412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Андрэй Федарэнка » Сцэнарыст » Текст книги (страница 6)
Сцэнарыст
  • Текст добавлен: 1 июля 2025, 14:30

Текст книги "Сцэнарыст"


Автор книги: Андрэй Федарэнка



сообщить о нарушении

Текущая страница: 6 (всего у книги 11 страниц)

– Я… разумееце, да жанчын не вельмі, – драўляным, не сваім голасам вымучыў Лагун. Атрымалася зусім недарэчы.

– А вось гэтага не трэба. Ніякіх такіх штучак. Сяброўства – вось што галоўнае. Чыстае мужчынскае сяброўства. Спытаеш: нашто мне гэта трэба? Адкажу: цікавасць плюс няма чаго рабіць. Проста нястрымна захацелася пабачыць рамантыка сённяшняга дня. Можна сказаць, апошняга рыцара. З якой мэтай? Для наладжвання больш цесных кантактаў. І, калі мы бліжэй адзін аднаго пазнаем…

– Бліжэй? – непаслухмянымі вуснамі перапытаў Лагун.

– Бліжэй і цясней. Хаця я цябе ўжо і так завочна ведаю і амаль люблю за творчасць. Таму хачу зрабіць табе маленькае дабро. Мы любім тых, каму прыносім дабро, і ненавідзім тых, каму – зло.

Лагун не разумеў, дзе ён, сон гэта ці ява. Прычым ён адчуваў, што яму кажуць разумныя рэчы; іншым разам ён бы з задавальненнем такое паслухаў. Цяпер жа ўсе гэтыя двухсэнсоўныя заўвагі і афарызмы, гэтая манера Міхалевіча пасля таго, як скажа, чакаць ад субяседніка рэакцыі і не спускаць з яго вачэй, прыводзілі Лагуна ледзь не ў жах. Міхалевіч пастукаў па руцэ з гадзіннікам.

– Таксі стаіць, чакае. Так што давай. Збірайся. Ключ не забудзь.

– Куды?

– Я цябе запрашаю ў госці. Заадно жонцы зробім сюрпрыз.

Дарогу Лагун не помніў, большую частку сядзеў з заплюшчанымі вачамі і бледны. Спыніліся каля дома. Сцежка вяла сярод кустоў і кветак да тэрасы. Двор, фантан. Флігель, вежы. Дом, які не агледзець, такі вялікі. Тры паверхі. Гараж. У ім, як пахваліўся муж, тры машыны, але сам ён не ездзіць і нават правоў не мае. “Сабака на сене… затое жонка ездзіць… “Жук”, вінтажны, жоўты, такіх цяпер не купіш”.

Экскурсія па доме пачалася з падвала. Бетонная ці цэментная падлога. “Мой бацька, архітэктар, выдумляў рознае абы-што. А ліфт не здагадаўся спраектаваць”.

Лагун патроху прыходзіў у сябе. Па набытай на сваіх кошыках у гіпермаркеце звычцы ён першай справаю паўсюль, дзе апыналіся, шукаў вачамі відэакамеры. Ад падвала па вінтавой лесвіцы пачалі падымацца на першы паверх. Муж працягваў каментаваць.

“Я не проста так паказваю. З далёкім прыцэлам…”

Дабраліся да прасторнага кабінета, дзе Міхалевіч невядома чаго дастаў з шуфляды і паказаў Лагуну пісталет, куплены, як ён патлумачыў, яшчэ ў 90-я за сто даляраў у Смаленску на базары.

Другі паверх. Бібліятэка. Вокны ў сад.

– Вось бы тут жыць і тварыць, праўда? Кнігі, пісьмовы стол, гарачая кава, духмяная цыгарэта… Што яшчэ трэба маладому пісьменніку? Ды яшчэ на такім узлёце славы? Але гэта ў тым выпадку, калі жыць. Жыць добра, праўда?

Скончылі экскурсію тэрасай. Прыселі за сталом.

– Наша не хутка будзе. У іх сёння карпаратыўчык. Так што мы з табой аб усім паспеем пагаварыць. Давай, расказвай.

– Аб… чым?

– Ты ж творчы чалавек, а не я. Не сумняваюся, што ты разумны, назіральны, дапытлівы, накапіў многа каштоўнага матэрыялу. Давай, смялей.

Лагун, адчуваючы сябе як злачынца на судзе, дзе кожнае слова можа яго ўратаваць або пагубіць, асцярожна пачаў заводзіць старую заезджаную пласцінку пра сірату, катаржную працу, жаданні-мары выбіцца ў людзі; уставіў і гісторыі дзеда Вечкі (чужыя здаваліся лепшымі, цікавейшымі) пра грыбы, уюны, лясны кісларод і балотны наркатычны газ; паскардзіўся, як цяжка вучыцца і адначасова пісаць сцэнарыі плюс яшчэ падпрацоўваць на кошыках.

– Чакаю вось позву ў армію, – закончыў ён.

– А не позна?

– Веснавы прызыў цягнецца да мая…

– Гэта яшчэ пытанне. Мо і ў армію ніякую не пойдзеш.

– …А пачатак восеньскага прыпадае на канец лета, на жнівень, і да лістапада, – працягваў Лагун недарэчы і невядома чаму.

– А як ты наконт мора?

– Мора?

– Ты так апісваеш яго, а сам, я ведаю, ніколі не быў. Не хочаш пабываць?

Лагун так адчайна матлянуў галавой, што аж хруснула нешта ў шыі.

– А мо з’ездзім? Напрыклад, у Піцунду. Праўда, у мяне ад яе засталіся не вельмі прыемныя ўспаміны, – ён тройчы пастукаў сагнутым пальцам па стале. – Вось мы іх і выцеснім, заменім прыемнымі.

Лагун ледзь не плакаў ад страху. У гэты момант з двара пачуліся крокі, і ў тэрасу хуткім крокам увайшла Інга. Лагун ускочыў з месца, як вінаваты вучань пры з’яўленні строгай настаўніцы. Міхалевіч не зварухнуўся. Убачыўшы мужа з палюбоўнікам разам, за адным сталом, Інга, канечне, спатыкнулася, застыла, але змагла патушыць у вачах трывогу.

– Прабач, – сказаў Міхалевіч, – але ты так жыва яго апісвала. Я не ўтрымаўся, з’ездзіў да яго і запрасіў. Спадзяюся, ты не супраць?

– Што вы тут рабілі? Чым вы займаліся столькі часу?

– Пасядзелі, пагаварылі. Вось прашу застацца вячэраць. Мо ён цябе паслухае?

– Не, не! – замахаў рукамі Лагун.

Калі ён, забыўшы развітацца, сышоў на ватных нагах, Інга кінула сумачку на канапу і стомлена апусцілася побач.

– Пазнаёміліся?

– Яшчэ як. Цяпер я цябе разумею.

– Пра што ты?

– Пра аўтара. Харошы ён вельмі хлопец. Толькі сціплы аж цераз край. Баюся, я перастараўся, хацеў яму спадабацца ды перахваліў. А ты чаму так рана? – нарэшце спытаў муж. – Здарылася што?

– Здарылася.

16

А здарылася наступнае. Яшчэ некалькі гадзін назад стол з закускамі і рознакалібернымі бутэлькамі падзяляў папалам вялікі, на чатыры шырокія акны, кабінет гендырэктара. Было вельмі душна, як бы ціснула нешта, не хапала паветра, хоць усе вокны былі расчынены і вецярок варушыў жалюзі і лісткі на вазонах, якія ляпіліся на падаконніку. Каля супрацьлеглай ад вакон сцяны стаялі асобныя столікі з крэсламі і скуранымі канапкамі, каб можна было прысесці – для пажылых ці самых ганаровых гасцей. Увогуле людзей было даволі многа. Пакуль прытрымліваліся ранжыру: наперадзе каля стала займалі месца чыноўнікі з вышэйшых сфераў, бамонд; ззаду тапталася менш ганаровая публіка, другі, так бы мовіць, гатунак: рэжысёры-няўдачнікі, сцэнарысты-эпігоны, безгалосыя акцёры. Аднак усе запрошаныя, незалежна ад рангу і сацыяльнага статусу, былі аднаго поля ягады, людзі творчыя, паміж сабой знаёмыя. У пачатку, як чамусьці заўсёды на такіх мерапрыемствах бывае, ішло не надта гладка. Не назіралася радасці, уздыму, госці былі заціснутыя, скаваныя. Але патроху расслабіліся, развязаліся языкі; пайшлі тосты, паляцелі здравіцы, панесліся кампліменты імянінніку.

Інга стаяла побач з Рытай, да якой з нядаўняга часу адчувала своеасаблівае сваяцтва душ. Яна падняла вочы. Насупраць, праз стол, ёй усміхаўся сцэнарыст Вечка. Ён стаяў разам з рэжысёрам Скіндзерам. На студыі падсмейваліся з іх дзіўнаватага сяброўства – старога з маладым. Інга міла ўсміхнулася яму ў адказ і падумала, як ён, гэты Вечка, да смешнага не падыходзіць на ролю творцы. У яго вясковы, просты твар. Дужыя рукі, хоць і белыя, якія даўно не ведалі фізічнай працы. Не новы касцюм. Бачыліся яны не часта, але Інзе заўсёды было няўтульна, ніякавата пад яго нібыта цёплым, а насамрэч пранізлівым, як рэнтген, позіркам. І цяпер Інга, усміхнуўшыся яму, прашаптала Рыце:

– Непрыемны тып. Нашто такіх трымаць на кінастудыі?

– А чаму ён так на цябе пазірае?

– Зямляк мой нібыта. З-пад Гомеля. Прынамсі, набіваецца ў землякі.

– Ён падобны на вясковага дзядзьку, – ціха падхапіла Рыта, – які прыехаў у госці ў горад і засядзеўся.

– Адзін палец адначасова тры клавішы на ноўтбуку разам захопіць.

– Нізашто не паверу, што ён можа нешта людскае стварыць.

– Асабліва калі ведаеш, якая таленавітая цяпер моладзь. Узяць хоць бы гэтага Лагуна. Уся біяграфія – школа ды паездка ў цягніку. А як піша!

– Не кажы. Я неяк…

Так яны ціха пляткарылі, а чарговы выступоўца важна і важка казаў:

– …Такая дата бывае раз у жыцці! – і, пачаўшы з гэтага глупства, бо нібыта любая іншая дата бывае некалькі разоў у жыцці, працягваў: – Наш дарагі… не толькі падняў на новую вышыню… але і ўнёс свой вагомы ўклад… аб чым сведчаць такія рэчы, як… магутны, толькі ў апошні час раскрыты талент выдатнага сцэнарыста…

– Охо-хо, – ціха ўздыхнуў Вечка. Скіндзер пачуў і нахіліўся да яго.

– А вы паслядоўны чалавек, – сказаў ён. – Ваш пратэжэ паказвае поспехі.

– Прашу цябе, не трэба, – спалохаўся дзед. – Я ў ім так расчараваўся!

– Не бойцеся, я нікому не скажу. Аднак як ваш план? Як рухаецца справа з трыма зайцамі?

– Ніяк, – адказаў Вечка. – Хочаш насмяшыць Сапраўднага Сцэнарыста, раскажы яму пра свае планы.

Яму было сорамна, што яго, старога, вопытнага, разумнага, якім ён сябе лічыў, чалавека, так лёгка і прымітыўна падманулі. Лагун абяцаў “прадаць ідэю”, ды не прадаў, а ўрэшце і зусім перастаў адказваць на званкі. Тым часам падняўся з чаркаю ў руцэ імяніннік, сам Хрушчанка, чырвоны, абсыпаны кропелькамі поту.

– Сябры, – расчулена прамовіў. Хацеў сказаць яшчэ нешта – не змог, паспрабаваў зноў – і зноў не змог, як чалавек, які без паперкі забывае тэкст. Паглядзеў тужліва на вокны, паправіў гальштук на шыі і раптам, выгнуўшыся ўсім целам, як акцёр у кіно, споўз пад стол на падлогу. Як пасля ўспаміналі тыя, хто стаяў блізка і ўсё бачыў, найбольш іх уразіла, што, падаючы, Хрушчанка не выпусціў чарку з рукі і не разбіў яе. Усчаўся пярэпалах.

– Кепска чалавеку!

– Душна! Вокны адчыніце!

А вокны і так расчыненыя.

– Ён мёртвы! Не дыхае!

– Не, ён жывы.

Перанеслі непрытомнае цела з пасінелым тварам да вакна на канапку, выклікалі хуткую. Госці не разыходзіліся. Гаварылі амаль шэптам. Хадзіць стараліся ціха, каб не стукаць нагамі. На дальнім канцы стала сёй-той, карыстаючыся момантам, выпіваў і закусваў. Вельмі хутка прыбыла брыгада медыкаў з трох чалавек, у бурачковага колеру камбінезонах, схіліліся над целам. На руцэ, пальцы якой нарэшце разагнулі і выслабанілі з іх чарку, пульс не прамацваўся.

– Ну, што, доктар? – нецярпліва спытаў нехта.

Доктар разагнуўся:

– Усё.

Як толькі гэтае слова прагучала, на некалькі хвілін усталявалася мёртвая цішыня. Парушыў яе доктар.

– Падобна на атручванне, – сказаў ён. – Усе сімптомы. У яго была алергія?

– Была, была!

– Яшчэ як была!

– Я б вам параіў нічога не чапаць на стале, – сказаў доктар.

Узніклі насілкі, цела, накрыўшы казённай прасціной, вынеслі. Тут і пачалося. Рыта заўважыла, як Інга пабялела і прыклала да рота насоўку. Ззаду пачуўся шэпт: “Гэтую с… даўно трэба было атруціць”. Рыта хутка азірнулася. Усе стаялі панурыўшыся, з сумнымі сур’ёзнымі тварамі. Няўжо пачулася, няўжо гэта яна сама падумала ці, яшчэ горш, вымавіла ўслых? Ды не – ціхія галасы ледзь чутна луналі ў паветры.

“Добра, што ён ужо нічога не чуе”. – “Ён і пры жыцці быў глухі як пень. Да мастацтва”. – “Якія мы ўсё ж цынікі”. Галоўны рэдактар Камар раптам гучна сказаў:

– Вось дык фокус. Я не думаю, каб у каго-небудзь быў зуб на нашага гендырэктара.

Усе прыціхлі і нават як бы працверазелі. Спадылба пачалі паглядваць адно на аднаго. Кожны сам пра сябе ведаў, што ён не вінаваты, але ведаў, што і іншыя думаюць таксама, падазраючы суседа. Кожны ліхаманкава ўспамінаў, ці не сказаў што лішняе ў кабінеце, каля кава-аўтамата, у курылцы, на вуліцы, і калі сказаў, дык якія могуць быць наступствы?

– Не чапайце нічога на стале! – зноў пачуўся тонкі голас Камара. Ён яўна забіраў ініцыятыву ў свае рукі.

Пасля гэтых слоў усе моўчкі пачалі разыходзіцца.

17

На двары Рыта з рэжысёрам Скіндзерам спыніліся непадалёк ад ганка пад старой таполяю, дзе было самавольнае месца для курэння. “Жах нейкі”, – сказала Рыта і пацепнула плячамі, нібы холадна ёй было. Яна правяла вачамі Інгу, якая сядала ў свой аўтамабіль.

– Чаму жах? Наадварот, я б сказаў, мудрае рассяканне гордзіева вузла. Быў дэспат – няма дэспата. Пры ўмове, канечне, што ён сваёй смерцю памёр.

– Ну, што ты вярзеш?

– А што? Многія жадалі, каб ён апрастаў гэты свет. Таму надта падазрона такое хуткае выкананне.

– Ну, што ты пляцеш?

– У тым ліку і ў цябе. У цябе былі няпростыя адносіны з Хрушчанкам… нябожчыкам Хрушчанкам, – паправіў сам сябе рэжысёр.

– Калі гэта жарт, дык зусім нясмешны.

– Прынамсі, цяпер цябе ўжо не звольняць.

– А ў цябе? У цябе былі з ім простыя адносіны?

– У мяне – так. Я выключэнне. Мне трэба быць рахманым, добрым да ўсіх. Як цяляці, каб смактаць больш матак. Я залежны ад усіх: ад рэдактара, аператара, гукавіка, дырэктара…

– Сцэнарыста, – падказала Рыта. Яна старанна прытушыла акурак, раструшчыўшы яго аб шурпаты ствол таполі.

– Ад яго ў першую чаргу.

А дарэчы, – успомніла Рыта. – Памятаеш, у канцы зімы? У мяне на балконе? Ты казаў пра хлопчыка, які з’явіцца на кінастудыі, каб адпомсціць за бацьку?.. Яшчэ разважаў пра кіношнага бога.

– Абсалютна не памятаю, – адказаў Скіндзер.

– Як дзіўна, што ўсё пачынае спраўджвацца. Хрушчанка – першая ластаўка? Адкуль ты ведаў? – не сунімалася Рыта. – Ты ўжо тады ведаў пра гэтага маладога сцэнарыста!

– Выпіўшы быў. – Скіндзеру яўна не хацелася гаварыць на гэтую тэму. – А калі і сказаў, менш слухай і лягчэй забывай. Цяпер такія людзі і такія часы…

На ганак выйшаў Вечка. Рэжысёр махнуў яму рукою.

– Пабягу. Прабач!

“Сябры”, – падумала Рыта з рэўнасцю, але і з палёгкаю. Хай ідзе. Бо інакш напросіцца правесці, а ёй трэба пабыць адной. Хацелася прыйсці ў сябе ад усяго гэтага. Пакуль дабіралася дамоў, яна ўсё думала, думала, і было ў тых думках добрае, не вельмі добрае і проста дрэннае. У тым ліку нават трывожнае.

“Каб сапраўды яшчэ мяне не прыплялі”, – думала яна.

Тым больш ёсць падставы. Усе ведаюць, што ў яе з Хрушчанкам былі, мякка кажучы, нацягнутыя адносіны. Пра нябожчыкаў нельга кепска, але Рыта апроч як з нядобрым пачуццём думаць пра яго не магла. Прыставанні яго, а ён на самой справе прыставаў, потым гэты загад на звальненне. А галоўнае, што здуру, хай сабе іранічна, яна пісала пра ўсё гэта. Рыта – у рэальным жыцці ціхоня, шэрая мыш, у жыцці віртуальным рабілася смелай, дасціпнай, з’едлівай, знаходлівай на патрэбнае, часта вострае слоўка. У іхнім закрытым чаце маці-адзіночак, дзе яна актыўнічала, пад нікам, канечне, яна давала кароткія і трапныя характарыстыкі сваім супрацоўнікам, апісвала кінастудыйныя справы і плёткі, распавядала пра закрытыя і адкрытыя сцэнарныя конкурсы і выцякаючую з іх міжвідавую барацьбу. Гэта дарэмна яна рабіла. Магла напісаць і лішняе. Цяпер яна моцна шкадавала аб гэтым.

“Трэба хутчэй пацерці ўсё!”

Праскоквала ў яе думках і харошае. Нядаўняя падзея, калі можна так назваць смерць чалавека, гарантавана захоўвала ёй месца. Калі не прызначаць гендырэктарам чужога, што малаверагодна, ім стане добры Камар, і тады яна дакладна застанецца на кінастудыі. Магчыма, узнікне рух, пачнуцца ўнутраныя перасоўванні па кар’ерных лесвіцах, павышэнні-перамяшчэнні, і тады Інга зойме месца Камара, а Рыта – месца Інгі. Вось і харошае.

Харошае? Дакладна? А яно сапраўды лепш, гэтае чаплянне за працу? Ці не пагубіць яно яе? Лёс сам падштурхоўвае да абнаўлення, дае ёй такую магчымасць, такі шанс памяняць жыццё, вырвацца з гэтай пасткі, з вечнай барацьбы за месца і залежнасці ад яго. Дайшло да таго, што яна ў свае маладыя гады перастае марыць, амаль змірылася з наканаванасцю, пачынае ледзь не любіць уласную клетку, гэтае месца.

Ад мільгацення слова “месца” ўсплыў сцэнар з такой назваю. Так, усё пачалося са з’яўлення гэтага маладога сцэнарыста. Міжволі паверыш у містыку, пагодзішся, што нейкая загадкавасць тут ёсць. Адкуль ён узяўся? З Акцябрскага? Што за супадзенне – тая паездка на здымкі, пра якую так цяжка, так непрыемна ўспамінаць? Чаму ён такі нясмелы, бездапаможны? Няўжо бываюць яшчэ такія? Не толькі ў старых фільмах і кнігах? Знаёмяцца з сімпатычнымі маці-адзіночкамі, ведаючы, што лепшых не знайсці. Вось ён, перад табой, малады, разумны, таленавіты. Сціплы. Дзе ж яго вочы?

Рыта прайшла праз поўны дзецьмі двор, на ўсялякі выпадак пашукала вачамі сваю, хоць і ведала, што дачка ў гэты час спіць пад прыглядам бабулі. Дома, па звычцы ўсіх інтэрнэт-залежных, раней, чым перакусіць, уключыла ноўтбук і занурылася ў яго. З тэлефона не любіла, ды і вачэй было шкада. Адной рукой адкусвала катлету з хлебам, другой круціла мыш ноўтбука. Поўная спаму папка “Уваходных”, пісьмо ад народнай лекаркі – шаптухі і эзатэрычкі, ліст з Аўстраліі пра мільён даляраў спадчыны – трэба толькі даслаць нікчэмную суму на афармленне, парада-рэклама, як напісаць раман, прапанова пазнаёміцца, запыты ў сябры і абнаўленні з Фэйсбука. Прачытала некалькі паведамленняў, паставіла падабайкі. Усё ж не стрымалася і хутка пачала настукваць адным пальцам адказы. Іх чат маці-адзіночак аб’ядноўваў стрыманы фемінізм і нястрыманы аптымізм. Нельга было быць няўдачніцай, наракаць, скардзіцца; заахвочваліся паходы ў фітнэс-залы, спа-салоны, падарожжы па самых розных, экзатычных і не вельмі геаграфічных кутках Зямлі – словам, трэ было весці паўнавартаснае жыццё, настолькі поўнае, што яно наўрад ці было б магчыма ў іншым варыянце, напрыклад, у поўнай сям’і.

Рыта, стараючыся прытрымлівацца стылю, паміж імі прынятага (з’едліва-сцёбнага), хутка пісала: «…я хоць і стаяла далекавата, але пачула, як спыталі, ці была ў яго алергія? І тут мяне асяніла. Мабыць, вынік ад чытання чужых сцэнарыяў. Усе маглі жадаць яго смерці, і я ў тым ліку, бо я не раз ад яго зазнавала харасмент…”

Убегла дачка, кінулася ёй на шыю, ашчаперыла маленькімі ручкамі. Шчабятала, дзялілася бядой – укусіла за пальчык пчала. Кветкі раслі на клумбе каля пад’езда, кот пабег туды, яна за ім, і вось вынік. У вакно біла сонца. Галава ў малой была, як у арэоле, у залатым абадку-німбе. Рыта, дзьмухаючы на пальчык, машынальна прыгаворваючы: “у коціка балі, у сабачкі балі, у дачушкі не балі”, дапісвала паведамленне. Заглянула маці.

– Пойдзеш гуляць, смецце вынясі.

– У мяне не сто рук. Самі вынесіце.

– Рукі, нябось, не адваляцца.

“…Прабач, – хутка дапісвала Рыта, – толькі што домработніца прыйшла рабіць прыборку. Зараз павяду дачку ў музычную студыю”.

– Апранайся, пойдзем гуляць на двор, у пясочніцу.

18

Дзед Вечка з рэжысёрам Скіндзерам ішлі ў любімую кавярню. Быў майскі вечар, гадзін каля сямі. Сонца не хацела сядаць і чаплялася за дахі высотных дамоў. Неба было амаль летняе, светла-сіняга колеру, крыху вылінялае пасля спякотнага дня. Пахла цёплай зямлёй, скошанай удзень на газоне і прывялай травой і свежым лісцем. Птушкі вакол спявалі ўсе разам, так што нават заглушаліся гукі горада. Па дарозе рэжысёр гаварыў пра смерць (пра што ж яшчэ?), як яна імгненна перакручвае мазгі ўсім, нават самым тупым, і наглядна паказвае, як лёгка ў жыцці вырашаецца тое, што здавалася невырашальным.

– …Разблытвае ўсе вяроўкі, даючы свабоду, вольнае дыханне жывым…

Што да дзеда Вечкі, той быў разгублены і нават напалоханы. На яго моцна падзейнічала гэтая раптоўная смерць.

– …Напрыклад, цяпер ваша распіска траціць сілу, – неабдумана сказаў рэжысёр.

– Ты ж толькі маўчы! Прашу, нікому не кажы. Яшчэ знойдуць тую ідыёцкую распіску, пачнуць разбірацца, высветліцца, што ў мяне таксама маглі быць прычыны… жадаць яму смерці.

– Вы ж мяне ведаеце.

– Ведаю. Таму і прашу маўчаць.

– Але за кватаранта вашага, само сабой, паручыцца не магу. Дарэчы, вы абяцалі расказаць. – Рэжысёр не проста нагадаў, а запатрабаваў. – Памятаеце, тады, на кухні у вас? Пра трох зайцаў адным стрэлам. Пра латарэйны білет. Пра вашага кватаранта. Я слухаю!

– Ды што цяпер расказваць. Там і расказваць няма чаго. Сорамна прызнавацца. Здавалася дасціпным, а цяпер бачу, які я стары дурань. Да сівой галавы дажыў, а розуму не набыў. Проста не разумею, як такое магло прыйсці мне ў галаву…

Але рэжысёр быў на гэты раз настроены рашуча.

– Не. Цяпер не адкруціцеся. Выкладвайце ўсё.

– Ды што выкладваць… Спадзяваўся з дапамогай кватаранта Лагуна выблытацца з кабалы. Памятаеш, я расказваў, што пазычыў у Хрушчанкі грошы?

– У нябожчыка Хрушчанкі, – паправіў рэжысёр.

– …І распіску даў, што буду пісаць яму па сцэнарыі ў год. Адзін, халтуру пра вайну, напісаў. Тут акурат Лагун падвярнуўся. І ў мяне з’явілася ідэя – напісаць яшчэ сцэнар, сапраўдны, і падараваць яму, каб ён адправіў яго на конкурс, з мэтай – прасунуцца як мага далей, як мага вышэй. Калі пашанцуе, давесці да рэдсавета, а потым зняць яго з конкурсу на карысць Хрушчанкі.

– І за гэта забраць распіску? Інакш кажучы, вы хацелі выкупіць сабе волю, як колішнія прыгонныя?

– Абсалютна правільна. Спадзяваўся выкараскацца з кабалы.

Ну, і Лагуну памагчы заадно, паралельна паспрабаваць уладкаваць яго. Калі б купілі ідэю, гэта прыкладна 500 даляраў, якія яму б дасталіся. Плюс дэбют.

– І што не так?

– Да рэдсавета ўсё ішло як па масле, а там рассыпалася. Лагун не захацеў забіраць сцэнар. Прысвоіў сабе.

– І вы маўчыце?

– А што казаць? Які я стары дурань? Я ж сам падараваў яму сцэнар. Так што маўчу, і табе раю.

У яго быў жаласлівы выгляд і вінаваты голас. Рэжысёр, аднак, не ўтрымаўся, каб не ўпікнуць.

– Так вам і трэба. Можа, навучыцеся разбірацца ў людзях. Я ж папярэджваў. Па ім відаць было – херувімчык!

– Будзе мне навука…

– З ім усё зразумела. Але вы ўсё адно не дагаворваеце. Які другі заяц?

– Гэта ўсё. Мэта была толькі распіска. Паставіць перад фактам і забраць яе.

– Не веру.Зноў хітрыце. Не – цяпер вы мне ўсё скажаце!

– Добра, добра, толькі цішэй. Памятаеш гісторыю пра дзяўчынку?

– Маці Інгі? Вашай зямлячкі? Вярнуцца ў мінулае, каб выправіць ўсё?

– Так.

– Яшчэ як памятаю. Я быў упэўнены тады, на кухні, што вы мяне разыгрываеце.

– Адзіны спосаб, які мне бачыўся, каб замаліць віну і хоць неяк выпрасіць прабачэння – памагаць Інзе.

– Зразумела. А так як яна ў журы, вы захацелі падтрымаць яе харошым сцэнарыем?

– Абсалютна правільна.

– А яшчэ што? Трэці заяц? – не адставаў настырны рэжысёр, выяўляючы чэпкую памяць.

– Добра. Ты даказаў, што ўмееш трымаць язык за зубамі. Скажу. Была ў мяне зусім наіўная мара… Я песціў надзею, а раптам Лагун пазнаёміцца з Інгаю? Спадабаецца ёй, патрапіць у сям’ю… Стане ім як бы сынам. Такі харошы, ціхі, добры. Сірата. Гэта і быў мой план, мае тры зайцы: выкупіць сябе з рабства, забраўшы распіску, памагчы Інзе з конкурсам і, калі пашанцуе, па магчымасці ўладкаваць кватаранта…

– Ох, хітры ж вы, аказваецца! – усклікнуў рэжысёр.

– Каб быў хітры, я б у такую сітуацыю не патрапіў.

– Закруцілі вы, нічога не скажаш.

– Не кажы. Хто б мог падумаць, што так атрымаецца! Што з майго нявіннага жадання закруціцца такая гісторыя? Хацеў зрабіць лепш, а нарабіў толькі горш.

Рэжысёр зноў пашкадаваў яго.

– Не ўбівайцеся вы так. У рэшце рэшт у сухім астатку нешта ж атрымалася. Прынамсі, цяпер вы вольны чалавек, нікому больш не павінны. Пры ўмове, паўтаруся, што Хрушчанка сваёй смерцю памёр.

– Не палохай мяне! І так душа не на месцы. Хто ж мог падумаць? Яшчэ за мяне возьмуцца.

Яны падышлі да кавярні. Дарожка, кусты, дэкаратыўная арка, абвітая яркай зелянінай. З адчыненых дзвярэй даносілася ціхая музыка ўперамешку з галасамі, плыў пах спіртнога і ежы, слаўся дым цыгарэт. Усярэдзіне панаваў паўзмрок – сапраўдны рай для ўсіх замучаных адзінотай. Перад тым, як увайсці, спыніліся. Рэжысёр дастаў цыгарэты.

– Закруцілі вы, нічога не скажаш, – паўтарыў ён, разам з дымам выпускаючы словы.

– Кіношны бог помслівы. Я сам казаў некалі. Вось мне і прыляцела. Расплата за тое, што халтуру пра вайну пісаў для Хрушчанкі!

– Нябожчыка Хрушчанкі, – машынальна паправіў рэжысёр, выкінуў у сметніцу амаль цэлую цыгарэту і саступіў убок, прапускаючы наперад старэйшага.

19

Камар прыйшоў дамоў позна. Марудна, як ганец, які нясе сумную вестку, падняўся па лесвіцы на свой другі паверх, адамкнуў дзверы. За клопатамі ён ледзь паспеў сказаць па тэлефоне пару слоў жонцы, што затрымаецца, і знарок не сказаў, што ён ад гэтага вечара ЧВАГ – часова выконваючы абавязкі гендырэктара. Яна яшчэ нічога не ведала, таму чакала яго з нецярпеннем. Дачка-студэнтка даўно спала.

Жонка, высокая хударлявая бландзінка, з куклай на галаве, кінулася да мужа. Ад нецярпення ў яе гарэлі вочы.

– Нарэшце! Ну, што?

– Нічога, – адказаў муж, хмурачыся, каб не паказаць адразу і так яўна, што ён у душы рады чужой смерці.

– Як нічога?! Ён памёр?

Але муж працягваў разыгрываць яе. Цягнуў, уздыхаў. Зняў і працёр акуляры. Палічыўшы, што досыць, нацешыўся, сказаў з уздыхам:

– Усё. Няма нашага імянінніка. Як і не было.

І тады раптам жончын твар надзіва пахарашэў, і ўся яна неяк папрыгажэла і падабрэла.

– Дык цябе можна віншаваць?

– Ага, віншаваць. Каб яшчэ перадачы насіць не давялося.

– Сплюнь! Вечна ты… Як можна? Ты што, не ведаеш, што словы матэрыяльныя? Іншае, сказанае не ў час, збываецца.

– У тым і справа. – Ён вытрымаў паўзу. – Я, як сумленны чалавек, перадумаў рознага. Чорт іх ведае. А раптам мяне западозраць? Мала што мог сказаць дзе-небудзь. Міжволі прыгадаеш усе грахі, яўныя і тайныя.

– Не хадзі ты кругамі вакол. Раскажы нармальна. Як ён памёр? Ад чаго?

Камар сказаў значна:

– Падобна на алергічнае атручванне. Можа, арахіс. Цукерку з’еў, казалі.

– Цукерку?! – жонка, аптэчны работнік, разбіралася ў гэтым куды больш за мужа. – Памерці ад алергіі? Гэта павінна быць слановая доза. І потым ён што, не ведаў? Не трэба шукаць таго, чаго няма. Я хутчэй паверу, што ён ад звычайнай старасці памёр. Ад такога жыцця, як вашае, кіношнае, хто хочаш памрэ. Тым больш, ты сам казаў, анёлам ён не быў…

– Пра нябожчыкаў нельга кепска.

– Чаму? Гэта пра жывых пажадана або добра, або нічога. А пра нябожчыка чаму б і не? На кім тады вучыцца, як не на іх?

– Бедны, – уздыхнуў Камар. – Як усё ў жыцці звязана. Адным гора, другім радасць.

– Цяпер усё будзе добра. Хутчэй за ўсё, ты цяпер пойдзеш на павышэнне. Можа, нават гендырэктарам станеш.

– Пакуль толькі “в.а” – выконваючы абавязкі, – сціпла пахваліўся муж. – Прызначэнне часовае.

– Вось бачыш! Праўду кажуць – смерць роўна дзеліць, адна яна вырашае ўсё справядліва.

– Я гэта да таго, бо думаю: ці бывае што-небудзь бязвоблачнае? Каб не прымешвалася трывога? Кшталту – ох, надта ж усё гладка! Не к дабру! Мабыць, каб я выйграў мільён, першая думка была б – чаму не два мільёны, а другая – як цяпер абараніцца ад зайздрасці суседзяў і знаёмых і адбіцца ад радні, якая набяжыць.

І праўда, было відаць, як ён стрымлівае сябе, нешта азмрочвае, атручвае яго радасць, не дае ёй вырвацца вонкі.

– Гэта ўсё ад таго, што ніводзін чалавек нават прыблізна не ведае, што яму трэба, каб ён супакоіўся, што ён павінен дасягнуць, каб сказаць сабе: усё, досыць.

Жонка, якая ведала яго як аблупленага, асцярожна прапанавала:

– Калі душа чыстая, жыць лёгка і цудоўна. Трэба будзе адзначыць…

– Пасля, пасля.

– Рэстаран заказаць. – Яна ведала аб мужавай беражлівасці, але ведала і тое, наколькі важная для яго гэтая падзея. – Не будзем эканоміць. Адзін раз жывем.

– Маю маці забярэм, – сказаў ён. – Хопіць ужо.

– Дом свой будаваць трэба. Дачка вось-вось замуж.

– Вечны клопат!

– Цяпер будзе лягчэй. Паможаш таму й таму – табе памогуць.

Яны абое, Камар і жонка, на поўным сур’ёзе лічылі, што ўлада на тое і дадзена, каб не марудзячы, адкрыта пачаць карыстацца ёю – для сваёй сям’і, блізкіх, сяброў і знаёмых. Самі не заўважылі, як перайшлі да складання спісу гасцей.

– Хросную абавязкова.

– Настаўніцу не забудзь. Шурына свайго…

– Твайго брата? Не, ніколі!

– Памірыцеся вы ўжо. Даруй ты яму, – ласцілася жонка.

Ён спахапіўся.

– Аднак мы дзелім скуру незабітага мядзведзя. І потым – рэжым ніхто не адмяняў, – сказаў ён важна.

У яго быў на кожны дзень графік: дзве гадзіны ў дзень, незалежна ад настрою, часу сутак і надвор’я, аддаваць прагляду новых фільмаў, сачыць за навінкамі, збольшага чытаць хаця б кароткі змест і каменты, каб не тое што быць у курсе – гэта немагчыма, а хаця б не надта адстаць. Часцей за ўсё ён проста глядзеў усё падрад.

– Які ты ў мяне працаўнік.

Жонка ледзь не малілася на яго. Усё, што яе турбавала, гэта быў муж, яго камфорт, яго праца. Калі ён зачыняўся ў сваім пакоі, яна хадзіла па кватэры на дыбачках, нібы побач за сцяной вялася рэлігійная служба. І дачку з малых гадоў прывучыла да цішыні: тата працуе!

Камар пайшоў да сябе ў пакой, які з’яўляўся адначасова кабінетам. Там, акрамя прагляду фільмаў, мелася ў яго таемнае хобі. Употай ад усіх, хвалюючыся, перажываючы, ён спрабаваў ствараць мастацкія тэксты, якія падпісваў прыгожым, рамантычным псеўданімам Максім Рамонка – анаграма ад Максіма Комара. Усё, што ім было напісана, вельмі падабалася яму самому. Больш ён нікому не паказваў. Тэмы ў яго былі аднастайныя, толькі пра фальклорную містычную Беларусь: улетку пра Купалле і пошукі Папараць-кветкі, узімку – пра Каляды і цуды, звязаныя з гаданнем і вывернутым кажухом. Усе героі ў яго абачліва гаварылі толькі на рафінаванай рускай мове.

Сёння не працавалася. Узбуджэнне не давала ні на чым засяродзіцца. Напружанае чаканне новага не праходзіла, яшчэ і ўзмацнялася. Галоўнае, што яго ўсхвалявала і не адпускала, гэта вельмі простая думка – як жа лёгка, у адзін момант і самым надзейным чынам можа вырашыцца ўсё, што здавалася невырашальным, развязка чаго павінна была расцягнуцца на гады, дзе варыянт простай анатамічнай смерці стаяў на апошнім месцы і ўсур’ёз не ўспрымаўся.

І вось табе маеш!

Не трэба больш планаў, прыкідак, цярпення, інтрыг, этапаў, а галоўнае – чакання, бо чаканне насамрэч нялёгкая праца. Міжволі прыйдзе ў галаву, што хтосьці – нейкі Вялікі Сцэнарыст, які ўсё бачыць і ведае наперад, піша свой тэкст, а Нябачны Рэжысёр здымае па гэтым тэксце-сцэнарыі фільм.

Камар быў не малады. Ззаду было вясковае нялёгкае дзяцінства, увесьчасная праца і невялікія плады яе, тым больш каштоўныя, бо даваліся вялікай цаною. З таго часу, як ён скончыў у Маскве кінакурсы і вярнуўся на радзіму, кожную кар’ерную прыступку, нават самую маленькую, яму даводзілася браць ледзь не штурмам, з крывёй і потам. Ён заўсёды ведаў свае межы. Таму, дасягнуўшы пасады галоўрэда, зразумеў, што гэта, хутчэй за ўсё, самае большае, што на гэтым этапе яму наканавана, а наступны калі яшчэ будзе. Але тое, што кар’ёра не скончыцца, ён ведаў дакладна, таму так спакойна і ўспрымаў сваё месца.

Інстынктам селяніна з глыбіні стагоддзяў ён адчуваў – цяпер для такіх, як ён, самы лепшы, самы спрыяльны час. Ніколі, нават шэптам на кухні, ён не крытыкаваў вышэйшае начальства, тым больш – сістэму, бо быў упэўнены, што ад уласна чалавека нічога ў жыцці не залежыць. Не нікчэмны чалавек, а толькі абставіны і іншыя людзі з’яўляюцца кавалямі чужога шчасця. Шчасце ж у яго разуменні было: грошы, кар’ера, слава, – не шумная, невялікая, хаця б у сваім вузкім сямейна-сяброўскім асяродку. Хтосьці за адзін дзень набывае і траціць мільёны, – гэта не яго; ён спакойна адыдзе ўбок. Так надзейней. Яго любімымі жыццёвымі слоганамі-дэвізамі былі:

“Кура па зярнятку дзяўбе і наядаецца”.

“Абавязкова трэба хваліць кагосьці, тады ў адказ пахваляць цябе”.

“Баяцца – значыць паважаюць”.

Яго любімы герой быў Герман з “Пікавай дамы”, які ставіў сабе мэту не гнацца за большым, каб не страціць меншае. У яго, у Камара, і праўда ў параўнанні з іншымі ўсё было як бы паменшаным, нават крышку непаўнацэнным.Быў “мерсэдэс”, але не новы, які ён сам насмешліва называў – мерын. Кватэра вялікая, але няўклюднай планіроўкі і ў старым доме. Было лецішча, але ў нізіне, ад чаго там нічога не расло, а вяліся то краты, то камары. Нават у адносінах да жонкі і дачкі ён быў абыякавы, мала пра іх клапаціўся; яны павінны былі спрыяць дасягненню яго мэтаў, укладваць у яго свой, так бы мовіць, жыццёвы капітал – будзе яму добра, адпаведна і ім.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю