412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Андрэй Федарэнка » Сцэнарыст » Текст книги (страница 9)
Сцэнарыст
  • Текст добавлен: 1 июля 2025, 14:30

Текст книги "Сцэнарыст"


Автор книги: Андрэй Федарэнка



сообщить о нарушении

Текущая страница: 9 (всего у книги 11 страниц)

– А гэта так важна? Прыдумаў, не прыдумаў. Якая розніца, каму рабіць дабро: таму, перад кім вінаваты, ці першаму стрэчнаму, любому, хто перад табой.

Рэжысёр азірнуўся, паглядзеў па баках і зразумеў, што гаворка пра яго.

– Цябе, цябе я маю на ўвазе. Я доўга думаў і вырашыў: хопіць табе па чужых кутках туляцца. Жыві ў мяне. Месца поўна.

– А жонка? Дзеці?

– У мяне іх няма і ніколі не было. Прабач. Я падманваў.

– Але чаму?

– Не ведаў цябе. Баяўся. Мала што.

– А цяпер?

– Цяпер ты мне як родны сын.

Тут рэжысёр адчуў тое самае пачуццё, якое было з ім у гэтым рэстаранчыку некалі даўно, яшчэ зімою, – адчуў, як цяплее ўсярэдзіне ці то ад спіртнога, ці ад дзедавых слоў. Яму ўспомнілася Рыта, і што яна казала пра Вечку: стары, нецікавы, нудны, – успомніў і падумаў, якая ж гэта няпраўда, як гэта несправядліва (любімае яго слоўка).

– Вы мне і без таго зрабілі столькі дабра, – сказаў ён.

– Нічога яшчэ не зрабіў.

– Зрабілі, зрабілі. Вы мне замест бацькі. Я то сам свайго бацьку не помню. Сіратою жыў. Ён кінуў нас з маці, калі я быў малы, развёўся. У яго была свая сям’я, дзеці, ён жыў непадалёку, але ніколі мне нават цукеркі не купіў.

– Вось як?

– Ён чамусьці лічыў, што я не яго сын. Я нічога пра гэта не ведаў. Толькі пазней, калі маці не стала, а бацька не забраў мяне і я гадаваўся ў цёткі, аднойчы падслухаў, як яна са шкадаваннем казала суседцы: бедны, нагулялі яго. Мяне, значыць. Я заўсёды быў чужы ўсім.

– Цяпер будзеш сваім. Усё тваё будзе. Жыві спакойна. А не стане мяне – застанешся гаспадаром. Ці, можа, ажаніцца захочаш, дык увогуле было б цудоўна…

Графінчык апусцеў. Замовілі новы. Рэжысёр маўчаў, а Іван Барысавіч, зусім шчаслівы, гаварыў, гаварыў.

– …Мы з табой яшчэ такое напішам! Мой вопыт, твая маладосць. Як ты лічыш?

– …Мы з табой яшчэ машыну купім і паедзем на маю рэчку, уюноў лавіць. Або ракаў. У нас была мясціна, дзе яны вадзіліся. На беразе вольхі, вада абмывае аранжавыя махры карэньчыкаў, а калі прытупнуць па беразе, па зялёным дзёрне, ракі выскокваюць з-пад берага і стаяць у вадзе раскіракамі, з вылупленымі ад страху вачамі, а потым бокам-бокам уцякаюць у свае пячоркі…

– …Калі я стану зусім стары, папрашу цябе завезці на маю рэчку… Я ўжо і нагледзеў месца па гугл-карце. Пах балацяны, вада цёплая, тарфяная, куст лазы, топня, піск уюна… Каб хто лавіў, а я сядзеў бы на беразе, слухаў…

Рэжысёр грэў каньяк у далонях і думаў, што яшчэ гадзіну назад у яго не было нічога, а цяпер ёсць усё – прынамсі, усё, што хацела Рыта: праца, кватэра, машына. Ну, акрамя хіба тэлефона і парасона. Таксама чамусьці ўспомніў ён Лагуна – і падумаў: “Якая ж яна здрадніца!”

– …Я ніколі не бачыў вытоку сваёй рачулкі; не ведаю, адкуль яна пачынаецца, усё жыццё збіраўся знайсці тое месца, ды так і не дайшоў. І гэта мяне больш засмучае, чым тое, што я ні разу не быў у Аўстраліі…

Потым яны выйшлі ў дворык. Дождж прайшоў. Хмара сплыла за горад. У тым баку яшчэ вуркатала сыта і задаволена. Усё было вымыта і свежа. Акурат калі нашы сябры выйшлі, з-пад самай хмары прасачыўся, выбліснуў ружовы зыркі промень, за ім палілося святло, зазіхацелі кроплі на траве, на лісці кустоў і дрэў. Рэжысёр азірнуўся. Прырода нібы стварыла здымачны кінапавільён. Усярэдзіне размяшчалася дэкарацыя: зубцы дрэў, шаты-шары кустоў, арка-ўваход у рэстаранчык, па-над усім – спектральна-яркая, урачыстая вясёлка, якая нацягвалася, выгіналася дугою і ставала на апоры, а пакуль вісела так нізка, што, здавалася, калі падняцца па лесвіцы на дах бліжэйшага дома, дык можна падвесіць на яе званок.

28

Праз тыдзень Інзе патэлефанавалі з Аддзела ідэалогіі і папрасілі зноў наведаць паважаную ўстанову. Інга наведала. Зноў выслухала таго самага маладога ветлівага чыноўніка, які за гэты час азнаёміўся з кінааповесцю і цяпер хацеў падзяліцца заўвагамі. Заўвагі былі такія: фільм у кінатэатры не пойдзе, значыць, не акупіцца, таму варта рабіць з яго тэлефільм, інакш кажучы, мінісерыял, для чаго трэба “разагнаць” тэкст, каб атрымалася 4-5 серый. Фільм, хутчэй за ўсё, будзе экспартным, г.зн. пойдзе ў Расію, таму варта падумаць над адаптацыяй яго да цэнтральна-расійскіх рэаліяй, перарабіць прозвішчы, побыт, геаграфічныя назвы. Па сутнасці, атрымліваўся зусім новы варыянт. Ён у агульных рысах ужо быў прадуманы чыноўнікам.

– Прапаную сучаснасць чаргаваць з вайной. Дзве серыі ваенныя, дзве мірныя. Герой, сівы паважаны ветэран, стаіць пад ветрам, гэткі кароль Лір, і ў раскатах грому, у грукаце навальніцы яму чуюцца разрывы бомбаў, а ў стуку кропляў дажджу па даху – аўтаматныя чэргі…

– І нямецкая гартанная мова?

– Чаму нямецкая? – не зразумеў чыноўнік. – Проста чужая мова. А яго ўнук потым заступае на абарону дзяржмяжы – пераемнасць пакаленняў…

І доўга яшчэ расказваў, як, на яго думку, варта паправіць сцэнар, каб ён стаў лепшы. Нарэшце Інга атрымала назад рукапіс, вярнулася на кінастудыю і ў кабінеце больш уважліва прагледзела яго. Усе да адной старонкі былі спісаны заўвагамі. Асабліва ўразіла адна, надта паказальная. Герой кінааповесці ў дзяцінстве любіў залазіць на дрэва і з вышыні аглядаць родныя краявіды. Чыноўнік чамусьці замест дрэва прапаноўваў зямлянку, і гэта мяняла ўсё з дакладнасцю да наадварот: з нябёсаў пад зямлю, з раю ў пекла.

Герой казаў: “Дзеля яе (аднакласніцы) пайду на гэта”. Было папраўлена: “Толькі дзеля сваіх малой і вялікай Радзімаў пайду на гэта”. У кінааповесці фонам ішоў цёплы летні грыбны дожджык. Чыноўнік прапаноўваў сваю версію: над станоўчымі героямі толькі сонца, над адмоўнымі – вецер, дождж з градам, навальніца. У канцы і ў пачатку кожнай серыі павінны былі кружыць буслы. І, само сабой, максімальна абязлічаныя дыялогі:

“Хто, я? Каго, мяне?”

Інга гартала, чытала заўвагі, і ёй уяўлялася, што яна назірае за працэсам стрыжкі, як натуральныя, мяккія, шаўкавістыя, прыемныя на выгляд і на дотык валасы з кожным подступам цырульніка, з кожным чыркам нажніц бязлітасна, крыва-коса абкарноўваюцца, пакуль не застануцца нейкія цыбукі, абшчыпаныя курыныя пёркі. А колькі яшчэ наперадзе цырульнікаў!

І вось тады яна ўсё зразумела. Да яе дайшло, што меў на ўвазе Іван Барысавіч Вечка, калі казаў пра вужыка і вожыка, пра баброў і выдру, пра прарока ў сваёй Айчыне. Ёй стала ясна, што можна прызначыць яшчэ аднаго новага гендырэктара, і яшчэ, і колькі заўгодна памяняць сцэнарыстаў-апрацоўшчыкаў, рэжысёраў, акцёраў, – усё роўна пры такім раскладзе сцэнарый і фільм будуць рухацца непазбежна ў адным напрамку – ад лепшага да горшага.

З чаго пасмяешся, таму паслужыш, як казаў некалі СцяпанАлесевіч. Цяпер Інга ўжо не так асуджала папярэдніх шэфаў-гендырэктраў; нават Камар, не кажучы пра Хрушчанку, не здаваўся ёй такім ужо монстрам, а родная кінастудыя заслугоўвала не столькі пагарды, колькі шкадавання. Што з таго, што Хрушчанка быў тыранам, ад якога ўсе задыхаліся? Толку, што Камар аказаўся яшчэ горшы? А яна, Інга? Толку з новай мятлы, калі яна па-старому мяце. Ужо няма сумненняў, што яна будзе такая самая, як і Хрушчанка, і Камар, як усе кіраўнікі, якія былі да яе і якія будуць пасля, – проста абставіны не дадуць ім стаць іншымі.

Гэта быў фінал яе яшчэ не пачатай кар’еры, канец яе жаданням зрабіць нешта карыснае. Спачатку накаціла на яе крыўда, і яшчэ больш адчула яна гнятлівую адзіноту; уявілася, якая яна ў прынцыпе безаабаронная, разбітая, сумбурная, недалечаная. А затым прыйшла чарга абыякавасці. У думках яна каторы раз падзякавала выпадку і Івану Барысавічу Вечку, якога раней недалюблівала і які так своечасова падвярнуўся і падставіў плячо. Цяпер яна на яго перакіне ўсё. Аддасць гэтыя лісткі з заўвагамі, і хай робіць з імі што хоча. А яна нарэшце зоймецца сабой, сваім здароўем.

Як любы нармальны чалавек, Інга баялася паліклінік. Толькі цягнуць ужо не было як. Яна сабралася з духам і пайшла да доктаркі. Тая выслухала сімптомы: перыядычная санлівасць, слабасць, галавакружэнні, павелічэнне вагі, ацёкі, боль у грудзях то ўзнікае, то праходзіць, – выслухала, насупілася і сказала, што ёй гэта ўсё вельмі не падабаецца, бо можа быць прыкметамі нейкага ўтварэння. Сама ўзялася рабіць ультрагукавую дыягностыку, і ў час гэтага ўсклікнула:

– О-ёй, што гэта?!

Інга была на мяжы непрытомнасці.

– Вашаму «ўтварэнню» ўжо каля 9 тыдняў! – строга, нават чамусьці сярдзіта сказала доктарка.

Інга сядзела з апушчанай галавой, як сядзяць грэшніцы на карцінах эпохі Адраджэння, глядзела ўніз, рукі бязвольна ляжалі на кушэтцы. Апамяталася толькі тады, калі доктарка назвала яе па імені. Доктарка адразу папярэдзіла, што пакуль гармоны не панізяцца да бяспечнага ўзроўню, цяжарнасць пад вялікай рызыкай. Але Інзе было не да таго. Яна выйшла з кабінета, з паліклінікі іншым чалавекам. Усё ранейшае знікала, новае запаўняла яе. Яе самую ўразіла, як імгненна адваліліся ад яе ўсе справы, асабліва кінастудыйныя, і яна пераключылася толькі на асабістае, жыццёва-будзённае, памперсна-паўзунковае, летуценна-бяздумнае калыханне дзіцячай каляскі.

Па вялікім рахунку трэба радавацца. Доўгачаканае дзіця, яно трэба было ёй кроў з носу, хаця б для таго, каб смела пазіраць у вочы залоўцы – аўстралійскай мужавай сястры, якая моцна дапякала Інгу тым, што ў брата няма спадчынніка. Аднак поруч з радасцю ішлі сум, трывога і нават страх. Не сумняваючыся, ад каго цяжарная, Інга абсалютна не ўяўляла, якімі павінны быць яе дзеянні адносна Лагуна. А да мужа? Неяк ці то жартам, ці ўсур’ёз ён сказаў: «Я заўсёды вызначу, калі мне здрадзіць жонка. Цяжарнасць – вось доказ, і не ўскосны, а самы што ні на ёсць прамы».

Варыянт пазбавіцца дзіцяці яна адразу адмяла. Не, яна не выпусціць гэты шанс. Значыць, цяжарнасць трэба было трымаць у тайне, хаваць не толькі ад мужа, але ад усіх; прынамсі, да таго часу, пакуль тайнае не стане яўным і не пачнуцца абгаворы і плёткі, якія, канечне ж, рана ці позна даляцяць да мужавых вушэй.

Быў яшчэ варыянт разводу. Але і гэтага яна не хацела. Губляць такія ўмовы, траціць такое становішча, пры якім яна – паважаная, забяспечаная, добрапрыстойная, незалежная дама; адмаўляцца ад такога мужа… І дзеля чаго? Іншая справа, калі, напрыклад, паўстане пытанне: развод ці пісталетная куля, дык, само сабою, развод. Проста яна ведала, што такога выбару ў яе не будзе. А што будзе, яна не магла нават уявіць. І, як ні дзіўна, менавіта гэта прыносіла палёгку, бо толькі слабасцю ўяўлення ратуюцца людзі.

“Ну не. Я не збіраюся паўтараць чужыя памылкі! Я не буду ставіць сябе ў становішча або-або!”

Галоўнае, што не было з кім параіцца. Яна не мела ні сяброў, ні сябровак. Акрамя Рыты. Ды і тая… Упершыню ў жыцці Інга пашкадавала, што ў яе такі характар, – інтравертны. Ёй заўсёды хапала самой сябе. Ды і не было ў яе ні такой ужо вялікай радасці, з якой хочацца падзяліцца, ні такога гора, якое можна было б на некага перакласці. Дзіўна, што яна не адразу ўспомніла родных бацькоў. А можа, якраз-такі заканамерна, бо яны былі зусім іншыя, чым яна. Яблык далекавата адкаціўся ад яблыні… але ж такі выпадак! І так часам хочацца пад матчына крыло!

29

Калі вяртаешся ў сваё дарагое, далёкае мінулае і бачыш усё тое самае: дворык, дзіцячую пляцоўку, клумбу, арэлі паміж бяроз, лавачку каля пад’езда – дык часта замест замілавання ахоплівае нейкая нават як бы крыўда: чаму яно адно і тое ж? чаму не мяняецца разам са мной? А калі яно яшчэ пазірае на цябе ў кожны твой прыезд з дакорам, нібы ты ў нечым вінаватая перад ім, мо за тое, што сама паехала, а гэта ўсё пакінула і забылася?

Не, былі, канечне, перамены. Напрыклад, дрэвы падраслі, а дворык, дом і пад’езд паменшалі. Але ў цэлым у Інгі заўсёды было пачуццё няёмкасці перад сваім з дзяцінства знаёмым наваколлем. Мо таму, што яно ў сваёй нязменнай пастаяннасці ведала, памятала яе зусім іншай: малой, бесклапотнай, чыстай. І толькі сёння Інга ўпершыню змагла зірнуць на гэта вакольнае спакойна і адкрыта, як на роўню. Яна прыехала іншая. Цяпер яна была гатовая сплаціць доўг, пусціць у свет іншага чалавека, які паўторыць кола і зробіць тое, што яна не паспела. Яна зайшла ў знаёмы маленькі пад’езд. Прыступкі, крокі. Дзверы, званок. Тыя самыя пахі. Цёплыя рукі маці абнялі яе за шыю. Маці, такая ж, як заўсёды, круглатварая, румяная, пахла мукой і хлебам.

– Што здарылася? Ты без званка.

– Засумавала.

– Ох, Інга. Сказаць шчыра? Я б на тваім месцы не сумавала. Заходзь! Бацька на лецішчы. Я пазваню, прыедзе.

– Не трэба, не спяшайся.

Інга была позняе і адзінае дзіця. Яна нарадзілася, калі бацькам было за 30. Можа, таму яна не пайшла ў іх. Цяпер ім за 60, абое на пенсіі, маці ўвесь час дома, бацька – з тых ціхоняў, якім абы далей з вачэй, абы па-за домам; ён садавод-агароднік, рыбак-ягаднік; постсавецкая класіка. Абое па-правінцыйнаму шчырыя, па-свойму добрыя, у меру хітраватыя – жыццёвай сялянскай хітрасцю, у меру смяшлівыя – з своеасаблівым сялянскім грубаватым гумарам. І абое вельмі гаваркія. Яшчэ маці любіла рэзаць праўду ў вочы, часта не асабліва выбіраючы словы.

Пакуль маці “завіхалася” каля пліты на кухні, Інга сядзела перад тэлевізарам, глядзела серыял “З жыцця машын” і па-рэдактарску, машынальна, лавіла ляпы. Аварыя на вуліцы. «Ахвяры ёсць? – Прыедзе інспектар, будуць. Ха-ха-ха!» (садралі з “Каралевы бензакалонкі”). «Чаму твая машына з аўташколы стварыла затор? – Якая машына? – Зялёная, з калёсікамі! – Ха-ха-ха!» І, галоўнае, гарачацца, нешта даказваюць, увесь час на павышаных танах, што павінна перадаваць жывасць і зацікаўленасць, увесь час смяюцца, а вочы насцярожана бегаюць, а рукі жэстыкулююць і варушацца не ў такт са словамі, і музыка, музыка – сама па сабе, асобна ад дзеяння. Гледзячы, Інга адчувала проста фізічную моташнасць. Яна не магла ўзяць у толк, як яшчэ нядаўна гэта здавалася ёй звычайным, нейтральным, калі яно заўсёды было такім нікчэмным. Маці прыйшла і села побач, абняўшы дачку за плечы. Нейкі час глядзелі ўдвох. Пад’ехаў інспектар. «Здарова, Пецька! – Здарова, Чапаеў! – Ты, мабыць, думаеш, што машына без рамонту сама паедзе? – А ты, мабыць, думаеш, што, лежачы на канапе, рамонт сам пойдзе? – Ха-ха-ха!»

Маці таксама засмяялася і сказала:

– Харошы фільм. Вы такія здымаеце?

– Усялякія здымаем.

– Ты ўсё там жа? Не павысілі?

Інга з неўразуменнем уставілася на яе. Яна проста забыла, хто яна цяпер. Вылецела з галавы. Ды і сапраўды, якая розніца. Усё адно звальняцца. Не выбера ж яна замест дзіцяці вось гэта.

– Не павысілі. Пакуль усё там.

– Ох, Інга! – сказала маці і, нахіліўшыся, зашаптала горача: – Знайшла б ты палюбоўніка, вось што табе трэба. Але ты ж у нас святая. Маральная. І ў каго ўдалася? Часам мне здаецца, што ты не мая дачка.

Маці як бы пацвельвалаяе. Так было заўсёды, з маленства. Яна нібы здагадвалася пра нешта, але хацела, каб дачка сама расказала. Інгу заўсёды з малых гадоў бянтэжыла гэта… адчуванне, што яна іншая, ніколі не пакідала яе, і з роднымі яна заўсёды адчувала сябе як з чужымі: трэба было падыгрываць, смяяцца, ламаць сябе.

– Нашто ты мне кажаш гэта?

– Бо ты мне ўсё жыццё чытаеш натацыі. Дзеці больш маральныя за бацькоў – калі такое было? – сказала маці і пахвалілася раптам, прашаптала на вуха: – У мяне, у мае гады, і то кавалер аб’явіўся.

Яна пачала расказваць, як выставіла ў фэйсбуку стары здымак, чорна-белы, з іхняга даўняга школьнага паходу; падпісала год, ўказала мясціны…

– …І ўяўляеш, атрымала паведамленне ад нейкага дзівака!

Нібыта ён родам з той самай мясцовасці, быў тады хлопчыкам-падлеткам, помніць той паход, выпадкова перасекся з ім і нібыта пакрыўдзіў дзяўчынку з той вандроўкі, а потым усё жыццё мучыўся, насіў гэта ў сабе, і які шчаслівы цяпер, калі ўбачыў здымак.

– І вось пытае ў мяне, ці памятаю я яго? І ці можа ён, хоць і так запознена, выпрасіць дараванне?

– Кранальная гісторыя, – рассеяна адказала Інга. – Як бачыш, не адна я маралістка.

– Хай бы вы паставілі фільм пра гэта, – прапанавала маці.

– На жаль, я маю справу з такімі людзьмі, якія не будуць замарочвацца, пакрыўдзілі яны каго ці не. І ўжо тым больш не стануць прасіць прабачэння… І што? Ты даравала яму?

Маці сказала з усмешкай, якая павінна была азначаць, што сапраўдная гісторыя толькі пачынаецца:

– Ён памыліўся. То была не я. Я тады нават не хадзіла ў той паход. Захварэла. То была мая блізкая сяброўка і суседка па парце. Мы і праўда былі падобныя. Нас блыталі настаўнікі. Вось, паглядзі.

З выцвілага, вылінялага, з плямамі, зробленага на “мыльніцу” фота пазіралі дзве амаль аднолькавыя бялявыя дзяўчыкі, з чупрынкамі, з каснікамі, у белых гольфіках і карычневых спаднічках і чорных фартушках.

– Гэта я… А вось сяброўка.

– Праўда, падобныя.

– Але толькі знешне, не характарамі. Мяне не так лёгка было пакрыўдзіць, я сама пакрыўдзіла б любога. А вось яе – мог хто хочаш. Такая добрая, безаабаронная, любіла ўвесь свет, кожную мурашку, травінку, я зусім не разумею, як можна не палюбіць яе самую? тым больш пакрыўдзіць? Гэта як на ўсмешку ні з таго ні з сяго адказаць пляўком ці мацерным словам. Цяпер я нават прыпамінаю, што нешта пасля таго паходу яна мне расказвала, пра нейкіх мясцовых хлопчыкаў. Зрэшты, памяць мая падманлівая.

– Пачакай, дык ты не прызналася, што то не ты?

– Я, наадварот, сказала, што то я. Мне ж цікава.

– Ну, не ведаю. Прымаць на сябе адрасаваныя іншаму чужыя прабачэнні… А не прасцей было проста даць каардынаты сяброўкі.

– Яе даўно няма на свеце, – уздыхнула маці. – У яе быў цяжкі лёс. Нешчаслівая была. Ёй усё жыццё не шанцавала. Адразу пасля школы мы рассталіся… шляхі разышліся. Яна паехала некуды, здаецца, на Віцебшчыну, выйшла замуж. Нейкі час перапісваліся. У яе былі праблемы, муж раўнаваў, зводзіў са свету, мучыў, даймаў тым, што, маўляў, не ад яго дзіця. Яна перажывала, хварэла… Што з табой?

Твар у Інгі гарэў.

– Ветрам абнесла.

– Так я і не сказала яму, таму дзіваку. Не адважылася. Пашкадавала яго. Напісала, што так, то была я. Нічога не памятаю, але на ўсялякі выпадак дарую ўсё. Даўно ўсё забыла і даравала яму, ад яе імені.

Пасля кароткай паўзы – своеасаблівай хвіліны маўчання – маці спытала.

– Ну, а ты што?

– Я працую з такой публікай, якая не просіць прабачэння, – паўтарыла Інга, забыўшы, што тое самае казала зусім нядаўна. – Ім і ў галаву такое не прыйдзе.

– Ты ж не таму прыехала, каб мяне слухаць? – і параіла: – Кідай ты ўсё гэта. Занурванні свае. Праблемы так званыя. Дзе, дарэчы, ён?

Бацькам чамусьці не падабаўся зяць, і яны пры кожнай нагодзе не праміналі падкрэсліць гэта. Мо яшчэ таму не было агульнай мовы ў Інгі з імі.

– На курорце, – адказала Інга.

– І ты адна? Паслухай мяне. Табе трэба здрадзіць мужу. А што? З якім маладым…

– Я так і зраблю.

– Дзе табе!

Так Інга нічога не сказала ні маці, ні бацьку, які неўзабаве пад’ехаў, і першае, што спытаў, было: “Калі ўнукаў паняньчым?” – кожны раз ён такое пытаў, як рытуал, і кожны раз Інга адмоўчвалася.

Яна пераначавала і паехала назад. З гэтых адведак яна вынесла толькі тое, як муж не прызнаваў дзіця, даймаў, мучыў рэўнасцю жонку, пакуль не загнаў у магілу.

З яшчэ большым нецярпеннем яна пачала чакаць вяртання Міхалевіча з Лагуном. Абодвух… ці аднаго. Бо ўжо цвёрда ведала: пакуль існуе трохкутнік, нічога не вырашыцца.

30

Трохпавярховы катэдж быў за сто метраў ад мора, і па першым часе шум хваляў перашкаджаў спаць. Дзявочы вінаград абвіваў балкон і зацяняў яго сваім дробным, але густым лісцем ад дзённай спякоты. Начамі часта ішлі моцныя субтрапічныя ліўні з маланкамі і громам, страшныя тут, на Поўдні, – такіх Лагун ніколі не бачыў на радзіме. Грымела ў гарах, распорвалі неба ўздоўж і ўпоперак зігзагі маланак, тады пачынаўся дождж, і да самай раніцы буйныя кроплі гучна пляскалі па плітках дарожкі. Пасля іх храбусцелі пад нагамі, як яечныя шкарлупкі, ракавінкі смаўжоў, ці, як у Лагуна дома казалі, п’явачнікаў.

Лагун з Міхалевічам жылі тут ужо два тыдні. За гэты час крыху прытупілася вастрыня ўспрыняцця, калі ўсё вакол было новым, узбуджальным: мора пад крылом самалёта, серпанцін дарогі ад Сухума да Гаграў, па якім неслася іх таксі, пакуль не атрымала пушчаным з гары каменем у лабавое шкло (як сказаў кіроўца-абхазец, “шыпана мясцовая” забаўляецца, абстрэльваючы турыстаў); санаторый пад назвай “Акцёр”, дзе нельга было сустрэць ніводнага легендарнага ці проста вядомага кінадзеяча, а адпачывалі звычайныя людзі, у тым ліку беларускія чыноўнікі сярэдняй рукі. Спачатку Міхалевіч для экзотыкі хацеў зняць у абхазца сапраўдную саклю і ў ёй жыць. Але Лагуна цягнула да цывілізацыі: ванны, мяккіх шырокіх ложкаў, тэлевізара, камп’ютара, і ён дабіўся-такі свайго: маўляў, ніколі не жыў у гатэлях, а трэба набіраць дэталі побыту для новага сцэнарыя. Засяліліся не ў шматпавярховы галоўны корпус, а ў новы, асобна размешчаны катэдж, у трохмесны нумар з двума балконамі – на горы і на мора. Паблізу раслі пальмы, круглыя, кашлатыя, з вострымі лістамі, і бамбук – як тоўстыя вудзільны трыццаціметровай вышыні. З другогабалкона адкрывалася панарама гор – класічных, з белымі, а вечарамі і раніцамі – пунсовымі шапкамі. Снедалі і абедалі ў галоўным корпусе, у сталоўцы-рэстаране; ежа вострая, многа мяса і на гарнір – бабовыя, фасоля самых розных колераў і памераў; елі шмат, але чамусьці не наядаліся і жылі ўвесь час з адчуваннем лёгкага голаду. Ад гэтага, ды яшчэ ад паўднёвага сонца, узрастала актыўнасць, хацелася рухацца, есці, плаваць, лезці ў горы.

Паміж гарамі і морам вузкай паласой ішла дарога Гагры – Піцунда. Па адзін яе бок было мора, па другі – вялікае прэснае возера, у якім суткамі крумкалі жабы і над высачэзнымі чаратамі віселі хмары камароў. Камары былі паўсюль. Яны кусаліся на пляжы, жылі ў катэджы, на балконе ў лісці вінаграду, ад іх не было ратунку, акрамя абпырсквання сябе аэразолем.

Другім мінусам субтропікаў была вільготнасць.Калі параніць палец ці расчасаць укус камара, не зажывала днямі. Ад вільготнасці не высыхалі плаўкі і шорты, і іх сушылі па-савецку ў ванне на змеевіку. Ноччу было холадна, а ўдзень спякотна. Зверху паліла гарачае да невыноснасці сонца, вада была ледзяная, да сутаргаў, з мора налятаў сухавейны вецер, пляж – дробная, як пясок, чорная галька, гарачая, на якой Лагун у першы ж дзень за гадзіну згарэў да пасінення, да пухіроў, і некалькі дзён пасля не скідаў кашулю і джынсы. Менавіта тады яны наведалі знакамітую скалу. Лагуна трэсла, калі яны падыходзілі: і ад тэмпературы, і ад страху. Скала была не агароджаная. Калі падышлі і сталі на ёй, з бяздоннем унізе, Лагун інстынктыўна падаўся назад, ды так, што ледзь не ўпаў, і больш не падыходзіў блізка. Людзей было многа, экскурсійныя групы змянялі адна адну; мітусня, піск, смех; дзеці і дарослыя фоткаліся, сэлфіліся, стаялі і хадзілі па самым краі правалу. І раптам крык, ад якога ледзяніла душу: “Хадзем адсюль, не трэба!”

Нехта з групы спытаў у экскурсавода-абхазца:

– Няўжо ніхто не падае адсюль?

– Чаму не падаюць? – пакрыўдзіўся абхазец. – Яшчэ як падаюць. Кожны год. Пачытайце ў інтэрнэце, калі не верыце. Надта ж гэта зручна, падаць адсюль. Самы распаўсюджаны выпадак.

– А адгарадзіць не спрабавалі?

– А вы спрабавалі не думаць? Не думайце, тады не ўпадзеце. Бо калі думаеш, можна і з падножкі трамвая зваліцца, і з эскалатара ў метро.

А ўвечары Лагун у другі раз выслухаў трагічна-рамантычную гісторыю пра той даўні няшчасны выпадак на той скале, яксарваўся з яе ў бяздонне і загінуў малады рэжысёр, нібыта каханак Інгі: яна да гэтага часу сумняваецца, ці не Міхалевіч яму памог – спіхнуў.

– …Але следства ўстанавіла ўсё як ёсць. Цяпер разумееш, чаму я не хацеў, каб Інга паехала з намі?

Лагуну, які ўсё сваё невялікае жыццё думаў толькі пра сябе і ніколі пра іншых, ледзь удалося прыхаваць усмешку. Аказваецца, клапатлівы муж не ўзяў жонку, бо бярог яе нервы, не хацеў, каб непажаданыя, гнятлівыя ўспаміны накацілі на яе. Адчуў Лагун і пэўную рэўнасць, бо Інга, ён ужо лічыў, больш належала яму, чым мужу.

Час, пакуль ён быў “згарэлы”, выкарыстоўвалі на экскурсіі, паездкі і вандроўкі. Бачылі знакамітыя рэліктавыя сосны, бачылі, як на беразе мора ў цэнтры Піцунды людзі вешалі бялізну на вяроўкі, працягнутыя паміж гэтых сосен (“Так вечнае суседнічае з часовым, – рэзюмаваў Міхалевіч. – Запамінай!”); на піцундскім базары, дзе мясцовыя нават паміж сабой гаварылі не па-абхазску і не па-грузінску, а па-руску з неверагодным акцэнтам, прыкладна, як у “Каўказскай палонніцы” Гайдая, – елі харчо, лаваш, шашлык, пілі каньяк; ездзілі дарогай-серпанцінам паўз цясніны і славуты вадаспад Слёз на высакагорнае возера Рыца з яго незвычайнай прыгажосці блакітна-зялёнай вадой і на вышыні тысячы метраў над узроўнем мора сядзелі ў саклі-рэстаране перад тымі ж шашлыкамі і каньяком – гэтым заканчвалася любая экскурсія.

Усё было цудоўна, цікава, нова, і разам з тым Лагун ніяк не мог зразумець, што не так. Нарэшце здагадаўся: адзіноты не хапае. Міхалевіч быў з ім паўсюль і заўсёды. Ён, відаць, цвёрда вырашыў, што яго абавязак – зляпіць з маладога сябра сапраўдную творчую натуру. Ён нібы сабраўся перажыць разам з Лагуном і сваю маладосць, хацеў быць не толькі яго вачамі вушамі, але нават і душой. Ён вучыў, як менавіта трэба глядзець і слухаць, успрымаць і фільтраваць, адбіраць з кучы мякіны зерне.

Спачатку было цярпіма. Потым гэтае апякунства пачало прыгнятаць. Голас Міхалевіча пачаў навальвацца, душыць, даганяць, і не было ад яго ратунку. Лагун паспрабаваў пазбягаць Міхалевіча, але гэта аказалася не так лёгка: яны разам жылі, абедалі, а галоўнае, ён надзейна быў прышпілены да Міхалевіча грашамі.

А Міхалевіч усё грузіў яго нуднымі разважаннямі і рознымі падрабязнасцямі.

– …Запамінай! – спатрэбіцца. Творчаму чалавеку ўсё патрэбна.

– …Клімат унікальны: горны, марскі, лясны і лугавы…

– …Туман ружовы з гор, мора зліваецца з небам…

Дайшло да таго, што Лагун пачаў агрызацца:

– Туман як туман. Гара як гара. Што я, мора не бачыў?

На яго шчасце, Міхалевіч неяк хутка стаміўся і астыў да перамяшчэнняў. Як высветлілася, ён цяжка пераносіць акліматызацыю і ўвогуле марудна прывыкае да ўсяго чужога. Яго падтэмпературвала, ён чыхаў, кашляў, прабіваў закладзены нос кроплямі, піў таблеткі. Санаторны доктар забараніў яму купацца і загараць, дазволіў толькі сядзець, што Міхалевіч і рабіў – сядзеў у халадку, трымаючы аэразоль ад камароў у руцэ, і гаварыў. Толькі гэта яму цяпер і заставалася.

У Лагуна тым часам загоіліся плечы і ногі, злезла скура, і таму можна было загараць колькі ўлезе. Нібы назло Міхалевічу і каб не слухаць яго, ён увесь час валяўся на пляжы, упітваў у сябе сонца, разглядваў пляжных дзяўчат або проста драмаў. Твар яго загарэў, уменне чырванець цяпер было яму без патрэбы, але гэта пазбавіла яго абаяльнасці, – нібы з белай скураю ён быў чысцейшы, а цяпер загар накрыў не толькі яго скуру, а і душу. Ён зусім асмялеў і ледзь не паплаціўся за страту пільнасці. Неяк ляжаў на жываце, загараў, як яму на плячо і на спіну ўпалі халодныя кроплі. Лагун адмахнуўся, думаючы, што гэта Міхалевіч.

– Братан, ты ці не ты? Што ты тут робіш? Адпачываеш?

Лагун ускочыў, сеў, працёр вочы. Перад ім стаяў матацыкліст з базара ў Акцябрскім уласнай персонай. Той жа гопніцкі выгляд, тыя ж спартыўныя штаны з лампасамі. Пацерты, няголены, пакамечаны твар. Толькі шлем на руцэ не вісеў.

– Ты някепска ўладкаваўся. Бачу, спрацавала мая навука. Ты здольны вучань. Даў айчым грошай? Дарэчы, паступіў? У тэатральны?

Лагун не ведаў, на якое з пытанняў адказваць, таму не адказваў ні на адно. Ліхаманкава ён прыкідваў, што рабіць, як ад яго пазбавіцца.

– А я патрапіў у гісторыю, – паведаміў матацыкліст. – Прыехаў спаганяць доўг, а ў выніку сам вінен застаўся. Так атрымалася. Матацыкл забралі. Добра, што цябе сустрэў. Я табе памог некалі, цяпер ты мне памагай. Купі паесці для пачатку.

Еў ён прагна, хутка. Кавалачкам лаваша беражліва падбіраў з талеркі кетчуп з цыбуляю. Піва цякло па губах, ён здзьмухваў пену і заадно праганяў асу, якая набівалася ў кампанію. Лагун, гледзячы на яго, сам захацеў есці. Ён саромеўся матацыкліста, пазіраў па баках, ці не бачыць хто са знаёмых.

– Дык што ты казаў пра грошы? – спытаў, наталіўшы голад, выціраючы пальцы і вусны сурвэткай, матацыкліст. Хаця Лагун нічога пра іх не казаў. – Мне трэба грошы. На адваката, каб выцягнуць сяго-таго з суда. Аднаго чалавека, не абыякавага табе. Не чужога. Маю сястру. Памятаеш? Яна патрапіла ў гісторыю…

Лагун паспрабаваў рыпнуцца, выкруціцца, растлумачыць, што ён сам на птушыных правах:

– Выпадкова тут апынуўся…

– Э-э, братан. Вось які ты стаў. Забранзавеў. Заганарыўся.

– Я паспрабую…

Дамовіліся сустрэцца на гэтым жа месцы, каля піва і грылю. У час абеду Міхалевіч пацікавіўся: “З кім ты размаўляў? Хто гэта?”

– Ніхто, – адказаў Лагун. – Памылка.

А пасля абеду проста ўцёк, пайшоў гуляць у сасновы рэліктавы лес. Хадзіў між дрэў, адпачываў на палянках, удыхаў родныя пахі смалы і чарнічніку. Нібы апынуўся дома, у беларускім лесе. Калі па яго разліках даўно мінуў час прызначанай сустрэчы, пачало цямнець, людзі сыходзілі з пляжа, акрамя рамантыкаў і закаханых, Лагун падабраўся да катэджа – і пачуў знаёмы голас з балкона. Нізкі і так, сам па сабе, увечары ён аж гудзеў, здавалася, слаўся па зямлі і даходзіў да самага мора.

– Зу-зу-зу… Бу-бу-бу… Усё гэта я так, з мужчынскай салідарнасці… Каб паставіць вас у вядомасць, – даносілася да Лагуна. – Не ў маіх правілах умешвацца ў чужыя справы… не такі я чалавек… не маю такой звычкі… не такі ў мяне характар… Зу-зу-зу…

Лагун мог разабраць толькі палавіну таго, што казаў матацыкліст.

– Бу-бу-бу… Я не прывык пляткарыць… вышэй гэтага… але закрануты гонар маёй сястры… выключна дзеля таго, каб акупіць адваката… а ён, гэты Лагун… Зу-зу-зу…

Лагун стаяў у цемры, якая надта ж хутка, па-паўднёваму згусцілася, і думаў: вось і ўсё. Вось так і яго сувязь з Інгай выкрыецца. І тады – бывай, дом, бывай, кінастудыя, фільм, а можа, і маё жыццё. Дачакаўшыся, калі матацыкліст нарэшце пайшоў, ён з цемры наблізіўся да светлага балкона і, хоць усё ў ім трымцела, рашуча набраў паветра ў грудзі.

– Я ўсё чуў… Так, я не ўсё сказаў вам… Але гэта таму, каб зберагчы вашы нервы! Так як вы зберагаеце вашай жонцы… Я вас вельмі цаню, каб увязваць у свае…

– Не хвалюйся.

– Гэтыя нібыта брат з сястрою, – хутка, пераканаўча гаварыў Лагун, – чым яны займаюцца… Гэта ў іх сямейны бізнес… ён падстаўляе яе і затым шантажом выманьвае грошы…

– Не хвалюйся. Я заплаціў яму.

– Вы? Заплацілі? Нашто? – ускрыкнуў Лагун, нібыта гэта былі яго грошы. – А калі ён зноў захоча?

– Паабяцаў, што не захоча. Але ты… Як ты мог? Не сказаў ні пра айчыма, ні пра сясцёр. Ні пра маці. Гэта ж лёгка было вырашыць – памагчы тваёй сям’і хаця б матэрыяльна…

Лагун не паспеў адкрыць рот, як Міхалевіч зрабіў знак, каб не перабіваў:


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю