355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Масей Седнев » Раман Корзюк (на белорусском языке) » Текст книги (страница 9)
Раман Корзюк (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 10 октября 2016, 02:38

Текст книги "Раман Корзюк (на белорусском языке)"


Автор книги: Масей Седнев



сообщить о нарушении

Текущая страница: 9 (всего у книги 18 страниц)

Тут, у горадзе, пры сьвятле, усё выглядае пасьвяточнаму – хутка Кастрычнiк! У вiтрынах болей выстаўлена i вулiцы былi запоўненыя людзьмi, асаблiва Савецкая. Але на тым адцiнку яе, дзе стаяў будынак НКВД i дзе шпацыраваў чырвонаармеец-вартавы, пападалiся толькi паадзiнокiя прахожыя: рух быў на другiм баку вулiцы, а ня тут. Раман Корзюк спачатку абыйшоў гэты будынак з боку Ўрыцкага, а потым з боку Савецкай, заглядаючыся ў кожнае вакно. Потым павярнуўся назад i зноў пачаў рабiць свой абход. Калi Раман паглядзеў направа, унiз – на ўзроўнi тратуару, праз забруджаныя маленькiя вакенцы, прабiвалася з падвалу на волю цьмяное сьвятло i адкiдвала ценi ад торбачак i вузялкоў, што вiселi ў сярэдзiне на кратах. Раман Корзюк не хацеў надта сьцiшаць свае хады, каб ня кiнуцца ў вочы вартавому. Завярнуў за вугал Урыцкага. Насустрач – вартавы. Разыйшлiся. Раман iшоў паўз сьцяны будынку. Направа шырокiя – шэсьць крокаў – зялезныя вароты. Мусiць, сюдою вязьлi Валю. На сэкунду Корзюк затрымаўся, павяртаючыся назад. У гэтым-жа часе, нечакана для яго, павярнуўся назад i вартавы. Корзюк iшоў прост на яго. Яны хутка зблiжалiся. Параўналiся – вартавы хоць-бы глянуў на яго! Але "iнспэкцыi" Корзюк болей не рабiў. Пайшоў на трамвайны спынак. Ён i раней часта езьдзiў абы куды толькi для таго, каб, апынуўшыся ў трамваi сярод людзей, паглядзець "гораду ў аблiчча". Бывала, спадабаецца яму якое-небудзь "аблiчча" – будзе ехаць за iм да тых пор, пакуль гэтае "аблiчча" ня зьлезе на якiм-небудзь спынку. Гэтак i цяпер, ён сеў на трамвай з такой-жа мэтай. Але сягоньня яму не шэньцiла – нiводнага выдатнага "аблiчча"! I ён, праехаўшы адзiн пралёт, зьлез, ня хочучы глядзець у "звычайнае аблiчча гораду". Якраз апынуўся ў сваiм Гарадку. Куды яму пайсьцi? Няма куды! I ён пайшоў да свае адзiнае, добра знаёмае сяброўкi, якая нiколi яму не здраджвала, была паслухмянай i ў радасьцi i ў смутку, адзывалася ўсiмi акордамi свае душы. Яна помнiла яго i заўсёды чакала яго. Маўчала ў кутку, пакуль ён не падыходзiў да яе i пакуль не дакранецца да яе. Нiкога iншага яна ня прыймала так ахвотна, нiкому не аддавалася так, як яму. Убег ня сьпераду, а ззаду ў Галоўны корпус. Узабраўся на самы апошнi паверх, дзе яна стаяла.У гэтым кутку нiколi ня было сьвятла. I Раман любiў гэтае месца сустрэчы з ёю. Адсюль было вялiкае адчуваньне вышынi. Тут было толькi два вакны. Ён адчынiў iх: адно на двор, другое – на вулiцу. I зайграў... Хто толькi хоць раз паслухаў Корзюка, як ён iграе, той, заплюшчыўшы вочы, праз дзесяць, дваццаць, трыццаць год уявiць сабе Корзюка. Ня трэба глядзець на яго. Трэба толькi слухаць ягонае граньне. Нi аблiчча, нi постаць, нi рукi, нi ногi, нi вочы – нiчога вам не сказала-б гэтулькi, колькi сама музыка, якая йшла ад яго. Тое, што Раман граў – аднолькава было i кампазытарава i Корзюкава. I няхай-бы вы ня бачылi Рамана i ў вочы, слухаючы яго, вы сказалi-б, як ён выглядае: i рост, i аблiчча, i вочы, i нават колер валосься, i ўсё тое, што называецца характарам, уявiлася-б вам дакладна.

Так i цяпер, Корзюк сядзеў у змроку i граў. Усё тое, што ён граў, ён граў напамяць – ноты яму перашкодзiлi-б. З вышынi праз вокны лiлася музыка – то ўзьнёслая, то цiхая, то журботна-далiкатная, то як успамiн i вечнасьць – i запаўняла ўсё: вулiцы, плошчы, надзем'е, хапаючы зоркi. Прахожыя на момант спынялiся на тратуарах i на плошчы, ня ведаючы адкуль музыка, i йшлi зноў, паслухмяныя рытму, лёгкiя i зьдзiўленыя. Увесь гэты дзень Раман шукаў уцелаўленьня сябе ў чым-небудзь i, знайшоўшы яго ў музыцы, быў памiж нябыцьцём i найвышэйшым iснаваньнем. Музыка была самой iснасьцяй, i ўвабрала ў сябе ўсё ад нараджэньня i па гэтую часiнку. Але найболей у ёй было, чаго яшчэ ня было: страху, мукi i суму чалавека, што гэтак мучыцца i шукае свайго зьiшчэньня.

Чулi Раманава граньне i ў манастыры. Дзiчкоўская выхапiлася i ўжо бегла на паддашша, на тую пляцоўку, дзе стаяла пiянiна. Яна добра ведала гэтае месца спатканьняў. Раман не пераставаў граць. Цiха, на цыпачках, падыйшоўшы да яго, Дзiчкоўская, стаўшы ззаду, накрыла далонямi вочы ў Корзюка: адгадай! Рухам галавы Раман хацеў вызвалiцца, але ня мог, i яшчэ адданей прылягаў да пiянiны. Дзiчкоўская не адпушчала сваiх рук, i нахiляла Корзюкаву галаву да сябе. Змоўкла музыка. Па тым, як пахлi пальцы (гэта тыя самыя рукi, што цягнулi яго сягоньня з карыдору ў аўдыторыю) Раман пазнаў: Дзiчкоўская.

Яны не заставалiся тут доўга. Дзiчкоўская прыходзiла, як яна сказала, трошкi пашкадаваць Корзюка. Але гэтая спагада абразiла яго: спачуваньне ён лiчыў самым нiкчэмным пачуцьцём. Быў не гаваркi, вiдавочна, усё яшчэ знаходзячыся ў уяўным сьвеце. Яны выйшлi на вулiцу. Разьвiтаўшыся з Дзiчкоўскай, Раман сеў на трамвай. Ён не заўважыў позiрку, якi кiнуў на яго кандуктар.

21

– Ну, дык i што будзем рабiць, Ромусь?

– Нiчога.

– Як нiчога? Усё так надарэмна й прапала? Пашто тады было ўсё ўсенькае?

– Можа ваша й праўда – пашто? Але скажэце, нарэшце, чаго вы прылiплi да мяне? З пят ня злазiце!

Корзюк пахопiста падняўся з крэсла i пайшоў да дзьвярэй. Кандраценя падумаў – Раман хоча ўцячы ад яго.

– Нiкуды, браце, не ўцячэш.

I, апярэдзiўшы Рамана, стаў задам да дзьвярэй, распасьцёршы рукi:

– Вось калi хочаш, дык падыйдзi да мяне, я абнiму цябе й пацалую. Надта ты харошы, калi злуешся.

Раман моўчкi пачаў хадзiць па пакоi, ад сьцяны й да сьцяны. Кандраценя вярнуўся ад дзьвярэй i зноў сеў за стол.

Ноч стаяла за сьценамi на дварэ, аблягала хату. Яны баялiся гаварыць, сьцiхлi. Корзюк наперад ведаў – зараз Кандраценя яму скажа: "Ромусь, патушы сьвятло – навошта яно?" Бо нiколi яшчэ такога ня было, каб Генадзь сядзеў у Рамана пры сьвятле.

Але Кандраценя з такой просьбай не зьвяртаўся цяпер да Рамана, заставаўся сядзець за сталом, супакоiўшыся i нешта думаючы. I Раман, спынiўшыся ля вакна, глядзеў паўз верх фiранкi ў сад, хоць i нiчога там ня бачыў. Так яны й засталiся – Раман ля вакна, Кандраценя – за сталом. Нiводзiн з iх ня быў цяпер адзiн аднаму блiзкiм, яны як быццам вялi асобнае, паралельнае iснаваньне, бяз нiякай сувязi аднаго з другiм. Калi-б хто-небудзь назiраў за iмi цяпер збоку, можна было-б падумаць, што кожны з iх рыхтуецца да нападу i чакае зручнага для гэтага моманту, старанна маскуючы свой намер. Хата была для iх той пляцоўкай, на якой вiда-вiда разыграецца бой.

– Дык ўсё-ткi, Ромусь, што мы будзем рабiць?

– А што ты хочаш, каб я рабiў?

– Ну, разумееш... каб нешта-ж рабiў.

– Так табе хочацца, га?

– А табе – не?

– Не!

Гутарка не наладжвалася. Седзячы, Кандраценя ёрзнуў з пару разоў.

– Дык у цябе няма аб чым i гаварыць са мною?

– Няма!

Корзюк зноў пачаў хадзiць па хаце. Змоўк i Кандраценя. На гаспадыненай палавiне прарэзьлiва каўкнула кошка, як-бы ёй хто наступiў на хвост. Кандраценя i Корзюк пераглянулiся.

– Чапаю-чапаю я цябе i ўсё не магу зачапiць.

– А ты лепей не чапай.

– Як-жа цябе не чапаць, калi трэба.

– Нашто я табе спатрэбiўся, скажы ты мне, нарэшце?

– Але-ж, скажу.

– Гавары!

Гэтае "гавары" Раман сказаў гэтак, быццам ужо цiснуў Кандраценю за горла.

– Патушы, браце, святло! Я цябе не баюся. У пацёмку й гаварыць ляпей. Сядзь i ты за стол. Ня тырчы! Можа й бачыш ты мяне апошнi раз.

У Кандраценевым голасе, як у тым звану, нешта трэснула, ён зазьвiнеў неяк жаласьлiва, журботна й трывожна. Раман затушыў сьвятло. У апалым Кандраценевым голасе чулiся сьлёзы i Раман спужаўся, што Кандраценя заплача.

– Дык слухай, нягоднiк, усё скажу.

Голас у Генадзя падужэў.

– Надыйшоў i твой час. Заўтра твой дзень. Будзь вартым яго!

Крэсла, на якiм ён сядзеў, затрашчала.

– Я ведаў, ты ня ўцерпiш у Польшчы. Але гэта ня важна. Важна, што ты быў там. Слухай чуйна. Шкада мне цябе, а найболей бацькоў тваiх. От, пакутнiкi, ня дай Божа! Праз тыдзень бацьку твайго будуць судзiць у Заслаўi. Ня пужайся, бацькоў тваiх тут няма й ня будзе. Суд будзе над, iм без яго, суд завочны. I ты будзеш на бацькавым судзе. Пабачыш! Ты слухаеш мяне?

Раман слухаў, але ня мог уседзiць за сталом. Адыйшоў i стаў ля вакна.

– Дык вось-жа, збайдарылi сакратара райкому партыi самi, а прычапiлi бацьку твайму. Самi-ж i ратунак для яго знайшлi – Польшчу тую. Канешне, ён ня вернецца адтуль, але пра яго скажуць, што забiў чалавека ён i ўцёк туды. Тут, браце, цэлая сыстэма. А Шаркевiч i я, ты думаеш – для чаго? Каб, канешне, справаджаць вас туды. Мы як-бы дапамагаем вам, на справе-ж мы робiм сваё, што нам загадана. Мы – вашыя i адначасна iхныя. А потым яны назавуць нас бандытамi, шпiёнамi i дывэрсантамi. Думаеш, i начзаставы езьдзiў на хутар Баранкевiча так сабе? Не, браце! Ён прапусьцiў праз гранiцу цябе, бацькоў тваiх i сястру. Ён тут у ваднэй кампанii з намi. Ён пацёг Шаркевiча, пацягнуць i яго, калi ўжо не пацягнулi. Ад хутару Баранкевiча й метлуху не застанецца згалелых дачок, i тых забяруць. Як-жа дзяржава можа глядзець на ўсё гэта, заплюшчыўшы вочы, думаеш? А начзаставы, думаеш, ня мае сяброў-аднамысьнiкаў у Менску? Мае! А калi-б i ня меў, дык знойдуць. Знойдуць таго, хто даваў яму загады i зьвяжуць разам iх у вадно. НКВД карае i тых, хто выконвае ягоныя загады. Бачыш, як тут усё скручана-зьверчана. А цяпер, якая-ж мая роля ўва ўсiм гэтым? Пачакай, скажу.

Раман Корзюк закурыў, асьвяцiўшы на момант запалкай Кандраценю. Папяроска доўга блiшчэла ў цемры, i гэта нэрвавала Кандраценю.

– Не смалi, а слухай! Каму гавару? Не сабе. Табе. Кажу, будзеш на бацькавым судзе. Дык вучыся. Вучыся жыць. А то надта скачаш па версе блыхой лятучай. Згiнеш. На Дальнi Васток позна ўжо. Учора было яшчэ ня позна, а сёньня позна ўжо. НКВД сьцiснула ўжо зялезны абруч. I ты апынуўся ў гэтым абручы-коле. Але ня толькi ты адзiн у iм. У гэтым абручы ўся Беларусь. Але ўся Беларусь iм не патрэбная. Навошта? Апрача твайго брата-студэнта, у абручы апынулiся выкладчыкi, у тым лiку i твае, песьняры вашыя, акторы, сьпевакi, нават калгасьнiкi, i каго яшчэ не захапiў гэты абруч? Шырака хапянуў ён i цяпер паволi сьцiскаецца i сьцiскаецца. Будзь пэўны, выйсьця з гэтага абруча няма! У гэтым абручы i табе адведзеная роля. I ты граеш яе дасканала. Ты дайграўся ўжо – заўтра твой судны дзень, Ромусь. А хто-ж твой рэжысэр? Здагадайся сам! Я табе ўжо шмат чаго падказаў. У твайго рэжысэра i я на службе. Чаму гэта ўсё патрэбна? Спадзяюся-ж, маю службу ты разумееш, як сьлед. Ты, канешне, замалады яшчэ. Вось чаму, паважаючы бацькоў тваiх, я вучу цябе.

Раман дакурыў i кiнуў агарак на падлогу. Хутка ён згас. Цямнота насунулася яшчэ больш. За хатаю шорхла ноч, стаяла за вугламi, церлася аб сьцены, быццам прасiлася нанач. Змоўк на часiнку i Кандраценя i, як Раман, слухаў за вокнамi ноч. Быў у нейкай трывозе сказаў:

– Так, гэта ноч. Але ня будзем гаварыць аб ночы. Ведаеш, калi цябе дапытвалi ў НКВД, я быў таксама там i бачыў цябе, але не хацеў табе паказвацца на вочы. Яны выклiкалi цябе, каб паглядзець, якi ты чалавек. Цябе адпусьцiлi (я ведаў, што яны адпусьцяць), а я яшчэ заставаўся там i праседзеў усю ноч навылёт. Тады я й даведаўся, якую махiну яны задумалi. Галоўны архiтэктар гэтай махiны – Цiмошка. Веры не даваў сабе, што ён будзе гаварыць гэтак адкрыта са мною, як з братам. Сядзiць Цiмошка за сталом, дык галава ледзь вiдна з-за стала, а мазгi мае, дармо што... Каб ты ведаў сваю ролю, гаворыць ён мне, мусiш ведаць, браце, усю драму i сцэну, на якой гэта драма будзе пастаўленая: кажнае слоўка, усе хады i выхады. Тады-ж я прайшоў у яго i першую рэпэтыцыю. Патрабаваў, каб iгра была артыстычнай i каб было поўнае суладзьдзе, а не абы што. Не адзiн-жа ты будзеш на сцэне... Дык вось, Ромусь, узялiся й за нас, лапцюжнiкаў. Гiсторыя загаворыць пра нас, ня будзе болей маўчаць. Дасюль мы хацелi будаваць самi Беларусь. Але-ж не... Дапамога патрэбная. Сiлы ў нас свае мала. Трэба ўдарыць чалом перад паньскай Польшчай. З дапамогай яе адчэплiваем Беларусь ад Расеi, але не для Польшчы, а для сябе самiх. Годзе ўжо нам быць то ў Польшчы, то ў Расеi! Цiмошка клёку ў галаве мае досыць. Ён стварае для гэтай мэты нацыянальныя кадры, заганяе гэтыя кадры ў сваю арганiзацыю-махiну i дае ёй назоў заканспiраванай нацдэмаўскай партыi. Нацдэмы – гэта агентура польскай дэфэнзывы. Чытаў можа ў газэце? Вось для чаго ты, браце, хадзiў у Польшчу! Скажы, дрэнны з Цiмошкi архiтэктар? I вось уявi сабе такога памочнiка Цiмошкi, як я! Я-ж хачу, каб нешта было беларускае. Пакуль вы, беларусы, самi надумаецеся што-небудзь, дык Цiмошка хутчэй за вас зробiць. I тут я зусiм згодны з НКВД: нам патрэбна нацдэмаўская арганiзацыя! I будзь упэўненым, НКВД яе згарусьцiць. У гэтым, можна сказаць, гiстарычная заслуга НКВД перад Беларусяй. Яно стаўляе беларускую праблему на дзённы парадак, актуалiзуе яе, надае ёй дзяржаўнае значэньне. Цiмошка, гавару, ня дурны чалавек. Самi-ж мы ня можам нiчога справiць. А то, глядзi, i твая кватэра сталася штабам. I грошы тут, i зброя i стратэгiю во разьбiраем. Вось i пяцягнуць усiх вас, i агалее ваша Беларусь. I яшчэ казаў Цiмошка: бярэцца ў сiлу фашызм i здань вайны матляецца недалека ад нашых рубяжоў. I тады на каго, пытаўся ў мяне Цiмошка, абапрэцца фашызм у нас у Беларусi? Канешне-ж, на нацдэмаў. У Беларусi можа няма нiводнага нацдэма, але палiтыка патрабуе iх. Вось Цiмошка й бярэцца за гэта. Ён высока ўзьняў свой зялезны абруч над Беларусяй, над яе галавой i ўжо няпрыкметна апусьцiў яго. Застаецца толькi крэкнуць i косткi хруснуць. Беражыся, браце! Шкадую вас, птушанятаў. Цяжкая выпала мне доля, крыж пакутны. Узяўся несьцi яго, дык вось i нясу. Стаў памiж iмi i вамi i ня ведаю, цi ўстаю. Я не баюся вас, я баюся iх. Я гавару во з табою пра ўсё – гэта мне дазволена, нават патрэбна, а з iмi гаворка кароткая. Уськiнулi мяне на зубцы вялiкага зялезнага махавiка i круцiць мяне той махавiк аж пакуль ня скруцiць. Шматкi майго цела ляцяць i душа пакутуе. Знайшлi мяне аж на мёрзлай поўначы i прывезьлi сюды во, у родныя мясьцiны, на Бацькаўшчыну, па якой занудзiўся i вытрымаць ня мог. Лепшага чалавека, казалi, у iх няма. Кажуць, мне ўсё даруецца, калi я нешта сьцяпаю для iх. Дык вось i цяпаю. Ня вельмi блiскуча, ды ўсё-ж... Я хацеў-бы, каб нешта з гэтага засталося i для вас, каб ахвяры не дарэмна прапалi. А што ахвяры будуць, дык гэта нават добра. Хутчэй насеньне прарасьце. У нас-жа яшчэ ня было вялiкiх ахвяраў. У нас была толькi пакута. Цiхая пакута. А з цiхай пакуты нiчога ня выйдзе. Гэта пакута нявольнiкаў. Нявольнiцкiя ахвяры ня ў лiк. Патрэбны высокiя ахвяры. Ты ўжо высокая ахвяра, Ромусь. Ты ў матку ўдаўся. Мацi твая – чалавек шляхетнай крывi. Я рады, што ў цябе адазвалася гэтая кроў. Пакуль што я нiчога не скажу табе болей пра тваiх бацькоў...

Я даўно ведаю гэтыя абшары – Менскiя, Вiленскiя, Слуцкiя, Магiлеўскiя. Маладосьць мая пакiнула сьляды й памяць на гэтых абшарах. Рэвалюцыя кiдала мяне ў самы вiр жыцьця. Менск быў апошняй маёй авантурай, як назваў гэта Цiмошка ў сваiм досьледзе Кастрычнiцкай рэвалюцыi ў Беларусi. Але Цiмошка, мусiць памылiўся. Вось цяпер ужо Менск – гэта хiба мая апошняя авантура, сапраўды... Ромусь, трэба канчаць ужо. Наслухаўся ты мяне досыць. Позна ўжо. Позна ўжо наогул. Ня бойся свайго дня, як не баяўся я. Я буду наведваць цябе i там. Ты ня згiнеш. Iдзi туды! Бачыш, як я табе памагаю? Толькi йдзi на ўвесь рост! Ня прысядай! Чуеш мяне? Нешта й духу твайго ня чуваць!

Раман Корзюк, як акамянелы, увесь гэты час стаяў ля вакна i слухаў Кандраценю, яго нязвычайную гаворку, споведзь i запавет. Кандраценеў напамiнак аб мацi засмуцiў Рамана, якому стала шкада сваiх родных, што цяпер ня з iм, недзе ў iншай краiне пакутуюць, наракаючы на сваю долю i вiнавацячы ўва ўсiм яго. А ён тут таксама адзiн сумуе па iх, хоць яны й ня ведаюць пра гэта. Думаюць, што ён усё-ж такi, як i быў, жыве сабе бястурботна й бадзяецца абы дзе. Яны таго ня ведаюць, што ён цяпер стаiць во ў пацёмках i душа яго заходзiцца па iх. Раман думаў, што каб яны былi цяпер на сваiм хутары, яны чулi-б яго i яму было-б лягчэй, а так яны на тым баку i таму iх няма як-бы на сьвеце зусiм. I што iх няма, у тым толькi ён адзiн вiнаваты. Каб ён не адводзiў iх туды, яны былi-б тут разам з iм, i ён ня мусiў-бы во слухаць Кандраценю i не баяўся-б яго. Яму здавалася, што на цэлым сьвеце ён застаўся толькi з адным Кандраценем, i што апрача яго, у яго няма цяпер нiкога. Адчуваньне было такое, быццам ён ехаў у акiяне на вялiкiм параплаве, на якiм было многа пасажыраў, але параплаў гэты няўцям затануў i з усiх пасажыраў, якiя былi на гэтым параплаве, у жывых застаўся толькi ён адзiн з Кандраценем, i вось цяпер знаходзiцца з iм у вадным цесным труме на самым дне акiяну.

– Што-ж ты маўчыш, Ромусь?

Раман Корзюк нiчога не адказваў Кандраценю. Заскрыпелi палавiцы на кухнi, i ў дзьверы, што вялi туды з Раманавага пакою, пастукалася, як трэба было думаць, гаспадыня. I сапраўды, увайшла гаспадыня з лямпай у руках. Ад нечаканага сьвятла Кандраценя зажмурыўся за сталом, а Раман падыйшоў да гаспадынi i, узяўшы ў яе з рук лямпу, паставiў на маленькi зэдлiк у кутку. Раман быў рады гаспадынiнаму прыходу.

Генадзь Кандраценя, хуценька падняўшыся з-за стала, усьмiхаўся, чакаў, пакуль яго пазнаёмiць Раман з гаспадыняй. Але Корзюк ня прыкмячаў гэтага. Тады Кандраценя сам фанабэрыста падыйшоў да гаспадынi i прывiтаўся з ёю, пацалаваўшы ёй руку. Але прозьвiшча свайго не назваў. Гаспадыня на момант зьбянтэжылася, але хутка знайшла што сказаць:

– У цябе, – звярнулася яна да Рамана, – няма пасьцелi для госьця, дык я прынясу i пасьцялю во тут на гэтым дыванчыку, хай нам даруе госьць.

Раман, канешне, добра ведаў, што на самай справе гаспадыня прыйшла да яго, каб пабачыць "госьця".

– Дзякую, дзякую, нажаль, мне трэба йсьцi ўжо, i так заседзеўся во позна, – сказаў Кандраценя такiм тонам, якi не дапушчаў угаворую

Гаспадыня пастаяла яшчэ з хвiлiну, сказала дабранач i, акiнуўшы вачыма, пайшла назад у кухню.

Кандраценя сапраўды хутка пакiнуў Корзюка, адзiнотнага i распачлiвага ў сваiх думках.

22

Iнстытут высыпаўся на двор Унiвэрсытэцкага гарадка i станавiўся ў чацьвёркi. Але гэтыя чацьвёркi фармавалiся не адразу, марудна й неахвотна. Пагода была халаднаватая, i нiхто не сьпяшаўся вылазiць з будынку. А тыя, што ўжо стаялi ў чацьвёрках, бачачы такую замаруджанасьць, разыходзiлiся i працiскалiся назад у будынак. Асаблiва зяблi студэнткi. Выкладчыкi стаялi за шырокiмi дзьвярыма ў сярэдзiне i назiралi адтуль: яны чакалi пакуль не зарганiзуецца iнстытуцкая калёна. Аркестра вучылася яшчэ ў падвале, i адтуль даносiлiся такiя галасы, быццам там каго рэзалi цi зьдзеквалiся. Плякаты, партрэты, транспарэнты i сьцягi былi ўжо вынесеныя i стаялi каля ўваходу, але тымчасам нiхто iх не разьбiраў. Каля iх круцiўся толькi Сьцяпан Мялешка i нешта меркаваў. Парадку ня было. Натоўп гудзеў на розныя галасы, сьмяяўся, гаварыў, грэўся i быццам адцягваў арганiзаванае выступленьне з Гарадка.

Па Савецкай даўно ўжо йшлi дэманстранты з музыкай, песьнямi i калыхлiвым бязладзьдзем сьцягоў, плякатаў, партрэтаў. Беларускi Дзяржаўны Ўнiвэрсытэт i Мэдiнстытут ужо вырушылi з Гарадка, абыходзячы з правага боку пэдiнстытут, сьмяючыся i жартуючы з ягонай няўпраўнасьцi. Але вось падаў каманду загадчык Ваеннай кафэдры станавiцца ў чацьвёркi. Дзесьцi ў натоўпе зарагаталi i голас загадчыка Кафэдры – ня дужа моцны – прапаў у тлуме, сквiле i гомане. Загадчык узьняў свой голас яшчэ, але натоўп заставаўся натоўпам. Тады ён пачаў хадзiць узад i ўперад, стаўляючы сам першыя чацьвёркi, пераважна з дзяўчат, як больш паслухмянага элемэнту. Нейчы звонкi голас з натоўпу жартлiва падаў сваю каманду i толькi па гэтай камандзе заварушылiся студэнты, становячыся падкрэсьлена павайсковаму ў шарэнгi. Так пакрысе пачала вызначацца калёна. Падыйшлi й iншыя падпiхачы – сакратар парткому, выкладчыкi фiзкультуры, адказныя за арганiзацыю кастрычнiцкай манiфэстацыi i iншыя актывiсты. Натоўп як растаў. Замест яго вырасла на ўсю сваю даўжыню калёна й застыла ў маўклiнi. Толькi зрэдку перабягалi з аднае чацьвёркi ў другую дзяўчаты, шукаючы зацiшных хлапцоўскiх плячэй. Iхныя касынкi матлялiся на ветры й гарэлi аганькамi. Нарэшце, выйшлi з-за шкляных дзьвярэй выкладчыкi i сталi ў галаве калёны. Усё агалела. Толькi на сходках усё яшчэ сьпiсваў з натуры i завяршаў свой твор студэнт Мень. Натурай быў Раман Корзюк. Раман стаяў у нейкай трагiчнай позе i нiкуды не глядзеў, застыгшы, як помнiк, на ўвесь свой рост, стоячы высока на сходках, быццам тое, што адбывалася на двары, было для яго толькi фонам. А Мень, Раманаў аднакурсьнiк, раз-поразу кiдаў на яго то адным, то другiм прыжмураным вокам i ўсё сьпяшаўся накiдаць Рамана на паперу. Мень доўга ганяўся за Раманам, як за мадэляй, i сягоньня ён прост сiлком затрымаў яго на сходках на той вышынi, на якой ён здаваўся яму нязвычайным i манумэнтальным перад натоўпам унiзе. Гэтак зарадзiлася кампазыцыя твору ў мастака Меня. I Раман Корзюк гатовы быў служыць яму сваёй постацяй. Дзiчкоўская i Лагоўская з калёны любавалiся экстравагантнасьцяй гэтага моманту. Але хутка ўзабраўся на сходкi Сьцяпан Мялешка i сьпёр iх далоў. Пачалi раздаваць сьвяточны матэрыял партрэты, сьцягi, плякаты, транспарэнты, каб усё гэта ўзьнялося ўгору й пайшло.

Корзюк стаў у чацьвёрку недзе пасярэдзiне калёны, але загадчык Ваеннай кафэдры перагнаў яго наперад, як рослага. Дзiчкоўская пабегла за iм i стала ў аднэй з iм чацьвёрцы, нясучы Кагановiча.

Вецер узьняўся мацнейшы. У вышынi i на даляглядзе ён шпарка гнаў парваныя хмары на ўсход, i яны, як iльдзiнкi ў моры, iмклiва плылi, засланяючы i адкрываючы блакiтна-сiнiя вокны ў глыбокiм небе. Стаяў халодны восеньскi дзень. Ад холаду людзi зызлi. З iх рук вецер вырываў сьцягi, плякаты, партрэты, тузаў i рваў iх. Таму нiхто нiчога не хацеў несьцi, хоць i трэба было. Мялешка з загадчыкам кафэдрай i сакратаром партарганiзацыi раздалi ўжо шмат сьвяточнага матэрыялу, але яшчэ шмат яго i заставалася. Трэба абавязкова было ўсталiць у галаве калёны самы вялiкi партрэт Сталiна. Партрэтаў Сталiна было ўжо поўна па ўсёй калёне, але ў Мялешкi быў свой плян: каб усiх маленькiх сталiнаў ззаду засланяў вялiкi Сталiн наперадзе. У галаве калёны кожны ўжо што-небудзь трымаў, апрача Корзюка, i Мялешка наважыўся аддаць вялiкага Сталiна яму. Мялешка паднёс партрэт да Рамана i папрасiў яго ўзяць. Але Раман, як трымаў свае рукi ў кiшэнi, так i заставаўся, спакойна i холадна гледзячы на Мялешку. Мялешка паставiў партрэт цаўём на зямлю.

– Ня хочаш?

– Не хачу!

– Тады выйдзi з калёны.

– Ты мяне сюды ня ставiў.

Заднiя за Раманам чацьвёркi насьцярожылiся, пярэднiя павярнулiся назад.

– Значыць, не бярэш?

– Не бяру.

Сьцяпан Мялешка падняў Сталiна i перадаў некаму iншаму.

Сакратар партарганiзацыi сказаў нешта на вуха загадчыку Ваеннай кафэдры i той голасна скамандваў:

– Студэнт Корзюк, выйдзеце з калёны!

Як сапраўдны жаўнэр, Корзюк выйшаў, выцягнуўся на зважай на ўвесь свой рост перад загадчыкам Ваеннай кадэдры:

– Куды загадаеце стаць?

Загадчык кафэдры ня ведаў, што адказаць i зьбянтэжана глядзеў на сакратара партарганiзацыi, але й той разгубiўся.

– Iдзеце дахаты! – знайшоў што, нарэшце, сказаць загадчык кафэдры.

– Ёсьць дахаты!

I Раман Корзюк хутка адыйшоўся на бок i стаў на дашчаным тратуары перад усёй калёнай. Калi ён яшчэ стаяў перад загадчыкам Ваеннай кафэдры, выцягнуўшыся як вайскавiк, ён думаў збыць свой паступак жартам, надаць усёй гэтай гiсторыi гiранiчна-кплiвы сэнс, але з самага мамэнту, калi ён апусьцiў узьнятую было да скронi сваю руку, Раманава жартаўлiвасьць прапала i ён стаяў цяпер пераможаным, нiкчэмным i ўдвая нiжэйшым. Уся калёна моўчкi глядзела на яго. Мень памкнуўся быў i тут схапiць мамэнт трагiзму ў вобразе Корзюка, але яго ўпхнулi назад у калёну.

Выйшла з падвалу аркестра i стала на самым перадзе. Вялiкi Сталiн быў узьняты ўгору. Зайгралi туш, i калёна ўлiвалася ўжо ў вагромнiстую ляву дэманстрацыi, што плыла па Савецкай. I толькi адзiн Раман Корзюк, як быў, гэтак i заставаўся стаяць на тратуары, пакiнуты грамадой.

Хутка апусьцеў Гарадок. Раман, адумаўшыся, пайшоў таксама ў горад. Iнстытуцкая калёна павярнула на Карла Маркса, але ён усё яшчэ чуў сваю аркестру i як-бы йшоў на яе. Ён дайшоў па Савецкай да Ленiнскай. На скрыжаваньнi гэтых вулiц Раман спынiўся. Тут таўклiся яшчэ болей. З усюль калёны сыходзiлiся сюды i, апынуўшыся тут, iшлi далей на Пляц Волi. Адтуль парад iшоў на Нямiгу, i, прайшоўшы колькi вулiц, павялiчаны колькасна, парад апыняўся на Валадарскага. З Валадарскага трапляў зноў на Савецкую, каб зграмадзiцца на Ленiнскай плошчы перад Домам ураду для прыняцьця.

Корзюк прапускаў вачыма парад, усё застаючыся на савецка-ленiнскiм скрыжаваньнi. Ён ведаў, што тут мае прайсьцi i ВПI. На тратуарах людзi тупалi, грэлiся, паднiмалi каўняры, сiнелi, але не хацелi што-небудь прапусьцiць. Гэтых людзей Раман прыраўноўваў да адкiнутых на ўзбочча людзей, непатрэбных, лiшнiх. Але яны, не здаючыся, усё яшчэ труцца на ўзбочынах ля магiстралi, каб хоць гэтак быць блiжэй да руху.

Вось Раман выразна пачуў сваю аркестру. Яна наблiжалася й наблiжалася. Неўзабаве ён угледзеў яе i перш за ўсё Петрака Шыракова з барабанам на пузе. Пятрок быў радасны i ўсьмiхаўся, вiдавочна, ад усьведамленьня свае годнасьцi. Ягоны твар аж зiхацеў ад усьмешкi, падобнай да той блiскучай мядзянай трубы, у якую дзьмуў ягоны сябра побач.

З калёны Корзюка заўважыла Дзiчкоўская i гукнула яго. Раман убег у калёну i стаў побач Дзiчкоўскай. Наперадзе iх iшоў выкладчык гiстарычнага матэрыялiзму i, як заўсёды, горда нёс сваю галаву над натоўпам, наступаючы каму-небудь на пяты. Чацьвёрак ужо ня было. Праз гэтае скрыжаваньне, каб мiнуць яго хутчэй (тут стаялi мiлiцыянэры i падганялi), людзi сыпалiся без якога-колечы парадку.

Музыка – трубы й барабаны – панесла Рамана разам з натоўпам. Калi яны апынулiся на Валадарскага, праходзiлi паўз турму, зьняволеныя, прадзеўшы праз краты рукi з белымi хустачкамi, махалi параду, нiбы птушкi крыльлем. Там-сям парад адказваў iм тым-жа. Невялiкая група маладых людзей, спынiўшыся на тратуары, сьпявала пушкiнскага "Вязьня". Корзюк, пакiнуўшы калёну i ў ёй Дзвiчкоўскую, далучыўся да iх. Ён таксама хацеў сьпяваць гэтую песьню. Але зьнекуль, як з-пад зямлi, вынырнулi мiлiцыянэры i разагналi групку. Раман застаўся адзiн без грамады. З вокнаў турмы ўсё яшчэ махалi, i Раман хоць i ведаў, што яе тут можа й ня быць, усё-ткi шукаў вачыма ў тых вокнах Валю. З аднэй высокай будкi стрэлiлi, кулi зацiўкалi i рук ня стала.

Хутка Раман Корзюк апынуўся ля Дому ўраду. Прыймалi парад мясцовыя правадыры, але былi й госьцi. Праходзiлi прадпрыемствы, установы, арганiзацыi, кацiлася на танках армiя. Вось i калёна Вышэйшага Пэдагагiчнага Iнстытуту. Раман зiрнуў – сапраўды, усю калёну сьпераду засланяў вялiчэзьнейшы партрэт Сталiна. За гэтым партрэтам, побач iншых, матлялiся меншыя сталiны, усе яны калыхалiся, мiгцелi ў вачох, зьлiвалiся ў нейкай строгай, аднэй вусатай усьмешцы. I здавалася, сталiным ня было канца. Яны гойдалiся ўсюды, задаволеныя i насьмешлiвыя. Здавалася, што гэта яны толькi адны iдуць парадам на плошчу, каб узвысiцца там у выглядзе аднаго Сталiна вышынёй на ўсе дзесяць паверхаў Дому ўраду i глядзець з вышынi на ўсiх, хто прыйшоў пакланiцца яму i шукаць вачыма тых, хто ня прыйшоў. I ўсе хацелi прыйсьцi, каб паказацца яму на вочы. I вось яны йдуць i йдуць аж да чацьвёртай гадзiны. Глядзяць на яго i крычаць яму "Гурра!" Гукнуць i адыходзяць, каб даць магчымасьць iншым выказаць сваё такое-ж захапленьне. Ён будзе стаяць над плошчай i ўначы, пасьля таго, як усе ўжо пройдуць, пiльнуючы сон сваiх улюбёных чадаў.

Пад вечар хмары схлынулi, прайшлi таксама парадам на ўсход i ачысьцiлi неба. Дзень яшчэ больш пасiвярэў. Раман больш не затрымлiваўся ў горадзе, i а пятай гадзiне быў ужо на сваёй кватэры.

23

Гаспадыня сустрэла Рамана на ганку i папрасiла яго зайсьцi да яе на кухню:

– Хачу нешта сказаць. Сягоньня зданьню прайшоў нейкi чалавек паўз нашыя вокны. Адзiн раз, а потым i другi ў высокiм каўняры. Нi гарадскi, нi вясковы. Гэтак асьцярожна i няўцям, што ажно я спужалася. Зiрнець на вокны i зноў утулiцца ў каўнер. Я стаяла якраз вось тут i ўсё бачыла. Аж бачу яго ў другiм вакне, што на двор. Аглядае, быццам купляе, ацэньвае. Я й падумала, што гэта ён нездарма. Прост насланьнё нейкае... Каб чаго дрэннага ня было, га? Што з вамi, вума не прыбяру. То вы ў хаце, то вас няма. То вы начуеце, то вы не начуеце. Бадзяецеся недзе.

– Хутка я вас асвабаню...

– Я ня тое, што ганю вас. Жывеце, як жылi. Я вас шкадую, от што. Толькi ўсё мне тут няўцям.

– Хутка ўсё будзе ясна. Дзякую за навiну.

Раман Корзюк памкнуўся ў свой пакой, але гаспадыня затрымала яго.

– Паслухайце мяне, старую. Ганiце ад сябе ўсiх прэч. Ня пушчайце злыбяды на парог... Хто гэта такi быў у вас?

– Мой дзядзька.

– Не манеце! Бачу я гэтага "дзядзьку". А дзе-ж гэта вашая дзяўчына?

– От, зьбiраюся да яе. Дайце, калi ласка, мне чыстую кашулю, гарнiтур i гальштук. Iду на вечар... Вясельле будзем гуляць.

Раманава гаспадыня недаверлiва паглядзела на яго i праз сваю крывую ўхмылку сказала:

– Вясельле гуляеце, а мяне не запрашаеце. Добрага чалавека я маю!

– Канешне, я жартую. Але на вечар сапраўды йду. Кастрычнiк будзем гуляць. Дзяўчаты запрасiлi i трэба як найхутчэй.

– Затрымлiваць ня буду. Iдзеце сабе. Толькi глядзеце, каб гэты кастрычнiк кайстрою i пылам горкiм не абярнуўся... Зьелi-б што. Цалюткi-ж дзень няеўшы.

– Дзякую. Там усё будзе.

Раман пайшоў у свой пакой, а гаспадыня пашкадавала, што не распытала яго пра ўсё, як хацела, калi перанiмала яго на ганку. "Прыбег во i, як кот угарэлы, бяжыць зноў. Мiтусiцца, як перад сiлом якiм".

Хутка Раман быў гатовы. На iм быў добра адпрасаваны гарнiтур, той самы, у якiм ён хадзiў у Польшчу. Пасьля прасу ён пацямнеў i быў, як новы. Гаспадыня адпусьцiла ў iм рукавы, падоўжыла нагавiцы, i цяпер Раман ня выглядаў такiм цыбатым, як раней. Корзюк перад адыходам паказаўся гаспадынi.

– Пажадайце мне ўсяго найлепшага.

– Прост мне шкада цябе. Ну йдзi з Богам... Нешта-ж ты ў вадным плашчыку. Акалееш.

На двары было цёмна. Знаёмымi вулiчкамi Раман пайшоў да трамвайнага спынку. Калi ён увайшоў у трамвай, кандуктар, што заўсёды езьдзiць на гэтай лiнii i ведаў Рамана, многазначна мiргнуў яму, i гэты мiрг няпрыемна падзейнiчаў на Корзюка. На наступным спынку селi два мiлiцыянэры. У вадным з iх Корзюк пазнаў таго самага, што часта заходзiць у Галоўны корпус i падоўгу стаiць ля распранальнi, пазiраючы кажнаму ў вочы, хто распранаецца. Мiлiцыянэр пазнаў Рамана таксама (аб гэтым можна было здагадацца па тым зiрку, якi кiнуў на яго мiлiцыянэр), але выгляду не паказаў, што ведае, гаварыў з сваiм спадарожнiкам i нi разу больш ня зiрнуў на Рамана.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю