412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Андрэй Федарэнка » Сцэнарыст » Текст книги (страница 3)
Сцэнарыст
  • Текст добавлен: 1 июля 2025, 14:30

Текст книги "Сцэнарыст"


Автор книги: Андрэй Федарэнка



сообщить о нарушении

Текущая страница: 3 (всего у книги 11 страниц)

Дык вось, на другі дзень пасля паўднёвай дзяўчыны, калі Отчык быў на сваіх аналізах, а Лагун стаяў за прылаўкам, падышоў нейкі, у спартыўных штанах з лампасамі, падстрыжаны коратка, падобны на гопніка з фільмаў пра дзевяностыя, з матацыклетным шлемам на руцэ. Паклаў на край прылаўка шлем, барсетку, тэлефон. У Лагуна ёкнула сярэдзіна і сэрца ўпала ў пяты. Ён успомніў матацыкл у двары. Успомніў – “буду вымушана паставіць брата ў вядомасць”. Добра, калі брата. Тым часам матацыкліст моўчкі, уважліва вывучаў тавар на латку. Браў за хвост, аглядваў морквіну, абнюхваў пучок кропу, клаў назад. Нарэшце паглядзеў уважліва на Лагуна.

“А дзе гаспадар?”

“Я за яго”.

“Не, сапраўдны. Рыжы каторы”.

“У паліклініцы”.

“А ты яму хто? Сын?”

“Работнік. – І, зглынуўшы сліну, дадаў: – Сірата… Бацька загінуў. Гэта айчым”.

“Пагаварыць трэба. Падыдзі пасля вунь туды. Я пачакаю”.

Пайшоў. Тэлефон застаўся ляжаць на прылаўку. Можа, забыў, а мо знарок пакінуў, каб праверыць. Лагун кінуўся ўслед. Дагнаў і аддаў. Матацыкліст буркнуў нешта пра наіўнасць, потым падзякаваў. З’явіўся Отчык – падвесялелы, як заўсёды, і адпусціў Лагуна. Матацыкліст сядзеў непадалёку, за столікам. Побач у кіёску стругалі з вялікага верацяна мяса шаурму.

“Табе васямнаццаць ёсць?”

“Не”.

“Ты разумееш, што калі ты пакахаў маю сястру, цяпер ты як сумленны чалавек павінен дачакацца паўналецця і жаніцца?”

Лагун сядзеў ні жывы ні мёртвы. І зноў, трэба ж, адзінае, што круцілася ў галаве і на языку – дурное: абяцаць не значыць жаніцца.

“Выставіць бы табе рахунак за такія справы. Нікому іншаму не дараваў бы. Але я не монстр. Ды і ты не падобны на гвалтаўніка, на аферыста, калі шчыра”.

Лагун не знайшоў нічога лепшага, як ціхім голасам падзякаваць.

“Толькі не будзь наіўным. Вучыся пазнаваць і пазбягаць такіх, як я з сястрою. Гэта я табе з мужчынскай салідарнасці раю. Не звязвайся больш з ёю. Табе трэба не такая дзяўчына. Яна ў дзяцінстве з арэляў упала, галавой стукнулася. Больш яна да цябе не будзе чапляцца. Тым больш нам ехаць неўзабаве”.

Асмялелы Іван кіўнуў. Ён ужо бачыў, разумеў, што чарговы раз пранесла хмару над ім, спрацавала яго маска наіўнай сціпласці, і слова “сірата” памагло.

“А скажы, гэты, – паказаў матацыкліст на Отчыка (латок быў відаць адсюль, Отчык, вогненна-руды, з бакенбардамі, як у ірландца, аддалёк пазіраў на іх), – моцна цябе эксплуатуе?”

Лагун гмыкнуў, што можна было разумець і так, і гэтак, адзначыўшы сабе, што, на яго шчасце, размова перакідваецца на іншую тэму і трэцюю асобу.

Матацыкліст сам адказаў:

“Я ведаю такіх людзей. Жмоты і скнары. Па ім відаць. Бойся рыжых і лысых, – дадаў шматзначна, з тыпова рускай бесцырымоннасцю. – Дык я чакаю”.

“Чаго?”

“Расказвай”.

І Лагун расказаў. Пра маланку, пра купца зямлі (утаіўшы тэлефонны званок, бо баяўся, і не без падстаў, што матацыкліст можа занадта ўвішна ўзяцца за разблытванне), пра перамену прозвішча. Апошняе матацыкліста сама больш зацікавіла.

“Так проста прозвішчы не мяняюць. Значыць, ад нечага ці ад некага хаваецца. Каб заблытаць след пасля цёмных спраў. Можа, гэта бізнес яго – шукаць прадаўцоў зямлі, потым гаспадары загадкавым чынам знікаюць, ён жэніцца на ўдовах. А зямлю потым перапрадае. А можа, ён кінуў каго, сядзеў у турме і менавіта таму памяняў прозвішча. Можна вызначыць па наколках. У яго ёсць?”

Лагун успомніў абліванні Отчыка халоднай вадою.

“Няма, здаецца”.

“А можа, яшчэ прасцей, – працягваў разважаць матацыкліст. – Пад скурай льва хаваецца ліса. Мо ён толькі тым і займаецца, што жаніцьбамі. Гэта яго хлеб. Адзін мужчына, у якога трое дзяцей ад розных жонак, уцёк і залёг на дно, каб не плаціць аліменты, і яго пачалі лічыць зніклым без вестак. Не ведаю, наколькі праўда”.

Лагун слухаў і дзівіўся з такой нястрыманай фантазіі. Яму ў навіну была гэтая непадробная зацікаўленасць чужымі справамі, так уласцівая рускім, якая павінна раскрыць, паказаць славутую шырыню душы, разрыванне на грудзях кашулі дзеля блізкага свайго.

“Так і тут. Ты ўпэўнены, што ён у паліклініку ходзіць, а не да палюбоўніцы? Можа, ён ужо нагледзеў іншы ўчастак зямлі. Так што глядзі, каб неўзабаве твая маці і сёстры не апынуліся на вуліцы”.

“Што ж рабіць?”

“Я навучу”.

7

Ужо вечар лёг, цені сталі доўгімі, а яны ўсё сядзелі за столікам. Уладальнікі кіёскаў і латкоў згортваліся, Отчык таксама. Ён пазіраў на іх, чакаючы Лагуна, але паклікаць не асмельваўся. У матацыкліста былі адказы на ўсе да адзінага пытанні. Лагун не паспяваў задаваць іх. Матацыкліст ведаў літаральна ўсё, у тым ліку і тое, як далей Лагуну жыць.

“Вучыцца трэба. Выбірацца адсюль. З’язджаць. З такім характарам, з такой знешнасцю можна стаць, ну, не ведаю – знакамітым кінаакцёрам. Ніколі не думаў? Любіш кіно?”

“Люблю. Але не паступлю. Там конкурс вялізны”.

“А ты паступі на любое аддзяленне, дзе недабор. Цяпер жа не праблема – падаў дакументы і паступіў. Каб замацавацца. А там пяройдзеш на кінематаграфію”.

У яго так проста было ўсё.

“А грошы? На вучобу?”

“У яго возьмеш”.

“Не дасць”.

“Намякні, што ведаеш, куды ён ходзіць. Каб ён быў у тваіх руках. А як інакш? Толькі так”, – шчыра, з абсалютнай перакананасцю ў сваёй праваце вучыў матацыкліст.

“А калі не дасць?” – паўтарыў Лагун.

“А я на што? Я ўмею гаварыць з такімі. Спасылайся ва ўсім на мяне”, – і махнуў Отчыку рукой.

“А як з вамі звязацца, праз ВК?” – спытаў Лагун.

“Ніколі яго не меў, – адказаў матацыкліст. – Хрэнь поўная. Вось… набяры мяне, адбі нумар. Калі што, звяртайся. Толькі не цягні, хутка мы з’язджаем”.

Яны развіталіся сябрамі. Так Лагун пазбегнуў вялікіх непрыемнасцяў, акрамя таго нечакана, на голым месцы, набыў апекуна, заступніка, настаўніка, які падказаў, што яму рабіць далей.

Пасля таго Лагун добра падумаў. Увосень яму будзе васямнаццаць. Нічога больш яго тут не трымала. Падраслі сёстры, сталі памочніцамі маці, маглі замяняць яго. Ды і маці ўжо акрыяла. У сярэдзіне лета, нікому нічога не сказаўшы, ён паехаў у сталіцу. Выбраў прыборабудаўнічы факультэт – адзіны, дзе былі вакансіі. Яго 208 балаў хапіла з запасам – пры прахадным 169. У прыёмнай камісіі зноў былі пушчаны ў ход яго правераныя сродкі: чырвань, ціхі голас, апушчаныя вочы плюс слова “сірата”, хоць яго за язык ніхто не цягнуў.

Заставалася яшчэ адно, апошняе, дзеля чаго патрабавалася пэўная адвага – здабыць грошы. Хутчэй за ўсё, шантажом, як і вучыў матацыкліст. Але іншага шляху не было. Лагун не сумняваўся, што проста так Отчык не дасць яму ні капейкі. Ён прыдумаў тэкст і паўтараў яго сам сабе, як школьнік, якому трэба вывучыць на памяць верш, пракручваў у галаве, бы заклінанне:

1) хачу атрымаць разлік за лета (а тое лета было шчодрае на садавіну-гародніну, і Отчык някепска зарабіў);

2) я ведаю, куды вы ходзіце. І ўвогуле, што вы не проста так змянілі прозвішча – вы датычны да гібелі майго бацькі;

3) інакш я вымушаны буду паставіць у вядомасць… папрасіць самі ведаеце каго… паклічу сябра, ён прыедзе.

Лагун зайшоў у пакой. Отчык стаяў спінай да яго. Але Лагуну здавалася, што айчым бачыць яго нават спінай, прычым наскрозь; ён адзін ведае, да чаго знешнасць Лагуна падманлівая. Ад гэтага было яшчэ больш не па сабе. Лагун ужо адкрыў рот, каб пачынаць, як Отчык павярнуўся і пільна пачаў глядзець на яго. Усе падрыхтаваныя словы вылецелі з галавы. Лагун пачаў мямліць пра паступленне. Тады Отчык раптам пасвятлеў тварам. Было відаць, што сам ён і марыць не мог пра такі варыянт.

“Паступаць? Малайчына! – але тут жа асадзіў сам сябе. Яму не верылася, што так можна, што гэта так лёгка. – Куды ты можаш паступіць? У школе вучыўся ніжэй за сярэдняга. Дарэмна толькі грошы праездзіш”.

“А я ўжо”, – не без гонару паведаміў Лагун. – Паступіў. Цяпер не праблема. Падаў дакументы, і ўсё”.

“Вось як?!” – зноў узрадаваўся і зноў зараз жа астыў Отчык. Было відаць, як ён разрываецца паміж жаданнем пазбавіцца ад непрыемнага, абрыдлага яму пасынка і нежаданнем плаціць за гэта. А яшчэ больш яму не хацелася страчваць амаль дармовую рабсілу.

“Нават калі паступіў, першакурснік – гэта яшчэ не студэнт, – знайшоўся ён. – Пасля першай сесіі, памяні маё слова, будзеш ты тут, без капейкі, а можа і без штаноў. Ты ведаеш, што такое Сталіца?”

Лагун маўчаў, Отчык таксама памаўчаў і пагладзіў рыжыя бакенбарды.

“Зрэшты, не маю права затрымліваць”.

“Трэба грошы”, – сказаў Лагун пераселым голасам, пераступаючы.

“Грошы! Так я і ведаў! Што ж. Магу даць… вось, сто пяцьдзясят даляраў. Гэта вялікая сума”.

Лагун сказаў, што яму трэба мінімум тысяча. Як плата за ўсё лета.

“Тысяча?! – усклікнуў Отчык. – Гэта вельмі вялікая сума. А калі дам пяцьсот? І то толькі з павагі перад памяццю пра майго сябра, твайго бацькі (успомніў нарэшце)”.

“Тысяча”, – смялей сказаў Лагун.

Сам здзіўляўся, адкуль бралася смеласць. Отчык, хутчэй за ўсё, гатовы быў ужо даць. Але Івана, падбадзёранага поспехам, панесла. Словы паліліся з яго, як плаціну прарвала. Усе прадуманыя ім пункты змяшаліся ў кучу.

“Інакш я буду вымушаны… я звярнуся да сябра… а сябар ведае, куды вы ходзіце… бо вы датычныя да гібелі майго бацькі… калі не дасце разлік за лета…”

Кажучы ўсё гэта, Лагун пільнасці не губляў, стаяў напаўпаварота, кожнае імгненне гатовы даць драпака.

Тут адбылося тое, чаго ён не чакаў. У вачах у Отчыка адбіўся самы сапраўдны страх. Дык вунь яно што! Меў рацыю здагадлівы матацыкліст-псіхолаг: страшны монстр з крывавай тайнай аказваўся ўсяго толькі дробным аферыстам, жаночых спраў майстрам і баязліўцам у дадатак. Отчык адвёў вочы, адвярнуўся, дастаў з кішэні грошы, не паварочваючыся, кінуў на стол. Лагун адразу згроб іх.

“Дык вось ты які, Іван, удовін сын”.

Ён сказаў яшчэ нешта пра яблык і яблыню. Але Лагун ужо не чуў, бо быў далёка. Яго ўразіла, наколькі ўсё лёгка і проста вырашылася. Аж да расчаравання. У далоні храбусцелі жаданыя купюры. Аб адным толькі ён шкадаваў – што не папрасіў больш.

8

Лагун з такой лёгкасцю патрапіў у ВНУ, што думаў: унутраныя іспыты здаць – таксама раз плюнуць. Але гэтак жа лёгка заваліў першую сесію і апынуўся на мяжы адлічэння “ў сувязі з акадэмічнай непаспяховасцю”. Неяк надта хутка пачало збывацца прадказанне Отчыка. Ён ужо хацеў вяртацца. І куды? – зноў да Отчыка ў парабкі. Ён быў упэўнены, што калі вернецца, там і загіне. У дэканаце ён пачаў мямліць звыклае: сірата, няма куды вяртацца – і зноў падзейнічала. Гэтае яго спадзяванне на невядома што, на цуд, ужо столькі разоў спраўджвалася, што стала ледзь не заканамернасцю. Яго пашкадавалі, махнулі рукою і пакінулі з умовай – толькі на паўгода, да летняй сесіі, а там і армія.

Самае непрыемнае, што скончыліся грошы. Пакуль яны былі, Лагун гуляў па сталіцы, апранаўся, ад’ядаўся. Грошы раставалі, і разам з імі канчалася надзея дзе-небудзь іх зарабіць. Ні пра якую дапамогу ніадкуль не магло быць гаворкі. Ён гатовы быў на ўсё, акрамя як прасіць у сваіх. Ды і не пройдзе ў другі раз такое з Отчыкам.

Ён ляжаў у пакоі на ложку, слухаў чырыканне хвалістага жоўтага папугайчыка з бурштынавай дзюбкай, які, як лімон, скакаў у клетцы. Гаспадар папугайчыка, сусед па пакоі, старшагрупнік, быў з тых, хто ў людзях з першага знаёмства адзначае якуюсь адну рыску і на падставе яе робіць уяўленне ўвогуле пра чалавека. Пачуўшы, што Лагун здымаўся ў кіно і што нават рэжысёр яго хваліў, ён ухапіўся за гэта і толькі на такую тэму з Лагуном і гаварыў, ставіўся да яго як да аматара-энтузіяста і паблажліва, мо з падколкаю, а мо і ўсур’ёз, даваў парады – кшталту: “Трэба ставіць самыя высокія мэты, імкнуцца ў Галівуд, не менш!”

Лагун мала карыстаўся сацыяльнымі сеткамі, часткова ленаваўся, часткова таму, што там трэба ўвесь час хваліцца, а яму пакуль не было чым. Сусед заўважыў гэта і, насыпаючы свайму папугаю корм, мяняючы ваду, навучаў:

– Як жа ты збіраешся заваёўваць свет? Без гэтага нікуды. Нічога не атрымаецца, – казаў, у прынцыпе, правільныя рэчы. Тым не менш Лагун не вельмі ўступаў з ім у спрэчкі, увогуле ў размовы, бо з яго не было чаго ўзяць, а Лагун ужо навучыўся дзяліць людзей па такім крытэрыі. Аднак менавіта гэты сусед памог яму. Ён усё раіў:

– Любіш кіно, здымаўся – дык і едзь у кіно. Хаця б статыстам.

– Я глядзеў у інтэрнэце, не трэба ім.

– З’ездзі сам, – настойваў сусед. – Усё адно ляжыш.

Лагун паехаў. А раптам? Пахадзіў па калідорах. Падыхаў творчым паветрам. Бачыў шыльды на дзвярах. Паглядзеў у высачэнную столь. Пастаяў каля дзвярэй аддзела кадраў, зайшоў. Сапраўды, сказала строгая жанчына, пакуль не патрабаваліся нават статысты, ды і грошы былі мізэрныя. Каля студыі быў гіпермаркет. Лагун зайшоў купіць чыпсаў і вады. Каля дзвярэй – абвестка: “Патрабуецца… зборшчык вазкоў і кошыкаў у гандлёвай зале, праца 4 гадзіны”. Праца? Ён, канечне, звяртаў увагу, але нават не ведаў, што ёсць спецыяльны чалавек, які ходзіць па зале і збірае кошыкі. Прычым усяго 4 гадзіны, а потым тры дні дома. Ахоўнік правёў яго у канец гандлёвай залы ў падсобнае памяшканне да, як ён выказаўся, начальніцы дворнікаў. Яна ўхапіліся за Лагуна вачамі, рукамі і нагамі. Ён сказаў завучана, як абавязковы штамп, ужо не чырванеючы і не саромеючыся: студэнт, сірата. Стыпендыі няма.

“Ды гэта для студэнтаў знарок прыдумана, – усклікнула начальніца. – Раней разгружалі вагоны, а цяпер кошыкі і вазкі ў гіпермаркетах збіраюць. Калі не саромеешся і не лянуешся, разлічвай на 150-200 даляраў. Практычна пад нагамі на дарозе валяюцца”.

– А праўда, што ўсяго чатыры гадзіны?

– Праўда. Лёгкая праца.

Банкаўская картка, сацыяльны пакет, працоўная кніжка, усё як належыць. Афіцыйна праца называлася “дворнік”. Вячэрняя змена, з 19 да 23. Праўда, далёка дабірацца, на другі канец горада, паўтары гадзіны, але сама праца напачатку была да несур’ёзнасці лёгкая. Лагун, як у фільме “Тэрмінал”, дзе галоўны герой тым самым займаўся, збіраў па зале, састаўляў адзін у адзін вазкі, наверх – кошыкі; а часцей дысцыплінаваныя пакупнікі самі вярталі іх куды трэба, на месца. У яго быў дзед-зменшчык, які працаваў ад раніцы да прыходу Лагуна; выконваў сёе-тое дворніцкае: прыбіраў ад паперак і акуркаў прылеглую да гіпера тэрыторыю, падмятаў задні двор. Там стаялі сметніцы, і Лагун раз бачыў, як дзед па-гаспадарску корпаецца ў іх. Пераадольваючы гідлівасць, Лагун падышоў бліжэй, паглядзеў і быў здзіўлены яго здабычай: усё якаснае, ва ўпакоўках каўбаса і сыр, садавіна-гародніна не горшыя, чым у краме ў скрынках.

Акрамя зменшчыка, Лагун меў справу з ахоўнікамі. Гэта была асобная каста. Яны стаялі каля касаў, у некаторых рукі за спінай ці складзеныя на грудзях. Усе ганарыстыя, асабліва тыя, хто сядзеў у аператарскай – сядзелі, пільна ўзіраючыся ў маніторы. Лагуна адразу папярэдзілі, што ўсё пад камерамі назірання. Калі хто што ўбачыць ці знойдзе, імгненна дакладваць ахове. Таму, ведаючы, што кожны яго крок адсочваецца, Лагун знарок стараўся трымацца відных месцаў. Ён нават не заходзіў у пакой адпачынку – стол, дзве лавы, дзе пілі каву і перакусвалі. Тым больш, не было патрэбы, бо напачатку за чатыры гадзіны ён проста не паспяваў стаміцца і прагаладацца. Аднак неўзабаве стала ясна, чаму на такую нібыта лёгкую працу так мала ахвочых. Пачала балець, колам станавіцца спіна. Холад, скразнякі, голад да моташнасці. Твары, твары, рукі, рукі. У вачах мільгацелі каўбасы, масла, мяса, хлеб, звінелі бутэлькі спіртнога, галасы, касы, крокі, людзі. Начны аўтобус, метро, засынанне на лекцыях. І зноў кошыкі. Гэта было зусім не тое, аб чым ён марыў. Нейкая безвыходнасць, безнадзейнасць пачынала авалодваць ім. Што наперадзе, аб тым стараўся нават не думаць. І толькі зрэдку, урыўкамі, па-ранейшаму тупа верыў у нейкую сваю зорку, наіўна лічачы, што калі нешта моцна хацець, дык яно ўжо напалову выкананае. (Зрэшты, ён нават не ўяўляў, да чаго блізка быў ад ісціны і як крута неўзабаве зменіцца яго жыццё.)

Праз тыдзень пасля Новага года стаяў калядны мароз, дзьмуў вецер, мяла завіруха. Лагун сядзеў на кукішках каля камер захоўвання, прыхінуўшыся да сцяны. У жываце хадзілі моташныя хвалі ад голаду, па спіне беглі дрыжыкі. Ён глядзеў праз шкляныя дзверы на зоркі, якія таксама свецяць зараз над родным домам, і думаў: усё, хопіць, трэба вяртацца – хай сабе і пераможаным, ні з чым. Ён зайшоў у гандлёвую залу і ўбачыў у адным з вазкоў пальчаткі, а пад імі смартфон. Ён схапіў іх і кінуўся да дзвярэй. Каля выхаду сутыкнуўся нос у нос з задыханым дзедам.

– Успомніў, калі рукі замерзлі. Вось дзякую, добрая душа. Я твой даўжнік.

– Ну што вы. Тут відэакамеры паўсюль.

– Ну, не толькі ж камеры. Ёсць яшчэ такая рэч, як сумленне. Студэнт?

– Студэнт.

– Не мясцовы?

– Не мясцовы.

Дзед хацеў нешта яшчэ спытаць, ды не паспеў, бо Лагуна паклікалі. Скончылася змена. Гіпер вось-вось зачыніцца. Калі Лагун выпраўляўся дамоў, убачыў, што каля ячэек камер захоўвання яго чакаюць. Той самы дзед.

– Можна цябе папрасіць? Правесці мяне? Я жыву недалёка.

Пасля, калі ішлі, быў студзёны студзеньскі калядны вечар, свяцілі ліхтары і іскрыўся сіні снег. Дзед гаварыў, Лагун напаўвуха слухаў.

– Мне галоўнае тэлефон, надта многа там інфармацыі, ён мне адначасова і блакнот, і дыктафон – так зручна, ідзеш сабе і надыктоўваеш ціха, ніхто ўвагі не звяртае, думаюць, проста размаўляе з кімсьці чалавек.

– А навошта вы надыктоўваеце? – спытаў Лагун.

– Для кінастудыі. Я там працую. Сцэнарыстам.

Лагун у гэтым месцы спатыкнуўся, ды так, што дзед прытрымаў яго. Сэрца адазвалася салодкімі ўдарамі. Зноў лёс мякка, але настойліва падводзіў яго, перасякаў з кіно; вось і гэтую сустрэчу інакш, як знак, не назавеш.

– Мы прыйшлі. Я тут жыву. Запрашаю да сябе, – сказаў дзед і паспяшаўся растлумачыць: – Жонка з дзецьмі ў Паставах, я адзін. Не бойся.

– Я не баюся.

Двухпакаёвая кватэра. Столік, на якім бутэлькі і закускі. Штучная елачка, па-старадаўняму ўпрыгожаная шклянымі цацкамі і гірляндай лямпачак. Цёпла. Светла. Утульна. Спіну можна расслабіць, ногі выдаўжыць. Страўнік бурчыць і галава злёгку кружыцца ад здаровага голаду, ад пахаў ежы. А наперадзе, гаспадар сказаў, ванна.

– А ведаеш што? – заставайся начаваць, – заявіў ён. – Куды ў такую ноч ехаць. Свежая бялізна, чыстая пасцель.

Нагадвала якуюсь калядную гісторыю. Лагун зразумеў, што трэба расказаць пра сябе, што дзед чакае гэтага. І коратка! Вельмі коратка! Каб не ўскладняць, расказаў усё, як і іншым: маўляў, сірата, дзве сястры, маці, працуюць на чужога дзядзьку; мары жыць па-чалавечы, жаданне выбіцца ў людзі; не забыў пра здымкі свае статыстам у масоўцы; сціпла паведаміў, што рэжысёр хваліў яго (чаго не было), прызнаўся, што і сюды прыязджаў знарок на кінастудыю (так і было), ды не атрымалася ўладкавацца. Дзед слухаў, вочы ў яго туманіліся, ён, пазіраючы перад сабой, нібы прыкідваў нешта.

– Сірата, – паўтарыў ён. – Значыць, ты ўжо з малых гадоў паспытаў горыч жыцця. А скажы, якія ў цябе планы? Надалей?

Лагун адказаў, што ніякіх асабліва планаў, да вясны перабіцца, а там, можа, у войска. І ў сваю чаргу спытаў:

– А цяжка стаць сцэнарыстам?

– Як табе сказаць. Трэба, па-першае, проста нарадзіцца творчым чалавекам. Затым стаць літаратарам. Для гэтага пажадана гадоў дзесяць чытаць адну класіку, вучыць на памяць, потым выкінуць яе з галавы, яшчэ гадоў пяць ездзіць, хадзіць, вандраваць па Беларусі і па ўсім свеце, слухаць, запамінаць, запісваць. Пажадана пасядзець у турме, адпачыць на Багамах, пабыць багатым, затым жабраком, выйграць у латарэю і прайграць у рулетку, як Дастаеўскі. Жаніцца, развесціся, нарадзіць дзіця, калі зможаш. І вось тады, як застануцца жаданне і сілы, успомніць усё, што чытаў, перамяшаць з тым, што бачыў і перажыў, дадаць тое, што яшчэ хацелася б убачыць і перажыць, – і ўжо тады са спакойнай душой засесці за пісанне. Хоць і сцэнарыяў, бог з імі.

– А я б, здаецца, усё гэта з радасцю прайшоў бы, – вырвалася ў Лагуна. Выпітае віно і вялікі кавалак смажанага мяса разняволілі яго язык і думкі.

– Ты так моцна любіш кіно?

– Ага, – Лагун зглынуў. Што павінна было азначаць – больш за ўсё на свеце.

– І хочаш навучыцца пісаць сцэнары?

– З дзяцінства, можна сказаць, марыў.

– Ну што ж. Можа, сам лёс паслаў мне цябе. Падумаем, што можна зрабіць, як табе памагчы.

Лагун пасля нядоўгага маўчання спытаў:

– А нашто гэта вам? Ну, памагаць мне? Што вам з гэтага?

– Хачу проста дабро зрабіць табе. Харошы ты вельмі хлопец.

– Але з мяне няма чаго ўзяць. Я нічым не змагу вам адплаціць.

– Нічога не трэба. Я ўжо ў такім веку, калі трэба збіраць як мага больш добрых спраў. Мо і спатрэбяцца на апошняй таможні.

Лагуну гэтыя словы былі і незразумелыя, і падазроныя. Як праз сон, даносіліся гукі. А дзед працягваў.

– Першую частку жыцця атрымліваеш радасць, калі ўсё робіш для сябе. Другую – для сям’і, для дзяцей. А вось трэцяя, апошняя частка – і я акурат у ёй знаходжуся – радасць ад таго, што робіш дабро зусім чужым, незнаёмым.

У Лагуна галава хілілася на грудзі. Ён ужо амаль спаў. Якія перыяды якія часткі, калі жыццё неверагодна доўгае, яно бясконцае, а можа і ўвогуле вечнае. Назаўтра раніцай ён атрымаў каву на падносе ў ложак. “Сняданак на стале, пад ручніком”, – ці то іранічна, ці ўсур’ёз сказаў Вечка, Лагун ужо ведаў, як яго завуць. Дзед сядзеў каля ложка, падпёршы галаву рукой, з цікавасцю і з жалем пазіраў, як Лагун п’е каву. А потым працягнуў учарашнюю размову:

– Я за ноч усё абдумаў. У мяне прапанова. Хочаш мне памагчы?

– Гледзячы як.

– Не, не! Не падумай, што гэта якая афера!

– Я і не думаю.

– Мне сумленне не дазволіць, ты такі несапсаваны, чысты, наіўны, добры. Не магу ўявіць, у каго рука падымецца і язык павернецца пакрыўдзіць цябе.

– Тады што? – даволі бесцырымонна перапыніў яго Лагун.

– Ды справа няцяжкая. У мяне даўно задуманы адзін сцэнарый… Сцэнар для конкурсу. Ён хоць і абдуманы, але ў галаве пакуль. Я не надта сябрую з кампутарам. Я буду дыктаваць, а ты набіраць. Заадно і вучыцца. Згодзен? Хочаш?

– Вельмі хачу. Толькі як гэта будзе? Прыязджаць да вас, ці што?

– Не, не прыязджаць. Ты жыві ў мяне на гэты час. Кватэра, стол – усё маё. Як бы бонус табе. Я цябе не пакрыўджу. – І дадаў: – Толькі пры адной умове. Калі жонка прыедзе, табе давядзецца сысці.

9

Так Лагун пачаў жыць у дзеда – як сабака ў вядомым мультфільме, толькі нават яшчэ лепш. Хаця і ездзіць на рэдкія лекцыі па-ранейшаму было далекавата, затое за кватэру плаціць не трэба. Суха, цёпла, кормяць і зусім блізка да гіпера, да сваіх кошыкаў-вазкоў, якія ён не збіраўся кідаць, бо гэта былі лішнія 150-200 даляраў. Першых некалькі дзён ён проста адсыпаўся, адлежваўся ў цішыні. Гартаў ноўтбук ці смартфон, глядзеў абы-што: старонкі жыцця “зорак”, дзівіўся на будынкі, машыны, адзенне.

Вечка пачаў заходзіць да яго ў пакой кожны вечар, калі Лагун быў не на кошыках. Прыносіў 1-2 старонкі тэксту. Лагун адкрываў выстаўленую ў “Вордзе” “рыбу”-схему: экстэр’ер, інтэр’ер, сцэна першая, другая, трэцяя. Дзед пачынаў дыктаваць, Лагун механічна набіраць.  Тое, што ён набіраў, здавалася яму страшэннай лухтой, немагчымай, у сон хілячай нудотай. Нейкія словы, словы. Ніякага дзеяння. А сцэнар павінен быць вось як баявік, кароценькія сказы і дзеянне. Мала таго, што тэкст складаны, дык ён да ўсяго быў задуманы дзедам Вечкам і запісаны на аркушыках па-беларуску. Дзед чытаў сказ, Лагун перакладаў у галаве ці пры дапамозе скарніка на рускую, вымаўляў уголас. Дзед узрадавана ківаў галавою: “Так, выдатна, усё правільна!” – і далей дыктаваў сказ па-руску зусім інакш, чым было ў Лагуна.

– А па-руску нашто? – спытаў Лагун.

– Там ніводзін чалавек па-беларуску не прачытае, – адказаў Вечка з некаторай грэблівасцю. – А калі прачытае, дык не зразумее. Затое яны шукаюць нацыянальны код. Яны шукаюць! Ім і ў галовы не прыходзіць, што яго і шукаць не трэба, яны топчуцца па ім.

На маўклівае пытанне Лагуна патлумачыў:

– Так, так, тая самая шматпакутная мова. Якая адначасова і код, і нацыянальная ідэя, і паветра, якім дыхаеш. Але яны будуць вынаходзіць мільёны складаных, абыходных шляхоў, толькі каб не ісці па адзіна правільным, дарэчы, і самым лёгкім, які найбліжэй і найхутчэй вядзе да мэты. Я, праўда, даўно зарокся не чапаць гэтай тэмы. Але калі-небудзь цярпення не хапае. Ну, шукайце далей.

Надыктаваўшы староначку, дзед адрываўся, прыносіў каву, бутэрброды, яблыкі. Хацеў пагаварыць, паслухаць Лагуна, які разумеў, што гэта і ёсць яго плата за жытло. Але атрымлівалася, што Вечка сам пачынаў гаварыць, ды так, што не мог спыніцца.

– Дык ты кажаш, – пачынаў ён (хоць Лагун нічога яшчэ не казаў), – працоўнае дзяцінства, вёска, прырода. Што можа быць лепш!

У яго загараліся вочы, цяплеў голас, па ўсім відаць, у яго ў галаве ўзнікаў вобраз яго самога малога, толькі перанесенага ў цяперашні час. Ва ўсім мінулым яму бачылася адна толькі настальгічная лірыка.

“Я больш за 30 гадоў патраціў на разгадку пытання: чаму толькі ў раёне 12-13 гадоў меў поўнае, шырокае, глыбокае, усеабдымнае шчасце, і дзе яно потым згубілася, растрэслася? Хоць у тыя гады быў бессярэбнікам і меў адны штаны, а потым займеў сёе-тое – не горш за іншых – матэрыяльнае? Што ж там такое было? І зразумеў: любіў тады (лепш сказаць, само любілася) не канкрэтыку, а агульнае, не дэталі, а панараму. Не было ні чалавека, ні дрэва, ні жывёліны, ні рэчы – словам, нічога таго, што можа знікнуць, сысці, што могуць адабраць, – да чаго б я моцна прывязваўся. Дрэва спілуюць, чалавек памрэ, каханая кіне, дзіця вырасце… А хто можа адабраць неба, ваду? Паветра, сонца, месяц, туман і зоры? Мары і летуценні? Ніхто і ніколі”.

Іншым разам расказваў, што шчасце і радасць часта маюць прыроднае, фізічнае тлумачэнне.

“Калі малымі бегалі па грыбы, яшчэ зацемна, бывала, што лягаў пад хвойку, каб хоць пяць хвілінак падрамаць. Але потым расходжваўся, разам з узыходам сонца, якое промнямі рассейвала туман і праганяла начныя цяжкія лясныя пахі. Сасновы лес напаўняўся тады чыстым кіслародам, і ўзнікала радасць, якая пакрысе рабілася ўсё большай, проста ненармальнай – як бы выпіў ці прыняў лёгкі наркотык. А чысты кісларод ім жа і ёсць!”

“Тое самае, калі летнім днём лез з топняй у рэчку лавіць уюноў, з-пад ног, як толькі ўлазіў у ваду, падымаліся занізкі бурбалак – і зноў тая самая лёгкасць і ненатуральная, беспрычынная радасць! Толькі потым, дарослым ужо, даведаўся, што балотны газ – таксама наркатычны. Усё было ў самой прыродзе на радасць чалавеку, усяго ўдосталь хапала ў нашых беларусках вёсках. Іншая справа, што самі вёскі як пачалі душыць яшчэ з канца 19 стагоддзя, так не супакоіліся, пакуль не прыкончылі дарэшты ў пачатку 21-га, і саму назву знішчылі, навязаўшы замест вёскі аграгарадкі, а замест вяскоўцаў – “сваты”: хамаватыя, гарластыя, па-цыганску шумныя, якія суткамі не вылазяць з-за стала”.

Даліся яму гэтыя сваты. Лагун слухаў і думаў: знайшоў аб чым плакаць. Нічога харошага ў той вёсцы, як цяперашняй, так і ранейшай, не было і няма, акрамя жадання хутчэй уцячы адтуль. Разумнікі. Дайце мне грошы і кватэру, я б не плакаўся па грыбах і ўюнах. І чаму так заведзена: хто ўмее распараджацца грашыма, той бедны, а ў каго яны ёсць, той дурны?

У самога яго ўжо склалася меркаванне пра дзеда Вечку. Такія тыпы яму і раней трапляліся. Гэта былі, у прынцыпе, вельмі добрыя людзі, інтэлігентныя, ціхія, наіўныя, якія мала чаго дабіліся ў жыцці, але затое і гора мала зналі; адпаведна, і жыцця як такога яны не ведалі. З імі было лёгка, але чамусьці вельмі хацелася карыстацца імі, падманваць іх.

Прайшоў месяц, пачаўся другі, і амаль кожны вечар была дыктоўка: “рыба”, інтэр’ер, экстэр’ер, якія ўяўляліся Лагуну пародамі сабак. Вечка дыктаваў пра нейкага офіснага работніка, які доўга цярпеў самадурства начальніка, нарэшце ўзбунтаваўся, нагаварыў шэфу ўсё, што пра яго думае, і вымушаны быў пайсці з працы – страціць месца. Ён апынуўся на вуліцы. Спачатку сям’я – жонка, цешча, дачка і сын, сваякі, сябры, знаёмыя і калегі ганарыліся ім, яго геройствам. Але ішоў час. Працягваліся пошукі новага месца. Рассылка рэзюмэ, паходы на фірмы, званкі, пісьмы, просьбы ні да чога не прыводзілі, акрамя трапляння героя ў розныя камічныя і трагічныя сітуацыі. Мала-памалу імпэт згасаў, а праблемы, наадварот, разрасталіся. Нявыплачаная іпатэка, куча крэдытаў. Сябры пачалі пазбягаць няўдачніка, знаёмыя перасталі пазычаць яму грошы.

У яго апусціліся рукі. Ён вырашыў больш не змагацца. Насоўвалася беднасць. Не было чаго есці. Сын кінуў вучобу. Цешча з эканоміі вырашыла ўвогуле галадаць, чым давяла сябе да бальніцы і ўвагнала сям’ю ў яшчэ большыя траты. Дачка заяўляла, што гатова прынесці сябе ў ахвяру – завесці багатага палюбоўніка. Жонка, усё жыццё смірная і ціхая, пачала бурчаць, упамінаць мужавы грахі, упікаць, што, маўляў, усё тут яе, у тым ліку кватэра, а ў яго толькі домік на лецішчы, які застаўся яму ў спадчыну ад цёткі. Скончылася тым, што туды, у той дамок, ён і перабраўся. Ляжаў днямі на старой канапе, варочаўся. Пакрысе зразумеў: справа не ў месцы, якое ён страціў, а ў тым, што выпушчаны джын з бутэлькі – адкрыліся сапраўдныя рысы характараў, паказаўся адваротны бок жыцця не толькі блізкіх людзей, дзеля якіх ён, як лічылася, жыў, а і яго самога. Ён ляжаў, перабіраючы ў памяці сваё мінулае, дзяцінства, школу, аднакласнікаў, настаўнікаў, каханую дзяўчыну… З невыказным сумам у сэрцы згадваў тых, каго пакрыўдзіў. Так ён пачаў пазнаваць сэнс жыцця, менавіта тое, што дарэмна заядаўся з начальствам, што поспех не ў тым, каб заняць цёплае месца, а ў тым, што без цуду, без умяшання “звыш” ніякі поспех немагчымы, ды і непатрэбны. І амаль увесь час ён праводзіў на канапе: спаў, ляжаў, варочаўся. Пад бокам усё муляла нешта цвёрдае, пакуль не выпала з-пад матраца на падлогу цяжкая скарбонка, да краёў поўная залатых вырабаў – з яшчэ таго, савецкага, дыхтоўнага золата найвышэйшай пробы. Такую спадчыну разам з домікам і канапай пакінула яму старая цётка. Адначасова падаспела прапанова вярнуцца зноў у тую ж фірму, з якой яго выгналі, толькі цяпер з павышэннем. Але яму ўжо не трэба было. Цяпер ён быў забяспечаны матэрыяльна да канца жыцця.

– Амаль як у Святым пісанні, – падвёў рысу Вечка. – Застаючыся на месцы і ў спакоі, уратуешся. Вось харошы тэглайн, ці слоган, да фільма. – І развіў: – Чалавек часта псуе сабе жыццё не тым, што не робіць нечага, як яму здаецца, патрэбнага, а тым, што энергічна робіць акурат непатрэбнае. І, можа быць, лежачы на баку, хутчэй дачакаешся ўдачы.

Як толькі была пастаўлена апошняя кропка і напісана курсівам слова Канец (прыемная падзея), Іван Барысавіч аб’явіў, што “прыязджаюць мае – жонка, сыны” (непрыемная падзея). Ці то так супаў канец дыктоўкі з прыездам, ці проста кватарант стаў больш непатрэбны. На развітанне дзед зайшоў у пакой, які Лагун ужо лічыў сваім, з тонкай папкай у руцэ.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю