Текст книги "Вайна сусветаў (на белорусском языке)"
Автор книги: Герберт Джордж Уэллс
Жанр:
Научная фантастика
сообщить о нарушении
Текущая страница: 4 (всего у книги 10 страниц)
– Нырайце! – крычаў я, але нiхто мяне не слухаў.
Я кiнуўся ўнiз па пакатым беразе прама насустрач марсiянiну, якi наблiжаўся, i рынуўся ў ваду. Хтосьцi зрабiў тое самае. Я паспеў заўважыць, як толькi што адчаленая лодка, рассоўваючы людзей, урэзалася ў бераг. Дно пад нагамi было слiзкае ад цiны, а рака настолькi мелкая, што я прабег каля дваццацi футаў, а вада дасягала мне толькi да пояса. Калi за ярдаў дзвесце над маёй галавой паказаўся марсiянiн, я лёг нiцма ў ваду. У маiх вушах, як удары грому, аддаваўся ўсплеск вады – людзi скакалi з лодак. Iншыя спешна высаджвалiся, узбiралiся на бераг.
Але марсiянiн глядзеў на мiтуслiвых людзей так, як чалавек на мурашак, ступiўшы нагой на мурашнiк. Калi, задыхаючыся, я падняў галаву над вадой, каўпак марсiянiна быў павернуты да батарэяў, якiя ўсё яшчэ абстрэльвалi раку; наблiзiўшыся, ён чымсьцi ўзмахнуў, вiдаць, генератарам цеплавога промня.
У наступны момант ён быў ужо на беразе i ступiў на сярэдзiну ракi. Каленi яго пярэднiх ног упiралiся ў супрацьлеглы бераг. Яшчэ момант – i ён выпрастаўся ва ўвесь рост ужо каля самага пасёлка Шапертон; следам за тым шэсць пушак (нiхто не ведаў пра iх на тым беразе, бо яны былi прыхаваны ў ваколiцы) далi залп. Сэрца маё моцна забiлася. Пачвара ўжо нацэлiла камеру цеплавога промня, калi першы снарад разарваўся за шэсць ярдаў над яго каўпаком.
Я крыкнуў ад здзiўлення. Я забыў пра астатнiх чатырох марсiянаў: уся мая ўвага была паглынута падзеямi. Амаль адначасова з першым разарвалiся два другiя снарады; каўпак тузануўся, ухiляючыся ад iх, але чацвёрты трапiў прама ў твар марсiянiну.
Каўпак трэснуў i разляцеўся ва ўсе бакi кускамi чырвонага мяса i блiскучага металу.
– Забiты! – закрычаў я не сваiм голасам.
Мой крык падхапiлi людзi, якiя стаялi вакол мяне ў рацэ.
Ад радасцi я гатовы быў выскачыць з вады.
Абезгалоўлены гiгант пахiснуўся, як п'яны, але не ўпаў, захаваўшы нейкiм цудам раўнавагу. Нiкiм не кiруемы, з высока ўзнятай камерай, якая выпускала цеплавы прамень, ён хутка, але няўпэўнена ступаў па Шэпертоне. Яго жывы мозг быў разарваны на кускi, i пачвара стала цяпер сляпой машынай разбурэння. Яна крочыла па прамой лiнii, наштурхнулася на званiцу шэпертонскай царквы i, раструшчыўшы яе, як таранам, шарахнулася, спатыкнулася i з грукатам рухнула ў раку.
Раздаўся аглушальны выбух, i смерч вады, пары, гразi i абломкаў металу ўзляцеў высока ў неба. Як толькi камера цеплавога промня апусцiлася ў ваду, яна стала ператварацца ў пару. У тую ж секунду агромнiстая мутная хваля, кiпучая, гарачая, пакацiлася супраць цячэння. Я бачыў, як людзi барахталiся, стараючыся выбрацца на бераг, i чуў iх енк, што прыглушаўся шумам бурнай вады i грукатам таго марсiянiна.
Не зважаючы на гарачыню, забыўшыся пра небяспеку, я паплыў па бурлiвай рацэ, адпiхнуўшы нейкага чалавека ў чорным, i дабраўся да павароткi. З паўдзюжыны пустых лодак бездапаможна гайдалiся на хвалях. Далей, унiз па цячэннi, упоперак ракi ляжаў марсiянiн, амаль увесь пад вадой.
Густыя воблакi пары ўзнiмалiся над месцам падзення, i праз iх рваную мiгатлiвую павалоку час ад часу я глядзеў на вялiзныя органы пачвары, якая ўздрыгвала i выкiдвала ў паветра фантаны гразi i пены. Шчупальцы размахвалi i бiлiся, як рукi, i калi б не бязмэтнасць гэтых рухаў, то можна было б падумаць, што нейкая раненая iстота змагаецца за жыццё сярод хваляў. Чырванавата-бурая вадкасць з гучным шыпеннем струменем бiла ўверх з машыны.
Мая ўвага была адцягнута ад гэтага вiдовiшча магутным рэвам, нiбы раўла паравая сiрэна. Нейкi чалавек, стоячы па каленi ў вадзе каля берага, нешта крычаў мне, паказваючы пальцам, але я не мог зразумець яго слоў. Азiрнуўшыся, я ўбачыў другiх марсiянаў, якiя вялiзнымi крокамi рухалiся ад Чэртсi да берага ракi. Пушкi ў Шэпертоне адкрылi агонь, але на гэты раз безвынiкова.
Я тут жа нырнуў i з цяжкасцю плыў, затрымлiваючы дыханне, пакуль хапала сiлы. Вада бурлiла i хутка награвалася.
Калi я вынырнуў на хвiлiну, каб перавесцi дыханне, i адкiнуў валасы з вачэй, то ўбачыў, што вакол белымi кругамi ўзнiмаецца пара, засланяючы марсiянаў. Шум быў аглушальны. Затым я ўбачыў шэрых велiканаў, якiя ў тумане здавалiся яшчэ большымi. Яны прайшлi мiма, двое з iх нагнулiся над астанкамi свайго калегi, якiя яшчэ пенiлiся i ўздрыгвалi.
Трэцi i чацвёрты таксама спынiлiся, адзiн – за ярдаў дзвесце ад мяне, другi – блiжэй да Лэйлхема. Генератары цеплавога промня былi высока ўзняты, i промнi з шыпеннем падалi ў розныя бакi.
Паветра звiнела ад аглушальнага хаосу гукаў: металiчны рык марсiянаў, грукат падаючых дамоў, трэск ахопленых полымем дрэваў, платоў, хлявоў, гул i шыпенне агню. Густы чорны дым узнiмаўся ўверх i перамешваўся з клубамi пары над ракой. Дакрананне цеплавога промня, якi "хадзiў" па Ўэйбрыджы, выклiкала ўспышкi асляпляльнага белага полымя i дымныя скокi вогненных языкоў. Самыя блiзкiя дамы стаялi яшчэ некранутымi, чакаючы свайго часу, змрочныя, цёмныя, ахутаныя параю, а за iмi бушаваў агонь.
З хвiлiну я стаяў па грудзi ў кiпятку, разгублены, без надзеi на выратаванне. Праз пару я бачыў, як людзi вылазяць з вады, чапляючыся за чарот, як лягушкi, што скачуць па траве; iншыя ў панiцы бегалi па беразе.
Раптам белыя ўспышкi цеплавога промня сталi наблiжацца да мяне. Ад яго дакранання рушылiся ахопленыя полымем дамы; дрэвы з гучным трэскам ператваралiся ў вогненныя слупы. Прамень слiзгаў уверх i ўнiз па берагавой сцежцы, змятаючы людзей, якiя разбягалiся, i нарэшце спусцiўся на ваду, ярдаў за пяцьдзесят ад таго месца, дзе я стаяў, потым перанёсся на другi бераг, к Шэпертону: вада закiпела i стала ператварацца ў пару. Я кiнуўся на бераг.
У наступны момант вялiзная гарачая хваля абрушылася на мяне. Я закрычаў i, паўсляпы, апараны, здзiчэлы ад болю, стаў выбiрацца на бераг. Варта было мне пакаўзнуцца, i ўсё было б скончана. Знясiлены, я ўпаў перад марсiянамi на шырокай пясчанай водмелi, дзе пад вуглом сыходзяцца Ўэй i Тэмза. Я не сумняваўся, што мяне чакае смерць.
Помню, як у сне, што нага марсiянiна прасунулася за ярдаў дваццаць ад маёй галавы, вязнучы ў пяску, разварочваючы яго. Пасля працяглага i пакутлiвага прамежку часу я ўбачыў, як чатыры марсiянiны пранеслi астанкi свайго калегi; яны iшлi, то ясна бачныя, то прыхаваныя павалокаю дыму, якi распаўзаўся па рацэ i лугах. Потым пацiху я пачаў усведамляць, што нейкiм цудам не загiнуў.
XIII
СУСТРЭЧА СА СВЯТАРОМ
Адчуўшы на сабе так нечакана сiлу зямной зброi, марсiяне адступiлi на свае пачатковыя пазiцыi на Хорселскай пустцы; яны спяшалiся вынесцi астанкi свайго разарванага снарадамi калегi i таму не звярталi ўвагi на такiх бездапаможных беглякоў, як я. Калi б яны кiнулi яго i рушылi далей, то не сустрэлi б на сваiм шляху нiякага супрацiўлення, акрамя некалькiх батарэяў пушак-дванаццацiфунтовак, i, безумоўна, дасягнулi б Лондана раней, чым туды дайшла чутка пра iх наблiжэнне. Iх нашэсце было б такiм жа нечаканым, смертаносным i страшным, як землетрасенне, у вынiку якога сто гадоў назад быў разбураны Лiсабон.
Дарэчы, iм не трэба было спяшацца. З мiжпланетнай прасторы кожныя дваццаць чатыры гадзiны, дастаўляючы iм падмацаванне, падаў цылiндр. Мiж тым ваенныя i марскiя ўлады рыхтавалiся з лiхаманкавай паспешлiвасцю, зразумеўшы нарэшце страшную сiлу працiўнiка. Штохвiлiнна ўстанаўлiвалi новыя пушкi. Да змяркання з кожнага куста, з кожнай прыгараднай дачы блiз Кiнгстана i Рычманда ўжо тырчала чорнае пушачнае жарало. На ўсёй выпаленай i спустошанай прасторы ў дваццаць квадратных мiляў вакол лагера марсiянаў на Хорселскай пустцы, сярод папялiшчаў i развалiн, пад чорнымi, абгарэлымi астаткамi соснаў, поўзалi самаадданыя разведчыкi з гелiёграфамi, гатовыя тут жа папярэдзiць артылерыю аб наблiжэннi марсiянаў. Але марсiяне зразумелi сiлу нашай артылерыi i нябеспеку ад блiзкасцi з людзьмi; кожны, хто разыкнуў бы падысцi да аднаго з цылiндраў блiжэй, чым за мiлю, заплацiў бы жыццём.
Вiдаць, гiганты, патрацiлi дзённыя гадзiны на перавозку грузу другога i трэцяга цылiндраў – другi ўпаў каля Адлстона на пляцоўку для гульнi ў гольф, трэцi каля Пiрфарда – блiз ямы на Хорселскай пустцы. Узвышаючыся над пачарнелым верасам i разбуранымi будынкамi, на варце стаяў адзiн марсiянiн, астатнiя ж спусцiлiся са сваiх баявых машын у яму. Яны старанна працавалi да позняй ночы; з ямы вырывалiся клубы густога зялёнага дыму, якi быў бачны з узгоркаў Мероў i нават, як кажуць, з Бенстэда i Эпсома.
Пакуль марсiяне рыхтавалiся да новай вылазкi, а чалавецтва збiралася даць iм адпор, я з вялiкай цяжкасцю i мучэннямi прабiраўся ад дымных пажарышчаў Уэйбрыджа да Лондана.
Убачыўшы на вадзе ўнiз па цячэнню пустую лодку, я скiнуў частку свайго прамоклага адзення, падплыў да яе i такiм чынам выбраўся з раёна разбурэнняў. Вёслаў не было, я стараўся грэбсцi абпаленымi рукамi i паволi наблiжаўся да Голiфорда i Ўолтана, баязлiва азiраючыся па зразумелых прычынах. Я выбраў водны шлях, бо на вадзе лягчэй было выратавацца пры выпадку сустрэчы з гiгантамi.
Вада, якая закiпела пры падзеннi марсiянiна, выпаралася, i таму амаль на працягу мiлi абодва берагi былi ахутаны параю.
Мiж iншым, адзiн раз мне пашанцавала разгледзець чорныя фiгуркi людзей, якiя беглi лугамi прэч ад Уэйбрыджа. Голiфорд здаваўся вымерлым, гарэла некалькi прыбярэжных дамоў. Непрывычна было бачыць пад гарачым блакiтным небам спакойнае i бязлюднае паселiшча, над якiм узляталi языкi полымя i клубiўся дым. Першы раз бачыў я пажар без мiтуслiвага натоўпу. Сухi чарот на водмелi дымiўся i ўспыхваў; i агонь паволi падбiраўся да стагоў сена, што стаялi воддаль.
Доўга я плыў па цячэннi, стомлены i змардаваны ўсiм перажытым. Нават на вадзе было вельмi горача. Але страх адольваў стомленасць, i я зноў пачаў грэбсцi рукамi. Сонца пякло маю аголеную спiну. Калi за паваротам паказаўся Ўолтанскi мост, лiхаманка i слабасць пераадолелi страх; я прычалiў на водмелi Мiдлсэкса i ў поўнай непрытомнасцi ўпаў на траву. Сонца паказвала на пяць гадзiн. Потым я падняўся, прайшоў з паўмiлi, нiкога не сустрэўшы, i зноў улёгся ў цяньку пад дрэвамi. Помню, я гаварыў сам з сабою ўслых, як ачмурэлы. Мяне мучыла смага, i шкадаваў я, што не напiўся на рэчцы. Я чамусьцi злаваўся на сваю жонку; мяне вельмi раздражняла, што я нiяк не мог дабрацца да Лезерхэда.
Не помню, як паявiўся святар, – магчыма, я задрамаў. Я ўбачыў, што ён сядзiць побач са мною ў запэцканай сажаю кашулi. Падняўшы ўверх гладка выбрыты твар, ён пiльна, глядзеў на бледныя водблiскi, што прабягалi па небе. Яно было ўслана баранчыкамi – лёгкiмi пушыстымi аблокамi, крышку падфарбаванымi летнiм заходам сонца.
Я прыўзняўся, i ён павярнуўся да мяне.
– У вас ёсць вада? – спытаў ён.
З хвiлiну мы маўчалi, разглядаючы адзiн аднаго. Вераемна, я здаўся яму дзiўным: амаль голы – на мне былi толькi прамоклыя наскрозь штаны i шкарпэткi, – чырвоныя ад апёкаў, з тварам i шыяй, чорнымi ад дыму. У яго быў выгляд слабавольнага чалавека: нiзкi лоб, вялiкiя блакiтныя вочы глядзелi ўважлiва i сумна.
Ён гаварыў адрывiста, гледзячы ў прастору.
– Што адбываецца? – спытаў ён. – Што азначае ўсё гэта?
Я паглядзеў на яго i нiчога не адказаў.
Ён выпрастаў белую тонкую руку i загаварыў, як у жалобе:
– Як гэта магло здарыцца? Чым мы саграшылi? Я скончыў ранiшнюю службу i прагульваўся па дарозе, каб асвяжыць галаву i падрыхтавацца да пропаведзi, i раптам – агонь, землетрасенне, смерць! Садом i Гамора! Прапала ўся наша праца, уся праца... Хто такiя гэтыя марсiяне?
– А хто такiя мы самi? – адказаў я, адкашлiваючыся.
Ён абхапiў рукамi каленi i зноў павярнуўся да мяне. З паўхвiлiны ён моўчкi глядзеў на мяне.
– Я прагульваўся па дарозе, каб асвяжыць галаву, – паўтарыў ён. – I раптам – агонь, землетрасенне, смерць!
Ён змоўк; падбародак яго ледзь не дакранаўся да каленяў.
Потым зноў загаварыў, размахваючы рукою:
– Уся праца... усе нядзельныя школы... У чым мы вiнаватыя? У чым вiнаваты Ўэйбрыдж? Усё знiкла, усё разбурана. Царква! Мы толькi тры гады назад яе занава адбудавалi. I вось яна знiкла, выцерта з твару зямлi! За што?
Новая паўза, i зноў ён загаварыў, як звар'яцелы.
– Дым ад гэтага пажарышча будзе вечна ўзносiцца да неба! – усклiкнуў ён.
Яго вочы блiснулi, тонкi палец паказваў на Ўэйбрыдж.
Я пачаў здагадвацца, што гэта псiхiчнахворы. Страшная трагедыя, сведкам якой ён стаў (вiдаць, яго выратавалi ногi, ён уцёк з Уэйбрыджа), давяла яго да вар'яцтва.
– Далёка адсюль да Санбэры? – спытаў я па-дзелавому.
– Што ж нам рабiць? – сказаў ён. – Няўжо гэтыя вылюдкi паўсюль? Няўжо зямля аддадзена пад iх уладу?
– Далёка адсюль да Санбэры?
– Толькi ж сёння ранiцай я служыў раннюю абедню...
– Абставiны памянялiся, – сказаў я спакойна. – Не гаруйце. Ёсць яшчэ надзея.
– Надзея!
– Так, надзея, нягледзячы на ўвесь гэты жах!
Я пачаў яму выкладваць свае думкi аб нашым становiшчы. Спачатку ён слухаў з цiкаўнасцю, але неўзабаве зноў стаў абыякавы i адвярнуўся.
– Гэта – пачатак канца, – перарваў ён мяне. – Канец. Дзень Страшнага суда. Людзi будуць малiць горы i скалы ўпасцi на iх i схаваць ад асобы, якая займае прастол.
Яго словы пацвердзiлi маю здагадку. Сабраўшыся з думкамi, я ўстаў i паклаў яму на плячо руку.
– Будзьце мужчынам, – сказаў я. – Вы проста разгубiлiся. Добрая вера, калi яна не можа супрацьстаяць няшчасцю. Падумайце, колькi разоў у гiсторыi чалавецтва бывалi землетрасеннi, патопы, войны i вывяржэннi вулканаў. Чаму бог павiнен быў зрабiць выключэнне для Ўэйбрыджа?.. Бог жа не страхавы агент.
Ён моўчкi слухаў.
– Але як мы можам выратавацца? – раптам спытаў ён. – Яны недасягальныя, яны бязлiтасныя...
– Можа быць, нi тое, нi другое, – адказаў я. – Чым больш магутныя яны, тым больш асцярожнымi i разумнымi павiнны быць мы. Адзiн з iх забiты тры гадзiны таму.
– Забiты? – усклiкнуў ён, зiрнуўшы на мяне. – Хiба можа быць забiты боскi вястун?
– Я бачыў гэта, – прадаўжаў я. – Мы з вамi трапiлi ў самую звалку i толькi ўсяго.
– Што гэта там мiгае ў небе? – нечакана спытаў ён. Я растлумачыў яму, што гэта сiгналы гелiёграфа i што яны азначаюць дапамогу, якую нясуць нам людзi.
– Мы знаходзiмся якраз у самай гушчы, хоць вакол усё спакойна. Мiльганне ў небе апавяшчае пра немiнучую навальнiцу. Вунь там, я так думаю, марсiяне, а ў баку Лондана, там, дзе пагоркi ўзвышаюцца над Рычмандам i Кiнгстанам, пад сховаю дрэваў капаюць траншэi i ўстанаўлiваюць зброю. Марсiяне, вiдаць, пойдуць па гэтай дарозе.
Не паспеў я кончыць, як ён ускочыў i перапынiў мяне жэстам.
– Слухайце! – сказаў ён.
З-за нiзкiх пагоркаў за рэчкаю даносiўся глухi гул аддаленай стральбы i якiсьцi далёкi жахлiвы крык. Потым усё зацiхла. На захадзе, высока, над дымам, што засцiлаў Уэйбрыдж i Шэпертон, паблiскваў бледны месяц.
– Нам трэба iсцi па гэтай сцежцы на поўнач, – сказаў я.
XIV
У ЛОНДАНЕ
Мой малодшы брат быў у Лондане ў той час, калi ва Ўокiнгу ўпаў першы цылiндр. Ён быў студэнт-медык i рыхтаваўся да будучага экзамену; да суботы ён нiчога не чуў аб прыбыццi марсiянаў. Ранiшнiя суботнiя газеты ў дадатак да вялiкiх спецыяльных артыкулаў пра Марс, пра жыццё на iм i гэтак далей надрукавалi даволi туманнае паведамленне, якое здзiўляла сваёй кароткасцю.
Паведамлялася, што марсiяне, напалоханыя наблiжэннем натоўпу, забiлi некалькi чалавек з дапамогай хуткастрэльнай пушкi. Тэлеграма заканчвалася словамi: "Марсiяне, хоць i здаюцца грознымi, не вылезлi з ямы, у якую ўпаў снарад, i, вiдаць, не могуць гэтага зрабiць. Магчыма, гэта выклiкана большаю сiлай зямнога прыцягнення". У перадавiцах асаблiва падкрэслiвалася гэта апошняя акалiчнасць.
Канешне, усе студэнты, якiя рыхтавалiся да экзамену па бiялогii ва ўнiверсiтэце, куды накiраваўся ў той дзень i мой брат, вельмi зацiкавiлiся паведамленнем, але на вулiцах не было асаблiвага ажыўлення. Вячэрнiя газеты выйшлi з сенсацыйнымi загалоўкамi. Але яны паведамiлi толькi пра рух войска да пусткi i пра палыхаючыя сасновыя лясы памiж Уокiнгам i Ўэйбрыджам. У восем гадзiн "Сент-Джэймс газэт" у тэрмiновым выпуску коратка паведамiла пра тое, што сапсаваўся тэлеграф. Меркавалi, што лiнiя пашкоджана соснамi, якiя ўпалi ў вынiку пажару. Гэтай ноччу – калi я ездзiў у Лезерхэд, i назад, яшчэ нiчога не было вядома пра бiтву.
Брат не турбаваўся пра нас, бо ведаў з газет, што цылiндр знаходзiцца па меншай меры за дзве мiлi ад майго дома. Ён збiраўся паехаць ка мне ў гэтую ноч, каб, як ён потым расказваў, паглядзець на пачвараў, пакуль iх не знiшчылi. Ён паслаў мне тэлеграму а чацвёртай гадзiне, а вечарам пайшоў у мюзiк-хол; тэлеграма да мяне так i не дайшла.
У Лондане ноччу з суботы на нядзелю таксама распачалася навальнiца, i брат мой даехаў да вакзала Ватэрлоо з рамiзнiкам. На платформе, з якой звычайна адпраўляецца дванаццацiгадзiнны цягнiк, ён даведаўся, што ў гэтую ноч цягнiкi чамусьцi не ходзяць да Ўокiнга. Чаму, ён так i не змог дабiцца: чыгуначная адмiнiстрацыя i тая дакладна нiчога не ведала. На вакзале было ўсё спакойна; чыгуначнiкi меркавалi, што адбылося крушэнне памiж Байфлiтам i вузлавой станцыяй Уокiнг. Вячэрнiя цягнiкi, якiя iшлi звычайна праз Уокiнг, накiроўвалiся праз Вiрджынiя-Уотэр цi Гiлфард. Многа клопатаў дадала чыгуначнiкам змена маршрутаў экскурсii саўтгемптонскай i портсмутскай Уваскрэснай лiгi. Нейкi рэпарцёр вячэрняй газеты, памылкова ўспрыняўшы брата за начальнiка руху (на якога брат быў крыху падобны), спрабаваў узяць у яго iнтэрв'ю. Нават чыгуначнiкi не тлумачылi крушэнне сувяззю з марсiянамi.
Пасля я чытаў у нейкай газеце, быццам яшчэ ранiцай у нядзелю "ўвесь Лондан быў наэлектрызаваны паведамленнямi з Уокiнга". У сапраўднасцi нiчога падобнага не было. Большасць жыхароў Лондана ўпершыню пачула пра марсiянаў толькi ў панядзелак ранiцай, калi ўсчалася панiка. Нават тыя, хто чытаў газеты, не адразу зразумелi спехам складзенае паведамленне. Большасць лонданцаў нядзельных газет не чытае.
Акрамя таго, лонданцы так упэўненыя ў сваёй асабiстай бяспецы, а сенсацыйныя чуткi такiя звычайныя ў газетах, што нiхто не быў асаблiва заклапочаны наступнай заяваю:
"Учора, каля сямi гадзiн вечара, марсiяне выйшлi з цылiндра i, рухаючыся пад аховай бранi з металiчных шчытоў, дазвання разбурылi станцыю Ўокiнг, вакольныя дамы i знiшчылi цэлы батальён Кардыганскага палка. Падрабязнасцi невядомыя. Кулямёты "максiм" былi бяссiльныя супраць iх бранi; палявыя пушкi былi выведзены са строю. У Чэртсi накiраваны раз'езды гусараў. Марсiяне, верагодна, пацiху рухаюцца к Чэртсi цi Вiндзору. У Заходнiм Сэрэi пануе трывога. Робяцца земляныя ўмацаваннi, каб перагарадзiць доступ да Лондана". Гэта было надрукавана "Сандзiсан", а ў "Рэферы" жартаўлiвы фельетанiст пiсаў, што ўсё гэта падобна на панiку ў вёсцы, дзе нечакана разбегся вандроўны звярынец.
Нiхто ў Лондане толкам не ведаў, што такое гэтыя бранiраваныя марсiяне, але чамусьцi панавала чутка, што пачвары вельмi непаваротлiвыя; "поўзаюць", "з цяжкасцю валакуцца" – вось выразы, якiя сустракалiся амаль ва ўсiх першых паведамленнях. Нiводная тэлеграма не складалася вiдавочцамi падзеяў. Нядзельныя газеты друкавалi экстранныя выпускi па меры атрымання свежых навiнаў i нават калi iх не было. Толькi вечарам газеты атрымалi ўрадавае паведамленне, што насельнiцтва Ўолтана, Уэйбрыджа i ўсёй акругi эвакуiруецца ў Лондан, – i болей нiчога.
Ранiцаю брат пайшоў у царкву пры бальнiцы, усё яшчэ не ведаючы пра тое, што здарылася мiнулай ноччу. У пропаведзi пастыра ён улавiў туманныя намёкi на якоесьцi ўварванне; акрамя таго, была прачытана асобная малiтва пра дараванне мiру. Выйшаўшы з царквы, брат купiў нумар "Рэферы". Устрывожаны навiнамi, ён адправiўся на вакзал Ватэрлоо даведацца, цi адноўлены чыгуначны рух. На вулiцах было звычайнае святочнае ажыўленне – омнiбусы, экiпажы, веласiпеды, многа па-святочнаму апранутых людзей. Нiхто не быў асаблiва ўсхваляваны нечаканымi навiнамi, якiя выкрыквалi газетчыкi. Усе былi заiнтрыгаваныя, але калi хто непакоiўся, то не за сябе, а за сваiх родных па-за горадам. На вакзале ён упершыню пачуў, што на Вiндзор i Чэртсi цягнiкi не ходзяць. Насiльшчыкi сказалi яму, што са станцый Байфлiт i Чэртсi прыйшло ранiцаю некалькi важных тэлеграм i што цяпер тэлеграф чамусьцi не працуе. Брат не мог дабiцца ад iх больш дакладных звестак. "Каля Ўэйбрыджа адбываецца бiтва" – вось усё, што яны ведалi.
Рух цягнiкоў быў парушаны. На платформе стаяў натоўп у чаканнi прыезду знаёмых i родных з паўднёвага захаду. Якiсьцi сiвы джэнтльмен услых лаяў Паўднёва-Заходнюю кампанiю.
– Iх трэба падцягнуць! – бурчаў ён.
Прыйшлi адзiн-два цягнiкi з Рычманда, Путнi i Кiнгстана з пасажырамi, якiя выехалi на свята пакатацца ў лодках; гэтыя людзi расказвалi, што шлюзы запёртыя i што адчуваецца трывога. Мой брат разгаварыўся з маладым чалавекам у сiнiм спартыўным гарнiтуры.
– Куча народу едзе ў Кiнгстан на павозках, на драбiнах, на чым папала, з куфрамi, з усiм скарбам, – расказваў той. – Едуць з Молсi, Уэйбрыджа, Уолтана i гавораць, што каля Чэлсi чуваць кананада i што кавалерысты раiлi iм як найхутчэй выбiрацца, бо наблiжаюцца марсiяне. Мы чулi стралянiну з пушак каля станцыi Хэмптан-Корт, але падумалi, што гэта гром. Што азначае ўся гэта чартаўшчына? Марсiяне ж не могуць вылезцi з сваёй ямы, праўда?
Мой брат нiчога не мог адказаць.
Крыху счакаўшы, ён зазначыў, што нейкая невыразная трывога перадаецца i пасажырам падземнай чыгункi; нядзельныя экскурсанты пачалi чамусьцi раней часу вяртацца з усiх паўднёва-заходнiх ваколiцаў: з Барнса, Уiмблдона, Рычманд-парка, К'ю i iншых; але нiхто не мог нiчога паведамiць, акрамя туманных чутак. Усе пасажыры, што вярталiся з канечнай станцыi, здавалася, былi чымсьцi занепакоены.
Каля пяцi гадзiн вакзальная публiка была вельмi здзiўлена адкрыццём руху памiж Паўднёва-Заходняй i Паўднёва-Усходняй лiнiямi, звычайна закрытага, а таксама паяўленнем воiнскiх эшалонаў i платформаў з цяжкiмi гарматамi. Гэта былi гарматы з Вулвiча i Чатама для абароны Кiнгстана. Народ жартаваў з салдатаў: "Яны вас з'ядуць", "Iдзём утаймоўваць звяроў" – i гэтак далей. Неўзабаве паявiўся атрад палiцэйскiх i пачаў ачышчаць вакзал ад публiкi. Мой брат зноў выйшаў на вулiцу.
Званы клiкалi на вячэру, i калона дзяўчат з Армii выратавання з песнямi iшла па Ватэрлоо-роўд. На мосце натоўп цiкаўных глядзеў на дзiўную бурую пену, якая таксама плыла па цячэннi. Сонца садзiлася, вежы Бiг-Бэна i Палаты Парламента выразна вырысоўвалiся на ясным спакойным небе; яно было залацiстае, з чырванавата-лiловымi палосамi. Гаварылi, што пад мостам праплыло мёртвае цела. Нейкi чалавек, сказаўшы, што ён ваенны з рэзерву, паведамiў майму брату, што заўважыў на захадзе сiгналы гелiёграфа.
На Велiнгстон-стрыт брат убачыў бойкiх газетчыкаў, якiя толькi што выбеглi з Флiт-стрыт з яшчэ сырымi газетамi, спярэшчанымi ашаламляльнымi загалоўкамi.
– Страшэнная катастрофа! – выкрыквалi яны адзiн перад адным на Велiнгстон-стрыт. – Бой пад Уэйбрыджам! Падрабязнае апiсанне! Марсiяне адкiнуты! Лондан у небяспецы!
Брату давялося заплацiць тры пенсы за нумар газеты.
Толькi цяпер ён зразумеў, наколькi страшэнныя i небяспечныя гэтыя пачвары. Ён даведаўся, што гэта не проста кучка маленькiх непаваротлiвых стварэнняў, а разумныя iстоты, якiя кiруюць гiганцкiмi механiзмамi, могуць хутка перамяшчацца i знiшчаць усё жывое на сваiм шляху i супраць iх бездапаможныя самыя дальнабойныя пушкi.
Iх апiсвалi, як "агромнiстыя павукападобныя машыны, амаль у сто футаў вышынёю, здольныя перамяшчацца з хуткасцю экспрэса i выкiдваць iнтэнсiўны цеплавы прамень". Замаскiраваныя батарэi, галоўным чынам з палявых гарматаў, былi ўстаноўлены каля Хорселскай пусткi Ўокiнга па дарозе на Лондан. Былi заўважаны пяць баявых машын, якiя рухалiся к Тэмзе; адна з iх дзякуючы выпадку была знiшчана. Звычайна снарады не дасягалi цэлi, батарэi iмгненна змяталiся цеплавым промнем. Гаварылася таксама пра цяжкiя страты ў войску; але паведамленнi былi падрыхтаваны ў аптымiстычным тоне.
Маўляў, марсiяне ўсё ж адбiтыя; аказалася, i iх можна перамагчы. Яны адступiлi да трохвугольнiка, утворанага трыма ўпаўшымi каля Ўокiнга цылiндрамi. Разведчыкi з гелiёграфамi акружылi iх. Тэрмiнова падвозяцца пушкi з Вiндзора, Портсмута, Олдэршота, Вулвiча i нават з поўначы. Мiж iншым, з Вулвiча дастаўлены дальнабойныя дзевяностапяцiтонныя гарматы. Устаноўлена каля ста шасцiдзесяцi пушак, галоўным чынам для абароны Лондана. Нiколi яшчэ ў Англii з такой хуткасцю i ў такiх маштабах не праводзiлася канцэнтрацыя ваенных сiл. Трэба спадзявацца, што ўсе наступныя цылiндры будуць надалей знiшчацца асобнай звышмагутнай шрапнеллю, якая ўжо падрыхтавана i рассылаецца. Становiшча, гаварылася ў паведамленнi, безумоўна, сур'ёзнае, але насельнiцтва не павiнна паддавацца панiцы. Безумоўна, марсiяне страшэнныя, але ж iх усяго каля дваццацi супраць мiльёнаў людзей.
Улады мелi ўсе падставы лiчыць, прымаючы пад увагу велiчыню цылiндра, што ў кожным з iх не больш чым пяць марсiянаў. Усяго, значыць, iх пятнаццаць. Па крайняй меры, адзiн з iх ужо знiшчаны, можа, i болей. Насельнiцтва своечасова папярэдзяць аб наблiжэннi небяспекi, будуць прыняты спецыяльныя меры для аховы жыхароў паўднёва-заходнiх прадмесцяў. Кончылася ўсё гэта тым, што Лондану паабяцалi бяспеку, выказалi цвёрдую надзею, што ўрад справiцца з усiмi цяжкасцямi.
Гэты тэкст быў надрукаваны буйнымi лiтарамi на яшчэ сырой паперы, без усялякiх каментарыяў. Цiкава было бачыць, распавядаў брат, як увесь астатнi матэрыял быў скарочаны, каб даць месца гэтаму паведамленню.
На Велiнгстон-стрыт нарасхват раскуплялi ружовыя лiсткi экстраннага выпуску, а на Стрэндзе ўжо чулiся выкрыкi цэлай армii газетчыкаў. Публiка саскоквала з омнiбусаў у пагонi за газетай. Паведамленне ўсхвалявала i растрывожыла натоўп. Брат расказваў, што аканiцы магазiна геаграфiчных карт на Стрэндзе былi расчынены i якiйсьцi чалавек у святочным гарнiтуры, у лiмонна-жоўтых пальчатках, паявiўшыся ў вiтрыне, спехам прымацоўваў да шкла карту Сэрэя.
Праходзячы па Стрэндзе да Трафальгар-сквера з газетай у руцэ, брат сустрэў бежанцаў з Заходняга Сэрэя. Нейкi мужчына ехаў у павозцы, падобнай на цялежку зяленiўшчыка; у ёй сярод накiданага хатняга скарбу сядзелi яго жонка i два хлопчыкi. Ён ехаў ад Вестмiнстэрскага моста, а следам рухалася фура для сена; на ёй сядзелi пяць цi шэсць чалавек, добра апранутых, з чамаданамi i клункамi. Твары бежанцаў былi напалоханыя, яны рэзка адрознiвалiся ад апранутых па-нядзельнаму пасажыраў омнiбусаў. Элегантная публiка, высоўваючыся з кебаў, здзiўлена глядзела на iх. Каля Трафальгар-сквера бежанцы прыпынiлiся ў нерашучасцi, потым павярнулi на ўсход па Стрэндзе. Затым праехаў чалавек у рабочай вопратцы на старынным трохкалёсным веласiпедзе з маленькiм пярэднiм колам. Ён быў бледны i ўвесь брудны.
Мой брат павярнуў к Вiкторыя-стрыт i сустрэў новы натоўп бежанцаў. У яго прамiльгнула думка, што ён, можа быць, убачыць мяне. Ён звярнуў увагу на надзвычай вялiкую колькасць палiсменаў, якiя рэгулявалi рух. Некаторыя з бежанцаў размаўлялi з пасажырамi омнiбусаў. Адзiн пераконваў, што бачыў марсiянаў. "Паравыя катлы на хадулях, гавару вам, i крочаць, як людзi". Большасць бежанцаў была ўсхвалявана i ўзрушана.
Рэстараны на Вiкторыя-стрыт былi перапоўнены бежанцамi. На ўсiх вуглах тоўпiлiся людзi, чыталi газеты, жыва размаўлялi i моўчкi глядзелi на гэтых незвычайных нядзельных гасцей. Бежанцы ўсё прыбывалi; пад вечар, па словах брата, вулiцы былi падобныя на Хай-стрыт у Эпсоме ў дзень скачак. Мой брат распытваўся ў многiх бежанцаў, але яны давалi вельмi няпэўныя адказы.
Нiхто не мог паведамiць нiчога новага пра Ўокiнг. Адзiн чалавек пераконваў яго, што Ўокiнг поўнасцю разбураны яшчэ мiнулай ноччу.
– Я з Байфлiта, – сказаў ён. – Самым ранкам прыехаў веласiпедыст, забягаў у кожны дом i раiў уцякаць. Потым паявiлiся салдаты. Мы выйшлi паглядзець: на поўднi дым, скразны дым, i нiхто не прыходзiць адтуль. Потым мы пачулi гул гарматаў каля Чэртсi, i з Уэйбрыджа павалiў народ. Я запёр свой дом i таксама адышоў разам з другiмi.
У натоўпе чуўся гоман, лаялi ўрад за тое, што ён аказаўся няздольны адразу справiцца з марсiянамi.
Каля васьмi гадзiн у паўднёвай частцы Лондана выразна чулася кананада. На галоўных вулiцах яе заглушаў шум руху, але, спускаючыся цiхiмi завулкамi да ракi, брат выразна чуў гарматны гул.
А дзевятай гадзiне ён iшоў ад Вестмiнстэра назад да сваёй кватэры каля Рыджэнт-парка. Ён вельмi непакоiўся пра мяне, разумеючы, што становiшча трывожнае. Як i я ў ноч на суботу, ён заразiўся ваеннай iстэрыяй. Ён думаў пра нямыя, вычэкваючыя пушкi, пра табары бежанцаў, стараўся ўявiць сабе "паравыя катлы на хадулях" у сто футаў вышынёю.
Па Оксфард-стрыт праехала некалькi павозак з бежанцамi, на Мэрылебан-роўд таксама; але чуткi распаўсюджвалiся настолькi замаруднена, што Рыджэнт-стрыт i Портленд-роўд былi, як заўсёды, запоўнены народам, хоць дзе-нiдзе абмяркоўвалiся апошнiя падзеi. У Рыджэнт-парку, як заўсёды, пад рэдкiмi газавымi лiхтарамi прагульвалiся парачкi. Ноч была цёмная i цiхая, крыху душная; гул гарматаў даносiўся з перапынкамi; апоўначы на поўднi блiснула штосьцi накшталт зарнiцы.
Брат чытаў i перачытваў газету, трывога пра мяне ўсё расла. Ён не мог супакоiцца i пасля вячэры зноў пайшоў так сабе хадзiць па горадзе. Потым вярнуўся i дарэмна спрабаваў засесцi за свае запiсы лекцый. Ён не мог спаць апоўначы, яму снiлiся злавесныя сны, але не прайшло i дзвюх гадзiн, як яго разбудзiў стук дзвярных малаточкаў, тупанне ног па бруку, аддалены барабанны бой i царкоўныя званы. На столi ўспыхвалi чырвоныя водблiскi. З хвiлiну ён ляжаў i не мог зразумець, што адбылося. Надышоў ужо дзень цi ўсе страцiлi розум? Потым усхапiўся з пасцелi i падбег да вакна.
Яго пакой быў у мезанiне; расчынiўшы вакно, ён пачуў крыкi з абодвух канцоў вулiцы. З вакон высоўвалiся i пераклiкалiся заспаныя, паўапранутыя людзi. "Яны iдуць! – крычаў палiсмен, стукаючы ў дзверы. – Марсiяне наблiжаюцца!" – I спяшаўся да наступных дзвярэй.
З казармы на Олбэнi-стрыт чуўся барабанны бой i гукi трубы; з усiх цэркваў даносiўся бурны, нязладжаны набат. Стукалi дзверы; цёмныя вокны дамоў на супрацьлеглым баку ўспыхвалi жоўтымi агеньчыкамi.
Па вулiцы праiмчалася карэта: шум калёсаў раздаўся з-за вугла, перайшоў у аглушальны грукат пад акном i зацiх недзе ўдалечынi. Следам за карэтаю пранеслiся два кебы – авангард цэлай чарады экiпажаў, якiя iмчалiся да вакзала Чок-фарм, дзе можна было сесцi на спецыяльныя цягнiкi Паўночна-Заходняй дарогi, замест таго, каб спускацца да Юстана.
Мой брат доўга глядзеў з вакна ў тупой загадкавасцi; ён бачыў, як палiсмены перабягалi ад дзвярэй да дзвярэй, стукаючы малатком i абвяшчаючы ўсё тую ж дзiўную навiну. Раптам дзверы яго расчынiлiся i ўвайшоў сусед, якi займаў пакой насупраць; ён быў у кашулi, штанах i туфлях, падцяжкi абвiсалi, валасы былi ўзлахмачаныя.