Текст книги "Танцы над горадам"
Автор книги: Уладзімір Арлоў
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 5 (всего у книги 8 страниц)
У левым вуху тапелец меў завушніцу з перлінкай, якая зараз дзіўным чынам выглядала жывейшаю за яе ўладальніка. Сярод аквалангістаў была адна дзяўчына. Яна паклала на грудзі тапельцу прывезеную з таго боку лілею, і кветка імгненна пачала сумовіцца з перлінкай, прывёўшы на памяць шырокавядомы цяпер панятак «эстэтыка жаху».
Утнула жудліва-недарэчная думка, што ўчора я так і не ўдыхнуў лілейнага паху, а ён, пэўна, паспеў. І наўздагон новая: ён ляжыць тут замест мяне. Тым часам ружавата-зялёнае колца, у якое дзяўчына-аквалангістка закруціла доўгую сцябліну лілеі, раптам раскруцілася, і кветка, найбольш напалохаўшы саму аквалангістку, з’ехала тапельцу на жывот.
Нічога больш убачыць я не паспеў: пад галашэнне старэйшай жанчыны і жалобнае маўчанне маладой, якая выплакала ўсе слёзы, тапельца паклалі ў доўгі чорны мех і, зашпіліўшы яго на маланку, павезлі ў трупярню.
22
Карузлік зайшоў у пусты трамвай за тры начныя прыпынкі да майго канцавога. Калі ён наблізіўся, я заўважыў, што ягоная галава акурат мне пад паху. Карузлік, нібы шукаючы спагады, узяў мяне за рукаво. Ён горка плакаў буйнымі, як у чалавека нармальнага росту, слязьмі.
Я не ведаў, што рабіць. Каб гэта было дзіця, я, пэўна, прытуліў бы яго да сябе і пагладзіў па ўскудлачаных валасах, ды побач стаяў дарослы мужчына, які пабачыў у жыцці прынамсі не менш, калі не больш, чым я.
Паміж усхліпамі карузлік мармытаў штосьці няўцямнае на нейкай, як здалося, тарабарскай мове. Знячэўку сярод гэтага мармытання выразна прагучала: Я ведаю.
Нібыта ўзрадаваўшыся, што ў яго атрымалася вымавіць зразумелыя словы, карузлік узяўся паўтараць іх з зацятасцю дзіцяці, якое хоча ў нечым прызнацца або штосьці паведаміць, аднак яшчэ не ўяўляе як. Я ведаю, я ведаю, я ведаю…
Каб вывесці карузліка з гэтага трансу, я гладзіў яго па плячы. Што ведаеце? Што вы ведаеце?
Ён заплакаў яшчэ больш горка. Я ўсё ж не вытрымаў і пагладзіў яго па даўно нястрыжанай галаве. Я ведаю… Котка… Котка… Котка… Я не магу… Чаму там не было мяне?.. Котка…
Я страсянуў яго за вузкія плечы. Якая, якая котка?
І тут ён раптам выцер кулакамі слёзы, паказаў пальцам, каб я нахіліўся, і хуткім гарачым шэптам, нібы пароль, прамовіў мне ў вуха: Гатэль.
Пакуль я асэнсоўваў пачутае, карузлік неверагодна хутка высушыў слёзы. Крутануўшыся на абцасах, ён змяніў тон на амаль вясёлы і, раз-пораз падскокваючы ледзьве не на вышыню свайго росту, пачаў выгукваць: Ёрыкі-морыкі! Пікапу-трыкапу! Ахалай-махалай! Налівай-вылівай! А нас, шаноўная публіка, між іншым, вязе трамвай без вагонаважатага!
Паколькі з публікі ў трамваі прысутнічаў толькі я, карузлік імпэтна ўчапіўся ў маю руку і пацягнуў у галаву вагона. Пр-р-рашу пераканацца! Прад’яўляю пустую кабіну! Я зірнуў праз шкло: месца вагонаважатага сапраўды было пустое.
Наступны прыпынак – канцавы! – абвясціў адсутны вагонаважаты жаночым голасам.
Гіпноз, – падумаў я. – Ён жа, здаецца, працаваў у цырку!
Але адкуль карузлік ведаў пра Гатэль і Котку?..
23
Калі верыць таму, што лінія жыцця на чалавечай руцэ перад нечаканай смерцю мяняецца, на далоні хлопца з завушніцай – учора ці раней, калі лёс зрабіў фатальны паварот і пачаўся новы адлік ягонага часу, – узнікла новая рыска. Але які ў тым сэнс, калі яна не пякла агнём, не змагла засцерагчы, утрымаць, і ён, дакладна, як я ўчора, разагнаўшыся, кінуўся са спякотнага дня ў чыстую халаднаватую ваду. Магчыма, пасля спаткання з рыжавалосай…
Я міжволі паглядзеў на свае далоні і адразу ўспомніў, што правая рука адлюстроўвае жыццёвы шлях, левая ж – прыроджаныя здольнасці і таленты, у прыватнасці, тое, наколькі моцна развітае ў вас уяўленне. Адказная за яго лінія была на месцы і сведчыла: недахопу фантазіі пакуль можна не баяцца. Усё памяталася надзіва выразна, хоць апошні раз я даследаваў малюнак гэтых ліній шмат гадоў таму, калі сустракаўся з жанчынай, захопленай хірамантыяй ды рознымі іншымі эзатэрычнымі рэчамі. Яна, дарэчы, як і заплаканая дзяўчына на пляжы, была рыжавалосай, а яшчэ, здавалася, і ўначы, хаваючы яго пад падушку, не разлучалася са сваім запаветным сшыткам. Ягоныя табліцы дазвалялі вылічыць, у абліччы каго ты выконваў прызначаную табе ролю ў папярэднім жыцці. Дзякуючы таму сшытку – і мне чамусьці падабаецца гэта раз-пораз узгадваць – я даведаўся, што ў ранейшым з’яўленні на свет, дакладней у перадапошняй рэінкарнацыі, я быў, праўдзівей, была мексіканскаю танцоркай, якая выходзіла на сцэну пры канцы васямнаццатага стагоддзя.
Пра тое, кім у глыбінях часу, за смуглявымі плечыкамі мексіканкі, я быў далей, эзатэрычны сшытак колішняй сяброўкі загадкава ці мо прадбачліва маўчаў. Значыць, дагэтуль я заставаўся адно на пару з танцоркай, якая, прызнаюся, няраз блукала па анфіладах маіх эратычных фантазій.
Ува мне загаварыў чорны гумарыст: Учора ты страціў найрэальнейшы шанец патрапіць у тыя табліцы, каб нарэшце сустрэцца – прынамсі, там – з мексіканскаю прыгажуняй, а некалі засмуціць або парадаваць наступніка.
Смерць не трэба шукаць, – ужо больш сур’ёзна думаў я. – Яна, твая апошняя жанчына, сама знойдзе цябе, і да той сустрэчы лепей падрыхтавацца загадзя, дзеля чаго ўвогуле чалавеку і дадзена жыццё. Але ці значыла гэта, што хлопец з перлінкай, якая цяпер успрымалася змрочным знакам воднай стыхіі, быў падрыхтаваны і таму выканаў сваю ролю да фінальных слёз на вачах гледачоў, а ты знаходзішся на паўдарозе…
24
Бывае, у рэдкія хвіліны задаволенасці сабой, хоць значна часцей якраз дзеля ўтаймавання прыступаў уквеленасці і роспачы, я кажу сабе, што ў маім жыцці ўсё, што павінна прычыніцца на шляху мужчыны, на гэты момант ужо адбылося, ды сонца пакуль высока, а таму… Тут я абрываю даволі камфортную, але небяспечную ў развіцці думку, а тады, на беразе, адолеўшы шматкроп’е, давёў яе да канца. Насамрэч усё, што магчыма, здзейснілася ў яго, хлопца ў сініх плаўках. Далей я блазнавата працягнуў вершам: Вы згодныя, што смерць таксама свята, яна ў жыцці бывае толькі раз?..
А Чорны чалавек? Што паспела адбыцца ў ягоным – калі тут можна карыстацца гэтым словам – жыцці? Адно можна сказаць абсалютна дакладна: ён паспеў выратаваць мяне ад лілеі на мёртвых грудзях.
Але ж не выключана, што хлопец з завушніцай сам хацеў сысці адсюль. І ў маім жыцці калісьці быў перыяд, калі я перабіраў розныя віды самагубстваў і такі спосаб – патануць у возеры – не здаваўся найгоршым. Памяць паслужліва разгарнула старонку са здабытымі тады ведамі. Спачатку рэфлекторна перацінаецца дыханне, потым вада залівае лёгкія, дыхальная функцыя канчаткова паралізуецца і праз колькі хвілін замірае сэрца.
Ды версія самагубства не стасавалася з тым, што адбылося. Найперш – з паводзінамі Чорнага чалавека, які ўчора папярэдзіў пра рэальную небяспеку таго берага. Ці абавязкова было, каб утапіцца, плысці туды, да лілеяў? А мо ўладальнік перлінкі, наадварот, хацеў, каб усё выглядала натуральна? У такім разе цалкам дапушчальна, што ён ведаў пра тапляк ды іншую тамтэйшую вусціш і ў нейкім сэнсе вырашыў згуляць у «рулетку», маючы ў запасе, калі не спрацуе, іншы варыянт…
А можа, ён прадчуваў свой лёс, як той малады паэт, што ў дваццаць гадоў склаў геніяльную эпітафію самому сабе, якая прыдалася ўсяго праз некалькі месяцаў, калі яго на начной шашы збіла машына: Мяне заўсёды мучыла пытанне: у чым сэнс смерці? Цяпер я ведаю адказ, а вы, што засталіся, – не.
25
Галава раскалвалася ад абсалютна процілеглых думак, і ў лясной засені я паспрабаваў хоць трохі навесці ў ёй парадак.
Па-першае, я зразумеў, што вельмі доўга не здолею купацца ў маім улюбёным возеры, не кажучы ўжо пра заплывы пад той бераг. Але галоўным было, вядома, іншае.
Як далёкае куванне зязюлі, як спраўная беганіна мурашак у прыдарожным мурашніку, як цёмныя кроплі ягад на чарнічніку, як тое, што я ўсё гэта бачу і чую, не падлягала сумневу, што Чорны чалавек выратаваў маё жыццё. Я не ўяўляў, як магу аддзячыць яму і ці можна тут наогул разважаць у падобных катэгорыях.
Дарогу пераходзіў вожык. Адчуўшы пагрозу, ён спыніўся, імгненна скруціўся ў клубок і цікаваў са сваіх калючак. Такі самы калючы клубок варушыўся ў душы. Не, слабое параўнанне. За пазухай, як некалі ў спартанскага хлопчыка, сядзела і грызла мяне бязлітаснае лісяня.
Раздумваючы пра няўхільнае вяртанне Чорнага чалавека ў мой часовы кабінет, я аніколі не запытаўся сябе, як ён сам, неспадзяваны і зусім нядаўна яшчэ нежаданы госць, пачуваецца на нашай зялёнай канапе. З чыёй волі ён тут, найверагодней, у абсалютна нязвыклай яму прасторы? Як сябе паводзіць, калі ён, мой выратавальнік, чарговы раз матэрыялізуецца?..
26
Дома я, не знаходзячы сабе месца, усё ж сеў да стала. І тут аднекуль з-пад прытульных белых аблокаў, што як быццам прыпыніліся на выцвілым ад спёкі небе, на маю знерваваную істоту знячэўку зляцеў гаючы супакой.
Неспадзявана я напісаў цэлыя дзве старонкі. Непрыкметна наблізіўся момант саступіць кабінет Чорнаму чалавеку. Дзякуй, – прамовіў я падымаючыся і з вітальні паўтарыў: – Дзякуй табе, хто б ты ні быў. Другі раз голас прагучаў іначай: словы не спяшаліся растаць у паветры, а ціхім водгуллем блукалі з пакоя ў пакой. Перад вачыма ўзнікла возера, па-над чуйнай вечаровай паверхняю якога яны, мае ўдзячныя словы, цяпер нібыта звернутыя да кагосьці іншага, канчаткова заціхлі дзесьці воддаль – ці то ў зарасніках трыснягу за кладкаю з прычаленай адзінокай зялёнаю лодкай, ці то за белым трамплінам вадналыжнікаў, што, люструючыся ў незварушнай вадзе, ператварыўся ў наканечнік гіганцкай стралы, скіраванай у самае сэрца ночы.
Чорны чалавек вярнуўся. У яго паводзінах я не знайшоў нічога новага: нага, перакінутая цераз нагу, зухавата падкручаныя мыскі пантофляў… Ці з’явіўся б ён тут, каб гэта мяне зашпілілі сёння на маланку ў доўгім чорным мяху?
Гатуючы на вячэру яечню з памідорамі, я знячэўку сутыкнуўся з ідэяй новага, прычым не легкадумна-гуллівага, а паважнага і, бясспрэчна, небяспечнага эксперыменту, у параўнанні з якім былыя доследы выглядалі дзіцячымі забаўкамі. Выпіўшы некалькі кілішкаў каньяку і тым самым парушыўшы датрыманы да сёння зарок цвярозасці, я гатовы быў распачаць эксперымент неадкладна, пагатоў, калісьці любіў начныя купанні. Мой імпэт здолеў астудзіць толькі свежы ўспамін пра лілею, што знікла разам з тапельцам у чорным мяху.
Добра памятаю: каляндар паказваў сераду. Калісьці я чытаў раман, які пачынаўся словамі: Тут заўсёды серада. У сераду забілі галоўнага героя, і дзеянне адбывалася пасля.
27
У мяне пасля серады надышоў чацвер.
Але перад ім была ноч, калі я кахаўся з рыжавалосай юнай жанчынаю, што ўчора аплаквала азёрнага тапельца. Там, у сне, я ведаў: гэта – ягоная жанчына і ён зусім нядаўна пакінуў яе, аднак я не адчуваў аніякага сораму, таму што… таму што я таксама… таксама быў жанчынаю.
Мы лашчылі адна адну на шырокім нізкім ложку ў зацягнутым духмянай смугою пакоі, дзе замест шкла ў бэтонныя рамы былі ўштукаваныя вялікія люстэркі. Люстэркі аздаблялі і сцены без вокнаў, і столь, што нязмерна пашырала прастору пакоя, ды пры гэтым не пазбаўляла яго ўтульнасці. Ані не бянтэжыла і тое, што гульня люстэркаў мела дзіўную асаблівасць: у іх адбіваліся сцены з іншымі люстэркамі, але адсутнічалі абліччы нас саміх. Праўда, пераканацца ў маім пераўвасабленні ў жанчыну было нескладана і без люстраных адбіткаў, адно што кароткая фрызура не дазваляла даведацца, якога колеру мае валасы.
Дзівосныя перамены адбыліся і з рыжавалосай. Не, яна не набыла анічога мужчынскага, ды ўсё яе суладнае маладое цела, за выняткам твару, цяпер пакрывала тонкая, густая і цёплая марэлевая поўстка, што надавала маёй партнёрцы падабенства са зграбнай гнуткаю малпачкай.
Тое, чым мы так утрапёна займаліся, дарыла неймаверную шматсэнсавую асалоду. Яна пачыналася з лёгкіх прагулянак пальцаў, што ўзаемна вывучалі сусветы нашых целаў, і зусім не заканчвалася апантанасцю вуснаў і языкоў, якія цалавалі, прысмоктвалі, пяшчотна, а то і з салодкім болем кусалі, імкнуліся пранікнуць, праслізнуць у патаемныя глыбіні… І ўвесь час мне мроіліся касачы, жоўтыя і ліловыя касачы, бо форма гэтых кветак непаўторна эратычная.
Целы спляталіся ў самых мудрагелістых фантастычных паставах, якія, тым не менш, заўсёды дазвалялі нам беспамылкова дацягвацца да патрэбных куточкаў і кропачак. Часам, з заплюшчанымі або проста прымружанымі вачыма, нашая пара ўяўлялася мне любоўным альянсам дзвюх дасканалых чалавекамалпаў.
Мы кахаліся бясконца доўга, і, хоць стомы тут, напэўна, увогуле не існавала, целы ўсё больш нагадвалі дзве напятыя цецівы, гатовыя да срэбнай успышкі адначасовага стрэлу…
Той бязгучна-аглушальны стрэл здолеў перамагчы абыякавасць пустых вакольных люстэркаў, дзе ўрэшце з’явіліся нашыя шматкроць паўтораныя абліччы, ды ў іхнім калейдаскопе колер сваіх валасоў пабачыць ужо не выпала, бо срэбная віхура падхапіла мяне і, прабіўшы люстраныя сцены, асцярожна апусціла на знаёмы ложак, адкуль пачалося маё падарожжа.
Колькі хвілін я ляжаў шчаслівы і лёгкі, як галубінае пяро. У розных кутках цела жыла, пульсавала аксамітная памяць пра цёплую марэлевую поўстку жанчыны-малпачкі. Але ў вакно далікатна прасіўся дзень, і я гэтаксама асцярожна, таймуючы лёгкае хваляванне, пераканаўся, што я – па-ранейшаму мужчына.
28
Апрача ўсяго астатняга, у трактаце Тэрэнцыяна Маўра «Пра літары, склады і метры Гарацыя» даследваўся містычны сэнс літар. Містыка прысутная і ў гісторыі самога твора У 1493 годзе манускрыпт знайшлі ў бібліятэцы аднаго з італійскіх манастыроў. Праз чатыры гады яго надрукавалі ў Мілане, пасля чаго рукапіс знік. Адзін з выдаўцоў, чалавек таксама схільны да містыкі, выказаў здагадку, што манускрыпт вярнуўся на дванаццаць стагоддзяў назад да аўтара, бо застаўся ў свой час незавершаным. Маўляў, як шчаслівае адшуканне, так і таямнічае знікненне трактата былі абумоўленыя зашыфраванымі Маўрам у ягоных радках формуламі-заклёнамі. Мела сваіх прыхільнікаў і версія, паводле якой, зноў апынуўшыся ў мінулым, вершаваная праца рымскага граматыка патрапіла не ў рукі яе стваральніка, а – непасрэдна да самога Гарацыя.
29
Як я ўжо казаў, на змену серадзе прыйшоў чацвер. Заварваючы ранішнюю гарбату, я ўспомніў улюбёнае выслоўе мастака, перад дзвярыма якога канкурэнт і зайздроснік рассыпаў блакітны парашок. Секс, – любіць паўтараць ён, – дае адчуванне, што ты – жывы. Думаць пра нядаўні сон як выключна пра – няхай сабе і фантасмагарычны – секс не хацелася, але на тым свеце такіх сноў, пэўна, сапраўды не прысніш. Выціскаючы ў кубак з гарбатай палову цытрыны, я ўявіў, што гэты сон бачыла ў сённяшнюю ноч і сама рыжавалосая. А мо – у сваім васямнаццатым стагоддзі – і мексіканская танцорка?
Хоць і праглася, я не мяняў працоўнага графіка. Жыццё паспела раскідаць маіх самнамбулаў па свеце, і галоўны герой часам сумняваўся, ці не прымроіліся яму тыя танцы ў прывідным месяцовым святле.
Парою маёй адвячоркавай выправы да ракі ў горадзе шалела не меншая, чым апоўдні, спёка. Калі глабальнае пацяпленне не спыніцца, у нашых шыротах трэба будзе ўводзіць сіесту. Такая хада разважанняў перад тым, што я меўся зрабіць, прыйшлася мне даспадобы.
У некалі чыстай, а цяпер памутнелай Дзвіне ў межах горада купаліся даволі рэдка. Большасць верыла рэкамендацыям санітарных службаў і аддавала перавагу недалёкаму возеру, дзе ўчора здарылася трагедыя, ці іншым навакольным азёрам, куды нескладана было зганяць нават на ровары.
Каб не купацца ў Дзвіне, існавала і больш важкая прычына. Пасля пабудовы новага моста характар ракі ў наваколлі колішняга пляжа прыкметна змяніўся. Відаць, будаўнікі неабачліва закранулі патаемныя нізавыя плыні, зрушылі донныя камяні, засыпалі або, наадварот, пакінулі пасля сябе глыбокія яміны-бохаты. Карацей, Дзвіну нечым уразілі, і яна адказала: насупраць занядбаных, некалі жоўтых кабінак-раздзявальняў раней задуменна-спакойная рака за які дзясятак метраў ад берага раптам пачынала цячы хутчэй і наравіста вірыцца. Гэта не было бяскрыўдным капрызам. Тут некалі патанула схопленая вірам дзяўчынка, а летась сястрын сусед апавядаў, як яго пачало круціць, бы шрубку механічным зашрубнікам, але ён, дзякаваць богу, ведаў, што рабіць у такіх выладках: даў нырца ды, чапляючыся за камяні на дне, выбраўся са смяротнага вадакруту перад самым мостам з ягонымі небяспечнымі «быкамі».
Я разаслаў на пяску ручнік і скінуў тэніску і шорты. Страху не было, яго замяняла ўваскрэслае ва ўсёй істоце хваляванне, што апаноўвала, калі мы, падлеткамі, лазілі пад пралётамі старога моста па хадах, пакінутых, як лічылася, для мініравання ў ваенны час, і, здаралася, некалькі метраў ішлі над безданню па хісткай дошцы без усякай страхоўкі.
Вынырнуўшы, я хутка паплыў наперарэз плыні ў процілеглы ад моста бок. Вада была свяжэйшая за азёрную і здавалася пасля ўчорашняга трагічнага здарэння жывой.
На сярэдзіне ракі я аддаўся на волю плыні, што ўсцешана панесла безразважнага плыўца насустрач мосту і небяспечнаму месцу, да якога заставалася метраў дзвесце.
Калі гэтая адлегласць скарацілася ўдвая, хтосьці нібы штурхнуў у грудзі. Я ўбачыў, што… што Чорны чалавек стаіць пасярод кабінета, неяк трошкі па-дзіцячаму падняўшы руку ўгору. Нягледзячы на ранейшы досвед, вады давялося напіцца зноў. Адчайна працуючы рукамі і нагамі, я, наколькі мог, рэзка ўзяў супроць плыні і рвануўся да берага. Чорны чалавек не набліжаўся да дзвярэй, як пазаўчора, а стаяў побач з канапай, павярнуўшыся да дзвярэй. Я зразумеў, што ён падымае правую руку, а левай, быццам прыспешваючы мяне, злёгку паляпвае сябе па сцягне, рассыпаючы на чорным трыко серабрыстыя іскры.
30
У суботу адна з маіх гераінь вырашыла назаўсёды скончыць свой танец і пакінула прастакутнік даху, абраўшы дзеля развітання з ім палёт. Аповесць набліжалася да фіналу з крыху здзіўленымі ластаўкамі, што некалі мусілі зноў зрабіцца паўнапраўнымі валадаркамі пляскатай прасторы з вентыляцыйнымі калодзежамі.
Штодня я хадзіў на Дзвіну, выплываў у бяспечным месцы на строму і падоўгу дужаўся з ёю, нібыта з трэнажорам, праўда – каб не пакрыўдзіць раку – у думках старанна адпрэчваў гэткае параўнанне.
31
Таго вечара, калі я напісаў апошні сказ і паставіў пасля яго клічнік, Чорны чалавек не з’явіўся.
Добра памятаю, як тады, разважыўшы, што клічнікам няварта завяршаць не толькі вершы і паэмы, але і аповесці, я замяніў сумнеўны знак прыпынку на кропку і ўзяўся гатаваць святочную вячэру. Да традыцыйнай яечні дадалося купленае ў кулінарыі свіное вуха і ўласнаручна зробленая грэцкая салатка. Адкаркаваўшы бутэльку мукузані, я паставіў на стол два келіхі і нейкі час чакаў.
Першы келіх я павольна выпіў на зялёнай канапе, дакладна на тым месцы, дзе раней сядзеў мой штовячэрні наведнік.
Спаў я неспакойна, раз-пораз прачынаўся і прыслухоўваўся да кватэры. У адзін з такіх бяссонных прамежкаў упершыню ўспомніўся ўбачаны днямі і адразу там, у сне, і забыты сон. Чорны чалавек сядзеў не на канапе, а ў гасцёўні ў маім фатэлі. На каленях у яго ляжала кніга, аднак я не разгледзеў, быў гэта томік Марка Аўрэлія або нешта іншае. Згаданы сон падзейнічаў як заспакаяльная пігулка. Паспяхова пазмагаўшыся з трыма камарамі і ўспомніўшы, што, як на погляд камара, чалавек не паміра… я ціхамірна заснуў.
32
У сераду, роўна праз тыдзень пасля майго астатняга паходу на возера, вярнулася сястра. Ці варта казаць, што ўсе дні пасля клічніка, змененага на кропку, кватэра належала аднаму мне?
Назаўтра я на развітанне амаль да знямогі спрачаўся з дзвінскай плынню, а ўвечары з’ехаў да сябе ў сталіцу.
Папярэднюю ноч сястра спала на зялёнай канапе. Я не стрымаўся і асцярожна, каб усё ўспрымалася як імправізаваны лёгкі жарт, пацікавіўся, ці не адчула яна ўначы нечага такога? Ці не прысаджваліся на край пісьмовага стала ці на канапу мае героі? Ці не зазіралі выпадкова ў яе сны? Не, яна спала як немаўля. Відаць, карагод літаратурных персанажаў чакае наперадзе. Лепей не трэба, – падумаў я.
33
Пасля скварнага ліпеня сплыў у невараць жнівень, а за ім восень, зіма і вясна, але я часта вяртаўся ў тыя дні і спрабаваў знайсці адказ: што гэта было? Як вы разумееце, раіцца з сябрамі або калегамі ў падобных пытаннях даволі складана, калі не сказаць – небяспечна, і даводзіцца спадзявацца на сябе.
Ці не быў мой госць анёлам-ахоўнікам? Шчыра кажучы, такі варыянт з некалькіх прычын сур’ёзна не разглядаўся. Нават з увагі на дасціпнае назіранне аднаго калегі, што анёлаў мы, маўляў, пакуль не бачылі, Чорны чалавек меў надта ж некананічнае аблічча. Ублытваць яго ў адну кампанію з нябеснымі сіламі выглядала б учынкам наіўным і неабачлівым.
Версію, што ў сестрыну кватэру наведваўся прывід, я разглядаў больш паважна, аднак мусіў адмовіцца і ад яе. Адмовіцца, нягледзячы на тое, што аднаго разу ў старадаўнім лонданскім доме ў Фінчлі, дзе я, так сталася, начаваў у велікодную ноч сам-адзін, хтосьці пасля поўначы прайшоў праз зачынены знутры на засаўку парадны ўваход, падняўся па рыплівых драўляных сходах на мой другі паверх, а потым, перарывіста дыхаючы і раз-пораз надрыўна кашляючы, доўга стаяў з другога боку дзвярэй.
Гэта лішні раз сведчыць, што здані паказваюцца не толькі ў замках і старадаўніх палацах, але і ў больш сціплых, часам населеных, а бывае, і пакінутых, але абавязкова старасвецкіх будынках. З дзіцячых гадоў і дасюль мяне пры пэўных абставінах хвалюе эпіграф з дарэшты забытай кніжкі: Апусцелы дом ператварыўся ў лагво лісіц і барсукоў, а таму ў ім часта могуць з’яўляцца дзіўныя пярэваратні і прывіды.
Дому, дзе жыве сястра, не споўнілася і пяцідзесяці гадоў. Бацькі сышлі ў іншасвет заўчасна, але ад хваробаў. Ніякіх звычайна звязаных са зданямі і прывідамі падзей – загадкавага забойства, самагубства даведзенага да роспачы чалавека, пакрыёмых заганных або злачынных дзеянняў гаспадара – мегаламана ці мізантропа – у нашай кватэры ніколі не адбывалася.
Важкіх падставаў сцвярджаць, што Чорны чалавек – маё alter ego, я зноў жа не маю. Смешна ж, пагадзіцеся, лічыць важкім аргументам нязначнае падабенства нашых насоў.
Версія чорнага чалавека, вядомага з творчасці літаратараў, што, як правіла, сустракаліся з ім у цяжкіх запоях або прадчуваючы смерць, блізкі прыход якой і вешчаваў госць, у гэтым выпадку таксама не спрацоўвае.
Урэшце аднойчы я зрабіў выснову, што так ніколі і не даведаюся, хто дзяліў са мной цёплыя ночы леташняга ліпеня. Але Чорны чалавек бясспрэчна быў датычны да маёй аповесці. Ён немаведама адкуль, з якой прасторы і якога часу прыйшоў і закінуў нага на нагу ў дзень, калі я акуратна вывеў асадкаю першае слова, і незваротна знік у тых самых неспасцігальных сферах, калі я закрэсліў фінальны пафасны клічнік і паставіў стрыманую кропку.
Магчыма, нічога метафізічнага і не здарылася б, каб аповесць не мела… як бы тое больш абачліва сфармуляваць… не мела б вокнаў, або, калі хочаце, выйсцяў, куды часам сыходзілі і адкуль вярталіся мае танцоры-самнамбулы. Мо якраз адтуль, не з раўналежнай, але з іншай, хоць і судакранальнай з нашай, рэальнасці, яны і выклікалі ці прывялі з сабою Чорнага чалавека – непадобнага ні да іх саміх, ні да каго-небудзь з асяроддзя знаёмых літаратурных герояў або жывых і мёртвых людзей. Прывялі, каб ён у пэўным сэнсе стаўся суаўтарам вельмі важнай для мяне аповесці, па якой я назаву будучую кнігу. Назаву, спадзеючыся, што рукапіс, дакладней, камп’ютэрны набор, калі і знікне, дык толькі пасля публікацыі – гэтаксама, як некалі сталася з трактатам Тэрэнцыяна Маўра.
Ці прачытае аповесць сам Чорны чалавек? Ці, можа, ён ведаў яе змест задоўга да напісання? Мо і раней за тыя восеньскія падзеі ў сталіцы?
34
Забітых падчас расстрэлу паслявыбарнай дэманстрацыі хавалі праз тры тыдні, калі адмянілі надзвычайнае становішча з каменданцкай гадзінай і спакутаваным горадам завалодала нечакана ранняя зіма. Толькі тады сваякам вярнулі целы застрэленых снайперамі з даху прэзідэнцкага палаца. Адразу вынесці палеглых там было немагчыма, бо гэта азначала загінуці самім.
Не ўважаючы на забарону масавых акцый хаваць Настаўніка сабралося на могілках больш за сотню чалавек. Я разумеў, што, відаць, кожны трэці з іх – на службе. Некаторыя не таіліся. Два відэааператары вялі здымкі, а зводдаль назіраў за тым, што адбываецца, мацак у чорным скарбовым паўкажушку і з жуком-тэлефонам у вуху.
Труну не адчынілі. Выступы былі забароненыя, але двое немаладых сяброў Настаўніка сказалі кароткія прамовы. Мацак даў праз тэлефон каманду, і за плячыма ў абодвух выступоўцаў сталі па двое мужчын з такімі самымі, як у іхняга верхавода, чорнымі жукамі ў вушах.
Калі да пакуль што пустой магільнай ямы падцягнуліся далакопы, адбылося агульнае замяшанне. На труну нечакана апусцілася вялікая чорная птушка з двума зялёнымі пёрамі на крылах. У дзюбе яна трымала немаведама як здабытую такой парою стрэлку аеру.
Жанчыны ў натоўпе жагналіся. Чалавек у паўкажушку подбегам рушыў наперад: Хто выпусціў папугая? Убраць нахуй! Адзін з далакопаў замахнуўся на дзіўную птушку рыдлёўкай. Яна ўзмахнула крыламі і паднялася ў паветра, але не паляцела прэч, а пачала на невялікай вышыні кружляць над свежай магілай. Мацак выцягнуў пісталет, навёў яго ў неба, аднак скамандаваў сам сабе: Адставіць! – і апусціў зброю разам з рукой у кішэню.
Па труне з Настаўнікам ударылі першыя жменькі марознай зямлі. Я канчаткова зразумеў, што марна шукаў вачыма Залацістую з Коткай або Кіяскёрку. За справу ўзяліся людзі з рыдлёўкамі. Падначаленыя мацака ў аднолькавых скуранках вялі да аўтобуса з зацемненымі вокнамі двух мужчын, што прамаўлялі над труной. Сівая жанчына з вялікай чырвонай ружай гучна прамовіла: А можа, там пуста, толькі цэглы наклалі… Да яе адразу кінуўся яшчэ адзін у скуранцы.
Мацак аддаў новы тэлефонны загад, і ягоныя падручныя ўзяліся адціскаць людзей ад магілы. Сёй-той з задніх шэрагаў не паспеў пакласці кветкі, таму іх перадавалі пярэднім. Пра незвычайную птушку ўсе забыліся, адзін я, адступаючы пад націскам чорных вязаных шапак, зноў і зноў азіраўся на яе. Кругі рабіліся ніжэйшымі, і нарэшце птушка праляцела над самым магільным грудком, але здалёк я ўжо не здолеў убачыць, ці паклала яна Настаўніку аеравую галінку.
35
Трэба дадаць, што ўвесну я зноў выкарыстаў сястрын ад’езд для самотніцкай працы, ды ні на яве – на зялёнай канапе, ні ў сне – у скураным фатэлі або дзе-небудзь у іншым кутку кватэры – Чорны чалавек або хтосьці суадносны з ім не з’явіўся.
Тады адлічваў свае апошнія дні красавік. На лясных узгорках-санцагрэях па дарозе на возера сінелі званцы дрымотніку, але ў лагчынах пасля доўгай марознай зімы яшчэ бялелі сям-там лапікі снегу.
Возера, што здараецца такой парою нячаста, пакуль стаяла пад зеленаватым лёдам. Пра ягоную трываласць сведчылі тузіны два ўседлівых рыбакоў, якія не збаяліся пракруціць палонкі на самай сярэдзіне, разасяродзіўшыся па ледзяной роўнядзі доўгім няроўным ланцужком. Зрэшты, там лёд, відавочна, быў мацнейшы, бо пры беразе яго падтачылі шматлікія раўчукі-ручаінкі, што ўліваліся ў вузкую паласу серабрыста-чыстай вады.
Вы, відаць, заўважылі асаблівасць маёй памяці, якая ў пэўны момант неспадзявана пасылае са сваіх сховаў мой уласны, або нечы радок, маю не маю, здавалася б, даўно забытую і згубленую недзе думку, і менавіта такі раптоўны падарунак найлепей кажа пра перажываную цяпер хвіліну, змяняючы оптыку і перайначваючы навакольныя фарбы…
Так адбылося і ў той момант. Плыве вясновымі ручаямі радасць тапельцаў… — прагучала ўва мне, і я, пераступіўшы прыбярэжную ваду, выйшаў на лёд. З кожным крокам прыходзіла адчуванне ягонай усё большай надзейнасці. Абыходзячы першых рыбакоў, засамотненых на бляшчастых скрынках-седалах, я рушыў да таго берага. Упэўненасці надавалі стуленыя постаці далёка наперадзе. Ва ўсякім выпадку я наважыўся дайсці да доўгага ценю ад знаёмай яліны, бо ішоў тым самым шляхам, якім пераплываў возера ўлетку, і нізкае сонца кратала лоб несляпучымі ласкавымі промнямі.
Сіні цень ад яліны ўжо быў відаць наперадзе. Па два бакі ад майго арыенціра і, калі лічыць ад ценю, на сотню крокаў бліжэй да мяне паводдаль адзін ад аднаго ўладкаваліся двое самых далёкіх вудалёў. Я правёў паміж імі нябачную лінію і праз пару хвілін апынуўся якраз на ёй.
Знячэўку адзін з рыбакоў, які сядзеў спінай да мяне, падхапіўся і, павярнуўшыся, узняў над галавой скрыжаваныя рукі. Ён знаходзіўся не так блізка, каб я мог разгледзець твар або пачуць голас, аднак пасланы знак меў адзіна магчымы сэнс. Я ўдзячна памахаў рукой і спыніўся. Плыве вясновымі ручаямі радасць тапельцаў…
Апусціўшы павекі, я досыць працяглы час стаяў, уяўляючы падлёднае жыццё: вялікіх сонных рыбін; нейкіх іншых істотаў, надзеленых варухлівымі шчэлепамі на затуленых у багавінні галовах; карані і доўгія сцябліны лілеяў, якія – адрозна ад мёртвага тапляку – павінны былі захаваць у сваёй памяці апошнія жывыя рухі юнака з завушніцай і залатой кітвагаю на сініх плаўках.
Калі я расплюшчыў вочы, сонца якраз кранулася спічастых вершалін таго берага і ў паглыбелым небе запалілася першая зорка. Невідочнымі хвалямі з-за лесу наплывала сціхота. І ў гэтай чуйнай, акварэльна тонка афарбаванай вясновымі колерамі і пахамі сціхоце нарадзілася і ўскалыхнула маю свядомасць поўнае вусцішнай светлыні адкрыццё:
Вечнасць роўная чалавечаму жыццю.
Некалькі хвілін я, апанаваны гэтым адкрыццём, не адрываў позірку ад небакраю, а апусціўшы вочы ніжэй, здрыгануўся. Рыбак, што нядаўна падаў мне знак трывогі, па-ранейшаму стаяў з паднятымі скрыжаванымі рукамі, як быццам і не апускаў іх. Я хутка супакоіў сэрца, зноў памахаў у адказ і пайшоў у свой бок. Праз колькі крокаў азірнуўся.
Дзіўна, але двух вудалёў, якіх я нядаўна злучыў невідочнай лініяй, ужо не было. Праўда, гэта нічога не азначала: там, за прыбярэжнымі ялінамі, ішла дарога, а рыбакі, безумоўна, ведалі бяспечную сцежку на той бераг.
У лесе сутоньвалася. На прыкмечанай па шляху на возера выжарыне я ўгледзеў шаравата-блакітныя мазкі дрымотніку і сарваў кветку на кашлатай ножцы. Дома, не адшукаўшы адпаведнага збанка, паставіў кветку ў высокі вінны келіх і занёс яе на пісьмовы стол.
Вечнасць роўная чалавечаму жыццю.
36
Даверыўшы гэтую гісторыю паперы, я сядзеў над свежаскончаным чарнавіком, чуючы ў сабе звычайную ў такія хвіліны гулкую пустэчу нейкіх аддаленых лёхаў, дзе сціхалі далёкія крокі і заміралі ў прыцемных нішах ды кутах нядаўнія, поўныя зямных гукаў і пахаў скавышы і проймы.
У вакне з-за даху гістарычнага музея, насупроць якога я жыву, выглянуў край зыркага месяца. Цікава – я кінуў вока на гадзіннік, – колькі яму спатрэбіцца, каб выплысці цалкам? Я зусім не чакаў, што за лічаныя хвіліны месяц, а дакладней, налітая святлом поўня, не проста адарвецца ад даху, але і паспее адплысці на адлегласць, большую за свой дыяметр. Здавалася, я нават заўважаю ейны рух па нябесным атраманце, аздобленым вуалева-празрыстымі начнымі аблачынкамі. Дамаляваўшы да поўні святлявы «хвост», яе можна было прыняць за велізарную няспешную камету.