Текст книги "Вайна сусветаў (на белорусском языке)"
Автор книги: Герберт Джордж Уэллс
Жанр:
Научная фантастика
сообщить о нарушении
Текущая страница: 5 (всего у книги 10 страниц)
– Што за чартаўшчына? – спытаў ён. – Пажар? Чаму такая валтузня?
Абодва высунулiся з вакна, стараючыся зразумець, што крычаць палiсмены. З бакавых вулiц павалiў народ, збiваючыся ў кучы на вуглах.
– У чым справа, чорт вазьмi? – спытаў сусед.
Мой брат нешта адказаў яму i пачаў апранацца, падбягаючы раз за разам да акна, каб бачыць, што адбываецца на вулiцы. З-за вугла выскачылi газетчыкi з надзвычай раннiмi выпускамi газет, крычучы на ўсё горла.
– Лондану пагражае ўдушэнне! Умацаваннi Кiнгстана i Рычманда прарваныя! Крывапралiтны бой у далiне Тэмзы!
У кватэрах нiжняга паверха, ва ўсiх суседнiх дамах i далей, у Парк-тэрасiс i на сотнi iншых вулiц гэтай часткi Мэрылебана; у раёне Вестбэрн-парка i Сент-Панкрэса, на захадзе i на поўначы – у Кiльберне, Сен-Джонс-Вудзе i Хэмпстэдзе; на ўсходзе – у Шордзiчы, Хайбэры, Хагерстоне i Хокстане; на ўсiм агромнiстым працягу Лондана, ад Iлiнга да Iстхема, людзi, працiраючы вочы, адчынялi вокны, выглядвалi на вулiцу, задавалi бессэнсоўныя пытаннi i спехам апраналiся. Па вулiцах пранеслася першае дыханне панiкi. Страх панаваў над горадам. Лондан, якi спакойна заснуў у нядзелю вечарам, прачнуўся вельмi рана ў панядзелак пад пагрозай смерцi.
Так як брат са свайго вакна не змог нiчога выяснiць, ён апусцiўся ўнiз i выйшаў на вулiцу. Над стрэхамi дамоў ружавела зара. Натоўп бежанцаў, якiя крочылi пяшком i ехалi ў экiпажах, з кожнай хвiлiнай усё большаў.
– Чорны дым! – чуў ён выкрыкi. – Чорны дым!
Было ясна, што панiка ахопiць увесь горад. Пастаяўшы ў нерашучасцi каля свайго пад'езда, брат паклiкаў газетчыка i купiў газету. Газетчык пабег далей, прадаючы газеты на хаду па шылiнгу, – гратэскнае спалучэнне карысцi i панiкi.
У газеце брат прачытаў сумнае данясенне галоўнакамандуючага:
"Марсiяне пускаюць вялiзныя клубы чорнай ядавiтай пары пры дапамозе ракетаў. Яны падавiлi агонь нашай артылерыi, разбурылi Рычманд, Кiнгстан i Ўiмблдон i паступова наблiжаюцца да Лондана, знiшчаючы ўсё на сваiм шляху. Спынiць iх немагчыма. Ад чорнага дыму няма iншага паратунку, акрамя неадкладных уцёкаў".
I толькi. Але i гэтага было дастаткова. Усё насельнiцтва вялiкага шасцiмiльённага горада напалохалася, замiтусiлася, кiнулася наўцёкi. Усе накiравалiся на поўнач.
– Чорны дым! – чулiся крыкi. – Агонь!
Званы суседнiх цэркваў бiлi набат. Адзiн экiпаж з прычыны няўмелага кiравання наляцеў сярод крыкаў i лаянкi на калоду для вадапою. Цьмянае жоўтае святло мiльгала ў вокнах дамоў; каля некаторых кебаў яшчэ гарэлi начныя лiхтары. А ўверсе разгаралася зара, бязвоблачная, ясная, спакойная.
Брат чуў тупат ног у пакоях i на лесвiцы. Яго гаспадыня выйшла на вулiцу, спехам накiнуўшы на сябе хламiду i шаль, за ёй выйшаў яе муж, мармычучы штосьцi невыразнае.
Калi брат нарэшце зразумеў, што адбываецца, ён хуценька вярнуўся ў свой пакой, схапiў усе наяўныя грошы – каля дзевяцi фунтаў, – паклаў у кiшэню i выйшаў на вулiцу.
XV
ШТО ЗДАРЫЛАСЯ Ў СЭРЭI
Якраз у той час, калi святар вёў са мною бессэнсоўную размову каля агароджы ў полi пад Галiфордам, а брат глядзеў на паток бежанцаў, што рухаўся па Вестмiнстэрскiм мосце, марсiяне зноў перайшлi ў наступ. Калi верыць блытаным распаведам, большасць марсiянаў заставалася да дзевяцi гадзiн вечара ў яме на Хорселскай пустцы, выконвала нейкую спешную работу, якая суправаджалася ўспышкамi зялёнага дыму.
Стала вядома, што трое марсiянаў выйшлi адтуль каля васьмi гадзiн i, асцярожна прасоўваючыся праз Вайфлiт i Пiрфард да Рыплi i Ўэйбрыджа, нечакана паявiлiся перад вартавымi батарэямi на фоне неба, асветленага заходам сонца. Марсiяне iшлi не шарэнгаю, а ланцужком, на адлегласцi прыкладна паўтары мiлi адзiн ад аднаго. Яны перамаўлялiся якiмсьцi дзiкiм рэвам, падобным на выццё сiрэны, то высокае, то нiзкае.
Гэта выццё i пальбу гарматаў Рыплi i Сен-Джордж-Хiла мы i чулi каля Верхняга Галiфорда. Артылерысты каля Рыплi – нявопытныя валанцёры, якiх не трэба было ставiць на гэткую пазiцыю, – далi ўсяго адзiн заўчасны i безвынiковы залп i, хто верхам, хто пешшу, кiнулiся ўрассыпную па апусцелым мястэчку. Марсiянiн, ступаючы цераз гарматы, а то i сярод артылерыстаў i нават не карыстаючыся цеплавым промнем, апярэдзiў iх i, такiм чынам, знянацку захапiў батарэi ў Пэйнс-Хiл-парку i знiшчыў.
Артылерысты ў Сент-Джордж-Хiле былi больш вопытныя i храбрыя. Прыхаваныя соснамi ад блiжэйшага да iх марсiянiна, якi не чакаў нападзення, яны навялi свае гарматы спакойна, як на парадзе, i, калi марсiянiн быў на адлегласцi каля тысячы ярдаў, далi залп.
Снарады разрывалiся вакол марсiянiна. Ён ступiў некалькi крокаў, пахiснуўся i ўпаў. Усе закрычалi ад радасцi, i зноў артылерысты набiлi свае гарматы. Марсiянiн, якi рухнуў, моцна завыў; у той жа час другi блiскотны гiгант, у адказ на выццё, паказаўся над дрэвамi з поўдня. Магчыма, снарад разбiў адну з ног трыножка. Другi залп быў безвынiковы, снарады пераляцелi цераз падбiтага марсiянiна i ўпалi на зямлю. У той жа час два другiя марсiянiны паднялi камеры цеплавога промня, накiроўваючы iх на батарэю. Снарады разарвалiся, загарэлiся сосны, з прыслугi, якая кiнулася наўцёкi, уцалела ўсяго некалькi чалавек.
Марсiяне спынiлiся i пачалi аб нечым раiцца. Разведчыкi, якiя назiралi за iмi, данеслi, што яны стаялi нерухома каля паўгадзiны. Падбiты марсiянiн няўклюдна выпаўз з-пад свайго каўпака – невялiкая бурая туша, здалёк падобная на грыбную нарасць, – i пачаў рамантаваць трыножак. А дзевятай гадзiне ён скончыў работу, i яго каўпак зноў паказаўся над лесам.
У пачатку дзесятай гадзiны да гэтых трох вартавых далучылiся яшчэ чатыры марсiянiны, узброеныя вялiкiмi чорнымi трубамi. Гэткiя ж трубы былi ўручаны кожнаму з трох першых. Пасля гэтага ўсе сем марсiянаў расцягнулiся ланцугом на роўнай адлегласцi адзiн ад аднаго, па крывой мiж Сент-Джордж-Хiлам, Уэйбрыджам i Сэндам, на паўднёвым захадзе ад Рыплi.
Як толькi яны рушылi з месца, з пагоркаў узвiлiся сiгнальныя ракеты, папярэджваючы батарэi каля Дзiтана i Эшэра. У той жа час чатыры баявыя машыны з чорнымi трубамi пераправiлiся цераз раку; дзве з iх паявiлiся перад мною i святаром, выразна вырысоўваючыся на фоне неба пасля заходу сонца. Мы, стомленыя i знясiленыя, iмклiва iшлi па дарозе на поўнач ад Галiфорда. Нам здавалася, што яны рухаюцца па аблоках, бо малочны туман ахiнуў палi i ўзнiмаўся да трэцi iх росту.
Убачыўшы iх, святар ускрыкнуў здушаным голасам i кiнуўся бегчы. Ведаючы, што не ўцяку, я збочыў крыху i папоўз сярод мокрага ад расы цярноўнiку i крапiвы ў шырокую канаву ўзбоч дарогi. Святар азiрнуўся, убачыў, што я раблю, i падбег да мяне.
Два марсiянiны спынiлiся; першы ад нас стаяў, павярнуўшыся да Санбэры; другi маячыў сiвой бясформенай масай пад вячэрняй зоркай над Стэйнсам.
Выццё марсiянаў зацiхла, i кожны з iх моўчкi заняў сваё месца на агромнiстай падкове, якая ахоплiвала ямы з цылiндрамi. Адлегласць памiж канцамi падковы была каля дванаццацi мiляў. Нiводнага разу яшчэ з часоў вынаходнiцтва пораху пабоiшча не пачыналася сярод такой цiшынi. З Рыплi было вiдаць тое ж, што бачылi мы: марсiяне адны ўзвышалiся ў густым змроку, асветленыя бледным месяцам, зорамi, водблiскам заходу сонца i чырванаватым зарывам над Сент-Джордж-Хiлам i лясамi Пэйн-Хiла.
Але супраць наступаючых марсiянаў паўсюдна – каля Стэйнса, Хаўнслоў, Дзiтана, Эшэра, Окхема, за пагоркамi i лясамi на поўдзень ад ракi i за роўнымi сакаўнымi лугамi на поўнач ад яе, прыхаваныя дрэвамi i дамамi, былi выстаўлены гарматы. Сiгнальныя ракеты ўзвiвалiся i рассыпалiся iскрамi ў змроку; батарэi лiхаманкава рыхтавалiся да бою. Варта было марсiянам толькi ступiць за лiнiю агню, як усе гэтыя нерухомыя людзi, i ўсе гэтыя пушкi, паблiскваючы ў ранiшнiх прыцемках, выбухнулi б навальнiчнай раз'юшанасцю.
Тысячы людзей, якiя прагульвалiся гэтай ноччу гэтак жа як я, несумненна, ламалi галовы над тым, цi разумеюць нас марсiяне. Цi зразумелi яны, што нас мiльёны i што мы арганiзаваныя, дысцыплiнаваныя i дзейнiчаем згодна? Цi для iх нашы выстрэлы, нечаканыя выбухi снарадаў, настойлiвая асада iх умацаванняў тое ж самае, што для нас нападзенне патрывожанага, разварушанага вулея? А можа, яны думаюць, што нас усiх можна знiшчыць? (У той час яшчэ нiхто не ведаў, чым харчуюцца марсiяне.) Сотнi такiх пытанняў непакоiлi мяне, пакуль я назiраў за вартавымi марсiянамi. Разам з тым я думаў аб супрацiўленнi, якое сустрэне iх на шляху ў Лондан. Цi выкапаны ямы-пасткi? Цi пашанцуе завабiць iх да парахавых заводаў у Хаўнслоў? Цi хопiць у лонданцаў мужнасцi ператварыць у новую полымнеючую Маскву свой агромнiсты горад?
Нам падалося, што мы бясконца доўга паўзлi па зямлi паўз плот, час ад часу цiкуючы з-за яго; нарэшце пачуўся гул аддаленага гарматнага выстрэлу. Затым другi – крыху блiжэй – i трэцi. Тады першы ад нас марсiянiн высока падняў сваю трубу i выстралiў з яе, як з пушкi, аж задрыжала ад грукату зямля. Марсiянiн каля Стэйнса паўтарыў тое самае. Пры гэтым пачуўся толькi гул выбуху: нi ўспышкi, нi дыму.
Гэтыя паслядоўныя выбухi настолькi мяне ўразiлi, што я, забыўшыся пра небяспеку, палез на плот паглядзець, што адбываецца каля Санбэры. Зноў раздаўся выстрэл, i вялiзны снарад праляцеў высока нада мною ў бок Хаўнслоў. Я хацеў убачыць цi дым, цi агонь, цi якую-небудзь iншую прымету яго разбуральнага дзеяння, але ўбачыў толькi цёмна-сiняе неба з адзiнокай зоркаю i белы туман, якi слаўся па зямлi. I нiводнага выбуху з таго боку, нiводнага выстрэлу ў адказ. Усё сцiхла. Прайшла пакутлiвая хвiлiна.
– Што здарылася? – спытаў святар, стоячы побач са мною.
– Адзiн бог ведае! – адказаў я.
Праляцеў i знiк кажан. Здалёк данёсся i замёр шум галасоў. Я глянуў на марсiянiна; ён хутка рухаўся на ўсход паўз бераг рэчкi.
Я чакаў, што вось-вось на яго накiруюць агонь якой-небудзь прыхаванай батарэi, але начная цiша не парушалася. Фiгура марсiянiна памяншалася i неўзабаве яна знiкла ў тумане ў густой цемнаце. Падагрэтыя цiкаўнасцю, мы ўзабралiся яшчэ вышэй. Каля Санбэры, засланяючы гарызонт, вiднелася нейкая цёмная пляма накшталт свежанасыпанага канiчнага пагорка. Над Уолтанам, за ракою, мы заўважылi гэткае ж узвышэнне. Гэтыя дзве плямы, падобныя на пагоркi, на нашых вачах цямнелi i распаўзалiся.
Падпарадкоўваючыся незразумеламу iмпульсу, я зiрнуў на поўнач i ўбачыў там трэцi чорны, задымлены пагорак.
Было надзвычай цiха. Толькi далёка на паўднёвым усходзе сярод цiшынi пераклiкалiся марсiяне. Затым паветра зноў здрыганулася ад аддаленага выбуху iх гарматаў. Зямная артылерыя маўчала.
Мы тады не маглi зразумець, што адбываецца; пазней я даведаўся, што азначалi гэтыя злавесныя чорныя хмары, якiя распаўзалiся ў цемры. Кожны марсiянiн са сваёй пазiцыi на той агромнiстай падкове, арыентуючыся на нейкi невядомы сiгнал, страляў са сваёй пушкi-трубы па пагорках, лясках, групах дамоў, па ўсiм, што магло служыць схоўкай нашых гарматаў. Адны марсiяне выпусцiлi па снараду, другiя па два, як, напрыклад, той, якога мы бачылi. Марсiянiн каля Рыплi, кажуць, выпусцiў не менш чым пяць. Стукнуўшыся аб зямлю, снарады раколвалiся – яны не ўзрывалiся, – i тады ж над iмi ўздымалася воблака шчыльнай цёмнай пары, потым воблака асядала, утвараючы вялiзны чорны газавы пагорак, якi паволi распаўзаўся па зямлi. Дотык гэтага газу, удых яго атрутных кольцаў заканчвалiся смерцю для ўсяго жывога.
Гэты газ быў цяжкi, цяжэйшы нават за самы густы дым; пасля iмклiвага ўзлёту ён асядаў на зямлю i залiваў яе, быццам вадкасць, сцякаючы з пагоркаў i накiроўваючыся ў лагчыны, адхоны, у руслы рэк, падобна да таго, як сцякае вуглекiслата пры выхадзе з трэшчынаў вулкана. Пры судакрананнi газу з вадой адбывалася нейкая хiмiчная рэакцыя, а паверхня вады ў тую ж хвiлiну пакрывалася пылепадобным накiпам, якi вельмi паступова асядаў. Гэты накiп не раствараўся, таму, нягледзячы на ядавiтасць газу, ваду пасля выдалення з яе асадку можна было пiць бясшкодна для здароўя. Гэты газ не дыфундзiраваў, як усякi iншы газ. Ён вiсеў пластамi, паволi сцякаў па схiлах, не рассейваўся на ветры, мала-памалу змешваўся з туманам i атмасфернай вiльгаццю i асядаў на зямлю ў выглядзе пылу. Мы да гэтага часу нiчога не ведаем пра састаў гэтага газу; вядома толькi, што ў яго ўваходзiў нейкi новы элемент, якi даваў чатыры лiнii ў блакiтнай частцы спектру.
Гэты чорны газ так шчыльна прылягаў да зямлi (раней нават, чым пачыналася асяданне), што на вышынi пяцi-дзесяцi футаў, на стрэхах, у верхнiх паверхах высокiх дамоў i на высокiх дрэвах можна было ўратавацца ад яго; гэта пацвердзiлася той жа ноччу ў Стрыт-Кобхеме i Дзiтане.
Чалавек, якi выратаваўся ў Стрыт-Кобхеме, перадаваў дзiўныя падрабязнасцi аб кольцавым патоку гэтага газу; ён глядзеў унiз з царкоўнай званiцы i бачыў, як дамы, паселiшчы выступалi з чарнiльнай цемнаты, быццам зданi. Ён прасядзеў там паўтара дня, знясiлены стомленасцю, голадам i холадам. Зямля пад блакiтным небам здавалася пакрытай чорным аксамiтам; дзе-нiдзе ў промнях сонца выступалi чырвоныя дахi i зялёныя вершалiны дрэваў; кусты, брамы, хлявы, прыбудоўкi i сцены дамоў здавалiся пакрытымi чорным флёрам.
Так было i ў Стрыт-Кобхеме, дзе чорны газ сам па сабе асеў на зямлю. Увогуле ж марсiяне, пасля таго, як газ выконваў сваё прызначэнне, ачышчалi паветра, накiроўваючы на газ струмень пары.
Тое самае зрабiлi яны i з воблакам газу непадалёк ад нас; мы назiралi гэта пры святле зорак з вакна пакiнутага дома ў Верхнiм Галiфордзе, куды вярнулiся. Мы бачылi, як мiльгацелi пражэктары па Рычманд-Хiле i Кiнгстан-Хiле. Каля адзiнаццацi гадзiн у вокнах задрыжалi шыбы, i мы пачулi грукат устаноўленых там цяжкiх асадных гарматаў. Каля чвэрцi гадзiны з паўзамi працягвалася стралянiна наўздагад па набачных пазiцыях марсiянаў каля Хэмптана i Дзiтана; затым бледныя промнi пражэктараў патухлi i змянiлiся барвовым зарывам.
Неўзабаве ўпаў чацвёрты цылiндр – яркi зялёны метэор – у Бушы-парку, як я потым даведаўся. Яшчэ раней, чым загаварылi гарматы на пагорках каля Рычманда i Кiнгстана, аднекуль з паўднёвага захаду чуваць была хаатычная кананада; магчыма, гарматы стралялi наўздагад, пакуль чорны газ не ўсмерцiў артылерыстаў.
Марсiяне, дзейнiчаючы метадычна, як людзi, што выкурваюць асiнае гняздо, разлiвалi гэты ўдушны газ па ваколiцах Лондана. Канцы падковы паволi разыходзiлiся, пакуль нарэшце ланцуг марсiянаў не рушыў па прамой ад Гонвела да Кумба i Молдзена. Усю ноч рухалiся наперад смертаносныя трубы. Нiводнага разу пасля таго, як марсiянiн быў збiты з трыножка каля Сент-Джордж-Хiла, не ўдалося нашай артылерыi пацэлiць хоць бы ў аднаго з iх. Яны паўсюдна пускалi чорны газ, дзе толькi маглi быць прыхаваныя нашы гарматы, а там, дзе пушкi стаялi без маскiроўкi, яны карысталiся цеплавым промнем.
Апоўначы палаючыя па схiлах Рычманд-парка дрэвы i зарыва над Кiнгстан-Хiлам асвяцiлi воблака чорнага газу, якое клубiлася па ўсёй далiне Тэмзы i разгортвалася да самага гарызонта. Два марсiянiны паволi расхаджвалi па гэтай мясцовасцi, накiроўваючы на зямлю свiсцячыя струменi пары.
Гэтай ноччу марсiяне чамусьцi ашчаджалi свой цеплавы прамень, магчыма, што ў iх быў абмежаваны запас матэрыялу для яго вытворчасцi, цi таму, што яны не хацелi ператварыць краiну ў пустыню, а толькi задушыць супрацiўленне, якое iм аказвалася. Зразумела, гэта iм удалося. Ноч на панядзелак была апошняй ноччу арганiзаванай барацьбы з марсiянамi. Пасля гэтага нiхто ўжо не адважыўся выступiць супраць iх, любое супрацiўленне здавалася безнадзейным. Нават экiпажы тарпедных катэраў i мiнаносцаў, якiя падвялiся ўверх па Тэмзе з хуткастрэльнымi пушкамi, адмовiлiся заставацца на рацэ, узбунтавалiся i пайшлi ў мора. Адзiнае, на што людзi адважылiся пасля гэтай ночы, – гэта закладка мiн i наладжванне лавушак, але нават i гэта рабiлася не планамерна.
Можна толькi ўявiць лес батарэяў Эшэра, якiя так напружана вычэквалi ў змроку. Там загiнулi ўсе. Уявiце сабе чаканне насцярожаных афiцэраў, гарматную прыслугу, якая падрыхтавалася да залпу, складзеныя каля гармат снарады, абозную прыслугу каля лафетаў з коньмi, штацкiх гледачоў, жадаючых падысцi як мага блiжэй, вячэрнюю цiшыню, санiтарныя фургоны i палаткi паходнага лазарэта з абпаленымi i раненымi з Уэйбрыджа. Затым глухi выбух выстрэлаў марсiянаў i шалёны снарад, якi праляцеў над дрэвамi i дамамi i ўпаў у суседнiм полi.
Можна ўявiць сабе здзiўленне i перапалох людзей, якiя ўбачылi рухомыя кольцы i завiткi наступаючага чорнага воблака, што ператварала прыцемкi ў густы адчувальны змрок; незразумелы i няўлоўны вораг наганяе свае ахвяры; бягуць i падаюць конi, людзi, ахопленыя панiкай; жахлiвыя крыкi, кiнутыя гарматы; людзi, якiя курчацца на зямлi... – i шырокi чорны газавы конус. Потым ноч i смерць – i маўклiва-дымавая павалока над мерцвякамi.
На свiтаннi чорны газ разлiўся па вулiцах Рычманда. Урад не мог кiраваць народам; апошняе, што ён мог, – заклiкаць насельнiцтва Лондана ўцякаць.
XVI
ЭВАКУАЦЫЯ З ЛОНДАНА
Лёгка ўявiць сабе тую вiратлiвую хвалю страху, якая пракацiлася па найвялiкшым горадзе свету ў панядзелак ранiцою, – ручай бежанцаў станавiўся бурным патокам, якi пенiўся вакол вакзалаў, ператвараўся ў шалёны вадаварот каля суднаў на Тэмзе i рушыў усiмi магчымымi шляхамi на поўнач i ўсход. Каля дзесяцi гадзiн панiка ахапiла палiцыю, апоўднi – чыгуначную адмiнiстрацыю: адмiнiстрацыйныя службы гублялi сувязь памiж сабою, гублялiся ў людской плынi i знiкалi на абломках сацыяльнага арганiзма, якi хутка распадаўся.
Усе чыгуначныя лiнii на поўнач ад Тэмзы i жыхары паўднёва-ўсходняй часткi горада былi папярэджаны яшчэ апоўначы ў нядзелю, ужо ў дзве гадзiны ўсе цягнiкi былi перапоўнены, людзi адчайна змагалiся за месцы ў вагонах. К тром гадзiнам даўка i бойка распачалiся i на Бiшопсгейт-стрыт; стралялi з рэвальвераў, пускалi ў ход нажы, а палiсмены, пасланыя рэгуляваць рух, стомленыя i азвярэлыя, збiвалi дубiнкамi людзей, якiх яны павiнны былi ахоўваць.
Неўзабаве машынiсты i качагары не захацелi вяртацца ў Лондан; людскiя натоўпы адхлынулi ад вакзалаў i рынулiся да шасейных дарог, якiя вялi на поўнач. Апоўднi каля Борнса бачылi марсiянiна; воблака павольна асядаючага чорнага газу паўзло па Тэмзе i раўнiне Ламбет, адрэзаўшы дарогу цераз масты. Другое воблака папаўзло па Iлiнгу i акружыла невялiчкую кучку ацалелых людзей на Касл-Хiле; яны засталiся жывыя, але выбрацца не маглi.
Пасля марнай спробы трапiць на паўночна-заходнi цягнiк у Чок-Фарме, калi ён, перапоўнены яшчэ на таварнай платформе, пачаў пракладваць сабе шлях праз раз'юшаны натоўп i некалькi здаравенных малайцоў ледзь стрымлiвалi публiку, якая намервалася разбiць машынiсту галаву аб топку, мой брат выйшаў на Чок-фарм-роўд, перайшоў дарогу, лавiруючы сярод рою iмклiвых экiпажаў, i, на шчасце, апынуўся адным з першых пры разгроме веласiпеднага магазiна. Пярэдняя шына веласiпеда, якi ён захапiў, лопнула, калi ён выцягваў машыну праз акно, але тым не менш, толькi злёгку паранiўшы кiсць рукi ў сутычцы, ён сеў i паехаў. Шлях па крутым адхоне Хаверсток-Хiла быў завалены перакуленымi экiпажамi, i брат павярнуў на Белсайз-роўд.
Такiм чынам ён выбраўся з ахопленага панiкай горада i к сямi гадзiнам дасягнуў Эджуэра, галодны i знямоглы, але затое значна апярэдзiў паток бежанцаў. Паўз дарогу стаялi мясцовыя жыхары, цiкаўныя i збiтыя з панталыку. Яго абагналi некалькi веласiпедыстаў, некалькi коннiкаў i два аўтамабiлi. За мiлю ад Эджуэра лопнуў вобад кола, ехаць далей было немагчыма. Ён кiнуў веласiпед каля дарогi i пяшком дабраўся да вёскi. На галоўнай вулiцы было адчынена некалькi лавак; жыхары тоўпiлiся на тратуарах, стаялi каля дзвярэй i вокнаў, здзiўлена глядзелi на незвычайнае шэсце бежанцаў, якое толькi яшчэ пачыналася. Брату пашанцавала перакусiць у гасцiнiцы.
Ён хадзiў па Эджуэры, не ведаючы, што рабiць далей. Натоўп бежанцаў усё павялiчваўся. Многiя, як i брат, хацелi б застацца там. Аб марсiянах нiчога новага не паведамлялася.
Дарога ўжо напоўнiлася бежанцамi, але яшчэ прайсцi было можна. Спачатку было больш веласiпедыстаў, затым паявiлiся хуткасныя аўтамабiлi, прыгожыя кебы, каляскi; пыл слупом стаяў на дарозе да самага Сент-Олбенса.
Успомнiўшы, вiдаць, пра сваiх сяброў у Чэлмсфардзе, брат вырашыў прайсцiся цiхiм прасёлкам, якi цягнуўся на ўсход. Калi перад iм вырас плот, брат пералез цераз яго i накiраваўся па сцежцы на паўночны ўсход. Ён прайшоў па некалькiх вёсачках, назваў якiх не ведаў. Зрэдку траплялiся бежанцы. Каля Хай-Барнета, на зарослай травой дарозе, ён сустрэўся з дзвюма жанчынамi, якiя сталi яго спадарожнiцамi. Ён дагнаў iх якраз своечасова, каб памагчы iм.
Пачуўшы крыкi, ён хуценька завярнуў за вугал i ўбачыў двух мужчын, якiя спрабавалi высадзiць жанчын з каляскi; трэцi трымаў за аброць напалоханага понi. Адна з жанчын, невялiкага росту, у белай сукенцы, крычала; другая ж, стройная брунетка, бiла дубцом па твары мужчыну, якi схапiў яе за руку.
Брат iмгненна ацанiў сiтуацыю i з крыкам кiнуўся на дапамогу жанчынам. Адзiн з нападаючых пакiнуў жанчыну i павярнуўся да яго; брат, выдатны баксёр, бачачы, што бойка непазбежная, напаў першы i адным ударам звалiў яго пад калёсы.
Тут было не да рыцарскай ветлiвасцi, i брат, аглушыўшы ўдарам нагi першага, схапiў за каўнер другога нападаючага, якi трымаў за руку маладзейшую жанчыну. Ён пачуў тупат капытоў; дубец слiзгануў па яго твары, i трэцi працiўнiк нанёс яму моцны ўдар у пераносiцу; той, якога ён трымаў за каўнер, вырваўся i кiнуўся ўцякаць па прасёлку ў той бок, адкуль падышоў брат.
Аглушаны ўдарам, брат апынуўся сам-насам з суб'ектам, якi толькi што трымаў понi; каляска аддалялася, вiхляючыся то ў адзiн, то ў другi бок; абедзве жанчыны, павярнуўшыся, сачылi за валтузнёй. Працiўнiк, вялiзны дзяцiна, рыхтаваўся нанесцi другi ўдар, але брат апярэдзiў яго, стукнуўшы ў скiвiцу. Пасля, бачачы, што застаўся адзiн, брат вывернуўся ад удару i пабег па прасёлку следам за каляскай, а за iм гнаўся працiўнiк; другi, якi быў уцёк, спынiўся, павярнуў назад i цяпер бег за iм зводдалеку.
Раптам брат спатыкнуўся i ўпаў; самы блiзкi ад яго працiўнiк спатыкнуўся аб яго i таксама ўпаў; i брат, усхапiўшыся на ногi, зноў апынуўся сам-насам з двума працiўнiкамi. У яго была мала надзеi справiцца з iмi, але ў гэты час стройная брунетка хуценька спынiла понi i падбегла на дапамогу. У яе, як аказалася, быў рэвальвер, але ён ляжаў пад сядзеннем, калi на iх напалi. Яна выстралiла з адлегласцi ў шэсць ярдаў, ледзь не трапiўшы ў брата. Менш храбры грабежнiк пусцiўся ўцякаць, яго калега – за iм, праклiнаючы яго баязлiвасць. Абодва спынiлiся непадалёку на прасёлку каля трэцяга з нападаючых, якi нерухома ляжаў на зямлi.
– Вазьмiце, – прамовiла стройная жанчына, перадаючы брату свой рэвальвер.
– Сядайце ў каляску, – сказаў брат, выцiраючы кроў з рассечанай губы.
Яна моўчкi павярнулася, i яны разам з братам, цяжка дыхаючы, падышлi да жанчыны ў белай сукенцы; жанчына ледзь стрымлiвала напалоханага понi.
Грабежнiкi больш не нападалi. Азiрнуўшыся, брат убачыў, што яны аддаляюцца.
– Я сяду тут, калi можна, – сказаў ён, ускарабкаўшыся на вольнае сядзенне.
Брунетка аглянулася цераз левае плячо.
– Дайце мне лейцы, – сказала яна i сцебанула понi. Праз хвiлiну знiклi за павароткаю.
Такiм чынам, зусiм нечакана брат, задыханы, з рассечанай губою, з апухлым падбародкам i акрываўленымi пальцамi, апынуўся ў калясцы разам з дзвюма жанчынамi на незнаёмай дарозе.
Ён даведаўся, што адна з iх жонка, а другая – малодшая сястра доктара з Стэнмора, якi, вяртаючыся ноччу з Пiннера ад цяжка хворага, пачуў на адной з чыгуначных станцый аб наблiжэннi марсiянаў. Ён паспешна адправiўся дамоў, разбудзiў жанчын – прыслуга ад'ехала ад iх за два днi перад гэтым, упакаваў такую-сякую правiзiю, паклаў, на шчасце для брата майго, свой рэвальвер пад сядзенне i сказаў iм, каб яны ехалi ў Эджуэр i селi там на цягнiк. Сам ён застаўся апавясцiць суседзяў i абяцаў дагнаць жанчын каля паловы пятай ранiцаю. Цяпер ужо каля дзевяцi, а яго ўсё няма. Спынiцца ў Эджуэры яны не маглi з-за наплыву бежанцаў i, такiм чынам, павярнулi на глухую дарогу.
Усё гэта яны расказалi майму брату па дарозе ў Нью-Барнет, дзе i зрабiлi прыпынак. Брат абяцаў не пакiдаць iх, па крайняй меры да таго часу, пакуль яны не вырашаць, як быць далей, цi пакуль iх не дагонiць доктар. Заспакойваючы жанчын, брат запэўнiваў, што ён выдатны стралок, хоць у жыццi не трымаў у руках рэвальвера.
Яны атабарылiся каля дарогi, прыладкаваўшы каля дрэваў понi. Брат расказаў спадарожнiцам пра свае ўцёкi з Лондана i паведамiў iм усё, што чуў пра марсiянаў i iх дзеяннi. Сонца падымалася ўсё вышэй, i неўзабаве жывая гаворка змянiлася марудным чаканнем. Па дарозе прайшло некалькi бежанцаў; ад iх брат даведаўся пра сякiя-такiя навiны, якiя яшчэ больш пацвердзiлi яго перакананне ў грандыёзнасцi бедства i неабходнасцi ўцякаць прэч. Ён сказаў пра гэта сваiм спадарожнiцам.
– У нас ёсць грошы, – сказала маладзейшая дама i тут жа змоўкла.
Яе вочы сустрэлiся з братавымi вачыма, i яна супакоiлася.
– У мяне таксама ёсць грошы, – адказаў брат.
Яна паведамiла, што ў iх ёсць трыццаць фунтаў золатам i адна пяцiфунтавая крэдытка i выказала меркаванне, што яны змогуць сесцi на цягнiк у Сен-Олбенсе цi Нью-Барнэце. Брат лiчыў, што трапiць на цягнiк зусiм немагчыма; ён бачыў, як натоўпы лонданцаў чынiлi асады цягнiкам i прапанаваў прабрацца праз Эсекс да Гарвiча, а там параходам пераправiцца на кантынент.
Мiсiс Элфiнстон – так звалi даму ў белым – не слухала нiякiх довадаў i хацела чакаць свайго Джорджа; але яе залоўка была вельмi спакойная i разважлiвая i ў рэшце рэшт пагадзiлася з маiм братам. Яны паехалi ў Барнет, намерваючыся перасекчы Вялiкую Паўночную дарогу; брат вёў за аброць понi, каб захаваць яго сiлы. Сонца падымалася, i дзень станавiўся вельмi гарачы; бялёсы пясок сляпiў вочы i так нагрэўся пад нагамi, што немагчыма было рухацца наперад. Дрэвы сталi шэрыя ад пылу. Непадалёку ад Барнета пачуўся якiсьцi аддалены гул.
Стала трапляцца больш народу. Бежанцы iшлi змораныя, панурыя, брудныя, неахвотна адказваючы на роспыты. Нейкi чалавек у фраку прайшоў мiма iх, панурыўшы галаву. Яны чулi, як ён гаварыў сам з сабою, i, азiрнуўшыся, убачылi, што адной рукою ён схапiў сябе за валасы, а другою бiў уяўнага ворага. Пасля гэтага прыступу вар'яцтва ён, не азiраючыся, пайшоў далей.
Калi брат i яго спадарожнiцы пад'язджалi да скрыжавання дарог з поўдня Барнета, то ўбачылi ў полi, злева ад дарогi, жанчыну з дзiцем на руках; двое дзяцей плялiся за ёю, а ззаду крочыў муж у бруднай чорнай кашулi, з тоўстай палкаю ў адной руцэ i чамаданам у другой. Потым аднекуль з-за вiлаў, што аддзялялi прасёлак ад вялiкай дарогi, выехала цялежка, у якую быў запрэжаны ўзмылены чорны понi; кiраваў бледны юнак у кацялку, шэрым ад пылу. На цялежцы сядзелi трое дзяўчат, з выгляду фабрычныя работнiцы Iст-Энда, i двое дзяцей.
– Як праехаць на Эджуэр? – спытаў бледны разгублены фурман.
Брат адказаў, што трэба павярнуць налева, i малады чалавек, нават не падзякаваўшы, сцебануў понi.
Брат заўважыў, што будынкi перад iм i фасад тэрасы, якая прымыкала да адной з вiл, што стаялi на другiм баку дарогi, акутаны блакiтнаватай смугой, нiбы iмглою. Мiсiс Элфiнстон раптам ускрыкнула, убачыўшы над дамамi чырвоныя языкi полымя, што ўзляцелi ў ярка-сiняе неба. З хаосу гукаў сталi выдзяляцца галасы, грукат колаў, скрып павозак i дробны стук капытоў. Ярдаў за пяцьдзесят ад скрыжавання вузкая дарога крута загiналася.
– О божа мой! – ускрыкнула мiсiс Элфiнстон. – Куды ж вы нас везяце?
Брат спынiўся.
Вялiкая дарога мела выгляд скразнога шумлiвага людскога патоку, якi iмкнуў на поўнач. Воблака белага пылу, сiяючы ў промнях сонца, падымалася над зямлёю футаў на дваццаць, ахутвала ўсё густой павалокаю i нi на хвiлiну не рассейвалася: конi, пешаходы i калёсы ўсялякiх экiпажаў уздымалi ўсё новыя i новыя клубы.
– Дарогу! – чулiся крыкi. – Дайце дарогу!
Калi наблiжалiся да скрыжавання, iм здавалася, быццам уязджаюць у пылаючы лес; натоўп шумеў, як полымя, а пыл быў пякучы i едкi. Наперадзе гарэла вiла, паддаючы страху, i клубы чорнага дыму слалiся па дарозе.
Мiма прайшлi два мужчыны. Потым якаясьцi жанчына, забруджаная i заплаканая, з цяжкiм пакункам. Невядома чый паляўнiчы сабака, напалоханы i разгублены, зрабiў некалькi кругоў вакол каляскi i збег, калi брат цыкнуў на яго.
Наперадзе, наколькi сягала вока, уся дарога ад Лондана здавалася бурлiвым патокам брудных людзей, якiя штурхалi адзiн аднаго i нiбы кацiлiся памiж двума радамi вiлаў. Каля павароткi дарогi з чорнага людскога месiва выступалi асобныя твары i фiгуры, потым яны праносiлiся мiма i зноў злiвалiся ў скразную масу, амаль пакрытую воблакам пылу.
– Прапусцiце!.. – даносiлiся крыкi. – Дарогу, дарогу!
Рукi тых, хто iшоў ззаду, упiралiся ў пярэднiх. Брат вёў за аброць понi. Падхоплены натоўпам, брат паволi, крок за крокам, прасоўваўся наперад.
У Эджуэры адчувалася хваляванне людзей, у Чок-Фарме была панiка здавалася, што тут чынiцца перасяленне народаў. Цяжка апiсаць гэтыя скопiшчы. Па абочыне дарогi плялiся пешаходы, ратуючыся ад экiпажных калёсаў, сутыкаючыся, спатыкаючыся, падаючы ў канаву.
Павозкi i экiпажы цягнулiся ўшчыльную. Больш шустрыя i нецярплiвыя вырывалiся наперад, прымушаючы пешаходаў цiснуцца да платоў i варотаў вiлаў, якiя стаялi абапал дарогi.
– Хутчэй, хутчэй! – чулiся крыкi. – Дарогу! Яны iдуць!
У адной павозцы стаяў сляпы дзядуля ў мундзiры Армii выратавання. Ён размахваў рукамi са скручанымi пальцамi i крычаў: "Вечнасць, вечнасць!" Ён ахрып, але крычаў так рэзка, што брат яшчэ доўга чуў яго пасля таго, як той схаваўся ў воблаку пылу. Многiя з тых, хто ехаў у экiпажах, без толку сцёбалi коней i лаялi адзiн аднаго; некаторыя сядзелi нерухома, абяздоленыя, разгубленыя; iншыя кусалi рукi ад смагi цi ляжалi ў павозках, бяссiльна выпрастаўшыся. Вочы коней налiлiся кроўю, лейцы былi пакрыты пенаю.
Тут было мноства кебаў, калясак, фургонаў, цялежак, паштовая карэта, павозка зборшчыка смецця з надпiсам "Прыход св. Панкрацiя", вялiкая платформа для дошак, перапоўненая абарванцамi. Кацiлася фура для перавозкi пiва, колы яе былi запырсканы кроўю.
– Дайце дарогу! – раздалiся крыкi. – Дарогу!
– Вечнасць, вечнасць! – даносiлася, як рэха, здалёк.
Тут былi жанчыны, бледныя i сумныя, добра апранутыя, з заплаканымi i зморанымi дзецьмi; дзецi былi ўсе ў пыле, ледзь перастаўлялi ногi. З многiмi жанчынамi iшлi iх мужы, то клапатлiвыя, то зласлiвыя i хмурыя. Тут жа пракладвалi сабе дарогу абарванцы ў выцвiлых цёмных лахманах, з дзiкiмi вачыма; яны гучна крычалi i цынiчна лаялiся. Побач з рослымi рабочымi, якiя энергiчна прабiралiся наперад, цяснiлiся нiкчэмныя растрапаныя людзi, падобныя па вопратцы на клеркаў цi прыказчыкаў; брат убачыў раненага салдата, чыгуначных насiльшчыкаў i якуюсьцi бедную жанчыну ў палiто, накiнутым паверх начной кашулi.