412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Андрэй Федарэнка » Сцэнарыст » Текст книги (страница 2)
Сцэнарыст
  • Текст добавлен: 1 июля 2025, 14:30

Текст книги "Сцэнарыст"


Автор книги: Андрэй Федарэнка



сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 11 страниц)

Гэтай Рыце было 22 гады. Раней яна працавала на здымках фільмаў “хлопушкой”– па-руску, ці “ляпалкай”– па-беларуску: выходзіла перад кінакамерай з невялікай дошчачкай, агучвала непрыстойнае слова: “Записьдубля!” і ляпала маленькім шлагбаўмікам. Таксама ў яе абавязкі ўваходзіла ўносіць нумары дубляў у журнал, каб потым не заблытацца ў тонах матэрыялу. Калі спехам пачаў стварацца “FilmBell”, яе аўтаматычна (бо не хапала людзей, а па-другое, так ці інакш была звязана з кінематографам) перавялі ў сцэнарны аддзел, хоць яна сама прызнавалася, што не мае ні таленту, ні схільнасці да гэтай прафесіі. У кітайскай іерархіі сцэнарнага аддзела яна займала самае нізкае месца – малодшы рэдактар.

Для Скіндзера яна з’яўлялася больш-менш надзейным спонсарам і ўвогуле карысным чалавекам. Праз яе рукі праходзілі сцэнарныя працы так званага ўнутрыстудыйнага конкурсу, і калі-небудзь, бывала, Скіндзер забіраў у яе са стала якуюсь цікавую карацельку малавядомага ці зусім невядомага аўтара і пасля касметычнай перапрацоўкі, пад сваім ужо імем, прадаваў у РФ за невялікія грошы. А аўтару казалі: не пайшло, пішыце новыя рэчы.

І быў яшчэ адзін момант. Скіндзер хоць і падсмейваўся з яе і часта называў “яжемаць” (так яна і запісана была ў тэлефоне – “рыта#яжемаць”), яна проста падабалася яму як дзяўчына.

Падыходзячы да пад’езда, ён маякнуў па тэлефоне, Рыта спусцілася і адчыніла дзверы. І гэты ракурс ён запомніў: у святле лямпачкі над пад’ездам чырвоны пухавік і белыя валасы. Падняліся на яе паверх, прайшлі на агульны шырокі, доўгі балкон. Сюды даставала святло ад вулічнага ліхтара.

У кутку стаяла старая гавайская гітара без струн і дзіцячыя саначкі. Рэжысёр адкрыў пляшку і каўтнуў. Рыце нават не прапаноўваў – ведаў, што яна не дакранецца. Як прызналася яна неяк: аднойчы ўжо выпіла, і вунь вынік, сапе носам у ложку пад коўдрай. Яна мела на ўвазе маленькую дачку. Курыць стараліся асцярожна і размаўляць ціха. У Рыты ззялі вочы. Усмешка не сыходзіла з яе твару. Рэжысёр ведаў, што яна крыху не ад гэтага свету. Па-дзіцячы пунсовыя вусны прагна абхоплівалі фільтр цыгарэты. І за гэта хацелася даць ёй па руках. Рэжысёр дастаў з кішэні грошы.

– Тут больш, чым трэба, – сказала яна. – Так ты ўсё раздасі і зноў будзеш пазычаць.

– А можа, мне хочацца часцей цябе бачыць.

– Не, на мяне не разлічвай. Я больш не змагу пазычыць. Звальняюць. Па сканчэнні кантракту.

– Як? З малой? Хіба гэта законна?

– Якія законы, пакуль ён тут, – адказала Рыта, маючы на ўвазе гендырэктара Хрушчанку. – Тут не да законаў. Ён робіць што хоча.

Тут Скіндзер успомніў, якія плёткі хадзілі, што пагаворвалі (а ў такіх выпадках і ў такіх установах заўсёды ўсе пра ўсіх “пагаворваюць”), што гендырэктар, усё той жа злашчасны Хрушчанка, і ўзяў Рыту на працу ў сцэнарны аддзел з адной-адзінай мэтай – каб яна, 22-гадовая, стала яму, 75-гадоваму, палюбоўніцай. Тое, што яе звальняюць, сведчыла аб адным – не стала. Вось і кантракту канец.

Рыта сказала:

– Зрэшты, я не перажываю. Грошы маленькія. Я б даўно сама зволілася, калі б не ведала, што паўсюль адно і тое.

– Нічога, – ён пагладзіў яе па плячы. – Не прападзем. Мой сябра напіша сцэнарый, а мяне запрасілі, – пахваліўся з важным выглядам, – быць рэжысёрам. Сцэнар, праўда, так сабе. Слабенькі. Вярнуцца ў мінулае, каб выправіць віну. Але я пастараюся зрабіць з яго цукерку.

– Пакуль ён будзе сядзець, нічога ніхто не выцягне і не зробіць. Усё гэта без толку. Самае большае – так і будзеш карміцца з рускіх серыялаў.

– Ды што серыялы. У серыялах няма чароўнага падману, а адно прамое дзеянне.

Рэжысёр ажывіўся і сам не заўважаў, як пачаў гаварыць чужымі словамі. Скаваны з дзедам, ён цяпер нібы памяняўся з ім месцамі: гаварыў безупынна, а Рыта слухала. Яна абаперлася на край балкона і глядзела ўніз. Унізе, над пад’ездам казырок, галіны грушы. Рыта, збіваючы попел з цыгарэты, нахілілася. Амаль перавесілася. Ён інстынктыўна выкінуў руку, каб утрымаць.

– Глядзі, упадзеш калі-небудзь.

– Не ўпаду.

Дзе гэта ўжо было? Падобныя словы і нават такая ж інтанацыя? Успомніў – калі ён сказаў дзеду: “глядзіце, абчысціць кватарант”, а той у адказ: – “Не абчысціць”.

– Слухай, Рыта. Ёсць гатовая кінааповесць. Аддаю бясплатна. Прыязджае кінастудыя на здымкі. Набірае мясцовых для масоўкі. Выбралі сына і бацьку. Сын граў чырвонаармейчыка, а бацька павінен быў скакаць з цягніка, які партызаны пускалі пад адхон. І загінуў. Сын падрос, патрапіў на кінастудыю і пачаў помсціць кіношнікам. Яны паміраюць па чарзе адзін за адным.

– Пачакай, – Рыта сапраўды зацікавілася. – Пачакай. Гэта ж мы ездзілі на здымкі. Я таксама. Нешта не памятаю такога.

– Ты і не можаш памятаць. Гэта я толькі што, вось цяпер, прыдумаў.

– І ў чым ідэя?

– У двух планах. Першы, павярхоўны – матыў помсты. Сын ідзе за бацьку. А другі, глыбокі – помста за здзек з мастацтва, у прыватнасці, з кіно. За тое, што з ім зрабілі і працягваюць рабіць. Ёсць жа недзе кіношны бог, і цярпенне яго не бязмежнае.

– Нічога сабе.

– У гэтым соль. Помсціць не хлопчык, а кіношны бог. А хлопчык – яго сляпая зброя. Помсціць за пошласць, нажыву, манетызацыю святога, за халтуру, кан’юнктуру, за серыялы…

– Глыбока капнуў.

– Не забывай таксама, – падбадзёраны, працягваў рэжысёр, – што адбылося гэта на здымках кан’юнктурнага фільма пра вайну. Таго самага, дзе “мажь лоб зелёнкой”. Гэта значыць, дзеля голай суцэльнай кан’юнктуры ў аднаго адабралі жыццё, а другому яго зламалі.

– А някепска было б, – раптам прамовіла Рыта задумліва. – Хаця, з іншага боку, тут у нас такое, што і помсціць не трэба.

– Уяўляю!

– Не ўяўляеш. Любы калектыў не падарунак. Але кіношны – па-за канкурэнцыяй. Аддзел рэдактуры асабліва. Гэта павукі ў слоіку, як тарантулы ў адной ямцы. Самі перагрызуць адно аднаго. Інга Яравая-Міхалевіч таксама… Там адзін Камар чалавек.

Рыта напала на любімую тэму. Але развіваць не стала. Спытала:

– Ну, а ты як? Зноў скакаў з электрычкі?

– З электрычкі, – гмыкнуў рэжысёр. – Бяры вышэй! Я ўпершыню сыграў ролю ў рускім серыяле. Эпізадычную, праўда, але ўсё як належыць, з грымам, прымеркай. Так што можаш павіншаваць з дэбютам…

Ён ажывіўся і расказаў, як яго грыміравалі (спойлер – ніяк: прыпудрылі нос, два мазкі пэндзлікам, і ўсё), затым адправілі на прымерку (якая не спатрэбілася, бо здымаўся ў сваім адзенні), як рэжысёр (той самы, што праводзіў кастынг; тады яму хапіла пяці секунд, каб Скіндзера зацвердзіць) захацеў палепшыць кадр здымак у рэстаране. “Трэба задыміць крыху тут”. – “У нас жа дым-машыны няма. Можа, пакурым усе?” Знялі вечаровую сцэну, перамясціліся на ранішнюю – у той самай лакацыі. Рэжысёр: “Чаму раніцаю на стале ў келіхах учарашні каньяк? Зрабі хаця б гарбату”. – “Можа, проста пераліць у кубкі?” Так і знялі.

5

Самае цікавае, што Скіндзер, дзякуючы сваёй рэжысёрскай інтуіцыі, амаль не памыліўся. Іван Лагун сапраўды быў не такі просты, як магло падацца. У свае няпоўныя васямнаццаць ён меў ужо даволі пакручастую біяграфію, дзе прысутнічала і кіно, і каханне, і шантаж, і тайна, і нават крэўная помста. Праўда, бацька яго ні ў якіх фільмах не здымаўся і ні з якога цягніка не скакаў – яго забіла маланка, калі ён вудзіў рыбу ў лодцы на ўласным возеры. Здарылася гэта акурат у тое лета, калі прыязджала кіназдымачная брыгада і падстрыжаны Іван іграў маладзенькага салдаціка-чырвонаармейца ў масоўцы. А да гэтага яны, сям’я – бацька, маці, Іван-падлетак, дзве малодшыя сястрычкі пяці і шасці гадоў – спакойна і шчасліва жылі сабе ў ваколіцах Рудабелкі. Бацька займаўся аграбізнесам, меў ва ўладанні ўзяты ў арэнду, а потым выкуплены вялікі ўчастак зямлі разам з лесам, полем, возерам. Была свая крамка на базары, дзе ён круглы год прадаваў гародніну. Бізнес ішоў паспяхова. Бацька вазіў сына ў адзіную ў горадзе элітную гімназію. Сястрычкі падрасталі. Маці збольшага памагала мужу, але не перапрацоўвалася. Ва ўсім панаваў лад і згода, і здавалася, так будзе заўсёды і па-іншаму быць не можа.

Але ж гэта калі б людзі ўмелі задавальняцца тым, што маюць. Як і ў кожнага нармальнага чалавека, у бацькі была мара. Ён, беларус, паляшук, цвярозы, разумны, бацька траіх дзяцей, у душы быў летуценнікам. Трызніў Поўднем, цяплом, белым дамком. Яму так і ўяўлялася вінаградная лаза, сіняе мора, пунсовыя ветразі. Ён мог гаварыць на такую, паўднёвую, тэму бясконца. Вочы ў яго тады загараліся, а голас пачынаў дрыжаць. Ён ужо нават знайшоў пакупніка сядзібы, чалавека родам з Поўдня, але які, у адрозненне ад яго, наадварот, хацеў перабрацца падалей ад абрыдлага мора на кантынент, менавіта – у Беларусь. Ужо нават дамова была гатова. Заставалася толькі падпісаць. Рыхтаваліся да пераезду. І вось так недарэчна ўдар маланкі перакрэсліў планы, ушчэнт усё спапяліў.

На пахаванні было многа людзей, мясцовых і з горада. Звычайна багатых у нас не вельмі любяць; пра каго іншага абавязкова пашапталіся б, сказалі б, маўляў, вось кара яму за грахі. Але бацька нікому зла не зрабіў. Яго шкадавалі. Асабліва ўбіваўся нейкі рыжы мужчына. Ён так гараваў, што яго насілу адцягнулі ад труны. Іван яго раней не бачыў і нават не ведаў, што ў бацькі ёсць такі адданы сябар. Потым маці сказала, што гэта і ёсць той самы пакупнік сядзібы, па прозвішчы Отчык.

Усё пакацілася пад адхон пасля няшчаснага выпадку. Была сярэдзіна лета. У парніках, на гародах усё расло, спела, налівалася. Ніхто не ведаў, што з гэтым рабіць. Стаяла спёка. Някормленыя куры шчыпалі мурог каля плота. Маці паняцця не мела, як весці гаспадарку, бо ніколі гэтым не займалася. Адна, без радні, зусім не падрыхтаваная да суровага жыцця, яна была ў адчаі. Іван, адзіны мужчына ў сям’і, павінен быў браць усё на сябе, станавіцца гаспадаром, рабіцца сястрычкам за бацьку. Але яму самому ледзь стукнула пятнаццаць. Усё было б зусім кепска, каб не той самы спагадлівы пакупнік, Отчык. А яшчэ кажуць, часы добрых людзей мінулі. Спачатку ён прапанаваў купіць участак за невялікую, сімвалічную цану. Калі ж высветлілася, што гэта немагчыма – юрыдычныя рагаткі выключалі, паперы былі складзеныя так, што толькі гаспадар мог распараджацца маёмасцю, – тады ён, гэты Отчык, выключна ад спачування няшчаснай удаве і сіроткам узваліў на сябе важкую ношу: бясплатна ўзяўся весці справы нябожчыка-сябра, а неўзабаве і ўсю гаспадарку аформіў сабе ў арэнду на год. Хоць гэта, як ён прызнаваўся, прынесла яму нямала клопатаў, расходаў і нязручнасцяў. Ён нават вымушаны быў перабрацца з горада, дзе пасяліўся на перыяд куплі-продажу ў гатэлі, у іхні маленькі гасцявы флігель, які трымалі для знаёмых паляўнічых і рыбаловаў.

Для сям’і пачалося новае жыццё. Прыйшла восень. Працы хапала. Отчык, які сам працаваць не мог з-за нейкай хваробы, пільна сачыў, каб у іншых пастаянна былі занятыя рукі. Амаль кожны дзень у любое надвор’е можна было бачыць кранальную сцэну: Іван, маленькія сёстры, маці гарбацяцца на агародзе. Людзі з замілаваннем адзываліся аб працавітай сямейцы, Іван жа адчуваў сябе катаржнікам. Пры бацьку яны не ведалі ні ў чым адмовы. Раслі, гадаваліся на волі, сярод прыроды, здаровымі дзецьмі. Для іх увогуле не існавала такога паняцця, як голад, толькі апетыт. Скупаваты Отчык хутка прывучыў іх да, як ён казаў, “эканомікі”, так, што калі-небудзь і чорны хлеб з цыбуляю быў за шчасце. Отчык, здавалася, вёў падлік кожнай цыбуліне на градах і кожнаму гурку ў цяпліцах. Любімая прымаўка ў яго была: “хто рубель не шануе, той капейкі не варты”, а любімае слова – эканоміка. “Трэба ва ўсім трымацца экономікі”. Хутка, праўда, высветлілася, што пад эканомікай ён мае на ўвазе эканомію, інакш – звычайную ашчаднасць.

Флігель, у якім жыў Отчык, быў у кутку двара каля студні. Раніцамі Іван мог назіраць, як Отчык абліваецца сцюдзёнай вадой. Ён вельмі глядзеў сябе, пільна сачыў за сваім нібыта слабым здароўем. Хударлявы, пародзісты, з рыжай шавялюрай і бакенбардамі, нечым ён нагадваў паджарага мускулістага льва. Калі-небудзь Іван лавіў на сабе яго позірк, хуткі, з-пад ілба, і, халадзеючы, думаў, што леў, прыходзячы ў чужы прайд, першай справаю перадушвае ільвянят мужчынкага полу. І праўда, калі да сястрычак Отчык ставіўся абыякава, да маці – нязменна з павагай, мо нават больш, чым з павагаю, дык з Іванам у іх агульнай мовы не было. Часам Отчык, калі ніхто не бачыў, клаў цяжкую руку яму на плячо і абмацваў худзенькую ключыцу.

– Ну што, Іван Лагун, удовін сын, – казаў, заўсёды ставячы прозвішча разам з іменем. У голасе чулася насмешка. – Як табе без бацькі?

Лішне казаць, што Іван не любіў, а яшчэ больш баяўся яго. Таму можна ўявіць, чаго каштавала яму аднойчы набрацца смеласці і спытаць, ці сапраўды яны, Отчык і бацька, так ужо сябравалі.

– Не скажу, што моцна, – адказаў Отчык. – Але ў душы мы былі як Хмяльніцкі з Чапліцкім.

Сэнс гэтага дзіўнага параўнання Іван зразумее пазней. А пакуль, прыблізна ў той жа час, у яго з’явілася тайна. Праз некалькі месяцаў пасля гібелі бацькі, калі боль страты аціх, Іван залез на гарышча, каб патрымаць у руках, перабраць бацькавы рэчы, складзеныя ў кардоннай скрынцы, і раптам звярнуў увагу на яго смартфон. Пакруціў у руках, заўважыў, што на ім з’явіліся чорныя плямы і ўвогуле ён нейкі як бы абпалены, а з аднаго боку нават аплаўлены.

Іван глядзеў на гэты пакалечаны тэлефон, і яму здавалася, што ён працягвае здымацца ў кіно. Здагадка была наколькі простая, настолькі ж неверагодная – бацькава гібель магла быць не няшчасным выпадкам, а спланаваным забойствам. Ён толькі падзівіўся, чаму нікому з дарослых гэта не прыйшло ў галаву. У кампутары запэўнівалі, што немагчыма такое, не рэагуе маланка на ўключаны тэлефон. І адразу ж: “нядаўна было паведамленне пра гібель дарадчыка Мінаховы здароўя РФ у Крыме – яго ўдарыла маланка, калі зазваніў мабільнік”.

Канечне, самае лепшае было б расказаць каму-небудзь, падзяліцца. Але Іван быў вельмі адзінокі. Сяброў не меў. Сёстры цураліся старэйшага брата, ім хапала адна адной. А маці – яна змянілася з таго часу, нібыта і па ёй прайшлася краем тая чорная маланка і абвугліла частку душы. І без таго маўклівая, цяпер яна зусім замкнулася ў сабе. Лагуну было нават крыўдна, што маці стала такой і не заўважае, не хоча бачыць, які гэты Отчык хітры, хлуслівы, небяспечны. Да ўсяго ў ім самім прысутнічаў страх. Калі Отчык сапраўды датычны да бацькавай гібелі, дык і яму, Івану, пагражае небяспека як адзінаму сведку. Таму ён вырашыў пакуль маўчаць і самому ва ўсім разабрацца.

На той час ён ужо вучыўся ў іншай школе, звычайнай, не ў цэнтры, а на другім канцы горада. Пра элітную гімназію, як і пра машыну, якой падвозіў яго бацька, давялося забыць. Отчык ні разу не падвёз яго, шкадаваў бензін і час, не кажучы пра кішэнныя грошы, якіх Іван меў роўна на два талончыкі. Машыну замяніў веласіпед. Іван даязджаў да ўскраіны горада, ставіў яго ў двары, перасядаў на аўтобус да школы, гэтаксама вяртаўся назад. Дарога дамоў, на якой ён адпачываў, стала нібы ўдвая даўжэйшай. Яна няспешна вяла ўздоўж берага возера, таго самага, некалі іхняга, а цяпер чужога. Высокі цупкі бераг. Палянка, парослая мяккай травой, на якой, калі суха, адпачываў, прывыкаў да адзіноты. Глядзеў на водную роўнядзь, такую падманна-ласкавую, ціхамірную. А то, лежачы на спіне ці на жываце, з травінкай у роце – марыў.

Ён і раней любіў гэты занятак. Але тады мары былі беспрадметныя – так, нічога цікавага, хутчэй фантазіі, а не мары: пра вялікі горад, новы айфон, моднае адзенне, дарагую машыну. Ён так і ўяўляў гэта – прыезд на дарагой машыне ў сям’ю, з падарункамі. Каля школы спыніцца. Ранейшыя мары нікуды не зніклі, жаданне разбагацець так і было асноўным, але з’явілася ў іх больш практычнага рэалізму, і яны прынялі накірунак, звязаны з Отчыкам, з жаданнем разблытаць яго цёмныя справы, і тады – помста яму, знішчэнне яго; напрыклад, выкупіць назад зямлю, а Отчыка давесці да галечы, а то і да турмы.

Яшчэ Іван зразумеў, што, каб мары збыліся, яму трэба вывучыцца. Не залежаць ад сям’і. Стаць славутым. Весці лёгкае, паспяховае жыццё. Пажадана нічога не рабіць, а ўсё атрымліваць, – каб грошы капалі самі сабой кожны дзень рэгулярна.

І ўсё гэта ў думках-марах давала яму – кіно. Толькі з ім ён звязваў свой лёс і будучы поспех. Кажуць жа людзі, аднакласнікі, настаўнікі, што ён падобны да нейкага кінаакцёра. І ўвогуле ён часта ўспамінаў тое лета, калі прыязджала кінабрыгада. Хаця насамрэч нічога рамантычнага там не было. Для здымкаў іх, хлопцаў-падлеткаў, пастрыглі «пад нуль», прычым гэта была абавязковая ўмова. Яны гралі навабранцаў, радавых. Рэжысёр з’яўляўся на здымках вельмі рэдка, памяты і злы выкульваўся бліжэй да абеду са свайго студыйнага буса, лаяўся на памочніка, які, па-сутнасці, і быў сапраўдным рэжысёрам, і некуды знікаў. Адну і тую ж сцэну – капанне акопа – пераздымалі разоў дваццаць, пастраенне і кароткі дыялог паміж галоўным героем і яго таварышам – разоў пятнаццаць. Калі Іван пасля глядзеў серыял (цалкам так і не адолеў), то адзначыў, што сцэны з іх удзелам занялі ў васьмісерыйным фільме ўсяго хвілін мо восем. За адзін дзень плацілі 10 даляраў. Хлопец-кіношнік, што займаўся рэквізітам, на пытанне, колькі плацяць за масоўку ў Расіі, па сакрэце распавёў, што расіянам вельмі выгадна здымаць ваенныя фільмы ў Беларусі, бо, напрыклад, масоўку тут можна наймаць ці не ў 5 разоў танней. Увогуле, было спякотна, лысую галаву напякло сонцам, у Івана на другі дзень здарылася нешта накшталт цеплавога ўдару.

Але дзіўная рэч! Усё забылася пасля, адфільтравалася. Простае азіранне ў мінулае ахутвала ўсё мілай, светлай журбой і жаданнем апынуцца там зноў. Іван успамінаў тыя дні з настальгіяй. Кіношнае жыццё здавалася яму прыгожым, цікавым, лёгкім, бязбедным; кіношныя людзі – людзьмі з іншага свету. Для таго, каб жыць такім жыццём, трэба было дабіцца поспеху і разбагацець. Зрабіць гэта можна толькі вывучыўшыся. А на вучобу трэба грошы. Хаця б першапачатковы капітал – мінімум тысяча даляраў. Узяць іх можна толькі ў сквапнага Отчыка. А ён добраахвотна, па сваёй волі ніколі іх не дасць.

Замкнутае кола, якое і спадзяваўся разарваць Іван. План яго будзе просты: калі спраўдзіцца гісторыя з трагічным, злачынным званком, ён прапануе Отчыку сваё маўчанне ў абмен на грошы.

А тым часам Отчык, счакаўшы роўна год, зрабіў удаве афіцыйную прапанову, атрымаў згоду і ажаніўся з ёю. У высакародным парыве ён нават змяніў прозвішча – з Отчыка на Лагуна, як ён растлумачыў, каб не прападаў раскручаны брэнд. Так чалавек, не заплаціўшы ні капейкі, за год прыбраў да рук жаданы ўчастак зямлі разам з возерам, лесам, з усімі пабудовамі, прысвоіў бізнес нябожчыка, а таксама атрымаў у дадатак яго жонку, трох бясплатных парабкаў і новае прозвішча – словам, цалкам замяніў сябра, як бы пачаў жыць замест яго.

Пасля гэтага падазрэнні Лагуна, што ўсё было задумана і спланавана Отчыкам, а цяпер толькі рэалізоўваецца, перараслі ў цвёрдую перакананасць. Ён ужо не сумняваўся, што Отчык падстроіў забойства, што званок ад яго на бацькаў тэлефон супадзе з ударам маланкі. На пытанне, як узнавіць уваходныя/зыходныя званкі ў тэлефоне без сім-карты, сябра-гугл без запінкі адказаў: прыйсці з пашпартам і пасведчаннем аб смерці блізкага чалавека ў офіс і папрасіць у сотавага аператара раздрукоўку. Нарэшце Іван выправіўся туды. Ён запомніў, на форуме пісалі, што атрымаць раздрукоўку гадавой даўніны з чужога (хай нават і роднага бацькі) тэлефона зусім не лёгка, і многае будзе залежаць ад аператара, у яго выпадку – аператаркі, таму паспрабаваў спадабацца ёй. Трэба зазначыць, што да таго часу ён змяніўся знешне. Фізічная праца, свежае паветра, здаровая ежа, добрыя гены як бы паскорылі яго сталенне: у свае шаснаццаць выглядаў на ўсе васямнаццаць. Акрамя таго, была за душой у яго тайна, якая накладала свой адбітак і на характар, і нават на знешнасць. Высокі, сімпатычны малады чалавек з загадкавым тварам – такім паўстаў ён перад маладзенькай аператаркай. А калі загаварыў, дык з’явіліся – чырвань на шчоках, сціплая ўсмешка, зазвінеў ціхі, з замінкаю голас.

“Разумееце… Бацька трагічна загінуў. Я, як сірата… Ці можна, калі ласка, раздрукоўку званкоў за год назад? Хто яму званіў, і каму ён, у апошнія хвіліны. Мне гэта патрэбна як памяць”.

“Ну што ж. Дзеля памяці пра бацьку”, – прамовіла добрая аператарка, усміхнуўшыся ледзь-ледзь у адказ (“З-за вушэй?” – падумаў ён).

І вось ён трымае жаданую, каштоўную паперчыну. Не адыходзячы ад вакенца, упіўся ў яе вачамі. Так і ёсць. Апошні званок з незнаёмага нумара. Але не з Отчыкавага. Тады – з чыйго? Хто мог пазваніць так “своечасова”? Отчык з іншага тэлефона? Пазваніць, а потым памяняць сімку? Але бог мой, такія складанасці! – гэта занадта. Доўга не адважваўся ён набраць чужыя, страшнаватыя лічбы. У лепшым выпадку чакаў пачуць: “набраны вамі нумар не існуе”, а ў горшым… Ён не мог уявіць, што ў горшым, але наперад млеў ад страху. Нарэшце набраў, заплюшчыў вочы – і пачуў жаночы прыемны грудны голас. Ён прамармытаў, што памылка, прабачце, і адключыўся.

Новая тайна. Хто гэтая жанчына? Няўжо… у бацькі была палюбоўніца? Ён быў здольны на такое? Усё перавярнулася з галавы на ногі. Думкі пайшлі зусім у іншым кірунку. Цяпер тым больш нікому не скажаш. Пры такім раскладзе, пры наяўнасці палюбоўніцы, бацька аказваўся не такой ужо нявіннай ахвярай, і матыў помсты траціў сваю заманлівасць, а галоўнае – адпадаў, выслізгваў з рук Отчык. Невядома, як да яго падступіцца. А ён быў адзіным спадзяваннем Івана. Цяпер не было каму помсціць, адпаведна, не было ад каго тым ці іншым чынам дастаць на вучобу грошы.

6

Неяк у школе, каля настаўніцкай, Лагун выпадкова пачуў, як яго абмяркоўвалі: “сірата, а які мілы…”, “бяскрыўдны зусім. На кінаакцёра падобны”, – наматаў гэта на вус і зрабіў высновы. Ён зразумеў, чаму яго цягнуць і ставяць не самыя горшыя адзнакі, хаця вучыўся ён так сабе, цяп-ляп. Падслуханая размова, а таксама выпадак з сотавай аператаркай, падказалі яму, што яго безаабароннасць, вінаватая ўсмешка, маска сарамлівасці, словам, усё гэтае ўмельства пры разумнай галаве ёсць тавар, і ім можна карыстацца, як нечым матэрыяльным, паставіць сабе на службу. Так ён і зрабіў. Не адразу, а паступова ён навучыўся даволі праўдападобна прыкідвацца, ведаў, як сябе паводзіць, які прыняць выгляд, каб спадабацца людзям. Варта было яму расцягнуць вусны ва ўсмешцы, пачырванець, як ён рабіўся падобны на сімпатычнага бяскрыўднага ідыёта і адначасова крыху на земляка-кінаакцёра Смактуновіча-Смактуноўскага, які напачатку сваёй кінакар’еры карыстаўся такой усмешкай напоўніцу. Спрацоўвала не заўсёды, але ў большасці выпадкаў яго выгляд абяззбройваў. Яму падабалася гэта.

Цікава было правяраць дзейснасць свайго акцёрства. У такія хвіліны яму пачынала здавацца, што ён не столькі жыве, колькі грае ролю, што не рэальнае жыццё вакол, а кіно, якісьці даўжэзны серыял, у якім не адзін ён прыкідваецца, а ўсе без выключэння; не жывуць, а больш-менш паспяхова граюць самахоць узятыя на сябе ролі, прыкідваюцца іншымі, і ўсё з адной мэтай – каб прыхаваць сваё сапраўднае жыццё. А сапраўднае ў большасці шэранькае, нецікавае, а то і злачыннае. Нават бацька, як высвятляецца, быў не той, за каго сябе выдаваў.

Неўзабаве надарыўся выпадак праверыць гэта – ці сапраўды людзі ўсе акцёры – на практыцы. Пасля таго, як Лагун памяняў школу, у яго з’явілася сяброўка-аднакласніца. Яна жыла ў трохпавярхоўцы на ўскраіне горада. Кожную раніцу яна чакала яго. Лагун ставіў у іх двары веласіпед. А потым разам яны ехалі аўтобусам у школу. Аднакласніца нічым асаблівым не вылучалася. Была такая ж ціхая, як і ён. Сціплая, маўклівая. Добрая. Знешнасць – дзве коскі, чысты, без падлеткавых прышчоў твар з фіялетавымі ценямі пад неверагодна прыгожымі вачамі. Белы фартушок, поўныя белыя ногі. Увогуле яна была рослая, з развітымі жаночымі формамі. Не красуня, але калі ўсміхалася, яе як аблівала ўсю сонцам і ўнутраным святлом. Раней Іван асабліва не зважаў на яе. Толькі пасля гісторыі з дэталізацыяй ды пасля званка па незнаёмым нумары ён інакш пачаў глядзець на жанчын увогуле і на сяброўку ў прыватнасці. Яна таксама адчула змену ў ім. Прынамсі, у яго знешнасці. І ў адзін красавіцкі вечар сама напрасілася правесці яго пасля школы далей за двор, да самага возера. І там, на палянцы, упершыню пацалавала – у шчочку. З таго часу яна пачала кожны дзень праводзіць яго пасля школы да палянкі. Яму і прыемна было, і разам з тым страшнавата, бо яна чамусьці адразу ўзяла нейкі меланхалічны, журботны тон, прыняла ролю вопытнай жанчыны, якая ўсяго паспрабавала ў жыцці, і нічым яе не здзівіш. Гэткі Пячорын у спаднічцы.

“Хутка мы расстанемся. Мяне, як Лермантава, ссылаюць на Каўказ”, – сумным голасам паведаміла яна. Ён прапусціў гэта міма вушэй, лічачы чарговай яе выдумкай. Неўзабаве высветлілася, што ўся яна – сумесь інфантыльнасці і нейкай надрыўнай рамантыкі, пяшчоты і какецтва, кіношнай экзальтацыі і капрызаў; акрамя таго ўмела яна і злавацца, – тады бровы ў яе складваліся стрэшкай, як у П’еро, а голас рабіўся высокі і пранізлівы. То яна была жарснай і вешалася яму на шыю, то раптоўна як загаралася, так халадзела, то пачынала гуляць у маленькую дзяўчынку: надзімаць губкі, казаць “я так хоцу”, і яму даводзілася рабіць выгляд, што яго не бянтэжыць гэта. Яна любіла яго цалаваць – толькі ў шчаку, і ўвесь час брала з яго слова:

“Паабяцай, што будзеш мяне ўспамінаць. Што будзеш сумаваць па мне”.

Яна ўсё пытала:

“Як ты будзеш жыць без мяне? – і сама ж упэўнена адказвала: – Ты не выжывеш без мяне. Ты такі безаабаронны. Ты мяне ніколі не забудзеш. Бедны. Я ведаю, што параніла цябе назаўсёды, але гэта жыццё”.

Тым не менш, і нават хутчэй за ўсё, у іх неўзабаве адбылося б нешта больш сур’ёзнае за пацалункі, усё ішло да таго, яна ўжо снілася яму ў снах, пра якія так соладка і сорамна ўспамінаць, як раптам яна сапраўды з’ехала, і сапраўды на Каўказ. На развітанне ў апошні вечар урачыста ўзяла з яго слова не траціць сувязі ніколі. Калі ўсё скончылася, ён уздыхнуў з палёгкай. Хоць яна падабалася яму, у душы ён быў рад, што пазбавіўся ад гэтай сімпатычнай зануды.

Гісторыя, аднак, тым не скончылася, а мела працяг, прычым яшчэ больш кіношны (лёс упарта прывязваў яго да кіно). Здарылася гэта праз год, калі Лагун ужо вучыўся ў апошнім класе. І зноў гэта было звязана з дворыкам, дзе ён па-ранейшаму ставіў веласіпед. Да таго часу дворык стаў яму ледзь не сваім. Ён усіх ведаў, і яго ведалі. Неяк раніцай – было гэта ў канцы мая, цёплага, душнага – ён заўважыў у кутку двара пад каштанам матацыкл. З нумарамі РФ. Гаспадара нідзе не было. Толькі нейкая надта загарэлая для траўня месяца дзяўчына ў шортах, в’етнамках, педыкюр на пальчыках ног, сядзела каля дзіцячай пляцоўкі на арэлях. Пагойдвалася. Пасля школы карціна ў дворыку амаль не змянілася. Матацыкл стаяў, дзе і стаяў, толькі пад чахлом, дзяўчына па-ранейшаму сядзела на арэлях, як і не ўставала. Пабачыўшы Лагуна, махнула яму рукой. Яна яўна чакала яго. Ён падышоў. Яна паднялася. Кірпатая, з круглым тварыкам, падбародак з ямачкай. Школьнае мілае рабацінне, рассыпанае каля носа і па шчоках. У вачах цікавасць і нейкі дзіўны бляск. Яна загаварыла з ім.

“А я цябе завочна ведаю. Мне пра цябе многа расказвалі”.

Пазнаёміліся. Высветлілася, што гэта стрыечная сястра аднакласніцы-сяброўкі, той самай. Студэнтка-першакурсніца медвучылішча, старэйшая за Лагуна. З братам прыехала з поўдня на канікулы і заадно ў госці.

“Звычайна наадварот едуць”, – сказаў Лагун.

“У мяне ўсё не як у людзей”.

Лагун з ветлівасці спытаў, як там яго былая аднакласніца.

“Толькі цябе і ўспамінае. А ты сапраўды такі, як у яе расказах. Харошы хлопчык. І зусім бяскрыўдны”.

Яна яму таксама спадабалася. Не такая, як мясцовыя. Раскаваная, вясёлая. Калі б яшчэ не гэты бляск у вачах. Нешта небяспечнае зыходзіла ад яе.

“У вас прыгожа тут, сястра расказвала. Пакажы мне, пабудзь экскурсаводам. У нас іншая прырода, – пабачыўшы, што ён завагаўся, яна патлумачыла проста: – З кім іншым пабаялася б. Але ў цябе добры твар. Безаабаронны. Мне здаецца, я даўно цябе ведаю”.

На любімай палянцы цвіў сіні лубін і рассыпаліся белымі плямамі кветкі сунічніку.

“Які мілы. Чырванець умее – гэта ж трэба. Харошы які…”

Ад яе пахла малаком. І згадвалася прымаўка – малако на губах не абсохла. Не трацячы часу, яна моўчкі, дзелавіта і сумленна перадала збянтэжанаму, разгубленаму Лагуну ўсё, што сама ведала і ўмела. Ён толькі запомніў яе загар: аксамітны, пералівісты, атласна-шоўкавы на выгляд і на дотык, акрамя белых слядоў ад трусікаў і станіка, ружовых, як у немаўляці, пятак і белых з унутранага боку далоняў – як у малпачкі.

У канцы, апранаючыся, яна прамовіла:

“Цяпер ты, як сумленны чалавек, павінен жаніцца”.

Ён баязліва на яе паглядзеў, ці не жартуе. Яна была сур’ёзная.

“У кіно пасля такога хлопец вядзе дзяўчыну да сваіх упартых, незгаворлівых бацькоў. Са словамі: у нас ужо ўсё адбылося. І тыя вымушаны бласлаўляць”.

Гэта было так нечакана, што ў Лагуна ледзь не вырвалася недарэчнае: абяцаць не значыць жаніцца.

“Інакш я пастаўлю ў вядомасць брата. А ён ведаеш які?”

Лагун замармытаў, што яму яшчэ няма васямнаццаці. Яна засмяялася.

“Не бойся. Няўжо ты мог падумаць? Я жартую. Ну, што ў нас будзе за жыццё. Я люблю свабоду, ты… Выбачай, але на ролю мужа, мужчыны – ты падыходзіш менш за ўсё. Бачыш, якая я шчырая? Я магла б выйсці за цябе і потым здраджваць направа і налева. Але я не такая, і ты не такі. Смешны ты, наіўны. Добры такі. Цябе будуць усе любіць. Вось толькі не ведаю, за што? Ад шкадавання, можа?”

І, развітваючыся, прыставіла палец да шчакі:

“Цалуй, пакуль няма чаргі”.

Не верачы яшчэ, што ўсё абышлося, ён падумаў, як яму зноў пашанцавала (першы раз з аднакласніцай), і ўвогуле шанцуе: міжволі паверыш у нейкую сваю абранасць.

На другі дзень, у суботу, ён стаяў на базары за прылаўкам іхняга латка – па выхадных і ў вольны час ён падмяняў Отчыка, памагаў прадаваць садавіну-гародніну, балазе, было што прадаваць – ад маладых гэтага ўраджаю цыбулі і зеляніны да леташняй бульбы. Сам Отчык, нягледзячы на тое, што маніякальна сачыў за сваім каштоўным здароўем, усё ж меў з ім праблемы, перыядычна нападалі на яго прыступы немачы, і ён адлучаўся ў медцэнтр на абследаванне. Абследаванне было платнае. Ён забіраў нагандляваныя грошы і сыходзіў, а Лагун займаў яго месца. Была спакуса падвысіць цану, раз нават так і зрабіў, але ўлоў аказаўся невялікі, ды і небяспечна было: Отчык мог здагадацца. Таксама ў Лагуна праскоквалі такія думкі: раз Отчык хворы, дык можа доўга не працягне, і ўсё само сабою вырашыцца? Аднак Отчык вяртаўся задаволены і на запытальны позірк Лагуна адказваў:

“Годны! Усё ў норме”.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю