Текст книги "Тарэадоры з Васюкоўкi (на белорусском языке)"
Автор книги: Всеволод Нестайко
сообщить о нарушении
Текущая страница: 9 (всего у книги 9 страниц)
I паехаў. Калi б не гэтае "рукi ўгару", мабыць, стары да ранiцы па плаўнях сноўдаўся, як вадзяны. Вось так...
Кукуруза ўсяго мог чакаць: што дзед будзе лаяцца, што нават надзярэ вушы, як некалi. Але што дзед будзе гаварыць так проста i шчыра, ён, мабыць, не думаў. Ён пасумнеў i замаўчаў.
– Эх, няўжо я памру i не пабачу, як з цябе чалавек атрымаецца? – з болем сказаў дзед.
– Не кажыце так, дзед, не памрэце вы, – спалохана пiскнуў Кукуруза.
– А ты што думаў – дзед вечны? На дзевяты дзесятак ужо павярнула. Вось-вось – i ў ямку старчаком. Ужо нядоўга...
– Я, можа, нават раней за вас памру. Вунь, памятаеце, як у мяне чыр на назе быў i тэмпература сорак... Так што не кажыце.
– Э, сынок, маладыя могуць памерцi, а старыя мусяць памерцi... Так ужо вядзецца. I не трэба ў гэтым змагацца. Лепш у чым iншым...
Запанавала маўчанне. Вiдаць, майго сябра канчаткова збянтэжылi i расхвалявалi дзедавы словы. Ды i мяне таксама. Нiколi я не бачыў дзеда такiм. Заўсёды ён бурчаў, лаяўся, нават у карак мог даць, а тут... Эх, лепей бы ён нам вушы паабрываў!..
– Дзед! – жаласна прамовiў Кукуруза. – Вы не кажыце маме. Я вас прашу. Га, дзед?
– Дык што ж казаць? Няма чым радаваць.
– Я вучу граматыку, вучу, чэснае слова. I дыктант напiшу.
– Пабачым...
– Вы думаеце, мы тут жарты строiм? Мы тут... мы тут...
– Ды бачу – сочыце за некiм. За кiм гэта?
– За Кнышом.
– Огго! Чаго раптам?
Кукуруза хацеў усё паяснiць, але тут дзед прыставiў далонь да вуха i цiха сказаў:
– Цыць!.. Потым... Плыве... Хавайцеся, хлопцы, хутчэй, пабачым, у чым тут справа.
Мы прыцiхлi. А дзед ступiў толькi адзiн крок да карча i – нiбы растварыўся ў цемры. Прайшла хвiлiна, дзве, а можа, i болей. I толькi пасля мы ўбачылi са стругi выплыў човен. Як дзед Варава змог пачуць яго, не даўмею. Вось што значыць – стары паляўнiчы.
Човен прыстаў да берага.
З чоўна вылез Кныш.
Нешта дзынькнула, упаўшы на зямлю. Кныш прамармытаў нешта, падняў, пайшоў па сцежцы.
Ён так блiзка прайшоў каля мяне, што мне здалося, быццам ён вось-вось зачэпiцца за маю нагу, i я хуценька падцягнуў яе пад сябе.
У адной руцэ Кныш трымаў вялiкi жалезны лом, а ў другой – вядро i друшляк, тое металiчнае з дзюрачкамi, праз што варэнiкi i галушкi працэджваюць.
Каля азярца Кныш паклаў лом на зямлю, зняў чобаты, зайшоў па калена ў ваду i пачаў друшляком нешта збiраць з паверхнi азярца i абтрасаць у вядро.
– Гайда, хлопцы! – шапнуў дзед i, выйшаўшы з карчоў, гучна кашлянуў:
– Кахi, кахi!
Ад неспадзеўкi Кныш падскочыў, паслiзнуўся – шубоўсь! – i сеў у ваду. Толькi галава з вады тырчыць i круцiцца ва ўсе бакi разгублена.
– Памагай бог, чалавек добры, – спакойна прамовiў дзед. – Што гэта вы тут робiце?
– Ку-купаюся! – дурнавата выскалiўся Кныш i пачаў нязграбна падымацца.
– З друшляком? Зразумела!.. А бярыце, хлопцы, яго чобаты, ломiк арыштаваны ён. Павязём у сяло – там разбяромся.
– Ды што вы, дзядуля!.. Ды што вы, далiбог! – замармытаў Кныш, вылазячы з вады. – Вось жартуюць! Гы-гы! Вось жартуюць!
– Давай-давай! – падвёў голас дзед.
– Ды ну, чэснае слова! Ды ну, што вы такое кажаце!
– Лезь, кажу, у човен сам! Бо звяжу!
– Ды пастойце, дзед! Я ўсё раскажу! Усё чыста! Невiнаваты я... Далiбог! Гэта ўсё яна! Турма народаў! Гэта ж як пачула пра той лябулiс, ну, як смала прычапiлася: "Дастань ды дастань, яно пойдзе на рынку". Як з нажом да горла прыстала. Што ты зробiш! Няхай ужо, думаю, каб адчапiлася, дастану трошкi. Паехаў. А атрымлiваецца, па-першае, яно яшчэ не ўзнiкла, а, па-другое, мiкраскапiчнае. Як ты тым, мiкраскапiчным, таргаваць будзеш? Ну хоць дамоў не вяртайся! Вы ж не ведаеце маю бабу... Вырашыў я ёй нацягаць з вады якой iншай дрэнi, каб толькi не чапiлася (хiба яна разбярэ?). Падмануў яе, сам свядома падмануў. Не хацеў жа чапаць, калi ўжо вучнi такую добрую справу робяць. Думаў, усё. Абышлося! I гандаль iдзе, i я спакойны. Але няшчасны мой лёс. Учора вось дазналася яна пра ўсё. Божа, што было! Хоць перахрысцiся ды ўцякай. "Ты, крычыць, злачынец, ты, крычыць, падсудны! Я ж, можа, людзям якой шкоды нарабiла. Калi мне сапраўднай не прынясеш – са свету зжыву!" Ну што мне рабiць? Ну, зразумейце, дзед, хiба ж я хацеў? Далiбог! Адпусцiце, калi ласка.
Кныш замаўчаў, хлiпаючы.
Мабыць, дзед расчулiўся – засапеў i захекаў.
– Ой, дзед, выкручваецца ён! Як вужака! – крыкнуў Кукуруза. – Яны тут з Бурмiлам... у акваланзе для падводнага плавання... цэлае лета...
– Спецыяльна ў Кiеве купiлi. Мы самi бачылi, – падхапiў я. – Заданне ў iх нейкае... ад вермахту... Мабыць, фашысцкi архiў з дна дастаюць. Як у Чэхаславакii.
Кныш ажно сцiснуўся ўвесь.
– Ды што вы, хлопцы! Што вы! Ды баранi божа! Якое там заданне! Такое прыдумалi, далiбог!
– А што ж? – запытаў дзед.
Кныш трошкi памаўчаў, потым раптам горача загаварыў:
– Ды знаеце, ды мы якраз, дзед, i пра вас думалi. Хацелi падаруначак вам зрабiць. Хоць вы i не п'еце, але ж на свята чарачку можаце... Хi-хi! Гэта ж, знаеце, даведаўся я, што ў вайну немцы тут спiрт патапiлi. Дваццаць, кажуць, канiстр ляжыць. Герметычныя, што iм зробiцца. Дык вось думаем падняць. Толькi ж вы, дзед, калi ласка, нiкому-нiкому. Мы вам па дружбе дадзiм. Нават i не думайце адмаўляцца. Гэта ж такая справа! Во якая! Хi-хi!..
Кныш засмяяўся дробненькiм подлым смехам. Але смех адразу i абарваўся. Па дзедавым настроi Кныш зразумеў, што смяяцца няма як.
– Зразумела, – сурова сказаў дзед. – А ломiк гэты навошта ўзяў?
– Ды проста так... проста... – замяўся Кныш.
– Хацеў усё зруйнаваць? Каб сляды замесцi? Каб усё сплыло? Маўляў, стыхiйная бяда? Так? – у голасе дзеда звiнела металiчная нянавiсць.
– Вось баба праклятая... – пачаў Кныш, але дзед перапынiў яго:
– Годзе ўжо! Сядай! Паехалi!
– Ды, дзед, – плаксiва пачаў прасiцца Кныш. – Ды мы ж з вамi суседзi. Што вам – больш за ўсiх трэба? Я ж нiчога не зрабiў, не паспеў жа! Адпусцiце!
– Якiя мы суседзi! – як адсек дзед. – Ты зусiм на iншай планеце жывеш! I не пнiся суседзiцца з людзьмi. Паехалi!
Кныш згорбiўся i, як пабiты сабака, паслухмяна пайшоў да чоўна.
А калi ўжо мы адплывалi, дзед Варава, нi да кога не звяртаючыся, цiха сказаў:
– А той спiрт партызаны яшчэ ў сорак трэцiм вылавiлi. Для шпiталя. Трэба было ў старэйшых распытацца, перад тым як у ваду лезцi.
РАЗДЗЕЛ
апошнi, заключны
Так i закончылiся прыгоды Рабiнзона Кукурузы на бязлюдным востраве каля вёскi Васюкоўкi.
Наступны пасля той ночы дзень быў спаўна насычаны выключнымi падзеямi.
З ранiцы прыехаў прафесар Дудка, кiраўнiк кiеўскiх юннатаў, а разам з прафесарам карэспандэнт пiянерскай газеты.
Прафесарам Дудкай аказалася маладая прогожая жанчына ў моднай сукенцы з кароткiмi рукавамi i модных басаножках.
Прафесар Дудка паглядзела на глабулус i сказала, што гэта "цудоўны штамб хларэлы" (менавiта так яна i сказала), што яна абавязкова скажа пра яго ў дакладзе ў сваiм iнстытуце, што гэта вялiкi поспех, i горача пацiснула руку спачатку Фарадзеевiчу, а потым усiм юннатам.
Фарадзеевiч ажно свяцiўся ад радасцi (дарэчы, у гэты дзень выпiсалася з бальнiцы яго жонка). Юннаты таксама свяцiлiся (карэспандэнт абяцаў напiсаць пра iх у газеце). Потым Фарадзеевiч пры ўсiх абняў нас з Явам, пацалаваў i сказаў:
– Калi б не вы – усё б загiнула. Дзякую, сябры мае, дзякую!
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
А неўзабаве ў клубе адбыўся таварыскi суд. На сцэне стаяў засланы чырвонай тканiнай стол, за якiм сядзелi старшыня калгаса Iван Iванавiч Шапка, члены праўлення, Явава мама-дэпутат, дзед Варава, дзед Салiвон i Галiна Сiдараўна.
Збоку на лаве падсудных разам сядзелi насупленыя Кныш з Кнышыхаю i трохi ў баку ад iх ашаломлены Бурмiла.
Мы выступалi як галоўныя сведкi абвiнавачання. I ўся зала дружна смяялася, калi Ява расказваў, як ён утапiў човен...
Палова вёскi выступiла на гэтым таварыскiм судзе. I ўсе гаварылi пра тое, што той, хто дбае толькi пра ўласную скуру i сваю кiшэню, не варты добрага слова (гэта сказала Галiна Сiдараўна).
...Што ён "унутраны дыверсант" (гэта сказаў дзед Салiвон).
...I калi ён можа прадаць за капейку сваё сумленне, гандлюючы iм на рынку, то за добрую цану ён i бацькаўшчыну не пашкадуе (гэта сказаў камсамолец Рыгор Кучарэнка).
...Але нiчога, цяпер яны будуць ведаць, што думае пра iх уся вёска (гэта сказаў Iван Iванавiч Шапка).
Шумны быў сход.
А пасля сходу да нас падышоў Грышка Бардадзiм i сказаў:
– Малайцы, хлопцы.
I ляпнуў сваiмi граблямi па патылiцы спачатку мяне, потым Яву.
I вось ужо за плячамi лета, бесклапотныя вакацыi. Зноў парта, зноў у кожную сорак пятую хвiлiну званок, зноў: "Хто не выканаў дамашняе заданне, паднiмiце руку!", "Iдзi да дошкi!". Будзённае жыццё колiшняга пятага, цяпер шостага "Б".
Я сяджу на сваiм звычайным месцы каля акна, гляджу, як гойсае па падворку наш Сабакевiч, i думаю...
Я думаю пра Кнышоў – кажуць, яны прадаюць сваю новую хату i едуць некуды на Харкаўшчыну. Напэўна, загаварыла ў iх сумленне пасля суда. Можа, там, на Харкаўшчыне, i людзьмi стануць.
Вунь Бурмiла нават пiць перастаў i браканьерскае прычындалле паламаў i павыкiдваў.
I яшчэ я думаю (не ў першы раз): "Чаму ўсё ж Кукуруза высадзiўся на той востраў, што знаходзiцца каля Высокага? Выпадкова? Збег абставiн? Цi, можа, спецыяльна?"
Я ўжо задаваў яму гэтыя пытаннi.
Маўчыць. Толькi ўсмiхаецца...
Раптам думкi мае перапыняе голас Галiны Сiдараўны:
– Рэнь, да дошкi.
I я адчуваю, як мой правы локаць падскоквае ўгару – гэта ўстае, падымаючы века парты, мой сусед. Мой сусед i сябар Ява (колiшнi Кукуруза). А як жа, ён напiсаў дыктант i таксама перайшоў у шосты клас.
Цэлы жнiвень мы рыхтавалiся ўдвух. Не скажу, што гэта было цiкава, цiкавей, напрыклад, чым гуляць у футбол, у цуркi-палкi цi лавiць рыбу... Але хто сказаў, што для сяброў трэба рабiць толькi тое, што цiкава?
На дыктант я пайшоў таксама разам з Явам. Галiна Сiдараўна адразу зразумела, чаму я прыйшоў, i сказала:
– Сядай i пiшы, гэта табе таксама карысна.
I вы ведаеце, я напiсаў горш за Яву. Ён зрабiў толькi дзве памылкi, а я тры. Недарэмна ён, чарцяка, браў з сабою "Граматыку" на бязлюдны востраў.
I вось цяпер стаiць ён каля дошкi i ўпэўнена пiша сказы. I нi разу не памылiўся. Дарэчы, я ведаю, што ў кнiзе "Рабiнзон Круза" ў яго ляжыць паперка з адным адрасам. Наўрад цi хто-небудзь стаў бы зберагаць адрас проста так, не думаючы яго выкарыстаць.
Адным словам, граматыка майму сябру, як кажуць, яшчэ i асабiста патрэбна. Выдатнiцы непiсьменны лiст не напiшаш. Лепей адразу ў палонку галавой.
– Малайчына, Рэнь, сядай! – кажа Галiна Сiдараўна.
I мой сябар, разамлелы ад гордасцi, павольна iдзе на месца. Сеўшы за парту, Ява некалькi хвiлiн маўчыць – пакуль не ўцiхнуць пачуццi, выклiканыя пахвалой настаўнiцы. Потым схiляецца да мяне i шэпча:
– Дык што, выпрабуем?
– Давай, – кажу я.
Мы нахiляемся i засоўваем галовы пад парту. Ява вымае з-за пазухi плоскую бляшанку з-пад цукерак, з якой тырчаць розныя вiнцiкi, шпунцiкi i дроцiкi. Гэта вынайдзенае намi механiчнае прыстасаванне для расшпiльвання гузiкаў. Афiцыйнай назвы ў яго яшчэ няма, таму называем яго проста – "штукакенцыя" (не "штука", не "штукенцыя", а менавiта "штукакенцыя", бо кожнае вынаходства абавязкова павiнна мець сваю назву). Дзеянне "штукакенцыi" даволi простае: прыкладваеш да гузiка, нацiскаеш на кнопку – i гатова. Толькi спачатку трэба, вядома, завесцi спружыну. I вось Ява бярэ i пачынае заводзiць. Вядома, гэта не на транзiстарах, але...
– Крракк!.. – раптам звонка на ўвесь клас клацае спружына i, выскачыўшы з каробкi, б'е знiзу Сцёпу Карафольку, якi сядзiць перад намi. Карафолька ўскрыквае.
– У, расцяпа! – сiплю я на Яву.
Але позна. Як гром з неба, раздаецца над намi гнеўны голас Галiны Сiдараўны:
– Заўгародны i Рэнь, што ў вас такое?..
Чырвоныя, як мак, вылазiм мы з-пад парты.
Навучальны год пачаўся...