355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Янка Брыль » Сёння і памяць » Текст книги (страница 12)
Сёння і памяць
  • Текст добавлен: 3 декабря 2017, 08:00

Текст книги "Сёння і памяць"


Автор книги: Янка Брыль



сообщить о нарушении

Текущая страница: 12 (всего у книги 16 страниц)

Калі ўжо бэрсаць далей, дык – у сувязі з неабходнай нашаму брату дакладнасцю,– панюхаўшы капу, успомніў абмеркаванне «Пушчы» Віці Карамазава: як студэнты-леснікі (у тэхналагічным інстытуце) паправілі яго,– ласі, аказваецца, сена не ядуць, а ён ім настаўляў (на паперы) стажкоў.

...Дануся соладка спіць, а на дроце, дзе ўчора сох яе купальнічак, павук сплёў, падвесіў цудоўную сетку. А на ганачку, каля збуялага бульбоўніку і адной яркай вяргіні, цярпліва сумуе пярэсты сябар – каток, якому яна выносіць малако.

Гаспадыня здзіўлялася, як пяшчотна Грыша развітваўся з Данусяй. А ўчора, калі мы гулялі ў карты і Света прытулілася да яе, яна – нібы між іншым – пацалавала далоньку малое, што ляжала на загарэлай, ад працы моцнай, поўнай мамінай руцэ.

«...Ён якраз снедаць садзіўся. Наліў чарку гарэлкі, выпіў і пачаў есці».

Пры Польшчы ў нас гаварылі пра старога К., які з гаспадаркі і з працэнтаў за даўгі сабраў «шмат золата»: «Без чаркі есці не сядзе. А чай п'е з шакаладнымі цукеркамі». Падлетку-ўнуку мужчыны з усёй каравасцю тлумачылі, чаго толькі не хапае для поўнага шчасця ягонаму дзеду-ўдаўцу...

Цяпер той узровень шчасця, пра які пераважная большасць магла толькі марыць, дасягнуты і перасягнуты ўсімі, хто гэтага хоча. Маласельская крама, напрыклад, прадае ў сярэднім чатыры скрынкі гарэлкі і віна за дзень. З праблемы п'янства вырастае другая праблема – дэбілы...

...Чытаю Хайноўскага.

Успомнілася, як я збіраў матэрыял для «Граніцы», шукаючы ў Ленінскай бібліятэцы, у фондзе Урублеўскіх у Вільні, у архівах Гродна, Брэста, у Слонімскім музеі, у Маладзечне... Наколькі лягчэй усё такое праходзіла б сёння. А што я меў бы, каб не шукаў, дзе мог, а чакаў? Не «Граніцу» маючы на ўвазе, а ўсё, што ў мяне звязана з даваенным часам.

...Ляснікоў сын: «Грыбоў у гэтым годзе мала, бо, старыя людзі казалі, зорак на куццю не было». Няхай наіўна, але ж паэзія.

*

Да таго, чым кончыў папярэдні запіс, учора, позна ўвечары хацелася дадаць пачутае ад С.: «Маці мая тыя разы казала: на Барыса – сцеражыся». Снапоў у гэты дзень (сёння) не вазілі, каб не было пажару. Зноў жа тут уражвае не «цемра», а народная любоў да слова.

...Дзед з бабай маглі сабе ўчора ныць і ледзь не сварыцца з нуды, у парна-душна-хмарны дзень, а ў Данусі дзень гэты быў такі змястоўны. Пайшла па чабор, а там, на ячменным полі, да лесу яшчэ не дайшоўшы, атрымала цудоўнае запрашэнне: праехацца са Светай у кабіне грузавіка з ячменем ад камбайна ажно ў Любна – пяць кіламетраў полем і лесам. Шафёр, добры і вясёлы чалавек, яшчэ і «морсам з мёду» напаіў іх, сустрэўшы тую цётку, што везла камбайнерам абед. А такое: адзін дзядзька сядзеў у кузаве, на ячмені, і, калі праязджалі ў вёсцы пад вішнямі, застукаў па кабіне: «Стой, вішаньку сарву!..» І такое: вясёлы дзядзька-брыгадзір пытаўся ў Данусі, як ёй тут з дзедам і бабай жывецца, хто яе тата і мама, і прачытаў ёй Броўкаў верш «Пахне чабор»,– не ўвесь, вядома, а трохі. І сказаў, што гэтага паэта ўжо няма, памёр.

Напішы апавяданне – будзе сентыментальна, асабліва калі па радыё якая-небудзь «цёця» дадасць сюды і свайго яшчэ соладу.

...Паснедаўшы, буду дачытваць Жукроўскага [10] шукаючы цікавага для кнігі маіх любімых апавяданняў, якую ўсё-такі зраблю, колькі ўжо разоў ні заракаўся займацца перакладамі. Зраблю тым больш, што палавіна кнігі ўжо зроблена.

*

Перапіска Леаніда Першамайскага з Мікалаем Чукоўскім нагадала – як сумнае дакрананне гісторыі – 1965 год, ліпень у Кактэбелі, калі я амаль штодня бачыў Чукоўскага-сыпа, зусім не ведаючы яго як пісьменніка і чалавека, а таксама і 1969 год нагадала, верасень у Ерэване, калі я пазнаёміўся з Першамайскім і мы нават трохі зблізіліся, абмяняўшыся кнігамі – «Дзікі мёд» і «Жменя сонечных промняў»,– а потым і пісьмамі пра кнігі.

*

Учора быў на Ваганькаўскім і пастаяць каля яго магілы даўжэй... проста не змог. Знаёмае па іншых блізкіх адчуванне,– ён, у гэтым выпадку Дзіма [11], не тут.

*

Калі мы пазаўчора ехалі з Прагі сюды [12] любуючыся культурнымі палямі, падумаў і сказаў: «Вось чаму мне так сумна бывала часамі ў Крынічным, як там ні хораша,– няма руху ў вялікай прасторы, няма новага-повага-новага, да чаго я прывык, многа

ездзячы калісьці дома і за мяжой».

*

Тут, блізка ад Баварыі, месца дзеяння другой палавіны майго рамана, добра думаецца пра яго, як пра маё сапраўднае. Што думалася і дома, калі чытаў карэктуру.

*

Пасля чэшскіх апавяданняў бяруся за зусім невядомага Сараяна, і здаецца, што гэта будзе падобна да працы, вучобы... (Пішу і з'едліва думаецца: добра хавацца за зробленае іншымі?)

Арменія маленькая, а колькі людзей за межамі так добра працуе на яе славу. І ў гэтым сіла народа.

А беларусы здаўна ішлі з дому толькі ўзбагачаць іншых.

...М., калі мы абедалі і я сказаў, што чытаю Сараяна, расказала, як ён гасцяваў у Празе. Далі яму зацішны гатэль, каб старога нішто не трывожыла, а потым яна даведалася, што на мосце каля гатэля вакол Сараяпа сабраўся натоўп. Стары сам расказаў ёй, што гэта немцы з ФРГ папрасілі яго папазіраваць ім перад кінаапаратам, бо ў яго... «вельмі характэрнае аблічча чэшскага селяніна».

Так бы свабодна пісаць, як ён піша!

«Мир слишком прекрасен для смерти. Слишком благодатен для убийства. Дышать – это радостно, видеть – так чудесно. Люди не должны убивать друг друга. Они должны ждать, пока бог возьмет каждого в положенный срок».

Часамі, у апавяданнях, ён бачыцца неглыбокім, толькі добрым, людскім, светлым. Аднак жа, дзе яна, большая глыбіня, чым у апошнім, працытаваным вышэй, абзацы яго рамана? [13]

*

«Niebo w płomieniach» [14], пасляслоўе:

«Што ні скажаш пра генія, пра шырыню інтэлекту або сілу ўяўлення пісьменніка, ён, таксама як і кожны чалавек, асуджаны на пажыццёвае зняволенне ў сваім свеце і ніколі не высунецца за ягоныя межы. У гэтым сэнсе кожны твор, найбольш безасабісты, будзе ўрыўкам аўтабіяграфіі».

І там жа пра шчырасць:

«Пісьменнік, які ўсведамляе ўсю сур'ёзнасць свайго прызвання, не зможа адрачыся ад яе за любую цану. Зрэшты, сапраўдны мастак нават не зможа гэтага зрабіць.

*

Великолепный Тургенев («Стук... Стук... Стук!..», «После смерти», «Вешние воды» і іншае), з такім вось, у «Вешних водах», «прарочым» выказваннем:

«То было одно из многочисленных доморощенных произведений, в которых начитанные (а ў нас і не начытаныя ў добрым сэнсе слова), не бездарные авторы отборным (і далека не адборным), не мертвенным языком, прилежно, не неуклюже проводили какую-нибудь «глубокую» или «животрепещущую» идею, представляли так называемый трагический конфликт и наводили скуку... азиатскую, как бывает азиатская холера».

Учора, з Парандоўскага, выпісваў-перакладаў «на ўсякі выпадак», «на патрэбу», а сёння гэта – як быццам толькі для задавальнення.

Дождж зноў і зноў шуміць, гамоніць за нашымі балконнымі дзвярмі, і як ні напрыкрыла ўжо такое надвор'е, як ні шкодзіць яно і тут (учора па тэле перадавалі, што 50 % збажыны яшчэ стаіць), залюбаваўся з нашай верхатуры (чацвёрты паверх, а віла на гары), як на зялёную яміну горада, з мноствам высокіх рознакаляровых вілаў-санаторыяў і жылых дамоў, з нізкіх хмараў да зямлі рухома прашывае дождж.

Падумаў, што варта запісаць, з якой цеплынёй думаў днямі пра тое, як я люблю сваю справу «і ў такім аспекце»: старонкі кнігі, табой напісанай,– з задумы, з пакут, з чарнавікоў – стройная, чыстая, жывая...

Зноў Тургенеў, «Пунін і Бабурын». Як хороша чытаецца.

І ўспамінаецца той Прус, «Grzechy dzieciństwa» [15] які будзе беларускай кнігай.

Ці запісаў дзе-небудзь, што Бэнда, гроза дваццатых – трыццатых гадоў, сказаў мне ў сорак сёмым, на калідоры «ЛіМа»: «На каком языке вы пишете? Я до вас доберусь!..» А мог жа і дабрацца, каб я пачаў друкавацца раней. Пасля мы з ім сутыкнуліся на вузкай сцежцы, у пяцьдзесят восьмым, калі ён рэдагаваў мяне ў Ленінградзе. Я саштурхнуў яго з той сцежкі, а ён, сустрэўшыся пасля ў Мінску, да агіды здзівіў мяне сваім: «Чем еще порадуете читателя?» Хоць і гаварыў перад гэтым, у Ленінградзе, што я – «от, начинающий писатель»...

*

Цудоўная паездка з Вацлавам [16] у Хэб і ў Мар'яньске Лазне (зусім на подступах да Байдана [17]). Сонечная краса Судэтаў. Наведанне яго дваюраднага брата ў саўгасным пасёлку. На кніжнай паліцы (у адным з пяці пакояў – у трактарыста!), побач з Ірасекам, Дзюма, Дастаеўскім – Караткевіч. Таксама па-чэшску, у перакладзе Вацлава.

Едучы адтуль, з пасёлка далей, весела ўспамінаў Бранеўскага, з якім у Валодзі ёсць падобнае ў характарах.

Уладзіслаў, спыніўшыся познім вечарам каля вясковай карчмы, заказаў сабе літр гарэлкі і яечню з трыццаці двух яек, сеў, выпіў адзін кілішак, з'еў адно яйка, расплаціўся за ўсё, з «чаявымі», галантна падзякаваў і паехаў далей.

А наш Валодзя пачаставаў у маскоўскім рэстаране вялікую групу незнаёмых неграў – на ўсе грошы ў першы дзень камандзіроўкі,– «хай ведаюць, што такое Беларусь!..».

*

Прышвін («Кащеева цепь»):

«Знаю очень хорошо, что если бы я вслух сказал среди поэтов и художников о каком-то поведении, то все бы смеялись. Я это знаю и таю про себя мысль о том, что в художественном произведении есть какое-то настоящее творческое поведение».

У пачатку пяцьдзесят першага года я слухаў яго на нарадзе маладых пісьменнікаў, ён гаварыў там пра «поведение» і – ніхто не смяяўся. Не памятаю, ці я тады добра яго разумеў, аднак сутнасць гэтага, чым далей, то ўсё больш і мая таксама.

І далей у яго:

«Грибоедов чудесно сказал: «Пишу, как живу, и живу, как пишу».

...Мне бы хотелось понимать форму свободного труда, как об этом говорит Грибоедов, а творческое поведение я понимаю как усилие в поисках своего места в общем человеческом деле и как долг в этом общем деле оставаться самим собой».

*

Прага.

Старадаўнія яўрэйскія могілкі, на якіх ужо дзвесце год не хаваюць. Камень пры камені, вусцішная бібліятэка з «кніг» на безнадзейна невядомай мове, яшчэ па-новаму memento morі.

Хто тут асмельваецца гаварыць пра вечнасць?..

Толькі б маленькі ўдзел у вечнай справе. У гэтым і сапраўдная сучаснасць.

...Чэшскі стол, мангольская гарэлка і – дзякуючы мілай гаспадыні, вопытнай кітаістцы – дакрананне да Кітая, другой, да сцішнаты бяздоннай вечнасці.

Ці дойдзем мы калі-небудзь да сапраўднай агульналюдскай еднасці? У кожнага свой горб гісторыі, таго, што называецца нацыяналізмам. А яшчэ ж і новы, ды такі вялізны, мех развязаны – Афрыка!..

*

На адным з нашых з'ездаў ці пленумаў К. пачуў, як другі К., маскоўскі, казаў камусьці, што беларуская літаратура – «детский лепет». Расказваў мне наш таварыш пра гэта абурана, а я вось, чытаючы А. Лебедзева пра Грыбаедава, думаю, што ёсць не толькі «Горе от ума», адзін з твораў вялікай рускай літаратуры, але ж і многа глыбокіх даследаванняў пра яго. І як гэта, на жаль, пакуль што аб'ектыўна правільна – пра «детский лепет», і нічога тут няма абразлівага.

*

Думаў учора, што трэба будзе перачытаць Караткевіча, якога я чытаў найбольш у першых рукапісных варыянтах. І гэта па-свойму гаворыць мне пра яго значнасць. У нейкай залежнасці ад яго юбілею.

*

Зноў жалобнае развітанне, па тэлевізары [18]

Каля труны Пятра Міронавіча, у галавах, стаяць яго жонка, партызанскі лекар, а сёння прыбітая горам жанчына, і брат яго, прыгорблены, сівы генерал. Калісьці расонскія юнакі, яны, браты Машэравы, далёка не адразу пасля вайны знайшлі, дзе пахавана іх маці, расстраляная за сыноў, партызана і франтавіка, і, як расказвалі іх землякі, убачылі, што косці рук яе звязаны калючым дротам...

Дождж, дождж на могілках, а потым, зусім нечакана, пасля ўсяго, на тэлеэкране – пад яго маладую, прыгожую ўсмешку на жалобным партрэце, над процьмай вянкоў і букетаў – развітальны лёгкі і чоткі праход воінскага ганаровага эскорта,– моладзь пад гукі вясёлага, непераможнага марша.

Як быццам сам ён, Пётр Міронавіч, сваёй усмешкай гаворыць, што ёсць і вышэйшае, трывалейшае за смерць.

*

Сярод тых зборнікаў апавяданняў, што прысланы мне на выбар у польскую анталогію, нейкі зусім незнаёмы К. У апавяданні яго – верасень трыццаць дзевятага. Уланы апынуліся паміж нямецкім наступленнем і нашым вызваленчым паходам. А тут яшчэ супраць уланаў, добра знаёмых мясцоваму насельніцтву па славутых «пацыфікацыях» [19], выступілі і сяляне-ўкраінцы. «Шаржа»-атака на гэтых безабаронных людзей,– штосьці з «Агнём і мечам». І як было там, у Сянкевіча,– «чэрнь», «морда», так і тут: «З каменным, адутлаватым тварам палкоўнік свіснуў шпіцрутэнам па мужыцкай мордзе». А потым яшчэ і шакалам назваў. А вышэй, калі ідзе тая, ледзь не легендарная атака: «Пазбаўленыя ініцыятывы, атуманеныя нацыяналістычнымі лозунгамі мужыкі заўважылі атаку, але было ўжо запозна на абарону і на ўцёкі. Тых, што ўцякалі палямі, уланы секлі шаблямі, даганяючы. Тых, што пахаваліся ў равах, бралі на пікі...»

Такое выдаецца ў сямідзесятым годзе. Трымаецца на смярдзючым «гістарызме». Як і два «дыскусійныя» артыкулы ў «Kulturze» пра Дырлевангера XVII стагоддзя, «гразу казацтва» Ярэму Вішнявецкага,– вялікія, з «вялікай эрудыцыяй» напісаныя артыкулы, у якіх ані крышку сучаснага разумення гісторыі.

Учора з цікавасцю чытаў даклад на пленуме ПАРП, з квінтэсенцыяй у адным сказе: «Трыццаціпяцімільённы народ ніхто не возьме на сваё ўтрыманне». Якая складанасць там у іх, і як моцна акумулюеце гэты народ сваімі спрадвечнымі недахопамі і сам, і пры шчодрай дапамозе «сяброў»...

К., пасля прачытання закінуты на антрэсолі, так муляў гэтымі днямі, што я яго зняў, нарэшце, адтуль, каб запісаць. Як пра штосьці ў значнай меры не прыватнае, а характэрнае для спраў шырэйшых і глыбейшых.

*

Дачытаў лебедзеўскага «Грыбаедава». Прачытаў (каторы ўжо раз!) лермантаўскае «Памяти А. И. Одоевского», з цудоўным заключным радком, што так заўсёды хваляваў мяне:

...А море Черное шумит не умолкая.

І ўспомнілася нядаўняя сустрэча з Кайсынам Куліевым. От сабе, так сабе маё пытанне: «Как там Эльбрус?» І ягоны, таксама так сабе, адказ: «Сияет и ждет тебя!» А ўспамінаецца прыемна.

*

У мінскім аэрапорце – твары, прыкметы, біяграфіі злачынцаў, якіх шукае міліцыя. Сярод маладых крымінальнікаў – зладзеяў, забойцаў, растратчыкаў і аферыстак – фотаздымак, як з таго свету, таксама чалавека, якому ўжо за семдзесят шэсць гадоў і якога яшчэ ўсё шукаюць на нашай неабсяжнасці. Каб не проста затрымаць, а яшчэ і доўга «расколваць» ды судзіць за нешта страшнае, можа, жахлівае, што ён рабіў у дні фашысцкай акупацыі.

Перад партрэтам гэтай агіднай старасці ўспамінаў (а можа, цяпер, запісваючы, успамінаю), як у Карлавых Варах, зусім побач з ФРГ, думаў, наколькі гэта балюча наша, унутраная справа – усе тыя, што супрацоўнічалі з ворагам... [20]

*

Няўжо заўсёды будзе так: «адзін пішу, два запамінаю»? Колькі ўжо яго, такога «запамінаю», пайшло ў нябыт, ідзе туды і будзе ісці!..

*

Неяк дзіўна быць з сабою сам-насам, аднаму, як быццам я да гэтага не прывык. Стала рабочага, пісьмовага няма. Нешта курортна-вузкае, каля сцяны, з шуфлядамі, з тэлевізарам збоку і з вялікім люстрам на сцяне. Пішу і няёмка: нібы хтосьці за мной назірае. А гэта я сам, і мне самому, аднаму ў пакоі, смешна і няёмка...

*

Толькі прачнуўся (у сне гладзіў аўчарку) – адразу шчодра чарпануў самога сябе найгоршага і – хоць вый... А жыць жа трэба. І ніколі не ўведаеш на ўсю глыбіню, ці і другія, каго ты паважаеш, таксама горкія бываюць кожны сам сабе?..

*

А ўдар, апошні ўдар сямітоннай махіны ў жалезны лоб яшчэ цяжэйшай, узаемны ўдар сучаснай, так «неабходнай» нам вялікай хуткасці – зноў і зноў вяртаецца да мяне... [21]

*

За морам, за горамі, стэпамі і лясамі ёсць дзяўчынка, якой споўнілася дзесяць год, і з усіх падарункаў, якія яна атрымала, найбольш радасці ёй прынесла новая клетка з вясёлымі папугайчыкамі.

Пра гэта мне хораша было думаць учора, калі пазваніў дахаты і даведаўся, што ўсе нашы былі ў Данусі.

А днямі, убачыўшы на тэлеэкране поўненькага, вясёлага немаўлёнка, сказаў: «Падумаеш! І ў нас ёсць недзе такія шчокі». Гэта – пра Міхася, які ўсё больш ды больш ачалавечваецца.

Добра, калі ёсць такія «дробязі».

*

Ніна [22] ўчора па тэлефоне сказала: дурны, што працую. А я яшчэ і грызу сябе трохі, што не сваё раблю, а перакладаю.

Устаўшы ад стала, каб ісці на снеданне, успомніў N., які калісьці, забраўшыся ў вежу нясвіжскага замка, напісаў за месяц адпачынку даўжэзную «лезэдраму», тры ці чатыры апавяданні, цыкл вершаў, а потым, каб не выбіцца з рабочага настрою, яшчэ перапісаў (ад рукі, прыгожым дробным почыркам) шэсць нумароў газеты – ад першага і да апошняга слова ці лічбы...

Так рагатаў калісьці Х., і сам ніколі не гультай.

Нядрэнна і я працаваў у тым самым замку ў лістападзе шэсцьдзесят шостага. «Ты жывеш», «Шэрань», «Думкі звычайныя», дапрацоўка «Апошняй сустрэчы» і «На Быстранцы», запісы... Больш бы такога! Каб жыццё было поўнае зместу, каб не было тугі і сораму, што злёгку ўсё точаць ды точаць.

*

Падвечар, слухаючы мора, зноў успомніў Машэрава,– як ён тут, летась і пазалетась, кожнай раніцы пралятаў на водных лыжах. І да сумнага «не паляціць», нібы ўжо стомлена, нібы ад чалавечай мудрасці падумалася: колькі пад гэтай сонечнай, гаманлівай вадой трагічна схавалася без пары... Ну, хоць бы каля Малой зямлі, дзе, як нам з Дзімам расказваў інвалід, удзельнік тых баёў, на штурм ішлі камсамольскія часці і крыкі «мама» перакрывалі кулямётна-гарматны агонь...

*

Добра відаць чужыя памылкі. Стары Гаўрук спяшаўся перакладаць балады Шылера, а тое, што за яго ніхто не зробіць – успаміны пра Гарэцкага – усё адкладаў...

*

Раскоша чытання,– гэта ўсё-такі Герман Кант з яго «Остановкой в пути», раманам, які спачатку трохі дакучаў сваёй «нямецкай» грунтоўнасцю, а потым так, нарэшце, узяў, што я адчуў даўно знаёмы, шчаслівы «запой».

*

Чартова [23] – пра бацьку, пра сваё маленства. Хораша, мудра – з дыстанцыі. І тое, як брат-рэаліст пайшоў з белымі,– праўда, з якою ёй больш не трэба хавацца.

Калісьці, у пачатку пяцідзесятых, я знаёміўся з гэтай жанчынай, нічога ў яе не ведаў, лічыў нават «з маладым размахам», што от сабе старая – каля выдавецтва, то рэцэнзуючы рукапісы, то перакладаючы па славутых падрадкоўніках. А цяпер – з павагай і ўдзячнасцю прачытаў. Ціхае шчасце «общения» з людзьмі і часам, якія і сапраўды не павінны былі пайсці ў нябыт.

Двойчы Талстой: «прожил жизнь – расскажи» і другое: «и у малых писателей бывают вещи значительные» (штосьці так). Не ад старасці, не ад слабасці, не ад няздзейсненых надзей, а ад сапраўднай сталасці думаецца пра тое, што літаратуру робяць не толькі вялікія, што найбольш трывалае шчасце – у сумленным выконванні абавязку.

*

«Адхіленні ў чалавечнасць».

Адно з іх успомнілася,– у выступленні Фадзеева, здаецца, на з'ездзе ў пяцьдзесят чацвёртым годзе. Пра хлопца з яго юнацтва, паповіча, якому жылося нясоладка. Ці правяраў я гэта ў кнізе пра той з'езд? Можа, пачысцілі тое адхіленне ў парадку «карыснага» ў многіх выпадках скарачэння стэнаграмы? А то і сам ён «разумна» зняў, як гэта ў нас часта рабілася і робіцца? «Правільна гэта, добра, але цяпер не трэба». А калі будзе трэба?

*

За балконам майго трэцяга паверха, за кронамі грады высокіх і яшчэ зялёных дрэў – мора і неба. Днямі, з акна нашага «мацэсцінскага» аўтобуса ледзь не радасна ўбачыў многа невялікіх белых ветразяў і ўспомніў маё юнацкае, салдацкае, з Гдыні:

... Ветразі лодак рыбацкіх сям-там, Быццам капусныя спяць матылі...

А цяпер у сіняй воддалі відаць белыя дзяжкі глісераў,– меншыя, нерухомыя, і даўнейшыя, з пенаю за кармой.

Ні я купацца, ні загараць, ні на рыбалку... Сумная мудрасць рэжыму, асцярогі. І работа. Нічога тут не параіш, калі трэба выбіраць, лічыцца з магчымасцямі. Хопіць і таго, што можна.

*

Сустрэлася Блокава: «У поэта нет карьеры – у него есть судьба».

Думаў днямі і зноў вось думаю, колькі я за апошнія дзесяць – пятнаццаць год рабіў на шкоду сам сабе, можа, і не заўсёды вельмі абавязкова, аднак, як здавалася ў той час, такога, а не іншага таму, што інакш я не мог.

*

А. Эйнштэйн:

«...Моя религиозность состоит в смиренном восхищении безмерно величественным духом, который приоткрывается нам в том немногом, что мы, с нашей слабой и скоропреходящей способностью понимания, постигаем в окружающей действительности. Нравственность имеет громадное значение для нас, а не для бога.

...Люди моего склада считают мораль чисто земным делом, хотя и наиболее важным в области человеческих отношений».

*

«З 1300 даваенных ксяндзоў 248 актыўна супрацоўнічалі з фашысцкімі акупантамі, а яшчэ 250 – з буржуазна-нацыяналістычным падполлем і яго ўзброенымі бандамі, сярод верхаводаў якіх, дарэчы, было больш за 50 ксяндзоў».

Гаворка – пра ксяндзоў літоўскіх. А мне ўспомніўся сонечны Гюстраў і пані З., што гаварыла мне там, якую выдатную гістарычную ролю ў захаванні нацыянальнага духу іграў у гады больш чым векавой няволі і разарванасці Польшчы польскі касцёл...

Мы, беларусы, можам гаварыць пра яго з іншага боку,– пра магутную і жывучую сілу асіміляцыі гэтым касцёлам нашага народа, ад чаго нейкая частка землякоў і яшчэ ўсё ніяк не ачухаецца.

*

Яшчэ раз пра аўтабіяграфічнасць.

І. Ганчароў («Лучше поздно, чем никогда»):

«Что не выросло и не созрело во мне самом, чем я сам не жил, то недоступно моему перу: я писал свою жизнь и то, что к пей пристало».

*

Учора глядзеў тэлефільм па «Нісо» П. Лукніцкага, і ў сцэне, дзе таджыкскі і рускі юнакі селі вячэраць (маці таджыка корміць іх), паўтарылася адчуванне, якое варта перажыць, запомніць і выказаць – для збліжэння людзей, так, як яны тут збліжаюцца, гэтыя чыстыя, гатовыя на ўсё добрае, закліканыя на гэта рэвалюцыяй юнакі.

Што перажывае малады таджык, ад душы частуючы рускага, чым хата багата,– і заробленай цяжкаю працай, і такой незвычайнай для далёкага госця, і беднай ядой, якой не трэба саромецца, а ўсё ж... Усё ж так хацелася б, каб госцю спадабалася!

Не абышлося тут у мяне і без сына: праз яго прапусціў і гэтага таджыка, і абодвух хлопцаў з іх прыгожай дружбай.

*

Узяўся за Б'ёрнсана, падахвочаны словамі Л. Талстога, працытаванымі ў прадмове: «Он во всем верен себе, искренне любит добро и потому имеет что сказать и говорит сильно. И я все, что он пишет, читаю и люблю, и его самого тоже». Трэба такія рэкамендацыі, каб лепш арыентавацца. Трэба такая далёкая пераклічка сапраўднага. І Нарвегія прыгадалася, і запісаць пра ўражанне захацелася.

Чытаю (у аповесці «Арне»), як ён – малады, да трыццаці – апісвае прыроду, персаніфікуючы яе, нібы ў казцы, і ўжо не ўпершыню апошнімі месяцамі (ці гадамі?) падумаў:

Няўжо тады, калі ўжо будзе позна на ўсё, я і сапраўды заплачу, што зрабіў значна менш, чым мог бы?..

...Трэба расказваць людзям пра свой народ.

Сапраўдныя, калі яны не думалі так, дык адчувалі такі абавязак падсвядома.

...«В душе каждого человека живет дитя – вечно юное, нежное существо, готовое и играть, и плакать, и вот его-то мы и должны в себе убить, чтобы «подготовиться к жизни», или как это там называется? Нет, говорю я, тысячу раз нет! Именно это существо мы и обязаны сохранить в своей душе, иначе для чего же оно нам дано?»

Проза яго, пры знешнім падабенстве сітуацый (усе ў аповесцях шчасліва жэняцца) і пратэстанцкай сентыментальнасці, цікавая, праўдзівая, высакародная. А драмы чытаюцца нават як быццам яшчэ цікавей. Паэзія (тут, можа, вінаваты пераклад) даходзіць не так, без прозы і п'ес яна не зрабіла б уражання, не дала б мне яшчэ аднаго цудоўнага знаёмства.

*

Для бацькі жонка – можа быць і гэтая, магла б і не гэтая быць, а для сына маці – адна. Якая гэта трагедыя – чыстаму юнаку, які хацеў бы і бацьку любіць, шанаваць, прыйшлося кінуцца да яго з адчайным крыкам: «Не смей біць маму!..» Балюча адчуў гэта як сітуацыю. Але не так, відаць, моцна адчуў, каб сесці пісаць,– адразу думка: і такое было ўжо ў літаратуры...

*

Юбілей сатырыка. Напал сатырычнай славы – і ў выступаючых, і ў самога юбіляра – амаль да поўнай страты адчування гумару.

*

Стары настаўнік, светлы чалавек, расказваючы пра нядрэннага, прагрэсіўнага пана ў іхняй аколіцы, зусім сур'ёзна падкрэсліваючы гэта, гаворыць: «Ён выводзіў свой род ажно ад Данілы Галіцкага». І ў адказ яму я спытаўся, зусім па-сучаснаму абыякава: «Ну і што?»

У семдзесят пятым годзе ў Кракаве з гарадской газеты ў гасцініцу прыйшоў да мяне от сабе журналіст, каб узяць інтэрв'ю, і за чвэртку гадзіны разоў з пяток паўтарыў: «Естэм Б.!» «Естэм Б.!» Таксама хацелася сказаць: «Ну і што?»

Нават і ў камуніста Е. Путраманта, які свой шматтомны жыццяпіс пачаў з устанаўлення радавога герба, трэба было б, з яшчэ большым падтэкстам, спытацца: «Ну і што?»

*

На думкі такія трэба белы дзень і штодзённы канвеер, бо ноччу думаць пра ўсё гэта – цяжка...

*

«Гедунгенэ кадэйшым» – гэта ў яўрэяў той, хто адпявае нябожчыка, плача або чытае над ім – наняты.

Старэнькая маці ціхага N. так гаворыць пра некаторых, што выступаюць па тэлевізары.

*

Мележ з усмешкай расказваў мне незадоўга да смерці, як ён здаваў бандэроль і маладая, незнаёмая паштарка зрабіла яму заўвагу:

– Мозырь надо писать с мягким знаком.

– Гэта ў мяне па-беларуску.

– Ну и что же? Все равно с мягким знаком.

І паставіла знак сама.


1981

Чытаючы казку Паўстоўскага «Цёплы хлеб», ад яго абаяльнай прастаты, ці што, успомніў, як я ў пачатку трыццаць трэцяга года апісваў ад'езд нашага Колі [24] ў войска. Яго апошні дзень дома. Як на небе, да сонца, была зара, як снег рыпеў ад марозу. Пакуль дайшоў я да галоўнага, да гора нашай сям'і. Пра зару і пра снег пісаў з хваляваннем, якое цяпер вось паўтарылася ўспамінам. Смак і краса прастаты. І, відаць, прадчуванне творчага шчасця ў будучыні.

*

Няўжо ў гэтым ёсць заканамернасць, што я – каторы ўжо раз! – прыдрамнуўшы прыцемкам у крэсле і прачнуўшыся, здзівіўся ад думкі, што я – чалавек, асоба, нейкі згустак, аднекуль узяўся і некуды пайду, а пакуль што павінен рабіць штосьці з як найбольшым, найглыбейшым сэнсам?..

*

Да выступлення па вечары Мележа рыхтаваўся сур'ёзна, аднак не напісаў яго, а гаварыў «па тэзісах».

Горкі: «Много сердца – лучшее средство писать хорошо». «Людзі на балоце» і трымаюцца на аўтаравай сардэчнасці, любові да роднай зямлі, да чалавека, да справядлівасці.

Мележ – сам пра сябе: «Няпроста, няроўна ішла дарога...» Да поспеху з «Людзьмі на балоце» яму, на працягу гадоў, нялёгка было шукаць самога сябе, свайго запаветнага. І пасля заслужанага поспеху было не лягчэй. Можа, нават цяжэй, бо, па-першае, узмацнілася адчуванне адказнасці і, па-другое, не было ўжо маладосці з яе ўпэўненасцю, што хопіць часу і сілы на ўсё.

Не трэба сёння ў юбілейным экстазе або звышлагоднасці забывацца, што і ў Мележа былі не толькі ўдачы. Ён і сам гэта ведаў. Інакш не дапрацоўваў бы бясконца свой «Мінскі напрамак», супакоіўся б на тым поспеху, што раман гэты меў. А былі ж яшчэ спробы ў драматургіі...

Адносныя няўдачы былі нават у Талстога («Семейное счастье», «Нигилист») і ў Дастаеўскага (успомнім спачатку захапленне, а потым рэзкую крытыку Бялінскага) – у самых вялікіх і маналітных пісьменнікаў.

...Мы, літаратары, па прыродзе сваёй самотнікі. Мы ўмеем знаходзіць шчасце ў сваёй самотнасці, мы нікуды не можам падзецца ад нашага болю, нашага роздуму, нашых сумненняў. Цяжка? І не паскардзішся, бо нехта можа спакойна сказаць: «Цяжка – пакінь». Дарэчы, так і раіў суровы Талстой. Справа ў тым, што і пакінуць нельга, нельга стаць раптам не самім сабой.

...Колькі сяброў адышло беззваротна! Мележ, Куляшоў, Дзяргай... І мы цяпер думаем горка, што не паспелі чамусьці, а то як быццам і не змаглі сказаць ім тое, чаго яны заслужылі.

Тое, што мы гаворым сёння пра Мелелна – гэта ўжо не для яго гаворыцца, ён ужо не суцешыцца цяплом нашай шчырасці. Гэта мы гаворым для саміх сябе і для тых, якія прыйдуць пасля і па-свойму паўтораць тое, што мы гаворым пра значнасць зробленага ім, пра сапраўднасць яго як пісьменніка.

...Ад смеху ў зале пасля непрыдуманага анекдота пра «на втором месте» я не сказаў, як думаў раней, што не пра другое, не пра пяцьсот другое месца «пасля Пушкіна» трэба было думаць і думалася тады, у пачатку нашай дарогі, а пра месца сваё, да якога было яшчэ так далёка. Зрэшты, здаецца, я і гэта неяк сказаў. А не сказаў таго, што трэба было, відаць, сказаць:

Не чапайце ўжо толькі Купалу і Коласа, бо хто ж вас упаўнаважыў саджаць, рассаджваць каля іх ды паміж імі новых класікаў. Тым больш што і тут выразна бачыцца меркантыльны разлік: Мележ побач з Купалам і Коласам, а я – побач або зусім побач з Мележам... Словам, і маладосці ў нас зашмат, і правінцыялізму.

*

Слухаючы спецыялістаў па хіміі, думаў: «Каб я запомніў усё, што чуў на ўсіх тых вялікіх заводах, дзе быў, дык быў бы вельмі разумны». Галоўнае – ведаць сваё, заўсёды і ўсюды вучыцца бачыць усё. Адчуванне павагі да тых, што ведаюць і працуюць – гэта было ў мяне заўсёды. На такім фоне бачыш, правяраеш сябе – ці тое, што трэба, ці на ўсю сілу робіш сваё.

...Які агромністы апарат, як многа моладзі ў розных камандзіроўках, як многа ў нас людзей, што не працуюць або «працуюць», не робячы галоўнага, неабходнага. Колькі б адпала правяральшчыкаў, каб людзі працавалі хоць больш-менш сумленна.

...Калі мы выйшлі з грандыёзнага ды мудронага цэха, падумаў, што якраз цяпер – па ўсёй рэспубліцы – ідзе тэлеперадача пра маю работу. Адчуванне законнай гордасці, патрэбнасці? Ці, можа, штосьці ад жадання апраўдацца?.. [25]

*

«За ім кабыла Мышатка з танканогім жарабём ляніва члапае па сівым, пытляваным пыле палявой дарогі». Гэта калісьці – пытляваны пыл – у «Маім земляку» смакаваў незабыўны Валя Таўлай.

Успомніў – чытаючы карэктуру.

*

Дастаеўскі («Дневник писателя», 1873):

«Выше всего ценя разум, науку и реализм, он (Бялінскі.– Я. Б.) в то же время понимал глубже всех, что один разум, наука и реализм могут создать лишь муравейник, а не социальную «гармонию», в которой бы можно было ужиться человеку. Он знал, что основа всему – начала нравственные».

Як гэта сучасна праз сотню з гакам гадоў! Днямі адзін разумны старшыня калгаса, выступаючы па тэлебачанні, гаварыў, што ў нас ва ўсіх ёсць усё, каб быць заможнымі, не хапае толькі самага простага – сумленнай працы.

*

Доктар філалогіі з Адэскага універсітэта, разам са мной у гасцях у кіеўскага доктара філалогіі. Ветліва пытаецца ў мяне:

– Ваше справжне призвішчэ Панченко?

Дружба народаў – дружба літаратур...

*

Улетку сорак пятага года Таўлай расказваў, як на абедзе ў Купаліхі выпадковы госць – Бэнда ўсё даводзіў ёй, што ён ужо не той, зусім не той, які быў перад вайною. А яна, гасцінная і адкрытая цётка Уладзя:

– От еш. Сабака быў, сабака і застаўся, але еш!

*

Даволі часта апошнім часам успамінаю восень трыццаць восьмага года,– Мюнхен, Чэхаславакію, той страх і смутак... Успомнілася, што ў апавяданні «Кулікі», якое загінула, не проста кулікі на водмелі, да якіх я падпоўз, якіх назіраў,– не толькі гэтая радасць, а іменна як кантраст да мірнай красы прыроды, той страх і смутак перад зусім магчымым пачаткам вайны.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю