Текст книги "Тарэадоры з Васюкоўкi (на белорусском языке)"
Автор книги: Всеволод Нестайко
сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 9 страниц)
– Ну, ша-ша-ша! Як хлапчук! – скрывiўся Кныш.
– Гэта чортавая маска мяне падводзiць, – Бурмiла рвануў з твару маску. – Я думаю, што гэта так, як у процiвагазе, i пачынаю дыхаць. А там – вада... Адразу захлынаюся. У мяне ж жабраў няма.
– Значыцца, трэба падстрахаваць. Падстрахаваць трэба. Прывяжам да тваёй нагi вяроўку, я канец у руцэ буду трымаць – для страхоўкi. У выпадку чаго, я раз – i выцягну. Але тое ўжо iншым разам. На сёння досыць. – Кныш глянуў на гадзiннiк: – А то я на аэрадром спазняюся. Я ж табе казаў – спецзаданне.
Мы пераглянулiся.
"Аэрадром", "спецзаданне"... Гэта нешта такое... Адным словам, кроў з носа – мы павiнны ведаць, што гэта за спецзаданне на аэрадроме.
– Гайда! – шэпча Ява i хапаецца за вясло. Я таксама.
Нiколi яшчэ наша пласкадонка не iмчалася так, як цяпер. Вада ажно вiрылася за кармой. Нам патрэбна было абавязкова раней Кныша даплысцi да берага.
РАЗДЗЕЛ V
Кiшэнная атамная бомба на транзiстарах. Хто такi Фарадзеевiч
I вось мы ўжо штосiлы бяжым па вулiцы. Убягаем на калгасны падворак, дзе стаiць грузавiк Кныша, i адразу тармозiм. Фу! Тут ужо бегчы нельга, бо звернем на сябе ўвагу. А нам трэба незаўважна, пацiхеньку залезцi ў кузаў грузавiка.
I мы, засунуўшы рукi ў кiшэнi i незалежна паплёўваючы, павольна сунемся па падворку. Насустрач белазуба ўсмiхаецца замурзаны (усё аблiчча ў мазуце) камбайнер Грыць Кучарэнка.
– Здароў, хлопцы! Што – гайку якую-небудзь трэба?
– Ды не, так проста... Гуляем... – раўнадушна цвыркнуў праз зубы Ява.
– Ну, глядзiце мне, калi паўкамбайна прападзе, ногi паадкручваю, – смяецца Грыць i iдзе ў адчыненыя дзверы майстэрнi.
Мы азiраемся. Здаецца, нiхто не бачыць.
– На абардаж! – дае каманду Ява.
Раз-раз-раз! Гоп! Ён ужо ў кузаве. Цяпер я.
Раз-раз-раз!.. Др-р-р!..
А каб цябе!.. Зачапiўся i – як штаны на плоце – на два бакi звесiўся. Нi туды, нi сюды.
Ява хапае мяне за каўнер – смык! Др-р-р-рррр... Гоп! Як жаба, ляпнуўся я ў кузаў. Лып – такi добры кавалак штаноў трохвугольнiкам адвалiўся, цела маё грэшнае нябёсам выставiў. Ой, i пападзе мне ад мацi! Што ж, давядзецца цярпець, за шпiёнамi ганяцца – не ў шашкi гуляць.
Толькi б Кныш у кузаў не зазiрнуў... Бо павыкiдвае за шкiркi, як шчанят, ён такi! Колькi нi прасi: "Дзядзька, пакатайце" – нiколi не возьме. I схавацца, прыкрыцца няма чым – зусiм парожнi кузаў.
Ажно вось бразнулi дзверцы, завурчаў матор – уздрыгнула i рушыла з месца машына.
Пашанцавала! Не зазiрнуў. I зноўку падкiдвае нас на выбоiнах – добра, што хоць крэслаў над намi няма. Нiчога, вытрымаем – да аэрадрома кiламетраў дзесяць, не больш.
Мы толькi па некалькi сiнякоў ды па дватры гузакi панабiвалi i ўжо прыехалi.
Калi машына спынiлася i Кныш выйшаў (бразнулi дзверцы), мы асцярожненька i цiха-цiха высунулiся над бартамi. Ён! Аэрадром. Наш, раённы. Вунь трапечацца надуты ветрам конус на службовым будынку. Стаiць некалькi самалётаў сельгасавiяцыi. З грузавiка стужкавым транспарцёрам нагружаюць у адзiн з самалётаў мiнеральныя ўгнаеннi.
Кныш падыходзiць да лётчыкаў, якiя кураць каля будынка, штосьцi пытае, пазiрае на гадзiннiк, потым з-пад далонi – на неба.
I якраз у гэты момант у небе з'яўляецца самалёт. Ужо чутны гул матора.
– Iдзе на пасадку, – аўтарытэтна шэпча Ява.
I вось, падскокваючы, едзе самалёт па няхiтрай пасадачнай пляцоўцы, азначанай тычкамi.
Кныш адразу пабег да самалёта. Спусцiўшы на зямлю металiчныя драбiны, з самалёта выйшаў лётчык. У руках – доўгая скрынка, з якой тырчыць нейкая трубка. Лётчык перадаў скрынку Кнышу, штосьцi сказаў (мы не пачулi) i паказаў, маўляў, асцярожна. Кныш бярэ скрынку так, нiбы ў ёй бомба.
– Што гэта? Што ён перадаў? – заклапочана пытаюся я.
– Нешта падазронае, – кажа Ява. – Можа... Можа, атамная бомба... з Амерыкi.
– Замалое для бомбы, – намагаюся я супакоiць сябе.
– Вельмi ты разумееш, – хмыкае Ява. А калi на транзiстарах... Спецыяльна для шпiёнаў.
Кныш асцярожна ўлазiць у кабiну, заводзiць матор, i мы едзем. Не, мабыць, "едзем" не тое слова. Мы паўзём, пацiху, асцярожна, абмiнаючы кожную ямiну, кожны каменьчык. Толькi адзiн раз у жыццi бачыў я, калi гэты грузавiк так ехаў. Тады ён быў накрыты чырвонай кiтайкай i на iм стаяла... труна. Гэта калi ўсiм сялом хавалi героя грамадзянскай вайны дзеда Апанаса.
Згадка пра той факт халодным шыльцам утыркаецца ў сэрца. А што, калi i сапраўды ўзарвецца? I для пахавання нiчога не застанецца, нават попелу... Атамная бомба – гэта ж...
– Ява, – шапчу я, – а давай з-злезем...
– Навошта? – пытае ён, але па вачах бачу, што ён таксама не супраць таго, каб злезцi.
– Калi так ехаць, дык лепш ужо iсцi! На такой хуткасцi ён ад нас усё роўна не ўцячэ. Дый ногi размяць хочацца.
Мы пералазiм цераз заднi борт i, як жабяняты, ляпаемся на зямлю.
Ява прысядае i валiцца на бок. Я схiляюся над iм. Ява трымаецца за нагу i крывiцца:
– Ч-чорт... падвярнуў...
Але па вачах бачу, што нiчога ён не падвярнуў. Малайчына. Я б не здагадаўся. Машына ўжо ад'ехала метраў сто. Цяпер можна следам. Калi што якое, хоць у канаўку пападаем – усё ж абарона.
– Iсцi можаш? – для прылiку пытаюся я.
– Паспрабую, – адводзiць вочы Ява.
Нейкi час ён кульгае, а потым забывае i перастае кульгаць.
Мы iдзём за машынай. Нам нават не трэба спяшацца – так павольна яна сунецца.
Вось i вёска. Машына паварочвае ў вузенькую, зацiшную, зялёную вулiчку i спыняецца каля вастраверхага будыначка пад чарапiцай.
Мы трывожна пераглядваемся.
О, мы добра знаем гэты будыначак. Тут жыве Фарадзеевiч, вядомы на ўвесь раён, а можа, й на ўсю вобласць Фарадзеевiч.
Вы не знаеце, хто такi Фарадзеевiч? Ды ну? Няўжо?!
О, гэта незвычайны, цудоўны чалавек. Чалавек, якi, як казаў мой бацька, трапляецца адзiн на мiльён, ды i не на кожны мiльён.
Ён – наш вясковы бiблiятэкар. Афiцыйна. А неафiцыйна – вынаходнiк. I не проста вынаходнiк. А, як казаў дзед Варава, "унiверсальны вынаходнiк". Ён i механiк, i электрык, i па розных там радыёштуковiнах (што на транзiстарах, паўправаднiках), i селекцыянер (новыя нябачаныя сарты гароднiны, садавiны), i па гiдрасiстэмах – проста не пералiчыць...
Чаго ён толькi не павынаходзiў! I паравы рухавiк, што сам качае ваду з калодзежа (са звычайнага прымуса i старой вываркi); i пнеўматычныя садовыя драбiны (нацiснуў на кнопку – пуфр! – i лезь сабе на самую высокую яблыню); i гiдрагазавую палiвачку на тры атмасферы (вада пад цiскам газу распырскваецца да пятнаццацi метраў)...
Агароднiк дзед Салiвон калiсьцi казаў, што калi б Фарадзеевiчу "даць рублёў сто на запчасткi, ён бы сам пабудаваў якую-небудзь мiжпланетную станцыю...".
Ды што там гаварыць. Вы толькi зайдзiце да яго!
Адчыняеш фортку – i адразу з-за куста выскоквае на тычцы смешны фанерны чалавечак. Адной рукой на хаду з галавы капялюш здымае, а ў другой трымае дошчачку з надпiсам: "Добры дзень! Калi ласка!"
Iдзеш па беленькай, пасыпанай рачным пясочкам дарожцы. Па правую руку гляньце! – куст нейкi па спецыяльнай лазiне метры на два ўверх уздзёрся, i пладоў чырвоных на iм столькi, што аж у вачах мiльгацiць. Вы думаеце, што гэта нейкiя ягады, але гэта памiдоры. Карлiкавы сорт. А вось вялiзная зялёная каўбасiна на зямлi ляжыць. Гэта не гарбуз, не, гэта – гурок. А буракi якiя, а морква, бачылi б вы, адной морквiнай бегемота забiць можна.
Па левую руку – калодзеж, белай кафляй абкладзены, як амбулаторыя. Ну, дзе вы такi калодзеж знойдзеце?
Каля калодзежа паравы рухавiк на прымусе, пра якi я гаварыў, i падобная на гармату тая гiдрагазавая палiвачка. I наогул усiх мудрагелiстых штуковiн i прыбудоў не палiчыць.
Не, невыпадкова яго празвалi Эдысон Фарадзеевiч (на самай справе ён Антон Фадзеевiч). Але гэтая мянушка не абразлiвая, вымаўляюць яе людзi лагодна, бо ўсе любяць старога.
Ён высокi, худы, кашчавы i ажно свецiцца ўвесь – валасы светлыя, бровы светлыя, павекi светлыя, – не разумееш, цi гэта ён такi бландзiн, цi сiвы (гадоў яму пад семдзесят), а вось вочы – блакiтныя-блакiтныя, ажно сiнiя.
Ён нетутэйшы, прыезджы, дзесьцi з-пад Тамбова. "Рускi чалавек", як гаворыць дзед Салiвон. Гадоў пяцьдзесят таму ён ваяваў тут, пазнаёмiўся з бабай Аксанай (яна тады маладая была) i застаўся на ўсё жыццё.
Гэта добры чалавек, якога свет не бачыў.
Заўсёды ў яго можна было папрасiць усё, што хочаш, – апошняе аддасць. I ўвесь час усмiхаецца. Сярдзiтым бывае толькi тады, калi пабачыць парваную якiм-небудзь "юным чытачом" бiблiятэчную кнiжку.
– Эх, – кажа ён, – i якi ж гэта акадэмiк чытаў! Даў бы я яму па заходнiм паўшар'i.
Але нiхто не помнiць, калi гэта каму-небудзь ён даў па "заходнiм паўшар'i".
Дзяцей ён любiў страшэнна. Сваiх яны з бабай Аксанай не мелi – нi дзяцей, нi ўнукаў. Жылi толькi ўдваiх. I ўвесь ураджай свайго казачнага саду раздавалi нам – нават няёмка. Апошнiм часам, месяцы два ўжо, баба Аксана хварэла, ляжала ў раённай бальнiцы, i Фарадзеевiч праз дзень ездзiў туды. I сёння якраз паехаў – мы ведалi.
А ў гэты час Кныш...
Схаваўшыся ў кустах каля плота, мы бачым, як адчыняюцца дзверцы кабiны i адтуль вылазiць у брудных зашмальцаваных штанах Кныш, асцярожна трымаючы ў руках тую загадкавую доўгую скрынку з трубкай. Ступаючы па зямлi, як канатаходзец, ён пайшоў да форткi. Штурхнуў яе нагамi. Рраз! – фанерны чалавечак з-за кустоў: "Добры дзень! Калi ласка!" Кныш механiчна кiўнуў яму, як жывому, i на ганачак. Рыпнулi дзверы (Фарадзеевiч нiколi не замыкае хату), i Кныш знiк унутры.
– Хоча з дымам пусцiць Фарадзеевiча, – кiнуў на мяне Ява востры позiрк.
– Навошта?
– Мабыць, Фарадзеевiч такое нешта вынайшаў, што там не спадабалася, – Ява шматзначна тыцнуў пальцам кудысьцi ўбок – за акiян.
I адразу ж маё ўяўленне малюе вялiзны цёмны злавесны кабiнет. За шырокiм сталом сядзiць страшны генерал са свастыкай на рукаве. Перад iм выцягнулiся Кныш i Бурмiла. Генерал дастае з шуфляды пачкi грошай i кiдае на стол. Кныш з Бурмiлам хапаюць грошы i прагна запiхваюць iх у кiшэнi, за пазуху. Генерал штосьцi загадвае i робiць рукамi жэст, паказваючы выбух. Кныш i Бурмiла, кiваючы, адыходзяць спiной да дзвярэй.
Узрываецца, ляцiць у паветра хацiна Фарадзеевiча...
I тут – шасэ. На крутым павароце iмчаць на матацыклах Кныш i Бурмiла. Бурмiла мокры, у масцы ад акваланга, з трубкай у зубах. А за iмi на матаролерах – мы з Явам. Раз-пораз Кныш аглядваецца i страляе ў нас з нагана. Свiшчуць кулi, шалёна равуць маторы... На нашых мужных тварах рашучасць i адвага.
Потым – хоп! – матаролеры выслiзгваюць з-пад нас, iмчаць па шасэ i знiкаюць... I вось мы ўжо на трыбуне ў акружэннi генералаў, вядомых людзей, амаль што членаў урада. На нашых грудзях паблiскваюць новенькiя медалi "За адвагу". Унiзе – мора людзей. Яны трымаюць нашы партрэты i транспаранты з надпiсамi: "Слава героям!", "Няхай жывуць Ява i Паўлуша!", "Назавём кiеўскае метро iмёнамi герояў!", "Назавём Паштовую плошчу плошчай iмя Явы i Паўлушы!". Аркестр iграе туш... I раптам ззаду нехта мяне балюча-балюча – шчып! "Ты што?" Гэта я так захапiўся, што забыў усё на свеце, пачаў мармытаць туш "Мра-ма-рам-та-ра-ра-рай-ра-рам!" – i не заўважыў, як з хаты Фарадзеевiча выйшаў Кныш.
I як павольна пад'ехаў грузавiк, так хутка ён ад'ехаў. Мы пераглянулiся i нейкi час маўчалi.
Потым Ява гучна хукае i кажа:
– Пайшлi! Мы не можам гэтага дапусцiць!
Я таксама хукаю, але цiшэй, i кажу:
– Рызыка! Можа й сарвацца!
– Можа! – гаворыць Ява i зноў хукае. Я ўяўляю сабе пахаванне, заплаканых аднавяскоўцаў, нашы партрэты ў чорных жалобных рамках – i ў носе шчыпле, як ад цыбулi.
– Але не можам жа мы дапусцiць... – кажа Ява. – Гiсторыя нам не даруе.
Мне хочацца сказаць, што гiсторыi мы з Явам да лямпачкi, у яе больш сур'ёзныя справы, але я не асмельваюся: дужа сур'ёзны твар у Явы.
– Ну, дык на ўсякi выпадак – бывай! – уздыхаю я.
– Бывай! – уздыхае Ява, i мы стрымана, па-вайсковаму абдымаемся. Мне ў носе шчыпле яшчэ болей.
Хаця дзверы адчынены i можна спакойна зайсцi, мы лезем у акно – дзе вы бачылi, каб героi на небяспечную аперацыю хадзiлi праз дзверы!
Таямнiчая доўгая скрынка стаiць на стале.
Ява бярэ яе.
Адчыняе...
У скрынцы... сiнi тэрмас, з вечка якога тырчыць шкляная трубачка, абкручаная марляй.
Ява, адставiўшы ўбок руку i адвярнуўшыся ад тэрмаса, цiха-цiха адкрывае вечка. Яшчэ трошкi, яшчэ...
– Асцярожна... Асцярожна... Асцяр... – замiраю я, адступаючы.
Ба-ббах-х!
Я гопаюся на падлогу i заплюшчваю вочы. Усё! Нас разарвала...
Але тады чаму я чую, што нешта дзюрчыць i булькае. Няўжо гэта на тым свеце дзюрчыць i булькае?
Я расплюшчваю адно вока, потым другое.
Я сяджу на падлозе ў мокрай лужыне. Насупраць мяне сядзiць скрыўлены, з заплюшчанымi вачамi Ява. У яго ў руках сiнi тэрмас, з якога нешта льецца.
Каля мяне валяюцца чарапкi ад гладыша.
Ясна, адступаючы, я незнарок, выпадкова скiнуў з прыпечка глечык. Вось табе й "ба-бах!"
– Ява! – гукаю я. – Адбой?
Ява ўмомант расплюшчвае вочы i падхоплiваецца.
– Глядзi, тэрмас!
Але ўжо позна – амаль што палавiна вылiлася. Дрыготкiмi рукамi Ява закручвае вечка тэрмаса i ставiць яго на стол. А потым...
Вы бачылi калi-небудзь у кiно паскораную здымку, калi людзi рухаюцца з шалёнай, невераемнай хуткасцю?
Дык вось, калi б нас з Явам хтосьцi захацеў зняць у кiно з такой мэтай, дык нiякая б паскораная здымка не спатрэбiлася б.
Мы, як мурашкi, мiтусiлiся на карачках па падлозе, лiхаманкава збiраючы чарапкi i выцiраючы лужыны сваiмi штанамi i сарочкамi. Пры гэтым мы раз-пораз стукалiся лбамi i iншымi, меней паважанымi часткамi цела...Праз хвiлiну ўсё было чыста-чысцюсенька. I, куляй вылецеўшы з хаты Фарадзеевiча (на гэты раз праз дзверы), мы штосiлы паджгалi па вулiцы.
РАЗДЗЕЛ VI
Выяўляецца, гэта глабулус! Касмiчныя мары Фарадзеевiча. "Жыццё заблытаная i складаная рэч!"
– "Атамная бомба"! "На транзiстарах"! Барахольшчык! – пхыкаю я.
– Маўчы! "Давай злезем"! "Ногi размяць"! Герой! – пхыкае Ява.
Нам дрэнна. На душы, як кажуць, каты шкрабаюць. Гэта ж трэба так даць маху з гэтай "бомбай". Ды яшчэ й разлiць тое з тэрмаса. Думка пра шкоду не давала нам спакою.
Фарадзеевiч прыехаў надвячоркам, i ў той дзень мы так нiчога i не даведалiся. Не, усё ж такi даведалiся. Што Фарадзеевiч дзякаваў Кныша за вялiкую "паслугу". Выяўляецца, "спецзаданне" даваў ён i Кныш па яго просьбе прывёз з аэрадрома таямнiчы сiнi тэрмас.
На наступны дзень з самай ранiцы мы пабеглi да хаты Фарадзеевiча. Там ужо было шмат юннатаў-старшакласнiкаў, з якiмi Фарадзеевiч сябраваў.
Мы прыбеглi ўчасна – Фарадзеевiч якраз выйшаў на ганак з сiнiм тэрмасам у руках. Яго адразу абступiлi юннаты.
– Антон Фадзеевiч, ну, скажыце! Антон Фадзеевiч, ну, калi ласка! Антон Фадзеевiч, ну, хоць намякнiце! – вымольвалi нецярплiвыя дзяўчаты.
– Пацярпiце, таварышы-грамадзяне, пацярпiце! Пра ўсё на месцы дазнаецеся. На Высокiм востраве.
I Фарадзеевiч, акружаны юннатамi, выйшаў на вулiцу.
Мы, вядома, таксама прысталi да грамады.
Але тут двухметровы здаравiла дзевяцiкласнiк Грышка Бардадзiм спатыкнуўся аб нас i загудзеў, як з бочкi:
– Ану, кыш! Круцяцца пад нагамi. Не вашага розуму справа! Кыш!
I мазнуў сваiмi граблямi мяне i Яву па патылiцы.
У-у, бегемот! Ну пачакай, мы вырасцем, мы табе дадзiм!
I чаго яны так насы дзяруць, гэтыя старшакласнiкi? Падумаеш, мудрацы! Таксама двойкi атрымлiваюць!
А на Высокi востраў мы й самi дарогу знойдзем.
Мы прыплылi туды раней за iх. Недарэмна Ява быў унукам дзеда Варавы, а я Явiным сябрам. Мы зналi ў плаўнях такiя вузенькiя пратокi сярод чаратоў, якiя рэдка хто ў вёсцы ведаў.
Высокi востраў – самы большы ў плаўнях. Высокiм ён называўся таму, што ў яго высокiя крутыя берагi. Пасярод вострава ёсць нават невялiчкае азярцо, напалову зацягнутае раскай i белымi лiлеямi. Уласна, гэта не возера, а затока, аддзеленая ад плёса невялiчкай грэбляй. Напрадвеснi, калi была вялiкая паводка, Фарадзеевiч для нечага загацiў пратоку, i цяпер узровень вады ў тым азярцы быў вышэйшы за ўзровень вады ў плаўнях.
Мы схавалi свой човен у чаратах, а самi прыселi ў кустах непадалёк ад азярца – не хацелася заводзiць сварку з тым Бардадзiмам, пакуль мы яшчэ не выраслi.
На тым беразе азярца стаяла пабудова Бурмiлы – гэта была яго паляўнiчая база, альбо, як ён казаў, "прэзiдэнцыя". Самога Бурмiлы не вiдаць – або рыбу ловiць, або спiць пасля чаркi, або... Ды мы пра гэта ўжо не думаем (пасля "атамнай бомбы на транзiстарах" неяк не думалася). Ужо чуваць пiсклявыя галасы дзяўчат i ненатуральны (няйначай у яго ў роце галушка) Бардадзiмаў бас.
Трое чоўнаў прыстала да вострава. Фарадзеевiч з тэрмасам у руках падыходзiць да азярца. Юннаты абступаюць яго.
Фарадзеевiч урачыста падымае тэрмас i пачынае (голас яго дрыжыць i перарываецца ад хвалявання – ён заўсёды хвалюецца, калi расказвае пра якое-небудзь адкрыццё):
– Дык вось... дарагiя таварышы-грамадзяне, вось... тут... унутры... прыляцела да нас... знаеце адкуль... З Сахалiна. Так-так... сотнi i сотнi, як бачыце, кiламетраў. А наперадзе яшчэ мiльёны цi нават мiльярды мiльярдаў кiламетраў... Ведаеце, што тут? Тут... тут... таварышы-грамадзяне... будучая ежа касманаўтаў... зоркавых нябесных жыхароў будучых... Вось яно што! Вы, напэўна, чулi пра цудадзейную водарасць – хларэлу... Га? Дык вось... у гэтым тэрмасе – новы вiд гэтай водарасцi. Глабулус! Магчыма, яшчэ лепшы за хларэлу... Мой сахалiнскi сябар вывеў у лабараторыi... I прыслаў, каб мы... тое самае... прадоўжылi працу. Вырасцiлi глабулус у прыродных умовах. Праверылi, як ён аклiматызуецца i будзе расцi. Разумееце, якая адказнасць! Магчыма, уявiце сабе, касманаўты калi-небудзь будуць частаваць нашым глабулусам марсiян цi iншых якiх гаўрыкаў.
Мы з Явам слухалi не дыхаючы.
– Чуеш, ежа астраномаў, а мы... – шапчу я перасмяглымi вуснамi.
– Касманаўтаў! Астраномы – тыя, што ў трубу залазяць. Тыя сала i варэнiкi ядзяць, як i мы з табою.
– Ведаю!.. Гэта я так... Якi разумны! – шапчу я. I ўяўляю сабе:
...Агромнiстая ракета на старце... Касманаўты, якiя заходзяць у ракету, людзi каля падножжа ракеты. Яны адразу расступаюцца, прапускаючы аўтавазок, на якiм штабелi кардонных скрынак. На кардонках вялiкiмi лiтарамi напiсана: "Глабулус", "Прывiтанне з Васюкоўкi", "Глабулус "Васюкоўскi"...
А тады – Марс... У празрыстым шлеме, у скафандры стаiць касманаўт на фоне фантастычнага марсiянскага пейзажу, акружаны марсiянамi, i частуе iх глабулусам, выцiскаючы яго з цюбiка, як зубную пасту. Марсiяне каштуюць, цмокаюць ад задавальнення i паказваюць вялiкi палец – во!
Толькi – чым жа будуць частаваць, што ж будуць есцi бедныя касманаўты, калi мы з Явам, як на тое лiха, перавярнулi гэты тэрмас?
– Глабулус – аднаклетачная мiкраскапiчная водарасць, – захоплена гаворыць Фарадзеевiч, – i няўзброеным вокам вы яго, вядома, не пабачыце...
"Ой, здаецца, i ўзброеным таксама..." – трымцiць маё сэрца.
– Сягоння мы яго, так сказаць, пасеем, потым пачнём падкормлiваць... Ён пачне хутка размнажацца, i тады вы пабачыце...
"Пабачыце-пабачыце... калi будзе што сеяць... Ой, бяда, навошта мы палезлi, навошта чапалi гэты тэрмас?"
Зараз Фарадзеевiч адкруцiць вечка i... I будзе жахлiвы "пшык", як гаворыць дзед Салiвон. Тая драбiна Бардадзiм першы захiхiкае – я яго ведаю.
I каго, каго мы падводзiм! Чалавека, перад якiм мы ("гангстэры!") нямеем ад захаплення i робiмся паслухмянымi, як авечкi, чалавека, якi, калi запытаць: "Каго ты болей за ўсiх любiш?", стаiць у нас на трэцiм прызавым месцы (пасля мамы i таты), а часам выходзiць на другое i нават першае (калi тата: "Ану, скiдай штаны, гультаiна!", а мама: "Вось пачакай-пачакай, я табе вушы паабдзiраю!"). Праўда, наша любоў была платанiчнай, схаванай ад чужых вачэй; Фарадзеевiч пра яе, магчыма, нават не здагадваўся, бо справу меў найчасцей з тымi бардадзiмскiмi старшакласнiкамi, якiя нас ("Акыш, маляўкi!") на гарматны стрэл да яго не падпускалi. Але тым больш...
Фарадзеевiч адкручвае вечка i ўрачыста гаворыць:
– Увага, таварышы-грамадзяне, вы-лi...
Мы з Явам маланкава пераглянулiся:
– Гой!
– Вой!
Спачатку з кустоў вылецела наша войканне, а за iм – мы.
– Стойце! Не лiце!
Вы памятаеце, у спектаклi "Рэвiзор" Гогаля ёсць у канцы нямая сцэна, калi ўсе застываюць у розных позах з разяўленымi ратамi. Дык вось, зусiм такая ж сцэна паўтарылася i зараз. На нейкае iмгненне, вядома. Першы апамятаўся Фарадзеевiч.
– Што? – здзiўлена запытаў ён.
– Мы... – сказаў Ява i глянуў на мяне.
– Мы... – сказаў я i глянуў на Бардадзiма.
– Мы... – паўтарыў Ява i таксама глянуў на Бардадзiма. – Мы... толькi вам можам... па сакрэту...
Фарадзеевiч усмiхнуўся.
– Па сакрэту дык па сакрэту. Я люблю сакрэты.
Ён адышоўся з намi ўбок i схiлiўся, наставiўшы вуха. I мы, перабiваючы адзiн аднаго, шэптам расказалi ў тое вуха чыста ўсё. У канцы Ява сказаў:
– А цяпер скажыце ўсiм... Няхай нам надаюць... па заходнiм паўшар'i... Мы згодны.
Фарадзеевiч неяк дзiўна скрывiўся i працягнуў:
– Вунь яно што... Добра...
Потым рашуча накiраваўся да юннатаў. Мы, заклаўшы рукi за спiну, як арыштанты, паплялiся за iм.
– Дык вось, таварышы-грамадзяне, – сказаў Фарадзеевiч. – Гэтыя маладыя людзi (мы апусцiлi галовы) прапануюць спачатку добра ўзмацнiць грэблю, ачысцiць плёс, а тады ўжо...
Мы ўстрапянулiся, не верачы сваiм вушам. Фарадзеевiч нахiлiўся i шапнуў:
– Думаю, таго, што засталося, хопiць...
Потым выпрастаўся i голасна прамовiў:
– Правiльна яны прапануюць, га?
– Правiльна! Правiльна!
– Ачысцiць! Вядома! – пачулiся галасы.
– Сакрэт, – праз зубы працадзiў Грышка Бардадзiм i ляснуў сваiмi граблямi па патылiцы спачатку мяне, потым Яву.
А мы нават не адчулi. Мы пераглянулiся i засмяялiся.
А калi юннаты палезлi ўмацоўваць грэблю i ачышчаць азярцо ад раскi, мы з такiм азартам узялiся дапамагаць, што вада ажно завiрылася, закiпела навокал. Раз-пораз мы кiдалi на Фарадзеевiча палкiя ад захаплення позiркi. Вось гэта чалавек! Вось чалавек! Калi б ён нам сказаў цяпер: "Пiце, хлопцы, возера!" далiбог, выхлебталi б усё да дна.
Неўзабаве возера было чыстае – нi расачкi. Усе вылезлi на бераг.
Фарадзеевiч нахiляе тэрмас, i тоненькiм струменьчыкам iльецца ў возера празрыстая вадкасць (якая, выяўляецца потым, была "спажыўным асяроддзем" глабулуса). Iльецца i дзюрчыць. Iльецца i дзюрчыць. Гэтае дзюрчанне здалося нам чароўнай музыкай.
– Скажыце, калi ласка, – нясмела пытае Ява, – а якi ён будзе? Калi прыжывецца?
– Якi? Бачыце гэты плёс? Ён будзе смарагдавым, як... Як шоўк. Уяўляеце?
Мы закiвалi галовамi, хоць я, па праўдзе кажучы, не вельмi гэта ўяўляў.
– А якi ён на смак? – пачуўся за намi голас Бурмiлы (мы яшчэ раней заўважылi яго ўскудлачаную галаву, якая выглядвала з "прэзiдэнцыi", але нам не да яго было).
– Як вам сказаць, – павярнуўся да Бурмiлы Фарадзеевiч. – Асабiста я не каштаваў. Але думаю, што падобнае на салату...
– На салату... Скажыце! Выходзiць, пад "Сталiчную" ў самы раз. Люблю салацiкi... Дасце хоць пакаштаваць з першага ўраджаю?
I ён хрыпла зарагатаў.
– А чаму ж, калi ласка, – так шчыра i сардэчна адказаў Фарадзеевiч, што Бурмiла адразу знiякавеў.
– Ды не, я жартую... Гэта я так, пасмяяцца. Дзеля жарту.
Мне нават здалося, што ён пачырванеў. Я глянуў на яго i падумаў: "Няўжо гэта шпiён? Жывы шпiён? Цьфу! Нейкi зусiм не падобны. Нi ў якiм кiнафiльме не было шпiёнаў, якiя б чырванелi. Нi ў адной кнiзе дэтэктыўнай..." Але Яву я нiчога не сказаў, не адважыўся.
...У той дзень у вёсцы толькi й гаворкi было, што пра глабулус.
Куды нi ткнешся:
– Чулi? Фарадзеевiч з вучнямi водарасць на Высокiм востраве вырошчвае. Асаблiвую нейкую.
– Кажуць, карысная – жах! Вiтамiнаў шмат. Адны вiтамiны.
– А ты што думаў – касманаўтаў трэба макухай кармiць?
– А ўжо ж, для iх найлепшае прыдумаюць.
– Там вiтамiн на вiтамiне сядзiць i вiтамiнам паганяе.
– А па-мойму, найболей вiтамiнаў – у гарэлцы.
– Кажуць, сам Паповiч прыедзе паглядзець на гэты "глабулус".
– ...а як нанач iм памазацца – дык на дваццаць гадоў памаладзееш.
– Усмiхацца трэба часцей – тады памаладзееш.
I наогул, гавораць, дужа спажыўная. Усе сто працэнтаў арганiзм засвойвае, адыходаў нi на капейку няма.
Сказаў сваё слова пра глабулус, вядома, i мой тата. Я нават не сумняваўся, што ён скажа. Мой тата – страшэнны "любiцель прэсы", як ён сам гаворыць. Без газеты i часопiса я яго, здаецца, нiколi й не бачыў. Есць – чытае, iдзе куды чытае, тэлевiзар глядзiць – таксама чытае. Так з газетаю ў руках i засынае.
I штодня за вячэрай ён праводзiць для нас з мамай палiтiнфармацыю расказвае, што цiкавага прачытаў за дзень. От жа ад яго я даведаўся пра гiтлераўскiя архiвы на дне азёр у Аўстрыi i Чэхаславакii, i пра шпiёнаў з аквалангамi, i пра ўсё iншае. Столькi цiкавага, як мой тата, нiхто ў свеце, па-мойму, не ведае (хiба, можа, Сцёпа Карафолька). I гэты глабулус (ад хларэлы) быў для яго, як насенне.
– Гэтая хларэла, разумееш, цуд прыроды! Гэта ж, разумееш, унiкальная рэч! Такая, разумееш, малюпасенькая, i не ўбачыш, а вялiкiя справы робiць. Гэта ж не толькi ежа для будучых касманаўтаў, астранаўтаў, гэта ж, разумееш, i вада, i паветра... Вось у мiнулым годзе ў "Известиях" пiсалi пра ўнiкальны эксперымент савецкiх вучоных у Сiбiры, калi цэлы, разумееш, месяц лабарантка Галя М. правяла ў гермакабiне, дзе паветра ўвесь час абнаўляла "аранжарэя" хларэлы – паглынала, разумееш, вуглекiслы газ i ў працэсе фотасiнтэзу ператварала яго ў кiсларод. Такi ж, разумееш, кругазварот праз культыватар хларэлы, праўда, з дзе-якой дадатнай ачысткай, рабiла i вада.
Тут я татаў расказ вымушаны перапынiць, бо далей, нягледзячы на яго "разумееш", нiчога не ўцямiў: нават мама толькi вачамi лыпала i чмыхала.
Зразумеў я толькi адно: хларэла – гэта рэч! Без яе да iншых планет няма чаго й рыпацца.
А раз хларэла – рэч, дык глабулус – тым больш, бо ён "за хларэлу, мабыць, яшчэ лепшы".
Адным словам, справа, якую робiць Фарадзеевiч з юннатамi-старшакласнiкамi, мае сусветнае значэнне.
I яшчэ я зразумеў, што нiчога ў гэтай справе не разумею. Нiчагусенькi. Як карова. Зразумеў, што на адным жаданнi, на гэтым: "Мы ўсё-такi хлопцы будзь здароў! Арлы! Сокалы! Гангстэры, а не хлопцы!" – далёка ў космас не заляцiш. А каб нешта цямiць, трэба вучыцца, вучыцца i вучыцца. I тут я ўспомнiў, што праз некалькi дзён – кантрольная, пра якую я праз гэтыя шпiёнскiя справы зусiм забыўся.
Эх, настаўнiкi-настаўнiкi! Хiба яны разумеюць што-небудзь у шпiёнах, у героях? Хiба яны разумеюць, як хочацца злавiць сапраўднага шпiёна i стаць героем? Каб пра цябе пiсалi ў газетах, перадавалi па радыё цi нават па тэлевiзары. Хiба яны разумеюць!
I не адменяць яны з-за шпiёна кантрольную, не, не адкладуць. Хоць iм сто шпiёнаў дай – не адменяць нiзашто. Эх, настаўнiкi-настаўнiкi.
I так мне зрабiлася адзiнока, сумна, што калi б я быў ваўком, то сеў бы пасярод хаты i завыў. Але я быў не воўк, а пяцiкласнiк. А пяцiкласнiкам выць нельга. "Непедагагiчна", як кажа Галiна Сiдараўна.
I я цяжка-цяжка ўздыхаю.
РАЗДЗЕЛ VII
Кантрольная. Дзе Ява? Што з iм?.. Заданне на лета
Хвалявацца я пачаў яшчэ, мабыць, у сне. Бо калi прачнуўся, то, яшчэ вочы не расплюшчыўшы, адчуў, як холад сцiскае сэрца, а яно то шалёна б'ецца-б'ецца, то замiрае, нежывое, а ў гэты момант праз спiну ад патылiцы да пятак бягуць-бягуць сцюдзёныя бурбалкi – як быццам хтосьцi аблiвае мяне халоднай газiроўкай – i па ўсiм целе гусiная скура.
Я пачаў панiкаваць ужо некалькi дзён назад. Але Ява смяяўся i нукаў. Нiбыта не кантрольная нас чакае, а навагодняе свята.
– Ну! Не дрэйфi, Паўлуша! Трымай хвост абаранкам! Мы ж з табою не нейкiя там двоечнiкi-парушальнiкi. Мы здольныя хлопцы. Сама Галiна Сiдараўна сказала. I чацвёркi i пяцёркi атрымлiвалi. А калi двойкi – дык больш за выбрыкi розныя. Не дрэйфi!
Млявы, ледзь рухаючыся (рукi задзервянелi – так бывае, калi стукнешся аб нешта цвёрдае локцем), я падымаюся з ложка, апранаю новую сарочку. Выпiваю паўшклянкi малака i плятуся – яшчэ ёсць час – да Явы.
– Ява! – клiчу праз плот.
Ён не адказвае.
"Няўжо гэта ў мяне няма сiлы крыкнуць?"
– Ява! – клiчу, як кажуць, на поўную катушку. Не адказвае.
Заходжу ў двор. Зазiраю ў хату. Потым у садок, гарод. Явы нiдзе няма. I наогул нiкога. Дзед Варава, мабыць, павёў Ярынку, сястрычку Явы, у дзiцячы садзiк. А дзе ж Ява? Няўжо пайшоў у школу? Без мяне? Не можа быць?
– Ява! Ява! Ява! Ява! Ява!...
Наклiкаўшыся да хрыпаты i зазiрнуўшы ва ўсе самыя глухiя закуткi, я пабег у школу.
"Можа, ён думае, што я сплю, вырашыў разведаць абстаноўку – яшчэ ж рана". Але i каля школы Явы не было. Усе былi, увесь клас (вось табе i рана!), усе, акрамя Явы.
Я кiнуўся назад.
Я бегаў па вёсцы. Зiгзагамi. З аднаго канца ў другi.
– Яву не бачылi? Не бачылi Яву? Ява Рэнь тут не праходзiў? – безнадзейна пытаўся я ва ўсiх, каго сустракаў.
Але нiхто не бачыў, нiхто.
Я выцягваў шыю, зазiраючы праз платы i парканы, i мне здавалася, што яна стала доўгай, як у гусака.
Я падбег да школы тады, калi баба Маруся ўжо хадзiла па падворку i калацiла званком i, нiбыта не давяраючы яму, крычала:
– Званок! Званок!
Я кiнуўся да яе:
– Ой, бабуся! Ой, не званiце яшчэ хвiлiначку! Не званiце! Явы няма! Адну хвiлiначку толькi!
Баба Маруся сумна пакiвала галавой i неяк вiнавата сказала:
– Не магу, родненькi! Пазванiла ўжо. Позна. Каб раней, сыночак. Дзе ж гэта ён гойсае? Вось бяда! Ну, бяжы ў клас, а то i ты не паспееш.
Давялося iсцi.
Заходзiць Галiна Сiдараўна i абводзiць вачамi клас. Насуплiвае бровы, пытае:
– А дзе Рэнь?
Я падхоплiваюся з месца:
– Няма нешта... Не ведаю... Усю вёску аблётаў...
Галiна Сiдараўна толькi мацней насуплiвае бровы.
Урок пачынаецца. Я пiшу механiчна, нават не думаючы, што пiшу. I мне зусiм не страшна, я зусiм не думаю пра кантрольную. Я думаю пра Яву. Дзе ён? Што з iм? Гэта проста не ўмяшчаецца ў галаве! Нешта здарылася... Можа, штосьцi непапраўнае?.. Але – што? Што? Учора ж мы бачылiся, i ўсё было ў парадку. Разышлiся позна ўвечары, калi трэба было спаць. Дамовiлiся, што я ранiцай зайду. "Можа, ён ужо нежывы?" – халадзею я.
– Цяпер уважлiва праверце i здавайце, – ласкава-ласкава, як нiколi, кажа Галiна Сiдараўна i ўсмiхаецца нам, падбадзёрваючы.
Сапуць вучнi, уткнуўшыся насамi ў кантрольную, – правяраюць. Аж пот на лбе выступiў ад напружання.
У мяне ў вачах лiтары скачуць рассыпаюцца ва ўсе бакi – не чытаецца. Не магу.
Вунь падхапiўся Карафолька, панёс. Першы. Выскачка!
Вунь ужо i Мацiеўскi, i Грабянючка панеслi. А я яшчэ i да палавiны не дапоўз.
I раптам – дзверы расчынiлiся i ў клас уляцеў Ява.
Я ажно падскочыў: жывы!
Жывы-то жывы, але – ну i ну! – якi ў яго выгляд! Задыханы, брудны, мокры, у тванi з галавы да ног.
Услед за iм у клас укацiўся такi ж запэцканы Сабакевiч.
Галiна Сiдараўна адступiла назад i ледзь не ўпала.
– Што гэта значыць?
Ява маўчаў, апусцiўшы галаву. I Сабакевiч не гаўкнуў, як у мiнулы раз, не загырчаў нават, а падцяў хвост i схаваўся за Яву.