Текст книги "Раман Корзюк (на белорусском языке)"
Автор книги: Масей Седнев
сообщить о нарушении
Текущая страница: 14 (всего у книги 18 страниц)
Ён падлазiў пад стол, прыкаваны да сьцяны, думаў, што схаваецца, i яго не павядуць на расстрэл... Калi яму дзяжурны падаваў хлеб, ён адмаўляўся, ня браў, казаў: "Ежце самi... Мяне ўжо ня будзе..." А то прасiў купiць яму беларускую газэту, каб пабачыць, што пра яго там пiшуць. Цi сапраўды яго расстраляюць? Лез на вакно, да зораў. Уцякаў з камэры. Зьдзiраў пазногцi, лезучы да вакна. Дзяжурныя сьмяялiся, абыякава глядзелi на дзiвакаватага вязьня. Але прыйшоў аднойчы на дзяжурства той, што называў яго "сватам". Адчынiў дзьверы, хацеў нешта сказаць "свату", як "сват", ударыўшы пад рукi, выскачыў на карыдор. Пабег на круг, ухапiўся за рычагi i пачаў адчыняць iмi камэры. (Было такое ўладжаньне ў "амэрыканцы", пры дапамозе якога дзверы ў камэрах аўтаматычна адчынялiся i зачынялiся.) Наскочыла болей дзяжурных... Схапiлi... Пацягнулi ў больнiцу...
У начальнiка беларускага НКВД Бэрмана адпала яшчэ адна магчымасьць для адкрытага працэсу нацдэмаў.
34
Аляксандр Цьвiкевiч быў рады пазнаёмiцца з Раманам Корзюкам, беларускiм студэнтам. Жывучы доўга на выгнаньнi, па-за межамi Беларусi, ён ня ведаў пра настроi беларускай моладзi, што яна думае, чым жыве, пагатоў студэнцкая моладзь. Дзiўна, Цьвiкевiч вельмi ўсьцешыўся, калi даведаўся, што Корзюка абвiнавачваюць у беларускiм нацыяналiзме. Жыве, думаў ён, яшчэ душа беларуская. Цьвiкевiч распытваў Корзюка пра ўсё-ўсенькае, дзiвiўся адкрытасьцi, наiўнасьцi i безабароннасьцi Корзюка, неяк шкадаваў яго. Корзюк у сваю чаргу, з вялiкай увагай, захапленьнем i павагай слухаў свайго старэйшага кампаньёна па камэры, асаблiва, калi той, спачатку насьцярожана, потым адкрыта i свабодна, паблiскваючы сваiм пэнснэ, апавядаў яму пра свой жыцьцёвы шлях, пра сваю грамадзскую i палiтычную дзейнасьць. Аляксандр Цьвiкевiч гаварыў цiха, седзячы на сваiм ложку, адзiным ува ўсёй камэры. Ягоны сьледчы загадаў паставiць яму ложак быццам ў знак пашаны да яго, былога мiнiстра ў эмiграцыйным урадзе Беларускай народнай рэспублiкi (БНР). Камэрнiкi былi зьдзiўленыя такой прывiлеяй i глядзелi на Цьвiкевiча з зайздрасьцяй i адначасна з нянавiсьцяй, спрабуючы разгадаць, хто ён за такая шышка. Цьвiкевiч нi з кiм ня ўступаў у гаворку, не шпацыраваў, як iншыя, па камэры, сядзеў на сваiм ложку, аб нечым думаючы, як-бы бiўся над вырашэньнем нейкай важнай праблемы. Камэрнiкаў зьдзiўляла, што ён цяпер разгаварыўся з Корзюкам, новапрыбылым чалавекам. Цьвiкевiч, запрасiўшы Корзюка сесьцi на ягоны ложак, бубнiў яму пра сваю ролю ў беларускiм нацыянальным руху, у прыватнасьцi ва ўрадзе БНР, гаварыў, што ў беларуса яшчэ ня вырасьлi зубы, што ён мусiць прабiваць сабе дарогу ў жыцьцё, не баючыся пушчаць у ход кулакi. Здавалася, ён выхоўваў, навучаў Корзюка. Корзюк прыйшоўся яму да спадобы, нават i тым, што добра выйшаў ростам. Не ўшаноўваў толькi Корзюкаву "спантаннасьць". Ад Корзюка Цьвiкевiч даведаўся аб арыштах студэнтаў у пэдiнстытуце. Гэта было для Цьвiкевiча доказам, што беларуская справа не памёрла. Цьвiкевiч гаварыў Корзюку, што той факт, што НКВД стварае беларускую нацыянальную арганiзацыю i абвiнавачвае арыштаваных у iхным iмкненьнi адасобiць Беларусь, адарваць яе ад Саюзу сьведчыць, што беларуская праблема iснуе i што яна турбуе цэнтральны ўрад. Цьвiкевiч разьвiваў перад Раманам сваю думку адносна вырашэньня беларускага пытаньня i, захапiўшыся, гаварыў грамчэй, i толькi, заўважыўшы, што яго пачынаюць падслухоўваць камэрнiкi, змаўкаў i адпушчаў Рамана. Той у роздуме, падагрэты iдэямi Цьвiкевiча, распачынаў сваю хаду па камэры, ня надта асьцерагаючыся, каб не наступiць каму-небудзь на ногi – арыштанты, ня маючы сваiх ложкаў, ляжалi на цамэнце ўпокат, i ня вельмi любiлi, калi нехта расхаджваў па камэры.
Была ўжо дванаццатая гадзiна, поўнач, калi Рамана Корзюка выклiкалi на допыт. Цьвiкевiч сьпяшаўся нешта сказаць яму, выглядала – настаўляў яго, падтрымлiваў на духу. Цьвiкевiч як-бы ўглядаў у Корзюку нейкую зьмену сабе. За час выгнаньня ён зьняверыўся, яму здавалася нерэальнай надзея на магчымасьць адраджэньня беларускага нацыяналiзму, пасьля разгрому яго на самым пачатку трыццатых гадоў. I як-жа ён быў зьдзiўлены – прыемна зьдiўлены, калi ў Корзюку ўгледзеў новыя парасткi гэтага нацыяналiзму. Абрадваны, у гутарках з Корзюкам ён прасiў яго рацыянальна мацаваць у сабе беларускую сьвядомасьць, каб яна праяўлялася ў iм ня стыхiйна, а ўсьвядомлена, мела здольнасьць цягласьцi.
Сьледчы Палiтыка сустрэў Рамана ветлiва, доўга гаварыў з iм пра рэчы пабочныя, ня зьвязаныя з ягонай справай. Сказаў Корзюку, што ён пахудзеў, парадзiў яму абстрыгчыся, каб уберагчыся ад выпадзеньня валос. Да суду, пад сьледствам, арыштаваны мае яшчэ права, калi ён таго хоча, насiць прычоску, пасьля-ж выраку яго ўсё роўна абстрыгуць, хоча ён таго цi ня хоча. Такая тут рэгуляцыя.
– Вас абстрыгуць, таварыш Корзюк. Суд вас не апраўдае i дахаты вы ня пойдзеце. Нашто вам прычоска? – нi то жартаваў, нi то зьдзекваўся Палiтыка.
Корзюк, успомнiўшы навуку Цьвiкевiча быць у сваiх пачуцьцях рацыянальным, спахапiўся ў час i нiяк не рэагаваў на кпiны сьледчага. Чакаў, пакуль ён ня прыступiць да справы.
– Тады пачнём. Цi дакладней – давайце канчаць. Справа вашая ясная i яе час скiраваць у суд. Мы, сьледчыя, зрабiлi сваё. Доказна ўстанавiлi прыналежнасьць вашай ячэйкi, кiраўнiком якой вы зьяўляецеся, да разгалiнаванай нацдэмаўскай арганiзацыi. Доказна ўстанавiлi вашую сувязь з польскай дэфэнзывай. Гэта галоўныя пункты абвiнавачаньня. Што вы сын забойцы, гэта вам не iнкрымiнуецца. Як сказаў Сталiн, дзецi не адказваюць за злачынствы сваiх бацькоў. Дык калi ў вас нiчога няма дадаць да вашых ранейшых паказаньняў, будзем пiсаць пратакол аб заканчэньнi сьледства. На судзе вы можаце апраўдвацца, колькi вам захочацца, тут-жа – справа скончана. Як я сказаў, яна перадаецца ў суд.
– У якi? – мэханiчна запытаўся Корзюк.
– У Спэцыяльную Калегiю Вярхоўнага суду БССР. Дарэчы, вы былi ўжо, у якасьцi сьведкi, на завочным судзе вашага бацькi i ўжо мелi магчымасьць пазнаёмiцца з гэтай Калегiяй. Як вам спадабалася?
Цынiзм сьледчага абурыў Корзюка.
– У iншым месцы я вам не дараваў-бы гэтага.
– Таму вы тут, у нас.
– Калi-небудзь вы будзеце ў нас.
– Але вам доўга давядзецца чакаць. Пагражаеце, га? Вось яно што!
Палiтыка стукнуў прэс-пап'е па сталу i пачаў, заклаўшы рукi ззаду, кружыць вакол свайго стала.
– Не патрэбна й пратаколу. Падпiшаце гатовую спэцыяльную формачку аб заканчэньнi сьледства i ўсё. Хопiць з мяне вас.
У кабiнэт Палiтыкi ўвайшлi тры сьледчыя, вясёлыя, знарок шумныя. Пытаюцца ў Палiтыкi:
– Ну, як усё?
– Усё, – многазначна адказаў Палiтыка.
– Тады ў парадку. Значыцца, групу Корзюка здаём пад суд? – запытаўся найменшы з траiх.
Корзюк ня ўстрымаўся:
– У мяне няма нiякай групы.
Найменшы з траiх:
– Як-жа няма? Трынаццаць чалавек – чортава тузiна. Вы завадзiла гэтай тузiны.
Корзюк пакаяўся, што ня змоўчыў перад правакатарамi, што можа й прыйшлi, каб падражнiць яго, вывесьцi з раўнавагi. Рагочачы невядома чаго, трое пакiнулi кабiнэт Палiтыкi, скандуючы: "Рот фронт!"
У кабiнэт, на вялiкае зьдзiўленьне Корзюка, быў уведзены Генадзi Кандраценя. Сьмела, нечакана для Корзюка, з нейкай засмучанай мiнай, Кандраценя працягнуў яму руку i Раман, зьбянтэжаны, машынальна падаў сваю. Кандраценя ўхапiўся за яе абяруч, прыцiскаў да грудзей, здавалася гатовы быў пацалаваць Рамана. Корзюк, апамятаўшыся, пашкадаваў свае падатлiвасьцi, ды было ўжо позна – Кандраценя завалодаў iм:
– Казаў-жа я табе, Ромусь, твой дзень прыйшоў, станавiся! Станавiся на ногi! Скажы сваё слова! Громкае, важкае слова перад высокiм судом. Будзь варты Корзюкаў!
Палiтыка маўчаў, задаволены наступам на Корзюка. Было ясна, што нiхто iншы, як ён, наладзiў гэту дзiўную сустрэчу i цяпер вось пасьмейваецца з iх абодвых, назiраючы, што выйдзе з гэтай сустрэчы.
– Ня бойся суда. Гэта будзе твой судны дзень. Ня трэба карэжыцца. Гавары праўду! Ты беларус i змусь суд паважаць цябе, як беларуса. Скажы сьмела, што ты сам i твая трынаццатка ў "Саюзе вызваленьня Беларусi". Рабi гiсторыю! Стварай яе! У нас не хапае актыўнай гiсторыi...
Кандраценя на момант спынiўся. Азiрнуўся на Палiтыку, i прыняўшы маўклiвасьць Корзюка за знак згоды з iм, пачаў зноў:
– Я даў табе, Ромусь, прытулак у Польшчы. Я ратаваў цябе ад арышту, але ты вярнуўся адтуль. Там, канешне, цябе завербавалi; дык i скажы на судзе, з якой ты мiсiяй тут. Чым больш ты будзеш рашучым, тым больш цябе будзе паважаць (а ты думаў, што?) сам суд. Не абы якi, а Вярхоўны суд твае рэспублiкi. Будзь варты гэтага суду! Рабi, кажу, гiсторыю. Мая поўная падтрымка табе. Не падумай – я таксама ролю адыгрываю. Я, уласна, шкадую цябе, а можа болей – тваю мацi.
Кандраценя гаварыў i гаварыў, а Корзюк зацята маўчаў, анi не рэагуючы на ўгаворы Кандраценi, i дзеля гэтага Палiтыцы невядома было, цi Корзюк прыймае наказы Кандраценi, цi адкiдае iх.
Палiтыка ўсё-ткi лiчыў, што гаворка Кандраценi даходзiць да Рамана i што ён цяпер у стане ўнутранага ўзрушэньня, а гэта ўжо нядрэнны знак. Корзюк-жа ў душы сьмяяўся з гэтай сцэны i чакаў, калi яна толькi скончыцца. Дасюль ён думаў, што Палiтыка ўсё-ж больш разумнейшы чалавек i на такi танны мэтад допыту ня пойдзе.
Кандраценя, ўрэшце, быў адпушчаны. Палiтыка даў падпiсаць Корзюку "формачку" аб заканчэньнi сьледства i Рамана адвялi назад, у камэру.
35
У Бэрмана нiчога ня выходзiла з нацдэмамi: iмi занята ўся "Амэрыканка" i цэлы паверх на Валадарскага, а кiраўнiка, якi iх павёў-бы, няма. Няма папулярнай, аўтарытэтнай асобы, якая ўзначалiла-б iх на адкрытым працэсе. Шмат драбязы – паэтаў, настаўнiкаў, артыстаў, студэнтаў i няма постацяў дзяржаўнага маштабу. За год, што прайшоў ад часу, калi мы пачалi плянаваць нацдэмаўскую арганiзацыю, нацдэмы, а пасутнасьцi – ёлапнi нагаварылi сьледчым, пад цiскам i добраахвотна, гэтулькi ўсяго неверагоднага, што неяк боязна выводзiць iх на сцэну. Шмат каму з iх нат хочацца, каб мы iх абвiнавачвалi ў беларускiм нацыяналiзме: за адсутнасьцяй такога ў рэчаiснасьцi, яны радыя яго ствараць у сьценах НКВД. Выглядае, як-бы яны згаладалiся па гэтым нацыяналiзме. Дзiўны фэнамэн. Iншая рэч, што iнiцыятыва была тут ўсё-ткi нашая. Праявы нацыяналiзму то тут, то там – пераважна ў навучальных установах – былi спантанныя, мала ўсьвядомленыя. Гэтыя правы так-бы й заглохлi пры няспрыяльных умовах. Але мы надалi гэтым праявам выгляд, скiраванасьць. Мы аформiлi кволыя парасткi нацыяналiзму ў стройную арганiзацыю з пэўнымi палiтычнымi мэтамi. Мэта нам цалкам удалася, тут ёсьць нават перавыкананьне. Але нам патрэбныя постацi. Постацi! А iх якраз i няма. Тут у нас, можна сказаць, поўны правал. I ёсьць пагроза зрыву нацдэмаўскай кампанii. Стаўка на Жылуновiча правалiлася, на Чарвякова – таксама. Адзiны козыр, што ў нас яшчэ застаўся – Убарэвiч – i той адпаў: яго няма ўжо ў жывых. Значыцца, iдэя збройнай падтрымкi нацдэмаў адпадае. Няма ў жывых Галадзеда – усёткi гэта была-б нейкая фiгура. Дывэрсыi i забойствы – ня надта ўматываваныя. Сувязь з польскай дэфэнзывай – эфэмэрная. Антысавеччына? Гэтага колькi хочаш. Хоць адбаўляй. Ды нам ня гэта трэба. Гэта звычайныя рэчы... Мы прывезьлi з сылкi Лёсiкаў, Некрашэвiчаў, Цьвiкевiчаў, Ульянавых, але з iх толку мала – гэта ўжо асобы ўчарайшага дня. Iхныя iмёны былi яшчэ прыцягальныя, калi мы судзiлi iх першы раз. Судзiць iх паўторна дохлае дзела. Адным словам, апраўдацца нам будзе цяжкавата. Асаблiва мне. Цiмошку што? Ён апраўдаецца. Але цi апраўдаюся я? Ды я мушу апраўдацца! Урэшце, я знайду выхад: паклiчу Ульрыха, ён прыедзе сюды i нацдэмам будзе крышка. Ваенны трыбунал надта не разьбiраецца. Калi немагчымы адкрыты працэс, дык ня будзе нiякага працэсу. Яшчэ ляпей. Свае галавы я не падстаўлю.
Апрача навiслай пагрозы правалу нацдэмаўскай кампанii, Бэрман ня чуўся пэўным i ў iншым дачыненьнi: iшлi арышты трацкiстаў, i ён, ня гледзячы на свой чэкiсцкi стаж, пабойваўся свайго трацкiзму. У 1927 годзе ён галасаваў супраць выключэньня Троцкага з партыi. А якраз такiх цяпер i падбiраюць. Бэрман пакладаўся на Ягоду, якi паставiў яго на чале беларускага НКВД, але Ягода не ўсемагутны. Бэрман трывожыўся за свой лёс, ён ня чуў болей пад нагамi апоры. У яго i сярод падначаленых былi працiўнiкi, хоць-бы той-жа Цiмошка. Ляпнуў-жа ён у прысутнасьцi маiх супрацоўнiкаў: я – трацкiст.
У кабiнэт Бэрмана ўвайшла ягоная сакратарка i запыталася, цi не хацеў-бы ён чаю. Ён папрасiў, i калi тая прынесла, ён улiў у яго ладную порцыю каньяку, што быў у яго тут-жа пад бокам, у шафцы. Ён хацеў заглушыць сваю трывогу, адпружыцца, але заспакаеньне ня прыходзiла, у сваiм уяўленьнi небясьпекi для яго ён даходзiў да скрайнасьцi, яму здавалася, што ягоную трывогу прыкмячаюць i толькi чакаюць, калi ён адыйдзе, зьнiкне. На ноч ён не хацеў, як звычайна, заставацца тут, у сваiм кабiнэце, вырашыў пайсьцi дахаты. Шафёра не захацеў, паехаў сам. Было ўжо цёмна, калi ён стаўляў машыну ў гараж. Ён не тэлефанаваў жонцы з працы, што прыедзе на абед дамоў. Першымi яго сустрэлi ў хаце дзецi, абрадвалiся ягонаму прыходу – яны рэдка бачылi яго. Жонка не чакала яго i была сабраная ўжо ў тэатр. Бэрман папрасiў яе застацца дома, нiкуды ня йсьцi i тая, хоць i неахвотна, засталася. Загадала прыслузе рыхтаваць абед. Прыглядалася да мужа, бачыла, што ён мае кепскi настрой, але нi пра што ў яго ня пыталася. Ськiнула сваё выхадное ўбраньне i перад люстэркам пачала сьцiраць непатрэбную ўжо памаду. Бэрмана крыўдзiла ейная няўважлiвасьць да яго. Ён, увайшоўшы ў хату i пабачыўшы жонку, гатовую да выхаду, не пацалаваў яе, як гэта ён рабiў заўсёды, i мусiць таму, думаў ён, яна такая абыякавая да яго.
– Ну, запытайся-ж пра што-небудзь! Што гэта ты гэткая?
Ён хацеў, каб яна загаварыла з iм, паказала сваю душэўнасьць.
– У вас-жа там усё тое самае. Пра што пытацца? Давай, прызнавайся! Давай, прызнавайся! Вось i ўся вашая грамата.
– Рыва, што з табой? Табе мая работа няцiкавая? Табе ўсё роўна?
– А чаго ты разьнюнькаўся? Няўжо ты такi i на сваёй рабоце? Мяккi?
– Ведаеш, штосьцi я цябе не пазнаю. Я магу быць i цьвярдым. Хочаш, каб я i ў хаце завёў чэка? Магу. Калi табе падабаецца.
Бэрман папрасiў кухарку падаць яму якую-небудзь закусь.
– Будзе-ж абед, – сказала тая.
– Няважна. Прынясi што-небудзь!
Ён налiў сабе ў шклянку каньяку i, як-бы злуючыся, выпiў адным дыхам.
– Ты як-бы некуды сьпяшаешся? – лагодна запыталася жонка. – Прыйшоў, дык i пасядзеў-бы спакойна.
Бэрман скоса зiрнуў на яе, нiчога не сказаўшы. Узяўся за яду.
Адазваўся тэлефон. Жонка падняла:
– Цябе.
Бэрман не сьпяшаўся, выглядала, быццам ён баяўся падыходзiць.
– Алё... Ага... Разумею... Што яшчэ?.. Неверагодна!.. Ня можа быць... Гэта факт?.. Зараз буду... Канешне... Пасылаць за мной ня трэба.
Спалохана кiнуў на жонку вачыма. Засьпяшаўся. Схапiўшы нешта з сваiх рэчаў, выбег.
Было чуваць, як спачатку не заводзiлася машына. Жонка падумала – ад нэрвовасьцi... Ага, ад'ехаў... Рыва зiрнула яшчэ ў вакно: ноч асьляпiла яе, i яна адыйшлася. Ёй здавалася, што хтосьцi ходзiць на двары. Два разы ляпнула калiтка.
Рыва ня ўпяршыню бачыла свайго мужа раздражнёным, ня ў гуморы, неахвотным на слова, незадаволеным, але сёньня ён – як ня свой. Нейкi расьцярушаны. Шкадавала, што ня прытулiла. Калi ў яго што-небудзь ня ладзiлася на рабоце, ён, прыйшоўшы дахаты, прасiў ласкi. Лез ёй пад крыло. Прасiў абняць.
– Няўжо чэкiсты ведаюць ласку? – жартавала яна.
– А як-жа. Гэта iм неабходна. Бяз нейчай ласкi яны ня вытрымалi-б, адказваў ён. Прасiў у часе пяшчотаў нi пра што ня пытацца ў яго, толькi ўтуляць яго i каб усю ноч, абнятага, трымаць яго ў руках.
Ён рабiўся мне працiўным. Я адпiхнула-б, яго, каб не баялася. Ён усё прылiпае, кажа, што, скончыўшы працу, яму недзе дзецца. Толькi ў яе ён можа схавацца, у ейных абдымках. Але што мне? У чэкiста няма, ня можа быць пяшчотнасьцi – яна ачарсьцвела ад грубасьцi.
Дзецi пыталiся, куды гэта паехаў тата. Рыва адказвала, што ён хутка вернецца, хоць ужо й трывожылася сама. Што ў iх там такое? Нi дня, нi ночы. Як на сенакосе якiм. Пэўна, прывезьлi некага важнага i ня ведаюць, з чаго пачаць. Што i як... Глупства ўсё... У тэатр ужо позна...
Бэрман пад'ехаў да варотаў сваёй установы. Вартавы хадзiў уздоўж будынку ўзад i ўпярод – выпаўняў сваю звычайную службу, не зьвяртаючы асаблiвай увагi на машыну што пад'ехала: ён ведаў, хто ў ёй – ня ўпяршыню-ж. Вароты адчынiлiся, i Бэрман апынуўся на двары, шчыльна атуленым з усiх бакоў будынкамi ягонага наркамату. Варта была i тут. Бэрман узьняцьцем рукi, як Гiтлер, прывiтаўся з ёю i хуткiмi крокамi накiраваўся да ўваходу ў нiжнi этаж. Варта пры ўваходзе i ў нутры не затрымлiвала яго. Ён уваходзiў i выходзiў тут кажны раз. Iдучы карыдорам па мяккай дарожцы да свайго кабiнэту, Бэрман адчуў – ад таго, мабыць, што тут было цёпла i не хапала сьвежага паветра – што ён ап'янеўшы. У галаве няясна i ў нагах – слабасьць. Рады быў апынуцца ў сваiм крэсьле. Толькi занадта зыркае сьвятло. Жмурыў вочы. Жонка пазванiла, цi ён даехаў добра. Бэрман паклiкаў свайго намесьнiка. Але замест яго, у кабiнэт увайшоў зусiм незнаёмы яму чалавек, у цывiльным з вялiкiм пакетам у руках.
– Гэта вам, – падыходзiў незнаёмы да стала. – Пэрсанальна вам.
– Хто вы? Якi пакет? Недарэчна. Чаго вы тут?
Схапiўся за тэлефон – адключаны. Узяўся за другi – таксама.
– Здрада! Варта! Сюды! – закрычэў.
Незнаёмы iшоў на яго. Ня йшоў, а сунуўся – спакойна, з iранiчнай ухмылкай. Гэтак iшоў Нiкалаеў на Кiрава. Бэрман у сьмяртэльным страху завойкаў:
– Не страляйце! Не страляйце!
Незнаёмы праваю рукою палез у кiшэню.
– Не страляйце! – узьняў угару рукi Бэрман.
Незнаёмы цэлiўся.
Бэрман у няпрытомнасьцi разьзявiў рот, быццам хацеў праглынуць кулю, шта гатова была вiда-вiда вырвацца з дула.
– Не палохайцеся! Вы толькi арыштаваныя i ня больш. Думалi, вы будзеце абараняцца. Тым лепш.
З арыштам Ягоды, у першую-ж ноч была арыштаваная ўся ягоная намэнклатура, у тым лiку i начальнiк беларускага НКВД Бэрман.
36
Камоцкая знайшла сабе пакойчык на Кляра Цэткiн. Танны, без асаблiвых выгодаў. Але яна была задаволенай сваiм прыватным жыцьцём. Яна любiла цяпер быць самой. Думаць над сабой. Пастарэла на цэлае стагодзьдзе, дзiвiлася сама што яна ня тая. На шмат старэйшая, яна нiбы прасьвятлiлася, ачысьцiлася, i гэтае новае адчуваньне – вышэйшае – да спадобы ёй, натхняе яе, з iм добра ёй. У пачуцьцях сваiх – багацейшых цяпер – яна ўзьнялася да нейкай новай эстэтычнасьцi, якая перашкаджала ёй задавальняцца абы чым. З усiх ейных дасюлешнiх сябровак добрымi душамi яна лiчыла толькi Ларысу, Дзiчкоўскую i ў меншай ступенi – Цыпiну. Да яе ёй трэба сёньня зайсьцi. Яна ня ведала, што Цыпiна ўжо ходзiць цяжарная. У iнстытуце-ж дазналiся аб гэтым толькi ўчора, калi яна папрасiла ў рэктара даць ёй на год водпуск. Гэты факт быў, аднак, прыняты там без асаблiвага зьдзiўленьня. Камоцкая ня бачыла Цыпiнай ад часу, калi яна была арыштаваная на ейнай кватэры. Будзе пра што гаварыць.
Яны прывiталiся сардэчна, аглядаючы адна другую. На твары Цыпiнай ужо адбiлася цяжарнасьць. Гэта адразу кiнулася ў вочы Камоцкай, але яна зрабiла выгляд, што нiчога не заўважае. Сама-ж Камоцкая паказалася Цыпiнай непазнавальнай, ня той, ранейшай. Цыпiна чула ўжо, што Камоцкая выпушчана.
– Ну, Валечка, я цябе цяпер баюся. Раней ты была антысавецкай, i мне добра было з табою такой, а цяпер ты – аддана савецкая. – Цябе-ж выпусьцiлi хiба ня так сабе – далi нейкае заданьне, – нi то сур'ёзна, нi то жартам выпалiла Цыпiна. – Пецьку-ж майго не адпушчаюць.
Каб Камоцкая не пакрыўдзiлася, дадала:
– Даражэнькая, я-ж жартую. Добра, што цябе выпусьцiлi. Я вельмi рада. Можа ты ведаеш што пра Пецьку. Сама я нiчога не дабiлася. За што яго арыштавалi i што з iм – невядома.
– Ува ўсiх iх адна справа – беларускi нацыяналiзм. Арганiзацыя. Ты хiба й ня ведала, што твой Пятрок у арганiзацыi? – з ноткай iронii ў голасе запыталася Камоцкая.
– Але ўсё-ткi, як ты думаеш – чаму цябе выпусьцiлi?
– Ня ведаю сама. Нiхто з нас нi ў чым ня вiнаваты. Мусiць таму, што я больш цьвярдзейшай была на допытах. Не пагаджалася з хлусьнёю. А можа-ж i яшчэ каго выпусьцяць. Суд будзе – можа каго апраўдаюць. Але я не хачу цябе суцяшаць. Не выглядае гэтак.
Камоцкая спахвацiлася, цi не зашмат яна гаворыць – дала-ж абяцаньне маўчаць. Нiчога не гаварыць пра свой турэмны вопыт. Хоць што i каму яна можа расказаць? Апрача Рамана, яна нiкога там ня бачыла. Iх трымаюць строга iзалявана.
Аднак Камоцкай крыўдна было, што ейнае вызваленьне з турмы ўспрыймаецца падазрона. На занятках у iнстытуце з ёй абыходзяцца падкрэсьлена ветлiва, але лiшняга з ёй, як раней, не гавораць, нават ухiляюцца гаворкi з ёю.
– Ведаеш, Бася, там дрэнна кормяць. Зрыхтуем перадачы: ты для Пятра, я для Рамана.
– Я ўжо спрабавала – ня прыймаюць. Ларыса таксама Раману насiла – тое самае. Мне сказалi, мусiць быць дазвол на перадачы ад сьледчага. Я тады папрасiла была дазволiць мне пабачаньне. I гэтай просьбы таксама не задаволiлi.
Камоцкая слухала, а ў пямяцi яе ўсплыў малюнак: ля турэмных варот жанчыны з перадачамi. Гэта яна пабачыла, калi выходзiла з будынку НКВД, ужо вызваленая. "Няўжо нi ў кога з iх ня прыймаюць?"
Сяброўкi радзiлiся, гаварылi, успамiналi. Перабралi па костачках усiх сваiх знаёмых. Зблiзiлiся.
Цыпiна запыталася ў Камоцкай, цi ёсьць усё-ткi ў каго-небудзь з арыштаваных вiна якая?
– Ну, якая вiна ў твайго Пецькi?
– Можа тое, што Пецька займаўся пiсанiнай i ўжо пачаў друкавацца? Помнiш яго апавяданьне ў газэце "Лiтаратура i мастацтва"? Там нешта ў яго знаходзiлi. А можа таму, што сябраваў з Раманам? Скажы, ну чаго з дуру яго пагнала ў тую Польшчу? Гэтым ён пашкодзiў i сабе i ўсiм. Ня ты яго туды зманьвала?
Цыпiна была перакананая, што Пятрок сядзiць з-за Рамана, хоць прама й не гаварыла пра гэта Камоцкай. Не хацела з ёю сварыцца.
Камоцкая мела сваё меркаваньне.
– Ты-ж ведаеш, Бася, пiсаць пабеларуску, друкавацца – ужо гэта адно ў нас ня добра. Гэта ўжо нацыяналiзм. Глядзi, апрача Рамана, лiчы, усе нашыя хлопцы пiсалi: хто для сябе, хто для друку. Пiсалi-б яны парасейску, дальбог, iх не чапалi-б. Дык твая здагадка ў нейкiм сэньсе правiльная. (Абараняць Рамана Камоцкая ня стала – быццам з-за яго сеў i Пацька.)
Цыпiна ня зусiм была згоднай з Камоцкай:
– Пiсаць-жа пабеларуску не забаронена?
– Так, не забаронена, але ўсё яно ня так проста.
Камоцкая не хацела, устрымалася ад удакладненьня пытаньня. Цыпiна ня ведае ўсяго. Яна сама ня ведала, пакуль не пабывала там. Толькi там стаецца ўсё зразумелым.
Камоцкая не сказала Цыпiнай пра суд над бацькам Рамана i што яна была на гэтым судзе ў якасьцi сьведкi. Хацела сказаць, але адумалася. Ёй стрэлiла думка (такая раптоўная!), а мо яе выпусьцiлi, каб яна сьведчыла супраць Рамана? "Такою цаной я зарабiла сабе свабоду?"
Цыпiна перабiла гэтую думку сваiм запрашэньнем за стол i нешта зьесьцi.
– За тваё вызваленьне, Валя! – узьняла Цыпiна пазалочаную чарачку з каньяком. (Цыпiну забясьпячала правiянтам i ўсiм iншым ейная сястра з закрытага магазыну, куды яна мела доступ, як жонка высокага партыйнага работнiка).
– Лепш-бы ты, Бася, не прагалашала такога тосту. Ён дужа горкi, – сказала ў адказ Камоцкая i ейная чарчына засталася не паднятай.
– Ты сапраўды пакрыўдзiлася? Зрэшты, разумею. Выбачай! Былi i будзем добрымi таварышкамi. Я рада, што ты завiтала да мяне. Цяпер я адна. Мацi ў шпiталi... I ведаеш – я ўжо чую, як ён шаволiцца ў мяне ў нутры. Ты-ж разумееш, пра што я гавару... Ты-ж хiба прыкмецiла... А што ён будзе ён я ў гэтым упэўнена. Пецька хацеў яго, i асаблiва стараўся, каб ён быў ён.
Цыпiна сьмяялася, але разам i пусьцiла сьлязу, што Пецькi няма.
– Не забывай мяне. Заходзь. Мы-ж, можна сказаць, цяпер з табой удовы. Але што гэта я? Яны-ж не памёрлi. Нi для мяне, нi для цябе. Я буду чакаць Пецьку, каб нават яго на дзесяць год асудзiлi. А ты? Ты, здаецца, парожняя. Раман не пастараўся.
Камоцкая нiчога на гэта не адказала. Сядзела задуменнай i сумнай. Яна шукала ў Цыпiнай нейкай падтрымкi – уласна, за гэтым яна прыйшла да яе – але Цыпiна, як Цыпiна: у яе няма душы.
На парозе – на зьдзiўленьне абедзьвюх – паказалася Ларыса.
– Глядзi, яшчэ адна ўдава, – насьмешлiва ткнула Бася пальцам у грудзi Камоцкай. – Праходзь, праходзь, Ларыска. Не саромся. Гэта я пра тое, што ўсе мы цяпер удовы – хлопцаў-жа няма: забралi. Застаўся адзiн Сьцяпан Мялешка, а дзяўчатаў, колькi хочаш.
Цыпiна многазначна глянула на Камоцкую, але тая не зьвярнула на гэта нiякай увагi, радая прыходу Ларысы. Прысутнасьць Ларысы хутка зьмянiла напрамак гаворкi. Цыпiна, ужо сур'ёзная i клапатлiвая, зьвярнулася да Ларысы:
– Можа хочаш перакусiць што?.. Канечне-ж, i гавары, за чым прыйшла, ты-ж да мяне так не заходзiш.
– Каб вы ведалi што? Мэльцэра арыштавалi! Увесь наш iнстытут пад пытаньнем. Усе прыцiхлi. Затаiлiся. Нашыя некуды выпаўзьлi з манастыра, i мне стала не па сабе адной. Дык я вось да цябе. Балазе, ты тут-жа, пад бокам. Што гэта будзе?
Ларыса зiрнула на Камоцкую, як-бы шукаючы ў яе адказу. Ды Камоцкая, пачуўшы навiну, неяк ссутулiлася, нат зьмянiлася з твару: усё яшчэ не перастаюць латошыць, а яе вось выпусьцiлi. Яна вычувала нейкую сваю вiну, чулася няёмка перад сяброўкамi за тую нiбыта лiтасьць да яе з боку НКВД. Але гэта была толькi мiмалётная няёмкасьць – Камоцкая авалодала сабой i запыталася ў Ларысы:
– Што табе сказалi ў камэндатуры?
Ларыса здагадалася пра што ў яе пытаецца Камоцкая:
– Толькi пасьля суду могуць прыняць перадачы.
– Дармо! Трэба паспытаць яшчэ. У iх сем пятнiц на тыднi, – ажыўлена сказала Цыпiна.
На гэтым i пагадзiлiся. Цыпiна ня выказала адносна арышту дырэктара спагады цi спачуваньня. Туды яму й дарога: пасадзiў хлопцаў, сеў i сам. Не, па iм я ня плачу. Накрыла стол. Нарэзала каўбасы, смачна пахнай, кракаўскай. Зрыхтавала гарбату. Ларыса адчула страшны голад i ела, не саромячыся. Камоцкая падумала, якая яна непасрэдная. Пазайздросьцiла ёй. Сама толькi ўзяла, каб паспрабаваць, хоць ёй i цяжка было ўстрымацца ад спакусы ня ўзяць болей. Цыпiна частуе, але глядзiць, колькi ты зьела.
Камоцкая, разьвiтваючыся, прасiла Ларысу заходзiць да яе. Яна вярнулася на Кляра Цэткiн, ня надта задаволенай сваiмi адведзiнамi Цыпiнай i чамусьцi дакарала за гэта сябе самую.
37
Раман Корзюк рабiў усё, каб утрымацца, як яму радзiў Цьвiкевiч на "вышынi", не паддавацца смутку, гнаць вон з душы лятуценнасьць i лiрыку – у чаканьнi суду гэта ўсё адмоўныя якасьцi. На прагулку Раманаву камэру не вадзiлi, i ейныя насельнiкi наладжвалi "шпацыр" самi ў сябе: падбiралi з падлогi свае лахманы, на якiх удзень сядзелi, а ўначы спалi, густа садзiлiся сьпiной да сьценаў, падабраўшы ногi, каб было больш прастору. У вынiку вызвалялася невялiкая пляцоўка да хацьбы. Прычым, "прагулку" пачыналi ня ўсе адразу, а чародна: спачатку адна, потым другая палавiна камэры. Корзюк быў iнiцыятарам такiх "прагулак", падаваў, з даручэньня старасты камэры, каманду i рух пачынаўся – у вадзiн i ў другi бок. Карыдорны заглядваў у "ваўчок", дзiвiўся такому "шэсьцю", баяўся толькi аднаго – каб ня было якога бунту. Апрача "прагулак", Корзюк умудраўся пампаваць паветра з карыдору, сьвяжэйшае, чымся ў камэры: прыкладаўся носам да пазоў у дзьвярах i смактаў, убiраў у грудзi, даставаў "азон". Асаблiва доўга прастойваў ён уначы, калi паветра ў карыдоры было халаднейшае. "Асьвяжаў" сябе Корзюк i ў час калi камэру выводзiлi на апраўку: ськiнуўшы кашулю, мыўся пад кранам, плёхаўся, фыркаў, выцiраўся мокрым рушнiком, загартоўваўся. Цьвiкевiч, назiраючы за iм, радваўся, што "хлопец" трымаецца. Корзюк ведаў, што на судзе будуць сьведкi з лiку студэнтаў ягонага курсу, i ён не хацеў паказвацца перад iмi слабым, цi тым больш – змарнелым. Ён хацеў выглядаць у ваблiччы гэтых сьведкаў дужым, героем-пакутнiкам, вышэйшым, чымся яны, гордым, сьведамым сваёй мiсыi, хоць i ня цалкам яснай для яго самога. Ён цешыў сябе думкай – i гэта яго падтрымлiвала – што бальшыня студэнтаў, асаблiва дзяўчаты, спачуваюць яму, што самы факт арышту ўжо ўзвышае яго ў вачох ня толькi студэнтаў, а й у выкладчыкаў.
Супярэчлiвым было ягонае ўяўленьне толькi адносна Валi Камоцкай: у сваiх пачуцьцях да яе Корзюк ня мог добра разабрацца. Апынуўшыся ў турме, ён думаў пра яе больш, чым калi-небудзь, шкадаваў, што ня быў з ёй больш лагодным, не аддаваўся цалкам, як яна таго хацела, ейнай "лiпкай фiзыялёгii". Не разумеў яе. Быў таксама лiпкiм, хацеў яе, але сваю любасьць да яе глумiў сваёю няўстолiвасьцю, няўважлiвасьцяй, а то й грубасьцяй. Я хацеў яе, калi хацеў, i кпiў з яе, калi не хацеў. О, мая Стаянка на краю начы! Гэта была нашая апошняя жарсьць, высокая, зорная, большая за "лiпкую фiзыялёгiю". У гэтай жарсьцi захлынулася гармонiя сусьвету, то было сутыкненьне абсалютнай згоды, звычайнага з нязвычайным, чалавечага з боскiм. Нам ня было сорамна. Гэта ня было грэхам, а злучвом, яднаньнем, iстотай у iстоце. А мо турма нас цяпер разьяднала? Не, гэтага ня можа быць. Я зразумеў, што сапраўды кахаю цябе i хачу цябе. Уласна, у мяне нiкога не засталося, апрача цябе. I калi-б ня было цябе, хiба быў-бы я? У мяне былi бацькi, сястра, але iх няма. Можа й цябе ўжо няма? Можа й ты адыйшла? О, як-бы я хацеў, каб мы i тут былi разам. Гэта надавала-б нашым пакутам асаблiвага значэньня. Даруй – лепш-бы ты заставалася ў мурох, чымся вонках iх. Мне было-б лягчэй. А то – я няўпэўнены. Я сьню цябе – засмучанай, журботнай, такой, якой я хацеў-бы, каб ты была. Засмучанай дзеля мяне. Але ты – якой я цябе бачу ў снох – можа не такая ў сапраўднасьцi. Цi-ж ня так? Або часам – я хачу цябе ў сьне, i ты прыходзiш да мяне, як-бы сапраўды. Гэтак бачу цябе ў сьне, а адплюшчу вочы – цябе няма. Iлюзiя. Бурбалка. Бачу цябе на яве, гляджу, што ты робiш, але-ж ты не са мной... Не магу толькi ўявiць цябе соннай. I ведаеш, што? Часам я думаю, што нехта, як i я калiсьцi, стукаецца ў тваю сьцяну, ля якой стаiць твой ложак, каб ты пачула i адчынiла. Не, ты не такая. Стаянка на краю начы нас зьляпiла навекi ў вадно. Ты непадкупная... А ўсё-ткi, як ты выйшла на волю? Пакiнула тут мяне аднаго? Чаму-б табе не застацца тут дзеля мяне? Мы былi-б тут разам, як на Стаянцы. Назаўсёды. Цябе сьледчыя падкупiлi? Ты iм нешта абяцала? Пагадзiлася на нешта? А мо ты ашукала iх, каб выйсьцi на волю i стуль дапамагаць мне, цягнуць мяне адсюль? Але-ж. Што-б ты магла зрабiць, калi-б ты сядзела разам са мною? Нiчога. Бачыш, ты ўжо адплачваеш iм – выклiкалi-ж цябе на суд за сьведку. Я, канешне, ня турбуюся – мяне ты не прадала. Але ўсё-ткi ты прыйшла на суд. Чаму ты на гэта пагадзiлася? Абараняць мяне? Ну, канешне-ж. Чаму я, ёлапень, ня бачу гэтага? Хутка будзе i мой суд. Ты прыйдзеш? Будзеш сьведчыць? Але. Я пабачуся з табою. I мо астаньнi раз. Злаўлю толькi адзiн твой зiрк, i я разгадаю цябе – мая ты, цi не. А мо зiрнеш ты на мяне i ўбачыш безнадзейнасьць. О, гэта будзе адказнае спатканьне! Калi будзе наогул. Гэта Валя, а што я? Што я такое? Я нiшто. У мяне няма асобы. У мяне пад нагамi няма грунту. Былi бацькi – няма бацькоў. Быў хутар – няма хутару. Вучыўся недавучыўся. Я жыў супярэчнасьцямi i ў гэтым знаходзiў сiлу. Цяпер няма i мяне. Супярэчнасьцi злагоджаныя, зьнятыя, прыведзеныя да адзiнства. I ўсё скончылася. Адзiнства – гэта канец. А што такое тая Беларусь? Цяпер яе таксама няма. Яна ў НКВД. I што засталося? Нiчога. Але гэта ўсё-ж ня так – застаўся я, засталася Беларусь. Але для чаго я сябе прызначаю? Якую стаўляю мэту? Мэта... Мэта... Мэта... Кандраценя казаў – настаў мой судны дзень. Якi дзень? Суд? А што такое суд? Уласна, за што мяне судзяць? Ведаю я? Усьведамляю? Быць годным Корзюкаў? А што такое Корзюкi? Хутар цi нешта большае? Мяне ўсьведамляў высокi польскi чын. Вучыў мяне патрыятызму. Ёсьць ён у мяне? Гатовы я ахвяраваць сабою дзеля яго? А можа я ўжо склаў ахвяру на аўтар патрыятызму? Турма – гэта ахвяра цi толькi пакута? Валя – таксама патрыятызм? Патрыятызм – гэта нацыяналiзм? Ноч... I я адзiн уначы... Што робiць цяпер Цiмошка? Стварае мадэлi? Мадэлюе Беларусь? Я таксама мадэль? Так, мадэль. Аформленая мадэль. Дасюль быў я аморфным. Тут я атрымаў афармленьне.. Аформiўся. Я ўведаў, што над хутарам Корзюка, як правобраз яго, схiлiлася, няпрыкметная для людскога вока, бы журботная Мадонна, Беларусь. Дасюль ня бачыў яе, а цяпер угледзеў. Адкрыў. Усю ў блакiтных сьлязах. Мне дапамог гэта зрабiць Цiмошка. Ён аформiў мяне. Кандраценя гаварыў ня зусiм выразна. Ён ходаўся толькi як-бы дзеля мацi мае. А можа й мацi мая – тая-ж самая Мадонна? Кандраценя ўзяў апеку нада мною, шкадуючы мяне, зноў-жа дзеля мае мацi. Я застаўся адзiн. I гэта быў ейны наказ Кандраценю настаўляць мяне, неразумнага? Бо-ж я тут, а яны там, па той бок мяжы. Мадонна ў смутку сьхiляецца над iмi i нада мною – тут i там. Благаслаўляе нас?