355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Герберт Джордж Уэллс » Вайна сусветаў (на белорусском языке) » Текст книги (страница 1)
Вайна сусветаў (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 8 октября 2016, 23:19

Текст книги "Вайна сусветаў (на белорусском языке)"


Автор книги: Герберт Джордж Уэллс



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 10 страниц)

Уэллс Герберт
Вайна сусветаў (на белорусском языке)

Гэрбэрт Уэлс

Вайна сусветаў

Кнiга першая

ПРЫБЫЦЦЁ МАРСIЯНАЎ

I

НАПЯРЭДАДНI ВАЙНЫ

У апошнiя гады дзевятнаццатага стагоддзя нiхто не паверыў бы, што за ўсiмi падзеямi на Зямлi пiльна i ўважлiва сочаць iстоты больш развiтыя, чым чалавек, хоць яны такiя ж смертныя, як i ён; што ў той час, як людзi займалiся сваiмi справамi, iх даследавалi i вывучалi, мабыць, гэтак жа поўна i ўсебакова, як чалавек пад мiкраскопам вывучае эфемерныя стварэннi, якiя кiшаць i размнажаюцца ў кроплi вады. З бясконцай самазадаволенасцю мiтусiлiся людзi на ўсiм зямным шары, занятыя сваiмi дробязнымi справамi, упэўненыя ў сваёй уладзе над матэрыяй. Магчыма, iнфузорыя пад мiкраскопам паводзiць сябе гэтаксама. Нiхто нават не здагадваўся, што больш старыя кропкi сусвету – крынiца небяспекi для роду людскога; нават думка пра якое-небудзь жыццё на iх здавалася неверагоднай i крамольнай. Мiжвольна ўспамiнаюцца тагачасныя агульнапрынятыя погляды. Дапускалася найбольш рэальнае: на Марсе жывуць iншыя людзi, магчыма, менш развiтыя, чым мы, але, ва ўсякiм выпадку, яны гатовы па-сяброўску сустрэць нас як найбольш цывiлiзаваных гасцей, якiя нясуць асвету. Мiж тым праз бездань прасторы на Зямлю прагна i зайздросна глядзелi iстоты з высокаразвiтым, халодным i абыякавым iнтэлектам; яны пераўзыходзiлi нас настолькi, наколькi мы пераўзыходзiм вымерлых жывёлаў, i выпрацоўвалi дакладныя, варожыя для нас планы. Пачатак дваццатых гадоў разбурыў нашы iлюзii.

Планета Марс – наўрад цi трэба напамiнаць чытачу – верцiцца вакол Сонца ў сярэднiм на адлегласцi 140 мiльёнаў мiляў i атрымлiвае ад яго ўдвая менш цяпла i святла, чым мы. Калi верыць гiпотэзе пра туманнасць, то Марс старэйшы за Зямлю; жыццё на яго паверхнi павiнна было паявiцца задоўга да таго, як Зямля перастала быць расплаўленай. Маса яго ў сем разоў меншая за зямную, таму ён павiнен значна хутчэй астыць да тэмпературы, пры якой магло зарадзiцца жыццё. На Марсе ёсць паветра, вада i ўсё неабходнае для падтрымання жыцця.

Але чалавек настолькi славалюбiвы i так аслеплены сваёй фанабэрыстасцю, што нiхто з пiсьменнiкаў да самага канца дзевятнаццатага стагоддзя нават не выказваў i думкi пра тое, што на гэтай планеце могуць жыць разумныя iстоты, якiя, магчыма, нават апярэдзiлi ў сваiм развiццi людзей. А так як Марс старэйшы за Зямлю, мае паверхню, роўную чацвёртай частцы зямной, i далей размешчаны ад Сонца, то нiхто i не падумаў, што жыццё на Марсе не толькi пачалося раней, але ўжо наблiжаецца да канца.

Непазбежнае ахаладжэнне, якое калi-небудзь ахопiць i нашу планету, у нашага суседа, несумненна, адбылося ўжо даўно. Хоць мы амаль нiчога не ведаем аб умовах жыцця на Марсе, нам усё ж вядома, што нават у яго экватарыяльным поясе сярэднедзённая тэмпература не вышэйшая, чым у нас самай халоднай зiмой. Яго атмасфера намнога больш разрэджаная, чым зямная, а акiяны паменшылiся i займаюць толькi трэць яго паверхнi; з прычыны павольнага кругазвароту пораў году каля яго полюсаў згрувашчваюцца велiзарныя ледзяныя масы i затым, адтайваючы, перыядычна затапляюць яго ўмераныя паясы. Апошняя стадыя апусташэння планеты, для нас яшчэ бясконца далёкая, стала надзённай праблемай насельнiкаў Марса. Неадкладная патрэба прымушала iх розум працаваць больш напружана, iх тэхнiка ўдасканальвалася, чарсцвелi сэрцы. I, гледзячы ў сусветную прастору, узброеныя такiмi iнструментамi i ведамi, пра якiя мы толькi можам марыць, яны бачылi непадалёк ад сябе, на адлегласцi якiх-небудзь 35 мiляў у напрамку да Сонца, ранiшнюю зорку надзеi – нашу цёплую планету, зялёную ад раслiннасцi i шэрую ад вады, з туманнай атмасферай, якая красамоўна сведчыць аб урадлiвасцi, з мiгаючымi праз воблачную павалоку шырокiмi прасторамi населеных мацерыкоў i цеснымi, запоўненымi флатылiямi суднаў, марамi.

Мы, людзi, iстоты, насельнiкi Зямлi, павiнны былi здавацца iм такiмi ж нiкчэмнымi i прымiтыўнымi, як нам – малпы i лемуры. Розумам чалавек спасцiгае: жыццё – гэта няспынная барацьба за iснаванне, i на Марсе, вiдаць, думаюць гэтаксама. Iх жыццё пачало ўжо астываць, а на Зямлi – усё яшчэ кiпiць, але гэта жыццё нейкiх нiжэйшых стварэнняў. Заваяваць новы свет, блiжэй да Сонца, – вось iх адзiнае выратаванне ад пагiбелi, якая насоўваецца няўхiльна.

Перш чым судзiць iх вельмi строга, мы павiнны ўспомнiць, як няшчадна знiшчалi людзi не толькi жывёлiн, але i да сябе падобных прадстаўнiкоў нiжэйшых рас. Жыхары Тасманii, напрыклад, былi забiтыя да апошняга за пяцьдзесят гадоў крывавай вайны, распачатай iмiгрантамi з Эўропы. Хiба мы самi ўжо такiя прыхiльнiкi мiласэрнасцi, што можам абурацца марсiянамi, якiя дзейнiчалi ў тым жа духу?

Марсiяне, вiдавочна, разлiчылi свой спуск з неверагоднай дакладнасцю iх матэматычныя пазнаннi, мяркуючы па ўсiм, значна пераўзыходзяць нашыя – i выканалi свае задумкi выключна ўзгоднена. Калi б нашы прыборы былi больш дасканалыя, то мы маглi б заўважыць небяспечную навалу яшчэ задоўга да канца дзевятваццатага стагоддзя. Такiя вучоныя, як Скiяпарэлi, назiралi за чырвонай планетай (цiкава, мiж iншым, што на працягу многiх вякоў Марс лiчыўся зоркай вайны), але iм не ўдавалася выяснiць прычыну перыядычнага паяўлення на ёй плямаў, якiя яны добра заносiлi на карты. А ўсе гэтыя гады марсiяне, вiдаць, рыхтавалiся.

У час супрацьстаяння, у 1894 годзе, на асветленай частцы планеты было вiдаць моцнае святло, заўважанае спачатку абсерваторыяй у Лiке, затым Ператэнам у Нiцы i iншымi назiральнiкамi. Англiйскiя чытачы ўпершыню даведалiся пра гэта з часопiса "Нэйчар" ад 2 жнiўня. Думаю, што гэта з'ява азначала адлiўку ў глыбокай шахце гiганцкай пушкi, з якой марсiяне абстрэльвалi Зямлю. Дзiўныя вiдовiшчы, да гэтага часу, мiж iншым, не растлумачаныя, наглядалiся блiз месца ўспышкi ў час двух апошнiх супрацьстаянняў.

Бура ўзнялася над намi шэсць гадоў назад. Калi Марс наблiзiўся да супрацьстаяння, Лавель з Явы паведамiў астраномам па тэлефоне аб каласальным выбуху расплаўленага газу на планеце. Гэта адбылося дванаццатага жнiўня апоўначы, калi з тэрмiновай дапамогай спектраскопа ён убачыў расплаўленую масу газаў, галоўным чынам вадароду, якая са страшэннай хуткасцю рухалася да Зямлi. Гэты агнявы паток стаў нябачным каля чвэрцi першай гадзiны. Лавель параўнаў яго з каласальнай успышкай полымя, якое раптоўна вырвалася з планеты, як зброены снарад.

Параўнанне аказалася вельмi дакладным. Але ў газетах на наступны дзень не было нiякага паведамлення аб гэтым, калi не лiчыць маленькай заметкi "Дэйлi тэлеграф"; i свет жыў i не ведаў самай сур'ёзнай з усiх небяспек, якiя калi-небудзь пагражалi чалавецтву. I я, магчыма, нiчога не даведаўся б аб вывяржэннi, калi б не сустрэўся ў Отэршоў з вядомым астраномам Оджылвi. Ён быў крайне ўсхваляны паведамленнем i запрасiў мяне гэтай ноччу паназiраць за чырвонай планетай.

Нягледзячы на ўсе наступныя бурныя падзеi, я вельмi ясна помню нашу начную пiльнасць: чорная, нямая абсерваторыя, завешаны ў вугле лiхтар, што слаба асвятляе падлогу, мернае цiканне гадзiннiкавага механiзма ў тэлескопе, невялiкая падоўжаная адтулiна ў столi, адкуль зiяла бездань, усеяная зорным пылам.

Амаль нябачны Оджылвi бясшумна рухаўся каля прыбора. У тэлескопе вiдзён быў цёмна-сiнi круг i плаваючая ў iм маленькая круглая планета. Яна здавалася такой нязначнай, блiскучай, з ледзь улоўнымi папярочнымi палосамi, са злёгку няправiльнай акружнасцю. Яна была маленькая, як шпiлькавая галоўка, i вылучала цёплае серабрыстае святло. Яна быццам дрыжала, але на самай справе гэта вiбраваў тэлескоп пад дзеяннем гадзiннiкавага механiзма, якi трымаў планету ў полi зроку.

У час назiрання зорачка то памяншалася, то павялiчвалася, то наблiжалася, то аддалялася, але гэта толькi здавалася – ад стомленасцi вачэй. Нас аддзялялi ад яе 40 мiльёнаў мiляў, больш чым 40 мiльёнаў мiляў пустаты. Нямногiя могуць уявiць сабе ўсю неабдымнасць той безданi, у якой плаваюць пылiнкi матэрыяльнага сусвету.

Блiзка каля планеты, я помню, былi вiдаць тры маленькiя светлыя кропкi, тры тэлескапiчныя зоркi, бясконца аддаленыя, а вакол – непамерная цемра пустой прасторы. Вы ведаеце, як выглядае гэта бездань марознай ноччу. У тэлескопе яна здаецца яшчэ больш глыбокай. I нябачнае для мяне, з прычыны аддаленасцi i малой велiчынi, няўхiльна i хутка iмкнучыся да мяне праз усю гэту невераемную прастору, з кожнай хвiлiнай прыблiжаючыся на многiя тысячы мiляў, iмчалася тое, што марсiяне паслалi нам, тое, што павiнна было прынесцi барацьбу, бедствы i гiбель на Зямлю. Я i не здагадваўся аб гэтым, назiраючы за планетаю; нiхто на Зямлi не падазраваў пра гэты метка пушчаны кiдальны снарад.

Гэтай ноччу зноў наглядаўся ўзрыў на Марсе. Я сам бачыў яго. Паявiўся чырванаваты бляск i ледзь прыкметнае ўздуцце з краю ў тое самае iмгненне, калi хранометр паказваў поўнач. Я паведамiў пра гэта Оджылвi, i ён змянiў мяне. Ноч была гарачая, i мне захацелася пiць; вобмацкам, нялоўка ступаючы ў цемнаце, я рушыў да столiка, на якiм стаяў сiфон, як раптам Оджылвi ўскрыкнуў, убачыўшы вогненны паток газу, што нёсся на вас.

Гэтай ноччу новы небяспечны снарад быў выпушчаны з Марса на Зямлю роўна праз суткi пасля першага, з дакладнасцю да адной секунды. Помню, як я сядзеў на стале ў цемнаце; чырвоныя i зялёныя плямы плылi ў мяне перад вачыма. Я шукаў агню, каб закурыць. Я зусiм не надаваў значэння гэтай iмгненнай успышцы i не задумваўся над тым, што можа быць пасля яе. Оджылвi назiраў да гадзiны ночы; у гадзiну ён закончыў работу; мы запалiлi лiхтар i накiравалiся к яму дамоў. Захiнутыя цемрай, ляжалi Отэршоў i Чэртсi, дзе мiрна спалi сотнi жыхароў.

Оджылвi гэтай ноччу выказваў розныя згадкi наконт умоў жыцця на Марсе i высмейваў вульгарную гiпотэзу аб тым, што яго насельнiкi падаюць нам сiгналы. Ён меркаваў, што на планету пасыпаўся цэлы град метэарытаў або што там адбываецца агромнiстае вулканiчнае вывяржэнне. Ён даказваў мне, наколькi малаверагодна, каб эвалюцыя арганiзмаў праходзiла аднолькава на дзвюх, хай сабе i блiзкiх планетах.

– Адзiн шанс супраць мiльёна за тое, што на Марсе ёсць жыццё, – сказаў ён.

Кожны раз апоўначы сотнi назiральнiкаў бачылi полымя, у гэту i наступныя дзесяць начэй – па адной успышцы. Чаму выбухi скончылiся пасля дзесятай ночы, гэтага нiхто не спрабаваў растлумачыць. Магчыма, газ ад выстралаў прычыняў якiя-небудзь нязручнасцi марсiянам. Густыя клубы дыму цi пылу, убачаныя ў самым моцным тэлескопе ў выглядзе маленькiх шэрых з адлiвам плямаў мiгацелi ў чыстай атмасферы планеты i зацямнялi яе знаёмыя абрысы.

Нарэшце нават газеты загаварылi пра гэтыя вiдовiшчы, там-сям сталi паяўляцца заметкi пра вулканы на Марсе. Помнiцца, гумарыстычны часопiс "Панч" вельмi дасцiпна выкарыстаў гэта для палiтычнай карыкатуры. Памiж iншым нябачныя марсiянскiя снарады ляцелi да Зямлi праз бездань пустой прасторы з хуткасцю некалькiх мiляў у секунду, наблiжаючыся з кожным днём, з кожнай гадзiнай. Мне здаецца цяпер дзiкiм, як гэта людзi маглi займацца сваiмi дробязнымi справамi, калi над iмi ўжо навiсла згуба. Я помню, як радаваўся Маркхем, атрымаўшы новы фотаграфiчны здымак планеты для iлюстраванага часопiса, рэдагуемага тады iм. Людзi цяперашняга, больш позняга часу з цяжкасцю ўяўляюць сабе разнастайнасць i прадпрымальнасць часопiсаў у дзевятнаццатым веку. Я таксама тады з вялiкiм жаданнем вучыўся ездзiць на веласiпедзе i чытаў кiпу часопiсаў, у якiх абмяркоўвалася далейшае развiццё маральнасцi ў сувязi з прагрэсам цывiлiзацыi.

Аднойчы вечарам (першы снарад знаходзiўся тады за 10 мiльёнаў мiляў ад нас) я выйшаў разам з жонкай на прагулку. Неба было зорнае, i я растлумачыў ёй знакi Задыяка i паказаў на Марс, на яркi пункт святла каля зенiту, куды было скiравана столькi тэлескопаў. Вечар быў цёплы. Кампанiя экскурсантаў з Чэртсi цi Айлварта, вяртаючыся дамоў, прайшла мiма нас з песнямi i музыкай. У верхнiх вокнах дамоў свяцiлiся агнi, людзi клалiся спаць. Здалёку, з чыгуначнай станцыi даносiўся грукат манеўровых цягнiкоў; прыглушаны адлегласцю, гучаў ён амаль меладычна. Жонка звярнула маю ўвагу на чырвоныя i жоўтыя сiгнальныя агнi, што гарэлi на фоне начнога неба. Усё здавалася такiм спакойным i лагодным.

II

ПАДАЮЧАЯ ЗОРКА

Затым надышла ноч першай знiчкi. Яе ўбачылi на досвiтку; яна праносiлася над Вiнчэстэрам, на ўсход, вельмi высока, выкрэслiваючы вогненную лiнiю. Сотнi людзей бачылi яе i ўспрынялi за звычайную дагараючую зорку. Як апiсвае Элбiн, яна пакiдала за сабою зеленаватую паласу, якая гарэла некалькi секундаў. Дэнiнг, наш найвялiкшы аўтарытэт па метэарытах, сцвярджаў, што яна была бачнай ужо на адлегласцi дзевяноста цi ста мiляў. Яму падалося, што зорка ўпала на Зямлю прыкладна за сто мiляў на ўсход ад таго месца, дзе ён знаходзiўся.

Тады я быў дома i пiсаў у сваiм кабiнеце; i хоць маё акно выходзiла на Отэршоў i штора была падцягнута (я любiў глядзець у начное неба), я нiчога не заўважыў. Аднак гэты метэарыт, самы незвычайны з усiх, што калi-небудзь падалi на Зямлю з сусветнай прасторы, павiнен быў упасцi, калi я сядзеў за сталом, i я мог бы яго ўбачыць, калi б паглядзеў у неба. Некаторыя з тых, хто бачыў яго палёт, кажуць, што ён ляцеў са свiстам, але сам я гэтага не чуў. Многiя жыхары Беркшыра, Сэрэя i Мiдлсэкса бачылi яго падзенне i амаль не думалi, што ўпаў новы метэарыт. Гэтай ноччу, мабыць, нiхто не пацiкавiўся масай, якая ўпала.

Бедалага Оджылвi, якi назiраў за метэарытамi, быў перакананы, што ён упаў дзе-небудзь на пустцы памiж Хорсэлам, Отэршоў i Ўокiнгам, прачнуўся рана i адправiўся на пошукi. Ужо развiднела, калi ён знайшоў метэарыт непадалёк ад пясчанага кар'ера. Ён убачыў гiганцкую яму ад падзення метэарыта, кучы пяску i жвiру, што грувасцiлiся сярод верасу i былi вiдаць за паўтары мiлi. Верас загарэўся i тлеў; празрасты блакiтны дымок клубiўся на фоне ранiшняга неба.

Нябеснае цела рухнула ў пясок, сярод раскiданых трэсак раструшчанай iм пры падзеннi хвоi. Вонкавая частка была падобна на агромнiсты абгарэлы цылiндр; яго абрысы былi нябачныя з-за тоўстага слою цёмнага нагару. Цылiндр быў каля трыццацi ярдаў у дыяметры. Оджылвi наблiзiўся да гэтай касы, здзiўлены яе аб'ёмам i асаблiва формай, бо звычайна метэарыты бываюць больш або менш шарападобныя. Але цылiндр быў так моцна распалены ад палёту ў паветры, што да яго нельга было блiзка падысцi. Лёгкi шум унутры цылiндра Оджылвi ўспрымаў як вынiк нераўнамернага ахалоджвання яго паверхнi. Тады ён не мог i падумаць, што цылiндр можа быць пусты.

Оджылвi стаяў на ўскрайку ямы, здзiўлены незвычайнай формай i колерам цылiндра, спакваля здагадваючыся аб яго прызначэннi. Ранiца была нязвыкла цiхая; сонца, якое толькi што асвяцiла сасновы лес каля Ўэйбрыджа, ужо прыгравала. Оджылвi гаварыў, што ён не чуў птушынага спеву той ранiцай, не было нiякага ветрыку i толькi з пакрытага нагарам цылiндра даносiлiся якiясьцi гукi. Пустка была бязлюдная.

Раптам ён са здзiўленнем заўважыў, што слой нагару на цылiндры пачаў адвальвацца з верхняга яго краю. Кусочкi шлаку падалi на пясок, нiбы камякi снегу цi кроплi дажджу. Нечакана адвалiўся i з шумам упаў вялiкi кусок; Оджылвi непрытворна спалохаўся.

Нiчога не падазраваючы, ён спусцiўся ў яму i, нягледзячы на моцную гарачыню, наблiзiўся ўшчыльную да цылiндра, каб лепш разгледзець яго. Астраном усё яшчэ думаў, што незвычайнае вiдовiшча выклiкана ахаладжэннем цела, але гэтаму пярэчыў той факт, што нагар падаў толькi з краю цылiндра.

I вось Оджылвi заўважыў, што круглы верх цылiндра паволi круцiцца. Гэтае ледзь прыкметнае вярчэнне ён заўважыў таму, што чорная пляма, якая пяць хвiлiн назад была насупраць яго, знаходзiлася цяпер у другiм пункце акружнасцi. I ўсё ж ён не да канца разумеў, што гэта значыць, пакуль не пачуў глухi скрыгатлiвы гук i не ўбачыў, што чорная пляма выдавалася наперад амаль на дзюйм. Урэшце ён здагадаўся ў чым справа. Цылiндр быў штучны, пусты, са здымной накрыўкай. Унутры цылiндра хтосьцi адкручваў яе.

– Божа мой! – усклiкнуў Оджылвi. – Там унутры чалавек. Гэтыя людзi ледзь не згарэлi. Яны спрабуюць выбрацца!

Ён iмгненна звязаў з'яўленне цылiндра з выбухам на Марсе.

Думка пра iстоту ў цылiндры так моцна скаланула, што ён забыўся пра гарачыню i падышоў да цылiндра яшчэ блiжэй, каб памагчы адкруцiць накрыўку. На шчасце, нясцерпная гарачыня своечасова стрымала яго, i ён не апёкся. З хвiлiну пастаяў у нерашучасцi, пасля вылез з ямы i з усiх ног пусцiўся ў бок Уокiнга. Было ўжо а шостай гадзiне. Вучоны сустрэў фурмана i хацеў яму растлумачыць тое, што здарылася, але словы не вязалiся памiж сабою, да таго ж ён меў такi дзiкi выгляд – у яме згубiў капялюш, – што той як нi ў чым не бывала праехаў мiма. Гэтак жа няўдачлiва ён звярнуўся да карчмара, якi толькi што адчынiў дзверы карчмы каля Хорселскага маста. Той падумаў, што гэта вар'ят-самавольнiк i паспрабаваў быў зацягнуць яго ў распiвачную. Гэта крыху працверазiла Оджылвi, i, убачыўшы Гендэрсана, лонданскага журналiста, якi капаўся ў сваiм садку, ён аклiкнуў яго цераз плот, стараючыся гаварыць як мага выразна.

– Гендэрсан, – пачаў Оджылвi, – мiнулай ноччу вы бачылi падаючую зорку?

– Ну? Яна на Хорселскай пустцы.

– Божа мой! – усклiкнуў Гендэрсан. – Метэарыт! Гэта цiкава.

– Але гэта не просты метэарыт. Гэта цылiндр, штучны цылiндр. I ў iм штосьцi ёсць.

Гендэрсан разагнуў плечы, не выпускаючы з рук рыдлёўкi.

– Што-што? – перапытаў ён, будучы глухаваты на адно вуха.

Оджылвi расказаў усё, што бачыў. Гендэрсан нейкую хвiлiну думаў, разважаў. Потым кiнуў рыдлёўку, схапiў пiнжак i выйшаў на дарогу. Абодва спехам накiравалiся да метэарыта. Цылiндр ляжаў гэтак сама, як i раней. Гукаў знутры чуваць не было, а мiж накрыўкай i корпусам яго блiшчала тонкая металiчная нарэзка. Паветра то вырывалася, то з рэзкiм свiстам уцягвалася ў сярэдзiну.

Яны пачалi прыслухоўвацца, пастукалi палкай па слоi нагару i, не атрымаўшы адказу, вырашылi, што чалавек цi людзi, якiя знаходзяцца ўнутры, або страцiлi прытомнасць, або памерлi.

Зразумела, удвух яны нiчога не маглi зрабiць. Выкрыкнуўшы некалькi падбадзёрлiвых слоў i паабяцаўшы вярнуцца, яны паспяшалiся ў горад па дапамогу. Усхваляваныя i збянтэжаныя, запэцканыя пяском, яны беглi ў яркiм сонечным святле па вузкай вулiцы ў той раннi час, калi лавачнiкi здымаюць аканiцы вiтрынаў, а абывацелi расчыняюць вокны сваiх спальняў. Гендэрсан перш за ўсё адправiўся на чыгуначную станцыю, каб па тэлеграфе перадаць навiну ў Лондан. Газеты ўжо падрыхтавалi чытачоў да таго, каб пачуць гэту сенсацыйную навiну.

А восьмай гадзiне натоўп хлопчыкаў i разявакаў рушыў на пустку, каб паглядзець на "мерцвякоў з Марса". Такой была першая версiя гэтай падзеi. Я ўпершыню пачуў пра гэта ад свайго газетчыка каля чвэрцi дзевятай, выйшаўшы купiць нумар "Дэйлi кронiкл". Вядома, я быў крайне здзiўлены i неадкладна пайшоў цераз Отэршоў-брыдж да пясчанага кар'ера.

III

НА ХОРСЕЛСКАЙ ПУСТЦЫ

Каля вялiзнай ямы, дзе ляжаў цылiндр, я заспеў чалавек з дваццаць. Я ўжо гаварыў, якi выгляд меў гэты каласальны, зарыты ў зямлю снарад. Дзёран i жвiр вакол яго абгарэлi, як ад нечаканага выбуху. Вiдаць, полымя ўспыхнула ад удару цылiндра. Гендэрсана i Оджылвi там не было. Магчыма, яны вырашылi, што пакуль нiчога рабiць нельга, i пайшлi снедаць да Гендэрсана.

На краi ямы, стрыгучы нагамi, сядзелi чацвёра цi пяцёра хлапчукоў, яны балавалiся (пакуль я iх не спынiў), кiдаючы каменьчыкамi ў жудасную махiну. Затым, паслухаўшы мяне, яны пачалi гуляць у квача, бегаючы вакол дарослых.

Сярод прысутных былi два веласiпедысты, садоўнiк-падзёншчык, якога я тады-сяды наймаў, дзяўчына з дзiцём на руках, мяснiк Грэг са сваiм сынам, некалькi гулякаў i хлопчыкаў, што прыслугоўвалi ў гульнi ў гольф i звычайна сноўдалi каля станцыi. Гаворка была скупою. У той час у Англii нямногiя з простых людзей мелi ўяўленне пра астраномiю. Большасць назiральнiкаў спакойна глядзела на плоскую накрыўку цылiндра, якая знаходзiлася ў тым жа становiшчы, у якiм яе пакiнулi Оджылвi i Гендэрсан. Я думаю, што ўсе былi расчараваныя, убачыўшы замест абгарэлых целаў нерухомую грамадзiну цылiндра; многiя адпраўлялiся дамоў, замест iх прыходзiлi iншыя. Я спусцiўся ў яму, i мне падалося, што я адчуваю слабае ваганне пад нагамi. Накрыўка была нерухомая.

Толькi падышоўшы зусiм блiзка да цылiндра, я ўбачыў яго незвычайны выгляд. На першы погляд цылiндр здаваўся не больш дзiўным, чым перакулены экiпаж цi дрэва, якое ўпала на дарогу. Менш таго, – ён быў падобны на ржавы газавы рэзервуар, заглыблены ў зямлю. Толькi дасведчаны чалавек мог заўважыць, што шэры нагар на цылiндры быў простым вокiсам, што жаўтавата-белы метал, якi паблiскваў пад накрыўкай, меў незвычайнае адценне. Слова "пазазямны" большасцi людзей было незразумелае.

Я ўжо не сумняваўся, што цылiндр упаў з Марса, але не верылася, што ў iм знаходзiлася якая-небудзь жывая iстота. Я меркаваў, што развiнчванне адбываецца аўтаматычна. Нягледзячы на словы Оджылвi, я быў упэўнены, што на Марсе жывуць людзi. Мая фантазiя нарастала: магчыма, унутры знаходзiцца якi-небудзь манускрыпт; а цi зможам яго перакласцi, цi знойдзем там манеты, розныя рэчы? Аднак цылiндр быў занадта вялiкi для гэтага. Карцела паглядзець, што там унутры. Каля адзiнаццацi, бачачы, што нiчога асаблiвага не адбываецца, я вярнуўся дамоў у Мэйбэры. Але ўжо не мог займацца сваiмi абстрактнымi даследаваннямi.

Апоўднi пустка была непазнавальная. Раннi выпуск вячэрнiх газет узбударажыў увесь Лондан:

ПАСЛАННЕ З МАРСА

НЕБЫВАЛАЯ ПАДЗЕЯ ВА ЎОКIНГУ,

iнфармавалi загалоўкi буйным шрыфтам. Акрамя таго, тэлеграма Оджылвi Астранамiчнаму таварыству перапалохала ўсе брытанскiя абсерваторыi.

На дарозе ля пясчанай ямы стаялi паўдзюжыны брычак са станцыi, фаэтон з Чобхема, чыясьцi карэта, безлiч веласiпедыстаў. Нягледзячы на гарачы дзень, шмат народу прыйшло з Уокiнга i Чэртсi, так што сабраўся даволi вялiкi натоўп, было нават некалькi разадзетых дам.

Стаяла ўдушлiвая спякота; на небе нi хмурынкi, нi малейшага ветрыку, i цень можна было знайсцi толькi пад некаторымi соснамi. Верас ужо не гарэў, але раўнiна ледзь не да самага Отэршоў пачарнела i дымiлася. Прадпрымальны гаспадар бакалейнай лаўкi на Чобхемскай дарозе прыслаў свайго сына з ручной цялежкай, нагружанай зялёнымi яблыкамi i бутэлькамi з iмбiрным лiманадам.

Ступiўшы на край ямы, я ўбачыў у ёй групу людзей: Гендэрсана, Оджылвi i высокага сiвавалосага джэнтльмена (як я пасля даведаўся, гэта быў Стэнт, каралеўскi астраном); некалькi рабочых, узброеных рыдлёўкамi i кiркамi, стаялi тут жа. Стэнт выразна i гучна даваў указаннi. Ён узабраўся на накрыўку цылiндра, якая, мабыць, ужо астыла. Твар пачарнеў, градам кацiўся пот па лобе i шчоках: Стэнт яўна быў чымсьцi раздражнёны.

Большая частка цылiндра была адкопана, хоць нiжнi канец усё яшчэ быў у зямлi. У натоўпе вакол ямы Оджылвi ўбачыў мяне, паклiкаў i папрасiў схадзiць да лорда Хiлтана, гаспадара гэтага ўчастка.

Ён гаварыў, што працаваць перашкаджаюць хлапчукi i натоўп, якi ўсе большаў i большаў. Трэба адгарадзiцца ад людзей i адвесцi iх крыху далей. Ён сказаў мне, што з цылiндра даносiцца слабы шум i што рабочыя не змаглi адкруцiць накрыўку, бо не было за што ўхапiцца. Шум, якi даносiўся адтуль, прыглушваўся, магчыма, вельмi тоўстымi сценкамi цылiндра.

Я быў гатовы ахвотна выканаць яго просьбу, спадзеючыся такiм чынам апынуцца ў лiку прывiлеяваных гледачоў пры чаканым ускрыццi цылiндра. Лорда Хiлтана я не заспеў дома, але даведаўся, што яго чакаюць з Лондана шасцiгадзiнным цягнiком: так як было толькi чвэрць шостай, я зайшоў дамоў выпiць шклянку гарбаты, а пасля адправiўся на станцыю, каб перахапiць Хiлтана на дарозе.

IV

ЦЫЛIНДР АДКРЫВАЕЦЦА

Калi я вярнуўся на пустку, сонца ўжо садзiлася. Пастаянна прыбывалi людзi з Уокiнга, дамоў вярталiся толькi двое-трое. Натоўп вакол ямы ўсё павялiчваўся, чарнеючы на лiмонна-жоўтым фоне неба; сабралася за сто чалавек. Штосьцi крычалi; каля ямы адбывалася нейкая таўкатня. Мяне ахапiла трывожнае прадчуванне. Наблiзiўшыся, я пачуў голас Стэнта:

– Адыдзiце! Адыдзiце!

Прабег якiсьцi хлапчук.

– Яно рухаецца, – паведамiў ён мне, – усё круцiцца ды круцiцца. Мне гэта не падабаецца. Я лепш пайду дадому.

Я наблiзiўся. Натоўп быў густы – чалавек дзвесце-трыста; усе штурхалiся, наступалi адзiн аднаму на ногi. Разадзетыя дамы былi вельмi цiкаўныя.

– Ён упаў у яму! – крыкнуў хтосьцi.

– Назад, назад! – чулiся галасы.

Натоўп крыху адхлынуў, i я прабраўся наперад. Усе былi моцна ўсхваляваны. З ямы даносiўся якiсьцi дзiўны глухi шум.

– Супакойце ж у рэшце рэшт гэтых iдыётаў! – крыкнуў Оджылвi. – Мы ж не ведаем, што ў гэтай штуцы праклятай!

Я ўбачыў маладога чалавека, здаецца, прыказчыка з Уокiнга, якi ўзабраўся на цылiндр, спрабуючы вылезцi з ямы, куды яго спiхнуў натоўп.

Верхняя частка цылiндра адкручвалася знутры. Было вiдаць каля двух футаў вiнтавой блiскучай нарэзкi. Нехта, спатыкнуўшыся, адштурхнуў мяне, я пахiснуўся, i мяне ледзь не скiнулi на накрыўку, якая круцiлася. Я павярнуўся, i, пакуль глядзеў у другi бок, вiнт тым часам, выкруцiўся ўвесь – i накрыўка цылiндра са звонам упала на жвiр. Я штурхнуў локцем некага ззаду мяне i зноў павярнуўся да цылiндра. Круглая пустая адтулiна здавалася абсалютна чорнаю. Вечаровае сонца бiла мне прама ў вочы.

Усе, вiдаць, чакалi, што з адтулiны пакажацца чалавек; можа, не зусiм падобны да нас, зямных людзей, але ўсё ж падобны. Па крайняй меры, я чакаў гэтага. Але, зiрнуўшы, я ўбачыў нешта вiрлiвае ў цемнаце – шэраватае, хвалепадобнае, рухомае; блiснулi два дыскi, падобныя на вочы, затым штосьцi накшталт шэрай гадзюкi, таўшчынёй з трысцiну, пачало выпаўзаць кольцамi з адтулiны i рухацца, вiючыся, у мой бок – адно, потым другое.

Мяне ахапiў жах. Ззаду закрычала жанчына. Я крыху павярнуўся, не спускаючы вачэй з цылiндра, адкуль высоўвалiся новыя шчупальцы, i пачаў прасоўвацца далей ад ямы. Людзi, якiя мяне акружалi, змянiлiся ў твары ад здзiўлення. Адусюль пачулiся перапалоханыя крыкi. Натоўп падаўся назад. Прыказчык усё яшчэ не мог выкарабкацца з ямы. Неўзабаве я застаўся адзiн i бачыў, як уцякалi людзi, што былi па другi бок ямы, з iмi быў i Стэнт. Я зноў глянуў на цылiндр i анямеў ад жаху. Я стаяў як укапаны i глядзеў.

Вялiкая шэраватая круглая туша, вiдаць, велiчынёй з мядзведзя, паволi, з цяжкасцю вылазiла з цылiндра. Высунуўшыся на святло, яна заiльснiлася, бы вiльготная папруга. Два вялiкiя цёмныя вокi пiльна глядзелi на мяне. Страшыдла мела круглую галаву i, калi можна так сказаць, твар. Пад вачыма быў рот, ускрайкi якога рухалiся i дрыжэлi, выпускаючы слiну. Страшыдла цяжка дыхала i ўсё яе цела сутаргава пульсавала. Адно яе тонкае шчупальца ўпiралася ў край цылiндра, другiм яна размахвала ў паветры.

Той, хто не бачыў жывога марсiянiна, наўрад цi можа ўявiць сабе яго страхатлiвую, пачварную знешнасць. Трохвугольны рот, з адтапыранай верхняй губою, поўная адсутнасць iлба, нiякiх адзнак падбародка пад клiнападобнай нiжняю губою, няспыннае паторгванне iртом, шчупальцамi, як у Гаргоны, шумнае дыханне ў нязвыклай атмасферы, непаваротлiвасць i абцяжаранасць у рухах вынiк вялiкай сiлы прыцяжэння Зямлi, – i асаблiва ж вялiзныя зыркiя вочы усё гэта было працiўным i агiдным. Маслянiстая цёмная скура напамiнала слiзкую паверхню грыба, няўклюдныя, павольныя рухi наганялi невыказны жах. Ужо пры першым уражаннi, у момант беглага знаёмства я адчуў смяртэльны страх i нянавiсць.

Раптам страшыдла знiкла. Яно перавалiлася цераз край цылiндра i ўпала ў яму, пляснуўшыся, бы вялiкi скураны цюк. Я пачуў своеасаблiвы глухi гук, i следам за першым страшыдлам у цёмнай адтулiне паявiлася другое.

Мая здранцвеласць адразу знiкла, я павярнуўся i з усiх ног пусцiўся пад дрэвы, што знаходзiлiся якiх-небудзь ярдаў за сто ад цылiндра; але бег я бокам i час ад часу спатыкаўся, бо не мог адарваць вачэй ад гэтых пачвараў.

Там, сярод маладых соснаў i кустоў жаўтазелля, я спынiўся, задыхаючыся, i пачаў чакаць, што будзе далей. Пустка вакол пясчанай ямы была ўсеяна людзьмi, якiя гэтак жа, як i я, з цiкаўнасцю i страхам назiралi за страшыдламi, а больш дакладна – за кучаю жвiру на беразе ямы, у якой яны ляжалi. Нечакана я з жахам заўважыў, як з ямы высоўвалася нешта круглае i цёмнае. Гэта была галава прадаўца, якi звалiўся туды; на фоне захаду яна здавалася чорнаю. Вось паказалiся яго плечы i калена, але ён зноў сарваўся ўнiз, вiдаць была толькi галава. Потым ён знiк, i я пачуў слабы крык. Я быў памкнуўся вярнуцца i памагчы яму, але не мог пераадолець страху.

Больш я нiчога не ўбачыў, усё схавалася ў глыбокай яме i за грудамi пяску. Кожны, хто iшоў бы па дарозе з Чобхема цi Ўокiнга, дзiвiўся б такiм незвычайным вiдовiшчам: каля сотнi людзей рассыпалiся ў канавах, за кустамi, за варотамi i агароджай i моўчкi, зрэдку абменьвалiся адрывiстымi воклiчамi, не зводзячы вачэй з пясчаных кучаў. На фоне палымнеючага неба чарнеў кiнуты кiмсьцi бiтончык з iмбiрным лiманадам, а каля пясчанага кар'ера стаялi запрэжаныя экiпажы; конi елi авёс з аброчных мяшкоў i заграбалi капытамi зямлю.

V

ЦЕПЛАВЫ ПРАМЕНЬ

Здавалася, мяне зачараваў i нават паралiзаваў выгляд марсiянаў, што выпаўзалi з цылiндра, на якiм яны прыляцелi на Зямлю са сваёй планеты. Стоячы па каленi сярод верасовых кустоў, я доўга глядзеў на груды пяску. Ува мне змагалiся страх i цiкаўнасць.

Я баяўся зноў наблiзiцца да ямы, але мне вельмi ж хацелася туды зазiрнуць. Таму я пачаў кружыць, вышукваючы больш прыдатны назiральны пункт i не спускаючы вачэй з груды пяску, за якой таiлiся прышэльцы з Марса. Аднойчы ў яркiх фарбах захаду паказалiся тры якiясьцi чорныя канечнасцi, накшталт шчупальцаў васьмiнога, але тут жа знiклi; потым узвысiлася тонкая каленчатая мачта з нейкiм круглым дыскам наверсе, якi круцiўся i злёгку вагаўся. Што яны там робяць?

Гледачы разбiлiся на дзве групы: адна, большая, – блiжэй да Ўокiнга, другая, меншая, – да Чобхема. Безумоўна, яны, як i я, былi ў нерашучасцi. Побач са мною стаялi некалькi чалавек. Я падышоў да аднаго – гэта быў мой сусед, я не ведаў яго iмя, але паспрабаваў з iм перакiнуцца словам. Але момант для гэтага быў не з лепшых.

– Што за пачвара! – сказаў ён. – Божа, якiя яны страшэнныя! – Ён паўтарыў гэта некалькi разоў.

– Вы бачылi чалавека ў яме? – спытаў я, але ён прамаўчаў.

Мы моўчкi стаялi побач i пiльна назiралi, адчуваючы ўдвух большую ўпэўненасць. Затым я ступiў на бугарок вышынёю каля ярда, каб зручней было назiраць. Аглянуўшыся, я ўбачыў, што мой сусед пайшоў у бок Уокiнга.

Сонца села, згусцiлiся прыцемкi, а нiчога новага не адбывалася. Натоўп злева, ад Уокiнга, здавалася, павялiчваўся, i я пачуў яго невыразны гул. Група людзей па дарозе ў Чобхем рассеялася. У яме быццам усё замерла.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю