355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Масей Седнев » I той дзень надыйшоў (на белорусском языке) » Текст книги (страница 2)
I той дзень надыйшоў (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 8 октября 2016, 16:06

Текст книги "I той дзень надыйшоў (на белорусском языке)"


Автор книги: Масей Седнев



сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 16 страниц)

– Я хутка спраўлюся, – гаворыць Вяркееў.

А мне не па сабе: чаму я мушу яго чакаць, пакуль ён "справiцца"? Мiжволi мяне ахоплiвае ўяўленьне таго, што чакае Вяркеева ў Акулiны.

Мы ўжо на Акулiнiным панадворку. Месяц сьвецiць, як назнарок, зырка. Нiякага ценю – нас могуць пабачыць з вокнаў бацькi Акулiны. Як праз мiннае поле, праскочылi панадворак. Апынулiся ў садзе. Вяркееў цiхенька стукае ў сьцяну, за якою сьпiць Акулiна. Чуткая, яна саскоквае (чуваць было) з свайго ложку – чакала, ня спала. Адсоўвае завал у дзьвярох, i Вяркееў нырае ў тыя дзьверы, як у якую ямiну. Я толькi цяпер усьведамiў, у якiх дурнях я апынуўся. Хаваюся ў цень разложыстай грушы. Ды сад, увесь залiты месячным сьвятлом, здрадлiвы, выкрывае мяне. Мне трэба было пакiнуць Вяркеева, не чакаць яго пакуль ён "скончыць". Але мне ўявiлася ў гэты момант Акулiна – у кароткай ночнай сарочцы, i я стаю, ня йду, чакаю Вяркеева.

Вось Вяркееў ужо "справiўся", выходзiць ад Акулiны.

– Выбачай. Здаецца, я не забавiўся надта. Каб яна мяне хутчэй адпусьцiла, я сказаў, што ты ждэш мяне.

Мяне, як апякло – нашто ён сказаў, што я тут. Асыстую, цi што?

Пачулiся дзявочыя галасы – зацягнулi песьню, такую сумную i павольную, што, здавалася, некага недзе хаваюць.

– Сядзяць яшчэ, дуры. Ня йдуць спаць, – азваўся Вяркееў. – Зайшоў-бы й ты да якой, а то глытаеш сьлiнькi.

Мяне гэта раззлавала, але я змоўчыў. А чаму "раззлавала"? – запытацца-б. Сьлiнькi я-ткi глытаю. У яго ўсё проста, а ў мяне – складана.

Падыйшлi да дзяўчат. Яны, як i заўсёды, на сваiм мейсцы, пад хатаю дзеда Мельнiка. Мельнiк iх ня гонiць. З нашым прыходам дзяўчаты сьцiхлi – сумелiся.

– Дзеўкi, во яшчэ два жанiхi прыйшлi. Не зявайце. Запрашайце ў клець. Добрыя хлопцы.

Гэта жартуе Вусьцiн. Ён сядзiць памiж дзяўчат, шчыплiць iх, лезе з рукамi куды ня трэба. Абараняючыся, яны калоцяць яго кулакамi, невядома – напраўду, цi ўяўна.

– А можа яны ўжо былi ў клецi i другi раз можа не захочуць, – адказала Вусьцiну нейкая, вiдаць, самая баявiтая.

– Калi-б былi ў клецi, рана так-бы ня выйшлi.

– Зашмат ты ведаеш, мой ты Вусьцiнчык, – кпiла з Вусьцiна баявiтая i абнiмаючы яго, прыгаварвала:

– Дай я цябе, мiленькi, пацалую.

– Вытры перш свае лыпы... тады, – падняўся Вусьцiн i падыйшоў да мяне. Я насьцярожыўся – што ён скажа? Вусьцiн узяў мяне за плячо, адвёў у бок i цiха, каб не пачулi, прамармытаў:

– Пойдзем. Завяду. Да Агапкi. Яна хоча цябе.

А потым:

– Чаму ты не зайшоў да мяне?

– Вусьцiн, пакiнь мяне, прашу, – адказаў я ў злосцi i мяне пачулi дзяўчаты.

– Ня хоча! – як адсек Вусьцiн.

Дзяўчаты выбухнулi сьмехам.

Абсьмяяныя, мы ня ведалi, як адыйсьцiся ад iх. Ды гонар загаварыў у нас i мы пайшлi.

– Узыйдзем да ветрака? – запытаўся я.

– Не. Пайду спаць. Правядзi мяне да моста i я пайду. А ты йдзi да ветрака.

Я рады быў, што ён пайшоў. Але мне сумна аднаму. Мне не хапае некага. Некага, хто мог-бы быць разам са мною. Вяркееў ня быў са мною. Ён быў з сабою, далёкi мне. Я быў з iм, але мая душа адварочвалася ад яго, баранiлася. Вяркееў кажа, што я нерэальны, а я ня люблю яго, рэальнага.

Вяркееў пайшоў, а я застаўся адзiн на мосьце. Ад месячнага сьвятла мяне баронiць, хавае ў свой цень сьхiленая над мостам разлогая вярба. Месяц залiў, напоўнiў сваiм сьвятлом усю паднебную прастору. Куды нi зiрнеш – усюды сьвятло. Я люблю такую ноч. Ад месячнага сьвятла вочы ня жмурацца, як ад сонца. Зрок вайстрэйшы, больш пранiклiвы. Месячнае сьвятло хмелiць, п'янiць, узьнiмае сiлу i табе хочацца загаварыць з цэлым сусьветам.

З моста я ўзьняўся на свой узгорысты, дзе школа, бераг. Адсюль, з узгорку, пабачыў агеньчык у ейным вакенцы. Гэтак позна? Агеньчык выдаўся мне гэткiм цёплым, мяккiм. I мне захацелася пайсьцi на гэты агеньчык. Спусьцiўся зноў на мост. Перайшоў яго. I я пад ейным вакном. Гляджу – сядзiць за сталом. Твар асьветлены лямпай. Засяроджаная. Вейкi апушчаныя – чытае. Вось яна прыўзьняла галаву – кiдкi пагляд. На ёй – узорыстая ночная кашулька, адкрытая на грудзёх. Што яна чытае? Вось яна вылазiць з-за стала, звабная, стройная. Тушыць, дзьмухнуўшы ў пузырок, лямпу. I я больш ня бачу яе. Застаўся ў вачох толькi ейны вобраз.

Назаўтра, прачнуўшыся (гэта была нядзеля) даведаўся, што мае адбыцца нейкi важны сход калгасьнiкаў i што дзеля гэтага перапыняюцца ў калгасе ўсе працы, нягледзячы на тое, што пагода стаiць добрая i можна было-б шмат чаго надрабiць у полi. Мая пастанова пайсьцi сёньня касiць ня зьдзейсьнiцца.

У хату ўваходзiць старшыня калгасу – чаго гэта ён? – ветлiва вiтаецца, загаварвае з бацькам.

– Я, Лявонавiч, гэта да сына твайго.

I ўжо да мяне:

– Масеевiч, сёньня ты нам патрэбен. Пушчаем на подпiс "Лiст беларускага народу таварышу Сталiну". Лiст напiсалi беларускiя паэты, дык каму яго чытаць i тлумачыць, як не табе. Ты-ж сам, можна сказаць, пiсьменьнiк i добра ведаеш iхныя рыфмы. Гэта табе будзе як грамадская нагрузка. А як-жа, ты-ж студэнт, дзяржава цябе вучыць, дык мусiш ёй адплачваць. Ня ўсё-ж табе лынды бiць.

Старшыня ўручыў мне "Лiст", сказаў падрыхтавацца да выступленьня на дванаццатую гадзiну. Сход будзе на вулiцы, ля нашай-жа хаты. Вынясуць для прэзыдыюму стол, а людзi расьсядуцца дзе як хто, не вялiкае панства.

"Лiст" я ўжо чытаў у пэрыядычным друку. Напiсаны ён беларускiмi паэтамi калектыўна, на чале з Янкам Купалам. Першымi напiсалi вершаваны лiст Сталiну грузiны, i ад iх пачалi браць прыклад iншыя рэспублiкi, адна перад адной навыперадкi, сьпяшаючыся засьведыць сваю адданасьць правадыру, усхваляючы яго на ўсе лады, выказваючы яму падзяку за ўсе дасягненьнi, якiх ня было-б без яго. Усё забавязанае ягонаму генiю. У "Лiсьце" было намалёвана самае бязбеднае жыцьцё ў Беларусi. Асабiстыя подпiсы беларусаў павiнны пацьвердзiць гэта.

I вось я за сталом у прэзыдыюме. Побач мяне старшыня, Вяркееў, брыгадзiры, рахункавод, кладаўшчык. Наўкола разьмясьцiлiся калгасьнiкi – мужчыны i жанчыны, хто дзе: на прынесеных лаўках, услончыках, на жэрдзях пад плотам, а найбольш – на зямлi, падмеценай i цьвёрдай, як ток. Дзяўчаты купкамi стаялi наўзбоч. Перад сталом, унiзе, паселi малыя.

Для слова адкрыць сход падняўся старшыня. Гоман прыцiх: што ён скажа? Чаго гэта так сагналi ўсiх?

Старшыня – ён быў ужо выпiўшы – пачаў:

– Ну, чаго вы разьвесiлi вушы? Манны ад мяне чакаеце, цi што? Бачу, сабралiся сюды дружна, ня так як на працу, вашу... Ну ды ладна. Наш паважаны студэнт, пiсьменьнiк, наша, можна сказаць, кроў, Мiкола Масеевiч, прачытае вам зараз лiст нашаму дарагому Сталiну. Слухайце i ня сьмейцеся, такую вашу... Падпiшаце ўсе, як адзiн, гэты лiст – умее хто цi ня ўмее стаўляць каракулi. Круцiць хвастамi, прашу, ня круцiць. Вашы подпiсы пойдуць у сельсавет, у раён, а там i далей, аж да саменькага Сталiна. Прашу, Масеевiч.

Я пачаў чытаць. Прызнаюся, што ня так, як трэба было-б. Я чытаў занадта хутка, гнаў – як-бы перада мною сядзелi самi паэты, якiя яго напiсалi. Чытаў з запалам, натхнёна, спадзяючыся, што такiм спосабам я дасягну найбольшага эфэкту. Ды ня тут тое было. Напачатку, можа якую хвiлiну-дзьве, мяне слухалi ўважлiва, а потым, калi стамiлiся ад майго малачэньня, перасталi слухаць, пачалi гаманiць, кiдаць рэплiкi, якiх я не разумеў, смяцца. Каб гэта быў нехта iншы, напрыклад прадстаўнiк з раёну, цi хто з сельсавету, яны церпялiва слухалi-б, а я быў свой, мяне не баялiся, мяне можна й ня слухаць.

Старшыня, рашчырванелы, заклiкаў да парадку, але гэта яму мала ўдавалася (ён таксама быў свой). Чытаньне маё перарывалася. Вяркееў падказваў мне, каб я чытаў павальней, не сьпяшаўся, больш тлумачыў. Ды ўжо сход выйшаў з-пад кантролю, i яго цяжка было наструнiць. Дзяўчаты пырскалi ад сьмеху, нешта паказвалi мне на пальцах, а я яшчэ болей бянтэжыўся: я ўпяршыню выступаў на такiм людным сходзе. Асаблiва я быў зьбiты з тропу, калi дайшоў да таго месца ў "Лiсьце", дзе апiсвалася заможнае жыцьцё калгасьнiкаў. Узьняўся яшчэ большы гоман, сьмех, пайшоў у ход досьцiп, i я ня ведаў, як мне быць. Ды мае аднавяскоўцы, вiдаць, шкадуючы мяне, трохi ўгаманiлiся, далi мне магчымасьць чытаць далей. Але зноў-жа не маглi стрымацца, калi я дайшоў да радка "i дзяўчаты ходзяць у шаўку". Выбухнуў сьмех. Дзяўчаты, што стаялi збоч, былi ня толькi не ў "шаўку", а босыя. "Глядзеце, як надзеў iх Сталiн – прост вулiцу мятуць шоўкам". "Чытай, чытай, Масеевiч, далей – што там яшчэ?" Яны пачалi ўважлiва слухаць мяне, але я, зьбянтэжаны, пачаў зьбiвацца, чытаць нявыразна, рабiць памылкi быццам бачыў гэты тэкст упяршыню. Неяк дачытаў. Сеў, засаромлены. Вяркееў кiнуўся ратаваць справу, зьвярнуўся да калгасьнiкаў з словам пра значэньне "Лiста", сказаў, што кампанiя па збору подпiсаў праводзiцца па ўсёй Беларусi i што працоўныя рэспублiкi з энтузыязмам ухваляюць "Лiст", кладуць свае подпiсы пад iм. Гаварыў, што "Лiст таварышу Сталiну" натхняе працоўных на далейшыя зьдзяйсьненьнi. Падпiсацца ўсiх настойлiва заклiкаў i старшыня калгасу. Але шмат хто не хацеў падыходзiць да стала падпiсвацца.

– Як нашы подпiсы пойдуць у сельсавет, у раён i далей, дык я не падпiшуся, хоць вы тут трэсьнiце. Я ня ведаю, што там зробяць з маiм подпiсам. Як на яго паглядзяць.

Гэта сказала Хадоска, удава, што не прапусьцiць нiводнага сходу i не пасаромiцца сказаць, што ёй узбрыдзе на вум. Любiць "шарахнуць", як пра яе гавораць.

– Нiчога з табой ня станецца, як падпiшышся. Як не падпiшышся, во тады... – даймаў яе старшыня.

Старшынёва папярэджаньне было ўспрынята сходам, як пагроза, i ўсе падпiсалiся пад лiстом Сталiну.

Я страшэнна быў незадаволены сабой. "Называецца, выступiў". Пайшоў у хату – мацi гукала есьцi.

Толькi селi за стол, як прыйшла Агапка, нашая вясковая дзяўчына. Яна скончыла сямiгодку, i нiбыта хоча параiцца са мною, куды ёй паступiць далей. Але ейны прыход быў успрыняты iнакш – яе цiкавiць не вучоба, а нешта iншае. Гэта ўжо ня першы раз, што яна прыходзiць да нас у хату, робiць мне нязручнасьць, запрашае мяне куды-небудзь пайсьцi з ёю – то ў калгасную канцылярыю рабiць насьценную газету, то на танцы, то проста пагуляць, прайсьцiся з ёю па вулiцы. Але я не магу прыняць нiводнай ейнай прапановы: не хачу з ёю зьвязвацца. Аднойчы было й пагадзiўся, выйшаў з ёю на вулiцу, дык яна адразу мяне пад руку, шчыльна тулiцца, а мне ад сораму хоць праз зямлю правалiся – я нiколi нi з кiм не хадзiў пад ручку, ды яшчэ па вулiцы, каб усе глядзелi на цябе. Гэта толькi яна можа вытрымаць, ня гнуцца пад позiркам усёй вулiцы. I я зарокся – нiкуды не хадзiць з ёю. Але й не хацеў яе крыўдзiць. Я-ж студэнт i мушу абыходзiцца з ёю культурна, не паказваць сябе дзiкуном. Яна бяз мала таксама студэнтка, калега мне. Пасвойму мне нават шкада яе. Вось i цяпер – сядзiць на лаўцы, спрабуе загаварыць, але нi бацька, нi мацi, нi сястра ў гаворку з ёй ня ўступаюць. Маўчу i я. Ветлiвасьць вымагала-б запрасiць яе за стол, але гэтая традыцыя была парушаная ў дачыненьнi да яе: бацькi ня лiчылi яе роўнай мне i паставiлiся да яе досыць няпрыхiльна. Ёй няёмка, яна ня ведае, як ёй быць, круцiцца, ёрзае на лаўцы. Я сяджу, як на вуглёх, раблю перад бацькам выгляд, што ня цiкаўлюся ёю. Мне здаецца, што мацi добра ведае, чаго яна прыйшла, i гэта яшчэ больш бянтэжыць мяне. Мне сорамна, што дзяўчына сама завiтала да мяне ў хату гэтак адкрыта. Трывае нязносная напружанасьць i маўчанка, толькi чуваць, як бацька сярдзiта сёрбае, паскорана сiляючы з мiскi капусту. Нарэшце, мы скончылi есьцi. Я вылажу з-за стала, яна злазiць з лаўкi, гэстамi i рухамi выводзiць мяне з хаты. За дзьвярыма ўлавiла маю руку i, разагрэтая, зiхатлiвая, у нецярпеньнi мала ня цягнiць мяне праз варотцы ў наш сад, дзе яшчэ з мiнулага лета стаяў будан: бацька начаваў там, калi дасьпявалi яблыкi, каб нiхто не абтрос iх. Агапкiны бацькi – нашыя суседзi, iхны i наш двор перагароджаны толькi нявысокiм плотам i канешне-ж Агапка ведае пра iснаваньне ў нашым садзе гэтага будана. Ашчаперыла мяне аберуч за шыю i сунецца задам, цягне да будана. Пры самым уваходзе ў яго, падае наўзнач. Самлелая, цiха ляжыць, як у няпрытомнасьцi. Я маруджу... Рыпнулi варотцы мацi. Я ўскочыў. Мацi ўжо выходзiла праз заднiя дзьверцы ў поле, як-бы нiчога не пабачыўшы. Агапка, узьняўшыся, аплявушыла мяне з усяго маху. Пайшла прэч, не азiрнуўшыся.

Куды мне дзецца цяпер? Я прапаў. Як мне паказацца на вочы бацьком? Што яны падумаюць? Шануюць, шкадуюць, вераць у маю чысьцiню.

Гэта ўжо ня першы выпадак са мной. Было ўжо i раней... Сямiгодка, у якой я вучыўся, была за дванаццаць кiламэтраў ад нас, i я прыходзiў да хаты толькi на выхадныя. У панядзелак рана, з хатулём за плячыма, вяртаўся назад у сваю школу. Калi было разводзьдзе, бацька, надзеўшы боты з высокiмi халявамi, прыносiў мне харч сам – мацi баялася, каб я, замачыўшы ногi, не прастудзiўся. Амаль кожны раз – туды i назад – са мною разам хадзiла ў тую-ж самую школу адна дзяўчына з Мокрага Другога, старэйшая за мяне на пару гадоў. Заходзiла да нас у хату, калi была гатовая ў дарогу раней, як я, чакала пакуль мяне зьбярэ мацi, i мы, ужо гатовыя, выходзiлi з хаты, накiроўваючыся ў нашу далёкую школу. Або я заходзiў да яе, чакаў пакуль яна зьбярэцца. I так узапар колькi год. Я лiчыў яе прыгожай, паважаў i мне як-бы не хапала яе, калi я ня бачыўся з ёю. Па дарозе ў школу мы ўвесь час няспынна гаварылi, у нас заўсёды было пра што гаварыць. Мы iшлi i праз лес, i праз поле, праз сенажацi, пераходзiлi рэчку – прыгожа было, лёгка, асаблiва вясною. Ня чулi сваiх хатулёў за плячыма. Аднойчы, калi мы вярталiся з школы дамоў (была якраз вясна), яна (яе звалi Наташай), з кветкамi ў руках, што яна назьбiрала па дарозе, з нейкай асаблiвай пяшчотай разьвiтвалася са мной перад нашай хатай i мая мацi бачыла ў вакно гэтае нашае разьвiтаньне. Невядома што мацi здалося. Толькi, калi я ўвайшоў у хату, мацi адразу папрасiла мяне за стол, дала есьцi. Я бяруся за лыжку i ем. Мацi то падыйдзе да стала, пакладзе нешта, адыйдзе, то зноў вернецца. Я гэтага не заўважаю – гэта для мяне звычайна. Ды чую мацi нешта сказала – я ня ведаю дакладна што яна сказала, але мяне тое пачутае раптоўна апякло, абдало ўсяго гарачынёю, градам брызнулi сьлёзы. Кiнуў лыжку, выскачыў з-за стала: мацi ўпiкнула мяне Наташай. I я перастаў разам з ёю хадзiць у школу.

Я цяпер разумею, як аберагала мяне мацi, баючыся, што, недасьведчанага i неспакушанага, мяне можна лёгка спакусiць. Вось тое самае i з Агапкай. Дурнота i ўсё.

Рашчулены, бягу, куды вочы глядзяць. Забягаю на могiльнiк, што недалёка ад нашае хаты. Там высокiя, гонкiя сосны. Такiх соснаў нiдзе няма. Таемны шум-гоман. Услухайся ў яго. Гэта табе яны шэпчуць, шумяць, гамоняць. Пытаюцца, цi ты з iмi заадно, цi ты чуеш iх. I я сапраўды чую iх, ад iхнай гамонкi мне лягчэй. Я прыракаю iм, спагадным, што я чысты, i ад мяне, чыстага, яны прыймаюць споведзь. Я спавядаюся перад iмi i яшчэ... перад мацi. Я ўпэўнены, мацi ведае, якi я – спакусьлiвы, але неспакушаны... Нехта ўсё-ткi звалiў тут сасну. Падаючы, яна памалацiла дрыўляныя крыжы. Угары, дзе яна даставала сваёю галавой неба, цяпер прагалiна: адышла адна з сясьцёр i болей ня вернецца. Можа таму гэтак тужлiва шумяць сосны на могiльнiку.

Шыбую да моста – можа яна там. Не, няма. Няма нi яе, нi гусей, нi хлапчукоў. Яны купалiся, калi пякло сонца, цяпер-жа яно нiзкае i купаньне скончылася. Можа яна на астраўку з гусямi? Але нашто яна мне? Не, мне яна патрэбная. З яе я зрабiў сабе казку. Ад гэтай казкi харашэе мая душа, ясьнее, расьце, удасканальваецца. Але што гэта я пляту? Гэта-ж зусiм ня тое, што я хачу сказаць. Гэта-ж лiтаратура, а лiтаратурай ня выкажаш душы, усё будзе толькi прыблiзным, а, значыцца, несапраўдным. Будзе лiтаратура. У мяне няма адзiных, сапраўдных слоў. Усё гэта толькi цьмяны адбiтак iх. Я ня люблю сябе за сваю няздольнасьць адтварыць найменшы рух свае душы i можа таму, што не магу гэты рух улавiць i ўсьведамiць. Ты хочаш быць абсалютна праўдзiвым, хочаш сказаць пра сябе ўсю, поўную праўду, а ня можаш – усё-ткi нешта хаваеш. Баiшся гэтай поўнай праўды. Думаеш, калi скажаш, тады ўжо ня будзе цябе, гэта будзе ўжо нехта iншы, ня той, кiм ты сябе выстаўляў, цябе разлюбяць i пакiнуць, ты проста перастанеш быць чалавекам. Няўжо чалавеку трэба маскавацца, каб быць чалавекам? Думаю, што так. Я, напрыклад, адкрыты чалавек, нават больш, чымся трэба, i таму часта станаўлюся лёгкай здабычай iншых. У кожным разе, усё, што я цяпер пiшу – гэта толькi напоўпраўда. Поўная тады, калi я выварачваю сябе, крытыкую, адмаўляю сябе, не баючыся паказаць самае адмоўнае ў сабе.

Я ў нашым "Цэнтры". Тут сёньня пуста. Праўда, Сельпо адчынена – iдзе рэвiзыя. Цi дакладней, капэратар рыхтуецца да рэвiзыi, зводзiць канцы з канцамi, махлюе, хоча, калi прыедуць рэвiзоры, выкруцiцца, паказаць, што ў яго ўсё чыста-гладка. Тут-жа i фiнагент – дапамагае. Гэты ўбачыў мяне. Выходзiць.

– Шкадую цябе, таму i гавару. Чуў, што ты ня ўправiўся з "Лiстом Сталiну". Кажуць, каб не Вяркееў, быў-бы поўны правал. Сход быў-бы сарваны i нiякiх подпiсаў пад "Лiстом" ня было-б Гавораць, ты чытаў "Лiст", а сход сьмяяўся. Нейкi ты нехлямяжы... I чаго ты тырчыш тут? Ня змываешся? Не разумею.

Адбрыў i пайшоў назад, у лаўку. Адкуль ён даведаўся пра той сход? Вяркееў цюкнуў?

Сонца зьнiжаецца павольна, але прыкметна. Калi пастаiш з хвiлiну цiха, бачыш, што яно асядае. Вятрак на ўзгорку ўвесь у золаце. Гарыць. Як падсьвечаны. Цiха стаяць задумнай сьцяною на левым баку рэчкi жыты. Вечарэе i ўсё супакойваецца.

Да Вусцiна не пайду. А куды? Дахаты? Не. Праходжу паўз Дусiну хату. Забачыўшы мяне, стукае ў шыбiну ейная мацi i рукою паказвае, каб я зайшоў. Заходжу – прыехаў Ягор. Два гады ня бачыў яго, з таго часу, як ён паехаў у Вiцебск, у ФЗУ. Вiтаемся. Але хто гэта яшчэ з iм? Ягор, радасны, вясёлы, знаёмiць мяне. Яна называе сябе Эмай. Значыць, ня тутэйшая – гарадская. У нас такiх iмёнаў няма i ня можа быць. Хачу дзеля ветлiвасьцi сказаць нешта "Эме", але не магу – ня выходзiць. Я не чакаў тут нiякай Эмы.

– Праходзь, праходзь, даражэнькi, – гаворыць мне Дусiна мацi. – Я-ж табе казала, што прыедзе наш Ягорка, дык, бачыш, i прыехаў. I не адзiн, бачыш, а i з нявестай – свадзьбу будзем спраўляць. Яны-ж зразу i ад'яжджаюць. Прыехалi паказацца нам, старым, а там i наўцёкi. Во як, мой ты даражэнькi. Хацелi толькi запiсацца ў сельсавеце, а я не – свадзьба! Была-б царква, дык i ў царкву... Ды што ета я загаварылася? Праходзьце, чаго ета мы ў парозе стаiм? Каб-жа я знала, лiтру купiла-б. Цяпер ужо лаўка закрыта. Ты недзе, стары, прыхаваў... Ёсьць у цябе недзе бутылка якая? Гналi-ж нядаўна. Ня выпiў-жа ўсю.

Эма загаворвае з бацькам Ягоркi, прыглядаецца да Дусi. Ягор дастае з свайго куфэрку нейкiя рэчы – падарункi для мацi i бацькi. Я стаю i гляджу. Дуся чакае, што дасьць "брацiк" ёй.

– Табе дасьць нешта Эма.

Эма выцягвае з свайго "багажу" (яны яшчэ не распакавалiся) прыгожую блюзку:

– Надзень-ка, цi падыйдзе.

– Ськiнь-жа перш кашульку, – сказала Дусi ейная мацi.

Дуся ня слухаецца.

– Ну пасьля прымераець. Саромiцца Масеевiча. Грудкi вунь пайшлi ўжо, сказала Хiма.

Узяла з рук Эмы блюзку, павесiла ў шафе. Захадзiлася па хаце, пачала, сьпяшаючыся, рыхтаваць – i тое, i другое, i трэцяе, накрываць на стол, садзiць гасьцей, у тым лiку i мяне. Ейны "стары" дастаў з падпольля дзьве бутэлькi "сiвухi", свайго вырабу самагонку. Запалiлi вiсячую над сталом лямпу. Сьвятло ўпала на белы, чысьцюсенькi абрус, настала сьвята. Хiма ўжо ўсiх усадзiла за стол, толькi я стаю – мне трэба дахаты, мяне там чакаюць. Гадаюць, дзе я? Што са мною? Не вячэраюць – ждуць мяне. А мяне тут садзяць. Дусiна мацi ўгаворвае мяне, я аднекваюся. Я мусiў-бы быць ужо дома. Стаю, не саджуся за стол. Няўгледна Дуся (дзiўна, я называю яе ўжо Дусяй i мне стала гэта падабацца) пасьпела ўжо надзець блюзку, што ёй падаравала Эма, i цяпер, седзячы за столом, уся зiхцiцца, прычэсаная, зыркая, радасная. Хiма ўсё-ткi ўгаварыла сесьцi мяне за стол i якраз усадзiла мяне побач Дусi. Насупраць мяне, праз стол, сядзiць Эма, Дусiн бацька з Ягоркам сядзяць на покуце. Дусiна мацi пачала падаваць на стол. Сама не садзiлася яшчэ. Сказала, яна прымосьцiцца дзе-небудзь як управiцца, – "кыла сваёй дарагой нявестачкi". Гаспадар налiў у шклянкi гарэлкi – усiм, апрача Дусi. Ёй мацi прынесла малака з белым хлебам, што, вiдаць, прывёз Ягорка з Вiцебску. Выпiлi за прыежджых, за гасьцей. У лiк гасьцей Дусiн бацька залiчыў i мяне. Пiлi ўжо па другой, заядаючы. Я саромiўся, што са мною гэтак блiзка сядзiць Дуся, ня мог з ёю гаварыць. Распачаў гаворку праз стол з Эмай. Ад гарэлкi язык мой разьвязаўся. Эма была радая, што я зачапiў яе – разгаварылася са мною, як-бы з даўнiм знаёмым. Выклала ўсё: i дзе яна нарадзiлася, i хто ейныя бацькi, i дзе яна вучылася, i што яна робiць, i як яна пазнаёмiлася з "сваiм Ягорушкай". Дусiна мацi прысела да яе i ўважлiва слухала, вывучала "нявестачку". Гаспадар гаварыў найбольш з сынам, не забываючы частаваць гасьцей сваiм "першаком", самай моцнай гарэлкай, што iдзе з апарату на самым пачатку. Пазьнейшая гарэлка – гэта адгон. Ён слабейшы. "Пяршак" гарыць, як сьпiрт, адгон – не. Хiма зацягнула на вокнах "гардыны" з мяшка. Стала больш утульна. Хоць гэтая ўтульнасьць пачулася хутчэй ад "першаку". Стол ужо загаманiў, гудлiва, працяжна, голасна. Асаблiва была звонкай Эма, яна заглушала ўсiх, ня слухала, што гавораць iншыя, зьвярталася толькi да мяне, выцягваючы сваю доўгую, белую шыю i кладучыся на стол сваiмi адвiслымi грудзьмi. Глядзела на мяне як-бы спадыспаду – зьнiзу ўгору, на мае грудзi, а ня ў вочы мне. Хiма пазiрала на яе з нейкiм зьдзiўленьнем – думаю, Эма рабiла на яе хутчэй адмоўнае ўражаньне. Я гавару з Эмай, але чую каля сябе Дусю, што, прытаiўшыся, слухала маю з Эмай гаворку i быццам шукала зручнага моманту перапынiць яе. Эма, пабачыўшы, што я станаўлюся няўважлiвым да яе, павярнула сваю гаварыльню да свае сьвякрухi i было вiдаць як Хiма ўжо здаволiлася ёю, сваёю, можна ўжо сказаць, нявесткай: глядзела на яе ўсьмешлiва-ласкава, датыкалася да ейнага пляча рукой, нахiлялася да яе, калi гаварыла ёй нешта на вуха. Ягор, захоплены, выглядала, увайшоў з бацькам у нейкую дзелавую гутарку i не зьвяртаў увагi на iншых. Мяне для яго як-бы ня было. Я ўзяўся за сваю шклянку, пацягнуў яшчэ раз. Адчуў цяплыню. Гарэлка пайшла па жылах. У вушох зашумела. I мне было гэтак добра – ад шуму-дажджу ўнутры, ад таго, што выпiў i ад таго, што побач Дуся. Яна сядзела каля мяне, як пад крылом i, сьцiшаная, маўчала, быццам слухаючы мяне. Ейны бацька (пара-ж яго ўжо назваць) Пiлiп, што дасюль, можна сказаць, не зьвяртаў на мяне нiякай увагi, i, здавалася, быў ня надта задаволены маёй прысутнасьцяй, прывiтаў мяне, быццам толькi цяпер, угледзеўшы мяне за сталом:

– Што там чуваць у тваiм Менску? Там-жа ўсе новасьцi, у нас тут нiчога не пачуеш, – на вайну не заносiцца?

Я сказаў, што не, не заносiцца.

– Ну дык во й вып'ем за тое, што не заносiцца. Пабяруць-жа вас, калi што. I цябе, майго Ягорку, i ўсiх.

Пiлiп ужо быў п'яны. Праз нейкую паўзу загаварыў зноў:

– А ты, чуў, нешта пiшаш у газэты, Масеевiч? Але што ты можаш напiсаць, малакасос? Ты-ж ня ведаеш жыцьця. А выдумаць – што ты можаш выдумаць? Нiчога. А калi й выдумаеш, дык гэта будзе няпраўда. Вы ўсе цяпер пiшаце няпрўду. Хочаш, я табе раскажу адну праўду. Нiдзе – нi ў кнiжках, нi ў газэтах гэтага ня знойдзеш.

I ўжо хацеў быў пачаць...

– Татачка! – закрычэла Дуся. – Зноў пра ката будзеш?

Спалохалася, з мальбою ў вачох, зiрнула на мацi.

– Ды кiнь ты, стары дурань, ката свайго. Людзi абсьмяялi цябе i нас з табою – дражняць катом тваiм.

– Ды я хачу Масеевiчу расказаць, ён гэта ў газэце прапiша, i нас з табою, дура ты гэткая... Вот-жа, Масеевiч, наш кот, можна сказаць...

– Тата! Любенькi! Ня трэба. Ня будзем слухаць! – зноў занепакоiлася Дуся i сваёю даланёй накрыла бацьку рот. – Ня дам табе гаварыць, папачка!

Эма была запярэчыла: "Не мяшайце-ж чалавеку – няхай раскажа". Але Ягор махнуў ёй рукой: "Ня трэба! Сядзi там!"

Ягор найболей цярпеў ад бацькавага ката. Кожны дзень, бывала, калi ён прыходзiў у школу (у Мокрым яшчэ), вучнi пыталiся ў яго нiбы сур'ёзна:

– Ну, колькi ваш кот налавiў сёньня ўночы рыбы пад мостам? Усю прынёс дахаты, цi з'еў i табе нiчога не засталося?

На школьнай дошцы ў класе рысавалi ката, мост, рэчку. Кот апушчае свой хвост у ваду i на яго бярэцца рыба. Пад рысункам надпiсвалi: "Кот-рыбалоў". А побач рысавалi Ягорку з торбай праз плячо, гатовага класьцi злоўленую катом рыбу.

Даймалi ў школе гэтым катом-рыбаловам i Дусю. А пайшло ўсё ад таго, што Дусiн бацька – Пiлiп – выпiўшы ў кампанii, заўсёды пачынаў сваю байку пра ката-рыбалова, якi ня толькi сам кармiўся рыбаю, а й забясьпячаў ёю сям'ю свайго гаспадара. Кот выходзiць уначы на рэчку i там вудзiць – замест вудзiльна – сваiм хвастом. Есьць сам i дахаты прыносiць. Мяўкае пад дзьвярыма (з рыбаю), каб адчынiлi яму.

Пiлiп апавядаў пра свайго ката гэтак красамоўна, цiкава, праўдападобна, што яму можна было нават паверыць. Гэтым сваiм мастацтвам Пiлiп, Дусiн бацька, праслыў на цэлую ваколiцу. Да Пiлiпа ставiлiся паблажлiва, i пры кожнай нагодзе прасiлi яго расказаць пра свайго нязвычайнага ката. Пiлiпавы слухачы перамiргвалiся, сам-жа ён гэтага не заўважаў i з усёй пераканаўчасьцяй, захоплены сваiм апавяданьнем, выхваляў мастацтва свайго вучонага ката.

Вось i цяпер Дуся i Ягор баялiся, што ён зноў, як i заўсёды, пачне пра свайго ката.

– Як вы ўжо гэтак закрычэлi, дык я, халеры, паддамся вам. Вып'ю во. А ты чаго гэта прылiпла да чалавека? – строга зiрнуў Пiлiп на сваю дачку. – Дыхнуць свабодна не дасi.

Дуся страпянулася, як пракiнуўшыся ад сну.

– Ну, чаго ты накiнуўся на дзiцё? – заступiлася Хiма за дачку.

– Дзiцё... – прамырмытаў Пiлiп.

Я хачу пайсьцi, ды чамусьцi не магу адважыцца вылезьцi з-за стала. Сяджу. Каб я ня быў выпiўшы, я ўжо пайшоў-бы – у мяне не хапiла-б адвагi сядзець гэтак доўга за чужым сталом... пагатоў побач Дусi. Разабрацца-б, што мне Дусiна сям'я? Што мне Дуся сама? Што мне Ягор? Чаго я прыйшоў сюды? Мяне паманiлi i я – гатоў?

Вылажу з-за стала. За мной вышмыгнула i Дуся. Разьвiтваюся – спачатку з гаспадыняй, потым з Эмай. Дуся думае, што я падам руку i ёй – чакае. Зiрк вачэй – цёплы, ласкавы, прыхiльны. Ягор з бацькам застаюцца яшчэ на покуце. Няхай сядзяць. Падыходжу да парогу, каб ужо выйсьцi. Ягор з-за стала ўзьняў руку:

– Пачакай – правяду.

– I я з табою, – сьмела сказала Дуся.

Узяла брата за руку, вядзе да парогу, тулiцца да яго. Далучылася да нас i Эма. Мы выйшлi. Мы iдзём на мост – яны праводзяць мяне. Iдзём i не гаворым. Каб што-небудзь сказаць, Дуся пытаецца ў мяне:

– А ты пушчаў мой вяночак на ваду? Ён плывець?

– Плывець, – ня думаючы, адказаў я.

Ягор i Эма не разумелi, пра што гаворка. Далi мне "Добрай ночы". "Добрай ночы" сказала i Дуся. Якая яна ўсё-ткi добрая дзяўчынка! – падумалася.

У вокнах маёй хаты сьвятла ўжо няма – ляглi спаць. Не дачакалiся мяне. Як мне ўвайсьцi ў хату, каб не пачулi? Мацi чуткая. Скрыпну – прачнецца. А мо яна й ня сьпiць? Чакае, каб калi я прыйду, сказаць, дзе я магу знайсьцi сабе нешта зьесьцi. Яна ў нас такая, хлiплiвая. Душа ў яе хлiпцiць па кожнаму, можа найболей – па мне.

Чую – нейкiя галасы, рогат на вулiцы. Недзе каля калгаснай канцылярыi. Успомнiў – сёньня-ж наш старшыня дазволiў моладзi танцаваць у канцылярыi. Гэта адзiнае, прыгоднае для гэтага мейсца. Хлопцы папрасiлi ў старшынi яшчэ на сходзе, калi падпiсвалi "Лiст" Сталiну. Я чуў, як адзiн з iх угаворваў яго: "Падпiсалi-ж лiст, значыцца зарабiлi, дык пусьцi ў сваю багадзельню патупаць". Дзяўчаты пляскалi старшынi ў ладкi, што дазволiў. Дык вось гэта яны там i "тупаюць". Пайду, можа там i сястра, з ёю лацьвей потым будзе зайсьцi ў хату. Заходжу. Дзяўчаты заўзята пяраць аб дрыўляную падлогу сваiмi босымi, бацькоўскiмi падэшвамi: танцуюць. Былi на сходзе босыя i тут на танцах босыя. Высока пад стольлю пыхцiць лямпа, уздрыгвае ад тупаценьня. Грае гармонiк. Б'юць у бубен. Да мяне падбягаюць хлопцы. Адзiн з iх просiць мяне "разлучыць" з iм адну, самую прыгожую пару, што цяпер кружыцца ў танцы: колькi да гэтай пары нi падыходзiлi хлопцы, каб "разьбiць" яе i танцаваць, але "харашуняў" нiяк не расшчапiць, кружацца, сашчэпленыя, самi з сабой, ведай пагарджаюць табою, iм давай нейкiх асаблiвых хлопцаў.

Калi зачынаюць граць танец, у круг, на пляцоўку, звычайна, выходзяць танцаваць першымi дзяўчаты i ўжо толькi тады iх "разлучаюць" хлопцы. Iх рэдка запрашаюць, калi яны, яшчэ ня выйшаўшы ў круг, стаяць недзе на ўзбоччы. Гэта было-б занадта iнтэлiгентна, пагарадскому.

Я адмовiўся ад прапановы "разлучыць" ганаровую пару. Угледзеў у кутку сваю сястру з... Агапкай. Сястру запрашае старшынёва дачка i яны выходзяць танцаваць. Той-жа самы хлопец просiць мяне "разьбiць" iх. Дзеля сястры я пагадзiўся. Танцую з старшынёваю. Агапка скоса i злосна зыркае на мяне, калi я з сваёю партнёршаю iду па кругу паўз яе.

Сястра радая, што я тут. Тая ўвага да мяне, як да студэнта, перападае i ёй. Брат i сястра на танцах – гэта добра: брат можа заступiцца за сястру, калi-б якi п'янчуга прыставаў да яе, або дзеля яе памiж хлопцамi паўстаў-б якi-небудзь канфлiкт.

Нам яшчэ тут гуляць i гуляць, ды я прашу сястру пайсьцi дахаты – заўтра-ж панядзелак, дый позна ўжо. Мы выходзiм. Сястра пытаецца, дзе я прападаў, сам-жа стараюся даведацца ў яе, што i як у хаце, цi мацi ня злуецца, што я ня прыйшоў на вячэру.

З сястрой я ўваходжу ў хату сьмялей. Сястра нi ў чым ня вiнаватая. Яна запрацавала сабе танцы. Упоцьмах яна намацала нешта з ежы на стале, просiць i мяне ўзяць што.

Я доўга ня мог заснуць. Мяне турбавала Агапкiна дзела. Як я заўтра пакажуся мацi на вочы? Канешне, мацi мне нiчога ня скажа, але як выстаiць самому перад ёй? Калiсьцi мацi магла папракнуць мяне Наташай, тады для мацi я быў яшчэ малы i яна лiчыла сваiм абавязкам аберагаць мяне ад спакусы. Цяпер ня тое – я дарослы, сказаць ёй што-небудзь мне ня так ужо лёгка, мацi разумее гэта, ды ўсё-ткi яна i цяпер, не спадзяючыся на мой розум, баiцца, каб я ня зьбiўся з дарогi, заставаўся чыстым, як i дасюль, да тэй пары, калi стану жыцьцёва дасьведчаны i буду магчы абраць сабе спадарожнiцу паводля развагi, а ня толькi паводля iнстынкту. I толькi тады, па закону, магу сабе дазволiць адпусьцiцца. Боязь бацькоў, асаблiва мацi, здiўным спосабам перадалася i мне я й сам баяўся ўлiпнуць дзе-небудзь, бярогся, ня йшоў на зблiжэньне да такой ступенi, калi мог-бы ўжо пераступiць мяжу дазволенага. Канешне, было тут i iншае – iдэалiзацыя жанчыны, як катэгорыi чыста эстэтычнай. Змалку бачыў у ёй толькi нябеснае, не цялеснае, толькi прыгожае, да чаго нельга дакрануцца, псаваць. I ўжо будучы дарослым, хоць i даведаўся аб жанчыне болей, – не хацеў разбураць, разьвенчваць створанага мною раней вобразу. Мiж iншым, Дуся падтрымлiвала ў мяне такi вобраз. Бацька нават турбаваўся маiм такiм настаўленьнем да жаночага роду. Уначы я неяк падслухаў (не цяпер, раней, калi я спаў у вадным з iмi пакоi) шэпат бацькi з маткай: "Што ты робiш з яго баязьлiўца, ён-жа будзе тады ўсяго баяцца". "Гэта не я, ён сам такi". "Ну дык i дрэнна". Я доўга думаў над тым, што казалi бацькi, хацеў зразумець сэнс пачутых словаў, асаблiва бацькава "ну дык i дрэнна". Цяпер я разумею – мяне навучыла Агапка.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю