355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Янка Брыль » Вітраж » Текст книги (страница 1)
Вітраж
  • Текст добавлен: 1 декабря 2017, 13:30

Текст книги "Вітраж"


Автор книги: Янка Брыль



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 9 страниц)

Annotation

Прыгажосць чалавека працы, жывыя праблемы нашай сучаснасці, роздум піеьменніка пра яго абавязак служэння роднаму народу, дружба народаў вялікай савецкай сям'і i краін сацыялістычнай садружнаеці, клопат пра мір на Зямлі, прыгажоець беларускай прыроды, паэзія дзяцінства – усё гэта знойдзе чытач у новай кнізе пісьменніка.

Янка Брыль

ГУРТАВОЕ

ДАЖДЖЛІВЫ, СОНЕЧНЫ ЖНІВЕНЬ

ЯШЧЭ РАЗ ПЕРШЫ СНЕГ

ПОШУКІ СЛОВА

РЭХА ЗАЎСЁДЫ CA МНОЙ

СЦЕЖКІ, ДАРОГІ, ПРАСТОР

Хвалі i сосны

Знаёмства з ГДР

«У нас в горах...»

ТРОЙЧЫ ПРА АДЗІНОТУ

notes

1

2

3

4

5

6

Янка Брыль

ВІТРАЖ

Апавяданні, мініяцюры, нарысы

Падрыхтаванае на падставе: Янка Брыль, Вітраж. Апавяданні, мініяцюры, нарысы, – Мінск: Мастацкая літаратура, 1972. – 200 с.

Copyright © 2013 by Kamunikat.org

ГУРТАВОЕ

Каля нашай вёскі, там, дзе цяпер проста крайні ад загумення куток вялікай калгаснай пашы, калісьці быў лужок. Ca сваёй асобнай назвай, са сваей маленькай гісторыяй, якая штогоду папаўнялася новымі фактамі.

Гэта бывала звычайна ў другой палавіне жніўня.

Харошая пара. Адкалываліся ды адрыпелі на калдобінах духмяныя вазы мурагу, жыта, ячменю, лёну. Безліч мядзведжых ахапкаў казытлівага сена i ладных – добра, калі нялёгкіх! – снапоў падняты ды пакладзены на воз, пасля на торп, у халадок i зацішак гумна. На полі застаўся толькі авёс – у мэндліках або сям-там, дзе надзелень, яшчэ не скошаны. Грэчка, лубін, канюшынная атава, насенная канюшына, бульба, што пачынае ўжо добра жаўцець i смачна, дамавіта пахне. Пара адноснай сытасці, першахлебнай ды бульбянай, укропна-агурочнай, яблычнай. Нейкая паўза, кароткі адпачын перад імгліцай задумліва-ласкавых вераснёўскіх раніц, перад мудрай i сумнаватай паэзіяй свежай раллі, радасным россыпам новага насення, журботна-сонечнай паэзіяй залатога лісця i амаль па-жаночы пяшчотных дотыкаў ціхага, светлага, лёгкага павуціння...

Тады, у дні перадыху на стыку лета i восені, наша веска, сказаў бы, рантам успамінала пра той лужок за крайнімі гумнамі, які, быццам забыты, чакаў свае чаргі. За тыдні касавіцы i жніва раз'яднаная, расцярушаная па бліжэйшых i далёкіх надзелах лугоў i палявой распалосіцы, вёска збіралася каля таго лужка. Адны мужчыны ды зрэдку цётка ці маладзіца з той хаты, дзе часова або надоўга не было каму выйсці на гаспадарскую справу. Бясформенны абшар лужка дзялілі спачатку палосамі ўдоўж, потым тое, што заставалася, палоскамі ўпоперак, i заўсёды яшчэ заставаўся трохкутнік паміж полем i выганам, кавалак, які ўжо нельга было падзяліць i які называўся, мусіць вельмі здаўна, Гуртавое.

Дзялілі лужок найчасцей у нядзелю пад вечар. A назаўтра ўранку выбягалі сюды, адзін перад адным, як найраней. Яшчэ i тычак добра не відно, граніцу цяжка адбрысці, яшчэ i косіш нібы навобмацак. I спех такі – не столькі ад жадання ўхапіць гэтую жменю сена, пакуль стаіць пагода, як ад жадання пакрасавацца перад суседзямі спраўнасцю.

Гуртавое касілі пасля абеду, калі ўжо на падоўжных ды папярочных палосах жанчыны пачыналі зграбаць у валкі, а то, хто гарачэйшы, i капіць сяк-так падсушаную траву. I касіць гэты шматок хвашчу, які, дарэчы, елі толькі коні, пачыналі не адразу ды не так сабе, а пасля штогадовага традыцыйнага веча.

Косы ўтыкалі канцамі касільнаў у мяккую пакошу, a самі адыходзіліся трохі i залягалі або рассядаліся на сушэйшым, падгрэбеным узмежку.

Трэба сказаць, што збіралася сюды, спачатку касіць лужок, а потым дзяліць Гуртавое, не ўся наша вёска.

Нядаўна мне давялося паглядзець у бібліятэцы польска-французскі атлас з другой палавіны XVIII стагоддзя i з прыемнасцю знайсці на карце Навагрудскага ваяводства сваё Загора – Sagora, як яно значыцца там у французскай транскрыпцыі. Трэба думаць, што веска стаяла сабе i задоўга да таго атласа, што назву сваю яна вядзе здалёк, здаўна, упарта i самавіта не згаджаючыся стаць ні «Zagórzem», якім яна бывала, ні «Загор'ем», якім цяпер значыцца афіцыйна. Яшчэ адно: у старым «Геаграфічным слоўніку Каралеўства Польскага i іншых славянскіх краін», у пераліку мноства вёсак з такою ж няхітраю назвай, ёсць паведамленне, што наша Загора сто год таму назад мела трыццаць сем каміноў, мясцовасць вакол яго была таксама бязлесная, a землі ўзгоркаватыя, пшанічныя.

Рэшта гісторыі – у вясковых паданнях.

Адно адчувае пасляваеннае пакаленне загорцаў – тыя студэнты, салдаты, настаўнікі, інжынеры, урачы, якія, пад'язджаючы ў наш час да роднай, больш чым на сотню хат вялікай вёскі на ўсходнім схіле тары, бачаць шыфер i бляху, светлыя вокны ў садах, белыя сцены школы, клуба, сельмага, спраўныя будынкі брыгаднай фермы наводшыбе.

Другое адчуваю я, калі за ўсім гэтым, ужо звычайным, бачу i тое, што было,– суцэльную саламяную шэрасць значна меншай, непараўнана бяднейшай i цёмнай заходнебеларускай вёскі, што ўжо не будзе такая, як была, якой яна, часамі здавалася, будзе заўсёды...

Зрэшты, i тое, што жыло ў памяці нашых бацькоў i дзядоў, што мы пачулі ад ix як казку, здавалася ім калісьці беспрасветным ды бясконцым.

Па тых паданнях, па той няпісанай гісторыі наша малое ў гады прыгону Загора належала ажно пяці панам. Хто з ix быў лепшы, хто горшы – уся гэтая разнавіднасць няволі i здзеку пайшла ў нябыт. Да дзён майго юнацтва, за сем дзесяткаў год ад ліквідацыі паншчыны, дайшлі толькі назвы «схедаў» [1], частак вёскі – па некалькі хат – ад колішняй прыналежнасці да памешчыкаў: «свідзінскія», «судзёўскія», «гнаінскія», «лісіцкія», «ёдчыны». Відаць, памыляюся нават у назвах, бо i тады ўжо гэта было мне, майму пакаленню, зусім нецікава. Тады ўжо вёска дзялілася толькі на дзве часткі: вышэйшая палавіна, што размясцілася на гары,– «нагорскія», а наша, усходняя частка, у даліне – «ёдчыны». Яшчэ ўсё як на ўспамін пра нейкага, ледзь не міфічнага, пана Ёдку.

Гуртавое належала «ёдчыным». Аднак пакуль ішла падрыхтоўка да веча, пакуль тое веча цягнулася, тут збіралася многа людзей з усёй вёскі. Той вёў кабылу на пашу – падышоў сюды з аброццю. Другі ішоў па кабылу – таксама спыніўся, а потым прысеў. Хто з поля, хто з вёскі падышлі на гоман i засталіся, як на цікавым, вельмі нячастым відовішчы – на хвілінку – да самай касьбы.

– Дык што мы будзем, мужчыны, рабіць з Гуртавым?

Пытанне гэтае, здаўна i штогоду, ставіў звычайна хто-небудзь са старэйшых гаспадароў. Не дамаўляючыся пра чаргу, не забягаючы наперад, але ж з прыкметнай ахвотай i амаль з дзяржаўнай важнасцю.

Адказвалі яму, як i заўсёды, тое самае, як быццам у гэтай справе не было ўжо вопыту, пэўнага стандарту вырашэння. Зноў выстаўляліся на суд, даўно вядомыя, тры варыянты:

1. Разбіць на палосы i скасіць ды прыбраць кожны сваё.

2. Прадаць траву i купіць пажарную бочку.

3. Скасіць, згрэбці, скапіць гуртам i ў копах, па жэрабю, падзяліць.

Пачынаючы з пастушковага ўзросту, больш за дзесяць разоў я быў на гэтым вечы назіральнікам i слухачом, без права голасу. Спачатку па малалецтве, а потым, хоць i грабец і, нарэшце, касец, пры двух старэйшых братах – не гаспадар.

Зрэшты, так мне было зусім добра. Да гэтага ў мяне, гадоў ужо з пятнаццаці, былі свае адносіны...

Штогадовыя вечы помняцца мне перш за ўсё як вясёлы перабрэх. На розныя тэмы – ад найбліжэйшага, штодзённага аж да самага грэхападзення Адама i Евы, пра якое, як i пра шмат чаго іншага, расказваў – у сваім варыянце – вядомы на ўвесь наш свет рыбак, паляўнічы, гультай, канавал, бабнік, байдун i песеннік Самусь. Дарэчы, з «нагорскіх», незацікаўленых, але заўсёды, помніцца, прысутны.

Сяды-тады тэматыка набірала класавай вастрыні:

«З горла лезе, маць тваю перамаць, а на чужое ўеё роўна гонішся!..»

«Ты каміны не лічы, ты лічы дзесяціны: колькі ix на чый комін прыходзіцца!..»

«Пачакай, пачакай, ці не скончыцца ваша царства, ці не паглядзім мы, як ты тады заквохчаш!..»

Сварыліся, выгаворвалі адзін аднаму сабраныя за цэлы год нездавальненне i варажнечу, у пошуках аргументаў залазячы i ў папярэднія, нават далёкія гады. У якасці халоднае вады на галовы гарачых ішло што-небудзь такое:

«Ды што вы, хлопцы, як бабы, счапіліся?..»

«Паможаш хіба, калі памолішся?..»

«От дзе каб нашых баб i праўда сюды – от дзе б сечкі насеклі!..»

Часцей, аднак, сварку перабіваў, глушыў яе выбухам рогату нейкі новы расказ, Самусёў ці каго-небудзь іншага. Часамі ад сварак ды жартаў хто-небудзь хацеў перавесці цікавасць на песню. Дарма. Не выходзіла. На песню патрэбен быў вечар, патрэбна была цішыня, хоць часовае забыццё на ўсе беды i клопаты. Калі ж i пачыналася песня на пакошы, дык ненадоўга, як нядоўгія былі i сваркі. Больш было жартаў, смеху.

Што ж да маіх «сваіх адносін» да ўсяго, што адбывалася на гэтым лужку i ў вёсцы, i наогул на свеце, дык я не быў тады староннім назіральнікам, бесклапотным падлеткам ды дзецюком з нябеднай хаты, якога яшчэ не ўкусіла свая ўласная вош, аматарам абы з чаго пасмяяцца каля вясёлых. У мяне ўжо была свая таямніца, сваё запаветнае – я ўжо вучыўся, рыхтаваўся на пісьменніка. I таямніца мая, сяму-таму ў пэўнай меры вядомая, не адгароджвала мяне ад людзей. Наадварот – ад кніг, ад паперы яна вяла мяне да ix лепшым, глыбейшым i – мне хацелася гэтага – яшчэ больш іхнім. Кожны мой дзень быў вучобай: я не толькі чытаў i пісаў у вольны ад работы час – я прагна слухаў, глядзеў, запамінаў. Шчаслівае маўчанне няспыннай карпатлівай падрыхтоўкі да тае працы, якая, я верыў, чакае мяне, якая будзе патрэбна простаму чалавеку, карміцелю i бедняку,– патрэбна маёю шчырасцю, нашаю праўдай, якая сваімі фарбамі i гукамі сальецца з красою роднай прыроды, роднай мовы i песні, роднага суму i смеху.

Пажарнай бочцы не шанцавала. Клапаціцца пра тое, каб нарэшце-такі набыць яе, другую да нашай помпы, павінна была ўся веска, не адны толькі ўладальнікі Гуртавога «ёдчыны». «Ёдчыны» не хацелі ў гэтай справе перадаць i мелі сваю пашахонскую рацыю.

Здаецца, толькі раз ці два разы на маёй памяці Гуртавое хтосьці купіў «на скос». Адзін раз тыя лічаныя злоты пайшлі, здаецца, на першую бочку, a другі раз так i ляжалі да самага Верасня ў скарбніка добраахвотнай пажарнай каманды, дарма чакаючы, калі да ix «нагорскія» збяруць сваю палавіну.

Не памятаю, каб калі-небудзь Гуртавое разбівалі на палоскі ды палосачкі,– не даходзіла да вяршыняў такой геаметрыі.

Часцей за ўсё, стаміўшыся ад спрэчак – што рабіць, касілі гуртам, тым больш што сонда не чакала. I касьба гэтая помніцца як самае характэрнае, нібы так толькі яно заўсёды i было.

Касцы ўставалі.

I зноў жа хтосьці першы – не па чыне ды не па выбары, а хто быў найбліжэй – станавіўся ў крайні ад пашы пракос, ці то гарэзліва, ці абыякава, ці нават урачыста пачынаў мянціць касу.

Пайшоў.

Пакуль пайсці другому, трэцяму – усе пачыналі мянціць, да апошняга ў постаці. Вясёлы маладзецкі перазвон.

A публіка рознага веку, ад смаркатых да сівавусых, усе, хто сабраўся тут дзеля веча, стаялі збоку, на пашы, як на нейкае дзіва гледзячы на справу звычайную – касьбу, i незвычайную, бо раз на год калектыўную, гуртавую.

Тут набліжаецца галоўнае...

Тут я павінен зрабіць яшчэ адно, не апошняе, адступленне.

Веска наша, як правільна сведчыць вышэй успомнены «Геаграфічны слоўнік», спрадвеку палявая. Ляскоў, гаёў якіх-небудзь ці проста зарасніку каля яе няма. У лес мы, пастухамі быўшы, траплялі толькі ўвосень, калі кароў пускалі на лугі, пасля атавы. A падраслі – па дровы ездзілі зімой.

Салаўя, такім чынам, я змалку не чуў, гадоў, здаецца, да семнаццаці, пакуль не паехаў аднойчы ажно за чацвёртую вёску рэзаць на балоцістым надрэчным лузе лазу.

Красу птушынага голасу я ведаў, перш за ўсё, ад жаваранка i шпака. Не лічачы, вядома, спевакоў ледзь не хатніх – пеўня ці ластаўку, або выпадковых – шчыгла ці чачотку, што не табе, дык суседнім хлапчукам траплялі часамі ў клетку.

Жаваранак i шпак, спяваючы, не хаваліся.

Першага мы змалку бачылі не раз. На зямлі, калі ён – недасягальна мілы, шэранькі – уподбежку хпмыгаў па руні, яшчэ не могучы ў ёй схавацца; над зямлёй, калі ён уздымаўся над калоссем – ужо налітым ці яшчэ ў красе – адразу з сярэбраным звонам; у небе, дзе ён бясконда вісеў над табою, жандом ці касцом, бясконца званіў, як вясёлая ручаіна, усё адно i тое ж, i ўсё такое новае, такое шчырае!..

Другі спявак – бліскуча-чорны, гарэзлівы шпачок – наогул нікуды, як быццам, не адлучаўся. Калі не на кіёчку перад акенцам шпакоўні, дык на галінцы дае свой штодзённы, з ранняга ранку да позняга вечара, таксама як i жаваранкаў, нястомны канцэрт. I з перапевамі, i сваё, i з кепікамі ўсякімі, з зачэпным посвістам, i ад сапраўднай радасці, з поўнай сардэчнай аддачай.

Загадкава прывабныя, проста такі чароўна-таямнічыя былі мне з маленства галасы яшчэ дзвюх птушак нашага свету – драча i перапёлкі. Ix галасы ўзрушліва спалучаліся з красой у аднаго – вясняных, a ў другое – летніх вечароў, з таямнічасцю роснага, прыімглёнага лугу i духмянага хлебнага поля. Перапёлка бывала далей ад нашай хаты, сакавіта-хлёсткі i шчымліва-журботны покліч яе даходзіў здалёк, прыцішаны адлегласцю. Драч дадзіраўся настойлівым, поўным адчування абавязку i годнасці дзёрам – да самых акон.

Часамі, калі ты, зачараваны імі, выходзіў з хаты, ішоў па двары, пасля па цёплай баразёнцы паміж бліскучага ад месяца гічання буракоў ажно на роснае прыгуменне – яны, перапёлка i драч, служылі сваю службу, здавалася, зусім на пару, дуэтам, пад адным вялікім, нізкім месяцам, налітым спеласцю, нібы казачна-агромністае яблыка, вось-вось гатовае апасці на мяжу паміж полем i лугам.

«Свежасць дзіцячага ўспрымання...»

Ды вось i іншае.

Сяджу над паплаўком, задуманы i засяроджаны. А пасля да мяне пачынае даходзіць музыка ціхага-ціхага шуму. Спачатку я падсвядома цешуся гэтай радасцю, а потым спакваля пачынаю ўсведамляць, што цуду тут ніякага няма. Узнімаю вочы. Гэта ж на тым баку ракі, хоць i даволі шырокай, спакойныя, даўно ўжо не галодныя каровы падышлі нячутна па траве да берага, грызуць яе – нібы адною шырачэннай пысаю: ш-шам, ш-шам, ш-шам... Ёсць несулад у гэтым шаманні, ды ён усё ж зліваецца ў адно.

Мне ўжо тым часам за пяцьдзесят. I я ўспрымаю гэтую музыку надрэчнай раніцы не як дзіця, аднак не менш, здаецца, свежа i яшчэ глыбей.

Чаму? Як хто?

Як чалавек, які ў свой час быў па неабходнасці нават i стыхійным ветэрынарам – памагаў карове цяліцца, лячыў яе тым, што ведаў ад векавое мудрасці народнага лекавання, а то i стаяў над ёю, хворай, балюча глытаючы сваю бездапаможнасць.

Як чалавек, які не толькі замілавана гладзіў сытае, даверлівае цялятка, але ж i сам яго выкарміў, i быў аднойчы пастаўлены перад горкім абавязкам падысці да яго з нажом.

Як чалавек, які не толькі ахвотна піў сырадой ці задаволена пакрэктваў над місай крамянага ды халоднага з пограба кіслага малака, але ж i сена карове касіў, i салому на подсціл ёй вымалочваў, i гной вярнуў з-пад яе, да трэску ў жылах i ў дзяржальне сахара.

Каму ж, як не таму, не такому чалавеку адчуць па-сапраўднаму музыку яе, каровінай, задаволенай, сытай яды на калгасным прыволлі?..

Красу прыроды хлебароб адчувае інакш, паўней, чым яе старонні назіральнік, няхай сабе нават найлепш эстэтычна падрыхтаваны ці па натуры вельмі чулы. Хлебароб успрымае яе не збоку, не зверху, а з самай сярэдзіны, свядома ці падсвядома адчуваючы сябе саўдзельнікам стварэння гэтай красы,– гордае i шчаслівае адчуванне.

Яно было маім у дні маёй сялянскай маладосці, у пэўнай меры маім засталося яно i дагэтуль. I дома, i ў кожнай іншай краіне, дзе я гляджу на новую красу палёў, павага да яе стваральнікаў жыве, ціха, непераможна спявае ў маім захапленні.

Гэтага мала, аднак.

Мне часта ўспамінаецца пара той непаўторнай свежасці пачуццяў, подыхамі якое цяпер, у гарадской ды кабінетнай мітусні i адзіноце, даводзіцца падмацоўваць сябе толькі час ад часу, успаміны пра якую вяртаюцца, непакояць душу ўсё часцей ды ўсё больш неадчэпна, з новым сумам i новай чароўнасцю...

Косы шаркаюць у траве i – другія – звіняць над травой.

Хто лепш за самога касца адчувае красу гэтай працы? Нагамі ў весела-роснай або ласкава-мяккай траве. Грудзьмі, што дыхаюць сілай i воляй. Вачыма, што бачаць зялёны прастор, які хутка пад ногі мне ляжа пакорнай травою...

Летняя «пільніца», гарачая пара, пачыналася з сенавання, нялёгкай, аднак самай чыстай i самай вясёлай, амаль святочнай работы. Цяжэй там бывала мужчынам, касцам. Асабліва калі не ў гурце, а сам пілуеш, без маладзедкага спаборніцтва, без гоману, смеху ды перазвону мянташак. На жніве, з сярпом, шчыравалі ды петавалі больш жанчыны. Таму, відаць, i песні жніўныя – жаночыя, i гучаць яны такою журбой, ледзь-ледзь не на мяжы апошняга адчаю. Серп i рукі, спёка i поле, сваё ці не сваё, якое трэба было апоўзаць, сагнуўшыся, з той жа цярплівасцю, з тою ж непаказною мужнасцю, з якою яны i раджалі спакон вякоў, i гадавалі ў нястачы, i аплаквалі, з якою яны валачылі горкую долю ўдавы ці салдаткі, ці вечнае наймічкі. Мужчыны тут сваю жніўную гаркоту, сваю нібы казацкую ленасць апраўдвалі тым, што «бабская сярэдзіна куды, браток, гнутчэйшая за нашу». У пачатку трыццатых гадоў пачалі ў нас, на Міршчыне, касіць i збожжа. Калі ўлічыць, з якім нараканнем ды вохканнем, а то дык i з добрым гвалтам сустрэлі гэтае «гультайства», гэты «рэспуст» старэйшыя, асабліва жанчыны, можна сказаць, што каса ды ў жыта, пракос ды на загоне – гэта была рэвалюцыя. Мужчына выпрастаўся. Яму зноў жа нялёгка было, асабліва ў густой ці палеглай пшаніцы, але ж i добра пазіралася наперад, без паклонаў. Жанчына гнулася па-ранейшаму, падбіраючы пракос ды вяжучы снапы, аднак i ёй стала трохі лягчэй. Касцовы ж рукі пад вечар гулі, як тэлеграфныя слупы, спаць чалавек валіўся як сноп, а пасля сну, абы зноў упрогся ў касу, гудзенне паўтаралася i набірала стомы больш ды больш – патрошку, спакваля, на загартоўку i ў запас.

Дык хто ж тады лепш за самога касца адчувае красу гэтай працы?..

Яшчэ ўсё любуецца ёю босая публіка, стоячы збоку, на пашы. Мужчыны з «нагорскіх», што пасыходзіліся на веча, i пастухі, амаль адны толькі хлопчыкі, адпушчаныя сюды дзяўчатамі ад далёкага статку. Нібыта ўпершыню, глядзяць малыя, сталыя ł старыя на гэтую касьбу – звычайную i незвычайную, бо разам, дружнай талакою.

I не падумаеш, што хутка тут адбудзецца яшчэ больш незвычайнае – такое штосьці, чаго тут як быццам ніколі i не было...

Дык што ж такі?

А тое, што праз увесь гэты дзень, ад роснага, імглістага досвітку, калі так здорава было гнаць роены пракос, дыхаючы вострым, кіславатым пахам хвашчу, да сонечнага адвячорка, калі мы, мужчыны, выходзілі на сваё веча ў лёгкай стоме i ў мласнаватай пасляабедзеннай сытасці,– праз увесь гэты час у траве на лужку, як пад вадой, зверху нікому непрыкметна адбывалася сваё...

Пакуль касіліся палосы падоўжныя, галоўныя ды законныя жыхары лужка, смешна-настырлівыя скрыпачы, што не скрыпелі ўжо цяпер, у другой палавіне жніўня,– драчы з драчыхамі i драчанятамі абодвух вывадкаў – нябачна ды нячутна перабягалі на той участак травы, які быў падзелены палосамі ўпоперак. A ўжо адтуль яны пасля, яшчэ больш устрывожана, перабіраліся ў клін нечапанага Гуртавога. Пакуль было ціха ў абед i потым, пакуль зусім побач шумела крыкам ды рогатам веча, бедныя скрыпачы сядзелі, прытаіўшыся ўжо ў невялікім для ўсіх ix трохкутніку травы, паміж свежай пакошай, вытаўчаным каровамі ржышчам i голай, як зялёны бубен, пашай. Абдумвалі, абмяркоўвалі, бедавалі..

– Хлопцы – драчэ!

Крыкнуў хтосьці з касцоў. Голас трывогі, радасці i каманды.

Усе касцы, уся басаногая публіка розных узростаў як быццам толькі цяпер зразумелі, успомнілі, што ж такое павінна адбыцца, што тут у гэткі дзень бывала штогоду.

Драчы, відаць, таксама па нейкай сваёй камандзе, высыпалі з апошняга кліна травы на голую роўнядзь пашы.

Людзі – за імі. Першыя сыпанулі пастушкі. Тады касцы, пакінуўшы косы ў траве, рэдка каторы ўваткнуўшы яе касільнам у зямлю. Рушылі нават i пажылыя з аброцямі, нават i той біблейскі каментатар, ужо тым часам сівы i прыгорблены гультай, Самусь.

З гікам, свістам i смехам ляцелі яны па маленькай, выгрызенай траве, так ласкавай для ног, за пільніцу папораных іржышчам i ў малога i ў дарослага. Ляцелі ва ўсе бакі і, адначасна, усе ў адзін бок – наўздагон за прыткімі шэра-бурымі скрыпачамі, што нейкаю сутулай ды імклівай пехатой i смешным подлетам, не падцягнуўшы ног, сыпаліся ў недалёкую бульбу за пашай.

Як i заўсёды, кожнага году, ніхто нічога не дагнаў, ніхто нічога не злавіў. Бо нездарма ж яны, драчы, i ў вырай бегаюць пехатою. Ніхто нічога не забіў, хоць пастушкі каторыя i кідалі здуру кіямі. Затое смеху было, радасці усім. Не толькі чарнаногай малечы, якая спачатку, на вечы, цярпліва сядзела, а потым стаяла каля касцоў, добра ведаючы, чаго яна тут чакае. Не толькі нам, маладым ды нястомным. Не толькі мне, «паклонніку красы жыцця». Але i тым, хто, на думку маю i маіх аднагодкаў, тады ўжо быў стары, у каго ўжо для хатняй i надворнай лаянкі, для ўшчування ды вохкання былі не толькі бацькі, але ж i жонкі, i маладыя яшчэ i ўжо не вельмі.

Раскрыццё таямніцы ўражае па-рознаму.

Быў у маім пастушыным маленстве такі незвычайны выпадак. На пашы. Нечы конь, відаць, адмахваючыся ад заедзі, учапіўся хвастом за калючы дрот агароджы ад поля, ірвануўся i пабег, пакінуўшы на дроце, каля самага слупка, жменю заблытанага валосся. I вось шпаку чамусьці собіла сесці іменна там. Ён ублытаўся лапкай, i як жа, бедны, ірваўся, як верашчаў, калі я, адзін ca свіных пастушкоў, найбліжэй падбягаў да яго, браў яго, трапыхлівага, ваяўнічага, у руку, выблытваў з валосся яго лапку, а потым яшчэ трохі трымаў у дрыготкай жмені і глядзеў, угаворваў яго не баяцца. Майго першага i, як дагэтуль, адзінага шпака – так блізка, у руцэ. Я выпусціў яго, упершыню адчуўшы шчасце даць камусьці волю, упершыню як быццам зразумеўшы, што так яно, калі ён на дрэве, а я на зямлі, калі ён шчабеча, а я любуюся,– што так яно найлепш.

Потым я разумеў, што калі ў супакоеным жыце, калоссе якога яшчэ не хіліцца долу ад маладога, салодкага цяжару зярнят, а ледзь не да болю ў сэрцы, ледзь не да слёз прыгожа ружавее ды мігціць у неспякотна-ласкавых промнях вячэрняга сонца, калі ў духмяным i таямнічым бязмежжы гэтай красы, недзе з самага дна, ад самай зямлі пачынае падаваць свой голас перапёлка,– я разумеў, што гэта найлепш, калі яна там, а я тут, дзе я стаю або іду i раз-поразу спыняюся, каб паслухаць.

Я разумеў, гэта праўда. Але праўда i тое, што мне заўсёды хацелася, a калі дык i вельмі хацелася ўбачыць яе зусім блізка. Ужо не патрымаць у руцэ, як хацелася гэта раней, a толькі зблізку-зблізку паглядзець.

Таксама i з драчом.

Таксама i трохі інакш.

Перапёлка жыла для мяне не толькі ў збожжы – я ведаў песні пра яе, яны мне падабаліся, яны мяне хвалявалі, i гэта паэтычна аддаляла яе ад мае жмені i ад вачэй, што хацелі б наблізіцца да яе... ну – зусім.

А пра драча ніякіх песняў не было. Былі адны кепікі, хлёсткія, рыфмаваныя, але такія, што мы пры бацьках не асмельваліся ix паўтараць, хоць i бацькі нашы таксама ж былі ў свой час пастушкамі i ўсё такое ведалі. Драч, драч!..» Дзярыся, браток, толькі не пападайся. Хоць i вельмі хацелася б паглядзець, як гэта ты там сядзіш у роснай траве і як устаеш ды дзярэшся, рупліва паварочваешся ва ўсе бакі начнога свету, стольхі ўжо часу думаючы, што гэта ў цябе сапраўдная песня, што ўсе павінны чуць яе, што гэта не смешна, а вельмі хораша.

I вось тут раптам – колькі ix, лугавых скрыпачоў! Якое вясёлае раскрыццё травяной таямніцы! Колькі людзей – малых, дарослых i нават старых – бяжыць за вамі, смеючыся, хочучы злавіць i ведаючы, што не надта зловіш, i не кідаючы нічым наўздагон, каб не забіць з блазенскага дуру!..

Ведаю, ведаю я, што не гэтым смехам, не гэтай радасцю жылі тады людзі, што i наогул яны не гэтым, перш за ўсё, жывуць.

I самі яны, мае землякі, яшчэ лепш, гарбом ды нутром, ведалі, што ix трымае на вадзе.

Аднак чаму ж яны так радасна смяяліся, чаму так доўга i так светла помніцца мне гэты смех? Не гаснучы ў памяці, не зацёршыся ў безлічы іншых, куды значнейшых падзей. Як момант чыстай чалавечай блізкасці, глыток высокай радасці жыцця, хоць часовага забыцця пра клопаты, беды i сваркі будзёншчыны.

...З тых, што смяяліся тады, многіх ужо няма. Па трох, па двух, па адным-адзіным з хаты – многія не вярнуліся з вайны. З тых, што вярнуліся, адны ўжо спакваля за столькі год паперабіраліся з вёскі на ўзгорак за гасцінцам, дзе ім шумяць маладыя бярозкі i велічны, несмяротны дуб. Жывыя неўпрыкмет i даволі растрэсена пастарэлі, хто з выгляду цэлы, а хто без рукі, без нагі.

Я не пытаўся ні ў кога з ix, але здаецца мне, верыцца нават, што той наш далёкі перадваенны смех, той наш блазенскі крое за драчамі не толькі мне аднаму ўспамінаўся ў сумную або нялёгкую часіну, дома ці недзе далека ад родных мясцін.

1969

ДАЖДЖЛІВЫ, СОНЕЧНЫ ЖНІВЕНЬ

Трэці дзень цвіце мой адзіны жоўты гарлачык паміж талерак-лістоў. Трэці доень, то седзячы, то лежачы, гляджу на бела-блакітныя бочачкі паплаўкоў, Чаецей за ўсё – праз рэдкі частакол абгрызенага каровамі аеру.

Уранні туманец шпарка ішоў за плынню ракі, стараючыся не адстаць. Дзень праяўляўся без чыстага сонца, мяккім святлом. Яшчэ не абсохла paca, a ўжо з сітнягу, у якім я стаяў на мыску, пачалі стартаваць стракозы. Пад несціханы булькат ручаіны, што ўпадае ў Шчару. Бацька бусел ці, можа, маці бусліха з чарнадзюбымі падлеткамі спаважна хадзілі сабе паблізу, не вельмі каб зважаючы на рыбака. Сойка дзерлася на тым баку, у лістоце. Певень у недалёкай вёсцы прастадушна рабіў сваё – кукарэкаў раз-поразу, нібы адзін, той самы ўсё, а не на змену з іншымі.

Добра, спакойна на душы. I цяпер, адвячоркам, калі збіраецца памаленьку на дождж, пагруквае над заходнім даляглядам. I ўранні было, калі туманец спяшаўся за плынню. I ўчора, гэтай парой, калі мы, пакінуўшы, нарэшце, упарта нерухомыя паплаўкі, сышліся воддаль ад сваіх завоінак i весела плавалі ў вадзе ды ў сонцы ласкавага вечара.

Большую частку жыцця чалавек праводзіць у адзіноце. Чаму некаторыя людзі баяцца, не любяць яе?..

I яшчэ адно хоча ў блакнот:

Разлука з блізкімі, любімымі, разлука назаўсёды i туга па ix – гэта таксама адчуванне абавязку. Перад галоўным у жыцці. А разам з тым – i абавязак перад тымі, што нас пакінулі. Паколькі я не ў зямлі, а пакуль што наверсе, у шчасці свядомых дзён i хвілін.

Добра вось так пісаць – калі папера i душа ў траве.


* * *

Раніца сёння, пасля начнога дажджу, лагодна свежая, па-святочнаму, хоць i не свята, ціхая, пад шэрай павалокай хмар, якія ці то аддалі ўжо ўсё, што меліся аддаць, ці то яшчэ збіраюцца падсеяць,

Старшыня прыехаў па мяне, як дамаўляліся, у шэсць.

– Эх, дарагі мой, каб вы толькі бачылі – тры ласі на дарозе! Тры асілкі! Якія прыгожыя!..

Ён захапляецца нягучна, з асцярогай,– дом адпачынку калгасны, ды ў ім цяпер адпачывае інтэлігенцыя з дзецьмі. Ён паўтарае сваё захапленне i за рулём «газіка», які з памяркоўным гудзеннем нясе нас па лясной, з асаджаным пылам, дарозе.

– Вось тут стаялі! I я перад імі стаяў!

Радасць яго перадаецца мне. Яшчэ i зайздросна на дадатак, i прыкра, што вось жа мне зноў не пашанцавала. Але i прыкрасць, i зайздрасць – не безнадзейныя, нібы мне жыць яшчэ ды жыць...

Мы ведаем адзін аднаго нядаўна, але як быццам i нядрэнна. Часамі мне здаецца, што ў гутарцы са мной, пісьменнікам, ён крышку пазіруе, паварочваецца лепшым бокам. Тады, для раўнавагі, я дакараю самога сябе пытаннем: «А ты што, мала пазіруеш? I перад ім...» Але часцей мне думаецца, што мы са старшынёй забываемся пра такое, больш міжвольнае, чым свядомае, пазіраванне i проста жывём сабе побач, здаволеныя нашымі нячастымі сустрэчамі, ён – ахвотна знаёмячы мяне з тым, чым ён жыве, а я – ахвотна знаёмячыся з гэтым маляўнічым кутом, з новымі людзьмі.

Сёе-тое я ўжо тут ведаю.

З заатэхнікам Люсяй я, напрыклад, сустракаўся летась, тады яшчэ чуў пра яе. I цяпер, калі мы пасля некалькіх кіламетраў мокрага лесу выязджаем на палявую дарогу i неўзабаве спыняемся каля крайняга доміка яшчэ сонкай вёскі, я пазнаю гэты домік i загадзя, вачыма памяці, бачу яго маладую гаспадышо.

«Газік» наш прыпыніўся каля плота, за якім над мокрымі градамі сям-там тырчаць вялыя ад макрэчы сланечнікі i вішні з рэшткамі нядаўняй вераб'інай раскошы,– апошнімі недакляванымі ягадамі.

Люся выходзіць з доміка ці то на стрыманы покліч нашай машыны, ці то заўважыўшы яе цераз акно яшчэ да сігналу. У накінутай сцёганцы, у белай хусціне, з прыветлівай усмешкай. Вясёлая i працавітая. Гэтага мала. Такія ўжо бывалі. Таксама, як яе жыллё – ужо не хата з лучынай, a спраўны, пафарбаваны охрай домік пад шыферным дахам, з тэлеантэнай над ім, з электрычнасцю i газам на службе ў гаспадыні,– таксама i гападынька – не проста ласкавая, спраўная маладзіца, а загадчыца фермы i студэнтка-завочніца.

Пакуль яны вядуць сваю будзённую, дзелавую гутарку, я любуюся Люсяй i ўспамінаю дзве старонкі яе біяграфіі. Выпускны вечар у дзесяцігодцы, «блакітны вальс», калі бойкая выпускніца асмелілася i вывела на круг самога старшыню, такога культурнага, толькі што з раёна. А пасля гутаркі з ім задумалася дзяўчо, ці не застацца ёй i сапраўды ў сваёй вёсцы цялятніцай. I гора маладзенькай цялятніцы ўспомнілася. Як адна з яе падласак па звычаю лясных кароў уцякла ў гушчар – цяліцца. Трое сутак шукала яе Люся. Спачатку проста хадзіла па лесе, гукала ды плакала, а потым здагадалася i пачала чакаць карову каля вадапою, лясное рачулкі. I дачакалася. Ужо з цяляткам.

Я непрыкметна, здаецца мне, назіраю за тым, якімі добрымі вачыма гэты пажылы, бывалы мужчына, цяжка паранены франтавік глядзіць на маладую, здаровую, вясёлую, амаль красуню, i ўспамінаю многіх яго памочніц, у іншых вёсках калгаса. Даяркі, заатэхнікі, учотчыцы, аграномы...

– Мяне часамі,– смяяўся неяк старшыня,– называюць бабскім угоднікам. I сябры, i начальства. Многа, бачыце, у мяне дзяўчат ды маладзіц на самых адказных участках. I праўда – больш, чым мужчын. I кожная, скажу вам, на сваім месцы.

Зноў едзем. Зноў любуюся няяркай, дзікаватай, не надта шчодрай на хлеб красою палёў. Узгоркаватых, з частымі пералескамі, з кустамі ядлоўцу i валунамі на абочынах дарогі.

Насустрач нам, па палявой дарозе, ідзе... Неўзабаве становіцца ясна – ідзе малады чалавек. Ледзь не падлетак яшчэ. Вез шапкі, светлавалосы. Пакуль мы з ім параўняліся, старшыня паспеў сказаць, што гэта адзін з трох сыноў каваля, старэйшы, дапрызыўнік. Усе тры хлопцы – механізатары. Талковыя. Вось жа работы ў полі сёння няма, свята, так сказаць, паняволі, а ён ідзе. Вядома ж, да свайго камбайна.

Мы спыніліся. Яны здароўкаюцца як дарослыя, юнец i пажылы, i пачынаюць гутарку. Зноў дзелавую. I я зноў заўважаю ў позірку старшыні, як i з Люсяй было, стрыманую бацькоўскую закаханасць. I сапраўды – прыемны хлапчына, гэты камбайнер. Ладная, відаць, сям'я ў таго не знаёмага мне каваля. Меншы яшчэ не дарос да камбайнера, ездзіць са старэйшым братам, вось гэтым, за памочніка. Пра гэта я даведаўся цяпер, з гутаркі, якую слухаю. I неяк цёпла ад нямоцнага жадання спытацца ў дзецюка ды пачуць у адказ, што той, які малы яшчэ, вядома ж, спіць сабе цяпер, законна папаўняючы пад дождж свае штодзённае недасыпанне.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю