355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Масей Седнев » I той дзень надыйшоў (на белорусском языке) » Текст книги (страница 14)
I той дзень надыйшоў (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 8 октября 2016, 16:06

Текст книги "I той дзень надыйшоў (на белорусском языке)"


Автор книги: Масей Седнев



сообщить о нарушении

Текущая страница: 14 (всего у книги 16 страниц)

Ня вiдно было адкуль нахапiлася Манька i з нейкай бутэлькi плёснула газай у Дусiны вочы. I ўцякла. Добрая доля газы трапiла мне на сьпiну, што й выратавала Дусю. Калi мы прыйшлi дахаты, Пiлiп i Хiма ўжо спалi. Дуся нагрэла вады, нешта ўсыпала ў яе, прамыла вочы.

У пасьцелi, тулячыся, Дуся ў сьлязах пачала наракаць:

– Гэта ты, Юзiк, вiнаваты. Гэта твая вiна, Юзiк. Нашто ты чапаў яе, Юзiк?

Я, можна сказаць, цалкам занядбаў сваю хату – амаль ня жыву ў ёй. Часам па тры днi ўзапар ня бываю. А калi й бываю, дык толькi ўдзень, калi бацьку трэба дапамагчы. А так – жыву ў Пiлiпа. Нiдзе ня чуваць, каб у нашых ваколiцах заяўлялi пра сябе партызаны, i я карыстаюся гэтым зацiшшам – начую й днюю ў Дусi. I самыя нашыя вёскi, засыпаныя сьнегам, дрэмяць у сваiм зiмовым сьне. Адрэзаным ад сьвету, iм усё роўна, што дзеецца ў тым сьвеце. Яны жывуць сваiм, замкнутым у сабе, жыцьцём i ствараецца ўражаньне поўнага мiру. Я й карыстаю з гэтага мiру, а мiр для мяне – гэта Дуся. Пры ёй я ня думаю. Пры ёй у мяне няма нi мiнулага, нi будучынi, толькi тое, што цяпер, у дадзены момант, i гэта робiць мяне ўпяршыню чалавекам, свабодным ад цяжару думаць. У мяне няма iншага жаданьня, як толькi быць у Дусi. Я не магу перабыць без яе нават аднэй начы. Што-б нi рабiў я ўдзень, дзе-б я нi быў, ноч вядзе мяне да яе, як у цiхую, мiрную прыстань, дзе – я ведаю – знайду сабе заспакаеньне, дзе я праяўлюся чалавекам, адкiнуўшы ад сябе непатрэбны цяжар роздуму.

Пасьля начы мы ўдзень нi за вошта не бярэмся. Адольвае лянота i дрэмнасьць. Хiма ня змушае Дусю рабiць што-небудзь. Песьцiць яе, ашчаджае ейную далiкатную натуру. Часам, сьмяючыся, гаворыць: "Спрацаваную, Масеевiч ня будзе цябе любiць". Гэтак мы й не заўважаем у бязьдзельлi, як праходзiць кароткi зiмовы дзень i наступае вечар. А наступае вечар, мы ажываем, нам хочацца куды-небудзь з хаты. Хоць-бы i на тыя вячоркi. А то – для перамены iдзем да каго-небудзь з ейнай раднi, досыць шматлiкай у Мокрым. Цяпер мясаед, i нас ахвотна прыймаюць, частуюць, пытаюцца, калi-ж мы запросiм на наша вясельле. Заседзеўшыся, мы часам i начуем у Дусiнай раднi. Нас не адпушчаюць: позна ўжо i можна напароцца на бяду. Сьцеляць нам пасьцель, i мы радуемся такому душэўнаму прыйму. Сьпiмо. Яшчэ неяк i лепей у iншай хаце. Мы неразлучныя, нам здаецца, што ўжо ў нас няма iншага прызначэньня, як толькi быць разам. З нас дзiвяцца, што мы – як спараныя цi ачмурэлыя. Лiжамся, як кот з кошкай. Цi не на бяду якую, гавораць. Ужо ў абодвых Мокрых ведаюць, што Дуся зацяжарыла – жанчыны дазналiся па Дусiным аблiччы, гавораць – наелася ўжо.

У Дусi я заўважаю перамену: яна больш вяжыцца да мяне, утуляецца ў мяне, як-бы баiцца ўпусьцiць мяне. Гаворыць: "Хутка я ня дам табе i што ты тады будзеш рабiць? Пойдзеш да другой?" Сьмяючыся, дадае: "Калi ўжо табе так заманецца, я адпушчу цябе да якой-небудзь. Толькi не да Манькi. Але да каго-б ты не пайшоў, ты ўсё роўна прыйдзеш да мяне. Я цябе прываражыла. Прываражыла, Юзiк? Ты, ведаю, прыбяжыш да мяне, як цюцька. Як Юзiк. Ну, пагладзь у мяне жывот. Я ета люблю. Паглядзi, я ўжо цябе не саромлюся. Праўда, прыгожы ў мяне жывот? Яшчэ й невялiкi. Нiчога й ня вiдаць".

Горнецца да мяне, сваёй шчакой трэцца аб маю. А то навалiцца на маю грудзiну – слухае маё сэрца. Усё гэта ня можа не падабацца мне, i пад ейным узьдзеяньнем я станаўлюся непадобным да сябе чалавекам – куды лепшым, чымся я ёсьць на самай справе.

Але я пачаў усё болей i болей задумвацца, чым гэта ўсё скончыцца? Надыйдзе-ж час, калi я буду расплачвацца за ўсё гэта. I той час, вiдаць, не за гарамi. Я прадчуваю наблiжэньне яго. I тым ня менш, нiчога не раблю, нiчога ня думаю, нiчога не пляную. Зрэшты, а калi я што плянаваў. Я нiколi не плянаваў свайго жыцьця. Яно, маё жыцьцё, плянавалася, вызначалася ня мною, а нейкай iншай сiлай, я ўсё думаю – вышэйшай. У маiм жыцьцi, як я цяпер бачу, было заплянавана два вырашальных павароты. Адзiн з iх ужо адбыўся. Гэта – арышт. Гэта той паварот, што мусiў адбыцца. Ён быў прадвызначаны, быў нават неабходным. Ня было-б яго, ня было-б мяне. Арышт, турма, Калыма былi для мяне выратавальным паваротам. Я выдаў сябе шмат на iх, але яны збудавалi мяне, выратавалi мяне. Лёс паклапацiўся захаваць мяне. Ён ня кiнуў ў разьюшанае, ненасытнае жэрла вайны. Утрымаў мяне вонках яе, бярог. Было Кiмсьцi разьлiчана, што з вайны я ня выйшаў-бы. I мне было наканована турма, пакуты, праз якiя я й выратаваўся. I цяпер, выратаваны, я стаю перад новай пагрозай. Я стаю мiж кавадлам i молатам. Я зацёрты двумя сiламi i ў мяне засталося мала прастору для манэўраваньня памiж iмi. Гэтая прастора няспынна звужаецца i звужаецца. Я буду раздаўлены, калi ня выйду з гэтага прамежку. Я стаю ўласна перад другiм, фiнальным паваротам у маiм жыцьцi. Трэйцяга ўжо ня будзе. Той трэйцi – гэта ўжо не паварот, а зварот да пачатку.

Дуся не разумее гэтай наканаванасьцi, яна занадта шчасьлiвая для гэтага. Яна чакае часу, калi я ўвяду яе ў сваю хату. Яна просiць мяне справiць вясельле. Гэтага хочаць ейныя бацькi. Для яе самой яно няважнае. Ёй усё роўна дзе жыць, абы са мною. Яна нават саромiцца вясельля, як нейкага афiцыйнага акту. Яна кажа, што пасьля вясельля яна будзе ўжо сапраўды маёй жонкаю i гэта будзе няцiкава. Ёй падабаецца нашае незаконнае жыцьцё. Але яна хоча задаволiць просьбу бацькоў, якiя ёй усё дазвалялi, нiколi ня жуцiлi за сужыцьцё са мною. Яна ня можа не паслухацца iх. I мы паехалi з ейным бацькам на Гарбуньку ў Клiнцы прыдбаць для Дусi нешта з адзеньня, патрэбнага ёй на вясельле. У Клiнцах, прамысловым горадзе, ёсьць тавары, хоць iх можна дастаць толькi за натуру – сала, мяса, хлеб. Падарожжа ў Клiнцы было пасьпяховым. Туды i назад ехалi з начлегам у дарозе. Спалi з Дусяй на падлозе ў хатах, дзе нас пушчалi на ноч. Пiлiпу, старэйшаму чалавеку, слалi на лаўцы. Для Дусi мы знайшлi ў Клiнцах амаль усё патрэбнае ёй. Для мяне мы набылi касьцюм. Пiлiп нiчога для сябе не захацеў – зрэшты, ня было ўжо за што купляць. Да вясельля было ўжо ўсё гатова, але вясельля ўсё ня было. З розных прычынаў: неадпаведны час (я не змагу ўжо, прывёўшы Дусю ў хату, туляцца, як дасюль, мушу быць у хаце), а галоўнае ўсё-ж – мае бацькi ня хочаць Дусi. Наўзьверх усяго – мо давядзецца выбiрацца куды, дык навошта тады важджацца, тлумачыць мне бацька. "Пачакай трохi", – радзiць ён мне.

Дуся не магла ня ведаць пра ўсе гэтыя абставiны i просiць мяне перабрацца да яе канчальна. "Будзеш у мяне жыць прымаком, – жартуе. – Прыму цябе".

I я жыву ў яе на палажэньнi прымака. Ня зусiм, канешне, так. Я бываю i ў сваёй хаце, i нават болей, як дасюль, лагоджу бацькоў, не хачу крыўдзiць iх, мне адданых i дзеля мяне гатовых пайсьцi на ўсё.

Бацька перастаў займацца сваiм рамяством – стругаць клёпкi на вёдры, на бочкi, на шайкi, ня шукае ў лесе клёну цi бярозы на палазы для саняў, ня точыць верацёнаў. Усiм гэтым ён займаўся кожную зiму, майстраваў, вазiў свой выраб на кiрмаш, прадаваў, каб зарабiць, дадаць нешта да таго, што прыдбаў ўлетку, каб стаць, як ён казаў, на ногi. Цяпер ён усё гэта занядбаў. Ягоны вярстак, вынесены з хаты ў канцы мiнулай зiмы, застаецца ляжаць пад павецяй. У хаце нi стружак, нi клёпак, нi палазоў, нi капылоў, нi абручоў, нi абрэзкаў. Бацька закiнуў усё гэта. Ляжыць на печы. Плюе, лежачы, у столь над сабою. Нават пра скацiну ня рупiцца. Мацi найбольш ходаецца. Па дровы ў лес нi разу за зiму мы з iм ня зьездзiлi. Палiм печ тымi, што назапасiлi восеняй. Ужо неяк пад канец зiмы надумаўся схадзiць у поле, паглядзець нашыя азiмыя – цi не адмерзла дзе што. Вяртаючыся, прыносiць знойдзены iм у полi вялiзны цюк, бацька здагадаўся – ськiнуты з самалёта. На нашым полi ня раз ськiдвалi лiстоўкi i нямецкiя i савецкiя самалёты – кожны свае. Развязваем цюк, а ў iм вялiкага памеру лiстоўкi на нямецкай мове. Iлюстраваныя: вiдны згарэлыя танкi, самалёты, бранявiкi, гарматы, iншая зброя i даўжэзныя калоны салдатаў пад канвоем. Я хачу зразумець, што пiшацца ў лiстоўках i не магу – зашмат незразумелых для мяне словаў i граматычных канструкцый, а слоўнiка ў мяне няма. Але чытаю i чытаю, па некалькi разоў адно i тое-ж – хачу дапяць. Разважаю: чаму для нас лiстоўкi панямецку? У нас-жа немцаў няма. Тады для каго гэтыя лiстоўкi? Ськiдалi лiстоўкi i савецкiя i нямецкiя самалёты, але толькi парасейску. Яны былi прызначаныя для нас. А гэтыя? Хто iх ськiнуў i для каго? Немцы для немцаў? Але-ж у нас няма немцаў. Доўга я прыкiдваў i так i гэтак i ўсё роўна ў мяне, недагадлiвага, нiчога ня выходзiла. Гледзячы на здымкi i рашчытваючы тэкст, я ня мог уцямiць, хто пераможца i хто пераможаны. Больш таго, на пачатку я нават ня ведаў, дзе гэта ўсё адбылося, аж пакуль, пры далейшым азнаямленьнi, не дазнаўся, што гэта-ж Сталiнград i што гэта савецкiя лiстоўкi, прызначаныя для нямецкiх салдатаў, што яшчэ ня склалi свае зброi, як тыя, пад Сталiнградам, якiх цяпер вядуць вось у палон i ззаду якiх курыць на полi бою разгромленая нямецкая машынэрыя. У лiстоўцы пададзеныя лiчбы: трыста тысячаў узята ў палон, гэтулькi i гэтулькi забiта, паранена, гэтулькi i гэтулькi зьнiшчана танкаў, бранявiкоў, гарматаў i г.д. i г.д. Карцiна жудасная, якой нельга ўзяць пад сумлеў. Я, нарэшце, зразумеў, што гэта перамога нашай армii, што немцы пацярпелi катастрофу, што iм нiколi болей не ачухацца. Я расказаў пра ўсё гэта бацьку. Бацька сам пачаў разглядаць лiстоўку – здымкi на ёй i, скончыўшы, сказаў, як падагульнiў:

– Значыць, немец ня ўдзержыцца. Патураць назад.

"Патураць назад" бацька вымавiў гэтак, быццам гэта тычыцца i нас, быццам i нашая доля залежыць ад таго, што сталася пад Сталiнградам.

Бацька спадзяваўся, што гэтая вайна зьмяце шолудзь – людзей, што стаяць над табой, пiхаюць цябе, варочаюць табой, як быдлам якiм, а ты i слова iм не скажы.

У бацькi ўськiпела душа яшчэ i за мяне – ён ня мог дараваць гэтай шолудзi, што яна засадзiла мяне, зьбiла мяне з дарогi, калi я ўзьбiраўся на яе i калi ён ужо радваўся маiм узыходжаньнем. Ён думаў, што шолудзi прыйшоў канец, а тут, глядзi, яна бярэ верх, зноў усьсядзецца на цябе.

"Я ня прыняў адразу яе, гэтую шолудзь, адкiнуў яе, паказаў, што пагарджаю ёю, не захаваў свае радасьцi, што яе пагналi адсюль. Я ўжо ня мог цярпець яе. Ня мог цярпець яе пад маiм вакном, калi яна загадвала мне, куды я мушу пайсьцi i што я мушу рабiць. Калгас, створаны гэтай шолудзьдзю, я гатоў быў сам, сваiмi рукамi пабiць на палоскi i раздаць яго людзям. Прыйшоў час i разьбiў яго на палоскi ты, мой сын. Над маёй нiвай ужо ўзыходзiла сонца, шолудзь была схавалася, а цяпер, глядзi, яна зноў узьнiмае галаву. Я не хачу бачыць яе, гэтую шолудзь. Я лепш сыйду, пакiну свае вуглы, пайду ў сьвет, але ня стану зноў пад каманду гэтай шолудзi.

Сын, мы адпакутвалi за цябе. Шолудзь насьмяялася над намi. Шолудзь радвалася нашаму няшчасьцю.

Сын, адбалела наша душа па табе. Мы сьвету Божага ня бачылi ад сьлёз па табе. Мы сьнiлi цябе. Ня было часiны, каб мы ня думалi пра цябе. Мы пакутвалi тваiмi пакутамi.

Сын, узрадвалася сэрца наша, як прыйшоў ты. Засьвяцiла сонца ў наша вакно, як пабачылi мы цябе, спасёнага.

Сын, шолудзь страляла па табе. Мацi твая – нi жывая i нi мёртвая канчалася, гледзячы, як б'юць па табе.

Сын, мы сваё аджылi тут. У душы сваёй я ўжо разьвiтаўся тут з усiм. Разьвiтвайся й ты. Не марудзь. Усё чыста падказвае мне – мы мусiм выйсьцi адсюль. Сны мае зьвяшчаюць нам берагчыся. Iдуць, кiмсьцi пасланыя, грознай навалаю, ноч-у-ноч усё тыя-ж сны. Не даюць маёй душы супакоiцца. Паслухай толькi...

Быццам усе нашыя палоскi, што былi заараныя пад калгас, выступiлi наўзьверх з-пад ворыва i я, усьцешаны такому цуду, бачу iх такiмi саменькiмi, як яны былi i пры нас. З радасьцi той крычу вам: "Глядзеце, нашыя палоскi вярнулiся да нас i просяць нас засеяць iх". I вы пабеглi – i ты, i мацi, i Дарка – глядзець тыя палоскi. А на iх ужо ўвомiрг, на нашых вачох, ураджай закрасаваў: там – жыта, там – пшанiца, а там – ячмень, а там – грэчка, авёс, бульба i самая найпрыгажэйшая палоска iльну – цьвiце ўсiма колерамi. Мацi радуецца – натчэ палатна, абшые нас усiх. Глядзiць – вачэй ня зводзiць. Аж бачым: адкульсьцi, адтуль, дзе змыкаецца неба з зямлёю, выплываюць да нас хвалi нейкага шырокага сiняга мора. Коцяцца i коцяцца. Усё блiжэй i блiжэй. Займаюць, затапляюць прастору. Шумяць. Iх вал нарастае, узвышаецца. Мы ў страху глядзiм, як гэты магутны вадзяны вал мне, вальцуе нашыя палоскi, паглынаючы ўсё, што на iх i пагрозьлiва ўжо падступаецца да нас, гатовы ўцягнуць, усмактаць нас. Мы ў страху адступаць, а вал – наступаць. Дагнаў нас да самага нашага агароду i – стаў. Зьменшыўся. Упаў. Вада пацягнула яго назад i ён, шыпучы, дробненькiмi хвалямi пакацiўся ад нас. I гэтак вада пайшла, але не прайшоў страх. Вада – гэта бяда. З агароду iдзём у сваю хату. Падыйшлi да ганку. Я хачу ўзяцца за клямку, каб адчынiць дзьверы, а дзьверы самi адчыняюцца i на парозе, у праёме дзьвярэй, бачым – стаiць белы, як лунь, з лагоднай усьмешкай, старэнькi нi то чалавек, нi то вобраз чалавека i ласкава гаворыць: "Не, дзецi мае, не заходзьце. Iдзеце ў свой пуць. Не марудзьце. На вас ганеньне". Сказаў i яго ня стала. Ня стала i нашай хаты, як-бы яе i ня было зусiм. I мы пачалi выбiрацца. Карова пачула, што мы выбiраемся зарыкала. Мы ўзялi яе на повад. Дробны скот пакiнулi. Мацi ўзвалiла на сябе трубкi палатна i мы ўжо ў дарозе. Куды йдзём, ня ведаем. Нiбы ў Касьцюковiчы. Iдзём i йдзём. Вядзем на повадзе карову. I гэта ўвесь наш набытак. На дарозе нiкагусенькi. Толькi мы. Хоць дзень i сонечны, але як-бы зьлёгку займглёны i нам здаецца, што мы глядзiм на сьвет праз сьветла-жоўтыя акуляры. Ужо мусiлi-б быць i Касьцюковiчы, а iх няма. Раптам пялёнку нам зьняло з вачэй i перад намi – лес, але якi: з роўна зрэзаным, як пад шнур, верхам. Быццам нехта заклаў электрычную пiлу i адным цягам адцяў, збрыў макушкi i ён стаiць цяпер, кiваючы, як куцобкамi, сваiмi голымi стваламi. Мы баялiся йсьцi праз гэты лес, а iншай дарогi ў нас ня было. Лес стаяў перад намi, як здань. Я падумаў, што гэта зьнёс яму галаву нейкi магутны вiхор, што пранесься над iм. Куды iсьцi, мы ня ведалi, а ноч наступала. Сын, ты ведаеш, куды нам iсьцi? Ёсьць у нас якая-небудзь дарога? Бачыш, што чакае нас? Вада – гэта бяда. Яна затопiць нас i сьледу нашага не застанецца. Вымые нас з карэньнем. Выкiне з магiлаў труны нашыя i не застанецца тут роду нашага. Прыйдзе шолудзь i ўсё выкаранiць, зрэжа, паадцiнае, як злая сiла ў тым лесе макушкi. Я не хачу чакаць iхнага прыходу. Я не хачу болей глядзець iм у вочы. Я лепей сыйду з свайго котлiшча, а iх бачыць ня хочу. Ты гатовы, сын, пайсьцi? Ты ведаеш, куды нам пайсьцi? Ты-ж быў у сьвеце. Дык вядзi нас у сьвет".

Я забягаю да Пiлiпа кожны вечар, але доўга там не затрымлiваюся. Пацалую Дусю, супакою яе i пакiдаю хату. Заставацца ў яе нанач я ўжо не адважваюся пасьля таго, што яна мне сказала. Мiнулай начы ў iх былi партызаны: Мiкола Бугроў, Шашок i Iльля Мельнiкаў, Манькiн брат. Гэта тыя, што былi ў хаце, а былi-ж яшчэ i на двары – Дусiн бацька чуў, як яны цёрлiся пад сьценамi.

– Юзiк, яны хацелi цябе злавiць. Думалi, што ты сьпiш у мяне. Нашыя дзьверы былi на круку, дык яны, не дачакаўшыся пакуль iм адчынiць бацька, рванулi дзьверы гэтак, што паляцеў той i крук. Я ўскочыла з пасьцелi i да мацi ў рукi. А яны сьвятлом – шась! Я калачуся. Думаю – забяруць. Не. Высьвечваюць кожны куток. Бацька пытаецца, што iм трэба. Маўчаць. Толькi Шашок сказаў: "Нам ничего не нужно, хозяин. Извини за беспокойство". Манькiн-жа брат уталопiўся ў мяне: "Што – ня прыйшоў? Шчасьце яго". I з насьмешкай: "Чаго-ж ён так баiцца? Мы пагаманiлi-б з iм. Спакойненька так. Па душам". Трымае на мне лiхтарык: "Запузацiла? Наелася? Мы ў цябе будзем акушэрамi". Скамандваў, – ён як-бы ў iх камандзiр: "Пашлi!" I яны выйшлi з хаты. Ды мне здавалася, што яны ўсё яшчэ на двары. Стаяць, стаiўшыся. Я баялася, што ты можаш прыйсьцi да мяне ад сястры i пападзешся iм у рукi. А ты як знаў – заначаваў у сястры. Цi можа яшчэ дзе, Юзiк?

Дуся, кожны раз, як толькi я зайду да iх, ведаючы, што я доўга не магу заставацца з ёй у хаце, хутка апранаецца i мы выходзiм з ёй. Спушчаемся на нiз, да рэчкi. Праходзiм паўз iхнага стажка на агародзе, цяпер на палавiну скормленага. Унiзе, мiж хмызьнякоў, зацiшна. Пад месяцам, абмёрзлыя i ў шэранi, яны, здаецца, узьнiклi з казкi. Ад iх сыходзiць нейкая сьвяточная цiшыня i заспакоенасьць. Хмызьнякi адкiдаюць свой цень на сьнег, чысты, яшчэ бялейцы ўначы. Мы стаiмо мiж хмызьнякоў, як у нейкiм зачарованым царсьцьве, i Дуся, у нейкiм асаблiвым настроi, абымае мяне, гаворыць: "Юзiк, так прыгожа тут i ўтульна. Магла-б – распласталася-б на сьнезе". Але мы йдзём далей. Сьнег залубянеў, i мы йдзём па iм не правальваючыся. Неба над намi глыбокае, урачыстае, з бяздоннай блакiтнай вышнёю. Зоры высыпалi буйныя, белыя, махнатыя – на шчасьце. Мы спыняемся i глядзiм у гэтае неба. Нiчога не гаворым. Маўчым. Ня думаем. Нам добра дваiм, з такiм небам i зорамi над намi. Нам добра, што мы ёсьць, добра, што мы ёсьць такiя, якiя ёсьць. У суботу топяць тут лазьнi, – а сёньня якраз субота, – i мы знайшлi яшчэ нявыветраную, з духам. Заходзiм. Дуся хоча паляжаць са мною на палку, пацешыць, як яна кажа, мяне, каб не адбiўся. Распасьцiраем Дусiну шубу. Залазiм на палок. Накрываемся маёю. Дуся абшчапляе мяне. Дазваляе цалаваць яе ўсюды, дзе я хачу. Толькi, гаворыць, каб я не чапаў яе. Утулiўшы яе, хоча каб толькi нешта шаптаў ёй, гаварыў прыгожыя словы, успамiнаў прыгожыя часiны з ёю. "Але толькi не распальвайся. Нельга. Калi ўжо такi няўсьцерп, дык толькi так... Я люблю цябе так. Бяз гэтага. Ты вось ляжыш пры мне i мне нiчога больш ня трэба. Я хачу, каб ты любiў мяне так. Ты ня злуешся, што я табе не дазваляю? Ты не разьлюбiў мяне, Юзiк? Не адбiўся? Мы-ж хутка будзем мець такога Юзiка, як ты. Я ўжо чую яго, як ён штурхае ножкамi. Прытулiся вухам i паслухай. Ой, якi ён будзе мiленькi, маленькi, цёпленькi. Прытулю яго да грудзей – самлею. А то мы паложым яго мiж сабой – яму будзе так утульненька памiж намi. Потым я палажу яго ў люльку i мы ўжо будзем з табою тады адны. Тады ўжо будзе ўсё можна. А цяпер – пацярпi".

Пад вясну начою, недзе вобак нас, я пачуў далёкi, прыглушаны гуд самалётаў. Гэты гуд выклiкаў у мяне трывогу. Дасюль такога ня было. Наша неба было спакойным i вось цяпер гэты спакой парушаны. Але падумаў: мала чаго вайна-ж. Дзiва, што лятуць. Гуд сьцiх. Сьцiхла i трывога. Але надыходзiла ноч i гуд узнаўляўся, далёкi i трывожны. Чые яны, гэтыя самалёты? Адкуль i куды яны лятуць? Кожны раз там, у далечынi, куды яны лятуць, чутны выбухi. Яны ськiдваюць там бомбы? Што там такое? Фронт? Пэўна, фронт. Наблiжаецца да нас? Не. Ня веру. Не хачу верыць. Ганю гэтую думку ад сябе. Але самалёты гудуць i, наўсуперак майму хаценьню, узьнiмаюць у мяне пачуцьцё няпэўнасьцi i прадчуваньне канца. Якога канца? Майго? Цi чыйго?

Бацька, калi яшчэ ня было чутно гэтага гуду, прадчуваў наблiжэньне канца. Прадчуваў наканаванасьць нашага Зыходу, якi, зрэшты, пачаўся даўно, у тую самую хвiлiну, калi, выбiраючыся ў Менск, я пераступiў парог нашае хаты. На двары стаяў тады запрэжаны конь, i з моманту, калi я сеў на калёсы, я ўжо быў на дарозе да свае долi. Калёсы скранулiся i скранулася ня толькi мая доля, а й доля ўсёй нашай сям'i. Бацькi й сястра зьбiралi мяне ў дарогу – клалi ў мой чамадан патрэбныя мне рэчы – i ўжо адначасна, таго не ўсьведамляючы, яны рухалiся разам са мною ў прадвызначуную дарогу. I што-б яны потым не рабiлi, яно iшло так, як яно не магло iсьцi iначай. Нязвычайная, выключная чульлiвасьць i засмучанасьць, з якой яны мяне выпраўлялi ў дарогу, былi сполахам i крыкам перад сьляпымi вачыма лёсу, якi ўжо нас засьцiг. Калёсы мяне павязьлi, але яны ўкруцiлi ў свае сьпiцы i ўсю маю сям'ю. Маёй сям'i ўвесь час нагадвалi, куды павезьлi мяне тыя калёсы. Як-бы на тых калёсах сядзеў вялiкi злачынець, за якога мусяць адказваць i тыя, хто нарадзiў яго. Мы ўжо тады былi на ўзбоччы, стаялi на сваёй пуцявiне, адкiнутыя. Нас, адрынутых, i падабрала наша доля. Ня то што яна нас знайшла – не, мы былi кiмсьцi аддадзеныя ёй. I трагiзм гэтага ў тым, што ты ня ведаеш, што ты ўжо ўступiў на прадвызначуную табе дарогу, якая схапiла цябе i iмчыць... куды?

Бацька ведаў таксама, што я вярнуся. Але ён не ведаў, што я стануся прычынай фатальнага замыслу сукрытых сiлаў. Я быў у руках мае долi сьляпым знарадзьдзем, карай для тых, хто мяне найбольш шкадаваў i хто найбольш пакутваў дзеля мяне. Цi можна было як-небудзь ухiлiцца ад прадвызначанага? Не. Ад долi нельга ўхiлiцца. У маёй нягеглай асобе доля ўгледзела слабое зьвяно ў ланцугу, вырвала яго i ланцуг перарваўся, але перарваўся не на мне, а на тым, хто мяне нарадзiў. Я мусiў-бы быць пакараны сукрытымi сiламi па закону найбольшай строгасьцi. Але доля мая пакiнула мяне. Цi мушу я дзякваць ёй? З пярэрвай ланцугу рассыпалiся ягоныя зьвеньнi. Шчапiць, сабраць ланцуг нанова было немагчыма – выпала з яго галоўнае зьвяно-часьцiна, дзякуючы якой ён трымаўся. Паасобныя зьвеньнi-часткi, застаўшыся паасобку, зазналi пякельную муку i ня ўсе яны ўжо iснуюць. Яны распалiся ў сваю чаргу i носяцца бязроднымi крупiнкамi ў сусьвеце. Яны глядзяць стуль сюды i, здаецца, бачаць мяне, але, балесныя i няўцешныя, праносяцца мiма, ад iх спадаюць толькi расiнкi-сьлёзы, як пасланьне мне.

Асаблiва выразна бачу аблiчча мацi – супакоенае ў сваiх пакутах. Яна ляжыць так, як яна ляжала-б у труне. Але труны i яе самой ня вiдаць. Цела яе як-бы схаванае ў воблаку, а праступае з яго толькi ейнае, як асьветленае зарой, аблiчча.

Калi я гляджу на матчына аблiчча – а я ў думках заўсёды стаю побач яе мне здаецца, яна ведае, што я побач i што я гляджу на яе, але яна ня хоча выдаць гэтага, ейнае аблiчча застаецца ўсё такiм-жа спакойна-велiчным i трошкi як-бы строгiм у дачыненьнi да мяне. Я чую сябе вiнаватым перад ёю i баюся баюся не яе – не, а кагосьцi iншага.

Калi я гляджу на матчына аблiчча, спакойнае, засяроджанае, мне ўяўляецца, што яна i цяпер адчувае свой боль, свае пакуты i толькi, каб магчы сьцярпець iх, заснула вечным сном.

Адчуваньне Зыходу ўсё ўзмацнялася ў нас. Найперш яго вычуў, распазнаў бацька ў сваiх снох. Сваiмi прарочымi вачыма ён бачыў наш Зыход настолькi выразна, што ўжо сузiраў яго ва ўсёй ягонай няўхiльнасьцi. Ён бачыў, як выплывала шырокае, сiняе мора з-пад небасхiлу, затапляла нашыя палеткi, вымывала з карэньнем пасаджаныя намi дрэвы, выкiдвала з зямлi труны нашых продкаў, тое мора стаяла ў ягоных вачох i ён з страхам глядзеў, як яно наблiжалася да яго i, наблiзiўшыся аж да самае хаты, не затапляючы яе, лiтасьцiва спынiлася, каб мы маглi выбрацца з яе. Гэта было папярэджаньне, вiдавочнае, грознае. Папярэдзiў нас, стоячы на парозе нашай хаты, i сьсiвелы, як лунь, чалавек цi то вобраз яго: "Не, дзецi мае, не заходзьце. Iдзеце ў свой пуць. Не марудзьце. На вас ганеньне". I мы пайшлi прэч ад свае хаты. Сьвет перад намi займглiўся, i мы ня бачым, куды мы йдзём. А калi праясьнiлiся нашыя вочы, мы пабачылi лес з зрэзаным верхам. Гэта ўказка нам i прадвесьце. У страху зайшлiся душы нашыя. А тут падасьпела i ноч. Куды ты пойдзеш? У роспачы мы замiтусiлiся. Бацька пытаецца ў мяне, куды йсьцi. А я й сам ня ведаю, куды йсьцi. "Ты-ж быў у сьвеце i мусiш ведаць. Вядзi, сын. Не марудзь. Вядзi куды-небудзь". А куды я павяду? Я нiкуды не магу iсьцi, бацька. Я не разьвiтаўся яшчэ з усiмi i ўсiм, як ты, бацька. Я яшчэ не гатовы. Я прыкручаны тут магутнай сiлай, прыкаваны ёю i, каб хацеў, не магу пераадолець яе. Яна трымае мяне. Ня пушчае. Я зачараваны ёю. Я ў яе палоне. Я магу пакiнуць усё: i нашую родную хату, i нашыя палеткi, i магiлкi нашых продкаў, але я не магу пакiнуць таго, што вышэй за ўсё гэта, што ўвайшло ў кроў маю, што зраднiлася са мною, як я сам з сабою, чаго нiяк не адолець, каб i хацеў адолець. Ты можаш вiнiць мяне, бацька. I я сапрўды вiнаваты. Я ва ўсiм вiнаваты i мне горка да болю, што вы мне ўсё даруеце, як-бы я заслужыў перад вамi нешта такое, за што вы мусiце цяпер быць мне ўдзячнымi цэлае вашае жыцьцё. Ты можаш вiнiць мяне, бацька. Ты можаш праклясьцi мяне, бацька. Я заслужыў гэта. А ты, мая сястра, гаворыш, што я не вiнаваты, што каб я не квялiў сябе, што гэта ўсё напiсана на нашым раду.

Сястра мая, даўно цябе ня бачыў

ад самага крывавага жнiўя.

Балюча мне за ўсе мае няўдачы,

за ўсе мае грахi, што аплацiў не я.

Калi-б нi я, усё было-б iначай,

я стаўся ўсяму вiной:

жыцьцё сваё i ваша перайначыў,

i ўсё пайшло ня тою стараной.

Яшчэ калi баi iшлi далёка,

а ўжо ў перадсьмяротны час

страшней вайны аднекуль з боку

наш лёс насоўваўся на нас.

Адно другога ўсё трагiчней,

i страшна – гора бяз турбот

збываў я песьняю лiрычнай,

замест каб стаць на эшафот.

Вясна ўжо выбухнула зялёнымi выбухамi купчастых дрэў. Мокрае абнавiлася, патанула ў гэтых выбухах. Павеяла вясновым ветрам, заблiшчэла поле краскамi, узьнялося сонца i сьвецiць павясноваму радасна, блiскотна, урачыста. I я зноў на новым пад'ёме. Адчуваю ў сабе прыток новай сiлы. Уваскрасаю разам з прыродаю. Шмат пiшу. Уклаў зборнiк сваiх вершаў. Старанна перапiсаў атрымалася цэлая кнiга. Засунуў пад наша застрэшша на двары. Некалi мо вярнуся, дык буду мець, дык, паехаўшы ў Менск, аддам у выдавецтва.

Тое, што недзе ўначы гудуць самалёты мяне анi ня турбуе. Тое, што выбухi з кожным тыднем як-бы наблiжаюцца, успрыймаецца мною як нешта пабочнае. Вёска рыхтуецца да Вялiкадня. Белiць у хаце печы, чысьцiць, прыбiрае, пячэ пасхi, фарбуе яйкi. Бацька напачатку ня думаў – як звычайна перад Вялiкаднем – бялiць печ, нешта перарабляць, перастаўляць у хаце, прыбiраць на панадворку i вакол хаты, але перадумаў – узяўся. Як-жа адступаць ад даўно заведзенага? Не глядзi на нiшто. Памiрай, а жыта сей. Мацi з сястрой льлюць на падлогу гарачую з чыгуноў ваду, адскрабаюць нарослы за зiму на цэлы корх бруд. Падлога, як новая, засьвяцiлася сваiмi сасновымi палавiцамi. Каб не насьлядзiць, захаваць падлогу чыстай i на сьвята, бацька заслаў яе саломай i мы ходзiм па ёй дзень, а то й два, пакуль не адкрыем на сьвята. Хата, пасьля чысткi i ўпарадкаваньня – як ня тая: Вялiкодная, сьветлая, радасная.

Заўзята рыхтуецца да Влiкадня i Хiма. У яе ўжо ўсё гатова: пасха, кулiчы, сыр, шынка. Яна павязе пасху ў Папову Гару сьвяцiць – кажуць, там ёсьць поп. Дуся дапамагае мацi ва ўсiм. Я-ж майструю люльку – Дуся будзе хутка раджаць. Яна выглядае цяпер яшчэ прыгажэй i зайздросьней. Жывот толькi трохi выпiрае пад ейнай балахонкай яго амаль ня вiдаць. Яна яшчэ як дзеўка, толькi трошкi як-бы папаўнела, акруглiлася, паходка сьцiшаная, ейны стан тоiць у сабе нешта такое, што мне да спадобы, прыгожы, прывабны, на ёй блюзка-бязрукаўка, грудзi заяўляюць пра сябе болей, як раней, шыя – тонкага крою, вочы – як у iконкi, толькi цяпер больш глыбокiя i супакоеныя. Дуся, стоячы над сталом, фарбуе, расьпiсвае яйкi i ўсьмешка ў яе, як у нованароджанай. Зьверху, з покуця, на яе глядзiць Божая мацi i мне здаецца, што цяпер iх дзьве. Прыбраная хата, сьветлыя вокны, накрыты белым абрусам стол, Дуся каля яго, запаленая лямпадка пад абразамi i нават тое, што я майструю люльку, стругаю гэблiкам дно пад яе i мне пад ногi спадаюць закручастыя стружкi – усё гэта мае нейкi асаблiвы сэнс, ва ўсiм гэтым адчуваньне нечага, што мае хутка наступiць, адчуваньне, што яно ўжо тут, у хаце, варта толькi нейкай нябачнай завесе расьхiнуцца – i зьявiцца цуда. Толькi трэба ўчуцца i чакаць. Усё ў чаканьнi – i Дуся, i люлька, i хата, i я.

Я ўсё сваё жыцьцё чакаў. Думаў, што ўсё маё яшчэ наперадзе. Што прыйдзе тое сапраўднае, маё, чаго я хачу i да чаго iмкнуся. Што тое, чым я жыву цяпер – гэта яшчэ не маё я, што маё я яшчэ будзе, мае наступiць. А што такое маё я, якое яно, я й сам ня ведаў. Ды й ня думаў пра гэта нiколi. Але ўсё-ткi недзе, у падсьведамасьцi, было спадзяваньне нечага, хоць мне i няяснага. Я ня ведаў, што яно такое i ня меў клопату пазнаць яго. Гэта я ўжо цяпер "аналiзую". Тады-ж я нiчога ня ведаў i ведаць не хацеў. У мяне ня было нiякай патрэбы да майго я. Я быў шчасьлiвейшым чалавекам без яго. Нашто яно было мне? Мне было добра жыць без яго, без майго я. Гэта ўжо неяк бацька прабудзiў тое маё я.

У Першую сусьветную вайну бацька мой быў салдатам, звычайным салдатам, ня ўмеў нi пiсаць, нi чытаць. Быў ён на фронце недзе ў Румынii. Умовы на пазыцыях цяжкiя, у тым лiку – санiтарныя – завялiся вошы i блохi. Заелi, скусалi салдатаў. Бацькаў камандзiр, якога ён паважаў, як адукаванага i разумнага чалавека, вазьмi i напiшы верш пра вош. Бацька ня гаварыў "напiсаў верш", а "складна ўняў пра вош". У тым вершы, зьвернутым да вашы, камандзiр радзiў ёй, вашы, пакiнуць грызьцi беднага салдата ў зямлянцы, худога i зьнясiленага, а запаўзьцi пад кашулю афiцэра, ён гладзейшы, у яго больш крывi, чыстая бялiзна i наогул куды лепшыя ўмовы, як у таго абяскроўленага салдата. Камандзiр прачытаў свой твор салдатам i тыя, канешне, былi ў захапленьнi ад яго. Гэтую гiсторыю бацька расказаў мне, калi я хадзiў у трэйцюю клясу. Закончыў бацька пра свайго камандзiра словамi: "Складна ўмеў пiсаць. Вот чалавек быў! Галава!"

Я й захацеў быць той "галавой", захацеў "складна" пiсаць. Гэтак пачалося ўсьведамленьне майго я. I цяпер я – як-бы на самай справе я. Але гэтае маё я завяло мяне, вiдаць, ня туды. Я пакутваю ад яго. I ня толькi я, а й мае блiжнiя. Я паддаўся свайму я. Яно перамагло мяне. Дзе цяпер я? Дзе цяпер яно? Нiдзе. Да майго я зьвяртаецца цяпер бацька, просiць, каб маё я нешта парадзiла. Што нам рабiць i куды дзецца? Але маё я слабое. Яно ня здольна на нейкi рашучы крок. Я ў палоне майго я. Над iм не стаiць розум. Маё я не падпарадкоўваецца розуму. Я раблю ўсё насуперак розуму. Мне, напрыклад, трэба было-б пайсьцi ў партызаны. Паслухацца Вяркеева, а яшчэ перад iм – тых, што заходзiлi да нас, дамагалiся сустрэчы са мною. Выпускаў-бы газэту. Складаў-бы лiстоўкi. Я-ж навучыўся ўжо пiсаць "складна". Быў-бы ў лясным партызанскiм штабе. Мог-бы ўзяць з сабою i Дусю, цi хадзiць да яе з лесу. Каб у мяне быў розум, ён падказаў-бы мне толькi такi варыянт. Але маё я не захацела. Адкiнула такi вырыянт. Пайшоўшы ў лес, я мог-бы выжыць у лесе: лес усё-ткi – ня фронт. А прыйшоў-бы той сапраўдны фронт, ён хiба ацанiў-бы мае лясныя партызанскiя заслугi i ўзяў-бы мяне на сваё ўзбраеньне, як чалавека, што ўмее складна пiсаць? I гэтак я пераседзеў-бы недзе ўсю вайну, як яе пераседзелi шмат якiя майстры складна пiсаць. Таго глядзi, я мог-бы быць сёньня ў маёй шматпакутнай Беларусi народным. Але маё неразумнае я не пайшло па гэтай дарозе, засталося сваiм я. Мне не наканавана было быць народным. I гэтак я застаўся з сваiм я. Я ня ведаю, цi гэта добра. Цешу сябе толькi тым, што, не зрабiўшыся народным, я меў магчымасьць сказаць пра сваё я. Часамi прыходзiць дума, якую я, канешне, нiкому ня выказваю, што гэтае маё маленькае я некалi перацягне на вазе справядлiвасьцi народнага гладкапiсца. Але гэта толькi мiж iншага.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю