355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Уладзімір Арлоў » Танцы над горадам » Текст книги (страница 3)
Танцы над горадам
  • Текст добавлен: 11 мая 2019, 15:00

Текст книги "Танцы над горадам"


Автор книги: Уладзімір Арлоў



сообщить о нарушении

Текущая страница: 3 (всего у книги 8 страниц)

Вяртаючыся дамоў, я павярнуў да кінатэатра. Ужо даўно хадзілі чуткі, што яго зачыняць на рамонт, і вось цяпер будынак сапраўды абнеслі свежым фанерным плотам. Газетны шапік, дзе працавала Кіяскёрка, знік. Можна было, вядома, зайсці заўтра ў школу і пашукаць Настаўніка, каб хоць позіркам задаць пытанне, якое я пакуль не сфармуляваў у сабе. Можна было паспрабаваць знайсці Гімнастку. Не зрабіўшы ні першага, ні другога, я ўзяў квіток на начны цягнік.

Такім чынам я пакідаў сабе шанец.


28

Універсітэт, новыя сябры, бібліятэкі і тэатры надалі жыццю новую сістэму каардынат, дзе ранейшыя невідочныя ніці пакрысе рваліся і знікалі ў прасторы і часе.

Мама дакарала за рэдкія прыезды. Але, трэба прызнацца, пасля дзяцінства я не здолеў ці, можа, проста не паспеў зблізіцца з бацькамі. Ды толькі – хоць у гэтым не хацелася прызнавацца – галоўная прычына непрыездаў палягала ў іншым. Калі я і заяўляўся на дзень-два дадому, то таго, чаго так чакаў, не здаралася.

Бацька развітаўся з гэтым светам, як я быў яшчэ студэнтам. Мама – у памяць пра яе я заўсёды п’ю на сняданак гарачае малако – ненадоўга перажыла тату, хоць і паспела дачакацца і ўнукаў, і дзвюх маіх першых кніжак, і абароны дысертацыі на забароненую дзесяцігоддзямі тэму бясконцых войнаў Вялікага Княства з усходняй суседкай.


29

Не пакідаючы родных мясцін, мы жылі ўжо ў іншай краіне, што сталася здзяйсненнем колішніх самых смелых мрояў. Я выкладаў у роднай альма-матэр, шмат друкаваўся, вёў гістарычную тэлеперадачу, мяне пачыналі пазнаваць на вуліцы.

Касцёл у нашым горадзе, дзе я пасля мамінай смерці бываў адно ў камандзіроўках і на Дзяды, адрэстаўравалі і перадалі вернікам.

Да святых на франтоне вярнуліся рукі і ногі, а за касцельнай брамай з’явілася масянжовая Дзева Марыя.

Гатэль сапраўды стаўся трохзоркавым гатэлем «Ветразь» з базаю для падрыхтоўкі весляроў і яхтсменаў. Там, дзе гаспадарыў бур’ян і цвілі лугавыя краскі, разлеглася аўтастаянка. Усё гэта яшчэ больш аддаляла падзеі даўніх вясны і лета, што зрэдку нагадвалі пра сябе лёгкім, быццам блакітны дымок цыгарэты, успамінам з жыцця, якое нібыта і не было тваім.

Аднаго разу, атрымаўшы запрашэнне на канферэнцыю ў новым універсітэце, які адчынілі на прыдзвінскай вуліцы ў карпусах колішняй езуіцкай акадэміі, я злавіў сябе на думцы: хацеў бы спыніцца ў«Ветразі», прычым на пятым паверсе, каб нарэшце высветліць, што там знаходзіцца, і ўначы паспрабаваць падняцца на шосты і вышэй. Аднак якраз у дні канферэнцыі гатэль цалкам займалі ўдзельнікі міжнародных спаборніцтваў, і я, нечакана адчуўшы палёгку, адклаў свае планы на будучыню.

Між тым праз год мяне не запрасілі. Будучыня краіны зрабілася няпэўнай. У вялікай кампаніі калег я з белым білетам пазбавіўся працы. Некаторыя калегі з’ехалі – хто за акіян, хто бліжэй. Я застаўся і зарабляў на жыццё гістарычнымі кнігамі, што выходзілі ў ацалелых прыватных выдавецтвах або за мяжой.

Ды гэта ўжо іншыя сюжэты, тэмы для іншых расповедаў, ёсць гісторыя краіны, гісторыя роду і сям’і, а ёсць твая асабістая гісторыя, і перад вечнасцю нельга сказаць, што першая з гэтых гісторый, прынамсі для цябе самога, важнейшая за апошнюю. Гісторыя краіны, як і твайго роду, будзе доўжыцца і пасля цябе, а твая ўласная скончыцца са з’яўленнем даты, напісанай на помніку ўслед за працяжнікам. І найперш скончыцца гісторыя тваёй таямніцы.

Але лёсу было заўгодна, каб яна працягвалася, і за тое я да апошняга танца буду ўдзячны Паэту.


30

У мінулым Паэт быў маім добрым прыяцелем. Памятаю, калі ён вярнуўся з вайсковай службы, якую называў катаргай, мы сустрэліся ў агульнага сябра, і Паэт, цвярозы, як слязінка немаўляці, ноч навылёт чытаў нам вершы – улюбёныя і ўласныя. Ягоныя часта гучалі мацней: ім яшчэ не ставала дасканаласці, ды тое кампенсавалася магутнай энергетыкай і выразным пульсам паэтычнай стыхіі. Узрадаваны такім адкрыццём, пад раніцу я заснуў, але Паэт бесцырымонна раскатурхаў мяне і працягваў дэкламацыю.

Імкліва ўвайшоўшы ў літаратуру, ён збіраў на сваіх вечарынах паўнюткія залы. Да яго ў сябры набіваліся міністры. Ён мільгаў на дзяржаўных святах і дыпламатычных прыёмах. З яго малявалі партрэты, пра яго здымалі фільмы. Паэт быў таленавіты і непрадказальны ва ўсім. Ён умеў здзіўляцца і здзіўляць. Неяк, яшчэ ў той краіне, дзе мы нарадзіліся, ён з крыкам «Акупанты!» лёг на сталічным праспекце перад калонай танкаў, што рыхтавалася да параду.

Паэта ведалі ўсе навакольныя жабракі, бо ён падаваў кожнаму, а аднаго, выдаючы за бацьку, кожнага дня карміў абедам у Доме літаратара. Ён працягваў заставацца кумірам сталічных жабракоў, пакуль сам вонкава не ператварыўся ў такую самую істоту. Паэта нельга было ўявіць без нецвярозых скандалаў. Ён пісаў, можа, па адным-два вершы ў год, але яны заўсёды нараджаліся на мяжы геніяльнасці, як той, пра начлег у вуллі пад крылом у пчалінае маткі…

Хадзілі чуткі, нібыта ён жыве разам з карузлікам, адстаўным цыркавым артыстам. Калі ў дзверы Паэтавай кватэры званілі, карузлік падстаўляў крэсла, каб дастаць да дзвярнога «вочка», і доўга вывучаў наведніка, ацэньваючы, што з візіту можна мець і ці не аб’явіўся нязваны госць з мэтаю самому нечым разжыцца.

Казалі, у галодныя чорныя дні Паэт супольна з кватарантам праштудыяваў пісьменніцкі даведнік з датамі нараджэння творцаў. Вынікам быццам бы стаўся складзены гэтым дуэтам гадавы каляндар, згодна з якім эскартаваны карузлікам Паэт пачаў у адпаведныя вечары заяўляцца да калег-літаратараў з віншаваннямі.

На шчасце, высветлілася, што такі каляндар сапраўды існаваў.


31

У адзін з позніх жнівеньскіх вечароў, а дакладней, у вечар таго дня, калі мама даўным-даўно ўпершыню пачула мой голас, я, паводле даўняе завядзёнкі, сядзеў пры пісьмовым стале. За вакном, у шатах старой ліпы раскашавала поўня: кунежылася ў яшчэ не кранутай золатам лістоце, вызірала з-за галінаў і зноў нібыта гулліва хавалася ў густой цёмназялёнай мярэжы.

Жонка і сыны паехалі ў адпачынак, і цішыня кватэры злівалася праз адчыненае вакно з цёплай вусцішшу нашага тады амаль загараднага зацішнага двара. Мае думкі выплывалі ў вакно насустрач поўні, а душа набрыньвала чаканнем. Відаць, кожнаму знаёмае такое адчуванне: вось зараз, няхай не праз імгненне, але не заўтра, а менавіта ў гэты прамежак часу, асаблівасць якога ты фізічна і метафізічна адчуваеш, павінна здарыцца штосьці важнае для цябе.

Пад вокнамі спынілася машына. Ляпнулі дзверы пад’езда – да кодавых замкоў і дамафонаў было яшчэ далекавата – і праз хвіліну нехта далікатна крануў зялёны гузік майго званка.

На парозе стаялі Паэт і карузлік. Паэт выглядаў прывідам самога сябе – прыцьмелыя вочы, рэдкія ўскудлачаныя валасы, трохдзённае шчацінне на бледным твары, нясвежая кашуля, – аднак ён ствараў геніяльныя вершы, і астатняе было неістотным. Карузлік, наадварот, выдаваў франтам – ахайная фрыэўра, адпрасаваны брунатны гарнітурчык, пах добрай парфумы. Ён цырымонна пакланіўся: Вы дазволіце разлічыцца з таксістам? Я зразумеў: Колькі?

Пакуль карузлік спускаўся і вяртаўся, Паэт камечыў мяне ў абдымках. Ягоны кампаньён зухавата ляснуў абцасамі і заявіў, што далучаецца да віншаванняў. Але дзе шумная застоліца, у якую шафу схаваліся вакханкі? Я развёў рукамі. Нягледзячы на гэтую клаўнаду, не пакідала адчуванне важнасці перажыванага моманту.

Дзівосным чынам, як трусік з капелюша, у руках карузліка з нічога ўзнік мініяцюрны нататнік, якім па-гаспадарску завалодаў Паэт. Ён страпянуўся, зрабіўся сур’ёзным і, разгарнуўшы патрэбную староначку, абвясціў: «Поўня»!

Верш зайшоў у памяць адразу і назаўсёды застаўся ў ёй:

Жыве над кронай дрэва поўня,

начуе ў кроне дрэва птах,

ўглядаюцца сляпыя корні

ў зямную існасць па начах:


вось птах азваўся, як дзіцёнак,

вось знічка цемру апякла —

нібы з рукі упаў пярсцёнак,

калі забылася рука.


Жыве над кронай дрэва поўня,

святлом уросшы у зямлю —

там, дзе яна пусціла корні,

і я зямную мудрасць п’ю.


Брава! Брава! — галёкаў, падскокваючы ледзь не на вышыню свайго росту, карузлік, а я, не зводзячы вачэй з поўні, што канчаткова вылузалася з ліпавых галінаў, прыгаломшана маўчаў. Цяжка было зразумець, ці то Паэт звярнуў увагу на сённяшні небасхіл і падрыхтаваў выступ дома, ці напісаў верш ужо ў таксоўцы пад дыктоўку натхнення, ці то яшчэ раней неспасцігальным чынам дакрануўся да маёй таямніцы… Аднак верш прагучаў і зрушыў з месца каменьчык, які пагражаў ператварыцца ў лавіну. Ганарар для маэстра! — абвясціў наступны нумар карузлік і, зірнуўшы на гадзіннік, будзённа ўдакладніў: Пасля поўначы прымаем натурай.

Мае запасы выявіліся надзвычай сціплымі: хлеб, кавалак вяндліны ды пляшка падараванага нямецкім калегам шнапсу. У лядоўні знайшлася і амаль поўная пластыкавая бутэлька кетчупу. Агульнымі намаганнямі стол сервіравалі вельмі хутка.

Паэт скруціў з кетчупу накрыўку і пачаў піць яго, робячы вялікія прагныя каўткі. Бутэлька хутка апусцела. Карузлік, што ўважліва сачыў за падзеямі, зноў закрычаў: Брава! Паэт узяўся запіваць кетчуп шнапсам. Калі ён адолеў палову пляшкі, карузлік элегантна перахапіў яе і перакуліў рэшту ў сябе.

Адмовіўшыся ад закускі, госці папрасілі адвесці іх на стаянку таксі. Карузлік не забыўся ветліва пацікавіцца, ці дазволю я ім і цяпер разлічыцца. Перад стаянкай ён узяў нас за рукі і, прарэзліва крыкнуўшы: Грамадзяне, прапусцім з дзіцёнкам! — бадзёра рушыў у пачатак чаргі.


32

Праз некалькі тыдняў Паэта знайшлі дома нежывым. Паводле адной з версіяў, ён страшэнна сумаваў па карузліку, які наняўся на кіназдымкі і некуды з’ехаў. Часам мне ўяўляецца, што Паэт не памёр, а, ператварыўшыся ў зусім маленечкага карузліка, ціха жыве там, у вуллі, дзе калісьці заначаваў, і трутні сапраўды казычуць яму пяткі.


33

Вяртаюся ў тую жнівеньскую ноч, якая спынілася над горадам, уважліва аглядаючы яго шырока расплюшчаным вокам поўні.

Ідучы ад стаянкі таксі, я адчуваў у душы тэктанічныя зрухі. Тое, што надзейна ўладкавалася на дне, змярцвела, абрасло ракавінкамі недаверу і амаль не згадвалася, а калі зрэдку і вярталася, то выдавала загадкавым сном далёкіх цёплых начэй, – усё гэта пасля візіту Паэта страпянулася й ажыло.

Мы – танчылі! Браліся за рукі, абдымаліся за плечы, заплюшчвалі вочы… І ноч пахла аерам. І дзве поўні мяняліся месцамі з той, што плыла над Зарэччам. І пярсцёнак… пярсцёнак з яблычна-зялёным хрызапразам ззяў на руцэ ў Залацістай, а потым заручыў яе з возерам…

Але – каб не пазбавіцца веры – востра патрабавалася нітачка, што злучыла б яго, былое, з рэальнасцю. Бо апроч успамінаў, якія ўзялі душу ў аблогу, адкуль я ведаў адзінае выйсце, не было анічога: ні кавалачка тынку з лесвіцаў Гатэля, ні засохлае стрэлкі аеру, ні, пагатоў, здымка кагосьці з нас. Гімнастка не стала зоркаю дарослага спорту, фотапартрэт у гарадской газеце так і застаўся апафеозам яе славы, аднак і ён, партрэт, не захаваўся.

Думка пра здымкі не пакідала. Дзесьці ляжала выпускное фота нашага класа разам з выкладчыкамі. Я ліхаманкава гартаў стары альбом. Вось! Настаўнік быў сярод нас! Крыху здзіўлены твар. Акуляры ў тонкай аправе. Радзімая пляма на лбе не пакідала сумневаў. Я зноў зрабіўся вучнем, і таямнічы кінамеханік запусціў перада мною на белай сцяне каляровую хроніку.

Сканчваецца першы ўрок астраноміі, на дошцы вісяць мапы зорных паўкуляў, а Настаўнік, тады яшчэ настаўнік, абводзіць клас вачыма: У каго сфармуляваліся пытанні? Падымае руку Кінг, вядомы ўсёй школе аматар задаваць пытанні выкладчыкам. Кінг, які праславіўся, пацікавіўшыся ў настаўніцы анатоміі, калі пачнуцца практычныя заняткі па размнажэнні чалавека. Кінг адважна пытаецца ў «астранома», ці не метэарыт выпадкова чмокнуў яго ў лоб. І, спалохаўшыся сваёй смеласці, а мо таленавіта ўдаючы спалох, прабачліва дадае: Ну, такі маленькі-маленькі метэарыцік.

Зорка, – адказвае настаўнік, дакрануўшыся да радзімай плямы, і, магчыма, не аднаму мне падаецца: яму на лоб напраўду калісьці ўпала і крыху расплылася ад «чмоку» кропля зорнага атраманту. Пакуль мы спрабуем асэнсаваць пачутае, астраном нечакана працягвае: Таму ў мяне іншая форма душы. Я выразна чую ягоныя словы, але цяпер думаю, што яны былі прамоўленыя моўчкі.


34

Гэта толькі здавалася, быццам старадаўні гадзіннік, што застаўся мне пасля мамінай смерці, звыкла адлічвае час. Насамрэч час павярнуў назад, а ў вызваленую прастору хлынулі ўспаміны, якія вымагалі ўдакладнення каардынат майго месцазнаходжання. Я асцярожна перавёў позірк на люстра цёмнага вакна, цалкам гатовы ўбачыць там сямнаццацігадовага юнака, але адтуль пазіраў усё ж я-сучасны, пра што найперш сведчыла барада. Ды навакольная цішыня відавочна перайначылася, і я зразумеў чаму: гадзіннік спыніўся на палове трэцяй.


35

З тыльнага боку нашага панэльнага пяціпавярховіка, у зарасніках глогу і жоўтай акацыі пачыналася пажарная лесвіца. Яе першую ржавую папярэчыну аддзяляла ад зямлі адлегласць, прыкладна роўная майму росту. Падскочыўшы, я ўхапіўся адразу за трэцюю папярэчку і, нечакана лёгка падцягнуўшыся, праз якія пару хвілін ступіў на плоскі дах, неахайна заліты паўзверх руберойду бітумам.

Дом стаяў тарцом да ракі, усцяж якой ішла асфальтаваная сцежка. На тым беразе цягнуліся цёмныя дамы вёскі, што пакуль паспяхова супрацьстаяла гарадскому наступу. Абмінуўшы слупкі вентыляцыйных калодзежаў і лясок тэлеантэнаў, я выйшаў якраз на бліжэйшую да набярэжнай частку даху. Нідзе такой парою не было ні душы, толькі вывадак качак плыў па рачной стужцы, кранутай няяркім святлом ужо нізкае поўні.

Сказаць, што сюды, на дах, гадамі не наведваліся людзі, я не мог. Дзве скрынкі з тонкіх дошчачак яўна не зваліліся з неба, а яшчэ адну хтосьці разабраў, каб запаліць тут цяпельца. Чужое багацце я аднёс бліжэй да антэнаў, і цяпер мне нічога не замінала. Заставалася зняць абутыя на босую нагу красоўкі.

Дах, як і там, далёка і даўно, захоўваў выразны водгук дзённае цеплыні, што дадавала ўпэўненасці. Мая істота мусіла ўспомніць, яе павінен быў «завесці» той непаўторны рытм, які нараджаўся з тонкім спевам нябачнай стралы і першымі акордамі музыкі. Аднак неба маўчала. Я пачаў рухацца па коле ў цішыні, спачатку нясмела, потым больш упэўнена, але нічога не адбывалася. Не даў ніякага выніку і рух з заплюшчанымі вачыма. З кожным новым колам я зняверваўся. Падзеі сённяшняга вечара і ночы падаваліся не больш чым чарадою забаўных выпадкаў, а мае дзеянні – самападманам. Як быццам пацвярджаючы тое, удалечыні пачуліся галасы.

Я стаяў басанож на халодным руберойдзе і слухаў сэрца. Поўня схавалася, ветрык халадзіў твар, нагадваючы пра недалёкі досвітак. Па набярэжнай ішлі хлопец і дзяўчына. Яны ўбачылі мяне, бо пара спынілася і пачала перамаўляцца. Уваччу паўстаў малюнак з дзіцячай энцыклапедыі, дзе мінакі ў жаху глядзелі на самнамбула, што ішоў па вузкім гзымсе. У душы раптам прачнуўся хлапчук. Дорачы парачцы вострыя адчуванні, я наблізіўся да самага краю верхатуры і ўзняў рукі і твар у неба.

Спусціўшыся з даху, я пайшоў да ракі. Адмыў рукі ад іржы, апаласнуў твар, а потым доўга сядзеў пад ніцай вярбою на беразе. Над ракою плыў Паэтаў верш: Жыве над кронай дрэва поўня…

Бралася на досвітак. Але на развітанне тая ноч прыслала з глыбіняў маёй памяці радкі яшчэ аднаго паэта, з якім мы размінуліся ў часе:

Мне вочы вярні, дай святла ім, замглёным,

апаленым поўняй, шалёным, зялёным…




36

Удзень, шукаючы люк на дах, я абышоў у сваім доме ўсе пад’езды. Люк знайшоўся ў апошнім, але, як і чакалася, быў зачынены на цяжэзны свірнавы замок. Аднак змацаваныя ім дужкі аказаліся настолькі тонкімі, што адну ўдалося адолець простымі кусачкамі.

Каб захаваць чысціню эксперыменту, позна ўвечары я лёг у ложак і… праспаў да раніцы. Тое самае паўтаралася ноч пры ночы. Паслязаўтра вярталіся дзеці з жонкай, і кватэра, дзе атмасфера па-ранейшаму раз-пораз здавалася не такой, як звычайна, магла напоўніцца галасамі і набыць паўсядзённую якасць. Магчыма, я ўжо хацеў гэтага.


37

Я ўсвядоміў сябе на лесвіцы паміж чацвёртым і пятым паверхамі. Адрозна ад Гатэля, нічога невытлумачальнага тут не прычынілася, і люк выпусціў мяне з пятага паверха на бязлюдны дах. Чародка сонных ластавак неахвотна знялася з бліжэйшых антэнаў і адляцела далей.

Адно цяпер я заўважыў, што на нагах няма абутку. Дах ужо дыхаў восеньскім халадком, ды на другім коле ступакі сагрэліся і пакідалі руберойду цёплыя сляды. Ноч была зорнай, але бязмесяцавай, і зарэчная вёска адступіла ў цемрыва. Праз колькі колаў я апусціў павекі і даволі доўга, час ад часу мяняючы кірунак, рухаўся наўслеп. Потым, не спыняючыся, агледзеўся. Са стрэшак калодзежаў на чужаніцу ўражана і са шкадаваннем пазіралі ластаўкі. Але, наразаючы кола за колам, я не губляў надзеі. І тады, калі падступілася паняверка, паветра ледзь улоўна затрымцела і пачулася ціхуткая песня выпушчанай аднекуль стралы…

Цяпер я нарэшце не проста рухаўся, а – танчыў і ў нейкую хвілю адчуў: трэба зноў замружыцца і развесці рукі. Дакладней, не адчуў – пра гэта паведамілі ластаўкі, што наогул пакінулі дах з лёгкім ветрыкам, які не знік разам з іхнім адлётам. Яшчэ тры колы, сказаў я сабе, яшчэ тры…

І тут – здзейснілася! Кончыкі пальцаў адчулі лёгкае паколванне невідочных танюткіх іголачак. Ад разгубленасці, баючыся падману пачуццяў, я спачатку запаволіў тэмп, потым паскорыў яго, але іголачкі не знікалі, і ў маёй правай руцэ… У маёй правай руцэ з’явіліся кароткія, гладкія й цёплыя пальчыкі, што нельга было зблытаць ні з якімі іншымі. Я трошкі сціснуў іх, і яны выразна азваліся. Тым часам левая рука радасна страпянулася, сустрэўшы незабытую шурпатую і моцную руку Настаўніка. Я чакаў, каб аб ногі пацёрлася Котка, ды нашая чацвераногая танцорка не адгукалася.

Мы танчылі ўтраіх, затым я – так, як некалі даўно, на Гатэлі, калі мы мяняліся месцамі – па-ранейшаму з заплюшчанымі вачыма асцярожна вызваліў рукі, зрабіў крок наперад і развярнуўся. Мае распыленыя рукі чакалі дзвюх новых сустрэч, аднак дзівосы скончыліся. Нас заставалася трое: рука Настаўніка шурпаціла маю правую руку, а ручка Гімнасткі лашчыла левую.

Надышоў момант, у які музыка калісьці загадвала нам абняцца ў танцы за плечы, але я баяўся адпускаць іхнія рукі, каб не страціць тое вернутае адчуванне суладнасці, і мы танчылі да пошуму ластаўчыных крылаў, які абвясціў, што ўсё сканчваецца. Спачатку прысутнасць дарагіх мне рук пачала слабець і ператварылася ў лёгкі эфірны дотык, які, у сваю чаргу, стаўся паколваннем у кончыках пальцаў. Не чакаючы, пакуль ён знікне, я спыніўся і ўзняў рукі ў неба.


38

Прачнуўшыся і згатаваўшы сабе заўсёдную чорную, быццам дзёгаць, кенійскую гарбату, якую можна піць толькі з малаком, я паспрабаваў асэнсаваць падзеі мінулае ночы.

Чаму нас танчыла ўсяго трое? Няўжо гэта азначае, што астатніх няма на свеце? Я не гатовы быў пагадзіцца, што няма нават Коткі, хоць ёй, паводле чалавечых мерак, і было б далёка за сто гадоў. Не хацелася думаць, колькі цяпер астатнім танцоркам з нашага брацтва, ды, выглядала, іхні век, калі не прычынілася чаго благога, не павінен быў скончыцца, і мы ўсе маглі б, як і даўней, дарыць адно аднаму непараўнальную ні з чым радасць. Радасць, якую нам дадзена адчуваць не таму, што мы яе заслужылі, а – дзеля таго, каб ведаць: на свеце існуе, апрача нечалавечай самоты, і ўсёабдымная чалавечая еднасць, няхай вас усяго пяцёра і Котка.

Усе – і Кіяскёрка, і Залацістая Эфа, і нават Котка – павінны вярнуцца, пагатоў я ўжо меў канал сувязі з часам, у які мы, прынамсі некаторыя з нас, яшчэ пачуваліся неўміручымі.


39

У наступнае лета мы пачалі танчыць на беразе вадасховішча, на даху закінутай будыніны, якая нечым нагадвала Гатэль. Вакол яе таксама цягнуўся плот, але адарваных дошак ён меў значна болей, чым ацалелых, і ў ліпені праз іх было відаць, як па той бок згароды малінавымі «шышкамі» зацвітае скрыпень.

Мы зноў дзялілі дах з ластаўкамі, і, калі не лічыць іх, некалькі гадоў нас, танцораў, так і заставалася трое. Пачуццё нейкай вінаватасці перад астатнімі трыма паспела загаіцца. Знікненне Эфы з Кіяскёркаю і Коткай так і засталося без тлумачэння. Бывала, уяўлялася, што там, у нашым горадзе, на адлегласці начнога цягніка, яны, як і мы, у тыя самыя ночы выходзяць на дах і танчаць, бяруць Котку на рукі і плечы, а калі гучыць фінал санаты, іх рукі ўзлятаюць да птушак і зор. І, магчыма, яны гэтаксама думаюць пра тое, што прычынілася з намі, і ўрэшце робяць выснову: усё надзіва проста: яны засталіся, а мы з’ехалі, але калі-небудзь вернемся…

А затым падзеі набылі нечаканае і страшнае развіццё.


40

Аднае начы мая рука сустрэла ў прасторы толькі руку Настаўніка. Другая, шукаючы Гімнастку, злучылася з яшчэ адной знаёмай шурпатай даланёю.

Праглядаючы назаўтра ў інтэрнэце навіны, я здрыгануўся ад загалоўка – «Апошні палёт гімнасткі». У спальным сталічным мікрараёне скончыла жыццё самагубствам выкладчыца фізкультуры, якая раней займалася спартыўнай гімнастыкай. Жанчына, распавядалі суседзі, уражвала дзівацтвамі: хтосьці бачыў яе ўначы на даху, хтосьці прыгадаў, як яна круціла там, на верхатуры, складаныя сальта. Фотаздымка на сайце не было, ды не заставалася сумневу: гаворка пра Гімнастку. Я бясконца пракручваў у памяці ейныя сальта над Гатэлем, калі Гімнастка вылятала за край чорнага квадрата, аднак неверагодным чынам, зрабіўшы ў паветры фантастычны разварот, лёгка апускалася на моцныя зграбныя ножкі, аб якія ўдзячна церлася Котка.

Верыць у самагубства пакутліва не хацелася. Колькі разоў я ездзіў на метро да яе дома, адрас якога знайшоў у стужцы навінаў, хадзіў навакольнымі сцежкамі, шукаў, але так і не знайшоў выйсця на дах. Амаль упэўнены, што тое самае рабіў і Настаўнік.


41

Настаўнік загінуў падчас восеньскага расстрэлу дэманстрацыі, што пасля выбараў павярнула з праспекта да прэзідэнцкага палаца. Ен трапіў у лік забітых снайперамі, якія стралялі па першых шэрагах. Вінтоўкі былі з глушыльнікамі, і напачатку ніхто не зразумеў, што адбываецца: людзі падаюць, а стрэлаў не чуваць. Потым мы кінуліся бегчы, і ў цісканіне смерць сустрэлі яшчэ трое дэманстрантаў.

Замежныя тэлеканалы буйным планам паказалі твары ўсіх застрэленых снайперамі: дзесяці мужчынаў і трох дзяўчат-сябровак. Памыліцца я не мог: светлы, крыху здзіўлены твар з сівізною, якая толькі падкрэслівала радзімую пляму ад пацалунка зоркі. Побач з ёю і ўвайшла куля.

Я выкадраваў і павялічыў ягонае аблічча з выпускнога школьнага здымка, і цяпер Настаўнік пазірае на мяне з кніжнай паліцы. Сталася так, што з-за фота выглядае карэньчык «Марсіянскіх хронік».

Мы з Настаўнікам ведаем: іншая форма душы не ратуе ад смерці, а, наадварот, прыцягвае яе.


42

Пасля той трагедыі здарыўся цуд – вярнулася Залацістая Эфа.

Ейная ядвабная, амаль няўлоўная рука легла ў маю ў першую ж цёплую травеньскую ноч. Рукі лашчыліся, нібы дзве страшэнна засумавалыя ад доўгага расстання істоты.

Яны не маглі нацешыцца адна адной і не хацелі развітвацца й тады, калі танец набліжаўся да канца, і мы пачыналі чуць, як ластаўкі стрыгуць паветра.

Шчасце доўжылася ўсяго тры ночы. Я зноўку застаўся адзін і доўга не мог пазбыцца адчування ўсё меншай сваёй прыналежнасці да звыклага жыцця. Здаралася, я ўяўляў, што Эфа – у тым падземным горадзе-лабірынце, адкуль яна павінна ўратаваць іншага закінутага ў чужы час і чужую прастору вандроўніка, які блукае пад нізкай столлю бяззорнага неба. Можа, там некалі наканавана яшчэ раз апынуцца і мне – каб плысці поруч з Эфай і прачнуцца з фінікавым прысмакам, а мо нават і з костачкай за шчакой.


43

Мая таямніца дагэтуль са мною.

З надыходам траўня душа ўжо прадчувае набліжэнне начэй, калі мае босыя ногі адчуюць шурпатую, як рука Настаўніка, паверхню даха, і я аддамся рытму танца, і знаёмыя ластаўкі, а з імі і ўсе зямныя гукі, аціхнуць, і тады я заплюшчу вочы і раскіну рукі…

Я танчу ў промнях месяцавага святла, калі поўня ўрастае ў зямлю сваімі каранямі, і ў зорныя ночы, што сумуюць без месяца або адпачываюць ад яго. Танчу ў памяць пра юнацтва, пра нашае брацтва, якое будзе жыць, пакуль танчыць хоць адзін з нас.

Танчу ў памяць пра кожнага.

У памяць пра Настаўніка і ягоную іншую форму душы, што знайшла прытулак сярод зорак, адна з якіх калісьці пацалавала яго. У памяць пра Гімнастку, што робіць бясконцае сальта ў вечнасці. У памяць пра Кіяскёрку і яе дом з дзвюма поўнямі на карціне. У памяць пра нашую ласкавую Котку і мае здагадкі, кім яна насамрэч была. У памяць пра Залацістую Эфу, ейны пярсцёнак і наструненых вужоў у высокай траве. У памяць пра надзею на вяртанне яе ядвабных падушачак, якія апякуць руку шчасцем.

І бываюць ночы, калі я напраўду адчуваю: кожны з іх таксама танчыць недзе ў недасяжнай прасторы з такімі ж думкамі й адчуваннямі, што і я, а потым замірае, ускінуўшы рукі.

І бываюць ночы, калі я прысвячаю свой танец усім тым, хто зараз танчыць на дахах у іншых гарадах гэтага і таго свету.

Я танчу ў памяць пра Паэта, які аднойчы прачытаў мне верш і даказаў: паэзія здольная ўплываць на жыццё. І ў памяць пра карузліка, нават калі ён жывы, хоць я чуў, што ён памёр ад тугі па Паэце.

Я танчу ў памяць пра сябе, бо прыйдзе ноч, калі я пачну пашыраць кола свайго танца, пакуль яно не кранецца бездані і дах зноў будзе паўнаўладна належаць толькі ластаўкам, якія пачнуць забываць чалавека, што калісьці без дазволу ступіў на іх тэрыторыю, хоць і з павагаю зняў абутак.

Магчыма, у тую ноч дах тонка запахне аерам, і ногі спачатку будуць асцярожна, каб не паслізнуцца, ступаць па ягоных свежых халаднаватых сцяблінах.

Магчыма…

Але пакуль… Пакуль – я танчу.

25 жніўня 2015 г.

ЧОРНЫ ЧАЛАВЕК НА ЗЯЛЁНАЙ КАНАПЕ

1

Вы, пэўна ж, чулі выслоўе: Habent sua fata libelli, а ў перакладзе з лаціны – Кнігі маюць свой лёс… Яно належыць сучасніку Марка Аўрэлія, старажытнарымскаму граматыку Тэрэнцыяну Маўру і насамрэч мае ці то свядома – калі казаць пра саміх аўтараў кніг, – ці то проста, праз адвечную чалавечую ляноту, прызабыты і амаль згублены ў стагоддзях працяг: адпаведна таму, як іх прымае чытач.


2

Колькі гадоў таму я прыехаў у родны горад, каб нарэшце напісаць аповесць, якая нібыта даўно выспела і прасілася на волю, але класціся на паперу ў сталіцы – з самых розных, як уяўлялася, неістотных прычын кшталту позняй вясны, лёгкага абвастрэння піеланефрыту або дажджлівага чэрвеня – катэгарычна адмаўлялася. Калі ўжо тут прагучала метафара спеласці, можна сказаць, што яна, яшчэ не перакладзеная на словы аповесць, сапраўды нагадвала спакуслівы, залацістабокі, з румянцам яблык, якому, тым не менш, хочацца даць трошкі часу, каб ён за пару пагодлівых дзён стаўся наліўным і паказаў бы ў глыбіні жывога светлага бурштыну цёмныя кропелькі зярнятак, дзе запісаныя таемныя сэнсы, датычныя і гэтага плода, і яблыні, і цэлага саду.

У выніку было вырашана – пагатоў на небе нарэшце трывала атабарылася сонца – скарыстацца ад’ездам сястры ў адпачынак і, як ужо не раз бывала, ператварыць у кабінет адзін з пакояў ейнай вялікай чатырохпакаёвай кватэры, што засталася нам у спадчыну ад бацькоў на трэцім паверсе пяціпавярховіка з зацішным зялёным дваром, спакой якога, праўда, цяпер парушала аўтапаркоўка каля суседняга гатэля.

Дом з аднаго боку стаіць блізка ад Дзвіны, а з другога – ад ляснога возера. Такім чынам, у перапынках паміж працай я мог не толькі выпраўляцца на бястлумную праходку, але і дасхочу плаваць, выбіраючы, залежна ад настрою, раку з моцнай пругкаю плынню ці азёрны спакой у атачэнні ялін і хвояў.


3

Першы ж дзень на самоце засведчыў, што інтуіцыя не падманула: увечары паўтузіна спісаных і скрэмзаных старонак легла са стала на падваконне. Тут трэба патлумачыць, што я здавён старамодна пішу пачатковы варыянт ад рукі асадкай і адно потым прысаджваюся да камп’ютэра.

Мой светлы драўляны стол месціўся пры вакне ў таксама светлым сонечным пакоі, куды трапляеш з доўгага і прасторнага калідора, што адначасова служыць і вітальняй. Злева ад стала роўнядзь зеленаватай сцяны займаюць ясеневыя кніжныя шафы з некалькімі паліцамі нашых з сястрою дзіцячых кніг, што робіць пакой асабліва прытульным.

Калі сядаеш за стол, за спінай апынаецца зялёная велюравая канапа з трыма падушкамі. Туды, на канапу, падчас маіх прыездаў звычайна перасялялася сястра, саступаючы мне шырокі ложак у колішняй бацькоўскай спальні, што ў канцы калідора направа.


4

Тэрэнцыян Маўр, а разам з ім і вядомы афарызм засталіся ў гісторыі дзякуючы вершаванаму трактату «Пра літары, склады, і метры Гарацыя». Імя аўтара сведчыць пра паходжанне з рымскай правінцыі Маўрытаніі, абшар якой сённяшнія навукоўцы называюць краінамі Вялікага Магрыбу. Іначай кажучы, Тэрэнцыян быў цемнаскурым маўрам, або, па-нашаму, мурынам.


5

Кожны літаратар ведае: сумовіцца з аркушам паперы, што палохае цнатлівай нерушшу, або з маніторам камп’ютэра, які асабіста мяне напачатку злёгку жахае, бо, дзякуючы вочку відэакамеры, падаецца амаль жывой істотай, – занятак не з самых лёгкіх. Таму, сказаўшы, што працаваў з насалодаю і не зважаў на гадзіннік, я апынуўся б далекавата ад ісціны. Я не забыўся ні разагрэць пакінуты сястрой на першы выпадак абед, ні спусціцца да паштовай скрыні, ні – дзеля моцнай чорнай гарбаты з цытрынай, мёдам і тэленавінамі на канале Euronews – патануць тры разы ў сваім улюбёным скураным фатэлі ў гасцёўні.

Але тое, што адзін з калег называў неспадзяванкаю душы, а другі – больш квяціста і нясціпла – пошумам анёльскіх крылаў, усё ж здарылася.

Пасля гарбаты а пятай адчуванне часу неўпрыкмет знікла. Нягледзячы на цудоўнае надвор’е і падрыхтаваныя ручнік з плаўкамі, я забыўся і пра паход на Дзвіну або на возера, і пра вячэру, на якую сястра пакінула, відаць, з намёкам – маўляў, не размаўляй, а пішы, – вараны цялячы язык.

Не буду ідэалізаваць сябе: пра вячэру я ўспомніў. Адчувалася, што яшчэ здатны з разгону напісаць старонку-паўтары новага раздзела, якія ўжо бачыў перад сабой, прычым менавіта так – старонку і ладны хвост на наступнай, – ды абмежаваўся тым, што зрабіў накід з падкрэсленымі словамі-ключыкамі, якія заўтра мусілі адамкнуць цэлыя абзацы.

Прыстоіўшы каля кніжных шафаў, я з удзячнасцю правёў рукой па карэньчыках выданняў на трох верхніх паліцах, дзе заслужана адпачывала чытанае-перачытанае ў дзяцінстве. Пальцы прайшліся па ружовых тамах Вальтэра Скота і блакітных Аляксандра Грына, затрымаліся на чорных, як і належыць, томіках Эдгара По…

У зборы твораў Фенімора Купера адной малахітавай кнігі не хапала: яе нахабна, ледзьве не на вачах, сцягнуў некалі, схаваўшы за пазуху, мой аднакласнік, апантаны гульнямі ў індзейцаў, сярод якіх ён зваўся братам Вялікае Вуха. Аднакласнік даўно жыў у Амерыцы і трымаў недзе на мяжы з Канадаю рэстаран. Магчыма, усміхнуўся я, такому лёсу паспрыяў якраз скрадзены том, і купераўскія матывы гучаць у інтэр’еры ягонай харчова-пітной установы. Мо і сама тая кніга знайшла пачэснае месца паміж аўтэнтычнымі тамагаўкамі і, трэба спадзявацца, несапраўднымі скальпамі бледнатварых ворагаў. Цікава, які ў Вялікага Вуха спіс страваў? Ці знойдзецца штосьці з таго, чым кармілі нас маці ў маленстве? Напрыклад, класічны прыдзвінскі дэсерт – халодная вараная бульба з бруснічным сочывам?


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю