Текст книги "Танцы над горадам"
Автор книги: Уладзімір Арлоў
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 6 (всего у книги 8 страниц)
Уяўленне прачнулася і не збіралася супакойвацца. Ажно да халадку па хрыбетніку прымроілася: гэта не поўня, а тая вандроўная планета, што, шчасліва размінуўшыся з нашай, неспадзявана павярнула назад і імкліва набліжаецца да Зямлі, каб неўзабаве засціць сваёй зялёнай куляй палову небасхілу. Калі ўзняўся, ператвараючыся ва ўраган, апошні зямны вецер, галоўная гераіня таго фільма закрыла маленькаму хлопчыку вочы. Фантазія разгулялася да таго, што сэрца азвалася чутным у вусцішы рытмам.
Гэта толькі кіно, – сказаў я сабе і прамовіў надуманае ўголас, дакладна, як у дзяцінстве мама, калі на кінасеансе я пачынаў плакаць і туліцца да яе: – Гэта толькі кіно, сынка, толькі кіно.
Маміных слоў хапіла і цяпер.
Ды поўня не адпускала. Вымкнуўшы святло, я ўгледзеўся ў зыркі дыск з шырокім туманным галом. Кажуць, на месяцы можна ўбачыць, як Каін забівае Авеля. Я напружыў зрок, аднак убачыў іншае: у верхняй частцы поўні, распасцёршы крылы, ляцела над замглёным долам вялізная птушка. Месяц праплыў праз яшчэ адну аблачынку, і дол ператварыўся ў другую птушку. Цяпер дзве птушкі з урачыстай павольнасцю рухаліся адна за адной. Праз хвіліну яны пераўвасобіліся ў дзве чалавечыя постаці з раскрыленымі рукамі, якія плылі па магічным коле, не выклікаючы ніякіх асацыяцый з біблійнымі героямі.
Раптам дзесьці ў бязмежжы паміж мной і поўняй нарадзілася вар’яцкая здагадка, адкуль наведваўся да мяне Чорны чалавек. Яна, здагадка, здаецца, спадабалася і самой поўні, якая скінула хуткасць і наогул – адносна мігатлівай зоркі злева ад яе – застыла ў адной кропцы, нібы нарэшце знайшла сваё месца.
І тады мне неверагодна выразна і пранізліва ўявілася, што ў гэтую хвілю з самых розных светаў і сусветаў на поўню скіравалі позіркі мае танцоры-самнамбулы, і хтосьці з іх неадменна трымае на руках ці на плячы іх верную сяброўку – чатырохногую танцорку-Котку, якая, магчыма, зусім і не была коткай. Разам з імі ўзіраўся ў поўню тапелец з перлінкай у вуху, што так і не з’явіўся ў маўклівым танцы пад зоркамі, ды дзіўным чынам назаўсёды застаўся ў ім прысутны. Прастору да зіхоткага дыска праціналі і позіркі юнай рыжавалосай жанчыны з азёрнага пляжа і яе другога ўвасаблення – жанчыны-малпачкі з марэлевай поўсткаю. І – праз два з паловаю стагоддзі – падымала вочы да залатой зрэнкі нашага паўночнага неба мексіканка ў срэбнай сукенцы з адкрытымі плячыма. А мама сачыла за поўняю, стоячы пры цёмным вакне ў гасцёўні, і ў месяцавым святле паблісквалі шкельцы яе акуляраў у чарапахавай аправе.
І – у гэтыя самыя імгненні – з зялёнай канапы глядзеў на поўню Чорны чалавек.
Але вечнасць усё адно заставалася роўнай чалавечаму жыццю.
Я запаліў настольную лямпу і ўверсе першай старонкі напісаў: Чорны чалавек на зялёнай канапе.
37
Граматык Тэрэнцыян Маўр меў рацыю: Habent sua fata libelli...
2016
ДОМ З ДАМАВІКАМІ
Хачу вам паведаміць, шаноўныя сеньёры,
што памянёны Ідальга прыбыў да нас
з намерамі сумнеўнымі і надзвычай падазронымі.
1
У аэрапорце за паўгадзіны да пасадкі Марцін выняў з наплечнай кайстры кармінавы штодзённік, каб спраўдзіць, ці не забыўся чаго істотнага. Ён перагарнуў старонкі на бліжэйшыя дні і зрабіў маленькае адкрыццё: абведзеная колцам дата – 23 красавіка – прыпадала акурат на канец яго кароткага падарожжа. Гэта адразу перайначыла Марцінаў настрой, дадаўшы да лёгкага перадвандроўнага хвалявання новыя эмоцыі.
Марцін міжволі ўсміхнуўся: дзяцінства праз столькі гадоў па-ранейшаму заставалася з ім. Ён абвёў вачыма пачакальню. Наўрад ці хто-небудзь мог хоць прыблізна ўявіць, чым занятыя цяпер ягоныя думкі.
А імі завалодалі Шэкспір і Сервантэс.
2
Больш за прыгоды і фантастыку ў дзіцячыя гады Марцін любіў чытаць розныя даведнікі, а таксама кніжкі і часопісы з цікавосткамі ды таямніцамі, што друкаваліся пад рубрыкамі накшталт Загадкі мінулых стагоддзяў або Вучоныя дагэтуль шукаюць адказ. Там ён знаходзіў займальныя для юнага розуму звесткі пра жорсткую помсту егіпецкіх фараонаў археолагам ці пра высокаразвітую цывілізацыю інкаў, якая, тым не меней, не ведала кола. Яго захапляла загадка шумераў, што не толькі вынайшлі кола, аднак за тысячы гадоў да Каперніка былі ўпэўненыя, што Зямля рухаецца вакол Сонца. Ну а пошукі ў Гімалаях снежнага чалавека хвалявалі тады і шмат якіх дарослых, у прыватнасці ягонага старэйшага стрыечнага брата-студэнта. Той ставіўся да Марцінавага захаплення з разуменнем і забяспечваў аматара тайніц адпаведнай літаратурай.
З
Сталася так, што Марціна наймацней узяла ў палон загадка смерці Шэкспіра і Сервантэса. У сёмым класе ён вычытаў у часопісе «Вакол свету», што знакамітыя пісьменнікі памерлі ў адзін і той самы дзень, 23 красавіка, аднаго і таго ж 1616 года. Яны не загінулі ў адной бітве, не патанулі, плывучы на адным караблі, не былі атручаныя на нечы загад, калі сядзелі за адным сталом на каралеўскім балі. Яны, як выглядала, наогул ніколі не сустракаліся. Між тым энцыклапедыі неабвержна сведчылі, што аўтар «Рамэа і Джульеты» пакінуў гэты свет у родным Стратфардзе-на-Эйване, а стваральнік «Дон Кіхота» ўбачыў цётухну з касой – пра яе Марцін у тыя гады думаў легкаважна і амаль весела, адно як пра метафару – у неверагодна далёкай, як на тадышні час, ад Стратфарда іспанскай сталіцы.
Гэтая таямніца настолькі захапіла хлопчыка, што, каб занатоўваць развагі пра яе, Марцін завёў адмысловы вялікі нататнік з жоўтай вокладкай, на якой ён напісаў і абвёў колцам загадкавую дату. Ад лічбы 23 разыходзіліся стрэлкі, што сімвалізавалі яго пошукі і гіпотэзы. Атрымалася нешта падобнае да сонейка з вострымі промнямі, якіх пакрысе рабілася ўсё больш.
4
Нататнік даўно згубіўся, ды Марціну і сёння добра памятаўся ягоны змест.
Побач са здагадкаю, што ў 1616 годзе ўсю Еўропу ахапіў жудасны чумны паморак, які і забраў жыцці двух геніяў, пад жоўтай вокладкай хавалася версія ўтручвання ў гэтую справу цёмных магічных сілаў. Магчыма, даваў волю фантазіі начытаны падлетак, Шэкспір і Сервантэс адмовіліся прадаваць душу ў абмен на вечнае жыццё і былі за тое пакараныя.
Дэталёва Марцін распрацаваў і гіпотэзу, звязаную з іншапланетнікамі. Але не з тымі, што, безумоўна, дапамаглі некалі шумерам, а – з варожымі зямлянам прыхаднямі з касмічных глыбіняў, якія разлічвалі ў будучыні захапіць Зямлю і ператварыць яе ў калонію. Пакуль жа іхнія выведнікі пасылалі на самых выдатных жыхароў нашай планеты нябачнае смяротнае апраменьванне.
Памятаецца, цэлую школьную чвэрць Марцін, знаходзячы сабе ўсё новыя, самыя фантастычныя доказы і малюючы ў сваім нататніку касмічных прыхадняў з пяццю вачыма на круглых безвалосых галовах і хабаткамі замест насоў, трымаўся менавіта такога адказу на загадкавае пытанне. Але аднойчы ён прачнуўся з думкаю, што вінаватыя ўсё ж не хобатаносыя, а больш блізкія, зямныя цёмныя сілы, калі іх увогуле можна назваць зямнымі, бо не выключана, што яны валадараць ці, прынамсі, ставяць свае бесчалавечныя эксперыменты ва ўсім Сусвеце.
Падставаю для такога меркавання стала невытлумачальная смерць аднакласніцы Лілі, якая яшчэ ў панядзелак спісвала ў яго на матэматычнай кантрольнай, а ў пятніцу ляжала абкладзеная кветкамі ў невялікай падлеткавай труне. Хадзіла пагудка, што на просьбу мачахі Лілю зачаравалі і за два дні звялі са свету. Пасля таго як Ліліна сям’я выехала з горада невядома куды, гэтыя размовы набылі новы кірунак. Марцінава бабуля казала, што цяпер праклён будзе ляжаць на ўсім родзе і нават на тых, хто паселіцца ў іхняй апусцелай кватэры ў суседнім доме. Аднак у колішняй Лільчынай кватэры неўзабаве атабарылася маладая сямейка з зарэчнай вёскі, у якой, здаецца, штогод нараджаліся белагаловыя здаровыя дзеці, і бабуліна вера ў праклён урэшце адышла ў мінулае.
5
Сярод запісаў у нататніку мелася ўжо і не надта дзіцячае вытлумачэнне, згодна з якім Шэкспір ды Сервантэс ліставаліся між сабой і, стаміўшыся ад жыцця і славы, змовіліся сысці ў вечнасць у адзін дзень, пакінуўшы сваю загадку нашчадкам. Марцін марна намагаўся шукаць пацверджанне ў самім «Дон Кіхоце», прычым не ў сваім, з маленькага хатняга кнігазбору, дзе на тытульнай старонцы было пазначана, што кніга пераказаная для дзяцей, а папрасіў маці прынесці раман з дарослай бібліятэкі і напачатку чытаў яго з трымценнем, нібы кабалістычны трактат. Але нават вывучэнне раздзела пра незвычайную прыгоду Дон Кіхота з калёсамі Суда Смерці скончылася безвынікова.
Марцін спрабаваў звяртацца па дапамогу не адно да кніг, але і да дарослых. Маці яго засмуціла, бо лічыла таямніцу смерці геніяльных пісьменнікаў простым супадзеннем. Вясёлы чырвананосы настаўнік гісторыі параіў пакінуць праблему вучоным-шэкспіразнаўцам. Бабуля, паводле ейнай завядзёнкі, меркавала, што паўсюль трэба шукаць сляды нязводных д’ябальскіх сілаў. Брат-стрыечнік, які ведаў пра Марцінаў жоўты нататнік, дакляраваў у вольны час разабрацца з пісьменнікамі, ды хутка пра тое забыўся.
Але, што б там ні было, Марцін пераканаў сябе: 23-ці красавіцкі дзень – не шараговы, у гэты дзень мацней праяўляюцца неспасцігальныя чалавечым розумам сілы і перад верагоднай сустрэчаю з імі трэба трымацца напагатове.
Якраз тады, няхай і не 23 красавіка, а напярэдадні, ён знайшоў на беразе ракі пасля паводкі срэбную манету з партрэтам яшчэ невядомага яму манарха на аверсе і конным рыцарам на рэверсе. Тое здарэнне сведчыла, што і ў наш час у дваццатых днях другога вясновага месяца могуць адбывацца рэчы непрадказальныя і, апрача таго, неабавязкова сумныя.
Так у Марціна з’явілася асабістая таямніца – магічны дзень.
6
Загадка Шэкспіра і Сервантэса не давала Марціну спакою да дзявятага класа. Але аднойчы брат-студэнт, які прыехаў да іх на Каляды, паблажліва паляпаў Марціна па плечуку і даў параду супакоіцца і пашукаць сабе іншую таямніцу.
Стрыечны не забыў на абяцанку і, нарэшце заглыбіўшыся ў тэму, высветліў, што насамрэч сэрцы класікаў спыніліся не ў адзін і той жа дзень. Сервантэс адышоў на дзесяць дзён раней, бо ў каталіцкай Іспаніі дзейнічаў грыгарыянскі каляндар, а пратэстанцкая Англія ўпарта трымалася юліянскага. Брат патлумачыў, што такія аддаленыя ад нас даты не пераводзяцца ў новы стыль, праз што і ўзнікла міфічная таямніца, якой дураць наіўныя галовы.
7
Марцін перажыў глыбокае расчараванне. Ягоны свет страціў адну з непаўторных барваў. Сітуацыю не ратавалі і адкапаныя звесткі, паводле якіх Шэкспір памёр у той самы дзень, калі і нарадзіўся, што таксама выглядала дзіўнавата. Марцін з сумам закінуў жоўты нататнік з пабляклым сонейкам на антрэсолі ды ўзяўся шукаць новыя загадкі.
Аднак яго даўняя таямніца не канула ў Лету і па часе вярнулася. Па-першае, разважаў Марцін, і Іспанія, і Англія, а значыць, і Шэкспір з Сервантэсам, пражывалі той далёкі дзень менавіта як 23 красавіка. Такім чынам, версія з ліставаннем і пакрыёмай дамоваю класікаў канчаткова не губляла імавернасці. А па-другое, Марціну проста расхацелася развітвацца з магічным днём.
8
Да гэтай падлеткавай тайніцы Марцін у розныя перыяды жыцця ставіўся неаднолькава, часта іранізаваў над сабой, але не забываў намаляваць у штодзённіку на адпаведнай старонцы сонца са стрэлкамі-промнямі. Цяпер яны азначалі чаканне чагосьці такога, што магло аздобіць сваім водсветам будзённае жыццё. А магло і азмрочыць, таму трэба быць гатовым да неспадзяванак. Калі ты наструньваешся і ловіш адпаведную хвалю, верагоднасць такога здарэння павялічваецца.
Урэшце і нязначная, на першы погляд, падзея, убачаная пад іншым ракурсам, можа набыць новае нечаканае гучанне, стацца лёгкім намёкам, знакам, папярэджаннем або абяцаннем. Карацей, Марцін не здраджваў даўняй гульні і ў дваццатыя красавіцкія дні імкнуўся хоць на хвіліну ператварыцца ў падлетка з жоўтым нататнікам.
Калі-нікалі гульня дзячыла яму за вернасць. Ён не вёў дакладнага ўліку таго, што адбывалася 23 красавіка ці ў суседнія дні, але якраз тады, пры канцы красавіка, некалі перажыў бурнае развітанне з жонкай-актрысаю Жаннай, якую ў сапраўднасці звалі Ганнай. Праз колькі гадоў гэтай парою завязалася знаёмства з мастачкаю Вітай. Яно перарасло ў працяглую, збольшага шчаслівую гісторыю, што, на жаль, пяць гадоў таму – праўда, не ў красавіку, а ў траўні – завяршылася ад’ездам Віты на міжнародны пленэр у Краіну баскаў, які, даходзілі чуткі, скончыўся для яе шлюбам з неўзабаве асуджаным на працяглы тэрмін байцом ЭТА.
Летась і залетась у красавіку не здарылася нічога прыкметнага, а вось тры гады таму Марцін адзіны раз у жыцці выйграў у латарэю. Грошы прыйшлі не богведама якія, аднак хапіла на велікодную выправу ў Вільню з прыстойным зацішным гатэлем у Старым горадзе і трохвечаровай вандроўкаю па знаёмых кавярнях. Ён піў за Шэкспіра з Сервантэсам моцныя літоўскія настойкі, часам, палохаючы афіцыянтаў, дэкламаваў самому сабе ўлюбёныя санеты славутага грамадзяніна горада Стратфарда, а ў адной пітной установе паблізу Базыльянскіх муроў пасля шматлікіх кілішкаў Suktinis’y пакінуў шчодры гасцінец, падпісаўшыся як Д. К. з Ламанчы, за што назаўтра адчуваў пякучы сорам.
9
Марцін не стаў літаратуразнаўцам. Ён меў дыплом географа і навуковую ступень, але пасля сарака гадоў у пэўным сэнсе вярнуўся да падлеткавага захаплення разнастайнымі цікавосткамі – узяўся пісаць турыстычныя даведнікі. Яму падабалася тлумачыць замежнікам, а заадно і неабазнаным суайчыннікам, што ягоная краіна не проста знаходзіцца ў геаграфічным цэнтры Еўропы, а мае і еўрапейскую гісторыю – з замкамі, магдэбургскім правам, рыцарскімі турнірамі…
У Марціна было лёгкае пяро. Справы ішлі няблага, і ў яго з’явіўся свой выдавец. Пасля кніжкі пра вядомых асобаў, што калісьці адзначыліся ў гэтых шыротах – ад заваёўнікаў розных эпох да Лі Харві Освальда, на прыз якога іхні школьны настаўнік вайсковай падрыхтоўкі ў гады халоднай вайны з Захадам праводзіў штогадовыя стралковыя спаборніцтвы, – Марцін пачаў задумвацца пра тое, каб пакінуць выкладчыцкую працу. Студэнты прыносілі на экзамены турыстычныя даведнікі і, падлабуньваючыся, прасілі ў Марціна аўтографы, а яму ўжо мроілася, як ён будзе ставіць мудрагелістыя подпісы на тытуле свайго гістарычнага рамана, героі якога наведваліся ў сны.
10
У самалёце Марцін, узяўшы маленькую пляшачку чырвонага віна, працягваў думаць пра Шэкспіра і Сервантэса. Ён – гэта сталася важным элементам гульні – выдатна ведаў іх жыццяпісы разам з легендамі, дыскусіямі і здагадкамі і сачыў за ўсімі новымі знаходкамі ды версіямі. Нядаўна, да прыкладу, знайшоў у сеціве сцверджанне, што, прынамсі, за частку славы Шэкспір мусіў быць удзячны яго багатай сучасніцы-габрэйцы, надзеленай бліскучым літаратурным талентам. Вядома, не абмінуў Марцін увагаю і свежае паведамленне пра адшуканне магілы Сервантэса ў мадрыдскім кляштары ордэна босых трынітарыяў, якія заплацілі выкуп за пісьменніка, калі той быў захоплены піратамі і пяць гадоў пакутваў у алжырскім палоне.
Апрача таго, Марцін сябраваў з Мнемазінай і калісьці вывучыў усе шэкспіраўскія санеты, прычым расставіў іх у памяці па нумараваных палічках, адкуль санеты вельмі зручна было здымаць у патрэбныя моманты. Зрэшты, парою яны і самі прасіліся на волю.
Вось і цяпер, не паспеў Марцін чарговы раз пагадзіцца з тымі, хто лічыць 126 першых санетаў адрасаванымі маладому мужчыну, да якога аўтар меў зусім не платанічныя пачуцці, як гэтыя вершы загучалі ў ім на вышыні дзесяці тысяч кіламетраў над роўнем мора:
Любоў мая не ідалапаклонства,
А мой каханы ідалам не ёсць.
Хоць пра яго яму пяю бясконца,
Ягоную ўслаўляю прыгажосць.
[1]
Ён замовіў яшчэ адну паднябесную пляшачку чырвонага.
Дваццаць шэсць наступных санетаў відавочна звернутыя да жанчыны. Тобок Шэкспір, адрозна, напрыклад, ад калегі Уайлда, здолеў пазбыцца даволі небяспечнага ў тыя часы захаплення або, прынамсі, дадаць да яго іншае, да якога грамадства ставілася з большым разуменнем.
На радасць мне і на пакуту мне
Ўва мне жывуць адразу два каханні.
Адно – кабета, што за ноч цямней,
Другое – сябар у анёльскім ўбранні…
Разам з тым цікава, што ў тастамэнце драматург пазначыў перадачу жонцы свайго другога па якасці ложка. Адны тэатразнаўцы расцэньваюць тое як падкрэсленую абразу, іншыя, аднак, перакананыя, што гаворка ідзе пра сужэнскі ложак і што нічога зневажальнага ў тастамэнце і не начавала.
11
Марцін папрасіў у халаднавата-прыгожай сцюардэсы-скандынаўкі чорнай кавы ды іхнюю цацачную пляшачку віскі.
Яго думкі набылі новы кірунак. Сервантэс у той дзень, калі іспанскі каляндар паказваў фатальную дату, меў шэсцьдзесят сем пражытых гадоў. За колькі дзён да сыходу ён, цяжка хворы жабрак, пастрыгся ў манахі, але і на Божай пасцелі не разлучаўся з пяром і паперай. Шэкспір жа назаўсёды заплюшчыў вочы, маючы ўсяго пяцьдзясят два, крыху больш, чым ён, Марцін. Тры астатнія гады мэтр, мяркуючы па ўсім, біў лынды, а пры канцы зямнога шляху, бывала, добра выпіваў з жаніхом малодшай дачкі, які зарабляў на жыццё вінаробствам.
Перад пасадкаю ў Стакгольме Марцін не надта цвяроза падумаў, што, калі б Шэкспір карыстаўся інтэрнэтам, ён мог бы своечасова даведацца пра вечны вырай іспанскага брата па духу і таленце і памянуць яго добрым келіхам, а натхніўшыся, напісаць прачулае развітальнае слова пад рубрыку In memoriam.
Марцін ляцеў на кніжны кірмаш, дзе мела адбыцца прэзентацыя перакладу яго шыкоўна ілюстраванага турыстычнага даведніка.
12
Кірмаш не належаў да самых прэстыжных, але карыстаўся статусам міжнароднага і, акрамя таго, праходзіў у старажытным горадзе, што, сцвярджала Вікіпедыя, ганарыўся непадступным замкам на азёрнай выспе і ў мінулым пабыў неафіцыйнай шведскай сталіцай. Вечар і ноч Марцін павінен быў прабавіцца ў сталіцы сучаснай і афіцыйнай, а назаўтра сесці на цягнік.
Гатэль яму – дзеля зручнасці некалькіх прыездаў і ад’ездаў – замовілі насупраць чыгуначнага вакзала, што ані не ўплывала на цішыню і ўтульнасць.
Марцін трымаўся на хвалі чакання нязвыклых уражанняў і падзей, але нічым асаблівым, калі не лічыць вялікіх ампірных люстраў у пазалочаных асадах перад шырокімі маршамі парадных сходаў, гатэль не ўразіў. Вечаровае вакно выходзіла на зялёны ўнутраны двор з вячыстымі дрэвамі, адно з якіх падступала зусім блізка. Пупышкі на галінках пакуль не пырснулі лістотай, аднак Марцін чамусьці вырашыў, што гэта вяз. Відаць, таму, што магутным галамнём і галінамі, падобнымі да рук казачных асілкаў, дрэва за вакном нагадала яму стары вяз над ракой на іхняй ціхай гарадской ускраіне. Вяз, пад якім ён-хлапчук, збягаючы з дому, любіў летнімі вечарамі дапазна чытаць і заседжваўся там – ужо з ліхтарыкам – да поўначы, забываючы, што мама з бабуляй не лягуць спаць, пакуль ён не вернецца. Як і на тым даўнім вязе з яго дзяцінства, так і на дрэве за гэтым падвойным шклом мудрагелістыя расколінкі, шнары і раўчукі на галамні ў прыцемку пачыналі складвацца ў больш вычварныя ўзоры, нагадваючы малюнкі з аптычным падманам і нараджаючы ў душы лёгкае хваляванне.
Марцін апусціў шторы, паглядзеў на канале National Geographic пачатак фільма пра некранутых цывілізацыяй індзейцаў Амазоніі, а затым, уключыўшы ў сотавым тэлефоне будзільнік, з асалодай выцягнуўся на духмянай хрумсткай прасціне.
13
Каб аздобіць адыход да сну, ён зазірнуў у сховы памяці, дзе побач з палічкамі, занятымі шэкспіраўскімі санетамі, знаходзілася і мясцінка з улюбёнымі цытатамі з «Дон Кіхота». Ён вырашыў, што зараз добра надаецца эпізод з астурыйкаю-прыслужніцай, якая ў раздзеле XVI першай кнігі рамана змаўляецца на заезным двары з паганятым мулаў адарыць яго сваімі вабнотамі і жарсцю, але па дарозе трапляе ўначы ў рукі хітрамудрага Ідальга.
Дон Кіхот, пачуўшы яе крокі, сеў на ложку і, не зважаючы на пластыры і боль у баках, раскрыў прыўкраснай дзеве абдымкі. Дакрануўшыся да ейнай пашытай з радна начной кашулі, ён уявіў, што гэта дзівосны найтанчэйшы ядваб. На руках у яе быў шкляны ружанец, але яму прымроілася, што ён мае справу з каштоўнымі ўсходнімі перламі. Яе валасы, што збольшага нагадвалі конскую грыву, ён прыпадобніў да нітак найчысцейшага арабскага золата…
Ужо ў абладзе дрымоты Марцін своечасова спыніўся, бо наступны рызыкоўны пасаж пра пахі, што густа разыходзіліся ад астурыйкі, мог дазвання сцерці водар канвалій, якім струменіла тонкая пуховая коўдра.
14
Яму сніўся вяз, які падступіў да самага ваконнага шкла і шкробся ў яго галінамі, не раўнуючы як просячыся, каб пусцілі ў пакой. Марцін разумеў, што рабіць гэтага нельга, і, праверыўшы, ці надзейна зачыненае вакно, стаяў пры ім, як зачараваны. Кара на галамні ажыла і зрабілася рухомай. На ёй спачатку прарэзалася адна пара вачэй, затым з розных бакоў ад іх расплюшчылася яшчэ колькі. Усе вочы глядзелі проста на Марціна, і вакол іх пакрысе ўзнікалі абрысы незнаёмых і як быццам знаёмых мужчынскіх і жаночых твараў. Адчуваючы, як з кожным новым ударам яго сэрца пачынае калаціцца ўсё больш шалёна, Марцін намагаўся распазнаць заваконныя абліччы, але часу на тое ўжо не заставалася…
15
Спярша Марціну здалося, што звініць будзільнік. Ён намацаў на століку пры ложку тэлефон і зрабіў спробу вымкнуць званок, аднак нічога не атрымалася. Канчаткова прачнуўшыся, ён даўмеўся, што тэлефон невінаваты. Вусцішны прарэзлівы гук вырастаў і запаўняў усю прастору. Такім і нябожчыкаў з магіл падымеш, – змрочна падумаў Марцін і запаліў настольную лямпу, бо за вакном яшчэ раскашавала ноч.
У наступнае імгненне першы раз па-шведску, а затым па-англійску грамавым голасам загаварылі сцены: Fire! Fire! Please, leave your rooms at onse![2]
У нявыспанай свядомасці мільганула: Вось табе і прыгоды. Дачакаўся!
Марцін ведаў за сабой каштоўную асаблівасць: пры небяспецы галава на хвілю рабілася пустой і звонкай, а затым нейроны ўключалі поўную хуткасць.
Дымам не пахла, затое яшчэ чуўся вечаровы водар канвалій. Нумар на другім паверсе. Вакно адчынілася без праблем: унізе ў начной падсветцы зелянеў газон. У калідоры чуліся галасы, ляпанне дзвярэй і тупат шматлікіх ног. Марцін пастанавіў, што, калі спатрэбіцца, выкіне валізку ў вакно, а сам у горшым разе саскочыць на траву.
Ён апрануўся і склаў рэчы, не забыўшы пра гарнітур, што адвешваўся ў шафе. Забраў з лазенкі зубную шчотку і пасту. Там паветра таксама захоўвала чысціню. Чуйка, як Марцін называў інтуіцыю, падказвала, што трывога нейкая несапраўдная, хоць сірэна працягвала нястомна выць, а заклікі пакінуць нумары гучалі на мяжы прыймальных для чалавечага вуха дэцыбелаў. Набраўшы поўныя лёгкія паветра, Марцін асцярожна прачыніў дзверы ў калідор. Дыму не было і там.
Стоячы на парозе нумара, ён назіраў даволі забаўнае відовішча. У прасторны калідор павыходзілі, мусіць, ужо ўсе госці. Большасць апранулася і стрымана чакала развіцця падзей. Многія павыносілі і рэчы, астатнія займаліся гэтым цяпер. Між тым у калідоры мітусілася і некалькі не надта апранутых пастаяльцаў, сярод якіх вылучалася амаль голая маладая парачка: яна – у цынамонавай кашульцы і ён – у адных паласатых чорнабелых майтках, але з пачатай пляшкаю віскі ў руцэ.
Выглядала на тое, што парачка ў паніцы запамятавала, з якога яна нумара, бо раз-пораз рабіла роспачныя высілкі пратачыцца то ў Марцінавы, то ў суседнія дзверы злева і справа. Гэтыя высілкі скончыліся тым, што прысадзісты і барадаты, падобны да шкіпера чалавек у клятчастай начной піжаме элегантным рухам выхапіў у зебрастых майткоў пляшку і схаваў яе ў сваю шырокую кішэню.
16
Марцін супакоіўся і ціха радаваўся прыгодзе. Чуйка не здрадзіла: аглушальныя абвесткі, а ўслед за імі і завыванне сірэны, сціхлі. У калідоры з’явілася задыханая супрацоўніца гатэля, якая папрасіла прабачэння: пажарная сігналізацыя спрацавала, бо двое гасцей курылі ў нумары на чацвёртым паверсе. Чалавек з абліччам шкіпера па-англійску, але з нейкім моцным акцэнтам, выказаў здагадку, што гэта расейскія турысты, і прапанаваў неадкладна выселіць парушальнікаў на вуліцу. Сарваныя з ложкаў пастаяльцы ўхвальна зашумелі, аднак кабета ў гатэльнай уніформе зрабіла выгляд, што не пачула.
Публіка паціху вярталася да сваіх дзвярэй. У выніку выявілася: паўголая парачка, што выскачыла ў калідор, зачыніўшы ў ліхаманцы дзверы, за якімі застаўся і ключ, паходзіць з нумара, сумежнага з Марцінавым.
Пакуль адміністратарка хадзіла па запасны электронны ключ-картку, пастаяльцы не спяшаліся разыходзіцца: дзяліліся ўражаннямі і, як падалося Марціну, досыць некарэктна – што, відаць, тлумачылася агульным узбуджэннем – разглядвалі ягоных гаротных суседзяў.
Худы і даўгалыгі маладзён у майтках мог ганарыцца шыкоўнымі рудымі бакенбардамі. Яго спадарожніца, наадварот, мела пышныя формы і сарамліва ўсміхалася з-пад кароткай светлай грыўкі. Сярэдзіну ейнага ілба аздабляла ці то акуратная радзімка, ці то чырвоная плямка-кропка накшталт тых, што ўпрыгожваюць твары індыйскіх жанчын. Марцін успомніў: такая кропелька называецца біндзі, што на адной з індыйскіх моваў, здаецца, на хіндзі, азначае поўню і сімвалізуе трэцяе вока.
Наогул парачка глядзелася імпазантна, і, калі нарэшце перад ёю адчыніліся дзверы, у калідоры прагучалі воплескі. Найбольш заўзята апладзіраваў шкіпер. Натхнёны гэтым, маладзён у паласатых майтках наблізіўся да шкіпера і запатрабаваў вярнуць рэквізаваную бутэльку, на што той пахітаў галавой і ляпнуў даланёй па пустой кішэні.
17
Гадзіннік паказваў тры з чвэрцю, але заснуць Марціну не пашчасціла. Суседзі за сцяной без валаводжання заняліся тым, што ягоны знаёмы літаратар з іроніяй называе святым і вечным таемствам кахання. У спадзеве, што маладзён з напарніцай неўзабаве нацешацца і заснуць, як кацяняты, Марцін пайшоў у душ.
Ён падставіў даўгое, трохі нехлямяжае цела пад цёплыя колкія струменьчыкі і зірнуў у вузкае вертыкальнае люстэрка. Тое падказвала запісацца ў басейн і зноў пачаць гуляць у настольны тэніс. Марцін пагладзіў сябе па прыкметным жыватку. На сняданак будзе адна аўсянка. Але…
Не давядзе мне люстра, што стары я,
Пакуль тваё юнацтва не міне…
Пасля душу Марцін пераканаўся, што сітуацыя не змянілася. Ён паторгаў сябе за вусы, як заўсёды рабіў, калі хацеў утаймаваць нервы, і ўголас сказаў, што рады за суседзяў, але гукаізаляцыя ў чатырохзоркавым гатэлі магла б быць і лепшай.
18
Вяртаючыся са сняданку, Марцін убачыў на кансолі каля ампірнага люстра вялікі плецены з лазы кошык, поўны жаўтабокіх груш і вінаграду. Густоўная картка паведамляла, што пачастунак – прабачэнне за начны пярэпалах. Марцін выбраў дзве грушкі і цяжкую чорную гронку з буйнымі ягадамі.
Да вінаграду ён ставіўся асабліва. У дзяцінстве іх невялікая сям’я з яго, мамы і бабулі жыла беднавата, і вінаград ён еў раз на год – у дзень нараджэння. У той жнівеньскі, ужо з подыхам блізкай восені ранак Марцін прачынаўся, ведаючы, што побач з ложкам стаіць на зэдліку талерка з вінаградам, і гэта – ягоны святочны сняданак, пасля якога дазволена паваляцца ў пасцелі, а калі захочацца, то і зноў заснуць.
Мама зазвычай купляла яму на рынку якраз такую, цёмнафіялетавую, неверагодна сакаўную ды салодкую і, пэўна, самую дарагую гронку. Калі Марцін ласаваўся падарункам, здаралася, што адна-дзве вінаградзіны адрываліся і закочваліся пад ложак. Ён абавязкова знаходзіў іх, абціраў ад пылу і парушынак і таксама з’ядаў. Гадоў да дванаццаці Марцін думаў, што дні нараджэння – найшчаслівейшыя ў жыцці.
Мамы даўно не было на свеце, але ён і цяпер не ўяўляў дня, калі прыйшоў на свет, без вінаграду. Буйная ягадзіна не ўтрымалася на гронцы і, упаўшы на падлогу, закацілася за лядоўню. Марцін знайшоў яе, выцер і кінуў за шчаку.
Знізу патэлефанавалі. Стакгольмскі выдавец Нільс чакаў яго ў кавярні, каб разам выправіцца на кніжны кірмаш.
19
Нільс, з якім яны дагэтуль звязваліся адно праз электронную пошту, выявіўся чалавекам надзвычай камфортным ва ўсім, пачынаючы з аблічча. Гэта быў падхорцісты бландын, чые нечакана карыя, як у самога Марціна, вочы не дазвалялі назваць яго тыповым скандынавам. Нільса вылучала няспешлівасць і, як уявілася Марціну, упэўненасць у кожным слове і руху – пачынаючы ад прывітальнага поціску сухой цёплай рукі. Адчутай да выдаўца сімпатыі спрыяў і іхні прыкладна аднолькавы век.
Велізарнай палёгкай было тое, што Марцін мог гаварыць на сваёй мове. З ліставання, якое распачыналася па-англійску, ён даведаўся, што Нільс тры гады працаваў у Львове і вывучыў украінскую. Пазней – калі швед стварыў сваё выдавецтва – тая акалічнасць прывяла яго да ідэі спецыялізавацца на кнігах усходнееўрапейскіх аўтараў. На Марцінаву просьбу Нільс у лістах перайшоў на ўкраінскую і сам прапанаваў адказваць па-беларуску. У выпадку неразумення яны паслугоўваліся англійскай, але такое здаралася нячаста.
Калі яны селі ў цягнік, Марцін зрабіў усцешлівае адкрыццё, што Нільс па-ўкраінску не толькі ўпэўнена піша, але і гаворыць. Зрэшты, у дарозе яны размаўлялі няшмат. Нільс выбачыўся і, папіваючы каву, узяўся рэдагаваць тэрміновы тэкст: ягонае выдавецтва мела ўсяго трох супрацоўнікаў. Аднак заўтра, сказаў швед, ён будзе дзеля госця самым гаваркім чалавекам у Швецыі.
Цягнік мякка бег на поўнач. Марцін глядзеў на бясконцыя лясы, азёры ды скалы і спадзяваўся ўбачыць статак дзікіх аленяў, аднак Нільс патлумачыў, што для гэтага трэба праехаць сотні кіламетраў.
Узгадваючы сённяшнюю начную прыгоду, Марцін думаў, што магічны дзень яшчэ наперадзе, але ўсё незвычайнае, відаць, ужо адбылося. Праўда, Сервантэс і Шэкспір не пакінулі яго. За вакном праплывалі серабрыстыя ветракі электрагенератараў, і памяць адразу адгукнулася:
Тут вачам іхнім адкрылася ці то трыццаць, ці то сорак ветракоў, якія стаялі пасярод поля, і Дон Кіхот звярнуўся да пахолка з наступнымі словамі: «Лёс кіруе намі найлепшым чынам»…
Пасля маленькага, лялечнага гарадка яны праміналі доўгае возера з парослымі хвоямі скалістымі выспамі. Марціну ўзгадалася, як у юнацтве, аддаючыся сваёй гульні, ён у адпаведныя красавіцкія дні сам па-хлапчукоўску шукаў прыгодаў і аднойчы прыехаў у родныя мясціны на вялікае лясное возера.
20
На лодцы, узятай у дзеда-рыбака, што жыў у доме на высокім беразе, Марцін адплыў далёка на сярэдзіну. Возера ўражвала спакоем і бязлюднасцю. Яму не сустрэлася ніводнай лодкі, адно чародка вужоў, якая кіравалася некуды па сваіх вужыных справах. Вясновы дзень быў па-летняму цёплы. Марцін склаў вёслы, паслаў на карме вятроўку, прылёг на ласкавым сонцы і няўзнак заснуў.
Ён прачнуўся ад моцнай гайданкі. Усё навокал перайначылася. Замест нядаўняга сонечнага зацішку панавала змрочнае сутонне, што дыхала волкім холадам. Палову неба займала чорная, з жудлівым арабінавым падбоем, хмара, якую нястомна разрывалі звілістыя маланкі. Вецер сарваў з кармы і панёс кудысьці ў невараць ягоную вятроўку. Возера разгулялася гэткімі хвалямі, што – каб не важкая, а таму ўстойлівая лодка – ён, відаць, мусіў бы дабірацца да берага наўплаў.