355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Масей Седнев » I той дзень надыйшоў (на белорусском языке) » Текст книги (страница 9)
I той дзень надыйшоў (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 8 октября 2016, 16:06

Текст книги "I той дзень надыйшоў (на белорусском языке)"


Автор книги: Масей Седнев



сообщить о нарушении

Текущая страница: 9 (всего у книги 16 страниц)

Не ўцалела ад хцiвага вока i школа – што можна было пацягнуць – пацягнулi. Асаблiва пацярпелi фiз– i хiмкабiнэты – да найменшай бляшачкi падчысьцiлi. Шкло з ваконных рамаў, i тое павынiмалi. За адну ноч школа была цалкам разгромленая. Хто i што – не вядома. Шыта-крыта. Вось табе й пабралi мужчынаў! Гэта-ж мужчынская работа! Ня бабская.

Вяскоўцаў зьдзiўляла тое, што начальства пакiнула iх гэтак патаемна i падспудна. Угаворвала не паддавацца панiцы, заставацца кожнаму на сваiх мясцох, рабiць, як i рабiлi дасюль, не парушаць дысцыплiны i вось табе змылася першым, няўгледна ад людскога вока. Дзе падзеўся той штаб i тая бронь? Рыхтавалiся-ж яны, думалi-ж яны, як гэта iм лацьвей зьнiкнуць! От i зьнiклi. Пачуў кот смаленае.

Але ў вяскоўцаў было адчуваньне нечага новага, хоць i няяснага. Упяршыню яны засталiся бяз улады. Упяршыню адчулi сябе свабоднымi, хоць гэтая свабода i пужала iх: як гэта быць iм самiм? Была нават радасьць, што ўлада адступiла, скончылася, пакiнула iх. Яны яе не шкадуюць, па ёй ня плачуць – дадзела яна iм. Хопiць! Але што наступiць пасьля яе, якая ўлада прыйдзе на зьмену старой? Якi будзе парадак? Пэўна-ж парадак трэба зьмянiць, але хто яго зьменiць i як? Нашы-ж людзi пайшлi. Пайшлi на вайну. Але за каго яны ваююць? Вярнулiся-б хутчэй дахаты жывымi i ўстанаўлялi-б нейкi свой парадак. Бо калi пачне ўстанаўляць парадак чужынец, дык цi добры будзе той парадак для нас? Прыйдзе немец – напэўна-ж прыйдзе, чаго-б уцякалi нашыя? – дык як ён будзе абыходзiцца з намi? Боязна. Наша ўся сiла пайшла нямаведама чаго i куды, а прыйдзе чужая. Што яна будзе рабiць з намi, пакiнутымi i безабароннымi?

Як-бы назнарок, сярод белага дня, нiчога не баючыся, павольным крокам, упэўнена iдзе па вулiцы – з канца ў канец – старшыня сельсавету з вiнтоўкай за плячыма. Iдзе гэтак, каб яго бачылi ўсе, каб ведалi, што савецкая ўлада не адступiла, што – бачаце – яна ступае ў яго асобе цьвёрда i непахiсна, хай нехта паспрабуе нават падумаць, што яе няма. Не, яна, улада, тут, яна ня зьнiкла, яна непераможная i непрамiнальная. Старшыня сельсавету iшоў вулiцай, не пазiраючы на вокны хатаў, якiя ён мiнаў, але ягоныя вочы, здаецца, бачылi ўсё i ўсiх, хто i як сябе паводзiў у час ягонай кароткай адсутнасьцi. I людзi, гледзячы ў вакно, баялiся яго, ягонай хады. Iм здавалася, што ён ведае iхныя думы, iх настрой, ведае, хто ўжо здрадзiў яму, палiчыў, што ўжо яго няма, што ён болей ня вернецца. А ён, глядзi, тут. Хай дрыжыць той, хто ўжо сьпiсаў яго i ўсклаў надзею на некага iншага. Не, ня будзе iншага.

Уначы да Дусi ў клець прыйшоў Мiкола Бугроў. Дуся ўпусьцiла яго, пасьля таго, як ён сказаў, што хоча толькi пагаварыць з ёй. Але перад тым, як адчынiць яму, Дуся надзелася, ведаючы нораў Мiколы Бугрова. Бугроў, увайшоўшы, папрасiў:

– Давай сядзем. Дзе твой ложак – ня бачу.

Намацаў у цемры ложак. Сеў.

– Хадзi й ты сядай, кажу. Ня бойся. Чапаць ня буду.

Дуся не садзiлася, гатовая выскачыць у выпадку, калi-б Мiкола ўздумаў змусiць яе лажыцца з iм.

– Хадзi, кажу! Мяне дык ты баiшся, а як хто там падлезе да цябе... Ды я не хачу пра ета гаварыць. Я хачу пагаварыць з табою пра другое... Ну хадзi-ж сюды, да мяне. Ня бойся. Я прыйшоў не за етым.

У голасе Мiколы Дуся вычула нотку засмучанасьцi, шчырую просьбу пагаварыць з ёю, аднак ведаючы ягоную натуру, ня i верыла яму i ўсё заставалася стаяць каля дзьвярэй.

– Тое, Дуся, ужо прайшло, калi я лез да цябе. Ты даруй мне i тое. Тое ўсё было ня сур'ёзнае. Цяпер час надыйшоў сур'ёзны i я хачу пагаварыць з табою сур'ёзна. Ты ўжо не малая... Ты слухаеш мяне? Хадзi, пагаворым палюдзску. Вырашым, як табе быць. Што будзеш рабiць? Заставацца ў хаце сядзець, цi... У хаце ня ўседзiш... Прыйдуць... Упрашваць ня будуць... пацягнуць. Iм ты спатрэбiшся. На такiх, як ты, яны падкiя. Дык каб уцалець... Адзiны ратунак пайсьцi з намi. Пайсьцi з людзьмi заадно. Як пайшлi i йдуць мiльёны такiх, як ты, каб ня сплямiць сябе, свой род, сваю матку, свайго бацьку, свайго брата. Падумай, Дуся. Ты нам патрэбная. Хадзi да нас. У лес. Нас ужо многа. У нас ёсьць ужо вялiкiя сiлы. У нас ёсьць база. Наша армiя пакiнула нам усё патрэбнае. А прыйдзе вораг... а ён ужо стаiць за колькi кiлямэтраў адсюль... мы будзем яго бiць з тылу. Масква забясьпечыць нас усiм чыста. Перакiне людзей, зброю. Вораг не ўстаiць. Перамога будзе за намi. Пабачыш. Дык ня будзеш-жа ты стаяць у баку. Як ты будзеш глядзець людзям у вочы, калi нашы людзi вернуцца? З перамогай. Яны спытаюцца, цi ты што-небудзь зрабiла для перамогi, унясла сваю долю, цi не? Хочаш, я пагавару з тваiмi бацькамi. Яны, я ведаю, адпусьцяць цябе, калi ты захочаш сама. Мы цябе пашлём у Маскву, у школу медсясьцёр. Адтуль ты выйдзеш медсястрой перавязваць партызанам раны. Падумай толькi, якую службу ты саслужыш гэтым! Што ты тут будзеш гiбець? Прыедзем за табой на машыне, пакуль ня позна i забярэм цябе. Гэта, Дуся, ня толькi мая просьба – усяго нашага штабу, усiх нашых людзей просьба. Людзей, якiя цябе ведаюць, паважаюць i любяць. Штаб шле табе прывiтаньнi. Сашок Сьмiрноў таксама i перш за ўсё. Дамовiлiся, Дуся? Дай мне сваю руку. Дзе ты? Чаму ты маўчыш? Ты згодная са мною? Скажы сваё слова!

Дуся маўчыць. Дусi, як няма. Яна затаiла сваё дыханьне. Яна нiчым ня выказвае свае прысутнасьцi, i невядома было, цi ўспрыймае яна тое, што ёй гаварыў Мiкола Бугроў.

– Чаму ты зацялася? Цяжка табе адказаць? Ня ведаеш, што сказаць? Але ты мусiш адказаць. Цяпер! З намi ты цi ня з намi? Вырашай, Дуся, пакуль ня позна! Пакуль я яшчэ не пакiнуў цябе. У мяне няма часу. Чуеш, Дуся?

Бугроў падняўся з ложку i накiраваўся да дзьвярэй. Дуся адчынiла дзьверы i Бугроў падумаў, што яна хоча ўцячы ад яго, але Дуся не ўцякала, стаяла i моўчкi глядзела на Бугрова ў паўзмроку.

– Дык пакуль я не пераступiў гэты парог, адказвай, што ў цябе на душы?

Падыйшоў да яе блiжэй, хацеў абняць – адмахнулася рукамi.

– Ня хочаш мяне – ладна! Я свабодны ад цябе. Я табе вось што яшчэ скажу. Ты закончыла школу. Ты ня чуеш свайго абавязку перад ёй, перад тымi, хто цябе вучыў, вывеў на дарогу? Дык на якую дарогу ты хочаш стаць, яшчэ раз пытаюся я ў цябе?

– Я хачу пайсьцi ў хату.

– Гэткi твой адказ? Пабачым!

Бугроў сiгануў за парог з рашучасьцяй, якой Дуся яшчэ ня бачыла ў iм.

Цэлы дзень яна праседзела ў хаце, нiкуды ня выходзячы. Яна нiчога не сказала мацi пра Бугрова, пра ўсё тое, што ён ёй гаварыў. Яна была сама з сабой. Гэта быў дзень ейнага роздуму. Яна менш за ўсё думала над тым, што гаварыў, да чаго заклiкаў яе Мiкола Бугроў. На душы ў яе было ня гэта, нешта iншае, мала ёю ўсьвядомленае, але тым ня менш датклiвае. У няяснасьцi душы яна бралася то за адно, то за другое. Гартала кнiжкi, разглядала ў iх пакладзеныя некалi ёю розныя кветачкi, лiсьцiкi, цяпер засохлыя, фотакарткi, што пужалi яе сваiм кiдкiм паглядам вачэй, такiх знаёмых i напоўзабытых. Сярод гэтых фотакартак яна знайшла i фотакарткi з братавага вясельля. На яе глядзяць Эма, брат, мацi, яна сама i яшчэ... яна ня стала болей разглядаць iх. Узяла свой сшытак з "вершыкамi". З тымi, што яна калiсьцi любiла, завучвала напамяць. Але ўсё гэта было ўжо ў мiнулым i здавалася ёй ня мае цяпер непасрэднага да яе дачыненьня. Ды ўсё-ткi яно зачапляла ў ейнай душы струну, згукi якой адзывалiся ў ёй няўлоўнай радасьцяй i адначасна смуткам, што яшчэ больш рабiла яе няўпэўненай i страчанай.

Мацi не магла ня прыкмецiць ейнага такога стану, але не зачапляла яе, не перашкаджала ёй з ейнымi перажываньнямi, хоць i карцела ёй даведацца ў дачкi аб прычыне ейнага несамавiтага настрою i ўзрушэньня. Хiма пра ўсё магла падумаць, але не хацела дапусьцiць аднаго – Дусiнай страты дзявочасьцi, такой магчымай. Гэтага яна найбольш баялася, балазе, што ў Дусi ўсё яшчэ ня прыходзяць госьцi, на бялiзьне ўсё яшчэ не паказваецца ейнае месячнае. Мо' дзеля гэтага й перажывае, думала Хiма, але зноў-жа не хацела гэтым назаляць ёй, пакуль ня ўляжыцца ў яе ўсё душэўнае. Дуся ўсё пераглядае свае школьныя прыналежнасьцi, парадкуе, нешта выкiдвае ў кошык, быццам зьбiраецца ў дарогу. "Няхай сабе пераглядае, можа гэты занятак суцiшыць яе", – думае Хiма. Дуся ўзьнялася дастаць з палiчкi бутэлечку клею i, устаючы, глянула ў вакно:

– Мамачка, ратуй мяне! Па мяне прыехалi! Схавай мяне!

I кiнулася ў падпольле для бульбы.

Хiма, перапужаная, зiрнула ў вакно: з кузава паўтонкi вылазiлi Шашок i Мiкола Бугроў.

З "бронi" ў абодвых Мокрых засталася толькi Агапка, калi на самай справе яна залiчалася да гэтай "бронi". Нi Вяркеева, нi Мiколы Бугрова, нi старшынi сельсавету ня было ўжо вiдаць. Калi яны й паяўлялiся ў вёсцы, дык толькi ўначы i ў людзей, блiзкiх iм i адданых. Прыкмячалi таксама макранцы, што да Хадоскi Канцавой заглядвае ўпаўнаважаны i што з Касьцюковiцкага начальства толькi ён яшчэ ня сыйшоў. Iншыя-ж падалiся пад Папову Гару, трымаюць курс на Гомель. Гэтак гавораць, гэткiя чуткi. Чутак гэтых столькi, што невядома, якой з iх верыць. Людзi жывуць цяпер чуткамi. З "бронi" засталася, праўда, яшчэ Дуся, хоць нiхто ня верыў, што тая "бронь" калi-небудзь цiкавiлася ёю. "Якая з яе "бронь"? "Шашок нацiснуў i "бронь" здалася, – сьмялiся бабы. – А вот-жа не паехала з iм у лес. Прыяжджаў па яе. Схавалася. I не паехала. Паказала яму сваю "бронь".

Лявонавiч усе гэтыя днi зьбiраўся пагаварыць з Агапкай, ды ўсё ня выходзiла. Нарэшце, Дар'я запрасiла яе дахаты. Лявонавiч хацеў паслухаць яе самую пра ўсё, што яна бачыла, што чула. Можа-ж што i пра сына скажа. Вучылася-ж з iм у вадным горадзе.

Агапка ахвотна прыняла запрашэньне, яна нават сама хацела заглянуць у хату, дзе яна была ня раз i куды яна заўсёды iшла ў надзеi зьдзяйсьненьня сваiх жаданьняў.

Лявонавiч i Маланьня сустрэлi яе з усёй павагай i ветлiвасьцяй, хоць i вычувалi сваю перад ёю няёмкасьць за няўвагу ў мiнулым.

Агапка цяпер аформiлася канчальна, спаважнела, набыла прыстойны выгляд маладой, адукаванай асобы. Чорныя, да бляску, валасы. Спакойныя, разумныя вочы. Павольныя, мяккiя рухi. Акругласьць формаў. У гарадскiм убраньнi.

Пяць год прайшло з таго часу, як яна была тут. Лявонавiч i Маланьня былi нямала зьдзiўлены яе такiм пераўтварэньнем i ня ведалi, як з ёю абыходзiцца. Агапка-ж сваiм захаваньнем, спакойным i тактоўным, суцешыла iх i яны пачалi чуцца свабодна i нявымушана. Маланьня пачала частаваць госьцю, стаўляць на стол усё лепшае, што толькi ў яе было. Агапка ўпрашвала ня турбавацца, гаварыла, што яна не галодная i што яна вельмi ўдзячная за такую ўвагу. Лявонавiч нат дастаў аднекуль паўлiтра "расейскай горкай". Казаў, як аб'явiлi мабiлiзацыю, дык у Сельпо навезьлi столькi гарэлкi, што хоць ты затапiся ў ёй. Хапалi ўсе, дык во i мне дасталося. Можа можаце трохi выпiць, дык выпейце на здароўе. Лявонавiч пачаў называць Агапку на "вы", але госьця папрасiла называць яе, як i раней, Агапкай. "Лявонавiч, я была Агапкай i хачу застацца Агапкай. Тым болей для вас, Лявонавiч. Мы-ж свае людзi".

Лявонавiч быў рады ўстаноўленаму памiж iмi зразуменьню i гатовы ўжо быў пачаць свае роспыты, але Агапка, добра ведаючы, што яму балiць, доўга не чакаючы, пачала сама:

"Мае даражэнькiя! Я ўсё разумею. Мне блiзка ваша бяда, заклапочанасьць, гора. Я перажывала i перажываю вашу бяду, як сваю асабiстую. Не захаваю – мы-ж дарослыя людзi i няма чаго нам хавацца – я любiла Мiколу, вашага сына. Ён дораг мне i цяпер, хоць я ўжо (прывiтайце мяне!) цяпер замужняя жанчына. Такое маё шчасьце, даражэнькiя, – выйшла замуж за месяц перад вайной. Муж цяпер змабiлiзаваны, як i ўсе, i я засталася адна – нi ўдава, нi замужняя. I вось вярнулася ў сваё Мокрае. Аж з самага Менску. Калi ён быў ужо ўвесь у вагнi. Iшла дванаццаць дзён з сваiм набыткам за плячыма. Набыткаў было няшмат. Мы толькi што пачалi з мужам уладкоўвацца... Я й забыла вам сказаць, я-ж настаўнiца. Працавала, пасьля заканчэннья педтэхнiкуму, у пачатковай школе, там-жа, у Менску, на ўскраiне гораду. Люблю дзяцей. Хацела мець i сваiх. I вось папаўся мне чалавек. Выйшла за яго. I вось яго ўжо няма. Я засталася адна. Куды-ж мне? Вот i прышла, што называецца, дамоў. Нi замужняя, нi ўдава. А якi тут цяпер дом? Ды я вярнулася, Лявонавiч, назад. На пяць гадоў назад, калi Мiкола i я выйшлi адсюль шукаць сябе, свайго шчасьця. Я ўжо гаварыла, я любiла Мiколу. Ня ведаю, цi ён любiў мяне. Здаецца, не. Ён любiў усiх i нiкога, усё i нiчога. Ён любiў, Лявонавiч, сваё дзела. Дарэшты быў адданы слову, вершапiсаньню, лiтаратуры. Хацеў быць паэтам. Ня тое, што стаўляў сабе за мэту стаць паэтам. Не. Ён нават саромiўся слова "паэт". Чуўся нiякавата, калi яго нехта называў паэтам. Ён быў заюшаны ў гэтым слове, хачу сказаць, у беларускiм слове. Яно яго й давяло. Часта яму было сумна, i ён прыходзiў да мяне, "у Мокрае", як ён казаў. Дзякую яму i за гэта. Нудзiўся ён па вас. Хацеў пабачыцца з вамi перад... Ён прадчуваў, што яго возьмуць. Ня раз разьвiтваўся са мной. Казаў, мо' ўжо цябе, макранскую, не пабачу. Разьвiтваўся – дзiвак – з сонцам, калi яно заходзiла. Любiў заход сонца. Кажу, вычуваў свой заход. Турбаваўся, што ў пральнi яго бялiзна не гатова. От, гаварыў, ня будзе чаго ўзяць з сабою туды... Вы ведаеце, куды. Усё ня выплачвала яму ганарару, грошы нейкая газэта, у якой ён нешта друкаваў сваё. Ён ужо не рыхтаваўся, як звычайна, да заняткаў – пiсаў i пiсаў. Праз ноч навылёт. Я пра гэта ведаю, ён чытаў мне ўсё гэта. У яго нiкога ня было, i ён бег да мяне, у "Мокрае". Мы можа-б з iм i сышлiся напасьледак, каб... Хоць не. Ён увесь быў у нябёсах. А я зямная. Выдумваў нешта нязвычайнае, у ягонай уяве былi нейкiя нятутэйшыя вобразы, па-за зямныя, нябескiя. Ствараючы ў сваёй уяве прыгожае, жыў гэтым. Жыў фактычна нерэальным. Падманьваў сябе... Я ведаю – ён пiсаў вам часта пiсьмы. Але ў тых пiсьмах ён ня пiсаў праўды. Шкадаваў вас. От якi ён быў чалавек.

– Так. Так. Гаворыш праўду – ня пiсаў усяго пра сябе. Ды мы чулi, што за кожным ягоным словам стаiць. От бяда!

Лявонавiч змахнуў з вачэй сьлязу:

– Расказвайце. Расказвайце ўсё чысьценька, што ведаеце.

"Ня ўсё я ведаю, нажаль. Ну, дык вось наступiў той дзень, якога ён чакаў, якога ён баяўся, але да якога няўхiльна iшоў. Гэты дзень яму быў наканаваны. Ён дакладна ведаў, калi той дзень настане. Да сябе ён пайшоў увечары ад мяне, сказаўшы, што ён ужо болей са мной не пабачыцца. I так сталася. Тае начы яго арыштавалi. Не аднаго яго. Я ўжо вам пра гэта пiсала. Арыштавалi iх адразу, дванаццаць чалавек. I некалькi прафэсараў. У вадну ноч. Мы, студэнты пэдтэхнiкуму, дачулiся пра гэтыя арышты ранiцою. У той-жа дзень, увечары, я пайшла ў iнтэрнат, дзе жыў Мiкола, але нiхто нiчога мне не сказаў. Баялiся гаварыць. Толькi тэхнiчка, жанчына, што ў iх прыбiрала, шапнула мне: "Мiленькая, i яшчэ будуць браць. На гэтым не канец". I бралi. У нашым тэхнiкуме ўзялi. Нам незразумела было – за што? Потым я ўжо даведалася прыватна i з газэт – што чысьцяць "буржуазных нацыяналiстаў". Што гэта такое, мне было няўцям, аж пакуль на палiтзанятках нам не растлумачылi, што гэта людзi, якiя хочуць адзьдзяленьня Беларусi, каб яна была асобнай дзяржавай. Лявонавiч, ну мяркуйце, цi мог Мiкола нат падумаць пра гэта? А "нацыяналiстамi" iх называлi таму, што яны як быццам на першае месца стаўлялi сваю нацыю, свой народ. Ну дык Мiкола, выходзiць, таксама нацыяналiст – ён любiць свой народ.

Забыла я сказаць вам яшчэ адно. Гэта можа й вырашыла канчальна лёс Мiколы. Хадзiла памiж Мiколавых аднакурсьнiкаў байка, а можа гэта было й праўда Мiкола мог выпалiць такое – быццам, iшоўшы ў iнстытуце па карыдоры, ён заўважыў на дошцы абвестак вялiкага памеру, надта размаляванае апавешчаньне. У iм паведамлялася, што на палiтзанятках чацьвертага (ягонага) курсу будзе даклад пра сталiнскую канстытуцыю. Прачытаўшы гэта (каля дошкi стаялi i iншыя студэнты), Мiкола ня то што сказаў, а выкрыкнуў:

"Канстытуцыю далi,

адчынiлi дзверы.

У вастрог нас павялi

i таўкуць бязь меры".

Напужаныя гэтым выкрыкам, студэнты палiчылi патрэбным, як найхутчэй змыцца. Мiкола стаяў у разгубленасьцi, не разумеючы, што здарылася. Мiколу й прышылi, што ён, Мiкола, гэтак во адгукнуўся пра Сталiнскую канстытуцыю. На самай-жа справе Мiкола сказаў гэта ненарокам, ня думаючы, мэханiчна. Атрымалася яно вось як: Мiкола мусiў выступiць з сваiм рэфэратам на сэмiнары па Коласу. Седзячы ў бiблiятэцы, Мiкола й пiсаў свой рэфэрат, падмацоўваючы свае выказваньнi цытатамi з Коласа. Падаў i гэту, ходкую ўва ўсiх крытыкаў цытату з Коласаўскага вершу пра царскую канстытуцыю. Па сканчэньнi работы над рэфэратам, Мiкола быў нагэтулькi стомлены i заклумлены, што, выйшаўшы з бiблiятэкi i прачытаўшы на дошцы абвестку пра канстытуцыю, у яго мiжвольна, па асацыяцыi ўспыхнулi Коласаўскiя радкi. Гэта была мэханiчная, ненаўмысная аддача стомленага мозгу. Але Мiколу прыпiсалi ў НКВД, што ён сказаў гэта наўмысна, што гэта злосная кантррэвалюцыйная выхадка.

– Неасьцярожны быў. Не бярогся. Такi ён у нас, неразумны, – падагульнiў Лявонавiч.

"Так, праўда – неразумны. Але ў яго быў свой розум. На ўсё. Iнакш у яго не магло быць. I гэтак Мiкола зьнiк. Прайшлi годы i я, паглынутая сваiм, ня то што забыла Мiколу, а проста ня чула пра яго. Я-ж з таго часу ў Мокрым ня была i ня ведала, што вы мелi ад Мiколы пiсьмы. Але пра самае важнае я вам яшчэ й не сказала. Проста неверагодныя рэчы. I я думаю, што Мiкола на самай справе дзе-небудзь у дарозе дахаты. (Маланьня ўсхвалявана заварушылася.)

На настаўнiцкай канфэрэнцыi ў Менску я пазнаёмiлася з аднэй настаўнiцай з Сьмiлавiчаў. Ейнае прозьвiшча – Валя Камоцкая. Яна вучылася разам з Мiколам на лiтаратурным адзьдзяленьнi. Будучы студэнткай, была ўжо замужам за студэнтам з свайго-ж курсу. Ведала добра Мiколу, паколькi ейны муж-студэнт таксама нешта пiсаў i, бывала, запрашаў да сябе Мiколу паслухаць напiсанае. I вось, арыштавалi – я думаю, тады-ж, як i Мiколу – i ейнага мужа-студэнта, разам з цэлаю групай студэнтаў. I ўсiх iх асудзiлi. Яны прайшлi па аднаму супольнаму дзелу. Усiм iм далi па дзесяць год. Але слухайце, што далей. Валя Камоцкая пачала хадайнiчаць за свайго мужа i дамаглася ў Маскве адмены прысуду Вярхоўнага суду БССР. Ну й прывезьлi ўсю групу назад у Менск на новае сьледства. Камоцкая перадавала свайму мужу й перадачу. Значыць, мае даражэнькiя, Мiкола быў у Менску. Гэта абсалютна верагодна. А пачалася вайна, дык iх-жа некуды вывелi з турмы. I напэўна. Я сама бачыла, як уцякала з Менску i йшла вобак шашы Менск-Чэрвень вялiчэзную калону зьняволеных пад канвоем. Я бачыла гэтую калону, калi яна ўжо ўваходзiла ў самы Чэрвень. На ўскраiне гораду я спынiлася каля студнi напiцца вады – такая сьпякота тады была – i назiрала за гэтай калонай. Мне падумалася, што сярод зьняволеных можа быць i Мiкола i я магу яго ўгледзiць. I мне сапраўды ў нейкiм моманце здалося, што я пабачыла Мiколу, але калону гналi хутка i твар Мiколы – можа гэта быў i ня ён – прамiльгнуў, зьнiк. Вот якая, даражэнькiя, гiсторыя. Я пра гэта хацела расказаць вам, як толькi прыйшла, але за мяне ўзялiся нашыя, хочуць, каб я засталася ў тылу ў немцаў, калi яны прыйдуць сюды i вяла работу. Пра ета я яшчэ падумаю. Але што Мiкола можа прыйсьцi, кажу, – на гэта ёсьць надзея. I вы, Лявонавiч, i вы, цётка Меланьня, усьцешыцеся, пабачыўшы на сваiм парозе Мiколу".

У Мокрым ня вiдно ўжо старшынi сельсавету. Не пахаджае з вiнтоўкай за плячыма. Некуды зьнiк. Зьнiкла i ўся бронь. Няма ўлады. Сельсавет i школа адзiныя ў Мокрым савецкiя ўстановы – глядзяць разьбiтымi вокнамi, папераджальна i трывожна. Калгасы засталiся без старшыняў, iхнымi гаспадарамi сталi самi людзi: забiраюць сабе з фэрмаў кароў, сьвiньней, авечак. Цягнуць, што пападзецца – плугi, хамуты, калёсы. Можа ўсё гэта спатрэбiцца даходзяць-жа чуткi, што немцы калгасы распускаюць, зямлю аддаюць сялянам. Дык чым яе будзем абрабляць? Вось толькi бяда – засталося мала коняй. Як iх падзелiш? Страху ўжо няма, што вернецца ўласьць. Немцы бяруць за горадам горад. Мiльёны нашых салдатаў ужо ў руках немцаў – здалiся. Iх, кажуць, адпускаюць дахаты, дык мо й сапраўды пачнуць варочацца да сваiх сем'яў. Даў-бы Бог. Гавораць, вайна абмiнула нашы балоты, пайшла бокам наперад, i мы ўжо ў тыле, пад немцам. Невядома яшчэ, што робiцца ў Касьцюковiчах, але пагаворваюць, што там ужо ўласьць нямецкая. Бургомiстр будзе нейкi ўпраўляць. Сельсаветаў ня будзе. Будуць воласьцi. Як раней. У валасьцях таксама будуць бургомiстры. Прышлюць i нам якога-небудзь. Толькi калi яны да нас дабяруцца сюды? Трэба-ж, каб быў нейкi парадак. З уласьцю жыць нялёгка, але кепска i без яе. Хто дужэйшы i сьмялейшы, той i бярэ. А слабому? Слабому трэба зашчыта.

– Дык што – немец цябе зашчыцiць? Ты ўжо чакаеш яго? Пабойся, Хадоска! Мужа адправiла на вайну, а сама немца чакаеш? Ён табе дасьць такую зашчыту...

– Але чаго ты ўз'елася? Я не баюся цябе – чакаю. А ты што – чакаеш, калi твой з кустоў прыйдзе? Не, трасца! Досыць вам панаваць! Я адправiла свайго на вайну, а ты куды адправiла? У лес? Твой бронь, а мой аблонь. Мой i нашы ўсе кроў пралiваюць. Можа ўжо каго няма й у жывых, а твой нябось цэленькi. Яшчэ па начах табе й пад спаднiцу залазiць. Не, я хачу, каб i мой прыйшоў да мяне, вярнуўся з фронту жывым. За якога лысага чорта ён будзе ваяваць? За цябе? У мяне вунь куча дзяцей засталася. Iм патрэбны бацька! А ты мяне немцам упiкаеш. Вот i хачу немца! Няхай ён навядзець парадак.

– Чаго ета вы раскудахталiся, мае даражэнькiя? Цi не падзялiлi чаго? Сьцiшцеся! Прасiце Бога, каб памiлаваў нас. Прасiце помачы ў Яго. Нiадкуль яе не чакайце, – Хiма хоча злагодзiць спрэчку памiж жанчынамi, але гэта ёй не ўдаецца. Хадоска гэтак расьпякла сакратарову, што тая пачала лезьцi да яе з кулакамi.

– Ну цi гэта вы пашалелi – адна на адну наступаць? Мужчыны б'юцца, а тут, глядзi, бабы пачынаюць. Хадоска! I ты, сакратарова, разыйдзецеся, кажу! Людзi засьмяюць! – Хiма стала памiж iмi, распасьцёршы рукi.

I тут, як якое насланьнё, прарэзалi вулiцу тры матацыклiсты ў касках. Паймчалiся на мост, крута павярнуўшыся каля Сельпо.

– Ну вось i твой немец! Дачакалася? Сьвiсьнi iм!

Сказала i пайшла. А Хадоска яшчэ глядзела на мост, цi не пакажацца адкуль болей немцаў.

Росказень Агапкi пра Мiколу ўзбудзiў у Лявонавiча i Маланьнi надзею на вызваленьне сына, на паварот яго дахаты. Але шмат чаго ў ейным росказьнi выдавалася iм мала праўдападобным. Яны думалi, што Агапка проста хацела суцешыць iх i дзеля гэтага выдумала для iх, як для дзяцей, байку, што Мiколу прывезьлi з Калымы ў Менск i што ён ужо можа быць у дарозе дахаты. Праўда, ад Мiколы яны ўжо не атрымлiвалi лiстоў болей, як паўгода i за гэты час усё магло быць. Маглi прывезьцi яго ў Менск, маглi зноў узяцца за iх дзела, калi такi загад з Масквы. Ды ўсё-ж росказень Агапкi дужа сумлеўны, дужа замыславаты, каб у яго можна было лёгка паверыць. I ўсё-ж Лявонавiч i Маланьня хацелi верыць. Верылi. Пачалi жыць гэтай верай. Агапка шмат чаго адкрыла iм пра сына, чаго яны ня ведалi. Цяпер ён стаўся для iх больш зразумелым, а ад таго сталiся больш зразумелымi i ягоныя пакуты.

У надзеi, што iхны сын можа i прыйсьцi Маланьня пачала нават рыхтавацца да сустрэчы яго: шыць яму з саматканага палатна сподняе – штаны, кашулю i iншае. З гэтага-ж у яго нiчога не засталося – знасiў усё бацька.. Пачала дбаць i пра верхнюю адзежыну: прыйдзе, дык ня будзе чаго надзець. Ператрэсла пасьцель, абнавiла, памыла. На ягоным ложку ў сенцах нiхто ня спаў: як пакiнуў яго Мiкола, гэтак i заставаўся ён стаяць пустым. Маланьня пачала клапацiцца i пра скаромiну: як прыйдзе, дык чым-жа яго кармiць? Ня хлебам-жа з бульбай! На гэтым не паправiцца. Трэба якая й скварка. Але ў Лявонавiча й Маланьнi не вялiся сьвiньнi – дохлi. Што не рабiлi – праводзiлi дэзiнфэкцыю, клiкалi вiцiнара, чысьцiлi, мылi хлявы, увесь двор – нiчога не дапамагала. Кормiш-кормiш сьвiньню, парсюка якога, пажывець якiх тры-чатыры месяцы i няма – чэзьне. А то ўжо калi й апаросiцца сьвiньня, дык пасьля трох-чатырох тыдняў дохнуць i парасяты. Нiяк не разьвядзець Лявонавiч сьвiньней! У суседа – аднаго i другога – няма нiякага зводу, ёсьць сьвiньнi i кормныя i надворныя i ёсьць сала i да сала, а ў яго няма. У яго iдуць сьвiньнi на звод. Вось i цяпер апарасiла шасьцёх. Iм толькi па два тыднi, а ўжо захварэлi. Дык цi калоць iх, каб усё-ткi спажыць, цi пачакаць – мо выздаравеюць? А як не – што тады рабiць? Калоць ужо будзе позна – заразных есьцi ўжо ня будзеш. Маланьня радзiць калоць, пакуль ня здохлi. Будзе чым пачаставаць, як прыйдзе. (Лявонавiч i Маланьня чамусьцi не называлi сына на ймя – баялiся. Абыходзiлiся трэйцiм, неазначальным iмём: "як прыйдзе".)

Лявонавiч верыць у свае сны. Яны ў яго прарочыя. Што сасьнiць уначы чакай таго ўдзень: спаўняецца. Маланьня нават баiцца ягоных сноў. Прачнуўшыся ранiцой, скажа, напрыклад, што прападзе карова, конь, сьвiньня цi авечка, ведай – гэтак i будзе. I таму Маланьня баiцца ранiцою выходзiць з хаты на двор – баiцца там убачыць Лявонавiчава прароцтва. Або – сасьнiць, што ня сяньня, дык заўтра прыйдзе ад сына пiсьмо, глядзiш – паштар i прыносiць яго. Няма тэй ночы, каб ён не сасьнiў чаго i каб тое не адбылося. Лявонавiч, здавалася, i лажыўся спаць не для таго, каб адпачыць, выспацца, а каб сасьнiць, даведацца, што будзе. Калi што дрэннае сьнiў, хадзiў, прачнуўшыся, маркотны, пануры, чакаў таго моманту, калi сасьнёнае адбудзецца. Хацеў тое дрэннае прадухiлiць, хоць ведаў – гэтага зрабiць нельга: няўхiльнае застаецца няўхiльным. Калi-ж сон прадказваў яму нешта радаснае, ён баяўся яго чым-небудзь спужаць, пашкодзiць таму, што мае наступiць. Досыць толькi, прачнуўшыся, сказаць якое-небудзь паганае слова, як сон твой ня спраўдзiцца, уцячэ ад цябе, нядобрага. Для прарочага сну чалавек мусiць быць накшталт сьвятога. Толькi такi чалавек можа пабачыць, – а пабачыць можна толькi ў сьне, – цудоўнае ў далечынi сьвятло, якое – калi ты здольны спазнаць яго, i прадказвае, вяшчае табе.

Лявонавiч майстраваў сабе на двары калёсы. Сьвiдраваў у "падушчы" дзюрку для шворану i неяк сьвярдлом парэзаў сабе палец. Пайшла кроў. Ня ўпярышню такое, але Лявонавiч на гэты раз угледзеў у гэтым нейкi знак. Спакойна глядзеў, як iшла кроў i нiчога не рабiў, каб спынiць ейны плын. Яму гэты плын здаваўся нечым асаблiвым. Нарэшце ўвайшоў у хату, пасыпаў попелам на рану, забiнтаваў i кроў супынiлася. Рука не балела, i ён вярнуўся да працы. Угледзеў на "падушцы" некалькi кропелек свае крывi. Яны, гэтыя кропелькi, нагэтулькi зыркiя ў сваёй выразнасьцi, што яны быццам крычэлi яму: "Мы твае. Ня бойся. Гэта табе на радасьць. Табе ўжо не балiць". Але Лявонавiчу ўсё здавалася, што гэтыя кропелькi пралiтыя ня iм, а некiм iншым, i пралiтыя для таго, каб ён, Лявонавiч, спазнаў, кiм яны пралiтыя.

Падганяў пад "падушкi" восi, а ўсё думаў пра гэтыя кропелькi. Ужо састругаў iх з "падушкi" гэблiкам, ад iх не засталося i сьледу, а кропелькi ўсё стаялi ў вачох.

Калi лёг спаць, дык i ў сьне гарэлi яны. Згасьлi толькi як пачаўся дзень. Такi надзвычайны. Сонца высокае. Пад сонцам гойдаецца нейкае вялiкае мора, спакойнае i такое блакiтнае. Ледзь-ледзь зыбаецца. Далягляд далёкi-далёкi. З-пад далягляду, з-за нейкай нявiдочнай рысы выплывае човен i ў iм нехта маленькi-маленькi, не распазнаць. Стоячы на беразе мора, Лявонавiч углядаецца, ня спушчае яго з вачэй. Човен плыве i плыве проста на яго. Усё блiжэй i блiжэй, але Лявонавiч, дзеля морскай сiнявы, усё ня можа разгледзець, хто ў чоўне. Той, хто ў iм, заслонены блакiтнай дымкай, падобнай на нейкае мроiва. Човен ужо на сярэдзiне мора. Плыве i плыве. Ды раптам ззаду нахлынула магутная хваля, ударыла ў човен i човен зьнiк, прапаў з вачэй. За хваляй набягае iншая хваля. Хвалi б'юць у бераг, пырскаюць. Лявонавiч нiчога ня можа разгледзець у моры. I вось уздыбленая, цэлай сьцяною, рушыцца хваля i ў той хвалi Лявонавiч бачыць човен. Хваля-сьцяна нясе човен проста на яго, на самы бераг. Але перад самым берагам, гатовы ўжо ўткнуцца ў яго, човен пачынае тануць, хвалi паглынаюць яго i ў нейкай невядомай датуль рашучасьцi, спалоханы, Лявонавiч, нагнуўшыся, хапаецца за човен, цягне – але замест чоўна, ён выцягнуў за воласы... сына.

Прачнуўшыся пад ранiцу, Лявонавiч лёгенька крануў Маланьню:

– Сьпiш? Ведаеш, бачыў сон – прыйдзе Мiкола. Але будзь спакойнай. Не хвалюйся. Ня трэба чакаць. От рабi ўсё так, як i рабiла, як-бы й нiчога ня сталася. I яно станецца.

ЧАСТКА ТРЭЙЦЯЯ

Я падыйшоў да свае вёскi, калi ўжо зайшло сонца, але калi было яшчэ досыць вiдна, i каб мяне нiхто ня ўбачыў, я вырашыў схавацца ў жыце, пасядзець у iм, пакуль не сьцямнее. Я хачу ўвайсьцi ў хату незаўважным. Не хачу, каб людзi адразу даведалiся, што я прыйшоў, вярнуўся. Як я нi запавольваў свае хады, а ўсё роўна прыйшоў на нашыя палеткi зарана. Ад самага Чэрвеня, дзе нас кiнуў канвой, я iду, хаваючыся, каб мяне не затрымалi, каб дайсьцi. I вось, калi дайшоў, пачаў наблiжацца да нашых ваколiцаў – ня мог замарудзiць сваiх крокаў, дачакацца пацёмкаў: усё знаёмае, роднае хлынула ў маю душу, сьцiснула маё сэрца болем, жалем i трывогай. Я цяпер ужо дома, я ўжо тут, я зараз пераступлю свой парог! Сяджу ў жыце, гэтак блiзка ад свае хаты! Узьняўшыся, я мог-бы пабачыць яе з гэтага жыта. Я ўжо i ўзьнiмаўся колькi разоў, каб зiрнуць на яе. Сяджу, чакаю, пакуль болей сьцiсьнецца, пацямнее. Чую нейчую гамонку. Гэта, пэўна, iдуць з працы вяскоўцы, гэтак блiзка паўз мяне – я нават чую, як яны ступаюць, чвякаюць па жарсьцьвянай дарозе, што тут-жа, побач мяне. Яны адыходзяць, i я ўзьнiмаюся – не магу болей чакаць! Выходжу з жыта, аглядаюся. Направа – наш могiльнiк, з тымi-ж высачэзнымi соснамi. Я толькi вокам кiнуў на iх – перада мною, як на прыцэле, была ўжо нашая хата, крайняя, зьлёгку ахутаная вячэрнiмi сутункамi. Гэтая кропка была для мяне цяпер зьмяшчэньнем усяго чыста на сьвеце. Як гэта я зайду ў хату, як гэта я пакажуся! У душы маёй варухнулася вiна: гэта-ж усё я, гэта-ж усё праз мяне! Пайшоў хутчэй. Не аглядаюся. Ступiў на свой агарод – а побач, у суседнiм агародзе, узьнялася ў пярэстым убраньнi жанчына з лапатай у руках. Углядаецца ў мяне. Няхай углядаецца! Я ўжо на сваiм двары. Свой i ня свой. Баюся ўзяцца за клямку дзьвярэй, пераступiць тую мяжу, да якой я дайшоў. Стаю i не адважваюся адчынiць дзьвярэй – як гэта так, адразу! Зьбiраюся з духам. А дзьверы адчыняюцца самi – мацi! Спужалася. Войкнула. Зайшлася цiхiм плачам. Я ў хаце. Бацька сьцiскае мяне ў сваiх абдымках. Сястра цалуе i таксама ня можа ўстрымацца ад плачу. Бацька ў сьпеху зацемнiў вокны. Запалiў лямпу. Мацi, зiрнуўшы, у чым я, зноў залiлася сьлязьмi: ногi ў мяне абкручаныя анучамi, ватнiкi ў дзюрках сьвецяцца маiм голым целам, спарахнелая ад поту кашуля ледзьве трымаецца на плячох, на голай шыi нешта накшталт шалiка, на главе кепка-безказырка. Мяне садзяць за стол, я ледзьве пераступаю – ногi сьцiшаныя, ня хочуць iсьцi. Я зьбiў iх, iдучы шашою. Мне даюць есьцi i пiць, ды ад усхваляванасьцi я не магу за гэта ўзяцца – плачу сам ад радасьцi i гора. Нехта забразгацеў у сенцах i бацька схаваў мяне пад палом. Увайшлi дзьве жанчыны, гавораць – не маглi ўстрымацца, каб не зайсьцi: разьнеслася чутка – сын прыйшоў. От думаем, вялiкая радасьць сёньня ў вас у хаце – дачакалiся сына. Нагараваўся-ж досыць.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю