Текст книги "Сёння і памяць"
Автор книги: Янка Брыль
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 16 (всего у книги 16 страниц)
*
На шчэцінскіх ваенных могілках – вялікі помнік для ўсіх, што тут пахаваны, вялікія дрэвы, большасць якіх памятае абедзве сусветныя вайны, вялізная прастора нізкіх, шэра-бетонных пірамідак з зоркамі і крыжоў, на сцішным мностве якіх выбіта слова Nieznany. Навокал, скрозь – тыя самыя аднатонныя бяссмертнікі, палосы цёмна-зялёнай туі, падстрыжанай з геаметрычна-сумнай акуратнасцю... І ў маленькім зацішку, перад адным толькі словам Nieznany схаваўся маленькі стэарынавы каганчык, znicz. Нейчы вялікі і адначасна маленькі ў вялізным свеце смутак, агеньчык нейчага сэрца, які мы не маем права не бачыць.
*
Раніца ранняя, карэктура прыемная, з успамінам пра першае, такое ўжо далёкае спатканне з гэтымі «красналюдкамі» [64] ў самым школьным пачатку, з успамінамі пра тыя летнія дні ў нарачаінскай хаце, калі я гэта перакладаў, як было нялёгка, як прыемна, як сумна ад думак пра бедную лёсам мову.
...«Вельмі мне брыдка, што не магу нічога добрага сказаць пра гэтага Падпанка, але абы я пра яго надумала,– бачу Падпанка такім, які ён ёсць – ганарлівым і надзьмутым, як пухір».
Казка. Ідзецца пра жабу. А чарадзейка-казачніца, пані Мар'я гаворыць нібы зусім сур'ёзна. І ў гэтым столькі па-матчынаму, па-бабулінаму жаночага!..
...Зверху бяздольных пацяшалі раем – гэта адно: міф, легенда, выдумка, опіум. А што самі яны часамі верылі ў гэты рай – гэта другое: хоць у гэтым, хоць якая палёгка, надзея на справядлівасць.
Гэта – таксама над старонкамі Канапніцкай [65]
Хацеў дапамагчы яму, сказаць прыхільнае слова з карыснымі заўвагамі, але дзе там – і гэтая рэч ужо на канвееры, і тут, і ў Маскве. Хлопец, які так пільна і плённа працаваў над словам раней, выходзіць на прасторы гладкапісу, дзе ўжо яму, як і некаторым іншым, парады сяброў будуць лішнімі.
*
Над старонкамі Маруа [66], думаючы пра французскую літаратуру:
«Я ведаю толькі тое, што я нічога не ведаю».
Але ж гэта ніяк не апраўдвае невуцтва. У нас, літаратараў.
*
«Або добра, або нічога».
Вядома, правільна, што не для таго я многіх перажыў, каб іх абрэхваць.
Аднак лепш ужо нічога, чым такое добра, дзе пішацца з тым самым слёзным ці слінявым пафасам пра Авеля і Каіна, пра мастака і графамана.
Чужы, прыязны крытык піша пра нашага добрага пісьменніка, што ён «паравоз беларускай прозы» ці нават усёй літаратуры. Калі гэта накат і праўда, што ён для яго «а грэйсэ паравоз», дык нельга ж усё-такі лічыць усіх іншых, па-свойму добрых і розных, толькі вагонамі, што валакуцца ўслед па трафарэтных рэйках.
*
Днямі:
Асветленая сцежка ў ціхіх соснах, а за гарбатым берагам ракоча мора.
Потым:
З акна дзесятага паверха глядзеў на сасновы гушчар, і дзіўна было, як незвычайна хораша калышуцца вечназялёныя верхавіны – незвычайна ніжэй за нас.
Сёння:
Мора хоць і шуміць, але ж нейкае мякка, лагодна шэрае,– нібыта цёплае і прасторнае, як ніколі дагэтуль.
...У «Даўгаве» (№ ІХ за гэты год), сярод іншых запісаў Райніса, такое, з 1915 года, здалося і нашым:
«Латыши, как пшеничные зерна, разбросаны по всему свету. Птицы их клюют, и звери их топчут. Но отчего смеетесь вы, чужие народы? А если зазеленеет пшеница и на чужом земле? Если не умерла наша Мать счастья? Если наша истинная мать не покинет своих детей? детей солнца и счастья? Давайте же взглянем, можем ли мы исчезнуть, как счастье и солнце? Не станут ли мир и человечество без нас беднее, не станет ли без нас меньше счастья и солнца?»
*
Шаноўны N. крычыць па тэлебачанні пушкінскага «Прарока». Дастаеўскага пераймае ці што? Калі ж не перайманне гэта, не мода нейкая зноў, а ўнутраная патрэба, дык хоць бы ўжо выступаў па радыё, не ставячы паміж паэзіяй, вялікай і любімай многімі,– сябе, сваю даўно старэчую, далёка не імпазантную немач, з надрыўна-хрыпатым галёканнем і размахваннем бездапаможна-доўгімі касцямі рук...
*
Кнігалюбы ды следапыты так разбяруць тваю кнігу, так раскладуць па фактах ды прататыпах, па часе ды месцы дзеяння, што табе і не разабрацца, што лепш – мастацкі твор ці яго першааснова...
Такое – у людзей, добразычліва кажучы, прастадушных, як у дзяцей,– жаданне разабраць цацку, паглядзець, а што ў ёй у сярэдзіне, з чаго яна складаецца? І чым цікавейшая цацка, тым большая ахвота разабраць яе. Аднаму, самому толькі, а то і настаўніку з вучнямі розных узростаў...
*
Зноў успомніў мілую Яню Шабуню, якая пры апошняй нашай сустрэчы ў яе дома сказала, што вось выходзіць хутка на пенсію і тады ўжо «буду вам усё друкаваць і вальней і хутчэй». З прыемнасцю думаю, як я, пасля ўсяго «вылушчвання» новай кнігі з чарнавікоў, панясу рабочы рукапіс ёй, нашай Янечцы, як кажуць пра яе ў рэдакцыі. Тады буду чакаць надрукаванага, а потым вычытваць яго і радавацца яе акуратнасці. Да почырку майго яна прывыкла, як ніхто іншы з машыністак, хоць іншых у мяне было вельмі няшмат.
Такому чалавеку, як яна, адзінокая і працавітая, як пчолка, заўсёды ветліва-прыязная, варта было б ведаць, што пра яе думаюць – не адзін я. Штосьці такое мы ёй і напісалі, падарыўшы «Я з вогненнай вёскі...».
... Пасля паўзы, калі чытаў, запісваю: а чаму, уласна кажучы, не даць мне гэта ў «Свае старонкі»? Толькі, можа, каб не яна гэтае месца друкавала?.. [67]
*
Як бы я ні ўзброіўся жыццёвым вопытам, якім бы ні стаў падрыхтаваным чытачом, усё роўна са светлай журбой успамінаю сваё маладое чытанне. Скажам, «Братоў Карамазавых». Вясной трыццаць сёмага года, калі я араў, баранаваў і ад яснага рання не мог дачакацца вечара, дакладней кажучы – ночы, каб чытаць далей...
Толькі са шчасцем, пакутліва чыстым шчасцем першай закаханасці чытанне тое і параўнаеш. Нават больш там было, бо іншая закаханасць, бывае, праходзіць, а гэтая – не. Іменна – з першага позірку і назаўсёды.
*
Кожную кнігу трэба пісаць як апошнюю.
А потым яшчэ ўсё жывеш, і тое, што даў намёкам, баючыся, каб не прапала, цяпер хочацца, трэба развіць, даць больш грунтоўна. І вось дылема – або бяры тое, што апублікавана, здымай адтуль, дзе яно стаіць, часамі і доўга такі пастаяла, або паўтарайся і, адштурхнуўшыся ад яго, гавары пра тое самае шырэй, глыбей. Па такому адзінаму праву.
notes
1
У мінскім Доме літаратара.
2
Гэты і два наступныя запісы зроблены ў бальніцы. У раздзеле «Свае старонкі» – заўвагі ад рэдакцыі.
3
Нямецкі літаратуразнавец, выкладчык універсітэта ў Гале. Стажыраваўся ў БДУ імя У. І. Леніна.
4
Гэты і дзесяць наступных запісаў зроблены ў пасёлку Крынічнае на Міршчыне.
5
Тут і скрозь далей Міша – брат Я. Брыля Міхаіл (1914-1966) – інжынер-будаўнік і самадзейны мастак.
6
Запісана ў Мінску.
7
Зноў у Крынічнае.
8
А. Chojnowski, «Koncepcje polityki narodowościowej rządów polskich w latach 1921-1939».
9
Тут і скрозь далей Грыша – паэт Рыгор Семашкевіч (1945-1982), зяць Я. Брыля.
10
Жукроўскі Войцех (нар. у 1916) – польскі пісьменнік.
11
Тут і скрозь далей Дзіма – рускі паэт Дзмітрый Кавалёў (1915-1977), сябар Я. Брыля.
12
Гэты і сем наступных запісаў зроблены ў Карлавых Варах.
13
Маецца на ўвазе раман У. Саранка «Прыгоды Веслі Джэксана».
14
«Неба ў агні» – аповесць польскага пісьменніка Яна Парандоўскага (1895-1978).
15
«Грахі маленства» – выбраныя апавяданні Б. Пруса выйшлі ў перакладзе Я. Брыля ў 1981 г..
16
Вацлаў Жыдліцкі (нар. у 1931) – чэшскі літаратуразнаўца і перакладчык беларускай літаратуры.
17
У горадзе Вайдэн Я. Брыль быў у 1940—1941 гг. у нямецкім палоне.
18
Гаворка пра пахаванне П. М. Машэрава (1918– 1980).
19
Пацыфікацыя – уціхамірванне, карныя экспедыцыі для падаўлення рэвалюцыйных настрояў.
20
Гэты і васемнаццаць наступных запісаў зроблены ў Сочы.
21
Маецца на ўвазе трагічная смерць П. М. Машэрава.
22
Тут і скрозь далей Ніна – жонка Я. Брыля.
23
Н. В. Чартова (нар. у 1903) – руская пісьменніца.
24
Брат Я. Брыля Мікалай (1910—1970) – калгасны брыгадзір.
25
Запісана ў Гродне.
26
Гэты і дваццаць два наступных запісы зроблены ў пасёлку Крынічным.
27
Радкі з санета Л. Міцкевіча «Да Нёмана» і верша Я. Коласа «Нёман», дарэчы, добра вядомага ў былой Заходняй Беларусі перш за Усё як песня.
28
Зямляк і аднапалчанін Я. Брыля. Памёр у шпіталі для ваеннапалонных вясной 1940 г..
29
Тут і скрозь далей – Якуб Міско (1911—1981) – журналіст, сябар Я. Брыля, у той час цяжка хворы.
30
Раман Я. Івашкевіча.
31
Рабер Андрэ (нар. у 1921) – французскі пісьменнік.
32
Барыс Харчук (пар. у 1931) – украінскі пісьменнік.
33
Гэтая вестка з Магілёва ў Мінск прыходзіла двойчы.
34
Гэты і сем наступных запісаў зроблены ў Юрмале.
35
Былы заходнебеларускі падпольшчык, герой нарыса Я. Брыля «Партрэт старэйшага таварыша».
36
Адзін, самотны (нямец.). Намёк на раман Г. Фалады «Jeder stirbt für sich allein» – «Кожны памірае адзінока».
37
Якуб Міско памёр 23 кастрычніка 1981 года.
38
Маецца на ўвазе збор матэрыялу для кнігі «Я з вогненнай вёскі...».
39
Аповесць-казка М. Канапніцкай «Пра гномаў і сіротку Марысю». Перадрук – для перавыдання.
40
Запісана ў Кіеве.
41
Юльян Кшыжаноўскі (1892—1976) – польскі гісторык літаратуры.
42
Рыгор Семашкевіч трагічна загінуў 11. VI.1982.
43
Гэты і васемнаццаць наступных запісаў зроблены ў Юрмале.
44
Парадак (нямецк.).
45
«Маё маўклівае сэрца», кніга літаратурнай спадчыны Якуба Міско, выйшла на пачатку 1983 года.
46
П. Жалезняковіч (1906-1971) – адзін з актыўных удзельнікаў заходнебеларускага камуністычнага падполля, герой нарыса Я. Брыля «Сэрца камуніста».
47
А. Чэхаў, «Скрыпка Ротшыльда».
48
Omroczyć – азмрочыць, адурманіць, увесці ў забыццё.
49
Запісана ў Мінску, пасля вяртання з санаторыя.
50
«Наука и жизнь», № 1, 1983 г..
51
Гейчанка Сямён Сцяпанавіч (нар. у 1903) – рускі пісьменнік.
52
Пшыбась Юльян (1901—1970) – польскі паэт і эсэіст. Вытрымкі перакладзены з яго кнігі лірычных запісаў «Zapiski bez daty».
53
Гэты і далейшыя запісы – у пасёлку Крынічнае на Міршчыне.
54
Я з вогненнай вёскі...», раздзел «Дзіця бяжыць разораю».
55
Ф. А. Абрамаў памёр у маі 1983 года.
56
Ю. П. Казакоў памёр у снежні 1982 года.
57
Давыдкаў Іван (нар. у 1926) – балгарскі паэт і празаік.
58
Андэрсон Шэрвуд (1876—1941) – амерыканскі пісьменнік.
59
Маецца па ўвазе жонка Максіма Гарэцкага, пісьменніца Леаніла Чарняўская (1893—1976), і яе кніга «Апавяданні», выдадзеная ў 1983 г..
60
Нэндза-Кубінец Станіслаў (1897—1976) – польскі паэт, селянін, з якім Я. Брыль пазнаёміўся ў жніўні 1975 года..
61
Міхась Стральцоў. «Яшчэ і заўтра».
62
Радкі з ваеннага верша Пімена Панчанкі «Зубры».
63
Гэты і наступны запісы зроблены ў Познані.
64
Красйалюдкі – по-польску гномы. Маецца на ўвазе карэктура перавыдання аповесці-казкі Марыі Канапніцкай «Пра гномаў і сіротку Марысю», упершыню па-беларуску выдадзенай у 1957 годзе.
65
Запіс зроблены ў Мінску, дванаццаць наступных у Юрмале.
66
Маруа Андрэ (1885—1967) – французскі пісьменнік. Тут – пра кнігу яго публіцыстыкі «Надежды и воспоминания».
67
Так і зроблена.