355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Янка Брыль » Сёння і памяць » Текст книги (страница 5)
Сёння і памяць
  • Текст добавлен: 3 декабря 2017, 08:00

Текст книги "Сёння і памяць"


Автор книги: Янка Брыль



сообщить о нарушении

Текущая страница: 5 (всего у книги 16 страниц)

Цяпер, у сябравым пакойчыку, рукі «дзіва-жанчыны» не дакраналіся да мяне, аднак яны і здалёк хвалявалі, паводзілі на ўспаміны. Не толькі інтымныя – больш, адпаведна ўзросту, бывала-мудрыя, ці што.

Згадалася маленькая, асобная палата ў далёкім чарнаморскім санаторыі, скручаны радыкулітам... зноў жа друг, даўні, надзейны, нашмат старэйшы за мяне.

Два месяцы перад гэтым ён аўдавеў, цяжка, замкнута перажываў сваю адзіноту, і мы, бліжэйшыя сябры, угаварылі яго паехаць са мной. Бо і яму палячыцца таксама трэба было, хоць ён пра гэта спачатку і гаварыць не даваўся. Восем год панскай турмы, уся вайна ў пяхоце, разведчыкам, жонка доўга хварэла, самому ўжо зусім пад семдзесят, а ён: «Клін клінам трэба выбіваць». Пакупаўся халодным ранкам (хай сабе поўдзень, але ж канец кастрычніка), і аблажыў яго востры радыкуліт.

Санаторныя медсёстры – таксама ў белым, як і бальнічныя, аднак на курорце людзі менш лечацца, больш адпачываюць, да таго ж яшчэ не заўсёды па ўзросту молада. І сёстры гэтыя не вельмі ўмеюць і не надта любяць даглядаць таго, каму раптам заняможацца па-сапраўднаму. Мой друг быў чалавек вясёлы, любіў прыязна жартаваць, знаёміцца, пра гэта ўжо ведаў і медперсанал. А як скруціла яго, дык толькі сёй-той са знаёмых заходзіў, асабліва калі непагодлівы дзень. Сёстры мяняліся, аднак іх клопат пра хворага быў аднолькава лёгка-казённы, яны ўсё больш з паперкамі ды ледзь не з пазяханнем каля тэлефона. Разоў колькі заходзіў доктар, таксама па-дзяжурнаму канстатаваў наяўнае, пра сёе-тое пытаўся, сяк-так абнадзейваў. А чалавек ляжаў ды курчыўся ў старым спартыўным касцюме, ноччу адзін у сваёй адзіночцы, а перад усімі, хто заходзіў, паказваючы свой аптымізм, штодня ўсё з меншым падабенствам.

Неяк уранні, калі я, як звычайна, пастукаўся да яго, з палаты пачулася жаночае: «Няможна. Трохі пачакайце». Чакаць прыйшлося даўгавата. Пасля адтуль выйшлі дзве ў белым. Адна, з пасудзінай і ахапкам бялізны, шмыганула па калідоры, другая спынілася перада мною. Павіталася з цёплым святлом спакою на прыемным абліччы, усёй паставай здалася мне чысценька белай.

– Вы з трыццаць пятай? Друг ваш цяжкі, але памаленьку ўсё будзе добра.

Пасля гэтых чыстых слоў пайшлі «нячыстыя», што зусім не здаліся такімі:

– Страўнік трэба было ачысціць. Столькі дзён...– Яна з дакорам пакруціла галавой.– Памыць яго трэба было, пасцель змяніць. Заходзьце.

З сябрам цуду, вядома, адразу не адбылося. Перада мною ён звычайна не лічыў патрэбным усміхацца, калі горка. А тут усміхнуўся сяк-так – чысты, у чыстай пасцелі – і скупа, але без натугі сказаў:

– Во чалавек... Прысядзь.

Можа, так яно і не вельмі тактоўна было, але праз тыдзень, калі мы ўжо збіраліся ад'язджаць, сябар, яшчэ ўсё лежачы, намогся, а я не змог не паслухаць, і – ад яго – прапанаваў ён грошай... У вестыбюлі, сам-насам. Сказаць, што жанчына надта здзівілася, не скажу: відаць, такое бывала ўжо неаднойчы. Сказала, праўда, «навошта гэта?», а я сказаў, што ён вельмі прасіў не пакрыўдзіць яго, прыняць. «Што ж...» Яна ўзяла тыя ружовыя купюрынкі, палажыла ў кішэню халата, і мы пастаялі, пагаварылі.

Я не памыліўся – яна тут новая, не толькі ў гэтым корпусе, а наогул у санаторыі. Дагэтуль працавала ў анкалагічнай бальніцы, за дваццаць год наглядзелася ўсяго. Муж на адказнай рабоце, сын ужо кандыдат. А пра сябе: «Ну, як сказаць? Проста сваю работу я люблю»..

На развітанне я працягнуў руку. Яна падала сваю – малую, цёплую і чыстую пасля ўсяго «нячыстага» і цяжкага, што ёй так часта, многа даводзілася і яшчэ давядзецца рабіць. Пацалаваўшы гэтую руку, я, каб схаваць шчаслівую збянтэжанасць, зманіў:

– І гэта па ягонай просьбе.

...Штосьці падобнае, трошкі падобнае я адчуваў і цяпер, седзячы перад «дзіва-жанчынай».

Калі яна пераставала таптаць ды чараваць рукамі і пыталася: «Што, адчуваеце палёгку?» – я, затаіўшы ўсмешку як найглыбей, гаварыў: «Ага, адчуваю». Так паўтаралася разоў са тры. А потым мы з гэтай светлай дзівачкай ціха, прыязна рассталіся. Я і падзякаваў, сказаўшы, што гэта – за дабрату.

Нешта такое ж сказалася пасля і добраму хлопцу, гаспадару.

Я выйшаў у прыхожую, а з другога пакоя ў той, дзе засталася жанчына, быў запрошаны наступны. Яшчэ адзін паважны таварыш, якога, дарэчы, раней не было. Наш агульны з гаспадаром знаёмы, ужо не толькі літаратар, але і вучоны, доктар ажно філасофскіх навук. З выгляду – дай бог кожнаму, але ж таксама з нейкай бядой ды з усмешкай, заўсёды ў яго поўнай веры ў бясхмарную бясконцасць, а цяпер – нібы крыху вінаватай, ці што, а больш дык такой, што і ён, разумеецца, трапіў сюды толькі з чыста прафесійнай цікаўнасці...

Успамінаю ўсё гэта, а маналог на лаўцы каля зялёнага плоціка яшчэ ўсё ідзе. І тэма тая самая – пра Чмута.

– ...Сустрэў я раз яго,– расказвае таварыш весела,– гадоў са тры таму назад, дык ён гэта, браце, ледзьве ўжо хвост валачэ. «А дзе ж гіпноз? – пытаюся.– Што ж ты сам сябе не палечыш?..» Толькі рукою махнуў. Толькі пратэсу, ліха яму, бяры ды ідзі... Стой, браце, гэта ўжо мой аўтобус!

Маналог абарваўся. Расказчык амаль усхапіўся, узяў вядро, яшчэ ўсё моцна паціснуў маю руку, спешна падаўся да аўтобуса. Хоць ён толькі што спыніўся і як быццам адразу дваімі дзвярмі ўздыхнуў, адчыніўся з духаты ўсярэдзіне – на свежасць на дварэ. Пасажыры выходзяць, хто назусім, а хто праветрыцца ды размяцца. Новых сабралася няшмат. Нам яшчэ можна было б і пастаяць, бо і аўтобус жа пастаіць. Аднак таварыш ведае, што і пра месца трэба загадзя... Сеў ды махае мне рукой. І на развітанне, і каб я ўжо ішоў сабе, на лавачку, чакаць свайго.

Ну што ж, бывай! Мо і сустрэнемся яшчэ. Без пратэсаў, на самагіпнозе, не стогнучы.

1983

Званок

На сустрэчы з выдатным артыстам яму задалі і такое пытанне:

«Ці адчуваеце вы цяжар сваёй вядомасці?»

Артыст усміхнуўся, нават узяўся рукой за галаву, нібы з жаданнем заклапочана чухнуцца, тады яшчэ шырэй усміхнуўся і расказаў пра адзін тэлефонны званок.

Званок быў, вядома, не першы і не апошні, аднак вельмі позні. Ні днём, ні ноччу спакою няма!.. Артыст празаічна вылез з-пад коўдры і, штосьці адпаведнае мармычучы, падышоў да тэлефона.

«Міжгорад? Хто? Ну, Міша, ну і што?.. А, гэта ты, Сяргей! Ну, што там у цябе?»

Тут наш славуты госць зусім натуральна выявіў на твары тую самую начную радасць. Аказваецца, у яго нічога не прасілі, нікуды не выклікалі, не запрашалі, ніяк не хвалілі! Той Сяргей, апынуўшыся ў далёкай камандзіроўцы, добра-такі там засумаваў, і вось яму захацелася проста пачуць жывы сяброўскі голас.

Як гэта добра – проста сяброўскі голас!

Вядомасць – яна ў кожнага свая, хто колькі зарабіў. Розных званкоў таксама бывае больш ці менш, як у каго. Але каб агоркнуць часамі – хапае іх кожнаму.

Адзін званок, даволі позні, не так мяне ўзлаваў, як спачатку вельмі здзівіў.

Сябар з вайны, слаўны хлапчына, з якім мы сустракаемся вельмі рэдка, а пішам адзін аднаму толькі пад Новы год, паштовачку, раптам звоніць па міжгароднім, з далёкага райцэнтра, ноччу... Здароў! Здароў!.. Нешта ж павінна быць вельмі пільнае: ці ў Мінск, «да добрага доктара», трэба самому або камусьці з блізкіх, ці паступаць вучыцца нехта збіраецца, ці перавесці каго з адной работы на іншую, ці стаць якой сваячцы на чаргу з кватэрай... Пакуль што – нічога падобнага. Пытаецца, як жыву. Расказвае, як жыве. Даволі весела, зусім няспешна.

«Во размахнуўся,– думаю,– Рублёў па пяць напрастарэкуе. А то і да дзесяткі ўжо дабіраецца...»

А ў яго тым часам і яшчэ пытанне:

– А як табе, браце, падабаецца міжнароднае становішча? Га? От дзе паршыўцы!..

І гэтак далей. Ледзь не з поўнай свабодай. Глядзі, што вось-вось і да ўнутранага пяройдзе. Цуд, дый годзе. А потым, нарэшце, разгадка. І радасць. Бо звоніць ён – проста так сабе.

– І я ўжо, браце, на пенсіі. Не будаўнік. Дома сядзець не захацелася, бо што ты выседзіш. Адна таска заесць. Вартаўніком цяпер у нашай канторы дзяржбанка. Дзяжуру сёння. Сяджу сабе і думаю: дай пазваню. Тэлефон на стале. Па справачнай мне нумар твой далі. Ахвота словам перакінуцца.

Ахвота, браце, а як жа. Дзякуй, што пазваніў! Хоць раз за трыццаць дзевяць год. І яшчэ калі пазвані. Бо тэлефон ужо ёсць, ды яшчэ ж і казённы. Усё ж такі ты на заслужаным адтачыне.

1983

Шапка

У чалавека вялікая галава. Вечныя клопаты з тым, што называюць галаўным уборам. Улетку можна і без нічога, а то ж зіма ўжо, вецер, снег і мароз, і чалавеку холадна ў берэце. Зноў сунуўся ён у адзін, у другі магазін – нічога не надыходзіць. Не вытрываў – пайшоў да самога дырэктара універмага.

Стаіць, нібы дакладвае, бо той, з-за свайго вялікага пісьмовага стала, прысесці не запрасіў. Выслухаў і спытаўся:

– Кім работаеце?

У чалавека ледзь-ледзь праз горла пралезла:

– Пісьменнік.

Дырэктар падумаў і вырашыў:

– Выша кроліка не зможам. Ды і кролікаў пака няма.

У вачах чалавека пачалі загарацца слёзы.

– Каб вы ведалі, як мне прыемна з вамі гаварыць,– сказаў ён і пайшоў.

Для справядлівасці дадамо: дырэктар потым пісьменніку пазваніў. Што ёсць «кролік», што можна зайсці. Ды той ужо штосьці тым часам дастаў,– падзякаваў і не зайшоў.

І яшчэ адзін эпілог. Калі мы з сябрам наведалі ў бальніцы аднаго з нашых найбольш паважаных старэйшын і засталі там аднаго з адказных за ўзровень літаратуры, я расказаў пра гэтае сваё здарэнне з шапкай. Усе мы смяяліся. Толькі адзін чамусьці неяк стрымана, як не паверыўшы...

1983

Парыпванне

Першы пасляваенны пленум беларускіх пісьменнікаў. У самым канцы незабыўнага сорак пятага года. З удзелам гасцей з Масквы, Ленінграда, з суседніх братніх рэспублік. Хто ўжо ў цывільным, а хто і ў ваенным яшчэ, ужо без пагонаў, а то і з пагонамі. І толькі адзін у скураным паліце: ён быў на нейкай пасадзе. Маўклівы і лысы.

Гасцей было многа, а наш саюз нешматлікі, і праводзіць гасцей абавязалі таксама і маладых. Мне з сябрам прыйшоўся якраз той скураны. А мы – яшчэ ўсё ў лясных неданосках. Прывезлі госця на вакзал, прывялі да вагона. Ён моўчкі, мы тым больш. А на пероне нам нечакана трапіўся адзін з работнікаў апарата Саюза пісьменнікаў, анекдатычна тоўсты і дасціпны гаспадарнік, які з далёкай эвакуацыі вярнуўся таксама ў скураным балахоне, зношана-шалушлівым, зашмальцавана-бліскучым на жываце.

А ўсё ж наш паважаны госць паціснуў руку толькі яму, і ў вагон падаўся такім манерам, як быццам нас з сябрам і зусім там не было...

Ён і цяпер жыве, і няхай яму, як спрадвеку гаворыцца, пан бог веку прадоўжыць. Бо і піша таварыш, калі верыць рэцэнзіям, добра.

Яно вядома, што лепш мне ўзняцца над гэтым даўнім выпадкам, ужо неаднойчы ўспомніўшы ды пасмяяўшыся, узняцца і чытаць яго кнігі, па-сталаму падумаўшы, што і сам ты, чаго добрага, быў калі-небудзь, а то і не раз, такім ці так або інакш падобным, чаго сам не заўважаеш. Добра было б пасмяяцца з гэтага разам з ім самім, бо адчуванне смешнага ў яго, здаецца, ёсць. Я заўважыў гэта на адным паважаным застоллі ў ягоным горадзе, дзе нам, праз трыццаць пяць гадоў, давялося зноў пазнаёміцца.

Не пасмяяліся. І чытаць яго прозу мне яшчэ ўсё, хочаш не хочаш, перашкаджае парыпванне тое скуранкі.

1983

Сілуэтна

Дружнай кампаніяй, на дзвюх машынах едзем па летняй Літве. Прывал над Нёманам. Ён тут шырэйшы, чым у нас, нават пад Гроднам,– разлёгся воддаль, ніжэй ад шашы, паблісквае, нібы зусім не быстры, не плыве.

На самым беразе – адзінокая хата, можна падумаць, што Рыбакова. На фоне вадзяной прасторы яна сілуэціцца вельмі выразна. Потым з той хаты выйшлі трое: гаспадар, гаспадыня і госць – пасля пачастунку. Здагадацца пра гэта няцяжка, бо развітваюцца яны з абдымкамі – і раз, і два, і яшчэ раз. Адно гаворкі амаль зусім не чутно. Нарэшце гаспадар з гаспадыняй вяртаюцца ў хату, а госць – сілуэтам на самым урэзе зялёнага берага – ідзе ў свой бок. Ды раптам чалавек гэты спыняецца, стаіць і думае: «А чаго я, уласна кажучы, узяў ды пайшоў? Можна ж у добрых людзей і яшчэ пасядзець!..» Пра гэта мы таксама толькі здагадваемся. А чалавек вяртаецца ў хату.

І тут неўзабаве адбываецца рэзка нечаканае. З хаты на госці, можна сказаць, выязджае, ды не памалу, сама гаспадыня. Сілуэтна-нямая карціна агучваецца. Што крычаць – не разбярэшся, проста чуцён, на братняй мове, бабскі высока абураны крык са значна ніжэйшым мужчынскім уторам...

Выгнала, адагнала, вярнулася ў хату. Магчыма, і замкнулася, усё далейшае выгаворваючы свайму.

А нядаўні сардэчны госць, так зганьбаваны ў другім акце надрэчнай ідыліі, стаіць на фоне ўсё той жа сонечнай вады і ўжо не толькі понасу богу, але і нам, праезджым, выказвае сваё абурэнне. Што гэта іменна так, а не інакш, мы мяркуем па тым, што ён не толькі павернуты тварам да нас, але раз-поразу і руку ўздымае то ў неба, то да нас, нібы з арэны ў найвышэйшыя рады трыбунаў. Крычыць ён прыблізна такое: «Што ж ты, дурная баба, ганьбіш мяне? Вунь жа сюды глядзяць курортнікі!..» Слова «курортнікай» мы, як-ніяк, разумеем. Да таго ж яшчэ чалавек, яўна з разлікам на немясцовых, раптам свой маналог падмацоўвае агульнасаюзным, асабліва выразна спелым сярод незразумелых слоў выслоўем.

Не першы раз за дзевятнаццаць год успомнілася гэта зноў. Нават і з загаловачкам, прытчава павучальным, як для кароткага тэлеспектакля:

Усяму свая мера.

1983

Можа і блісне?

Бацька вельмі хацеў, каб дачка вывучылася хоць на фельчарку, калі ўжо на дакторку не ўдалося, а яна наслухалася старшыні, стала на ферме цялятніцай. І нічога – працуе, замуж выйшла за добрага хлопца, жывуць – «няма чаго грашыць». Бацька, можна сказаць, зусім ужо не злуецца. Нават аднойчы, калі той старшыня спыніўся перад яго дваром, пачаў запрашаць:

– Асмяялі вы мяне тады, Данілавіч, дык ужо ж і гонар зрабіце – выпіце ў маёй хаце.

І той, хоць не вельмі, як тут гавораць, «лятонцы да чаркі», зайшоў.

Другая дзеўка ўцякла адгэтуль у іншы раён. Там выйшла замуж і неўзабаве папрасілася назад у свой калгас.

Старшыня сядзіць за сталом, яна на крэсле перад ім, брыгадзір і я – на канапе, збоку. Ён, гаспадар, спакойны і ветлівы, і па натуры такой, і па свядомасці, ці, можа, трохі і перада мною, «карэспандэнтам». А маладзічка ніштаватая, бойкая, зубы, калі засмяецца, беленька роўныя, усе свае.

– Шукаць чагосьці ездзіла,– усміхаецца старшыня. – Уцякла.

– Чаго шукала, Данілавіч, тое знайшла. І вам жа я трактарыста прывезла!..

Калі яна задаволена выйшла, ён сказаў:

– Вясёлая. І трохі злосная, заядлая. Па маме. Ды злосць і ў рабоце патрэбна. Ну, а ў цябе, Напорка, што?

Гэта – да брыгадзіра.

– Трэба вам, Данілавіч,– загуў той у адказ,– пагаварыць з Маханьком. Можа, у яго, туняяда, совесць якая заблішчыць!

Старшыня, зноў з усмешкай:

– А што ты думаеш, можа і блісне? Хай зойдзе.

1983

Манархі і Кудлач

На іншыя кантыненты мне дагэтуль не пашанцавала, а з афрыканскага i азіяцкага двух манархаў меў гонар бачыць.

Абісінскага негуса – выпадкова. У Ленінградзе. З сябрам, які праводзіў мяне, мы ехалі на таксі ў аэрапорт, спяшаліся, аднак нас затрымалі. Пакінуўшы таксі на бакавой вуліцы, мы – хочаш не хочаш – далучыліся да тых, што павінны былі вітаць высокага госця.

Ці гэта праспект быў залішне шырокі, ці людзей прыйшло малавата, але – помніцца – аблямоўка асфальту выглядала з абодвух бакоў даволі вузкай, нават вузенькай.

Тым не менш, яго вялікасць, нярослы, чорненькі барадачок, стаяў у чорнай адкрытай машыне з усёй адпаведнай важнасцю, руку трымаючы пад казырок вайсковай шапкі з чырвоным аколышам.

Пакуль я бачыў яго анфас, пасля, адпаведна руху машыны, у профіль, паспела згадацца даўняе, з трыцаць пятага года. Як гэтае слова, "негус", упершыню тады пачутае, спалучалася з іншымі, таксама экзатычнымі: Эрытрэя, Адыграт, Адыс-Абеба і, як вянец усяму, Абісінія. Бедная Абісінія, першая ахвяра фашызму, першы намёк пра набліжэнне сусветнай бяды. Аднак i гэтая краіна, i сама вайна, як вайна для ўсіх, здаваліся тады вельмі i вельмі далёкімі ад нас...

Калі машына з негусам мінула нас, яго нярослая вялікасць ззаду ўбачылася мне... толькі шапкай. Вялікай шапкай з нейчай галавы, як у меншага брата, якому яе прыйшлося даношваць. Яна трымалася на вушах. Так i змалеў ён, імператар, на вачах, зацёрся ў перспективе – толькі вушы i завялікая шапка...

Іранскага шаха бачыў я дома, у Мінску. І, як ні дзіўна, аніяк не магу прыгадаць ні праезду гэтай вялікасці, ні выгляду яго, хоць i стаяў я вельмі зручна, на самым краёчку панелі. Усё для мяне абарвалася ў памяці на адным непрадбачаным, незвычайным здарэнні.

Праспект наш, відаць, не вузейшы за той, ленінградскі. Шырокай паласой ён віднеўся далёка ў абодва канцы,– туды, адкуль мы чакалі высокага госця, i туды, дзе ён знікне, куды яго гасцінна павязуць. Мусіць, таму, што мы ўсё-такі правінцыя i манархі з іншых краін нас абмінаюць, на тую сустрэчу народу сабралася процьма. Панелі былі забіты людзьмі, балконы, вокны, нават дахі – у людзях, усюды яны, як быццам ix i сапраўды чакае нейкая радасць.

Яна прыйшла. Раней за высокага госця.

Яшчэ брынела нячутна, у многіх сотнях душ, струной нацягнутая напружанасць чакання. Шырокі i даўжэзны, чысценькі ў летнім сонцы асфальт гатовы быў вось-вось прыняць i гладзенька панесці многія колы ўрачыстага картэжа... Але адтуль, адкуль чакаўся госць, паказаўся i стаў набліжацца да месца, дзе я стаяў, здаравенны рыжы кудлач, аблавухі, крывавата разлапісты, наланцужны гаўкала, прасцецкі рабачай. Адкуль узяўся? Дзе, з чаго сарваўся?.. З бакоў i зверху, ззаду i спераду яго падганяў тысячагалосы крык, смех i свіст,– уся напружанасць чакання вылілася на яго. I не было куды падзецца. Бедны дварняга лупіў наперад, як сіла мага, a натоўп, умомант стаўшы адным, агромністым, бяздумным блазнам, галёкаў i рагатаў!..

Ды тут якраз недзе далека там, адкуль Кудлач той вырваўся, паказаўся пачатак урачыстага картэжа. А перад Кудлачом, адрэзаўшы громам бліскучай медзі дарогу далей, грымнуў маршам ваенны аркестр... Сабака рэзка тармазнуў, як перад прорвай, ушчэнт спалохана-разгубленанявінна сеў i моўчкі, мудра апрастаўся. На самым чыстым урачыстым месцы.

І толькі гэта мне апалітычна помніцца праз гром i рогат.

1984

Абы на здароўе

Былы партыйны работнік, таварыш салідны і прыемны, інвалід вайны. Разумна, весела расказваў у вагоне, як ён калісьці прысутнічаў на адным пасяджэнні прэзідыума Акадэміі навук. Слухалася сельскагаспадарчае пытанне. Таму, што самога прэзідэнта не было, пасяджэнне вёў віцэ-прэзідэнт, Якуб Колас. Свінагадоўля разглядалася і здалёк і зблізку, і вырашана было, нарэшце, што каб падняць яе, неабходна мець больш заатэхнікаў.

Тады слова ўзяў віцэ-прэзідэнт.

– Калі я быў, таварышы, малы,– сказаў ён,– дык бацька часам браў мяне на кірмаш, у Стоўбцы або ў Нясвіж. Купляў ён там парася,

а мама выкормлівала з яго вепрука – пудоў на дзесяць – пятнаццаць. Спачатку на зеллі, потым на вобмешцы. Умела яна іх карміць. Свінням, таварышы, трэба не многа заатэхнікаў, а добры харч.

*

Стары ўдавец ажаніўся, а малога суседняга хлопчыка мужчыны паслалі спытацца: «Дзеду, няўжо вы яшчэ можаце?» Завучыў тыя словы, патэпаў. Дзед не прагнаў малога, не паўшчуваў. «Пайдзі ты, хлопчык,– сказаў ён,– ды перадай тым дзядзькам, якія цябе паслалі, што справа не толькі ў гэтым. Так і скажы: справа не толькі ў гэтым.»

Таму малому цяпер семдзесят сёмы. Настаўнік на пенсіі. Успамінае і добра, разумна смяецца.

*

Цяпер кажуць арганіка, але старэйшыя людзі называюць яе, тую арганіку, проста, як і зямлю, адным спрадвечным ды прывычным словам.

Снедаючы ў гарадскога брата, на шмат старэйшая за яго сястра, вясковая бабка, кажа:

– Картопля ў цябе добрая. Швагерка, мусіць, зноў прывезла. Яно і відно, што не на ўдабрэннях, а на г... расла.

Брат, інтэлігент, усміхаецца, але ж яму ўжо і прыкравата. Братавуха стрымана маўчыць. А дочкі-студэнткі, што і любяць цётку па-свойму, ажно заходзяцца ад смеху. Цётка недаўмявае:

– От калі! Што ж я такога сказала?

Як і ў такім вось, у іншым выпадку:

Мастацтвазнавец выступае ў сельскім клубе

з лекцыяй пра народнае ўмельства. Гаворыць доўга, падрабязна, нудна... Нарэшце бабка адна не вытрымала. Спакойна, але ж уголас, хоць і прыцішана спыталася, як у самой сябе:

– І хто ж гэта ў гэтае яго г... дражджэй укінуў?

*

Малады грузчык, што вучыцца завочна ў тэхнікуме, пытаецца ў пажылога шафёра лесавоза, дзе б гэта знайсці лягчэйшую работу.

– А во,– зусім сур'ёзна кажа той, спраўны, вясёлы рабацяга,– у нас будуюць каля вёскі птушкаферму. На сто дваццаць тысяч лехгорнаў. Ужо набіраюць рабочых,– на курашчупаў.

*

Старая хваліцца:

– Дзеці мае, дзякуй богу, добра жывуць: самі не робяць, толькі другіх правяраюць.

*

Калісьці дарогі былі спрадвечныя, па дарогах хадзілася ды ездзілася з толкам. Была і тады эканомія часу, але ж была і гаспадарская ашчаднасць, беражлівасць зямлі-карміцелькі.

Не тое, што цяпер, калі «зямлі ў нас хопіць», калі мы развучыліся яе шанаваць. З вёскі на І брыгадны двор развеерваецца спачатку пяць – дзесяць – пятнаццаць сцежак, а потым, на пракладзеным, спакваля і калёсных дарог.

«Урбанізацыя» – вёска масава перабіраецца ў горад і туды прыносіць сваю «свабоду руху». Газон не газон – шчодрае зрэзванне вуглоў, два крокі, а то і паўкрока ўбок не зробіць. Можна падумаць, што так ужо на работу спяшаюцца...

У Даўгаўпілсе бачыў калісьці на месцы, дзе нехта прыезджы адну сцяжыну на газоне быў пачаў, такую шыльдачку: «Праход толькі для сланоў». І слон намалёваны, усё ж такі слон – не свіння.

Госць мой, якога я туды прывёз, убачыў гэтую шыльдачку, нават наткнуўся на яе, хочучы сігануць цераз газон, і не сігануў, а весела ды з сорамам засмяяўся, нават зняць яго там, перад шыльдаю, папрасіў, каб завезці на свой Урал.

*

Камандзіровачная спартсменка ў рэстаране. Нізкая, шырокая, з налітымі сілай ляжкамі і задам. Барцыца ці самбістка нейкая. Сядзе за стол паснедаць і – адразу злосная. Адзін раз накрычала на афіцыянтку («Я спяшаюся!..»), а другі раз нават на кухню пайшла – сварыцца. Важнасць, самаўпэўненасць, напор. І... нічога жаноцкага.

І навошта гэта, пра што такое асаблівае сведчыць яе, няхай сабе нават і першае, месца?

*

Вельмі складаная апаратура, якую я таксама не магу назваць, і дзядзька, што ў канцы вайны быў падлеткам і гора хапануў удосталь,– вельмі цяжка, калі не безнадзейна хворы. На кансіліуме згадзіўся на нялёгкую, рызыкоўную аперацыю (ныркі, артэрыі) і – з поўным правам амаль смяротніка – гарласта, з лаянкай, расказвае, як яму на той «нейкай» апаратуры яшчэ ў Віцебску рабілі абследаванне.

– Як сунула мне той укол, чую, што дзвесце грам. Дык і стаў мой жывот поўны камення. А яна – яшчэ трыста грам! Прывінцілі мяне за рукі, за ногі, і чую я, што з носа ў мяне сіні дым пайшоў, а ўвесь мой струмант, хлопчыкі, адарваўся і пляснуўся аб сцяну! Мацаю потым – няма! І пупа таксама няма! А грэлка нейкая так цісне на жывот, што ўзяў ды скінуў. «Што вы здзелалі!» – крычыць яна. А я кажу: «Ты яшчэ вазьмі ды сама сядзь на мяне!..»

Усе мы, мужчыны, рагочам,– і менш і больш сур'ёзна хворыя.

*

Вахлакаваты, але ж і з гонарам трактарыст любіць паўспамінаць пра вайну, калі ён быў танкістам. І ўзнагароды ёсць, і раненні, і ў акружэнні быў, і наступаў. Трохі, аднак, перабірае з успамінамі, зашмат паўтораў, папахвае і пахвальбой. Сябры па саўгаснай рабоце – і маладыя, і старэйшыя, што і самі ў запечку не сядзелі, – пачалі з яго зрэдку пакепліваць.

– Скажы, гэта цябе, людзі казалі, каля Навасёлак заклініла ў танку? Усе вашы наперад ірванулі, а ты дзён пяць ці нават сем не мог з таго танка вылезці. Пакуль ажно тэхнікі не прыехалі. Бабы цябе праз шчыліну аладкамі кармілі...

Таварыш ветэран зноў выбухае справядлівым, засліненым гневам, а хлопцы смяюцца.

*

Рухавы мужчынка гадоў за сорак. Сюды, за вялікае возера, дзе пасецца калгасны статак, прывозіць на маторцы даярак, забірае малако. Адзін з нямногіх, што ўцалелі ў яго вёсцы ад фашысцкага расстрэлу.

З родным дзядзькам, які яго тады выратаваў, часамі б'ецца на вёсцы, на пацеху суседзям, вядома ж, пад чаркай. Амаль зусім няма правага вуха. Думалася, што гэта – памятка тых страшных дзён, і думалася з пашанай. А потым аказалася, што гэта чалавек аднойчы фанабэрыўся, выпіўшы, як ён можа голымі рукамі ўзяць любога злоснага сабаку. Паказаў гэта на практыцы. І нейчы Мурза адгрыз яму добрую палавіну вуха. І гэта «сэ ля ві»?..

*

Гумар, калі зусім няма чаго рабіць, а чакаць, у гэтым выпадку аўтобуса, трэба. Вось горба смецця амаль каля самага Нёмана, а на ёй – атопак-чаравік.

– У раку яго, хай плыве,– кажа адзін, а другі:

– Ну, хоць свету пабачыць.

*

Па тэлевізары. Замежная спявачка прыехала з Масквы ў правінцыю – на гастролях у Мінску. Больш тэорыі, чым практыкі, больш грунтоўнасці ва ўступе і ва ўступчыках да кожнай песні, чым належнага пацверджання выкананнем. А інтэрв'ю вядзе наша, мінская журналістка. Высокім і прачулым стылем:

– На спеў нашай паважанай госці слухач рэагуе кожнай клетачкай сваёй істоты...

Раней сказалі б «усёй душой» ці «ўсім сэрцам», а сёння – энтээраўская падкаванасць.

А ў самое клетачак тых – ледзь у джынсы ўлезла.

*

Два лядашчыя сабакі, большы і меншы, рыжы і чорны, брахач і падбрэхіч, выскачылі з хутарскога двара і з ёкатам кінуліся да мяне. Знаёмыя, нястрашныя, і я сказаў ім:

– І не брыдка, хлопцы, удвух на аднаго? А ты ж, рыжы, яшчэ і з вусамі.

І тут сталася нечаканае: яны адбегліся, паселі мордамі да Нёмана, што ўнізе, пад абрывам, а за ім лугі і лес на даляглядзе, зноў браханулі, але ўжо неяк інакш, і тут жа брэх гэты – з унутранай патрэбы ў жаласці, у нараканні – перайшоў у выццё з падвываннем, таўсцей і танчэй. Так і павылі дуэтам, невядома, чаго і навошта.

Пакуль я пастаяў, смеючыся, што вось шкада – няма з кім парагатаць.

*

Бранеўскі любіў выступаць са сваімі вершамі. Перад рабочымі, перад моладдзю. Аднойчы яго запрасілі ў школу. Прыйшоў, а там – малеча з пачатковых класаў.

«Што ж я ім буду чытаць? Няма ў мяне нічога для такіх...»

Аднак выхад знайшоўся.

– Дзеці, хто з вас умее хадзіць на руках?

Аказалася – ніхто. Тады ён, славуты паэт-рэвалюцыянер, пажылы чалавек з вельмі нялёгкім лёсам, палажыў свой партфель на стале і – прайшоўся на руках па класе перад партамі. На радасць аўдыторыі, на страх настаўніцы. А тады папрасіў яе адзначыць яму пуцёўку.

Гэта малым запомніцца назаўсёды. Многія, можа, праз гэта і вершы яго пачалі чытаць.

І мне прыемна, весела было пачуць пра такое. На жаль, калі ўжо Уладзіслава не было.

*

Цюцька такі далікатна-маленькі, што калі ён захацеў задраць ножку на кусцік з выключным размахам ды шыкам – перакуліўся.

Прыклад пра фанабэрыстых, але маленькіх.

*

Пачынаў ён, працуючы шафёрам грузавой машыны, а сёння, праз дваццаць гадоў, ужо вядомы пісьменнік, які шчасліва прымасціўся ў сталіцы, каля самога размеркавальніка выгод і прывілеяў.

У групе літаратараў з розных рэспублік плыве па Амуры, па праву сваёй «вядомасці» ўжо з даволі важкай «супругай». У Мікалаеўску музейная работніца, сціплая, гарушчая жанчына, пасля агляду расказвае, на пытанне гасцей, што ў іх тут цяпер часова тугавата з мясам. Кілаграм на душу.

Супруга:

– На тыдзень?

– Не, на месяц.

Тады ўжо смех «вядомага»:

– Га, га, га! У нас сабака больш з'ядае на дзень!..

Раманы ў яго таўсцейшыя, чым у Талстога.

*

Мастак. Вітаючыся па вуліцы, ніколі не забываецца спачатку выняць рукі з кішэняў плашча ці паліта. Сазваніўся з вядомым пісьменнікам і прыйшоў замалёўваць яго твар для партрэта, «усё іншае» зрабіўшы дома. Працуе, гутараць. Старэйшы таварыш пытае, як жывецца, творыцца, як жоначка, ці ёсць у іх дзеці. Ані зважаючы, што ў пакоі яны не адны, стаяць, глядзяць і дочкі гаспадара, падлеткі-школьніцы, мастак, з усёй свабодай сваёй культурнасці адказвае: «Яшчэ няма, але як іх рабіць мы ўжо ведаем...» Партрэт атрымаўся такі, што пры сустрэчы з мастаком пісьменнік, тым часам ужо і стары, успамінае тыя фотаздымкі, дзе і конь, і шабля ў задзёртай руцэ – усё чужое, агульнае, толькі што дзірка пад шапкай, а ў дзірцы твой твар. Мастак, вітаючыся, па-ранейшаму папярэдне вымае рукі з кішэняў, часамі нават усміхаецца. А пісьменнік зноў папракае сябе ў душы за мяккацеласць, што не дазволіла яму тады, калі пазіраваў і пачуў ультрамодны адказ, проста вытурыць партрэціста за дзверы.

*

У крытыка можна было б спытацца:

– Чаму такая неадпаведнасць? У вашай кнізе пра Ікса аж пяцьдзесят старонак, а пра Ігрэка толькі семнаццаць?..

Ён мог бы адказаць:

– У першым выпадку трэба значна даўжэй даводзіць, што мой аб’ект даследавання – добры пісьменнік.

*

Няўжо гэта абавязкова – усаджваючы ў літаратурнае карыта і свой лыч, спачатку кашкануць ім суседа справа ці злева, а то і таго і другога? Хаця карыта гэтае аж надта доўгае, шырокае... Падумалася так, калі чытаў яшчэ адно маладжавае інтэрв’ю з уступна-недарэчнымі і проста хамскімі «заўвагамі» пра тых, хто піша інакш, чым ён, ці не тое, што ён, прыгрэты першым, больш уяўным поспехам.

*

Новае моднае слова ў некаторых крытыкаў: «духоўнасць». Адзін з іх, ці не найменш духоўны, у выступленні сваім з трыбуны столькі разоў прадалдоніў пра гэта, што хоць ты яму духоўную семінарыю адкрывай. З большым акладам.

Дубаваты, самаўпэўнены, ён робіць гадавы агляд літаратуры, часта паўтараючы: «Гэтага я не прымаю.

Гэта я прымаю...» Так часта паўтарае, што аж спытаць хочацца: «Слухай, хлопец, а хто ж ты такі? І што, калі іменна ты не прымаеш?..»

*

Наша любімае «ў цэлым». Можна і так: у цэлым накрыўся дзіравым плашчом.

*

Выпускніца вясковай вячэрняй школы вучыцца на філфаку,– там, куды знатнаму сваяку лягчэй было яе ўладзіць. Дзеўка бойкая, што ўжо і чарку ведае, і кавалераў. На першым курсе экзамен па рускай літаратуры.

Выцягнула білет: «Поэма М. Ю. Лермонтова «Демон». Ціхі жах... Ды тут ёй раптам пашанцавала: адной студэнтцы стала дрэнна, і гэтая, з білетам, кінулася ёй па ваду. На калідоры гарачым шэптам спыталася:

– Які гэта, дзевачкі, дэман? Той, што Мазепа?

– Ды не! Гэта той, што лятаў!

Няўжо і яны ўваходзяць у тыя мільёны з вышэйшай асветай, якімі мы даволі часта казыраем?

*

Спявала ў хоры, лічыла сябе красуняй, ужо не спявае, але прыгожай лічыць сябе і цяпер, ужо растаўсцелая безнадзейна. На юбілеі мужа вырашыла ўсіх гасцей-мужчын узнагародзіць сваім пацалункам. Увесь стол абышла. Хочаш не хочаш, але ж госць – трымайся...

*

Пажылы народны артыст не захацеў больш выступаць па радыё пасля таго, калі ў адной перадачы, дзе яны выступалі разам з маладзейшым, толькі заслужаным, яму, народнаму, заплацілі «за гаварэнне» тыя самыя дзесяць рублёў, што заслужанаму за імітацыю сабачага брэху.

*

Сціпласць некаторых паэтэс: «А потым пра гэта напісаўся верш». Узяў ды сам напісаўся, нейкая сіла вышэйшая цераз яе.

*

Апоўдні, папрацаваўшы, лёг пачытаць. Устаў ён сёння вельмі рана, і сон марыў, марыў яго, пакуль не змарыў. Чалавек то чытаў, то драмаў, то зноў чытаў, чапляючыся за тыя самыя абзацы, перачытваючы ўжо чытанае і не зусім разумеючы яго. Калі ж, нарэшце, падрамаў і прачнуўся, дачытаў той артыкул, вярнуўшыся амаль да пачатку яго, і стала смешна, бо жыва ўявілася, што гэта ён лез, караскаўся на высокі, шчыльны плот і ўсё абсоўваўся па штакецінах, а ўсё лез...


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю