355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Масей Седнев » I той дзень надыйшоў (на белорусском языке) » Текст книги (страница 1)
I той дзень надыйшоў (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 8 октября 2016, 16:06

Текст книги "I той дзень надыйшоў (на белорусском языке)"


Автор книги: Масей Седнев



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 16 страниц)

Седнев Масей
I той дзень надыйшоў (на белорусском языке)

Масей Сяднёў

I той дзень надыйшоў

Раман

ЧАСТКА ПЕРШАЯ

Мала карысьцi ад слоў, веры каторым няма

Мiкола Гусоўскi

Дзеля чаго яна назвала мяне Юзiкам i пры якiх абставiнах, я скажу пазьней, значна пазьней, калi яна ўжо будзе дарослай. Цяпер-жа яна яшчэ малая, ёй ня болей, як адзiнаццаць год, i, думаю, што яна ня ведае яшчэ, як мяне завуць наогул. Дый у яе няма нiякай патрэбы ведаць, як мяне завуць. Зрэшты, яна са мной дасюль яшчэ нi разу й не гаварыла – саромiцца. Пры сустрэчы апушчае вочы долу – глядзiць толькi на мае жоўтыя гарадскiя бацiнкi, у якiх я ўсё яшчэ хаджу, ня ськiдаю, хоць з Менску я прыехаў да сваiх бацькоў болей як тыдзень таму назад i мог-бы ўжо прывыкнуць зноў хадзiць босым, як i ўсе тут ходзяць. Яна таксама босая. Ёй, вiдаць, падабаецца, што я апрануты пагарадскому i, значыцца, не такi, як усе. Ёй таксама падабаецца, што я – студэнт, дадам адзiны на ўсю вёску. Я ўжо на той ступенi, што нават магу не хадзiць на працу ў калгас, не пеклавацца, як усе, магу хадзiць панiчом, прастойваць нямаведама чаго цэлымi гадзiнамi на нашым мосьце праз рэчку Сьвiнку, што прабягае памiж ейнаю i маёю вёскамi, разьдзяляе iх. На гэтым мосьце, бывала, сыходзiлася ў сьвяточныя днi моладзь з абедзьвюх вёсак – Мокрага Першага i Мокрага Другога. Цяпер, як настаў калгас, моладзь зьбiраецца тут рэдка – трэба i ў сьвяты працаваць.

Вось i сёньня я на мосьце толькi сам: рабочая-ж пара, пагодны дзень i ўсе – на полi. Гляджу, як унiзе, перад самым мостам, там, дзе глыбей, боўтаецца дзятва – адна малеча. Дае нырца, выплывае наверх, пырскаецца i як у гэтых пырсках ламаецца на аськепкi сонца. Дарослыя-ж будуць купацца-мыцца ўвечары, калi сьцямнее i можна будзе лезьцi ў ваду голым, бяз трусiкаў – такiх рэчаў тут нi ў кога няма.

Яна таксама – бачу па ёй – хацела-б плёхацца разам з малымi, каб толькi ў тым купеле былi адны дзяўчынкi i ня было хлопчыкаў. Яна стаiць там, унiзе на беразе, i прыглядаецца – дзiўна! – якраз да хлопчыкаў, асаблiва, калi яны, голыя i загарэлыя, вылазяць на бераг. Час-ад-часу – я гэта бачу – яна кiне на мяне няўпрыкмяць свой сарамлiвы погляд. Але я сябе ня выдаю, што прыкмячаю гэта. Яна там, унiзе, на поплаве, не адна – з ёю гусi, цэлы статак. У руках трымае доўгую хварасьцiну – кiруе ёю гусей. На галаве ў яе гарыць чырвоны банцiк, коскi зьвiсаюць да пояса. Зiрк – як у Божай Мацеры: выразьлiва ясны, кiдкi i як-бы задуменна-засмучаны. Гэта калi яна глядзiць прама на цябе. Зiркне-ж збочлiва – як апалiць. Яна ўся пайшла ў матку – у маткi-ж таксама лахматыя, з роськiдам, бровы, чорныя, як воранава крыло. З-пад iх зораць на цябе прадонныя вочы, гульлiва-мiтусьлiвыя. Завуць ейную мацi Хiмай. У Мокрым яна адна такая. Гавораць, што свой пачатак Хiма ўзяла ад маладога цыгана-ганчара, што езьдзiў па ваколiчных вёсках з гаршкамi i, бывала, спыняўся нанач у ейных, Хiмiных, бацькоў. Дачцы-ж, хоць яна й пайшла ў матку, дадалiся яшчэ й бацькавы рысы – выйшла прывабная харашуня, што й стаiць вось цяпер перада мною ўнiзе з статкам гусей i хварасьцiнай у руках.

Мой знаёмы, настаўнiк Вяркееў, з якiм я сябрую, неяк сказаў мне, што ў ягоным трэйцiм класе сярод дзяўчынак – яна самая прыгожая, хоць i не самая пасьпяховая i што з ёю трэба займацца дадаткова. (Бацькi вучняў казалi мне, што Вяркееў спамiж настаўнiкаў найбольш адукаваны чалавек, хоць дасюль у гэтым я ня мог пераканацца.)

Вяркееў угледзеў мяне на мосьце. (Ён чакаў майго прыезду, пытаўся ў бацькi, калi я буду.) Iмчыць з горкi ад школы. Вiтаецца:

– Што й ты пасьвiш гусi з маёй Дусяй?

Гэта мяне абыйшло – якая яна яго? Што толькi вучыцца ў яго? А, зрэшты, якая яна мая? Таксама-ж не мая. Але ўсё-ткi я ня ўзьлюбiў. што Вяркееў – мот назваў яе сваёй, ды яшчэ наўзьверх Дусяй. Дасюль яна была для мяне толькi "яна", без якога колечы iмя, як сымбаль, а цяпер яна была названая Дусяй, i гэтая канкрэтнасьць як-бы разьвянчала яе. Але гэта глупства. Вунь яна ўзьняла хварасьцiну – пагнала далей паўз рэчку сваю гаману i штосьцi засьпявала, мне падумалася – на разьвiтаньне са мною. Як-бы там нi было, я ўпэўнены, што яна сьпявае не для сябе, а для некага, i той "нехта" – цешу я сябе – гэта я, хоць i лаўлю сябе на тым, што ўсё гэта – хiмэра, хачу верыць, што я ўсё-ткi здольны ацэньваць рэчы рэальна, бачыць iх у сапраўдным сьвятле. Ды зноў-жа, я хачу, каб рэчы выглядалi прыгажэй, як яны ёсць на самай справе. Мне падабаецца падманьваць сябе.

Гусi ня надта слухаюцца яе – хутка, як качкi, уцякаюць у рэчку, гагочуць, як ашалелыя, б'юць паветра крыльлем. Яна канчае сьпяваць, пачынае – гэта вiдаць па ейнай паставе – гаманiць з iмi. Наiўная, угаварвае iх, непаслухмяных.

Гэта ўжо каторы дзень, як я прыкiпеў да гэтага моста – падоўгу стаю на iм, быццам любуюся хараством вясковага навакольля: жытам, што тут-жа, побач, направа ад нашай школы; нашаю рэчкаю; ветраком (налева ад мяне), што апусьцiў крыльле, задумны ў сваёй нярухомасьцi; а яшчэ далей – трымя стройнымi вязамi на даляглядзе. (Усё роўна, як я не маскуюся, можна заўважыць, што я стаю тут ня так сабе. Але няўжо можа нехта падумаць, што я любуюся ёю? Баюся, што магу праслыць дзiваком.)

Вяркееў мне перашкаджае – усё не адыходзiцца. Балбоча i балбоча. Яму, кажа, некуды дзецца – заняткаў у школе ўжо няма, на лета нiкуды не паехаў, прападае ў Мокрым. Асаблiва не па сабе яму ўвечары. Да дзяўчат пад хату дзеда Мельнiка, куды яны зьбiраюцца пасьля працы i да пазна валтузяцца з хлопцамi, Вяркееў ня ходзiць – кажа, "грубая матэрыя", хоць, як я пазьней пераканаўся, лiпне да гэтай "грубай матэрыi". Ён, кажа, любiць толькi дзявочыя галасы. Любiць, як яны сьпяваюць, як iхныя песьнi ў вечаровай ядранасьцi пакрываюць прастору на некалькi кiлямэтраў наўкруг, як, пачуўшы iх, у якой-небудзь суседняй вёсцы адгукаюцца iм сваёю песьняй. Дрэнна толькi, кажа, што перашкаджаюць дзяўчатам хлопцы – шчыплюць iх, i тыя тады верашчаць да зьнямогi. Але iх, дурнiцаў, сьцiшаюць хлопцы, каб яны не перашкаджалi спаць дзеду Мельнiку.

Далёка сваiх гусей яна не пагнала – вяртаецца ўжо назад да мосту. Яна тут круцiць iх цэлы дзень. Пабачаўшы, што я стаю тут не адзiн, а з Вяркеевым, ейным настаўнiкам, закрычэла на гусей. "Чаму ўсё-ткi ён назваў яе "сваёю Дусяй"? Я хацеў ужо загаварыць з ёю, але вось прыбег ён".

– Загляньма ў сельсавет, зачараваны! – i бадай не пацёг мяне, узяўшы пад руку.

Да сельсавету ад моста ня болей як трыста-чатырыста мэтраў. Побач сельсавету – Сельпо. У будынку сельсавету месьцiцца i нашая пошта. Там-жа сядзiць i фiнагент, мой далёкi сваяк. Сельсавет i Сельпо, з невялiкай памiж iмi добра падмеценай пляцоўкай, i становяць наш "Цэнтр". Побач гэтага "Цэнтру" стаiць i ейная хата. Гэтаю хатай i канчаецца вясковая вулiца. Сюды, у "Цэнтр", прыходзяць сяляне з ваколiчных вёсак – пачуць новасьцяў, купiць што-небудзь, або й проста "на людзей паглядзець i сябе паказаць".

Насустрач – бачу – iдзе ейная мацi. Можна сказаць – бяжыць. Босая. Рыхтык цыганка. Або не – грачанка. Я вызваляюся з-пад апекi Вяркеева i гатовы ўжо быў прывiтацца з ёю, Дусiнай мацi, як яна апярэдзiла мой намер i сама – яшчэ здалёк – прывiталася першай, выразна ськiроўваючы сваё вiтаньне да мяне. Вяркеева яна як-бы й не прыкмячае.

– Чула, што прыехаў, а ня бачылася яшчэ, – i падае мне руку. – Заўсёды-ж, як прыедзеш, бяжыш, коцiсься з горкi сюды. Цi нешта ўжо забыўся на нас?

"Бяжыш, коцiсься з горкi" гэта ў яе азначае месца, дзе стаiць нашая хата i адкуль я "бягу, качуся". На правым, вышэйшым беразе рэчкi, нашая хата й сапраўды выглядае як на горцы – узьнятай, паднесенай, асаблiва калi глядзець на яе зьнiзу, з моста. Я, калi трэба было ў Сельпо, у сельсавет, або яшчэ куды, сапраўды ня йшоў, а бег праз мост – якога ня мiнеш – i Хiма, мацi Дусi, магла бачыць мяне, бягучага, у вакно з свае хаты.

– Я-ж усiм i кажу, – недарэчы гаворыць яна, – што гэта за Масееў сын – ня ходзiць, а бяжыць i пры сустрэчы, ласкавы, кожнаму скажа "Добры дзень!" – i старому i малому.

Гэта яна ўжо гаворыць як-бы Вяркееву, а мне чамусьцi сорамна, што яна гаворыць гэта, пагатоў пры Вяркееве.

– Ня бачыў мае Дусi? – зноў зьвяртаецца да мяне. (Напэўна, назiрала, глядзела з вакна свае хаты, як я тырчэў на мосьце i думае, мусiць-жа бачыў ейную – хацеў падумаць маю – Дусю.) – Ды ня йдзе дзенецца – знайду. Накармiць-жа трэба. Худзенькая яна ў мяне. Бялюткая, дармо, што чарнушка – на адным малацэ жывець.

Разьвiтаўшыся, яна паймчалася шукаць Дусю, а мы пасьпяшалiся ў сельсавет: Вяркееў кажа – прыехаў з раёну нейкi ўпаўнаважаны.

Вяркееў адчапiўся ад мяне: нырнуў ў Сельпо, там – я ўпэўнены – ён раздушыць разам з капэратарам паўлiтэрка, балазе цяпер у крамцы нi душы, значыць цэлая раскоша для п'янчужак i iншых прыхлябацеляў, уключна з самiм старшынём сельсавету. Бывае нават, што яны зачыняюцца, каб нiхто не перашкаджаў iм "разгавецца", як яны ахрысьцiлi выпiўку нахаду.

Я застаўся адзiн пасярод вулiцы, ня ведаючы, куды мне пайсьцi. Сельсавет i розныя ўпаўнаважаныя мяне ня надта цiкавяць. Я аглядаюся назад, цi ня гонiць дахаты гусей Дуся. Яна ня мiнула-б гэтай дарогi, дзе я стаю цяпер – гэта якраз дарога да яе хаты. Да Вяркеева – ня ведаю, чаму – у мяне варухнулася няпрыязьнь, а то й варожасьць, i мне трэба было неяк збавiцца ад такога пачуцьця. Я хацеў заглушыць гэтае пачуцьцё стрэчаю з ёю. Я-ж i стаяў на мосьце, узвышаў сябе ёю, каб утаймаваць у сваёй душы разлад, якi я адчуў, прыехаўшы з Менску, разлад, што паўстаў у мяне цi то ад чытаньня розных – у тым лiку забароненых – кнiг, цi таму, што мне ў вёсцы няма чаго рабiць. Я ўжо адарваўся ад яе. Я не гарадскi i не вясковы. Я не магу глядзець на сваiх бацькоў i на сястру, як яны ўбiваюцца ў калгасе на агульных работах. Праўда, як я прыехаў з вучобы дахаты, бацьку ўжо не пасылаюць кожны дзень з касою, даюць лягчэйшую працу – вiдаць, лiчацца са мною.

Бацька з мацi ўвечары валочаць на сабе барану, абрабляюць за хатаю свае соткi. Мяне не чапаюць. Я магу не рабiць, я ўжо госьць, я нiбы ўжо чужы, i мне ад такога адчуваньня не па сабе. Мяне шкадуюць, але вонкава гэтага не выяўляюць.

Чытаньне – я й на канiкулах заўсёды чытаю – чытаньне перарабiла мяне, наставiла на нейкi iншы, больш iдэальны сьвет, на больш прыгожае ў сьвеце i я знаходжуся ў пошуках гэтага лятуценнага сьвету. Адсюль зьявiлася патрэба ў ёй.

Вось i яна сама – мусiць, мацi паклiкала яе на абед, i яна гонiць гусей дахады. Яны, паслухмяныя цяпер, iдуць стройнаю чародкаю самi – iх ня трэба падганяць. Яна йдзе за iмi ўсьлед. На адлегласьцi бачу яе – засяроджаную, спакойную, стройную, з коскамi i банцiкам, у лёгкай сукенцы. Бачу яе, невясковую, нiбы закiнутую сюды аднекуль з больш прывабнага сьвету.

Яна заўважыла, што я стаю на ейнай дарозе. Узрушанасьцi не паказвае – iдзе лёгкай, роўнай паходкай. Гусi, дайшоўшы да мяне, загагаталi, абмiнулi, нiбы якую перашкоду, што трапiлася на iхнай дарозе. А яна сама прост iдзе на мяне збочыць ня можа. Дайшла. Ужо ля мяне. Побач. Думаў затрымаецца, нешта скажа. Не. Лёгка ўсьмiхнуўшыся, пайшла. Я гукнуў яе, i яна, ужо з воддалi, памахала мне рукой.

Невядома адкуль, узьнiкла на дарозе i ейная мацi, з травою ў фартуху наскубла дзесьцi, мусiць, для свае каровы.

– Нясу во сваёй Красульцы. З поля прыходзiць галодная. Рыкае. Глядзiць мне ў вочы, цi ня дам чаго. Сваёй Дусьцы б'ю масельца, каб расла здаровенькая i прыгожанькая. Можа калi табе нявеста будзе. (Засьмяялася.) – Цi ў цябе мо гарадская завялася? Пайду. I стары-ж мой жджэ мяне там. Ага, наш Ягорка прыяжджае. Табе таварыш будзе – вучылiся-ж у школе разам. Заходзь да нас.

З канцылярыi сельсавету выйшаў фiнагент Даўгаль. Каб мацi не сказала, я ня ведаў-бы, што ў нас ёсць такая радня. Здароўкаецца.

– Ведаеш, я коратка. На хаду. Табой цiкавiцца ўпаўнаважаны. Цябе паклiча старшыня ў канцылярыю – будзь асьцярожны.

I схаваўся за дзьвярыма Сельпо – мусiць пайшоў "разгаўляцца". Iх, сяброў па выпiўцы, цэлая шайка – старшыня, сакратар сельсавету, фiнагент, Вяркееў i сам капэратар. Капэратара, кажуць, будуць судзiць за растрату.

Папярэджаньне фiнагента як-бы й ня тычылася мяне. Праўда я ўдаваў, што гэта мяне ня тычылася. На самай справе, паведамленьне агента апякло маё нутро, выклiкала трывогу. Толькi ўсё гэта я адганяў ад сябе. Я хацеў жыць бесклапотна. Хацеў жыць тым узвышаным пачуцьцём, што акрыляла мяне, той радасьцяй быцьця, што штурхала мяне на нейкi ўчынак, але, не знайшоўшы выхаду, згарала ва мне самiм, пакiдаючы ў душы салодкi смутак лёгкага рашчараваньня.

Я позна пачаў складвацца, як асоба. Маленства без якiх-небудзь асаблiвых выгодаў, праца з самых раньнiх год, адсутнасьць належнага школьнага выхаваньня ня вельмi спрыялi майму разьвiцьцю ў пачатную пару. Але ў нашай сям'i ўсё прадвызначаў лёс – ён кiраваў нас i мы сьлепа падпарадкоўвалiся яму. Падсьведамае вычуцьцё наканаванасьцi лёсу спарадзiла ў нас скрайнюю чульлiвасьць.

Лёс прадвызначыў i маю дарогу: хоць i спозьнена, я ўсё-ткi адарваўся ад сахi i пайшоў, скажам так – у навуку.

Але я быў народжаны не для навукi, як нечага рацыянальнага – нада мною запанаваў эмацыянальны пачатак, чульлiвы пачатак. З яго i пачалося афармленьне, складваньне мае душы, ейны рост. Якраз цяпер я i знаходжуся ў працэсе станаўленьня свае асобы, перадусiм ейнага эстэтычнага пачатку. Для яго, гэтага эстэтычнага пачатку, я й шукаю "яе". "Яна" можа быць кiм хочаце. Ну хоць-бы i Дусяй.

Выйшаў на ганак старшыня сельсавету i кiўком галавы паклiкаў да сябе. Калi я ўвайшоў у ягоны пакой, старшыня, нiправошта ў мяне не запытаўшыся, здаў мяне адразу ўпаўнаважанаму з раёна. Той папрасiў мяне прайсьцiся з iм, паказаць яму канцылярыю нашага калгасу – ён хацеў-бы бачыць там старшыню. – Гэта-ж, здаецца, i вам па дарозе. "Па дарозе" цi не па дарозе, а я змушаны быў iсьцi з iм назад праз мост, на другi бок рэчкi. Канцылярыя нашага калгасу знаходзiлася на самым процiлежным канцы вёскi i мне давялося прайсьцi з упаўнаважаным усю яе – з канца ў канец.

Ён не сказаў мне, хто ён такi, а я ня пытаўся – гэта ўсё для мяне было няважна. Мiнулi мост. Паказалася на ўзгорку нашая хата, i калi мы дайшлi да яе, ён запытаўся, дзе я жыву, у якой хаце. Я паказаў яму.

– Чуў, вы – на апошнiм курсе ўнiвэрсытэту. Канчаеце, значыцца. Вельмi добра. Будзеце выкладаць? Расейскую цi беларускую лiтаратуру? Я дазнаўся (ён усьмiхнуўся), што вы на лiтфаку i, пэўна-ж, будзеце выкладаць лiтаратуру – тую цi тую.

I бяз нiякай паўзы, без перадышкi, запытаўся, каго я найбольш люблю з беларускiх паэтаў i пiсьменьнiкаў – Пушчу, Гаруна, Дубоўку, Чорнага, Кляшторнага?

Я быў вельмi зьдзiўлены, што ўпаўнаважанаму вядомыя гэтыя прозьвiшчы. Гэта мяне насьцярожыла. Я вычуў, што ўпаўнаважаны пытаецца пра гэтых людзей ня так сабе – хоча праверыць маю iдэялёгiю. I я пачаў ганiць i Пушчу, i Гаруна, i Дубоўку, i Чорнага i ўсiх чыста, пра каго ўпаўнаважаны пытаўся, а хвалiць Андрэя Александровiча, пралетарскага паэта-камунiста. Упаўнаважаны прыкмецiў гэта было ня цяжка – што я самастрахуюся.

– Добра. Добра. Вельмi добра. I мы ня будзем пра гэта. Ясна ўсё.

I перайшоўшы на другое, спытаўся:

– У якiх вы дачыненьнях з Вяркеевым?

Я адказаў – у самых найлепшых.

– Ну i правiльна. З iм можна дружыць. Бо з кiм болей вы можаце тут дружыць?

Дайшлi да канцылярыi калгасу, i ўпаўнаважаны разьвiтаўся са мною, жадаючы мне посьпехаў, а я падумаў – гэта-ж ён зьбiрае дадзеныя пра мяне – навошта-ж бы спатрэбiўся яму наш старшыня калгасу.

Iдучы назад, я мiнуў сваю хату, пайшоў на мост i, перайшоўшы яго, зноў апынуўся ў "Цэнтры", г.зн. ля Сельпо i сельсавету.

З Сельпо якраз выходзiў фiнагент, па ўсiм вiдаць, добра "разгавеўшыся".

– Я з табою не гавару. Я iду толькi паўз цябе – ты стаiш на дарозе – i не размаўляю з табою: старшыня вунь глядзiць у вакно. Скажу толькi – уцякай! Зьедзь адсюль! Нiхто цябе ня будзе шукаць. Я з табою не гаварыў.

Як iшоў, гэтак i пайшоў, не затрымлiваючыся. Зачынiў за сабою дзьверы ў канцылярыю сельсавета.

Неспакойны, я ня ведаю, куды мне пайсьцi. У душы – несамавiта: эстэтыка мая церпiць крах. Сутыкнулася з рэальнасьцяй. "Яна" з гусямi i банцiкам-аганьком затушавалася наплывам iншага пачуцьця.

У дадатак дадзяе самотнасьць, сонная пустэча вулiцы: на ёй каб хто матнуўся – мёртва. Зiрнеш – толькi дзе-небудзь, седзячы пасярод вулiцы, якое малое сыплiць у сваёй несьвядомасьцi сабе пясок на галаву. Аж жудка.

Пайду да свайго колiшняга таварыша па школе, да Вусьцiна. Яго калоцiць, не адпушчае, цяцюха, i ён, напэўна, будзе ў хаце. Так i ёсьць – ня толькi ён, але й ягоная мацi i сястра-падлетак, што як толькi ўвайшоў я, схавалася за шырмай. Вусьцiнава мацi кiнулася прыбiраць на стале, запрашаючы мяне садзiцца, радая майму прыходу. Яна толькi што прыйшла з поля падаiць карову – дачка яшчэ ня ўмее. Пастух прыганяе кароў на цэлае абедзьдзе – сьпека. I выганяе толькi калi сьпека спадае.

Вусьцiн зайздросьцiць мне, што я вучуся, шкадуе, што пасьля чатырох класаў не пайшоў далей у навуку. У калгасе працаваць ня любiць, лаецца з брыгадзiрам, сваiм таварышам. Ягоная мацi прыслухоўваецца да нашай гутаркi i, незадаволеная сынам, не магла ўстрымацца, каб ня выказаць мне гэтага свайго незадавалення.

– Ляжыць во дзень-у-дзень, а прыйдзе вечар – бяжыць да сучкi. Прыходзiць дахаты, калi добрыя людзi iдуць на працу. Можа-б ты, Масеевiч, ушчуў яго як?

Вусьцiн не злаваўся на мацi, усьмешлiва пазiраў на мяне. Тое, што гаварыла яму мацi, успрыймаў як належнае i, вiдавочна, думаў, што ў маiх вачох ён не прайграе, а наадварот – выйграе.

Па сваiм прыезьдзе, у гутарках з вясковымi хлопцамi – маiмi аднагодкамi, я заўважыў, што амаль усе яны хваляцца сваiмi перамогамi на жаночым фронце. Я нiяк не камэнтаваў iхных дасягненьняў, хоць i слухаў iх уважлiва. Ад iх веяла на мяне нечым нячыстым, брыдкiм i няпрыемным, такое iхнае адкрытае прызнаньне выклiкала ў мяне нясмак, асаблiва калi яны падлiчалi на пальцах, колькi дзевак яны пазбавiлi цнатлiвасьцi. Я iм ня верыў, ведаў, што яны хваляцца, але разам з тым, недзе ў самым цёмным закутку душы, зайздросьцiў iм. Яны лiчылi мяне не дастаткова адважным, баязьлiвым, далiкатным, iнтэлiгентам, якi не апанаваў мэтадам, што вядзе да авалоданьня i – дзiўная рэч – прапаноўвалi мне свае паслугi ў гэтым, на iх думку, зусiм лёгкiм мастацтве.

– Калi хочаш, я завяду цябе сёньня ўвечары да аднэй – ламацца доўга ня будзе, – цiха, каб ня чула мацi, угаварваў мяне Вусьцiн.

У маiм Мокрым – дый ня толькi ў Мокрым – трываў яшчэ стары звычай "хадзiць да дзевак спаць". На цэлае лета – душна-ж, дый бацькi на перашкодзе – дзеўка выходзiць спаць на двор: у клець, пад павець, або й проста на калёсы, калi яны пад страхою. Застаюцца спаць у хаце толькi тыя, хто не спадзяецца на посьпех: надта няпрыгожыя i няўдалыя.

Гэты выхад з хаты разьлiчаны на тое, каб прынадзiць пажаданага хлапца i, калi ўсё пойдзе на лад – выйсьцi за яго замуж. Дзеўка ня пусьцiць да сябе нанач нiкога, хто ёй не падабаецца, колькi-б ён нi прасiўся, i не паддасца хлопцу – зялезны закон – калi вычуе, што з iм ня будзе будучынi. Канешне, бывае калi дзеўка памыляецца – аддасца хлопцу, а замуж той не бярэ, i тады рэпутацыю чэснай дзеўкi яна трацiць назаўсёды.

Мяне, як свайго, ды яшчэ студэнта, думаецца, пусьцiла-б да сябе любая з нашых дзевак, але я баюся iх: адпусьцiцца каторая, каб забрытаць цябе i тады канец усiм тваiм плянам, у тым лiку i вучобе, будзеш працаваць, каб магчы выплачваць алiмэнты. Але маглi цябе, такога свайго, i ня прыняць, ня пусьцiць у клець: я iм ня пара, а нашы дзеўкi – народ цьвярозы, яны шукаюць роўных сабе, i магло стацца, што, стоячы пад дзьвярыма, ты доўга прасiўся-б, каб табе адчынiлi. Ды, зрэшты, што я гавару – я такi-ж самы, як i яны: просты, адкрыты, дурны, такi-ж самы працаўнiк – на полi, на лузе, на таку, на гумне, у хаце усюды, дзе спатрэбiцца мазолiстая рука. Я толькi адарваўся ад iх i, адарваны, нажаль, станаўлюся чужым для iх.

У кожным разе, я падзякваў Вусьцiну за ягоную гатовасьць дапамагчы мне i зьбiраўся ўжо выйсьцi, як ягоная сястрычка – такога прыблiзна ўзросту, як Дуся – паказалася з-за шырмы i, танцуючы, выпалiла:

– А я чула, што вы гаварылi.

I пабегла зноў за шырму.

Вусьцiна гэта нiмала ня зьдзiвiла, i калi я ўжо ўзяўся за клямку, каб выйсьцi, ён нагадаў мне пра сваю гатовасьць прыслужыцца мне. Няпрыемна ўсiм гэтым уражаны, я рады быў апынуцца на свабодзе, у раздольлi ўсё яшчэ нязгаслага дня. Я не пайшоў дахаты, назад на мост, а павярнуў да добра знаёмага мне закутку-астраўка, што некалi ўтварыла нашая Сьвiнка, абмiнуўшы яго з абодвух бакоў, быццам пакiдаючы нам гэты астравок для схованак цi для адзiнотнага роздуму i адпачынку. На гэтым астраўку, акружаным вербалозам, густа расьлi краскi, гулi над iмi пчолы. Iхны гуд не парушаў той цiшынi, якая панавала тут, наадварот як-бы штосьцi дадаваў да яе, ствараў радасна-патаемную музыку iснаваньня. Тут адчувалася прысутнасьць духу, што няпрыкметна творыць усё. Каб трапiць на гэты астравок, трэба было перайсьцi невялiкi, але досыць хуткi струмень, i мне спатрэбiлася ськiнуць свае бацiнкi. Узяўшы iх у рукi, я пераскочыў струменьчык i бачу – ейныя гусi тут, шчыплюць траву. А дзе-ж яна сама? Аж бачу – сядзiць на палянцы, сярод красак, ўе вяночак, прымервае сабе на галаве. Мяне яшчэ ня бачыць. Такое ўражаньне, быццам, засяроджаная, яна ня ведае, дзе яна. Яна толькi сама з сабой, у нейкiм сваiм асобным сьвеце, i цi варта перапыняць яе ў гэтым ейным iснаваньнi. Цiкава, што яна думае? Нешта-ж яна думае. Як вяночак з красак, снуецца-ж, адначасна i вяночак ейных мар, толькi ёй адной вядомых. Гусi для яе не iснуюць. Яна, мусiць, забыла пра iх. Але яны ведаюць сваю пастушку – даюць ёй магчымасьць пабыць з сабой, у шкоду ня йдуць. Вяночак гатовы. Устаючы, надзела яго на галаву. Папраўляе. Забрала адзаду свае коскi i пералажыла iх на грудзi. Гэта надало ёй выгляд больш дарослай. Яна, канешне, ня раз наглядала, як дарослыя дзяўчаты, стоячы перад люстэркам, запляталi свае косы, перакiнуўшы iх наперад. Кароценькая, як сетачка, ейная сукенка, што не даходзiла ёй да каленяў, усё-ж сьведчыла пра ейную дзiцячую бясклопатнасьць i неспакушанасьць. А вось яна пабачыла мяне i дзiўна – нiколькi не зьбянтэжылася. У нейкi няўлоўны момант твар яе засьвяцiўся радаснай усьмешкай. Гледзячы на мяне, яна заставалася стаяць. Я падыйшоў да яе. Яна хутка зьняла з галавы вяночак. Вачэй не засланяла рукою, як гэта яна рабiла раней пры сустрэчы са мной.

– Навошта ты зьняла вяночак з галавы? Ты такая прыгожая ў iм.

– А без вяночка я няпрыгожая? – спыталася.

– Канешне, ты прыгожая i без вяночка.

– Дык я ня буду й надзяваць яго. Я зьвiла яго для цябе. Я ведала, што ты прыйдзеш сюды.

– Як ты магла ведаць пра гэта?

– Ты-ж ходзiш сюды чытаць. Ляжыш у траве. Я заўсёды бачу цябе тут. I я думала, што ты й сёньня будзеш тут.

– А я цябе нiколi ня бачыў тут.

– Бо я схаваўшыся глядзела на цябе. Таму ты й ня бачыў мяне. Я ведаю, чаму ты й на мосьце стаiш.

– Ну скажы – чаму?

– Каб глядзець на мяне.

– Чаму ты думаеш, што я гляджу на цябе?

– Бо ты кажаш, што я прыгожая.

Я быў зьдзiўлены ейнай сьмеласьцяй, а яшчэ больш – ейнай кемлiвасьцяй. Яна глядзела на мяне ня збочлiва, адкрыта, у ейных вачох гулялi здрадлiва-звабныя iскрынкi малой шэльмы. Мяне ўражала няпрыхаванае iмкненьне паказацца дарослай. У ёй прачыналася смутнае ўяўленьне нечага нязьведанага.

Я стаяў з вяночкам у руках, ня ведаючы, што з iм рабiць. Яна заўважыла маю нерашучасьць, у момант замкнулася, як-бы спалохаўшыся сябе самой. Падняла з долу хварасьцiну, сказала:

– Гусi разыйшлiся. Пайду шукаць i паганю двору.

– А вяночак?

– Калi ня хочаш узяць з сабой, пусьцi на ваду – няхай плывець. Я пушчаю вяночкi часта. Гляджу, дзе яны прыпыняцца.

Адыйшоўшыся, азiрнулася. Памахала мне рукой.

...Чапляюся-чапляюся, i нi за вошта не магу зачапiцца. Нi ў горадзе, нi тут. I там нядобра, i тут нядобра. Новасьпечаны iнтэлiгент! Рамантык! Якому трэба "яна"! Рашчараваны Вэртар! Сумуе ў глушы вясковай! Шукае прыгодаў! Нейкiх нязвычайных сустрэчаў! Эстэт! Паглядзець збоку – адно сьмяхоцьце! I канешне-ж сьмяюцца – Масееў сын запанеў цi з глузду з'ехаў – з дзецьмi забаўляецца.

Я баюся гэтага прысуду. Плюну на сваю рамантыку! Пайду разам з усiмi касiць! Пайду ў гурт! У калгас! Я пакажу сябе ранейшага – селянiна, якi ўмее ўсё: i касiць, i малацiць, i сеяць, i веяць. Ды што там – "пакажу"? Бацька вон як пяклуецца, дык стань побач i "пакажы"! Зарабi працадзень якi – з яго-ж жывуць цяпер усе! Пабыў гасьцём i досыць!

У хаце я не застаў нiкога. Мацi прыходзiла з працы i пайшла зноў. Справiлася з усiм: падаiла карову i справадзiла яе пастуху, згатавала нешта сабе, зьела, панесла абед бацьку i сястры на поле. Яны з нецярпеньнем чакаюць матчынага прыходу з абедам – з гаршчэчкамi ў махрачы. У гаршчэчках на першае суп, на другое – грэцкая каша. У мацi зьвiсае торба, цiсьне плячо. У торбе лыжкi, акрайчык хлеба, сьвежыя агуркi з свайго агароду. Поле тое за тры вярсты, i каб не пазьнiцца, мацi сьпяшаецца, аблiваецца потам. Бацьку-ж ня церпiцца, ён выглядае яе на дарозе, чакае, калi яна пакажацца, злуецца, калi яе ўсё ня вiдаць.

Для мяне-ж мацi пакiнула на стале смачнейшае – яешню i бульбяныя аладкi дранiкi, якiя, яна ведае, я люблю асаблiва. Мяне ўбiвае матчына дабрыня. Чым я заслужыў такое?

У хаце нязвычайна цiха ад таго, што ў ёй усё прыбрана i нiкога няма. Толькi звоняць у шыбы мухi, б'юцца ў шкло. Ад таго, што ў хаце нiкога няма i цiшыня, я лепш усьведамляю сябе, бачу сябе. Хачу нешта зрабiць для мацi, каб ёй, калi яна прыйдзе ўвечары з працы, лягчэй было ходацца па гаспадарцы. Але нiчога не магу прыдумаць. Узяўся за кнiжку. Але й кнiжку адкiнуў. Пацягнула да сшытку, куды я часам запiсваю, што мне набяжыць. Вось i набегла:

Цiхi захад у лагчынах

сонца тушыць.

Гонiць статак на спачынак

свой пастушка.

Жыта коласам багатым

дасьпявае.

Падганяе яна статак

i сьпявае.

Сьпеў лiецца i па полю

i па рэчцы.

Кiне яна быстры погляд,

усьмiхнецца.

Асядае пыл на плечы

i на косы.

У траву халодны вечар

ронiць росы.

Яркнуць радасьцяй нязнанай

яе вочы.

– Сенажацi, лес, паляны,

Добрай ночы!

Няўжо гэта пра яе? Дзiўна!

Сонца ўжо – бачу ў вакно – барабанiць залацiстым дажджом у дах школы, залiло сваiм бляскам усю сьцяну, промнямi, быццам якiм вастрыём, праколвае сасновы бор, заходзiць – хутка вечар. Пайду ў агарод, нарэжу бацьвiньня парсюку, пасяку, будзе чым кармiць, як прыбяжыць з поля. Накалю дроў, знайду смалякоў – мацi лягчэй будзе распалiць у печы сырыя дровы. Трэба-ж будзе нешта гатаваць на вячэру.

Бацька ўвайшоў на двор з касою на плячы – брыгадзiр усё-ткi i сёньня паслаў на касавiцу, ня даў, як абяцаў, лягчэйшай працы. Пагавару з iм зноў, а то й з самiм старшынёй – бацька выбiўся з сiлаў, ды й з страўнiкам нешта ў яго не ў парадку.

Мацi з сястрой жалi – прыйшлi з сярпамi. Бацька з двара ўвайшоў у хату, зiрнуў на мяне, але нiчога не сказаў, лёг адпачыць. Мацi з сястрой узялiся за сваю жаночую працу. А мне – сорамна, нiякавата. Пайду заўтра на працу касiць.

Мацi высыпала на стол – зварылася ўжо – з чыгунка бульбу. Пасыпала ўкропам. Ядзiм з кiслым малаком – смачна. Гэта i ўсё – нанач наядацца нельга.

Не пасьпелi вылезьцi з-за стала, як прыбег Вяркееў – ведаю, будзе запрашаць мяне некуды пайсьцi з iм на вечар.

– Лявонавiч (гэта ён да майго бацькi), намахалiся-ж за дзень касою, дык па аднэй не зашкодзiць, косьцi памякчэюць, – i дастаў з кiшэнi паўлiтра.

– Можа-б яно й не зашкодзiла, Сямёнавiч, ды нечым закусiць – цыбулька толькi.

Мацi засаромiлася: як бацька мог сказаць такое пры настаўнiку?

– Ды можа-ж знойдзецца што й да цыбулькi, – сказала яна.

Пасьпешна пачала прыбiраць на стол, запрашаючы Вяркеева садзiцца. Мацi ведала – бацька хоча выпiць. Гэта-ж рэдкi для яго дар. Калi такое зноў надарыцца? Купляць самому – купiла няма. Гарэлка стала дарагою ў капэрацiве. Бацька па гарэлцы не сумаваў – ня пiў. Толькi калi да якого сьвята гнаў яе, i ўжо тады, у кампанii, любiў выпiць i засьпяваць якую-небудзь, абавязкова сумную песьню. Маўклiвы, рабiўся гаваркiм i вясёлым. З бяды, ня гледзячы на свой страўнiк, бацька мог, што называецца, i запiць. Тады ён бунтаваўся, быў нязгодным, аж пакуль, ап'янелы, не расслабляўся сьлязьмi.

Вяркееў разьлiў свой паўлiтэрак на нас траiх (мацi нiколi нават на губы ня брала гарэлкi). Выпiлi. Я рады, што бацька загаманiў – мяне мучыла ягоная маўклiня. Але Вяркееў рваўся ўжо з хаты, увесь час сыгналiзаваў мне сваiмi вiрлiвымi вачыма.

– Ну, ваша дзела маладое. Iдзеце, гуляйце!

Невядома было, цi гэта тычылася толькi Вяркеева, цi й мяне. Мы выйшлi. Мацi толькi й пасьпела сказаць:

– Надта-ж не пазьнiся.

Пра сваю гутарку з упаўнаважаным я не сказаў Вяркееву, хоць, дапушчаю, ён ведае пра яе. Я нiчога не гаварыў пра гэтую гутарку i ў хаце.

– Ну, куды сьвiсьнем? – пытаецца ў мяне Вяркееў.

Я, канешне, i ня думаў заходзiць да Вусьцiна, каб ён завёў мяне да той, што "доўга не ламаецца", i адказаў Вяркееву:

– Куды хочаш сьвiшчы, я нiкуды не пайду. Глядзi, якая прыгожая ноч! А месяц! Такога болей нiколi ня будзе! Пойдзем да ветрака, адтуль, з вышынi, ты пабачыш, якое прыгожае ў месячным сьвятле Макранскае навакольле! Ты жывеш тут ужо колькi гадоў, а тутэйшага хараства i не прыкмячаеш. Гэта-ж проста зачараваны край, а ты ня можаш спазнаць яго. Хочаш пакiнуць гэты край.

Вяркееў, як-бы раззлаваўшыся:

– Табе ўсё высокая матэрыя, а мяне вабiць нiзкая матэрыя. Пройдзем на вёску, я адскочу на хвiлiнку, а ты пачакаеш.

– Што такое ў цябе?

– Ведаеш, калi на тое ўжо пайшло – прызнаюся табе – бяда. Папаўся. Але можа як яшчэ й абыдзецца.

I Вяркееў расказаў мне пра сваю Акулiну, маладую i, як ён сказаў "дзябёлую" дзеўку, прыбiральшчыцу ў школе. Напачатку Акулiна прыходзiла прыбiраць – мыць падлогу – разам з сваёю мацi, потым пачала ўпраўляцца сама. Прыходзiла Акулiна мыць падлогу ў суботы, калi ня было заняткаў. Вяркееў нiколi не зьвяртаў на яе нейкай асаблiвай увагi – няпрыгожая, "грубая матэрыя". Мые ну й мые – нехта-ж мусiць мыць. Ды аднойчы выйшаў Вяркееў з свае кватэры – невялiкага пакойчыку – на карыдор. Зьдзiвiўся: у ягоны клас адчыненыя дзьверы. Стаў у пройме адчыненых дзьвярэй i пабачыў... упяршыню пабачыў – Акулiна, нагнуўшыся, шаруе анучай падлогу. Павернутая да яго задам, шпарка ходзiць – туды i сюды. Кароткая сукенка на ёй, задраўшыся, лезе на сьпiну, агаляе ейныя пругкiя iкры. Яна не прыкмячае настаўнiка – робiць сваё, а ў Вяркеева памутнелi вочы – такой спакусы ён яшчэ ня бачыў. Заманiў Акулiну ў свой пакойчык i сталася тое, чаго не магло ня стацца.

Школа цяпер пустуе – лета, няма заняткаў, i Акулiне нязручна заходзiць у школу бяз дзела, а Вяркеева яна хоча мець. Выйшла з хаты спаць на двор, у iмшанiк, куды цяпер i хоча на хвiлiнку "адскочыць" Вяркееў. Ён хацеў-бы i збавiцца ад яе, але ня можа – цягне, ды й яна горнецца да яго ўсёй душой, жаркая, лiпкая. Пастанаўляе ня йсьцi да яе, а наступiць вечар – ня можа ўстрымацца, бяжыць да яе. Пагатоў, што яна быццам ужо зацяжарыла, i яму ўжо не адчапiцца ад яе – ухлёпаўся. А мо яна толькi пужае яго? Можа яно як i пройдзе.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю