Текст книги "Танцы над горадам"
Автор книги: Уладзімір Арлоў
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 8 (всего у книги 8 страниц)
Хтосьці нясмела паапладзіраваў. Марцін адчуў, што ўжо засумаваў па абмене паглядамі з жанчынай у зялёным швэдры.
Наступны запыт прагучаў якраз з другога шэрагу.
Пружыніста падняўшыся і паправіўшы пышныя каштанавыя валасы, красуня, што сышла з фатаграфіі, спыталася, ці вядуцца ў Марцінавай краіне эльфы, гномы, ундзіны ды іншыя істоты падобнага кшталту. Напэўна, праз складанасць назваў гэтых суседзяў чалавека пытанне прагучала па-шведску, і, пакуль Нільс перакладаў, а Марцін смакаваў яе грудны голас з уніклівымі ласкавымі ноткамі, у зале – а мо яму адно мірсцілася – запала напятае, з адценнем трывогі маўчанне.
На тэму нацыянальнага пантэона добрых, злых ці абыякавых да чалавека стварэнняў Марцін здатны быў прачытаць грунтоўную лекцыю і пабуджаны пасярод ночы. Ён абмежаваўся тым, што коратка адзначыў: яго народ тут не абдзелены, згадаў колькі імёнаў паганскіх бажкоў і з усёй магчымай сур’ёзнасцю паведаміў, што найбольш жывучымі і трывушчымі выявіліся якраз найбліжэйшыя да людзей дамавікі, лазнікі, лесавікі ды вадзянікі з русалкамі-ўндзінамі. Свой лаканічны адказ Марцін расквеціў аповедам пра родную бабулю, у якой дамавік, па яе словах, почасту прысаджваўся за стол на вячэру, лесавік жа, бывала, зладзеявата даіў казу, а ў калядныя халады без дазволу залазіў начаваць у падпечча. На такі адказ ягонай англійскай не хапіла, але, мяркуючы па смеху ў зале, Нільс справіўся з перакладам няблага.
І тут грымнула.
39
Прыгажуня ў швэдры зноў устала, абцягнула зялёныя рукавы на пальцы і хутка, глытаючы словы, загаварыла па-англійску. З усімі дзівоснымі істотамі, пра якіх расказаў госць, яна цудоўна знаёмая. Чаму? Ды з тае прычыны, што яны або жывуць у яе, або часта наведваюцца ў ейны дом, куды яна, каб госць пераканаўся ў тым на ўласныя вочы, запрашае яго на гарбату ці на нешта мацнейшае ды цікавейшае.
Дырэктар бібліятэкі зрабіў спробу перавесці прапанову ў жарт, аднак расхваляваная красуня не падтрымала ягонага тону і настойвала. Усе будуць радыя, казала яна, маючы на ўвазе сваіх кватарантаў, а можа – хто ведае? – і паўнапраўных гаспадароў. Яны сыграюць прывітальны марш, бо маюць свой аркестрык. Госць можа спыніцца ў яе на гэтую ноч і на колькі заўгодна. Авал твару ў абладзе каштанавых валасоў залівала густая чырвань, у вачах успыхвалі неспакойныя агеньчыкі.
40
Публіка перашэптвалася. Дырэктар абвясціў прэзентацыю скончанай, і Нільс дзьмухнуў на свечку. Усіх чакаў пачастунак ад выдаўца і ўнікальная магчымасць узяць аўтограф у аўтара, які жыве крыху бліжэй за паўночныя шведскія фіёрды.
Прысутныя з гатовасцю адгукнуліся на абодва заклікі. Хвілінаў пятнаццаць Марцін падпісваў кнігі, гадаючы, ці падыдуць да яго стакгольмская парачка і ўдзельнік вечарыны, падобны да Любаміра. Аднак апошняй у невялікай чарзе апынулася гаспадыня дома з дамавікамі.
Марцін ужо рыхтаваўся дадаць да стандартнага With best wishes from the author[3] штосьці адмысловае, але заміж кнігі на столік перад ім лёг ліст – пульхная ружовая капэрта з напісаным буйнымі літарамі словам Urgent[4] і драбнейшым подпісам – Emma.
Ён узняў галаву, іхнія позіркі сустрэліся. У Эміных зялёных вачах пульсавала няпростая гама эмоцый, з якіх Марцін здолеў вылучыць роспач і надзею. Ён убачыў у яе валасах нітачкі ранняй сівізны. Кропелька восені чулася і ў празрыстым водары парфумы.
Марціну хацелася супакоіць Эму ціхімі словамі, пацалаваць ёй руку, ды жанчына імпэтна адышла да вакна, паспеўшы ўсёй сваёй істотай – ад секунднага дотыку цёплай рукі да перарывістага гарачага дыхання – пакінуць мужчынскую існасць Марціна разгублена-расхваляванай.
Ён узяў у рукі капэрту, дзе штосьці інтрыгоўна зашамацела, але мусіў схаваць яе ў кішэню: акурат падкаціўся, ззяючы нязводнай усмешкай, круглявы дырэктар. Перад стакгольмскім цягніком госцю абавязкова трэба павячэраць. Падымаючыся з-за століка, Марцін незразумела чаму паклаў у кішэню з Эміным лістом і запалкі, што ляжалі побач са свечкай. Яму хацелася прыхапіць і саму недагарэлую свечку, ды тое выглядала б надта дзіўна і недарэчна.
Нільс не паскупіўся на пачостку. Марцін налічыў сем відаў паважаных ім сыроў з цвіллю, аднак, выпіўшы келіх пяцігадовага к’янці, аддаў перавагу падсушанай на сонцы і ветры аляніне. Тым часам публіка няўзнакі разышлася, адна Эма па-ранейшаму стаяла, пазіраючы ў цёмнае вакно, дзе люстравалася бібліятэчная зала.
She’s crazy,[5] – перахапіўшы Марцінаў пагляд, прабачліва прамовіў дырэктар. З далейшага стала вядома, што Эма ўвогуле ціхая і не ўяўляе небяспекі. Жыве насупраць, вось і прыходзіць заўсёды, калі ў бібліятэцы штосьці адбываецца.
З келіхам у адной руцэ і лусцікам у другой да іх наблізіўся выдавец. Да Нільса данёсся канец дырэктаравай фразы, і ён працягнуў тэму. Памятаеш мемарыяльную дошку ў царкве? У тым цунамі загінулі яе муж і сын. Я чуў, яна да апошняга дня адгаворвала мужа ад паездкі. Потым год прабыла ў лякарні… Целы, канешне, паглынуў акіян, але яна зрабіла дзве сімвалічныя магілы ў садзе…
З Нільсавых словаў вынікала, што Эма не проста з’яўляецца на ўсе бібліятэчныя імпрэзы, але і запрашае да сябе кожнага прыезджага госця-мужчыну. Кажуць, хвароба ператварыла яе ў німфаманку…
Марцінава мужчынскае самалюбства было ўражанае.
Нібы пачуўшы размову і не пагаджаючыся з ёю, Эма адарвалася ад вакна і рашуча скіравала да іх. На яе шляху вырас дырэктар. Эма, умольна ўсміхаючыся, намаглася абысці яго, але дырэктар уладна ўзяў жанчыну пад локаць і, пераконваючы ў нечым, павёў да выхаду. Марцін ірвануўся быў перашкодзіць яму, але замест гэтага вярнуўся да стала, наліў поўны келіх і адным глытком выпіў.
41
Неўзабаве Нільс выклікаў таксі, каб ехаць на станцыю. Выдавец з дырэктарам яшчэ размаўлялі, і Марцін выйшаў раней. Неба было неверагодна шчодра засеянае зоркамі. Ад захаплення яму на хвілю амаль перахапіла дыханне. Марцін знайшоў улюбёнае сузор’е Касцоў-Касіяпеі і ўспомніў радкі адкрытага ім сёлета паэта.
А я хацеў бы так:
маральны закон нада мной
і зорнае неба ўва мне.
Выразна, нібы ціхі меладычны гук, ён пачуў нечы позірк і, перавёўшы вочы ўніз, знерухомеў. У зырка асветленым і вялікім, на палову сцяны, вакне дома насупроць, раскрыліўшы рукі для абдымкаў, стаяла Эма. Яна была абсалютна голая і нават праз вулічную прастору свяцілася і апякала жаданнем. Марцін адчуў, як жаданне ахоплівае і напаўняе гарачынёй яго самога, і, быццам загіпнатызаваны, рушыў насустрач вакну.
Ужо на тым баку вуліцы, прамінуўшы зазелянелую яблыню і амаль усутыч наблізіўшыся да вакна, ён убачыў Эму ва ўсёй суладнасці яе налітага спеласцю цела. Марцін разгледзеў, што яна не зусім аголеная: на ёй былі празрыстыя, цялеснага колеру майточкі. Крыху ніжэй за іх доўгія і стройныя, у меру поўныя ногі сціскалі чырвоную ружу, ад якой па параненым спічаком сцягне бег, сціхотна перагукаючыся з ярка падведзенымі вуснамі, пунсовы струмок.
Паводле шведскай завядзёнкі, вакно жылога дома не мела ні штор, ні фіранак. Эма стаяла на нізкім шырокім падвоканні на адлегласці далоні. Праз Марціна пракацілася новая гарачая хваля: левая Эміна смочка ўдвая пераўзыходзіла памерам правую і – падфарбаваная нечым бардовым – больш за ўсё іншае нагадвала спелую вішню.
Эма прытулілася да шкла. Марцін паволі падняў руку, дакрануўся да шкляной паверхні ў тым месцы, дзе пачынаўся струменных крыві, і здзівіўся, сустрэўшы холад.
На другім баку вуліцы, відаць, ужо даўно сігналіў таксіст. Марцін імкнуўся зазірнуць Эме ў вочы, але яна стаяла з апушчанымі павекамі. Нешта прымусіла ягоны пагляд слізгануць долу і на імгненне затрымацца на падваконні.
Нільс двойчы нецярпліва паклікаў яго, і Марцін, рэзка павярнуўшыся і ўціснуўшы голаў у плечы, пабег да таксоўкі. Ужо калі ён нырцануў на задняе сядзенне, на экране ўнутранага зроку ўспыхнула ўбачанае на драўляным падваконні. Каля Эміных ног ішла чарада белых сланоў. Белых, ды адзін… адзін з іх нечым нібыта вылучаўся сярод іншых. Марцін не адразу, але зразумеў: чорнымі біўнямі.
42
У вагон яны ўскочылі перад самым адыходам. Нільс збянтэжана або проста ад стомы маўчаў. Марцін пачуваўся дарэшты выважаным і спустошаным. Апрача ўсяго, ён дакараў сябе, што зашмат выпіў.
Забіце мяне, – закрычаў гаспадар заезнага двара, – калі гэты чортаў Ідальга не прапароў адзін з бурдзюкоў з чырвоным віном, якія вісяць у яго над ложкам…
Марцін цыкнуў на занадта дагодлівую памяць і, каб адолець ніякаватасць, прымружыў вочы ды зрабіў выгляд, што спіць.
Зусім нядаўна яшчэ такое чыстае зорнае неба зацягнула хмарамі. Праз колькі хвілінаў за вокнамі цягніка ўжо шалела навальніца. Пад яе акампанемент Марціну сапраўды ўдалося заснуць неспакойным і, як яму ўяўлялася, неглыбокім чуйным сном, хоць насамрэч яго аднесла надзвычай далёка.
43
Марціну сніліся чорныя хвалі, за якімі знікаў бераг, і незлічоныя белыя чэраўцы мёртвых вужоў. Праз гэтыя хвалі, цяжка зыбаючыся і раз-пораз чэрпаючы ваду, ішла вялізная лайба, на якой ён прэзентаваў сваю кнігу. Усе месцы займалі маўклівыя жыхары браціслаўскага тэатральнага гатэльчыка, якія выправілі наперад курдупеля Любаміра. Той знячэўку падскочыў да Марціна, выхапіў у яго з рук кнігу і пад ухвальнымі позіркамі астатніх шпурнуў яе далёка ў хвалі, увачавідкі збіраючыся скінуць з лайбы і яго самога.
Марцін прахапіўся і прагна выпіў цэлую пляшачку вады. Мусіць, ён крычаў ува сне, бо Нільс кідаў на яго дзіўнаватыя позіркі. Марцін сабраўся выбачыцца, але не сказаў і двух словаў, як выдавец бесцырымонна абарваў: І don’t understand you.[6] У Нільсавых вачах жыло штосьці чужое, халоднае і жорсткае.
Выдаўца нібы кімсьці падмянілі. На вакзале ён кіўком галавы паказаў Марціну цераз пляц на гатэль і моўчкі сеў у таксі, за стырном якога сядзеў чалавек, які выдаваў у профіль на шкіпера. Марцін злавіў сябе на тым, што не хоча ў гатэль і з радасцю пераначаваў бы на вакзале, але ўрэшце ўзяў сябе ў рукі.
44
Дзяжурная, зірнуўшы ў камп’ютэр, перапрасіла за нядаўнюю пажарную трывогу і дала яму ключ-картку ў той самы нумар. На стале чакала яшчэ адно прабачэнне – зялёная ваза з чорным вінаградам – такім, які пасля «пажару» стаяў пад гатэльнымі люстэркамі. Сёння Марцін ужо дзесьці бачыў дакладна такія ж гронкі. Але дзе? Думка не пакідала ў спакоі і пакуль ён, канчаткова цверазеючы, пераступаў з нагі на нагу пад халодным душам, і потым, калі ўключыў і выключыў, натрапіўшы на фільм жахаў, тэлевізар.
Марцін адшчыкнуў ад гронкі некалькі сакаўных, падалося, што ўжо п’янкіх ягад, і тады ўспомніў: Эма! У глыбіні Эмінага пакоя на стале цямнела ваза з вінаградам. Але гэта было не адзінае, што стрэліла ў памяці. Ліст! Як я мог забыць пра ліст?!
Ён выцягнуў з кішэні пінжака і няроўна разарваў па краі вялікую пакамечаную капэрту. Там ляжалі акуратна складзеныя карункавыя майточкі цёплага цялеснага колеру. З іх выглядваў ліст, напісаны па-англійску знарочыста буйным і чытэльным дзіцячым почыркам – відавочна, каб чужаземец усё зразумеў. Ён пачуў грудны ўніклівы голас, як быццам чытаў не ён, а сама Эма:
Я пакахала цябе раней за твой прыезд. Ты пазвоніш у дзверы і будзеш жыць у мяне, колькі захочаш. Я лягу з табой у першую ж ноч. Мой муж у плаванні, з якога вяртаюцца праз стагоддзі, і я не дачакаюся яго. Ён называў мяне геніяльнай жанчынай. Я хачу жыць з табой. Я адчуваю, што тваё сэрца свабоднае. Калі захочаш, выганіш прэч усіх маіх эльфаў. Але я папрашу пакінуць Сільвестра. Ён цёпленькі і столькі ўсяго ўмее. Увечары ты будзеш распальваць камін. Мы будзем піць віно, а потым любіць адно аднаго да самай поўначы, але не пазней, бо тады здараецца ўсякае… Я нараджу табе сына, і з саду прыйдзе мой сын, народжаны ад мужа. Ён палюбіць цябе і свайго брата, і ў нядзелю я спяку вам булачак з цынамонам.
Эма.
Марцін, з дзяцінства прывучаны мамай і бабуляй да ашчаднасці, ніколі не карыстаўся дарагімі міні-барамі ў гатэльных нумарах, аднак зараз адчуў, што яму ўкрай трэба выпіць.
У бары знайшлася маленькая пляшачка віскі Jameson. Марцін зняў закрутку і, перачытваючы ліст, дзе з вар’яцтвам суседзіла непахісная логіка, прагна пацягнуў з рыльца. Двума глыткамі ён дапіў віскі і зноўку палез у міні-бар.
Самалёт заўтра ўвечары. Да горада, дзе жыве Эма, блізу ста кіламетраў і гадзіна на цягніку. Вар’яцтва! — уголас прамовіў Марцін.
Памяць жыла сваім жыццём:
Якім прымусам ты ўтлуміла мне
Дабром лічыць зло ўсёй тваёй істоты,
І так, што грэх цяпер мне прыямней,
Чым самая прываблівая цнота?..
Па шырокім драўляным падвоканні ішлі сланы, і сярэдні з іх меў чорныя біўні. Антыкварная крама месцілася каля царквы з могілкамі. На фатаграфіі ў глыбіні саду свяцілася вакно з жаночым сілуэтам. У гатэльным калідоры шкіпер элегантна рэквізоўваў пляшку ў маладзёна з бакенбардамі. У Эмы была смочка настаўніцы Тамары. У глыбіні калідора, калі ён паўгадзіны таму адчыняў нумар, мільганулася пара, падазрона падобная да ягоных навязлівых знаёмых. Усё гэта пагражала скласціся ў сістэму ці, праўдзівей, у сціхотную мазаіку, дзе яшчэ не хапала некалькіх кавалачкаў смальты.
Марціну карцела распакаваць падарунак дырэктара бібліятэкі, але гэтае жаданне і палохала. Яму мроілася, што вакно асабняка на здымку будзе пустым.
У дзверы асцярожліва пастукалі. Марцін глянуў на гадзіннік, стрэлкі якога перапаўзлі за поўнач, паказваючы, што пачынаецца пятніца. Памыліліся. Марцін з астатніх сілаў намагаўся навесці ў бязладдзі думак хоць які парадак.
Стук паўтарыўся і зрабіўся настойлівым. Марціну здалося, што ён чуе ў калідоры прыцішаныя галасы.
З таго боку торгалі за ручку. Марцін ліхаманкава спрабаваў нешта вырашыць. Запалкі! Ён знайшоў у кішэні пінжака прыхопленыя з прэзентацыі запалкі і скруціў у жмуток колькі вырваных са штодзённіка аркушаў. Зараз ён чыркне запалкай, і праз хвілю, несучы палёгку, зараве сірэна. Нібыта даведаўшыся пра ягоны намер, за дзвярыма супакоіліся. На ўсялякі выпадак, як і ў ноч пажарнай трывогі, Марцін падышоў да вакна і паглядзеў на блізкі газон.
Якраз тут у дзвярах і спрацаваў электронны замок. Марцін схапіў запалкі з паперай, ды нешта спыніла яго.
Дзверы пачалі павольна, вельмі павольна адчыняцца. У іх яшчэ нікога не было, але на прысценак лёг зялёны водсвет. Марцін памкнуўся схаваць у шуфлядку капэрту з майткамі, аднак замест гэтага адкінуўся ў фатэль ды істэрычна засмяяўся.
2016
notes
Примечания
1
Тут і далей пераклады Уладзіміра Дубоўкі
2
Пажар! Пажар! Тэрмінова пакіньце нумары! (англ.)
3
3 найлепшымі пажаданнямі ад аўтара (англ.)
4
Неадкладна (англ.)
5
Яна вар’ятка (англ.)
6
Не разумею (англ.)