355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Янка Брыль » Сёння і памяць » Текст книги (страница 13)
Сёння і памяць
  • Текст добавлен: 3 декабря 2017, 08:00

Текст книги "Сёння і памяць"


Автор книги: Янка Брыль



сообщить о нарушении

Текущая страница: 13 (всего у книги 16 страниц)

І сёння зноў,– што ж будзе з Польшчай?..

*

Юрыя Трыфанава памянуў чытаннем яго «Другой жизни».

Залыгін: «Очень большой русский писатель». У некралогу – высокая ўзнагарода: «Знак пашаны».

Усё, што я чытаў ягонага, чыталася з адчуваннем сапраўднага, а прачытаўшы – амаль адразу забываешся. Што гэта?

*

Алу Тарасаву я ўпершыню ўбачыў у «Трох сёстрах». Калі яна ўзяла падушку і пайшла за сцэну – колькі мужчын, і я таксама, пайшло б за ёю следам!..

Улетку семдзесят шостага года, калі мы з Л. ішлі па Нямецкіх могілках, я здалёк убачыў у зеляніне вялікі фотапартрэт магутнай рускай красуні, пазнаў Тарасаву і нібы толькі ў той момант усвядоміў, што яна – ужо ў зямлі...

Успомнілася гэта – два яркія кадры,– калі прачытаў у дзённіку Паўла Тычыны, як ён у Баньскай Быстрыцы, пад парасонам ад дажджу, заплакаў, слухаючы «Вы жертвою пали» і, нібы апраўдваючыся, запісаў пасля:

«У Алли Костівні Тарасовоі теж сльози...»

*

«Коріння» Грыгіра Цюцюнніка. Кніга, чытаючы якую не працуеш, заўважаючы шмат непатрэбнага ці дрэннага, але адпачываеш душой, падмацоўваешся сапраўдным словам.

І чаго ж ты, хлопча, узяў ды самахоць пайшоў з жыцця?..

Той, з кім цябе параўноўваюць, Шукшын, вельмі хацеў пажыць, папрацаваць, а ты...

*

Даўшы запісы ў пятым томе,– якія на думку некаторых павінны публікавацца пасля аўтаравай смерці,– я нібы апярэдзіў самога сябе, і вось, як мёртвы, маўчу...

*

Маскоўская спёка. Сяджу, чакаючы таварыша, на дворыку Саюза пісьменнікаў. Побач прыселі дзве паэтэсы, спачатку адна, потым другая. Сімпатычныя маладзічкі з далёкага поўдня, якім выразна не горача. У той, што прысела першая, вялікая сумка сваіх, свежаспечаных зборнікаў, якіх многа, аж сумка не зачыняецца. Другая, міла павітаўшыся ды прысеўшы, адразу і папрасіла даць ёй адзін з аўтографам.

– Я не могу теперь. Они уже распределены. Я вам потом. А посмотреть – пожалуйста.

Слова за словам і пачалася паэтычная гульня:

– Раскройте на... ну, пусть на сорок второй страничке и прочтите третью строчку сверху. Хорошо! А теперь... ну, на семнадцатой, восьмую снизу... А?

І смакаванне, і эрудыцыя.

*

Крытык адчувае сябе паміж Парнасам і пісьменнікам, а месца яго – паміж пісьменнікам і чытачом.

*

Ідзе і сее перад сабой, здаецца, толькі прозвішчы ды назвы.

Што з гэтага крытычнага насення вырасце?

*

У літаратуры ён – адно панылае недаўменне. Толькі пасады значныя займаў. Яшчэ і здаровы, румяны, а ўжо, аказваецца, падрыхтаваў на выпадак смерці пісьмо кіраўніцтву Саюза пісьменнікаў, каб яго «пахавалі сціпла». І на той свет збіраецца з упэўненасцю ў сваёй не абы-якой літаратурнай значнасці.

*

Пісьменнік малады і здольны памяняў многа прафесій. Хваляць за гэта: веданне, вывучэнне жыцця. А можа, проста лайдак, лятун, нідзе не мог прыжыцца, не хацелася працаваць?

*

Сустрэча з Траяпольскім.

«...Не кампазітар, не дырыжор, не літаратар, а чалавек, вобраз! Месцамі я чытаў са слязьмі на вачах. І не там, вядома, дзе ты цытуеш мае пісьмы... Я вінаваты, што не напісаў табе...»

Гэта – на мае ўспаміны пра нашага Рыгора Раманавіча.

Мы стаялі, абняўшыся, па праходзе, ужо па вачах прэзідыума, які заняў свае месцы, і трэба было разысціся, а гутарка – не закончана...

*

«Дамоклаў меч вайны»... Сам ён – з трыбуны, у друку – гарачы змагар супраць яе, вырашальны глабальных спраў і, адначасна, як аказалася, дрыжыць і пошла клапоціцца за месца ў прэзідыуме з'езда, у сакратарыяце Саюза, у праўленні... Дзве лініі. Якая ж з іх галоўная?

*

З выступлення Айтматава: «Великая сытость – великое высокомерие». Кіргізская прыказка.

*

Прыехаў сюды [26] як і планавалася, з кінадакументалістамі.

«Niemnie, domowa rzeko moja» і «Гой ты, Нёман, быстры Нёман, колькі дум ты мне нагнаў!..» [27] «Пан Тадэуш» і «Новая зямля»,– пра народнасць нашай эпапеі, народнасць Коласа і трохі пра сустрэчы з ім.

Стаміўся ад сонца і дубляў, ажно плесці пачаў пад канец. Тады ўжо, калі рэжысёр папрасіў нагаварыць ім «у запас» – пра запісы мае, пра гэты жанр наогул. Папрасіў, каб паклікалі на чарнавы прагляд,– не дапушчу да лішніх недарэчнасцей.

*

І хата, і бульба ў агародзе, і Нёман, і лес, і сцежка ў жыце, і буслы на тэлеграфных слупах – многае нагадвае перажытае тут. А ўчора яшчэ і святы нёманскі вечар – на маторцы, свежы позірк на родную красу.

...Разумная згода з тым, што сяму-таму (Айтматаву, Распуціну) дадзена больш таленту, і ён у гэтым не вінават, і дзіка гэта – крыўдзіцца на ягоную славу. Тым больш памятаючы, як многа ён працуе, шукае, знаходзіць, не марнуючы свой дар.

...Дома, чытаючы Шагінян («Новый мир», № 6), светла ўспомніў, як я зімой трыццаць сёмага – трыццаць восьмага года хварэў і, шчасліва маючы многа вольнага часу, чытаў «Давіда Каперфільда».

Успомніў таксама, як увосень трыццаць дзевятага, у вёсцы на арбайтскамандзе, Валодзя Васілеўскі [28] хварэючы, залез у маю торбу ад процівагаза і напісаў у маім наіўна-смелым блокноце: «Собрание сочинений, том четвертый. Из цыганской жизни». Штосьці больш яшчэ, але толькі гэта запомнілася. Пра маю будучыню па Савецкай радзіме, куды нас абяцалі адпусціць,– як прароцтва якое. Тады мяне, здаецца, і Цыганом празвалі, калі адрасла чупрына, якое ў казармах, на стрыжаным пад машынку, не бачылі.

...Застаўшыся за дзеда і за бабу, з прыемнасцю накарміў унучку, напаіў яе ліпавым цветам, нагрэў вады, памыць ногі, і палажыў спаць (трохі тэмпературыць), а сам – толькі ў дзесяць – пайшоў прайсціся.

Зноў, як у семдзесят восьмым, сцежка ў добрым жыце, тады кладка на Нёмане, стагі над пакошай, любая свежасць пасля пакутлівай спёкі і вялікая, заслужаная стомленасць сонца над самым лясным даляглядам.

Успомніўся Якуб [29] Восьмага быў у яго амаль дзве гадзіны. Наш аптымізм і гумар, як маленькая надводная частка панурага айсберга, што страшна больш хавае ў глыбінях адзіноты... (Якая неадпаведнасць «прыгожага» параўнання!) Падумаў цяпер пра мудрасць апошняга развітання з жыццём. За кагосьці падумаў, без болю свайго, нібы і гэтым любуючыся – збоку...

*

Дурнота гэта была ці чысціня – мая наіўнасць, што так нямала пахадзіла па самым краёчку смяротных небяспек? Скажам, блакнот-дзённік у войску, у палоне, у акупацыю?..

Днямі думаў, што варта расказаць пра гэта, напісаць – апошні раз, найясней. Ды нешта ўсё-такі як быццам раіць пачакаць, знайсці найбольш дакладныя, аб'ектыўныя словы.

*

Пісьменны, начытаны, добры, а ўзяў ды даў мае «Байдуны» пачытаць аднаму з нашай вёскі,– каб выявіць, каго за кім трэба бачыць...

– Навошта ж ты так? Людзі ж будуць злаваць,– кажу яму збянтэжана, а ён, у адказ, прастадушна, з усмешкай:

– Але, браце, будуць...

Усюды дзеці – унукі майго пакалення, з якімі трэба быць бліжэй, асвяжаючы душу.

І кнігі, да якіх ад мінусаў сучаснасці цягне, нібы да верных сяброў.

У братавай, перад сном, падмацаваўся першымі раздзеламі «Анны Карениной», зноў смакуючы Яго мудрую прастату. А ў мірскай кнігарні купіў маленькую, хораша выдадзеную аповесць невядомага Цібара Дзеры і тут ужо, даючы нагам адпачынак, з прыемнасцю прачытаў.

Праўда, і купляючы, і чытаючы гэтага венгра, светла помніў, што недзе ў Гданьску перакладаецца, а ў Кракаве будзе выдадзены мой «Золак», таксама ў «мініяцюрнай серыі»...

*

Учора вельмі хороша ўзыходзіў пад садам і лесам поўны, цяжкі, барвовы месяц. Памытая бабуляй унучка прычэсвалася перад трумо, і я, увайшоўшы з двара, сказаў ёй зірнуць у акно.

А сёння распасцёрся спорны дождж. За бульбай, што застракацела цветам, маё мілае, каласістае жыта і лес. «Як хораша!» – падумалася, а потым і сказаў Ніне, што паездка па родным наваколлі патрэбна мне была, як адчуваю цяпер, для таго, каб вярнуцца сюды, у Крынічнае, як дахаты, каб супакоіцца тут на даўжэй і, можа, папрацаваць.

Днямі ў бульбе, воддаль ад нашых вокан, зацвіла адна кветка маку. А цяпер ужо іх, як ад першай іскры, успыхнула цэлая кароценькая градка, і я ўявіў такое ў мультфільме, толькі ў казачнай хуткасці, і радасць дзяцей уявіў, якім так уласціва лічыць казачнае натуральным.

...Падвечар.

Спорны дождж ішоў ад ранку да позняга поўдня, потым аціх і перастаў. Старая ліпа мокрая, аднак, праходзячы каля яе, спыніўся ад ціхага гулу. Пчолы. Здаецца, пад кожным лісточкам, як пад парасонам. Агромністы зялёны вулей.

*

У маленстве і пазней я ведаў тугу па кнізе. Пасля ў мяне, а потым і ў маіх дзяцей такога не было. Халодная, туманна-непраглядная туга...

*

У шэсцьдзесят дзевятым годзе, на парадзе ў Кіеве, Платон Варанько гаварыў, як сорак першы год тых людзей, якія сталі неўзабаве партызанамі, адкінуў ледзь не ў зусім першабытную дзікасць,– ні радыё, ні газет, ні кніг, а навокал – поўнае варожае бяспраўе...

*

Гады ўжо са тры прайшло пасля прачытання «Славы і хвалы» [30] а ўсё яшчэ помніцца, як традыцыйна па-панску аўтар глядзеў на падзеі грамадзянскай вайны на Украіне. Верны «малоец» выручыў, данёс добрым папам, што трэба ўцякаць, дапамог... Штосьці так: не факт, а дух памятаю. Для гэтага і спатрэбіўся прадстаўнік народа, сялянства, перад якім адкрылася свабода. Для сваіх ён, той «малоец»,– здраднік, а папам ён патрэбен – толькі для саміх сябе...

*

Я стаміўся ад запасу сваіх успамінаў, але ж і іншых у мяне няма.

*

Падбіраю, мяняю, прыдумваю, каб у выніку атрымалася як найбольш натуральна, праўдзіва, а потым крытыка лічыць такое ледзь не проста ўспамінам.

Гаварыў жа N.– з усмешачкай маладое вышэйшасці, ці што,– чытаючы з трыбуны свой гадавы агляд: «Цяпер пайшла ў нас проза ўспамінальная...» Туды ж і мой «Золак» аднёс.

*

Андрэ [31] «Дитя-зеркало». Чытаў і думаў, што не аднаму мне захацелася напісаць свой «Золак». «Лета к суровой прозе клонят». Да роздуму, які – няхай сабе! – чытаецца нямногімі. Андрыч успамінаецца, яго «пасмяротныя» апавяданні. Такое хочацца пісаць. Такім хочацца бачыць тое, што цяпер раблю.

*

Сосны, бярозы, верас. Карычнева-жоўта-паласаты і тоўсты, як цукерка-падушачка, чмель. Дзве бусінкі-бруснічыны. І добрая кніга. Харчук [32], пра якога чуў добрае ад сяброў, якога ні разу не бачыў, а які прыслаў мне свой том выбранага з цёплым і, верыцца, шчырым аўтографам. Прыемна гэта, калі пісьменнік піша пісьменніку (пра што калісьці пісаў мне Паустоўскі), і трэба так рабіць.

Блакнот каля самай зямлі, як простая прылада працы. Згадваецца запіс для «Дажджлівага, сонечнага жніўня»: «Добра так пісаць, калі і блакнот і душа ў траве».

Няўжо прывыкну тут, у гэтых, амаль зусім родных мясцінах, і буду жыць ды працаваць, падзяліўшы дом на зямлі на два: Мінск і Крынічнае? Ёсць жа ў Танка Нарач, і ў іншых свае куты, яшчэ далей, чым будзе тут мой.

*

У трыццаць трэцім – трыццаць восьмым гадах, будучы ўжо дарослым, я слухаў расказы нашага суседа пра баі ў Маньчжурыі, і тады мне тое здавалася такім ужо далёкім, проста гістарычным. А было ж яно праз 29-34 гады пасля падзей, у якіх наш сусед, жывы чалавек, удзельнічаў.

А ўчора мы, выпадкова сустрэўшыся з В. Ш. на яго зацішным, цёплым хутары, жыва для нас успаміналі верасень трыццаць дзевятага года, вайну, і хутка вось будзе ўжо... сорак два гады, як тое адбывалася, тое, у чым мы бралі ўдзел.

Як шмат пражыла, перажыта. Аж сцішнавата часам заглянуць у глыбіню мінулага, якое – і тваё...

*

Учарашняе, вячэрняе.

Прайшлі, прагулі камбайны, агалілася і смачна запахла вільготна-травяністае ржышча. І адразу – буслы, бо жыта было каля лугу, адкуль сюды хаваліся жабы.

Два хлопчыкі пад'язджалі ў кузаве грузавіка, які браў ад камбайна жыта. Як толькі яно шухне з трубы ў кузаў, малыя лезуць пад зерневы вадаспад, як пад душ, і крычаць ды смяюцца. А што і пыл, і горача – нічога: блізка Нёман!..

А цяпер вось ранішні туман не знізу падняўся, а спусціўся зверху, з невысокай, лёгкай хмарнасці. Ён захапіў верх лясное «пілы», а пад ім, на цёмным фоне недалёкага лесу, хораша бачыцца і недажатае ўчора жыта, і ржышча з торбамі саломы, і два камбайны, што пазней дакончаць учарашняе, і сад з «сілпымі» яблынямі ў бульбе. Восем градусаў. Росна. Азяблыя вяргіні і драбнейшыя, але вышэйшыя,

для нас і для самой гаспадыні безымянныя кветкі, бледна-ружовыя, у якіх учора, у апошнім сонцы, працавалі пчолы, чым я палюбаваўся на ганку зблізку.

Р. абураецца ў пісьме, перадаючы мне пачутую на аўтобусным прыпынку ў Карэлічах гутарку двух «інтэлігентаў»:

«Кто теперь не ворует? А тот, кто не ворует, тот грабит свою семью».

«Хачу, каб балела, хачу, каб балела...» Так паўтараў я ў душы калісьці, перад якім-небудзь болем. Скажам, у дантыста.

І да смерці так ставіцца? Будзе лягчэй?

Карандашная ці чарнільная рыса на чыстай паперы, на полі кнігі ці часопіса – як гэта хораша, вельмі па-свойму адчуваецца ў прыродзе. Нават калі ты не ў лесе, не па траве, а калі прырода так вось – за сонечным акном.

Пысін усё-такі памёр [33].

Ад гэтай весткі – другой, канчатковай – уражанне такое, як быццам уся наша паэзія патроху памірае. Адзін за адным. А хто ж застаецца?..

Захацелася штосьці рабіць. Каб не спазніцца. Аднак чытаў далей. Нa выбар – раздзелы з купленых учора ўспамінаў Дастаеўскага Потым – жнівеньскі пумар «Полымя». Танкавы вершы, дзе роздум, яшчэ сталейшы, і спеласць, яшчэ ўсё ранейшая. Пасля, напрасткі перабрыўшы цераз вялізнае празаічнае поле, раптам – Пысін. Як развітанне!..

У вершы пра Сурначова я спачатку яшчэ раз светла адчуў даўняе, лясное ўраяіанне ад паэзіі, з якою доўга не сустракаўся: «Ля хаціны тваёй сасновай...» Штосьці сапраўднае, як і ад першага для мяне, таксама ў партызанах, верша Куляшова: «А як след тваіх ботаў пабачу – пацалую яго і, як баба старая, заплачу...»

У канцы таго верша пра Сурначова – так коратка і так многа – пра Мележа, Барадуліна і мяне.

Абняў бы цябе, Алёша, ды ўжо не абніму...

*

Чалавечкі мае цудоўныя. Волечка «танцуе» пад усялякую музыку. Апроч тое, што з праігрывальніка, калі яны сядзяць з бацькам на дыване адно перад адным і трасуцца ў нейкім арыентальным падабенстве танца, яна можа і хоча танцаваць пад шум бабулінай швейнай машыны, нават пад кавамолку і электрабрытву. А Міхась, у гасцях, любіць паесці. Суп спачатку лыжкай, а потым місачкай дапіў і не пасмеў, на жаль, як дома – надзець тую міску на галаву.

Успомнілася, пішучы гэта, як Пысін не застаўся на канцэрце пасля ўрачыстай часткі юбілейнага вечара Зарыцкага, дзе ён выступаў з дакладам (са сшытка чытаў), а на маё недаўменне сказаў:

– Да ўнукаў хочацца.

Яны ў яго не ў Магілёве, а тут. А дзед бываў у Мінску не надта часта.

*

За два дні – успаміны А. Цвятаевай. Спачатку залішне расчуленыя над мінулым, малалецтвам і пачаткам маладосці, залішне захопленыя «бабскай» дробязнасцю і сямейным самалюбаваннем, а потым, чым далей, то ўсё больш сур'ёзна.

Закончыў апоўначы, «бяздумна» парушаючы хатні рэжым такім штодзённым тут чытаннем – лежачы, пры святле [34]

*

З бойкай, амаль мужчынскай суровасцю, нейкім нават пракураным баском яна пра кагосьці сказала: «Он свои мысли выковыривает из зада». Сталічная пісьменніца, у Доме творчасці, «ничтоже сумняшася», што гаворыць такое дзвюм іншым жанчынам, а чуюць не адны яны. Можа, гэта і справядліва было сказана, аднак я – вось ужо больш за дзесяць гадоў,– сустрэўшы ў друку імя гэтай пісьменніцы, успамінаю перш за ўсё той басок і... чытаць яе не хочацца.

А тут яна, у новай газетнай публікацыі, дала яшчэ і партрэт. Зусім пад жаночую кволасць, пяшчотнасць, з вялікімі завушніцамі, у пераможны профіль колішняй маладосці. Не бярэ.

*

Наша Зямля ў сусвеце, і канвеер мноста знаёмых і блізкіх, якіх нядаўна, даўно і яшчэ даўней не стала, і тых, што прыйдуць – пры мне, пасля мяне... Самыя блізкія, адзіныя. На нешта ж некаму яно патрэбна?! Калі казаць пра гэта найпрасцей. Пытанні, над якімі біліся вялікія, з якіх найбліжэйшы Леў Мікалаевіч. Пытанні, якія і мяне пачалі хваляваць, як цяпер, здалёк паглядзіш, вельмі рана.

*

Перад маім акном на шостым паверсе, у кронах соснаў і шматфарбных клёнаў – цагляная вежа старога, запушчанага касцёла. Спічасты дах і крыж – трохі вышэй за маё акно. А ноччу, пад раніцу, калі яшчэ цёмна, там, дзе касцёл, блішчыць толькі зыркі, бяссонны агеньчык, вартуючы нейкі архіў.

*

Удзень па тэлевізары – пісьмы з многіх краін супраць нейтроннага шаленства.

З пісьма французскай маці:

«Загінуць нашы дзеці, а застануцца іхнія цацкі!..»

*

Выйшаў у 8.15, пазней, чым заўсёды, бо нарэшце добра паспаў.

Імгла. Пад дрэвамі здаецца, што дождж пачынаецца або канчаецца, а гэта з лісця на лісце ападаюць цёплыя кроплі дажджу.

Над шырокай і ў абодва бакі бясконцай паласой пустога пляжа і над ціхім морам нізкі туман. У мора, модна кажучы, поўны рэлакс,– толькі размеранае, як подыхі, прыхлёбванне. І зусім нечаканае – медузы на самым краёчку вады. Невялікія, ружаватыя, падобныя да сыраежак.

*

Крытык Ігар Дзядкоў у пасляслоўі да аднатомніка Віталія Сёміна цытуе аўтара:

«Он умел думать против себя. Правильным для него было совсем не то, что приятнее и легче».

Грунтоўнасць, глыбіня, сумленнасць – гэта ў Сёміна адчуваецца. Трэба яго прачытаць усяго, з тым томам выдавецкіх рэцэнзій, які, здаецца, павінен выйсці, а мо ўжо і выйшаў.

І як шкада, што наша з ім дружба, якая выпадкова і хораша пачалася ў маі семдзесят шостага, так хутка і нечакана абарвалася.

*

Гартаючы адзін з тамоў «60 лет советской поэзии», мінаю многае, як нецікавае, прыблізнае, сухое ды глухое чаргаванне таго, што з многіх моў нацменшасцей не даносіць, а толькі рэгіструе так званы пераклад з падрадкоўніка.

Потым – Рыльскі. Пасля Тычыны спыніўся на ім.

Колькі ж было Максіму Тадэевічу ў пяцьдзесят восьмым, калі ён гасцяваў у нас на Свіцязі? Толькі шэсцьдзесят тры! А ў маі пяцьдзесят трэцяга, калі ён сустракаў пашу дэлегацыю ў кіеўскім аэрапорце і ўзяў нас я Вялюгіным у сваю машыну, упершыню наблізіўшыся ўважліва ды прыязна? Яшчэ па пяць год менш. Як дзіўна і як прыемна глядзецца ў такое люстра, прымервацца ўзростам да ўзросту. Чамусьці без суму, з адчуваннем абавязку, думаючы, а ці так ты наводзіш сябе – і наогул, і ў адносінах з маладзейшымі.

...І нікуды не дзенешся ад таго, што – па Талстому – «стихи тогда лишь хороши, когда они очень хороши». Запісваю пасля добрага верша Барыса Алейніка «Память о матери».

...З усіх бакоў аднагодкі дый маладзейшыя нагадваюць, што ты ўжо стары.

Падумаў гэта, чытаючы верш Гафура Гуляма «К нам приезжайте погостить, друзья». Я пазнаёміўся з Гафурам у канцы сорак сёмага года, вяртаючыся з Таджыкістана. Тады яму было толькі... сорак чатыры. У Ташкенце ён прыйшоў у наш вагон і «в приливе нежных чувств» памяняўся з Ніліным галаўнымі ўборамі: даў госцю сваю цюбецейку, а забраў яго парыжскі капялюш. Павел Піліпавіч доўга стагнаў пасля ад такога абмену, а развітваючыся з Гафурам, запрашаў: «Будешь в Москве – милости прошу. Жена зарежет стакан чая»...

Добра гэта ў Гафура, па-ўсходняму:

Я растопил в чернильнице звезду,

чтоб написать лучистые стихи.

...Зульфія.


Госці таджыкскага з'езда пісьменнікаў, тады ж, у снежні сорак сёмага, пасля заключнага прыёму, у падораных нам халатах і цюбецейках, на досвітку, яшчэ не нагаварыўшыся, мы, некалькі мужчын, гулялі на садзе дачнага пасёлка, дзе жылі, і падышлі да акна таго доміка, дзе ўжо напэўна ж адпачывала яна, Зульфія. Нілін, Лукніцкі, Вялюгін, Кірэенка, я – мы затаіліся над дрэвам, а Барадзін пачаў, усходнім стылем, прасіцца:

– О Зульфия, о лучезарная звезда великолепного Ташкента! Яви свой светлый лик твоим рабам, открой!..

І далей, і больш. А яна на ўсё гэта спакойна адказвала з ашклёнай цемры:

– Сергей Петрович, идите, пожалуйста, спать.

А ёй было тады трыццаць два, і было гэта праз тры гады пасля трагічнай смерці яе мужа, Хаміда Алімджана, якому яна, аўдавеўшы, пісала гэтыя – сёння чытаю – словы:

Горжусь, что ты писал при мне.

Пусть каждая строка твоя

Давно завещана стране,

не первой слушала их я.



*

Учора ўвечары, у аўтобусе з Карэліч.

Салідны, відаць, талковы дзядзька з-пад Шчорсаў:

– Ну, няхай ужо мужчыны п'юць. А то ж і жэнскі персанал шатнуўся. Ды яшчэ як! Прыйшоў чалавек дахаты, а баба на печы нежывая. Адна бутэлька ляжыць каля яе пустая, а другая стаіць недапітая. Сем бабаў ужо адправілі ад алкаголю лячыцца. Адной зашылі ампулу.

Бог мой – якая культурнасць: і ў вёсцы ўжо ампулы, у жанчын!..

Вясёлая, дабрадушная Т., загадчыца сельмага, расказвае:

– ...Чувашку з арміі прывёз. Красівая, але неакуратная. І вельмі ж п'е. Іду я з работы, а яна сядзіць на лаўцы і галава ўжо целяпаецца. «Галя, хадзем дадому»,– кажу ёй, а яна як пачала мяне церабіць... Ой, і мужчына не кожны такое скажа! Бабы ёй: «Галя, ты на каго гэта?» – «На яе». І зноў мяне чысціць! А потым, як працверазілася, дык сустрэцца саромеецца, на чужы двор з вуліцы, калі я іду...

Маладзенькія хлопцы, студэнты. Ужо ў Карэлічах відно было, што п'яныя, а яшчэ і ў Міры, і ў Стоўбцах, і ў Дзяржынску выходзілі на прыпынках і прыносілі, што пападалася. Накрыўку тую зубамі здзярэ, набулькае шклянку, а то і з бутэлькі, вып'юць новую рату і ляжаць на задніх месцах моўчкі.

Успомніўся – каторы ўжо раз? – год сорак сёмы ці сорак восьмы, магазін у драўлянай развалюсе на камароўскай развілцы, якое ўжо даўно няма, гастраном ці, хутчэй, карчма. Праезджыя шафёры (тады гэта не так каралася), спыніўшыся калонай грузавікоў, п'юць гарэлку піўнымі кухлямі. Хлапчук, можа, і не шафёр яшчэ, а стажор, якому так хочацца і так нялёгка тут выглядаць дарослым. Паўкухля яшчэ педапіта, а ногі ўжо не стаяць, а вочы так расчулена, захоплена атарапелыя, толькі ўсміхаецца, слухаючы гром старэйшых.

Учарашнія хлапчукі – ужо з поўнай кваліфікацыяй...

Якое гэта шчасце – у каго цвярозы сын.

*

Калі ён заціхаў побач са мной, соладка пераходзячы на соннае дыханне, я ўпершыню пазваў яго Светлячком.

І ўспомніўся Сяржант [35], высакародны Рафаіл Іванавіч – у такім жа становішчы дзеда-нянькі. Жыва ўявілася, як ён сказаў бы, смеючыся, пра сябе: што дзед заснуў раней за ўнука.

Скупое праяўленне радасці ў чалавека, які сумленна прайшоў жыццё, зведаў мноства пакут і нялёгкай працы.

А ён жа і памёр як адбываючы яшчэ адно выпрабаванне. Адзін у даччыной кватэры, на той час без унука (ці без унучкі, не памятаю),– стала дрэнна, устаў па лякарства, упаў... Так і знайшлі яго на падлозе, вярнуўшыся з працы – мёртвага.

Што ж, у апошні момант кожны allein [36]

І Мележ успомніўся. Ён папрасіў вады, а пакуль тая нянька ці сястра прынесла – вада ўжо была не патрэбна.

*

Учора ноччу не дапісаў да таго allein і пра Якуба,– яшчэ адно празаічна, страшна рэальнае [37].

Пагаварыць пра яго паперы: што з іх не павінна застацца, толькі ў сям'і. І ў выдавецтве прапанаваць сваю дапамогу.

Усе нашы дачы, машыны...

...І самому так мужна падрыхтавацца да адыходу. Пакінуўшы толькі патрэбнае.

*

Учора не дапісаў:

Вечнае недаўменне: няўжо гэта толькі так – пажыў, памёр, і ўсё?..

А сёння хочацца дадаць:

Ідэалізм не змог растлумачыць гэта, і матэрыялізм таксама не растлумачвае. Нібыта ясна, аднак – далёка не ўсё!..

*

Успомніў бедную хаціну на Гомельшчыне, у нашым падарожжы семдзесят першага года [38].

Старэнькая маці і старая, гарбатая дачка. Дачка ўпрыгожыла хату: абклеіла газетамі, а па газетах намалявала квачом мноства вялікіх, зіркатых кветак, як па-дзіцячы «прыдуманых». Не памятаю ўжо, хто ў іх сям'і закатаваны фашыстамі, у якім неверагодным горы яны, маці з дачкой, ратаваліся, як засталіся. Проста мне раптам і жыва ўявілася, як на парозе гэтай хаціны нехта – а можа, і сам я – зарыдаў. Ад крыўды за такое чалавечае жыццё...

*

Пазаўчора здаў Якубаў рукапіс. Толькі ім жыў гэтыя паўтара месяца.

Здам у архіў усё, што ў мяне з яго спадчыны. І буду лічыць, што для яго зрабіў усё магчымае? Не. Аднак не ведаю яшчэ, ці напішу штосьці большае за прадмову, ці толькі буду згадваць яго, як ужо згадваў, пішучы пра іншых,– скажам, пра Адамовіча,– або ў запісах.

...Выйшаў і пяты том. І, дзякуй богу, ёсць адчуванне, што яшчэ не ўсё, што трэба наладжвацца на новае.


1982

Чытаю ўспаміны пра Зошчанку. І яго нібы адкрываючы, і некаторых з тых, што пішуць пра яго, здзіўляючыся, колькі ў нас літаратараў – было і ёсць – малавядомых, а занятых вялікай справай сумленна і талкова.

Упершыню чытаў яго па-польску, школьнікам, апавяданне, якое цяпер пазнаў у двухтомніку,– «Собачий нюх».

Трэба яго пачытаць як найбольш, з ваенным «Октябрем» уключна.

Успомнілася, што Дзіма расказваў у сорак шостым годзе, вярнуўшыся з Куршчыны. Нехта хаміў у вагоне камусьці безабароннаму, другі нехта сказаў, што «такого в газете пропесочить бы», а той, што хаміў: «Пиши, пиши! Один уже дописался!..» І ўсім было зразумела, што гота – пра Зошчанку...

*

Учора ўвечары, вяртаючыся з Ленай Шырмянкай з Дома мастацтва, дзе мы невялікім гуртам адзначалі дзевяностагоддзе Рыгора Раманавіча, успаміналі Якуба.

– Я малая была яшчэ, пад сталом сядзела, калі бацька, вярнуўшыся з гімназіі, расказваў маме, як гэта Астроўскі з паліцыяй разганяў гімназістаў. «Як ён так мог! Ён іх, дзяцей! Ён растаптаў Міско!..» А дзён праз два я ўбачыла на вуліцы Якуба, убегла дадому, крычу ад радасці: «Міско жывы! Міско не растаптаны!»

Памаўчалі. А потым яна – зноў пра Якуба:

– Калі чалавеку самому дрэнна, дык ён робіцца такі добры. Так ён апошнімі днямі гаварыў са мною...

*

Уранні сеў вычытваць пасля машынкі «Гномаў» [39] Прыемна чытаецца тое, што калісьці (так ужо даўно!) з прыемнасцю перакладалася.

«Вершы пераклалі Анатоль Вялюгін і Сяргей Дзяргай». Успомніў мілага, слаўнага Сярожу, і тое, як мы з Бярозкіным ездзілі наведаць яго дома, невылечна хворага. І паўлітра ўзялі вульгарнага, але ж і хораша пасядзелі вечар за чаркай і нейкай там халасцяцкай закуссю.

Няма ўжо іх...

*

Танклявы, вусаценькі, лысаваты. А выйшаў да раяля, сціпла стаў, заспяваў «Прощай, радость, жизнь моя...» – ператварыўся са сваім сакавітым, мяккім, адухоўленым барытонам. Пасля яшчэ і раманс Чайкоўскага. Закончыўшы яго, пакланіўся хлопец хораша і, пад ляскат апладысментаў, пайшоў на месца, сеў побач са сваёй, таксама маладой і сціплай, сяброўкай.

І мне прыемна стала, што яны абое, калі я пасля выступаў, засмяяліся весела там, дзе трэба было.

*

Прыкра гэта і небяспечна – інтэрв'ю. Ты гаворыш^ а ён ці яна запісвае абы-абы, расшыфроўвае потым не з магнітафона, а з блакнота, затым і сам ці сама, і іншыя, хто над імі, правяць... І ў выніку тое, што табе ўкладвае ў вусны той ён ці яна, месцамі просіцца назад.

*

Ужо не першы раз гляджу-слухаю па тэлевізары маладую спявачку, што ўваходзіць у моду. Млявым галаском самазакаханай пястункі яна выводзіць:

Матушка возьмет ведро,

молча принесет воды...

Не вытрываў: «Сама, жаробка, не прынесла б?»

А гэта ж, як даведаўся ўвечары, словы таленавітага Рубцова. Аднак жа ў песні яно блага: у такім маральным кантэксце.

*

Бучму ва «Украдзеным шчасці» бачыў я ў Мінску, у канцы саракавых ці ў пачатку пяцідзесятых.

Часта ўспамінаецца тая паўза, калі Мікола Задарожны, вярнуўшыся з лесу, пакуль распранацца – вымае з-за раменя сякеру. Цішыня – і на сцэне, і ў зале, а потым стук кінутай на лаву сякеры... Можа, гэта і няправільна па-сялянску, што кінутай, але майстэрства – сапраўднае.

Вось і цяпер [40] знайшоўшы ў купленым учора энцыклапедычным даведніку «Киів» пра Бучму, зноў пачуў тую цішыню і той стук кінутай на дошку сякеры,– знак адчаю ці толькі вялікага гора...

*

Колішняе выступленне на двух Цвіркавых вечарах, увядзенне мяне ў савет па літоўскай літаратуры, цяпер – запрашэнне ў Вільнюс і Анікшчай, на свята Венуоліса,– гэта абавязвае лепш ведаць літаратуру братняга народа.

Калі мы аглядалі з Зуёнкам Віленскі універсітэт пасля рэстаўрацыі, купіў том «Истории литовской литературы». Падумалася цяпер, што вось і буду чытаць яе, можа, з такім жа задавальненнем, як у свой час чытаў Кшыжаноўскага [41].

Анікшчай будзе ўспамінацца. Венуоліс і Білюнас, якога таксама трэба чытаць, а яшчэ ж і Баранаўскас з яго «Борам»... Зайздросна, як людзі шануюць сваё.

...Чытаючы гісторыю якой-небудзь літаратуры (цяпер – літоўскай), як быццам недаўмяваю, нават і з сумам, што літаратура калісьці пачыналася, а не была вечна...

*

Весела – а чаму весела? – успомніўся той лагойскі калгасны брыгадзір, што ўцякаў ад нас верхам, з пасёлачка ў пасёлачак, а мы, на «газіку», не маглі яго дагнаць: мы акружнымі дарогамі, ён па сцежках. Быў дзень выбараў у мясцовыя саветы, многа п'яных, і ён думаў, відаць, што яго ловіць нейкае начальства.

Таму і няма ў кнізе «Я з вогненнай вёскі...» расказа пра тое, як ён уратаваўся. Малы яшчэ тады. Старэйшы брат, што спаў з ім у каморы, выкліканы на расстрэл, адкінуў коўдру на малога – і так яго не заўважылі... Расказала пра гэта цвярозая цётка.

*

У «Советской культуре» пра Ю. Марцінкявічуса:

«Самым сильным и неодолимым соблазном для него был (и, к счастью, остался) труд – каждодневный и изнурительный... Трудолюбие и выдержка, основательность и немногословность».

Штосьці падобна было (у «Истории литовской литературы») сказана і пра І. Авіжуса.

Чаго не хапае мне.

*

Кніга, якую я хачу зрабіць, гэта па сутнасці адзін з варыянтаў таго, што я хацеў зрабіць у шасцідзесятых («Я іду»), і таго, што зрабіў (пяты том, «Сцежкі, дарогі, прастор»). Яшчэ адзін варыянт кнігі майго жыцця, майго бачання роднага.

*

Для Карэнинай у сямідзесятых гадах мінулага стагоддзя кінуцца пад цягнік было вельмі «сучасна». Скажам, як цяпер пад які-небудзь... ледзь не касмічны карабель.

А вечнае пры гэтым застаецца вечным – і ўчора, і сёння, і заўтра.

*

На вечары Галубка, любуючыся ігрой цымбалістак і імі самімі, раптам успомніў адну Мішыну карціну. Аднекуль ён капіраваў (ці не Паленава?), сам даючы колеры, як Хрыстос ідзе з вучнямі палявой дарогай, зрываючы і расціраючы каласы. (Дарэчы, і Мішына прывычка.) Карціна гэтая сваё ўжо аджыла, гадоў сорак павісеўшы ў сваяцкай хаце, пад канец свайго існавання выглядаючы даволі марна. А вось жа выбліснула ў намяці золатам жыта, блакітам неба, нашым юнацтвам... Я тады яму пазіраваў – рукамі, калі прадзьмухваецца расцёрты колас.

*

Добра гэта – народнае, свежае, скрамнаватае слова – і ў жыцці, і ў літаратуры.

Аднак вось ужо некалькі дзён з памяці не выходзіць п'яная, дзікая лаянка мужчын на вуліцы сучаснага сяла, якую ніяк не назавеш інакш, як толькі хамствам, цемрай...

*

Ка мне ў госці з прывітаннем шчырым

І з песнямі калгаснікі прыйшлі...


Далей тут просіцца рыфма «сырам». За даўнасцю гадоў і думалася, што сярод тых пачастункаў, якія госці прынеслі, быў і сыр, на які – у маім успаміне-ўяўленні – і націскаў неяк амаль урачыста Валя Таўлай.

Праверыў па кнізе. Сыру няма. Ён у іншым месцы («Як у госці сын прыехаў»):

Частавала белым сырам,

Хлебам сітным, мёдам пчолім...


Значыцца, з сырам памяць мяне не падвяла – ён быў, і ён нам добра бачыўся ў тыя галодныя пасляваенныя дні.

*

З самага ранку прычапілася мелодыя песні «Пайшоў Ясь наш на лужок» у выкананні аркестра пад кіраўніцтвам Жыновіча.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю