Текст книги "Раман Корзюк (на белорусском языке)"
Автор книги: Масей Седнев
сообщить о нарушении
Текущая страница: 12 (всего у книги 18 страниц)
– Беларускае НКВД, таварышы, як вы ведаеце, пагранiчнае НКВД i на яго ўскладваецца падвойная задача – лiквiдацыя ня толькi ўнутранай кантррэвалюцыi, а й замежнай агентуры. Сказаць толькi, што НКВД – гэта меч дыктатуры пралетарыяту, яшчэ замала: трэба, каб гэты меч не ржавеў! Як начальнiк НКВД, мушу давесьцi да вашага ведама, што ў Маскве нашым, беларускiм НКВД, незадаволеныя. Там сьцьверджаны факт, што яно, iменна як пагранiчнае НКВД, не спаўняе сваiх абавязкаў. Асабiста таварыш Сталiн незадаволены намi, разгневаны нашым склаўшы рукi сядзеньнем. Вы можаце ўявiць, што гэта можа азначаць? Увесь цяжар вiны, зразумела, ляжыць на мне, але – не таюся – у сваю чаргу я знайду таксама вiнаватых. Нашу ўнутраную кантррэвалюцыю, як духоўна, гэтак i матэрыяльна, жывiць, як ведама, замежная разьведка. Яна стварыла ў нас ня толькi ачагi кантррэвалюцыi, але й навiла гнёздаў шпiгунства. Побач трацкiстка-бухарынскага ахвосьця, самая небясьпечная ўнутраная кантррэвалюцыя ў нас на дадзеным этапе – нацдэмы. Нацдэмы – гэта памагатыя замежнай разьведкi. З лiку нацдэмаў разьведка навярбавала сабе шпiёнаў, дывэрсантаў i тэрарыстаў. Драпежныя лапы замежнай разьведкi працягнулiся аж да самага нашага НКВД. Мы, седзячы ў сваiх габiнэтах, чакаем пакуль вораг сам ня прыйдзе да нас, не пастукаецца ў нашыя дзьверы i ня здасца нам. Мы пляцёмся ў хвасьце, мы адсталае НКВД, а адсталых, як сказаў таварыш Сталiн, б'юць. Памятайма словы Сталiна: "Калi менскае НКВД сьпiць, яго разбудзiць маскоўскае". Я патрабую як найхутчэйшага заканчэньня нацдэмаўскай справы. Адкрыты працэс нацдэмаў – гэта канкрэтная нагода рэабiлiтаваць сябе. Як нядаўна на допыце сказаў мне былы мiнiстр Беларускай народнай рэспублiкi (БНР) пан Цьвiкевiч, якi, дарэчы, сядзiць у нас ужо цэлы год, нацдэмаўская справа страцiць сваю вайстрыню, калi мы будзем яе адцягваць. Я сягоньня паклiкаў вас сюды, каб ад вас, як ад знаўцаў i спэцыялiстаў справы, даведацца, якiя рэальныя магчымасьцi ёсьць для таго, каб у самым блiжэйшым часе распачаць адкрыты працэс нацдэмаў. Слова для дакладу мае таварыш Цiмошка.
З-за столiка вылез Цiмошка i, стаўшы побач начальнiка НКВД, распасьцёр на стале карту, расклаў кнiгi, паперы, налiў з графiна ў шклянку вады, выпiў. Ростам ён быў нагэтулькi малы, што тыя, якiя заставалiся сядзець за столiкамi, бачылi толькi ягоную галаву. Выглядала так, быццам галава Цiмошкi была зьнятая з тулавiшча i выстаўленая для паказу, тварам да публiкi. Цiмошка слаба ўсьмiхнуўся. Зразумеўшы, што гэта не адпаведная для яго пазыцыя, ён выкацiўся з-за стала i ў галiфэ, у хромавых ботах, з нiзкiмi i сабранымi ў гармонiк халявамi, увесь паказаўся на вочы. Начальнiк НКВД ня спушчаў з яго сваiх вачэй. Цiмошка, уткнуўшы левую руку ў кiшэню свайго фрэнчыка, прыняў позу маленькага Ленiна з выкiнутай наперад правай рукой i хутчэй, як прамоўца, а не тэарэтык, нарыхтаваўся гаварыць. Такая поза Цiмошкi нiкога ня зьдзiвiла, усе ведалi яго, як здатнага аратара i, значыцца, нейкая-ж поза мусiць быць. Усе навастрылiся слухаць яго. Ды Цiмошка апусьцiў сваю правую руку i, як-бы наважыўся на нешта нязвычайнае, касавурлiва павярнуўся да Бэрмана:
– Таварыш начальнiк беларускага НКВД, дазвольце не згадзiцца з адным вашым цьверджаньнем.
I як-бы ацэньваючы, якое ўражаньне зрабiлi на Бэрмана ягоныя словы, дадаў:
– Таварыш начальнiк беларускага НКВД, вашая стаўка на нацдэмаў будзе бiтая i ў вынiку беларускае НКВД апынецца яшчэ ў большым прарыве.
Бэрман нават не зварухнуўся ў сваiм крэсьле, сядзеў i, здавалася, чакаў, што яшчэ скажа Цiмошка, у той час, як за столiкамi напружаньне ўжо пераходзiла ў сваю вышэйшую стадыю – страх.
– Таварыш начальнiк беларускага НКВД, беларуская нацдэмаўская арганiзацыя – гэта правакацыя менскiх трацкiстаў.
Думаючы, што Бэрман ужо пераможаны, Цiмошка хацеў дабiць яго канчальна:
– Таварыш начальнiк, вы самi – трацкiст.
Аднак, Бэрман нiчым не паказваў свайго ўзрушэньня i, седзячы ў крэсьле, без якога-колечы напружаньня, спакойна перапынiў Цiмошку:
– Трацкiст я, цi не трацкiст – гэта ня вам вырашаць. Тымчасам начальнiк НКВД – я, i я загадваю вам, таварыш Цiмошка, далажыць нам, як выглядае нацдэмаўская справа на сёньня. Тым болей, што вы адказны за яе. Сваю асабiстую нязгоду вы выказалi i затрымлiваць нашую ўвагу на дробязях я лiчу немэтазгодным. У нас тут нарада, а не трыбуна.
– Тое, што я сказаў, я сказаў, i мог-бы паўтарыць яшчэ, але я паўтару гэта ў найбольш адпаведным месцы, – апэляваў Цiмошка ўжо болей да прысутных. Таварышы, я цяпер напраўду раскажу вам пра тую мiтычную нацдэмаўскую арганiзацыю, над стварэньнем якой мы б'ёмся ўжо цэлы год. Я асабiста не пагаджаўся на канструяваньне гэтай арганiзацыi – вычуваў, што прост ня будзе мне на чым разгарнуцца. Карацей – гэтая справа не натхняла мяне. Я люблю канструкцыi большых маштабаў! А тут якраз няма тае маштабнасьцi! I толькi пад цiскам нашага начальнiка – вы гэта ведаеце – я змушаны быў узяцца за фабрыкацыю таго, што мы называем нацдэмаўскай арганiзацыяй... Ды апэтыт, гавораць, прыходзiць у часе ежы – вось так сталася й са мною: за працаю прыйшло натхненьне, якога ня было напачатку. Ну, а калi прыйшло натхненьне, страшэннае, д'ябальскае натхненьне чэкiста – вы ведаеце самi – можна паверыць у сапраўднасьць iснаваньня ня толькi нацдэмаўскай арганiзацыi, але й ў тое, што ты – гэта ня ты. Памятаеце, паверыў-жа я некалi, што мая жонка – польская шпiёнка. Як вы ведаеце, я сам вёў ейную справу, сам яе судзiў, сам патрабаваў расстрэлу. А чаму я паверыў, што яна – шпiёнка? Папершае, яна была полька. А падругое – i гэта самае галоўнае – навяла мяне на гэта адна справа: я канструяваў у тым часе патрэбную для НКВД шпiгунскую афэру: жонка аднаго чэкiста (якраз па нацыянальнасьцi полька) становiцца польскай шпiёнкай. Чым больш я камбiнаваў гэту справу, чым болей ня спаў над ёю начэй, тым больш захапляўся ёю, тым больш бачыў у ёй магчымасьцяў праявiць свой генi сьледчага. I, нарэшце, дайшло да таго, што я паверыў у верагоднасьць гэтай справы, якой займаўся, хоць напачатку глядзеў на яе, як на практыкаваньне. Але мала таго, што я паверыў. Я пачаў шукаць мадэляў для гэтай канструкцыi ў жыцьцi, у тэй рэальнасьцi, якой я жыў i якая мяне акружала. Мне здавалася, што я ў палоне гэтых мадэляў i што трэба ад iх ачысьцiцца. Лежачы ў начы ў вадным ложку з жонкаю, я й падумаў, што яна якраз i ёсьць адна з тых мадэляў, якiх я шукаю. Вось што значыць натхненьне i пракудны генi сьледчага.
Тое-ж самае i з арганiзацыяй беларускiх нацдэмаў. Напачатку я не хацеў ёю займацца, у мяне ня было натхненьня, а потым, калi пачаў ствараць – чыста тэарытычным спосабам – абстрактныя мадэлi гэтай арганiзацыi, захапiўся iмi i, ужо натхнёны iмi, канкрэтна пачаў уцелаўляць iх у жыцьцё. Такiм парадкам, абстрактныя мадэлi нацдэмўскай арганiзацыi ў маiх руках ажылi, набылi ня толькi форму, але й зьмест. Гэткiм парадкам я змадэляваў усю Беларусь, за кожнай маёй мадэляй стаiць жывая асоба. Гэтыя мадэлi я доўга перастаўляў з месца на месца, пакуль не атрымаў з iх цэласьцi. Я начамi ня спаў, яны строга матэматычна стаялi ў маёй памяцi, выдуманыя мной, аж пакуль у маiм выабражэньнi я не замянiў iх жывымi людьмi. Мы iх шукалi ўсюды – дзе яны былi i дзе iх ня было. Я паверыў, што яны ўсюды ёсьць i, сапраўды, я знаходзiў iх усюды. Гэта акалiчнасьць падмацавала мяне на думцы, што мадэлi-людзi сапраўды былi яшчэ раней, тады, калi я яшчэ iх ня шукаў. Так паўстала беларуская нацдэмаўская арганiзацыя, да назову якой мы далучылi пазьней эпiтэты "кантррэвалюцыйная", "антысавецкая", "тэрарыстычная", "шпiгунска-дывэрсыйная".
Цiмошка спынiўся й аддыхаўся. Ён прыкмецiў што ягонае выступленьне рабiла ўражаньне. Але з боку можна было прыкмецiць i iншае – на яго глядзелi, як на страшнага чалавека. Нават сам Бэрман сьцiшыўся i як-бы над нечым думаў. Вiдавочна, ён хацеў чым-небудзь перапынiць Цiмошку. Чакаў, калi ён аддыхаецца i пачне зноў.
Трамвай прайшоў недзе так блiзка i з такой магутнай сiлай, што на сэкунду здавалася ён забiрае з сабой i ўвесь будынак НКВД – падлога ў габiнэце начальнiка НКВД задрыжэла i як-бы некуды паплыла. Агонь у лямпах на столiках затоўхаў копацьцю ў капшукох.
– Але ў тое, што я стварыў, я ўжо болей ня веру – прайшло бо натхненьне, скончыўся бо сьледчы. Дык тое, што я падам тут – усяго толькi схэма, голая канструкцыя, з некаторымi, праўда, жывымi ўцелаўленьнямi.
Цiмошка блiжэй падыйшоў да Бэрмана – вiдаць, яму спатрэбiлiся цяпер пакiнутыя iм на стале паперы, кнiгi, карта.
– Дык сканструяваная мною тутака арганiзацыя афiцыйна называецца "Беларуская нацдэмаўская антысавецкая кантррэвалюцыйная тэрарыстычная шпiгунска-дывэрсыйная арганiзацыя". Арганiзацыя створаная па загаду Масквы. У Менску ейнымi верхаводамi былi, як я сказаў, трацкiсты, разам з шавiнiстычнымi расейцамi. Сама iдэя нацдэмаўскай арганiзацыi зрадзiлася з чыста тэарэтычнага пастуляту: паколькi кожная з саюзных рэспублiкаў тэрытарыяльна сутыкаецца з капiталiстычным сьветам, ужо сам па сабе гэты факт правакуе зараджэньне нацыяналiзму. Аднойчы народжаны, нацыяналiзм у гэтых рэспублiках заўсёды будзе шукаць сабе падтрымкi ў сваiх суседзяў за мяжой, а гэтыя апошнiя будуць апiрацца на яго ў сваёй падрыўной рабоце. Гэты тэарэтычны пастулят выключае ўсякую магчымасьць рэвiзii яго або скiдкi на мясцовыя ўмовы: НКВД у саюзнай рэспублiцы ня можа заявiць, што на тэрыторыi ягонай дзейнасцi няма буржуазных нацыяналiстаў. НКВД, якое зрабiла-б гэта, было-б разгромленым. Вось такiм парадкам знайшлiся нацдэмы i ў Беларускай Савецкай Сацыялiстычнай Рэспублiцы. Канечне, i гэта не сакрэт – такая тэорыя забясьпечвае далёкасяжную практычную мэту: перагляд нацыянальнага пытаньня на карысьць цэласьцi савецкай Расеi.
У поўнай згодзе i ў адпаведнасьцi з гэтай палiтыкай мы й тварылi нашую нацдэмаўскую арганiзацыю. Тутака я ўкажу на некаторыя цяжкасьцi гэтага тварэньня. Папершае, нам цяжка было дакумантаваць адзiн з галоўных пунктаў абвiнавачаньня нацдэмаў: iхную сувязь з замежнай разьведкай. (Не забываце, таварышы, што арганiзацыi, як такой, у сапраўднасьцi ня было i, значыцца, не магло быць i той сувязi з разьведкамi.) Сувязь нацдэмаў з польскай разьведкай наладзiла само нашае НКВД: яно знайшло найбольш незадаволеных савецкай уладай людзей i, справакаваўшы iх, перакiнула ў Польшчу. Мала таго, намi было даканана колькi палiтычных забойстваў чаловых савецкiх работнiкаў з адзiнай мэтай абвiначваньня ў гэтых забойствах нацдэмаў або кулакоў, зьвязаных з iмi. Гэтых "забойцаў" мы самi-ж i ратавалi – па дамоўленасьцi з нашымi пагранзаставамi перакiдвалi iх у Польшчу. Там, у польскай дэфэнзыве, яны часта траплялi ў рукi нашых-жа работнiкаў, якiя i выпраўлялi iх назад, у Беларусь, дзе мы iх i лавiлi, ужо як сапраўдных шпiёнаў, засланых Польшчай. Так прыблiзна была забясьпечаная сувязь беларускiх кантррэвалюцыйных нацдэмаў з Польшчай i фашысцкай Нямеччынай.
Падругое, нам цяжка было стварыць Цэнтр нацдэмаўскай арганiзацыi знайсьцi вядомых i дастаткова аўтарытэтных у вачох грамадскасьцi людзей, якiя-б пагадзiлiся ўзначалiць нацдэмаўскую арганiзацыю. З гэтай мэтай мы абвiнавацiлi цiмала палiтыкаў, вучоных, пiсьменьнiкаў (асаблiва гэтых), грамадскiх дзеячоў (беларусаў паводля паходжаньня), пасадзiлi iх у турму i з дапамогай iх, ужо тут, у турме, вырашылi й гэтае пытаньне – пытаньне Цэнтру.
Трэйцяе, найбольш цяжкое для нас пытаньне было пытаньне масавасьцi нацдэмаўскай арганiзацыi. Каб забясьпечыць гэтую масавасьць, нам давялося-ткi трухнуць усiмi без выключэньня беларускiмi навуковымi, культурнымi i грамадзскiмi ўстановамi. У нас апынулiся Саюз савецкiх пiсьменьнiкаў БССР, Акадэмiя навук, пэдагагiчныя iнстытуты, тэхнiкумы, тэатры, настаўнiцкiя кадры i г.д.
Чацьвёртае, мы сустрэлiся з вялiкiмi цяжкасьцямi ў пытаньнi мiлiтарнага характару нацдэмаўскага руху. Нам патрэбна было, каб нацдэмы ў сваiм змаганьнi з савецкай уладай апiралiся на збройныя сiлы. Адгэтуль узьнiкла патрэба кантакту нацдэмаў з Камандармам другога рангу Ўбарэвiчам, галоўнакамандуючым Беларускай ваеннай акругай. Хоць-бы сабе намiнальнага кантакту! Нямала мы працавалi i над праблемай сувязi беларускiх нацыяналiстаў з украiнскiмi. Урэшце, мы атрымалi тое, што мы маем цяпер – гатовую да суда беларускую нацдэмаўскую арганiзацыю. Значыцца, мая схэма выглядае так: на чале арганiзацыi стаiць Цэнтр, зьвязаны з польськай дэфэнзывай, яму падпарадкавана даволi густая сетка нiзавых нацдэмаўскiх арганiзацый-ячэк. Для замаскаваньня сваёй дзейнасьцi Цэнтр эксплятуе пры дапамозе Чарвякова зьезды Саветаў БССР: у якасьцi дэлегатаў ад працоўных, Цэнтр "дэлегуе" ячэйкаўцаў у Менск, дзе яны, як легальныя дэлегаты зьезду, займаюцца сваёй нелегальнай работай.
Гэтак з большага выглядае нескладаная структура гэтай арганiзацыi. Дакiну, што гэтую агульную схэму я забясьпечыў канкрэтнымi дэталямi-мадэлямi, якiя кожны з прысутных тут мае ў сябе на руках. Заканчваючы сваё выступленьне, я хачу ўзьняць асноўнае пытаньне, якое мы павiнны тут вырашыць, гэта пытаньне судзiць нацдэмаў адкрытым судом, цi закрытым. Асабiста я за тое, каб ня судзiць iх зусiм. Я глыбока перакананы, што калi дасюль у нас ня было нацдэмаў, дык пасьля яны будуць абавязкова. Слушна сказаў адзiн арыштаваны намi нацдэм, што нацдэмам ён нiколi ня быў, але цяпер, пасьля арышту, ён захацеў iм быць. Я хачу гэтым сказаць, (Цiмошка зноў павярнуўся тварам да Бэрмана), што нашае НКВД само стварае кантррэвалюцыю i за гэта яно ня можа не панесьцi адказнасьцi!
Цiмошка забраў свае рэчы з стала, якiмi ён так i не карыстаўся, i сеў зноў за свой столiк. Твар ягоны асвяцiўся лямпай – ягоныя вочы ўсё глядзелi на начальнiка НКВД, гарэлi бляскам адвагi, рашучасьцi, што межавала з вар'яцтвам. Усе сядзелi за столiкамi моўчкi, ня ведаючы як рэагаваць на прамову "тэарэтыка" Цiмошкi. Усе яны глядзелi на Бэрмана, што нярухома сядзеў у змроку. Замест таго, каб нешта адказаць Цiмошку, ён зьняў трубку тэлефона, што быў перад iм, i пазванiў – хутка ў габiнэт начальнiка НКВД прыйшлi дзьве жанчыны ў белым, з яечнямi ў круглых патэльнях i з бутэлькамi пiва. Падалi гэта ўсё й вышлi.
– Закусiм, таварышы, прамову Цiмошкi i паспачуваем яму! Але нарада на гэтым яшчэ не канчаецца. Гаворачы вобразна, нацдэмаўская справа – гэта драма, якую мы ўсё-ткi мусiм разыграць на сцэне – разыграць па ўсiх правiлах драматычнага мастацтва. Так ужо сталася, што я паклiканы ў галоўныя рэжысэры гэтай драмы, i я, канешне, мушу добра ведаць, з чым я выступаю.
29
Тэарэтыку Цiмошку прыйшло ў голаў: паглядзець самому, як паводзяць сябе ягоныя мадэлi на допытах. Тэорыя тэорыяй, а жывая душа – гэта нешта iншае: можа якая зь iх i не захоча быць тою мадэляй, захоча вылузацца з яе, i тады паспрабуй загнаць яе ў форму, патрэбную нам. Дзеля гэтага Цiмошка й вырашыў пахадзiць па сьледчых, калi тыя будуць дапытваць мадэлi. Цiмошка хацеў пераканацца, наколькi ягоныя мадэлi працаздольныя. Асаблiва яго цiкавiла пытаньне, што будуць рабiць сьледчыя ў выпадку, калi мадэлi ня будуць даваць патрэбнага адказу, або адмаўляцца наогул адказваць на пытаньнi. Бо-ж Цiмошка ведаў, што ня ўсе мадэлi паслухмяныя i што толькi пры дапамозе адпаведных мэтадаў мадэль можна зрабiць мадэляй.
На нарадзе ў Бэрмана Цiмошка шмат чаго не дагаварыў i наогул быў незадоволены сваiм учарайшым выступленьнем, яму здавалася, што сваёю стрыманасьцяй Бэрман перамог яго, паказаў усiм, што ён анi не шманае, ня лiчыцца з тым, што ён гаварыў i што даводзiў, цалкам зiгнараваў яго, патрабуючы толькi выкананьня ягонага загаду.
Аднак Цiмошка быў перакананы, што ў Бэрмана нiчога ня выйдзе з нацдэмаўшчынай, у яго не хапае мазгоў, таленту, фантазii. Гэта толькi ён, Цiмошка, патрапiў узьняць у Маскве пытаньне мэтазгоднасьцi адкрытага суду над нацдэмамi.
Пра сьледчых i гаварыць няма чаго – гэта тупiцы. Сякуць тапаром i толькi. Цiмошку прыйшлося доўга iх узгадоўваць. Яны не разумеюць сутнасьцi нацдэмаўшчыны. Яны ня ўмеюць абыходзiцца з мадэлямi, якiя трапiлi ў iхныя рукi, яны ўмеюць толькi бiць. Мадэль трэба ўсьведамляць, каб яна ведала, за што яе б'юць. Якая-ж прыемнасьць бiць несьвядомую мадэль? Гэта нават грэх. Гэта невiнватая мадэль. Яна – як палка: бi, колькi хочаш, а да смаку ня дойдзеш. Iншая рэч, калi ты ўсьведамiш мадэль. Усьведамленая мадэль – ужо вiнаватая мадэль, я сказаў-бы разумная, зь яе ў такiм разе нешта ўжо можна выбiць.
Была ноч, i Цiмошка выйшаў з свайго габiнэту на "нацдэмаўскi карыдор". Там ужо йшла "работа". Цiмошка зайшоў да Палiтыкi – на ягоную думку найбольш здатнага сьледчага. Пасярэдзiне пакою сядзела адна мадэль i хоць-бы вухам павяла: нават адным вокам ня зiрнула на Цiмошку. Аднак мадэль яму спадабалася: iнтэлегентная, удумлiвая й прыгожай формы. Адразу вiдаць, што ўсьвядомленая мадэль. Цiмошку страшэнна хацелася пачуць жывы голас гэтай мадэлi...
З прыходам Цiмошкi Палiтыка – i без таго заўзяты сьледчы – ператварыўся ў чалавека, што гатовы зрабiць усё, абы спадабацца свайму начальнiку. Падняўся з-за стала i, з закладзенымi назад рукамi, пачаў апiсваць кругi вакол мадэлi на табурэтцы.
– Можа хочаце, Раман Корзюк, у вагульную камэру? – пачаў Палiтыка здалёк. – Перавяду!
– Вам нельга быць добрым, – адказаў Корзюк.
Цiмошка толькi лыпнуў вачыма.
– Для вас магу.
– Дзякую.
– А Камоцкую мы ўжо выпусьцiлi...
– Дзякую таксама.
– А вы самi не хацелi-б пайсьцi наступнай ранiцы на заняткi ў iнстытут?
– Калi толькi вы будзеце там выкладчыкам.
– Грамадзянiн Корзюк ня хоча сёньня гаварыць са мною, – з усьмешкай, весела сказаў Палiтыка Цiмошку.
I, сеўшы за стол, ужо сур'ёзна нарыхтаваўся пiсаць пратакол. Дастаў з шуфляды нейкiя паперы i хуткiмi вачыма пачаў нешта вычытваць зь iх. Усталявалася некалькi сэкундаў цiшынi. Быццам зьнеахвочаная гэтай цiшынёй i перапынкам у допыце, мадэль, пазяхаючы, павярнулася на табурэтцы i пачала глядзець у вакно. Здавалася, ёй было маркотна сядзець склаўшы рукi i чакаць наступнага пытаньня. Гэта нямала зьдзiвiла Цiмошку.
– Таварыш Палiтыка, вашая мадэль не працуе. Вы не даеце ёй дастатковай нагрузкi. Перапынку ў вашай рабоце ня мусiць быць. Вы не заўважаеце, што вашая мадэль iгнаруе вас?
– Псыхалёгiя гэтай мадэлi мне добра ведамая. Мы маем дачыненьне з рамантычнай мадэляй.
Палiтыка адкiнуў у бок паперы. Мадэль усё яшчэ глядзела ў вакно на горад, быццам ня чуючы, што аб ёй гавораць.
– Не давайце пазяхаць вашай мадэлi. Дапытвайце!
Палiтыка ня ведаў, з чаго пачаць, прысутнасьць Цiмошкi яго бянтэжыла, i ён паставiў перад Корзюкам першае што прыйшло яму ў голаў пытаньне:
– Прызнаеце сябе вiнаватым?
– У чым? – запытаўся ў сваю чаргу Корзюк.
– Мадэль зьдзекваецца над вамi, таварыш Палiтыка.
Цiмошка пахопiста ўзьняўся з свайго крэсла i ў вокамгненьне апынуўся за сталом Палiтыкi, побач яго.
– Мадэль! (Прозьвiшча вашае мяне ня цiкавiць.) Мадэль! Вы будзеце сур'ёзна адказваць на пытаньнi?
– Калi пытаньнi будуць сур'ёзныя, – азвалася, нiбы схамянуўшыся, мадэль.
– Абсалютная згода. У гульню гуляць мы вам не дамо. Зрэшты, нам не патрэбнае нават вашае прызнаньне. Вы – у нас, i выхаду адсюль вам няма. Вы тая мадэль, якая нам спатрэбiлася.
– Я наогул не мадэль i мадэляваць мяне вам будзе цяжка.
– Не, якраз вы мадэль i мы вас змадэлюем. Вы толькi ламаецеся. Але датуль, пакуль вас мы яшчэ не даламалi. У карцар!
Корзюка адвялi ў карцар.
– Вось гэтак трэба дапытваць, таварыш Палiтыка. Гэткая мусiць быць нашая палiтыка.
Незадаволены паводзiнамi мадэлi, Цiмошка пакiнуў сьледчага. Ён пайшоў да iншай мадэлi, што паводля ягонай задумы мае адыйграць адну з галоўных роляў на працэсе нацдэмаў. У ягоным уяўленьнi паўставала мадэль Зьмiтра Жылуновiча Цiшкi Гартнага. Цiмошка сьпяшаўся падрыхтаваць яе. Якраз патрэбная яму мадэль была на допыце. Увайшоўшы да сьледчага, Цiмошка нават ня глянуў у бок мадэлi, што сядзела – на дзiва – у раскошным крэсьле.
У сьледчага Пушкiна падпухлi ад ночнай працы вочы. Ён зморана сядзеў за сталом. Да ўваходу Цiмошкi ён мiрна гаварыў з Жылуновiчам.
– Як мадэль? Працуе?
– Iдэальная мадэль, – адказаў Пушкiн, зiрнуўшы на Жылуновiча. – Цiшка Гартны, як вы ведаеце, – беларускi пiсьменьнiк, ён сваё дазнаньне (я даю гэта яму рабiць i ў камэры) пiша беларускаю моваю.
Пушкiн паказаў Цiмошку тоўсты сшытак, сьпiсаны рукою Жылуновiча.
– Можаце пачытаць цi хоць глянуць.
– Я ня чытаю пабеларуску, дый яшчэ ад рукi. Ты скажы – мадэль супрацоўнiчае з намi?
– Цалкам.
– Можна сьмела выпусьцiць яе на сцэну? Я пытаюся пра гэта, не зважаючы на прысутнасьць мадэлi, паколькi вы гаворыце, што яна згодная з намi. Я-ж казаў нам патрэбныя ўсьвядомленыя мадэлi, мадэлi, так-бы сказаць, добраахвотныя. Зрэшты, i мадэлям выгодна – увойдуць у гiсторыю. Хацеў-бы паслухаць з вуснаў самой мадэлi, што яна напiсала там у сваiм сшытку.
Жылуновiч, як абрадваўшыся, пачаў:
"Усё маё сьвядомае жыцьцё – гэта змаганьне з савецкаю ўладаю. Цяпер-жа, калi я ўсьвядомiў усю бяссэнснасьць такога змаганьня, я складваю аружжа..."
– Гэта надзвычайна. Але вы што-небудзь пра мэты нацдэмаўскай арганiзацыi i пра ейныя сувязi з замежжам.
Пушкiн паказаў у сшытку патрэбнае месца i Жылуновiч з усёй старэннасьцяй працягваў:
"Нашая арганiзацыя – Беларуская Нацыянальная дэмакратычная партыя стаўляе сабе за мэту адзьдзяленьне Беларусi ад Расеi, цi iнакш – наша партыя хоча скарыстаць з легальнага права выхаду з складу Савецкага саюзу, паколькi дадзены стан рэчаў не гарантуе дэмакратычнага ладу ў ёй. Значыцца, мы за адзьдзяленьне. Але мы катэгарычна супраць усялякага далучэньня, напрыклад да Польшчы, у чым вы спрабуеце нас абвiнавацiць..."
– Таварыш Пушкiн, Бэрман чытаў гэтыя матэрыялы? – перабiў чытаньне Цiмошка. – Гэта-ж золата.
– Не.
– Я забяру гэтыя матэрыялы ў вас. – I праз нейкi момант. – Ну, а якiм спосабам вы хочаце адзьдзялiць Беларусь? – запытальна, але ласкава зiрнуў Цiмошка на мадэль.
– Пры дапамозе сiлаў Беларускай ваеннай акругi на чале з Убарэвiчам.
Тут Жылуновiч узьняў вочы на Цiмошку i паясьнiў яму:
– У падтрымку з боку Ўбарэвiча я асабiста ня веру, але на працэсе я буду гэта сьцьвярджаць, а менавiта, што такой падтрымкай мы заручылiся. Гэта, каб вашая, а разам i нашая нацдэмаўская арганiзацыя выглядала салiдна, каб на адкрытым працэсе нацдэмаў было вiдаць, што нашая арганiзацыя сапраўды iснуе рэальна, а ня выдумка НКВД i што яна дастаткова небясьпечная для савецкай улады, каб зь ёй змагацца.
– Надзвычайна... Надзвычайна. Мадэль патрапляе. Сьвядомая свайго заданьня мадэль, – як у трызьненьнi мармытаў Цiмошка.
Ён, абрадваны i ўсьцешаны, узьняўся з крэсла, пацiснуў руку Пушкiну i, паляпаўшы мадэль па плячы ў знак пашаны да яе, выйшаў з пакою.
Цiмошка прадаўжаў абход сваiх мадэляў. Змора яго ня брала, хоць ужо пачало шарэць у вокнах, наблiжалася сьвiтаньне – час, калi яму было цяжка ўстрымацца ад спакусы хоць на часiнку заснуць. У яго было вышэйшае заданьне – паставiць, выстраiць на сцэне перад аблiччам усёй Беларусi шарэнгу здраднiкаў, апрацаваных iм мадэляў, але такiх мадэляў, якiя-б не саромячыся, на ўвесь голас, як таго мы ад iх дамагаемся, заявiлi, куды i як яны хочуць пiхнуць нашую, iхную Беларусь.
Справа ад яго адчынiлiся дзьверы (выходзiў сьледчы) i Цiмошка пачуў нейкi жаласьлiвы стогн, ён адразу даўмеў, што гэта даводзяць да парадку якуюсь мадэль, абрадваўся i яму захацелася пабачыць яе. Увайшоў у пакой. На воддалi ад сьледчага сядзела мадэль, як ён адразу заўважыў – на войстрай ножцы перакуленай дагары табурэткi. Сьледчы загадваў ёй узьнiмацца i садзiцца, зноў узьнiмацца i садзiцца, i яна, акрываўленая паслухмяна выконвала каманду сьледчага, сударгава калоцячыся ад болю ўсiм целам. Цiмошку аж страсянула.
– У чым справа? – зьвярнуўся ён да следчага-стажора.
– Ня прызнаецца.
– У чым не прызнаецца?
– Што хацеў забiць Варашылава, калi той прымаў парад войскаў Беларускай акругi. Я хачу даказаць сувязь нацдэмаў з камандармам першага рангу Ўбарэвiчам. Гэты апошнi дзеля нейкiх прычынаў хацеў збавiцца ад свайго вышэйшага начальнiка i падшукаў во гэтага сабе шэльму.
Сьледчы паказаў пальцам на мадэль.
– Творчая iдэя, – пахвалiў Цiмошка сьледчага-практыканта. – Практыкуйцеся далей. Дамагайцеся прызнаньня i пацьверджаньня гэтага прызнаньня на судзе, публiчна. У вас у руках вельмi важная дэталь-мадэль. Але мадэль толькi тады мадэль, калi яе ўламаеш.
Цiмошка меў намер абыйсьцi гэтай начы ўвесь "нацдэмаўскi калiдор" i пасьпяшаўся да аднаго з "цэнтраўцаў" – да Кудзелькi – Мiхася Чарота пралетарскай мадэлi паводля свайго паходжаньня. Калi Цiмошка ўвайшоў у кабiнэт свайго сябры сьледчага Цiмахвеева, ён аж не паверыў сваiм вачам: за сталом, аблакацiўшыся на яго, драмала мадэль, штосэкунды дзюбаючы носам, як-бы кланяючыся свайму сьледчаму насупраць.
– Дужа-ж мiласьцiвы ты, браце мой – таго глядзi, ложак загадаеш прынесьцi, каб тваёй мадэлi было зручней спаць у нас.
Цiмошка кожнага арыштаванага нацдэма iнакш не называў, як толькi мадэляй.
– Хай адпачне нашая Кудзелька, я за ноч досыць яго накудзелiў.
I ўжо зусiм сур'ёзна:
– Кудзелька – Мiхась Чарот пайшоў на поўнае з намi супрацоўнiцтва. Ён забясьпечыць посьпех адкрытага працэсу нацдэмаў. Больш таго, ён дапаможа нам схiлiць да супрацоўнiцтва з намi i сваiх калегаў, што апынулiся ў нас. Ты ведаеш, нацдэмы Касянкоў – Зарэцкi, Дайлiдовiч – Алесь Дудар, Платон Галавач пакуль што неахвотна паддаюцца нашай апрацоўцы. Ты, як адказны за ўсю нацдэмаўскую кампанiю, мусiш i iх падцягнуць да агульнага назоўнiку.
– Падцягну. Падцягну. Ня турбуйся. Знойдзем сродкi падцягнуць i iх.
Перад тым, як пакiнуць пакой сьледчага, Цiмошку захацелася зiрнуць у вочы дрэмнай мадэлi. Ды неймаверна – мадэль храпла. Сьледчы Цiмахвееў даваў ёй, як прызвычаенай да алкаголю мадэлi, трохi коўтнуць i ў часе допыту, каб яна была больш лагоднай i згодлiвай. Вось i захрапла таму. Гэта нямала зьдзiвiла Цiмошку. Ён падыйшоў да мадэлi i – сонную – ткнуў у яе пальцам, ды яна не ўзьнялася, толькi перарвала на момант дыханьне, зацягнуўшыся хрыплым сьвiстам. Гэтак i не давялося Цiмошку зазiрнуць у вочы заслужанай мадэлi. Ён папярэдзiў Цiмахвеева, каб мадэль была сьвядомая сваёй ролi на судзе. З Дударам, Зарэцкiм, Галавачом – непаслухмянымi мадэлямi – ён будзе гаварыць асабiста.
Тымчасам ужо разьвiднелася, i Цiмошка, змораны сваiм начным абходам нацдэмаў, падаўся дахаты адпачыць.
30
Валя Камоцкая, выйшаўшы з турмы, не хацела вяртацца ў манастыр – яна хацела жыць адна, на прыватцы. Манастыр, з ягонымi насельнiкамi, у яе цяпер адпаў. Яна не змагла-б ужыцца з сваiмi колiшнiмi (так, цяпер ужо колiшнiмi) сяброўкамi, яны былi, здавалася, недзе ўжо ў мiнулым, перасталi iснаваць для яе. Яна i раней з iмi ня жыла ў згодзе, то было iнтэрнацкае, вымушанае сужыцьцё, цяпер немагчымае пасьля перавароту, перажытага ёю за тры месяцы сядзеньня ў адзiночнай камэры. Зрэшты, яна iшла да гэтага перавароту даўно, калi ёй кiнуўся ў вочы Раман i захапiў яе. Нi Ларыса, нi Оля Дзiчкоўская не змаглi прыручыць яго, хоць i бралi яго на прыцэл, "на мушку", паводля выразу Розы Шкляр. Валя Камоцкая пусьцiла ў ход усе свае здольнасьцi, каб авалодаць Корзюкам, адбiць яго ад Ларысы не таму, што яна ўжо яго гэтак кахала, а найболей, магчыма, таму, каб не пакiнуць яго iншым. Тут было хутчэй больш жаночага эгаiзму, чымся каханьня. У змаганьнi за Рамана, Камоцкая, можна сказаць, вырабiла ў сабе iншы, не ўласьцiвы ёй характар: сваёй уяўнай баявiтасьцяй, якая межавала з вульгарнасьцяй, сваёй настырнасьцяй, "арыгiнальнасьцяй" яна адказвала на такую-ж "арыгiнальнасьць" Рамана Корзюка, сваёй "нязгодай" адказвала на Раманаву "нязгоду". На самай-жа справе, пад "вульгарнасьцяй" Валi хавалася цiхая пяшчота, пад найгранай весялосьцяй засмучанасьць. Сваёй "вульгарнасьцяй" Камоцкая абараняла сваю душу ад вонкавага сьвету, засланялася ад яго, ня пушчала нiкога заглянуць у ейную душу. У гэтым змаганьнi за Корзюка i з самой сабой Камоцкая стамiлася, здалася, сьцiшылася, прыйшла да сябе самой, да сябе сапраўднай, да такой, якой яна была на самай справе. I ўласна, тут ня было перавароту, было толькi ўсьведамленьне сябе. Тры месяцы турэмнага жыцьця былi толькi завяршэньнем гэтага ўсьведамленьня, "перавароту". Аднак, з боку, для пабочнага вока яна магла здацца iншай, ня той ранейшай, якой яна была, а перароджанай, зламанай. Нават сьледчы не Палiтыка, а ўжо iншы, на ймя Беларус, што канчаў ейную справу быў зьдзiўлены лагоднымi паводзiнамi Камоцкай, розумам, якi яна нiбыта выявiла ў гутарцы зь iм. (Характарыстыка, дадзеная Камоцкай Палiтыкай была, на думку Беларуса, няправiльнай.) У гутарцы з Камоцкай Беларуса зьдзiвiла i iншая акалiчнасьць: Камоцкая баранiла не сябе, а Корзюка. Яна ня ведала яшчэ, што яе маюць выпусьцiць, для яе было загадкай, чаму ейная справа была перададзеная ў рукi iншага сьледчага з штучным, як ёй здалося, прозьвiшчам "Беларус".
"Беларус", старэйшы ўзростам чалавек, спакойны i, як здавалася, разважлiвы, пытаўся ў яе з нейкай бацькоўскай спагадай у голасе пра ўсё: пра бацькоў, чым яны займаюцца, у якiм яны веку, цi быў у iх дастатак, пра ейнае маленства, пра тое, як ёй падабалася праца настаўнiцы, нарэшце – цi хацела-б яна закончыць вышэйшую асьвету i стацца зноў настаўнiцай, не ў пачатковай школе, як раней, да паступленьня ў iнстытут, а ўжо ў сярэдняй школе. Зацiкаўленьне сьледчага ўва ўсiм гэтым, ягоная спагада выклiкала Камоцкую на шчырую, рашчуленую гаворку.
– Вы самi сабе напсавалi сваiмi сувязямi з Раманам Корзюкам i ягонай сям'ёй. Асаблiва сваiмi провадамi iх на хутар Баранкевiча. Вам хiба было няўцям, што хутар Баранкевiча – гэта шпiёнскае гняздо, – дапытлiва зазiрнуў Беларус у вочы Валi Камоцкай.
– Хутар той мне паказаўся падазроным i самой, але я хацела дапамагчы мацi i сястры Рамана, нi ў чым невiнаватым i пакiнутым жанчынам.
– Вашая спагадлiвасьць заслугоўвае пахвалы, але вам, савецкай студэнтцы, савецкай грамадзянцы, не да твару было апынуцца ў цянётах злачыннай шайкi-лейкi. Добра, што мы выцягнулi вас з гэтых цянётаў. Вы мусiлi-б у нас на сьледстве катэгарычна адмежавацца ад Рамана Корзюка, рашуча заявiць аб сваёй непрыналежнасьцi да справы Корзюкаў. Вы гэтага не зрабiлi, толькi бяз дай прычыны тармазiлi сваiмi паводзiнамi выясьненьне вашай справы. Вы не дапамагалi, шкодзiлi сьледству. Што-ж тычыцца Рамана Корзюка, вы мусiце заняць да яго выразную лiнiю. З iм вам можа яшчэ давядзецца сустрэцца ў абставiнах, ня вельмi прыемных для яго.
– Я не магу зьмянiць сваёй лiнii да яго, – заявiла Камоцкая. – Мае асабiстыя дачыненьнi да яго, думаю, ня цiкавыя для вас... Пра ягоную-ж вiну... ён не вiнаваты.
– Я не вяду яго сьледства. Але ягоная сувязь з польскай дэфэнзывай вiдавочная. Перайшоўшы ў Польшчу, ён здрадзiў сваёй радзiме.