355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Герберт Джордж Уэллс » Вайна сусветаў (на белорусском языке) » Текст книги (страница 10)
Вайна сусветаў (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 8 октября 2016, 23:19

Текст книги "Вайна сусветаў (на белорусском языке)"


Автор книги: Герберт Джордж Уэллс



сообщить о нарушении

Текущая страница: 10 (всего у книги 10 страниц)

Я стаяў i глядзеў на гэта мора дамоў, фабрык, цэркваў, цiхiх, адзiнокiх i пакiнутых; я думаў пра надзеi i намаганнi, пра многiя жыццi, загубленыя ў час пабудовы гэтай цвярдынi чалавецтва, i пра яе разбурэнне, iмгненнае i няўхiльнае. Калi я зразумеў, што змрок адхлынуў, што людзi зноў могуць жыць на гэтых вулiцах, што гэты родны для мяне агромнiсты мёртвы горад зноў ажыве i верне сваю магутнасць, я ледзь не заплакаў ад хвалявання.

Мукi скончылiся. З гэтага ж дня пачынаецца вяртанне да жыцця. Ацалелыя людзi, рассеяныя па краiне, без важакоў, без законаў, без ежы, як статак без пастуха, тысячы тых, хто адплыў за мора, зноў пачнуць вяртацца; пульс жыцця з кожным iмгненнем заб'ецца ўсё мацней i мацней на пустых вулiцах i плошчах. Страшэнны быў разгром, але варожая рука спынена. Спынена варожая рука. Гэтыя горкiя руiны, пачарнелыя шкiлеты дамоў, якiя змрочна тырчаць на сонечным узвышшы, неўзабаве агалосяцца стукам малаткоў, звонам iнструментаў. Тут я ўскiнуў рукi ў неба i пачаў дзякаваць богу. Праз якi-небудзь год, думаў я, праз год...

Потым, быццам мяне нечым стукнулi, я раптам успомнiў пра сябе, пра жонку, пра наша былое шчаслiвае жыццё, якое нiколi ўжо не вернецца.

IX

НА АБЛОМКАХ МIНУЛАГА

Цяпер я павiнен паведамiць вам адзiн унiкальны факт. Зрэшты, гэта, можа быць, i не так ужо дзiўна. Я помню ясна, жыва, выразна ўсё, што рабiў у той дзень да таго моманту, калi я стаяў на вяршынi Прымроз-Хiла i са слязьмi на вачах дзякаваў богу. А затым у памяцi маёй правал...

Я не помню, што адбылося на працягу трох наступных дзён. Мне гаварылi пасля, што я не першы адкрыў гiбель марсiянаў, што некалькi такiх самых, як я, вандроўнiкаў даведалiся пра яе яшчэ ноччу. Першы, хто гэта ўбачыў, адправiўся ў Сент-Марцiнес-ле-Гран i ў той час, калi я сядзеў у рамiзнiцкай будцы, умудрыўся паслаць тэлеграму ў Парыж. Адтуль радасная вестка абляцела ўвесь свет; тысячы гарадоў, змярцвелых ад жаху, iмгненна асвяцiлiся яркiмi агнямi iлюмiнацыяў. Калi я стаяў на мяжы ямы, пра гiбель марсiянаў было ўжо вядома ў Дублiне, Манчэстэры, Бiрмiнгеме. Людзi плакалi i крычалi ад радасцi, пакiдалi работу i цiснулi адзiн аднаму рукi: цягнiкi, што iшлi на Лондан, былi перапоўнены ўжо ў Кру. Царкоўныя званы, якiя маўчалi аж два тыднi, няспынна званiлi па ўсёй Англii. Людзi на веласiпедах, схуднелыя, растрапаныя, насiлiся па прасёлачных дарогах, радасна крычучы, вястуючы змучаным, адчайным бежанцам пра нечаканае выратаванне.

А як з харчаваннем?

Цераз Ла-Манш, па Iрландскiм моры, цераз Атлантыку спяшалiся да нас на дапамогу караблi, гружаныя зернем, хлебам i мясам. Здавалася, усе судны свету iмкнулiся да Лондана. Пра ўсё гэта я не помню нiчога. Я не вытрымаў выпрабавання, i мой розум памутнеў. Апрытомнеў я ў доме нейкiх добрых людзей, якiя падабралi мяне на трэцi дзень; я вандраваў па вулiцах Сент-Джонс-Вуда, поўны адчаю, крычаў i плакаў. Яны расказалi мне, што я нараспеў выкрыкваў бессэнсоўныя словы: "Апошнi чалавек, якi застаўся жывы, ура! Апошнi чалавек, якi застаўся жывы".

Абцяжараныя сваiмi клопатамi, гэтыя людзi (я не магу назваць iх iмёны, хоць i вельмi хацеў бы выказаць iм сваю падзяку) усё-такi не кiнулi мяне на волю лёсу, прыюцiлi ў сябе i аказалi мне патрэбную дапамогу.

Магчыма, яны даведалiся што-нiшто аб маiх прыгодах на працягу тых дзён, калi я ляжаў без памяцi. Калi я апрытомнеў, яны асцярожна расказалi мне ўсе, што ведалi пра Лезерхэд. Праз два днi пасля таго, як я трапiў у пастку ў развалiнах дома, Лезерхэд быў знiшчаны разам з усiмi жыхарамi адным марсiянiнам. Ён зраўнаваў горад з зямлёю без усялякай прычыны, – так хлапчук разбурае мурашнiк.

Я быў адзiнокi, i яны ўважлiва мяне даглядалi. Я быў адзiнокi i гаротны, i яны гаравалi разам са мною. Пасля свайго выздараўлення я прабыў у iх яшчэ чатыры днi. Увесь час я хацеў (i гэта хаценне ўсё мацнела i мацнела) зiрнуць яшчэ раз на тое, што засталося ад былога жыцця, якое здавалася мне такiм шчаслiвым i светлым. Гэта было бязрадаснае жаданне справiць трызну па сваiм мiнулым. Яны адгаворвалi мяне. Яны з усяе сiлы старалiся прымусiць мяне адмовiцца ад гэтай iдэi. Але я не мог больш змагацца з гэтым непераадольным жаданнем; паабяцаўшы вярнуцца да iх, я са слязьмi на вачах развiтаўся са сваiмi новымi сябрамi i падаўся вулiцамi, якiя яшчэ нядаўна былi такiмi цёмнымi i пустымi.

Цяпер вулiцы сталi людныя, дзе-нiдзе нават былi адчынены магазiны, я заўважыў фантан, з якога бiла вада.

Я помню, наколькi дзiўным i яркiм здаваўся мне дзень, калi я маркотным паломнiкам адправiўся да маленькага домiка на Ўокiнгу; вакол кiпела адноўленае жыццё. Паўсюль было так многа народу, актыўнага, чыннага, i не верылася, што загiнула столькi жыхароў. Потым я заўважыў, што твары сустрэчных жоўтыя, валасы растрапаныя, шырока расплюшчаныя вочы блiшчаць лiхаманкава i амаль усе яны апрануты ў лахманы. Твары iх былi то радасна-бадзёрыя, то дзiўна засяроджаныя. Калi б не гэтыя вочы, то лонданцаў можна было лiчыць за натоўп валацужнiкаў. Ва ўсiх прыходах давалi дармовы хлеб, дасланы французскiм урадам. Многiя з ацалелых коней былi настолькi худыя, што з-пад скуры вытыркалi рэбры. На ўсiх вуглах стаялi змардаваныя канстэблi з белымi значкамi. Слядоў разбурэння, прычыненых марсiянамi, я амаль не заўважыў, пакуль не дайшоў да Велiнгтон-стрыт, дзе чырвоная трава яшчэ ўзбiралася па апорах моста Ватэрлоо. Каля моста я заўважыў лiст паперы, прыколаты сучком да густога зараснiку чырвонай травы, – цiкавы гратэск таго незвычайнага часу. Гэта была аб'ява першай адноўленай газеты "Дэйлi мейл". Я даў за газету пачарнелы шылiнг, якi толькi i меў у кiшэнi. Газета была ўся з прабеламi. На месцы аб'яў на апошнiм лiсце наборшчык, якi выпусцiў газету прыватным чынам, набраў прачулы зварот да чытача. Я не даведаўся нiчога новага, акрамя таго, што агляд механiзмаў марсiянаў на працягу тыдня ўжо даў цiкавыя вынiкi. Памiж iншым, паведамлялася (тады я не паверыў гэтаму), што "тайна паветраплавання" раскрыта. Каля вакзала Ватэрлоо стаялi тры гатовыя да адпраўкi цягнiкi. Наплыў народу, дарэчы, ўжо аслабеў. Пасажыраў было няшмат, ды i я не меў такога настрою, каб заводзiць выпадковую размову. Я адзiн заняў цэлае купэ, скрыжаваў рукi i абыякава глядзеў на асветленыя сонцам карцiны страшэннага спусташэння, якiя мiльгалi за вокнамi. Адразу пасля вакзала цягнiк перайшоў на часовыя рэйкi; абапал палатна чарнелi развалiны дамоў. Да Клэпхемскай вузлавой станцыi Лондан быў засыпаны чорным пылам, якi ўсё яшчэ не знiк, нягледзячы на два вельмi дажджлiвыя днi. Каля Клэпхема на пашкоджаным палатне разам з землякопамi працавалi сотнi пакiнутых без работы клеркаў i прыказчыкаў, i цягнiк перавялi на толькi што пакладзеныя часовыя рэйкi.

Наваколле было змрочнае, дзiўнае; асаблiва моцна пацярпеў Уiмблдон. Уотан дзякуючы сваiм уцалелым хваёвым лясам здаваўся менш разбураным. Уэндл, Моўл, нават маленькiя рэчачкi зараслi чырвонаю травою i здавалiся напоўненымi не то сырым мясам, не то накрышанай чырвонаю капустаю. Хваёвыя лясы Сэрэя былi занадта сухiя для чырвонай травы. За Ўiмблдонам на агародах вiднелiся кучы зямлi вакол шостага цылiндра. У сярэдзiне капалiся сапёры, а вакол стаялi цiкаўныя. На дрэўку развiваўся брытанскi сцяг, весела палошчучыся на ранiшнiм брызе. Агароды былi чырвоныя ад травы. Калола вочы гэтая чырвоная прастора, перасечаная пурпуровымi ценямi. Станавiлася лягчэй, калi погляд пераходзiў ад мёртва-шэрага i чырвонага колеру пярэдняга плану пейзажа на блакiтнавата-зялёныя таны ўсходнiх пагоркаў.

Каля станцыi Ўокiнг чыгуначны рух яшчэ не быў адноўлены; таму я выйшаў на станцыi Вайфлiт i накiраваўся к Мэйбэры мiма таго месца, дзе мы з артылерыстам размаўлялi з гусарамi, i таго месца, дзе я ў час буры ўбачыў марсiянiна. Мне было цiкава звярнуць убок i ўбачыць у чырвоным зараснiку сваю перакуленую i разбiтую цялежку побач з пабялелым, абгрызеным конскiм шкiлетам. Я спынiўся i агледзеў гэтыя астанкi...

Потым я прайшоўся сасновым лесам; зараснiк чырвонай травы дзе-нiдзе даставаў мне да вушэй; труп гаспадара "Плямiстага сабакi", магчыма, ужо пахавалi: я нiдзе яго не заўважыў. Мiнуўшы ваенны каледж, я ўбачыў свой дом. Нейкi чалавек, што стаяў на парозе свайго катэджа, паклiкаў мяне, назваўшы маё iмя, калi я праходзiў мiма.

Я зiрнуў на свой дом з цьмянай надзеяй, якая тады ж i патухла. Замок быў сарваны, i дзверы адчынялiся i зачынялiся ветрам.

Тое акно майго кабiнета, з якога мы з артылерыстам глядзелi тады на досвiтку, было расчынена, занавескi матлялiся. З таго часу нiхто не зачыняў вакна. Зламаныя кусты засталiся такiмi ж, як у дзень маiх уцёкаў, амаль чатыры тыднi назад. Я ўвайшоў у дом, ён быў пусты. Ходнiк на лесвiцы быў згамтаны i пацямнеў у тым месцы, дзе я сядзеў, прамоклы да касцей пад навальнiцай той ноччу, калi здарылася катастрофа. На лесвiцы засталiся брудныя сляды.

Я пайшоў па гэтых слядах у свой кабiнет; на пiсьмовым стале ўсё яшчэ ляжаў пад салянiтавым прэс-пап'е спiсаны аркуш паперы, якую я пакiнуў у той дзень, калi адкрыўся першы цылiндр. Я пастаяў, перачытваючы свой незакончаны артыкул пра развiццё маральнасцi ў сувязi з агульным працэсам цывiлiзацыi. "Магчыма, што праз дзвесце гадоў, – пiсаў я, – настане..." Прарочая фраза засталася недапiсанай.

Я ўспомнiў, што нiяк не мог засяродзiцца той ранiцай, i, кiнуўшы пiсанiну, пайшоў купiць нумар "Дэйлi кронiкл" у хлопчыка-газетчыка. Помню, як я падышоў да садовых веснiчак i са здзiўленнем слухаў яго аповед пра "Людзей з Марса".

Я сышоў унiз у сталовую i там убачыў баранiну i хлеб (ужо сапсаваныя), перакуленую пiўную бутэльку. Усё было так, як мы з артылерыстам пакiнулi. Мой дом быў пусты. Я ўсвядомiў усю неразумнасць таемнай надзеi, якую выношваў так доўга. I раптам звонку раздаўся нейчы голас:

– Гэта бескарысна. Дом бязлюдны. Тут, па крайняй меры, дзесяць дзён нiкога не было. Не мучце сябе дарэмна. Вы выратавалiся адны...

Я аслупянеў. Цi не я выказаў услых свае думкi? Я павярнуўся... Балконныя дзверы былi адчынены насцеж. Я ступiў туды i выглянуў.

У садзе, здзiўленыя i напалоханыя не менш, чым я, стаялi мой стрыечны брат i мая жонка, бледная, без слёз. Яна толькi слаба войкнула.

– Я прыйшла, – прамармытала яна, – я знала... я знала...

Яна схапiлася рукамi за горла i пахiснулася. Я кiнуўся да яе i падняў яе на руках.

Х

ЭПIЛОГ

Цяпер, у канцы майго аповеду, мне застаецца толькi пашкадаваць аб тым, як мала я магу садзейнiчаць вырашэнню многiх спрэчных пытанняў. У гэтых адносiнах мяне, безумоўна, будуць строга крытыкаваць. Мая спецыяльнасць абстрактная фiласофiя. Маё знаёмства з параўнальнай фiзiялогiяй абмяжоўваецца адною цi дзвюма кнiгамi, але мне здаецца, што меркаванне Карвера аб прычынах хуткай смерцi марсiянаў настолькi праўдзiвае, што яго можна прыняць як даказанае. Я ўжо яго падаў вам у сваёй аповесцi.

Ва ўсякiм выпадку, у трупах марсiянаў, даследаваных пасля вайны, знойдзены былi толькi вядомыя нам бактэрыi. Тое, што марсiяне не хавалi сваiх забiтых калегаў, а таксама iх вар'яцкае забойства людзей даказваюць, што яны незнаёмы з працэсам гнiення. Але гэта толькi гiпотэза, праўда, вельмi верагодная.

Састаў чорнага газу, якiм з такiмi пагубнымi вынiкамi карысталiся марсiяне, да гэтага часу невядомы; генератар цеплавога промня таксама застаецца пакуль загадкаю. Страшэнныя катастрофы прымусiлi вучоных спынiць свае вопыты ў лабараторыях Iлiнга i Паўднёвага Кенсiнгтона. Спектральны аналiз чорнага пылу паказвае на прысутнасць невядомага нам элемента: адзначалiся чатыры яркiя лiнii ў блакiтнай частцы спектру; магчыма, гэты элемент дае злучэнне з аргонам, якое дзейнiчае разбуральна на састаўныя часткi крывi. Але гэтыя недаказаныя меркаваннi наўрад цi зацiкавяць таго шырокага чытача, для якога напiсана мая аповесць. Нiводная часцiца бурага накiпу, што плыў унiз па Тэмзе пасля разбурэння Шэпертона, у той час не была даследавана; цяпер гэта ўжо немагчыма.

Пра вынiк анатамiчнага даследавання трупаў марсiянаў (наколькi такое даследаванне аказалася магчымым пасля ўмяшання пражорлiвых сабак) я ўжо казаў. Магчыма, усе бачылi цудоўны i амаль некрануты экземпляр, заспiртаваны ў Натурала-гiстарычным музеi, i безлiч здымкаў з яго. Фiзiялагiчныя i анатамiчныя дэталi маюць iнтарэс толькi для спецыялiстаў.

Пытанне больш складанае i больш цiкавае – гэта магчымасць новага нашэсця марсiянаў. Мне думаецца, што гэтаму мала надаюць увагi людзi. Цяпер планета Марс далёка ад нас, але я дапускаю, што марсiяне могуць паўтарыць сваю спробу ў перыяд супрацьстаяння. Ва ўсякiм выпадку мы павiнны да гэтага быць гатовыя. Мне здаецца, можна было б вызначыць становiшча пушкi, якая выкiдвае цылiндры; трэба пiльна назiраць за гэтай часткаю планеты i папярэдзiць спробу новага нашэсця.

Цылiндр можна знiшчыць дынамiтам цi артылерыйскiм агнём, перш чым ён ахалодзiцца i марсiяне будуць гатовы вылезцi з яго; можна таксама перастраляць iх усiх, як толькi адкруцiцца накрыўка. Мне здаецца, яны страцiлi сваю перавагу з-за няўдалага першага нападу. Магчыма, яны самi гэта зразумелi.

Лесiнг прывёў амаль неабвержны доказ на карысць таго, што марсiянам ужо ўдалося зрабiць высадку на Венеру. Сем месяцаў назад Венера i Марс знаходзiлiся на адной прамой з Сонцам; iншымi словамi, Марс быў у супрацьстаяннi з пункту гледжання назiральнiка з Венеры. I вось на неасветленай палове планеты паявiўся дзiўны блiскотны след; амаль адначасова фатаграфiя Марса выявiла ледзь прыкметную цёмную вiхлястую хвалю. Дастаткова бачыць здымкi гэтых абедзвюх з'яў, каб зразумець iх узаемасувязь.

Ва ўсякiм выпадку, пагражае нам наступнае нашэсце цi не, наш погляд на будучае чалавецтва, несумненна, моцна памяняўся дзякуючы ўсiм гэтым падзеям. Цяпер мы ведаем, што нельга лiчыць нашу планету поўнасцю небяспечным сховiшчам для чалавека; немагчыма прадбачыць тых нябачных ворагаў цi сяброў, якiя могуць заявiцца да нас з безданi прасторы. Можа быць, нашэсце марсiянаў не застанецца без карысцi для людзей; яно адняло ў нас цiхую веру ў будучае, якая так лёгка прыводзiць да ўпадку, яно падаравала нашай навуцы вялiкiя веды, яно садзейнiчала прапагандзе iдэi аб адзiнай арганiзацыi чалавецтва. Магчыма, там, з безданi прасторы, марсiяне сачылi за лёсам сваiх пiянераў, улiчылi ўрокi i пры перасяленнi на Венеру былi больш асцярожныя. Як бы нi было, яшчэ на працягу многiх гадоў, вiдаць, будуць працягвацца пiльныя назiраннi за Марсам, а вогненныя нябесныя стрэлы – падаючыя метэарыты доўга яшчэ будуць палохаць людзей.

Кругагляд чалавецтва пасля нашэсця марсiянаў значна пашырыўся. Да падзення цылiндра ўсе былi перакананыя, што за нязначнай паверхняй нашай сферы, у глыбiнi прасторы, няма жыцця. Цяпер мы сталi больш дальнабачныя. Калi марсiяне змаглi перасялiцца на Венеру, то чаму б не паспрабаваць зрабiць гэта i людзям? Калi паступовае ахалоджванне зробiць нашу Зямлю бязлюднай – а гэта ў рэшце рэшт непазбежна, – магчыма, нiтка жыцця, якое пачалося тут, праляцiць i ахопiць сваёю сеткаю iншую планету. Цi зможам мы змагацца i перамагчы?

Я невыразна прадбачу: жыццё з гэтай цяплiцы сонечнай сiстэмы паступова распаўсюджваецца па ўсёй непамернай прасторы. Але гэта – толькi мара, Магчыма, перамога над марсiянамi толькi часовая. Магчыма, iм, а не нам належыць будучае.

Я павiнен прызнацца, што пасля двух перажытых страхаў я сумняваюся i застаюся няўпэўнены. Iншы раз я сяджу ў сваiм кабiнеце i пiшу пры святле лямпы, i раптам мне здаецца, што расквiтнелая далiна ўнiзе ахоплена полымем, а дом – пусты i пакiнуты. Я iду па Байфлiт-роўд, экiпажы праносяцца мiма, хлопчык-мяснiк з цялежкаю, кеб з экскурсантамi, рабочы на веласiпедзе, дзецi iдуць у школу, – i раптам усё становiцца цёмным, змрочным, i я зноў крадуся з артылерыстам у гарачай мёртвай задусе. Ноччу мне снiцца чорны пыл, на бязлюдных вулiцах знявечаныя трупы; яны падымаюцца, страшныя, абгрызеныя сабакамi. Яны нешта мармычуць, шалеюць, цямнеюць, расплываюцца – скажоныя падабенствы людзей, i я прачынаюся, пакрыты халодным потам у змроку начным.

Калi я еду ў Лондан i бачу ажыўлены натоўп на Флiт-стрыт i Стрэндзе, мне прыходзiць у галаву, што гэта толькi зданi мiнулага, якiя рухаюцца па вулiцах, якiя былi бязлюднымi i цiхiмi; што гэта ценi мёртвага горада, уяўнае жыццё ў гальванiзаваным трупе.

Незвычайна адчуваю сябе, стоячы на Прымроз-Хiле – я быў там за дзень перад тым, як напiсаў гэты апошнi раздзел, – бачу на гарызонце праз шэра-блакiтную пялёнку дыму i туману цьмяныя абрысы агромнiстага горада, якiя расплываюцца ў iмглiстым небе; бачу людзей, якiя прагульваюцца па схiле сярод кветкавых клумбаў; натоўп разявак вакол нерухомай машыны марсiянаў, што тут i засталася; чую валтузню дзяцей i ўспамiнаю той час, калi я бачыў усё разбуранае, апусцелае ў промнях досвiтку вялiкага апошняга дня...

Але самае дзiўнае – гэта трымаць зноў у сваёй руцэ руку жонкi i ўспамiнаць пра тое, як мы лiчылi адно другога загiнуўшымi.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю