Текст книги "Раман Корзюк (на белорусском языке)"
Автор книги: Масей Седнев
сообщить о нарушении
Текущая страница: 13 (всего у книги 18 страниц)
– Ён вярнуўся на сваю радзiму, – адказала Камоцкая.
– Так. Вярнуўся. Але ў якасьцi каго? Падумайце, для чаго польская дэфэнзыва вярнула яго да нас? Хiба-ж не для таго, каб, выбачайце, пабачыцца з вамi? Ды я не хачу тут займацца справаю Рамана Корзюка. Я выклiкаў вас ня ў сувязi з iм, цi можа меней за ўсё ў сувязi з iм.
– Мне крыўдна ўсё-ж... Раман не хацеў iсьцi ў Польшчу. Ён пайшоў быў туды ня хочучы... Абкруцiў яго Кандраценя, "дзядзька" ягоны. Якi ён дзядзька яму? Раман – ахвяра, але ён ня ведае гэтага, – у Камоцкай нечакана для сьледчага заблiшчэлi на вейках сьлёзы. У яе варухнулася жаласьць, страсянула ўсiм яе целам, яна зайшлася сьлязьмi, гатовая заплакаць наўзрыд. Камоцкая не магла супакоiцца, вусны ў яе сударгава дрыжэлi i толькi праз нейкi момант, выцершы даланёю сьлёзы, яна саўладала з сабою...
Калi сьледчы зноў пачаў распытваць пра бацькоў, Камоцкая няўстрымалася i яшчэ болей закалацiлася ад плачу.
– Дазвольце спатканьне з бацькамi або хоць напiсаць iм...
– Пiсаць вам ужо ня трэба. Мы вас выпiсваем – вы свабодны.
Камоцкая недаверлiва зiрнула на сьледчага. Той, злавiўшы ейны погляд, паўтарыў:
– Сьледства ў вашай справе спыняецца. Вы адноўленыя ў правох студэнта ў установе, у якой вы навучаецеся. Стыпэндыя за мiнулыя тры месяцы будзе выплачаная. Жадаем вам найлепшых посьпехаў. Мы спадзяёмся, што да нашых органаў вы ня будзеце мець асаблiвай крыўды. Даруйце iм, дапушчаную iмi памылку. Я хацеў-бы сказаць – мы спадзяёмся на вашую прыхiльнасьць да гэтых органаў, да нас, iхных працаўнiкоў.
Беларус дастаў з шуфляды паперчыну, папрасiў, уручыўшы Камоцкай, прачытаць яе i падпiсаць. У паперчыне гаварылася аб "неразглошении" бачанага i чутага ў НКВД з папярэджаньнем аб магчымай кары за недатрыманьне ўмоваў.
Камоцкая, не вагаючыся, падпiсалася, усё яшчэ ня верачы, што яе напраўду выпускаюць.
На заняткi Камоцкая вярнулася толькi на другi дзень. Былыя ейныя кампанкi па манастыры сустрэлi яе ветлiва, хоць i насьцярожана: нагэтулькi нечаканы для iх быў ейны зварот, яны яшчэ ня ўспрынялi, як сьлед, падзею i ня ведалi, як да яе паставiцца. У часе перапынку Камоцкая ня выйшла, як гэта яна рабiла раней, на карыдор, заставалася сядзець за незанятым у кутку столiкам. Да яе падыйшла найперш Лагоўская, прывiталася, пытаючыся, цi ня трэба ёй якая-небудзь дапамога. За ёю падыйшлi Аўсеева i Роза Шкляр з Голдзiнай. Шкляр хацела была запытацца ў Камоцкай пра Каплеўскага (прыйшла-ж з турмы i можа ведае што пра яго), але адумалася, адкладваючы гэта на вечар. Сьцяпан Мялешка, незадаволены паваротам Камоцкай, схадзiў у канцэлярыю да дырэктара ўпэўнiцца, цi Камоцкая сядзiць у класе легальна. Яму прыкра было, што яна тут, у ваднэй зь iм групе, што яе, супольнiцу Рамана Корзюка, выпусьцiлi такiя аўтарытэтныя органы, як НКВД, ён нават дапускаў нейкую памылку з боку гэтых органаў. Цяпер яна будзе глядзець на яго яшчэ з большай пагардай, як раней. Ён баяўся – таго глядзi што i хлопцаў яшчэ павернуць: зьняў-жа дырэктар з дошкi абвестак свой загад аб выключэньнi iх з iнстытуту... I ўсё-ткi Мялешка ня мог не падыйсьцi i не прывiтацца з Камоцкай. Нясьмелы i як-бы вiнаваты ў чым, ён падыйшоў да яе i ўжо гатовы быў ёй нешта сказаць, як наскочыла Оля Дзiчкоўская, локцем адпiхнула яго, прагаварыўшы:
– Няма чаго табе, братка, цяпер вiтацца. Хiба потым, пасьля мяне.
Мялешка апешыў, стаяў моўчкi, ня ведаючы, што яму рабiць.
– Бачыш, адны толькi дзяўчаты засталiся – хлопцаў ты ўсiх упёк. Iх няма. Застаўся ты адзiн. Лягчэй табе?
Дзiчкоўская ашчаперыла Валю i праз колькi сэкундаў, адарваўшыся, адыйшлася ад яе са сьлязамi на вачох.
У аўдыторыю ўвайшоў выкладчык нямецкай мовы Зэмэль. Дзяўчаты ўсё яшчэ не адыходзiлiся ад Камоцкай, толькi Сьцяпан Мялешка, сагнуўшыся, памуляў на сваё месца, апынуўшыся перад самым носам выкладчыка (ён заўсёды сядзеў на вiдавоку ў кожнага з iх).
Нарэшце, уселiся i дзяўчаты. Дзiчкоўская, узьняўшыся, i паказваючы выкладчыку пальцам на Камоцкую, голасна прагаварыла:
– Ганс Рудольфавiч, сёньня ў нас, бачаце, на адну студэнтку болей вярнулася.
– Я вельмi рады. Zehr gut, – адказаў Зэмэль, але хутка, як-бы спалохаўшыся сваiх слоў, пачаў тлумачыць Partizip II. Ён баяўся свайго нямецкага паходжаньня i быў дужа асьцярожны ў сваiх гутарках з студэнтамi.
Ларысы i Басi Цыпiнай на занятках ня было – прастудзiлiся i засталiся з грыпам ляжаць у пасьцелi, а ў iх якраз i мела патрэбу Валя Камоцкая, выходзячы з будынку Галоўнага корпусу ўнiвэрсытэцкага гарадка.
31
Адчынiлiся дзьверы камэры, i Раману Корзюку сказалi зьбiрацца з рэчамi.
– Можа дахаты? – пачалi гадаць, як-бы абрадваныя, камэрнiкi.
– Гм-м... Лёгка так, думаеш...
– А можа на суд?
– А можа ў iншую камэру?
– Добра, што хоць бяруць, нейкi рух усё-ткi, а то сядзiш во паўгоду i яшчэ нi разу ня выклiкалi на допыт.
Корзюка выправаджвалi ўсёй камэрай, жадалi яму ўсяго найлепшага, прасiлi калi будзе магчыма – паведамiць iм пра сябе, а калi на суд – колькi далi. Узрушэньне ў камэры было такое, быццам Корзюк iшоў на волю. Камэрнiкам здавалася, што пачалося нешта такое, што можа закрануць i iх, што можа дзесьцi на вярхох нехта-ж, нарэшце, адумаецца i пачнецца роспуск нявiнаватых людзей. У камэры ажыла на момант радасьць, кожнаму хацелася паверыць у тое, у што ён хацеў верыць.
Корзюку не сказалi, куды яго забiраюць. Яго зьдзiвiла, што яго прывезьлi на вакзал. Толькi ўжо ў вагоне канваiр яму сказаў (хоць яму забаранялася ўваходзiць у гутарку з арыштаваным), што яны едуць у Заслаўе.
На ранiцу яны былi ўжо там. Корзюк доўга чакаў у цесным пакойчыку на турэмным двары, пакуль яго ня ўзялi адтуль i не прывялi да нейкага начальнiка. Той паведамiў яму, што яго прывезьлi на суд бацькi ў якасьцi сьведкi. Корзюка такое паведамленьне ашаломiла. Калi яго ўвялi ў салю суда, ён пабачыў там Кандраценю, Шаркевiча i нейкага незнаёмага. Яны сядзелi направа ад уваходу з канваiрамi адзадзя. Корзюка пасадзiлi налева ад уваходу, тварам да тых, што сядзелi направа. Хутка з боку, з вузкiх дзьвярэй, увайшлi ў салю судзьдзi, як выявiлася пазьней – Спэцыяльная Калегiя Вярхоўнага суду БССР пад старшынствам Карпiка.
– Суд идет! Встать! – скамандваў старшыня Калегii.
Трое – Кандраценя, Шаркевiч i незнаёмы – узьнялiся, але заставаўся сядзець Корзюк.
– Конвоир, поднять!
Корзюк, ня хочачы, каб яго паднiмалi, узьняўся сам.
Старшыня Калегii агаласiў:
– Сёньня мы судзiм здраднiка радзiмы, забойцу i шпiёна Савосту Корзюка. Судзiм завочна. Забойцу ўдалося схавацца ў ваднэй замежнай, варожай нам дзяржаве, пад крылом ейнай разьведкi. Спэцыяльная калегiя Вярхоўнага суду БССР прыбыла сюды на месца злачынства, каб на падставе дадзеных сьледства i паказаньняў сьведкаў дэмаскаваць сапраўдны твар злачынцы, паказаць навочна, у чыiх руках ён быў знарадзьдзем i паводля пралетарскай, сацыялiстычнай законнасьцi, з усёю строгасьцяй нашых законаў, пакараць злачынцу. Сьледствам i паказаньнямi сьведкаў устаноўлена, што кулак Савоста Iгнатавiч Корзюк, году народжаньня 1883-га, у сваёй азьвярэласьцi i заюшанасьцi, усялякiмi спосабамi супрацьставячыся мерапрыемствам партыi i ўраду, у прыватнасьцi вядучы падрыўную дзейнасьць супраць калектывiзацыi, пайшоў на скрайнюю форму барацьбы з савецкай уладай – на тэрор. Сьледствам дакладна ўстаноўлена, што 13 лiстапада гэтага году, у момант, калi першы сакратар Заслаўскага райкому партыi Ленскi накiроўваўся, каб зламаць кулацкi супрацiў у вёсцы Залесьсе, па дарозе туды быў застрэлены куляй, выпушчанай бязьлiтаснай, памсьлiвай рукой кулака Савосты Корзюка. Усьведамляючы сваё злачыннае действа i баючыся панесьцi кару, кулак Савоста Корзюк, з дапамогай агентаў польскай дэфэнзывы, уцёк у Польшчу. Каб не пакiнуць у нас нават семя свайго, ён забраў з сабой i сваiх дзяцей – сына Рамана i дачку Наталку. Сына польская разьведка вярнула да нас назад з мэтай правядзеньня падрыўной дзейнасьцi. Але нядрэмнае вока нашых органаў бясьпекi перагарадзiла дарогу такой дзейнасьцi, i шпега чакае таксама заслужаная кара.
Пасля паўзы, Старшыня Калегii Карпiк усё тым-жа высокiм, урачыстым тонам працягваў:
– Абвiнавачваны Кандраценя! (Кандраценя ўзьняўся.) У сваiм папярэднiм дазнаньнi вы прызналi свой удзел у афэры Корзюка Савосты – у перакiдцы яго за мяжу, у Польшчу. Пацьвярджаеце сваё прызнаньне?
Кандраценя, пераступаючы з нагi на нагу, цягнуў з адказам на пытаньне. З ухмылкай на твары ён як-бы зьдзiўляўся, што яму было пастаўленае такое пытаньне. Старшыня Калегii, занепакоены адцяжкай з адказам, гатовы ўжо быў паўтарыць пытаньне, як Кандраценя, хiтра ўхмыльнуўшыся, з нейкай весялосьцяй адказаў:
– Пацьвярджаю... Пацьвярджаю...
– Сядайце! Абвiнавачваны Шаркевiч! (Ён узьняўся.) Вы тая асоба, што практычна пераправiла сям'ю Корзюкаў у Польшчу? Вы прызнаеце гэта?
– Я не асоба. Я чалавек, i каб мяне ня змушалi я не рабiў-бы таго...
– Чаго?
– Таго, пра што пытаецеся.
– Канкрэтна – вы пераводзiлi Корзюкаў праз мяжу?
– Ну што-ж тут круцiцца – пераводзiў. Але змушаў мяне гэта рабiць пан Кандраценя, што сядзiць во побач.
Кандраценя нават не зварухнуўся на сваiм месцы.
– Пра "пана Кандраценю" я ў вас ня пытаюся. З нас хопiць вашага пацьверджаньня. Сядайце!
Старшыня Калегii зьвярнуўся да iншага члена Калегii, цi ў яго ёсьць якое-небудзь пытаньне да падсуднага. Той запытаўся ў Кандраценi:
– Вам вядома было, што, перапраўляючы Корзюка праз мяжу, вы ратавалi забойцу?
– Не.
– Вы супярэчаце сваiм паказаньням на папярэднiм сьледстве. У пратаколе допыту ад 21 верасьня, падпiсаным вамi, вы пацьвердзiлi факт выкананьня акту забойства Савостам Корзюкам.
– Я не пацьвердзiў-бы, каб НКВД не прасiла мяне зрабiць гэта.
– Вы хлусiце, узводзiце паклёп на органы НКВД.
– Дазвольце ў вас запытаць: хто я сьведка, цi я падсудны? Паводля ўмовы я – сьведка.
– Адказвайце на пытаньне: Савоста Корзюк забойца цi не?
– Я ўжо адказаў на вашае пытаньне. Адкажэце вы на маё.
– Паклiкаць сьведку! – спынiў палемiку старшыня Калегii.
У салю суду ўвялi суседа Корзюка, таксама хутаранiна, Платона Грамовiча, аброслага шчацiнай да самых вачэй, ад чаго яны блiшчэлi як з нейкага падпольля. Зьдзiўляла, аднак, што ён быў добра апрануты i пры гальштуку.
– Якiя ў вас доказы таго, што першага сакратара райкома партыi Ленскага застрэлiў Корзюк Савоста? I што аб гэтым забойстве ведаў падсудны Кандраценя?
– Ведаючы пра антысавецкiя настроi кулака Савосты Корзюка, а больш за ўсё як зацятага працiўнiка калгасаў (ён, каб не забралi ягонага дабра, як у кулака, гатовы быў-бы забiць ня толькi сакратара райкома партыi, а й самога Сталiна), я ўвайшоў з iм, Савостам Корзюкам, у цесныя сувязi, быў ягоным (я йграў гэтую ролю) "саўдзельнiкам", "прыхiльнiкам" усiх ягоных дзiкiх актаў помсты. Не захаваю перад судом – iдэя забойства Ленскага, якi асабiста кiраваў раскулачваньнем Корзюка, належыць нiкому iншаму, як Генадзю Кандраценю. Ён дастаў для Савосты зброю, навучыў яго страляць, распрацаваў ува ўсiх дэталях, з указаньнем часу i месца, усю апэрацыю забойства. Кандраценя абяцаў Савосту Корзюку вялiкую ўзнагароду за выкананьне акцыi i гарантаваў яму абсалютную бясьпеку, пацяшаючы яго, што за iм, Кандраценем, стаiць цэлая партыя – "Саюз вызваленьня Беларусi", якая, з падтрымкай Польшчы, здольная будзе ўзьняць усебеларускае паўстаньне супраць калектывiзацыi. Калектывiзацыя будзе адмененая (Сталiн маўляў ужо б'е адбой у сваiм артыкуле "Головокружение от успехов"). У вынiку ўсяго гэтага Савоста Корзюк, абяцаў Кандраценя, атрымае сваё багацьце назад. I Савоста Корзюк пагадзiўся на забойства, пайшоў на яго i выканаў яго. Седзячы ў засадзе разам з Корзюкам, я быў сьведкам гэтага забойства.
Кандраценя сядзеў спакойна, нiчым не паказваючы свайго ўзрушэньня, спадзяючыся, што калi яго i судзяць, дык толькi фармальна, для паказу толькi, што – ня можа-ж таго быць – каб Органы не ацанiлi ягоных заслугаў перад iмi.
– Усё ясна. Неаспрэчныя, важкiя доказы. Паклiкаць наступнага сьведку!
У залю ўвайшоў чалавек сярэдняга веку ў новенькай форме мiлiцыянэра.
– Што вам вядома пра забойства Корзюкам сакратара райкома партыi Ленскага? – зьвярнуўся да яго ўжо iншы член Калегii.
– У мяне ёсьць неаспрэчныя доказы таго, што сакратара застрэлiў Савоста Корзюк.
– Якiя канкрэтна доказы?
– Зброя, якой быў забiты сакратар.
– Больш ясней.
– Я маю на ўвазе зброю, якой карыстаўся Савоста Корзюк i якой ён страляў у сакратара.
– Ня можаце больш падрабязна?
– Пры вобыску на кватэры Рамана Корзюка, сына Савосты, мы знайшлi ў яго два наганы i дзьве гранаты i ў вялiкай колькасьцi савецкiя грошы. Судовая экспэртыза ўстанавiла, што адным з гэтых наганаў быў застрэлены сакратар Ленскi.
– Як апынулася гэтая зброя на кватэры Корзюка Рамана ў Менску? Забойства-ж мела месца ў Заслаўскiм раёне?
– Яе перакiнуў туды грамадзянiн Генадзi Кандраценя пасьля ўжытку. На допыце ў нас гэта пацьвердзiла гаспадыня Рамана Корзюка i нават ягоная сяброўка Валя Камоцкая.
– Падсудны Кандраценя! Пацьвярджаеце вы паказаньнi сьведкi?
– Я пацьвярджаю ўсё, як i дамовiлiся. Служу да канца. Але прашу не зьвяртацца да мяне, як да падсуднага.
– Суд разьбярэцца, хто вы. Паклiкаць наступнага сьведку!
У салю суду ўвайшла Раманава гаспадыня, нясьмелая, згорбленая, у чырвонай хатняга вырабу хустцы, што хавала амаль увесь ейны твар. Калi яна азiрнулася i ўгледзела Рамана, яна спалохалася, ссутулiлася, i гэтае ейнае ўтрапеньне было ацэненае судзьдзямi, як знак таго, што яна не надзейны сьведка.
– Як вы "обнаружили" зброю ў вашага кватаранта?
– Як падмятала хату.
– I заявiлi аб гэтым мiлiцыi?
– Спачатку я не хацела, але падумала, што Раману можа быць кепска i... сказала. Раман тут нi пры чым.
– А хто-ж "пры чым"?
– Я ня ведаю.
– Вы чулi што-небудзь пра дзядзьку Рамана Корзюка?
– Заходзiўся да яго нейкi чалавек, але я ня ведаю яго.
– Вы маглi-б яго пазнаць? Ён тут, сярод нас, – член Калегii паказаў на Кандраценю. – Пазнаеце?
– Здаецца, ён.
Кандраценя заўважна для ўсiх заварушыўся на сваiм месцы.
– Вы свабодны. Паклiкаць наступнага сьведку!
У салю суду ўвайшла Валя Камоцкая.
– Вы ведаеце Рамана Корзюка? – запытаўся ў яе старшыня Калегii Карпiк.
– Ведаю.
– Былi вы ў яго на кватэры?
– Была.
– Добра. У нас да вас такое пытаньне: бачылi вы зброю на кватэры ў Рамана Корзюка?
– Не. На кватэры ў Корзюка зброi я ня бачыла. Мне яе паказалi толькi ў мiлiцыi.
– Чаму вы былi затрыманыя мiлiцыяй?
– Мне тады было няясна, чаму.
– А цяпер?
– Цяпер я разумею. Але... магу быць я шчырай... праўдзiвай перад судом? Мяне мучыць усё гэта. Я доўга над гэтым думала... Пашто гэта ўсё штучнае? Зьлеплiваць, калi яно ня лепiцца? Колькi на гэта трацiцца сiлы... жыцьцяў? Чаго можна дасягнуць гэтай выдумкай? Мне сорамна i страшна гаварыць пра гэта. Каму гэта ўсё патрэбна? Няўжо нашай краiне? Хто гэта ўсё робiць?.. Тут я хацела-б сказаць, – Камоцкая зiрнула на Рамана, якi ўвесь час сядзеў, скамянелы, маўклiва, – адно: нi ён, нi я нiколi не належылi да якой-небудзь антысавецкай арганiзацыi. Мая сувязь з iм нiчога ня мае злачыннага. У маiм выпадку органы разабралiся. Хацела-б, каб яны гэта зрабiлi i ў выпадку Рамана Корзюка.
– Зашмат вы хочаце. Вы свабодны.
Камоцкая выйшла.
– Корзюк Раман! (Той усхапiўся.) Вы пацьвярджаеце, што зброя, якой ваш бацька, Савоста Корзюк, застрэлiў кiраўнiка раённай партарганiзацыi, знаходзiлася ў вас, на кватэры ў грамадзянкi Цылi Дзялiбы? – сфармуляваў пытаньне старшыня Калегii Карпiк.
Замест адказу Раман Корзюк паставiў контрпытаньне:
– Скажэце, паважаныя судзьдзi, можна з нагана застрэлiць каго-небудзь на адлегласьцi, патрэбнай для таго, каб вас не заўважылi? Мой-жа бацька мусiў хiба цэлiцца, каб яго нiхто ня прыкмецiў, на досыць вялiкай адлегласьцi, з лесу, з засады, калi сакратар iмчаўся на машыне. Хiба ня так?
Пытаньне Рамана Корзюка было для судзьдзяў такiм нечаканым, але настолькi правамоцным, што яны не адразу маглi апамятавацца. Гэта дало магчымасьць Раману гаварыць далей:
– Мой бацька нiякi не забойца. Як сын ягоны, я пратэстую супраць зьдзеклiвага суду над iм, наверх яшчэ завочнага. Ня маючы магчымасьцi абаранiць ягоную чалавечую годнасьць (я зьняволены), я крычу на ўвесь сьвет: спынеце гвалт над чалавекам! Мой бацька пайшоў у Польшчу не таму, што ён забойца, баяўся кары, а таму што, вы шылi яму гэтае забойства. Я разумею, нашым слаўным органам – каб iм было што рабiць – трэба было стварыць арганiзацыю з усiмi, патрэбнымi для гэтых органаў атрыбутамi: нацыяналiстычную, тэрарыстычную, шпiёнскую арганiзацыю. I вы яе стварылi, я й сам нявiдочным спосабам уцягнуты ў яе. Шкада, што гэтай арганiзацыi няма на самай справе. Але яна вамi падказана i яна будзе, ня сёньня, дык заўтра.
Кандраценя, слухаючы Корзюка, радаваўся ў душы стойкасьцяй Корзюка нарэшце, як яму я й казаў, узьняўся-ткi на ўвесь свой рост. Прыйшоў бо-ж ягоны судны дзень.
– Вашае выступленьне тут, грамадзянiн Корзюк, будзе ўлiчана i залiчана. Будзьце пэўны. Мы зашмат далi вам гаварыць. Але не сьпяшайцеся – да вашай справы мы яшчэ дойдзем!
Наступiла няпрыемная паўза. Судзьдзi перакiнулiся колькiмi словамi мiж сабой. Выраз iхных аблiччаў, iхныя гэсты сьведчылi аб незадаволенасьцi i нейкай нязгодзе памiж iмi.
Ды ў хуткай, рашучай наважнасьцi, звонкiм голасам старшыня Спэцыяльнай калегii Вярхоўнага суду БССР Карпiк, нiбы пагражаючы каму, страсянуў магутным голасам, – як выстралам – паветра прасторнай з высокай стольлю салi:
– Нiякiмi выкрунтасамi ворагу ня ўдасца апраўдаць сябе! Яму ня выкруцiцца з нашых рук!
Пераходзячы на iншы тон, Карпiк зьвярнуўся да асобы, што сядзела яшчэ неапытаная:
– Падсудны начзаставы! (Гэтак ён назваў чалавека, што сядзеў побач Кандраценi i Шаркевiча.) Засталося яшчэ слова за вамi. Сьледствам устаноўлена, што вы, як начальнiк пагранаховы, спрыялi пераходу сям'i Корзюкаў у Польшчу. Пацьвярджаеце?
– Я дзейнiчаў паводля загаду з Менску.
– Значыць, пацьвярджаеце? Больш ад вас нам нiчога ня трэба.
Калегiя пакiнула салю суду для нарады. Падсудным прынесьлi турэмны паёк. Корзюк i начзаставы да пайка не дакранулiся. Раман з нейкай агiдай глядзеў, як елi паёк Кандраценя i Шаркевiч.
– Суд идет! Встать! – зноў гукнуў, як i на пачатку, старшыня Калегii. Слухайце прыгавор Спэцыяльнай калегii Вярхоўнага суду БССР у справе забойства першага сакратара Заслаўскага райкому партыi Ленскага. Вiна забойцы Савосты Корзюка поўнасьцяй даказана ўсiмi матэрыяламi сьледства i паказаньнямi сьведкаў. Наш прыгавор кароткi. Зачытваю:
Именем Белорусской советской социалистической республики гражданин Савоста Игнатович Корзюк приговорен Специальной Коллегией Верховного суда БССР к высшей мере социальной защиты – расстрелу. Приговор окончателен и обжалованию не подлежит.
Судзьдзi пакiнулi салю суду.
Рамана Корзюка забраў канвой. Уначы ён быў дастаўлены цягнiком у Менск i пасаджаны ў камэру, дзе сярод iншых, сядзеў i былы мiнiстр замежных спраў ураду Беларускай Народнай Рэспублiкi (БНР) Аляксандр Цьвiкевiч.
32
Начальнiк беларускага НКВД Бэрман з скуры лез, каб хутчэй скончыць з падрыхтоўкай нацдэмаў да адкрытага суду над iмi. I ня так суду, як працэсу, суд звычайны яго не задавальняў, ён хацеў больш громкага рэзанансу – менавiта працэсу, можна сказаць, грамадзскага суду над iмi, што закончыўся-б гнеўным i агульным асуджэньнем iх, як ворагаў народу. Добра зладжаны нацдэмаўскi працэс рэабiлiтаваў-бы яго, Бэрмана, а разам з iм i ўсё беларускае НКВД у вачох самога Сталiна, якi ўсё яшчэ заставаўся незадаволеным работай унутраных органаў рэспублiкi.
Бэрман выклiкаў Цiмошку да сябе, каб канчальна высьветлiць з iм справу i вызначыць цьвёрдую дату нацдэмаўскага працэсу. Але Бэрман зноў наткнуўся на непадатлiвасьць Цiмошкi, на ягоную прынцыповую нязгоду адчыняць адкрыты працэс нацдэмаў. Цiмошка ня верыў, што ён удасца, ён хутчэй лiчыўся з правалам яго, пры тым на вачох грамадзскасьцi. Такога блямажу Сталiн нiкому не даруе зьляцiць не адна галава. Цiмошка таксама дапушчаў, што ягоныя мадэлi, апынуўшыся на людзскiх вачох, адчуўшы сябе як-бы на свабодзе, пачнуць адмаўляцца ад сваiх паказаньняў на допытах. Больш таго, у вадзiн голас закрычаць, што iх бiлi i катавалi i што каб збавiцца ад пакутаў, яны падпiсвалiся пад хлусьнёю, выдуманай сьледчымi. Апрача таго, на думку Цiмошкi, сярод арыштаваных нацдэмаў няма дастаткова папулярных, громкiх iмёнаў, якiя-б маглi прыкаваць да iх увагу грамадзкасьцi, выклiкаць у яе – няважна што: абурэньне да здраднiкаў цi сымпатыю i спачуваньне да iх.
– Ну, а хiба iмя Жылуновiча – Гартнага замала для гэтага? – пярэчыў Бэрман Цiмошку. – Як нiяк, Жылуновiч-жа першы былы галава беларускага ўраду, грамадскi дзеяч, вядомы пiсьменьнiк, нарэшце чалавек, якi меў гонар гутарыць, сустракацца з Сталiным. Адным словам, досыць вядомая асоба, каб быць вядучым на працэсе нацдэмаў.
– Але ўсё-ткi замалая для такой ролi, – стаяў на сваiм Цiмошка.
– А каго-б вы лiчылi больш адпаведнай асобай для такой ролi?
– Янку Купалу толькi. Але яго нельга чапаць: гэта ўжо, з другога боку, занадта вялiкае iмя для нашага экспэрымэнту. Тут мы страцiлi-б – грамадзкасьць была-б не на нашым баку, а потым – гэта i палiтычна было-б няправiльна, заганна: у Беларусi была-б падкошанай уся нашая нацыянальная палiтыка, казыраць нам было-б нечым. Разумееце? Сам Сталiн не дараваў-бы нам такой палiтычнай недасьпеласьцi. Карацей – я супраць адкрытага працэсу.
– Устрымаюся пакуль. А як наконт Зарэцкага i Дудара?
– Постацi недастатковыя, – кампэтэнтна адказаў Цiмошка.
– Тады застаецца ўсё-ж Жылуновiч – Цiшка Гартны.
– Я ўжо выказаў сваю думку адносна яго.
– Якi-ж выхад?.. Я баюся – вы ня хочаце супрацоўнiчаць са мною. Вы сабатуеце справу нацдэмаў – найбольш актуальную цяпер у нас. За правал нацдэмаўскага працэсу адказваць будзеце вы. У мяне складваецца ўражаньне – вы знарок тармозiце справу нацдэмаў. Вы што – на iхным баку? Урэшце, вы чэкiст цi не? – разгневаны, узьняўся з-за стала Бэрман.
– Я – чэкiст. I не раўня вам, – адрэзаў Цiмошка.
– Пабачым... – Бэрман нацiснуў кнопку. – Вы свабодны. Можаце iсьцi.
Цiмошка, падазрона зiрнуўшы на Бэрмана, выйшаў.
Бэрман шукаў нейкага iншага выйсьця. Якога – ён сам сабе яшчэ добра не ўяўляў. Купалу браць на працэс (ён тут пагаджаўся з Цiмошкам) сапраўды не аплацiцца. Купала мае iмя, але характарам сваiм ён для працэсу, трэба пагадзiцца, не падыходзiць: нейкi сарамяжы, асьцярожны, палiтычна неразвiты. Склалася-б уражаньне, што ён – пакутнiк, якi ня ведае, за што яго судзяць. Быў-жа ён тут у нас. Усё, што мы пабачылi ў iм – гэта ягоную рашчуленасьць, псыхiчную няўстойлiвасьць, што можа прывесьцi – у часе ягонай большай пачуцьцёвасьцi – да нейкага непажаданага кроку – да самагубства. Нашто нам такая ахвяра?
Бэрману прыйшоў на думку калектыўны аўтарытэт: Гартны-Чарот-Зарэцкi. Ён паклiкаў да сябе сьледчага Пушкiна.
– Як Жылуновiч?
– Хворы.
– Што з iм?
– Баюся – прызнакi вар'яцтва.
– Сымулюе, мабыць?
– Ня думаю.
– Што-ж тады? З чым мы можам пачаць працэс? Далей нельга адкладваць. У Маскве чакаюць громкага нацдэмаўскага працэсу. Мы павiнны вызначыць канкрэтную дату працэсу. Хто на вашую думку (Бэрман больш не разьлiчваў на Цiмошку) з усiх арыштаваных падыходзiў-бы найбольш для галоўнай ролi на працэсе – Гартны, Чарот, Зарэцкi?
– Нiводзiн з iх. Яны мала вядомыя палiтычна. Нам патрэбны для галоўнай ролi не пiсьменьнiкi, а палiтык. Пiсьменьнiкi – у дадатак. I я бачу такога палiтыка, – усьцешаны сваёю думкай, усьмiхаючыся, ласкава пазiраючы ў вочы Бэрману, нiбы iнтрыгуючы яго, – спакушаў Пушкiн Бэрмана.
– Хто ён, гэты палiтык?
– Чарвякоў, Аляксандр Рыгоравiч.
– Як гэта ня прыйшло мне ў голаў раней – надзвычайная, адзiна правiльная, адзiна магчымая iдэя, – радаваўся Бэрман. – Сапраўды – маеце слушнасьць Чарвякоў постаць дастатковая, калярытная – у мiнулым эсэр, цяпер старшыня Цэнтральнага Выканаўчага камiтэту Беларусi, прэзыдэнт, можна сказаць.
– Да таго-ж – не забывайма – Чарвякоў – душа нацдэмаў, – ушчаў Пушкiн. Чарвякоў пад iхным уплывам, у згодзе з iмi, праводзiць iхную нацыяналiстычную палiтыку, варожую рабочаму класу.
– Вы ня ўзялi-б на сябе абавязак скампанаваць сцэнарый працэсу, паводля якога мусiў-бы праходзiць працэс? Я ўпаўнаважваю, загадваю вам гэта зрабiць як найхутчэй. У трохдзённы тэрмiн. У гэтую пятнiцу пакладзеце гэты сцэнарый мне на стол. Цiмошка, не захаваю ад вас, адхiлены i будзе пакараны за зрыў кампанii. Згода?
– Я зраблю ўсё магчымае, – запэўнiў Пушкiн Бэрмана.
Пушкiн быў рады свайму новаму абавязку, а найболей магчымасьцi насалiць Цiмошку, якога ён ненавiдзеў у душы, усяк маскуючы сваю няпрыхiльнасьць да яго. Пушкiн выстаўляў сябе сябрам Цiмошкi i быў з iм на ты. У Пушкiна быў свой плян: заняць у Бэрмана месца Цiмошкi, як стратэга ў нацдэмаўскай справе.
Бэрмана трывожыла толькi адно: цi апрабуе Масква, у прыватнасьцi Калiнiн, ордэр на арышт Чарвякова – усё-ж гэта фiгура ўсесаюзнага значэньня. Але сама iдэя ўзначаленьня нацдэмаўскага працэсу Чарвяковым падабалася Бэрману, i ён загадаў сваiм падначаленым узьняць, схаваныя дасюль матэрыялы аб дзейнасьцi Чарвякова з тым, каб яны былi гатовыя да партыйнай чысткi, якую Чарвякоў, як i ўсе члены партыi, мусiць неўзабаве прайсьцi.
Машына закруцiлася. Настаў той дзень чысткi Чарвякова. Спэцыяльная камiсiя па чыстцы была незадаволеная паводзiнамi Чарвякова: ён недастаткова, на думку Камiсii, высьветлiў сваё мiнулае, ня прызнаў усiх сваiх памылак, не раскаяўся да канца ў сваiх палiтычных грахох, у прыватнасьцi – эсэраўскiх, у сваiх кантррэвалюцыйных сувязях з нацдэмамi. З Камiсii ён пайшоў сумны, расквелены i бездапаможны. У "Правде" зьявiўся артыкул, што абвiнавачваў яго ў правым ухiле. На наступнай чыстцы Чарвякова прыдзiрлiвымi пытаньнямi i запалохваньнем давялi да сьлёз. На Зьезьдзе Саветаў БССР першы сакратар ЦК КПБ Шаранговiч, у прысутнасьцi Чарвякова, абвiнавацiў яго ў патураньнi "нiкчэмным нацдэмаўскiм замыслам", адначасна прыпiсваючы яму вiну за ўсе гаспадарчыя няўдачы ў Беларусi, у прыватнасьцi за недасягненьне ў рэспублiцы стану суцэльнай калектывiзацыi. Чарвякоў ня мог вытрымаць зьнявагi i пакiнуў прэзыдыюм Зьезду, у якiм ён сядзеў разам з Шаранговiчам. Шаранговiч яшчэ гаварыў, з трыбуны, як пачуўся стрэл з кабiнэту Чарвякова, сумежнага з саляй, у якой адбываўся Зьезд. Стрэл прагучэў на ўсю Беларусь, ён забраў ейнага кiраўнiка. Карта Пушкiна з Бэрманам была бiта.
33
Дзяжурны па карыдору пачаў заўважаць, што зьняволены трэйцi дзень ня есьць свае пайкi хлеба. Прыймае, але ня есьць. Адчынiўшы дзьверы ў камэру, дзяжурны пытаецца:
– Сват! (Гэтак ён заўсёды зьвяртаўся да зьняволенага.) Чаму ты складаеш свае пайкi хлеба на стол, а не сюды (ён паказаў на свой жывот)?
Зьняволены ня ведаў што адказаць i толькi зьбянтэжана ўхмыляўся. Дзяжурны не пакiдаў свайго:
– Цi не таму, што ня прыносяць больш смачнейшых абедаў, з сталовай начальства? Значыць, ня ў ласцы ты, калi пасадзiлi на звычайны, турэмны паёк? Яно зразумела, пасьля катлетаў баланда ня лезе ў рот, – жартаваў дзяжурны па карыдору.
Зьняволены на ўсё гэта нiяк не рэагаваў, хоць, здавалася, i хацеў нешта сказаць, ды ня ўмеў ад нейкай сарамлiвасьцi.
Цiшка Гартны прызнаваўся на допытах ува ўсiм, i яму дастаўлялi ў камэру абеды з сталовай НКВД – белы хлеб, першае i другое, нават з дэсэртам кампотам цi кофэ. Забясьпячаўся ён i iншымi недазволенымi для звычайных арыштантаў рэчамi: алавiкамi, газэтамi, паперай, кнiжкамi. У беларускай "Звяздзе", здаралася, ён чытаў пра сябе артыкулы, у якiх падавалiся цэлымi кавалкамi вытрымкi з ягоных паказаньняў на допытах. Цяпер ён баяўся сказаных iм слоў. Уначы, калi ён гаварыў iх сьледчаму, яны здавалiся яму звычайнымi словамi, цяпер-жа ў газэце яны, страшныя, быццам стралялi ў яго. Iх чытаюць цяпер iншыя i можа дзiвяцца, як ён мог сказаць усё гэта. Ён думаў, што ягоныя словы не праб'юцца праз муры, заглохнуць у iх навекi, як глухне тут усё. Такая акалiчнасьць ня стрымлiвала яго нi ў чым, нават падахвочвала яго гаварыць следчаму патрэбнае i непатрэбнае. Ён сьпiсаў за год сядзеньня ў турме цэлыя стосы паперы, каб – дзiўная рэч – дагадзiць сьледчаму, паказаць, што ён не абы якi чалавек, што ён нешта значыць, iнакш – iм-бы не зацiкавiлiся i ён ня быў-бы тут. Часамi ён нават думаў, што чым болей ён будзе надаваць сабе вагi ў сваёй пiсанiне, тым болей з iм будуць лiчыцца i тым меншая яму будзе кара. Дапушчаў, што яго могуць нават пусьцiць дахаты, як гэта, зрэшты, даваў яму зразумець i сьледчы. Ён рабiў усё, каб ня зьнiзiць свайго вобразу, заставацца на вышынi лiдэра нацдэмаўскай арганiзацыi. Ён аформiў яе ў сваiх паказаньнях паводля задумы i пляну Цiмошкi, як антысавецкую, кантррэвалюцыйную, шпiёнска-дывэрсыйную, тэрарыстычную нацдэмаўскую арганiзацыю. Ён уцягнуў у яе можа палавiну беларускiх пiсьменьнiкаў i паэтаў, знаёмых i незнаёмых яму. Падаў нямала iмёнаў з Беларускай Акадэмii навук, дзе ён працаваў, з тэатру, iмёны ўсiх сваiх блiзкiх знаёмых.
Цяпер ён спалохаўся ўсяго гэтага, уясьнiў, што гэта ўсё ня жарты, што за ўсё гэта трэба будзе расплачвацца i можа цаною жыцьця.
Сьледства ў ягонай справе закончанае, ён падпiсаў фармальны пратакол аб заканчэньнi, i цяпер яго ўжо болей ня выклiкаюць на допыт i ня прыносяць ранейшых спэцыяльных абедаў. Дасюль ён праседжваў начамi ў сьледчага на допытах, або займаў сябе пiсанiнай у камэры, i яму ня было гэтак сумна, як цяпер. На прагулку яго ня выводзяць, газэтаў для яго ня купляюць, i яму зрабiлася нясьцерпным жыцьцё ў камэры. Яму было страшна аднаму. Уначы, асаблiва, калi неба было зорнае, ён усiмi сваiмi сiламi хацеў далезьцi да вакна, але яно было высока, i ён з сьлiзкага каменнага падваконьнiка, ня здолеўшы ўхапiцца за краты, спаўзаў унiз. Але не здаваўся – рабiў тое самае зноў. Яму хацелася зiрнуць у неба, схавацца ў iм, але змрок у камэры, здавалася, цягнуў яго назад, хапаў за плечы i ён, абясьсiлены, падаў долу. Тады ён браў з кутка мятлу i нiбы якую лесьвiцу стаўляў яе да сьцяны, думаючы, што такiм спосабам ён дабярэцца да вакна. Ды такое "ўладжаньне" анiяк не дапамагала яму, i ён у роспачы адкiдаў яе ў кут.
Дзяжурны па карыдору, што назiраў за ягонымi патугамi праз "ваўчок", адчынiўшы дзьверы, сьмяяўся з яго, але па нейкiм часе, бачачы, што той ня спыняе сваiх практыкаваньняў, быў схiльны думаць, што ягоны падапечны хiба што рэхнуўся, i данёс пра сваю здагадку начальству.
Гартны худзеў, нiчога ня браў у рот. Яго квялiла думка: шго ён нарабiў? Стукаўся ў дзьверы, каб сказаць дзяжурнаму, што ён хоча бачыць свайго сьледчага, хоча, каб ён выклiкаў яго.
...Я ўсё запярэчу... Адмоўлюся... Скажу, што ўсё няпраўда... Што нахлусiў... Што каб ня верылi мне... Што навыдумляў... Што нават няма тых людзей у жывых, якiх я падаў iм. Iх проста няма... I арганiзацыi няма... Яны самi выдумалi яе... Божа-ж мой, як буду глядзець я людзям у вочы – наплююць... Калi толькi яны пабачаць мяне... Натварыў ячэек па ўсёй Беларусi... А йдзе яны?.. Усё пайшло ад мяне... Не, ад сьледчых... Гарту ў мяне няма... Якi я Гартны?.. Чым я выкуплю вiну сваю перад усiмi невiнаватымi?.. Яны сядзяць во побач мяне ў кожнай камэры... Я чую iх стогны i плач... Яны пасылаюць мне праклён за тое, што я прыцягнуў iх сюды... Ня толькi мяне, дзяцей маiх праклянуць... Кнiжкi паляцца... Навошта мы пiсалi iх?.. Усе цяпер тут... Сяджу во ў гэтым закутку... Сьмерць настала-б хутчэй... Лягчэй было-б... Ага... дзьверы ўсё-ткi адчыняюцца... Спатрэбiўся... На допыт... Вось добра... Усё цяпер напраўлю... Штосьцi не пазнаю свайго сьледчага... Гэта ня ён... Гэта iншы... Той быў лепшы... Мякчэйшы... Пагражаеце?? Што?.. Ня выпусьцiце?.. Згiну тут?.. Быў добры... Цяпер не... Важкiя паказаньнi, грамадзянiн Жылуновiч! Для расстрэлу дастаткова... Сьцерцi гэтага вы ўжо ня можаце... Моцна запiсана... Ну, гэтак... Праўда... Нагаварыў-жа i напiсаў... пад расстрэл... Цi-ж можна было падумаць?.. Яшчэ й Сталiна прычапiлi... Казалi, што яны самi яго прыбяруць... Зьнiшчаць, душагуба... Пыталiся, цi ён варты таго... Я, каб быць з iмi ў згодзе, казаў што варты... А яны тады... я хацеў забiць Сталiна. Iм гэта трэба было, каб мяне расстраляць... Божа-ж мой... Я хацеў забiць Сталiна?..