Текст книги "Вайна сусветаў (на белорусском языке)"
Автор книги: Герберт Джордж Уэллс
Жанр:
Научная фантастика
сообщить о нарушении
Текущая страница: 2 (всего у книги 10 страниц)
Гледачы мала-памалу асмялелi. Вiдаць, свежае папаўненне з Уокiнга падбадзёрыла натоўп. Прыцемкам на пясчаных пагорках пачаўся павольны перарывiсты рух, – здавалася, што пануючая наўкол цiшыня станоўча падзейнiчала на людзей. Чорныя фiгуры, па двое, па трое, рухалiся, спынялiся i зноў рухалiся, расцягваючыся тонкiм няправiльным паўмесяцам, рожкi якога паступова ахоплiвалi яму. Я таксама пачаў падыходзiць да ямы.
Потым я ўбачыў, як фурманы пакiнутых экiпажаў i iншыя смельчакi падышлi да ямы, i пачуў стук капытоў i скрып колаў. Хлопчык з лаўкi пакацiў цялежку з яблыкамi. Пасля ярдаў за трыццаць ад ямы я заўважыў чорную кучу людзей, якiя iшлi ад Хорсела; наперадзе хтосьцi нёс белы сцяг.
Гэта была дэлегацыя. Тэрмiнова параiўшыся, у горадзе вырашылi, што марсiяне, нягледзячы на iх агiдную знешнасць, усё ж, вiдаць, разумныя iстоты i трэба iм даць зразумець, што мы – таксама разумныя.
Сцяг, развяваючыся на ветры, наблiжаўся – спачатку справа ад мяне, потым злева. Я стаяў вельмi далёка i не мог разгледзець каго-небудзь, але пазней даведаўся, што Оджылвi, Стэнт i Гендэрсан разам з другiмi спрабавалi завязаць кантакты з марсiянамi. Дэлегацыя, здавалася, прыцягвала да сябе амаль замкнёны круг прысутных людзей, i многа невыразных цёмных фiгураў крочыла за ёй на значнай адлегласцi.
Раптам блiснуў прамень святла, i над ямай узвысiўся i засвяцiўся зеленаваты дым, праяснiўшыся трыма клубамi ў нерухомым паветры.
Гэты дым (слова "полымя", вiдаць, тут больш да месца) быў такi яркi, што цёмна-сiняе неба i бурая, сягаючыя аж да Чэртсi, пакрытая туманам пустка з адзiнокiмi соснамi раптам сталi здавацца зусiм чорнымi. У гэты ж момант пачулася нейкае слабае шыпенне.
На беразе ямы стаяла кучка людзей з белым сцягам, анямелых ад здранцвення; маленькiя чорныя сiлуэты вырысоўвалiся на фоне неба над чорнай зямлёю. Успышка зялёнага дыму асвяцiла на момант iх бледна-зеленаватыя твары.
Шыпенне перайшло спачатку ў глухое гудзенне, якое паступова стала моцным i бесперапынным; з ямы высунуўся гарбаты цень i мiльгануў прамень нейкага штучнага святла.
Языкi полымя, асляпляльны агонь перакiнулiся на кучку людзей. Здавалася, нябачны струмень ударыў па iх i ўспыхнуў белым ззяннем. Iмгненна яны ператварылiся ў жывыя факелы.
Пры святле гэтага пражорлiвага полымя я бачыў, як людзi хiсталiся i падалi, а тыя, што далей, ззаду, разбягалiся ў розныя бакi.
Я стаяў i глядзеў, яшчэ не поўнасцю разумеючы, што гэта па натоўпе ад аднаго да другога перабягае смерць. Я зразумеў толькi тое, што адбылося нешта незвычайнае. Амаль бясшумная асляпляльная ўспышка святла – i чалавек падае нiцма i ляжыць нерухома. Ад нябачнага полымя загаралiся сосны; патрэскваючы, успыхвала сухое жаўстазелле. Нават у далечы, каля Нэп-Хiла, запалымнелi дрэвы, платы, драўляныя забудовы.
Гэта вогненная смерць, гэты нябачны, непрадухiльны палаючы меч наносiў iмгненныя, меткiя ўдары. Калi ўспыхнула кустоўе, я зразумеў, што ён наблiжаецца да мяне, але ўцякаць, ратавацца я не мог: вельмi моцнае было здранцвенне. Я чуў гудзенне агню ў пясчаным кар'еры i раптоўна абарванае ржанне каня. Як быццам чыйсцi нябачны распалены палец рухаўся па пустыры памiж мною i марсiянамi, выкрэслiваючы вогненную крывую, i паўсюль кругом дымiлася i шыпела цёмная зямля. Штосьцi з грукатам упала воддаль, недзе злева, там, дзе выходзiць на пустку дарога да ўокiнгскай станцыi. Шыпенне i гул скончылiся, i чорны купалападобны прадмет паволi апусцiўся ў яму.
Гэта адбылося хутка; я ўсё яшчэ стаяў нерухома, уражаны i аслеплены бляскам агню. Калi б гэта смерць апiсала поўны круг, яна непазбежна ператварыла б у попел i мяне. Але яна слiзганула мiма i мяне "пашкадавала".
Навакольная цемната стала яшчэ больш страшнай i змрочнай. Узгоркаватая пустка здавалася чорнай, толькi палоска шашы шарэла пад цёмна-сiнiм небам. Людзi знiклi. Уверсе мiгацелi зоркi, а на захадзе свяцiлася бледная зеленаватая паласа. Вяршынi соснаў i стрэхi Хорсела выразна выступалi на вячэрнiм небе. Марсiяне i iх зброя былi нябачныя, толькi на тонкай мачце няспынна круцiлася люстра. Тлелi дрэвы, дзе-нiдзе дымiлася кустоўе, а ў нерухомым вячэрнiм паветры над дамамi каля станцыi Ўокiнг падымалiся слупы полымя.
Усё засталося гэткiм самым, як было, быццам i не пралятаў гэты вогненны смерч. Кучка чорных фiгурак з белым сцягам была знiшчана, але мне здавалася, што за ўвесь гэты вечар нiхто i не спрабаваў парушыць цiшыню. Раптам я зразумеў, што стаю тут, на цёмнай пустцы, адзiн, бездапаможны, безабаронны. Быццам штосьцi звалiлася на мяне... Страх!
Я з намаганнем павярнуўся i пабег, чапляючыся нагамi за верас. Страх, якi ахапiў мяне, быў не проста страхам. Гэта быў неўсвядомлены жах i перад марсiянамi, i перад запанаваўшымi навокал мяне цемрай i цiшынёй. Мужнасць пакiнула мяне, i я бег, усхлiпваючы, як дзiця. Баяўся азiрнуцца назад.
Помню, у мяне было такое адчуванне, што са мною хтосьцi гуляе, што вось цяпер, калi я ўжо амаль па-за небяспекай, таямнiчая смерць, iмгненная, як успышка агню, раптам выскачыць з цёмнай ямы, дзе ляжыць цылiндр, i знiшчыць мяне на месцы.
VI
ЦЕПЛАВЫ ПРАМЕНЬ НА ЧОБХЕМСКАЙ ДАРОЗЕ
Да цяперашняга часу яшчэ не раслумачана, якiм чынам марсiяне могуць усмерчваць людзей так хутка i так бясшумна. Многiя мяркуюць, што яны неяк канцэнтруюць iнтэнсiўную цеплату ў камеры, якая абсалютна не праводзiць цяпло. Гэту кандэнсаваную цеплату яны кiдаюць паралельнымi промнямi на той прадмет, якi яны абралi за цэль, пры дапамозе палiрованага парабалiчнага люстра з невядомага рэчыва, падобна да таго, як парабалiчнае люстра маяка адкiдвае снапы святла. Але нiхто не змог пераканальна гэта даказаць. Несумненна адно: тут дзейнiчаюць цеплавыя промнi. Усё, што толькi можа гарэць, ператвараецца ў языкi полымя пры iх судакрананнi; свiнец расцякаецца, як вадкасць; жалеза размякчаецца; шкло трэскаецца i плавiцца; а калi яны, гэтыя промнi, падаюць на ваду, яна iмгненна ператвараецца ў пару.
Гэтай ноччу каля сарака чалавек ляжалi пад зорамi паблiзу ямы, абгарэлыя i знявечаныя да непазнавальнасцi, i ўсю ноч пустка памiж Хорселам i Мэйбэры была бязлюдная i над ёю плыло зарыва.
У Чобхеме, Уокiнгу i Отэршоў, магчыма, у адзiн i той жа час даведалiся аб катастрофе. Ва Ўокiнгу лаўкi ўжо былi зачынены, калi гэта адбылося, i групы людзей, зацiкаўленых пачутым, iшлi па Хорселскiм мосце i па дарозе, акаймаванай дрэвамi, кiруючыся на пустку. Моладзь, скончыўшы дзённыя клопаты, выкарыстала гэту навiну, пэўна, як прапанову пайсцi пагуляць i пафлiртаваць. Вы можаце сабе ўявiць, якiм быў гул галасоў на цёмнай дарозе...
Ва Ўокiнгу толькi нямногiя ведалi, што цылiндр адкрыўся, хоць бедалага Гендэрсан адправiў пасыльнага на веласiпедзе ў паштовую кантору са спецыяльнай тэлеграмай для вячэрняй газеты.
Маладыя "двойкi" i "тройкi", выходзячы на адкрытае месца, бачылi людзей, якiя ўсхвалявана аб чымсьцi гаварылi i паглядалi ў бок пясчанага кар'ера на люстраное вярчэнне; хваляванне iх, несумненна, перадавалася новаму папаўненню.
А палове дзевятай, незадоўга да гiбелi дэлегацыi, каля ямы сабраўся чалавечы натоўп – чалавек трыста, калi не больш, не лiчачы тых, хто збочыў з дарогi, каб падысцi блiжэй да марсiянаў. Сярод iх былi тры палiсмены, да таго ж адзiн конны; яны старалiся, згодна iнструкцыям Стэнта, супакоiць натоўп i не падпускаць яго да цылiндра. Не абышлося, канешне, без пратэсту гарачых галоў, для якiх усякае зборышча з'яўляецца новай зачэпкай пашумець i пабалакаць.
Як толькi марсiяне паказалiся з свайго цылiндра, Стэнт i Оджылвi, папярэджваючы магчымасць сутыкнення, тэлеграфавалi з Хорсела ў казармы з просьбаю прыслаць салдатаў для таго, каб не дапусцiць насiлля з боку гэтых дзiўных iстотаў. Пасля гэтага яны вярнулiся на чале злашчаснай дэлегацыi. Людзi, якiя знаходзiлiся ў натоўпе, пасля апiсвалi iх смерць – яны бачылi тое ж самае, што i я: тры клубы зялёнага дыму, глухое гудзенне i ўспышкi полымя.
Аднак натоўпу гледачоў пагражала большая небяспека, чым мне. Iх выратаваў толькi пясчаны, парослы верасам пагорак, затрымаўшы частку цеплавых промняў. Калi б парабалiчнае люстра было паднята на некалькi ярдаў вышэй, не засталося б нiводнага жывога сведкi. Яны бачылi, як успыхваў агонь, як падалi людзi, як нябачная рука, запальваючы кустоўе, хутка наблiжалася да iх у прыцемках. Потым са свiстам, заглушыўшы гул з ямы, прамень блiснуў над iх галовамi; успыхнулi вершалiны букаў, акаймоўваючых дарогу; у блiжэйшым доме трэснулi цаглiны, разляцелiся шыбы, запалымнелi аконныя рамы i рухнула частка страхi.
Калi затрашчалi i загулi палаючыя дрэвы, ахоплены панiкай натоўп некалькi секундаў нерашуча таптаўся на месцы. На дарогу падалi iскры i недагаркi галля, кружылася вогненнае лiсце. Загаралiся капелюшы i спаднiцы. З пусткi даносiўся пранiзлiвы крык.
Крыкi i стогны злiвалiся ў аглушальны гул. Конны палiсмен, схапiўшыся рукамi за галаву, праскакаў сярод узбударажанага натоўпу, моцна крычучы.
– Яны iдуць! – крыкнуў жаночы голас, i, налягаючы на прысутных за спiной, людзi пачалi пракладваць сабе дарогу да Ўокiнга. Натоўп разбягаўся ўсляпую, як статак авечак. Там, дзе дарога станавiлася вузейшай i цямнейшай, памiж высокiмi насыпамi, адбылася адчайная даўка. Не абышлося без ахвяр: трое – дзве жанчыны i адзiн хлопчык – былi раздушаныя i затаптаныя; iх пакiнулi памiраць сярод цемры i страху.
VII
ЯК Я ДАБРАЎСЯ ДАДОМУ
Што да мяне, то я помню толькi, што натыкаўся на дрэвы i часта падаў, прабiраючыся праз кустоўе. Нада мною навiс нябачны страх; бязлiтасны цеплавы меч марсiянаў, здавалася, замахваўся, блiскаючы над маёй галавою, i вось-вось павiнен быў абрушыцца i дастаць мяне. Я выбраўся на дарогу памiж скрыжаваннем i Хорселам i пабег у бок скрыжавання.
У рэшце рэшт я стамiўся ад хвалявання i хуткага бегу, пахiснуўся i ўпаў ля дарогi, непадалёку ад моста цераз канал, каля газавага завода. Я ляжаў нерухома.
Праляжаў я так, мабыць, даволi доўга.
Я прыўзняўся i сеў у поўным недаўменнi. З хвiлiну не мог зразумець, як сюды трапiў. Я строс з сябе нядаўнi страх, як пыл з адзення. Капялюш мой знiк, i каўнерык саскочыў з запiнкi. Некалькi хвiлiнаў назад перада мною былi толькi ноч, прастора i прырода, мая бездапаможнасць, страх i блiзкасць смерцi. I цяпер усё адразу перамянiлася, мой настрой быў зусiм iншым. Пераход ад аднаго духоўнага стану ў другi адбыўся непрыкметна. Я стаў зноў самiм сабою, такiм, якi я бываў кожны дзень, – звычайны сцiрлы гараджанiн. Нямая пустка, мае ўцёкi, крылатае полымя – усё здавалася мне сном. Я дапытваўся ў сябе: цi было ўсё гэта на самой справе? Мне проста не верылася, што гэта сапраўды адбылося.
Я ўстаў i пайшоў па крутым пад'ёме моста. Галава не варыла. Мускулы i нервы расслабiлiся... Я хiстаўся, як п'яны. З другога боку выгнутага аркаю моста паказалася чыясьцi галава i паявiўся рабочы з карзiнаю. Побач з iм крочыў маленькi хлопчык. Рабочы прайшоў мiма, пажадаўшы мне добрай ночы. Я хацеў загаварыць з м i не мог. Я толькi адказаў на яго прывiтанне нейкiм абыякавым мармытаннем i пайшоў далей па мосце.
На павароце к Мэйбэры цягнiк – хвалiстая лента белага iскрыстага дыму i доўгая чарада светлых вакон – пранёсся на поўдзень: тук-тук... тук-тук... i знiк. Каля варотаў аднаго з дамоў, што ўтваралi так званую "Усходнюю тэрасу", размаўляла ледзь прыкметная група людзей. Усё гэта было так рэальна, так знаёма! Не тое, што там – у полi... Неверагодна, фантастычна! "Не, – падумаў я, – гэтага не магло быць".
Магчыма, я чалавек своеасаблiвы i мае адчуваннi не зусiм звычайныя. Калi-нiкалi я мучуся ад дзiўнага пачуцця адчуджанасцi ад самога сябе i вакольнага свету. Я быццам знутры назiраю за ўсiм аднекуль здалёк, па-за часам, па-за штодзённай барцьбой з яе трагедыямi. Такое адчуванне было вельмi моцнае ў тую ноч. Усё гэта, можа быць, мне проста падалося.
Тут такая цiхамiрнасць, а там, за якiясьцi дзве мiлi, iмклiвая, лятучая смерць. Газавы завод працаваў з шумам, i электрычныя лiхтары гарэлi ярка. Я спынiўся каля людзей, якiя размаўлялi.
– Якiя навiны з пусткi? – спытаў я.
Каля варот стаялi двое мужчын i жанчына.
– Што? – перапытаў адзiн з мужчын, павярнуўшыся.
– Якiя навiны з пусткi? – спытаў я.
– Хiба вы самi там не былi? – спыталi яны.
– Людзi, здаецца, звар'яцелi на гэтым пустыры, – сказала жанчына з-за варотаў. – Што яны там знайшлi?
– Хiба вы не чулi пра людзей з Марса? – сказаў я. – Пра жывых iстотаў з Марса?
– Наелiся па горла, – адказала жанчына з-за варотаў. – Дзякуй. – I ўсе трое засмяялiся.
Я апынуўся ў нiякаватым становiшчы. Раззлаваны, паспрабаваў расказаць iм пра тое, што бачыў, але ў мяне нiчога не выйшла. Яны толькi смяялiся з маiх блытаных фраз.
– Вы яшчэ пачуеце пра гэта! – крыкнуў я i пайшоў дамоў.
Я напалохаў жонку сваiм змучаным выглядам. Прайшоў у сталовую, сеў, выпiў крыху вiна i, сабраўшыся з думкамi, расказаў ёй усё, што адбылося. Падалi абед – ужо халодны, – але нам было не да яды.
– Толькi адно добра, – заўважыў я, каб супакоiць устрывожаную жонку. Гэта самыя непаваротлiвыя iстоты з усiх, якiя мне даводзiлася бачыць. Яны могуць поўзаць у яме i забiваць людзей, якiя падыдуць да iх блiзка, але яны не здолеюць адтуль вылезцi... Якiя яны страшэнныя!..
– Не гавары пра гэта, дарагi! – усклiкнула жонка, хмурачы бровы i кладучы сваю руку на маю.
– Бедны Оджылвi! – сказаў я. – Падумаць толькi, што, ён ляжыць там мёртвы!
Па крайняй меры, жонка мне паверыла. Я ўбачыў, што твар яе стаў смяртэльна бледны, i перастаў гаварыць аб гэтым.
– Яны могуць прыйсцi сюды? – паўтарала яна.
Я прымусiў яе выпiць вiна i пастараўся пераканаць.
– Яны ледзь-ледзь рухаюцца, – сказаў я.
Я пачаў супакойваць i яе i сябе, паўтараючы ўсё тое, што гаварыў мне Оджылвi аб немагчымасцi марсiян дастасавацца да зямных умоваў. Асаблiва я падкрэслiваў пра цяжкасцi, звязаныя з сiлай прыцяжэння. На паверхнi Зямлi сiла прыцяжэння ўтрая большая, чым на паверхнi Марса. Таму кожны марсiянiн на Зямлi будзе ў тры разы цяжэйшым, чым на Марсе, а мускульная сiла яго не павялiчваецца. Яго цела быццам налiваецца свiнцом. Такой была агульная думка. I "Таймс" i "Дэйлi тэлеграф" пiсалi пра гэта наступнай ранiцай, i абедзве газеты, як i я, не ўлiчвалi дзвюх iстотных акалiчнасцяў.
Атмасфера Зямлi, як вядома, утрымлiвае значна больш кiслароду i значна менш аргону, чым атмасфера Марса. Лiшак кiслароду, безумоўна, аказваў на марсiянаў жыватворны ўплыў. Гэта было ў процiвагу павялiчанаму цяжару цела. Да таго ж мы не ўлiчылi таго, што пры сваёй высокаразвiтай тэхнiцы марсiяне ў крайнiм выпадку змогуць абысцiся i без фiзiчных намаганняў.
Тым вечарам я пра гэта не думаў, таму мае довады супраць сiлы прышэльцаў здавалiся бясспрэчныя. Вiно i яда зрабiлi мяне за сваiм сталом больш смелым. Я адчуваў сябе бяспечна i стараўся заспакоiць сваю жонку.
– Яны дапусцiлi вялiкае глупства, – сказаў я, пацягваючы вiно. – Яны небяспечныя, таму што, мабыць, рэхнулiся ад страху. Можа, яны зусiм не спадзявалiся сустрэцца з жывымi iстотамi, асаблiва разумнымi iстотамi.
У крайнiм выпадку, падумаў я, адзiн добры снарад па яме, i ўсё скончыцца.
Моцная ўзбуджанасць – вынiк перажытых хваляванняў, – вiдаць, абвастрыла мае пачуццi. Я i цяпер вельмi добра помню гэты абед. Мiлы, растрывожаны твар жонкi, якi бачыўся мне з-пад ружовага абажура, белая сурвэта, серабро i крышталь (у тыя днi нават пiсьменнiкi i фiлосафы маглi дазволiць сабе некаторую раскошу), цёмна-чырвонае вiно ў шклянцы – усё гэта застыла ў маёй памяцi. Я сядзеў за сталом, пакурваючы папяросу для заспакаення нерваў, шкадаваў аб непрадуманым паступку Оджылвi i даказваў, што марсiянаў не трэба баяцца.
Гэтак жа магла разважаць якая-небудзь салiдная птушка на выспе св. Маўрыкiя, адчуваючы сябе поўным гаспадаром свайго гнязда, чакаючы прыбыцця бязлiтасных i галодных маракоў.
– Заўтра мы з iмi справiмся, мая дарагая!
Я не ведаў тады, што пасля гэтага майго культурнага абеду пачнуцца незвычайныя, страшныя падзеi.
VIII
У ПЯТНIЦУ ВЕЧАРАМ
Самым неверагодным з усяго дзiўнага i запамiнальнага, што адбылося ў тую пятнiцу, здаецца мне поўная неадпаведнасць памiж пастаянствам нашага грамадскага ўкладу i пачаткам таго ланцужка падзей, якiя павiнны былi ў аснове памяняць гэты ўклад. Калi б у тую пятнiцу вечарам можна было ўзяць цыркуль i акрэслiць круг радыусам у пяць мiляў вакол пясчанага кар'ера каля Ўокiнга, то я сумняваюся, цi аказаўся б хоць адзiн чалавек за яго межамi (хiба што акрамя сваякоў Стэнта i сваякоў веласiпедыстаў i лонданцаў, якiя ляжалi мёртвымi на пустцы), чый настрой i прывычкi не парушылi б прышэльцы. Безумоўна, многiя чулi аб цылiндры i разважалi аб iм у вольны час, але ён не рабiў уражання сенсацыi, якою б, скажам, мог быць ультыматум, прад'яўлены Германii.
Атрыманая ў Лондане тэлеграма бяднягi Гендэрсана пра развiнчванне цылiндра была ўспрынята як чутка; вячэрняя газета паслала яму тэлеграму з просьбай прыслаць пацвярджэнне i, не атрымаўшы адказу – Гендэрсан ужо быў мертвы, – рашыла не друкаваць экстрэннага выпуску.
Унутры круга радыусам у пяць мiляў большасць насельнiцтва не рабiла нiякiх захадаў. Я ўжо апiсваў, як паводзiлi сябе мужчыны i жанчыны, з якiмi мне даводзiлася гаварыць. Ва ўсёй акрузе мiрна палуднавалi i вячэралi, рабочыя пасля працоўнага дня поркалiся ў сваiх садках, клалi дзяцей спаць, моладзь парачкамi гуляла ў зацiшных алеях, вучнi сядзелi за сваiмi кнiгамi.
Вераемна, пра здарэнне пагаворвалi на вулiцах i пляткарылi ў пiўных; якi-небудзь вяшчун цi вiдавочца нядаўнiх падзей выклiкаў дзе-нiдзе хваляванне, бегатню i крык, але ў большасцi людзей жыццё iшло ўсталяваным з незапомных часоў парадкам: работа, яда, пiццё, сон – усё, як звычайна, быццам у небе i не было Марса. Нават на станцыi Ўокiнг, у Хорселi, у Чобхеме нiчога не змянiлася.
На вузлавой станцыi ва Ўокiнгу да позняй ночы спынялiся i адпраўлялiся цi пераводзiлiся на запасныя пуцi цягнiкi; пасажыры выходзiлi з вагонаў цi чакалi цягнiка – усё iшло сваiм парадкам. Хлапчук з горада, парушаючы манаполiю мясцовага газетчыка Смiта, прадаваў вячэрнюю газету. Грукат таварных саставаў, рэзкiя свiсткi паравозаў заглушалi яго крыкi пра "людзей з Марса". Каля дзевятай гадзiны на станцыю пачалi прыбываць усхваляваныя вiдавочцы з сенсацыйнымi навiнамi, але яны зрабiлi не большае ўражанне, чым п'яныя, балбочучы ўсякае глупства. Пасажыры, якiя iмчалiся ў Лондан, глядзелi ў цемру з вагонных вокнаў, бачылi ў паветры рэдкiя iскры каля Хорсела, чырвоны водблiск i цёмную павалоку дыму, якая засцiла зоры, i думалi, што нiчога асаблiвага не здарылася, што гэта гарыць верас. Толькi на ўскрайку пусткi можна было заўважыць пэўную панiку. А на ўскраiне Ўокiнга гарэлi некалькi дамоў. У вокнах трох блiжэйшых да пусткi будынкаў свяцiлiся агнi, i жыхары не клалiся спаць да свiтання.
На Чобхемскiм i Хорсельскiм мастах усё яшчэ тоўпiлiся цiкаўныя. Адзiн цi два смельчакi, як пасля стала вядома, адважылiся ў цемнаце падпаўзцi зусiм блiзка да марсiянаў. Назад яны не вярнулiся, бо светлавы прамень, накшталт пражэктара ваеннага карабля, час ад часу асвятляў пустку, а следам за iм "крочыў" цеплавы прамень. Шырокая пустка была цiхая i бязлюдная, i ўсю ноч пад зорным небам i ўвесь наступны дзень ляжалi там абгарэлыя непрыбраныя целы. З ямы даносiўся металiчны стук.
Такое самае становiшча было ў пятнiцу вечарам. У скураное покрыва нашай старой планеты Зямлi, атручанай стралой, урэзаўся цылiндр. Але яд толькi яшчэ пачынаў дзейнiчаць. Наўкол рассцiлалася пустка, а чорныя, скурчаныя трупы, раскiданыя на ёй, былi ледзь бачныя; дзе-нiдзе тлеў верас i кустоўе. Далей – пралягала вузкая зона, дзе панаваў перапалох, i за гэту рысу пажар яшчэ не распаўсюдзiўся. У астатнiм свеце плынь жыцця кацiлася гэтаксама, як яна кацiлася з незапомных часоў. Лiхаманка вайны, якая павiнна была закаркаваць яе вены i артэрыi, усмерцiць нервы i разбурыць мозг, толькi пачыналася.
Усю ноч марсiяне нястомна працавалi, стукалi нейкiмi iнструментамi, прыводзячы ў гатоўнасць свае машыны; сяды-тады ўзвiвалiся ў зорнае неба ўспышкi зеленавата-белага дыму.
К адзiнаццацi гадзiнам праз Хорсел прайшла рота салдатаў i ачапiла пустку. Пазней праз Чобхем прайшла другая рота i ачапiла пустку з паўночнага боку. Некалькi афiцэраў з Iнкерманскiх казармаў ужо раней пабывалi на пустцы i адзiн з iх, маёр Iдэн, знiк без вестак. Апоўначы камандзiр палка паявiўся каля Чобхемскага моста i пачаў распытваць натоўп. Ваенныя ўлады, вiдаць, зразумелi сур'ёзнасць сiтуацыi. К адзiнаццацi ранiцы, як на наступны дзень паведамiлi газеты, эскадрон гусараў i каля чатырохсот салдатаў Кардзiганскага палка з двумя кулямётамi "максiм" выступiлi з Олдэршота.
Праз некалькi секундаў пасля апоўначы натоўп на дарозе ў Чэртсi паблiзу Ўокiнга ўбачыў метэарыт, якi ўпаў у сасновы лес на паўночным захадзе. Ён падаў, блiскаючы зеленаватым святлом, накшталт летняй маланкi. Гэта быў другi цылiндр.
IX
БIТВА ПАЧЫНАЕЦЦА
Субота, наколькi мне помнiцца, прайшла трывожна. Гэта быў пакутлiвы дзень, гарачы i душны; барометр, як мне сказалi, то хутка падаў, то падымаўся. Я амаль не спаў – жонцы пашанцавала заснуць, – i падняўся рана. Перад снеданнем выйшаў у сад i пастаяў там, прыслухоўваючыся: з пусткi даносiлiся толькi трэлi жаўранкаў.
Малочнiк паявiўся як звычайна. Я пачуў скрып яго цялежкi i падышоў да веснiчкаў пачуць апошнiя навiны. Ён расказаў мне, што ноччу марсiянаў акружылi войскi i што чакаюць артылерыю. Следам за гэтым пачуўся знаёмы супакойлiвы грукат цягнiка, якi праносiўся ў бок Уокiнга.
– Iх не будуць забiваць, – сказаў малочнiк, – калi толькi можна будзе абысцiся без гэтага.
Я ўбачыў свайго суседа ў садзе, паталкаваў з iм крыху i пайшоў снедаць. Ранiца была самая звычайная. Мой сусед быў упэўнены, што войскi захопяць у палон марсiянаў або знiшчаць iх у той жа дзень.
– Шкада, што яны такiя непрыступныя, – заўважыў ён. – Было б цiкава даведацца, як яны жывуць на сваёй планеце. Мы маглi чаму-небудзь навучыцца.
Ён пайшоў да плота i падаў мне жменю трускалак – ён быў дбайны i шчыры садоўнiк. Пры гэтым ён паведамiў мне пра лясны пажар каля Байфлiдскага поля для гольфа.
– Кажуць, там упала другая такая ж самая штука, нумар другi. Але ж з нас дастаткова i першай, страхавым таварыствам гэта абыдзецца не танна, сказаў ён i дабрадушна засмяяўся. – Лясы ўсё яшчэ гараць. – I ён паказаў на дымавую заслону. – Торф i хвоя будуць тлець некалькi дзён, – дадаў ён i, уздыхнуўшы, загаварыў пра "бяднягу Оджылвi".
Паснедаўшы, замест таго, каб сесцi за працу, я вырашыў пайсцi на пустку. Каля чыгуначнага моста я ўбачыў групу салдатаў – гэта былi, здаецца, сапёры – у маленькiх круглых шапачках, брудных чырвоных расшпiленых мундзiрах, з-пад якiх вiднелiся блакiтныя кашулi, у чорных штанах i ў ботах да каленяў. Яны паведамiлi мне, што за канал нiкога не пускаюць. Зiрнуўшы на дарогу ў напрамку моста, я ўбачыў вартавога, салдата Кардзiганскага палка. Я загаварыў з салдатамi, расказаў iм пра марсiянаў, якiх я ўчора бачыў. Салдаты ж яшчэ iх не бачылi, вельмi цьмяна iх уяўлялi, засыпаючы мяне пытаннямi. Сказалi, што не ведаюць, хто загадаў рушыць войскi; салдаты думалi, што адбылiся хваляваннi Коннай гвардыi. Сапёры, больш дасведчаныя, чым простыя салдаты, прафесiйна абмяркоўвалi незвычайныя ўмовы магчымай бiтвы. Я расказаў iм пра цеплавы прамень, i яны пачалi спрачацца.
– Падпаўзцi да iх пад страхоўкай i атакаваць, – сказаў адзiн.
– Нiчога падобнага! – адказаў другi. – Чым жа можна засцерагчыся ад такой гарачынi? Сушняком – каб лепш спячыся? Трэба падысцi да iх як мага блiжэй i выкапаць сховiшчы.
– К чорту сховiшчы! Ты толькi i ведаеш што сховiшчы. Табе б нарадзiцца баязлiўцам, Снiпi!
– Дык у iх зусiм, значыць, няма шыi? – спытаў раптам трэцi – маленькi, задуменны, смуглы салдат з люлькай у зубах.
Я яшчэ раз апiсаў марсiянаў.
– Накшталт васьмiногаў, – сказаў ён. – Значыць, з рыбамi ваяваць будзем.
– Забiць такiх пачвараў – гэта нават не грэх, – сказаў першы салдат.
– Пусцiць у iх снарад, ды i прыкончыць разам, – прапанаваў маленькi смуглы салдат. – А то яны яшчэ чаго-небудзь натвораць.
– Дзе ж твае снарады? – запярэчыў першы. – Чакаць нельга. Па-мойму, iх трэба атакаваць, ды чым хутчэй.
Так размаўлялi салдаты. Неўзабаве я пакiнуў iх i пайшоў на станцыю па ранiшнiя газеты.
Я баюся надакучыць чытачу апiсаннем гэтай нуднай ранiцы i яшчэ больш нуднага дня. Мне не давялося зiрнуць на пустку, бо нават званiцы ў Хорселi i Чобхеме былi ў руках ваенных уладаў. Салдаты, да якiх я звяртаўся, самi нiчога толкам не ведалi. Афiцэры былi вельмi занятыя i таямнiча маўчалi. Жыхары адчувалi сябе ў поўнай бяспецы пад аховай войскаў. Маршал, гандляр тытунём, паведамiў мне, што яго сын загiнуў каля ямы. На ўскраiнах Хорсела ваеннае начальства загадала жыхарам заперцi i пакiнуць свае дамы.
Я вярнуўся апоўднi, каля дзвюх гадзiнаў, крайне стомлены, бо дзень, як я ўжо сказаў, быў гарачы i душны; каб асвяжыцца, я прыняў халодны душ. А палове пятай я адправiўся на чыгуначную станцыю па вячэрнюю газету, бо ў ранiшнiх газетах было толькi вельмi недакладнае апiсанне гiбелi Стэнта, Гендэрсана, Оджылвi i iншых. Але i вячэрнiя газеты нiчога новага не паведамлялi. Марсiяне не паказвалiся. Яны, вiдаць, чымсьцi былi занятыя ў сваёй яме, i адтуль, як i раней, даносiўся металiчны стук i ўвесь час вырывалiся клубы дыму. "Новыя спробы ўстанавiць кантакт пры дапамозе сiгналаў аказалiся безвынiковымi", – стэрэатыпна паведамлялi газеты. Адзiн з сапёраў сказаў мне, што хтосьцi, стоячы ў канаве, падняў сцяг на доўгiм дрэўку. Але марсiяне надалi гэтаму столькi ўвагi, колькi б мы надалi ўвагi рыканню каровы.
Мушу прызнацца, што гэтыя ваенныя рыхтункi моцна ўсхвалявалi мяне. Маё ўяўленне разыгралася, i я прыдумваў усякiя магчымыя спосабы знiшчэння няпрошаных гасцей; я, як школьнiк, марыў аб баталiях i воiнскiх подзвiгах. Тады мне здавалася, што барацьба з марсiянамi няроўная. Яны ж так бездапаможна барахталiся ў сваёй яме.
Каля трэцяй гадзiны з боку Чэртсi цi Адлстона пачуўся гул – пачаўся абстрэл сасновага лесу, куды ўпаў другi цылiндр, – з мэтай разбурыць яго перш, чым ён раскрыецца. Але палявая зброя для абстрэлу першага цылiндра марсiянаў прыбыла ў Чобхем толькi к пятай гадзiне.
У шэсць гадзiн, калi мы з жонкай пiлi гарбату, жыва абмяркоўваючы распачатую бiтву, з боку пусткi пачуўся глухi выбух, i следам блiснуў агонь. Праз некалькi секундаў раздаўся грукат так блiзка ад нас, што нават зямля задрыжала. Я выбег у сад i ўбачыў, што вершалiны дрэваў вакол усходняга каледжа ахоплены дымным чырвоным полымем, а званiца невялiкай царквы, што стаяла побач, абвальваецца. Вежа ў стылi мiнарэта знiкла, i страха каледжа мела такi выгляд, быццам па ёй стралялi стотоннай зброяй. Труба на нашым доме трэснула, як быццам у яе трапiў снарад. Рассыпаючыся, абломкi яе пракацiлiся па чарапiцы, i вокамгненна паявiлася груда чырвоных чарапкоў на клумбе, пад акном майго кабiнета.
Мы з жонкай стаялi збянтэжаныя i напалоханыя. Потым я даўмеўся, што паколькi каледж разбураны, то вяршыня Мэйбэры-Хiла апынулася ў радыусе дзеяння цеплавога промня марсiянаў.
Схапiўшы жонку за руку, я пацягнуў яе на дарогу. Потым я выклiкаў з дому служанку; я паабяцаў ёй, што сам схаджу наверх па яе куфар, якi яна нiяк не хацела пакiнуць.
– Тут заставацца нельга, – сказаў я.
У той жа час з пусткi зноў пачуўся гул.
– Але куды ж мы пойдзем? – спытала яна ў роспачы.
З хвiлiну я нiчога не мог прыдумаць. Потым успомнiў пра яе сваякоў у Лезерхэдзе.
– Лезерхэд! – крыкнуў я.
Яна паглядзела на адхон пагорка. Напалоханыя людзi выбягалi з дамоў.
– Як жа нам дабрацца да Лезерхэда? – спытала яна.
Каля падножжа пагорка я ўбачыў атрад гусараў, якi праязджаў пад чыгуначным мостам. Трое з iх уехалi ў адчыненыя вароты Ўсходняга каледжа; двое пачалi абыходзiць суседнiя дамы. Сонца, якое праглядвала праз дым ад палымнеючых дрэваў, здавалася крывава-чырвоным i адкiдвала злавеснае святло на ўсё наваколле.
– Стойце тут, – сказаў я. – Вам тут нiшто не пагражае.
Я пабег у карчму "Плямiсты сабака", бо ведаў, што ў гаспадара ёсць конь i двухкалёсная брычка. Я спяшаўся, адчуваючы, што неўзабаве пачнуцца масавыя ўцёкi жыхароў з нашага боку пагорка. Гаспадар карчмы стаяў каля касы; ён i не падазраваў, што робiцца вакол. Нейкi чалавек, стоячы да мяне спiной, з iм размаўляў.
– Менш за фунт не вазьму, – заявiў карчмар. – Ды i везцi няма каму.
– Я даю два, – сказаў я цераз плячо незнаёмага.
– За што?
– I прывязу назад апоўначы, – дадаў я.
– Божа! – усклiкнуў карчмар. – Якая спешка! Два фунты i самi прывезяце назад? Што ж адбываецца?
Я таропка растлумачыў, што вымушаны ехаць з дому i наняў, такiм чынам, брычку. У той час я i не падумаў, што карчмару самому трэба было б пакiнуць сваё жыллё. Я сеў у двухколку, пад'ехаў да свайго саду i, пакiнуўшы яе пад назiркам жонкi i служанкi, забег у дом i спакаваў самыя дарагiя рэчы, сталовае серабро i да таго падобнае. Букавыя дрэвы перад домам разгарэлiся яркiм полымем, а краты агароджы накалiлiся дачырвана. Да нас спешна падбег гусар. Ён заходзiў у кожны дом i папярэджваў жыхароў, каб яны выбiралiся. Ён ужо пабег далей, калi я выйшаў на ганак са сваiм скарбам, завязаным у сурвэтку.
– Што новага? – крыкнуў я наўздагон.
Ён павярнуўся, паглядзеў на мяне i крыкнуў, як мне пачулася: "Вылазяць з ямы ў нейкiх штуках накшталт супавай мiскi", – i пабег к дому на вяршынi гары. Раптам хмара чорнага дыму завалакла дарогу i на хвiлiну схавала яго. Я пабег да дзвярэй суседа i пастукаўся, каб пераканацца, цi паехаў ён з жонкай у Лондан, як мне сказалi, i цi замкнуў кватэру. Потым зноў зайшоў у кватэру, успомнiўшы пра куфар служанкi, выцягнуў яго, прывязаў к задку двухколкi i, ухапiўшы лейцы, ускочыў на казлы. Праз хвiлiну мы выехалi з дыму, грукат застаўся ўжо ззаду; мы хутка спускалiся па супрацьлеглым схiле Мэйбэры-Хiла да Старога Ўокiнга.
Перад намi рассцiлаўся мiрны пейзаж – асветленыя сонцам пшанiчныя палеткi абапал дарогi i гасцiнiца Мэйбэры з няўстойлiвай вывескай. Паперадзе ехаў доктар у сваiм экiпажы. Ля падножжа гары я азiрнуўся, каб паглядзець на яе апошнi раз. Густыя слупы чорнага дыму, прарэзаныя чырвонымi языкамi полымя, падымалiся ў нерухомым паветры, адкiдваючы чорныя ценi на зялёныя вершалiны дрэваў. Дым рассцiлаўся далёка на ўсход i на захад, да сасновых лясоў Байфлiта на ўсходзе i да Ўокiнга на захадзе. Дарога за намi была ўсеяна ўцекачамi. Глуха, але выразна ў гарачым нерухомым паветры раздаваўся трэск кулямёта, потым ён раптоўна змоўк, i пачулася ружэйная стральба. Напэўна, марсiяне падпальвалi ўсё, што знаходзiлася ў сферы дзеяння iх цеплавога промня.
Я кепскi фурман i таму ўсю сваю ўвагу засяродзiў на канi. Калi я зноў павярнуўся, другая гара таксама была зацягнута чорным дымам. Я пусцiў каня рыссю i паганяў яго, пакуль Уокiнг i Сэнд не аддзялiлi нас ад гэтага сполаху i жаху. Я мiнуў доктара памiж Уокiнгам i Сэндам.