Текст книги "I той дзень надыйшоў (на белорусском языке)"
Автор книги: Масей Седнев
сообщить о нарушении
Текущая страница: 5 (всего у книги 16 страниц)
"Цялега" узьехала на брук, задрыжэла, i я ачнуўся ад сваёй мройнасьцi. Але на мяне ўсё яшчэ не пераставалi глядзець у самае сэрца вочы Багародзiцы, падобныя – крый ты Божа – на Дусiны.
Гэта мы ўжо ў Касьцюковiчах. Старшыня пайшоў у райвыканком, а я з Вяркеевым на канфэрэнцыю ў Народны дом.
Увайшоўшы – з парогу – нам кiнуўся ў вочы прэзыдыюм на сцэне ў такiм вялiкiм складзе, быццам гэта быў прэзыдыюм партыйнага зьезду ў Крамлi, з той толькi розьнiцай, што ў iм сядзелi i жанчыны, прычым у пераважнай бальшынi. Што мяне асаблiва ўразiла – гэта наяўнасьць у прэзыдыюме ўпаўнаважанага. З трыбуны гаварыў сакратар райкому партыi.
Заля была перапоўненая i мы знайшлi сабе месца толькi ў першым радзе ад прэзыдыюму, перад самай трыбунай.
Сакратар райкому партыi гаварыў парасейску, што неяк не вязалася з аўдыторыяй, напоўненай беларускiмi настаўнiкамi, пераважна сялянскага паходжаньня, з якiх бальшыня ня прывыкла, а пасутнасьцi й ня ўмела добра гаварыць парасейску. Сакратар заклiкаў настаўнiкаў выхоўваць сваiх навучэнцаў у камунiстычным духу, прышчапляць iм камунiстычную мараль, гаварыў аб тэй ролi, якую адыгрывае настаўнiк у фармаваньнi новага савецкага чалавека. У сваiм празьмерна доўгiм дакладзе спынiўся ён i на мiжнародным палажэньнi, асаблiва кляймiў фашысцкую Нямеччыну пад правадырствам Гiтлера. Напасьледак выясьняў – хоць i ня зусiм выразна – пытаньне небясьпекi буржуазнага нацыяналiзму. Слухалi яго напружана-ўважлiва, але складвалася ўражаньне, што зьмест прамовы аўдыторыйяй ня ўспрыймаўся, аддавалася толькi належнае партыйнаму сакратару.
Пасьля кароткай паўзы, па дакладзе сакратара, канфэрэнцыя прыступiла да абмеркаваньня пытаньняў, што стаялi на парадку дня. Пачаўся разгляд пытаньня аб рэформе беларускага правапiсу, толькi што зацьверджанага ўрадавым дэкрэтам.
Дакладчык па гэтаму пытаньню, як выявiлася, ня надта кампэтэнтная асоба ў лiнгвiстыцы, усхваляў на ўсе лады новы беларускi правапiс, новую рэформу, у вынiку якой, на ягоную думку, беларуская мова атрымала сваё прыроднае гучаньне, вызвалiлася ад неўласьцiвых ёй формаў як у фанэтыцы, гэтак у марфалёгii i сынтаксысе, ачысьцiлася ад барбарызмаў, пераважна польскага паходжаньня, наблiзiлася да роднаснай ёй мовы – расейскай. Дакладчык абгрунтоўваў няпрыгоднасьць школьнай граматыкi Язэпа Лёсiка, гаварыў аб ейнай мэтадалягiчнай заганнасьцi, ейнай нацыяналiстычнай ськiраванасьцi, арыентацыi Лёсiка на польскую мову за кошт аддаленьня ад расейскай.
Калi-ж пасыпалiся канкрэтныя пытаньнi з боку настаўнiкаў, дакладчык у большасьцi быў ня ў стане на iх адказваць.
Старэйшы ўжо настаўнiк, з гладкай, аж да глянцу, загарэлай лысiнай, пытаўся ў дакладчыка, як быць цяпер з назоўнiкамi мужчынскага i жаночага роду ў родным склоне адзiночнага i множнага лiку, як пiсаць "аўса" цi аўсу", "народ" цi "народу", "хат" цi "хатаў", "дзяўчат" цi "дзяўчатаў".
У салi ўзьняўся рогат. Нехта праявiў сябе на ўвесь голас:
– Бач, чаго захацеў – давай яму "дзяўчатаў".
Iншыя пыталiся, чаму цяпер у месным склоне множнага лiку для назоўнiкаў мужчынскага i нiякага роду заменены ранейшы канчатак "ох-ёх" на "ах-ях"? У народнай-жа мове, у фальклёры, бытуе прыгожая форма "ох-ёх":
А ў палёх-палёх
ды быльнёг палёг.
Былi пытаньнi, чаму выкiдваецца мяккi знак памiж зычнымi "нн", чаму цяпер "большэвiк", а не "бальшавiк", як было дасюль.
Няяснасьць выклiкаў новы правапiс i ў пытаньнях, што тычылiся слоў замежнага паходжаньня. Узьнятых пытаньняў было такое мноства, што дакладчык ня ведаў, як яму выкручвацца. Нарэшце, яго зьбiлi з панталыку i ён пакiнуў трыбуну. На салi-ж настаўнiкi спрачалiся мiж сабой, нешта даводзiлi адзiн адному, аж пакуль старшыня канфэрэнцыi не пачаў званiць, заклiкаючы да парадку. Аднак старэйшы настаўнiк з блiскучай лысiнай усё ня сьцiхаў, кiдаў рэплiкi:
– Мусiм мы цяпер нашых вучняў перавучваць? Якая ета работа? Сёньня я гаварыў адно, а заўтра другое?
Старшыня пазванiў яшчэ мацней, абвесьцiў:
– Наступнае пытаньне – пытаньне падручнiкаў. Слова для дакладу мае таварыш Трахiмчык.
"Трахiмчык", рослы, тонкi, аднавокi (другое ў яго было пад чорным, выпуклым пятачком) – падыйшоў да трыбуны, касавурлiва зiрнуў перш у бок прэзыдыюму, потым паверх галоваў на салю. Расклаў свае паперы, пачаў:
– Уласна, я зачаплю тут праблему падручнiкаў не наогул, а праблему падручнiкаў беларускiх, дый то толькi праблему падручнiкаў па беларускай мове i лiтаратуры. Скажу адразу – тут у нас правал. Далiкатная справа. Падручнiкi ёсьць, але мы ня можам iмi карыстацца – яны зьнятыя з ужытку, забароненыя. Узяць хоць-бы для прыкладу Хрэстаматыю, якой мы дасюль карысталiся. У ёй зьмешчаныя творы, аўтары якiх цяпер арыштаваныя i абвiнавачваюцца ў буржуазным нацыяналiзьме. Значыцца, гэтым падручнiкам мы ня можам карыстацца. Трэба ствараць новы. А гэта доўгая песьня, пры тым справа ўскладняецца яшчэ й тым, каго ўключаць у новую Хрэстаматыю, хто з беларускiх пiсьменьнiкаў надзейна стабiльны, каб яго можна было браць бязь рызыкi, што ён заўтра не акажацца ворагам? Янка Купала i Якуб Колас цяпер ужо, здаецца, стабiльныя. Стабiльнымi дасюль былi Андрэй Александровiч, Чарот, Галавач. Але, глядзеце, трэба i iх выкiдваць. Практычна вось i выходзiць, што мы пазбаўленыя падручнiкаў па беларускай лiтаратуры. А як дысцыплiна, беларуская лiтаратура праграмай вымагаецца. Гэта-ж, побач мовы, адна з найгалоўнейшых дысцыплiнаў. Яе трэба выкладаць. А як? Я ня ведаю. Я пакiдаю гэтае пытаньне пад вашую развагу. З свайго боку я ўсё-ткi хацеў-бы прапанаваць такую iдэю: скласьцi, так-бы сказаць, рабочую групу з найбольш кампэтэнтных выкладчыкаў беларускай лiтаратуры i даручыць ёй больш дэтальна вывучыць праблему беларускiх падручнiкаў па лiтаратуры. Свае рэкамэндацыi група магла-б падаць у адпаведныя вышэйшыя iнстанцыi.
Голас: Рэкамэндацыi такой групы ня мелi-б нiякай вагi. Бо хто надзелiць яе патрэбнымi паўнамоцтвамi? Вы? Гэта заданьне ня нейкай нашай рабочай групы, а заданьне самога Наркамату асьветы БССР.
Другi голас: ...i НКВД.
Саля павярнулася – хто гэта сказаў?
– У такiм разе я здымаю сваю прапанову, – пасьпяшаўся заявiць "Трахiмчык". – Але ясна адно – падручнiкаў няма. I выглядае, што гэтую праблему выкладчыкi беларускай лiтаратуры змушаныя вырашаць самi.
Голас упаўнаважанага: Выбачайце, ня самi! Прашу слова.
"Трахiмчык" хутка закруглiўся i, не паказваючы выгляду, што пакрыўджаны, хуценька адыйшоўся ад трыбуны i сеў на сваё месца ў прэзыдыюме.
Упаўнаважаны крэгляй выкацiўся з-за стала да трыбуны i неспадзявана загаварыў на чыстай беларускай мове.
– Таварышы, мы ня можам пусьцiць на самацёк справу беларускiх падручнiкаў. Мы ня можам ствараць падручнiкаў "самi". Справа дапаможнiкаў па беларускай лiтаратуры не такая простая. Лiтаратура – дысцыплiна iдэялягiчная, магутны сродак у выхаваньнi маладога пакаленьня i нам не абыякава, на якiх узорах прыгожага пiсьменства мы будзем узгадоўваць школьнiка. Нявыразныя ў iдэялягiчным сэньсе творы мы не бярэм на ўзбраеньне. Варожыя iдэялягiчна нам творы мы катэгарычна адкiдаем. Нажаль, у Хрэстаматыю па беларускай лiтаратуры трапiлi творы iдэялягiчна заганныя, а то й проста iдэялягiчна шкодныя, кантррэвалюцыйныя. Аўтары гэтых твораў – носьбiты няпрыймальнай намi iдэялёгii i, зразумела, iм ня месца ня толькi ў Хрэстаматыi, але i ў нашым савецкiм грамадстве.
– Тут нехта кiўнуў у бок НКВД – а што-ж вы думаеце, НКВД – гэта так сабе, для фасону? Патое-ж яно i НКВД, каб дбаць пра бясьпеку нашага грамадства. На ягоным абавязку – калi паўстане такая неабходнасьць – iзаляваць шкодны элемэнт ад рэшты грамадства. Iзаляваць часова, на пэўны час, або й назаўсёды, у залежнасьцi ад сацыяльных паводзiнаў гэтага элемэнту. Што тычыцца беларускiх пiсьменьнiкаў, дык не захаваю – у дачыненьнi да iх паўстала неабходнасьць прыняць захады ў кiрунку ачышчэньня iхных шэрагаў ад варожага, кантррэвалюцыйнага ахвосьця. Вось чым тлумачацца, дарагiя сябры, прабелы ў Хрэстаматыi i ў iншых дапаможнiках, пра якiя вы тут гаворыце. Але я магу запэўнiць вас – падручнiкi будуць. Над складаньнем iх нашыя навукоўцы ўжо працуюць i вы хутка падручнiкi атрымаеце. Ад вас патрабуецца толькi цярпеньне i зразуменьне справы. Да выхаду новых, перагледжаных падручнiкаў, у вас ёсьць у наяўнасьцi дастатковая колькасьць матэрыялаў па беларускай лiтаратуры i такiм парадкам у вас ёсьць поўная магчымасьць праводзiць нармальныя заняткi ў гэтай галiне. Як мне здаецца, вы занадта драматызуеце сытуацыю. Сярод вас, бачу, пануе нейкае незадаваленьне нашай палiтыкай у галiне беларускай мовы i лiтаратуры. Вам, бачу, незразумела, чым выклiкана гэтая палiтыка. Скажу адкрыта – яна выклiканая небясьпекай нацыяналiзму ў Беларусi. Беларускiя нацыяналiсты, пад выглядам беларусызацыi, ажыцьцяўлялi палiтыку адзьдзяленьня, сэпарацыi ад Саюзу, iшлi курсам поўнай незалежнасьцi Беларусi. Перасьледуючы такую мэту, беларускiя нацыяналiсты асаблiвы нацiск клалi на мову i лiтаратуру. Узьнiклi школьныя граматыкi розных лёсiкаў, Хрэстаматыi-чытанкi розных чаржынскiх, падручнiкi па гiсторыi лiтаратуры розных гарэцкiх i г.д. Падключалiся-ж сюды, канешне, i беларускiя паэты i пiсьменьнiкi. Вось якраз цяпер мы iх i адключаем. Прашу зразумець гэта.
Упаўнаважаны з выглядам задаволенасьцi сваiм выступленьнем сеў на сваё месца. Старшыня прэзыдыюму нешта перагаварыў з iм i, узьняўшыся над сталом, абвесьцiў перапынак на абед.
Але мне было не да абеду. Настрой мой папсаваўся. Чаго я прыехаў на гэтую канфэрэнцыю? Мне было-б лягчэй, каб я ня чуў усяго таго, што на ёй гаварылася. Упаўнаважаны наганяў страх. У ролi "культурнага" шэфа ўстановы, у якой ён служыць, ён паказаўся мне агiдным i небясьпечным.
– Ну чаго спахмурнеў? Давай прадстаўлю цябе нашаму райано, – падганяў мяне Вяркееў. – Пайшлi!
Райано, сярэднiх гадоў чалавек, прывiтаўся са мною вельмi ветлiва, прыязна, як з сваiм даўнiм i добрым знаёмым, увесь твар яго свьяцiўся дабрынёй i гатовасьцяй аказаць мне любую паслугу.
Дамовiлiся разам пайсьцi на абед. Сталовая была ўжо перапоўненая наведвальнiкамi, пераважна настаўнiкамi з канфэрэнцыi. Селi за стол. Адна з афiцыянтак, заўважыўшы за нашым сталом райано, хутка падскочыла да нас, вiдаць, райано тут сталы госьць. Афiцыянтка, прыгожая, з надраенымi валасамi бляндынка, у добра скроеным па ёй убраньнi, запыталася, што-б мы хацелi заказаць.
Вяркееў, пераглянуўшыся з райано, папрасiў па сто грам на кожнага. Хутка прабегшы вачыма "меню", замовiў для нас траiх усё, што там было.
Мы ўжо выпiлi па сто, а закусваць яшчэ ня было чым. Гарэлка ўзяла мяне адразу, i я баяўся, што зраблю на райано дрэннае ўражаньне. Хоць нашто ён мне? Я ў яго ня буду працаваць. Чую як праз сон – Вяркееў хвалiць мяне на ўсе лады. Даходзiць да мяне, што ў нашым раёне шмат вакантных месцаў, у тым лiку – у самiх Касьцюковiчах. Райано нагвалт патрэбны настаўнiкi. Райано, перапынiўшы гутарку з Вяркеевым, пачаў знаёмiцца са мною, зьвяртацца да мяне з рознымi пытаньнямi.
Перарваў нашую гутарку ўпаўнаважаны. Вынырнуўшы адкульсьцi з настаўнiцкага тлуму, ён парукаўся з кожным з нас – у тым лiку i са мной – i сеў за нашым сталом памiж райано i мною.
– Таварыш райано, ты сёньня ня выступаў. Цi яшчэ выступiш? – нi то сур'ёзна, нi то жартам спытаўся ўпаўнаважаны.
– Пабачу.
– Хацеў-бы я "пабачыць".
– Вот ты перашкаджаеш. Бяру во маладога чалавека. Да зарэзу патрэбны людзi. Пазнаёмся!
– Я ўжо меў гонар пазнаёмiцца. Бярэш, кажаш? Таварыш-жа (упаўнаважаны зiрнуў на мяне), здаецца, зьбiраецца канчаць навуку, а не настаўнiчаць.
– Гэта-ж не твая справа, а "таварыша".
– Чаму ты так думаеш, што не мая? А можа й мая. Дарэчы, як ты, райано, ацэньваеш выступленьне Трахiмчыка?
Райано нешта хацеў адказаць, але якраз у гэты момант зьявiлася афiцыянтка з падносам i хутка пачала згружаць на стол усё, што прадугледжана меню, уключна з дэсэртам – кампотам у кубачках. Вяркееў тут-жа папрасiў афiцыянтку "прытарабанiць" меню i для "таварыша" (нашага ўпаўнаважанага). "На аднэй назе, – загадаў ён ёй, – i – графiнчык са стаканчыкамi". Сапраўды, усё гэта хутка было ўжо на стале i Вяркееў скамандваў – "як належыцца, прыкласьцiся". Не хацеў "прыкладвацца" толькi я, i райано адразу-ж з дакорам:
– Ну дык гэта што-ж, браток, я, можна сказаць, узяў ужо цябе на работу, а ты ня хочаш да нас прыхiнуцца. Шмат ня можаш – разумею, але яшчэ па аднэй мусiш.
Я паддаўся, i мы выпiлi "па аднэй". Пачалi есьцi. Упаўнаважаны атрымаў сваё "меню" таксама. Еў сьпяшаючыся, i скончыў раней за ўсiх.
– Дык ты, райано, не адказаў яшчэ на маё пытанне.
– А я ўжо й забыўся, на якое.
– Ды пра выступленьне Трахiмчыка. Нешта ён ня ў той бок глядзiць.
– А ты куды хочаш каб ён глядзеў?
– Я бяз жартаў, райано – ты мусiў-бы зарэагаваць. Трахiмчык пасутнасьцi гне кантррэвалюцыю. Ты ня бачыш гэтага? Як ты мог дапусьцiць такога чалавека да трыбуны?
– Ён найбольш кампэтэнтны ў лiтаратуры. Ты, канешне, – самы кампэтэнтны i ты пабiў яго. Чаго ты хочаш яшчэ ад яго? Ён нiчога дрэннага ня меў на ўвазе. Зрэшты, я выступлю па абедзе i ўсё выраўную. Ня турбуйся!
Райано перайшоў да мяне:
– Я даю вам (ён пачаў зьвяртацца да мяне на "вы") месца ў самiх Касьцюковiчах, у дзесяцiгодцы – выкладаць беларускую мову i лiтаратуру. Згода?
Я ня ведаю, што яму адказаць. Упаўнаважаны насьцярожыўся – слухае.
– Найлепшая ў раёне дзесяцiгодка. Настаўнiцкi калектыў iдэальны. Папрацуеце год, пабачыце: спадабаецца – застанецеся, не – паедзеце ў свой Мiнск.
– Райано, ня Мiнск, а Менск. Беларускiя нацыяналiсты, "нацдэмы", ня любяць "Мiнску".
– Дык ён-жа не нацдэм!
I ўжо да мяне:
– Ну дык i як? Заўтра i аформлю. Выпiшу прызначэньне.
– Райано, не сьпяшайся гэтак! – уставiў сваё ўпаўнаважаны.
У душы я кляну сябе, што не магу разгаварыцца з райано, не магу даць яму канкрэтнага адказу. Мяне прыгнятае прысутнасьць упаўнаважанага. Я хацеў-бы прыняць прапанову райано, такую спакусьлiвую. Прапанова райано ўзвышае мяне, я вырастаю ў сваiх собскiх вачох, я ўяўляю нават, як быў-бы задаволены мой бацька маёй пасадай выкладчыка ў раённай дзесяцiгодцы, як зайздросьцiлi-б мне ў Мокрым. Але я не люблю Касьцюковiчаў. Я ня ведаю iх. Мне яны чужыя. Мне трэба ехаць у Менск – гэта мая наканаванасьць. Я не магу ня ехаць туды. Я мушу спраўдзiць сябе, ня важна як – мне важна дайсьцi да свайго канца, спраўдзiцца. I таму я не магу нiчога сказаць райано. Ён глядзiць на мяне сваiмi добрымi вачыма i магчыма – дапушчаю – разумее, чаму я маўчу. А калi не разумее? Тады я трачу сябе ў ягоных вачох. Ён можа падумаць – хутчэй за ўсё – што я проста ня сур'ёзны чалавек, ня варты ягонай увагi. Не паверыць i Вяркееву: "перахвалiў, я нiчога ня бачу ў iм".
Вяркееў, бачу, незадаволены мной: дзе падзелася мая вынаходлiвасьць, спантаннасьць, мой досьцiп, нарэшце, мая культура, эрудыцыя?
I Вяркееў ратуе сытуацыю:
– Райано, мы заўтра зойдзем да цябе ў канцылярыю. Добра?
– Чакаю. Чакаю. Абавязкова.
Вяркееў заплацiў за ўсiх нас, i мы вылезьлi з-за стала, ладна захмялеўшыя. Упаўнаважаны, разьвiтваючыся, сказаў райано, што ён прыйдзе на ягонае выступленьне. Падаў руку Вяркееву, у мой бок толькi кiўнуў галавой, кiдка зiрнуўшы мне пад ногi.
Вяркееву я сказаў, што на канфэфэнцыi ня буду, пайду пахаджу па мястэчку, нанач прыду ў наш нумар.
Па мястэчку я не хадзiў, адразу пайшоў у нумар. Пакiнуў – каб мяне ня шукалi – пiсульку, што я пайшоў дамоў. Я не хачу заставацца тут нанач. Няцiкава. Самотна. Да таго-ж – я ведаю – Вяркееў прывядзе якую-небудзь з настаўнiцаў i што я мушу тады рабiць? Не хачу iсьцi i да райано. Працаваць у Касьцюковiчах, азначае – быць на вачох упаўнаважанага. Мая пуцявiна ўжо вызначана i трэба iсьцi па ёй.
Да цёмнага я буду ўжо ў Мокрым. Хацеў быў зайсьцi да Пiлiпа ў Дом калгасьнiка, сказаць i яму, што я iду, але перадумаў – не пайшоў да яго. У мяне ўзьнялася сiла – бегчы ў Мокрае. Хутчэй у Мокрае! Я ня раз хадзiў з Мокрага ў Касьцюковiчы – туды i назад у той-жа самы дзень. Разам семдзесят вярстоў. Яшчэ, купiўшы што, нясеш нешта i за сьпiною.
Выйшаўшы з мястэчка, я зьняў свае бацiнкi i – басанож – пусьцiўся ў дарогу. Праз вёскi ня йду – мiнаю iх. Нашто, каб мяне бачыў нехта на вулiцы босым? I толькi мiнуўшы вёску зноў узыходзiў на дарогу. Качуся – калi дарога йдзе на спад, iду павальней – калi яна ўзьнiмаецца. Ня надта разглядаюся – у мяне мала часу. Сустракаю зрэдку калгасныя абозы – вязуць на станцыю здаваць дзяржаве нарыхтоўкi: сена, маладую бульбу, дровы. На багнiстых мясцох бачу загрузлыя вазы, паламаныя восi, дугi, ськiнутыя каткi. Найбольш уражваюць укачаныя ў багну конi – яны такiя мiзэрныя, i, гледзячы на iх, заходзiцца ад жалю сэрца. У паветры вiсiць лаянка – у печань, у Бога, у Сталiна. Добрай вупражы няма, усё пянковае i яно хутка зношваецца, рвецца. Як гэта мне ўсё знаёма! Колькi разоў я загразаў вось гэтак, як яны. Я загразаю i цяпер, толькi ў нечым iншым.
Мiнаю маё Машавое. Сонца ўжо садзiцца. Ягоныя праменьнi – ужо рэдкiя, але агнiстыя – дастаюць, як штыхамi, на ўзгорку царкву i, адбiтыя ёю, паламаныя, гаснуць. Хоць крыжоў на царкве i няма, але ў маiм уяўленьнi яны ўсё гараць, як i тады, калi я глядзеў на iх, едучы з бабцяй на споведзь. Здаецца, варта толькi мне зноў глянуць на купалы, як яны, зiхатлiвыя, брызнуць на мяне сваiм золатам.
Наблiжаюся да маiх Жаркоў – там-сям у хатах ужо хлiпаюць агнi – слабыя, нясьмелыя, мiгцяць употайку, затуленыя ў куткох.
Да Мокрага засталося тры вярсты. Ня ведаю, чаму пры наблiжэньнi хвалююся i яшчэ больш сьпяшаюся. Пад наплывам пачуцьця трачу здольнасьць думаць.
Уважоджу ў Мокрае. Не, я не пайду вулiцай. Пайду агародамi паўз рэчку. Нашто мне з кiм сустракацца? Паўз рэчку цiха стаяць, стаiўшыся ў вечаровай цiшынi, хмызьнякi. Нагрэтая за дзень трава, дыхае нечым п'янкiм, духмяным, войстра пахным. Вось я ўжо й дайшоў, куды йшоў. Бачу – у iхным заднiм вакенцы агеньчык. Узыходжу на iхны агарод, з агароду – у сенцы. Бяруся за клямку адчыняю дзьверы ў хату: яны сядзяць за сталом. Вячэраюць. Кiнуўшы лыжку на стол, Хiма бяжыць да парогу, мне насустрач:
– Што такое? Прыехалi ўжо? А мой стары?
– Застаўся... Я толькi адзiн.
– Прыехаў на чым?
– Прыбег...
– Прыбег?
– Напрўду.
– Занудзiўся цi што? Ах, якi-ж ты бяглiвы! Хадзi, даражэнькi, за стол. Павячэраем разам. Згаладаўся-ж за дарогу, нябось.
Садзiць мяне за стол. Дае лыжку. I мы трох сiляем з аднэй мiскi кулеш, гарачы i густы, запраўлены скваркамi.
Пры сьвятле ў Дусi зораць вочы, сьвецяцца нейкiм асаблiвым бляскам. Глядзiць на мяне – гаворыць са мною вачыма. Я сiляю кулеш няўпэўнена i нязграбна. Яна ўсьмiхаецца, калi з мае лыжкi капае на стол кулеш. Гаворыць:
– Ты ня ўмееш есьцi нашага куляшу.
Забраўшы з грудзей косы, закiдвае iх за плечы, зьлёгку дакранаецца левай рукой лёкану, што зьвiсае ў яе над вухам. Яна неспакойная. Уражаная маiм прыходам.
– Цябе там нечым угнявiлi, што так прыбег? – пытаецца Хiма. – Гэта-ж ня так сабе прычгаў? Мой стары нiчога табе не казаў? Калi прыедзе?
Вылезла з-за стала:
– Ад куляшу па целяшу. Ды куляшом я вас не накармлю. Дастану яшчэ чаго.
Выйшла ў сенцы. У нейкiм сполаху Дуся зiрнула на мяне, вiдаць, таму што мы засталiся з ёю адны. Але вярнулася з сянец Хiма з палiваным гаршком у руках. Паставiла на стол. Пачала калупаць з яго на iсподак залiты маслам сыр.
Дуся бярэ рукамi з iсподку драбочкi сыру, дае мне, кладзе сабе ў рот, сьмяючыся. Мне падабаецца, як гэта яна робiць. Яна пачувае сябе ўжо больш свабодна, натуральна. Я любуюся ейнымi загарэлымi, зграбнымi рукамi, адкрытай, прыгожай шыяй. Лёгкую, тонкую балахонку на ейных грудзёх ледзь прыкметна пораць два кукiшы ейнай сарамлiвасьцi. Я не гляджу на iх – грэх.
Ззаду нас, у вакне, спалыхнула трывожным сьвятлом зарнiца. Хiма, перахрысьцiўшыся, пачала зачыняць вокны – будзе навальнiца. Нездарма-ж так парыла.
– Масеевiч, заставайся ў нас нанач. Нам боязна адным.
Падыйшла да вакна. Адчынiла. Зiрнула на ўсе бакi:
– Сунецца цёмная туча – агонь у чэраве. Цi не на бяду якую, крый ты, Божа! Застанься. Начуй у нас!
– Але я мушу йсьцi. Мне трэба зьбiрацца.
– Ты ня хочаш у нас заставацца? – спыталася Дуся. – Я не пайшла-б – баюся грому. Хочаш дамоў?
– Так, дамоў. I – не дамоў.
– Ды што ета ты гаворыш, Масеевiч? Бог з табой, а куды-ж? – устрывожылася Хiма.
– Мне трэба зьбiрацца, зьбiрацца... у дарогу.
– Не манi. У якую дарогу? Гэта табе надаела ў нас i цябе цягне туды назад, у горад, – ня верыць мне Хiма. – От ня дуры галавы, чалавеча. Хочаш Дусю напужаць? Куды ты пойдзеш процi ночы? Заставайся, кажу!
Дуся глядзiць на мяне – што я скажу? Я вылажу з-за стала. Вылазiць за мною i Дуся.
У вокнах зноў, як у сударгах, закалацiлася зарнiца. Хiма ледзьве пасьпела перахрысьцiцца. Яна выкруцiла ў лямпе кнот i лямпа згасла. "Нельга, каб гарэла сьвятло ў гразу".
Я стаю ўжо ля парогу, гатовы выйсьцi. Вокны ўсё часьцей асьляпляюцца блiскавiцай i ў прамежках гэтага асьляпленьня я ўлаўлiваю постаць Дусi ў белай балахонцы. Пад дзьвярыма азваўся кот – просiцца ў хату.
– I ён чуе небясьпеку. Уцякае. Бяжыць да людзей. Баiцца застацца на двары, – цiха, амаль шэптам, гаворыць Хiма.
За хатай, над рэчкай, ударыў гром i рэха пакацiлася па ўсiм навакольлi. Яшчэ i яшчэ. Раз за разам. Загуркатаў. Яшчэ лупянуў.
– Пэўна, вярбу над мостам цяў, – прашаптала Хiма.
Зашумеў дождж i сьцiхнуў гром. Ды нечакана лупянуў зноў у самы вугал i сiняя кацелка пакацiлася па двары.
Дуся кiнулася за полаг на свой ложак.
– Крый ты Божа, а я й забылася юшку зачынiць – яшчэ ўляцiць у комiн. Ня стой i ты ля парогу. Iдзi супакой Дусю – насьмерць перапужалася.
Я адхiнуў полаг – Дуся ляжала, накрыўшыся з галавой.
– Баiшся грому?
– Каб у хаце быў бацька, я не баялася-б. Як гром, я тулюся да яго i хоць дрыжу ўся, але ў ягоных руках супакойваюся.
Яна ськiнула з сябе дзяругу i гатовая была ўзьняцца, як гакнуў, здаецца ў самую хату – гром. Учэпiстая, прыклеiлася да мяне. Калоцiцца. I толькi калi я дакрануўся яе шчакi сваёю, яна супакоiлася, сьцiхла.
– Ты цяпер, як у бацькi.
Маўчыць.
– Не баiсься?
Пацалавала.
Дождж абкладваў сваiм шамаценьнем хату, лагодны i сьцiшны, закладваў вушы, суцяшаў. Гром ужо не парушаў гэтай сьцiшнасьцi. Толькi дзесьцi далёка – ужо за Вараноўкай – зрэдку чуваць было ягонае вуркатаньне.
– Ты ўжо цяпер ня пойдзеш ад нас? Застанесься ў нас? Мая мацi ня пусьцiць цябе.
– А ты пусьцiш?
– Я таксама ня пушчу цябе. Змокнеш.
– А калi дождж перастане, магу я пайсьцi?
– Дождж будзе йсьцi. Хiба табе дрэнна ў нас?
Але дождж усё-ткi ўшчук, i я пайшоў. Адарваўся. Я баяўся пераступiць тую скрайнюю мяжу, да якой я так наблiзiўся. Дуся – нясьведамае дзеўчанё, але ўжо абуджанае i гатовае на нешта ёй дасюль няведамае, прынадна неадчэпнае. Я мушу пайсьцi ад яе, як найхутчэй, каб ня выклiкаць у яе, абуджанай, яшчэ болей згубнай для яе жарсьцi. Я не хачу, каб на гэтым усё i скончылася.
Заўтра я скажу бацьком, што еду. Я сваё тут адбыў. Сягоньня серада i да суботы яшчэ будзе ў мацi час сабраць мяне ў дарогу. Надыйшоў час мне выбiрацца i нiкуды больш, як толькi ў Менск. Я не магу не вярнуцца туды. Усё маё там. Я ведаю – бацькi ўжо ня будуць болей пярэчыць – яны здалiся. зьмiрылiся з тым, што няўхiльна.
Я ляжу ў сенцах у пасьцелi i ў думках разьвiтваюся з усiмi i ўсiм, таксама i з Дусяй. Калi я ўжо заснуў, мярэшчыўся Пiлiп з сваiм канём, грукацела "цялега на зялезным хаду" з Вяркеевым на ёй.
Ранiцою я i аб'явiў за сталом пры сьнеданьнi аб сваiм жаданьнi адправiцца на станцыю ў суботу. Хоць гэта й ня было вялiкай неспадзеўкай для бацькоў, пастанова мая паехаць у гэтую суботу прыбiла iх. Мацi вылезла з-за стала i пачала бразгацець начыньнем у загнетку – гэта яна ад усхваляванасьцi i жалю i каб не паказаць сваiх вачэй, поўных сьлязьмi. Засмучаная, сястра сказала, што яна папросiць у брыгадзiра каня i адвязе мяне на станцыю. Бацька моўчкi зьбiраўся на працу, усё на тую-ж – касiць. Мацi таксама мусiла iсьцi на працу. Я заставаўся ў хаце адзiн i мяне мучыла нейкая вiна, няўсьведамленая i дзеля гэтага яшчэ больш датклiвая. Адсюль можа i тая мiтусянiна, што завалодала маёй душой i адбiрае ў мяне здольнасьць ясна бачыць рэчы. Выходжу з хаты, iду да Вяркеева – можа ўжо вярнуўся з Касьцюковiчаў. Гляджу – на Вяркеевай школьнай дзялянцы, зарослай пустазельлем, полiць Акулiна. Седзячы. Ад жывата-бэбаха ня можа зьгiнацца. Пытаюся, цi ёсьць ён. Незадаволена адказае, што яшчэ сьпiць, але што я магу зайсьцi.
Заходжу.
– Ну дык чаго гэта ты зьбег? – замест, каб адказаць на маё прывiтаньне пытаецца ў мяне Вяркееў, злазячы з ложку. – Ты мне напсаваў. Перад нашым райано я размаляваў цябе ў самыя прывабныя фарбы. Той думаў, што ты й сапраўды тое, што трэба яму, а ты г... скажу я табе. Райано чакаў нас, гатовы быў выпiсаць табе прызначэньне ў дзесяцiгодку, а ты й носу свайго, паскуднага, не паказаў. Ня годна гэтак, браток. Я страцiў на табе шмат. Якая цябе дрыстачка пагнала? Я й дзеўку ўжо для цябе знайшоў – на канфэрэнцыi iх хапала – а ты, пся крэў, зьбег.
– Слухай, я прыйшоў разьвiтацца з табою. Я еду.
– Твая справа, – памаўчаўшы, адказаў Вяркееў.
Пачаў надзявацца, зiрнуў у вакно i, пабачыўшы Акулiну, паскардзiўся:
– Нiяк не разьвяжуся з ёй. Хацеў, каб ськiнула, дык дзе там. Спаймала. Ну, але я не пра гэта. Кажаш – едзеш. Адгаварваць ня буду. Кацi! Я спраўлю табе й праводзiны. А як-жа? Ёсьць паўлiтра. Бачыш – i цэлая кашолка правiянту прыпёрла мая ненаглядная (Вяркееў паказаў на кошык, што стаяў на стале, накрыты рушнiком). Дзень бачыш якi цудоўны! Пойдзем на сасновыя шышкi, на чабор, у сасьнячок. Сьпяку яешню ў твой гонар, вып'ем i забудзем пра нашых акулiн.
На невялiкай воддалi ад школы стаяў, уласна, не "сасьнячок", а прыгожы бор з стагоднiмi гонкiмi соснамi, i мы пайшлi туды. Я нават быў рады пайсьцi туды. Цi пабуду яшчэ калi ў iм? Гэта – месца маiх адзiнотных блуканьняў. Прыгадалiся некалi складзеныя ў гэтым бары радкi:
Са спакоем адвечных палян,
добры дзень, мой зялёны бор.
Я прыйшоў на твой мяккi дыван,
на густы i пахучы чабор.
Захавай ты ад сьпёкi мяне,
дай напiцца з крынiцы вады.
Мая стома тады прамiне,
харашэй стане сэрцу тады.
Вяркееў у посьпеху сабраў у грудок сухiя з шышкамi сасновыя галiнкi i не пасьпеў ткнуць у iх сярнiчку, як яны дзьмухнулi полымем, узьняўшы ўгору агнiстыя трэскi. Грудок хутка прагарэў да дна i на ягоных спапялелых вуглёх Вяркееў паставiў патэльню з разьбiтымi на ёй жаўткамi-вочкамi. Нарэзаў з бохану ськiбак, расклаў iх на распасьцёртым белым настольнiку, дастаў з кашолкi соль, агуркi, вiдэльцы i паставiў дзьве шклянкi. У iх ён разьлiў свайго паўлiтра.
– А тымчасам i цалкавуха ўжо гатова – сьпяклася. Ну дык, браце, за тваё!
Узьняў шклянку i дзынкнуў аб маю.
– Праводжу цябе ў тваю дарогу, якой-бы яна нi была. Трымайся! Гартуйся ў бядзе! Весялiся ў шчасьцi! Я табе ня вораг. Наадварот! Дык дзёрнем, браток!
Гарэлка ўзяла сваё. Вяркееў яшчэ ня сьнедаў i ўзяўся за "цалкавуху" не на жарт: жэр, як у прорву. Мне не хацелася напачатку паганiць душу гарэлкай, але калi яна разьлiлася гарачай хваляй па ўсяму целу, мне стала добра, i тая трывога, што была запанавала мною, зьмянiлася цяпер утульнасьцяй, лагодным спакоем i прыемнай цяплынёй. Есьцi я не хацеў, закусiў толькi маласольным агурком з хлебам. Вяркееў адзiн апустошыў Акулiнiну кашолку.
Палянка, на якой мы разьмесьцiлiся, i якую абступалi выносiстыя сосны, выглядала цяпер, пазалочаная ранiшнiм сонцам, як нейкi алтар з соснамi-сьвечкамi.
– Малiся! Ты-ж эстэт! – адкiнуўшыся на мох, нi то сур'ёзна, нi то зьдзеклiва зьвярнуўся да мяне Вяркееў. – Такога мо болей ня ўбачыш.
У мяне варухнулася да яго няпрыязнь. Я блiзу ненавiдзеў яго, гледзячы як ён, лежачы, травiнкай калупаў у сваiх зрыжэлых зубах. Ды хутка мая нянавiсьць да Вяркеева перайшла ў рашчуленасьць, у жаласьць да сябе самога. Я ледзьве стрымлiваў сябе ад нэрвовага струсу. Ацiхласьць наступiла толькi тады, калi ў душы выступiлi сьлёзы. Я не хаваўся ад Вяркеева, хацеў чамусьцi, каб ён бачыў маю неўтаймаванасьць, але той, ня доўга думаючы, пачаў мяне сячы:
– Разьвесiў нюнi. Хочаш, каб цябе нехта пагладзiў па галоўцы. Не, браце, спагады няма на зямлi i на яе не спадзявайся. Бяры жыцьцё ў рукi сам, як быка за рогi, калi можаш. Але, бачу, ты ня можаш. Прырода такiх плаксаў, як ты, ня любiць. Прыроду трэба браць. Тады яна будзе твая. А ты ад яе нiчога не бярэш, ня ўзяў i едзеш во, засьмяглы i сухавейны. Ды я не хачу цябе квялiць. Я раджу табе быць цьвярозым, тады будзе i табе i iншым лепей. Тыя iншыя будуць бачыць у табе чалавека, а не сьлiмазару. Ты нейкi затуманены, нявыразны. I гора табе, нявыразнаму i затуманенаму.
Iншым разам я мог-бы абурыцца на Вяркеева, але цяпер, слухаючы яго, я прызнаваў, што ён гаворыць праўду i ад гэтага мне станавiлася яшчэ цяжэй, душэўная мiтусянiна не давала мне супакою.
– Паглядзi, чым ты жывеш? Нiчым! Вершамi? Але гэта пустое. Яшчэ каб пiсаў парасейску. Бачу, як у тое сiло i ў Менск ты едзеш дзеля тых сваiх вершаў. Дзеля нечага эфэмернага ты ахвяруеш сабою. Скажу табе праўду – мне шкада тваiх бацькоў. Ты мог-бы ашчасьлiвiць iх, а не ўбiваць iх. Яны ўклалi сябе ў цябе, спадзяючыся на цябе. А таго хiба яны ня ведаюць, што для iх ты – толькi няшчасьце. Яны мо й шкадуюць цябе дзеля таго, што ты – нягеглы. Выбачай, што я выварачваю цябе, як тыя штаны навыварат. Выварачваю, каб ты бачыў, якi ты. Я табе нi сват i нi брат i не мая справа цябе вучыць. От здурэў, дык i гавару. Я ад цябе нiчога не хаваю. I ты ня крыўдуй. Скажу больш – на разьвiтаньне з табою: я на тваiм месцы не варочаўся-б у Менск. Упаўнаважаны нiчога такога мне не сказаў – я для яго не таварыш. I цябе я не хачу настрашыць. Але я крутнуў-бы куды-небудзь на бок, а не паехаў-бы ў тваю пастку – Менск. Твой бацька (я люблю твайго старога) прасiў мяне пагаварыць з табою, дык я вось i гавару. Але цябе, як вiдаць, не пераробiш. Сьлiмазара i застаецца сьлiмазарай. Як ты не адзьдзёр Агапкi, што налазiла на цябе, дык якi ты ў прыродзе чалавек. Ты недзе вонках гэтай прыроды. Я знарок гавару груба, аголена, каб ты ўясьнiў, што трэба трымацца законаў прыроды, а не парушаць iх, што жыцьцё – суровая рэч, але ў гэтай суровасьцi яно прывабнае. Але толькi тады, калi ты сам суровы настолькi, каб падпарадкаваць яго сабе. Жыцьцё прывабнае, калi ты бярэш яго. Ты не бярэш! I мо калi-небудзь жыцьцё перакуе цябе, хоць мне штосьцi ў гэта ня верыцца. Такiх, як ты, не перакуеш – адразу, без супрацiву паддасiся молату, як сьлюнька. I ня будзе чаго гартаваць. З перакоўкi атрымаецца дрэнь. Загартаванай сталi не атрымаецца. Ведаеш закон супрацiўленьня мэталаў?
– Можа-б ты спынiўся, нарэшце? Табе – каб перакаваць! Учынiць гвалт! Я не хачу твайго гвалту! Пакiнь мяне такiм, якiм я ёсць! Пакiнь мяне наогул! Ня вучы!