355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Янка Брыль » Вітраж » Текст книги (страница 6)
Вітраж
  • Текст добавлен: 1 декабря 2017, 13:30

Текст книги "Вітраж"


Автор книги: Янка Брыль



сообщить о нарушении

Текущая страница: 6 (всего у книги 9 страниц)

Ён умеў быць адзін.

Ён любіў быць з людзьмі.

Жыва помняцца нашы сяброўскія гутаркі ў дарозе i на прывалах, за рэстаранным сталом i каля ляснога вогнішча; з Максімам Танкам i Піменам Панчанкам мы часта ўспамінаем тое наша падарожжа.

Мы ўспаміналі яго з Пшыбасем удвух, хоць нашых сустрэч было пасля вельмі няшмат, толькi тры.

У чэрвені шэсцьдзесят восьмага года, перад ад'ездам з Варшавы ў Катавіцы, я пазваніў яму з Саюза польскіх літаратараў дахаты, толькі каб прывітацца. А ён прыехаў, мы пагутарылі, што называецца, толькі перакусілі перад наступнай, ужо сапраўднай сустрэчай, калі я вярнуся са службовай паездкі. I не змаглі сустрэцца. Наступным разам сустрэліся ў Шарамецьеўскім аэрапорце. З жонкай i малою дачкой,– той самай Утай, разам з якою (яе малюнкі, яго вершы) напісана Пшыбасева, здаецца, апошняя прыжыццёвая кніга,– ён вяртаўся з адпачынку з Ялты, а я з жонкай ехаў у Гданьск, на з'езд пісьменнікаў, прысвечаны трыццацігоддзю пачатку другой сусветнай вайны. Разам ляцелі, разам потым жылі ў каютах легендарнага цеплахода «Баторы», ветэрана вайны, што супачыў каля прычала Гдыньскага порта.

Светлы i мілы – асабліва цяпер, ва ўспаміне – быў ён, Юліян, на нашым развітальным снеданні, утрох за столікам, з лагодным морам за акном.

I – як кантраст, змрочны кантраст да тае светласці – наша апошняя сустрэча.

Другі міжнародны з'езд перакладчыкаў польскай мастацкай літаратуры пачаўся, па традыцыі, з «кактэйля знаёмстваў». Я ведаў, што Пшыбась моцна хварэў улетку, i таму, калі знайшоў яго ў нашым шумлівым ды мітуслівым інтэрнацыянальным натоўпе, благі i сумны выгляд Юліяна не спалохаў мяне нечаканасцю, хоць i засмуціў. Ды смутак гэты, загадзя прадбачаны, я, здаецца, не паказаў, а ён, здаецца, яго не заўважыў...

На дзвюх нашых папярэдніх сустрэчах у. Польшчы я адчуваў ix, так сказаць, уступнасць, спалучаную з надзеяй, што вось мы пасля, неўзабаве сустрэнемся ды пабудзем разам даўжэй, пагаворым ды памаўчым. На трэцяй сустрэчы, сёлетняй, я быў зусім,– як заўсёды або часцей за ўсё бывав,– далёкі ад думкі, што гэта – сустрэча апошняя...

Пісалі ўжо i я пішу, бо гэта ў літаральным сэнсе дакладна,– Пшыбась памёр на сваім паэтычным пасту. Быў вечар польскай паэзіі на мовах народаў свету. Чыталі перакладчыкі. Прагучала нямецкая мова, чэшская, руская, прагучала японская... Юліян вёў гэты вечар. З прыгожым тактам, з натуральнай шчырасцю. Сказаў некалькі слоў маладому японцу, слоў, якія таму, безумоўна, запомняцца. Папрасіў нас, хто ў зале, паслухаць, як прагучыць польскае паэтычнае слова на мове французскай... I ўпаў за сталом.

Яго – малога, бледнага – вынеслі на руках, панеслі з залы пасяджэнняў на вышэйшы паверх. Наш устрывожаны інтэрнацыянал прыцішана зашумеў i змоўк. Пасля пачуўся сігнал машыны хуткай дапамогі. Яго павезлі. Мы разышліся.

Амаль да поўначы была няўпэўненасць, тэлефонны перазвон, а потым – паведамленне па радыё і, уранні, партрэт у чорнай рамцы – трохі разгубленая, трохі нібы сарамлівая ўсмешка...

Паэзія Пшыбася, як справядліва гаворыць адзін з найлепшых гісторыкаў польскай літаратуры Ю. Кржыжаноўскі, «прычыняе многа цяжкасцей» яе чытачу,– яна перанасычана, загушчана, западтэкшчана. Сам ён быў значна прасцейшы за яе. Я больш люблю паэзію Бранеўскага.

Аднак...

Дзён праз некалькі, дома, чытаючы пра пахаванне Юліяна ў яго роднай вёсцы на Падкарпацці, мне сумна захацелася ў ёй пабываць, пахадзіць па тым полі, якое ён араў у маладосці i ў дні гітлераўскай акупацыі, там, на родным грунце, пераносячы найвялікшае гора, словам i справай прымаючы ўдзел ва ўсенародным супраціўленні захопнікам.

Днямі глядзеў яго кнігі, перачытваў пісьмы i аўтографы. За тры гады ix сабралася няшмат. Прыгадаю адзін, на тытульным лісце акадэмічнага выдання «Пана Тадэвуша»: «Дарагому... з гарачымі пачуццямі дружбы шлю гэта найнавейшае выданне са шчодрым прафеоарскім каментарыем, які свірэпы – аднак! – не выясніў!..»

Дата – снежань шэсцьдзесят сёмага года. Напісанае – згадка пра наш дарожны смех з той архаічнай, але i жывучай стараннасці, з якою некаторыя польекія даследчыкі творчасці Мідкевіча абыходзяць ды прыкрываюць беларусізмы ў яго мове. У заўвазе да слова świerzop – свірэпа, што побач з золатам пшаніцы, серабром жыта i снежнай беллю грэчкі янтарылася на палях наваградскага Наднямоння, вучоны каментатар на цэлай кніжнай старонцы блытаецца паміж тым жоўценькім пустазеллем i культурным рапсам, rzepakiem, ніяк не могучы асмеліцца прызнаць, што świerzop – гэта ўсё-такі наша свірэпа, па-польску ognicha, што на чужыне, у сумоце па родным, магла, як дым айчыны, быць салодкім успамінам.

Гэты аўтограф для мяне – яшчэ адна мудрая, мілая ўсмешка старэйшага сябра, цяпер – ужо вельмі здалёк...


* * *

Летняя ноч у Сілезскіх Бяскідах.

Каля вогнішча на міжгорнай паляне высокая, дужая красуня, узняўшы, як птушка, галаву – так хочуць горы – звонка выводзіць:

Ой, гураль, гуралік,

Не бываць табе ў маёй пасцелі!..


Паганская, шчырая i такая народная прыгажосць!..

А я сядзеў перад гэтым адзін, на мокрай лаве паміж чужога, мокрага лесу, i сумаваў, як малады – калісьці – вясковы таўкач. Пакуль не прыйшло вясёлае, патрэбнае – пакуль не пачуў, не ўсвядоміў, што я тут, для многіх польскіх сяброў-пісьменнікаў, свой. Што мне на гэтым свяце належыцца i чарачка гарачай медавухі, i гарачая каўбаса на ражончыку, i смех, i песні, i танцы з мясцовай моладдзю ў раскошных нацыянальных касцюмах.

Вакол высокага, вострага, гаманлівага вогнішча.

Для многіх свой... Так, у мяне ўжо нямала польскіх сяброў. З кожнай новай паездкай ix набіраецца больш. Праўда, i адсяюцца таксама. У тых выпадках, дзе не было сапраўднай узаемнай зацікаўленасці, дзе не дайшло да той шчырасці, якая патрэбна для дружбы. Аднак i засталіся многія. Што значыць – многія: колькі ix – дзесяць, дваццаць, сто? Ну, а навошта сто, нават i дваццаць? «Многія» тут у мяне не ад колькасці – гэта хутчэй не акрэсленне, а адчуванне, за якім не толькі ўсмешкі, словы, поціскі рук, брудэршафты, а за якім i шчырасць, што правяраецца часам i справамі, i веданне адзін аднаго, зацікаўленае пазнаванне таго свету, які пісьменнік i носіць у сабе, i паказвае ў сваіх творах. Багацце пісьменніцкіх светаў, ix населенасць жывымі вобразамі, напоўненасць думкамі i пачуццямі – гэта якраз i дае мне падставу лічыць, што польскіх сяброў у мяне, сяброў-пісьменнікаў – такое адчуванне – многа.

Былі на шмат старэйшыя,– пра трох я гаварыў вышэй. Ёсць такія i сёння: нястомны палярнік Чэслаў Цанткевіч; пясняр рабочай Варшавы, нечым падобны да Бранеўскага, Станіслаў Рышард Дабравольскі; аўтар выдатнай кнігі пра Шаўчэнку Ежы Енджэевіч. Ёсць аднагодкі, салдаты трагічнага верасня трыццаць дзевятага года, партызаны, удзельнікі варшаўскага паўстання, салдаты Войска Польскага, што разам з нашымі ішлі i дайшлі да Верліна. Войцех Жукроўскі, Мацей Канановіч, Леслаў Бартэльскі, Тадэвуш Ружэвіч, Ян Гушча...

З адным нямала, шчыра пагаворана, прозу другога ты чытаў, а сёе-тое i перакладаў. З прыемнасцю. Ёсць i моладзь, i дружба з імі – ужо не знізу ўверх, як са значна старэйшымі, i не на ўзроўні калі не аднаго для ўсіх, дык вельмі падобнага мінулага, але ж i не зверху, а проста з пачуццямі нашага ўзросту: як у намнога старэйшага брата. Тут згадаю крытыка i перакладчыка Фларыяна Няўважнага, шчырага хлопца i дзейснага друга ўкраінскай i нашай літаратуры; магутнага акіянскага рыбака, суровага i лірычнага навеліета Юрку Пахлёўскага; энергічнага Збігнева Жакевіча, які ў сваю паэтычную прозу нямала ўзяў успамінаў ваеннага i трохі пасляваеннага маленства на Беларусі...

Многа сяброў. З аднымі дружба даўняя, выразная, з другімі толькі пачынаецца, у адносінах з іншымі знаходзіцца недзе на мяжы прыязнага знаёмства, з ухілам да большага.

Зрэшты, таксама – i па ўзросту, i па блізкасці – сябры мае дзеляцца i дома, i ў некаторых іншых рэспубліках, перш за ўсё – рускія, украінцы, літоўцы, малдаване, латышы. I дружба з імі правяраецца таксама: шчырасцю, веданнем, справамі.

Часамі пачынаецца ад шчырасці. Ёсць жа людзі, толькі сустрэўшыся, пазнаёміўшыся з якімі, упершыню пагаварыўшы, амаль адразу здаецца, што ты яго ведаеш вельмі даўно, бадай, ад самага свайго пачатку. Потым ты пачынаеш чытаць напісанае ім i радасна пераконваешся, што ёсць прычыны, падставы для блізкасці, дружбы: вы з ім i думаеце i адчуваеце падобна. Толькі падобна, бо ў кожнага з нас – сваё, i адкрыванне гэтага свайго ў другім – кожнаму з нас патрэбна.

Бывае i наадварот. Спачатку ты яго ведаў па творах, там адчуў вашу блізкасць, а потым ужо пазнаёміўся, i знаёмства як быццам засведчыла, узаконіла, замацавала дружбу.

Бывала так, што знаёмства нічога не дадало да твайго ведання яшчэ аднаго калегі, чалавека блізкага табе па яго самаадлюстраванні ў слове.

Бывала i найгорш – знаёмства расчароўвала, ты потым нават думаў, i неаднойчы, што лепш не ведаў бы яго ці яе асабіста, як чалавека.

Ёсць яшчэ адна патаемная горыч у дружбе, горыч, якая точыць цябе адчуваннем той няроўнасці, што ідзе не ад розніцы ва ўзросце ці ў значэнні, але ад розніцы ў веданні таго галоўнага, з чаго складаецца яго i твая пісьменніцкая сутнасць. Словам, ты яго больш чытаеш, ён цябе менш, а то, i такое бывае,– зусім не чытаў...

Калі такое ёсць паміж сваімі, людзьмі адной мовы, або тымі, каму ўзаемаразуменне аблягчае яшчэ адна, вядомая абодвум мова, тады пра дружбу, вядома, няма чаго гаварыць.

А вось у адносінах з прыязнымі чужаземцамі такая няроўнасць ва ўзаемным веданні здараецца даволі часта, i нават адчуванне яе часовасці не робіць горыч тваю лягчэйшай.

Такое бывае не толькі паміж людзьмі, але – яшчэ горш – i паміж літаратурамі. Такая няроўнасць ёсць у адносінах паміж літаратурамі нашай i польскай, i горыч ад гэтага добра знаёмая не толькі мне аднаму. Калі лічыць ад восені пяцьдзесят пятага года, ад майго наракання на такую ненармальнасць, выказаную ў нарысе «Вачыма друга»,– справа палепшылася. Прынамсі, у прозе. Перакладзены: Колас, Лынькоў, Шамякін, Мележ, Быкаў, прычым – два апошнія з арыгінала, i добра. Горш у паэзіі: толькі Купала i Танк, проста як на адчэпнае, ушанаваны маленькімі зборнічкамі, у якіх i падбор вершаў, i якасць перакладаў далёкія ад патрэбнага. Асабліва ў Купалы.

У нас за гэтыя пятнаццаць год выдадзены пабеларуску: Міцкевіч (другі раз), Славацкі, Канапніцкая, Сыракомля, Бранеўскі, Кручкоўскі, Корчак, Бжэхва, Дабравольскі, Путрамант, анталогія сучаснага апавядання i сёе-тое іншае. Многа вершаў i апавяданняў змяшчалі нашы часопісы i газеты. Некалькі кніг паэзіі i прозы плануецца на бліжэйшыя гады.

Ды я не наракаць хачу,– хачу сказаць пра Гушчу i пра лодзінскіх сяброў.

Выпадкова, праездам, i сціпла, амаль незаўважана ён пабываў у нас, Ян Гушча, увосень шэсцьдзесят восьмага года. Не любіць гэты чалавек ні гучных, ні салодкіх слоў, зусім абыдзены быў ён нашай увагай як паэт i празаік. Ды вось прайшло два гады i, дзякуючы ініцыятыве i, я сказаў бы, сяброўскаму подзвігу Яна Гушчы, у Лодзінскім (абласным!) выдавецтве выходзіць анталогія беларускай паэзіі, падрыхтавана да выдання кніга вершаў Багдановіча. Шмат беларускай паэзіі з'явілася апошнім часам на старонках польскай перыёдыкі, шмат прагучала па радыё. За два гады... Вядома ж, Гушча не адзін рабіў гэта, яму дапамагалі i перакладаць, i друкаваць у часопісах i газетах, знайшліся кіраўнікі выдавецтва, якія ўзяліся выдаваць. Не толькі выдаць анталогію i Багдановіча, а наогул выдаваць нашу беларускую літаратуру, побач з літоўскай, азербайджанскай, іншымі літаратурамі савецкіх народаў, выдаваць – з высакародным намерам давесці польскаму чытачу, што савецкае – гэта не толькі рускае, што ў СССР – вялікая сям'я народаў i літаратур. Дапамагалі Яну Гушчы перакладаць лодзінскія паэты Тадэвуш Хрусцялеўскі, Мацей Канановіч, Ігар Сікірыцкі; выдавецтва там узначальвае празаік i публіцыст Веслаў Яжджыньскі; шмат беларускага публікуе лодзінскі літаратурны штотыднёвік «Адглосы» («Водгулле»), які рэдагуе паэт Ян Капроўскі.

Сведчачы нашу ўдзячнасць i жаданне дружыць таксама па-дзелавому, беларускія часопісы даволі шчодра друкавалі сёлета паэзію i прозу Гушчы i яго сяброў-памочнікаў, а хутка будзе падрыхтавана кніга «Паэзія чырвонай Лодзі». Ад Тувіма i Бранеўскага – да нашых дзён, да самых маладых.

Няхай гэта стане добрым пачаткам!


* * *

Там, дзе гарэла ў горах на паляне высокае вогнішча, на пісьменніцкім з'ездзе ў Яшоўцы каля Катавіц, у чэрвені шэсцьдзесят восьмага года я пазнаёміўся з яшчэ адным польскім калегам. У канцы свайго выступлення я перадаў кіраўніцтву з'езда, як сціплы, але сімвалічны падарунак ад беларусаў, сігнальны экземпляр альбома «Між тых палёў», прысвечанага Адаму Міцкевічу. Потым, у перапынку, да мяне падышоў пажылы, сухашчавы таварыш у акулярах, назваўся Канановічам i земляком, папрасіў прыслаць такі альбом яму, са свайго боку, нібы руку на дружбу, прапануючы кнігу вершаў з аўтографам. Альбом я, вядома, потым паслаў, атрымаў, як i належыцца, пісьмовую падзяку. Здавалася – i ўсё, звычайная ветлівасць пры выпадковай сустрэчы.

Праз год я атрымаў ад Канановіча пісьмо, добрае слова пра маю кнігу «Птушкі i гнёзды», якую яму ўголас, па-беларуску прачытала савецкая госця, яго дваюрадная сястра, маладая настаўніца са Слонімшчыны. А праз месяц, у рэстаране цеплахода «Баторы», дзе мы сабраліся за столікам, неафіцыйныя прадстаўнікі трох літаратур,– Канановіч, Бартэльскі, Яжджыньскі, Алесь Ганчар i я,– звонам маленькіх польскіх кілішкаў, па прапанове гаспадароў, было замацавана пагадненне пра пераклад Канановічам i выданне Яжджыньскім зборніка маіх апавяданняў.

Гэтая радасць мая, звычайная, прывычная для многіх савецкіх пісьменнікаў, пераважна рускіх i не заўсёды нават «сярэдніх», была вялікай для мяне таму, што я чакаў яе даўгавата i з пэўнай горыччу ў сэрцы. Трэба сказаць, што мой радавы, салдацкі ўдзел у абароне польскага Узбярэжжа ў верасні трыццаць дзевятага года, мая, таксама сціплая, праца перакладчыка польскай літаратуры не абыдзены ўвагай: у кожны мой прыезд у ПНР пра гэта гаварылася ў той або іншай форме, прыватна ці афіцыйна. Бывала i прыемна, i няёмка часамі, а потым стала, нарэшце, i прыкра – толькі як быццам ад такой увагі з боку польскіх сяброў-пісьменнікаў, ад няроўнасці ў нашых адносінах з тымі, з кім я дружыў, каго я чытаў, а хто... у лепшым выпадку вельмі мала ведаў мяне як літаратара. Была ў мяне, праўда, выдадзена па-польску кніга, аднак пераклад яе быў зроблены з дрэннага рускага перакладу, i выхад гэтай кнігі не радаваў мяне.

Мацей Юзаф Канановіч узяўся перакладаць з арыгінала. Амаль адразу ён прызнаўся мне ў пісьме, што гэта для яго нялёгка i што ў працы яму дапамагае амаль дзевяностагадовая маці, якая доўга жыла на Беларусі i ганарыцца ix, Канановічаў, сямейнай дружбай з Міхалам Федароўскім. Нядаўна, у Варшаве, я ўдзячна пазнаёміўся ca старэнькай i працавіта-бадзёрай паняй Аннай. А перад гэтым, улетку, разам з Мацеем i трыма беларускімі калегамі пагасцяваў у светлай хаце над Шчарай, у якой нарадзіўся Мацеяў бацька, дзе жыве яго дваюрадны брат, адкуль пайшла на свой настаўніцкі хлеб мілая Ганначка Канановіч, тая, што падружыла нас, каму па праву належыцца адзін з трох першых аўтарскіх экземпляраў маёй будучай польскай кнігі, i складзенай, i перакладзенай ужо, як мне здаецца, па-сапраўднаму.

Над гэтай кнігай мы папрацавалі з Мацеем нямала i дружна.

Пішу гэта i зноў успамінаецца жнівеньская ноч, калі мы выйшлі з Дуброўкі, пасля вясёлага калгаснага застолля з беларускімі i польскімі песням!,– поўны барвовы месяц над ракою, хісткая пласкадонка, у якой мы сядзелі на кукішках i якой даволі бесшабашна кіраваў багром падвяселены брыгадзір. Мне толькі страшна было адно – што бултыхнуся ў быструю плынь не так сабе, не толькі пад гальштукам, але i з папяровым скруткам, які трымаю ў прыўзнятай на ўсякі выпадак руцэ. Гэта – наш с Мацеем рукапіс, апавяданні, перапісаныя ім пасля маёй, як мы дамаўляліся, прыдзірлівай аўтарызацыі, прывезеныя ім на яшчэ адзін сумесны прагляд.

Дзякую, дружа! Мне было добра працаваць з табой – i аўтарызуючы пераклад, i перакладаючы тваё, асабліва тое апавяданне, дзе ты так шчыра, цёпла ўспамінаеш дні сваёй наднёманскай маладосці.


* * *

Панна Гражына, дачка майго польскага сябра, трымае каліва сціплай кветкі, што называецца па-іхняму, здаецца, празаічна – дзюравец, а па нашаму святаяннік – куды прыгажэй. Мы ў ціхім, светлым настроі, нібы нават рады, што прыпомнілі, удакладнілі гэтыя назвы, больш, аднак, па той прычыне, што навокал нас – сонечны беларускі верасень, самы яго пачатак, а мы – талковая, сімпатычная панна, яе малодшы брат, студэнт Тадэвуш, іхні бацька i я – сядзім на ўзлеску, у цёплай траве, каля бярозак, толькі на палавіну нейкую пажаўцелых.

Ёсць i яшчэ адна прычына нашай ціхасці, нашага ўрачыстага настрою,– мы толькі што абышлі Хатынь.

Ад хаты да хаты, ад брамкі да брамкі... Не! – ад котлішча да котлішча, ад коміна да коміна... Хрумсцела пад нашымі нагамі дзындра, ціха вызвоньвалі бязладныя, трывожныя званы, з чорных табліц на комінах крычалі імёны спаленых...

Помнік ахвярам адной вёскі.

Могілкі мноства вёсак, спаленых разам з людзьмі.

Цяпер, адпачываючы на ўскраіне неіснуючай вёскі, не хочучы ісці адгэтуль, ад гэтых ціхіх хвілін, мы трохі гаворым пра штосьці простае, не вельмі абавязковае, нібы дзеля таго толькі, каб тлеў, перабягаў ад аднаго да другога агеньчык нашай супольнасці, у той час, калі над гэтай ціхай, нешматслоўнай знешнасцю, у душы ў кожнага з нас – свая спакойная ці растрывожаная глыбіня.

Пасля святаянніка i яшчэ чагосьці там я гавару пра тое, што адзін з маіх беларускіх сяброў правільна раіў на тую вунь ліпу, якая адзінока ўзвышаецца наводшыбе Хатыні, падняць барану або кола, каб тут загняздзіўся бусел. Яго прысутнасць яшчэ больш падкрэсліла б жалобную самотнасць вёскі-помніка, яе трагедыю і, калі хочаце, непераможнасць жыцця. Дзеці i кветкі, якіх тут так многа бывае, клёкат з буслянкі i белыя крылы над зелянінай вялізнай лясной паляны...

Гаворачы i слухаючы іншых, я ўспамінаю, як храбусціць пад падэшвамі буйны жвір, вельмі выразна чутны ў люднай цішыні. Ён храбусціць пад нетаропкімі нагамі мноства маўклівых людзей, што папарна, урачыста ідуць да абеліска – помніка савецкім салдатам, вызваліцелям Польшчы. Ціха, стрымана б'юць барабаны. Хрумсценне жвіру – як суровы гоман нейкай непарыўнай плыні, а вуркатанне салдацкіх «вэрбляў» – барабанны перастук – як нейкая трывожная перасцярога, заклік да нястомнай пільнасці. Жывыя кветкі, ix несмяротнае мноства, i дзеці на ганаровай варце, дзяўчынка i хлопчык, сімвал нявіннасці, чыстаты, з чаго накпіць, наздзекавацца – найбольшае злачынства.

Кланяюся Рэвалюцыі Рускай

Шапкай да зямлі.

Па-польску...


Гэтыя словы Бранеўскага, вядомыя мне раней, але па-новаму пачутыя на ўрачыстым сходзе, напярэдадні, гучалі ў душы, як неадчэпны, хвалююча неадчэпны лейтматыў. Разам з хрумсценнем жвіру i вуркатаннем «вэрбляў».

Лістапад пяцьдзесят сёмага года, саракагоддзе Кастрычніка, якое мне давялося сустракаць у Варшаве,– ужо i тое далёкі ўспамін.

«Ужо i тое...» Летась я быў удзельнікам Гданьскага пісьменніцкага з'езда, прысвечанага трыццацігоддзю пачатку другой сусветнай вайны. A ўжо i гэты з'езд спакваля становіцца ўспамінам, займае... ужо заняў сваё месца ў гісторыі.

Успамінаю кветкі, якія мы – літаратары польскія, савецкія, румынскія, венгерскія, славацкія, балгарскія, нямецкія, сербалужыцкія, в'етнамскія – клалі каля помніка героям Вестарплятэ, велічна-гордага помніка народнай славе, які ўзвышаецца над недалёкімі хвалямі мірнай i працавітай польскай Балтыкі.

Успамінаю «апэль палёглых» – пераклічку тых, што загінулі ў змаганні з фашызмам. Зноў старадаўняя краса палаца i дамоў Доўгага Рынка, узнятых з руін да апошняй драбніцы дакладна. Жалезны, элегантны строй ганаровай варты. Белыя галубіныя крылы на фоне вячэрняй зары,– галубоў растрывожылі залпы салюта. А перад гэтым над плошчай урачыста, хутчэй – сардэчна гучалі словы пасівелага паэта, што прамаўляў i да прысутных, i да ўсіх, хто думае пра лес людзей, пра чалавечы сэнс жыцця.

«Людзі добрай волі! Не паддавайцеся падману, не дазваляйце заражаць вас прапагандай нянавісці, рэваншызму, захопніцтва! Сябры-пісьменнікі! Пільна распазнавайце атруту нацыяналізма, які прасочваецца ў людскія душы, дзякуючы намаганням ворагаў чалавечнасці!..»

Выступаў тады Юліян Пшыбась. I я ўжо словы яго памятаю не толькі з таго выступлення, але i з кнігі пра той з'езд, прысланай мне сёлета вясной.

Па гэтай кнізе я правяраў сваю памяць, чытаючы яшчэ адно выступление, якое год таму назад уразіла мяне сваёю, зрэшты, вельмі простай незвычайнасцю. Слова нямецкай пісьменніцы Ганны Гайдэ Крацэ, якая, апраўдваючыся перад калегамі з краін сацыялістычнай садружнасці, чаму яна толькі пад канец антываеннай дыскусіі далучылася да яе, сказала:

«Я зразумела, нібы ўпершыню так глыбока, што мушу выступаць тут на мове, якая для ўсяго свету была калісьці мовай жаху, мовай, якую ненавідзелі, бо ёю тады злоўжывалі гітлераўскія нелюдзі. Нам, пісьменнікам ГДР, нялёгка было вярнуць нашаму роднаму слову яго гуманістычны змест. Нам удалося гэта,– мы можам меркаваць так па тым, што вы вось палічылі нас вартымі запрашэння на гэтую дыскусію, вартымі ўдзелу ў ёй».

...Залатая беларуская вооень.

Мы ўжо любуемся ёю праз вокны «Волгі». Госці мае любуюцца, бо гэта новае для ix, а я – бо роднае, на што не наглядзішся.

I яшчэ адно адчуванне ў мяне: радасць гаспадара, якому ёсць што паказаць. Вось яна вам, Беларусь! Колькі яе ні тапталі – жыве i квітнее!


* * *

Сярод далёкіх i блізкіх замежных гасцей, якіх мне па службе i дружбе даводзіцца суправаджаць у паездках па нашай рэспубліцы, найбольш пакуль што бывае палякаў. I дзе б я з імі ні бываў, амаль усюды i амаль у любым настроі, у ранняй свежасці i ў вячэрняй стоме, у душы маёй не змаўкае ціхая, патаемная радасць гаспадара пры жаданых гасцях.

Самому госцем быць – таксама добра.

За сем паездак у Народную Польшчу я любаваўся ёю каля сотні дзён i начэй. Хадзіў па вуліцах многіх гарадоў, большых i меншых, зрэдку не кранутых вайной, часцей адбудаваных з руінаў, i новых, ва ўсёй раскошы сучаснага будаўніцтва. Снаваў у шумным натоўпе днём i ў любай адзіноце ноччу або раненька. Слухаў гоман карпацкіх рэк i пошум соснаў над лебядзінымі мазурскімі азёрамі. Сядзеў, часамі ў знаёмай з дому сумоце, у прэзідыумах высокіх сходаў. У родным доміку Шапэна ўсхвалявана слухаў яго сардэчную, мудрую музыку. Любаваўся размахам новабудоўляў над песеннай Віслай, над морам, у дымнай Сілезіі. Любаваўся i экзатычнай красою касцельнай i вясковай даўніны ў сонечным Ловічы, на славутым хрэсным ходзе, а потым на сялянскім кірмашы. Вываў на пышных банкетах у былых магнацкіх палацах. Піў сяброўскую чарку ў вясковай карчме. Спяваў i спрачаўся на сямейным застоллі. Зачаравана снаваў па залах музеяў, фотавыставак i праз акно машыны любаваўся васількамі i макамі ў густой i ціхай прыдарожнай збажыне...

Жыццё i сапраўды бяжыць. Чым далей жывеш, тым выразней адчуваеш, як хутка з'явы сённяшняга дня становяцца мінулым.

Што там казаць пра хатыньскі пачатак верасня, тым больш – пра леташні Гданьскі з'езд, калі ўжо i мой сёлетні кастрычнік, мая другая ў адным годзе залатая восень, польская, здаецца, толькі ўчарашняя, цяпер, калі пішу гэта, у снежні,– ужо таксама рэха перажытага.

Яно заўсёды са мною – водгулле фарбаў i гукаў, думак, пачуццяў i слоў.

Была яшчэ раз Варшава, у якой мне цяпер, як ніколі, пашанцавала на адзіноту. I ў ясны, ледзь не па-летняму цёплы поўдзень, калі я адзін хадзіў па завулачках, адкосах i плошчах Старога Мяста, на кожным кроку сутыкаючыся з гісторыяй, вядомай мне i новай. I на ўсходзе сонца над Віслай, у Чарнякоўскім парку, дзе велічная красуня рака, найпрыгажэйшае з усіх каханняў Бранеўскага, плыве i ў горадзе неяк па-палявому прывольна, у яснай ранішняй самотнасці. I ў дождж, заўчасна па-восеньску нудны i золкі, калі Варшава таксама прыгожая, калі яе, кажучы словамі песні, таксама можна любіць.

Была i Лодзь. I няхай мне даруюць лодзінцы-патрыёты, што я i цяпер, пасля няпершага наведання гэтага горада катаржных фабрык i чырвоных барыкад у мінулым, другога пасля сталіцы прамысловага цэнтра Польскай Народнай Рэспублікі, буйнога цэнтра навукі i культуры,– што я i цяпер не запомніў яе адметнага ды выразнага вобліка. Апошнім часам мне давялося многа чытаць паэзіі i прозы тых польскіх таварышаў, што не толькі жывуць у Лодзі, але i любяць яе, аднак, горад свой яны любяць, здаецца, больш не з-за знешнасці яго, а таму, што ён родны, што ў ім i людзі, i справы, i сённяшні дзень, i мінулае вартыя самай глыбокай пашаны.

З групаю лодзінскіх сяброў, на дзвюх машинах мы зрабілі незабыўны выпад на Кялеччыну, да Свентакшыскіх гор.

Залатая восень... Перад гэтай паездкай у Польшчу бываў я разоў колькі ў грыбах. На ўсход ад Мінска, на поўдзень, на захад – усюды сёлета баравікоў было няшмат, больш проста свежасці, паэзіі, ад якое i ў стоме не хутка заснеш. Колькі паклонаў – кожнай лісічцы, пакуль не напоўніцца кошык, колькі разоў пасля перакруціцца перад вачыма памяці каляровая плёнка чароўных мікрасветаў! Верас ці мох, a ў ім баравічок, а то, бог – бацька, i два. Распарасонены папаратнік, першае золата лісцянога насцілу i – падасінавік, а то i цэлая чародка. Так бывала не толькі сёлета. А вось лася ў грыбах бачыў я ўпершыню. Ён бег па полі, побач з той прылясной дарогай, па якой мы ехалі,– перабягаў з ляска ў лясок, спакойна, з годнасцю, з узнятаю каронай гордай галавы. Мы ў сваім «газіку» галёкалі ад радасці ўслед яму, а потым побач з ім, i не хочучы палохаць, i не могучы ўстрымацца. Увечары, дома, мне хацелася, як малому, гаварыць пра яго яшчэ i яшчэ, a ўранні, пасля маладога, амаль дзесяцігадзіннага сну,– адразу ўспомніўся ён. Як нейкая светлая, яркая радасць – новы, хоць i спрадвечны, сімвал нашых лясоў, акраса нашай залатой, грыбной ды яблычнай восені. З песні, з казкі, з расказаў старэнькай маці – жывы, рэальны, буры, з магутным перадам i паэтычнымі рагамі.

Польская залатая восень на Кялеччыне не здзівіла мяне, не здалася мне лепшай за нашу. Яна была проста польская. У прыгажосці, якую я ў тых мясцінах бачыў упершыню, сярод палёў, яшчэ з палосамі, дзе відаць былі людзі, коні, вазы, белы россып гусей i дымок бульбянога вогнішча, каля хат i ракітаў над грэблямі, добра, прыемна было размяшчаць у думках простых i вельмі няпростых герояў польскіх «вясковых» раманаў, аповесцей i навел, добра было здагадвацца, якія яны, тыя героі, сёння. Не яны, вядома, а ix нашчадкі з трохі вядомай i мне рэчаіснасці.

Прафесійная звычка ці можа комплекс такі? Ці гэта зразумела i законна – кожнаму глядзець на свет па-свойму? Скажам, які ні быў бы сход,– ці фізікаў, ці лірыкаў,– калі туды запросяць моднага або моцнага старшыню калгаса, ён заўсёды, абы ўзышоў на трыбуну, адразу пачне з дасягненняў i планаў свае гаспадаркі. Пацешна бывае часамі, аднак i думаеш: «Правільна, дружа, давай! Абы толькі мяса ды хлеб не былі папяровыя!..» Чаму ж тады нам, літаратарам, апраўдвацца, што нашы вочы бачаць па-свойму? Абы толькі добра глядзелі!

У нас была перад гэтым работа: мы абмяркоўвалі планы ўзаемных выданняў i публікацый. Раіліся i ў выдавецтве, i ў рэдакцыі «Адглосаў», i ў гарадскім камітэце ПАРП.

У нас было потым свята сустрэчы з зямлёй трох любімых пісьменнікаў. Веска, дзе нарадзіўся Жаромскі, касцёл, дзе яго ахрысцілі, гімназія, дзе ён вучыўся, пра якую напісаў аповесць «Сізіфава праца». Былы маёнтак, падараваны польскай грамадскасцю Сянкевічу, ужо старому ды славутаму, адноўлены палацык, у якім музей. Мемарыяльная дошка Дыгасіньскаму на сцяне той гімназіі, дзе ён вучыўся раней за Жаромскага, дзе цяпер некалькі класаў сталі музеем.

Мы святкавалі. Аднак i там, у дарагіх мясцінах i ў дарозе, раз-поразу вярталіся да спраў, абавязкаў i планаў. Як селянін, гаспадар, што i ў свята думае пра снапы ды барозны. Але гаварылі мы ўжо не так будзённа, як за сталамі дзелавых сустрэч. Быстры, сардэчны. Веслаў Яжджыньскі i спакойна, хітравата вясёлы Тадэвуш Папер абодва вучыліся ў гімназіі імя Жаромскага, «трохі пазней за яго», пра што расказвалі са зразумелай, крыху не па гадах маладою гордасцю i весела. Пяць літаратараў, людзей ужо, як гаворыцца, шаноўнага ўзросту, стаялі мы перад мемарыяльнай дошкай Дыгасіньскаму i, на мой пачын, ніяк не маглі ўспомніць,– i весела было, i сумнавата,– як жа ўсё-такі называўся той сабака, што гаўкаў нам з вокладкі яго, Дыгасіньскага, кнігі пра дружбу з жывымі істотамі, адной з любімых кніг нашага маленства. Не ўспомнілі, але радасць таго далёкага чытання яшчэ больш зблізіла нас. Скідаючыся па думцы, па кавалачку сэрца, гаварылі мы пра раскошную веліч Сянкевіча, пра глыбіню, чалавечнасць Жаромскага. I ў кожнага з нас, апроч агульных адносін, агульнай любові i пашаны да нашых вялікіх папярэднікаў, былі яшчэ i асабістыя адносіны да ix, пра што мы i гаварылі, i маўчалі – кожны па-свойму. Маўчалі – значна больш.

Мяркую па сабе.

Цяжка сказаць, дзе выпадковасць, а дзе заканамернасць у тым, што іменна сёлета, за некалькі тыдняў да паездкі ў Польшчу, я чытаў Гогаля... па-польску, a Сянкевіча – у рускім перакладзе. У першым выпадку пачалося з таго, што мяне чамусьці пацягнула да апісання саду Плюшкіна, а потым, ад арыгінала, захацелася перайсці да перакладу, зробленага Бранеўскім. Можа, часткова i таму, што на адной толькі, на жаль, гэтай кнізе, на «Мёртвых душах» па-польску, ёсць у мяне Уладзіславаў сяброўскі аўтограф. Я зачытаўся да поўначы, i гэты вечар не здаўся мне змарнаваным. Успомнілася, чытаючы, i тое, што i Дастаеўскага я пачаў калісьці па-польску,– з «Іграка», у перакладзе таксама Бранеўскага,– што i некаторыя рэчы Талстога («Хаджы Мурат», «За што?», «Малітва») прачытаны былі раней па-польску. Сянкевіча ў рускім перакладзе, яго апавяданні, я перачытваў не толькі таму, што ў бібліятэцы калгаснага дома адпачынку, дзе мы сумавалі ў абложна дажджлівыя дні, лепшых кніг не было. Мне захацелася праверыць, як яны, яго «Бартак-пераможца», «Вартаўнік маяка», «Па хлеб» i іншыя апавяданні, як яны гучаць на дарослае ўспрыманне, ці варта было захапляцца імі, уваходзячы ў жыццё. Варта было! I яшчэ за адно стала радасна – за ix агульналюдскае гучанне. Гогаль, Талстой, Дастаеўскі – па-польску, Сянкевіч – па-руску... Ці выпадковасць гэта, ці заканамернасць, такія інтымныя факты мае біяграфіі,– справа не ў гэтым. Справа іменна ў тым, што ў такім моўным перапляценні мне вельмі добра, хоць i па-свойму, асабіста, бачыцца наша агульнае, тое, што лучыць нас, што нам гаворыць пра наш ідэал, пра адзіна разумны сэнс існавання.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю