Текст книги "Раман Корзюк (на белорусском языке)"
Автор книги: Масей Седнев
сообщить о нарушении
Текущая страница: 10 (всего у книги 18 страниц)
Манастыр ужо сьвяткаваў Кастрычнiк. У некаторых ягоных пакоях голасна гаманiлi, сьпявалi i крычэлi. А ў вадным граў патэфон, чутна была тупанiна танцавалi. У змрочным карыдорчыку Раман угледзеў адну пару, што як мага прыцiскалася да сьцяны, пэўна, каб яе не пазналi. Перад дзьвярыма, у якiя ён мусiў увайсьцi, Раман спынiўся. Яму чамусьцi здалося, што дзьверы адчынiць Валя, возьме яго пад руку i павядзе, жартуючы, да свайго ложку. Дзяўчаты будуць кпiць з яе, што яна забiрае яго ад iх i цягне адразу ў свой куток, быццам баючыся, што ў яе адбяруць яго. Калi Раман увайшоў, ён пабачыў бутэлькi на стале i поўнае застольле людзей. Значыцца, яго не чакалi. Гэткi знаёмы яму пакой, утульны i цiхi, гаманiў цяпер незнаёмымi i няпрыемнымi для яго галасамi, быў цесным i закураным. Як яшчэ стукаўся Корзюк у дзьверы, яму доўга не адчынялi, i ўжо гэта адно пакрыўдзiла яго, а той факт, што адчыняла яму Ларыса, а ня хто iншы, толькi ўзмацнiў у iм незадаваленьне сабою i ўсiмi. Корзюк доўга заставаўся каля дзьвярэй, не падыходзячы да стала i нi з кiм ня вiтаючыся. Ларыса глядзела на яго i нiчога не гаварыла, стаяла й ня йшла на сваё месца. Дзьве лямпачкi вiселi над сталом, зацемненыя каляровай паперай, i ад таго каля парогу было змрочна. Адсюль, аднак, Корзюк усё бачыў, а сам быў нявiдзён. За сталом, вiдаць, дайшло ўжо да такога пункту весялосьцi, калi ўвага паглыналася ня вонкавым, а ўнутраным. I, мусiць, таму Раман заставаўся незаўважаным. Ён хацеў нават выйсьцi, але, адчуўшы ў сабе голас помсты за абыякавасьць да яго, Корзюк нязвычайна голасна, што нi адзiн падскочыў за сталом, прывiтаўся:
– Добры вечар!
Усё застольле поглядзела на яго. Першай выхапiлася Дзiчкоўская, пакiнуўшы Яначкiна:
– Што-ж ты гэтак позьнiшся, Рамашачка? А ты стаiш i не запрашаеш, – тут-жа зьвярнулася яна да Ларысы.
Потым падыйшла i Роза Шкляр, i ўсе яны пацягнулi Рамана за стол. На момант гаворка спынiлася, i тая весялосьць, якая была ўжо запанавала тут, перарвалася з прыходам Рамана. На твары Мялешкi застыла незадаваленьне, а Яначкiн пачаў вылазiць з-за стала, абражаны няўважлiвасьцяй Дзiчкоўскай, якая выяўна лiпла цяпер да Корзюка.
– Не ўцякай, Яначкiн! Вып'ем за прыход у нашу сям'ю Рамана Корзюка!
– Чакай, Оля, можа гэтая сям'я i ня хоча мяне, – загаварыў Раман.
– Хочам! Хочам! – закрычэлi дзяўчаты.
– Пачакайце. Я ведаю, што вы хочаце. Але найперш вып'ем!
Выпiлi ўсе, апрача Мялешкi. Дзiчкоўская заўважыла гэта i секанула:
– Сьцяпан, i за Кастрычнiк ня хочаш выпiць?
– А ты хiба выпiла цяпер за Кастрычнiк?
– Канешне, за Кастрычнiк. А за што-ж?
– Добры твой Кастрычнiк!
– Ня горшы твайго!
I Дзiчкоўская тэатральна ўсадзiла каля сябе Корзюка. Корзюк пачырванеў.
– Вып'ем сапраўды цяпер за Кастрычнiк! Паглядзiмо, цi будзе пiць Мялешка.
Грамадою ўзьнялiся над сталом, трымаючы чаркi.
– За Кастрычнiк!
Але Мялешка ня ўзьняў свайго кiлiшка.
– Сьцёпачка, што з табою? Хутчэй! – на Дзiчкоўскую найшоў шал i яна не адступалася ад Мялешкi: – Ну!
Мялешка, не сьпяшаючыся, падняўся, але замест таго, каб узяць i падняць чарку, ён вылез з-за стала i рашучым крокам пайшоў да дзьвярэй.
Дзiчкоўская, рашчырванелая i зiхатлiвая, яшчэ з большым iмпэтам скамандвала:
– За Кастрычнiк!
Выпiлi, але настрой ужо апаў – выйшаў бо Мялешка. А гэта нешта значыла. Ларыса хацела затрымаць яго, угаварвала застацца, але ён апрануўся i, не разьвiтаўшыся нават з ёю, пакiнуў манастыр. Калi ўсiх гэты выпадак ацьвярозiў, дык на Дзiчкоўскую ён ня меў нiякага ўплыву – яна налiвала Раману то гарэлку, то вiно, тулiлася да яго i была як-бы рада, што Мялешка сыйшоў з воч. Пятро Шыракоў з Цыпiнай узялiся круцiць вальс Цыпiнай. Як i заўсёды, Пятрок граў на губы. Калi завялi патэфон, ён сказаў, што ягоная "партнiха" (гэта значыць партнёрка) прывыкла да ягоных жывых гукаў i пад патэфон танцаваць ня ўмее. Жарты Шыракова, ягоны нейкi няўлоўны цынiзм сьмяшылi ўсiх, i хутка ахвотнiкаў танцаваць знайшлося даволi. Яначкiн пайшоў з Ларысай, Аўсеева з Фомкай Марцiновiчам, Шкляр з Каплеўскiм. Дзiчкоўская яшчэ сядзела з Раманам за сталом i падкладвала яму яду. Шарамецьцеў гаварыў з Лагоўскай. Танцораў набралася гэтулькi, што ня было нiдзе нават кроку ступiць, i пары не танцавалi, а цёрлiся.
Селi зноў за стол. Пiтва хапала, не хапала толькi закусi.
– Досыць вам есьцi! – зьвярнулася Роза Шкляр да Дзiчкоўскай i Корзюка: Давайце вып'ем! А то як з галоднага краю вы.
– Канечне-ж, з галоднага. Я кармлю Рамашачку, каб ён дужэйшым быў. А то зьнямогся, бедны, што сягоньня ня змог партрэта несьцi. Дзiва што...
– Будзе яму яшчэ за гэты партрэт. Мялешка нездарма выйшаў. Ну, за што вып'ем? – пыталася Роза.
– На гэты раз за прыгожую Розачку, – прагаласiла тост Дзiчкоўская.
– Брава! Брава! П'ем за Розачку!
Пiлi шмат. Дзiчкоўская, нарэшце, выйшла з Раманам на сярэдзiну пакою i закружылася з iм у танцы. Яны танцавалi гэтак зграбна, прыгожа, далiкатна i ўтульна, што выклiкалi замiлаванасьць i зайздрасьць i нiхто ня сьмеў далучыцца да iх. Усе толькi любавалiся iмi. Дзiчкоўская шчыльна прыпадала да Рамана i ўся – як сьвяцiлася. Нiжэйшая за Рамана, яна як-бы была пад iм i толькi адкiдвала галаву, каб зазiрнуць яму ў вочы.
– Хопiць, даражэнькая, з цябе. Дай мне цяпер твайго кавалера, – падыйшоўшы блiзка да iх на зьдзiўленьне ўсiх сьмела сказала Лагоўская. Гэта было так неспадзявана, што Дзiчкоўская апешыла i бяз нiякiх выбрыкаў, на якiя яна была здольная, уступiла ёй Рамана. Каб гэта падыйшоў да яе з такiм намерам нехта iншы, яна нi за што не зрабiла-б гэтага, хаця-б той нехта памiраў.
Раман зрабiў адзiн круг з Лагоўскай. Тады да яго пачалi падыходзць усе дзяўчаты па чарзе, сьмяючыся i жартуючы. Не пасьмела толькi падыйсьцi да яго Ларыса, але Раман сам узяў яе i прайшоўся i з ёю. Дзiчкоўская назiрала за ўсiм гэтым нядоўга. Схапiла Корзюка за руку i пацягнула за стол.
– Хопiць з вас! Рамашачка цяпер мой, – сказала яна. – Не здарма-ж я кармiла яго i паiла.
– Каб была тут Валя Камоцкая, было-б табе "мой", – кiнула Шкляр, – не падзялiлi-б.
– Рамашачка, што ты думаеш пра "дзяльбу"? Падзялiлi-б? Цi не падзялiлi-б?
– Я суцэльны.
Корзюк, вiдавочна, ужо п'яны, выцягнуў Дзiчкоўскую з-за стала, але танцаваць яна не хацела ў сваiм пакоi, а папрасiла яго пайсьцi на танцы ў Галоўны корпус, дзе, гаварыла яна, грае сапраўдная аркестра i хапае прастору.
– А й сапраўды, чаму-б нам не пайсьцi туды ўсiм? – Шкляр гэта сказала, як-бы не хацела, каб Дзiчкоўская пайшла туды з Раманам адна.
У Галоўны корпус на танцы пайшлi ўсе, апрача Розы Шкляр з Каплеўскiм – яны пасьпяшалiся на кватэру да Каплеўскага. Нават Шыракоў з Басяй прыцягнулiся.
Танцы адбывалiся ў падвале Корпусу, на паркетнай пляцоўцы. Гэта была нiштаватая пляцоўка з некалькiмi слупамi пасярэдзiне, вакол якiх кружылiся пары, i такiм парадкам утваралася столькi акружынаў, колькi было слупоў. Пляцоўка ня была добра асьветленай, але гэта нiколькi не замiнала – наадварот. На пляцоўку прыходзiлi ўсе карыдоры i тут канчалiся. Цяпер яны былi поўныя людзьмi, бо-ж на танцы прышлi студэнты аж з трох iнстытутаў: пэдагагiчнага, мэдычнага i наргасу. Былi i з БДУ. Але найболей кiдалiся ў вочы – сваёй колькасьцяй – вайсковыя. Скуль яны сюды папрыходзiлi, нiхто дакладна ня мог-бы сказаць. Досыць таго, што яны былi тут галоўнай сiлай. Яны былi ня толькi ў вайсковай форме, а й ў шпорах, i цяпер гэтыя шпоры зьвiнелi тут нейкiм даўно мiнулым, аднак, гэта не перашкаджала iм знаходзiць водгук у дзявочым сэрцы. Студэнты былi адкiнутыя, як кажуць, на заднi плян.
Танцавала няшмат. Найболей глядзела. Але Дзiчкоўская, падхопленая, як на крыльлях, музыкай, звонам i тлумам, цягнула Корзюка ў круг, моцна сьцiскаючы ягоную руку сваёю лiпкай. Гралi вальс i танцавалi, хто толькi хацеў, умеў цi ня ўмеў. Аднак вальс скончыўся i зайгралi факстрот. Хоць-бы адна пара выйшла нiхто ня ўмеў. А можа хто трохi i ўмеў – саромiўся выходзiць. Ды ня гледзячы на гэта, аркестра грала. Ад таго, што пляцоўка была пустой, саромiлiся ўсе, нават i тыя, хто не танцаваў наагул. Прыцiхлi й вайсковыя. Змоўклi iхныя шпоры.
I вось у гэтай маўклiвасьцi i напружанасьцi выходзiць Дзiчкоўская з Раманам – памалу, нi на кога ня гледзячы, саромячыся i быццам няўпэўнена. Для ўсiх гэта было збаўленьнем, выйсьцем з несамавiтасьцi. У першы момант нават боязна было падумаць, што танец можа ня ўдацца ў iх. Але ўпэўненасьць, з якой павёў Дзiчкоўскую Раман, заспакоiла ўсiх. Дзiчкоўская i Раман танцавалi факстрот так натхненна, лёгка i нявымушана, што, гледзячы на iх, станавiўся зразумелым сам танец. Ён захапляў усё болей нейкiм сваiм нявымоўным чарам. Дзiчкоўская – фiгурыстая i ў зграбнай сукенцы, што выгадна i спакусна аблягала яе, Корзюк – у сваiм штодзённым гарнiтуры, але прыгожы, стройны, гнуткi заваражылi ўсiх сваiм зьяўленьнем на гэтай пляцоўцы. Пачуўся шэпат у грамадзе. "Хто i адкуль яны такiя?" Зьдзiўленьне i захапленьне. А Дзiчкоўская i Корзюк, быццам забаўляючыся, паслухмяныя рытму, у сваёй чароўнай хацьбе, адчувалi гэтае захапленьне грамады i яшчэ болей уваходзiлi ў сваю ролю. Гледзячы на iх збоку, думалася, што ў сваiм датыкненьнi яны мучацца, шчасьлiвыя i пакутныя, шукаюць зiшчэньня нязiшчанага ў рытмiчным наблiжэньнi i аддаленьнi. Гэтым яны заражалi iншых, i тое, што перажывалi яны, дзiўным спосабам перадавалася iншым. Яны вырасталi ў вачох iншых у герояў, у казку, якой не хапала ў жыцьцi, iм зайздросьцiлi, iх iдэалiзавалi i хацелi быць такiмi, як яны. Невядома, колькi-б яшчэ iграла аркестра, каб Раман схiленьнем галавы не падзякваў аркестрантам. З сашчэпленымi рукамi Корзюк i Дзiчкоўская пайшлi на сваё ранейшае месца. Трывала яшчэ часiна маўклiнi. Здавалася, што пасьля гэтага ня ўзновяцца танцы наагул i змоўкнуць назаўсёды шпоры. Але з грамады выступiў нейкi лейтэнант – досыць прыстойны на выгляд – i зычным голасам не папрасiў, а скамандаваў сыграць вальс.
У вальс налезла, як у сетку вакунёў.
– Вальс-адбiяны! – скамандваў той-жа лейтэнант i хуценька падыйшоў да Рамана з Дзiчкоўскай, што вальсавалi недалёка ад яго. Дзiчкоўская моцна сьцiснула Раманаву руку i заставалася з iм.
– Вальс-адбiяны! – яшчэ грамчэй закрычэў лейтэнант, iдучы побач Дзiчкоўскай з Раманам. – Вальс-адбiяны, грамадзянiн! Вы чуеце, цi не? Адпусьцеце барышню!
Раман з Дзiчкоўскай яшчэ хутчэй закружылiся вакол слупа. Але лейтэнант не адступаў ад iх.
– Жыва!
– Цi нельга без каманды, таварыш лейтэнант? – спынiўся, нарэшце, Корзюк, трымаючы левай рукой Дзiчкоўскую за талiю.
– Патое я й камандзiр, каб камандваць, – i лейтэнант схапiў i пацягнуў да сябе Дзiчкоўскую. Тая скрыкнула. Раман правай рукой няўгледна дзыгнуў у твар лейтэнанта. Лейтэнант, перакруцiўшыся, замахнуўся ўдарыць Рамана, але не пасьпеўшы, заекатаў, адкiнуты моцным ударам нагi ў жывот.
Падскочылi ваенныя. Вырасла й студэнцкая сьцяна. Аркестра перастала граць. Дзiчкоўская цягнула Рамана ў гурт, але ён не паддаваўся i ўсё стаяў на месцы.
– Даць iм дагаварыцца на двары, а ня тут, – хтосьцi гукнуў з грамады.
Раман усё болей i болей зацiскаўся з двух бакоў натоўпам. Лейтэнант кiдаўся да яго, але ня мог раськiдаць грамады. Цяжка было зразумець, што дзеецца. Зьнекуль нахапiўся загадчык Ваеннай кафэдрай:
– Я адказны за танцы i прашу зараз-жа разыйсьцiся! Аркестра, грайце!
Пасыпалася полька. Лейтэнант, аднак, не паказваўся. Ён стаяў каля выйсьця на двор – пiльнаваў Рамана. Але дармо – Дзiчкоўская знайшла для Рамана iншае выйсьце, i яны, яшчэ перад тым, як скончылiся танцы, пакiнулi Галоўны корпус.
24
Хмары засьцiлi месяц. Але ён выкачваўся з iх i плюскаў сваiм сьвятлом над голымi садамi. Шчарбатай усьмешкай ён сьлiзгаўся па ўсiм чыста, ад чаго ўскраiна, якой вяртаўся Раман дахаты, з сваiмi садамi i агародчыкамi, хлiпала нейкiм трывожным мiгценьнем, як у срыбнай, але цямлявай сетцы. Ценi далёка сiгалi праз вулiцы, асьветленыя зорнасьцяй. Ценi перакрэсьлiвалi Раманаў твар i асьвячалi яго, як маланкай.
Калi Раман Корзюк дайшоў да свае кватэры, з адчыненай брамкi выбег суседскi сабака, сеў на тратуары i па воўчаму завыў, уставiўшы на Рамана сваю мызу. Раней, падбягаючы да Рамана, ён вiтаўся з iм, як вiтаюцца сабакi, але цяпер сядзеў на воддалi i трывожыў сваiм выцьцём вулiцу, трывожную i без таго ў гэты позьнi час. Месяц быў ужо ззаду, за домам. Корзюк ступiў на ганак асьцярожна й няўпэўнена, быццам ён уваходзiў у чужую, незнаёмую для яго хату.
Ужо з свайго пакойчыку, у задняе вакно, Раман зноў пабачыў у месячным сьвятле сабаку. Але цяпер ён ня выў, як на вулiцы, а толькi сядзеў i, здавалася, глядзеў у вакно, падобны болей на ваўчанё. Корзюку здавалася, што ў сваiм пакойчыку, як на талерцы, ён вiдзён з усiх бакоў. Упяршыню ён ня чуўся забясьпечаным ад напасьцяў. Каб мог, ён засланiў-бы вокны дзяругай, каб пацямнела i можна было-б лажыцца спаць. Але засланiць ня было чым, i Раман лёг, накрыўшыся коўдрай з галавой. Сабака пачаў драпаць сьцяну i скуголiць, быццам просячыся ў хату. Ды Корзюку не хацелася ўжо паднiмацца з ложку, ён сагрэўся i засыпаў. Ужо заснуў... Сьпiць. Сабака цяпер на ганку бразгацiць клямкай, хочачы адчынiць дзьверы, i гыркае. Але нехта ласкава адганяе яго ад дзьвярэй, гладзiць i дае нешта коўтнуць. Коўтнуўшы, сабака зноў пачынае гыркаць. I тады яму добра даюць пад рэбры ботам. Сабака, яўкнуўшы ад болю, бяжыць у свою будку. I ўжо адтуль пачынае скуголiць зноў. Што-б гэта значыла? Пэўна Кандраценя iдзе мяне вучыць цi зноў расказваць пра Цiмошку... Але не... Цяпер я ўжо сплю i мой салодкi сон будзе трываць доўга-доўга. Нi сабака, нi Кандраценя не перарвуць яго. Так добра ў цёплым ложку пасьля дзённай зморы! Высплюся й вылежуся. Каб толькi даўжэй... Сабакi ня чутно i ўжо месяц схаваўся. Патухлi й вокны. Iх замазала ноч, i ў хаце – як спаць. Ценi ня трывожаць i ня шныраць па дарогах. Сады ахiнулiся iмглой i таксама сьцiшылiся. Iм утульней i бясьпечней ад гэтага, як утульна мне пад коўдрай. Утульна, як пасьля вялiкага шчасьця, што перамагло цябе i кiнула ў нябыт...
Дзыгу-дзыгу... Дзаг-дзаг-дзаг... Дзагу-дзагу... Дзаг-дзаг-дзаг – ходзiць ходарам клямка. Ды дзьверы не адчыняюцца. Моцныя! А от у вокнах шкло дзынкае трывожней: тук-тук-тук! тук-тук-тук! Нешта-ж ёсьць такое, калi гэтак брынчаць. Ды гэта нiшто. Сон ёсьць сон. Сон смачна сьвiшча ў носе, булькае ў горле, захлiпаецца. Перарвецца на сэкунду, паслухае сябе самога i зноў за сваё...
Нешта-ж такi ўсхадзiлася гаспадыня... Во як бухнула ў перагародку! Яшчэ-б трохi, дык i ў жывот... Чым бы гэта? Нагой?
Раман Корзюк пачуў галасы ў кухнi. Скрозь шчылiны ў перагародцы адтуль калола сьвятло i даставала Рамана, як штыхамi. Гаспадыня прыглушаным голасам прасiла Рамана адчынiць дзьверы. Корзюк скокнуў з ложку, адкруцiў на дзьвярох закрутку i нырнуў назад пад коўдру.
Як i ўчора, калi ён быў з Кандраценем, гаспадыня спынiлася ў дзьвярох з лямпай у руках:
– Устаньце!
Накiравалася да другiх дзьвярэй, што на вулiцу, i адклала заслон, якiм заўсёды запiраўся Корзюк нанач. Няўгледна, як па камандзе, увайшлi людзi двое з дзьвярэй i двое – з кухнi.
Пад стольлю зырка загарэлася лямпачка. Гаспадыня пасьпяшалася выйсьцi.
– Адзявайцеся! Вы арыштаваныя!
Раману Корзюку не паказалi нават ордэр на арышт. Пiльна прыглядалiся да яго, калi ён надзяваўся. Потым загадалi яму сесьцi за стол, вiдавочна, каб забясьпечыць сябе ад магчымых нечаканасьцяў з боку арыштаванага. Двое стаялi перад Раманам, ня зводячы з яго вачэй, а двое другiх пачалi рабiць вобыск.
Перавярнулi ўсё дагары дном.
– Аддайце зброю!
– Вам ня трэба было-б шукаць яе, каб яна была ў мяне.
– Вы хочаце сказаць, што яна заявiла-б аб сабе сама?
– Патое-ж яна зброя.
– Гм-м... Дасьцiпна.
– Вы самi напрасiлiся на такi досьцiп.
Спрабавалi мясьнiцы, вадзiлi далонямi па шпалерах. Самi адчынялi чамаданы й поркалiся ў iх. Узрылi пасьцель, нечым перакалолi матрас.
– Пакажыце вашы кнiгi.
– Яны ўсе тут.
Перабралi i перагарталi даводнай. Тыя з iх, у якiх былi якiя-небудзь надпiсы, заўвагi, падкрэсьленьнi, закладкi, адкладвалi на бок, а iншыя стаўлялi на месца. Кнiгi на беларускай мове забiралi, не гартаючы, усе, колькi было. Да гэтай катэгорыi належылi й кнiжкi на польскай мове. Канспэкты i лiсты зьвязвалi асобна. Склалi ў мяшок фатаграфii, што былi наклееныя на паперу на сьцяне. Прыглядалiся да партрэта Валi, якi яна падаравала яму, паставiўшы яго ў зграбнай рамачцы на ночным столiку. Знайшлi й вузялок-перадачу для Валi, якога ня прынялi ўчора ў Рамана, бо ня было прыёму i якi цяпер ляжаў у шафцы.
Раман Корзюк абыякава глядзеў на працэдуру вобыску, хацеў, каб яны канчалi хутчэй i вялi ўжо. Але людзi з НКВД не сьпяшалiся, яны толькi зрэдку пазiралi на гадзiньнiкi, абменьваючыся кароткiмi, толькi iм зразумелымi позiркамi. Калi ўжо было ўсё гатова, упакавана i пасартавана, пачалi пiсаць пратакол. Падпiсалi яго Раман i гаспадыня, якую яны паклiкалi. Гаспадыня прынесла Раману бялiзну, цукру i слоечак масла.
– Яму ўсё гэта не патрэбна. Ён хутка вернецца.
– Каб-жа-ж...
– Пайшлi!
На вулiцы кiнуўся сабака з брамкi, але адразу-ж адбегся i, як перад гэтым, сеўшы, завыў.
Месяц не паказваўся. Яго перамаглi хмары, i вулiцы – глухiя, з садамi й гародамi – нiклi ў перадранiшняй iмгле.
У машыне людзi з НКВД сядзелi побач Рамана, сьцiскаючы яго, быццам якiмi клямарамi. Ехалi цiха, не гаворачы. Каб хто якiм словам перакiнуўся! Гэтую маўчанку Раман ледзве перамагаў. Каб ён не баяўся паказацца наiўным, ён сам першым загаварыў-бы да сваiх "суседзяў" i яму было-б ня гэтак прыкра, як цяпер, але загаварыць Корзюк ня мог, i блiзiня, якую Корзюк адчуваў, седзячы памiж сваiмi "целахранiцелямi", мучыла яго, злавала i выдавалася надта абразьлiвай. Толькi нейкая звышнатуральная сiла паўстрымоўвала яго ад таго, каб ня рынуцца на iх. У вадзiн мамэнт – варта было яму толькi, напружынiўшыся, тоўхнуць сваiмi моцнымi i доўгiмi нагамi ў вадзiн i ў другi бок, як уся ягоная кампанiя поруч – Раман вычуваў у сабе такую сiлу – апынулася-б вонках машыны. Але Корзюк ехаў цяпер туды, i ўсьведамленьне гэтага стрымлiвала ягоную натуру. Той дзень, аб якiм гаварыў яму ўчора Кандраценя, настаў i цi варта цяпер адхiляць яго такiм спосабам. Тым больш, што такога дня Корзюк чакаў сам, iшоў да яго, i ў гэтым фiнале сваiм мусiць-жа ён, нарэшце, сьцiшыцца. За плячыма Корзюка, здавалася яму, ехала ягонае мiнулае i быццам праводзiла яго ў новую дарогу.
Па Чыгуначным мосьце праходзiў цяпер якраз замежны цягнiк на Стоўбцы. Вокнамi цягнiк сьвяцiўся ў цемры, нясучы сваё калыхлiвае сьвятло ў нейкi iншы, зваблiвы сьвет, да якога ён, здавалася, бег здалёку, з таго боку начы. Корзюк меў магчымасьць праводзiць вачыма цягнiк аж да таго часу, пакуль чырвоны лiхтар, матляючыся ззаду апошняга вагону, ня згас у вiльготнай i зябкай каламуцi.
За Чыгуначным мастом пачыналася Савецкая. Адно вакно ў Цыпiных ужо сыгналiзавала сьвятлом, што там нехта прачнуўся – хутчэй за ўсё Бася: сьвятло такое трапяткое i чырвонае, як яна сама. А вось праплывае ў паўзмроку сонны яшчэ манастыр – сьпяць. Сапраўды, як пасьля Кастрычнiка! I чаму-б iм ня спаць? Нiхто ня сьпiць мацней за жанчын.
Усё ўжо ззаду: i Цыпiна, i мастыр, i iнстытут, i Дом ураду з сьвяточным партрэтам Сталiна.
Перад варотамi на Ўрыцкага машына доўга чакала, гурчэла, быццам скардзячыся, што яе ня пушчаюць. Нарэшце, адчынiлiся вароты – на чатыры крокi ўшыркi – i аўта рванулася на двор. Пад'ехала да нейкiх дзьвярэй, спынiлася.
У Камэндатуру Корзюка ўвялi з двара. Адразу-ж, з парогу, Корзюк нырнуў (яго вялi туды) у падвал-скляпеньне, асьветленае моцнымi лямпачкамi. Iшла "апрацоўка" арыштаваных: iхную адзежу распасьцiралi на стале, абмацвалi кожнае шво, абразалi гузiкi i спражкi, выцягвалi з бацiнак шнуркi, забiралi рэмнi, гальштукi, грошы. А ў вадным кутку – зусiм голыя – некалькi чалавек прысядалi, распасьцiраючы рукi, i, прысеўшы, заставалiся з сэкунду ў такой пiкантнай позе, пакуль тыя, што аглядалi iх, не казалi iм узьняцца.
Корзюк баяўся, што яму загадаюць рабiць тое-ж самае, але, нашчасьце, гэтай атлетыкай яму ня прыйшлося займацца: значыць, яго ня лiчаць такiм небясьпечным арыштантам, як тых, у кутку.
Яму далi квiтанцыю на асабiстыя рэчы, якiх нельга браць з сабою ў камэру, i павялi. Паднялiся на другi паверх. У цэнтры акружыны, якая станавiла сабою падлогу таго паверху, стаяў чалавек i круцiў, як здавалася Корзюку, нейкае кола. Але гэта было ня кола, а прост рычагi, пры дапамозе якiх дзьверы камэраў у выпадку патрэбы адчынялiся i зачынялiся. Не пасьпеў Корзюк апынуцца перад дзьвярыма 27, як яны адчынiлiся, паказаўшы Раману тое, што называецца камэрай-адзiночкай. Корзюк у нерашучасьцi спынiўся: ня камэра, а труна, вузкая ад дзьвярэй i трохi шырэйшая ў процiлежным канцы. Ззаду Корзюка лёгенька папхнулi. Толькi ён перанёс свае ногi праз парог, як дзьверы зачынiлiся за iм з такiм гулам, быццам хвалi шторму з усёй сiлай ударылi ў каюту, схлынуўшы назад у сваiм адступленьнi.
25
– Раскажэце, Шаркевiч, як вы хадзiлi з свайго хутару ў Польшчу?
– Я ў Польшчы ня быў i хутар той ня мой.
– Што хутар ня ваш, гэта мы добра ведаем. I што вы былi ў Польшчы, гэта мы ведаем таксама. Але мы хочам, каб вы прызналiся ў гэтым самi. Будзе меншая кара... Дык колькi разоў вы былi ў Польшчы?
– Я вам сказаў, што нi разу.
– А каго вы вадзiлi туды?
– Нiкога.
– I самi ня былi?
– Не, ня быў.
– Ну, а хто вас туды пасылаў?
– Як я там ня быў, дык нiхто мяне туды й ня пасылаў.
– Добра адказваеце. I скажаце, Генадзь Кандраценя ня быў у вас на хутары?
– I Кандраценi нiякага ня ведаю!
– А калi я пакажу вам яго?
– Ну дык што – што пакажаце. Вы ўсё можаце паказаць.
– Цяпер адкажэце мне на такое пытаньне: начзаставы да вас часта заяжджаў?
– Гэны бываў.
– Можа ён перакiдваў вас сам?
– Дрэнны быў-бы ён начзаставы.
– Можа ён i ёсьць такi.
– Такога вы ня трымалi-б. Ён-жа ваш.
– Ён i ваш.
Палiтыка з Шаркевiчам гаварыў сёньня лагодна, як-бы пасяброўску. Прост гуляў з iм. Ня тое што ўчора i пазаўчора – душу выцягваў. Шаркевiч бачыў, што ягоны сьледчы змораны, хоча спаць, пазяхае i час-ад-часу заплюшчвае вочы. Даўно ўжо перавалiла за поўнач. Колькi разоў Палiтыка, седзячы за сталом, браўся за трубку тэлефону i цiхiм голасам перакiдваўся, як здавалася Шаркевiчу, з жонкай кароткiмi словамi, абяцаў ёй прыйсьцi а чацьвёртай. Шаркевiч, канешне, прыкiдваўся, што ня слухае ягонай гутаркi, знарок ёрзаў на сваiм крэсьле, але на самай справе прыслухоўваўся да кожнага слова, сказанага сьледчым. Шаркевiч ня ведаў, колькi цяпер часу, вычуваў толькi, што каля трох i ўжо, можна сказаць, не баяўся, што Палiтыка будзе й сёньня прыцiскаць ягоныя каленi другiм крэслам, зробленым як-бы адмыслова для таго, каб прычыняць Шаркевiчу боль, такi нясьцерпны, хоць крычы... Возьме крэсла, трохi вышэйшае за тое, на якiм, звычайна, сядзiць Шаркевiч, i пачынае неўзаметку й пацiху, як-бы жартуючы, сунуць да Шаркевiча. Дагонiць шчыльна да каленяў Шаркевiча i спынiцца, прыглядаючыся, цi акуратна прыставiў да самых храшчыкаў у суставах. Потым бярэцца за крэсла зноў i гэтым сваiм крэслам пхне Шаркевiча на ягоным крэсле да сьцяны. Вось тады i пачынаецца прыцiсканьне. Шаркевiч крычыць. Тады сьледчы перапыняе свою работу i пытаецца ў соты раз пра адно i тое-ж – хто пасылаў у Польшчу?
Сёньня-ж Палiтыка, як ня той. Жартуе й гаворыць так, абы гаварыць. Быццам i яму абрыдла таўчы ваду ў ступе. Мала таго, Палiтыка расказаў Шаркевiчу пра ягоных, Шаркевiчавых, дзяцей, што яны жывуць без яго на хутары лепей, чым з iм – дзяржава дапамагае, дармо, што iхнi бацька польскi шпiён... Апрача старэйшай дачкi, усе ходзяць у школу. Адным словам, дагледжаны, сыты – савецкая ўлада не дапусьцiць, каб дзецi прапалi. I таму Шаркевiчу няма чаго турбавацца.
Такая чуласьць i дабрыня сьледчага пужала й насьцярожвала Шаркевiча. Ён ня верыў яму. Але Палiтыка – як-бы яго хто падмянiў – быў сапраўды ласкавым, частаваў яго папяросамi, паклаўшы перад iм цэлую пачку – "Казьбек". Упяршыню сьледчы дазволiў яму сядзець з iм за адным сталом. I як-бы там нi было, а Шаркевiчу ад такой гутаркi было ня так страшна заставацца аднаму са сьледчым уначы.
Найболей баяўся Шаркевiч, калi ягоны сьледчы змаўкаў, застаючыся нярухомым i сутуленым у сваiм крэсьле. Тады Палiтыка разглядаў Шаркевiча, мацаў яго сваiм, быццам нятутэйшым, павольным зрокам, сьлiзгаўся па iм тупым, халодным паглядам заспаных вачэй, шукаючы для сябе нейкага адказу. Шаркевiч разумеў гэта пасвойму: сьледчы ўпiваецца ў яго для таго, каб канчальна вырашыць Шаркевiчаў лёс, знайсьцi адказ. Шаркевiч добра ведаў, што яго чакае, але ня гледзячы на гэта, хацеў спадзявацца, што той ягоны лёс вырашыцца неяк iнакш i таму баяўся "канчальнага" вырашэньня, якое магло высьпець у санлiвым мазгу сьледчага. Шаркевiч тады курчыўся на крэсьле, млеў, вернападдана глядзеў у вочы сьледчаму, быццам хацеў гэтым зьмякчыць той магчымы вырак, што можа прыйсьцi ў кожную сэкунду.
Змаўкаў сьледчы, змаўкала i ноч у НКВД. У габiнэце рабiлася так цiха, што Шаркевiч чуў нават плынь i шорах начы. Змаўкаў вулiчны гул, галасы звонку не даходзiлi сюды. Не, Шаркевiч баяўся, калi сьледчы маўчаў.
Сьледчы пачынаў гаварыць, i ажываў габiнэт, цiшыня некуды адступала, Шаркевiчу станавiлася лягчэй, i той страх выраку, што толькi палохаў яго, зьнiкаў, замяняўся сэкундаю надзеi...
– Чаму вы, як вярталiся з Польшчы, зайшлi ў iмшанiк, а не адразу ў хату?
– Я йшоў ня з Польшчы, а ад свае канякi. Глядзеў, цi з начы куды не закалдыбала. А ў хату ня йшоў, бо хацеў прыймацца ўжо за работу.
– Якiя вы старанныя!.. Ну, добра... Хто яшчэ быў у iмшанiку, апрача начзаставы, у той час, калi вы зайшлi туды.
– Я нiколi ня бачыў чалавека, што браў мяне разам з начзаставы. Ня ведаю яго.
– Добра... Колькi часу вы прабылi пад арыштам на заставе, перад тым, як вас адправiлi ў Менск?
– Ня доўга. Начзаставы дапытваў мяне толькi адзiн раз.
– Пра што ён у вас пытаўся?
– Пра тое, што й вы.
– Але яму вы гаварылi праўду. Ня так, як мне. Хочаце паслухаць пратакол?
– Там усё няпраўда.
– Вы-ж падпiсалiся пад тым, што вы гаварылi!
– Мяне бiлi, каб я падпiсаўся.
– Бiлi? Вось як... Мы ня б'ём.
Пасьля паўзы:
– Зрэшты, ня важна, што ў пратаколе напiсана. Важна тое, што мы ведаем самi i, канешне, тое, што вы скажаце. Вось, напрыклад, што вас змусiла зьвязацца з Кандраценем? Дружба? Атрымалi ад яго шмат грошай? Вам дрэнна жылося? Мы пасадзiлi вас на хутар не для таго, каб вам было блiжэй да Польшчы. Вамi мы хацелi заткнуць хоць адну з дзiрак, што, нажаль, яшчэ ёсьць у нас на пагранiччы. А вы што-ж? Палезьлi праз дзюрку самi! Забойцаў, кантррэвалюцыянэраў, шпiёнаў i iншую хлудзь прапхнулi. Што вы былi ў Польшчы i можа не аднойчы (тут Палiтыка кiнуў на Шаркевiча хуткi i пранiкнёны зрок), гэта абсалютна вядома нам. Але мы, паўтараю, хочам даведацца ад вас, чаму вы сталi на шлях здрады? Чаму былы батрак, пастух не палiчыўся нi з чым – нi з сям'ёю, нi з намi, нi, нарэшце, з сваiм сумленьнем – i пайшоў на службу да ворага? Возьмем зноў Кандраценю! Як ён змог зацягнуць вас у сваё логава? Вы зноў скажаце, што ня ведаеце яго? Да часу мы даём вам магчымасьць гаварыць усё, што хочаце, але раней цi пазьней мы ўсё-ткi змусiм вас загаварыць пасапраўднаму. Генадзя Кандраценю выкiнула да нас Польшча. I трэба сказаць, ён дабiўся тут, у нас, некаторых посьпехаў – знайшоў вас i такiх, як вы, пралез i ў больш далiкатныя месцы. Спрабуе нават займацца палiтыкай. Але ўсё гэта, бачу, для вас няцiкава i мала зразумела. I я ня зьбiраюся доўга гаварыць пра гэта. Вы патрэбныя нам, як жывы чалавек, як доказ, як сьведка, як дэталь ведаеце, як вiнцiк ад машыны. Мы зьбiраем цяпер вялiкую машыну i нам не хапае шмат якiх вiнцiкаў-шрубак, такiх, як вы. Дык мы й пярэйдзем цяпер блiжэй да справы. Пачнём ад пачатку.
Палiтыка ўзяў аркуш паперы i нарыхтаваўся запiсваць.
– Значыць, Генадзя Кандраценю, кажаце, ня ведаеце? Так?
– Так.
– Так i запiшам. Начзаставы, кажаце, ведаеце? Так?
– Так.
– Добра, што прызнаецеся хаця ў адным. Дапамагаў вам начзаставы пераводзiць людзей у Польшчу?
– Якiх людзей?
– Адказвайце на пытаньне!
– Не!
– Значыць, вы адны, бяз нiкога пераходзiлi гранiцу?
– Не пераходзiў я гранiцы!
– А ў Польшчы былi?
– Як не пераходзiў, дык i ня быў.
Палiтыка ўськiпеў гневам i кiнуў асадку на падлогу. Падыйшоў да Шаркевiча, замахнуўся рукой, але ня ўдарыў. Накiраваўся ў куток, дзе стаяла крэсла. Налёг на яго дзьвюма рукамi i пачаў сунуць яго да Шаркевiча. Пацiху, ня зводзячы з яго вачэй. Шаркевiч ведаў для чаго прызначаецца крэсла, але ўдаваў, што не баiцца. Сядзеў i чакаў. Быццам адумаўшыся, Палiтыка нечакана пакiнуў крэсла пасярэдзiне пакою i сеў за стол, падняўшы з падлогi асадку.
– У якiм гэта гумне вы адсыпалiся ў Польшчы?
– Я спаў дома, выбачайце.
– На гэты раз вы адказалi не дасьцiпна!
Разгневаны, Палiтыка ўвомiрг узьняўся i выйшаў з-за стала. Гучным голасам пачаў каманду:
– Устаць!
Шаркевiч устаў.
– Сесьцi!
Шаркевiч сеў.
– Устаць!
– Сесьцi!
– Устаць!
– Сесьцi!
– Устаць!
– Сесьцi!
Шаркевiч садзiўся i ўставаў з хуткасьцяй, з якой камандваў Палiтыка. Ён ганяў Шаркевiча датуль, пакуль не змарыўся сам i ў зьнямозе ацiх. Iз стосу папераў, якiя ляжалi на стале, дастаў папку i, разгарнуўшы яе, накрыў нешта ў ёй аркушам паперы, загадаўшы Шаркевiчу прысунуцца блiжэй да стала:
– Глядзеце, зараз пакажу, што пад гэтым аркушам паперы.
Палiтыка паволi ссунуў аркуш паперы ўнiз, да сябе можа на якi адзiн сантымэтр. З-пад аркуша паперы вытыркалiся валасы.
– Хто гэта?
– Не пазнаю па валасох.
Палiтыка яшчэ больш пацягнуў унiз аркуш паперы – паказалася верхняя часць iлба.
– Хто гэта?
– Ня ведаю. Балван нейкi.
Палiтыка сьцягваў аркуш паперы яшчэ нiжэй – паказалiся густыя бровы.
– Хто гэта?
– Нехта-ткi знаёмы, але не прыпамiнаю.
Палiтыка паказаў болей – глянулi вочы... Чые-б вы думалi? Вочы Шаркевiча!
– Хто гэта?
Не дачакаўшыся адказу, Палiтыка ўдарыў Шаркевiча ў твар. У Шаркевiча з носу пайшла кроў. Але тым ня менш, Палiтыка, узяўшы з папкi фатаграфiю, паднёс яе пад самы нос Шаркевiчу i голасам, у якiм чулася вялiкае задаваленьне i перамога, сказаў:
– А вось i тое гумно, пра якое я пытаўся. Пазнаеце?
Шаркевiч маўчаў.
– Вы хадзiлi ў Польшчу?
Шаркевiч маўчаў.
– Хадзiлi, пытаюся?
– Што-ж тут пытацца!
– Не, я хачу, каб вы мне адказалi, як належыцца. Хадзiлi?
Шаркевiч, выпрастаўшыся на сваiм крэсьле, i гледзячы ў вочы Палiтыцы, цьвёрда адказаў:
– Хадзiў!
26
Мiнула колькi часу, а Валю Камоцкую на допыт болей не выклiкаюць – як забылi. Нездарма-ж Палiтыка пужаў яе паўгадовым i гадовым сядзеньнем. Мусiць сваю пагрозу ён сапраўды датрымае.
Валя Камоцкая кожны дзень з нецярплiвасьцяй чакала хвiлiны, калi адчыняцца дзьверы i яе выклiчуць, ды дзьверы тыя ўсё не адчынялiся, i яна, не дачакаўшыся, позна кладучыся ў ложак, ускладвала свае надзеi на заўтрашнi дзень, якi, наступiўшы, ашукваў яе так-жа, як i папярэднi. I так бясконца. З адзiночкi яе не пераводзiлi, хоць яна не аднойчы прасiлася ў пракурора-iнспэктара, калi той абходзiў камэры. Пiсаць дахаты не дазвалялi. А ёй якраз цяпер хацелася-б напiсаць бацьком, тым больш што яны так цi iнакш, бязумоўна, даведалiся аб яе арышце i хаваць ад iх гэты факт было-б дзiўна i недарэчна. Немаль кожную ноч Валi сьнiцца адзiн i той-жа сон: у iнтэрнат мацi прыяжджае за ейнымi рэчамi, але ёй не аддаюць iх, ня пушчаюць нават на парог, адпiхаюць, гоняць. Ды мацi не здаецца – прыяжджае зноў. Як i раней, рэчаў ёй не аддаюць, гоняць, яшчэ й насьмiхаюцца. I што найболей засмучае Валю ў гэтым сьне, дык гэта маўклiвасьць мацi. Хоць-бы адным слоўкам яна абранiлася – яе ў грудзi пiхаюць, а яна маўчыць. Цiхенька й паслухмяна адыходзiцца iз сьлязьмi на вачох.