355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Герберт Джордж Уэллс » Вайна сусветаў (на белорусском языке) » Текст книги (страница 9)
Вайна сусветаў (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 8 октября 2016, 23:19

Текст книги "Вайна сусветаў (на белорусском языке)"


Автор книги: Герберт Джордж Уэллс



сообщить о нарушении

Текущая страница: 9 (всего у книги 10 страниц)

– Вы хочаце сказаць...

– Я хачу сказаць, што людзi, падобныя на мяне, будуць жыць дзеля прадаўжэння чалавечага роду. Я асабiста цвёрда вырашыў жыць. I калi я не памыляюся, вы таксама неўзабаве пакажаце, на што вы здольны. Нас не вынiшчаць. Не. Я не хачу, каб мяне злавiлi, прыручылi, адкормлiвалi i гадавалi, як быка. Бр... Успомнiце толькi гэтых карычневых спрутаў.

– Вы хочаце сказаць...

– Iменна. Я буду жыць. Пад iх пятою. Я ўсё разлiчыў, пра ўсё падумаў. Мы, людзi, разбiтыя. Мы надта мала ведаем. Мы яшчэ многаму павiнны вучыцца, перш чым спадзявацца на поспех. I мы павiнны жыць i зберагчы сваю свабоду, пакуль будзем вучыцца. Зразумела? Вось што нам трэба рабiць.

Я глядзеў на яго са здзiўленнем, глыбока крануты гэтай рашучасцю.

– Божа мой! – усклiкнуў я. – Дык вы сапраўдны чалавек. – Я схапiў яго за руку.

– Праўда? – сказаў ён, i яго вочы ўспыхнулi. – Здорава я ўсё прыдумаў?

– Працягвайце, – сказаў я.

– Тыя, хто не хоча трапiць у палон, павiнны быць гатовымi да ўсяго. Я гатовы да ўсяго. Не кожны чалавек здольны ператварыцца ў дзiкага звера. Таму я i прыглядаўся да вас. Я сумняваўся ў вас. Вы худы, сухi. Я ж не ведаў, што вы той чалавек з Уокiнга; не ведаў, што вы былi зажыва пахаваны. Усе людзi, якiя жылi ў гэтых дамах, усе гэтыя нiкчэмныя канцылярскiя чынушы нiчога не вартыя. У iх няма мужнасцi, няма гордасцi, яны пазбаўлены здольнасцi жадаць i марыць. А без гэтага чалавек – нiшто. Яны вечна спяшаюцца на работу, – я бачыў iх тысячамi, – са сняданкам у кiшэнi, яны бягуць, як вар'яты, думаючы толькi пра тое, як бы трапiць на цягнiк, баяцца, што iх звольняць, калi яны спозняцца. Працуюць яны абыякава; потым спяшаюцца дамоў, баючыся спазнiцца на абед; вечарам сядзяць дома, бо асцерагаюцца хадзiць па глухiх вулiцах; спяць з жонкамi, з якiмi ажанiлiся з-за грошай, спадзеючыся добра забяспечыць свой нiкчэмны лёс. Жыццё iх падстрахавана ад няшчасных выпадкаў. У нядзельныя днi яны дрыжаць за сваю душу. Як быццам пекла створана для трусападобных! Такiм людзям, безумоўна, марсiяне будуць усяляк спрыяць. Чыстыя прасторныя клеткi, дастатковае харчаванне, парадак i нагляд, нiякiх клопатаў. Пабегаўшы з пустым страўнiкам па палях i лугах, яны самi прыйдуць i не пакрыўдзяцца, калi iх зловяць. А праз нейкi час нават будуць рады. Яны будуць здзiўляцца, як гэта раней яны жылi без марсiянаў. Уяўляю ўсiх гэтых гуляк, сутэнёраў i святош... Магу ўявiць, – дадаў ён з нейкай незразумелаю ўхмылкаю. – Сярод iх арганiзуюцца розныя секты... Многае з таго, што я бачыў раней, я зразумеў поўна толькi ў апошнiя днi. Будзе многа адкормленых вар'ятаў, якiя проста змiрацца з усiм, iншыя ж будуць мучыцца тым, што гэта несправядлiва i што яны павiнны пайсцi на нешта важнае. Калi большасць людзей мае патрэбу ў нейкай важнай справе, слабыя i тыя, каторыя самi сябе расслабляюць бясконцымi разважаннямi, прыдумляюць рэлiгiю, бяздзейсную, з пропаведдзю пакорнасцi перад сiлаю, перад божаю воляй. Вы, напэўна, з гэтым сустракалiся. Гэта – прыхаваная боязь, абы быць далей ад справы. У гэтых клетках яны будуць набожна распяваць псалмы i малiтвы. А iншыя, не такiя прастакi, будуць займацца – як гэта назваць? – эротыкай.

Ён змоўк.

– Магчыма, марсiяне выхаваюць з некаторых людзей сваiх любiмчыкаў, навучаць iх розным фокусам, хто ведае! Можа, iм раптам стане шкада якога-небудзь хлопчыка, якi вырас на iх вачах i якога трэба зарэзаць. Асобных яны, магчыма, навучаць паляваць на нас...

– Не! – усклiкнуў я. – Гэтага быць не можа. Нiводзiн чалавек...

– Навошта сябе абманваць? – перабiў артылерыст. – Знойдуцца людзi, якiя з радасцю будуць гэта рабiць. Толькi вар'яты могуць дапусцiць, што такiх няма.

Я не мог з iм пагадзiцца.

– Паспрабавалi б яны мяне ўпаляваць, – працягваў ён. – Божа мой! Паспрабавалi б толькi! – паўтарыў ён, i яго паланiў змрочны роздум.

Я сядзеў, абдумваючы яго словы. Я не знаходзiў нiякiх пярэчанняў супраць довадаў гэтага чалавека. Да таго, як марсiяне напалi, нiхто i не падумаў бы спрачацца наконт маёй iнтэлектуальнай перавагi над iм: я вядомы пiсьменнiк па фiласофскiх пытаннях, ён просты салдат; цяпер жа ён значна апярэдзiў падзеi, якiя я нават не мог усвядомiць.

– Што ж вы думаеце рабiць? – спытаў я нарэшце. – Якiя вашы планы?

Ён памаўчаў.

– Вось што я вырашыў, – сказаў ён. – Што нам застаецца рабiць? Трэба прыдумаць якiсьцi спосаб жыцця, каб людзi маглi жыць, размнажацца i адносна смела гадаваць дзяцей. Зараз я скажу больш ясна, што трэба рабiць. Тыя, каго прыручаць, стануць падобныя на свойскiх жывёлаў; праз некалькi пакаленняў гэта будуць вялiкiя, прыгожыя, выкармленыя стварэннi. Што да нас, вольных людзей, то мы рызыкуем здзiчэць, ператварыцца ў нейкiх дзiкiх пацукоў... Вы разумееце, я маю на ўвазе жыццё пад зямлёю. Я шмат думаў пра каналiзацыйную сетку. Вядома, таму, хто яе не ведае, яна здаецца жахлiвай. Пад адным толькi Лонданам каналiзацыйныя трубы цягнуцца на сотнi мiляў; некалькi дажджлiвых дзён – i ў пустым горадзе трубы стануць прыдатнымi i чыстымi. Галоўныя трубы дастаткова свабодныя, паветра ў iх таксама дастаткова. Потым ёсць яшчэ скляпы, склады, падвалы, адкуль можна правесцi па трубах патайныя хады. А чыгуначныя тунэлi i метрапалiтэн? А? Вы разумееце? Мы ўтворым цэлую шайку з моцных, кемлiвых людзей. Мы не будзем падбiраць усякую дрэнь. Слабых будзем выкiдваць.

– Як хацелi выкiнуць мяне?

– Дык я ж уступiў у перагаворы...

– Не будзем спрачацца пра гэта. Прадаўжайце.

– Тыя, што застануцца, павiнны падпарадкавацца дысцыплiне. Нам спатрэбяцца таксама здаровыя, сумленныя жанчыны – маткi i выхавацельнiцы. Толькi не сентыментальныя дамы, не тыя, што строяць вочкi. Мы не можам прымаць слабых i бязглуздых. Жыццё зноў становiцца першабытным, i тыя, хто бескарысны, хто з'яўляецца толькi абузаю i прыносiць шкоду, павiнны памерцi. Усе яны павiнны вымерцi. Яны павiнны самi хацець смерцi. У рэшце рэшт гэта несумленна – жыць i саромiць сваё племя. Усё роўна яны не могуць быць шчаслiвымi. Да таго ж смерць не такая i страшная, гэта баязлiвасць робiць яе страшнаю. Мы не будзем збiрацца тут. Нашаю акругаю будзе Лондан. Мы нават зможам выстаўляць варту i выходзiць на адкрытае паветра, калi марсiяне будуць далёка. Нават пагуляць сяды-тады ў крыкет. Вось як мы захаваем свой род. Ну як? Магчыма такое цi не? Але выратаваць свой род – гэтага яшчэ мала. Для гэтага дастаткова быць пацукамi. Не, мы павiнны ўратаваць назапашаныя веды i нават павялiчыць iх. Для гэтага патрэбны такiя людзi, як вы. Ёсць кнiгi, ёсць узоры. Мы павiнны наладзiць пад зямлёю надзейныя сховiшчы i сабраць туды ўсе кнiгi, якiя толькi набудзем. Не якiя-небудзь раманы, вершыкi i да таго падобную дробязь-лухту, а слушныя, навуковыя кнiгi. Тут якраз i спатрэбяцца людзi накшталт вас. Нам трэба будзе прабрацца ў Брытанскi музей i захапiць усе такiя кнiгi. Мы не павiнны забываць пра нашу навуку: мы павiнны вучыцца як мага больш. Мы павiнны назiраць за марсiянамi. Некаторыя з нас павiнны стаць шпiёнамi. Калi ўсё будзе наладжана, я сам, магчыма, пайду ў шпiёны. Гэта значыць дам сябе злавiць. I самае галоўнае мы не павiнны чапаць марсiянаў. Мы не павiнны нiчога красцi ў iх. Калi мы апынiмся на iх шляху, мы павiнны саступаць. Мы павiнны паказаць iм, што мы не задумваем нiчога кепскага. Толькi так. Яны разумныя iстоты i не будуць вынiшчаць нас, калi будуць мець усё, што iм трэба, i калi яны будуць упэўнены, што мы проста бясшкодныя чэрвi.

Артылерыст змоўк i паклаў мне на плячо сваю загарэлую руку.

– У рэшце рэшт нам, можа, i не так ужо многа давядзецца вучыцца, перш чым... Вы толькi ўявiце: чатыры цi пяць баявых iх трыножкаў раптам пачнуць рухацца... Цеплавы прамень направа i налева... I на iх не марсiяне, а людзi, людзi, якiя навучылiся iмi кiраваць. Магчыма, я яшчэ ўбачу такiх людзей. Уявiце, што мы маем адну з такiх цудоўных машын, ды яшчэ цеплавы прамень, якi вы можаце кiдаць куды хочаце. Уявiце, што вы ўсiм гэтым кiруеце! Не бяда, калi пасля такога вопыту ўзляцiш у паветра i будзеш разарваны на часткi. Уяўляю, як марсiяне вылупяць ад здзiўлення свае бельмы! Хiба вы не можаце ўявiць гэта? Хiба не бачыце, як яны бягуць, спяшаючыся, задыхаючыся, пыхкаючы, вухкаючы, да другiх машынаў? I вось усюды што-небудзь не ў парадку. I раптам свiст, грукат, гром, трэск! Толькi яны пачнуць iх наладжваць, як мы пусцiм цеплавы прамень, – i – глядзiце! – чалавек зноў авалодвае Зямлёю!

Палкае ўяўленне артылерыста, яго ўпэўнены тон i адвага зрабiлi на мяне вялiкае ўражанне. Я без агаворак паверыў i ў яго прадказанне аб лёсе чалавецтва, i ў магчымае здзяйсненне яго смелых планаў. Чытач, якi палiчыць мяне занадта даверлiвым i наiўным, павiнен параўнаць сваё становiшча з маiм: ён без спешкi чытае ўсё гэта i можа спакойна разважаць, а я ляжаў, скурчыўшыся, у кустах, змардаваны страхам, прыслухоўваючыся да самага нязначнага шоргату.

Цэлую ранiцу мы гаварылi на гэту тэму, потым вылезлi з кустоў i, паглядзеўшы па баках, цi няма марсiянаў, хутка накiравалiся к дому на Путнi-Хiле, дзе артылерыст наладзiў сваё логава. Гэта быў вугальны склад пры доме, i калi я паглядзеў, што яму ўдалося зрабiць за цэлы тыдзень (гэта была нара ярдаў шэсць даўжынёю, якую ён меркаваў злучыць з галоўнай сцёкавай трубою Путнi-Хiла), я спачатку падумаў, якая прорва аддзяляе яго мары ад яго магчымасцяў. Такую нару я мог бы выкапаць за адзiн дзень. Але я верыў у яго i важдаўся разам з iм над гэтаю нарою да паўдня. У нас была садовая тачка, i мы адвозiлi выкапаную зямлю на кухню. Мы падмацавалiся бляшанкаю кансерваў суп з цялячай галавы – i вiном. Упартая, цяжкая праца давала мне дзiўную палёгку – яна прымушала забывацца пра чужы i жудасны свет вакол нас. Пакуль мы працавалi, я абдумваў яго праект, i ў мяне пачалi ўзнiкаць сумненнi; але я старанна капаў усю ранiцу, радуючыся, што магу заняцца якою-небудзь справаю. Папрацаваўшы каля гадзiны, я пачаў вылiчваць адлегласць да цэнтральнага сцёку i задумвацца над тым, а цi правiльны мы ўзялi напрамак. Потым я пачаў сумнявацца: навошта нам, уласна кажучы, капаць доўгi тунель, калi можна пранiкнуць у сетку сцёчных трубаў праз адну з выхадных адтулiнаў i адтуль капаць праход к дому? Акрамя таго, мне здавалася, што i дом выбраны няўдала: занадта доўгi тунель патрэбны. Якраз у гэты момант артылерыст перастаў капаць i паглядзеў на мяне.

– Трэба крыху адпачыць... Я думаю, пара пайсцi паназiраць са страхi...

Я ўгаворваў яго працягваць працу; пасля некаторых ваганняў ён зноў узяўся за лапату. Раптам мне прыйшла ў галаву дзiўная думка. Я спынiўся; ён перастаў капаць.

– Чаму вы разгульвалi па выгане, замест таго каб капаць? – спытаў я.

– Проста хацеў асвяжыцца, – адказаў ён. – Я ўжо iшоў назад. Ноччу больш бяспечна.

– А як жа работа?

– Нельга ж увесь час працаваць, – сказаў ён, i нечакана я зразумеў, што гэта за чалавек. Ён марудзiў, трымаючы ў руках рыдлёўку. – Трэба iсцi на разведку, – сказаў ён. – Калi хто-небудзь падыдзе блiзка, то можа пачуць, як мы капаем, i нас заспеюць знянацку.

Я не пярэчыў. Мы палезлi на гарышча i, стоячы на лесвiчцы, глядзелi ў слыхавое вакно. Марсiянаў нiдзе не было вiдаць; мы вылезлi на дах i з'ехалi па чарапiцы ўнiз, пад прыкрыцце парапета.

Большая частка Путнi-Хiла была закрыта дрэвамi, але мы ўбачылi ўнiзе раку, зарослую чырвонаю травою, i раўнiну Ламбета, чырвоную, залiтую вадою. Чырвоныя ўюны карабкалiся па дрэвах вакол старадаўняга палаца; голле, сухое i мёртвае, з бляклымi лiстамi, тырчала сярод пучкоў чырвонай травы. Дзiўна, што гэта трава магла распаўсюджвацца толькi ў праточнай вадзе. Каля нас яе зусiм не было. Тут сярод лаўраў i дрэвападобных гартэнзiяў раслi залаты дождж, ружовы баярышнiк, калiна i вечназялёныя дрэвы. Густы дым, якi падымаўся за Кенсiнгтанам, i блакiтнаватая пялёнка скрадвалi пагоркi на поўначы.

Артылерыст пачаў расказваць мне пра людзей, што засталiся ў Лондане.

– На мiнулым тыднi нейкiя вар'яты запалiлi электрычнасць. Па ярка асветленай Рыджант-стрыт i Сэркес разгульвалi натоўпы размалёваных, ашалелых п'янiцаў, мужчыны i жанчыны весялiлiся i скакалi да ранiцы. Мне расказваў пра гэта адзiн чалавек, якi там быў. А калi развiднела, яны заўважылi, што баявы трыножак стаiць непадалёку ад Ленгхэма i марсiянiн назiрае за iмi. Бог ведае, колькi часу ён там стаяў. Потым ён рушыў на iх i нахапаў больш за сотню людзей – цi п'яных, цi разгубленых ад спалоху.

Цiкавы штрых таго часу, пра якi наўрад цi дасць уяўленне гiсторыя!

Пасля гэтага аповеду, падагрэты маiмi пытаннямi, артылерыст зноў перайшоў да сваiх грандыёзных планаў. Ён вельмi ж захапiўся. Пра магчымасць захапiць трыножкi ён гаварыў так красамоўна, што я зноў пачаў яму верыць. Але паколькi я цяпер разумеў, з кiм маю справу, я ўжо не здзiўляўся, што ён папярэджвае, перасцерагае ад празмернай паспешнасцi. Я заўважыў таксама, што ён ужо не збiраецца сам захапiць трыножак i змагацца.

Потым мы вярнулiся ў вугальны склеп. Нiхто з нас асаблiва не хацеў зноў прыняцца за работу, i калi ён прапанаваў перакусiць, я ахвотна пагадзiўся. Ён нечакана стаў надзвычай шчодры; пасля таго, як мы паелi, ён кудысьцi пайшоў i вярнуўся з выдатнымi сiгарамi. Мы закурылi, i яго аптымiзм павялiчыўся. Ён, вiдаць, лiчыў, што маё паяўленне трэба адсвяткаваць.

– У склепе ёсць шампанскае, – сказаў ён.

– Калi мы хочам працаваць, то лепш абмежавацца бургундскiм, – адказаў я.

– Не, – сказаў ён, – сёння я частую. Шампанскае! Божа мой! Мы яшчэ паспеем напрацавацца. Перад намi нялёгкая задача. Трэба адпачыць i набрацца сiлы, пакуль ёсць час. Паглядзiце, якiя ў мяне на руках мазалi!

Пасля яды, зыходзячы з тых меркаванняў, што сёння свята, ён прапанаваў згуляць у карты. Ён навучыў мяне гуляць у юкр, i, падзялiўшы памiж сабою Лондан (прычым мне дасталася паўночная частка, а яму паўднёвая), мы пачалi гуляць на парафiяльныя ўчасткi. Гэта можа здацца недарэчным i нават неразумным, але я дакладна апiсваю тое, што было, i больш за ўсё здзiўляе тое, што гэта гульня мяне захапiла.

Дзiўна арганiзаваны чалавек! У той час, калi чалавецтву пагражала гiбель цi выраджэнне, мы, пазбаўленыя якой-небудзь надзеi, пад пагрозаю страшэннай смерцi, сядзелi i сачылi за выпадковымi камбiнацыямi размалёванага кардону i з азартам "хадзiлi з казыра". Потым ён навучыў мяне гуляць у покер, а я выйграў у яго тры партыi ў шахматы. Калi сцямнела, мы, каб не перапыняць гульнi, адважылiся нават запалiць лямпу.

Пасля бясконцай серыi гульняў мы павячэралi, i артылерыст дапiў шампанскае. Увесь вечар мы курылi сiгары. Гэта быў ужо не той поўны энергii ўзнаўляльнiк роду чалавечага, каторага я сустрэў ранiцаю. Ён быў па-ранейшаму настроены аптымiстычна, але яго аптымiзм насiў цяпер менш экспансiўны характар. Помню, ён пiў за маё здароўе, сказаўшы пры гэтым не вельмi зразумелую прамову, у якой шмат разоў паўтарыў адно i тое ж. Я закурыў сiгару i пайшоў наверх паглядзець на зялёныя агнi, пра якiя ён мне гаварыў, якiя гарэлi ўздоўж пагоркаў Хайгета.

Я бяздумна ўзiраўся ў далiну Лондана. Паўночныя ўзвышанасцi былi ахутаны змрокам; каля Кенгсiнгтана свяцiлася зарыва, сяды-тады чырвона-аранжавы язык полымя вырываўся ўверх i знiкаў у цёмнай начной сiняве. Лондан быў у цемнаце. Неўзабаве я заўважыў непадалёку якоесьцi дзiўнае святло; бледны, фiялетава-чырвоны, фасфарасцыраваны воблiск, якi дрыжаў на начным ветры. Спачатку я не мог зразумець, што гэта такое, потым здагадаўся, што гэта фасфарасцыруе чырвоная трава. Дрымотная свядомасць прачнулася ўва мне; я зноў пачаў унiкаць у адпаведнасць з'яў. Я паглядзеў на Марс, якi зiяў чырвоным агнём на захадзе, а пасля доўга i пiльна ўзiраўся ў цемнату, у бок Хэмстада i Хайгета.

Доўга я прасядзеў на страсе, успамiнаючы перыпетыi гэтага працяглага дня. Я стараўся аднавiць скачкi свайго настрою, пачынаючы з малiтвы мiнулай ноччу i заканчваючы гэтай iдыёцкай гульнёю ў карты. Самому сабе стала агiдна. Помню, як я амаль сiмвалiчным жэстам адкiнуў сiгару. Раптоўна я зразумеў усю сваю неразумнасць. Мне здавалася, што я здрадзiў жонцы, здрадзiў чалавецтву. Я глыбока раскайваўся. Я вырашыў пакiнуць гэтага дзiўнага неўтаймоўнага летуценнiка з яго п'янствам i пражорлiвасцю i iсцi ў Лондан. Там, мне здавалася, я хутчэй за ўсё даведаюся, што робяць марсiяне i мае сабраты – людзi. Калi нарэшце ўзышоў месяц, я ўсё яшчэ стаяў на страсе.

VIII

МЁРТВЫ ЛОНДАН

Пакiнуўшы артылерыста, я спусцiўся з узвышша i пайшоў па Хайстрыт цераз мост к Ламбету. Чырвоная трава ў той час яшчэ буйна расла i аплятала парасткамi ўвесь мост; дарэчы, яе сцяблiнкi ўжо пакрылiся белаватым налётам; пагубная хвароба хутка распаўсюджвалася.

На рагу вулiцы, што вяла да вакзала Путнi-брыдж, валяўся чалавек, брудны, як камiнар. Ён быў жывы, але п'яны да непрытомнасцi, нават не мог гаварыць. Я ад яго нiчога не дабiўся, акрамя лаянкi i спробаў ударыць мяне. Я адышоўся, здзiўлены дзiкiм выразам яго твару.

За мостам, на дарозе, ляжаў слой чорнага пылу, па меры наблiжэння да Фулхема ён станавiўся ўсё таўсцейшым. На вулiцах мёртвая цiшыня. У булачнай я знайшоў крыху хлеба, праўда, ён быў кiслы, чэрствы i пазелянеў, але заставаўся яшчэ ядомым. Далей к Уолхем-Грыну на вулiцах не было чорнага пылу, i я прайшоў мiма белых дамоў, якiя гарэлi. Нават трэск пажару здаваўся мне прыемным. Яшчэ далей, каля Бромптана, на вулiцах зноў мёртвая цiшыня.

Тут я зноў убачыў чорны пыл на вулiцах i мёртвыя целы. На працягу Фулхем-роўд я налiчыў каля дванаццацi трупаў. Яны былi напалову засыпаны чорным пылам, ляжалi, вiдаць, многа дзён; я хутка абыходзiў iх. Некаторых абгрызлi сабакi.

Там, дзе не было чорнага пылу, горад меў абсалютна гэткi самы вiд, як у звычайную нядзелю: магазiны зачыненыя, дамы замкнутыя, шторы спушчаныя, цiха i бязлюдна. У многiх месцах былi вiдаць сляды рабавання – часцей за ўсё вiнных i гастранамiчных магазiнаў. Шкло вiтрыны ювелiрнага было разбiта, але, вiдаць, злодзею перашкодзiлi: залатыя ланцужкi i гадзiннiкi валялiся на бруку. Я нават не нагнуўся падняць iх. У адным пад'ездзе на ступеньках ляжала жанчына ў лахманах; рука, якая звiсала з калена, была рассечана, i кроў залiла тонкую цёмную сукенку. У лужы шампанскага тырчала вялiкая разбiтая бутэлька. Здавалася, што жанчына спiць, але яна была мёртвая.

Чым далей я паглыбляўся ў Лондан, тым больш цяжкаю станавiлася цiшыня. Але гэта было не маўчанне смерцi, а хутчэй цiшыня напружанага чакання. Кожную хвiлiну цеплавыя промнi, што спалiлi ўжо паўночна-заходнюю частку сталiцы i знiшчылi Iлiнг i Кiлберн, маглi дакрануцца i да гэтых дамоў i ператварыць iх у дымныя развалiны. Гэта быў пакiнуты i асуджаны горад...

У Паўднёвым Кенсiнгтане чорнага пылу i трупаў на вулiцах не было. Тут я ўпершыню пачуў выццё. Я не адразу зразумеў, што гэта такое. Гэта было няспыннае жаласлiвае чаргаванне дзвюх нотаў: "Улла... улла... улла... улла...". Калi я iшоў па вулiцах, што вялi на поўнач, выццё станавiлася больш гучнае; будынкi, здавалася, то прыглушалi яго, то ўзмацнялi. Асаблiва гулка аддавалася яно на Эксiбiшт-роўд. Я спынiўся i паглядзеў на Кенсiнгтанскi парк, прыслухоўваючыся да аддаленага дзiўнага выцця. Здавалася, усе гэтыя апусцелыя будынкi набылi голас i скардзiлiся на страх i адзiноцтва.

"Улла... улла... улла... улла..." – раздаваўся гэты нечалавечы плач, i хвалi гукаў разыходзiлiся па шырокай сонечнай вулiцы сярод высокiх будынкаў. У недаўменнi я павярнуў на поўнач, да жалезнай брамы Гайд-парка. Я думаў зайсцi ў Натурала-гiстарычны музей, залезцi на вежу i паглядзець на парк зверху. Потым я вырашыў застацца ўнiзе, дзе можна было лягчэй схавацца, i пайшоў далей па Эксбiшт-роўд. Вялiзныя будынкi паабапал дарогi былi пустыя, мае крокi ў цiшынi аддавалiся гулкiм рэхам.

Наверсе, недалёка ад паркавай брамы, я ўбачыў незвычайную карцiну перакулены амнiбус i конскi шкiлет, поўнасцю абгрызены. Пастаяўшы крыху, я пайшоў далей да моста цераз Серпентайн. Выццё станавiлася ўсё мацнейшае, хоць на поўнач ад парка над стрэхамi дамоў нiчога не было вiдаць, толькi на паўночным захадзе падымалася дымавая пялёнка.

"Улла... улла... улла... улла..." – выў голас, як мне здавалася, аднекуль з боку Рыджэнт-парка. Гэты адзiнокi жаласлiвы гул засмучаў. Уся мая смеласць знiкла. Мяне ахапiў сум. Я адчуў, што страшэнна стамiўся, нацёр ногi, што мяне мучыць голад i смага.

Было ўжо за поўдзень. Навошта я хаджу па гэтым горадзе мёртвых, чаму я адзiн жывы, калi ўвесь Лондан ляжыць, як труп у чорным саване? Я адчуў сябе бясконца адзiнокiм. Успомнiў былых сяброў, даўно забытых. Падумаў пра атруты ў аптэках, пра алкаголь у скляпах вiнагандляроў; успомнiў пра двух няшчасных, якiя, як я думаў, разам са мною валодаюць усiм Лонданам...

Праз Мармуровую арку я выйшаў на Оксфард-стрыт. Тут зноў былi трупы i чорны пыл; з падвальных закратаваных люкаў некаторых дамоў даносiўся пах тлення. Ад доўгага блукання па гарачынi мяне даймала смага. З вялiкай цяжкасцю мне пашанцавала пранiкнуць у якiсьцi рэстаран i набыць ежы i пiтва. Потым, адчуўшы моцную стомленасць, я прайшоў у гасцiную за буфетам, уклаўся на чорную канапу, набiтую конскiм воласам, i заснуў.

Калi я прачнуўся, праклятае выццё па-ранейшаму раздавалася ў вушах: "Улла... улла... улла... улла...". Цямнела. Я знайшоў у буфеце некалькi сухароў i сыру – там быў поўны абед, але ад ежы засталiся толькi клубкi чарвей. Я адправiўся на Бэйкер-стрыт па пустых скверах, – магу прыпомнiць назву толькi аднаго з iх: Портмен-сквер, – i нарэшце выйшаў к Рыджэнт-парку. Калi я спускаўся з Бейкер-стрыт, то ўбачыў удалечынi над дрэвамi, на светлым фоне неба, каўпак гiганта-марсiянiна, якi i выдаваў гэта выццё. Я нiяк не напалохаўся. Я спакойна iшоў прама на яго. Некалькi хвiлiн я назiраў за iм: ён не рухаўся. Вiдаць, ён проста стаяў i выў, i не мог здагадацца, што азначае гэта няспыннае выццё.

Я спрабаваў прыняць якое-небудзь рашэнне. Але няспыннае выццё "улла... улла... улла... улла..." перашкаджала мне засяродзiцца. Магчыма, прычынаю майго бясстрашша была стомленасць. Мне захацелася разгадаць прычыну гэтага манатоннага выцця. Я павярнуў назад i выйшаў на Парк-роўд, намерваючыся абагнуць парк; я пралез пад прыкрыццем тэрасаў, каб паглядзець на гэтага нерухомага марсiянiна з боку Сент-Джонс-Вуда. Адышоўшыся ярдаў на дзвесце ад Бэйкер-стрыт, я пачуў рознагалосы сабачы брэх i ўбачыў спярша аднаго сабаку з куском гнiлога чырвонага мяса ў зубах, якi на злом галавы ляцеў на мяне, затым – цэлую зграю галодных бадзяжных псоў, якiя гналiся за iм. Сабака зрабiў круты паварот, каб абагнуць мяне, як быццам баяўся, што я адаб'ю ў яго здабычу. Калi брэх зацiх удалечынi, паветра зноў напоўнiлася выццём: "Улла... улла... улла... улла...".

На паўшляху да вакзала Сент-Джонс-Вуд я напаткаў зламаную мнагарукую машыну. Спачатку я падумаў, што ўпоперак вулiцы ляжыць разбураны дом. Толькi прабраўшыся сярод абломкаў, я са здзiўленнем убачыў, што механiчны Самсон з пакарабачанымi, зламанымi i скручанымi шчупальцамi ляжыць пасярод развалiн, якiя ён сам награмаздзiў. Пярэдняя частка машыны была разбiта ўшчэнт. Вiдаць, машына наскочыла на дом i, разбурыўшы яго, засела ў развалiнах. Гэта магло адбыцца пры ўмове, калi машыну кiнулi на волю лёсу. Я не мог узабрацца на абломкi i таму не бачыў у наступаючай цемнаце запырсканае кроўю сядзенне i абгрызены сабакамi храсток марсiянiна.

Ашаломлены ўсiм убачаным, я накiраваўся к Прымроз-Хiлу. Удалечынi праз дрэвы я ўбачыў другога марсiянiна, такога ж нерухомага, як i першы; ён моўчкi стаяў у парку блiз Заалагiчнага сада. Далей за развалiнамi, што акружылi паламаную мнагарукую машыну, я зноў убачыў чырвоную траву; увесь Рыджэнт-канал зарос губчатай цёмна-чырвонай раслiннасцю.

Калi я пераходзiў мост, няспыннае выццё "улла... улла... улла... улла..." раптам абарвалася. Здавалася, нехта яго перапынiў. Нечаканая цiшыня ўразiла так, як грамавы ўдар.

З усiх бакоў мяне абступалi высокiя, цёмныя, пустыя дамы; дрэвы блiжэй да парка станавiлiся больш чорныя. Сярод развалiн расла чырвоная трава; яе парасткi быццам падпаўзлi да мяне. Надыходзiла ноч, мацi страху i тайны. Пакуль гучаў гэты голас, я неяк мог пераносiць адзiноту, яна была яшчэ цярпiмаю; Лондан здаваўся мне яшчэ жывым, i я бадзёрыўся. I раптам гэта перамена! Нешта адбылося – я не ведаў што, – i настала амаль адчувальная цiшыня. Мёртвы спакой.

Лондан глядзеў на мяне, як прывiд. Вокны ў пустых дамах былi падобныя на вочныя ўпадзiны чэрапа. Мне здавалася, што ка мне падкрадваюцца тысячы ворагаў. Мяне ахапiў жах, я спалохаўся сваёй дзёрзкасцi. Вулiца наперадзе стала чорная, як быццам яе вымазалi дзёгцем, i я заўважыў якiсьцi сутаргава скрыўлены цень упоперак дарогi. Я не мог прымусiць сябе iсцi далей. Звярнуўшы на Сент-Вуд-роўд, пабег к Кiлберну, ратуючыся ад гэтага невыноснага маўчання. Я схаваўся ад ночы i цiшынi ў рамiзнiцкай будцы на Хароў-роўд. Я прасядзеў там амаль усю ноч. На досвiтку я крыху падбадзёрыўся i пад мiгатлiвымi зорамi пайшоў к Рыджэнт-парку. Я заблудзiўся i раптам убачыў у канцы доўгай вулiцы ў перадранiшнiх прыцемках мудрагелiстыя абрысы Прымроз-Хiла. На вяршынi, падымаючыся высока насустрач мiгатлiвым зоркам, стаяў трэцi марсiянiн, гэткi ж прамы i нерухомы, як i астатнiя.

Я рашыўся на рызыкоўны ўчынак. Лепш памерцi i пакончыць з усiм. Тады мне не давядзецца забiваць сямога сябе. I я рашуча накiраваўся к тытану. Падышоўшы блiжэй, я ўбачыў у перадранiшнiм святле зграi чорных птушак, якiя кружылi вакол каўпака марсiянiна. Сэрца маё забiлася, i я пабег унiз па дарозе.

Я трапiў у зараснiк чырвонай травы, якая пакрыла Сент-Эдмундтэрас, па грудзi ў вадзе перайшоў уброд паток, што сцякаў каля вадаправода к Альберт-роўд, выбраўся адтуль яшчэ да ўсходу сонца. Вялiзныя кучы зямлi былi насыпаны на вяршынi пагорка, быццам для агромнiстага рэдута, – гэта было апошняе i самае вялiкае ўмацаванне, пабудаванае марсiянамi, i адтуль падымаўся ў неба лёгкi дымок. Прабег сабака i знiк. Я адчуў, што мая здагадка павiнна пацвердзiцца. Ужо без усякага страху, дрыжучы ад хвалявання, я ўзбег уверх па пагорку да нерухомага страшыдлы. З-пад каўпака звiсалi друзлыя бурыя камякi; iх клявалi i рвалi галодныя птушкi.

Яшчэ праз хвiлiну я ўзабраўся па насыпе i стаяў на грэбенi вала унутраная пляцоўка рэдута была ўнiзе, пада мною. Яна была даволi абшырная, з гiганцкiмi машынамi, гарою матэрыялаў i дзiўнымi збудаваннямi. I сярод гэтага хаосу на перакуленых трыножках, на нерухомых мнагарукiх машынах i прама на зямлi ляжалi марсiяне, здубянелыя i маўклiвыя, – мёртвыя! знiшчаныя нейкай заразнай бактэрыяй, да барацьбы з якою iх арганiзм не быў прыстасаваны, знiшчаныя гэтаксама, як была пасля знiшчана чырвоная трава. Пасля таго, як усе сродкi абароны чалавецтва былi вычарпаны, прышэльцы былi вынiшчаны самымi нiкчэмнымi стварэннямi, якiмi прамудры госпад насялiў Зямлю.

Усё адбылося так, як i я, i многiя людзi маглi б прадбачыць, калi б страх i панiка не азмрочвалi наш розум. Гэтыя зародкi хвароб ужо ўзялi сваю данiну з чалавецтва яшчэ ў дагiстарычныя часы, узялi данiну з нашых продкаў-жывёлiн яшчэ тады, калi жыццё на Зямлi толькi што пачыналася. Дзякуючы натуральнаму адбору мы развiлi ў сабе здольнасць супрацiўляцца; мы не ўступаем нiводнай бактэрыi без упартай барацьбы, а для многiх з iх, як, напрыклад, для бактэрыяў, што спараджаюць гнiенне мёртвага цела, наш арганiзм зусiм непрыступны. На Марсе, вiдаць, няма бактэрыяў, i як толькi заяўленыя на Зямлю прышэльцы пачалi харчавацца, нашы мiкраскапiчныя саюзнiкi прынялiся за работу, рыхтуючы iм згубу. Калi я ўпершыню ўбачыў марсiянаў, яны ўжо былi асуджаны на смерць, яны ўжо паступова вымiралi i гнiлi на хаду. Гэта было непазбежна. Заплацiўшы мiльёнамi жыццяў, чалавек купiў сабе права жыць на Зямлi, i гэта права належыць яму насуперак усiм прышэльцам. Яно належала б яму нават i тады, калi б марсiяне i ў дзесяць разоў пераўзыходзiлi чалавека. Бо чалавек жыве i памiрае не дарэмна.

Усiх марсiянаў было каля пяцiдзесяцi; яны валялiся ў сваёй вялiзнай яме, падкошаныя смерцю, якая павiнна была здавацца iм загадкаваю. I для мяне ў той час iх смерць была загадкаю. Я зразумеў толькi, што гэтыя пачвары, якiя наводзiлi на людзей страх, мёртвыя. На момант мне здалося, што зноў паўтарылася паражэнне Сенахерыба, што госпад пашкадаваў нас, i анёл смерцi загубiў iх за адну ноч.

Я стаяў, гледзячы на яму, i сэрца маё бiлася ад радасцi, калi ўзыходзячае сонца асвяцiла навакольны свет сваiмi промнямi. Яма была ў цянi; магутныя машыны, такiя агромнiстыя, складаныя i дзiўныя, незямныя нават па сваёй форме, падымалiся, як зачараваныя, са змроку насустрач святлу. Цэлая зграя сабак грызлася над трупамi, што валялiся ў прадоннi ямы. У дальнiм канцы яе ляжала вялiкая, плоская, вычварная лятальная машына, на якой яны, вiдаць, рабiлi першыя палёты ў нашай намнога больш шчыльнай атмасферы, калi гнiенне i смерць перашкодзiлi iм. Смерць настала своечасова. Пачуўшы карканне птушак, я зiрнуў наверх; перада мною быў вялiзны баявы трыножак, якi ўжо нiколi не будзе дзейнiчаць, чырвоныя кускi мяса, з якiх капала кроў на перакуленыя лавы на вяршынi Прымроз-Хiла.

Я павярнуўся i глянуў унiз, дзе ля падножжа пагорка, акружанага зграяй птушак, стаялi заспелыя смерцю два другiя марсiянiны, якiх я бачыў учора вечарам. Адзiн з iх памёр якраз у тую хвiлiну, калi перадаваў штосьцi сваiм калегам; можа, ён памёр апошнiм, i сiгналы яго раздавалiся, пакуль працаваў механiзм. У промнях ранiшняга сонца зiялi ўжо бясшкодныя металiчныя трыножкi, вежы блiскотнага металу...

Вакол, быццам выпадкова ўратаваны ад знiшчэння, рассцiлаўся вялiкi бацька гарадоў. Хто бачыў Лондан толькi пад звыклым покрывам дыму, наўрад цi можа ўявiць аголеную прыгажосць яго пустых, маўклiвых вулiц.

На ўсход, над пачарнелымi развалiнамi Альберт-тэрас i раздробленым царкоўным шпiлем, сярод бязвоблачнага неба свяцiла сонца. Дзе-нiдзе якая-небудзь грань белага даху адбiвала прамень i блiшчала асляпляльным святлом. Сонца перадавала таямнiчую прыгажосць нават вiнным складам вакзала Чок-Фарм i працяглым чыгуначным лiнiям, дзе раней блiшчалi чорныя рэйкi, а цяпер чырванелi палосы двухтыднёвай iржы.

На поўнач распасцiралiся Кiлберн i Хэмпстэд – цэлы масiў дамоў у сiняватай смузе; на захадзе гiганцкi горад быў таксама пакрыты смугою; на поўднi, за марсiянамi, паменшаныя адлегласцю, бачылiся зялёныя хвалi Рыджэнт-парка. Ленгхэм-гатэль, купал Альберт-хола, Каралеўскi iнстытут i агромнiстыя будынкi на Бромптан-роўд, а ўдалечынi невыразна вырысоўвалiся зубчастыя развалiны Вестмiнстэра. У глыбокай далечы ўзвышалiся пагоркi Сэрэя i блiшчэлi, як дзве сярэбраныя калоны, вежы Крыстал-Паласа. Купал сабора св. Паўла чарнеў на фоне ранiшняга неба, – я ўбачыў, што на заходнiм баку сабора зеўрала вялiкая прабоiна.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю