412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Андрэй Федарэнка » Сцэнарыст » Текст книги (страница 8)
Сцэнарыст
  • Текст добавлен: 1 июля 2025, 14:30

Текст книги "Сцэнарыст"


Автор книги: Андрэй Федарэнка



сообщить о нарушении

Текущая страница: 8 (всего у книги 11 страниц)

Ён пакашляў, прачысціў горла і працягваў:

– Мы, Інга, тут параіліся і ведаеш што вырашылі? Паехаць на мора. Выбрацца ў нашу Піцунду. Успомніць маладосць.

Інга кінула позірк на Лагуна.

– Са мной, спадзяюся?

– Мы ведаем, што ты ўсё адно адмовішся, не паедзеш. Ты ў нас занятая творчымі пытаннямі. Не паедзеш?

Інга не верыла сваім вушам. Здзекуецца ён? Калі не – сапраўды, многае памянялася. Лагун ужо не баіцца Піцунды; яны аб усім дамовіліся; цяпер яе могуць і не браць – ужо яна атрымлівалася нібы трэці лішні.

Яна паныла, без аніякай мэты кагосьці чымсьці напалохаць, сказала:

– Толькі глядзіце, будзьце асцярожныя. Вада ўвогуле, і мора ў прыватнасці, не вельмі любяць беларусаў. Успомніце Якава Навуменку ў Севастопалі, Міколу Селешчука ў Італіі, Віктара Каваленку ў…

– Нічога, Іван. Мы не з палахлівых, праўда? Паедзем?

– З вялікім задавальненнем, – адказаў Лагун. – Я там ніколі яшчэ не быў. А гэта можа спатрэбіцца мне ў мастацкай творчасці.

Ён бесцырымонна, адкрыта глядзеў на Інгу; ёй нават падалося, што ў вачах і нават у голасе яго яна чытае насмешку.

“Я падвязу яго да метро! І скажу пару ласкавых”.

23

Перыяд, калі Лагун панічна баяўся мужа, сапраўды прайшоў. Але ў тым кароткім перыядзе, ва ўзрастанні небяспекі, у чаканні немінучай расплаты, якой яго так палохала Інга, была, аказваецца, свая вабнасць, выкід адрэналіну, драйв. Напачатку ён не ведаў, што Інзе і яе мужу ад яго трэба, і гэта напружвала яго, ён стараўся ўгадаць гэта. Ён лічыў іх за людзей, якія сабраліся абвесці яго вакол пальца і пакарыстацца ім.

“Хітрыя вы тут усе, ды не хітрэй за мяне”, – думаў ён.

Пакрысе, аднак, ён зразумеў, што муж – цюхцяй, а Інга будзе маўчаць. Тады ён скеміў – яму і хітраваць не трэба. Усё і так складваецца самым выдатным чынам, нават яшчэ лепш, чым магло б. Яму толькі трэба прымаць усё як належнае і карыстацца ім напоўніцу. Пакуль шанцуе, калі ўсё так ладна-складна, дык чаму б не? Не адмаўляцца ж ад таго, што само плыве ў рукі.

А плыло ў рукі многае. Лагун ужо займеў у гэтай сітуацыі цёплае месца, ціхую гавань, надзейны прытулак, дзе збіраўся прыгрэцца. У сувязі са змяненнем абставінаў аформілася і бліжняя мэта:застацца ў сталіцы, ды яшчэ ў непасрэднай звязцы з кінастудыяй. Акрамя таго часта з вуснаў Міхалевіча ці жартам, ці то ўсур’ёз гучалі намёкі наконт маральнай і матэрыяльнай падтрымкі, вядзенні па жыцці, падстаўкі пляча; у тым ліку нават такое, на тэму ўваходу Лагуна ў сям’ю: “каму ўсё гэта застанецца? Па ідэі, спадчынніку, а яго ў мяне якраз-такі і няма – вось штука ў чым”.

Увогуле, што да мужа з жонкаю, Лагун заўважаў паміж імі нават своеасаблівую барацьбу за сябе. Яны нібы стараліся кожны перацягнуць яго на свой бок. Аднак ён не спяшаўся рабіць выбар. Яму падабалася сама сітуацыя, пры якой муж так прыкіпеў да яго,будучы ў святой упэўненасці, што Лагун добры, наіўны і таленавіты хлопчык; яму, канечне, ільсцілі такія адносіны, ён любіў Міхалевічавы разважанні, любіў, калі той нагадаў:

– Запамінай, можа, некалі напішаш!

Яму падабалася паддражніваць Інгу; хоць гэта і было даволі жорстка з яго боку. Але якісь падлеткавы азарт, легкадумнасць нібы падштурхоўвалі яго ў плечы і прымушалі гэта рабіць. Ды яшчэ помста – маленькая помста ёй за яе паводзіны, за грэбаванне ім, адказ ёй на яе ганарыстасць. Яму крыўдна было, што выпадак у інтэрнацкім пакоі так і застаўся адзіным.

Калі Інга ўрывала час на кароткія размовы, сэнс якіх быў: не хадзі сюды! не гуляй з агнём! – яму яе нават рабілася шкада. Але ён ніколі не забываў, што з ёй нельга быць шчырым, бо яна толькі прыкідваецца святой, а насамрэч, хутчэй за ўсё, толькі тым і займаецца, што спакушае мужчын, – прынамсі, замешана ж яна ў тым званку і, як вынік, цалкам магчыма, у забойстве чалавека – яго бацькі. Гэтая таямнічая гісторыя званка ні на міг не пакідала Лагуна. І калі ўжо так яму пашанцавала ўвайсці ў сям’ю, ён проста павінен быў выведваць пра Інгу як мага больш, а таксама вынюхваць усё, што да той справы са званком датычнае.

Веданне тайны званка давала Лагуну пэўную ўладу над Інгай. Нібы меўся ў яго на яе кампрамат, ці нібы ведаў ён якоясь чароўнае слова, якім пры жаданні мог яе пагубіць, а мог уратаваць. Таму ён не спяшаўся з гэтай уладай развітвацца. Ён усё больш адчуваў, што яна ў яго волі. Ён гуляў з Інгай, як кот з мышшу, у любы момант гатовы выпусціць кіпцюры. Улада над ёю змяншала, а то і зусім знішчала яго страх перад мужам. Таму ён так лёгка адаптаваўся, таму так ахвотна прыняў прапанову ехаць на мора. Чаму не? На ўсё гатовае. Бясплатна.

Разам з тым Лагун ні разу не адважыўся загаварыць з Інгай на тэму званка, не пацікавіўся, не аглушыў яе навіной: маўляў, вы вінаватая ў смерці майго бацькі. Ён нават не ведаў, ці была яна з яго бацькам знаёмая. Што ж яго стрымлівала? А проста – адчуванне хісткасці сваёй пазіцыі. У глыбіні душы ён баяўся, што яна акажацца ні пры чым і на яго пытанне: “Вы ведалі майго бацьку?” – адкажа: “Першы раз пра такога чую”. І ён, Лагун, застанецца ні з чым. Без улады над ёю, ды яшчэ, чаго добрага, выкінуты на вуліцу.

Таму ён гнаў гэтае прызнанне ад сябе, адцягваў, адкладваў на потым. Куды спяшацца? Веданне, што ў запасе ў яго заўсёды ёсць магчымасць выкарыстаць чароўнае слова, прыносіла яму незвычайную асалоду. Лепш і далей чакаць. У яго і так ёсць чым пры выпадку паставіць Інгу на месца. Кароннае: “Інакш я вымушаны буду… расказаць мужу” спрацуе.

Яна падвезла яго да знаёмага завулка каля метро, таго самага, каля ліхтара пад каштанам. На гэты раз яна настроена была рашуча. Але яе чакаў сюрпрыз.

– Як гэта разумець? – строга пачала яна.

– Разумейце як хочаце.

– Што гэта значыць?

– Тое і значыць.

Гэтыя словы гучалі для яе, як халодны душ. Ёй нічога не заставалася, як змяніць тон. Мякчэй сказала:

– Табе не здаецца, што гэта ідзе не ў той бок? І зайшло надта далёка?

– Гэта як паглядзець. Можа, усё ідзе менавіта туды, куды трэба.

– Ты ж абяцаў. Мы ж дамовіліся, што ты не будзеш хадзіць! А сам ходзіш.

– А нашто мне вось так, ні з таго, ні з сяго, крыўдзіць чалавека? – рэзонна адказаў ён. – Які так добра да мяне ставіцца. Паважае, памагае. Верыць мне. Ну, разважце самі. – Ён падумаў і дадаў: – Я ад свайго шчасця ўцякаць не збіраюся.

У Інгі нібы ўпала нешта ўсярэдзіне, і сама яна вухнула ў глыбокую яму. Толькі цяпер яна пачала разумець, куды гэта яе завяло, ува што яна ўляпалася. Не таму, што Лагун разгадаў яе і так з ёю размаўляе, не таму, што ён апынуўся на баку мужа. Да яе пачало даходзіць, што цяпер яна не толькі ў цвёрдых мужавых руках, але і ў Лагуновых мяккіх лапах.Няўжо ён здатны на такое? Няўжо яна так памылілася ў ім?

Яна разумела, што павінна тэрмінова мяняць тактыку. Нават не столькі павінна, колькі заставаўся ў яе адзін гэты варыянт – замена гневу на літасць. Яна прамовіла нечакана нават для сябе самой жаласлівымголасам:

– Не, не падумайце. Я нічога не збіраюся прадпрымаць. Але вы нават не здагадваецеся… Калі б вы ведалі хоць палавіну ад таго, што робіцца ў мяне ў душы, дык інакш гаварылі б і паводзілі сябе. Самым гэтым пераходам на “вы” яна нібы напрошвалася на шкадаванне сябе. – Можа быць, за тое, што я тады зрабіла, я буду мучыцца ўсё жыццё… Але калі ў вас ёсць хоць кропля шкадавання… Я спадзяюся, што вы прыстойны чалавек…

– Не будзем пра прыстойнасць. Успомніце лепш, як вы самі са мной паступілі. Зусім не прыстойна.

Найбольш страшыла Інгу ў ім тая самая, невядомая раней, насмешка ў голасе.

– Я не разумею… За што вы мяне мучаеце? – Інга ведала, што гэта не тыя словы, але іншых не магла знайсці. – Што я вам кепскага зрабіла?

– Вы перарвалі нашы адносіны. Не, я не ў сэнсе інтыму. Хаця, прызнаюся шчыра, у мяне гонар, я таксама чалавек і маю права на крыўду, – засоп носам ён.

З гэтага круга не было выйсця. Акрамя простага жаночага – Інга ўзмалілася. Калі загаварыла, у яе дрыжаў голас і слёзы наплывалі на вочы.

– Усё не так. Не так, як вы зразумелі. Я захварэла… Тут фізіялагічная прычына…

– Не ў тым справа.

– А ў чым? Што вам яшчэ ад мяне трэба?

– Праўды.

– Якой?

Лагун вырашыў, што самы час адкрыцца.

– Вы ведаеце, якой, – сказаў ён, маючы на ўвазе яе званок на тэлефон свайго бацькі.

– Так, ведаю! – усклікнула яна, маючы на ўвазе тое, што адбылосяў студэнцкім пакоі. – Але няўжо гэта такое злачынства?! Такі грэх?

– Як для каго. Для каго і забойства не грэх.

Так яны гаварылі кожны пра сваё. Ён бачыў слёзы ў яе вачах; сам таго не жадаючы, ён з’яўляўся яе мучыцелем. Ён і рады быў бы засумнявацца, але палічыў яе слёзы і паводзіны за прафесійнае кінаакцёрства.

– Што ж мне зрабіць? Добра, калі я такая… Калі я вас спакусіла, я гатова кампенсаваць…

– Не ўсё вырашаецца грашыма. Не ўсё купляецца і не ўсё прадаецца.

Зноў гэтыя чужыя драўляныя словы! Яна выцерла вочы і шчокі. Сказала:

–А калі я пастаўлю ваш фільм? Вы пакінеце мяне ў спакоі?

– Пастаўце спачатку, – буркнуў Лагун.

А сам падумаў: “Не толькі фільм – усё забяру, і дом. Усё маім будзе”.

24

Інга марудна пад’ехала да дома. Яшчэ ніколі яна не адчувала сябе такой прыбітай, няшчаснай, у такім безвыходным становішчы.

Штосьці крычала ў ёй, што далей нельга так, больш няма сілы бачыць тыя самыя твары, чуць тыя ж словы; тэрмінова трэба змяняць абставіны, пахі, гукі. Цяпер яна ўжо была гатова згадзіцца на ўсё, у тым ліку і на дырэктарку. Ужо яна сама бачыла, што гэта – адзінае выйсце, каб выблытацца з гэтага клубка. Трэба было перастаць супраціўляцца і плыць па цячэнні. Перамены павінны ўнесці яснасць у яе становішча. Акрамя таго яна ведала, што фізічны час здольны ўсё разгладзіць. прасвятліць, праясніць.

І зноў вечар. Тэраса. Цёплая майская ноч. Цені ад месяца. Густое сіняе паветра, здавалася, стаіць вертыкальна. Лета падкралася па начах. Інга была ціхая і пакорлівая.

– Ведаеш, я падумала наконт Піцунды… Гэта някепская ідэя. Едзьце самі. Я застануся. Папраўлю здароўе, паспрабую запусціць фільм.

“Каб яму праваліцца! Таму фільму!”

– Ты зробіш мудра.

– Ты хочаш сказаць, што пытанне з гендырэктарствам яшчэ ў сіле?

“Гендэр – гендырэктарка”, – Інга толькі цяпер звярнула ўвагу на падабенства.

– Трэба толькі твая згода. Ты згодная?

– Не ведаю!.. Я ўжо нічога не ведаю. Ну, дапусцім. Але як гэта будзе чыста тэхнічна? Месца ж занята.

– Пра гэта не думай. Галоўнае, ці ты згодная. І хоць заўтра пытанне вырашыцца.

– Скажы, калі ласка… няўжо гэта праўда? – тым самы ціхім голасам, без дакору, спытала яна. – Няўжо ты… Вы паедзеце на курорт адпачываць, а мне, хворай, у душным горадзе трэба займацца невядома чым?

– Павінны ж быць некаторыя выдаткі.

– Яшчэ зусім нядаўна ты не быў такім.

– Ды і ты не была такой.

Канечне, ведае, – амаль абыякава падумала яна. Даўно здагадаўся. Адсюль гэтая незразумелая холаднасць, адсюль зусім неўласцівая яму жорсткасць. Месяц закрыўся хмараю, цёмна стала; толькі свяцілася неба над горадам. Інга прыгадала, як яшчэ нядаўна, нічым не абцяжараная, яна была шчаслівая: што бачыла – пра тое і думала, пра што думала – тое і гаварыла. Якая, аказваецца, то была раскоша! Шчаслівыя рэдка ведаюць, што яны шчаслівыя, трэба перамена, часам кардынальная, каб гэта ўсвядоміць. Інга падумала, а што б яна зрабіла, каб тое вярнуць? І сама сабе адказала: усё. Усё аддала б і ўсё зрабіла б.

– Скажы… А калі б я здрадзіла табе?

– З кім? Я ўсіх тваіх знаёмых мужчын ведаю.

– З ім, – прамовіла яна, не называючы імені. Але мужу і не трэба было гэтага.

– Ты выдатна ведаеш, што яго не цікавяць жанчыны.

– Дык ты не забіў бы мяне?

Ён нічога не адказаў. Яна не бачыла яго твару.

 – Правільна, не трэба мяне забіваць, – сказала яна дрыготкім голасам, як чалавек, які сам сябе шкадуе і баіцца, што вось-вось можа расплакацца. – Я такая хворая. Мяне і так, мабыць, хутка не будзе…

– Ты перабольшваеш, – сказаў ён, зноў, як ёй падалося, абыякава, холадна.

Між тым яна не толькі не перабольшвала, а хутчэй пераменшвала. Яна сама сябе накруціла да такой ступені, што зноў захварэла, на гэты раз нейкім гарманальным збоем, аб чым нікому не казала. Доктарка выдала накіраванне на аналізы, літаральна ўчора прыйшоў вынік: гармон шчытавіднай залозы, ТТГ (да таго ніколі гэтыя гармоны не правярала), у 5 разоў вышэй за верхнюю мяжу. Да ўсяго яшчэ нейкае патаўшчэнне, як бы пухліна. Доктарка сказала, што не падабаецца ёй усё гэта. Прызначыла МРТ і агульны агляд. Цяпер Інзе хацелася, каб яе распыталі, пашкадавалі, суцешылі. Але гэтая мужава халоднасць не давала ёй дыхнуць. Сэрца сціскалася, і зноў вось-вось гатовы былі пацякчы слёзы.

– Хадзем спаць, – сказаў муж і пазяхнуў. – Пайшлі!

Назаўтра раніцай Інга не паспела набраць чыноўніка, як ён сам пазваніў (і адкуль толькі даведаўся, пра яе згоду?). “Вы перамянілі думку. Дзе мы сустрэнемся? Я сам да вас пад’еду”.

Ён чакаў яе каля ганка кінастудыі. Маладзей за яе, яму 30 яшчэ наўрад ці было, у вузкім касцюме, модна падстрыжаны. Новая генерацыя. Разам зайшлі да яе ў кабінет.

– Як добра, што вы згадзіліся. Бо справы ў нас кепскія.

– Але як гэта будзе выглядаць?  Прыйшла на чужое месца…

– Ну што вы. Гэта Камар не на сваім месцы.

Чыноўнік расказаў, што гэты Камар паспеў ужо наламаць дроў. Самавольна ўскрыў сейф, назвальняў і напрымаў кучу людзей, не маючы на тое ніякіх паўнамоцтваў. Перапісаў конкурсны спіс.

– …І прынёс нам. Паглядзіце самі.

Інга ўзяла аркуш паперы, які падаў ёй чыноўнік. Максім Рамонак красаваўся на першым месцы, Лагуна не было нават у дзясятцы, як і Хрушчанкі, дарэчы. Яе хоць і абурыла такая хапатлівая подласць, але ўсё адно шкадаванне жыло ў ёй. Усё ж нядаўні калега і нават сябра.

– Ён і банкет ужо заказаў, – сказала яна.

– Што ж. Давядзецца нечым ахвяраваць. На жаль, гэта непазбежныя выдаткі, – сказаў чыноўнік амаль слова ў слова, як учора муж.

І зноў яна сцялася перад мужчынскаю незразумелай жорсткасцю. Яна адчувала сваё бяссілле перад гэтым.

– І чым я буду адрознівацца ад папярэдніх начальнікаў, ад Хрушчанкі і Камара, – спытала Інга, ці нават канстатавала, без пытальніка ў канцы.

– Ну што вы. Як вы можаце раўняць іх і сябе? Вы такая маральная, чыстая, у вас бездакорная рэпутацыя…

Далей чыноўнік сказаў:

– Я б раіў вам згаджацца хаця б дзеля ўсяго адной добрай справы. Мы ўсё ведаем. Гэта адзіны спосаб памагчы аўтару. Няўжо вам не хочацца ўзнавіць справядлівасць?

– У мяне яшчэ застанецца час на фільм?

– Я вам даю слова. Вы будзеце займацца толькі фільмам і больш нічым. Ніхто не будзе вас тузаць і патрабаваць невядома чаго.

На развітанне Інга, разумеючы, наколькі гэта несалідна, усё ж спытала:

– Можна падумаць?

– Ды што думаць. Вы адступіце ад правіла – думаць, сумнявацца. Што вас стрымлівае?

– Я баюся нарабіць памылак, – прызналася яна.

– Вы думаеце, вам дужа дадуць іх нарабіць? Ваша свабода вельмі ўмоўная. Чым вышэй чалавек на кар’ернай лесвіцы, тым часцей ён патрапляе ў поле зроку, тым больш да яго ўвагі і тым менш ён свабодны, як ні парадаксальна.

– Гэта ў цэлым, а ў дробязях?

– У дробязях, само сабой, вы поўная багіня і царыца. І не забывайце, што гэта ўсё часова. ВА, выконваючы абавязкі.

Больш не было як адмаўляцца. Яна толькі спытала, калі пачынаць. Чыноўнік адказаў, што вось хутка святы, за імі выхадныя, “а там прымайце справы”. Неўзабаве пасля святаў Інга перабралася ў гендырэктарскі кабінет, і амаль адначасова з гэтым муж з Лагуном паехалі на курорт.

25

Інга не прабыла на новай пасадзе і двух дзён, як яе выклікалі ў Міністэрства – на своеасаблівыя агледзіны; абавязковы візіт. Той самы маладжавы чыноўнік па ідэалогіі ўважліва яе выслухаў, пахваліў, адобрыў і папрасіў папку з кінааповесцю, якую яна прадбачліва захапіла з сабой. Сказаў, літаральна на пару дзён, каб прабегчыся па тэксце і, калі ўзнікнуць пытанні і з’явяцца заўвагі, хоць гэта малаверагодна, тады ён мо што “па-дылетанцку” параіць. А Інга пакуль няхай абдумае ўсе этапы-стадыі будучага фільма, пачынаючы ад даздымачнай (прэпрадакшн) і заканчваючы кастынгам, пошукам натуры, выбарам дэкарацый, аж да саўндтрэка.

Чыноўнік стрымаў слова. Умова, якую яна ў час “сватання” выставіла – яна займаецца толькі фільмам, і больш нічым – выконвалася. Больш ён нічога ад яе не патрабаваў.

Сустрэча была раніцай, а пасля абеду яна засталася адна ў сваім новым кабінеце. Май стаяў за вакном. Ніхто яе не чапаў, ні перад кім не трэба было прыкідвацца. Упершыню за апошні час яна нарэшце адчула доўгачаканую, неверагодную палёгку. Можна было хаця трохі папоўніць запас сіл, неабходных для далейшага жыцця.

Па-першае, калі разабрацца, пакуль Лагун маўчыць, яшчэ нічога страшнага. Па-другое, сапраўды пастарацца за лета паставіць пракляты фільм, а там, глядзіш, Лагуна заграбуць у армію, і ўсё неяк само рассмокчацца. Па-трэцяе, прыстаўка “в.а.” – выконваючы абавязкі, сапраўды давала адчуванне часовасці, здымала адказнасць і тым паляпшала яе становішча. Бо калі пачаць ставіцца да гэтак званай кінаіндустрыі (кіно даўно няма, засталася індустрыя) усур’ёз, спрабаваць разбірацца, да прыкладу, прасачыць, куды, як і па якім прынцыпе размяркоўваюцца вылучаныя на праекты грошы, – надоўга цябе не хопіць, з’едзеш з глуздоў; тым больш усё і так, што з Інгай, што без яе, ішло сваім звыклым ходам, рухалася па нададзенай інерцыі: як на канвееры штампаваліся расійскія серыялы і такога ж узроўню “баевікі” – асноўны занятак студыі, а ад гендырэктара, па вялікім рахунку, патрабавалася не перашкаджаць.

Таму Інга магла з больш-менш спакойнай душою займацца толькі “Месцам”. Найперш з кінааповесці трэба было зрабіць аўтарскі, затым рэжысёрскі сцэнарый. Па ідэі, павінен гэтым займацца аўтар сцэнарыя, Лагун, але Інга ўжо даўно пабачыла, што з яго мала можна ўзяць. Яна ўспомніла, як упрошвала яго не прадаваць ідэю, і ўвогуле – на што яна пайшла дзеля гэтага. Атрымліваецца, дарэмнай была яе ахвяра. Як і дарэмна яна так ужо нападала на Хрушчанку – калі б ідэя была прададзена, цяпер было б намнога лягчэй; прынамсі, імя Лагуна не мільгала б і не скоўвала б яе так. Але ўсе мы разумныя апасля.

Дапамога прыйшла, як часта бывае, адкуль не чакаеш, у выглядзе таго самага яе земляка, сцэнарыста-літапрацоўшчыка Івана Барысавіча Вечкі. З’явіўшыся ў кабінеце, ён урачыста, старамодна павіншаваў яе з новай пасадай, пажадаў усялякіх поспехаў на ніве роднай культуры на “ганаровым месцы”, выказаў надзею, што гэта толькі пачатак яе кар’ернага ўзлёту. Наіўны чалавек! Яму здавалася, што Інга толькі аб гэтым і марыла. А цяпер не тыя часы і не тое дырэктарства.

– Прыемна, калі мае землякі ці, лепш сказаць, прыгожыя зямлячкі штурмуюць вяршыні…

Спытаў, ці часта яна наведвае сваю малую радзіму, і засмуціўся, калі Інга сказала – рэдка. Пацікавіўся, як здароўе бацькоў, – і ўсцешыўся, даведаўшыся, што добра. Інгу гэты візіт неяк супакоіў і нават развесяліў. Між тым Вечка, памуляўшыся, звярнуўся да яе з дзіўнай просьбай: папрасіў нейкую распіску.

– Якую распіску?

– Ды жартоўную, несур’ёзную! Не хачу, каб яна валялася тут і вас бянтэжыла. Пачынайце свой славуты шлях з табуля раса.

Інга пакорпалася ў папках, знайшла, аддала. Ён акуратна згарнуў паперку і паклаў у кішэню. Яго архаічныя манеры, павольная мова – закалыхвалі, яго добры позірк, мяккія словы быццам гладзілі яе. Яна ўжо адвыкла ад такога абыходжання. Ён так пяшчотна глядзеў на яе, што ёй стала сорамна. Так заўсёды бывае, калі думаеш пра чалавека кепскае, а ён аказваецца добры.

– Чаму вы так на мяне глядзіце? – спытала яна.

– Хочацца лішні раз пабачыць шчаслівага чалавека. У якога ўсё ладна-складна, якому так шанцуе ў жыцці.

– Гэта – мне?

– Не перадаць, як я вам удзячны. Вельмі, вельмі ўдзячны.

– За гэтую вось распіску?

– У тым ліку. Я ў даўгу перад вамі. У вялікім даўгу.

– Нічога вы мне не вінны.

– Чым вам аддзячыць? – не адставаў ён.

– А зрэшты, ведаеце… Мо і паможаце. Трэба з даволі якаснай кінааповесці зрабіць аўтарскі, пажадана, і рэжысёрскі сцэнарый. А знайсці людзей не магу. Тым больш гэта як бы ваша спецыяльнасць.

Ён запэўніў: зробіць усё, што ў яго сілах, а таксама паабяцаў знайсці рэжысёра:

– Акурат ёсць у мяне адзін на прыкмеце.

“Нябось, уласны сцэнар не калечыў бы”, – падумала Інга. А Вечка працягваў:

– Праўда, тут маюць месца падводныя камяні. Лічу сваім доўгам вас папярэдзіць, як больш вопытны, старэйшы, што гэта марная справа. Усё адно нічога ў вас не атрымаецца. На жаль, тут ніхто ніколі нічога людскага не здыме.

– Чаму вы так думаеце?

– Бо няма ў зямлі сваёй прарока…

– Няма прарока?

– Ну, нельга ж скрыжаваць вужыка і вожыка, – туманна тлумачыў ён.

Інга бачыла, што ён знарок гаворыць гэтай эзопавай мовай, прычым недагаворвае, прыцішае словы, як бы баіцца падслухоўвання. Яна яшчэ паспрабавала, але так і не змагла выцягнуць яго хоць на якую шчырасць. Ён казаў загадкамі. “…Усе бабры дабры, адна выдра паганая… Многа чаго яшчэ наперадзе вас чакае…”

Развітваючыся, Інга не вытрымала і зноў спытала:

– Дык чаму вы так на мяне пазіраеце?

– Я шкадую вас, – проста адказаў ён.

І гэтыя самыя звычайныя словы ад самага звычайнага, чужога чалавека зноў так кранулі яе, што захацелася прытуліцца да яго, як да бацькі, і, можа, паплакаць.

Вытворчая, тэхнічна-студыйная праблема скранулася з месца. З гэтым Інзе адразу ж пашанцавала. Заставаўся штат. Супрацоўнікі. Людзі. Інга, канечне, здагадвалася, як нялёгка ёй будзе, прынамсі, з не чужым ёй рэдакцыйна-сцэнарным аддзелам. Вось як паводзіць сябе з Рытай? Якую яна, з жаночай салідарнасці, пакінула на працы, абнуліўшы загад аб звальненні, хаця пасля здрады на рэдсавеце магла і не пакідаць. Як ставіцца да Камара? Па-сяброўску ці па-начальніцку? Прыніжаны і добры, ён цяпер просіць прабачэння, ловіць кожнае яе слова. Яна і яго пакінула. Выдатна ведаючы, што аддзякай ёй за дабро пры кожным зручным выпадку будзе зло. Людзі любяць кусаць руку, якая дае. Рыта, нябось, ужо цяпер зласлівіць і абгаворвае яе. Не кажучы пра Камара, у якога падвойная крыўда – бо яна нібыта заняла яго месца плюс адхіліла яго “Рамонкавае поле”. Цяпер ён, нябось, думае: яна (г.зн. я, Інга) яшчэ горшая за мяне, адкрыта працягнула сцэнар маладога палюбоўніка. Можа, не толькі думае, а кажа ўслых.

Інга не сумнявалася, што так яно і ёсць. Сама сябе растраўляючы, у думках яна пакорліва, а то і прыніжана, казала ўяўным плеткарам:

“Мне да зняваг не прывыкаць. Пацярпіце. Я тут ненадоўга”. У канцы дня яна зазірнула ў кабінет да Рыты і наляцела на цэлую сходку. Рыта, рэжысёр Скіндзер, Камар сядзелі шчыльна за сталом, ледзь не галава да галавы, перагаворваліся. Калі зайшла Інга, змоўклі. Яна не прыдумала нічога лепшага, як павярнуцца і выйсці. Камар, з грукатам адсунуўшы крэсла, выскачыў следам. Рыта пачала збірацца дамоў.

– Я цябе правяду, – прапанаваў Скіндзер. – Хаця б да метро.

– Калі ты ўжо купіш машыну?

– Пазычу ў каго-небудзь, – адказаў ён. – Ці вазьму каршэрынг.

26

Было пахмурна і вельмі душна. Цяжкая, цяжарная дажджом  хмара напаўзала на горад. Вуркатаў, перакочваў камяні далёкі гром на ўскраіне. Скіндзер сказаў, працягваючы размову ў кабінеце:

– …У вас перамена гендырэктараў пастаўлена на паток. Хрушч – Камар – Інга… Засталося толькі табе, – пажартаваў ён. – Дык а хто лепшы?

– Усе лепшыя, – адказала Рыта.

– А як табе Інга?

– Такое адчуванне, што нехта моцна памагае ёй.

“Я нават ведаю, хто”, – падумаў рэжысёр. А ўслых сказаў:

– Цябе вось пакінула. Хаця магла б звольніць.

– Я яе не прасіла.

– Па мне, дык яна самая прыстойная.

– Ага, прыстойная. Асабліва са сцэнарным конкурсам. Аўтар-пераможца, гэты Лагун, ледзь не жыве ў іх. Гэта нармальна?

– У цябе зуб на яе?

– Яшчэ што. Мне проста шкада яе.

– Чаму?

– Таму. Дзе толькі ў вас, у мужчын, вочы. Зрэшты, можа, так ёй і трэба. Неяк, не ў настроі, кінула мне: лепш дзяцей зусім не мець, чым невядома ад каго. Вось ёй самой і вяртаецца.

Рэжысёр нічога не зразумеў. Рыта насмешліва на яго зірнула і не стала тлумачыць. Між тым памацнеў, падзьмуў вецер, кусты нагнула, паляцеў пыл і першыя кроплі дажджу разам з ветрам. Рэжысёр паглядзеў угару. Рыта сцепанула плячамі.

– Парасон ёсць?

– Няма.

– Вось вечна ў цябе…

Яна дастала і раскрыла свой. Яны дабеглі і схаваліся пад круглым дахам ратонды пры ўваходзе ў парк. Вецер не думаў сціхаць. Гром падабраўся бліжэй і прагрымеў над самымі галовамі. Пайшоў спорны дождж, заскакалі бурбалкі на імгненна ўзніклых калюжынах. Ад такога дажджу парасон не паможа ды яшчэ адзін на дваіх.

– Так і будзем стаяць, як школьнікі, – пасміхнулася Рыта. –І дамоў я цябе запрасіць не магу. А сам ты не варушышся. Як ты жывеш? Такі непрактычны? Баз парасона, без машыны, без кватэры? Без нармальнай працы?

Ён, не адказваючы, выцягнуў з кішэні тэлефон.

– Нават без нармальнага тэлефона, – сказала яна.

– Гэта харошы тэлефон. Толькі зарадку не трымае. Падмок некалі.

– Ты што, званіць сабраўся?! – яна выхапілаў яго тэлефон. – Не ўздумай! Ды яшчэ з няспраўнага! У навальніцу не карыстаюцца тэлефонамі!

– Добра, добра, – згадзіўся ён. На носе ў яго вісела кропля.

Можа, сама іх зацішная схованка і разгул стыхіі вакол стваралі ўмовы нейкай блізкасці, нават інтыму, бо Рыта нечакана спытала:

– А што, я сапраўды падабаюся табе? Ты мог бы са мной ажаніцца?

– У мяне ж нічога няма.

– А мне мала трэба. Абы не быў сквапным. Не будзеш?

– З чаго ты ўзяла?

Дождж, як заўсёды, калі ўзнікаюць на калюжынах бурбалкі, ліў як з вядра. Усё паказвала на тое, што будзе ён зацяжным. Рэжысёр выцягнуў з-пад даху ратонды руку, адняў назад і выцер, мокрую, аб джынсы.

– Спяшаешся? – спытала Рыта.

– Тут недалёка.

– Да дзеда свайго? Што ў вас з ім агульнага? Мне здаецца, ён такі нецікавы. Проста ўвасабленне шэрасці і нуды.

– Нічога падобнага. Ён добры дзед. Разумны дзед.

– Лепш бы ты сябраваў з гэтым маладым – Лагуном. Харошы хлопчык. Я яго, здаецца, нават памятаю. Яшчэ з тых часоў, з Акцябрскага. Ён мне нават крыху падабаецца. Сімпатычны, таленавіты.

– Сімпатычнага і таленавітага пакахаць кожная зможа, – адказаў рэжысёр. – А вось звычайнага, простага…

– Не кажы так. Я не люблю.

– У мяне ўвогуле дзіўная роля ў жыцці. Я даўно заўважыў. Нібыта мне наканавана быць на падхваце ці на разагрэве. Я прыдумляю сюжэт, а сцэнар пішуць і фільм ставяць іншыя. Я кахаю дзяўчыну, яна, дзякуючы гэтаму, раскрываецца, расцвітае, як кветка, а ляцяць на яе пах і п’юць з яе нектар іншыя…

– Не кажы так. Мужчына не павінен быць інфантыльным. А сама горш – сквапным.

– Што гэта ты ўсё пра сквапнасць?

Рыта патрымала ў пальцах цыгарэту і схавала назад у пачак.

– Памятаеш, я расказвала пра паездку на здымкі? Тры гады назад? Жылі ў горадзе, у гатэлі, з Інгай, дарэчы, у адным нумары. Побач з намі жыў сусед. Снедалі разам за адным сталом. Пазнаёміліся, пачалі сустракацца. А вечарамі я яго вадзіла ў рэстаран, а не наадварот.

– Так падабаўся табе?

– Проста сябравала з ім. Ну, не – падабаўся, канечне. Старэйшы за мяне, і намнога, але сімпатычны, прыгожы. Прыехаў з поўдня па справах, купляць зямлю з домам. Хваліўся, што скора стане памешчыкам.

– Як Чычыкаў?

– Прыблізна. І такі ж сквапны. Практычна за мой кошт жыў месяц. Неверагодна скупы. Каб я была яго жонкай, дык, мабыць, лічыў бы, як крот Дзюймовачцы, колькі зярнят у дзень з’ядаю. Усё пра эканоміку гаварыў, пра стабільнасць. А сам на званках тэлефонных эканоміў.

– Не можа быць.

– Неяк папрасіў пазваніць, а мой тэлефон стаяў на зарадцы. А яму прыспічыла. Мы зайшлі ў наш нумар, Інга была ў душы, шумела вада, яе тэлефон ляжаў на століку. “Набяры, калі ласка, – папрасіў ён, – вельмі важны званок”. Я ўзяла тэлефон, ён прадыктаваў нумар… І раптам у тэлефоне, мне падалося, нешта выбухнула, трэснула – я думала, ён узарвецца зараз, і кінула яго на падлогу. Аказваецца, там, куды званілі, была навальніца, і званок супаў з ударам маланкі.

І змоўкла, відаць, успамінаючы.

– Дык чым скончылася?

– Тэлефон цэлы. Каб Інга не бачыла, я выдаліла званок.

– Не, сяброўства вашае чым скончылася?

– Вельмі банальна. У мяне пачалі канчацца грошы, і ён знік, растварыўся, прапаў. Нават змяніў прозвішча, як я пазней даведалася.

– Не бойся. Я не ўцяку і не памяняю прозвішча, – засмяяўся рэжысёр.

Але Рыта нічога не адказала. Дождж нарэшце стаў не такі спорны. Рыта пайшла да метро, а рэжысёр – у зваротным кірунку, у рэстаран, дзе ўжо чакаў яго Іван Барысавіч Вечка.

27

Як і паўгода назад, яны сядзелі ў рэстаране, за тым самым, што і некалі ў канцы зімы, столікам. Нават каньяк перад імі цямнеў у графіне той самай маркі. Толькі замест шакаладу быў парэзаны і пасыпаны цукрам лімон. Іван Барысавіч пасля смерці Хрушчанкі баяўся нават дакранацца да ўсяго, што ўтрымлівае арахіс. Ды яшчэ адзенне на іх памянялася – было лёгкае, амаль летняе. Яны сядзелі, выпівалі і абмяркоўвалі апошнія падзеі. Дождж ціха, манатонна, неяк утульна крапаў за вакном. Іван Барысавіч ужо расказаў рэжысёру, што яны будуць разам працаваць над сцэнарыем, новая гендырэктарка Інга сама прапанавала. А таксама пахваліўся распіскай.

– Во, аддала, – памахаў паперкай, – і нічога за гэта не папрасіла. Я цяпер вольны чалавек.

– Не толькі ж распіска, – сказаў рэжысёр. – Вы многа чаго паспелі. І Лагун уладкаваны, і Інга павышана… Усё атрымалася, як было задумана, і нават яшчэ лепш. Я не чакаў.

– Я сам не чакаў.

– Цяпер разумею пра тры зайцы, – чамусьці перайшоў на шэпт рэжысёр. – А прызнайцеся: вы ўсё ведалі наперад?

– Што ты, сябра!

– Я толькі цяпер пачынаю разумець. Гэта ж і ёсць ваш сцэнарый. Той самы, пра які вы расказвалі, які абяцалі рэалізаваць не на паперы, а ў жыцці!

Рэжысёр стараўся шаптаць, але атрымлівалася так гучна, што лепш бы ён гаварыў уголас.

– У вас атрымаўся добры сцэнарый.

– Ну што ты. Усё само так склалася. Хаця – часта, каб справакаваць лавіну, дастаткова пляснуць у ладкі. Я хацеў усяго толькі забраць распіску і міжволі, сам не жадаючы, прывёў у рух цэлы механізм.

– Усё адно вы з гонарам выйшлі з сітуацыі. Пераможцам!

– Ну што ж. Хоць нешта ў гэтым жыцці ў мяне атрымалася.

Выпілі.

– Але што цяпер? – спытаў рэжысёр.

– Больш я нікому нічога не вінен. Нарэшце змагу пісаць пад сваім іменем. І буду жыць далей.

– Скажыце, а што з дзяўчынкай? Якая нібыта маці Інгі? З-за якой усё пачалося? Вы сказалі ёй?

Іван Барысавіч пахітаў галавой.

– Але чаму? Чаму б вам да яе не з’ездзіць? Не сустрэцца з ёю? Сказаць, што памаглі яе дачцэ стаць…

– Я нават не думаў пра гэта. Дабро павінна быць ананімным. Калі ж яно мае адрас, гэта ўжо не дабро, а самалюбаванне, яно абясцэньваецца, як толькі пачынаеш чакаць адплаты за яго. Наша справа сеяць, а зерне мы не пабачым.

– А Інга хоць ведае?

– Ну што ты, дружа. Не, канечне.

Рэжысёр задумаўся. Потым зноў перайшоў на шэпт.

– Ці вы ўсё ж разыгрываеце мяне? Прызнайцеся! Інга праўда дачка той дзяўчынкі? Ці вы прыдумалі ўсё? Таму і не хочаце з ёю сустракацца, бо яе не існуе?


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю