Текст книги "Маўглi (на белорусском языке)"
Автор книги: Редьярд Джозеф Киплинг
Жанр:
Прочая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 6 (всего у книги 10 страниц)
Сонца толькi блiснула на долю секунды на медных дужках старога мушкета, але нiшто ў джунглях не дае такой успышкi святла, хiба толькi калi воблакi бягуць па небе. Тады лускавiнка слюды, маленькая лужынка i нават блiскучы лiст зiхацяць, як гелiёграф. Але дзень быў бязвоблачны i цiхi.
– Я ведаў, што людзi пагоняцца за намi, – урачыста сказаў Акела. Нездарма я быў Важаком Чарады.
Чацвёра ваўкоў Маўглi, не сказаўшы нiчога, апусцiлiся на зямлю, папаўзлi ўнiз з узгорка i раптам знiклi, быццам расталi сярод цярноўнiку i зялёнага зараснiку.
– Скажыце спачатку, куды вы iдзяце? – аклiкнуў iх Маўглi.
– Ш-ш! Мы прыкоцiм сюды яго чэрап яшчэ да поўдня! – абазваўся Шэры Брат.
– Назад! Назад! Стойце! Чалавек не есць чалавека! – крыкнуў Маўглi.
– А хто быў толькi што ваўком? Хто кiнуў у мяне нажом за тое, што яго назвалi чалавекам? – сказаў Акела.
Але ўся чацвёрка паслухалася i панура павярнула назад.
– Няўжо я павiнен тлумачыць вам, чаму я раблю тое цi iншае? – раззлавана спытаў Маўглi.
– Вось вам чалавек! Гэта гаворыць чалавек! – прабурчала Багiра сабе ў вусы. – Вось гэтак жа гаварылi людзi вакол княжацкага звярынца ва Ўдайпуры. Нам у джунглях даўно вядома, што чалавек разумнейшы за ўсiх. А калi б мы верылi сваiм вушам, дык ведалi б, што ён дурнейшы за ўсiх на свеце. – I, узвысiўшы голас, яна дадала: – На гэты раз дзiцяня кажа правiльна: людзi выйшлi на паляванне чарадой. Кепскае гэта паляванне – забiваць аднаго, калi мы не ведаем, што збiраюцца рабiць астатнiя. Пойдзем паглядзiм, чаго хоча ад нас гэты чалавек.
– Мы не пойдзем, – забурчаў Шэры Брат. – Iдзi на паляванне адзiн, Маленькi Брат! Хто-хто, а мы ведаем, чаго хочам! Мы б даўно прынеслi сюды чэрап.
Маўглi абвёў позiркам усiх сваiх сяброў. Грудзi яго цяжка ўзнiмалiся, а вочы былi поўныя слёз. Ён зрабiў крок уперад, упаў на адно калена i сказаў:
– Хiба я не ведаю, чаго хачу? Зiрнiце на мяне!
Яны неахвотна зiрнулi на Маўглi, потым адвялi вочы ўбок, але ён зноў прымусiў iх глядзець сабе ў вочы, пакуль поўсць не паднялася на iх дыбам i яны не задрыжалi ўсiм целам, а Маўглi ўсё глядзеў ды глядзеў.
– Ну, дык хто ж важак з нас пяцi? – сказаў ён.
– Ты важак, Маленькi Брат, – адказаў Шэры Брат i лiзнуў Маўглi нагу.
– Тады iдзiце за мной, – сказаў Маўглi.
I ўся чацвёрка, падцяўшы хвасты, паплялася за iм па пятах.
– Вось што бывае ад жыцця ў чалавечай чарадзе, – сказала Багiра, нячутна спускаючыся па ўзгорку ўслед за iмi. – Цяпер у джунглях не адзiн Закон, Балу.
Стары мядзведзь не адказаў нiчога, але падумаў шмат аб чым.
Маўглi бясшумна прабiраўся па лесе, перасякаў яго пад прамым вуглом да той дарогi, якою iшоў Балдзео. Нарэшце, рассунуўшы кусты, ён убачыў старога з мушкетам на плячы: ён па-сабачы трухаў па старым двухдзённым следзе.
Вы памятаеце, што Маўглi пайшоў ад вёскi з цяжкай шкурай Шэр-Хана на плячах, а за iм беглi Акела i Шэры Брат, так што след быў вельмi выразны. Неўзабаве Балдзео падышоў да таго месца, дзе Акела павярнуў назад i заблытаў след. Тут Балдзео сеў на зямлю, доўга кашляў i бурчаў, потым пачаў гойсаць наўкол, стараючыся зноў натрапiць на след, а ў гэты час тыя, што назiралi за iм, былi гэтак блiзка, што ён мог бы пацэлiць у iх каменем. Нiводзiн звер не можа рухацца гэтак цiха, як воўк, калi ён не хоча, каб яго чулi, а Маўглi, хоць ваўкi лiчылi яго вельмi нязграбным, таксама ўмеў з'яўляцца i знiкаць, нiбы цень. Яны акружылi старога паляўнiчага кальцом, як чарада дэльфiнаў акружае параход, калi той плыве поўным ходам, i размаўлялi смела, бо iхняя мова пачынаецца нiжэй сама нiзкай ноты, якую можа ўлавiць нязвыклае вуха чалавека. На другiм канцы рада знаходзiцца найтанчэйшы пiск кажана, якога многiя людзi не чуюць зусiм. З гэтай ноты пачынаецца гаворка ўсiх птушак, кажаноў i насякомых.
– Гэта лепш за ўсякае iншае паляванне, – сказаў Шэры Брат, калi Балдзео нагнуўся, сапучы i штосьцi разглядаючы. – Ён падобны на свiнню, якая заблудзiлася ў джунглях каля ракi. Што ён гаворыць?
Балдзео штосьцi сярдзiта мармытаў.
Маўглi растлумачыў:
– Ён кажа, што навокал мяне, мусiць, скакала цэлая гайня ваўкоў. Кажа, што нiколi ў жыццi не бачыў гэткага следу. Кажа, што вельмi стамiўся.
– Ён адпачне, перш чым зноў знойдзе след, – абыякава сказала Багiра, не перастаючы гуляць у хованкi i падкрадвацца з-за ствалоў дрэў.
– А цяпер што робiць гэты бядак?
– Збiраецца есцi або пускаць дым з рота. Людзi ўвесь час што-небудзь робяць ротам, – сказаў Маўглi.
Маўклiвыя следапыты ўбачылi, як стары натаптаў тытуню ў люльку, прыпалiў i пачаў палiць. Яны пастаралiся як след запомнiць пах тытуню, каб потым пазнаць Балдзео нават у сама цёмную ноч.
Затым па сцежцы прайшлi вугальшчыкi i, вядома, спынiлiся пагаманiць з Балдзео, якi лiчыўся найпершым паляўнiчым у гэтых мясцiнах. Усе яны паселi ў кружок i запалiлi, а Багiра i астатнiя падышлi блiжэй i глядзелi на iх, пакуль Балдзео расказваў ад пачатку да канца, з дадаткамi i выдумкамi, усю гiсторыю Маўглi, хлопчыка-пярэваратня. Як ён, Балдзео, забiў Шэр-Хана i як Маўглi перакiнуўся ў ваўка i бiўся з iм цэлы дзень, а пасля зноў зрабiўся хлопчыкам i зачараваў стрэльбу Балдзео, так што, калi ён прыцэлiўся ў Маўглi, куля павярнула ўбок i забiла аднаго з буйвалаў Балдзео; i як вёска паслала Балдзео, сама смелага паляўнiчага ў Сiянiйскiх гарах, забiць ваўка-пярэваратня. А Месуа з мужам, бацькi пярэваратня, сядзяць пад замком у сваёй хацiне, i хутка iх пачнуць катаваць, каб яны прызналiся ў вядзьмарстве, а потым спаляць на вогнiшчы.
– Калi? – спыталi вугальшчыкi, якiм таксама вельмi хацелася паглядзець на гэтую цырымонiю.
Балдзео сказаў, што, пакуль ён не вернецца, нiчога рабiць не будуць: у вёсцы хочуць, каб ён спачатку забiў ляснога хлопчыка. Пасля гэтага яны расправяцца з Месуяй i з яе мужам i падзеляць памiж сабою iх зямлю i буйвалаў.
А буйвалы ў мужа Месуi, дарэчы кажучы, вельмi добрыя. Ведзьмаў i чараўнiкоў лепш за ўсё забiваць, гаварыў Балдзео, а такiя людзi, якiя бяруць прыёмышамi ваўкоў-пярэваратняў з лесу, i ёсць сама лiхiя ведзьмары.
Вугальшчыкi баязлiва азiралiся па баках, удзячныя лёсу за тое, што iм не давялося бачыць пярэваратня; аднак яны не сумнявалiся, што гэтакi храбрэц, як Балдзео, знойдзе пярэваратня хутчэй за любога iншага.
Сонца апусцiлася ўжо даволi нiзка, i вугальшчыкi парашылi iсцi ў тую вёску, дзе жыў Балдзео, паглядзець на ведзьму i чараўнiка. Балдзео сказаў, што, вядома, ён павiнен застрэлiць хлопчыка-пярэваратня, але ён i думаць не хоча пра тое, каб няўзброеныя людзi iшлi адны праз джунглi, дзе воўк-пярэварацень можа сустрэцца iм у любую хвiлiну. Ён сам iх праводзiць, i калi сын вядзьмаркi сустрэнецца iм, яны пабачаць, як найпершы тутэйшы паляўнiчы з iм расправiцца. Жрэц даў яму такi амулет супраць пярэваратня, што баяцца няма чаго.
– Што ён гаворыць? Што ён гаворыць? Што ён гаворыць? – раз-пораз пыталiся ваўкi.
А Маўглi тлумачыў, пакуль не дайшло да ведзьмароў, што было для яго не зусiм зразумела, i тады ён сказаў, што мужчына i жанчына, якiя былi такiя добрыя да яго, злоўлены ў пастку.
– Хiба людзi ловяць людзей? – спытаў Шэры Брат.
– Так ён кажа. Я штосьцi не разумею. Усе яны, мусiць, проста пашалелi. Навошта спатрэбiлася садзiць у пастку Месую з мужам i што ў iх агульнага са мною? I дзеля чаго ўся гэтая гаворка пра Чырвоную Кветку? Трэба падумаць. Што б яны нi збiралiся рабiць з Месуяй, яны нiчога не пачнуць, пакуль не вернецца Балдзео. Так, значыцца... – I Маўглi глыбока задумаўся, пры гэтым ён пастукваў пальцамi па тронках нажа.
А Балдзео i вугальшчыкi храбра рушылi ў дарогу, хаваючыся адзiн за аднаго.
– Я зараз жа iду да чалавечай чарады, – сказаў нарэшце Маўглi.
– А гэтыя? – спытаў Шэры Брат, прагна пазiраючы на смуглыя спiны вугальшчыкаў.
– Правядзiце iх з песняю, – сказаў Маўглi з ухмылкай. – Я не хачу, каб яны былi каля вясковых варотаў раней, чым сцямнее. Можаце вы затрымаць iх?
Шэры Брат з пагардай ашчэрыў белыя зубы:
– Мы можам без канца вадзiць iх кругам, усё кругам, як коз на прывязi!
– Гэтага мне не трэба. Паспявайце iм крыху, каб яны не сумавалi ў дарозе. Няхай сабе песня будзе i не надта вясёлая, Шэры Брат. Ты таксама iдзi з iмi, Багiра, i падпявай iм. А як настане ноч, сустракайце мяне каля вёскi – Шэры Брат ведае месца.
– Нялёгкая гэта работа – быць загоншчыкам для дзiцяняцi. Калi ж я высплюся? – сказала Багiра пазяхаючы, хоць па вачах было вiдаць, як яна рада гэтак пацешыцца. – Я павiнна спяваць для нейкiх безвалосых! Што ж, паспрабуем!
Пантэра нагнула галаву, каб яе голас разлёгся па ўсiм лесе, i пачулася працяглае-працяглае "Добрага палявання!" – начны клiч сярод белага дня, даволi страшны для пачатку. Маўглi паслухаў, як гэты клiч пракацiўся па джунглях, то ўзмацняючыся, то зацiхаючы, i замёр дзесьцi ў яго за спiной на сама тужлiвай ноце, i ўсмiхнуўся, бегучы лесам. Ён бачыў, як вугальшчыкi збiлiся ў гурт, як задрыжала стрэльба старога Балдзео, нiбы бананавы лiст на ветры. Потым Шэры Брат правыў: "Йа-ла-хi! Йа-ла-хi!" – паляўнiчы поклiч, якi гучыць, калi Чарада гонiць перад сабою нiльгау – вялiкую шэрую антылопу.
Гэты поклiч, здавалася, iшоў з усiх канцоў лесу адразу i чуўся ўсё блiжэй i блiжэй, пакуль нарэшце не абарваўся побач, зусiм блiзка, на сама пранiзлiвай ноце. Астатнiя тры ваўкi падхапiлi яго, так што нават Маўглi мог бы прысягнуць, што ўся Чарада гонiць дзiчыну па гарачым следзе. А потым усе чацвёра заспявалi цудоўную ранiшнюю Песню Джунгляў, з усiмi трэлямi, пералiвамi i пераходамi, якiя ўмее выводзiць магутнае воўчае горла.
Нiякi пераказ не можа перадаць нi ўражання ад гэтай песнi, нi насмешку, якую надалi ваўкi кожнай ноце, пачуўшы, як затрашчалi сукi, калi вугальшчыкi ад страху палезлi на дрэвы, а Балдзео пачаў мармытаць замовы i заклiнаннi. Потым ваўкi палеглi i заснулi, бо вялi правiльны распарадак жыцця, як i ўсе, хто жыве са свае працы: не выспiшся – не папрацуеш як след.
Тым часам Маўглi пакiдаў за сабой мiлю за мiляй, прабягаючы па дзевяць мiляў за гадзiну, i радаваўся, што анi не аслабеў пасля столькiх месяцаў жыцця сярод людзей. У яго галаве засела адна толькi думка: выручыць Месую з мужам з пасткi, якая б яна нi была, – ён асцерагаўся любых пастак. Пасля гэтага, абяцаў сабе Маўглi, ён расквiтаецца i з усёй вёскай.
Ужо апусцiўся змрок, калi ён убачыў знаёмую пашу i дрэва дхак, пад якiм чакаў яго Шэры Брат у тую ранiцу, як Маўглi забiў Шэр-Хана. Якi нi злосны быў ён на ўсiх людзей, усё ж пры першым позiрку на вясковыя стрэхi ў яго заняло дух. Ён прыкмецiў, што ўсе вярнулiся з поля раней часу i, замест таго каб узяцца за прыгатаванне вячэры, сабралiся натоўпам пад вясковай смакоўнiцай, адкуль чулiся гоман i крык.
– Людзям абавязкова трэба ставiць пасткi для iншых людзей, а без гэтага яны ўсё будуць незадаволены, – сказаў Маўглi. – Дзве ночы назад яны лавiлi Маўглi, а зараз мне здаецца, што гэтая ноч была многа дажджоў назад. Сёння чарга Месуi з мужам. А заўтра, i паслязаўтра, i на шмат начэй пасля таго зноў надыдзе чарга Маўглi.
Ён прапоўз пад агароджай i, дабраўшыся да хацiны Месуi, зазiрнуў у акно. У пакоi ляжала Месуа, звязаная па руках i нагах, i стагнала, цяжка дыхаючы; яе муж быў прывязаны рамянямi да страката размаляванага ложка. Дзверы хацiны, што выходзiлi на вулiцу, былi моцна падпёрты, i тры цi чатыры чалавекi сядзелi, прыхiлiўшыся да iх спiной.
Маўглi вельмi добра ведаў норавы i звычаi вёскi. Ён сцямiў, што, пакуль людзi ядуць, кураць i размаўляюць, нiчога iншага яны рабiць не будуць; але пасля таго, як яны паядуць, iх трэба асцерагацца. Хутка вернецца i Балдзео, i калi яго павадыры добра саслужылi сваю службу, яму будзе пра што расказаць. Хлопчык залез у акно, нагнуўся над мужчынам i жанчынай i разрэзаў рамянi, што звязвалi iх, дастаў затычкi з рота i пашукаў, цi няма ў хацiне малака.
– Я ведала, я ведала, што ён прыйдзе! – заплакала Месуа. – Цяпер я ведаю пэўна, што ён мой сын. – I яна прытулiла Маўглi да грудзей.
Да гэтай хвiлiны Маўглi быў зусiм спакойны, але тут ён увесь задрыжаў i сам невыказна здзiвiўся гэтаму.
– Для чаго гэтыя рамянi? За што яны звязалi цябе? – спытаў ён, памаўчаўшы.
– Каб пакараць за тое, што мы ўзялi цябе сынам, за што ж яшчэ? – сказаў муж сярдзiта. – Паглядзi – я ўвесь у крывi.
Месуа нiчога не сказала, але Маўглi зiрнуў на яе раны, i муж з жонкай пачулi, як ён скрыгатнуў зубамi.
– Чыя гэта работа? – спытаў ён. – За гэта яны паплацяцца!
– Гэта работа ўсёй вёскi. Мяне лiчылi багацеем. У мяне было шмат жывёлы. Мы з ёю ведзьмакi, таму што далi табе прытулак.
– Я не разумею! Няхай раскажа Месуа.
– Я кармiла цябе малаком, Натху, ты памятаеш? – нясмела спытала Месуа. Таму што ты мой сын, якога схапiў тыгр, i таму што я моцна цябе люблю. Яны кажуць, што я твая мацi, мацi пярэваратня, i за гэта павiнна памерцi.
– А што такое пярэварацень? – спытаў Маўглi. – Смерць я ўжо бачыў.
Муж панура зiрнуў на яго спадылба, але Месуа засмяялася.
– Бачыш? – сказала яна мужу. – Я ведала, я табе гаварыла, што ён не вядзьмар. Ён мой сын, мой сын!
– Сын цi вядзьмар – якая нам з гэтага карысць? – адказаў муж. – Цяпер мы з табою ўсё роўна што памерлi.
– Вунь там iдзе дарога праз джунглi, – паказаў Маўглi ў акно. – Рукi i ногi ў вас развязаны. Iдзiце адсюль.
– Мы не ведаем джунгляў, сын мой, так, як... як ты iх ведаеш, – пачала Месуа. – Мне не адысцiся далёка.
– А людзi пагоняцца за намi i зноў прывядуць нас сюды, – сказаў яе муж.
– Гм! – сказаў Маўглi, водзячы кончыкам паляўнiчага нажа па сваёй далонi. – Пакуль што я не хачу лiха нiкому ў гэтай вёсцы. Не думаю, аднак, што цябе запыняць. Мiне яшчэ крышку часу – i ў iх знойдзецца пра што падумаць. Ага! ён узняў галаву i прыслухаўся да крыкаў i беганiны за дзвярамi. – Нарэшце яны адпусцiлi Балдзео дадому!
– Яго паслалi ранiцай забiць цябе, – сказала Месуа. – Хiба ты яго не сустрэў?
– Ага, Мы... я сустрэў яго. Яму ёсць пра што расказаць. А пакуль ён гаворыць, можна шмат што зрабiць. Але спачатку трэба даведацца, чаго яны хочуць. Падумайце, куды вам лепш пайсцi адгэтуль, i скажыце мне, як я вярнуся.
Ён выскачыў праз акно i зноў пабег, хаваючыся пад вясковай сцяной, пакуль яму не стаў чуваць гоман натоўпу, што сабраўся пад смакоўнiцай.
Балдзео кашляў i стагнаў, лежачы на зямлi, а ўсе астатнiя абступiлi яго i распытвалi. Валасы ў яго раскудлацiлiся, рукi i ногi ён паабдзiраў, залазячы на дрэва, i ледзь мог гаварыць, але затое вельмi добра разумеў усю значнасць свайго становiшча.
Час ад часу ён пачынаў гаварыць штосьцi пра пявучых чарцей, пярэваратняў i вядзьмарства толькi для таго, каб распалiць цiкаўнасць i намякнуць натоўпу, пра што ён будзе расказваць. Потым папрасiў вады.
– Так! – сказаў Маўглi. – Словы i словы! Адна балбатня! Людзi – крэўныя браты малпаў. Спачатку ён будзе паласкаць рот вадой, потым палiць, а зрабiўшы ўсё гэта, пачне расказваць. Ну i дурнi гэтыя людзi! Яны не паставяць нiкога пiльнаваць Месую, пакуль Балдзео тлумiць iм галовы сваiмi байкамi. I я раблюся гэткiм жа гультаём!
Ён страпянуўся i праслiзнуў назад да хацiны. Ён ужо быў пад акном, калi адчуў, што нехта лiзнуў яму нагу.
– Мацi, – сказаў ён, пазнаўшы Ваўчыху, – што тут робiш ты?
– Я пачула, як мае дзецi спяваюць у лесе, i пайшла за тым, каго люблю больш за ўсiх. Жабянятка, я хачу бачыць жанчыну, якая кармiла цябе малаком, сказала Мацi Ваўчыха, уся мокрая ад расы.
– Яе звязалi i хочуць забiць. Я разрэзаў рамянi, i яна з мужам пойдзе адсюль праз джунглi.
– Я таксама правяду iх. Я старая, але яшчэ не зусiм бяззубая. – Мацi Ваўчыха стала на заднiя лапы i заглянула праз акно ў цёмную хацiну.
Потым яна бясшумна апусцiлася на ўсе чатыры лапы i сказала толькi:
– Я першая кармiла цябе малаком, але Багiра кажа праўду: чалавек у рэшце рэшт iдзе да чалавека.
– Магчыма, – сказаў Маўглi вельмi панура, – толькi я зараз далёкi ад гэтай дарогi. Пачакай тут, але не паказвайся ёй.
– Ты нiколi мяне не баялася, Жабянятка, – сказала Мацi Ваўчыха.
Яна адступiла на крок назад i знiкла ў высокай траве – гэта яна ўмела рабiць вельмi добра.
– А цяпер, – весела сказаў Маўглi, зноў скокнуўшы ў акно, – усе сабралiся вакол Балдзео, i ён расказвае тое, чаго не было. А калi ён скончыць, яны абавязкова прыйдуць сюды з Чырвонай... з агнём i спаляць вас абаiх. Што ж рабiць?
– Мы пагаварылi з мужам, – сказала Месуа. – Да Канхiвары адсюль трыццаць мiляў. Калi мы дабяромся туды сёння, мы будзем жыць. Калi не – памром.
– Вы будзеце жыць. Нiводзiн чалавек не выйдзе сёння за вароты. Але што гэта ён робiць?
Муж Месуi, стоячы на карачках, гроб зямлю ў кутку хацiны.
– Там у яго грошы, – сказала Месуа. – Больш мы нiчога не можам узяць з сабою.
– Ах, так! Гэта тое, што пераходзiць з рук у рукi i не становiцца цяплейшым. Хiба яно бывае патрэбна i ў iншых месцах?
Муж сярдзiта азiрнуўся.
– Якi ён пярэварацень? Ён проста дурань! – прабурчаў ён. – За гэтыя грошы я магу купiць каня. Нас так збiлi, што мы не зойдзем далёка, а вёска пагонiцца за намi.
– Кажу вам, што не пагонiцца, я гэтага не дазволю, але конь – гэта добра, бо Месуа знясiлена.
Яе муж устаў, завязваючы ў пояс апошнюю рупiю. Маўглi дапамог Месуi вылезцi праз акно, i халаднаватае начное паветра ажывiла яе. Але джунглi пры святле зорак здалiся ёй вельмi цёмнымi i страшнымi.
– Вы ведаеце дарогу ў Канхiвару? – прашаптаў Маўглi.
Яны кiўнулi.
– Добра. Помнiце ж, што баяцца няма чаго. I спяшацца таксама не трэба. Толькi... толькi ў джунглях ззаду вас i наперадзе вас вы, магчыма, пачуеце спевы.
– Няўжо ты думаеш, што мы асмелiлiся б пайсцi ноччу ў джунглi, калi б не баялiся, што нас спаляць? Лепш няхай нас разарвуць звяры, чым заб'юць людзi, сказаў муж Месуi.
Але сама Месуа паглядзела на Маўглi i ўсмiхнулася.
– Кажу вам, – гаварыў далей Маўглi, быццам ён быў мядзведзь Балу i соты раз паўтараў няўважлiваму ваўчаняцi старажытны Закон Джунгляў, – кажу вам, што нi адзiн зуб у джунглях не ашчэрыцца супраць вас, нi адна лапа ў джунглях не падымецца на вас. Нi чалавек, нi звер не запыняць вас, пакуль вы не ўбачыце Канхiвару. Вас будуць ахоўваць. – Ён шпарка павярнуўся да Месуi са словамi: Муж твой не верыць мне, але ты паверыш?
– Так, вядома, сын мой. Чалавек ты цi воўк з джунгляў, але я табе веру.
– Ён спалохаецца, калi пачуе спевы майго народа. А ты пазнаеш i ўсё зразумееш. Iдзiце ж i не спяшайцеся, бо спяшацца няма патрэбы: вароты зачынены.
Месуа кiнулася з плачам да ног Маўглi, але ён хуценька падняў яе, сам увесь калоцячыся. Тады яна павiсла ў яго на шыi i называла ўсiмi ласкавымi iмёнамi, якiя толькi прыйшлi ёй на памяць. Яны пайшлi ў бок джунгляў, i Мацi Ваўчыха выскачыла са сваёй засады.
– Правядзi iх! – сказаў Маўглi. – I глядзi, каб усе джунглi ведалi, што iх няможна чапаць. Падай голас, а я паклiчу Багiру.
Глухое, працяглае выццё пачулася i замерла, i Маўглi ўбачыў, як муж Месуi ўздрыгнуў i павярнуўся, гатовы ўцякаць назад да хацiны.
– Iдзi, iдзi! – падбадзёрыў яго Маўглi. – Я ж сказаў, што вы пачуеце песню. Яна вас будзе праводзiць да самай Канхiвары. Гэта – Ласка Джунгляў.
Месуа падштурхнула свайго мужа ўперад, i цемра спусцiлася над iмi i Ваўчыхай, як раптам Багiра выскачыла ледзь не з-пад ног Маўглi.
– Мне сорамна за тваiх братоў! – сказала яна муркаючы.
– Як гэта? Хiба яны кепска спявалi для Балдзео? – спытаў Маўглi.
– Занадта хораша! Занадта! Яны нават мяне змусiлi забыцца на ўсякi гонар, i, клянуся зламаным замком, якi вызвалiў мяне, я бегала па джунглях i спявала, нiбыта ўвесну. Хiба ты нас не чуў?
– У мяне быў iншы клопат. Спытай лепш у Балдзео, цi спадабалася яму песня. Але дзе ж уся чацвёрка? Я хачу, каб нiводзiн з чалавечай чарады не выйшаў сёння за вароты.
– Дык навошта табе чацвёрка? – сказала Багiра. Пазiраючы на яго палаючымi вачамi, яна пераступала з нагi на нагу i мурлыкала ўсё мацней. – Я магу затрымаць iх, Маленькi Брат. Гэтыя спевы i людзi, што караскалiся на дрэвы, распалiлi мяне. Я гналася за iмi цэлы дзень – пры святле сонца, у самы поўдзень. Я пiльнавала iх, як ваўкi пiльнуюць аленяў. Я Багiра, Багiра, Багiра! Я скакала з iмi, як скачу са сваiм ценем. Глядзi!
I вялiкая пантэра падскочыла, як кацяня, i пагналася за лiстком, што падаў з дрэва; яна бiла па паветры лапамi то ўправа, то ўлева, i паветра свiстала пад яе ўдарамi, потым бясшумна стала на ўсе чатыры лапы, зноў падскочыла ўгору, i зноў, i зноў, i яе вуркатанне i бурчанне рабiлiся ўсё мацнейшымi i мацнейшымi, як спяванне пары ў катле, што закiпае на агнi.
– Я Багiра – сярод джунгляў, сярод ночы! – i мая сiла ўся са мною! Хто вытрымае мой нацiск? Дзiцяня, адным ударам лапы я магла б размажджэрыць табе галаву, i яна стала б пляскатай, як дохлая жаба ў летнюю спёку!
– Што ж, бi! – сказаў Маўглi на мове вёскi, а не на мове джунгляў.
I чалавечыя словы адразу спынiлi Багiру. Яна адскочыла назад i, уся калоцячыся, прысела на заднiя лапы, так што яе галава апынулася на адным узроўнi з галавою Маўглi. I зноў Маўглi пачаў глядзець, як глядзеў на непакорных ваўчанят, проста ў зялёныя, як смарагд, вочы, пакуль у глыбiнi зялёных зрэнкаў не пагас чырвоны агонь, як гасне агонь на маяку, пакуль пантэра не адвяла позiрку. Яе галава апускалася ўсё нiжэй i нiжэй, i нарэшце чырвоная тарка языка драпнула нагу Маўглi.
– Багiра, Багiра, Багiра! – шаптаў хлопчык, настойлiва i лёгка пагладжваючы шыю i дрыготкую спiну. – Супакойся, супакойся! Гэта ноч вiнаватая, а зусiм не ты!
– Гэта ўсё начныя пахi, – сказала Багiра. Яна апамяталася. – Паветра быццам клiча мяне. Але адкуль ты гэта ведаеш?
Паветра вакол iндыйскай вёскi напоена ўсякiмi пахамi, а для звера, якi прывык чуць i думаць носам, пахi азначаюць тое самае, што музыка або вiно для чалавека.
Маўглi яшчэ некалькi хвiлiн супакойваў пантэру, i нарэшце яна легла, як кошка перад агнём, склаўшы лапы пад грудзьмi i прыжмурыўшы вочы.
– Ты наш i не наш, з джунгляў i не з джунгляў, – сказала яна нарэшце. – А я толькi чорная пантэра. Але я люблю цябе, Маленькi Брат.
– Яны штосьцi доўга гамоняць пад дрэвам, – сказаў Маўглi, не зважаючы на яе апошнiя словы. – Балдзео, мабыць, расказаў iм не адну гiсторыю. Яны хутка прыйдуць для таго, каб выцягнуць гэтую жанчыну з мужам з пасткi i кiнуць iх у Чырвоную Кветку. I ўбачаць, што пастка апусцела. Хо-хо!
– Не, паслухай, – сказала Багiра. – Няхай яны знойдуць там мяне! Мала хто асмелiцца выйсцi з дому, пасля таго як пабачыць мяне. Не ўпершыню мне сядзець у клетцы, i наўрад каб iм удалося звязаць мяне вяроўкамi.
– Ну, дык будзь разумнiцай! – сказаў Маўглi смеючыся.
А пантэра ўжо пракралася ў хацiну.
– Брр! -прынюхалася Багiра. – Тут пахне чалавекам, але ложак якраз гэткi ж, на якiм я ляжала ў княжацкiм звярынцы ва Ўдайпуры. А цяпер я лягу!
Маўглi пачуў, як зарыпела вяровачная сетка пад цяжарам вялiкага звера.
– Клянуся зламаным замком, якi вызвалiў мяне, яны падумаюць, што злавiлi важную птушку! Iдзi сядзь побач са мною, Маленькi Брат, i мы разам пажадаем iм добрага палявання!
– Не, у мяне iншае ў галаве. Чалавечая чарада не павiнна ведаць, што я таксама ўдзельнiчаю ў гэтай гульнi. Палюй адна. Я не хачу iх бачыць.
– Хай будзе так, – сказала Багiра. – Вось яны iдуць!
Гамонка пад смакоўнiцай на тым краi вёскi станавiлася ўсё больш шумнай. Пад канец узняўся крык, i натоўп павалiў па вулiцы, размахваючы дубiнкамi, бамбукавымi кiямi, сярпамi i нажамi. Наперадзе ўсiх бег Балдзео, але i астатнiя не адставалi ад яго, яны крычалi:
– Ведзьмара i вядзьмарку сюды! Падпалiце страху над iх галавой! Мы iм пакажам, як няньчыцца з пярэваратнямi! Не, спачатку аддубасiм iх! Факелаў! Болей факелаў.
Тут выйшла невялiкая затрымка з дзвярной засаўкай. Дзверы былi замкнуты вельмi моцна, але натоўп вырваў засаўку, i святло факелаў залiло пакой, дзе, расцягнуўшыся на ўвесь рост на ложку, скрыжаваўшы лапы i злёгку звесiўшы iх з аднаго краю, чорная i страшная, ляжала Багiра. Хвiлiну ўсе маўчалi, ахопленыя жахам; пярэднiя рады з усяе сiлы пачалi прадзiрацца назад на вулiцу. I ў гэты момант Багiра пазяхнула, старанна i ўсiм напаказ, як пазяхнула б, хочучы зняважыць роўнага сабе. Вусатыя губы прыўзнялiся i рассунулiся, чырвоны язык загарнуўся, нiжняя скiвiца абвiсала ўсё нiжэй i нiжэй, так што вiдаць было гарачае горла; вялiзныя iклы бялелi ў чорным правале рота, пакуль не ляснулi, быццам стальныя затворы. У наступную хвiлiну вулiца апусцела.
Багiра выскачыла праз акно i стала побач з Маўглi. А людзi, ашалелыя ад страху, iрвалiся ў хацiны, спатыкаючыся i штурхаючы адзiн аднаго.
– Яны не крануцца з месца да свiтання, – спакойна сказала Багiра. – А цяпер што?
Здавалася, нямая цiшыня, што пануе апоўднi ў час сну, навiсла над вёскай, але, калi прыслухацца, было чуваць, як перасоўваюць па земляной падлозе цяжкiя скрынi са збожжам, падпiраюць iмi дзверы. Багiра казала праўду: да самай ранiцы ў вёсцы нiхто не пашавелiцца.
Маўглi сядзеў нерухома i думаў, i яго твар станавiўся ўсё больш змрочным.
– Што я такое зрабiла? – сказала нарэшце Багiра i прылашчылася да яго.
– Нiчога, апрача добрага. Папiльнуй iх цяпер да свiтанку, а я засну. – I Маўглi пабег у лес, павалiўся на камень i заснуў – i праспаў увесь дзень i ўсю ноч.
Калi ён прачнуўся, побач з iм сядзела Багiра i каля яго ног ляжаў толькi што забiты алень.
Багiра з цiкаўнасцю пазiрала, як Маўглi працаваў паляўнiчым нажом, як ён еў i пiў, а потым зноў лёг, абапёршыся падбародкам на руку.
– Жанчына з мужчынам дабралiся да Канхiвары жывыя i здаровыя, – сказала Багiра. – Твая мацi прыслала вестачку з каршуном Чылем. Яны знайшлi каня яшчэ да поўначы, у той жа вечар, i паехалi вельмi хутка. Хiба гэта не добра?
– Гэта добра, – сказаў Маўглi.
– А твая чалавечая чарада не зварухнулася, пакуль сонца не ўзнялося высока сёння ранiцай. Яны прыгатавалi сабе паесцi, а потым зноў замкнулiся ў сваiх дамах.
– Яны, можа, убачылi цябе?
– Можа. На досвiтку я качалася ў пыле перад варотамi i, здаецца, нават спявала. Ну, Маленькi Брат, больш тут няма чаго рабiць. Хадзем на паляванне са мною i з Балу. Ён знайшоў новыя вулеi i збiраецца паказаць iх табе, i мы ўсе хочам, каб ты, як i раней, быў з намi... Не глядзi гэтак, я баюся цябе! Мужчыну з жанчынай не кiнуць у Чырвоную Кветку, i ўсё ў джунглях застаецца па-ранейшаму. Хiба гэта не праўда? Забудземся пра чалавечую чараду!
– Пра яе забудуцца, i вельмi хутка. Дзе пасецца Хатхi сёння ўночы?
– Дзе ён надумае. Хто можа ведаць, дзе цяпер Маўклiвы? А навошта ён табе? Што гэткае можа зрабiць Хатхi, чаго не маглi б зрабiць мы?
– Скажы, каб ён прыйшоў сюды да мяне разам са сваiмi трыма сынамi.
– Але, дапраўды ж, Маленькi Брат, няможна загадваць Хатхi, каб ён "прыйшоў сюды" або "пайшоў адсюль". Не забывайся, што ён Гаспадар Джунгляў i што ён навучыў цябе Запаветным Словам Джунгляў да таго, як чалавечая чарада змянiла твой твар.
– Гэта нiчога. У мяне таксама ёсць для яго Запаветнае Слова. Скажы, каб ён прыйшоў да Жабяняцi Маўглi, а калi ён не адразу пачуе, скажы яму, каб прыйшоў дзеля вытаптаных палеткаў Бхаратпура.
– "Дзеля вытаптаных палеткаў Бхараптура", – паўтарыла Багiра двойчы цi тройчы, каб не забыцца. – Iду! Хатхi толькi раззлуецца, i больш нiчога, а я з радасцю аддала б здабычу цэлага месяца, каб пачуць, якое Запаветнае Слова мае ўладу над Маўклiвым.
Яна пайшла, а Маўглi застаўся i раз'юшана дзёўб зямлю паляўнiчым нажом. Маўглi нi разу ў жыццi не бачыў чалавечай крывi i – што азначала для яго куды больш – нi разу не чуў яе паху да таго часу, пакуль не пачуў пах крывi на рамянях, што звязвалi Месую. А Месуа была добрая да яго, i ён яе любiў. Але як нi былi ненавiсныя для яго жорсткасць, баязлiвасць i балбатлiвасць людзей, ён бы нiзавошта не згадзiўся пазбавiць чалавека жыцця i зноў пачуць гэты страшны пах, чым бы нi ўзнагародзiлi яго за гэта джунглi. Яго план быў куды больш просты i надзейны, i ён засмяяўся сам сабе, успомнiўшы, што яго падказаў яму адзiн з расказаў старога Балдзео пад смакоўнiцай.
– Праўда, гэта было Запаветнае Слова, – вярнуўшыся, шапнула Багiра яму на вуха. – Яны пасвiлiся каля ракi i паслухалiся мяне, як буйвалы. Глядзi, вунь яны iдуць!
Хатхi i яго тры сыны з'явiлiся, як заўсёды, без адзiнага гуку. Рачны мул яшчэ не высах на iхнiх баках, i Хатхi ў задуменнi дажоўваў зялёнае бананавае дрэўца, якое вырваў бiўнямi. Але кожны рух яго велiзарнага цела гаварыў Багiры, якая разумела ўсё з першага позiрку, што не Гаспадар Джунгляў прыйшоў да хлопчыка-ваўчаняцi, а прыйшоў той, хто баiцца, да таго, хто не баiцца нiчога. Тры сыны Хатхi пагойдвалiся плячо ў плячо ззаду бацькi.
Маўглi толькi крыху прыўзняў галаву, калi Хатхi пажадаў яму добрага палявання. Перш чым сказаць хоць слова, ён прымусiў Хатхi доўга пераступаць з нагi на нагу, пагойдвацца i ўстрэсвацца, а калi загаварыў, дык з Багiрай, а не са сланамi.
– Я хачу расказаць вам адну гiсторыю, а чуў я яе ад паляўнiчага, на якога вы палявалi сёння, – пачаў Маўглi. – Гэта гiсторыя пра тое, як стары i разумны слон трапiў у пастку i востры кол на дне ямы разарваў яму скуру ад пяткi да пляча, так што застаўся белы шрам.
Маўглi працягнуў руку, i калi Хатхi павярнуўся, пры святле месяца стаў вiдаць доўгi белы шрам на шэрым, як грыфель, баку, быццам яго сцебанулi распаленым бiчом.
– Людзi выцягнулi слана з ямы, – гаварыў далей Маўглi, – але ён быў дужы, разарваў путы i ўцёк, i хаваўся, пакуль рана не загаiлася. Тады ён вярнуўся ўночы на палеткi паляўнiчых. Цяпер я прыпамiнаю, што ў яго было тры сыны. Усё гэта адбылося многа-многа дажджоў таму назад i вельмi далёка адгэтуль – на палетках Бхаратпура. Што здарылася з гэтымi палеткамi ў наступнае жнiво, Хатхi?
– Жнiво сабраў я з маiмi трыма сынамi, – сказаў Хатхi.
– А што было з пасевам, якi iдзе за жнiвом? – спытаў Маўглi.
– Пасеву не было, – сказаў Хатхi.
– А з людзьмi, якiя жылi на палях побач з пасевамi? – спытаў Маўглi.
– Яны сышлi.
– А з хацiнамi, у якiх спалi людзi? – спытаў Маўглi.
– Мы раскiдалi стрэхi дамоў, а джунглi паглынулi сцены.
– А што ж было потым? – спытаў Маўглi.
– Мы напусцiлi джунглi на пяць вёсак; i ў гэтых вёсках, i на iх землях, i на пашах, i на мяккiх, узараных палетках не засталося цяпер нiводнага чалавека, якi атрымлiваў бы ежу ад зямлi. Вось як былi вытаптаны бхаратпурскiя палеткi, i гэта зрабiў я з маiмi трыма сынамi. А цяпер скажы мне, Маўглi, як ты даведаўся пра гэта? – спытаў Хатхi.
– Мне сказаў адзiн чалавек, i цяпер я пераканаўся, што нават Балдзео не заўсёды хлусiць. Гэта было добра зроблена, Хатхi з белым шрамам, а другi раз выйдзе яшчэ лепш, бо распараджацца будзе чалавек. Ты ведаеш вёску чалавечай чарады, што выгнала мяне? Не варта, каб яны жылi там i надалей. Я iх ненавiджу!
– А забiваць нiкога не трэба? Мае бiўнi пачырванелi ад крывi, калi мы тапталi палеткi ў Бхаратпуры, i мне не хацелася б зноў абуджаць гэты пах.