўся, што Маўглi не аддалi яму.
– Так, так, равi мацней! – сказала Багiра сабе ў вусы. – Прыйдзе час, калi гэтае галышаня прымусiць цябе раўцi iншым голасам, або я зусiм не разбiраюся ў людзях.
– Добра мы зрабiлi! – сказаў Акела. – Людзi i iх дзiцяняты вельмi разумныя. Калi-небудзь Маўглi стане нам памочнiкам.
– Ага, памочнiкам у цяжкую часiну, бо нiхто не можа быць важаком Чарады вечна, – сказала Багiра.
Акела нiчога не адказаў. Ён думаў пра той час, якi надыходзiць для кожнага важака Чарады, калi сiла паступова пакiдае яго. Ваўкi забiваюць важака, калi ён зусiм аслабее, а на яго месца становiцца новы важак, каб з цягам часу таксама быць забiтым.
– Вазьмi дзiцяня, – сказаў ён Бацьку Ваўку, – i выхоўвай яго, як належыць выхоўваць сыноў Вольнага Народа.
Так Жабянятка Маўглi быў прыняты ў Сiянiйскую Чараду – за буйвала i добрае слова Балу.
Цяпер вам давядзецца прапусцiць ажно дзесяць цi адзiнаццаць гадоў i хiба толькi здагадвацца пра тое, якiм незвычайным жыццём жыў Маўглi сярод ваўкоў, бо калi пра яго напiсаць падрабязна, выйшла б многа-многа кнiг. Ён рос разам з ваўчанятамi, хоць яны, вядома, сталi дарослымi ваўкамi куды раней, чым ён выйшаў з малалецтва, i Бацька Воўк вучыў яго свайму рамяству i тлумачыў усё, што адбываецца ў джунглях. I таму кожны шолах у траве, кожны павеў цёплага начнога ветрыку, кожны крык савы над галавой, кожны рух кажана, што на ляту зачапiўся кiпцюрыкамi за галiнку дрэва, кожны ўсплёск маленькай рыбкi ў сажалцы вельмi шмат значылi для Маўглi. Калi ён нiчому не вучыўся, ён драмаў, седзячы на сонцы, еў i зноў засынаў. Калi яму бывала горача i хацелася асвяжыцца, ён плаваў у лясных азёрах; а калi яму хацелася мёду цi арэхаў (ад Балу ён даведаўся, што мёд i арэхi гэткiя ж смачныя, як i сырое мяса), ён лез па iх на дрэва – Багiра паказала яму, як гэта робiцца. Багiра расцягвалася на суку i клiкала:
– Iдзi сюды, Маленькi Брат!
Спачатку Маўглi чапляўся за сукi, як звярок-лянiвец, а потым навучыўся скакаць з галiны на галiну амаль гэтак жа смела, як шэрая малпа. На Скале Рады, калi збiралася Чарада, у яго таксама было сваё месца. Там ён прыкмецiў, што нiводзiн воўк не можа вытрымаць яго пiльны позiрк i апускае вочы перад iм, i тады, дзеля пацехi, ён пачаў пiльна глядзець на ваўкоў. Здаралася, ён выцягваў сваiм сябрам стрэмкi з лап – ваўкi вельмi пакутуюць ад калючак i дзядоўнiку, што ўпiваюцца ў iх шкуру. Начамi ён спускаўся з узгоркаў на апрацаваныя палеткi i з цiкаўнасцю сачыў за людзьмi ў хацiнах, але не адчуваў да iх даверу. Багiра паказала яму квадратную скрынку са спускнымi дзверцамi, так хiтра схаваную ў гушчары, што Маўглi сам ледзь не трапiў у яе, i сказала, што гэта пастка. Больш за ўсё ён любiў хадзiць з Багiрай у цёмную, гарачую глыбiню лесу, засынаць там на ўвесь дзень, а ўночы глядзець, як палюе Багiра. Яна забiвала направа i налева, калi была галодная. Гэтак жа рабiў i Маўглi. Але калi хлопчык падрос i пачаў усё разумець, Багiра сказала яму, каб ён нiколi не чапаў свойскую жывёлу, бо за яго заплацiлi выкуп Чарадзе, забiўшы буйвала.
– Усе джунглi твае, – гаварыла Багiра. – Ты можаш паляваць на любую дзiчыну, якая табе пад сiлу, але за таго буйвала, якi выкупiў цябе, ты не павiнен чапаць нiякай свойскай жывёлы, нi маладой, нi старой. Такi Закон Джунгляў.
I Маўглi слухаўся безагаворачна.
Ён рос i рос – дужым, якiм i павiнен расцi хлопчык, якi мiмаходам вучыцца ўсяму, што трэба ведаць, нават не думаючы, што вучыцца, i клапоцiцца толькi пра тое, каб здабыць сабе ежу.
Мацi Ваўчыха аднойчы сказала яму, што Шэр-Хану нельга давяраць i што калi-небудзь яму давядзецца забiць Шэр-Хана. Ваўчаня нi на хвiлiну не забылася б пра гэтую параду, а Маўглi забыўся, бо быў усяго толькi хлопчык, хоць i назваў бы сябе ваўком, калi б умеў гаварыць на чалавечай мове.
У джунглях Шэр-Хан пастаянна станавiўся яму ўпоперак дарогi, бо Акела ўсё старэў i слабеў, а кульгавы тыгр за гэты час паспеў пасябраваць з маладымi ваўкамi Сiянiйскай Чарады. Яны хадзiлi за iм па пятах, чакаючы аб'едкаў, чаго Акела не дапусцiў бы, калi б па-ранейшаму меў уладу. А Шэр-Хан лiслiвiў перад ваўчанятамi: ён дзiвiўся, як гэта такiя смелыя маладыя паляўнiчыя дазваляюць камандаваць сабою здыхлi ваўку i чалавечаму дзiцяняцi. "Я чуў, – не раз гаварыў ШэрХан, – быццам на Радзе вы не асмельваецеся паглядзець яму ў вочы". I маладыя ваўкi злосна гыркалi i натапырвалi поўсць.
Багiры, якая ўсё бачыла i ўсё чула, было вядома сёе-тое наконт гэтага, i некалькi разоў яна адкрыта гаварыла Маўглi, што Шэр-Хан заб'е яго калi-небудзь. Але Маўглi толькi смяяўся i адказваў:
– У мяне ёсць Чарада, i ў мяне ёсць ты. Ды i Балу, якi ён нi лянiвы, а можа ж дзеля мяне стукнуць каго-небудзь лапай. Чаго ж мне баяцца?
Быў вельмi спякотны дзень, калi новая думка запала ў галаву Багiры, мусiць, яна пачула што-небудзь. Можа, ёй гаварыў пра гэта дзiкабраз Сахi, але неяк раз, калi яны забралiся разам з Маўглi глыбока ў гушчар лесу i хлопчык улёгся, паклаўшы галаву на прыгожую чорную спiну пантэры, яна сказала яму:
– Маленькi Брат, колькi разоў я гаварыла табе, што Шэр-Хан твой вораг?
– Столькi разоў, колькi арэхаў на гэтай пальме, – адказаў Маўглi, якi, само сабой зразумела, не ўмеў лiчыць. – Ну i што з таго? Мне хочацца спаць, Багiра, а Шэр-Хан – гэта ўсяго толькi доўгi хвост ды гучны голас, накшталт паўлiна Мора.
– Зараз не час спаць!.. Балу гэта ведае, ведаю я, ведае ўся Чарада, ведае нават сама дурны алень. I Табакi табе гэта гаварыў таксама.
– Ха-ха! – сказаў Маўглi. – Табакi прыходзiў да мяне нядаўна, грубiянiў, гаварыў, што я безвалосы шчанюк, не ўмею нават выкопваць земляныя арэхi, але я злавiў яго за хвост i стукнуў разы два аб пальму, каб ён паводзiў сябе больш далiкатна.
– Ты зрабiў кепска: Табакi хоць i баламут, але ведае шмат такога, што датычыцца якраз цябе. Расплюшч вочы, Маленькi Брат. Шэр-Хан не смее забiць цябе ў джунглях, але не забывай, што Акела вельмi стары. Хутка прыйдзе такi дзень, калi ён не здолее забiць буйвала, i тады ўжо не будзе важаком. Тыя ваўкi, што бачылi цябе на Скале Рады, таксама састарылiся, а маладых кульгавы тыгр пераканаў, што чалавечаму дзiцяняцi не месца ў Воўчай Чарадзе. Мiне няшмат часу, i ты станеш чалавекам.
– А што такое чалавек? Хiба яму нельга бегаць са сваiмi братамi? – спытаў Маўглi. – Я нарадзiўся ў джунглях, я слухаўся Закону Джунгляў, i няма нiводнага ваўка ў Чарадзе, у якога я не выцягнуў бы стрэмкi. Усе яны – мае браты!
Багiра выцягнулася на ўвесь рост i заплюшчыла вочы.
– Маленькi Брацiк, – сказала яна, – памацай у мяне пад скiвiцай.
Маўглi працягнуў сваю дужую смуглую руку i на шаўкавiстай шыi Багiры, там, дзе пад блiскучай поўсцю перакочваюцца вялiзныя мускулы, намацаў маленькую лысiнку.
– Нiхто ў джунглях не ведае, што я, Багiра, нашу гэтую метку – след нашыйнiка. Але я нарадзiлася сярод людзей. Маленькi Брат, сярод людзей памерла мая мацi – у звярынцы каралеўскага палаца ва Ўдайпуры. Таму я i заплацiла за цябе выкуп на Радзе, калi ты быў яшчэ маленькiм голым дзiцянём. Так, я таксама нарадзiлася сярод людзей. Змоладу я не бачыла джунгляў. Мяне кармiлi за кратамi, з жалезнай мiскi, але вось аднойчы ўночы я адчула, што я – Багiра, пантэра, а не забаўка чалавека. Адным ударам лапы я зламала гэты недарэчны замок i ўцякла. I таму, што я ведаю чалавечыя звычкi, у джунглях мяне баяцца больш, чым Шэр-Хана. Хiба гэта няпраўда?
– Праўда, – сказаў Маўглi, – усе джунглi баяцца Багiры, усе, апрача Маўглi.
– О, ты – чалавечае дзiцяня, – сказала чорная пантэра вельмi пяшчотна. – I як я вярнулася ў свае джунглi, так i ты павiнен урэшце вярнуцца да людзей, да сваiх братоў, калi толькi цябе не заб'юць на Радзе.
– Але за што камусьцi забiваць мяне? – спытаў Маўглi.
– Зiрнi на мяне, – сказала Багiра.
I Маўглi пiльна паглядзеў ёй у вочы. Вялiкая пантэра не вытрымала i адвярнулася.
– Вось за што, – сказала яна, i лiсце зашамацела пад яе лапай. – Нават я не магу глядзець табе ў вочы, а я ж нарадзiлася сярод людзей i люблю цябе, Маленькi Брат. Другiя цябе ненавiдзяць за тое, што не могуць вытрымаць твой позiрк, за тое, што ты разумны, за тое, што ты выцягваеш у iх стрэмкi з лап, за тое, што ты чалавек.
– Я нiчога гэтага не ведаў, – панура прамовiў Маўглi i насупiў густыя чорныя бровы.
– Што гаворыць Закон Джунгляў? Спачатку стукнi, потым падавай голас. Па адной тваёй бестурботнасцi яны пазнаюць, што ты чалавек. Будзь жа разважлiвы i асцярожны. Сэрца падказвае мне, што калi Акела дасць маху на наступным паляваннi – а яму з кожным разам становiцца ўсё цяжэй i цяжэй забiваць, ваўкi перастануць слухацца яго i цябе. Яны збяруць на Скале Рады Народ Джунгляў, i тады... тады... Я ведаю, што рабiць! – крыкнула Багiра i падхапiлася. – Iдзi хутчэй унiз, у далiну, у хацiны людзей, i дастань у iх Чырвоную Кветку. У цябе будзе тады саюзнiк дужэйшы за мяне, i за Балу, i за тых ваўкоў Чарады, якiя любяць цябе. Дастань Чырвоную Кветку!
Чырвонай Кветкай Багiра называла агонь, бо нiводзiн звер у джунглях не назаве агонь яго сапраўдным iменем. Усе звяры смяртэльна баяцца агню i прыдумваюць сотнi iмёнаў, абы толькi не называць яго сапраўдным iменем.
– Чырвоную Кветку? – сказаў Маўглi. – Яна расце перад хацiнамi на змярканнi. Я дастану яе.
– От гэта гаворыць дзiця чалавека! – з гордасдю сказала Багiра. – Не забудзь, што гэтая кветка расце ў маленькiх гаршках. Раздабудзь яе як мага хутчэй i трымай пры сабе, пакуль яна не спатрэбiцца.
– Добра! – сказаў Маўглi. – Я iду. Але цi ўпэўнена ты, о мая Багiра, – ён абвiў рукою яе цудоўную шыю i зазiрнуў глыбока ў вялiкiя вочы, – цi ўпэўнена ты, што ўсё гэта хiтрыкi Шэр-Хана?
– Так, клянуся зламаным замком, якi вызвалiў мяне, Маленькi Брат!
– Тады клянуся буйвалам, што выкупiў мяне, я заплачў за гэта Шэр-Хану спаўна, а можа, нават i з лiшкам, – сказаў Маўглi i памчаўся прэч.
"Вось чалавек! У гэтым вiдаць чалавек, – сказала сама сабе Багiра i легла зноў. – О Шэр-Хан, не ў добрую часiну надумаўся ты паляваць на Жабянятка дзесяць гадоў назад!"
А Маўглi быў ужо далёка-далёка ў лесе. Ён бег з усiх ног, i сэрца ў iм палала. Ён дабег да пячоры, калi ўжо слаўся вячэрнi туман. Маўглi спынiўся, каб адсапцiся, i паглядзеў унiз, у далiну. Ваўчанят не было дома, але Мацi Ваўчыха па дыханнi свайго Жабяняцi зразумела, што Маўглi нечым усхваляваны.
– Што здарылася, сынок? – спытала яна.
– Шэр-Хан, нiбы кажан, разносiць плёткi, – абазваўся ён. – Я iду сёння на паляванне на ўзараныя палеткi.
I ён рынуўся ўнiз, праз кусты, да ракi на дне далiны, але адразу спынiўся, бо пачуў выццё Чарады, якая выйшла на паляванне. Ён пачуў i стогн загнанага аленя, i яго пырханне, калi алень павярнуўся, каб абараняцца. Потым пачулася злоснае, лютае дзяўканне маладых ваўкоў:
– Акела! Акела! Няхай воўк-адзiнец пакажа сваю сiлу! Дарогу Важаку Чарады! Скачы, Акела!
Мусiць, воўк-адзiнец скочыў i прамахнуўся, бо Маўглi пачуў, як ляснулi яго зубы, i кароткi вiск, калi алень збiў Акелу з ног пярэднiм капытом.
Маўглi больш не чакаў, а кiнуўся бегма ўперад. Неўзабаве пачалiся засеяныя палеткi, дзе жылi людзi, i выццё ззаду ў яго чулася ўсё слабей i слабей, усё больш глуха i глуха.
– Багiра казала праўду, – прашаптаў ён, задыхаючыся, i скруцiўся ў клубок на кучы травы пад акном хацiны. – Заўтра рашаючы дзень i для мяне i для Акелы.
Потым, прытулiўшыся тварам да акна, ён пачаў глядзець на агонь у ачагу. Ён бачыў, як жонка аратага ўставала ўночы i падкладвала ў агонь нейкiя чорныя кавалкi, а калi надышла ранiца i над зямлёй папоўз халодны беды туман, ён убачыў, як дзiця ўзяло аплецены гаршчок, абмазаны знутры глiнаю, напоўнiла яго вугалямi i, накрыўшы коўдрай, пайшло кармiць жывёлу ў хляве.
– I ўсяго толькi? – сказаў Маўглi. – Калi нават такое малое гэта ўмее, дык баяцца няма чаго.
I ён павярнуў за вугал, насустрач хлопчыку, выхапiў гаршчок у яго з рук i знiк у тумане, а хлопчык заплакаў з перапуду.
– Людзi вельмi падобныя на мяне, – сказаў Маўглi i пачаў раздзьмухваць вугалi, як гэта рабiла жанчына. – Калi Чырвоную Кветку не кармiць, яна памрэ. – I Маўглi накiдаў галiнак i кавалачкаў сухой кары на чырвонае вуголле.
На паўдарозе пад гару ён сустрэў Багiру. Ранiшняя раса паблiсквала на яе шкуры, нiбы месячныя каменьчыкi.
– Акела прамахнуўся, – сказала яму пантэра. – Яны забiлi б яго ўчора ўночы, але iм патрэбен яшчэ i ты. Яны шукалi цябе на ўзгорку.
– Я быў на ўзараных палетках. Я гатовы. Глядзi! – Маўглi падняў над галавою гаршчок з вугалямi.
– Добра! Вось што: мне даводзiлася бачыць, як людзi соваюць туды сухую галiну, i на яе канцы расцвiтае Чырвоная Кветка. Ты не баiшся?
– Не! Чаго мне баяцца? Цяпер я прыпамiнаю, калi толькi гэта не сон: як я яшчэ не быў ваўком, я часта ляжаў каля Чырвонай Кветкi, i мне было добра i цёпла.
Увесь гэты дзень Маўглi правёў у пячоры; ён пiльнаваў гаршчок з агнём i соваў у яго сухiя галiнкi, правяраючы, што атрымаецца. Ён знайшоў такую галiну, якою застаўся задаволены, i ўвечары, калi Табакi падышоў да пячоры i вельмi груба сказаў, што Маўглi патрабуюць на Скалу Рады, ён засмяяўся i смяяўся гэтак доўга, што Табакi ўцёк. Тады Маўглi, усё яшчэ смеючыся, падаўся на Раду.
Акела, воўк-адзiнец, ляжаў каля сваёй скалы ў знак таго, што месца важака Чарады вольнае, а Шэр-Хан са зграяй сваiх прыхвасняў разгульваў узад i ўперад, яўна задаволены. Багiра ляжала побач з Маўглi, а Маўглi трымаў памiж каленяў гаршчок з вугалямi. Калi ўсе сабралiся, Шэр-Хан пачаў гаварыць, на што ён нiколi б не адважыўся, калi б Акела быў у росквiце сiлы.
– Ён не мае права! – шапнула Багiра. – Так i скажы. Ён сабачы сын, ён спалохаецца.
Маўглi ўсхапiўся на ногi.
– Вольны Народ! – крыкнуў ён. – Хiба Шэр-Хан Важак Чарады? Хiба тыгр можа быць нашым важаком?
– Месца ж важака яшчэ не занята, а мяне прасiлi гаварыць... – пачаў Шэр-Хан.
– Хто цябе прасiў? – сказаў Маўглi. – Няўжо мы ўсе шакалы, каб поўзаць перад гэтым мяснiком? Чарада сама выбера важака, гэта чужых не датычыцца.
Пачулiся крыкi:
– Маўчы, чалавечае дзiцяня!
– Не, няхай гаворыць! Маўглi захоўваў наш Закон!
I нарэшце старыя гыркнулi:
– Няхай гаворыць Мёртвы Воўк!
Калi Важак Чарады выпусцiў сваю здабычу, яго называюць Мёртвым Ваўком да самай смерцi, якой не даводзiцца доўга чакаць.
Акела нехаця падняў сiвую галаву:
– Вольны Народ i вы, шакалы Шэр-Хана! Дванаццаць гадоў я вадзiў вас на паляванне i з палявання, i за гэты час нiводзiн з вас не трапiў у пастку i не быў пакалечаны. А цяпер я прамахнуўся. Вы ведаеце, як гэта было падстроена. Вы ведаеце, што мне падвялi свежага аленя для таго, каб мая слабасць стала вiдавочнай. Гэта было ўмела зроблена. Вы маеце права забiць мяне тут, на Скале Рады. I таму я пытаюся: хто з вас падыдзе i прыкончыць ваўка-адзiнца? Паводле Закону Джунгляў я маю права патрабаваць, каб вы падыходзiлi па адным.