355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Масей Седнев » Раман Корзюк (на белорусском языке) » Текст книги (страница 4)
Раман Корзюк (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 10 октября 2016, 02:38

Текст книги "Раман Корзюк (на белорусском языке)"


Автор книги: Масей Седнев



сообщить о нарушении

Текущая страница: 4 (всего у книги 18 страниц)

Ларыса адчула, што адбылося нешта нязвычайнае. Колькiмi днямi пазьней яна пераканалася, што яна страцiла Рамана. Ня гледзячы на боль, спрычынены адыходам Рамана, Ларысе стала лягчэй, ейныя дачыненьнi да Рамана сталiся больш свабоднымi. Замест варожасьцi, Раман выклiкаў у яе спагаду, i ўжо шкадуючы, а не кахаючы Рамана, Ларыса ўсё-ж не магла канчальна адыйсьцi ад яго. Набiвалася, пападалася яму часта на вочы. Гэта Раман успрыймаў пасвойму i вычуваў перад ёю нейкую сваю вiну.

Пра гiсторыю Раманавага каханьня Валя Камоцкая добра ведала й сама, але Раман, як назнарок, расказаў ёй усё, як на споведзi, хоць такой споведзi Валя ад яго й не патрабавала. I невядома было – цi Раман хвалiўся, цi хацеў пераканаць Валю, што Ларыса яго нiколi ня цiкавiла. Споведзь у яго выходзiла ненатуральна, i Камоцкая папрасiла яго нiколi не гаварыць на гэтую тэму.

Неўзабаве прыйшла з кiно й Ларыса. Валя дапытлiва зiрнула на яе, ня выяўляючы да яе, аднак, нiякай няпрыхiльнасьцi, Роза Шкляр – тут, як тут пасьпела першая прыткнуць своё слоўка:

– Дзе-ж гэта твой кавалер? З хаты забраў, а ў хату ня прывёў. Фу! Цi можа баiцца паказацца на вочы?

Ларыса спакойна, сумнымi вачыма паглядзела на Розу Шкляр i нiчога не сказала ў адказ, а Валя Камоцкая, налiваючы сабе ў шлянку гарбаты, прапанавала й Ларысе.

– Дзякую, Валя, неяк ня хочацца.

– Выпi кубачак – галодная-ж, ведаю.

– Ну, калi ты просiш – вып'ю.

Валя й Ларыса моўчкi пiлi гарбату, а Роза Шкляр, зьбiтая няўдачай завязаць вайну, памулiла да свайго ложку. Яе асаблiва зьбянтэжыла, што Валя нi словам не адгукнулася на ейны шантаж. За сьпiною Розы Шкляр многазначна пераглянулiся Лагоўская з Аўсеевай. Лагоўская, угадваючы ў хаце замiрэньне, надзела сваё пэнснэ i лягла ў ложак чытаць, накрыўшыся белым, як сьнег, прасьцiрадлам.

Неяк боязна было глядзець на яе збоку: маленькi, сухi i паморшчаны лоб пудраю бялеў, як i прасьцiрадла, нагадваючы сабой лоб нябожчыка, у той час як на кароценькiм абгрызеным носе грала ўсiмi спэктрамi ў залатой аправе пэнснэ.

Валя ўсё хацела загаварыць з Ларысай, але не магла, iм абедзьвюм было нязручна ад таго, што яны маўчаць, i яны толькi гучна сёрбалi гарбату, пакуль ня кончылi, а калi кончылi – зацятае маўчаньне было немагчымым.

– Раман пайшоў дахаты? – азвалася першай Валя.

– Я ня бачыла яго, як разьвiталася з iм, iдучы яшчэ ў кiно.

– Дык ты ня была разам з iм?

– Не. На Савецкай ён павярнуў на Ўрыцкага, мала ня ўцякаючы ад мяне. Наогул ён...

Валя як-бы й абрадвалася, але ў яе зьявiлася i iншае – страх за Рамана. Ёй хацелася бегчы ратаваць Рамана, але яна ня ведала, куды бегчы. Сэрцам яна чула, што яго цяпер няма ў хаце. Гэта павёў яго некуды "дзядзька". Патое ён i прыходзiў учора, каб павесьцi яго i згубiць. Чаму я не зьберагла яго ад яго? Напэўна, Раман шукаў мяне, а я ўсхадзiлася з гэтым сьледствам i ўсё страцiла.

Апошняй прыйшла ў манастыр Оля Дзiчкоўская, радасная, рашчырванелая, з зiхатлiвымi вачыма.

Было позна i ўсе ўжо спалi ў манастыры. Зьняможаная, спала й Валя Камоцкая. Толькi-ж праз сон, як-бы iз самога сну, увесь час тырчэлi два дулы нагана, а з iх абодвых – адным вокам з кожнага – глядзiць на яе "дзядзька" Рамана, цэлiцца i вось-вось стрэлiць у яе, яна хоча адхiнуцца ды ня можа, нарэшце хоча заплюшчыць вочы, але першы раз у жыцьцi й гэтага ня можа зрабiць. З крыкам i ў страху прачнулася... За вакном, высока ў небе, плыў месяц, бокам рэзаў хмары, падносячы сябе ўсё вышэй, як на машце. Адно вакно было незачыненым, i вецер выдзьмуў на хату белую фiранку i, падтрымлiваючы яе сваiм дыханьнем, як ветразем, паласкаў яе ў месячным сьвятле. Уся ў дзюрачках i ў узорах, фiранка напаўнялася сьвятлом, запальваючыся i патухаючы, калi месяц закрывалi хмары.

А ранiца была самая неспакойная. Усе паўскоквалi з ложкаў у нейкiм страху i недаўменьнi... На вулiцы бесьперастанку крычэлi громкагаварыцелi. Цяжка было ўявiць, што здарылася, пакуль не паадчынялi вокнаў. Словы, зьмешаныя з ветрам, як-бы ўвальвалiся ў хату, як нешта важкое i страшнае... Кiрава... гiдра кантррэвалюцыi... палымянны трыбун... Кострыкаў...

Уключылi i сваё радыё – Кiраў забiты. На вулiцах ня было руху, усё спынiлася. Пустыя, яны нiбыта ўпяршыню паказалi сваё сапраўднае аблiчча. Здавалася, уся краiна ўкленчыла, слухае нязвычайную навiну з затоеным дыханьнем. Быццам адыйшоў найвялiкшы чалавек i таму спынiлася жыцьцё i нiколi зноў бяз гэтага чалавека ня ўзновiцца i так усё навекi й застанецца ў напружаным маўчаньнi. Яно так, мусiць, i было-б, каб праз гэтую зыркую цiшыню не даляталi словы пагрозы за сьмерць вялiкага рэвалюцыянэра, каб ня грозны зварот-просьба да ўсiх, хто слухае шукаць, выяўляць сярод сябе замаскаваных ворагаў, што, карыстаючыся даверам савецкай улады, цiхама выношваюць свае пляны спынiць дывэрсыяй, забойствам i шпiянажам вялiкi поступ сацыялiзму. Але дармо – ворагаў чакае суровая расплата, меч дыктатуры пралетарыяту апусьцiцца на iхныя галовы, караючы па ўсiх правiлах рэвалюцыйнай законнасьцi.

Манастыр прыцiх, кожны з ягоных жыхароў адчуваў сябе тым ворагам, якога зараз-жа выявяць, варта толькi добра прыгледзецца каму-небудзь. Кожны апушчаў вочы, каб не глядзець, адчуваючы сваю вiну ў тым, што адбылося. А радыё ўсё гаварыла пра здраднiкаў, як-бы ўвесь Савецкi саюз быў населены iмi.

Ды першы мамэнт скамянеласьцi i грознай цiшынi прайшоў, наступiў мамэнт не заалягiчнага, а ўсьвядомленага страху, рух узнавiўся, людзi, спыненыя, зноў пайшлi, быццам нехта магутны, стоячы за сьпiною цэлага народу, сьцёбнуў па iм вялiзманай пугай i, узьнiмаючы яе яшчэ вышэй для наступнага ўдару, затрымаў яе над галавой, i кожны баяўся, што вiда-вiда гэта пуга ўдарыць па iм.

У манастыры ўсе маўчалi, каб не сказаць лiшняга. Гэтая нямая сцэна цягнулася-б невядома дакуль, каб ня Оля Дзiчкоўская.

– Ну, чаго стушавалiся? Дзе-ж вашая рэвалюцыйная загартаванасьць? Сорамна, дзяўчаты! Гайда на заняткi!

Дзiчкоўская вярнула жыхаром манастыра страчаную было iмi здольнасьць нармальнага ўспрыняцьця рэчаiснасьцi.

У дзявочы пакой увайшоў загадчык гаспадарчай часткай iнстытуту з клеем i палоскамi паперы, папрасiў паклеiць усе шыбы накрыж – будзе недалёка выбух.

Заняткi ў iнстытуце пачалiся пазьней, як звычайна. А дзесятай гадзiне студэнты сабралiся ў Актавай салi iнстытуту на сход. Сход доўга не адчыняўся, у салi расло напружаньне.

Нарэшце, на трыбуне зьявiўся сакратар партарганiзацыi.

– Таварышы, вы ведаеце, што адбылося... Кантррэвалюцыя нацэлiлася ў самае сьвятое сьвятых – у нашых правадыроў i вырвала здрадлiвым стрэлам з нашых шэрагаў. аднаго з самых выдатных бальшавiкоў – Сяргея Мiронавiча Кiрава. Мiжнародная кантррэвалюцыя, ня здолеўшы перамагчы нас на фронтох, подлым подступам дабралася да габiнэту аднаго з перадавых правадыроў камунiстычнай партыi. Ганьба нам (сакратар узвысiў голас), калi мiжнародная кантррэвалюцыя знайшла сярод нас сабе апору ў асобе брыдкага стварэньня, iмя якому Нiкалаеў. Мiжнародная кантррэвалюцыя адабрала ад нас шляхетную асобу, натхнiцеля сацыялiстычнага будаўнiцтва – Сяргея Мiронавiча Кiрава. Значыць, мы забылi аб асноўным законе рэвалюцыi – пiльнасьцi. Таварышы, у нашых студэнцкiх шэрагах ёсьць таксама, павiнны быць, замаскаваныя ворагi. Калi мы ня бачым iх, мы хварэем на сьлепату, а сьлепата, як ведама – самая небясьпечная рэч ува ўмовах клясавага змаганьня. Хоць у нашай краiне i перамог сацыялiзм, вораг яшчэ ня здаўся, шалеючы ад нашых посьпехаў. Ворага трэба дабiць. Шукайма, выяўляйма яго ў нашых шэрагах! Ён тут, сярод нас, будзьма толькi пiльнымi! У iмя нашай рэвалюцыi, заклiкаю вас, таварышы, у гэты адказны момант дапамагчы нам. Канкрэтна называйце ворага па iмю, пад якiм-бы аблiччам ён нi хаваўся... Страху i сораму не павiнна быць месца... Слова за вамi... Я скончыў...

У салi цiшыня, нiхто не зварухнецца, нiхто не адважыцца глянуць, падняць вочы. Як наэлектрызаваныя, студэнты шорхлi ад страху. Загiпнатызаваныя, невiнаватыя, яны нiбыта адчувалi сваю вiну. Нават такая няўрымсьлiвая асоба, як Оля Дзiчкоўская, i тая паддалася гiпнозу. Седзячы на крайнiм крэсьле, яна хацела пакiнуць салю, каб толькi ня чуць прамовы сакратара. Яе скаваў страх, i яна, схiлiўшы галаву, хавалася за сьпiной студэнта, што сядзеў перад ёю. Ды з сцэны ўсе былi добра вiдны, як на далонi. Прэзыдыюм пазiраў на iх строга, сурова, i пад ягоным крытычным позiркам саля корчылася й замiрала.

Падняўся з першага раду камсорг Сьцяпан Мялешка i пайшоў на сцэну. Не сьпяшаючыся, зазiрнуўшы ў вочы сакратару партарганiзацыi, Мялешка падыйшоў да трыбуны, абвёў падсьлепаватымi вачыма ўсю салю, загаварыў:

– Таварышы, правiльна, добра сказаў таварыш партарганiзацыi. Ворага трэба называць канкрэтна, па прозьвiшчу. I я, таварышы, хачу першым назваць тут адно прозьвiшча.

Як зьбiтыя ў гурт у сьпёку авечкi, студэнты ў чаканьнi таго прозьвiшча, затаiлi дыханьне.

– Раман Корзюк, паднiмiцеся!

Корзюк не паднiмаецца. Мялешка шукае яго вачыма, а сьледам за iм павяртаецца i ўся саля, разглядаючыся па бакох, быццам мае падняцца не Раман Корзюк, якога й так шмат хто ведае, а чалавек зусiм нейкi iншы, якога нiхто нiколi ня бачыў i цяпер усе хочуць зiрнуць на яго, пераканацца, цi гэта той, каго толькi што выклiкалi з трыбуны. Але нiхто не паднiмаўся, цiшыня i напружаньне ўзрасталi, саля чакала, што будзе далей.

– Дзе Раман Корзюк? Яшчэ раз прашу падняцца!

Ды ў салi нiхто не паднiмаўся.

– Значыць, няма? Але не схаваецца. Ягонае зьвярынае аблiчча нам добра ведамае. I мы яго ўсюды пазнаем i знойдзем!

Перамянiўшыся ў голасе:

– Валя Камоцкая! Бачу вы тут... Дзе Раман Корзюк?

На ўсю, можна сказаць, мёртвую салю прагучэў голас Валi Камоцкай:

– Аб кожным з нас у вас болей iнфармацыi, чымся ў мяне.

– Вы мала памылiлiся – у нас ёсьць iнфармацыя i пра вас, – уквелены, кiнуў са сцэны Сьцяпан Мялешка. – Таварышы, у той час, як уся нашая краiна перажывае цяжкую страту, зьбiраецца на заводах, фабрыках i ва ўстановах i з ўсёй рашучасьцяй i рэвалюцыйнай чэснасьцяй выяўляе ўсялiкiх масьцей злачынцаў i ворагаў, ёсьць у нас, з – дазволу сказаць, студэнты, якiя хаваюцца, i ня проста хаваюцца, а за нашай сьпiной займаюцца злачыннымi махiнацыямi. Гэтым самым яны самi сябе паставiлi ня толькi вонках нашае грамады, ня толькi самi дэмаскавалi сябе, а й адкрыта сталi на баку нашых ворагаў. I мы маем дачыненьне ня з студэнтам проста, а з... Таварышы, мы доўга вывучалi й займалiся справай Рамана Корзюка. Раман Корзюк – сын кулака. Але гэта яшчэ нiшто. Бацька Рамана Корзюка падняў на ногi ўсю кантррэвалюцыю ў Заслаўшчыне, i пасьля таго, як нiякiя спробы не дапамаглi яму спынiць мерапрыемствы савецкай улады, ён перайшоў да скрайняй формы барацьбы – тэрору. Ягонымi рукамi, цi рукамi ягоных наймiтаў забiты сакратар райкому партыi i старшыня сельсавету. Таварышы, Корзюкаў бацька – гэта зьвяно таго самага ланцугу, якi сваiм другiм канцом дапяў аж да Кiрава.

Саля загаманiла i раздалiся галасы.

– Выгнаць з iнстытуту Рамана Корзюка!

– Арыштаваць Рамана Корзюка!

Псыхоз улёгся, яму быў дадзены выхад, саля зашорхала нагамi, ажыла, нехта падняўся i папрасiў слова, але Мялешка яшчэ ня сунiмаўся, усё гаварыў, размахваючы рукамi.

Валя Камоцкая знайшла ў сабе сiлы падняцца i накiравалася да выхаду. Сьцяпан Малешка праводзiў яе з трыбуны вачыма, аж пакуль яна не зачынiла за сабою дзверы.

У Валiных вушох стала цiха-цiха, гарачыя сьлёзы апяклi ейны твар. На карыдоры нiкога ня было, толькi жанчына з распранальнi правяла яе вачыма аж да самага выйсьця з Галоўнага корпусу.

Праз колькi хвiлiнаў яна была ўжо ў студэнткi Басi Цыпiнай, што жыла тут-жа за манастыром, ля Чыгуначнага маста, на кватэры свае сястры, жонкi другога сакратара ЦК КПБ. Валя ня то што сябравала з Цыпiнай, але любiла часамi заходзiць да яе, паслухаць, як яна грае на раялi, папоркацца ў ейнай бiблiятэцы, пабыць у сям'i (з Цыпiнай жыла i ейная мацi). Асаблiва Валя Камоцкая адчувала патрэбу ў людзях, калi ў яе было нядобра на душы, што-небудзь ня ладзiлася. Адзiным прыстанiшчам для яе тады была кватэра Цыпiнай.

Цыпiны якраз позна сьнедалi й пасадзiлi за стол Валю Камоцкую. Валя нiчога ня брала, адмаўлялася, а калi пачалi яе ўгаварваць, заплакала. У адказ на роспыты, Валя ўсё расказала пра Мялешку i пра выступленьне сакратара партарганiзацыi (Цыпiна на сход не пайшла). Саромячыся сваiх сьлёз, Валя выцерла iх хустачкай i запыталася:

– Адкуль гэта ў вас столькi набiта шкла?

Валя й не заўважыла, што амаль усе шыбы на вулiцу былi выбiты. Бася падвяла Валю да вакна – праз вулiцу, якраз насупраць iхнага дому, ляжала грудай цэглы царква.

– Узарвалi, – растлумачыла Бася.

Валя толькi цяпер здагадалася, для чаго прыносiў у манастыр паперу i клей загадчык гаспадарчай часткай.

Толькi пасьля абеду пачалiся ў iнстытуце заняткi. Валя хацела ня йсьцi, але яе ўгаварыла Цыпiна. Цiха, нiчога не запiсваючы, сядзела Валя за столiкам у першым радзе ад выкладчыка. Можна было падумаць, што яна ўважлiва слухае, але гэта было ня так. Выкладчык дыямату, той самы, якому Корзюк здаваў экзамен, як i заўсёды, тым-жа тонам, з тым-жа выразам у твары, гнусява напамяць цытаваў з Карла Маркса, Энгелса, Ленiна, як-бы й нiчога надзвычайнага ня здарылася, як-бы падзеi для яго зусiм ня тычылiся – нi сходы, нi мiтынгi, нi пагрозы, нi заклiкi. Ён як-бы знаходзiўся паза часам, належыў гiсторыi. Ён быў сапраўды той Кантавай рэччу ў сабе, сутнасьць якой ён цяпер тлумачыў сваiм слухачом. Як-бы не ўсьведамляючы сябе, аднак дакладна фармулюючы свае думкi, прафэсар хадзiў узад i ўперад, спыняючыся то каля аднаго, то другога столiку ў першым радзе, за якiм сядзелi пераважна дзяўчаты. Прафэсар такiм парадкам падыходзячы да Валi, кожны раз машынальна браў двумя пальцамi пасмачку доўгiх ейных валасоў i цягнуў яе ўгору датуль, пакуль пасмачка не канчалася. Пасмачка падала i прафэсар адыходзiў, каб зараз-жа вярнуцца зноў i рабiць тое самае. Гэта не магло ня выклiкаць сьмеху. Даведаўшыся ў чым рэч, прафэсар прасiў Валю прабачыць яму. Валя выбачала яму смутным схiленьнем свае галавы.

На адным з перапынкаў у Малую салю Галоўнага корпусу ўнесьлi труну з целам прафэсара Барычэўскага. У ганаровай варце стаялi студэнты. Пастаяўшы колькi часiнаў перад труной свайго прафэсара, яны, зьмяняючыся, адыходзiлi, каб уступiць месца iншым.

А пятай гадзiне ад Галоўнага корпусу да самай Камароўкi пацягнулася, як дэманстрацыя, пахавальная працэсiя. Наперадзе, адразу перад чорным катафалкам, iнстытуцкая аркестра грала жалобныя мэлёдыi з тугой па вечнасьцi. Валя Камоцкая iшла таксама "хаваць сябе", як яна думала. Да Ваенных могiлак было далёка i гразка. Наперадзе Валi сiгаў выкладчык дыямату, высачэйшы за ўсiх i ў пэнснэ. Задраўшы галаву, як жаўнер на парадзе, ён перастаўляючы ногi, некаму наступаў на пяты. Той "нехта", як вiдаць было, напачатку цярпеў, намагаўся iсьцi хутчэй, але яму ня было як, i ён, нарэшце, як-бы просячы ратунку, азiрнуўся назад – Валя Камоцкая пазнала ў iм Янку Купалу з кастылём на плячы.

7

Не сьпяшаючыся, Валя спушчалася ла сходках з трэцяга паверху ў касу. Якiмi трымя ступенькамi вышэй за ёю цiха клыпаў Сьцяпан Мялешка i з нейкiм затоеным дыханьнем глядзеў на яе ззаду: i ногi, i стан, i сiняя блюзка на ёй страшэнна падабалiся яму. Iдучы за ёю, ён думаў, якая яна ўсё-ткi прыгожая i прывабная. Такой зграбнасьцяй надзялiла яе прырода, што яна мусiла-б быць нечым надзвычайным, а не такой бязьлiтаснай, якою яна ёсьць на самай справе. Але гэта нiколькi не зьмяншала яе вартасьцi ў вачох Мялешкi i ён хацеў яе. Ды ён ведаў, што ён не падабаецца ёй: ён ня прыгожы i ёй не раўня. Але ён, як нiхто, адчувае прыгажосьць, ня так, як Раман – прыгожыя мужчыны ня ўмеюць ацанiць жаночага хараства i ўсяго iхнага прывабства.

Валя адчувала сьпiной, што нехта за ёю iдзе, чакала, што яе хутка абгоняць, але той, хто мусiў-бы ўжо зраўнацца з ёю, нiбы назнарок марудзiў, i Валя аглянулася – толькi тады Мялешка хутка абмiнуў яе.

Да касы стаяла ўжо вялiкая чарга – кожны хацеў атрымаць стыпэндыю хутчэй, тым болей, што сягоньня ўпяршыню за колькi год ува ўсiх крамах сталiцы прадаюць бяз картак хлеб, чорны i белы.

Камоцкая ўсё роўна была-б апошняй, i ў чаргу таму не станавiлася, разглядала кнiжкi на выставе, што была тут-жа, недалёка ад касы. Гэта была пераважна выстаўка мастацкай лiтаратуры: Купала, Колас, Александровiч, Чарот, Галавач. А вось невядомы ёй аўтар Юрка Лявонны iз сваiм зборнiкам "Стала i мужна". Злучнiк "i" яна прачытала не адразу – ён быў некiм замазаны i ў яе выходзiла не "Стала i мужна", а "Стала мужна". Нешта кальнула ў сэрца, нешта азвалася ў нутры трывогай i жарсьцяй. Але гэта ўсё было толькi мiмалётнiм. Валя падыйшла да вялiкага вакна, дзе на падваконьнiку заўсёды клаў паштар лiсты для студэнтаў. Камоцкая нiчога не чакала для сябе, i толькi дзеля цiкавасьцi пачала разглядаць пошту. Аж не паверыла сваiм вачом, калi пабачыла лiст "Корзюку Раману Савоставiчу". Доўга думала, ўзяць, цi не, i пасьля некаторага ваганьня ўткнула лiст у кiшаню, паднялася аж на чацьверты паверх-паддашша, дзе канчалася лесьвiца невялiчкай пляцоўкай i дзе яна, бывала, сядзела з Раманам на крэсьле, невядома кiм прынесеным туды. Тут можна было прачытаць лiст да Рамана. Як выявiлася, пiсаў да яго з Варкуты Мiкола Саланевiч, якога забралi яшчэ ў мiнулым годзе з трэйцяга курсу, быццам за тое, што той абараняў на занятках антымарксысцкую тэорыю аўтагенных вобразаў Пераверзева, згодна якой пiсьменьнiк-спадарожнiк ня можа стацца пралетарскiм пiсьменьнiкам. У прыватнасьцi Саланевiч ня верыў у магчымасьць перабудовы Кузьмы Чорнага: ягоная буржуазна-нацыяналiстычная "аўтагеннасьць" перадалася-б у творы ўсiм персанажам.

Саланевiча арыштавалi ня ў Менску, а ў Прапойску, куды ён паехаў настаўнiчаць, ня скончыўшы iнстытуту. У Прапойску Саланевiч многа пiў, але зьдзiўляў усiх сваiмi нязвычайнымi здольнасьцямi: i ў лiтаратуры, i ў музыцы, i ўва ўсiм чыста, за што нi браўся. Выкладаў у старэйшых клясах дзесяцiгодкi беларускую лiтаратуру, якую добра ведаў i дзеля чаго рэдка калi рыхтаваўся да заняткаў. Аднойчы прадстаўнiкi з раёна i з гаркома партыi захацелi пабываць у Саланевiча на ўроку. Яны зайшлi ў клясу, у часе перапынку, калi Саланевiч быў у настаўнiцкай, i селi ззаду. Саланевiч, нiчога ня ведаючы аб гэтым, п'яны, увайшоў у клясу бяз нiякiх нататак. Угледзеўшы гасьцей, зьбянтэжыўся, але ўсё-ткi паведамiў ня гэтулькi вучням, колькi прадстаўнiком, што гутарка сёньня будзе пра Янку Купалу. Хоць Купалы па раскладу ня было, тым ня менш Саланевiч наважыўся гаварыць мяноўна пра Купалу – свае здольнасьцi выкладчыка i сваю эрудыцыю ён спадзяваўся паказаць на Купалу. Ды не пасьпеў Саланевiч вымавiць i першага сказу "Iван Дамiнiкавiч нарадзi...", як нутро Саланевiча здрадлiва выкiнула на стол, за якiм ён стаяў, усё, што ён выпiў i чым закусiў. У той-жа дзень Саланевiча арыштавалi i накiравалi ў Менск. Цяпер у лiсьце да Корзюка, з якiм яго зьвязвала дружба, Саланевiч прасiў прыслаць яму... гальштук. Саланевiч пiсаў, яму жывецца ў лягеры вельмi добра, што ўсяго з яго хапае, лепей i быць ня можа, толькi вось не стае аднэй дробнай рэчы – гальштука. Спачатку гэтай алегорыi Валя не разумела, а потым з далейшага тэксту лiста здагадалася – гальштук сымбалiзуе сабою самагубства. Значыць, жыве Саланевiч так, што лепей было-б павесiцца. Так дасьцiпна паведамiў Саланевiч аб сваiм жыцьцi-быцьцi на Варкуце.

Камоцкая парвала на дробныя кавалачкi лiст Саланевiча i спусьцiлася ўнiз. Ля касы было толькi некалькi чалавек i Валя стала за iмi. Касiр доўга шукаў у ведамасьцi Валiнага прозьвiшча i ўсё не знаходзiў, а Валя, стоячы ля вакна, думала, што ўжо можа й стыпэндыi няма для яе. Касiр падняўся з крэсла i выйшаў, як ён сказаў, на часiнку ў канцылярыю. Прайшло добрых пяць часiнак, а касiра ўсё ня было, i гэта яшчэ болей стрывожыла Камоцкую. Нарэшце, касiр прыйшоў, сказаў, што ўсё ў парадку i выдаў Камоцкай стыпэндыю, адлiчыўшы пяць рублёў на самаабкладаньне.

Валя Камоцкая не пайшла ў манастыр, а да Басi Цыпiнай. Тая адразу тыцнула ёй лiст ад Рамана i ўпiхнула яе ў сваю спальню, жартлiва зазначыўшы, што яна ня хоча бачыць Валiных сьлёз. А сама стала зачэсваць рыжыя, як полымя, свае доўгiя валасы. Ззаду яны даходзiлi аж да пояса. У люстры вiднелiся Басiны голыя грудзi i шыя, усееныя ўсьцяж няпрыемным, як у курапы, рабацiньнем. Рабацiньне-плямы рухалiся ад кожнага ўзмаху рукi i гралi, як чышуёю. На твары сядзеў здаравяка-нос з вялiкай валасатай бародаўкай на канцы. Адылi гэта не перашкаджала Цыпiнай быць задаволенай сабою, яна расчэсвала i расчэсвала сваю гордасьць – валасы, пiльна ўглядаючыся ў люстра. Радасная i ўсхваляваная, яна чакала з хвiлiны на хвiлiну Петрака Шыракова i канечне хацела, каб ён застаў яе ў такiм выглядзе, найбольш эфэктным паводля ейнага разуменьня.

На парозе паказаўся Пятрок Шыракоў з папкаю пад пахай. Жартлiвая, Бася пабегла да яго, ашчаперыла, пацалавала ў пухлую шчаку, абдаючы яго залацiстым агнём свайго пышнага валосься. Пятрок вызваляўся з рук Цыпiнай, выкручваўся, пакуль не пасыпалiся на падлогу сьпiсаныя аркушы паперы з папкi. Шыракоў ажно быў раззлаваўся, але на просьбу Басi, усё-ткi пацалаваў яе сваёю расьсечанай наўкось губою. Хутка яны расьселiся на дыване, i Шыракоў хацеў быў чытаць Басi сваё новае апавяданьне. Але Бася, паклаўшы свой падбародавiч на плячо Шыракова, перапынiла яго:

– Ты ведаеш, хто ў нас? Ня ведаеш? Мой кавалер. Спалохаўся цябе i схаваўся ў маёй спальнi. Хадзi – пакажу!

Цыпiна пацягнула Петрака за руку ў спальню, а з яе якраз ужо выходзiла Валя Камоцкая.

– Ня выйшла – тваё шчасьце, – сьмяючыся, сказала Бася Петраку i запыталася ў Валi: – Зьбег? Дзе ён? I чаго гэта ён надумаўся пасылаць лiсты на мой адрас?

– Ня ведаю.

– А што ён пiша?

– Нiчога. Тры радкi ўсяго.

– Дзе-ж ён, пытаюся – у бацькоў?

– Ах, ведаеш, Бася, як-жа ён можа быць у бацькоў?

Цыпiна спакмела, што Камоцкая ня хоча гаварыць аб Раману i запрапанавала ёй застацца паслухаць апавяданьне Петрака, але Валя, папрасiўшы прабачэньня, пакiнула iх адных, ведаючы, што калi Цыпiна запрашае – ад запрашэньня трэба адмовiцца.

"Прыедзь, калi можаж i хочаш пабачыць мяне, на тое самае месца, дзе мы былi з табою, як iшлi на Польшчу", – думала Валя аб прачытаных радкох у Раманавым лiсьце, пакiдаючы Цыпiну.

"Прыездзь, калi хочаш i можаш"... Як я магу? Зусiм не магу. Гэта-ж ты добра ведаеш i сам, але просiш. Зьнябыўся, га? Я так i ведала. "Калi можаш"? Магчымасьцi ў мяне нiякай. Ёсьць толькi адно хаценьне.

Камоцкая была рада хоця якой магчымасьцi пабачыцца з Раманам. Учора яна думала, што ўжо страцiла яго, аж тут, во глядзi, знайшоўся i спакушае.

Як-жа мне дабрацца да "таго самага месца"? Тады гэта было проста i лёгка яны йшлi абы йсьцi, абы куды, вясёлыя, абы толькi наперад, праз ноч i цiш, поўныя хаценьня, цягi адзiн да аднаго, то была сапраўды вандроўка "на край начы". Гледзячы на зоры, Раман вёў яе тады "ў Польшчу", i сапраўды, яны дайшлi тады мала не да самай заставы. Цяпер ёй трэба йсьцi аднэй, i яна баялася гэтага кiрунку на Польшчу.

Валя Камоцкая адчула – пахiснулася пад ёю зямля, усё, як назнарок, пайшло наўкрыў i не на ейную карысьць: i тое, што яе дапытвалi ў мiлiцыi, i тое, што Мялешка на сходзе назваў ейнае прозьвiшча, i той галоўны факт, што яна заадно з Раманам, i нават тое, што касiр ня выдаў ёй грошай адразу. Камоцкая адчула, што Раман разьдзелiць лёс Саланевiча, што, апынуўшыся на нейкай сваёй фатальнай дарозе, ён уцягне яе ў сваю арбiту. Усё гэта яна добра ўсьведамляла цяпер, але ведала – няма павароту. Каб нават i былi нейкiя шляхi да адступленьня, яна не павярнула-б на iх. Ёй таксама наканавана сваё, як i Раману. I Камоцкая нават iшла далей – ейны шлях прадбачаны нейкай вышэйшай сiлай, самiм космасам, як i шлях Корзюка. Як i Раман, яна чалавек з мiсiяй. "Нiхто з гранiц сваiх ня выйдзе", – пацяшала яна сябе. Таму сваё прызначэньне яна мусiць споўнiць. У гэтым "споўнiць" былi для Валi i насалода, i боль, i шчасьце. Адно было толькi ў гэтым няўцешлiвае – цi разумее Раман супольнасьць, наканаванасьць ягонай i ейнай долi? Адказ на гэтае пытаньне ў Валi выходзiў часта адмоўным. I яшчэ было адно балючае месца: гатовая "споўнiць", спаўняючы ўжо сваю "долю", Валя не магла споўнiць практычна-зямнога хаценьня сваiх бацькоў: выйсьцi ў людзi праз навуку. Не магла, бо навука ня йшла ў пары з ёю, з ейнаю "доляй", дый навука – гэта няшчасьце: каб яна сядзела ў бацькоў на зямлi, не пайшла ў гэтую навуку, усё можа пайшло-б паiншаму, хоць яна й усьведамляла, што ўжо й тая зямля перакуленая дагары i болей не ратуе, што ў спакойны быт зямлi ўварвалася грозная, разбуральная сiла. Адвеку чамусьцi так на нашай зямлi, што людзi, якiя йшлi ў навуку для сябе й зямлi свае, толькi цярпелi ад навукi. Яна ня была нiколi такой разгубленай, нiколi не паддавалася сваёй збытнасьцi, усе ейныя практычныя здольнасьцi пакiнулi яе i яна нат радая была паддацца нейкаму свайму вышэйшаму прызначэньню. Такi настрой у яе пачаўся, калi яна йшла "хаваць сябе" на Ваенныя могiлкi.

"Прыдзi, калi хочаш i можаш пабачыць мяне". Помнiш нашае "трошачкi"? сьвяцiлiся ў Валiнай душы словы Раманавых запросiнаў.

8

Вярстох у трох ад савецка-польскай мяжы тулiўся да лесу аднэй сваёю хатай i вялiкай стадолаю хутар Баранкевiча. Гаспадара з сямёю некуды выслалi, як кулака, а на яго месца пасадзiлi многадзетнага бедняка Шаркевiча, даўняга прыяцеля Генадзя Кандраценi. З Шаркевiча гаспадар быў неважнецкi, але сельсавет, вiдавочна, не кiраваўся гаспадарскiмi якасьцямi Шаркевiча, i надзялiў яго гэтым хутарам з нейкiх iншых меркаваньняў. Гэтак i апынуўся Шаркевiч нечакана для сябе на гэтым аселiшчы з сваёю вялiкай сям'ёй – з дзьвюма дарослымi дачкамi i з драбязой-падлеткамi, голымi i абдзёртымi. Ведама, бяз маткi. Гультаяватыя, як i бацька, дарослыя дочкi ня дбалi пра меншых, глядзелi толькi самых сябе. Параўнаўча вялiкая хата Баранкевiча была разьдзеленая на чатыры пакоi-каморкi, якiя й зьмясьцiлi ўсю сям'ю Шаркевiча. На гэтую сялiбу i прывёў уначы Кандраценя Рамана Корзюка.

Шаркевiчы i палавiны не сабралi з поля таго, што пасееў быў колiшнi гаспадар Баранкевiч: няскошаная сенажаць ляжала пажоўклай, а перасьпелае жыта ўпала крыччу, – Шаркевiч казаў, што яно было ўжо перасьпелым i высыпалася, калi ён перабiраўся на хутар. Затое Шаркевiчы накапалi сабе на зiму бульбы, насеклi капусты, нарылi буракоў, а мяса пасьвiлася на полi – цэлы гурт зьдзiчалых авечак. Быў конь i карова. Усё гэта дасталася Шаркевiчу дарма. Цэлая раскоша была тут Шаркевiчам.

Хоць было ўжо запоўнач, калi Генадзь з Раманам прыйшлi на хутар, хата ўсё яшчэ сьвяцiлася адным сваiм вакенцам. Сьвятло яны заўважылi толькi тады, калi бралiся за клямку. Дзьверы былi не на засове, i Генадзь увайшоў з Раманам ня стукаючыся.

За вялiкай старою пiянiнай, у кутку, пры газоўцы, сядзеў, як потым выявiлася, п'яны Шаркевiч i сьмяяўся з маладога ката, што асьцярожна хадзiў па клявiшах, нацiскаючы на iх сваiмi лапкамi, i палохаўся, калi клявiшы адзывалiся. Гэта, вiдаць, падабалася Шаркевiчу, i ён вяртаў ката зноў хадзiць па клявiятуры, забаўляючыся кацiнай iмправiзацыяй. З гасьцьмi прывiтаўся неяк ненатуральна шумна, апёкшы Рамана як незнаёмага затоеным бляскам сваiх вачэй.

– Ага, ведаю, ведаю... Добра, добра! Пагаворым потым. Цяперка позна ўжо, трэба класьцiся спаць... Заседзеўся во... Дрынзы-брынзы пад кустом, накрывай... лiстом, – сьпяваў нешта сабе пад нос Шаркевiч. – Ну, як у цябе ўсё, Кандрацiк мой залаценькi? У мяне дык расход з барышом на адным полазе едуць... Дзе будзеш спаць, гэй ты (ён ляпнуў па плячы Рамана)? Пойдзеш да бацькi на сена, цi да дзявок?

З каморкi выглянула на кухню цупкая дачка Шаркевiча, засланяючы ночнай сарочкай грудзi.

– Я табе пакажуся! Га, якая! Брысь!

Раман пайшоў у стадолу да бацькi. Яго завёў туды Шаркевiч, аддаючы на рукi "бадзяку", як ён назваў Рамана, тармозячы за плячо старога Корзюка. Вярнуўшыся ў хату, Шаркевiч распачаў з Генадзем гаворку, налiваючы яму чарку за чаркай гарэлкi.

– Дык, кажаш, хочыш перакiнуць iх туды? Як гэта зрабiць, я й сам ня ведаю. Сплавiў туды не аднаго, i як канцы ў воду... Але цяперака... Цяперака, глядзi, я й Шмэрку не таварыш. Вунь колькi ўсяго маю. Няхай сабе яно й чужое... Тымчасам я спажываю. Дык ня хочацца неяк на ражон лезьцi.

– Памажы яшчэ трохi, пан Шаркевiч, цярпеньню нашаму прыйдзе хутка канец ня сяньня, дык заўтра выбухне вайнiшча. Запануем, дальбог, i зап'ема тады! А за сваё атрымаеш, колькi скажаш, дармо, што разбагацеў, кажаш.

– Хай яны спрахнуць грошы – ня хочу! Здаецца, на мой сьлед натрапiлi ўжо. Во-во, ляпне пастка. Чуе сэрца.

– Ня бойся, пане Шаркевiч. Хiба ты ўжо ня верыш мне? Скажы, Кандраценя падвёў цябе калi? Ня бойся, кажу, у мяне ўсе тут у кiшанi... да самага начальнiка пагранзаставы! Ня верыш? Хочаш, нiводнага пагранiчнiка ня будзе там, дзе ты будзеш пераходзiць. Адцягну! Разумееш? Хоць пры тваёй спрытнасьцi й розуме табе гэтага й ня трэба. Ты-ж сам калiсь казаў, што ўдача дружыць з табою толькi тады, калi ёсьць рызыка. А тут, браце, канечне-ж, не бяз рызыкi. Ну, дык i што?

– А ўжо-ж, няхай будзе й так, – закiльзаў, не адчэпiшся. Позна мне каiцца.

– Ну вось што ўздумаў! Цi выпiў зашмат?.. Трэба-ж пашкадаваць людзей. Ведаеш, як смачна хавацца чалавеку. У сене век не праляжыш. Трэба калi-небудзь i вылазiць. А куды вылезеш? За забойства – забойства! Сам ведаеш. Прывёў табе й сына. Бачыш якi! Гэты махне праз тваю гранiцу, як праз плот. Клопату з iм ня будзеш мець. Вось толькi, як вычапiць iхную мацi з дачкою? Вось пра гэта падумай. А гранiца – глупства!

– Хто iх там сьцеражэ гэтак у iхнай хаце? Дурныя, дык i сядзяць павалачэмся во зараз i забярэм! НКВД ужо, я думаю, паехала. А сьцерагуць для прычэльля толькi. Бяз вiнтовак i, пэўна-ж, свае людзi. Якая гэта стража?

Загаманiлi пад вокнамi сосны, дасюль яны маўчалi, як-бы падслухоўваючы гутарку ў хаце, а мо' гэта толькi яны азвалiся пад восеньскi ранак сваiм затоеным шумам? За перагародкаю, як конi ў хляве, стукалi нагамi сонныя дзецi. Кандраценя й Шаркевiч, устрывожаныя шумам сосен, вышлi на двор пераканацца, цi ў гомане хвояў ня было сапраўды чаго-небудзь трывожнага, цi цiшыня, парушаная гоманам сосен, была надзейнаю цiшынёю. Шаркевiч i Кандраценя прывыклi ня верыць цiшынi, што залягла на колькi кiлямэтраў памiж двума бакамi – гэным i тым. Не, гэта ненадзейная i як-бы чалавекам штучна створаная цiшыня. Сама прырода недаверлiва прыслухоўваецца й рэагуе пасвойму на яе, заўсёды папераджае цябе аб небясьпецы, калi ты толькi заадно з прыродаю i ўмееш разгадваць яе. Кожны рух, трэск, павеў, моўкнасьць i грук – гэта ўмоўны для цябе знак. Хутар Баранкевiча – хатаю, стадолаю, соснамi, авечкамi ў хляве i коньмi – настаўляў вушы i разгадваў цiшыню, перасейваючы яе на сiце недаверу. Вушы хутару Баранкевiча, яшчэ ў часы свайго першага гаспадара, навучылiся рапартаваць ня толькi аб тым, што дзеецца на гэтым баку, а й хапалi той бок. I восень тут гулка-цiхая, яна глядзiць на цябе з пагранiчнай пушчы папераджальна. Заўважыўшы яшчэ цябе здалёк, пужае, калi ты баiшся, i запрашае цябе, калi разумееш яе i йдзеш да яе.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю