355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Масей Седнев » Раман Корзюк (на белорусском языке) » Текст книги (страница 7)
Раман Корзюк (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 10 октября 2016, 02:38

Текст книги "Раман Корзюк (на белорусском языке)"


Автор книги: Масей Седнев



сообщить о нарушении

Текущая страница: 7 (всего у книги 18 страниц)

Адчынiлiся дзьверы. Што гэта я? У камэру ўвайшлi начальнiк турмы i пракурор. Яны рабiлi свой чарговы абход. Пракурор, аглядаючы камэру, кiнуў вокам на хлеб i запытаўся, чаму Камоцкая ня есьць? Такое, нiбыта бацькоўскае пытаньне, прыхiльна наставiла Валю да пракурора. Пракурор, у форме НКВД, быў яшчэ малады чалавек, з дробнымi рысамi ў твары, з маленькай, бруднага колеру бародкай i маленькiмi сьвiнцовымi вачыма. Увесь ён быў падобны на рэвалюцыянэра царскiх часоў, якiх часта даводзiлася Валi бачыць на фатаграфiях i якiх яна лiчыла гуманнымi i вельмi энэргiчнымi людзьмi.

– Паводля якога артыкулу вы абвiнавачваецеся? – запытаўся ён i падрыхтаваўся запiсваць у маленькi блакноцiк, якi ён трымаў у руках.

– Я ня ведаю, – адказала Камоцкая.

– Як так? – зьдзiвiўся пракурор. – Калi вы арыштаваныя?

– Учора.

– Былi на допыце?

– Так.

– Добра... Ваша прозьвiшча? Якiя скаргi, жалобы? – запытаўся пабеларуску i парасейску пракурор, пры гэтым у беларускiм слове "скаргi" ён вымавiў гук "г" парасейску, цьвёрда.

– Нiякiх. Я хацела-б толькi, каб мяне перавялi ў агульную камэру.

– Гэта залежыць ад вашага сьледчага.

Пракурор i начальнiк турмы выйшлi, а за iмi глуха зачынiлiся абабiтыя зялезам дзьверы. Валя засталася зноў адна, але вярнуцца да сваiх ранейшых думак яна ўжо не магла.

Настала дзесятая гадзiна, ложак аўтаматычна адклаўся i зьняможаная Валя Камоцкая лягла спаць.

14

У манастыры аб арышце Валi Камоцкай даведалiся на наступны-ж дзень. Калi сьцямнела, прыехала НКВД за рэчамi. Забрала ўсе Валiны кнiгi, у тым лiку некалькi тамоў Ленiна, лiсты, фатаздымкi i нават канспэкты. Апiсалi ўсё гэта i зьвярнулiся да жыхарак манастыра з просьбай падпiсаць пратакол, але нiхто з прысутных, – а былi дома якраз усе, – не хацеў падпiсвацца, i толькi, пасьля некаторага ваганьня, згадзiлася прыкласьцi свою руку Роза Шкляр. Нiхто не хацеў, каб ягонае прозьвiшча фiгуравала ў НКВД. Дый самой Камоцкай было шкада, хоць ад таго, падпiшышся ты цi не, лёс Камоцкай, ведама, ня зьменiцца. Дармо, што Камоцкай у манастыры як-бы й ня любiлi, цяпер, калi з ёй такое сталася, кожны шкадаваў яе. Дый ня любiлi яе можа болей за праўду, якую яна гаварыла ў вочы, i за прасталiнейнасьць. Затое ў душы аддавалi ёй належнае за яе станоўкасьць, шчырасьць i адвагу. У асобе Камоцкай нельга было адмовiць чалавека з асаблiвай жыцьцёвай фiлязофiяй i цьвёрдым паглядам на рэчы. Гэтай сваёй якасьцяй яна выклiкала павагу нават у сваiх няпрыхiльнiкаў.

У хаце без Камоцкай стала неяк пуста. Ейны ложак, што стаяў каля сьцяны, здавалася, дакорлiва глядзеў на кажнага i як-бы абвiнавачваў у нечым. Над ложкам на сьцяне вiсеў у рамачках невялiчкi, вельмi стары партрэцiк яе бацькоў, якога людзi з НКВД ня ўгледзелi, або пасаромiлiся зьняць. З яго ўнiз глядзелi вочы пажылых людзей i як быццам шукалi кагосьцi i, не знайшоўшы, смуцiлiся бацькоўскай журбою. Ларыса смуцiлася, Дзiчкоўская маўчала, а Роза Шкляр з Аўсеевай рабiлi розныя здагадкi аб прычыне арышту Камоцкай i спрачалiся мiж сабой. Праўда, з пэўнасьцяй нiхто яшчэ ня мог сказаць, што Камоцкая арыштаваная (Цыпiна на занятках у iнстытуце нiкому не сказала, што Камоцкую павялi з ейнай кватэры). Дзяўчаты здагадалiся аб арышце Камоцкай толькi па тых гасьцёх, што нечакана завiталi да iх. У гасьцей Дзiчкоўская не пабаялася запытацца, што з Валяй i дзе яна зараз знаходзiцца. "Госьцi" нiчога на гэта не адказалi.

– Можа яна ўтапiлася цi што? Дык мы хоць аб гэтым хацелi-б даведацца.

– Тапельцамi мы ня цiкавiмся, – толькi ўсяго i буркнуў адзiн з гасьцей.

Лагоўская страту сяброўкi перажыла неяк адразу, у вадзiн мамэнт, i ўжо займалася сваiмi навукамi. Але агульная засмучонасьць i прыгнечанасьць не праходзiлi. Плян сьвяткаваньня Кастрычнiцкай рэвалюцыi не абмяркоўваўся, адкладваўся на пазьнейшае. Дзяўчаты хацелi запрасiць да сябе на сьвята колькi студэнтаў i павесялiцца. Прадбачалася выпiўка з закусонам. Пiсалiся ўжо iмёны хлапцоў, якiх варта было-б запрасiць, але згоды тут памiж дзяўчатамi ня было: тая хацела аднаго, iншая – другога. Чакалi ўсё Валю Камоцкую, калi яна, нарэшце, прыпляцецца з "блуду" i дапаможа iм вырашыць такое немалаважнае пытаньне, як хлапцоўскае пытаньне. Думалi, што Валя "сядзiць" у Корзюка, але чаму-ж-бы яна тады ня прыходзiла на заняткi? У кожным разе, да прыходу "гасьцей" нiхто ня думаў, што з Валяй сталася нешта сур'ёзнае. Аж тут во адбылося нешта нязвычайнае, непрадбачанае. "Госьцi" з НКВД пакiнулi ў манастыры за сабою цень трывогi, страху i няпэўнасьцi. Не пасьпеў манастыр як сьлед ажыць ад кiраўскiх дзён, як здарылася во нешта новае.

Але першае несамавiтае ўражаньне прайшло, наступiў позьнi вечар, кажны пачаў рабiць нешта сваё, рыхтавацца да заняткаў, i такiм парадкам, усталявалася як-бы нармальнае жыцьцё ў манастыры. Дзiчкоўская загнала ўсiх на ложкi i пачала працiраць падлогу. Яе чарод прыбiраць у пакоi прыпадаў на заўтра, але яна хацела ўсё зрабiць сягоньня нанач. Лагоўская абуралася, што мыцьцё пачалося цяпер, калi трэба ўжо спаць, падлога ня высахне добра, i трэба будзе дыхаць вiльготным паветрам усю ноч. Але Дзiчкоўская не зьвяртала на гэта нiякай увагi, шаравала падлогу яшчэ з большым iмпэтам, гаварыла, што нiчога нiкому ня станецца, а наўзьвер усяго яшчэ й дадала:

– Трэба-ж выгнаць паганы дух пасьля такiх адведзiнаў! Як ты думаеш? Iнакш – затхнёмся! Вось табе й ня мый! Дый сьвята на носе, апрача таго.

– Ну, тады мусiш выпалiць у печы!

– Калi ты прынясеш дровы!

Нехта пачаў стукаць у дзьверы. Дзiчкоўская адаткнула падол вясковага андарака, якi яна надзела на час мыцьця, падняла ўгору швабру i стала пад дзьвярыма з такiм разьлiкам, каб, калi яны адчыняцца на хату, яна засталася-б за iмi незаўважанай тым, хто ўвойдзе ў хату. Усе зразумелi яе намер, усьмiхнулiся i голасна гукнулi:

– Уваходзьце, калi ласка!

Дзьверы пачалi павольна адчыняцца i Дзiчкоўская нарыхтавалася з швабрай. "Вось зараз некага шлёпне. А можа гэта Валя?"

У дзьвярох паказалася незнаёмая жанчына, i Дзiчкоўская, сумеўшыся, хуценька апусьцiла швабру, адскочыўшыся ад дзьвярэй.

– Добры вечар у хату, галубкi! – лагодна прывiталася нейкая бабулька. Можна ў вас пабыць хвiлiначку? Я вам не перашкоджу!

– А вы хто такiя, бабка? – запыталася Дзiчкоўская. – Праходзьце. Сядайце! – i яна паставiла ёй крэсла каля стала.

Бабулька асьцярожна, каб не насьлядзiць падыйшла да стала i села на крэсла, паставiўшы на падлогу свой клунак. Усе зьлезьлi з сваiх ложкаў i паселi за сталом, разглядаючы незнаёмую. Чакалi, што яна скажа. Бабулька, абвёўшы ўсiх сваiм маладым паглядам, загаварыла:

– Я гэта прыехала сюды з Самахвалавiчаў. Я – мацi Мiколы Саланевiча, можа ведаеце?

Саланевiча ўсе ведалi тут, як былога студэнта. Насьцярожылiся i слухалi далей бабульку ў паношаным пальто, такiх-жа ботах i ў сукняным платку чырвонага колеру.

– I што-ж вы хочаце? – дапытвала далей бабульку Дзiчкоўская, падсядаючы да яе ўсё блiжэй i заглядаючы ёй прост у самыя вочы.

– Казалi мне, што ў вас мусiць быць тут такая дзяўчына – Валя Камоцкая.

– Ну, ёсьць. А што? – хiтра вяла сьледства Дзiчкоўская.

– А каторая яна тут? – ледзь усьмiхнулася бабулька. – Бачаце, колькi вас тут! I ўсе разам жывяцё згодна?

– Ня скажам каторая. Адгадайце! – перайшла на жарт Роза Шкляр.

Дзiчкоўская, пасур'ёзьнеўшы, перабiла Шкляр:

– Няма ў нас болей Валi Камоцкай, бабка! Была, але цяпер няма, i ня пытайцеся пра яе!

– А што – i з ёй нешта сталася нядобрае?.. Я нiчога... Я толькi хацела... Можа яна што ведае пра майго Мiколу... Сядзiць ён... Можа-ж чулi?

Бабулька выцерла на сваiх вачох сьлёзы. Дзяўчаты чулi, што Саланевiч арыштаваны, але чуткi так i засталiся чуткамi. Чамусьцi верылi, што як паехаў ён настаўнiчаць дык i настаўнiчае. А цяпер сама мацi гаворыць пра гэта. Незразумела было толькi, што-ж супольнага памiж Саланевiчам i Камоцкай.

– Ужо цэлы год ня пiша Мiкола. Можа ўжо, крый Божа, яго няма ў жывых. Аж тут дачулася я гэта во, што Мiкола напiсаў пiсьмо Корзюку Раману, кавалеру гэтай... як яе... дзяўчыны... Камоцкай. Я была ўжо на квацеры Корзюка, дык яго няма, а гаспадыня яго паслала мяне... прывяла мяне сюды i кiнула. Кажа, што можа яна, гэтая яго дзяўчына, што-кольвек ведае. Ён з ёю любiцца цi што, казала. Дык можа як папала ёй пiсьмо майго Мiколы.

– А як-жа вы ведаеце, што ваш сын напiсаў пiсьмо Корзюку?

– Хто вам сказаў? – уставiла i сваё слова Лагоўская, паправiўшы пэнснэ на сваiм носе.

– А гэтага ўжо, мае даражэнькiя, я вам не магу сказаць, хто. Вам-жа ўсё роўна, хто? Даруйце мне старой i дурной! Мы ўжо столькi пыталiся людзей, што здурэць можна. Пiсалi i ў лагер той, дзе ён сядзiць, ды ня шлюць нiчога адтуль.

– А за што яго пасадзiлi?

– Хто-ж яго ведае, дзеткi. Ён-жа тут быў з вамi, дык можа вы i ведаеце, за што. Сказалi-б мне можа? Я нiкому не скажу... Ня можа быць, каб наш Мiкола ў чым правiнiўся. Не такi ён. Яблыка чужога не сарваў.

– За яблыкi, бабка, не бяруць.

– Хто-ж яго ведае. А толькi мы з сваiм старым занудзiлiся чыста. Як толькi ляжам спаць, дык i сьнiм абодвы свайго Мiколу. Пасылала я свайго старога i ў кэвэдэ – ня хоча. Кажа, што ўсё роўна нiчога ня скажуць... Пыталiся ўжо такiя, як мы! Выправiлася во сама. Кабеце, кажуць, лацьвей. Дык i мяне ня пушчаў, стары мой... не хацеў, каб iшла. Але як-жа я не пайду? I на той сьвет пайшла-б... Дык нiчога ня скажаце, даражэнькiя, пра майго Мiколу? – старая паднялася з крэсла i падняла сваю клумку з падлогi.

– Нiчога ня ведаем, бабка. I рады-б, але нiчым дапамагчы вам ня можам, адказала за ўсiх Дзiчкоўская. – Сядайце во, пачастуем вас гарбатай.

– Не, дзякую, дзеткi, пайду ўжо!

– Дзе-ж вы будзеце начаваць? Позна ўжо!

– На вакзале.

– Дзяўчаты, паложым яе ў нас! – азвалася Ларыса, што сядзела ўвесь час моўчкi. – Ложак гуляе.

– Як табе ня сорамна, Ларыса! Яшчэ не пасьпеў прастыць ложак, а ты ўжо ложыш на яго людзей, – – запярэчыла Дзiчкоўская.

– Ну як хочаце, – прымiрылася Ларыса.

Старая, падзякаваўшы за ўсё, i за тое, што маладыя не пагардзiлi ёю, выйшла з манастыра.

– А я дык нешта ня веру ёй! – пасьпяшалася выказаць сваю думку Шкляр.

– А што-ж там ня верыць? – пакрыўдзiлася Дзiчкоўская.

– Не разумею я ўсяго гэтага, – не здавалася Шкляр.

– I разумець няма чаго! Цi хiба ў цябе мацi няма?

– Мяне дзiвiць толькi адно, адкуль у нашай Валечкi такiя сувязi? – усё яшчэ зьмяншальным iмём называла Лагоўская Валю.

Перад сном Ларыса зьняла з Валiнага ложку пакрывала, каб яно не бялелася ноччу, – Ларыса баялася гэтага пустога ложку побач, ён будзiў у ёй жаласьлiвыя пачуцьцi i мiстычны страх.

15

Назаўтра дзяўчаты выйшлi з манастыра на заняткi ўсе разам, як па камандзе, што рэдка здаралася раней. Звычайна, адныя з iх любiлi прыходзiць на заняткi за паўгадзiны да пачатку лекцыяў, iншыя, наадварот, выседжвалi да самага званка, якi быў добра чуцён з Галоўнага корпусу i служыў надзейным гадзiньнiкам для студэнтак. Сягоньня-ж нейкi нязвычайны настрой гнаў iх усiх раней. Пiлi гарбату адначасна, моўчкi, сьпяшаючыся. Можна было падумаць, што яны злуюцца адна на адну. Цяжка было вытлумачыць такiя iхныя паводзiны чым-небудзь iншым, як толькi фактам адсутнасьцi Валi. Страта была настолькi вымоўнай, што не дазваляла нават гаварыць аб ёй. Звычайна, ранiца ў манастыры – гэта час жартаў, звадыяшу i кпiн. Але не такая ранiца сягоньня!

У Галоўным корпусе хутка прайшлi паўз распранальнi – свае палiтончыкi дзяўчаты заўсёды пакiдалi дома, каб не стаяць у чарзе, – i накiравалiся проста ў сваю аўдыторыю. Зiрнулi направа – у канцы карыдору, каля канцылярыi дырэктара, стаяла вялiкая група студэнтаў – чыталi нешта на дошцы загадаў i абвестак. Дзяўчаты борзда павярнулi туды. Насустрач iм iшоў iхны выкладчык лiтаратуры прафэсар Пiятуховiч. Пазнаўшы iх, ён запытаўся:

– Куды-ж гэта вы? А на заняткi?

– Мы зараз-жа, на аднэй назе, выбачайце!

Тыя, што ўжо прачыталi навiны, адыходзiлiся, даючы магчымасьць падыйсьцi iншым. Даступiлiся й дзяўчаты – за кантррэвалюцыйную дзейнасьць загадам дырэктара выключаюцца з лiку студэнтаў Раман Корзюк i Валя Камоцкая. Ня то што нехта шкадаваў Корзюка або Камоцкую (сярод тых, хто прачытаў гэты загад, былi й такiя, каго гэта радвала), хутчэй страх за сябе самога западаў у душу кожнага: а што, калi звольняць i мяне? Ад часу забойства Кiрава гэта-ж ужо ня першы такi загад. I калi раней дошкай загадаў нiхто, звычайна, ня цiкавiўся, дык цяпер падыходзiлi да яе з страхам. Толькi невялiкая параўнаўча частка студэнтаў заставалася спакойнай i не турбавалася моцна за свой лёс: яна верыла, што тое, што пастанаўляе начальства, зьяўляецца адзiна правiльным, што калi яно нешта робiць, дык значыць так трэба, справядлiвасьць ягоных захадаў ня можа падлягаць сумлеву.

Цэлым гуртам дзяўчаты, на чале з Дзiчкоўскай, увалiлiся ў аўдыторыю. Пiятуховiч лекцыi яшчэ не пачынаў, чакаў, калi зьбяруцца ўсе – нязвычайнае зацiкаўленьне студэнтаў дошкай загадаў сягоньня ўпяршыню парушыла нармальны ход нутранога парадку iнстытуту.

Пiятуховiч, як выглядала, ведаў прычыну такога забурэньня i не сьпяшаўся з лекцыяй. Дзiчкоўская, сеўшы за стол побач Цыпiнай, шэптам запыталася ў яе, цi ведае яна пра сёньняшнiя навiны. Тая, ня гледзячы на яе, неахвотна адказала, што так. Цыпiна гатовая была слухаць лекцыю i не хацела, каб ёй хто перашкаджаў. Усю сваю ўвагу яна сканцэнтравала на прафэсары, чакала, калi ён загаворыць. Прафэсар Пiятуховiч меў сёньня лекцыю пра беларускi фальклёр. Найперш, як i заўсёды, ён паўтараў тэзы папярэдняй лекцыi, а потым пачынаў тэму наступнай лекцыi. Ён дакладна пачынаў заўсёды так: "Дарагiя сябры, паўторым тэзы папярэдняй лекцыi". Прыгадваў ён iх прыблiзна хвiлiнак з пяць. Наагул-жа ён лiчыўся добрым лектарам – гаварыў лягiчна, рабiў напрыканцы лекцыi высновы, i студэнтам лёгка было запiсваць свайго выкладчыка. А гэтая акалiчнасьць сама па сабе ўжо лiчылася вялiкай заслугай выкладчыка. Пiятуховiч паўтарыўшы, нарэшце, свае тэзы, прамовiў: Тэма-ж нашай сёньняшняй гутаркi Заплачкi.

Апошнiм часам, а сягоньня найбольш, Пiятуховiч моцна крытыкаваў нацдэмаў за iхныя мэтадалягiчныя памылкi ў галiне фальклёру. Прызнаваў i свае грахi, радзiў сваiм слухачом не карыстацца ягонымi працамi ў галiне беларускага фальклёру, як антымарксысцкiмi ў сваiм мэтадзе. Аднэй з галоўных памылак нацдэмаў ён лiчыў iгнараваньне iмi вуснай спадчыны пралетарыяту i выпукленьне фальклёрнага фонду "старых бабулек". Вёска ў нацдэмаў – усё, горад – нiчога. Студэнты разумелi, што iхны прафэсар самастрахуецца, значыць – нечага баiцца. Свае лекцыi Пiятуховiч перасыпаў цытатамi з Маркса, Энгельса, Ленiна i Сталiна, але гэта нiколькi не страхавала яго ад крытыкi, i ў першую чаргу – ад крытыкi з боку дацэнта Барысенкi, якi ў сваiх лекцыях па беларускай лiтаратуры, перад тымi-ж самымi студэнтамi, што слухалi й Пiятуховiча, называў яго "нацдэмам". Адпору Барысенку Пiятуховiч не даваў, баючыся яго, як маладога вучонага-камунiста.

Скончылася лекцыя Пiятуховiча, i студэнты высыпалi на перапынак на карыдор. Пра выключэньне Корзюка i Камоцкай з iнстытуту, дзiўная рэч, нiхто цяпер не гаварыў. Гаварыць пра iх, вiдаць, было ўжо небясьпечна. Гаворыш значыць, думаеш пра iх, а можа яшчэ й шкадуеш. Таму й не гаварылi. Гаварылi абы пра што. Спрабавалi жартаваць. Пятрок Шыракоў з Цыпiнай i з некаторымi iншымi студэнтамi заставалiся ў аўдыторыi, на карыдор ня выходзiлi. Цыпiна кармiла Шыракова бутэрбродамi, якiя яна прыносiла з дому i якiмi яна спадзявалася ўтрымаць пры сабе галоднага Шыракова. Шыракоў напачатку адмаўляўся ад пачастунку, але Бася ўмела яго ўгаварыць, i Пятрок згаджаўся, вынiмаў з кiшэнi сьцiзорык i гаварыў:

– Ну, калi ты ўжо гэтак просiш, адрэжу ад цябе на капейку!

Потым Пятрок пачаў адразаць i на рубель. Нарэшце, Пятрок сьцiзорыка ўжо не вынiмаў, а браў Басiны бутэрброды цалком. Пятрок цяпер баяўся за сябе: ён сябраваў з Корзюкам, i гэтае сяброўства магло абярнуцца супраць яго. Але выгляду не паказваў, што гэтая акалiчнасьць турбуе яго, захоўваўся вонкава спакойна i, як заўсёды, жартаваў. Гэтак вось i цяпер, зьеўшы бутэрброд, ён выцягнуў за руку з-за стала Басю i закружыўся з ёй у вальсе каля прафэсарскай кафэдры. Вальс ён граў сам сабе на губах. Трымаючы Басю шчыльна, але настолькi, каб можна было сваiм корпусам адкiдацца назад, Пятрок кружыў Басю да шаламлiвасьцi, i яна, быццам у вялiкай жарсьцi, клала яму сваю галаву на плячо, заглядаючыся ў ягоныя вочы знарок спакусьлiва i мiрглiва. Потым iнцыятыву забiрала Цыпiна, пачынала знарок круцiць Петрака налева, ведаючы, што ён умее танцаваць толькi ў адзiн бок. Гэта называлася вальсам Цыпiнай. Прысутныя сьмяялiся i бiлi iм у ладошкi. Вальс Цыпiнай выконваўся досыць часта на просьбу ўсяе клясы. У часе перапынкаў пачыналася часам такое, што цяжка было паверыць, што гэта дарослыя людзi – танцавалi, дурэлi, станавiлiся ў пiрамiду. Раман Корзюк, бывала, рабiў у паветры сартамартале: неяк раптам, што й ня ўгледзiш, падкiнецца ў паветры i там, угары, нягледзячы на ўвесь свой рост, кульнецца гэтак спрытна i зграбна, што, бывала, ягоная галёша, а то й абедзьве разам, ськiнуўшыся, шыбуюць куды-небудзь у вакно цi ў сьцяну. Толькi блiсьне ў паветры голая пятка.

Скончылiся заняткi i дзяўчаты, перш чым пайсьцi ў манастыр, падыходзяць яшчэ раз да дошкi загадаў, каб больш уважлiва разгледзiць загад дырэктара. Iдучы па карыдоры, яны сустрэлi бабульку, якая ўчора заходзiла да iх. Яна пазнала дзяўчат i, як да сваiх, загаварыла. У яе была ўсё тая-ж, знаёмая дзяўчатам торбачка-кайстра.

– Была, дзеткi, у самога дырэктара. Нi мычыць, нi целiцца. I так i сяк, а праўды не гавора. Па ўсiм бачу – ведае, ды ня хоча гаварыць. Так i не сказаў нiчога.

– Куды-ж вы цяпер iдзеце?

– Шукаю Гiнзбурга. Мой Мiкола жыў з iм разам у тырнацi i можа што ведае ён. Гэта мне падказалi добрыя людзi схадзiць да яго.

– Ну, як знаеце, цётка! Пашукайце Гiнзбурга, але й Гiнзбург, здаецца, цi ня згiнуў ужо! – з апошнiмi словамi Дзiчкоўская зьвярнулася не да бабкi, а да Розы Шкляр, якая добра ведала Гiнзбурга, студэнта з гiстарычнага адзьдзяленьня. Шкляр, у знак пацьверджаньня, кiўнула галавой. Дзяўчаты памахалi бабцы i яна пасунулася некуды далей. Жанчына з распранальнi доўга ня спушчала з яе вачэй, але не затрымлiвала, як калiсцi Корзюка, i ня чынiла ёй нiякiх прыкрасьцяў, хоць на нагах у бабулi было нямала гразi.

На вялiкае зьдзiўленьне дзяўчат, загад дырэктара аб звальненьнi з iнстытуту Корзюка i Камоцкай быў ужо зьняты з дошкi. Што-б гэта азначала? Павiсеў колькi гадзiн i ўжо зьнялi? Раней такiя загады вiселi па тыдню i болей.

З такой загадкай дзяўчаты пераступiлi парог свайго манастыра.

16

Дырэктар iнстытуту Мэльцэр меў у сябе ў габiнэце важную нараду з сакратаром партарганiзацыi. На гэтую нараду больш нiкога не запрашаў – яна была строга сакрэтнай. Сваю сакратарку Мэльцэр адаслаў дахаты, хоць яна й была ўтаямнiчаная ў справы канцэлярыi. Выходзячы, як-бы абражаная, яна зьдзiўлена паглядзела на дырэктара, якому й самому было нязручна за свой учынак. Такi ўчынак тлумачыўся тым, што на нарадзе стаўлялася пытаньне аб iм самiм. Паставiў-жа яго сам сакратар партарганiзацыi iнстытуту. Вытварылася дзiўная сытуацыя: у сваiм собскiм габiнэце дырэктар iнстытуту ня чуўся гаспадаром i з страхам чакаў, якую пазыцыю зойме ў ягонай справе сакратар, як фактычна вышэйшая сiла ў iнстытуце. А справа тая стаяла гэтак, што яе нiкуды iнакш не павернеш: быць або ня быць. Дырэктар даўно i не аднойчы абвiнавачваўся ў апартунiзме, "мякка кажучы", як зазначаў заўсёды сакратар партарганiзацыi.

– Таварыш дырэктар, дазвольце пачаць нашую гутарку ўжо не з апартунiзму, адразу ўзьняў свой голас сакратар, седзячы за дырэктарскiм сталом. Апартунiзм – гэта нiякае слова! Тут нешта куды большае! Барацьбу за камунiстычнае выхаваньне мы прайграем, таварыш дырэктар! Ускладзеныя на нас абавязкi мы ня выконваем! Скажу канкрэтна – моладзь у нашым iнстытуце расьце ня туды! Вы калi-небудзь думалi над гэтым? Цi вы толькi зацiкаўленыя хатнiм, прыватным выхаваньнем сваiх дзяцей? А iнстытут для вас – толькi месца, дзе вы выкладаеце гiстарычны матэрыялiзм? Для сваiх дзяцей вы знайшлi i нямецкага i ангельскага настаўнiкаў, а хто-ж будзе настаўнiкам для тых маладых людзей, якiя знаходзяцца пад вашай высокай апекай? Думаеце, выплачваць дзяржаўную стыпэндыю студэнтам – гэта i ўсё? Вы прыслухалiся калi-небудзь хоць на хвiлiну да таго прытоенага гулу, якi нарастае з кажным днём у сьценах, якiя мы называем савецкiм iнстытутам? Мы выкладаем i гiстарычны i дыялектычны матэрыялiзм, мы выкладаем ленiнiзм, гiсторыю партыi, гiсторыю народаў СССР, пэдагогiку й пэдалёгiю i шмат чаго iншага, а зойдзе да нас, скажам, якая-небудзь бабулька, паходзiць тут, мiж намi, якiх з пару дзён i ўсяму нашаму камунiстычнаму выхаваньню – канец! Прабуджаюцца такiя цёмныя сiлы, вымерыць якiя адной толькi гэтак званай кантррэвалюцыяй немагчыма. Той шаблёнчык "кантррэвалюцыi", якiм мы карыстаемся, каб акрэсьлiць iндувiдуалiстычную стыхiю, нiчога ня варты.

– Выбачайце, таварыш сакратар партарганiзацыi, вы самi карыстаецеся гэтым шаблёнчыкам.

– Я ўсьведамляю ягоную нiкчэмнасьць! Рэвалюцыя хутка абяртаецца ў кантррэвалюцыю, калi яна не забясьпечаная хлебам, у iмя якога яна паўстала. Гэта можа й вульгарна, але гэта так. I тут назаву вам канкрэтны факт – вы не забясьпечылi сваю ўстанову хлебам!

– Забясьпячэньне хлебам – гэта такi-ж мой, колькi i ваш абавязак. Але, сапраўды, не адзiным хлебам жыў чалавек. Накармеце вы хлебам галодных, i яны прададуць рэвалюцыю, якую яны рабiлi, калi былi галодныя.

– Таварыш дырэктар, у дыялектыку тут гуляць няма чаго! Вашыя студэнты ня толькi бяз хлеба, а й бяз зупы. Вы былi калi-небудзь у студэнцкай сталовай? Не? Ну вось бачаце! Вы пацiкавiлiся iнтэрнатамi? Вы ведаеце, як i чым жывуць там людзi? Адзiн толькi, скажам, лiст, атрыманы нашым студэнтам ад бацькоў з вёскi, у якiм тыя скардзяцца на недаед, i прачытаны сябром, хавае ў сабе такую эмацыянальную сiлу, што здольны пераставiць цi аднаму мазгi. Аднаго такога лiста досыць, каб скасаваць усе нашыя вячэрнiя палiтзаняткi, на якiя, дарэчы, нiхто ня хоча хадзiць. Такiя заняткi – толькi праформа.

– Таварыш сакратар партарганiзацыi, тое, аб чым вы гаворыце, тычыцца болей вас, чым мяне. Палiтычным выхаваньнем кiруеце вы, а не я, i вам не выпадала-б тут чытаць мне натацыi.

Мэльцэр пасьмялеў i перайшоў у наступленьне пасьля таго, як ён упэўнiўся, што сакратар ня ставiць адкрыта пытаньня, быць цi ня быць яму на становiшчы дырэктара iнстытуту. Гэтага дырэктар як найболей баяўся. Аднак сакратар, раздражнёны рэплiкай дырэктара, перайшоў у парыве гневу да контратакi:

– Згаджаюся, палiтычнае выхаваньне перш за ўсё тычыцца мяне, але я скажу вам зараз проста ў вочы – з такiм дырэктарам, як вы, я працаваць не магу! I не магу адказваць за палiтыка-маральнае выхаваньне, за ўзровень яго ў нашым iнстытуце! Я не зьбiраюся дзеля вас несьцi кару! Як дырэктар, вы проста не аказалiся на вышынi. Вам мусiць быць сорамна, што вашаю ўстановаю апякуюцца найболей органы дзяржаўнай бясьпекi.

– Гэтай апекi, як бачна, захацелi вы i толькi ўзвальваеце вiну на мяне.

– Як-бы там нi было, факт застаецца фактам. Загадамi аб звальненьнi вы не застрахуеце сябе i не паднiмiце мараль у студэнтаў. Прабачце, вы й тыя загады пiшаце пад дыктоўку ўсё таго-ж шэфа. Пiшаце, а потым праз некалькi гадзiн адменьваеце па званку вашага апякуна. Дарэчы, чаму вы анулявалi загад аб звальненьнi з iнстытуту Корзюка i Камоцкай?

– Мне загадалi гэта зрабiць.

– Хто?

– Органы, як вы насьмешлiва называеце iх. Камоцкая яшчэ не асуджаная i я ня меў права яе звальняць да суда, а Корзюк нямаведама дзе. Я можа й сапраўды пасьпяшаўся з iмi.

– Хачу найперш зазначыць, што перад "органамi" я ня дрыжу, як вы, i не страхуюся перад iмi, я не баюся iх, бо ня маю грахоў i, значыцца, ставiцца да iх зьняважлiва або поўзаць перад iмi ў мяне няма нiякiх падставаў. Яны выконваюць сваю функцыю, як мы мусiм выконваць сваю. А вы, таварыш дырэктар, перадалi свае функцыi вашаму шэфу!

– Цi не даволi-б вам тут прыцiскаць мяне? Я не хлапчук вам, а, здаецца, трошкi старэйшы за вас бальшавiк! Вы, а не я стварылi штучную атмасфэру кантррэвалюцыi ў iнстытуце! Хто, як ня вы, з трыбуны нядаўна пагражалi й заклiкалi шукаць усюды ворагаў, знаходзiць iх там, дзе можа iх i няма. Вы наэлектрызавалi атмасфэру, расьпяклi яе да таго, што ў такiх умовах я й сапраўды не магу выконваць сваiх абавязкаў. I прызнаюся – я баюся НКВД таму, што вы туды ходзiце! Вы зайшлi калi-небудзь да мяне перад тым, як iсьцi туды? Не! Цяпер насьмiхаецеся, што я дрыжу. I калi гаварыць тут праўду перашкаджаеце працаваць мне – вы!

Дырэктар, раззлаваны, падняўся з крэсла i пачаў бегаць па сваiм габiнэце. Ад таго, што габiнэт быў занадта малым, усяго некалькi крокаў удоўжкi, дырэктар часта павяртаўся i выглядала, што ён топчыцца на месцы, натыкаючыся то на адну, то на другую сьцяну.

Сакратар партарганiзацыi спакойна назiраў за iм.

– Адно тое, што памiж намi няма паразуменьня, ужо пагражае нам абаiм. Прашу зразумець гэта. Што-ж тычыцца вашага закiду, скажу – я, як мага абараняю нашую ўстанову там! Прапаную – працаваць разам, пановаму.

Сакратар працягнуў руку Мэльцару. Той падаў сваю, i гутарка памiж iмi была ўжо больш лагоднай.

– Маю колькi канкрэтных прапановаў. Абавязкава – выкладаць пабеларуску! Чаму гэта важна? Наш шэф абвiнавачвае нас за нацыяналiстычныя настроi сярод нашай моладзi. Каб такiх настрояў ня было, мы павiнны задаволiць законныя нацыянальныя запатрабаваньнi беларускай моладзi. Мы працуем у больш складаных умовах, чым нашы расейскiя таварышы, дзе нацыянальнага пытаньня фактычна не iснуе. Далей – нашае, так сказаць, пагранiчнае палажэньне! Мы ў падсуседзях у капiталiстычнага сьвету. Гэты сьвет заўсёды будзе правакаваць, уплываць на нас i шкодзiць нам. Не забывайма Польшчы. Мы працуем там, у Заходняй Беларусi, i што тычыцца беларускага пытаньня мы мусiм быць у гэтым сэньсе прыкладам для нашых заходнiх братоў, прыцягальнай сiлай!

Сакратар партарганiзацыi на момант спынiўся i, пазiраючы ў вочы дырэктару, дадаў:

– Таварыш дырэктар, давайце працаваць так, каб у нас ня было нiводнага арыштаванага!

– Згода, калi гэта будзе залежыць толькi ад нас.

Дырэктар быў нямала зьдзiўлены хлапецкай наiўнасьцяй сакратара партарганiзацыi.

17

Неверагоднае бывае верагодным. Ёсьць людзi, якiя мала, а то й зусiм ня турбуюцца за свой лёс, iдуць наўпрасткi, куды iх вядзе iхнае хаценьне, i толькi дзiву даешся, як выносiць iх нейкая няведамая сiла з самых неверагодных абставiнаў. Гэта заюшаныя людзi, i можа найшчасьлiвейшыя ў сьвеце. Здаецца, што не яны самi аб сабе дбаюць, а нехта iншы вядзе iх, i яны праходзяць роўна гэтулькi, колькi iм адведзена. Падобных людзей нагадваў сабою i Раман Корзюк. Iдучы ў Польшчу, Корзюк ведаў, што ён не застанецца там, але ўсё-ткi йшоў, як-бы яго хто пхаў туды. Прывёўшы сям'ю ў Польшчу, ён лiчыў, што сваё заданьне ён выканаў, i, такiм парадкам, пачуваў сябе свабодным. Сям'я яго ўжо больш ня зьвязвала. I Корзюк захацеў, – ня вырашыў, а захацеў – пайсьцi назад. Гэтае хаценьне было нагэтулькi вялiкае, што нават аднае лiшняе гадзiны ён не хацеў заставацца ў Польшчы. Ён, канешне, i ня думаў складаць нейкую ахвяру на аўтар Польшчы, як таго дамагаўся польскi чын. Сваёй ахвярнасьцяй Корзюк не хацеў здабываць сабе ласкi. Польскi чын спадабаўся яму сваёй высокай iдэйнасьцяй, але ён-жа стаўся i вялiкiм дакорам для яго. Калi высокi польскi чын загаварыў аб гераiзме польскiх сыноў i дачок, якiя зьвеку гатовыя ахвяраваць сабой, каб толькi жыла iхная бацькаўшчына, Корзюка ашаламiла раптоўная думка: ён здраднiк свае радзiмы. Польскi чын, здавалася, хацеў i падказаць Раману гэткую думку, i не зрабiў гэтага толькi дзеля далiкатнасьцi. Нiколi раней Раману i ў голаў ня прыходзiла думка, што перабегчы – значыць, здрадзiць. Раман баяўся гэтага слова. Ён ня шукаў тут для сябе ратунку, ён ратаваў толькi iншых. А цяпер выходзiць, што ён уцёк, пабаяўся небясьпекi, уцёк дзеля сваёй собскай выгады, таму толькi, што яго абвiнавачваюць у нейкай кантррэвалюцыi, у прыналежнасьцi да арганiзацыi, аб iснаваньнi якой ён даведаўся толькi ад сьледчага. Не пасьпелi яму паказаць недарэчныя наганы, як ён адчуў сябе вiнаватым, злоўленым, пабаяўся арышту, паддаўся Кандраценю, пакiнуў навуку, пакiнуў усё, каб толькi зьберагчыся. Якi-ж ён кулак i дзе ягоная кулацкая шырыня, якой ён хвалiўся перад самiм сабою? Сабака, i той не пакiдае свае будкi, здыхае на двары гаспадара, а ня йдзе. А я пайшоў, схаваўся. Студэнт, называецца! Тое "пане студэньце", з якiм падкрэсьлена ветлiва зьвяртаўся да яго польскi чын, набыло цяпер для Рамана сэнс напамiнку пра абавязкi студэнта. Якi-ж я студэнт? Студэнт – гэта iдэальнае слова. Я плямлю яго. Студэнт i перабежчык-здраднiк у ваднэй асобе ня могуць зьмясьцiцца. Студэнт – гэта ўсё-ткi сымбаль рэвалюцыйнасьцi, а ня толькi аднэй панскай далiкатнасьцi. Студэнт – гэта Сiбiр, i Сiбiру сапраўдныя студэнты нiколi не баялiся.

Раману пашчасьцiла. Польскiя ўлады абыйшлiся з iм добра – адпусьцiлi яго. Нават паклапацiлiся аб тым, каб ён ня трапiў у рукi сваiм, перакiнулi ў Латвiю, каб ужо адтуль выпхнуць на ўсход. Чаму палякi абралi для яго такi шлях, Раману невядома было. Праваднiк-жа казаў, што летувiская гранiца сьцеражэцца ня так пiльна, летувiсы не бягуць у Савецкi саюз так, як бягуць беларусы з Польшчы. Дык для Раманавай бясьпекi i было вырашана пераходзiць мяжу там. Рамана ўсё-ткi зьдзiўляла, чаму так прыхiльна паставiлiся да яго палякi? Але й на гэтае Раманава недаўменьне даў адказ на дзiва гаваркi праваднiк, – Раман, мусiць, спадабаўся палякам, казаў ён, i яны спадзяюцца мець у яго асобе свайго чалавека за кардонам.

– Польская дэфэнзыва, пане мой, нiчым ня кiдаецца, – закончыў ён, сьмяючыся. – Можа калi й пан спатрэбiцца нам.

Перажыў Раман i часiну сьмяротнага страху. Быў адзiн мамэнт, калi Раман падумаў, што праваднiк-паляк хоча з iм раськвiтацца. Патое, думаў ён, палякi й выдумалi такую вандроўку.

Зьлезьлi ноччу з цягнiка недзе на глухiм паўстанку. Да гранiцы, як казаў праваднiк, заставалася яшчэ з пару кiлямэтраў. Трэба было прайсьцi дужа камянiстую, глухую i дзiкую мясцовасьць. Нiякiх сялiбаў нiдзе ня было. Iшлi не гамонячы. Неўзабаве наткнулiся на нейкую будынiну. Зайшлi. Сьвятла ня было. Паляк прывiтаўся палетувiску. Яму адказала на гэтай-жа мове жанчына, па голасу – маладая. Раман нiчога ня мог разгледзець у цямрынi, застаючыся стаяць ля парогу. Пасьля кароткай гаворкi, жанчына затупацела, i хутка ў кутку засьвяцiлася газоўка. Раман аж аслупянеў: насупраць сябе ён пабачыў не жанчыну, а падлетка гадоў чатырнаццацi. Гэта так няпрыемна ўразiла Рамана, што яму ўсё здалося тут падазроным, няпэўным i небясьпечным. Агледзеўшыся, Раман заўважыў, што ў хаце няма нiводнага вакна, цi можа яму так здалося. У кажным разе адчуваньне было – быццам ты ў падвале. Праваднiк сiгнуў наперад i сеў за маленькi столiк, запрасiўшы й Рамана.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю