355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Герберт Джордж Уэллс » Вайна сусветаў (на белорусском языке) » Текст книги (страница 3)
Вайна сусветаў (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 8 октября 2016, 23:19

Текст книги "Вайна сусветаў (на белорусском языке)"


Автор книги: Герберт Джордж Уэллс



сообщить о нарушении

Текущая страница: 3 (всего у книги 10 страниц)

Х

НАВАЛЬНIЦА

Ад Мэйбэры-Хiла да Лезерхэда амаль дванаццаць мiляў. На пышных лугах за Пiрфардам пахла сенам, паабапал дарогi цягнулася цудоўная жывая агароджа з шыпшынавай квеценi. Гарматны грукат, якi мы чулi, пакуль ехалi па Мэйбэры-Хiле, сцiх гэтак жа нечакана, як i пачаўся, i вечар выдаўся цiхi i спакойны. А дзевятай гадзiне мы ўдачна дабралiся да Лезерхэда. Я даў каню з гадзiнку адпачыць, павячэраў у сваякоў i перадаў на iх апеку жонку.

Жонка амаль усю дарогу неяк дзiўна маўчала i здавалася прыгнечанай, нiбы адчувала кепскае. Я стараўся падбадзёрыць яе, запэўнiваючы, што наўрад цi яны змогуць далёка адпаўзцi. Яна адказвала коратка. Калi б я не паабяцаў карчмару, яна, напэўна, угаварыла б мяне застацца на ноч у Лезерхэдзе. Ах, калi б я застаўся! Яна была вельмi бледная, калi мы развiтвалiся.

Я ж увесь дзень быў лiхаманкава ўзбуджаны. Нешта накшталт той ваеннай лiхаманкi, якая авалодвае часам цывiлiзаваным грамадствам, пералiвалася ў маёй крывi, i я быў нават задаволены, што мне трэба вярнуцца ў Мэйбэры. Больш таго – баяўся, каб спыненне стральбы не азначала, што з захопнiкамi-марсiянамi ўсё скончана. Шчыра кажучы, мне вельмi хацелася прысутнiчаць пры гэтым.

Выехаў я ў гадзiн адзiнаццаць. Ноч была вельмi цёмная. Калi выйшаў з святлiцы, цемра здалася мне беспрасветнай; было горача i душна, як днём. Па небе хутка праносiлiся аблокi, хоць на кустах не зварухнуўся нi адзiн лiсток. Слуга запалiў абодва лiхтары. На шчасце, я добра ведаў дарогу. Мая жонка стаяла каля асветленых дзвярэй i глядзела, як я садзiўся ў двухколку. Пасля раптам павярнулася i пайшла ў дом; родныя, што засталiся на ганку, пажадалi мне шчаслiвай дарогi.

Жончын спалох перадаўся мне, але ў хуткiм часе я зноў пачаў думаць пра марсiянаў. Тады я яшчэ не ведаў прычынаў сутыкнення. Праязджаючы праз Окхем (я паехаў гэтым шляхам, а не праз Сэнд i Стары Ўокiнг), я ўбачыў на захадзе крывава-чырвонае зарыва, якое па меры майго наблiжэння пацiху паўзло ўверх па небе. Блiзкiя навальнiчныя хмары перамешвалiся з клубамi чорнага i барвовага дыму.

На Рыплi-стрыт не было нi душы; сялiба быццам вымерла, толькi ў двух-трох вокнах было святло. Ля павароткi на Пiрфард я ледзь не наехаў на людзей, якiя стаялi спiной да мяне. Яны нiчога не сказалi, калi я праязджаў мiма. Не ведаю, цi было iм вядома, што адбываецца за гарою. Не ведаю таксама, цi панаваў мiрны сон у тых маўклiвых дамах, мiма якiх я праязджаў; стаялi яны пустыя i закiнутыя цi iх жыхары з жахам назiралi за падзеямi гэтай ночы.

Ад Рыплi да Пiрфарда я ехаў далiнаю Ўэй, дзе чырвонага зарыва вiдаць не было. Але калi я падняўся на невялiкi пагорак за пiрфардскай царквою, зарыва зноў паявiлася, i дрэвы зашумелi пад першым парывам немiнучай навальнiцы. Пiрфардская царква прабiла поўнач, i ўперадзе на барвовым небе ўжо чарнелi дахi i дрэвы Мэйбэры-Хiла.

Нечакана злавеснае зялёнае святло азарыла дарогу наперадзе i сасновы лес каля Адлстана. Я адчуў, што лейцы нацягнулiся. Вузкая палоска зялёнага агню прарэзала свiнцовую хмару i ўпала налева, на поле. Трэцяя падаючая зорка!

Следам за ёй блiснула асляпляльна-фiялетавая маланка блiзкай навальнiцы i, быццам узарваная ракета, грымнуў гром. Конь натапырыўся i панёсся.

Я iмчаўся ўнiз пакатым схiлам да падножжа Мэйбэры-Хiла. Штораз, амаль няспынна ўспыхвала маланка. Частыя грымоты суправаджалiся нейкiм дзiўным патрэскваннем, нiбы дзесьцi працавала гiганцкая электрычная машына. Успышкi святла асвятлялi мяне, i дробны град балюча сек па твары. Спачатку я глядзеў толькi на дарогу, потым маю ўвагу захапiла тое, што вельмi хутка рухалася ўнiз па бачным мне схiле Мэйбэры-Хiла. Спачатку я ўспрыняў гэта за мокрую страху дома, але пры святле маланак, што блiскалi адна за адной, разглядзеў нешта такое, накшталт рухомага прадмета па супрацьлеглым схiле гары. Затым хвiлiнная беспрасветная цемра – i раптоўна нясцерпны бляск, якi ператварыў ноч у дзень; чырвоны будынак прыстанiшча на гары, зялёныя верхавiны соснаў i загадкавы прадмет паказалiся ярка i выразна.

Але што я ўбачыў! Як мне гэта апiсаць? Агромнiсты, вышэйшы за дамы, трыножак, якi крочыў па маладым сасновым зараснiку i ламаў на сваiм шляху сосны; машыну з блiскучага металу, якая таптала верас; стальныя, выпушчаныя з яе тросы; яе грукат, што злiваўся з рокатам грому. Блiснула маланка, i трыножак выразна выступiў з цемры; ён стаяў на адной назе, дзве другiя павiслi ў паветры. Ён знiкаў i зноў паяўляўся пры новай успышцы маланкi ўжо на сотню ярдаў блiжэй. Вы сабе можаце ўявiць складное крэсла, якое, вагаючыся, ступае па зямлi? Гэткiм было гэта вiдовiшча пры мiмалётных успышках маланкi. Але замест крэсла ўявiце сабе агромнiстую машыну, прыладжаную на трыножку.

Нечакана сосны наперадзе расступiлiся, як расступаецца кволы лазняк, калi праз яго пракладваецца чалавечы шлях. Яны ламалiся i падалi, i праз секунду паказаўся другi вялiзны трыножак, якi, здавалася, крочыў на мяне. А я iмчаўся галопам насустрач яму! Калi я ўбачыў другую пачвару, мае нервы не вытрымалi. Не адважыўшыся зiрнуць на яе яшчэ раз, я з усёй сiлы тузануў правую лейчыну. У тую ж хвiлiну двухколка перакулiлася, аглоблi з трэскам пераламалiся, я адляцеў убок i цяжка шмякнуўся ў лужыну.

Я адпоўз i схаваўся, скурчыўшыся, за кустамi жаўтазелля. Конь ляжаў нерухома (бедная жывёла зламала шыю). Пры бляску маланкi я ўбачыў чорнае кузава перакуленай двухколкi i сiлуэт кола, якое прадаўжала паволi круцiцца. Яшчэ секунда – i каласальны механiзм прайшоў мiма мяне i стаў падымацца к Пiрфарду.

Зблiзку трыножак здаўся мне яшчэ больш дзiўным; вiдаць, гэта была кiруемая машына. Машына з металiчным звонкiм ходам, з доўгiмi гнуткiмi блiскучымi шчупальцамi (адно з iх ухапiлася за маладую сасну), якiя звiсалi ўнiз i грымелi, стукаючыся аб корпус. Трыножак, вiдаць, выбiраў дарогу, i медная накрыўка ўверсе паварочвалася ў розныя бакi, напамiнаючы галаву. Да каркаса машыны ззаду было прымацавана пляценне з нейкага белага металу, падобнае на вялiзную рыбацкую карзiну; з суставаў пачвары вырывалiся клубы зялёнага дыму. Праз некалькi iмгненняў яна ўжо знiкла.

Вось што ўбачыў я вельмi невыразна пры святле маланкi, сярод асляпляльных успышак i чорнай цемры.

Праходзячы мiма, трыножак урачыста зароў, заглушыўшы ўдары грому: "Элу... элу..." – i праз хвiлiну далучыўся да другога трыножка, якi за паўмiлi далей нахiлiўся над чымсьцi ў полi. Я не сумняваюся, што там ляжаў трэцi з дзесяцi цылiндраў, якiя былi пушчаны да нас з Марса.

Некалькi хвiлiнаў я ляжаў пад дажджом, у цемнаце, назiраючы пры ўспышках святла, як гэтыя пачварныя iстоты з металу рухалiся ўдалечынi. Пайшоў дробны град, i абрысы iх то расплывалiся ў тумане, то выступалi пры ўспышках. У прамежках маланак iх паглынала ноч.

Я вымак да нiткi, зверху – град, знiзу – лужа. Прайшоў нейкi час, пакуль я ачуняў, выбраўся з лужы на сухое месца i пачаў думаць, куды мне схавацца.

Непадалёку, на бульбяным полi, стаяла вясковая вартоўня. Я падняўся i, прыгнуўшыся, скарыстоўваючы ўсякiя прыкрыццi, пабег да вартоўнi. Дарэмна я стукаўся ў дзверы, нiхто не абазваўся (можа, там нiкога i не было). Тады, хаваючыся ў канаве, паўзком я дабраўся, не заўважаны пачварнымi машынамi, да сасновага лесу каля Мэйбэры.

Тут, пад сховай дрэваў, мокры i прамерзлы, я стаў прабiрацца да свайго дома. Дарэмна стараўся я адшукаць знаёмую сцежку. У лесе было вельмi цёмна, таму што маланка цяпер блiскала зрэдку, а град падаў з патокам лiўня, запаўняючы прасветлiны ў густой хвоi.

Калi я зразумеў, што адбываецца, то неадкладна павярнуў бы назад i вярнуўся праз Байфлiт i Стрыт-Кобхем да жонкi ў Лезерхэд. Але загадкавасць усяго, што акружала, начная цемра, фiзiчная знямога пазбавiлi мяне здольнасцi разважаць; я стамiўся, вымак да касцей, быў аслеплены i аглушаны навальнiцай.

Я думаў толькi аб адным: як дабрацца дамоў; другiх жаданняў у мяне не было. Я блукаў памiж дрэваў, упаў у яму, моцна выцяў каленi i вынырнуў на дарогу, якая вяла да ваеннага каледжа. Я гавару "вынырнуў", таму што па пясчаным пагорку нёсся бурны мутны паток. Тут у цемры на мяне наляцеў нейкi чалавек i ледзь не збiў мяне з ног.

Ён выкрыкнуў, палахлiва адскочыў убок i знiк, перш чым я паспеў апамятацца i загаварыць з iм. Парывы навальнiцы былi настолькi моцныя, што я з вялiкай цяжкасцю ўскарабкаўся на пагорак. Я iшоў левым бокам, трымаючыся блiжэй да плота.

Непадалёк ад вяршынi я наткнуўся на штосьцi мяккае i пры святле маланкi ўбачыў пад нагамi кучу цёмнага адзення i пару ботаў. Я не паспеў разгледзець ляжачага: пагасла святло. Я нагнуўся над iм, чакаючы наступнай успышкi. Гэта быў каржакаваты чалавек у танным, але яшчэ добрым гарнiтуры; ён ляжаў нiцма, прыцiснуўшыся к плоту, як быццам з разгону наляцеў на яго.

Асiльваючы агiду, зусiм натуральную, бо мне нiколi не даводзiлася дакранацца да мёртвага цела, я нахiлiўся i перавярнуў ляжачага, каб даведацца, цi б'ецца яшчэ сэрца. Чалавек быў мёртвы. Магчыма, ён зламаў сабе шыю. Маланка блiснула трэцi раз, i я ўбачыў твар нябожчыка. Я адхiснуўся. Гэта быў карчмар, гаспадар "Плямiстага сабакi", у яго я наняў каня.

Я асцярожна пераступiў труп i стаў прабiрацца далей. Я мiнуў палiцэйскi пастарунак i ваенны каледж. Пажар на схiле гары патух, хоць з боку пусткi ўсё яшчэ вiднелася чырвонае зарыва i клубы чырванаватага дыму прарэзалi навалу граду. Большасць дамоў, наколькi я паспеў разгледзець пры ўспышцы маланкi, уцалела. Каля ваеннага каледжа на дарозе ляжала нейкая цёмная куча.

Паперадзе, на дарозе, у бок моста, чуваць былi чыесьцi галасы i крокi, але ў мяне не хапiла сiлы крыкнуць цi падысцi да людзей. Я ўвайшоў у свой дом, запёр даверы, замкнуў iх на ключ, павесiў засаўку i стомлены апусцiўся на падлогу каля лесвiцы. Перад маiмi вачыма крочылi металiчныя пачвары i мiльгала постаць нябожчыка каля плота.

Я прыхiлiўся спiной да сцяны i, дрыжучы, так i застаўся сядзець каля лесвiцы.

XI

КАЛЯ АКНА

Я ўжо гаварыў пра тое, што вельмi паддаўся хуткай перамене настрою. Неўзабаве я адчуў, што вымак i мне холадна. На дыване каля маiх ног сабралася цэлая лужа. Я амаль машынальна падняўся, прайшоўся ў сталовую i выпiў крыху вiскi, потым вырашыў пераапрануцца.

Змянiўшы адзенне, я падняўся ў свой кабiнет, а чаму менавiта туды, я i сам не ведаю. З вакна былi вiдаць дрэвы i чыгуначная станцыя каля Хорселскай пусткi. У мiтуснi ад'езду мы забылiся зачынiць гэта акно. У калiдоры было цёмна, i пакой таксама здаваўся цёмным паводле кантрасту з пейзажам у ваконнай рамцы. Я спынiўся ў дзвярах як укопаны.

Навальнiца прайшла. Вежы Ўсходняга каледжа i сосны вакол яго знiклi; удалечынi ў чырвоным святле была бачна пустка i пясчаны кар'ер. На фоне зарыва мiльгалi гiганцкiя вычварныя ценi.

Здавалася, уся акруга была ахоплена агнём: шырокiм схiлам пагорка прабягалi языкi полымя, дрыжучы i вывiваючыся ў парывах ацiхлай навальнiцы, i адкiдвалi чырвоны водсвет на iмклiвыя аблокi. Час ад часу дым блiзкага пажарышча зацягваў акно i паглынаў ценi марсiянаў. Я не мог разгледзець, што яны рабiлi; iх абрысы акрэслiвалiся няясна, яны кешкалiся над цёмнай кучай, якую я мог разгледзець. Я не бачыў i блiжэйшага пажару, хоць водблiск яго гуляў на сценах i на стале кабiнета. Чуцён быў моцны пах гарэлай смалы.

Я цiха прычынiў дзверы i падкраўся да акна. Перада мною адкрылася больш шырокая прастора для агляду – ад дамоў вакол станцыi Ўокiнг да абвугленых, пачарнелых сасновых лясоў Байфлiта. Блiз аркi, ля падножжа гары нешта ярка гарэла; многiя дамы паўз дарогу к Мэйбэры i на вулiцах блiзка ля станцыi тлелi ў кучах развалiнаў. Спярша я не мог разабрацца, што гарэла на лiнii чыгуначнай дарогi; агонь прабягаў па нейкай чорнай кучы, направа вiднелiся жоўтыя прадаўгаватыя прадметы. Потым я разгледзеў, што гэта быў пацярпеўшы ад крушэння цягнiк; пярэднiя вагоны былi разбiтыя i гарэлi, а заднiя яшчэ стаялi на рэйках.

Памiж гэтымi трыма ачагамi святла – дамамi, цягнiком i ахопленымi полымем ваколiцамi Чобхема – цягнулiся чорныя палосы зямлi, дзе-нiдзе перасечаныя палоскамi тлеючай i задымленай глебы. Гэта дзiўнае вiдовiшча чорная прастора, усеяная агнямi – напамiнала мне начныя ганчарныя заводы. Спачатку я не заўважаў людзей, хоць i глядзеў вельмi пiльна. Потым я ўбачыў каля станцыi Ўокiнг, на лiнii чыгуначнай дарогi, некалькi мiтуслiвых чорных фiгурак.

I гэтым вогненным хаосам быў той маленькi свет, у якiм я цiхамiрна жыў столькi гадоў! Я не ведаў, што адбылося на працягу апошнiх сямi гадзiнаў; я толькi пачынаў цьмяна здагадвацца, што ёсць нейкая сувязь памiж гэтымi механiчнымi калосамi i тымi непаваротлiвымi пачварамi, якiя на маiх вачах выпаўзалi з цылiндра. З якойсьцi дзiўнай цiкаўнасцю я падсунуў сваё рабочае крэсла да вакна, усеўся i пачаў назiраць; асаблiва зацiкавiлi мяне тры чорныя гiганты, якiя расхаджвалi ў святле пажарышча каля пясчанага кар'ера.

Яны, вiдаць, былi вельмi занятыя. Я стараўся здагадацца, што яны там робяць. Няўжо гэта адухаўлёныя механiзмы? Але ж гэта немагчыма. Можа быць, у кожным з iх сядзiць марсiянiн i рухае, загадвае, кiруе iм гэтак жа, як чалавечы мозг кiруе целам. Я пачаў параўноваць iх з нашымi машынамi i ўпершыню ў жыццi задаў сабе пытанне: якiмi павiнны здавацца разумнай, але менш развiтай, чым мы, iстоце браняносцы цi паравыя машыны?

Навальнiца пранеслася, неба ачысцiлася. Над дымам пажарышчаў блiскучы, маленькi, як шпiлькавая галоўка, Марс схiляўся да захаду. Нейкi салдат палез у мой сад. Я пачуў лёгкае драпаценне i, як бы апрытомнеўшы, убачыў чалавека, якi пералазiў цераз плот. Маё аслупяненне адразу прайшло, i я хутка высунуўся ў акно.

– Тс... – прашаптаў я.

Ён у нерашучасцi ўсеўся верхам на плоце. Потым саскочыў у сад i, сагнуўшыся, бясшумна ступаючы, пракраўся лужком да вугла дома.

– Хто там? – шэптам спытаў ён, стоячы пад акном i гледзячы ўверх.

– Куды вы iдзяце? – запытаў я.

– Я i сам не ведаю.

– Вы шукаеце, дзе б схавацца?

– Так.

– Зайдзiце ў дом, – сказаў я.

Я сышоў унiз, адчынiў дзверы, потым зноў запёр iх. Я не мог разгледзець салдацкага твару. Ён быў без фуражкi, мундзiр быў расшпiлены.

– О божа! – сказаў ён, калi я яго ўпусцiў.

– Што здарылася? – спытаў я.

– Не пытайцеся. – Нягледзячы на цемру, я ўбачыў, што ён безнадзейна махнуў рукою. – Яны змялi нас, проста змялi, – паўтарыў ён.

Амаль машынальна ён увайшоў за мною ў сталовую.

– Выпiце вiскi, – прапанаваў я, налiваючы яму добрую порцыю.

Ён выпiў. Потым сеў у крэсла ля стала, схiлiў на рукi галаву i расплакаўся, як дзiця. Забыўшы пра свой нядаўнi прыступ адчаю, я здзiўлена глядзеў на яго.

Прайшло даволi часу, пакуль ён супакоiўся i змог адказваць на мае пытаннi. Ён гаварыў адрывiста i блытана. Ён быў ездавым у артылерыi i прыняў удзел у баi толькi каля сямi гадзiнаў вечара. У гэты час стралянiна на пустцы была ў поўным разгары; гаварылi, што першая партыя марсiянаў паволi паўзе да другога цылiндра пад прыкрыццем металiчнай бранi.

Потым гэта металiчная браня ператварылася ў трыножак, вiдаць, у тую першую ваенную машыну, якую я ўбачыў. Зброя, пры якой знаходзiўся мой госць, была ўстаноўлена блiз Хорсела для абстрэлу пясчанага кар'ера, i гэта паскорыла падзеi. Калi ездавыя з лафетам ад'язджалi ўбок, яго конь спатыкнуўся i ўпаў, скiнуўшы яго. У тую ж хвiлiну пушка ўзляцела ў паветра разам са снарадамi; усё было ахоплена агнём, i ён апынуўся пад кучай абгарэлых трупаў людзей i коней.

– Я ляжаў цiха, – расказваў ён, – ледзь не мёртвы ад страху. На мяне навалiлася пярэдняя частка каня. Яны нас змялi. А пах, божа мой! Як прыгарэлая смажанiна. Я выцяў спiну пры падзеннi. Так я ляжаў, пакуль мне не стала крыху лепш. Толькi хвiлiну назад мы ехалi, як на парад, – i раптам разбiтыя, змеценыя, знiшчаныя.

– Нас змялi! – паўтарыў ён.

Ён доўга хаваўся пад тушай каня, крадком паглядваючы на пустку. Кардыганскi полк спрабаваў кiнуцца ў штыкi – яго мiгам знiшчылi. Пасля пачвара паднялася на ногi i пачала расхаджваць па пустцы, праследуючы некаторых з тых, хто ўцякаў. Каўпак, якi круцiўся на ёй, напамiнаў галаву чалавека ў капюшоне. Нешта падобнае на руку трымала вельмi мудрагелiстую металiчную скрынку, з якой выляталi зялёныя iскры i бiў цеплавы прамень.

Праз некалькi хвiлiнаў на пустцы, наколькi ён мог бачыць, не засталося нiводнай жывой iстоты; кусты i дрэвы гарэлi. Гусары стаялi пры дарозе ў лагчынцы, i ён iх бачыў. Ён чуў, як застракаталi кулямёты, затым усё сцiхла. Гiгант доўгi час не чапаў станцыю Ўокiнг i вакольныя дамы. Потым слiзгануў цеплавы прамень, i гарадок ператварыўся ў кучу палымнеючых развалiнаў. Пасля гэтага пачвара выключыла цеплавы прамень i, павярнуўшыся спiною да артылерыста, пакрочыла ў бок дымнага сасновага лесу, дзе ўпаў другi цылiндр. У наступны момант з ямы падняўся другi зiхатлiвы тытан.

Другая пачвара пасунулася за першай. Артылерыст асцярожна папоўз па гарачых дагарках верасу к Хорселу. Яму ўдалося дапаўзцi да канавы, што цягнулася ўздоўж дарогi, i такiм чынам ён дабраўся да Ўокiнга. Далейшы аповяд артылерыста быў амаль з выклiчнiкаў. Праз Уокiнг нельга было прайсцi. Нямногiя ацалелыя жыхары, здавалася, страцiлi розум; iншыя згарэлi зажыва цi атрымалi апёкi. Ён павярнуў у бок ад пажару i схаваўся ў закапцелых развалiнах; тут ён убачыў, што пачвара вяртаецца. Яна дагнала аднаго з уцекачоў, схапiла яго сваiм стальным шчупальцам i размажджэрыла яму галаву аб сасновы пень. Калi сцямнела, артылерыст папоўз далей i дабраўся да чыгуначнага насыпу.

Потым ён, крадучыся, накiраваўся праз Мэйбэры ў бок Лондана, думаючы, што там будзе бяспечней. Людзi хавалiся ў скляпах, канавах, i многiя з уцалеўшых беглi к Уокiнгу i Сэнду. Яго мучыла смага. Каля чыгуначнай аркi ён убачыў разбiты вадаправод: вада бiла фантанам з лопнутай трубы.

Вось i ўсё, што я мог у яго выпытаць. Ён крыху супакоiўся, расказаўшы мне пра ўсё, што яму давялося бачыць. З апоўдня ён нiчога не еў; ён напомнiў мне аб гэтым у пачатку сваёй гаворкi; я знайшоў у кладоўцы крыху баранiны, хлеба i прынёс яму паесцi. Мы не запальвалi лямпу, баючыся прыцягнуць увагу марсiянаў, i нашы рукi часта судакраналiся, намацваючы яду. Пакуль ён расказваў, вакольныя прадметы сталi выступаць з цемры, за акном ужо можна было адрознiць вытаптаную траву i зламаныя кусты ружаў. Здавалася, па лагчынцы праiмчаўся натоўп людзей цi статак жывёлаў. Цяпер я мог разгледзець твар артылерыста, замурзаны, бледны, – такi ж, магчыма, быў у мяне.

Наеўшыся, мы асцярожна паднялiся ў мой кабiнет, i я зноў выглянуў у адчыненае вакно. За адну ноч квiтнеючая далiна ператварылася ў папялiшча. Пажар затухаў. Там, дзе раней бушавала полымя, цяпер чарнелi клубы дыму. Разбураныя i разварочаныя дамы, паваленыя, абвугленыя дрэвы – уся гэта страшная, злавесная карцiна, скрытая да гэтага часу начной цемраю, цяпер, у перадсвiтальных прыцемках, наглядна паўстала перад намi. Што-нiшто цудам уцалела сярод усеагульнага разбурэння: белы чыгуначны семафор, частка аранжарэi, зелянеючай сярод развалiнаў. У гiсторыi войнаў не было такога няшчаднага ўсеагульнага разбурэння. Паблiскваючы ў ранiшнiм святле, тры металiчныя гiганты стаялi каля ямы, iх каўпакi паварочвалiся, як быццам яны любавалiся сваiм апусташэннем.

Мне падалося, што яма стала шырэйшая. Спiралi зялёнага дыму няспынна ўзляталi насустрач ранiшняй зары – падымалiся, клубiлiся, падалi i знiкалi.

Каля Чобхема ўзнiмалiся слупы полымя. Яны ператваралiся ў слупы крывавага дыму пры першых сонечных промнях.

XII

РАЗБУРЭННЕ ЎЭЙБРЫДЖА I ШЭПЕРТОНА

Калi зусiм развiднела, мы адышлi ад вакна, адкуль назiралi за марсiянамi, i цiха спусiцлiся ўнiз.

Артылерыст пагадзiўся са мною, што ў доме заставацца небяспечна. Ён вырашыў iсцi ў бок Лондана; там ён далучыцца да сваёй батарэi нумар 12 коннай артылерыi. Я ж хацеў вярнуцца ў Лезерхэд. Ашаломлены магутнасцю марсiянаў, я вырашыў неадкладна вывезцi жонку ў Ньюхэвен, каб адтуль выехаць за мяжу. Мне было ясна, што ваколiцы Лондана непазбежна стануць арэнай разбуральнай барацьбы, перш чым удасца знiшчыць пачвараў.

Але на шляху ў Лезерхэд знаходзiўся трэцi цылiндр пад аховай гiгантаў. Калi б я быў адзiн, я, вiдаць, даверыўся б свайму лёсу i пусцiўся напрасткi. Але артылерыст адгаварыў мяне.

– Наўрад цi вы паможаце жонцы, калi зробiце яе ўдавой, – сказаў ён.

У рэшце рэшт я згадзiўся iсцi разам з iм, пад сховаю лесу, на поўнач да Стрыт-Кобхема. Адтуль я павiнен быў зрабiць вялiкi крук праз Эпсом, каб трапiць у Лезерхэд.

Я хацеў адправiцца цяпер жа, але мой спадарожнiк, салдат, быў вопытнейшы за мяне. Ён прымусiў мяне абшукаць увесь дом i знайсцi бiклагу, у якую налiў вiскi. Мы набiлi ўсе свае кiшэнi сухарамi i скрылямi мяса. Потым выйшлi з дому i пусцiлiся бягом унiз па размытай дарозе, па якой я iшоў мiнулай ноччу. Дамы здавалiся вымерлымi. На дарозе ляжалi побач тры апаленыя целы, пазбаўленыя жыцця цеплавым промнем. Дзе-нiдзе валялiся кiнутыя цi згубленыя рэчы: гадзiннiк, туфлi, сярэбраная лыжка i iншыя дробныя прадметы. На паваротцы да паштовай канторы ляжала на баку са зломаным колам распрэжаная цялежка, нагружаная скрынкамi i мэбляй. Незгараемая каса была, вiдаць, наспех адкрыта i кiнута сярод хламу.

Дамы ў гэтай частцы не вельмi пацярпелi, гарэла толькi вартоўня прытулка. Цеплавы прамень збрыў комiны i прайшоў далей. Акрамя нас, на Мэйбэры-Хiле не было нi душы. Большая частка жыхароў збегла, верагодна, у Стары Ўокiнг па той дарозе, па якой я ехаў у Лезерхэд, цi схавалася дзе-небудзь.

Мы спусцiлiся па дарозе ўнiз, прайшлi мiма мокрага чалавечага трупа ў чорным касцюме. Увайшлi ў лес ля падножжа гары i дабралiся да палатна чыгункi, нiкога не сустрэўшы. Лес па той бок чыгункi здаваўся скразным бураломам, большая частка дрэў была павалена i толькi дзе-нiдзе злавесна тырчалi абпаленыя ствалы з цёмна-бурай лiстотай.

На нашым баку агонь толькi абпалiў блiжэйшыя дрэвы, вялiкага апусташэння не было. У адным месцы лесарубы, вiдавочна, працавалi яшчэ ў суботу. Паваленыя свежапрыбраныя дрэвы ляжалi на просецы на кучы пiлавiння каля паравой лесапiльнi. Побач стаяла пустая хiбара. Было цiха; паветра здавалася нерухомым. Нават птушкi кудысьцi знiклi. Мы з артылерыстам перамаўлялiся шэптам i часта азiралiся па баках. Калi-нiкалi мы спынялiся i прыслухоўвалiся.

Неўзабаве мы падышлi да дарогi i пачулi стук капытоў: у бок Уокiнга ехалi тры кавалерысты. Мы гукнулi iх, яны спынiлiся, i мы паспяшылi да iх. Гэта былi лейтэнант i два радавыя 8-га гусарскага палка з нейкай прыладай накшталт тэадалiта; артылерыст растлумачыў мне, што гэта гелiёграф.

– Вы першыя, каго я сустрэў на гэтай дарозе за ўсю ранiцу, – сказаў лейтэнант. – Што тут творыцца?

У яго твары i голасе адчувалася рашучасць. Салдаты глядзелi на нас з цiкаўнасцю. Артылерыст спусцiўся з насыпу на дарогу i аддаў чэсць.

– Пушку нашу ўзарвалi мiнулай ноччу, сэр. Я схаваўся. Даганяю батарэю, сэр. Вы, напэўна, убачыце марсiянаў, калi праедзеце яшчэ з паўмiлi па гэтай дарозе.

– Якiя яны сабою, чорт бы iх пабраў? – спытаў лейтэнант.

– Гiганты ў бранi, сэр. Сто футаў вышынi. Тры нагi; цела накшталт алюмiнiевага, з вялiзнай галавою ў каўпаку, сэр.

– Расказвай! – усклiкнуў лейтэнант. – Што за лухту ты нясеш?

– Самi ўбачыце, сэр. У iх руках нейкая скрынка, сэр; з яе папыхвае агонь i забiвае на месцы.

– Накшталт пушкi?

– Не, сэр. – I артылерыст пачаў апiсваць дзеянне цеплавога промня. Лейтэнант перапынiў яго i павярнуўся да мяне. Я стаяў на насыпе каля дарогi.

– Вы таксама бачылi гэта? – спытаў ён.

– Чыстая праўда ўсё, – адказаў я.

– Ну, – сказаў лейтэнант, – я думаю, i мне не лiшне паглядзець на iх. Слухай, – звярнуўся ён да артылерыста, – нас адправiлi сюды, каб выселiць жыхароў з дамоў. Ты заявiся да брыгаднага генерала Марвiна i далажы яму ўсё, што ведаеш. Ён стаiць ва Ўэмбрыджы. Дарогу ведаеш?

– Я ведаю, – сказаў я.

Лейтэнант павярнуў каня.

– Вы кажаце, паўмiлi? – спытаў ён.

– Не болей, – адказаў я i паказаў на вершалiны дрэваў на поўдзень. Ён падзякаваў мне i паехаў. Больш мы яго не бачылi.

Пасля мы ўбачылi трох жанчын i дваiх дзяцей на дарозе каля рабочага домiка; яны загружалi ручную цялежку вандзэлкамi i хатнiм скарбам. Яны былi настолькi занятыя, што не сталi з намi гаварыць. Каля станцыi Байфлiт мы выйшлi з сасновага лесу. У промнях ранiшняга сонца мясцовасць здавалася мiрнай! Тут мы былi ўжо за межамi дзеяння цеплавога промня; калi б нi апусцелыя дамы, нi мiтусня i зборы жыхароў, нi салдаты на чыгуначным мосце, якiя глядзелi ўздоўж лiнii на Ўокiнг, дзень быў бы падобны на звычайную нядзелю.

Некалькi падводаў i фургонаў са скрыпам рухалася па дарозе на Адлстон. Праз вароты ў загарадзi мы ўбачылi на лузе шэсць пушак-дванаццацiфунтовак, якiя былi акуратна расстаўлены на роўнай адлегласцi адна ад адной i накiраваныя ў бок Уокiнга. Прыслуга стаяла побач у чаканнi, зарадныя скрынкi знаходзiлiся на патрэбнай адлегласцi. Салдаты стаялi быццам на аглядзе.

– Вось гэта здорава! – сказаў я. – Ва ўсякiм выпадку, яны дадуць добры залп.

Артылерыст нерашуча спынiўся каля варотаў.

– Я пайду далей, – сказаў ён.

За мостам, блiжэй да Ўэйбрыджа салдаты ў белых рабочых куртках насыпалi доўгi вал, за якiм тырчалi пушкi.

– Гэта ўсё роўна што лук i стрэлы супраць маланкi, – сказаў артылерыст. – Яны яшчэ не бачылi вогненнага промня.

Афiцэры, якiя не прымалi непасрэднага ўдзелу ў рабоце, глядзелi паверх дрэваў на паўднёвы захад; салдаты часта адрывалiся ад работы i таксама паглядалi ў той бок.

Байфлiт быў у разгубленасцi. Жыхары пакавалi пажыткi, а дваццаць гусараў прыспешвалi iх. Тры цi чатыры чорныя санiтарныя фургоны з крыжам на белым крузе i якiсьцi стары омнiбус выгружалiся на вулiцы сярод iншых павозак. Многiя жыхары апранулiся па-святочнаму. Салдаты даводзiлi iм пра небяспеку становiшча. Якiсьцi зморшчаны дзядок сярдзiта спрачаўся з капралам, патрабуючы, каб захапiлi яго вялiкую скрынку i дзесяткi два вазонаў з архiдэямi. Я спынiўся i тузануў дзядка за рукаво.

– Вы ведаеце, што там робiцца? – спытаў я, паказваючы на вершалiны сасновага лесу, за якiм былi марсiяне.

– Што? – павярнуўся ён. – Я кажу iм, што гэта нельга пакiдаць.

– Смерць! – крыкнуў я. – Смерць iдзе на нас! Смерць!

Не ведаю, цi зразумеў ён мяне, – я прыспешыў за артылерыстам. На рагу вулiцы я павярнуўся. Салдат адышоўся ад старога, а той усё яшчэ стаяў каля сваёй скрынкi i вазонаў з архiдэямi, разгублена гледзячы ў бок лесу.

Нiхто ва Ўэйбрыджы не мог сказаць нам, дзе размяшчаецца штаб. Такога беспарадку я нiколi не бачыў. Паўсюль павозкi, экiпажы ўсiх вiдаў i разнамасныя конi. Шаноўныя жыхары мястэчка, спартсмены ў касцюмах для гольфа i веславання, святочна апранутыя жанчыны – усе пакавалiся; звычайныя разявакi энергiчна памагалi, дзецi шумелi, задаволеныя такой незвычайнай нядзельнай забавай. Сярод усеагульнай мiтуснi мясцовы вядомы святар, не зважаючы нi на што, пад звон царкоўны служыў раннюю абедню.

Мы з артылерыстам прыселi на прыступцы калодзежа i збольшага падсiлкавалiся. Патрулi – ужо не гусары, а грэнадзёры ў белых мундзiрах папярэджвалi жыхароў i прапаноўвалi iм або адыходзiць, або хавацца ў падвалах, як толькi пачнецца стралянiна. Мiнаючы чыгуначны мост, мы ўбачылi вялiкi натоўп на станцыi i вакол яе; платформа кiшэла людзьмi i была завалена скрынкамi i вандзэлкамi. Звычайны расклад быў парушаны, верагодна, для таго, каб падвезцi войскi i зброю да Чэртсi; потым я чуў, што адбылася страшэнная даўка i бойка за месцы ў экстранных цягнiках, пушчаных у другой палове дня.

Мы заставалiся ва Ўэйбрыджы да паловы дня. Каля шэпертонскага шлюза, дзе злiваюцца Тэмза i Ўэй, мы памаглi дзвюм старэнькiм нагрузiць цялежку. Вусце ракi Ўэй мае тры рукавы, тут можна набыць лодку i ходзiць паром. На другiм беразе вiднелася харчоўня i перад ёй лагчынка, а далей над дрэвамi падымалася званiца шэпертонскай царквы – цяпер яна заменена шпiлем.

Тут мы засталi шумны, узбуджаны натоўп беглякоў. Хоць панiкi яшчэ не было, але жадаючых перабрацца на другi бераг аказалася значна больш, чым маглi змясцiць лодкi. Людзi падыходзiлi, задыхаючыся пад цяжкаю ношай. Адна сямейная пара цягнула нават невялiкiя ўваходныя дзверы ад свайго дома, на якiх былi складзены iх пажыткi. Нейкi мужчына сказаў нам, што хоча паспрабаваць паехаць са станцыi ў Шэпертоне.

Усе гучна размаўлялi; хтосьцi нават строiў жарты. Многiя думалi, што марсiяне – гэта проста людзi-велiканы; яны могуць напасцi на горад i спустошыць яго, але, вядома, у рэшце рэшт будуць знiшчаны. Усе трывожна паглядалi на другi бераг, на лугi каля Чэртсi, але там было спакойна.

На тым баку Тэмзы, акрамя месца, дзе прычальвалi лодкi, таксама было спакойна – рэзкi кантраст з Сэрэем. Людзi, выходзячы з лодак, падымалiся ўверх па дарозе. Вялiкi паром толькi што пераплыў. Тры цi чатыры салдаты стаялi на лужку каля харчоўнi i кпiлi з беглякоў, не прапаноўваючы iм сваiх паслуг. Харчоўня была зачынена, як звычайна ў гэты час.

– Што гэта? – крыкнуў раптам адзiн з лодачнiкаў. – Цiха ты! – цыкнуў хтосьцi каля мяне на брахлiвага сабаку. Гук паўтараўся, на гэты раз з боку Чэртсi: прыглушаны гул – пушачны выстрал.

Пачаўся бой. Прыхаваныя дрэвамi батарэi за ракою направа ад нас уступiлi ў агульны хор, цяжка бухаючы адна за адной. Закрычала жанчына. Усе спынiлiся як укопаныя i павярнулi ў бок блiзкага, але нябачнага бою. На шырокiх лугах не было нiчога, акрамя кароў, якiя мiрна пасвiлiся, i серабрыстых вербаў, нерухомых у промнях гарачага сонца.

– Салдаты затрымаюць iх, – няўпэўненым тонам прагаварыла жанчына каля мяне.

Над лесам паказаўся дымок.

I раптам мы ўбачылi – далёка ўверх па цячэннi ракi – клуб дыму, якi ўзляцеў i завiс у паветры; i тут жа глеба ў нас пад нагамi задрыжала, аглушальны выбух скалануў паветра; разляцелiся шыбы ў суседнiх дамах. Усе анямелi ад здзiўлення.

– Вунь яны! – закрычаў якiсьцi чалавек у сiняй куфайцы. – Вунь там! Бачыце! Вунь там!

Хутка, адзiн за адным паявiлiся пакрытыя бранёй марсiяне – адзiн, два, тры, чатыры – далёка-далёка над маладым ляском за лугамi над Чэртсi. Спачатку яны здавалiся маленькiмi фiгуркамi ў каўпаках i рухалiся быццам на колах, але з хуткасцю птушак.

Яны спешна спускалiся да ракi. Злева, наўскасяк, да iх наблiжаўся пяты. Iх браня блiшчэла на сонцы; наблiжаючыся, яны хутка павялiчвалiся. Самы дальнi з iх на левым фланзе высока падняў вялiкую скрынку, i страшны цеплавы прамень, якi я ўжо бачыў у ноч на суботу, слiзгануў у бок Чэртсi i ўдарыў па горадзе.

Убачыўшы гэтых дзiўных хуткаходных пачвараў, людзi на беразе здранцвелi ад страху. Нi воклiчаў, нi крыкаў – мёртвае маўчанне. Потым хрыплы шэпт i рух ног – боўтанне па вадзе. Якiсьцi чалавек, напалохаўшыся, не здагадаўшыся скiнуць груз з плячэй, павярнуўся i краем свайго чамадана так моцна стукнуў, што ледзь не звалiў мяне з ног. Нейкая жанчына адпiхнула мяне i кiнулася бегчы. Я таксама пабег з натоўпам, але ўсё ж не страцiў развагi. Я падумаў аб страшэнным цеплавым промнi. Нырнуць у ваду! Лепш за ўсё!


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю