355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Герберт Джордж Уэллс » Вайна сусветаў (на белорусском языке) » Текст книги (страница 8)
Вайна сусветаў (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 8 октября 2016, 23:19

Текст книги "Вайна сусветаў (на белорусском языке)"


Автор книги: Герберт Джордж Уэллс



сообщить о нарушении

Текущая страница: 8 (всего у книги 10 страниц)

IV

СМЕРЦЬ СВЯТАРА

Гэта адбылося на шосты дзень нашага зняволення. Я глядзеў у шчылiну i нечакана адчуў, што я адзiн. Святар, якi толькi што стаяў побач са мною i адштурхоўваў мяне ад шчылiны, чамусьцi пайшоў у пасудамыйку. У цемнаце я пачуў, што святар п'е. Я працягнуў руку i намацаў бутэльку бургундскага.

Некалькi хвiлiнаў мы валтузiлiся. Бутэлька ўпала i разбiлася. Мы стаялi адзiн перад адным, цяжка дыхаючы, сцiскаючы кулакi. Нарэшце я стаў памiж iм i запасам правiзii i сказаў, што вырашыў увесцi строгую дысцыплiну. Я падзялiў увесь запас прадуктаў так, каб яго хапiла на дзесяць дзён.

Днём ён зноў спрабаваў падабрацца да прыпасаў. Я быў задрамаў, але адразу схамянуўся. Цэлы дзень i цэлую ноч мы прасядзелi адзiн перад адным; я смяротна стамiўся, але быў цвёрды; ён хныкаў i скардзiўся на нясцерпны голад. Я ведаю, што так прайшлi ноч i дзень, але мне здавалася тады i нават цяпер здаецца, што гэта працягвалася цэлую вечнасць.

Пастаянныя спрэчкi памiж намi прывялi нарэшце да адкрытай канфрантацыi. На працягу двух доўгiх дзён мы сварылiся напаўголасу, спрачалiся. Калi-нiкалi я не мог стрымлiваць сябе i бiў яго, iншы раз ласкава пераконваў, аднаго разу я нават спрабаваў спакусiць яго апошняй бутэлькай бургундскага: у кухнi была помпа для дажджавой вады, адкуль я мог напiцца. Але нi ўгаворы, нi пабоi не ўздзейнiчалi, здавалася, ён страцiў розум. Ён, як i раней, спрабаваў захапiць правiзiю i працягваў размаўляць услых сам з сабою. Ён паводзiў сябе вельмi неасцярожна, i кожную хвiлiну нас маглi раскрыць. Неўзабаве я зразумеў, што ён зусiм страцiў розум, – я апынуўся ў цемнаце адзiн на адзiн з вар'ятам.

Мне здаецца, што i я ў той час быў не нармальны. Мяне мучылi дзiкiя, жудасныя сны. Як гэта не дзiўна, але я схiльны думаць, што вар'яцтва святара было для мяне перасцярогаю: я напружана сачыў за сабою i таму мог разважна думаць.

На восьмы дзень святар пачаў гаварыць, i я нiчым не мог стрымаць яго красамоўства.

– Гэта справядлiвая кара, о божа, – паўтараў ён штохвiлiнна, справядлiвая! Знiшчы мяне i ўвесь род мой. Мы саграшылi, мы ўпалi ў грэх... Паўсюль людзi мучылiся, бедныя змешвалiся з прахам, а я маўчаў. Мае пропаведзi – глупства, о божа мой, што за глупства! Я павiнен быў маўчаць i, не шкадуючы жыцця свайго, заклiкаць да пакаяння, да пакаяння!.. Прыгнятальнiкi бедных i пакутнiкаў! Караючая рука боская!..

Потым ён зноў успомнiў аб правiзii, да якой я яго не дапускаў, прасiў мяне, плакаў, пагражаў. Ён пачаў павышаць голас; я прасiў не рабiць гэтага; ён зразумеў сваю ўладу нада мною i пачаў пагражаць, што будзе крычаць i прыцягне ўвагу марсiянаў. Спярша я напалохаўся, але потым зразумеў, што калi я ўступлю яму, то нашы шансы на выратаванне зменшацца. Я адмовiў яму, хоць i не быў упэўнены, што ён рэалiзуе сваю пагрозу. Гэтым днём ва ўсякiм выпадку гэтага не адбылося. Ён гаварыў гучней i гучней увесь восьмы i дзевяты дзень; гэта былi пагрозы, просьбы, парывы неразумнага шматслоўнага раскайвання ў абыякавым, недастойным служэннi богу. Мне стала шкада яго. Крыху паспаўшы, ён зноў пачаў гаварыць, на гэты раз так гучна, што я вымушаны быў умяшацца.

– Маўчыце! – прасiў я.

Ён апусцiўся на каленi ў цемнаце каля катла.

– Я надта доўга маўчаў, – сказаў ён так моцна, што яго павiнны былi пачуць у яме, – цяпер я павiнен сведчыць. Гора гэтаму незаконнаму гораду! Гора! Гора! Гора! Гора насельнiкам Зямлi, бо ўжо прагучала труба.

– Змоўкнiце! – прахрыпеў я, сцепаючыся ад думкi, што марсiянiн нас пачуў. – Богам прашу, змоўкнiце!..

– Не! – усклiкнуў ён гучна, падымаючыся i працягваючы наперад рукi. Выкажы! Слова божае ў маiх вуснах.

За тры скачкi ён апынуўся каля дзвярэй у кухню.

– Я павiнен сведчыць! Я iду! Я i так доўга марудзiў.

Я схапiў сякач, што вiсеў на сцяне, i кiнуўся за iм. Ад страху мяне ахапiла шаленства. Я дагнаў яго пасярод кухнi. Паддаючыся апошняму парыву чалавекалюбства, я павярнуў вастрыё нажа на сябе i стукнуў святара ручкаю. Ён упаў нiцма на падлогу. Хiстаючыся, я пераступiў цераз яго i спынiўся, цяжка дыхаючы. Ён ляжаў нерухома.

Раптам я пачуў шум звонку, як быццам абсыпалася тынкоўка, i трохвугольная адтулiна ў сцяне закрылася. Я зiрнуў уверх i ўбачыў, што мнагарукая машына рухаецца мiма шчылiны. Адно са шчупальцаў варушылася сярод абломкаў. Паказалася другое шчупальца, заслiзгала па абваленых бэльках. Я замёр з жаху. Потым я ўбачыў нешта накшталт празрыстай пласцiнкi, якая прыкрывала пачварны твар i вялiкiя цёмныя вочы марсiянiна. Металiчны спрут выкручваўся, шчупальца паволi прасоўвалася ў праём.

Я адскочыў, спатыкнуўся аб святара i спынiўся каля дзвярэй пасудамыйкi. Шчупальца прасунулася на ярды два ў кухню, выкручваючыся i паварочваючыся ва ўсе бакi. Некалькi секунд я стаяў як зачараваны, гледзячы на яго павольнае, штуршкападобнае наблiжэнне. Потым цiха выкрыкнуў ад страху, кiнуўся ў пасудамыйку. Я так дрыжаў, што ледзь стаяў на нагах. Адчынiўшы дзверы ў вугальны падвал, я апынуўся ў цемнаце; глядзеў праз шчылiну ў дзвярах i прыслухоўваўся. Цi заўважыў мяне марсiянiн? Што ён там робiць?

У кухнi штосьцi паволi рухалася, чаплялася за сцены, выдаючы лёгкi металiчны звон, нiбы звязка ключоў на колцы. Затым якоесьцi цяжкае цела – я добра ведаю якое, – павалаклося па падлозе кухнi да адтулiны. Я не стрымаўся, падышоў да дзвярэй i зiрнуў у кухню. У трохвугольнай, асветленай сонцам адтулiне я ўбачыў марсiянiна ў мнагарукай машыне, якi напамiнаў Брыярэя; ён уважлiва разглядваў галаву святара. Я адразу ж падумаў, што ён здагадаецца аб маёй прысутнасцi па глыбокай ране.

Я папоўз у вугальны падвал, зачынiў дзверы i ў цемры, стараючыся не шумець, пачаў закопвацца ў вугаль i навальваць на сябе дровы. Кожную хвiлiну я сцiшваўся i прыслухоўваўся, каб пачуць наверсе рух шчупальца марсiянiна.

Нечакана лёгкае металiчнае пастукванне зноў аднавiлася. Шчупальца паволi рухалася па кухнi. Усё блiжэй i блiжэй – яно ўжо ў пасудамыйцы. Я спадзяваўся, што мяне не кране. Я пачаў малiцца. Шчупальца шкрабанула па дзвярах склепа. Настала цэлая вечнасць амаль невыноснага чакання; я пачуў, як стукнула клямка. Ён знайшоў дзверы! Марсiяне разумеюць, што такое дзверы!

Шчупальца праваждалася з клямкай каля хвiлiны; потым дзверы адчынiлiся.

У цемры я ледзь бачыў гэты гнуткi адростак, якi больш за ўсё напамiнаў слановы хобат; шчупальца наблiжалася да мяне, мацала сцяну, кускi вугалю, дровы i столь. Гэта быў нiбы чорны чарвяк, якi паварочваў сваю сляпую галаву.

Шчупальца кранула абцас майго чаравiка. Я ледзь не закрычаў, але стрымаўся, учапiўшыся зубамi ў руку. З хвiлiну ўсё было цiха. Раптам, нечакана шчоўкнуўшы, яно схапiла нешта, – мне падалося, што мяне! – i нiбы стала аддаляцца ад склепа. Але я не быў у гэтым упэўнены. Вiдаць, яно захапiла кусок вугалю.

Выкарыстаўшы выпадак, я выпрастаў здранцвелыя ногi i рукi i прыслухаўся. Я старанна малiўся – хоць бы выратавацца.

Я не ведаў, цi дацягнецца яно да мяне. Раптам моцным кароткiм ударам яно зачынiла дзверы склепа. Я чуў, як яно зашуршэла па кладоўцы, як перамяшчалiся бляшанкi з бiсквiтамi, як разбiлася бутэлька. Потым новы стук у дзверы склепа. Потым цiшыня i бясконца пакутлiвае чаканне.

Пайшло цi не?

Нарэшце я вырашыў, што пайшло.

Шчупальца больш не вярталася ў вугальны склеп; але я праляжаў увесь дзесяты дзень у цемнаце, закапаўшыся ў вугаль, не рызыкуючы вылезцi нават, каб напiцца: мне страшэнна хацелася пiць. Толькi на адзiнаццаты дзень я адважыўся выйсцi са свайго сховiшча.

V

ЦIШЫНЯ

Перш чым пайсцi ў кладоўку, я запёр дзверы з кухнi ў пасудамыйку. Але кладоўка была пустая; правiзiя ўся знiкла – да апошняй крошкi. Вiдаць, марсiянiн усё забраў. Упершыню за гэтыя дзесяць дзён мяне ахапiў адчай. Не толькi ў гэты дзень, але i ў два наступныя я нiчога не еў.

Рот i горла перасохлi, я моцна аслабеў. Я сядзеў у пасудамыйцы ў цемнаце, страцiўшы ўсялякую надзею. Мне мiрсцiлiся ўсякiя стравы i здавалася, што я аглух, так як гукi, якiя я прывык чуць з боку ямы, абсалютна зацiхлi. У мяне нават не хапiла сiлы, каб бясшумна падпаўзцi да шчылiны ў кухнi, а я б гэта зрабiў.

На дванаццаты дзень горла так перасохла, што я, рызыкуючы паявiцца перад марсiянамi, пачаў круцiць скрыпучую помпу каля ракавiны i здабыў каля дзвюх шклянак цёмнай мутнай вадкасцi. Вада асвяжыла мяне, i я крыху павесялеў, бачачы, што на шум ад помпы не паявiлася нiводнага шчупальца.

На працягу гэтых дзён я многа думаў пра святара i яго смерць, але думкi мае блыталiся i разбягалiся.

На трынаццаты дзень я выпiў яшчэ крыху вады i ў дрымоце думаў пра ежу, выношвачы фантастычныя, нерэальныя планы ўцёку. Як толькi я пачынаў драмаць, мяне мучылi кашмары: то смерць святара, то раскошныя пiры. Але i ў сне i на самой справе я адчуваў страшэнны боль у горле i, прачынаючыся, пiў i пiў бясконца. Святло, якое пранiкла ў пасудамыйку, было цяпер не шэраватым, а чырванаватым. Нервы ў мяне былi так разладжаны, што гэта святло здавалася мне крывавым.

На чатырнаццаты дзень я пайшоў у кухню i вельмi здзiвiўся, убачыўшы, што трэшчына ў сцяне зарасла чырвонай травою i паўзмрок набыў чырванаватае адценне.

Ранiцаю на пятнаццаты дзень я пачуў у кухнi нейкiя дзiўныя, вельмi знаёмыя гукi. Я прыслухаўся i вырашыў, што гэта, вiдаць, скавыча i драпаецца сабака. Увайшоўшы ў кухню, я ўбачыў сабачую морду, прасунутую ў шчылiну праз зараслi чырвонай травы. Я вельмi здзiвiўся. Пачуўшы мяне, сабака адрывiста забрахаў.

Я падумаў, што калi ўдасца заманiць яго ў кухню без шуму, то я заб'ю яго i з'ем; ва ўсякiм выпадку, лепш яго забiць, каб не выдацца марсiянам.

Я папоўз да яго, ласкава паклiкаў шэптам:

– Пёсiк! Пёсiк!

Але сабака знiк.

Я прыслухаўся – не, я не аглух: у яме на самай справе цiха. Чуўся толькi нейкi гук, падобны на лопат крылаў, ды яшчэ рэзкае карканне – i больш нiчога.

Я доўга ляжаў каля шчылiны, не адважваючыся рассунуць чырвоны зараснiк. Раз цi два я чуў лёгкi шорах – быццам сабака дзесьцi ўнiзе бегаў па пяску. Чуў, як мне здавалася, шастанне крылаў, i толькi. Нарэшце, асмелiўшыся, я выглянуў вонкi.

У яме нiкога. Толькi ў адным вугле зграя варон змагалася за астанкi мерцвякоў, выссаных марсiянамi.

Я глядзеў, не верачы сваiм вачам. Нiводнай машыны. Яма апусцела; у адным вугле – куча шэравата-блакiтнага пылу, у другiм – некалькi алюмiнiевых палосаў ды чорныя птушкi над чалавечымi астанкамi.

Я паволi пралез праз чырвоны зараснiк i стаў на кучу шчэбеню. Перада мною была адкрыта прастора, толькi ззаду, на поўначы, гарызонт быў закрыты разбураным домам, – i нiдзе я не бачыў нiякiх прыкмет марсiянаў. Яма пачыналася якраз каля маiх ног, але па шчэбеню можна было ўскарабкацца на кучу абломкаў. Значыць, я выратаваўся! Шчасце перапоўнiла мае грудзi.

Некалькi хвiлiнаў я стаяў i разважаў, потым у парыве рашучай смеласцi, з радасным сэрцам ускарабкаўся на вяршыню развалiнаў, пад якiмi так доўга быў зажыва пахаваны.

Я агледзеўся яшчэ раз. На поўнач таксама нiводнага марсiянiна.

Апошнi раз я бачыў гэтую частку Шына пры дзённым святле; тут была вiхлястая вулiца – добраўпарадкаваныя белыя i чырвоныя домiкi, абсаджаныя цянiстымi дрэвамi. Цяпер я стаяў на кучы смецця, цэглы, глiны i пяску, густа зарослай нейкiмi падобнымi на кактус, па калена вышынёю, чырвонымi раслiнамi, якiя заглушылi ўсю зямную раслiннасць. Дрэвы вакол стаялi голыя, чорныя; па яшчэ жывых ствалах бралiся чырвоныя парасткi.

Вакольныя дамы былi разбураны, але нiводзiн не згарэў; сцены ўцалелi да другога паверха, але ўсе вокны былi разбiтыя, дзверы сарваныя. Чырвоная трава спорна расла нават у пакоях. Пада мною ў яме вароны бiлiся за рэшткi былых жывых iстотаў. Над развалiнамi лятала мноства птушак. Па сцяне аднаго дома асцярожна спускалася выпетралая кошка; але прыкметаў людзей я нiдзе не бачыў.

Дзень пасля майго зняволення здаваўся мне асляпляльным, неба ярка-блакiтным. Лёгкi ветрык пацiху варушыў чырвоную траву, якая разраслася паўсюль, нiбы бур'ян. А якiм салодкiм было паветра!

VI

ШТО ЗРАБIЛI МАРСIЯНЕ ЗА ДВА ТЫДНI

Некалькi хвiлiнаў я стаяў на кучы смецця i абломкаў, стаяў хiстаючыся, забыўшыся абсалютна пра небяспеку. У той смярдзючай бярлозе, адкуль я толькi што вылез, я ўвесь час думаў толькi аб грознай для мяне небяспецы. Я не ведаў, што адбылося за гэтыя днi, не чакаў такога захапляльнага вiдовiшча. Я чакаў убачыць Шын у развалiнах – перада мною рассцiлаўся дзiўны i злавесны ландшафт, быццам на iншай планеце.

У тую хвiлiну я адчуў тое, што не пад сiлу адчуць чалавеку, гэта пачуццё знаёмае, вiдаць, толькi жывёлiнам. Я быў падобны на труса, якi вярнуўся да сваёй норкi i ўбачыў, што землякопы знiшчылi дарэшты яго жыллё. Тады я ўпершыню цьмяна адчуў тое, што потым стала зразумелым, што гняло мяне ўжо некалькi дзён, – пачуццё развенчанасцi, разуменне таго, што я ўжо не цар Зямлi, а жывёлiна сярод iншых стварэнняў пад пятою марсiянаў. З намi будзе тое ж, што з iншымi жывёлiнамi, – нас будуць адсочваць, вынiшчаць, а мы будзем уцякаць i хавацца: царства чалавека кончылася.

Гэта думка мiльганула i знiкла, i мяне апанавала пачуццё голаду: я ж столькi часу не еў! Непадалёку ад ямы, за агароджаю, зарослаю чырвонаю травою, я заўважыў ацалелы кусочак саду. Гэта мяне абнадзеiла, i я пачаў прабiрацца, вязнучы па каленi, а то i па шыю ў чырвонай траве i адчуваючы сябе ў бяспецы пад яе прыкрыццем. Сцяна саду была каля шасцi футаў вышынёю, i калi я паспрабаваў ускарабкацца на яе, аказалася, што я не магу нават падняць нагу. Я прайшоў далей паўз сцяны да вугла, дзе ўбачыў штучны пагорак, узабраўся на яго i саскочыў у сад. Тут я знайшоў некалькi цыбулiн шпажнiку i шмат дробнай морквы. Сабраўшы ўсё гэта, я пералез цераз разбураную сцяну i пайшоў у напрамку да К'ю памiж дрэвамi, спавiтымi багровым i кармiнавым зараснiкам; гэта было падобна на прагулку сярод крывавых сталактытаў. Я думаў толькi пра адно: набраць чым больш ядомай садавiны i гароднiны i бегчы, уцячы чым найхутчэй з гэтай праклятай, непадобнай на зямную, мясцовасцi!

Непадалёку я знайшоў у траве кучку грыбоў i з'еў iх, затым наткнуўся на цёмную палоску праточнай вады – там, дзе раней былi лугi. Дробязны пажытак толькi ўзмацнiў мой голад. Спачатку я не мог зразумець, адкуль узялася гэта вiльгаць у разгары гарачага, сухога лета, але потым здагадаўся, што яе спарадзiў трапiчна-буйны рост чырвонай травы. Як толькi гэта незвычайная раслiна сустракала ваду, яна вельмi хутка дасягала гiганцкiх памераў i густа разрасталася. Яе насенне трапiла ў ваду Ўэй i Тэмзы, i хуткiя на рост парасткi неўзабаве пакрылi абедзве ракi.

У Путнi, як я пасля ўбачыў, мост быў амаль увесь у зараснiку травы; каля Рычманда воды Тэмзы разлiлiся шырокай, але неглыбокай плынню па лугах Хэмптана i Туiкенхэма. Чырвоная трава iшла следам за разлiвам, i неўзабаве ўсе разбураныя вiлы ў далiне Тэмзы знiклi ў ружовай дрыгве, на ўскраiне якой я быў: чырвоная трава схавала сляды апусташэння, пакiнутага марсiянамi.

Пасля гэта чырвоная трава знiкла гэтак жа хутка, як i вырасла. Яе вынiшчыла хвароба, выклiканая, наколькi можна думаць, невядомымi бактэрыямi. Справа ў тым, што дзякуючы натуральнаму адбору ўсе зямныя раслiны выпрацавалi ў сабе здольнасць супрацiўляцца бактэрыяльным захворванням, яны нiколi не гiнуць без упартай барацьбы; але чырвоная трава засыхала на коранi. Лiсты яе хварэлi, зморшчвалiся i станавiлiся кволыя. Пры лёгкiм дотыку яны адвальвалiся, i вада, якая спачатку памагала росту чырвонай травы, затым выносiла яе рэшткi ў мора.

Падышоўшы да вады, я, канешне, перш-наперш наталiў смагу. Я выпiў вельмi многа i, памiраючы ад голаду, пачаў жаваць лiсты чырвонай травы, але яны аказалiся вадзянiстымi, мелi агiдны металiчны прысмак. Я ўбачыў, што тут мелка, i смела пайшоў уброд, хоць чырвоная трава спавiвала мне ногi. Але па меры наблiжэння да ракi станавiлася ўсё глыбейшаю вада, i я павярнуў назад, у бок Мортлейка. Я стараўся трымацца дарогi, арыентуючыся па развалiнах прыдарожных вiлаў, па платах i лiхтарах, i нарэшце дабраўся да ўзвышша, на якiм стаiць Рохэмптан, – я быў ужо ў ваколiцах Путнi.

Тут ландшафт змянiўся i страцiў сваю незвычайнасць: паўсюль вiднелiся сляды разбурэння. Дзе-нiдзе мясцовасць была настолькi апустошаная, як быццам тут пранёсся цыклон, а праз некалькi дзесяткаў ярдаў траплялiся зусiм некранутыя ўчасткi, дамы з акуратна спушчанымi жалюзямi i запёртымi дзвярамi, – здавалася, што людзi пакiнулi iх на дзень-два цi проста там яны мiрна спалi. Чырвоная трава расла тут не так густа, высокiя дрэвы ўзбоч дарогi не мелi на сабе паўзучых чырвоных парасткаў. Я шукаў пад дрэвамi што-небудзь ядомае, але нiчога не знайшоў; заходзiў у два бязлюдныя дамы, але ў iх, вiдаць, ужо пабывалi iншыя: яны былi абрабаваныя. Рэштку дня я праляжаў у кустоўi, бо зусiм выбiўся з сiл i не мог iсцi далей.

За ўвесь гэты час я не сустрэў нiводнага чалавека i не бачыў нiдзе марсiянаў. На вочы трапiлi два паджарыя сабакi, але абодва яны ўцяклi ад мяне, хоць я iх клiкаў да сябе. Каля Рохэмптана я ўбачыў два чалавечыя шкiлеты – не трупы, а шкiлеты, – яны былi поўнасцю аб'едзеныя; у лесе я знайшоў параскiданыя косцi кошак i трусоў i авечы чэрап. Але на касцях не было нават кусочка мяса, дарэмна я iх аблiзваў.

Сонца зайшло, а я ўсё плёўся па дарозе ў Путнi; тут марсiяне, вiдаць, прымянялi цеплавы прамень. У агародзе за Рэхэмптанам я накапаў маладой бульбы i крыху пад'еў. Адтуль адкрываўся вiд на Путнi i раку. Змрочны i бязлюдны вiд: счарнелыя дрэвы, чорныя закiнутыя развалiны ля падножжа гары, зарослыя чырвонаю травою балоты ў далiне разлiтай ракi i мёртвая цiшыня. Падумаўшы пра такую хуткую перамену, я раптам адчуў нейкi страх.

Я мiжвольна падумаў, што ўсё чалавецтва вынiшчана, змецена з твару зямлi i што я тут стаю адзiн, апошнi жывы чалавек. Каля самай вяршыны Путнi-Хiла я знайшоў яшчэ адзiн шкiлет; рукi яго былi адарваныя i ляжалi за некалькi ярдаў ад пазваночнiка. Крочачы далей, я паступова пераканаўся, што ўсе людзi тут знiшчаны, акрамя некаторых уцекачоў накшталт мяне. Марсiяне, вiдаць, пайшлi далей у пошуку ежы, кiнуўшы спустошаную краiну. Можа, цяпер яны разбураюць Берлiн цi Парыж, калi толькi не рушылi на поўнач...

VII

ЧАЛАВЕК НА ВЯРШЫНI ПУТНI-ХIЛА

Я правёў гэтую ноч у гасцiнiцы на вяршынi Путнi-Хiла i спаў у пасцелi ўпершыню з часоў маiх уцёкаў у Лезерхэд. Не варта расказваць, як я дарэмна ламаўся ў дом, а потым убачыў, што ўваходныя дзверы запёртыя на клямку; як я знайшоў у нейкай каморцы, здаецца, пакоi прыслугi, чэрствую скарынку, абгрызеную пацукамi, i два слоiкi кансерваваных ананасаў. Нехта ўжо аблазiў дом i спустошыў яго. Пазней я знайшоў у буфеце некалькi сухароў i сандвiчаў, магчыма, не заўважаных маiмi пяпярэднiкамi. Сандвiчы былi ўжо неядомыя, сухарамi ж я не толькi наталiў голад, але i набiў кiшэнi. Лямпы я не палiў, баючыся, што якi-небудзь марсiянiн у пошуках яды завiтае ў гэтую частку Лонданскага графства. Перш чым улегчыся, я доўга хадзiў ад вакна да вакна i ўглядаўся, цi няма дзе-небудзь гэтых пачвараў. Спаў я кепска. Лежачы ў пасцелi, заўважыў сам пра сябе, што разважаю лагiчна, чаго не было з часу стычкi з святаром. Усе наступныя днi я або нерваваўся, або абыякава i тупа адносiўся да ўсяго. Гэтай жа ноччу мой мозг, вiдаць, падмацаваны сiлкаваннем, праяснiўся, i я зноў пачаў лагiчна мыслiць.

Мяне даймалi тры рэчы: забойства святара, месцапрабыванне марсiянаў i лёс маёй жонкi. Пра першае я ўспамiнаў без усякага адчування страху цi мукаў сумлення; я глядзеў на гэта як на рэальны факт, пра якi непрыемна ўспамiнаць, але вiны не адчуваў. Тады, як i цяпер, я лiчу, што крок за крокам я быў падведзены да гэтай успышкi, я стаў ахвяраю непазбежных абставiнаў. Я не адчуваў сябе вiноўным, аднак успамiн пра гэта забойства не выходзiў з галавы. У начной цiшы i змроку, калi адчуваеш блiзкасць бажаства, я вяршыў суд над самiм сабою; упершыню мне даводзiлася быць у ролi абвiнавачанага ва ўчынку, здзейсненым пад уплывам гневу i страху. Я прыпомнiў усе нашы размовы з часу першай сустрэчы, калi ён, седзячы каля мяне i не звяртаючы ўвагi на маю смагу, паказваў на агонь i дым сярод развалiнаў Уэйбрыджа. Мы былi розныя, дзейнiчаць заадно не маглi; нас звёў сляпы выпадак. Калi б я ведаў, што будзе далей, я пакiнуў бы яго ў Галiфордзе. Але я не мог нiчога прадбачыць; зрабiць злачынства ж – значыць прадбачыць i дзейнiчаць. Я расказаў усё, як ёсць. Сведкаў няма – я мог бы затаiць сваё злачынства. Але я расказаў пра ўсё, няхай чытач судзiць мяне.

Калi ж нарэшце я прымусiў сябе не думаць пра сваё злачынства, я пачаў разважаць пра марсiянаў i пра жонку. Што да першых, то ў мяне не было даных для якiх-небудзь вывадаў, я мог прадказаць што заўгодна. Другi пункт быў не менш складаным. Ноч ператварылася ў кашмар. Я сядзеў на пасцелi, узiраючыся ў цемнату. Я Малiўся аб тым, каб цеплавы прамень раптоўна i без мучэнняў абарваў яе жыццё. Я яшчэ не малiўся пасля той ночы, калi вяртаўся з Лезерхэда. Праўда, будучы на валасок ад смерцi, я мармытаў малiтвы механiчна, нiбы язычнiк свае заклiнаннi. Цяпер жа я малiўся па-сапраўднаму, усiм сваiм розумам i воляю, у змроку, якi хаваў i бажаство. Дзiўная ноч! Яна падалася мне яшчэ больш незвычайнаю досвiткам, калi я, памалiўшыся богу, крадком выбiраўся з дому, як пацук, тым не менш я быў нiжэйшаю жывёлiнай, якую могуць запраста злавiць i забiць. Можа, i жывёлiны па-свойму моляцца богу. Гэта вайна, па крайняй меры, навучыла нас спачуваць тым пазбаўленым розуму iстотам, якiя знаходзяцца пад нашай уладаю.

Ранiца была ясная i цёплая. На ўсходзе ружавела неба i клубiлiся залатыя аблокi. На дарозе з вяршынi Путнi-Хiла ў бок Уiмблдона бачны былi сляды той панiчнай людской плынi, якая рушыла адсюль да Лондана ноччу на панядзелак, калi пачалася бiтва з марсiянамi: двухкалёсная ручная цялежка з надпiсам "Томас Лоб, зяленiўшчык, Нью-Молдзен", са зламаным колам i разбiтаю бляшанаю скрынкаю; чыйсьцi саламяны капялюш, утаптаны на ўсохлую цяпер гразь; а на вяршынi Ўэст-Хiла – асколкi разбiтага шкла з плямамi крывi каля перакуленай калоды для вадапою. Я iшоў паволi, не ведаючы, як мне далей быць. Я хацеў прабрацца ў Лезерхэд, хоць i ведаў, што адшукаць там жонку няма надзеi. Несумненна, калi смерць нечакана не заспела яе родных, то яны ўцяклi адтуль разам; але мне здавалася, што там я змог бы даведацца, куды знiклi жыхары Сэрэя. Я хацеў знайсцi жонку, але не ведаў, як яе знайсцi, я сумаваў па ёй, я сумаваў па ўсiм чалавецтве. Я востра адчуваў сваю адзiноту. На скрыжаваннi я павярнуў i накiраваўся да абшырнай Уiмблдонскай раўнiны.

На цёмнай глебе выдзялялiся жоўтыя плямы зелля i ракiтнiку; чырвонай травы не было вiдаць. Я асцярожна прабiраўся краем адкрытай прасторы. Мiж тым узышло сонца, залiваючы ўсё навокал сваiм жыватворным святлом. У лужы пад дрэвам я ўбачыў вывадак галавасцiкаў i спынiўся. Я глядзеў на iх, вучачыся ў iх жыццёвай упартасцi. Раптам я рэзка павярнуўся: адчуў, што за мной назiраюць, i, прыгледзеўшыся, заўважыў, што нехта хаваецца ў кустах. Пастаяўшы, я зрабiў крок да кустоў; адтуль высунуўся чалавек, узброены цесаком. Я наблiзiўся да яго. Ён моўчкi стаяў, не варушыўся i глядзеў на мяне.

Падышоўшы блiжэй, я ўбачыў, што ўвесь у пыле, гразi, зусiм як я, можна падумаць, што яго правалаклi праз каналiзыцыйную трубу. Падышоўшы яшчэ блiжэй, я ўбачыў, што адзенне на iм усё ў зялёных плямах глею, у карычневых лапiках засохлай глiны i ў сажы. Чорныя валасы падалi на вочы, твар быў брудны, асунуты так, што я адразу не мог пазнаць чалавека. На яго падбародку чырванеў незажывелы рубец.

– Стой! – закрычаў ён, калi я падышоў да яго на адлегласцi дзесяцi ярдаў. Я спынiўся. Голас у яго быў хрыплы. – Адкуль вы iдзяце? – спытаў ён.

Я асцярожна назiраў за iм.

– Я iду з Мортлейка, – адказаў я. – Мяне засыпала каля ямы, якую марсiяне выкапалi каля свайго цылiндра... Я выкарабкаўся адтуль i выратаваўся.

– Тут няма нiякай ежы, – заявiў ён. – Гэта мая зямля. Увесь гэты пагорак да ракi ў той бок да Клэмхема i да выгану. Ежы тут знойдзецца толькi на аднаго. Куды вы iдзяце?

Я адказаў не адразу.

– Не ведаю, – сказаў я. – Я прасядзеў у развалiнах трынаццаць цi чатырнаццаць дзён. Я не ведаю, што здарылася за гэты час.

Ён недаверлiва паглядзеў на мяне, потым твар яго змянiўся.

– Я не збiраюся тут заставацца, – сказаў я, – i думаю пайсцi ў Лезерхэд: там я пакiнуў жонку.

Ён паказаў на мяне пальцам.

– Дык гэта вы, – спытаў ён, – чалавек з Уокiнга? Дык вас не забiлi пад Уэйбрыджам?

У тую ж хвiлiну i я пазнаў яго.

– Вы той самы артылерыст, якi зайшоў да мяне ў сад?

– Вiншую! – сказаў ён. – Нам пашанцавала. Падумаць толькi, што гэта вы!

Ён падаў мне руку, я пацiснуў яе.

– Я прапоўз па дажджавой трубе, – працягваў ён. – Яны не ўсiх перабiлi. Калi яны пайшлi, я палямi прабраўся да Ўолтана. Але паслухайце... Не прайшло i шаснаццацi дзён, а вы зусiм сiвы. – Раптам ён аглянуўся цераз плячо. Гэта грак, – сказаў ён. – Цяпер заўважаеш нават цень ад птушынага крыла. Тут вельмi ж адкрытая мясцiна. Давайце схаваемся ў кусты i паталкуем.

– Вы бачылi марсiянаў? – спытаў я. – З тых часоў, як я выбраўся...

– Яны пайшлi на Лондан, – перабiў ён. – Мне думаецца, яны там учынiлi вялiкi лагер. Ноччу над Хэмпстэдам усё неба свецiцца. Як над вялiкiм горадам. I вiдаць, як рухаюцца iх ценi. А днём iх не вiдаць. Блiжэй не паказвалiся... – Ён палiчыў на пальцах. – Вось ужо пяты дзень... Тады двое з iх цягнулi нешта вялiкае к Хамерсмiту. А пазамiнулую ноч... – Ён спынiўся i шматзначна дадаў: – ...паявiлiся нейкiя агнi i ў паветры нешта насiлася. Я думаю, яны пабудавалi лятальную машыну i спрабуюць лятаць.

Я залез глыбей у кусты i ўсеўся на зямлю.

– Значыць, з чалавецтвам будзе скончана... – сказаў я. – Калi гэта iм удасца, яны запраста абляцяць вакол свету...

Ён кiўнуў.

– Яны абляцяць. Але... Тады тут стане крыху лягчэй. Але ўрэшце... – Ён паглядзеў на мяне. – Хiба вам не ясна, што з чалавецтвам ужо пакончана? Я ў гэтым перакананы. Мы знiшчаны... Разбiтыя...

Я паглядзеў на яго. Як нi дзiўна, гэта думка, такая вiдавочная, не прыходзiла мне ў галаву. Я ўсё яшчэ крыху на нешта спадзяваўся, – вiдаць, па прывычцы. Ён рашуча паўтарыў:

– Разбiтыя!

– Усё кончана, – сказаў ён. – Яны страцiлi аднаго, толькi аднаго. Яны здорава ўмацавалiся i разбiлi найвялiкшую дзяржаву ў свеце. Яны растапталi нас. Гiбель марсiянiна пад Уэйбрыджам была выпадковасцю. I гэтыя марсiяне толькi пiянеры. Яны прадаўжаюць прыбываць. Гэтыя зялёныя зоркi, я не бачыў iх ужо пяць цi шэсць дзён, але ўпэўнены, што яны кожную ноч дзе-небудзь падаюць. Што рабiць? Мы пераможаныя. Мы разбiтыя.

Я нiчога не адказаў. Я сядзеў, моўчкi глядзеў перад сабою, дарэмна стараючыся чаму-небудзь пярэчыць.

– Гэта нават не вайна, – прадаўжаў артылерыст. – Хiба можа быць вайна памiж людзьмi i мурашкамi?

Я раптам успомнiў ноч у абсерваторыi.

– Пасля дзесятага выстралу яны больш не стралялi з Марса, па крайняй меры да прыбыцця першага цылiндра.

– Адкуль вы ведаеце? – спытаў артылерыст.

Я растлумачыў. Ён задумаўся.

– Што-небудзь здарылася з пушкаю? – сказаў ён. – Ды толькi што з таго? Яны зноў яе наладзяць. Няхай сабе гэта зойме пэўны час, хiба гэта што зменiць? Людзi – i мурашкi. Мурашкi будуюць горад, жывуць сваiм жыццём, вядуць войны, здзяйсняюць рэвалюцыi, пакуль яны не перашкаджаюць людзям; калi ж яны перашкаджаюць, то iх проста прыбiраюць са свету. Мы сталi цяпер мурашкамi. Толькi...

– Што? – спытаў я.

– Мы ядомыя мурашкi.

Мы моўчкi пераглянулiся.

– А што яны з намi зробяць? – спытаў я.

– Вось пра гэта я i думаю, – адказаў ён, – увесь час думаю. З Уэйбрыджа я пайшоў на ўсход i ўсю дарогу думаў. Я назiраў. Людзi страцiлi розум, яны нылi i хвалявалiся. Я не люблю ныць. Мне даводзiлася глядзець смерцi ў вочы. Я не алавяны салдацiк i ведаю, што памiраць, – добра гэта цi дрэнна, – усё роўна давядзецца. А выратуецца той, хто не згубiць галаву. Я бачыў, што ўсе накiравалiся на ўсход. Я сказаў сабе: "Ежы там не хопiць на ўсiх", i павярнуў у адваротны бок. Я харчаваўся каля марсiянаў, як верабей каля чалавека. А яны там, – ён паказаў рукою, – дохнуць ад голаду, топчуць i рвуць адзiн аднаго...

Ён паглядзеў на мяне i неяк збянтэжыўся.

– Канешне, – сказаў ён, – многiм, у каго былi грошы, удалося ўцячы ў Францыю. – Ён зноў паглядзеў на мяне з нейкiм вiнаватым выглядам i прадаўжаў: – Ежы тут дастаткова. У лаўках ёсць кансервы, вiно, спiрт, мiнеральныя воды; а калодзежы i вадаправоды пустыя. Дык вось, я вам скажу, пра што я калi-нiкалi думаў. Яны разумныя iстоты, сказаў я сабе, i, здаецца, хочуць нас пажыраць. Спачатку яны знiшчаць нашы караблi, машыны, пушкi, гарады, увесь парадак i арганiзацыю. Усё гэта будзе разбурана. Калi б мы былi такiя маленькiя, як мурашкi, мы б маглi сiгануць у якую-небудзь шчылiну. Але мы не мурашкi. Мы занадта вялiкiя для гэтага. Вось мой першы вывад. Ну што?

Я пагадзiўся.

– Вось пра што я падумаў перш за ўсё. Ладна, цяпер далей: нас можна лавiць як заўгодна. Варта марсiянiну толькi прайсцi некалькi мiляў, каб натрапiць на кучу людзей. Я бачыў, як адзiн марсiянiн у ваколiцах Уондсварта разбураў дамы i капашыўся ў абломках. Але так паводзiць сябе яны будуць нядоўга. Як толькi яны знiшчаць нашы пушкi i караблi, разбураць чыгункi i зробяць усё, што збiраюцца зрабiць, то пачнуць лавiць нас сiстэматычна, выбiраць лепшых, запiраць iх у клеткi. Вось што яны пачнуць неўзабаве рабiць. Яны яшчэ не ўзялiся за нас як трэба! Хiба вы не бачыце?

– Не ўзялiся?! – усклiкнуў я.

– Не, не ўзялiся. Усё, што адбылося, адбылося па нашай вiне: мы не зразумелi, што трэба сядзець спакойна, дакучалi iм нашымi гарматамi i рознай ерундою. Мы страцiлi галовы i кучамi кiдалiся ад iх туды, дзе небяспека была такой жа. Iм пакуль не да нас. Яны заняты сваёю справаю, майструюць тое, што не змаглi захапiць з сабою, рыхтуюцца сустрэць тых, хто павiнен яшчэ прыбыць. Магчыма, што цылiндры часова перасталi падаць таму, што марсiяне баяцца трапiць на сваiх жа. Замест таго каб, як быдла, кiдацца ў розныя бакi цi наладжваць дынамiчныя падкопы, спадзеючыся ўзарваць пачвараў, нам трэба было б дастасавацца да новых умоў. Вось што я думаю. Гэта не зусiм тое, да чаго iмкнулася да гэтага часу чалавецтва, але затое гэта адпавядае патрабаванням жыцця. Я i дзейнiчаў, кiруючыся гэтым прынцыпам. Гарады, дзяржавы, цывiлiзацыя, прагрэс – усё гэта ў мiнулым. Гульня прайграная. Мы разбiтыя.

– Але калi так, то навошта тады жыць?

Артылерыст з хвiлiну глядзеў на мяне.

– Так, канцэртаў не будзе, магчыма, на працягу блiжэйшага мiльёна гадоў цi каля гэтага; не будзе Каралеўскай акадэмii мастацтваў, не будзе рэстаранаў з закускамi. Калi вы гонiцеся за гэтымi дабротамi, я думаю, што ваша карта бiтая. Калi вы свецкi чалавек, не можаце есцi гарошак нажом цi смаркацца без хустачкi, то лепш забудзьцеся гэта. Гэта ўжо нiкому не патрэбна.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю