Текст книги "I той дзень надыйшоў (на белорусском языке)"
Автор книги: Масей Седнев
сообщить о нарушении
Текущая страница: 6 (всего у книги 16 страниц)
– Глядзi ты – паказаў сябе! Ня думаў! Нейкi рэзiстанс у цябе ўсё-ткi ёсьць. А я думаў – ты абсалютна безнадзейны. Маладзец!
Я ня мог больш цярпець насьмешак Вяркеева i, падзякаваўшы за праводзiны, пачаў разьвiтвацца з iм. Разьвiтаўшыся, ён пайшоў ад мяне рашуча, нi разу не азiрнуўшыся.
Дахаты я не пайшоў, павярнуў да нашага Махавога балота, зарослага багуном. Я хацеў яшчэ пабыць у лесе, адумацца, сьцiшыцца, прыслухацца да сябе. З аднаго боку Махавога рос беразьняк, яго называлi ў нас чорналесьсем. Тут усе бярозы глушкi. Калi патрэш iхны лiст аб лiст, белай мукi не пакажыцца, венiкi з гэтых бяроз нядобрыя.
На другiм баку балота, на выхадзе да поля, расьлi ўжо прыгожыя, белыя бярозы, курчавыя, з гнуткiм вецьцем i мяккiмi лiсточкамi. З iх я вязаў некалi венiкi, злучаў iх у пары, чапляў на шыю каню i з iмi ехаў дахаты. А то – як ганяў вясною цялят – лупiў з бярозаў кару – пад ёю смачны, сакаўны мязок. Я скаблiў яго i з захлёбам глытаў. Мязок, бывала, я закопваў i ў зямлю, каб ён не псаваўся, быў сьвежым на даўжэйшы час, да самага лета, калi бярозы мязгi ўжо не даюць.
Усё гэта мне цяпер здавалася такiм далёкiм, бязьмежна мiлым, будзiла ў мяне згадкi з майго маленства, такога нялёгкага, але такога шчымлiва-радаснага.
З усiм гэтым я цяпер разьвiтваўся, прыглядаўся да ўсяго, як-бы iмкнучыся замацаваць гэта ўсё ў памяцi, забраць усё з сабою.
Больш у полi я не заначую,
кiну я зялёную бярлогу:
у аддалях, цёмнай пушчы чую
сэрцам я васеньнюю трывогу.
На зямлю i лiсьце не апала,
i палi жывуць так, як учора.
Як раней, сягоньня сонца ўстала,
як раней сьвяцiлi, сьвецяць зоры.
Знаю я i лета не загiне:
прывязуць яго сяляне ў гумны.
I ня ляжа дзень у дамавiну
ён згарыць у золаце, задумны.
Але ў полi я не заначую,
кiну я зялёную бярлогу:
у аддалях, цёмнай пушчы чую
сэрцам я васеньнюю трывогу.
Ад'езд быў самым пакутлiвым. Бацька й мацi маўчалi – зьбiралi мяне ў дарогу. Зборы тыя былi самыя нескладаныя. Увесь мой скарб зьмяшчаўся ў маiм невялiчкiм, старым i мала прыгодным чамаданчыку. Усё маё было на мне – той аблезлы ад сонца касьцюм, у якiм я прыехаў, i знакамiтыя жоўтыя бацiнкi, што зьвярталi на сябе ўвагу сваiм гарадскiм паходжаньнем. Мацi ўсё нечага шукала, раздумвала, цi не забыла што пакласьцi мне. Сьпяшаючыся, стаўляла яду на стол, а мне, гледзячы, як яна ходаецца, есьцi не хацелася, i сеў я за стол толькi, каб супакоiць яе. Сястра перавязала вяроўчынай мой чамадан i паставiла яго ля парогу, на выхад. Бацька быў на двары, рыхтаваў калёсы, падмазваў колы, чысьцiў шчоткай каня – брыгадзiр, вiдаць, каб дагадзiць мне, прызначыў нам усё-ж выязнога.
Увайшоўшы ў хату, бацька коратка кiнуў:
– Конь запрэжаны...
Надыйшоў час разьвiтвацца, але мы ня ведалi як – маўчалi, i толькi, калi бацька ўзяўся за чамадан, каб яго вынесьцi, мацi, мiтусьлiвая, кiнулася да мяне, хацела абняць, але замест, каб зрабiць гэта, сумеўшыся, пачала настаўляць мяне на дарогу:
– Ты-ж прыяжджай... пiшы... не забывай нас... глядзi за сабою. Калi што трэба табе, мы прышлём.
– Мацi не марудзь. Конь стаiць.
У сенцах бацька абняў мяне. Апрача ягонага "глядзi-ж", ён, унутрана ўзрушаны, больш нiчога ня мог сказаць.
Выйшлi з сянец на двор. Бацька палажыў плашмя чамадан на калёсы. Накрыў яго сьвежаскошанай травой. Сястра накiнула яшчэ наўзьверх саматканую ў узорах пасьцiлку – гэта як сядзеньне для мяне. Мне трэба ўжо садзiцца на калёсы, але я маруджу. Выязны скоса пазiрае на нас – хто тут сядзе i ў чые рукi трапяць лейцы. Ды час быў рушыць, i сястра заняла сваё мейсца ў перадку – яна павязе мяне на станцыю. За варотамi я скочыў на калёсы i калi азiрнуўся – пабачыў мацi з хусткаю ля вачэй, а побач яе, нiжэйшага за яе, згорбленага бацьку. Яны ўсё стаялi, пакуль мы не павярнулi да коўратаў, да выезду з вёскi. Я перажываў – засмылела сэрца, што не абняў, ня прытулiў на разьвiтаньне мацi, не дакрануўся, не пагладзiў яе сьсiвелых валос.
Ля коўратаў – бачу – цэлы натоўп, пярэсты, ажыўлены, пераважна жанчыны, дзяўчаты, дзецi. Гэтыя апошнiя, як птушкi, абселi зачыненыя коўраты, нiкога ня пушчаюць. Iншыя стаяць па абодвых бакох вулiцы, нечага чакаюць. Сястра здагадалася (а мо й ведала), што гэта – провады.
– Цябе прыйшлi праважаць, – сказала i ў ейным голасе я пачуў засмучэньне.
Як толькi пад'ехалi да коўратаў, дзецi саскочылi з iх i, як саранча, абляпiлi калёсы. Дзяўчаты, свае, з якiмi я разам працаваў, у тым лiку i Агапка, загарадзiлi нашаму выязному дарогу, спынiлi яго:
– Ходу няма. Коўраты зачыненыя. Хочам выкупу. Так ня выедзеш.
Сьмяюцца.
На самай справе нiякага выкупу ня просяць, а даруюць мне на дарогу новенькi рушнiк, з прыгожа вышытымi на iм заблацьцю словамi: "Не забывай нас".
У гэтым усё: i павага, i спагада, i шчырасьць, i замiлаваньне, i нешта нявымоўна макранскае – бяда.
Сястра i я, мы зьлезьлi з калёсаў. Са мною пачалi прашчацца, жадаць мне шчасьлiвай дарогi. Некаторыя з жанок, разьвiтваючыся, сльязiлiся. Дзецi, абступiўшы, трэсьлi мяне, як свайго, за рукi, прасiлi мяне прыяжджаць да iх у школу настаўнiкам, iншыя-ж – скласьцi пра iх якi-небудзь "вершык".
Сьмела падыйшла Агапка. Абняла. Пацалавала.
– Не забудзь-жа што прасiла. I пiшы!
Нахапiўся аднекуль – тут як тут – брыгадзiр, з бутэлькай i дзьвюма чаркамi ў руцэ. Налiў сабе. Паднёс мне:
– Па аднэй, браток! На дарогу! За дружбу! За свойскасьць! I на памяць. Трымайся!
Парожняй чаркай пакружыў над сваёй галавой i, сьмяючыся, ужо да дзяўчат:
– А вам у рот i не папала, трэба было шырэй разьзяўляць!
Дзецi ўжо адчынiлi коўраты – даюць нам дарогу. Выязны рвануўся, але сястра, нацягнуўшы лейцы, супынiла яго. Я скочыў на калёсы. Лейцы адпушчаныя, i выязны, застаяўшыся, пайшоў поўным ходам. Ззаду засталiся рукi, хусткi, што няспынна нам махалi ўсьлед.
Спушчаемся на мост. Унiзе, на поплаве Дуся з гусямi. Глядзiць на нас. Я ня ведаю, цi падыйдзе яна. Прашу сястру супынiцца. Зьбягаю з адхону нанiз. Дуся разумее, ведае, што я ад'яжджаю. Хоча ўсьмiхнуцца. Я падаю ёй руку, гавару, што мне ня хочацца ад'яжджаць, а яна:
– Але ты казаў, што табе трэба. Ты-ж прыедзеш назад?
ЧАСТКА ДРУГАЯ
Iшоў дзень за днём, месяц за месяцам, а пiсьма ад сына няма – як у ваду кануў. Кожны дзень, прыйшоўшы з працы, Масей Лявонавiч правяраў падваконьнiк у сенцах, цi не паклаў туды, як звычайна паштар пiсьмо, але падваконьнiк пуставаў, i, засмучаны, Масей Лявонавiч уваходзiў у хату як ня свой. Пытаўся яшчэ ў Маланьнi, сваёй жонкi, можа яна ўзяла, прыйшоўшы з працы раней. А то здаралася, Масей Лявонавiч перапыняў на вулiцы паштара, пытаўся, можа як завалялася сынава пiсьмо ў ягонай, як кавальскi мех, губатай скураной сумцы. Паштар ласкава ўсьмiхаўся, спачуваў старому, суцяшаў, што ня сёньня, дык заўтра, а пiсьмо прыйдзе, трэба толькi ўмець чакаць.
Iшлi днi, тыднi, месяцы, паштар мiнаў хату Масея Лявонавiча, пiсьмаў на падваконьнiку ў сенцах ня клаў. У Масея Лявонавiча запала падазрэньне: пiсьмы затрымлiваюцца ў сельсавеце i яму не перадаюцца.
– Ведаю я гэтую банду, – жалiўся ён сваёй Маланьнi.
Маланьня яму нiчога не адказвала – што ёй тая "банда?"
Сэрца яе чула, яшчэ калi яна выпраўляла сына ў дарогу, што з iм нешта станецца. I от яно, вiдаць, сталася.
Масей Лявонавiч стаяў у нядзелю каля Сельпо: цiкаваў на фiнагента, свайго сваяка – цi ня ведае той што-небудзь пра сына. Калi Масей Лявонавiч улучыў момант i запытаўся ў яго, фiнагент адказаў:
– Што пытаешся? Я казаў яму... Няма чаго цяпер пытацца...
Сказаў i падаўся ў сельпо.
Пытаўся Масей Лявонавiч i ў Вяркеева, думаў можа яму сын напiсаў дружылi-ж. Вяркееў як-бы й паспачуваў Масею Лявонавiчу, але ўжо сам запыт, як вiдаць было, Вяркееву не спадабаўся.
Негаваркi наогул, Масей Лявонавiч зрабiўся яшчэ больш маўклiвым. Толькi часьцей пачаў брацца за свой кiсет – дастане з яго табаку, скруцiць папiроску, выкрасiць крэсiвам агонь, прыкурыць, зацягнецца. Свой кiсет ён заўсёды трымае за поясам, нават i тады, калi працуе. На перапынках, калi брыгада, лежачы на пракосах, адпачывае, Масей Лявонавiч, згорблены, сядзiць дзе-небудзь на воддалi, часьцей пад дрэвам, апiраючыся на яго сваёю зморанай сьпiною. У мужчынскiх жартах удзелу не бярэ. Мужчыны дзiвяцца, ад чаго Масей Лявонавiч гэтак перамянiўся. Пад'ялдыкваюць, пытаюцца, можа Маланьня разьлюбiла. Масей Лявонавiч маўчаў – кепiкi да яго не даходзiлi. А то, пакiнуўшы жарты i пад'ялдыкваньне, пыталiся – ужо сур'ёзна – што пiша з Менску сын. Масей Лявонавiч не прызнаваўся, што пiсьмаў ад сына няма, адказваў гэтак, быццам ён iх атрымлiвае:
– Што пiша? Жыў, здароў. I ўсё.
Ня было такой ночы, каб ня сьнiў сына. Сын стукаецца ў дзьверы, каб адчынiлi яму, пусьцiлi ў хату. Масей Лявонавiч падбягае да дзьвярэй, хоча адчынiць, ды ня можа адсунуць зялезны завал – цяжкi. Б'е кулакамi. Клiча на дапамогу Маланьню. Але дзьверы не паддаюцца. Сын-жа плача па той бок дзьвярэй, гаворыць: "Вы ня хочаце мяне пусьцiць. Вы ня любiце мяне. Дык я й пайду ад вас". I яны чуюць ягоныя крокi, як ён адыходзiць. Просяць вярнуцца. Але крокаў больш ня чуваць, i яны, балесныя, бездапаможныя, ня ведаюць, што рабiць, пачынаюць сварыцца, упiкаць адзiн аднога за няўдачу.
Iшлi днi, iшлi месяцы i ў нейкi дзень паштар паклаў на падваконьнiк пiсьмо. Масей Лявонавiч, заўважыўшы, баяўся браць яго ў рукi, нiбы яно магло абпячы. Нёс у хату асьцярожна, баяўся пакамечыць. Палажыў на стол. Не адкрываў. Прачытаць яго ён усё роўна ня можа – з такой мудрасьцяй ён не спазнаўся. Трэба чакаць, пакуль прыйдзе дачка – адзiны, што застаўся ў хаце, грамацей. Масей Лявонавiч усё-ткi не ўцярпеў – адкрыў i быў надта зьдзiўлены: у канвэрце быў усяго маленькi лiсток, сьпiсаны толькi з аднаго боку. Паклаў назад у канвэрт – да прыходу дачкi.
Дачка з мацi прыйшлi з поля пазьней, як звычайна – дажыналi сваю, адмераную брыгадзiрам дзялянку.
Дачка, глянуўшы на канвэрт, дастала з яго лiсток i ледзь пасьпеўшы схапiць вачыма некалькi радкоў, кiнула лiсток на стол – пiсьмо было ад Агапкi з Менска. З лiстка дачка прачытала наступнае:
"Добры дзень, дзядзька Масей Лявонавiч!
Не хацела-б вас засмуцiць, ды дзела ня важнае – сын ваш у турме. Ня знаю, за што. Хадзiла ў iнтэрнат, дзе ён жыў – нiчога не дазналася. Нi кажуць. Пiшу вам, думаючы, што вы нi знаеце яшчэ пра ета. Нi гаруйце, можа яго яшчэ выпусьцяць. Нiчога-ж ён такога нi зьдзелаў. Калi што больш разузнаю напiшу вам. Сама я вучуся ў цехнiкуме. Нi лёгка. Ды самi знаеце, лёгкага хлеба нiма. Перадаю вам i вашай жонцы паклоны i самыя лучшыя прыветы.
Агапка".
...Сьвет – як правалiўся. Рэчы набылi iншы выгляд. Важнае зрабiлася няважным. Масей Лявонавiч ня плакаў – душа зайшлася жалем, болем, сьцiснулася ў камячок. А пра Маланьню няма чаго й гаварыць – сланяецца з кутка ў куток, а чаго – ня ведае. Як палувумная! Ноч ня спала, а ранiцай паплялася на могiльнiк – паспавядацца, пажалiцца, расказаць пра сваё гора мацi, паплакаць на ейнай магiлцы. Нiхто так не зразумее, як мацi. Для Маланьнi яна ўсё яшчэ жывая. У яе яна шукае збаўленьня i ратунку.
Дачка, Дар'я, моўчкi, ня еўшы, пайшла капаць бульбу – наказаў брыгадзiр.
Сам-жа Масей Лявонавiч заставаўся ў хаце, на працу ня йшоў. "А чаму не пайшоў? – падумаюць. – Захварэў? Нешта надумаўся рабiць сваё? На калгас яму напляваць? А мо ў якой адлучцы? Таго глядзi – прыйдуць у хату праверыць, што робiш? Дзе дзеўся? Дазволу застацца ў хаце ў брыгадзiра ня пытаўся-ж? Не, ня выдавай свайго гора. Iдзi з касою, як хадзiў".
Пад павецьцю, на бальцы, вiсяць косы – свая i сынава. Масей Лявонавiч зьнiмае сваю. Сынава застаецца вiсець. Сын ужо ня пойдзе з iм. Ня стане з iм у пары. I тут Масей Лявонавiч ня вытрымаў – хлынулi сьлёзы.
Масей Лявонавiч ня мог дакасiць да вечару – зьнямог. Усё не хацеў паказаць свае слабасьцi, хацеў як-небудзь дацягнуць да канца дня. Аблiваўся потам, ногi падкошвалiся, рукi, як трэба, не хадзiлi, касцы ззаду насядалi, швыргалi косамi ля самых пят, i Масей Лявонавiч выйшаў з строю – здаўся. Прыйшоў дахаты. Лёг. У сваiх думах ён не iснаваў. Яны завалодалi iм, клумiлiся самi па сабе, плылi адвольна, быццам ён не быў iхнаю прычынаю, а ўсяго толькi нейкiм пабочным iструмантам, як i яны, ён сплываў разам з iмi ў нейкi нябыт. Але з таго нябыту думы вярталiся зноў i ня было канца гэтаму кругавароту. Так i ляжаў Масей Лявонавiч у паўзабыцьцi, пакуль не заснуў, не адыйшоў у поўнае забыцьцё.
З могiлак Маланьня пайшла на поле i поруч з дачкою заняла сабе баразну. Дачка адносiла кошыкi ў гурт – i свае, i матчыны. I макавага зерня ня было яшчэ ў роце ў Маланьнi: як толькi нагнецца – цямнее ў вачох, няма сiлы на гэтую работу, i яна баялася, каб не завалiцца i самой у баразну.
Увечары, як маглi, гатавалi вячэру – трэба-ж жыць. Даядалi ўжо бульбу, як прыбег Вяркееў. Яшчэ з парогу загрымеў:
– А мне й не сказалi. Два Мокрых чутка абляцела – Масеевага сына арыштавалi. Масееў сын у турме. Масеевага сына няма.
Чакаў, што скажа яму "Лявонавiч". А "Лявонавiч" маўчаў – нi пацьвярджаў, нi адмаўляў. Маўчалi таксама Маланьня i Дар'я. I Вяркееву зрабiлася не па сабе. Яго прысутнасьць была лiшняй. Зьбiты з панталыку, Вяркееў памулiў да парогу. На ягонае "дабранач" ён не пачуў адказу.
Ня было праходу нi Масею Лявонавiчу, нi Маланьнi, нi Дар'i – пыталiся, што здарылася, а яны, зацятыя, ня прызнавалiся, удавалi, што нiчога ня сталася. Ды пагалоска, што Масеева сына пасадзiлi, ня сьцiхала. "Ня можа быць". "За што?" "Шкада хлопца, калi праўда". "Што ета на сьвеце дзеецца – нявiнных людзей саджаюць". "Крый ты божа".
Чым болей Масей Лявонавiч хаваўся, не казаў праўды, тым больш пачалi вяскоўцы верыць, што з ягоным сынам здарылася нешта сапраўды нядобрае. Нават вокны ў хаце Масея Лявонавiча сьведчылi пра тое – на iх лёг цень пахмурнасьцi i журботнасьцi. Праходзiш вулiцай – бачыш, што хата ня тая – шшупуленая, зморшчаная, апусьцiлася на адзiн зруб нiжэй.
А бывала, калi Масей Лявонавiч ня верыў пiсьму Агапкi. "Можа гэта злы жарт. Падвох". I ў яго ўзьнiкалi розныя здагадкi i меркаваньнi адносна сына, ён нават дапускаў, што нiчога кепскага з сынам ня здарылася. "От можа чым заняты пiльным. Можа й загуляўся. Спахопiцца – дасць знаць пра сябе".
Але Масей Лявонавiч ведаў, што гэтым ён толькi сябе падманьвае, што на самай справе яго напаткала няшчасьце, самае вялiкае гора, якое толькi можа напаткаць чалавека.
Iшлi днi, тыднi, месяцы, а ад сына ўсё ня было нiякiх весьцяў, i Масей Лявонавiч вырашыў паехаць у Менск, даведацца асабiста пра лёс свайго сына. Маланьня сабрала яго ў дарогу. Брыгадзiр ня даў каня, i Масей Лявонавiч пайшоў на станцыю пяшком. Адгакаў трыццаць вёрст. Купiў бiлет. Сеў на цягнiк. Паехаў.
А тут на падваконьнiк паклаў паштар пiсьмо. Пiсьмо ад сына. Дар'я чытала яго i плакала. Чытала i плакала. Мацi слухала, але быццам ня ўспрыймала чутага, цi не разумела, i каб ня сьлёзы, што самi цяклi з яе вачэй, можна было-б падумаць, што яна няжывая i што тое, што было ў пiсьме, яе ня тычыцца. "Ня можа быць, каб сын так пiсаў". Настолькi гэта неверагодна, нязвычайна. Строй, гучаньне пiсьма ня тое. Ня тыя словы.
"Дарагiя мае мацi, бацька, сястра!
Ведаю, здагадваюся – даўно чакаеце ад мяне пiсьма. Ня было такога, каб я гэтак доўга маўчаў. Шкадуючы вас, не хацеў вам пiсаць. Не падумайце, што са мною сталася нешта безнадзейна дрэннае. Я здоровы, жывы i нiчога мне не бракуе. Я не галодны, сыты, адзеты. Бялiзны, што ты мне, мацi, надавала перад ад'ездам, хопiць надоўга. Добра й тое, што ты ўгаварыла мяне ўзяць з сабою цёплае палiто. Яно мне дужа ў нагодзе. Табе, сястрыца, дзякую за ручнiкi, вышытыя табою. На iх пеўнiкi сапраўды, як жывыя, проста гатовыя засьпяваць. Цешыць гэта мяне вельмi. Мне здаецца, што я ў хаце, бачу, як яны бегаюць па двары. Бацька, ведаю, слухае i ня верыць у тое, што я пiшу. Думае, што я пацяшаю вас. Можа яно i так. Я-ткi вас трохi пацяшаю. Не хачу вас пужаць зьнянацку. Тут – я так думаю – выйшла непаразуменьне. Мяне ўзялi i трымаюць у Спраўдоме, па старому – турма. Але вы не палохайцеся, ня тужыце па мне. Я буду выпушчаны з Спраўдому. Закончу сваё навучаньне i вярнуся да вас. Не вiнаваты-ж я. Ты, бацька, не сярдуй, што я не паслухаўся цябе. Шануй сваё здароўе. Я табе буду ў падмозе. Пойдзем яшчэ разам з табою касiць. Не аддавай нiкому мае касы – спатрэбiцца.
Ну што яшчэ вам напiсаць? Пэўна, зьдзiвяцца нашыя, як даведаюцца, што я ў спраўдоме-турме. Казаць, дзе я, няма патрэбы, але-ж усё роўна даведаюцца. Гэтага не схаваеш. Не крыўдуйце на мяне. Прычынiць бяды я вам не хацеў i вы надта не бядуйце. Усё неяк уладзiцца. Я вам буду пiсаць, але можа ня так часта, i ў выпадку доўгай нячутнасьцi, ня турбуйцеся – гэта ня будзе азначаць, што мне дрэнна, або што мяне няма ўжо на сьвеце. Я прыду да вас i мы ўсе пабачымся. Толькi ня трэба сумаваць па мне. Асаблiва ты, мацi, ня будзь мне такой гаротнай. Ад усьведамленьня, што ты ня будзеш такой, мне будзе куды лягчэй.
Заставайцеся здаровы. Да пабачаньня. Абнiмаю вас крэпка. Цалую. Ваш Мiкола".
Масей Лявонавiч вярнуўся з Менску з нiчым – пра сына ён нiчога не даведаўся. Ён ня мог справiцца ў горадзе з цяжкасьцямi: ня мог знайсьцi месца пераначаваць, затрымацца, ня ведаў, з чаго пачаць пошукi сына, да каго зьвярнуцца. Ён кiнуўся з хаты ў дарогу, добра не падумаўшы, як сьлед, не падрыхтаваўшыся – кiнуўся ў дарогу з болю i роспачы. Масею Лявонавiчу паказалi ў Менску турму, але там ён нiчога не даведаўся, з iм нават не хацелi гаварыць. Нейкая з жанчынаў, што стаялi з перадачамi ля варот, парадзiла яму зьвярнуцца ў НКВД, але ён нават добра ня ведаў, што гэта такое. Усё-ж ягоны язык дапытаўся, дзе было тое НКВД. Зноў-жа, i там яго не дапусьцiлi да "начальнiка", якога ён патрабаваў. Калi ён сказаў, што хацеў-бы дазнацца пра свайго сына, цi ён у iх, ён пачуў, што ў iх ня толькi сыны, а й дочкi. "Калi ваш сын у нас, вас павядомяць. Паяжджайце дахаты, бацька".
Масей Лявонавiч хацеў яшчэ зайсьцi ў iнтэрнат, дзе жыў сын – можа-б там што сказалi – але ў яго ня было адрасу. Ня ведаў, куды падацца яшчэ. Грошы канчалiся, i ён ня мог больш заставацца ў горадзе. Павярнуў дахаты. "Каб я быў граматным, дабiўся-б. Зарэзала мяне мая сьлепата".
Пiсьмо сына, якое яму чытала дачка некалькi разоў, пераканала яго канчальна, што ўсё скончана i што трэба сьмела глянуць праўдзе ў вочы. Масей Лявонавiч ужо не таiўся, гаварыў, што сына-ткi пасадзiлi, надаваў гэтаму факту нейкае асаблiвае значэньне, даваў зразумець, што абы каго не саджаюць. "Мой-жа сын ня ўкраў i ня ўбiў. Дык за што яго тады пасадзiлi? Падумайце! Разважце! Я газэтаў ня чытаю, але-ж мы чулi ўсе – пасадзiлi вунь-ка якiх людзей. Усiх, хто ў пачоце ў Ленiна быў, хто стаяў за людзей. Да аднаго – усе вялiкiя галовы. Не, дурняў ня садзяць".
Масея Лявонавiча падтрымлiваў такi ход думак, яму як-бы станавiлася лягчэй ад усьведамленьня, што "абы каго ня садзяць", што ягоны сын належыць да такiх людзей, што "стаялi за людзей".
У Масея Лявонавiча зьявiўся нават гонар за сына, зьявiлася зразуменьне ягонай годнасьцi. "Пiша-ж. У газэтах яго iмя стаiць. Ня пiша-ж ён супраць людзей, а за людзей. Дык можа за ета яго й пасадзiлi?"
Боль за сына, аднак, ад такога ўсьведамленьня ня сьцiхаў, рабiўся яшчэ больш пякучым – марнуецца-ж нi пра што, нi за што чалавек."
Старшыня калгасу, брыгадзiры, здавалася яму, глядзелi на яго цяпер iншымi вачыма – ён як-бы вырас у iхных вачох, набыў большую вагу. Аднак вонкава ставiлiся да яго нязьменна паранейшаму – пасылалi на агульныя, ня самыя лёгкiя работы. Як быў, так i застаўся ён для iх – касцом.
Масею Лявонавiчу i Маланьнi, а таксама й дачцы людзi выказвалi сваё спачуваньне – адныя шчыра, спагадна, iншыя – каб захаваць толькi звычай: спагадаць чалавеку ў няшчасьцi. Адно было вiдавочна – арышт Масеевага сына быў для ўсiх неспадзеўкай, успрыймаўся, як няшчасьце для чалавека, пагатоў такога маладога. Але людская спагада яшчэ больш вярэдзiла душу, выклiкала яшчэ большы жаль. Спачуваньне даводзiла Маланьню да сьлёз, дарма, што яна глытала iх, каб не паказацца перад людзьмi такой слабой.
Што сына цяпер няма ў хаце – гэта ня ўпяршыню. Гэта было й раней. Але цяпер ягоная адсутнасьць адчувалася асаблiва. Пра адсутнасьць сына ў хаце сьведчыла ўсё: стол, дзе ён не сядзiць, пасьцель, дзе ўжо ён ня сьпiць, кнiжкi на палiцы, да якiх ён не дакранаецца, забыты гальштук на цьвiчку, фатаграфii ягоных сяброў, што вачыма iз сьцяны шукаюць яго, нават само паветра ў хаце здаецца больш разрэжаным.
Дасюль, калi ня было сына, ён усё роўна як быў. Ён прыяжджаў на канiкулы на Каляды, а потым на цэлае лета. Ягоная прысутнасьць нiколi не канчалася. У хаце быў ягоны дух. Цяпер такога адчуваньня няма. Прысутнасьць яго скончылася. Без яго апусьцела ня толькi хата, а й панадворак: ён ня колiць там дроў, ня пiлуе з бацькам на сталюзе дошкi. Нiдзе ня чуваць ягонага голасу.
А то ў нядзелю глядзiць Масей Лявонавiч у вакно: насупраць, праз дарогу, ля вясковага клюбу тоўпiцца моладзь – хлопцы i дзяўчаты, сынавы равесьнiкi. I сярод гэтага гурту няма сына. Яны жартуюць, сьмяюцца, танцуюць, весела праводзяць сваю маладосьць. Ах, лепш-бы гэтага ня бачыць – чыстая пакута!
Ня раз зьмянiлiся поры году, наступiла вясна – каторая гэта ўжо? – а сына няма. Ня прыехаў i гэтай вясною на канiкулы. Нават ня прыслаў пiсьма. Праўда, гаварыў-жа, што часта пiсаць ня зможа, што калi ня будзе доўга ад яго пiсем, дык гэта яшчэ ня будзе азначаць, што з iм кепска. Але-ж, напэўна кепска, што дасюль нi слоўка няма. Казаў, што выпусьцяць, разьбяруцца. Вось i разабралiся – нi слуху, нi духу.
Апусьцеў мост над рэчкаю Сьвiнкай. На iм ня вiдаць Масеева сына. Унiзе, пад самым мостам, дзе глыбей, боўтаецца, як i раней, дзятва – дае нырца, выплывае наверх, пырскаецца. Загарэлая, вылазiць на бераг, каб пагрэцца на сонцы. Але ўнiзе, там на поплаве, не пасуцца ўжо гусi i ня вiдаць iхнай пастушкi. Хiма гаворыць, што Дуся ўжо завялiкая, каб хадзiць з хварасьцiнаю за гусямi. Дуся ўжо блiзка нявесты, гаворыць Хiма. На яе ўжо хлопцы заглядваюцца. Ёй трэба вучыцца вышываць, а ня гусей пасьвiць. Чатырнаццаты годзiк мiнае. Ладная ўжо дзеўка i саромiцца з гусямi быць.
Хiма наводзiла спраўкi пра Масеевiча. Нiчога ня чутно пра яго. Ах, як шкада хлапца! Ня коцiць ужо з горкi, ня вiтаецца. Няма. У хату ўжо не забяжыць. Хлiпцеў ён па нашай Дусьцы. Дый i яна... ня можа забыць яго. Вунь усё нешта пiша. Не паказвае, хаваецца. Ды ад мяне не схаваеш – усё бачу. З свайго хавала дастае фатаграфiю – углядаецца. А то нешта чытае ў кнiжацы. Шэпча. Ты, стары, усяго гэтага ня бачыш. А я бачу. Ня сьмейся, у iх была ўжо любоў. Млеў ён па ёй i яна. Нясьмелая, малая, а ўжо чула яго, лiпла. Ды ён чэсны хлопец. Я давярала яму Дуську. Падрасьце, думала, – нявеста будзе для Масеевiча. Яна-ж у нас удалася – прыгожанькая. Уся ў мяне. Ня лыпай – чаго ты? З iх была-б добрая пара. Ён браў-бы навукай, а яна – хараством сваiм.
– Балбочыш ты й сама ня ведаеш што. Пустое мелiш. Вярзеш вярзёнку. Такая ты з ёю красавiца! Невядома яшчэ, што было-б з гэтай красы. Ужо было й да грэху недалёка – бачыў, прыкмячаў. Добра, што ён совесны хлопец. У iншага яна ўжо сьпяклася-б. Лiпла-ж. А ты хоць-бы што. Яшчэ й патурала. Канешне, шкада хлопца. Да душы быў ён мне. Ды вось насьцiгла яго няшчасьце – гавораць, ужо засудзiлi i некуды далёка выслалi.
– Крый ты, Божа! А я ўсё думала – вернецца скора. Цi-ж яго ёсьць за што судзiць. Вот сьвет настаў!
– Ня ойкай. I з дачкой памалу. Ня пры ў нявесты.
– Трэба-ж думаць i пра ета. Не за гарамi яно. Душа мая чула... я пра Масеевiча. Я табе й не расказала, як ён адыходзiў ад нас... пасьледнiй раз... як ты быў у Касьцюковiчах. Гаворыць, яму пара ў дарогу зьбiрацца, а я ня ведаю, пра якую дарогу ён гаворыць. Сьпяшаўся, а ўсё ня мог выйсьцi. Прывязаны быў ён да нас, да нашай Дуськi. Прычгаў-жа з Касьцюковiчаў... Кiнуў цябе. Бягом прыбег. Сваю хату мiнуў. У нашу прыляцеў. Мы вячэралi якраз. Я ўсадзiла i яго. Яны сядзяць абодвы... ну ведаеш – душа радуецца. Люба паглядзець, згодныя такiя. Адзiн адным не налюбуюцца. Вось-жа сядзяць, а тут – як гокне! Як ударыць! Яшчэ i яшчэ! Вокны ў сiняй схватцы закалацiлiся. Вогненная кацелка па двары пакацiлася. Зашыпела... Сьцiх як-бы ўжо й гром. Ды зноў як гокне – у саменькi вугал. Дуся за шырму хавацца. З галавой накрылася. Гукае мяне. Я не пайшла. Масеевiч пайшоў. А тут зноў... i яна яму на рукi... так, як бывала к табе. Уся зьбялелая... Толькi ў яго на грудзёх сьцiхла... Нам адным страшна было, i я Масеевiча ня пушчала з хаты – куды-ж у такую гразу... А ён i сам, бачу, гатовы застацца ў нас... Шкада мне яго... Не хацеў ён iсьцi... Дождж сьцiх i ён, ня хочучы, пайшоў... I от яго цяпер няма... Зьбiраўся ў дарогу... i вот табе якая дарога. Ты слухаеш мяне?
– Слухаю... Слухаю, дуруша ты еткая.
– Ты ня можаш разабраць, што яна тут напiсала? Учора-ж цэлы вечар дапазна сядзела. Каму-ж як не яму?
Падала Пiлiпу сшытак.
– Атвяжыся! Трэба табе знаць?
Як нi прасiла, Пiлiп ня стаў чытаць.
– Ты й хацеў-бы, ды ня можаш. Галава ў цябе пустая. Усё вылецела з яе. Буквы ўжо, i тыя забыў.
Увайшла ў хату Дуся.
– Мы ета пра цябе i Масеевiча.
– А што пра мяне?
– Ды нiчога. Так сабе. От шкадавалi хлапца. Да нас ужо не забяжыць. Ты пiсала яму што?
– Нiчога я ня пiсала. Куды-ж яму я напiшу?
– Ну нешта-ж ты ўчора пiсала? Не хавайся... Прачытай, што напiсала! Мы з бацькам хацелi во самi прачытаць, ды ня ўмеем. У цябе-ж ад нас сакрэтаў няма. На, прачытай нам.
– Вот, мама, якая ты! Я-ж табе не маленькая, а ўгаварваеш мяне як маленькую. Нiчога я тут не напiсала. Гэта я толькi перапiсала ў свой сшытак адзiн вершык, што я люблю. У маiм сшытку шмат iх. А ты думала, што пiсьмо? Цяпер я буду ад цябе хавацца, мама... Давай, прачытаю...
Заўсёды ты перада мною,
перад табой заўсёды я.
Занята сэрца ўсё табою,
красуня гордая мая.
Але сказаць нiяк ня ўмею
я гэтай праўды з прастаты.
Чаго стаю, чаго нямею
перад табой – ня знаеш ты.
I толькi можа хваляваньне
дае табе аб гэтым знаць.
Няхай, няхай! Я рад – прызнаньне
душы ня можа расказаць.
Таксама як вясной галiны
сказаць ня могуць, ад чаго
да сонца цягнуцца няспынна,
усё глядзяцца на яго.
Я рад, што ты ўсягды са мною,
што прад табой заўсёды я,
што чую я цябе душою,
красуня цiхая мая.
– Вось якое маё пiсьмо.
– Ты, паганка, чытаеш ня тое. Ета з кнiжкi. Ты прачытай, што ты напiсала сама.
– Таго не магу, матулечка...
– Саромiшся. Ужо знаеш стыд? Ну, глядзi мне! На вулiцу ня йдзi ўжо позна!
Пад хатаю дзеда Мельнiка адгукнулiся дзяўчаты песьняй. Яна паплыла вечаровым наўкольлем. Узбуджанае, яно панесла песьню далёка-далёка, пакуль яна ня скончылася недзе разьлiвiстым рэхам.
– Матулечка, чуеш, як прыгожа? Пусьцi! I я хачу засьпяваць разам з iмi. Ты пачуеш, якi ў мяне голас. Ты нiколi ня чула, як я сьпяваю. Я сьпявала дасюль толькi сабе. Пусьцi хоць на каротка.
– Не, дзеўка, лажыся спаць. Заўтра пойдзем на праполку. Трэба рана ўставаць. Будзем лён палоць.
Хiма патушыла лямпу. Пачалi класьцiся. Пiлiп лёг у сенцах – там халадней. Хiма з дачкой леглi на шырокiм ложку, затуленым ад хаты шырмай. Хiма хутка захрапла, а Дуся, стоеная, ляжала цiха, не магла заснуць. Яна хацела-б пайсьцi на вулiцу, да дзяўчат – нейкая сiла цягне яе да iх. Гэтым сiлам няма выхаду, ёй душна, яна варочаецца, ськiдае з сябе пакрывала, высоўвае свае ногi на волю – таўчэ iмi адкiнутую з-пад галавы падушку. А то зноў, аголеная, сьцiшыцца, i перад ейным зрокам праходзяць уяўныя малюнкi, настолькi звабныя i пажаданыя, што яны здаюцца ёй рэальнымi. З раськiнутымi рукамi яна чакае iхнага наблiжэньня. Яна ўжо ня ведае, у сьне яна цi на яве. Нехта нясець яе на руках, тулiць, цалуе, дакранаецца да яе, чульлiвай, але, нясьмелы, далей нiчога ня робiць, нясець i нясець, аж пакуль не апусьцiў яе на траву ў вербалозе за iхнаю хатай ля рэчкi, яна замiрае ад жарсьцi, хоча яго, ды баiцца – адпiхнула ад сябе.
– Дзетка маё, што ты так мяне абхвацiла. Сон мо бачыла якi страшны? пытаецца, пракiнуўшыся, Хiма.
Дуся адкацiлася ад мацi, тут-жа забыўшыся глыбокiм сном...
Зацьвiў у полi лён, аж вочы адбiрае, калi глядзiш на яго – такi сiнюткi. Пералiваецца. Грае ўсiмi колерамi неба, адбiвае ўсе адценьнi зямнога i нябеснага бытаваньня, глядзiць на цябе, прамаўляе i душа твая даверлiва раскрываецца насустрач яму, зацьвiцеламу.
Дуся ня прыкмячае, што побач яе полюць жанкi, дзяўчаты, ейная мацi, цэлае зьвяно. Яна толькi адна i з ёю сiнявокi лён. Яна ў iм, як у нейкiм незямным царстве, лёгкi i празрысты вятрыска ахоплiвае яе з усiх бакоў i яна, чульлiвая, радуецца ягонаму казытлiваму дотыку, даступная i адкрытая яму. У гэтым блакiтным царстве ейны слых ловiць самыя найменшыя згукi, ёй здаецца, што нехта шэпча ёй, а што, яна добра й ня ведае, толькi нешта спакусьлiвае i пажаданае ёй. Той "нехта" некуды нясець яе, якраз гэтак, як у ейным ночным сьне, цалуе яе. Ды сьцiхае вятрыска, нiхто ёй больш ня шэпча i, свабодная, яна аддаецца сабе самой, любуецца зацьвiцелым полем i радасьць iснаваньня напаўняе ўсю ейную iстоту. Яна ў зьвяне. Яна вярнулася аднекуль, як з паднябесься, i ўжо бачыць сваю мацi i ўсiх, хто з ёю. Яна ўжо полiць. Натамiлася. Хочацца адпачыць. Зьвяно йдзе на ўзьлесак, пад шырачэзны дуб. Ён схавае ад сьпекi. Папалуднаваўшы, яны прылягуць на нейкi час, над iмi будзе стаяць ледзь чутны пошум дубу, але не ўсе з iх заснуць. Нехта з iх будзе слухаць, як скрозь сон, ягоны затоены сьпеў, цiхi шэпат, яшчэ неразгаданы нiкiм.
Ад Масеевiча прыйшло пiсьмо. Iшло яно доўга – гэта было вiдаць паводля шматлiкiх пячатак на iм. На пошце ў сельсавеце яно праляжала некалькi дзён, аддаваць яго адрасату надта не сьпяшалiся.
Што ў тым пiсьме? Прайшло столькi часу – нiчога ня было, а тут от раптам сэрца можа разарвацца.
"Дарагiя мае мацi, бацька, сястра!
Ня пужайцеся. Нiчога дрэннага ў маiм пiсьме няма. Чытайце маё пiсьмо, як-бы я пiсаў яго з адпачынку цi з якога падарожжа. А што я доўга да вас ня пiсаў, дык я-ж гаварыў вам пра гэта. Дый ня было пра што пiсаць. Цяпер усё ўжо ясьней, i я пiшу, каб вы ведалi, што са мною нiчога больш ня сталася, апрача таго, што ўжо сталася i пра што вы ўжо ведаеце. От-жа накляпалi на мяне. Паклёпам паверылi. Я пiшу, куды трэба, каб зьняпраўдзiць паклёпы. Вы нi на адну сэкунду не падумайце, што я ў чым-небудзь вiнаваты. За мной няма нiякай вiны. А от абвiнавацiлi. Прыпiсалi, Бог ведае што. Я спадзяюся, што вышэйшыя органы разьбяруцца, i я буду асвабоджаны. I вы там – чуеце, што я вам гавару? – надта не бядуйца па мне. Ты, сястра, чытай маё пiсьмо бадзёра, ня вычытвай у iм больш таго, што ў iм ёсьць. Я цяпер у Новасiбiрску. Адсюль павязуць далей праз усе сiбiрскiя гарады. От ужо нагляджуся! Цi мог-бы я калi-небудзь пабачыць гэта ўсё? Будзем праяжджаць Хабараўск i недзе там станцыю Верына там-жа мая цётка, якой я нiколi ня бачыў. От каб яна ведала! Далей Уладывасток. А там – Японскае i Ахоцкае мора. Я рады, што нас вязуць на працу. Працы я не баюся. Ты, бацька, мяне прывучыў. Гэта лепш, чымся сядзець у Менску – у турме. З Менску нас везьлi цэлай кампанiяй. Былi цiкавыя людзi, з iмi я рады быў пазнаёмiцца. Яны надта ня сумуюць, трымаюцца бадзёра. У iхным гурце i мне было весялей. У думках я жыву заўсёды з вамi. Я ўсё бачу: як вы ўстаяцё, сьнедаеце, што гаворыце, куды iдзеце на працу, калi вяртаецеся дахаты. Усё-ўсенькае стаiць у мяне ў ваччу. Вокны нашай хаты ну, проста глядзяць на мяне. Ведаю нават тую часiнку, калi вы гавораце пра мяне. Вось i цяпер я бачу вас пры маiм пiсьме. Ты, сястра, разьвесяляй бацькоў, каб яны не нудзiлiся. Скажы iм, што мяне й чорт ня возьме. Вытрымаю. Прыйду. Вярнуся. Толькi, каб вы там былi жывы-здаровы. Толькi, каб вам там было добра – от што мне балiць. Пiсаць вы мне цяпер ня зможаце – мы ў дарозе, i пакуль нас не прывязуць на месца, дзе мы будзем працаваць, пройдзе шмат часу. Адтуль я ўжо й падам вам свой адрас. Тады вы й напiшаце мне. А пакуль толькi маё пiсьмо.