355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Янка Брыль » Вітраж » Текст книги (страница 7)
Вітраж
  • Текст добавлен: 1 декабря 2017, 13:30

Текст книги "Вітраж"


Автор книги: Янка Брыль



сообщить о нарушении

Текущая страница: 7 (всего у книги 9 страниц)

Што да Жаромскага, дык я яму ўдзячны не толькі за тое, што «Сізіфава праца» была калісьці, у школьныя гады, адной з маіх любімых кніг. На цэлую чвэртку стагоддзя пазней, перачытаўшы гэтую рэч, я жыва зацікавіўся адным маім юнацкім рукапісам i дапісаў, перапісаў яго, «Сірочы хлеб», з думкай пра тое самае, што i ў Жаромскага, але пайшоўшы, як мне здалося, далей. У яго быў гнеў, пратэст супраць нацыянальнага прыгнёту, a ў мяне было i вышэйшае: дружба паміж сумленнымі палякамі i намі, хто быў прыгнечаны, але вучыўся i ўмеў распазнаваць, дзе прыгнятальнік, а дзе друг – у адным i тым самым народзе. Тут ужо многа зрабіў i час, у якім мы жывём, які нам падказвае такія думкі. I сёння, калі мы дзейсна думаем пра неабходнасць дружбы паміж нашымі народамі, як жа зношана, анахранічна, пачварна выглядае ён, той вялікадзяржаўны, узброены грубай магутнасцю шавінізм, які мог лічыць разумнай, нібыта патрэбнай рускаму народу, мерай – вынішчэнне ўсяго польскага, асіміляцыю народа з вялікай гісторыяй, навукай, культурай, цудоўнымі рэвалюцыйнымі традыцыямі сусветнага гучання. Гэта мне, як ніколі раней, прадметна ясна стала ў Келецкім музеі школьных гадоў Стэфана Жаромскага, дзе я пад шклом вітрыны ўбачыў «Элементарь» i «Польскую хрестоматию» – рускія, замест польскіх, падручнікі для... польскіх дзяцей, у самым сэрцы польскай краіны. Не дзіва, што ўсе намаганні лепшых сыноў польскага народа былі ў той час скіраваны на адно – на барацьбу з царызмам за незалежнасць. I дзіва, пашана да гэтых лепшых людзей, якія маглі над горам, над трагедыяй свайго народа ўздымацца да агульналюдскага, працаваць для нашай агульнай будучыні. У гэтым сэнсе, вышэйшым, я думаў іменна пра Жаромскага, аўтара «Попелу» i «Прадвесня», які пайшоў далей i глыбей за Сянкевіча.

Ад гэтых думак зямля Жаромскага, Кялеччына, асенняй красой якое мы любаваліся, была яшчэ прыгажэйшая. Мы не толькі маўчалі пра гэта,– i гаварылі таксама. Няхай нібы ўскосна, намёкамі, аднак... Словам, мы адчувалі, што дружым, што ёсць нам у імя чаго дружыць, што дружбе гэтай не трэба гучных слоў, казённых дэкларацый.

Бо ў нас было яшчэ адно, што праясняла, паглыбляла наша свята. Мы гаварылі пра партызан, келецкіх i беларускіх, да слаўных спраў якіх мы мелі пэўнае дачыненне. Яжджыньскі i Папер паказвалі мясціны, звязаныя з перамогамі i пакутамі. А каля помніка партызанам, ужо на подступах да Свентакшыскіх гор, пакрытых вечнай зелянінай хвойніку i восеньскай стракатасцю золата i чырвані, мы пастаялі ў немнагаслоўнай задуме. Тры партызаны, лічачы i мяне: удзельнік варшаўскага паўстання, потым вязень канцлагера Мацей Канановіч; намеснік Веслава Яжджыньскага па выдавецтве – Тадэвуш Яскула, ардэнаносны, не раз паранены салдат дывізіі імя Касцюшкі; Ева Астроўская, жонка Веслава, пісьменніца i адзін з нашых спрытных, нястомных шафёраў; сціплая, мілая Гражына, сацыёлаг i любімая Мацеева дачка.

Веслаў меўся яшчэ раз дастаць сваю пукатую бутлю шатландскага віскі, якую мы пачалі ў росным ранішнім лесе, на мяжы цудоўнай Кялецкай зямлі, аднак у глыбінным Мацеевым партфелі, дзе жывуць звычайна рукапісы i кнігі, цудам знайшлася яго летняя знаёмая па Беларусі – наша «белавежская». Гэта таксама здалося нам маленькім, але значным сімвалам.

Дзякую, сонечны польскі дзень, што ты мне шчодра дазволіў глядзець з-пад гэтага помніка на поўнач, на размах неабсяжнай даліны, пяшчотна прыкрытай смугою, засеенай словам Жаромскага, народнай песняй непераможнасці!..

Дзякую, цёмны i так звычайна, проста, як i дома, таямнічы лес,– за ціхі звон тваіх крынічак, якія i мы, «бязбожнікі», называлі цудадзейнымі, смакуючы халодную, крыштальную ваду i згадваючы тых, што прыходзілі i яшчэ ўсё прыходзяць сюды, у горны гушчар, палячыцца ад непаладкаў i горычы!..

Дзякую i табе, імклівы «Фіят», што птушкай, паслухмянай Евіным далікатным рукам, лунаў па серпантине горнай дарогі туды, дзе на вяршыні кляштар-турма «Святы крыж», на варотах якое ўжо разбураных, калісьці быў надпіс: «Ідзі з богам i не вяртайся!..»

З богам ішлі сюды не толькі багамольцы. З імем яго ішоў сюды канвой, спачатку царскі, потым санацыйны. Дарога, якая сёння легка сцелецца пад гумавыя скаты, тады са звонам – доўга, паволі – падмяталася кайданамі. А на прасторы зялёных хрыбтоў i засмужаных далін арлы глядзелі адгэтуль праз краты...

Я думаю пра тых,. што былі тут асноўнымі вязнямі,– пра змагароў рэвалюцыйнага падполля. Палякі. Украінцы. Беларусы. Некаторых я ведаў, пра некаторых трохі пісаў. Некаторым пацісну руку, як вярнуся дахаты. I раскажу, што быў тут, i яшчэ паслухаю...

Справы мінулыя. Сённяшні дзень – гэта той, пра які яны марылі, за які змагаліся i пакутавалі. Дзень гэты – наш, дарагія сябры, мы адказваем за яго.

1970

СЦЕЖКІ, ДАРОГІ, ПРАСТОР

Хвалі i сосны

З акна тралейбуса Сімферопаль – Ялта відаць ляжачыя вярблюды нізкіх гораў, на некаторых з ix – пасадкі сасонак; вялікі шэры вадаём, з берага якога блакітныя лодкі п'юць, уткнуўшыся, ваду; разлітая па каменні рачулка, шуму якое сюды не чутно; блакітна-белыя, свежапафарбаваныя домікі i гатовыя да цвіцення сады сяла Лазавое... Адкрыты ўзгорак над далінаю i – нечаканая радасць сустрэчы – бюст маладога Льва Мікалаевіча. Героя Севастопаля i, што яшчэ важней, аўтара «Севастопальскіх апавяданняў». Ён тут калісьці бываў. Дый застаўся i тут назаўсёды.


* * *

Мокры ранак пасля начнога дажджу. Другая палавіна сакавіка, а нават i крымская вясна яшчэ ўсё толькі хоча пачацца. Адзін міндаль цвіце, нібы па малалецтву забягаючы наперад. Над усім пануюць вечнай зелянінай кіпарысы, кедры, каменныя дубы. На бязлістым голлі i вецці дрэў i кустоў, нізка над сцежкай, безліч крыштальна-сярэбраных кропель. Нібыта белы дробненькі цвет. Чуваць першыя для мяне сёлета берасцянкі, як быццам зноў абноўлены пераклік пеўняў, яшчэ нейкае цвірканне – клопат i радасць.

Хадзіў i спыняўся, прагна дыхаў, доўга глядзеў.

На поўначы – яшчэ ўсё вышэй ды вышэй пнуцца горы, пакрытыя лесам, кустамі, зрэдку жыллём. Трэба будзе туды дабрацца, як найвышэй. На поўдні – за паркам, за садамі, за дахамі Ялты,– мора... Маяк i мол. Поўзаюць судны. Учора пад вечар, пры першай сустрэчы, адчуў яго, мора, нібы наогул упершыню, як штосьці такое, у што можна быць закаханым, як штосьці неабходнае для нашага жыцця таксама, як зямля. Сёння, калі глядзеў на яго зверху, здалёк,– успомнілася, паўтарылася тое самае адчуванне. Нават, здаецца, з блізкім, няўяўным пахам i шумам.

Дзякуй тым, хто прадбачліва захаваў для нас i звычайныя, вельмі як быццам звычайныя словы вялікіх.

Гледзячы зверху на порт, успомніў (кім жа гэта запісана?), як Чэхаў калісьці вяртаўся аднекуль морам, знаёмы насільшчык-татарын пабег па пірсе, апярэджваючы ўсіх, каб узяць рэчы Антона Паўлавіча, a паліцзйскі аблаяў i ўдарыў татарина. Дзве фразы, вечныя, калі вечнай будзе літаратура:

«Ты не меня ударил, ты его ударил!»

Гэта сказаў насільшчык.

A Чэхаў – паліцэйскаму, па-свойму ціха:

«Как вам не стыдно!..»


* * *

Пасля вячэры i кіно хадзіў, неспадзявана дайшоў аж да мора, паслухаў плёскат памяркоўнай сёння хвалі. А перад гэтым стаяў у садзе, па-нашаму, па-раўніннаму кажучы,– не на ўзгорку, а на гары, зверху глядзеў на таямнічыя, нібы спрадвечныя кіпарысы, на мноства агнёў паміж імі.

Падумалася пра рэчы, якія перажываюць людзей, сваіх гаспадароў.

У доме Чэхава, гледзячы на стары, сёння ўжо нават пацешны тэлефон таго часу, успомніў, неяк зусім нечакана, светла адчуў, як гэты апарат калісьці, амаль семдзесят гадоў таму назад, перадаў сюды, у чысценькі, сціплы кабінет, голас Талстога – з недалёкага дома ў той самай Ялце – Чэхаву. Некалькі слоў. Проста пра тое, што ён, Леў Мікалаевіч, вельмі любіць яго.

Вожа мой – толькі пра тое!..

У вечных, строга i змрочна таямнічых кіпарысах думалася i аб тым, што чалавек i пісьменнік, якога пяшчотна любіў сам Талстой, што Чэхаў, якога чытаюць на мностве моў i любяць на ўсіх кантынентах, быў i няшчасны, быў i самотны i, паміраючы, два апошнія словы сказаў чамусьці не на роднай мове.

I сапраўды – чаму «Ich sterbe»? [5] Таму, што гэта было ў Германіі, што лекар быў немец, што i жонка была «немочка моя добрая»?..

Сёння я ўпершыню, здаецца, спыніўся на гэтых словах. Сёння мне, як ніколі, сумна i неяк нават... нібы радасна ад таго, што яны былі сказаны так, як былі,– проста чамусьці так, не інакш. Сказаны не па-руску тым, хто быў – зноў жа як гаварыў Талстой – вельмі i вельмі рускі. I чалавек i пісьменнік. Хто – разам з тым – так натуральна належыць усяму чалавецтву.


* * *

Неба над морам, па-вясковаму кажучы, падкасалася – ясная паласа паміж цяжкай, жалезна-шэрай вадой i непрыветнай зацяжжу хмараў. Над самым вадзяным даляглядам – града воблакаў, падобная на горны снегавы хрыбет, светлы, зманліва прывабны. Кліча кудысьці далека, у нейкі цудоўны, сонечны Басфор, дзе я нібыта быў ужо, a ўсё яшчэ здаецца, што буду... Над воблачным хрыбтом – пяшчотнасць чыстага блакіту, якога мы тут ненармальна даўно не бачым.

А з гораў, што высока за нашым домам, дзьме паўночны, бязлітасны вецер.

За ашклёнымі дзвярыма, за мураваным парапетам балкона шумяць i стусінамі гнуцца-гайдаюцца кіпарысы. I гэта так незвычайна, ненатуральна. Нібыта адчайна шумяць i калышуцца... навагоднія елкі, якія хтосьці матлошыць, па-хуліганску здзекуючыся з ix прыгожай, урачыстай самавітасці.

Ix, кіпарысы, робіць падобнымі на елкі мноства шышак, што павыядрываліся на густой, дробненькай зеляніне, як цацкі-шарыкі, хоць i не звонкія, аднастайна падобныя, але прыгожыя i прымацаваныя вельмі надзейна.

Учора даволі-такі доўга блукаў паміж крыжоў, пірамідак, дрэў i кустоў, па камяністых сцежках i бетонных прыступках, па мокрай ад патайных крынічак траве. Шукаў магілу Багдановіча. Пытаться пра яе i зноў, не пачуўшы патрэбнага слова, хадзіў то зверху ўніз, то зноў уверх, то ўпоперак тары...

А потым неяк раптам, нібы нечакана, пазнаў камень з ужо невыразным, прымшэлым ды зацёртым нягодамі надпісам – сціплы помнік, выгляд якога мне памятаецца ад першага наведання, больш за дваццаць гадоў. Я стомлена, i радасна, i сумна выдыхнуў, успёршыся на пруты агароджы:

– Дык вось ты, голубе, дзе!..

I не здалося гэта ні сентыментальнасцю, ні панібрацтвам. Мне i любоў мая i гады дазваляюць. Зрэшты, сказалася неяк само.

Бо тут, у Ялце, i каля белага дома, дзе ён памёр, i на могілках, куды яго прывезлі пахавальныя дрогі, была ў мяне думка, было адчуванне, што ўсё такое ў жыцці адбываецца вельмі проста. Хворы хлопец прыехаў, хворы хлопец памёр – яшчэ адзін, не першы i не апошні,– i яго пахавалі. Нават, відаць, за кошт казны. I гэтае «вельмі проста» неяк па-асабліваму гаворыць мне пра яго, паэтаў, цудоўны пачатак, сумна, горка гаворыць пра тое, як многа гэты хлопец мог бы зрабіць, каб пажыў – вельмі проста – як многія, трохі даўжэй...


* * *

Позні поўдзень. Сонца i вецер. Мора i пасвятлела i разгаманілася. Зеленаватае, вясёлае. I разгайдалася яно, відаць, не па сваёй волі. Недзе далёка-далёка за даляглядам хтосьці магутны i мудры прыняў рашэнне атакаваць наш бераг, i мора, яшчэ ўранні спакойнае, не ведаючы той высокай задумы, але паслухмянае ёй, пачало. Аднастайна, але не надакучліва, як быццам злосна, але i весела, плешча-палошча i так ужо безліч разоў апаласканае каменне, накат за накатам, то чакана, то нечакана б'е ў сцяну набярэжнай, узвіваючы белапенныя букеты пырскаў.

Гоман мора i гоман агню – дзве дзівосныя з'явы хвалююць, зачароўваюць мяне ўсё жыццё, не паддаючыся ніякаму вытлумачэнню. Зноў вось успомніў, што люблю яго, мора, як i агонь, з маленства. Добра было калісьці, i сёння добра было б пасядзець перад поўнай вясёлага, прагнага полымя грубкай; добра бывала, i дай бог, каб i яшчэ неаднойчы было, каля сяброўскага вогнішча ў летняй роснай i шматгалосай начной глухамані надрэчнага лугу або прылеску!.. А мора? З ім пачалося мае існаванне. Пасля была разлука, цэлых семнаццаць гадоў, была іншая краса, іншая таямнічасць прыроды. А потым я, па-салдацку нагала астрыжаны, нібы спецыяльна абражаны, абяззброены такім чынам вясковы дзяцюк, нядаўна горды сваей свабодай, сваёй працай на полі i на паперы,– я апынуўся зноў над морам. Ужо не над Чорным, а над Балтыйскім. Аднак радасць мая, мае хваляванне былі не толькі самі сабой, але ж i ўспамінам далёкага, даўняга i няспыннага шуму, што вось прыйшоў, вярнуўся i гамоніць верна каля ног, атакуе душу маю шчасцем вялікай, магутнай, вечнай красы!..

Чайкі хвалююцца. Лятаюць, садзяцца на хвалях, уздымаюцца, зноў пікіруюць. У белакрылым палёце яны амаль зусім не крычаць, нібы ва ўрачыстым маўчанні. Што – прадчуваюць яшчэ большае хваляванне вады? Ці проста рады таксама?

Імклівая рачулка Учан-Су i сёння, як i заўсёды, робіць сваё. Марскія хвалі хвошчуць у бераг i там, дзе яна ўпадае, а рэчка цячэ, бурліць сабе пад ix – пасля доўгага падарожжа па камяністым i неспакойным рэчышчы, вунь адтуль ажно, з гораў. I гоман яе, як i гоман марскі, не часовае штосьці, а пастаяннае.

Бяжы, гамані, малайчына!


* * *

Хачу спяваць, як той, што на восліку едзе ды едзе па роўнай самотнай пустыні...

Мне далі іншы пакой: пасля цёмнага, непрыветнага – сонечны, на трэцім паверсе, з вялікімі ашклёнымі дзвярыма, праз якія зверху відаць i горад i мора. У мяне ўжо не цесная лоджыя ўнізе, a вялікі, адкрыты ў неба балкон. Кіпарысы цяпер – толькі трохі вышэй за мяне!

Днямі я запісаў у блакноце такую драбніцу.

Шышкі на кіпарысах – нібы кажушныя гузікі, вязаныя з ірхі, тоненькай скуры з пахвінаў, аскрэбенай начыста. Толькі што гузікі на кажухах не так густа панашываны, a кіпарыс нагадвае чалавека не ў кажусе, a ў нейкім форменным цёмна-зялёным i даўжэзным шынялі.

Параўнанне – чыста вясковае. Але i сёння мне дакучаюць гэтыя «гузікі», просяцца ў наша слова, хутчэй за ўсё ўпершыню.

За верхавінамі кіпарысаў, з-пад імглістага, бездалягляднага неба карабаціцца мякка-шэрымі хвалямі мора. Не шуміць i не пахне, вядома, ажно сюды – трэба ісці на бераг, як я хадзіў уранні, да снедання, як я пайду яшчэ i яшчэ.

Хачу спяваць пра ўсё, што бачу, што думаю...

Днямі купіў у кіёску над морам кнігу пра Назыма Хікмета. Калі i выпадкова, дык я, відаць, шчаслівы на такія выпадковасці. Не магу працаваць, хоць бы так, як учора ці пазаўчора. I ў галаве шуміць, i сэрца ные чагосьці, i ногі гудуць ад ялцінскіх крутых завулкаў ды сцяжынак. Прылёг сярод белага дня i чытаў. I ў тым, што пра Хікмета я чытаў іменна тут, над морам, за якім – яго таямнічая, вельмі мала вядомая мне краіна, той экзатычны Стамбул, які калісьці бачыў сяк-так i я, у гэтым было не толькі чытацкае шчасце, але i думка пра тое, што людзей у будучыні чакае вялікая радасць пазнавання народам народу, радасць той перабудовы, калі ўпадуць драты i муры ўсялякіх варожых перагародак.

Добра таму, хто працуе на гэтую радасць!

Успомніў, чытаючы, i дні мае вясковай маладосці, пах залатых аўсяных снапоў, на якіх я адпачываў з кнігаю вершаў Вагдановіча, калі нібы ўпершыню адкрываў для сябе яго асаблівую блізкасць да рускай літаратуры. Нават i праз сваяцтва з Горкім, праз смерць у чэхаўскай Ялце... Мала гэтага! Ён першы павёў наша слова на збліжэнне са скарбамі народаў свету, ён першы адчуў так моцна гэтую неабходнасць.

Таму i радасна мне, адлажыўшы кнігу пра першага з туркаў, што стаў мне блізкім, як мужны i светлы друг, зрабіць гэты запіс, яшчэ раз адчуць, што я хачу спяваць пра ўсё, але ж пра тое ўсё, чаму належыць будучыня.


* * *

Мора аціхла за ноч, спакойна i сыта прыхлёбвае каля берага. З-паміж хмар засвяціла сонца. I горы, на вяршынях яшчэ ўсё пакрытыя снегам, ярка палезлі з поўначы на горад...

На невялікім камені, які тырчыць сухою лысінай над булькатаннем рэчкі, што метраў праз пяць упадае ў мора, прысеў вясёлы верабей. I пасядзеў, каб я паепеў падумаць пра яго цудоўны мікрасвет – маленькі толькі для мяне. I гэты камень, i мноства падобных навокал, таксама cyxix i ўжо, відаць, нават цёплых ад сонца, i шум рачное быстрай, гаманлівай плыні, разасяроджанай на мноства патокаў у мностве сухога i мокрага камення, i жоўценькія, як куранячы пух, кветачкі на кізілавай галіне, што звісае чортведама як высока над вадою – ажно тры метры!..

Штосьці дзіцячае ў гэтым адчуванні. Па свежасці.

Верабей пырхнуў i паляцеў.

Так бы вось i лятаць, адчуваючы шчасце прастору, так бы вось i садзіцца на цёплых каменьчыках, бачыць вакол сябе многа вялікага, прыгожага i значнага, што камусьці здаецца малым, не вартым сур'ёзнай увагі.


* * *

Варанцоўскі палац у раскошным парку. З поўначы – скальныя горы, зубцы Ай-Петры, з поўдня – чароўнае мора. У пакоях палаца – цуды людское працы, умельства, натхнення, цярплівасці.

Што гэта – не летняя рэзідэнцыя аднаго з найбольшых магнатаў Расійскай імперыі i ўсяго свету, што гэта – не проста яшчэ адзін наш музей, a жахлівая памяць пра катаргу мноства таленавітых i безымянных сыноў працоўнага народу, я адчуў неяк асабліва ўрачыста. Ажно хацелася пазбіваць кепкі, а тым больш капелюшы з курортных галоў, якія i ў гэткіх месцах не адчуваюць урачыстага хвалявання.

Калі б не тая, скажам, шчаслівая выпадковасць, што Шаўчэнку выкупілі ў другога магната, быў бы яшчэ адзін безыменны геній. Колькі такіх імёнаў мы не ведаем! З некалькіх тысяч прыгонных умельцаў, што дваццаць год будавалі гэты палац, у архівах захавалася толькі трыста прозвішчаў. Ды i пра носьбітаў ix, пра людзей, лёс кожнага з якіх быў бы, на добры лад, сюжэтам гістарычнага рамана, мы ведаем вельмі мала i больш не будзем ведаць ніколі...

«Адзін з найбольшых магнатаў Расійскай імперыі i ўсяго свету». У ix быў свой, арыстакратычны інтэрнацыяналізм. Варанцовы жаніліся з Браніцкімі, радніліся сабе ў той час, калі Расія душыла свабоду Польшчы, a польскі народ збіраў ды нагнятаў сваю нянавісць да Расіі. Палац пабудаваны ў сгылі англійскага сярэдневякоўя, а на паўднёвым яго фасадзе, з «маўрытанскім» парталам, надпіс «Багацце – ад бога», выведзены арабскай вяззю. Карціны, скульптуры, габелены, шпалеры, мэбля, ліхтары, шкатулкі – усё тут зроблена майстрамі з розных краін. Парк разбіваў славуты нямецкі садоўнік. Сам Варанцоў, як сведчыць аўтар «Хаджы Мурата», быў чалавек рэдкай у той час еўрапейска адукацыі.

Калі не забывацца, што ў нас ужо больш за паўстагоддзе гаспадарыць тая пераважная большасць, якая была калісьці прыгнечаная, бяспраўная, калі прыгадаць, што яшчэ задоўга да Кастрычніка той самы Талстой (дарэчы, тут, у недалёкай Гаспры) пісаў, што народ Расіі «все более и более просвещается общим всему миру просвещением»,– дык сёння ў нас сапраўднай інтэлігенцыі, сапраўднай арыстакратыі духу яшчэ ўсё не надта многа. У параўнанні з разняволенымі магчымасцямі, улічваючы нашы гістарычныя, інтэрнацыяналісцкія мэты i задачы. Зашмат мяшчанства, якое лічыць сябе інтэлігенцыяй, зашмат звычайнага хамства, бяздумнага i ваяўнічага. Пралетарская радасць першых паслякастрычніцкіх дзён (усё – наша, народнае!) адышла са сваім часам у гісторыю. Цяпер нам такое свядомасці мала. Мы, сучаснікі, адказваем за тое, што зрабілі i што зробім мы, якую культуру пакінем нашчадкам – i створаную намі, i захаваную з пакінутага нам.


* * *

Гаспра.

Шатландскі замачак графіні Панінай ператвораны рэвалюцыяй у санаторый для матак з маленькімі дзецьмі.

У вялікім пакоі гульняў – партрэты i фотаздымкі Талстога. Эліпсаваты столік, на якім ён калісьці пісаў, ужо трохі прыпсаваны немузейным доглядам; на ім ляжаць надзіманыя рыбы i лялькi. Вясёлая i ветлая дзяўчына, выхавацелька, пусціла нас у гэты пакой, балазе малыя ўжо кончылі гульні i разыходзіліся па палатах, дамам.

Прыкра i крыўдна, што ні ў тыя пакоі, дзе працаваў, хварэў і, хварэючы, працаваў Леў Мікалаевіч, ні на веранду, дзе ён гутарыў з Чэхавым, з Горкім,– не пройдзеш. Ніхто не пусціць, бо гэта ўсё санаторый, i ніхто не ведае толкам, дзе тут ды што тут калісьці было. Так нам прынамсі сказалл, ужо не першым i не апошнім з тых, каго да гэтых вежаў над морам вядзе не пустая цікавасць.

Таксама, зрэшты, было i ў Гурзуфе, дзе мы дарма намагаліся прайсці ў дом Раеўскага, асвечаны імем Пушкіна. Таксама хтосьці адпачывае.

Дзіўна, што ні для Пушкіна, ні для Талстога мы тут не можам зрабіць што належыцца...

Астаецца галоўнае – ix слова, слова наогул, якое не толькі было спачатку, але ж будзе i да канца. Яно тут, са мною – зноў свежае, зноў нібы новае, цяпер – па-крымску.

Крым я павінен паглядзець не так – хоць бы з-за Пушкіна (Бахчысарай) i Талстога (Севастопаль)...

Пішу гэта, а здалёк, мармытнула думачка: ат, усяго ўсё роўна не пабачыш... Можна сказаць, што правільная, аднак не мая. Хочацца бачыць найбольш. Хочацца верыць, i веру, што бачыць i чуць хачу я не так сабе, не толькі для сябе, а дзеля патрэбы, з адчуваннем якое, як з адчуваннем абавязку, хораша жыць.


* * *

Ішоў учора па мокрай прыморскай вуліцы пад імжой i на тралейбусным прыпынку, зазірнуўшы ў твар задуманай дзяўчынцы-падлетку, адчуў яе – здалося – роздум, адзіноту, яшчэ раз па-новаму часовасць i нялёгкасць нашага жыцця, з чым яна, відаць, ужо сутыкнулася, пра што яна, магчыма, думае...

Стала шкада яе, шкада i таго, што яна ніколі не даведаецца, што падумаў пра яе, што адчуў здаравенны ды стараваты дзядзька-прахожы, з выгляду – як мне i дзеці дома кажуць часамі – чагосьці злосны.

«Хто мне паверыць, калі запішу? – падумаў я, ідучы.– Дый сентыментальна будзе...» А сёння вось тая дзяўчынка зноў стаіць перад вачыма са сваёй задумай. I запісваю.


* * *

...Маладая кабыла, хоць i накрытая дзяругай, капрызна танцуе ў аглоблях – ад аваднёў. Колы самі, знарок шукаюць у каляінах глыбейшыя ямкі. Вялізны, шырачэзны воз шорсткага i гарачага мурагу калываецца вельмі пагрозліва. Трэба яго трымаць за граблі, убітыя ў тугое сена па самы валок. Правай рукой трымаеш воз, левай – лейцы, кіруючы гэты свой карабель па лукатках лугавое дарогі. А табе пятнаццаты год, ты ўжо, вядома, i зусім дарослы, i смелы, i вельмі стомлены, i хвалюешся, i баішся. Бо ты яшчэ ўсё... дзіця. Пра што гаворыць, праўда, толькі мама. Воз нарэшце трапляе ў тую самую патайную i найглыбейшую ямку, якой ты найбольш баяўся, i валіцца на цябе ўсёй сваёй аграмадзінай!.. Яшчэ адзін!.. Яшчэ!.. Той самы воз, але не раз, а некалькі разоў. Ты мужна падпіраеш яго плячом i галавой. Але дарма!.. I ты нарэшце прачынаешся ад свайго крыку: «Тпрру!..»

Ты – пад яблыняй, што клапатліва расставіла над табою шырокае, густое голле з буйным лісцем i церпка-няспелымі яблыкамі ў лісці. Табе гэта нават i смешна, што ты прачнуўся, ты рады, што ніхто не чуў, i ты зноў тулішся шчакой да падушкі, у свежым месцы – халаднаватай. «Пятрова ночка маленькая...» Высокі жаночы голас, прыемны i да адчаю стомлены, чуецца ў тваёй памяці ціхай i салодкай калыханкай. А воз усё калываецца, кабыла ўсё гізуе, ямка ў каляіне вось-воеь будзе, воз твой, хочаш не хочаш, абернецца, накрые цябе духмяным, шорсткім i няўмольным цяжарам. Адзін, другі... Таксама, як было з вечара, калі ты толькі лёг. Ты неўзабаве зноў заснеш, i хутчэй за ўсё будзеш сніць тое самае...

Я ўсміхаюся, за добрую тысячу кіламетраў ад дому, праз восем год пасля таго, як гэта было... не з возам сена, а з грыбамі. Усміхаюся, пачуўшы голас хлопчыка, што ўпершыню ў жыцці быў ca мною ў грыбах i не можа заснуць:

– Тата, яны ўсё стаяць ды стаяць. I ў траўцы пахаваліся, i так. Вялікія. Маленькія...

Дзівак малы! Таксама i ў мяне яны перад вачыма – i стаяць, i плывуць цудоўнымі кінакадрамі, яшчэ нікім не знятымі, жывымі. Плывуць не ўпершыню, ужо даўно не ўпершыню, амаладжаючы душу гэтым дзіцячым хваляваннем.

Так бывала.

I сёння я вось не магу заснуць.

Дагэтуль горы, што асланяюць горад з усходу, поўначы i захаду, былі жывой, спрадвечнай, велічнай дэкарацыяй, прыгожай ледзь не абстрактна, умоўна, здалёк.

А сёння мы дабраліся да адной з ix вяршыняў.

I я вось не магу заснуць. Ад горных сцежак.

Асабліва адна – i ў ясны дзень адгэтуль, з балкона, нябачная на выразным, голым абрыве вяршыні – асабліва яна дала нам страху ды хвалявання.

Скальны абрыў нахілены крута, увагнуты ўсярэдзіну. Шырыня сцежкі – на аднаго хадака. Налева – бездань, направа – высока над намі скала...

Я стомлены, як i ўсе мы, жанчына i двое мужчын, можа нават i больш за ix, маладзейшых. Да таго ж, яшчэ мне чортведама навошта ўспомніўся даўно бачаны кінафільм, ужо не толькі без назвы, але i без дзеяння. У памяці захавалася толькі такая во сцежка i многа неграў, што гужам ідуць па ёй над безданню, з вялікімі цюкамі на галовах. I захавалася гэта ў памяці нібы толькі дзеля таго, каб паказаць мне яшчэ раз, як негр ляціць у бяздонне разам са сваім грузам, нібы толькі таму захавалася, каб даць мне адчуць, як у душы маёй паўтараецца яго апошні, жудасны крык. Астатнія негры ідуць як ішлі...

I мы ідзём. У напружаным, асцярожным маўчанні, тройчы... якое там! – ужо дваццаты раз узмакрэлыя халодным ад нізкага туману потам. Улева, у бездань, я не гляджу. Іду з правым нахілам, да скалы, проста цягне ісці толькі так, каб «у выпадку чаго» – пуц на правае калена, i прытуліўся да сцяны. Мы нават i гаварылі так, дзяліліся такою асцярогай. А потым, зноў апынуўшыся ў лесе, смяяліся з саміх сябе, такіх, з дазволу сказаць, альпіністаў.

I вось я не магу заснуць – усё іду па сцяжыне, іду, i хочацца нават крыкнуць ад страху i трошкі – ад захаплення...

Быў ён, страх вышыні, зусім незнаемы мне ў самалёце. Было захапленне, калі хацелася нават, гледзячы зверху ўдалячынь – на схілы, пакрытыя лесам, белыя вужакі дарог i сцяжын, далей – дамы i вуліцы горада, яшчэ далей – шэры, уздыблены марскі прастор,– хацелася, нібы ў дзіцячым сне, узмахнуць рукамі-крыламі i паляцець!..

А больш за ўсё было стомленай i нястомнай радасці ад знаёмства з яшчэ адной красой. Гэта – горныя сосны. Магутныя шурпатыя ствалы. Няспынны, велічны, невытлумачальна прыгожы пошум ix верхавін. Часта ён спалучаўся з ледзь улоўным спачатку, а потым усё больш ды больш выразным шумам вады. Часамі гэты бойкі, энергічны шум уваходзіў у мяккі i на ўсё неба шырокі пошум ігліцы, нібыта распорваючы яго сваім імклівым, рэзкім гоманам. Пасля, калі мы спыніліся на скалах вадаспаду Яўзлар, а яшчэ праз гадзіну хады, над яшчэ больш адчайным спадам са скал паэтычнага Учан-Су, у шуме вады прападаў шум сасновы. Мы адыходзілі ў сваю даль па новай, крутой i пакручастай сцяжыне, шум вады спакваля аціхаў, расплываўся, i сосны ціха спявалі сваё – зноў на ўсё неба над намі, на ўсю зачараваную душу...

Там, на тых кручах ды схілах, нараджаецца свежасць, адтуль яна аплывае ў даліны, да мора, насустрач яго таксама невычэрпна шчодрай свежасці. Свежасць марское вады i свежасць сасновай жывіцы...

Дайце мне, сосны, дайце мне, сцежкі, заснуць!..

Знаёмства з ГДР

Адвячорак у Трэптаў-парку.

Духмяныя ліпы. Таполі – нібы салдаты ў ганаровай варце. Веліч смутку i подзвігу.

I дзве бярозы. Ужо тым часам старыя, прывезеныя сюды з Усходу.

Такія, што ў нашых лясах, пры дарогах, такія, што гарэлі разам з хатамі, з людзьмі...

Яны, бярозы, сказалі мне тут, здаецца, найбольш.


* * *

Учора быў дождж, было сонца, зноў дождж, тады цудоўнае неба на захадзе, з нізкімі бела-барвова-шэрымі воблакамі над морам, быў пах зямлі i кароўніка, белыя чайкі на раллі, за трактарам, была готыка старажытнага Візмара, добрыя гутаркі – днём у багатым нямедкім калгасе, a ўвечары ва ўтульным клубе творчай інтэлігенцыі Ростака.

Вярнуўшыся ў наш курортна-патрыярхальны Нойклёстар, позна чытаў апавяданні Ружэвіча, адчуваючы блізкую да першапачатковай, як у маленстве, захопленую, але па-сталаму маўкліва стрыманую радасць – ад сапраўднага друкаванага слова. Зноў добра думалася пра тое, што мае галоўнае, мае адзінае ў тым, каб ясна бачыць сваё месца, ведаць свой абавязак.

Сёння развіталіся са сваім чысценькім нумарам, за акном якога апошні раз пашарэла для нас вялізная саламяная страха на доме дырэктара атэля, апошні раз пакудахкалі мекленбургскія куры.

Зноў дарога. Аўсяна-жытне-лугавыя прасторы. Лясы, пералескі. Цагляныя вёскі, хутары, былыя маёнткі. Асфальт у высокіх прысадах. Трохі спакойны, трохі пануры прыморскі пейзаж.

Потым – Гюстраў, зноў старажытная готыка, горад, амаль ацалелы ў вайну. I Барлах – скульптар, графік, паэт Эрнст Барлах – прычына высокага, светлага хвалявання.

Пусты, парослы сонечнай, некранутай травою цвінтар вакол самотнай цаглянай капліцы – старадаўняй, найстарэйшай у горадзе «капэлы святое Гертруды». Старыя рэдкія бярозы. Яшчэ радчэйшыя, яшчэ старэйшыя магілы.

Побач з капліцай, у лёгкім лісцяным цяньку, стаіць прывезеная сюды адтуль, дзе супакоіўся Барлах, драўляная пацямнелая дошка-помнік з гатыцкім надпісам:

«Усё, што ў яго было смяротнае, пахавана тут».

Тое, што асталося пасля яго несмяротнае, што ацалела ад гітлераўскага вандалізму,– скульптуры ў пустой прасторнай капліцы, нядаўна ператворанай у такі незвычайны i просты музей. Збылася даўняя мара Барлаха, які ўздыхнуў калісьці ў гэтай, тады запусцелай, капліцы, сказаўшы: «Тут маім творам жылося б нядрэнна».

Дрэва i камень яшчэ раз ажылі пад рукой чалавека, яшчэ раз гавораць пра наша агульнае, найпрыгажэйшае, вечнае.

I асабліва значным, прыгожым тут здаецца тое, што гаварыць ix, дрэва i камень, навучыў іменна немец, сапраўдны сын свайго народу, той, якога мы сёння – i празаічна, i вельмі змястоўна – называем актыўным антыфашыстам.

«Пра ўсё гэта я ўжо даўно напісаў...» Так падумалася ўчора ўранні. Пра што напісаў? Ды, здаецца, што ў той ці іншай форме, у той ці ў іншай меры нават i пра тое, як мяне, былога польскага салдата, нямецкага палоннага, цяпер савецкага пісьменніка, немцы возяць па той частцы свае зямлі, сацыялізм якое шчодра аплочаны нашай крывёй. Дакладней кажучы, возяць яны не мяне, а нас: польскую вязнярку Асвенціма, ленінградскага блакаднага падлетка i дваіх беларускіх партызан. I возяць не проста немцы, а два былыя салдаты вермахта, як я даведаўся ўчора – ваякі апошняга этапа «ўсходняй кампаніі». Цяпер гэта даволі элегантный, ветліва маўклівыя i нават важныя ды злёгку іранічныя шафёры... На гэтую тэму штосьці прыблізнае пісаў i я, больш канкрэтна пісалі ўжо многія іншыя. Словам – не нова.

А сёння, цяпер, на цвінтары i ў капліцы, думкi тыя здаюцца мне амаль чужымі. Што ты напісаў? Як напісаў? Пры чым тут стома ці вяласць, калі вось у тэму – у складаную, горкую тэму, якое не абмінуць, да якое i я маю свае асабістыя адносіны, перад якою i я адчуваю свой абавязак,– уваходзіць яшчэ адна вельмі патрэбная, вельмі істотная з'ява.

Пасля «капэлы святое Гертруды» быў загарадны дом Барлаха ў сасновым лесе, жыллё i майстэрня, на парозе якое гасцінна сустрэў нас геносэ Фрыдрых Шульт, старэнькі, верны друг вялікага мастака, прапагандыст i ахоўнік ягоных скарбаў.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю