355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Герберт Джордж Уэллс » Вайна сусветаў (на белорусском языке) » Текст книги (страница 7)
Вайна сусветаў (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 8 октября 2016, 23:19

Текст книги "Вайна сусветаў (на белорусском языке)"


Автор книги: Герберт Джордж Уэллс



сообщить о нарушении

Текущая страница: 7 (всего у книги 10 страниц)

Першы дом, у якi мы пранiклi праз вакно, аказаўся невялiкаю вiлай з напалову сарваным дахам; я не мог знайсцi там нiчога паесцi, акрамя куска заплесневелага сыру. Затое там была вада i можна было напiцца; на вочы мне трапiла сякера, i я захапiў яе, яна, можа, прыдасца нам пры ўзломе другога дома.

Мы падышлi да таго месца, дзе дарога паварочвае на Мортлейк. Тут сярод абнесенага сцяною саду стаяў белы дом; у кладоўцы мы знайшлi запас прадуктаў: два боханы хлеба, кусок сырога мяса i паўшынкi. Я пералiчваю ўсё гэта так падрабязна таму, што ў прамежку двух наступных тыдняў нам давялося карыстацца гэтым запасам. На палiцах мы знайшлi бутэлькi з пiвам, два мяшкi фасолi i пучок салаты. Кладоўка выходзiла ў памяшканне для мыцця пасуды, дзе ляжалi дровы i стаяў буфет. У буфеце мы знайшлi амаль дзюжыну бургундскага, мясныя i рыбныя кансервы i дзве бляшанкi з бiсквiтам.

Мы сядзелi ў цёмнай кухнi, бо баялiся запалiць агонь, елi хлеб з вяндлiнаю i пiлi з адной бутэлькi. Святар, гэткi ж пужлiвы i неспакойны, чамусьцi стаяў за тое, каб хутчэй iсцi, i я ледзь угаварыў яго падмацавацца. Ды тут адбылася падзея, якая ператварыла нас у палонных.

– Вiдаць, да апоўначы яшчэ далёка, – сказаў я, i тут раптам блiснула асляпляльнае зялёнае святло. Уся кухня асвяцiлася на iмгненне зялёным бляскам. Пасля пачуўся такi ўдар, якога я нiколi не чуў, нi раней, нi пасля. Пачуўся звон разбiтага шкла, грукат каменнай кладкi, пасыпалася тынкоўка, разбiваючыся на дробныя кускi аб нашы галовы. Я павалiўся на падлогу, стукнуўшыся аб выступ печы, i ляжаў аглушаны. Святар гаварыў, што я доўга быў у непрытомнасцi. Калi я апрытомнеў, вакол зноў было цёмна i святар пырскаў на мяне вадою; яго твар быў мокры ад крывi, якая, як я потым разгледзеў, цякла з рассечанага лба.

На працягу некалькiх хвiлiн я не мог уцямiць, што здарылася. Нарэшце памяць мала-памалу вярнулася да мяне. Я адчуў на вiску боль.

– Вам лепш? – шэптам спытаў святар.

Я не адразу адказаў яму. Потым прыўзняўся i сеў.

– Не рухайцеся, – сказаў ён, – падлога засеяна асколкамi пасуды з буфета. Вы можаце рухацца бясшумна, яны зусiм побач.

Мы сядзелi так цiха, што кожны слухаў дыханне другога. Магiльная цiшыня; толькi раз аднекуль упаў не то кусок тынкоўкi, не то цаглiна.

Звонку, дзесьцi блiзка чулася металiчнае пастукванне.

– Чуеце? – сказаў святар, калi гук паўтарыўся.

– Так, – адказаў я. – Але што гэта такое?

– Марсiянiн! – прашаптаў святар.

Я зноў прыслухаўся.

– Гэта быў не цеплавы прамень, – сказаў я i падумаў, што адзiн з баявых трыножкаў трапiў на дом. На маiх вачах трыножак наляцеў на царкву ў Шэпертоне.

Чакаючы, што будзе далей, мы прасядзелi нерухома каля трох гадзiн, пакуль не развiднела. Нарэшце святло пранiкла да нас, але не праз акно, якое заставалася цёмным, а праз трохвугольную адтулiну ў сцяне ззаду, памiж бэлькай i кучай цаглiн, якiя абсыпалiся. У шэрым ранiшнiм змроку мы ўпершыню разгледзелi кухню.

Акно было завалена рыхлай зямлёю, якая насыпалася на стол, дзе мы вячэралi, i пакрывала падлогу. Звонку зямля была ўзрыхлена i, вiдаць, засыпала дом. У верхняй частцы ваконнай рамы вiдаць была скурожаная дажджавая труба. Падлога была засыпана металiчнымi абломкамi. Канец кухнi, блiжэйшы да жылых пакояў, асеў, i калi развiднела, нам стала ясна, што большая частка дома разбурана. Рэзкiм кантрастам з гэтымi развалiнамi была чысценькая кухонная шафа, пафарбаваная ў бледна-зялёны колер, шпалеры ў белых i блакiтных квадратах i дзве размаляваныя карцiнкi на сцяне.

Калi зусiм развiднела, мы праз шчылiну ўбачылi марсiянiна, якi стаяў, як я потым зразумеў, на варце над яшчэ не астылым цылiндрам. Мы асцярожна папаўзлi з зацемненай кухнi ў цёмнае памяшканне для мыцця посуду.

Раптам я зразумеў, што здарылася.

– Пяты цылiндр, – прашаптаў я, – пяты выстрал з Марса трапiў у гэты дом i пахаваў нас пад развалiнамi!

Святар доўга маўчаў, потым прашаптаў:

– Божа, памiлуй нас!

I пачаў штосьцi мармытаць сам сабе.

Было цiха, мы сядзелi, затаiўшыся ў пасудамыйцы. Я баяўся нават дыхнуць i затаiўся, пiльна ўглядаючыся на слаба асветлены чатырохвугольнiк кухонных дзвярэй. Я ледзь мог разгледзець твар святара – няясную акругласць, яго каўнерык i манжэты. Звонку пачуўся звон металу, потым рэзкi свiст i шыпенне, нiбы ў паравой машыны. Усе гэтыя загадкавыя для нас гукi чулiся бесперапынна, з кожным разам узмацняючыся i нарастаючы. Раптам пачуўся нейкi мерны дрыжачы гук, ад якога ўсё навокал задрыжала i пасуда ў буфеце зазвiнела. Святло змеркла, i кухонныя дзверы сталi зусiм цёмныя. Так мы сядзелi гадзiнамi, маўклiвыя, дрыжалi, пакуль нарэшце не заснулi ад стомы...

Я прачнуўся, адчуваючы моцны голад. Магчыма, мы праспалi большую частку дня. Голад надаў мне рашучасцi. Я сказаў святару, што адпраўляюся на пошукi ежы, i папоўз у бок кладоўкi. Ён нiчога не адказаў, але як толькi пачуў, што я пачаў есцi, таксама прыпоўз да мяне.

II

У РАЗБУРАНЫМ ДОМЕ

Наеўшыся, мы папаўзлi назад у пасудамыйку, дзе я, вiдаць, зноў задрамаў, а прачнуўшыся, высветлiў, што адзiн. Вiбрыруючы гул прадаўжаўся, не аслабяваючы, з раздражняльнай упартасцю. Я некалькi разоў шэптам паклiкаў святара, потым папоўз да дзвярэй кухнi. У дзённым святле я ўбачыў святара ў другiм канцы пакоя: ён ляжаў каля трохвугольнай адтулiны, якая выходзiла на двор, да марсiянаў. Яго плечы былi прыўзнятыя, галавы не было вiдаць.

Шум быў, як у паравозным дэпо, i ўвесь дом хадзiў ходырам ад яго. Праз адтулiну ў сцяне я бачыў вяршыню дрэва, асветленую сонцам, i палоску яснага блакiтнага вячэрняга неба. З хвiлiну я глядзеў на святара, пасля падкраўся блiжэй, асцярожна пераступаючы цераз асколкi шкла i чарапкi.

Я крануў святара за нагу. Ён так уздрыгнуў, што ад вонкавай тынкоўкi з трэскам адвалiўся вялiкi кусок. Я схапiў святара за руку, баючыся, што ён закрычыць, i мы абодва затаiлiся. Пасля я павярнуўся паглядзець, што засталося ад нашага сховiшча. Абваленая тынкоўка ўтварыла новую адтулiну ў сцяне; асцярожна ўскарабкаўшыся на бэльку, я выглянуў – ледзь пазнаў прыгарадную дарогу, так усё навокал змянiлася.

Пяты цылiндр трапiў, вiдаць, у той дом, куды мы заходзiлi спачатку. Забудова зусiм знiкла, ператварылася ў пыл i разляцелася. Цылiндр ляжаў глыбока ў зямлi, у яме, больш шырокай, чым яма каля Ўокiнга, у якую я ў свой час зазiраў. Зямля навокал нiбы распляскалася ад страшэннага ўдару ("распляскалася" – самае ўдалае слова) i засыпала суседнiя дамы; такою ж была б карцiна, калi б стукнулi малатком па гразi. Наш дом завалiўся назад; пярэдняя частка была разбурана дарэшты. Кухня i пасудамыйка ўцалелi нейкiм цудам i былi засыпаны тонамi зямлi i смецця з усiх бакоў, акрамя аднаго, якi быў звернуты да цылiндра. Мы вiселi на краi вялiзнай ямы, дзе працавалi марсiяне. Цяжкiя стукi чулiся, вiдаць, ззаду нас; ярка-зялёная пара ўздымалася з ямы i ахутвала шэранню нашу адтулiну.

Цылiндр быў ужо адкрыты, а ў дальнiм канцы ямы, сярод вырваных i засыпаных пяском кустоў, стаяў пусты баявы трыножак – агромнiсты металiчны каркас, якi рэзка выступаў на фоне вячэрняга неба. Я пачаў сваё апiсанне з ямы i цылiндра, хоць у першую хвiлiну мая ўвага была адцягнута дзiвоснай блiскотнай машынаю, якая капала зямлю, i дзiўнымi непаваротлiвымi iстотамi, якiя няўклюдна кешкалiся каля яе ў рыхлай зямлi.

Мяне перш за ўсё зацiкавiў гэты механiзм. Гэта была адна з тых складаных машын, якiя назвалi пасля мнагарукiмi i вывучэнне якiх дало такi магутны штуршок тэхнiчным вынаходнiцтвам. На першы погляд яна была падобна на металiчнага павука з пяццю суставачнымi рухомымi лапамi i з мноствам суставачных рычагоў i хапальных шчупальцаў вакол корпуса. Большая частка рук гэтай машыны была ўцягнута, але трыма доўгiмi шчупальцамi яна схоплiвала металiчныя палкi, кii i лiсты – вiдаць, аблiцоўку бранi цылiндра. Машына выцягвала, падымала i складвала ўсё гэта на роўную пляцоўку за ямаю.

Усе рухi былi настолькi хуткiя, складаныя i дасканальныя, што спярша я нават не палiчыў яе за машыну, нягледзячы на металiчны бляск. Баявыя трыножкi былi таксама надзiва дасканалыя i здавалiся жывымi, аднак яны былi нiшто ў параўнаннi з гэтай. Людзi, якiя ведалi гэтыя машыны толькi па малюнках цi па няпоўных аповедах вiдавочцаў, наўрад цi змогуць уявiць сабе гэтыя амаль жывыя механiзмы.

Я нагадаў iлюстрацыю ў брашуры, якая давала падрабязнае апiсанне вайны. Мастак, вiдаць, вельмi павярхоўна азнаёмiўся з адной з баявых машын. Ён падаў iх у выглядзе непаваротлiвых нахiльных трыножкаў, пазбаўленых гнуткасцi i лёгкасцi, з аднастайнымi дзеяннямi. Брашура з гэтымi iлюстрацыямi нарабiла шмат шуму, але я ўспамiнаю пра iх толькi для таго, каб чытачы не атрымалi недакладнага ўяўлення.

Iлюстрацыi былi не больш падобныя на тых марсiянаў, якiх я бачыў, чым васковая лялька на чалавека. Па-мойму, гэтыя малюнкi толькi сапсавалi гэту брашуру.

Як я ўжо казаў, мнагарукая машына спярша падалася мне не машынаю, а нейкаю iстотаю накшталт краба з блiскотнаю абалонкаю; цела марсiянiна, тонкiя шчупальцы якога рэгулявалi ўвесь рух машыны, я ўспрыняў за нешта падобнае да мазгавога прыдатка. Затым я заўважыў тое самае шэравата-бледнае скураное блiскотнае покрыва на iншых целах, якiя кешкалiся вакол, i разгадаў таямнiцу неверагоднага механiзма. Пасля гэтага я ўсю сваю ўвагу звярнуў на жывых, сапраўдных марсiянаў. Я ўжо мiмалётна бачыў iх, але цяпер агiда не перашкаджала маiм назiранням, акрамя таго, я назiраў за iмi з-за прыкрыцця, а не так, як у момант спешных уцёкаў.

Цяпер я разгледзеў, што ў гэтых iстотах не было нiчога зямнога. Гэта былi вялiкiя круглыя целы, хутчэй галовы, каля чатырох футаў у дыяметры, з нейкiм падабенствам твару. На гэтых тварах не было ноздраў (марсiяне, здаецца, не мелi органаў нюху), толькi два вялiкiя цёмныя вокi i нешта накшталт мясiстай дзюбы пад iмi. Ззаду на гэтай галаве або целе (я, праўда, не ведаю, як гэта назваць) знаходзiлася тугая перапонка, якая адпавядала (гэта выявiлi пазней) нашаму вуху, хоць яна, магчыма, была непатрэбнаю ў нашай згушчанай атмасферы. Каля рота тырчалi шаснаццаць тонкiх, падобных на бiчы, шчупальцаў, падзеленых на два пучкi – па восем шчупальцаў у кожным. Гэтыя пучкi вядомы анатам прафесар Хоўс даволi ўдала назваў рукамi. Калi я ўпершыню ўбачыў марсiянаў, мне падалося, што яны старалiся абапiрацца на гэтыя рукi, але, вiдаць, iм перашкаджала вага цела, якая ў зямных умовах павялiчвалася. Можна меркаваць, што на Марсе яны даволi лёгка перамяшчаюцца пры дапамозе гэтых шчупальцаў.

Унутраная анатамiчная будова марсiянаў, як паказалi пазней ускрыццi, была зусiм нескладанай. Большую частку iх цела займаў мозг з адгалiнаваннямi тоўстых нерваў да вачэй, вуха i чуллiвых шчупальцаў. Акрамя таго, былi знойдзены даволi складаныя органы дыхання – лёгкiя – i сэрца з крываноснымi сасудамi. Узмоцненая работа лёгкiх з прычыны больш шчыльнай зямной атмасферы i павелiчэння сiлы прыцягнення была вiдавочнай нават па канвульсiўных рухах скуры марсiянаў.

Такiм быў арганiзм марсiянаў. Нам можа здацца дзiўным, што ў iх абсалютна не было прыкметаў складанага апарата для стрававання, якi з'яўляецца адной з галоўных частак нашага арганiзма. Яны мелi толькi галаву. У iх не было ўнутранасцяў. Яны не елi, не пераварвалi страву. Замест гэтага яны бралi свежую жывую кроў iншых арганiзмаў i ўпырсквалi сабе ў вены. Я сам бачыў, як яны гэта рабiлi, i ўспомню пра гэта ў свой час. Пачуццё агiды перашкаджае мне падрабязна апiсаць тое, на што я не мог нават глядзець. Справа ў тым, што марсiяне, упырскваючы сабе невялiкай пiпеткаю кроў, у большасцi выпадкаў чалавечую, бралi яе непасрэдна з жылаў жывой iстоты...

Адна толькi думка пра гэта здаецца нам дзiкунскай, але ў той жа час я мiжволi думаю, якою агiднаю павiнна падацца наша звычка харчавацца мясам, скажам, трусу, якi раптам навучыўся думаць.

Нельга адмаўляць фiзiялагiчных перавагаў спосабу iн'екцыi, калi ўспомнiць, як многа часу i энергii губляе чалавек на яду. Наша цела напалову складаецца з залозаў, каналаў для перапрацоўкi ежы i iншых органаў, занятых перагонкаю ежы ў кроў. Уплыў працэсаў перапрацоўкi ежы на нервовую сiстэму падрывае нашы сiлы, адбiваецца на нашай псiхiцы. Людзi шчаслiвыя або няшчасныя ў залежнасцi ад здароўя печанi цi падстраўнiкавай залозы. Марсiяне ж не адчуваюць гэтых уплываў на настрой i эмоцыi.

Тое, што марсiяне бачылi ў людзях крынiцу харчавання, часткова тлумачыцца прыродаю тых ахвяраў, якiх яны прывезлi з сабою з Марса ў якасцi правiянту. Гэтыя iстоты, калi меркаваць па тых высахлых астанках, што трапiлi ў людскiя рукi, таксама былi двуногiмi, з нетрывалым крэмнiстым шкiлетам (накшталт нашых крэмнiстых губак) i слабаразвiтай мускулатураю; яны былi каля шасцi футаў ростам, з круглаю галавою i вялiкiмi вачыма ў крэмнiстых упадзiнах. У кожным цылiндры было, здаецца, па дзве цi па тры такiя iстоты, але ўсе яны былi забiты яшчэ да прыбыцця на Зямлю. Яны ўсё роўна загiнулi б на Зямлi, бо як толькi б паспрабавалi ўстаць на ногi, зламалi б сабе косцi.

Калi я ўжо пачаў гэта апiсанне, то дадам тут пэўныя падрабязнасцi, што ў той час не былi вядомыя для нас i якiя памогуць нашаму чытачу мець больш яснае ўяўленне пра гэтых грозных марсiянаў.

У трох адносiнах iх фiзiялогiя рэзка адрознiвалася ад нашай. Iх арганiзм быў пастаянна бадзёры, як людское сэрца, не ведаў сну. Iм не трэба было адпачываць пасля мускульнага напружання, яны перыядычна дзейнiчалi, без спачыну. Яны нiколi не стамлялiся. На Зямлi яны перамяшчалiся з вялiкiмi намаганнямi, але нават i тут яны пастаянна дзейнiчалi. Як мурашкi, яны працавалi ўсе дваццаць чатыры гадзiны ў суткi.

Па-другое, марсiяне былi бясполымi i таму не ведалi тых бурных эмоцый, якiя ўзнiкаюць у людзей з прычыны розных полаў. Дакладна ўстаноўлена, што на Зямлi ў час вайны нарадзiўся адзiн марсiянiн; ён быў знойдзены на целе свайго продка – адпачкаваўся, як маладыя лiлii з цыбулiнаў цi маладыя арганiзмы прэснаводнага палiпа.

Чалавек i ўсе вышэйшыя вiды зямных жывёлiнаў так не размнажаюцца, гэты спосаб размнажэння лiчыцца самым прымiтыўным. У нiжэйшых, канчаючы абалонкавымi, якiя стаяць блiжэй да пазваночных, iснуюць абодва спосабы размнажэння, але на вышэйшых ступенях развiцця палавы спосаб размнажэння поўнасцю выцясняе пачкаванне. На Марсе, вiдаць, развiццё iшло ў адваротным кiрунку.

Цiкава, што адзiн пiсьменнiк, схiльны да абстрактных разважанняў, яшчэ задоўга да нашэсця марсiянаў прадказваў чалавеку будучага якраз такую будову, якая аказалася ў iх. Яго прадсказанне, калi не памыляюся, паявiлася ў 1893 годзе ў лiстападаўскiм цi снежаньскiм нумары "Пэл-Мэл баджыт", якi даўно ўжо не выходзiць. Я прыпамiнаю карыкатуру на гэту тэму, змешчаную ў вядомым гумарыстычным часопiсе дамарсiянскай эпохi "Панч". Аўтар артыкула даказваў, выкладваючы сваю думку ў вясёлым, забаўным тоне, што развiццё механiчных прыстасаванняў павiнна ў рэшце рэшт затрымаць развiццё чалавечага цела, а хiмiчная страва лiквiдуе страваванне; ён сцвярджаў, што валасы, нос, зубы, вушы, падбародак паступова страцяць сваё значэнне для чалавека i натуральны адбор на працягу будучых вякоў iх лiквiдуе. Будзе развiвацца адзiн толькi мозг. Яшчэ адна частка цела перажыве астатнiя – гэта рукi, "настаўнiк i слуга мозга". Усе часткi цела будуць атрафiравацца, рукi будуць усё больш i больш развiвацца.

Iсцiна нярэдка выказваецца ў форме жарту. У марсiянаў мы, несумненна, бачым падобнае падпарадкаванне жывёльнага боку арганiзма iнтылекту. Мне здаецца ўпаўне верагодным, што ў марсiянаў, якiя паходзяць ад iстотаў, увогуле падобных на нас, мозг i рукi (апошнiя ў рэшце замянiлiся двума пучкамi шчупальцаў) паступова развiвалiся за кошт астатняга арганiзма. Мозг без цела павiнен быў стварыць, канешне, больш эгаiстычны iнтэлект, без усякiх чалавечых эмоцый.

Трэцяе адрозненне марсiянаў ад нас з першага погляду можа падацца неiстотным. Мiкраарганiзмы, узбуджальнiкi столькiх хвароб i мучэнняў на Зямлi або нiколi не паяўлялiся на Марсе, або санiтарыя марсiянаў знiшчыла iх многа стагоддзяў таму назад. Сотнi заразных хвароб – лiхаманка i запаленне, сухоты, рак, пухлiны i iншыя хваробы, якiя паражалi чалавека, былi iм зусiм невядомы.

Гаворачы аб адрозненнi памiж жыццём на Зямлi i на Марсе, я павiнен успомнiць пра дзiўнае паяўленне чырвонай травы.

Вiдавочна, раслiннае царства Марса ў адрозненне ад зямнога, дзе пераважае зялёны колер, мае крывава-чырвоную афарбоўку. Ва ўсякiм выпадку тое насенне, якое марсiяне (спецыяльна цi выпадкова) прывезлi з сабою, давала парасткi чырвонага колеру. Мiж iншым, у барацьбе з зямнымi вiдамi раслiн толькi адна ўсiм вядомая чырвоная трава дасягнула некаторага развiцця. Чырвоны ўюн хутка завяў, i толькi нямногiя яго бачылi. Што да чырвонай травы, то нейкi час яна расла надзiва хутка. Яна паявiлася на баках ямы на трэцi цi на чацвёрты дзень нашага зняволення, i яе парасткi, падобныя на парасткi кактуса, утварылi кармiнавыя махры вакол нашага трохвугольнага акна. Пасля я сустракаў яе ў вялiкай колькасцi па ўсёй краiне, асаблiва там, дзе была вада.

Марсiяне мелi слыхавы орган – круглую перапонку на заднiм баку галавы-цела, i iх вочы па сiле зроку не ўступалi нашым, толькi сiнi i фiялетавы колер, на думку Фiлiпса, павiнен быў здавацца iм чорным. Мяркуюць, што яны перамаўлялiся адзiн з адным з дапамогай гукаў i рухаў шчупальцаў; так сцвярджае, напрыклад, цiкавая, але спехам напiсаная брашура, аўтар якой, вiдаць, не бачыў марсiянаў; на гэту брашуру я ўжо спасылаўся, яна да гэтага часу служыць галоўнай крынiцаю звестак пра марсiянаў. Але нiхто з тых, хто застаўся жывы, не бачыў так блiзка марсiянаў, як я. Гэта, праўда, адбылося не па маёй волi, але ўсё ж гэта несумненны факт. Я назiраў за iмi дзень за днём уважлiва i сцвярджаю, што бачыў на свае вочы, як чатыры, пяць i адзiн раз нават шэсць марсiянаў, з цяжкасцю перамяшчаючыся, выконвалi самыя тонкiя, складаныя работы разам, не абменьваючыся нi гукам, нi жэстам. Звычайна перад ядой чулася вухканне, пазбаўленае ўсякiх мадуляцый; па-мойму, яно не служыла сiгналам, а адбывалася проста з прычыны выдыхання паветра перад упырскваннем крывi. Я ведаю асновы псiхалогii i цвёрда перакананы, што марсiяне абменьвалiся думкамi без дапамогi фiзiчных органаў. Сцвярджаю гэта, нягледзячы на маю прадузятасць супраць тэлепатыi. Перад нашэсцем марсiянаў, калi толькi чытач помнiць мае артыкулы, я выказваўся даволi рэзка супраць тэлепатычных тэорый.

Марсiяне не насiлi адзення. Iх паняццi аб убраннях i прыстойнасцях, натуральна, разыходзiлiся з нашымi; яны былi не толькi менш адчувальнымi да перамены тэмпературы, але i змена цiску, вiдаць, не адбiлася шкодна на iх здароўi. Хоць яны не насiлi адзення, iх вялiзная перавага над людзьмi заключалася ў iншых штучных прыладах, якiмi яны карысталiся. Мы з нашымi веласiпедамi i iншымi сродкамi перамяшчэння, з нашымi лятальнымi апаратамi Лiлiенталя, з нашымi пушкамi i з усiм iншым знаходзiмся толькi ў пачатку той эвалюцыi, якую ўжо перажылi марсiяне. Яны сталi як бы чыстым розумам, якi карыстаецца рознымi машынамi ў залежнасцi ад патрэбы, гэтак жа як чалавек мяняе адзенне, бярэ для хуткасцi перамяшчэння веласiпед i парасон ад дажджу. У машынах марсiянаў нас здзiўляе абсалютная адсутнасць важнейшага элемента амаль усiх чалавечых вынаходнiцтваў у галiне механiкi – кола; нiводная машына з усiх дастаўленых iмi на Зямлю не мела нiчога падобнага на колы. Можна было б чакаць, што ў iх прымяняюцца колы, па крайняй меры для перамяшчэння. Але ў сувязi з гэтым цiкава адзначыць, што прырода нават i на Зямлi не ведае калёсаў i выбiрае iншыя сродкi для дасягнення сваiх мэтаў. Марсiяне таксама не ведаюць (што, дарэчы, малаверагодна) цi пазбягаюць калёсаў i вельмi рэдка карыстаюцца ў сваiх апаратах нерухомымi або адносна нерухомымi восямi з кругавым рухам, засяроджаным у адной плоскасцi. Амаль усе злучэннi ў iх машынах уяўляюць складаную сiстэму коўзкiх дэталяў, якiя рухаюцца на невялiкiх, па-мастацку выгнутых падшыпнiках. Закрануўшы гэту тэму, я павiнен успомнiць i пра тое, што доўгiя рычажныя злучэннi ў машынах марсiянаў прыводзяцца ў рух нечым накшталт мускулатуры – з дыскам у эластычнай абалонцы; гэтыя дыскi палярызуюцца пры праходжаннi электрычнага току i шчыльна прылягаюць адзiн да аднаго. Дзякуючы такому прыстасаванню атрымлiваецца дзiўнае падабенства з рухамi жывой iстоты, якое здзiўляла i ашаламляла назiральнiкаў. Нешта накшталт мускулатуры было i ў той мнагарукай машыне, якая напамiнала краба – "распакоўвала" цылiндр, калi я ўпершыню зазiрнуў у шчылiну. Яна здавалася намнога больш жывой, чым марсiяне, што ляжалi каля яе, асветленыя касымi промнямi ўзыходзячага сонца; яны цяжка дыхалi, варушылi шчупальцамi i ледзь перамяшчалiся пасля стамляльнага пералёту ў мiжпланетнай прасторы.

Я доўга назiраў за iх непаваротлiвымi рухамi пры святле сонца i прыкмячаў асаблiвасцi iх будовы, пакуль святар не напомнiў мне аб сваёй прысутнасцi, нечакана схапiўшы мяне за руку. Я павярнуўся i ўбачыў яго нахмураны твар i сярдзiта сцiснутыя губы. Ён таксама хацеў паглядзець у шчылiну: месца было толькi для аднаго. Такiм чынам, я павiнен быў нейкi час адмовiцца ад назiранняў за марсiянамi i даць гэту прывiлею яму.

Калi я зноў паглядзеў у шчылiну, мнагарукая машына ўжо паспела сабраць часткi вынутага з цылiндра апарата; новая машына мела гэткую ж форму, як i першая. Унiзе налева працаваў якiсьцi невялiкi механiзм; выпускаючы клубы зялёнага дыму, ён капаў зямлю i рухаўся вакол ямы, паглыбляючы i выраўноўваючы яе. Гэта машына i выдавала той перыядычны гул, ад якога аж уздрыгвала наша напалову разбуранае сховiшча. Машына дымiла i свiстала ў час работы. Наколькi я мог меркаваць, нiхто ёю не кiраваў.

III

ДНI ЗНЯВОЛЕННЯ

Паяўленне другога баявога трыножка загнала нас у пасудамыйку, бо мы баялiся, што са сваёй вышкi марсiянiн убачыць нас. Пазней мы зразумелi, што наша схоўка павiнна здавацца марсiянам, якiя знаходзiлiся на яркiм святле, цёмнаю плямаю. Мы перасталi баяцца, але спачатку пры кожным наблiжэннi марсiянаў мы ў панiцы кiдалiся ў пасудамыйку. Нягледзячы на небяспеку, нас нястрымна цягнула да шчылiны. Цяпер я са здзiўленнем успамiнаю, што нягледзячы на бязвыхаднасць нашага становiшча (нам пагражала альбо галодная, альбо яшчэ больш страшная смерць), мы нават пачыналi бойку з-за таго, каму глядзець першаму. Мы беглi на кухню, згараючы ад нецярпення i баючыся нарабiць шуму, адчайна штурхаючыся, знаходзячыся на валаску ад гiбелi.

Мы былi зусiм рознымi людзьмi паводле характару, па манеры мыслiць i дзейнiчаць; небяспека i зняволенне яшчэ больш выявiлi гэта адрозненне. Ужо ў Галiфордзе я злаваўся на бездапаможнасць i напышлiвую абмежаванасць святара. Яго бясконцыя незразумелыя маналогi не давалi мне засяродзiцца абдумаць сiтуацыю i даводзiлi мяне, i без таго крайне ўзбуджанага, ледзь не да прыпадку. У яго было не болей вытрымкi, чым у дурненькай жанчыны. Ён гатовы быў плакаць гадзiнамi, i я ўпэўнены, што ён, як дзiця, думаў, што слёзы памогуць яму. Нават у цемнаце ён штохвiлiнна дакучаў мне. Акрамя таго, ён еў больш за мяне, i я дарэмна напамiнаў яму, што нам дзеля нашага выратавання трэба заставацца дома да таго часу, пакуль марсiяне не скончаць работу ў яме, i таму нам трэба эканомiць харчы. Ён еў i пiў адразу памногу пасля кароткiх перапынкаў. Спаў мала.

Iшлi днi за днямi; яго гранiчная бяспечнасць i неразважлiвасць пагаршалi наша i без таго адчайнае становiшча i павялiчвалi небяспеку, так што я воляй-няволяй павiнен быў яго палохаць, стрымлiваць, нават пагражаць пабоямi. Ён крыху паразумнеў, але не надоўга. Ён належаў да лiку тых слабых, вялых, пазбаўленых самалюбства, баязлiвых i ў той жа час хiтрых стварэнняў, якiя не адважваюцца глядзець прама ў вочы нi богу, нi людзям, нi нават самiм сабе.

Мне непрыемна ўспамiнаць i пiсаць пра гэта, але я абавязаны расказаць усё. Тыя, каму пашанцавала пазбегнуць цёмных i страшных хвiлiнаў жыцця, не задумваючыся, асудзяць маю жорсткасць, маю ўспышку гневу ў апошнiм акце нашай драмы; яны выдатна ведаюць, што добра, што дрэнна, але, мяркую, не ведаюць, да чаго мукi могуць давесцi чалавека. Але той, хто сам прайшоў праз гэты змрок да самых нiзоў прымiтыўнага жыцця, зразумее мяне i паспачувае мне.

I вось, пакуль мы з святаром у цiшынi i змроку шэптам перамаўлялiся, вырывалi адзiн у аднаго яду i пiццё, штурхалiся i валтузiлiся, у яме звонку пад няшчадным чэрвеньскiм сонцам марсiяне ўладкоўвалi сваё незразумелае для нас жыццё. Я вярнуся да аповеду пра тое, што бачыў. Пасля працяглага перапынку я нарэшце рызыкнуў падпаўзцi да шчылiны i ўбачыў, што паявiлiся яшчэ тры трыножкi, якiя прывалаклi нейкiя новыя прыстасаваннi, расстаўленыя цяпер у стройным парадку вакол цылiндра. Другая мнагарукая машына, цяпер закапцелая, абслугоўвала новы механiзм, прынесены баявым трыножкам. Корпус гэтага новага апарата па форме быў падобны на малочны бiтон, на версе якога вярцелася грушападобная лейка, з якой сыпаўся ў падстаўлены знiзу круглы кацёл белы парашок.

Вярчэнне чынiлася адным з шчупальцаў мнагарукай машыны. Дзве лапатападобныя рукi капалi глiну i кiдалi яе ў грушападобны прыёмнiк, у той час як трэцяя рука перыядычна адчыняла дзверкi, выдаляла з сярэдняй часткi прылады абгарэлы шлак. Чацвёртым шчупальцам накiроўваўся парашок з катла па каленчатай трубе ў нейкi новы прыёмнiк, закрыты ад мяне кучай блакiтнаватага пылу. З гэтага нябачнага прыёмнiка падымаўся ўверх струменьчык зялёнага дыму. Мнагарукая машына з нягучным музычным звонам раптам выцягнула, як падзорную трубу, шчупальца, якое хвiлiну назад здавалася тупым адросткам, i закiнула яго за кучу глiны. Праз секунду шчупальца падвяло ўверх паласу белага алюмiнiю, яшчэ неастылага, блiскотнага i кiнула яе на клетку з такiх жа палосаў складзеную каля ямы. Ад заходу сонца да паяўлення зорак гэта лоўкая машына нарыхтавала не менш за сотню такiх палосаў прама з глiны, i куча блакiтнаватага пылу стала падымацца над краем ямы.

Кантраст памiж хуткiмi i складанымi рухамi ўсiх гэтых машын i павольнымi, няўклюднымi рухамi iх гаспадароў быў настолькi вiдавочны, што мне давялося доўга пераконваць сябе, маўляў, марсiяне, а не iх прылады, з'яўляюцца жывымi iстотамi.

Калi ў яму прынеслi першых злоўленых людзей, каля шчылiны стаяў святар. Я сядзеў на падлозе i напружана прыслухоўваўся. Раптам ён адскочыў назад, i я са страхам затаiўся, думаючы, што нас заўважылi. Ён цiхенька прабраўся па смеццi да мяне i прысеў побач, невыразна мармычучы i паказваючы штосьцi жэстамi; сполах яго перадаўся мне. Ён даў мне знаць, што шчылiну ўступае мне; цiкаўнасць надала мне храбрасцi; я ўстаў, пераступiў цераз святара i прыпаў да шчылiны. Спачатку я не зразумеў прычыны яго страху. Змерклася, зоркi здавалiся маленькiмi, цьмянымi, але яма асвятлялася зялёнымi ўспышкамi ад машыны, якая рыхтавала алюмiнiй. Няроўныя ўспышкi зялёнага агню i рухомыя чорныя ценi рабiлi жудаснае ўражанне. У паветры кружылi кажаны. Цяпер клапатлiвых марсiянаў не было вiдаць за кучаю зялёнага парашку. У адным вугле ямы стаяў укарочаны баявы трыножак са складзенымi падцiснутымi нагамi. Раптам сярод гулу машын пачулiся як быццам чалавечыя галасы. Я падумаў, што мне падалося, i спачатку не звярнуў на гэта ўвагi.

Я нагнуўся, назiраючы за баявым трыножкам, i тут толькi канчаткова пераканаўся, што ў каўпаку яго знаходзiўся марсiянiн. Калi зялёнае полымя ўспыхнула больш ярка, я разгледзеў яго iльснянае скураное покрыва i бляск вачэй. Раптам пачуўся крык, i я ўбачыў, як доўгае шчупальца перакiнулася за плячо машыны да металiчнай клеткi, якая вiсела ззаду. На фоне зорнага неба ў паветры нешта адчайна забарахталася; шчупальца падняло ўверх чорны, няясны, загадкавы прадмет; калi гэты прадмет апусцiўся, я ўбачыў пры ўспышцы зялёнага святла, што гэта – чалавек. Я бачыў яго толькi на iмгненне. Гэта быў добра апрануты, моцны, румяны, сярэднiх год мужчына. Тры днi назад гэта, вераемна, быў чалавек, якi ўпэўнена крочыў па зямлi. Я бачыў яго шырока расплюшчаныя вочы i водблiск агню на гузiках i гадзiннiкавым ланцужку. Ён знiк з другога боку кучы, i на iмгненне ўсё сцiхла. Потым пачулiся адчайныя крыкi i працяглае, здаволенае вухканне марсiянаў...

Я з'ехаў з кучы шчэбеню, устаў на ногi i, зацiснуўшы вушы, кiнуўся ў пасудамыйку. Святар, якi сядзеў згорбiўшыся, абхапiўшы рукамi галаву, зiрнуў на мяне, калi я прабягаў мiма, даволi гучна крыкнуў, думаючы, вiдаць, што я пакiдаю яго, i кiнуўся за мною...

Гэтай ноччу, пакуль мы сядзелi ў пасудамыйцы, разрываючыся памiж смяротным страхам i жаданнем зiрнуць у шчылiну, я дарэмна спрабаваў прыдумаць якi-небудзь спосаб выратавання, хоць разумеў, што дзейнiчаць трэба неадкладна. Але на наступны дзень я прымусiў сябе цвяроза ацанiць сваё становiшча. Святар не мог удзельнiчаць у абмеркаваннi планаў; са страху ён страцiў здольнасць лагiчна разважаць i мог дзейнiчаць толькi iмпульсiўна. Па сутнасцi, ён ператварыўся амаль у жывёлiну. Я мог разлiчваць толькi на самаго сябе. Абдумаўшы ўсё спакойна, я вырашыў, што, нягледзячы на безвыходнасць нашага становiшча, адчайвацца не трэба. Мы маглi спадзявацца, што марсiяне размясцiлiся ў яме толькi часова. Няхай сабе яны нават ператвораць яму ў пастаянны лагер, i тады нам можа пашчасцiць уцячы, калi толькi не выставяць варту. Я прадумаў падрабязны план падкопу з супрацьлеглага боку, але тут нам пагражала небяспека стаць заўважанымi з якога-небудзь вартавога трыножка. Акрамя таго, падкоп давялося б рабiць мне аднаму. На святара спадзявацца i разлiчваць было нельга.

Праз тры днi (калi памяць мяне не падводзiць) на маiх вачах быў усмерчаны юнак; гэта быў адзiны раз, калi я бачыў, як харчуюцца марсiяне. Пасля гэтага я амаль цэлы дзень не падыходзiў да шчылiны. Я пайшоў у пасудамыйку, адчынiў дзверы i некалькi гадзiнаў сякераю капаў зямлю, стараючыся як мага менш рабiць шуму. Але калi я выкапаў яму футаў на два глыбiнёю, цяжкая зямля з шумам асела, i я не адважыўся капаць далей. Я затаiўся i доўга ляжаў на падлозе, баючыся паварушыцца. Пасля гэтага я не думаў пра падкоп.

Адзначу адзiн цiкавы факт: уражанне, якое зрабiлi на мяне марсiяне, было такое, што я не спадзяваўся на перамогу людзей, дзякуючы якой змог бы выратавацца. Аднак на чацвёртую цi пятую ноч пачулiся гарматныя выстралы.

Была глыбокая ноч i месяц ярка свяцiў. Марсiяне прынялi экскаватар i некуды схавалiся; толькi на некаторай адлегласцi ад ямы стаяў баявы трыножак, а ў адным з вуглоў ямы мнагарукая машына прадаўжала працаваць якраз пад шчылiнаю, у якую я глядзеў. У яме было зусiм цёмна, за выключэннем тых мясцiнаў, куды падала месячнае святло цi водблiск мнагарукай машыны, якая парушала цiшыню сваiм лязгатам. Ноч была ясная, цiхая. Месяц адзiнока панаваў у небе, адна толькi зорка парушала яго адзiноту. Раптам пачуўся брэх сабакi, i гэты знаёмы гук прымусiў мяне насцярожыцца. Потым вельмi выразна я пачуў гул, быццам грукат цяжкiх гарматаў. Я налiчыў шэсць выстралаў i пасля доўгага перапынку – яшчэ шэсць. Потым усё зацiхла.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю