355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Уладзімір Арлоў » Танцы над горадам » Текст книги (страница 7)
Танцы над горадам
  • Текст добавлен: 11 мая 2019, 15:00

Текст книги "Танцы над горадам"


Автор книги: Уладзімір Арлоў



сообщить о нарушении

Текущая страница: 7 (всего у книги 8 страниц)

Марцін колькі змогі працаваў вёсламі, ды навальніца няўхільна насоўвалася і заспела на паўдарозе, наводліў ударыўшы цяжкімі пасамі залевы. З няўцямным вясёлым адчаем ён працягваў веславаць. У змаганні са стыхіяй нават заспяваў 90-ты санет, кідаючы словы проста ў твар развар’яванаму вятрыску:

Калі знялюбіш – знелюбі хутчэй,

Пакуль мне свет рыхтуе ўкрыжаванне.

Ліеш мне горыч – налівай паўней.

Страшней за ўсё чаканне пакарання…


Хвалі і шчыльная заслона проліўня збівалі з курсу, аднак Марцін, да крыві сцёршы мокрыя далоні, зноў і зноў раўняў лодку і паволі набліжаўся да выратавальнага берага. Яму ўжо свяціў маяк – вакно ў рыбаковым доме на пагорку. Хмару перагнала, маланкі білі радзей і недзе ўбаку.

І раптам, калі да прыбярэжнага трыснягу заставалася мо якіх пару сотняў метраў, сляпучая серабрыста-блакітная страла ўдарыла паміж лодкай і берагам проста ў возера. Не, гэта была не страла: у навальнічнай прасторы між небам і хвалямі вырас жывы зіхотка-пульсоўны слуп, па якім імкліва прабягалі чорныя змеі. Слуп як быццам спрабаваў падтрымаць гатовы абрынуцца на зямлю небасхіл. На момант чорныя змеі зніклі, і на слупе як быццам праявіліся невыразныя абрысы жаночай постаці. Але ў наступнае імгненне, успыхнуўшы наастачу сінім агнём, слуп абрынуўся ў возера.

Марціна скаланула і, каб не страціць зрок, ён закрыў твар рукамі. На хвіліну аглух і не пачуў грукатання перуна, а як вушы адклала і ён адняў далоні ад вачэй, то адчуў, што і слых, і ягоная оптыка змяніліся. Вакол запала зусім інакшая ціша. Дождж суняўся, хвалі ўвачавідкі паменшалі. Наваколле ўспрымалася нібы праз акуляры, якія не перайначвалі памераў і колераў, але надавалі ўсяму няўлоўнае дадатковае вымярэнне з прыхаванымі сэнсамі.

Ён узяўся за вёслы і неўзабаве прамінуў месца, дзе, паводле яго разлікаў, неба і вада былі паяднаныя вусцішным зіхатлівым слупом. На пацішэлай азёрнай паверхні мёртва пагойдваліся, пабліскваючы белымі, з блакітным адлівам чэраўцамі, пэўна, тыя самыя, сустрэтыя ім вужы.

З блізкага берага махаў вялікім ліхтаром дзед-рыбак. Марціну больш за ўсё іншае хацелася зараз пераапрануцца ў сухое, выпіць шклянку славутай тамтэйшай самагонкі і заснуць да раніцы.


21

Швецыя – немалая краіна, і ў горад, дзе адбываўся кніжны кірмаш, яны прыехалі надвечар. Вікіпедыя не падманула: з таксоўкі Марцін угледзеў і возера, што замяняла гораду галоўную плошчу, і напраўду велічны змрочны замак на выспе. Пасля вячэры ў гатэльным рэстаранчыку яны з Нільсам прайшліся старадаўнімі вулачкамі, што кружлялі вакол возера, зліваліся адна з адной і зноў разыходзіліся, выклікаючы рэмінісцэнцыі з Борхеса. Нільс паказаў госцю чумны слуп, да якога хтосьці ўсклаў букецік нарцысаў, і месца, дзе кароль некалі пакараў дэпутатаў-здраднікаў, літасціва дазволіўшы не аддаваць іх на тартуры, а проста адсекчы неразумныя галовы. Выдавец падвёў Марціна да самай старажытнай царквы, быццам высечанай з цэлай скалы, а потым да сучаснага будынка, падобнага на павялічаную ў тысячы разоў слімачыную хатку. Якраз тут учора завірыўся іх кірмаш.

Дарогаю назад Нільс запрапанаваў выпіць па кілішку за мір у карчомцы, што прымала наведнікаў з часоў вайны паміж іхнімі, Нільсавымі ды Марцінавымі, продкамі ў сярэдзіне сямнаццатага стагоддзя.

Уладкаваліся пад куродымнымі скляпеннямі за драўляным сталом, спярэшчаным выразанымі ў розныя эпохі надпісамі, сярод якіх вылучалася свежае расейскае слова з трох вялікіх літар. Нільс паставіў на іх скрыначку з сурвэткамі і прызнаўся, што якраз тут у школьныя гады ўпершыню пакаштаваў з сябрамі віскі.

Працяг прагучаў нечакана: Ты памятаеш, – яны перайшлі на «ты» яшчэ ў Стакгольме, – што для цябе ў дзяцінстве было галоўнай праблемай? Марцін не стаў перабіраць варыянты адказу: цэлыя два гады яго найбольш займала загадка адначасовай смерці Сервантэса і Шэкспіра. Чаго толькі я не напрыдумляў. І іншапланетнікі, і магічныя сілы… Нільс з павагаю ўзняў брыво: І ты знайшоў адказ? – Не я, а мой брат. Іспанія з Англіяй мелі розныя календары. – Шкада… — Нільс ненадоўга задумаўся. А ў мяне, уяві сабе, галоўная праблема ў малодшых класах палягала ў тым, чаму ў нашым горадзе не растуць бананы. Я іх вельмі любіў і марыў, зрабіўшыся дарослым, вывесці бананавыя дрэвы, якія будуць расці ў Швецыі да самага Палярнага круга. Ён засмяяўся.

Марцін прызнаўся, што першы раз пакаштаваў бананы, як быў студэнтам. У ягонага аднакурсніка бацька быў намеснікам міністра і прывозіў экзатычныя фрукты з Масквы. У мясцовых крамах іх ніколі не бачылі. Нільс з лёгкім недаверам паківаў. Яны выпілі па другім кілішку, і выдавец папрасіў рахунак. Скажы, а калі Шэкспір з Сервантэсам… — ён пашукаў слова, – пакінулі жыццё?

Дык гэта ў пятніцу! — выслухаўшы Марцінаў адказ, падлічыў Нільс.

Марцін у прыліве даверу прызнаўся, што з дзяцінства наіўна называе той дзень магічным і чакае ад яго чагосьці такога, бо якімсьці акрайцам душы, як і раней, верыць у таемныя сілы. Нільс адгукнуўся працяглым сур’ёзным позіркам. Не ўздумай браць з класікаў прыклад. У нас наперадзе дзве прэзентацыі – Дзве?! – А гэта сюрпрыз. Пабачыш горад, дзе не растуць бананы.


22

Гатэль, што складаўся ўсяго з сямі нумароў, пераглядаўся з ратушай. Адно цяпер Марцін змог як след раззнаёміцца са сваім жытлом на вечар, ноч і раніцу. Яно спадабалася нязмерна больш за сталічнае стакгольмскае – ад цяжкага жалезнага ключа замест пластыкавай карткі да велізарнага трох– ці чатырохспальнага ложка з тканаю шпалерай у галавах, што прапаноўвала сюжэт купання Артэміды з німфамі. Даспадобы прыйшлася Марціну і мэбля з пацінаю старасвеччыны.

Пасля званка Нільса, які прабачаўся за няўдалы жарт наконт Марціна і памерлых класікаў, ён вярнуўся да вывучэння нумара.

Найбольшае ўражанне пакідала зробленая нібыта наадварот планіроўка. Адразу са стромай лесвіцы вы траплялі ў сам вялікі, з густам абстаўлены пакой, а ўжо ў канцы яго, за камодаю з тузінам шуфляд і шуфлядак ды за высокай шафай, што прыводзіла на памяць раманы Дыкенса, пачынаўся вузкі калідор. Якраз там знаходзіліся дзверы ў прасторную лазенку. На іх пазірала вакно з гэткімі ж, як у пакоі, важкімі залаціста-вохрыстымі шторамі, якія хацелася расхінуць, каб пераканацца, што за імі ніхто не затаіўся.

Але на тым асаблівасці нумара не заканчваліся. У канцы калідора госця чакалі другія, дакладна такія ж, як уваходныя, дзверы. Ключ ад нумара бездапаможна патанаў у шырокай замочнай адтуліне. Куды вялі дзверы, заставалася незразумелым, таксама як і тое, дзе і якія свяцільні запальваліся ад белага квадраціка з уключальнікам пры вушаку.

І гэта не ўсё. На пачатку калідора на выступе сцяны насупраць дыкенсаўскай шафы вісела вытрыманая ў колеравай гаме штораў карціна з трыма размешчанымі адны за аднымі дзвярыма. З-за іх выглядвалі тры аголеныя, бачныя напалову маладыя жанчыны: тры кулі поўных грудзей, тры ножкі, тры крутыя палавінкі клубоў. Але кожная са спакусніц воляю мастака ці кагосьці іншага дзівосным чынам зрабіла такі няўлоўны рух клубамі, што вабны чорны трохкутнічак ва ўсіх маладзёнак быў навідавоку. Разам з чацвёртымі дзвярыма ў канцы калідора карціна стварала ўражанне цэлай анфілады пакояў, у якой шырозны пусты ложак успрымаўся абсалютнай недарэчнасцю і трохі палохаў.

Марцін патануў у мяккай пасцелі і міжволі адляцеў ва ўспамінах у свой колішні гатэль у Браціславе.


23

Калегі, што запрасілі Марціна з лекцыямі, зрабілі яму своеасаблівы падарунак, пасяліўшы ў пустым гатэльчыку пры зачыненым на летнія вакацыі тэатры. Гаспода, дзе без лішняй раскошы магла спыніцца вялікая гастрольная трупа, уяўляла сабой прастору з паробленымі ўсцяж сценаў кабінкамі-келлямі: кожная з ложкам, крэслам і столікам, але без дзвярэй. Драўляныя сходы вялі на галерэю з працягам келляў, аднак ужо з двухпавярховымі ложкамі, відаць, для артыстаў, занятых пакуль што на другарадных ролях і ў масоўках.

Гатэльчык, у якім Марцін апынуўся адзіным начлежнікам, адначасна служыў і сховішчам рэквізіту. У інтэр’еры з размаітымі дэкарацыямі знайшлі прытулак манекены ў тэатральных уборах: манархі і прыдворныя, персанажы антычных драм і сучасных трагедый, пейзане, верагодныя кілеры з адпаведнай экіпіроўкай, тройца відавочных вампіраў з ярка нафарбаванымі вуснамі… Пасля выпітай на вячэры слівовіцы Марцін дазволіў сабе павітацца за руку з каралевай і легкадумна пстрыкнуць па дзюбах шаломаў двух рыцараў у парадных панцырах, што вартавалі дзверы прыбіральні.

Гэтая досыць вясёлая і забаўная атмасфера ўмірг вока запаветрыла, калі Марцін патушыў электрычнасць. У прывідным святле, што лілося ў круглыя вокны пад столлю, усе ягоныя мілыя суседзі ажылі і распачалі павольны, але прыкметны рух, мэтаю якога служыла Марцінава келля. Апрача таго, выразна чулася, як хтосьці цяжка спускаецца па сходах з галерэі. Рэшта кароткай ліпеньскай ночы аздобілася адчайнай экспедыцыяй у прыбіральню, на парозе якой абражаныя нядаўнімі пстрычкамі рыцары ніяк не хацелі разводзіць скрыжаваныя алебарды.


24

Марцін вярнуўся з летняй Браціславы ў вясновую Швецыю. Незвычайнае магло прычыніцца з ім не толькі ў красавіку. Але акурат у гэтыя дні ён прайшоў калісьці мужчынскую ініцыяцыю.

Як на цяперашні час, тое здарылася даволі позна – у дзясятым класе. Яго правадніцай у свет новых дзівосных адчуванняў стала ўдвая старэйшая настаўніца англійскай мовы – высокая, станістая, заўсёды модна апранутая жанчына, якая не давяла клас да выпускных экзаменаў: звольнілі за сувязь з іншаземцамі, што мантавалі новае абсталяванне на нафтахімічным заводзе. Марцін яе ніколі потым не бачыў, але ніколі і не забываў, успамінаючы з нязменнай пяшчотай. Левая смочка ў Тамары была ўдвая большая за правую. Калі ён браў яе ў вусны, ўзнікала адчуванне, што гэта спелая вішня.


25

Адрозна ад мінулае ночы, Марцін ціхамірна праспаў да раніцы. Ніхто не зайшоў у зачыненыя дзверы ў канцы калідора. Аголеныя прыгажуні, выявіўшы неспадзяваную стрыманасць, засталіся на карціне.

На сняданку ён упершыню пакаштаваў аляніны і адмысловага шведскага печыва з імберцам. Калі яны з Нільсам чакалі ля барнае стойкі каву, у зале з’явіўся Марцінаў браціслаўскі знаёмы, уладальнік буйной кнігарні Любамір. У размове з гэтым вясёлым курдупелем Марцін згадаў векапомны тэатральны гатэльчык. Браціславец зарагатаў. Летась туды пасялілі іншага замежнага госця, якога ўранні знайшлі на канапцы ў фае. Гатэлі, я вам скажу, гэта такая тэрыторыя… — шматзначна пракаментаваў Любамір.

Высветлілася, што з Любамірам знаёмы і Нільс, у чым, зрэшты, Марцін не знайшоў нічога нязвычнага. Здзівіла хіба тое, што выдавец таксама аднекуль чуў пра гатэльчык з каралямі ды вампірамі.


26

Блукаючы пасля сваёй прэзентацыі па кірмашы, Марцін знячэўку сутыкнуўся са стакгольмскімі суседзямі, што не давалі яму заснуць пасля «пажару». Бакенбардзісты маладзён і яго спадарожніца з індыйскай кропелькай або радзімкай трымаліся за рукі і праплылі паўз Марціна з цалкам адсутнымі позіркамі. Дзіўна, але жанчына здалася істотна старэйшай, чым пазаўчора.

Па абедзе Марцін з Нільсам выправіліся ў прыморскі горад, дзе дагэтуль недзе жыла мара выдаўца пра бананавыя дрэвы да Паўночнага круга.


27

У чацвер раніцой, пасля спакойнай ціхай ночы ў Нільсавых сваякоў, Марцін з выдаўцом паехалі паглядзець ягоны летні дом на моры. Дзень радаваў цеплынёю і сонцам. Каля дома зелянелі пяшчотнай маладой ігліцай лістоўніцы. На кветніку цвілі крокусы, а на смарагдавым лужку цешыў вока ружовы россып стакротак.

Марскі бераг прывітаў велізарным статкам чорных пляскатых камянёў. Пераскокваючы з аднаго на другі, Марцін і Нільс дасягнулі той мяжы, дзе на камяні раз-пораз накочваліся невысокія хвалі з белымі баранчыкамі.

Дваццаць гадоў таму мой дзед не вярнуўся з мора. Дакладней, вярнуўся без лодкі. Хвалі вынеслі яго вунь каля таго мыса з хвоямі. Мора не ўпадабала Нільсаў успамін: яны не патрапілі ўцячы ад пенлівага языка, што са зламысным задаволеным шыпеннем намачыў ім чаравікі.

Калі, зноў паскакаўшы па камянях, яны вярнуліся на бераг, Нільс працягнуў аповед.

Суседзі расказвалі, што бабуля ў той дзень на каленях маліла дзеда не выходзіць на рыбалку. Ужо з берага крычала наўздагон, каб вярнуўся, бо ў яе благое прадчуванне. Потым пусцілі чутку, што бабуля… як сказаць, калі нехта знаецца з трансцэндэнтальнымі сіламі? …ну так, ведзьма. Рыбакі прыходзілі да яе пытацца, ці выходзіць ім сёння ў мора. Згадзіся, што гісторыя вартая літаратурнага твора. Хачу падараваць табе сюжэт. У мяне прадчуванне, што на турыстычных даведніках ты не спынішся.

Але напачатку Нільс прапанаваў заехаць на могілкі.


28

Могілкі разлегліся вакол бажніцы, што стаяла на ўзвышшы і да Рэфармацыі паспела пабыць каталіцкім храмам. Марцін з Нільсам зайшлі ў прыцемны халадок, у якім гучна абазваўся бразгат кінутых у царкоўную скарбонку металёвых кронаў.

Марцін прайшоўся ўздоўж сценаў з умураванымі пахавальнымі плітамі. Некаторыя захавалі яшчэ лацінскія надпісы. Некалькі плітаў былі не пахавальныя, а мемарыяльныя – памяткі пра патанулых маракоў. Адна – чорны мармур з залатымі літарамі імёнаў і аднолькавай ва ўсіх датай смерці – выглядала зусім новай. Марцін змеціў, што паводле гадоў нараджэння тут ёсць і дзеці. Нашы, што загінулі ў тым страшным цунамі ў Тайландзе, – патлумачыў Нільс.

Шведы любяць падарожнічаць… — дадаў ён, памаўчаўшы, і Марцін міжволі згадаў Эмануэля Сведэнборга з ягонымі вандраваннямі па духоўным свеце, дзе філосаф, зрэшты, бачыў не толькі анёлаў ды новыя ўвасабленні людзей, але і караблі пад рознакаляровымі ветразямі, што яго, Марціна, заўсёды асабліва натхняла.

Родныя Нільсавы магілы пад гарой аказаліся сціплымі прастакутнікамі з шэрага каменю. Імёны, гады жыцця і жывая блакітная аблямоўка з зацвілых «жабіных вочак». Бабуля, адзначыў чамусьці Марцін, перажыла мужа роўна на тры гады, тры месяцы і тры дні. Замест кветак, сказаў Марцін, ён хацеў бы прачытаць пятнаццаты санет Шэкспіра. Нільс ухвальна кіўнуў.

Калі падумаю, што ўсё жывое

Красуе на зямлі кароткі міг,

Што свет – тэатр, а мы яго героі

Ад зор залежым на шляхах сваіх…




29

Падараваны Нільсам сюжэт сапраўды мог надацца для рамана.

На досвітку мінулага стагоддзя ў дрымотна-ціхі шведскі гарадок прыехаў вандроўны цырк са сланамі. Артыстам і звярам вызначылі пустку паміж апошнімі дамамі і лесам. Правесці цыркачоў да месца вызваўся на чыгуначнай станцыі падлетак-гімназіст Стэфан. На чале экзатычнай працэсіі ён засяроджана і самавіта ішоў праз увесь горад. Жыхары, што пакуль не ездзілі адпачываць у Тайланд і бачылі сланоў адно ў школьных падручніках, тоўпіліся ўсцяж галоўнай вуліцы і высыпалі на гаўбцы. Сочачы за дзівоснай падзеяй, на бацькоўскім гаўбцы стаяла і гімназістка Оса – дзяўчынка з доўгімі, як у святой Інэсы, валасамі. Яна лічылася мясцовай каралевай прыгажосці, да якой марна заляцаліся не толькі вучні гімназіі, але і студэнты, што паехалі па навуку ў Стакгольмскі ўніверсітэт.

Надышоў момант, калі перадавы слон абвіў гімназіста Стэфана хобатам за пояс і ашчадна перанёс ў кошык на сваёй спіне. Такім чынам праваднік сланоў апынуўся дакладна на ўзроўні гаўбцоў, бо ўсе гарадзкія будынкі мелі тады не болей за два паверхі. Горад выбухнуў воплескамі, хтосьці кінуў адважнаму гімназісту букет кветак.

У душы незачэпы Осы павеяў нязнаны датуль ветрык. Гімназістка вырашыла пазнаёміцца з цыбатым падлеткам, што стаў героем усяго іхняга маленькага свету. Праз два дні яна знайшла Стэфана на нядаўняй пустцы, дзе цяпер вечарамі таўкліся гараджане рознага веку. За заслугі перад цыркам хлапчына меў права штодня наведваць паказы і праводзіць з сабой аднаго знаёмага. Ганаровага госця нязменна ўсаджвалі ў першым шэрагу, і пры канцы нумара са сланамі якісьці з іх асцярожна падхопліваў Стэфана ды рабіў з ім па пасыпанай пілавіннем арэне адвітальнае кола.

У той вечар, калі прыгажуня з ільнянымі косямі на зайздрасць зграі нешанцоўных кавалераў запыталася ў Стэфана, як яго клічуць, слон далікатна ўзяў за талію яе саму. Гэта і вырашыла лёс: праз колькі гадоў Оса і Стэфан пабраліся, каб у будучыні стаць Нільсавымі дзедам і бабуляй.

На ўспамін пра экстравагантнае знаёмства ў іхняй гасцёўні на вакне заўсёды прысутнічалі сямёра пашыхтаваных па росце парцалянавых слонікаў: самы вялікі памерам з кацяня і найменшы – з дробную мышку. Нільс памятаў хатніх сланоў ад той пары, калі яны – прыцягваючы, паводле кітайскай мудрасці фэн-шуй, удачу – стаялі на вакне, павярнуўшы хобаты ў бок вуліцы. Раней, калі Стэфан з Осай былі маладыя, дом меў іншы набор сланоў, які Нільс знайшоў некалі на гарышчы. Атабарыўшыся ў спальні, тыя цягнуліся апушчанымі хобатамі да сужэнскага ложка, дапамагаючы ў зачацці дзяцей, і выдатна спраўляліся са сваёй роляю.


30

Слухаючы Нільса, Марцін убачыў перад сабой чародку слонікаў, што ў дзяцінстве ішла па этажэрцы ў іхняй з мамаю і бабуляй двухпакаёўцы. Праўда, мама моцна здзівілася б, пачуўшы пра сістэму фэн-шуй і пра тое, што гэтыя статуэткі здатныя на нешта іншае, апрача ўпрыгожвання сціплай абстаноўкі. Побач са слонікамі на этажэрцы сядзела, выцягнуўшы наперад белую ножку, парцалянавая балерына. Яна з’явілася раней за суседзяў з хобатамі, і малы Марцін калісьці скінуў яе на падлогу, адбіўшы балерыне галоўку.

Мама прымудрылася скласці балерыну, засунуўшы ў пустую ўсярэдзіне статуэтку доўгі цвік, на плешцы якога і трымаўся адляцелы кавалачак з чорнымі кудзеркамі і пунсовымі вуснамі. Калі Марціну хацелася пазлаваць маму, ён цягнуў балерыну за галаву, і тая ператваралася ў жанчыну-жырафу.


31

Нільс прапаноўваў усё новыя дэталі і адгалінаванні сюжэта.

Оса і Стэфан шмат гадоў жылі заможна і ў шчасці, пакуль Нільсаў дзед, які служыў на гандлёвым флоце, не прывёз адкульсьці з Індыі або з Інданезіі новых сланоў. Іх, зробленых гэтым разам са слановай косці, зноў жа было сем, але між дзвюма тройкамі цалкам белых адзін меў чорныя біўні.

Бабуля з першага дня знелюбіла мужаў набытак. Яна абвясціла, што здасць яго ў антыкварную краму свайго брата на ратушным пляцы, і рабіла некалькі спробаў запакаваць сланоў у скрынку, аднак Стэфан упарціўся і вяртаў іх на падвоканне. Гэта, маўляў, падарунак, але сказаць, ад каго, – рашуча адмаўляўся. У Нільсавых бацькоў узнікла моцнае падазрэнне – яны, зразумела, хавалі яго ад бабулі, – што тут тоіцца нейкая ўсходняя жанчына. Маці ў такіх размовах называла яе фатальнай.

А потым дзед у адпачынку між плаваннямі выйшаў у мора на апошнюю рыбалку.

Пасля хаўтураў сланы неадкладна пераехалі да антыквара, але не ў краму Осінага брата, а ў іншую, каля царквы. Няхай Госпад іх ачысціць, – патлумачыла бабуля. Рэшту адмераных ёй гадоў яна амаль не выходзіла з дому і ўсяго раз наведала мужаву магілу, хоць і загадала пахаваць сябе поруч.


32

Марцін акурат думаў, што такіх гісторый можна пачуць адну-дзве за цэлае жыццё, як наперадзе з-за рога дома выплыла знаёмая пара са стакгольмскага гатэля. Занятыя размовай, яны і не заўважылі або ўдала прыкінуліся, што не заўважаюць нядаўняга суседа. Жанчына зноў падалася яму істотна старэйшай за сябе самую тры дні таму. Яна як быццам яшчэ больш пастарэла нават з таго моманту, як Марцін убачыў іх на кніжным кірмашы, аднак радзімка на лобе не пакідала сумневаў, што жанчына – тая самая сяброўка бакенбардыста, што лётаў па гатэльным калідоры ў паласатых майтках. Змыла касметыку плюс натуральнае сонечнае асвятленне, – знайшоў тлумачэнне Марцін, хоць яго пачынала турбаваць, ці не зачаста яны сустракаюцца ў краіне, што прыкметна большая за Манака ці Сан-Марына.

Не паспеў ён развітацца з гэтай думкай, як напаткала новая неспадзяванка. Афіцыянтам, што падышоў да іхняга з Нільсам абедзеннага століка ў кавярні, аказаўся не хто іншы, як стакгольмскі шкіпер або ягоны двайнік. Марцін неўпрыкмет паторгаў сябе за вусы. Карцела пацікавіцца ў шкіпера, ці даўно той наведваўся ў сталіцу, аднак, гледзячы на адбаронены ды непранікальны твар афіцыянта, які цяпер, адрозна ад Стакгольма, гаварыў па-англійску без усялякага акцэнту, ён перадумаў. Пытанне магло быць законна расцэненае як умяшанне ў прыватнае жыццё.

Ці не зашмат супадзенняў? Сёрбаючы духмяную юшку, Марцін вырашыў падзяліцца здзіўленнем з Нільсам, але ўрэшце замест гэтага аддаў належнае стэйку з аляніны. Пагатоў выдавец не бачыў раней ні парачкі каханкаў, ні шкіпера.


33

Другая ноч у доме Нільсавых сваякоў аказалася поўнай супрацьлегласцю першай.

У сне Марцін апынуўся ў круглым будынку-ратондзе са сценамі з суцэльнага шкла, але шкла не звычайнага, а празрыстага адно з унутранага боку. Такім чынам вачам Марціна адкрывалася ўсё, што чынілася знадворку, а яго – ён аднекуль ведаў – адтуль убачыць не маглі.

Не маглі, але вельмі імкнуліся: да шкла прыціскаліся, марна ўзіраючыся ў недасяжную для іхняга зроку прастору, знаёмыя і незнаёмыя твары.

Знаёмымі былі тыя, з кім Марцін не хацеў мець аніякіх дачыненняў, бо тыя людзі адыгралі некалі ў ягоным жыцці адмоўную, а то і злавесную ролю. Да шкла ціснуўся, напрыклад, знаёмы паэцік – былы, а відаць, і цяперашні стукач, што, апрача даносаў, пісаў ў сеціве пад рознымі нікамі брыду пра яго, Марціна, і некалі здолеў разлучыць з мастачкай Вітай. Ён пазнаў і двух верагодных шэфаў паэціка – супрацоўнікаў органаў, якія ў гады студэнцтва пагражалі за самвыдат выкінуць Марціна з універсітэта і заслаць у войска куды-небудзь пад Магадан. Гэта мімаволі наводзіла на думкі, што і незнаёмых персанажаў за шклом наўрад ці можна далучыць да ягоных прыхільнікаў і сімпатызантаў.

Крыху ратавала агульную карціну купка з трох чалавек, якія трымаліся трохі воддаль. Марцін пазнаў былую жонку ў строях Афеліі, побач з якой быў, праўда, не Гамлет, а хтосьці са схаваным пад маскаю тварам, падобны да басконскага баевіка, якімі іх паказваюць у тэлерэпартажах пра заявы ЭТА. Найверагодней, ён быў усё ж спадарожнікам іншай жанчыны – мастачкі Віты, хоць яна і стаяла ў добра знаёмым Марціну заплямленым фарбамі балахоне, павярнуўшыся да басконца спінай. Яе тонкі нервовы профіль Марцін пазнаў бы з безлічы іншых, магчыма, яшчэ і таму, што Віта любіла дэманстраваць яго, паўтараючы, што анфас – маска, а сутнасць пазнаецца ў профілі.

Але гэтая купка выглядала не ўдзельнікамі, а староннімі назіральнікамі таго, што адбывалася. Тым часам сітуацыя вакол ратонды імкліва мянялася.

Марцін, бясспрэчна, стакроць згадзіўся б мець справу са сваімі зласліўцамі, чым з чалавекападобнымі істотамі, якія пачалі адціскаць людзей ад шкла і хутка цалкам запанавалі вакол ратонды. Ён дзесьці ўжо бачыў гэтых пачварных стварэнняў з неміргатлівымі вачыма на безвалосых ілбах і шэрымі кашлатымі хабаткамі замест насоў.

Яны прысмоктваліся хабаткамі да шкла і рабілі яго ў тым месцы відавочна празрыстым і з другога, свайго боку. Бязбровыя вочы, якія прынікалі да пакінутых хабаткамі круглых плямак, сведчылі, што ён не памыляецца.

Неўзабаве чалавекападобныя з’адзіночыліся ў адным месцы, і хабаткі-мацуны заміж бязладных плямак на шкле ўтварылі малюнак, падобны да пчаліных сотаў. Тады Марцін убачыў, што яны цягнуць не падобны ні на што загадкавы апарат са шматлікімі стырчакамі-іголкамі. Апарат прыставілі да «сотаў», і ён пачаў роўна гусці. Праз хвілю Марцін зразумеў, што стырчакі-іголкі насамрэч – тонкія свярдзёлкі, якія пачалі прагна ўгрызацца ў шкло ягонай ужо ненадзейнай фартэцы. Хутка свярдзёлкі паказаліся ўжо з гэтага боку шкла.

Ён злякана адбегся да процілеглай сцяны і ўбачыў, як свярдёлкі ўцягнуліся назад, але затое там, знадворку, хобатаносыя ўтварылі жывы калідор, па якім хтосьці ў масцы ката́ ішоў з цяжкім молатам у руках-лапах. Марцін з апошняй надзеяй кінуў позірк на Віту з бамондам і Жанну-Ганну, ды іх ужо шчытна атачылі хобатаносыя.

Чалавек-кот размахнуўся молатам – і пад першым жа ўдарам зробленыя агіднымі хабаткамі «соты» разляцеліся на драбочкі, утварыўшы ў шкле вялікае вакно.

Марцін прачнуўся ў халодным поце і доўга ўтаймоўваў сэрца. Урэшце дапамагло тое, што чалавекападобныя істоты, якія кагадзе трымалі яго ў аблозе, былі створаныя ягоным жа ўяўленнем і калісьці жылі ў жоўтым нататніку з сонейкам на вокладцы, увасабляючы сабой падступных і жорсткіх іншапланетнікаў.


34

Пасля ранішняй кавы Марцін паставіўся да нядаўняга сну ўжо амаль весела і сустрэўся з думкаю, ці не завесці яму на прыклад Сведэнборга свой Журнал сноў.

Нільс папрасіў дазволу папрацаваць, і Марцін атрымаў магчымасць на самоце паблукаць па горадзе. Спачатку яму здавалася, што вось-вось насустрач з-за павароткі пакажуцца стакгольмскія каханкі, але тыя, мусіць, з’ехалі або, не даючы суседзям за сцяной спакою, утрапёна займаліся недзе каханнем.

Марцін з выдаўцом сустрэліся на абедзе ў той самай кавярні. Афіцыянта-шкіпера таксама не было відаць, і ўчорашнія сустрэчы ўжо здаваліся яму прыемнымі ў добрым і камфортным, параўнаўча з сённяшнім, сне.


35

Народу ў гарадской бібліятэцы сабралася паболей, чым на кірмашовай прэзентацыі: гарадок, напэўна, не быў распешчаны культурнымі імпрэзамі. Разам з тым Нільс і дырэктар бібліятэкі пайшлі на невялікую хітрасць. Частка прысутных яўна засталася паслухаць замежнага госця пасля вернісажу ў холе.

Выстава складалася з фотапартрэтаў, аўтарам якіх быў сам дырэктар – невысокі, круглагаловы і наогул круглявы лысы чалавек, што няспынна выпраменьваў цеплыню і гасціннасць. Аказалася, ён усё свядомае жыццё здымае землякоў. Фатаграфіі не столькі чаплялі вока і розум майстэрствам або тэхнічнымі вынаходкамі, колькі, падумаў Марцін, своеасаблівым выбарам герояў. Ці не кожны другі з іх меў якуюсьці часам невідавочную, але часцей выразную загану.

Наліты дужасцю рыбак-велікан з мёртвым шкляным вокам. Стройная дзяўчына, знявечаная заечай губой. Сівы гожы стары з люлькай у зубах, але на драўлянай назе. Кучаравы, як анёлак, падлетак з пустымі вачыма і струмком асцы ў куточку вуснаў. Нармальны з выгляду хлопчык з мёртвай птушкай у руцэ.

З, відаць, даўняга чорнабелага здымка глядзела немаладая прывабная пара: яна ў народным строі і ён у форме марака. Трывожнай нотай тут гучала чорная кашуля, якая сушылася на вяроўцы побач. Марцін запытальна зірнуў на Нільса, ды той, зразумеўшы, адмоўна пакруціў галавой.

Урэшце, сярод персанажаў хапала, здаецца, і людзей без чарвяточыны, проста яны менш кідаліся ў вочы.

Адну з фатаграфій Марцін атрымаў ад дырэктара ў падарунак. Здымак адно ўмоўна належаў да партрэтнага жанру: з глыбіні начнога саду вабіў асабняк з асветленым вакном, у якім відаць была жаночая постаць з раскінутымі, нібы для абдымкаў, рукамі.

Нільс падаваў знакі, што трэба распачынаць. Ён ужо запаліў на іхнім століку вялікую свечку, што, мабыць, павінна была служыць і нейкім кшталтам гадзінніка.

Праходзячы ўздоўж сцяны са здымкамі да свайго століка з сінімі касачамі і стосам кніг, Марцін наастачу схапіў вокам яшчэ адно фота: у небе над цёмным наваколлем цвіло жудлівае і адначасна магнетычнае дрэва разгалістай маланкі. Марцін нават пачуў далёкае водгулле грымотаў і, ужо ўладкаваўшыся з Нільсам за сталом, адчуў, што ягоная оптыка – як калісьці на тым далёкім навальнічным возеры – зноў перайначылася.


36

У зале матэрыялізаваліся некаторыя з герояў фотапартрэтаў – на шчасце, людзі без відавочных праблем са знешнасцю або псіхікай. Марцін не сумняваўся, што ў другім шэрагу ікееўскіх крэслаў заняла месца менавіта тая цёмнавалосая юная жанчына з авальным тварам, што на здымку стаяла ў адкрытай светлай сукенцы з хлопчыкам гадоў пяці пад яблыняй у ружовай квецені. Зараз, у зялёным швэдры, з каўняром пад круглявы падбародак, яна мела выгляд пасталелай і крышачку распаўнелай, ды, безумоўна, была самай прыгожай сярод прысутных у зале жанчын.

Дама была ва ўсім зялёным, і строі яе ўражвалі такім багаццем і вытанчанасцю, што здавалася, гэта сама зграбнасць. На левай руцэ ў яе сядзеў сокал…

Марцін спыніў памяць у яе паслужлівым цытаванні трыццатага раздзела другой кнігі «Дон Кіхота» і зручней уладкаваўся за сталом. Даму ў зялёным ён абраў для вядомага прыёму выступоўцаў, калі звяртаюцца да ўсёй аўдыторыі і ў той жа час да аднаго чалавека.

Ён адчуваў, што выбар бездакорны: жанчына ў зялёным швэдры заахвочвальна ківала і пасылала яму прыязныя ўсмешкі. Марціну раптам прымроілася, што яна падобная і да жанчын з гатэльнай карціны з трыма дзвярыма, і да яго настаўніцы інглішу ды іншых навук Тамары, якой – мільганула непамысная думка – цяпер за семдзесят. Гэтыя два падабенствы пачалі чаргавацца, і ён, адганяючы насланнё, энергічна страсянуў галавой.

Калі Марціну бракавала яго англійскай, ён паварочваўся да Нільса, і той прамаўляў колькі фразаў па-шведску. У такіх выпадках Марцін атрымліваў з другога шэрагу крэслаў дадатковыя позіркі разумення і падтрымкі.


37

Два разы Марцін заслужыў воплескі. Першы – калі заўважыў, што іх краіны насамрэч блізкія суседкі, бо ад ягонай сталіцы да іхняй бліжэй, чым ад Стакгольма да самай паўночнай кропкі Швецыі. Другі – калі паведаміў, што ў яго родным горадзе знаходзіцца геаграфічны цэнтр Еўропы, што пацвярджалі здымкі ў кнізе і на экране праектара, але адразу агаварыўся, што яму, Марціну, даводзілася бываць у такіх цэнтрах яшчэ ў пяці краінах.

Некалькі разоў ён абмяняўся са сваёй абранніцай у зале хуткімі ўсмешкамі. Шкада, што сёння пасля прэзентацыі яны з Нільсам ад’язджалі ў Стакгольм.

Пакуль тое, прысутных нечакана паболела: упусціўшы халодны скавыш, з’явілася і, ступаючы на дыбачках, прайшла ў канец залы пара Марцінавых ужо, можна сказаць, даўніх стакгольмскіх знаёмых. Ён мог бы прысягнуць, што жанчына з радзімкай значна памаладзела, нібы час для яе ішоў па-свойму – пятляючы і вяртаючыся назад, каб збіць кагосьці са следу. Аднак сапраўднай прычынаю гэтых метамарфозаў служыла, вядома, штучнае асвятленне. Прыбышы ўладкаваліся ў прыемным кутку поруч з чалавекам, на якога раней ён чамусьці не звярнуў увагі, што было дзіўна, бо чалавек той моцна выдаваў на браціслаўца Любаміра.

Марціна наведала пачуццё лёгкай ірэальнасці таго, што адбываецца. Яму спадабалася, што на стале па-ранейшаму роўна гарыць свечка, агеньчык якой толькі што затрымцеў пад скавышом, ды не згас. Але лішне разглядацца Марціну не выпадала, бо ягоны выступ-маналог скончыўся і распачыналіся пытанні. Цяпер ён мусіў весці дыялог найперш з іх аўтарамі, і таму зялёны швэдар на нейкі час выпаў з поля зроку.


38

Нільс вырашыў павесці ў пытаннях рэй і пацікавіўся, якой госць бачыць ролю класічнай літаратуры. Мой сябар, літаратар і мысляр, – загаварыў Марцін, – называе класіку машынай часу і, паволе ягоных слоў, знаходзіцца цяпер недзе ў эпосе Плутарха. – А вы? – Мне здаецца, я ў адным часе з вамі, хоць, здараецца, трапляю ў стагоддзе Сервантэса і Шэкспіра. Нільс тонка ўсміхнуўся. Але для мяне, – працягваў Марцін, – класіка ўсё ж нешта іншае. Бывае, што яна нагадвае, перапрашаю, захапляльны паноптыкум, і тады я з пачуццём вінаватасці думаю, што гэта, вядома, не так. Класіка – перадусім сістэма каардынат. Прычым не толькі ў літаратуры, але таксама ў прасторы і часе. І тут я ў нечым згодны са сваім сябрам…


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю