Текст книги "Танцы над горадам"
Автор книги: Уладзімір Арлоў
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 4 (всего у книги 8 страниц)
Урэшце думкі пра ежу скіравалі мяне на кухню, уваход у якую знаходзіўся цераз калідор і трохі наўскос ад кабінета. За вакном апусцілася на горад мяккае і ўтульнае ліпеньскае сутонне, і па двары, павольна запаўняючы сабою ўсе закуткі, плыла ціша. У абладзе ціхай радасці ад таго, што ведаю, як узяцца за тэкст заўтра, я меўся аздобіць вячэру параю келіхаў прывезенага з сабой чылійскага шыразу.
6
Там, на кухні, разглядваючы вінную этыкетку, я і адчуў, што ў кватэры прысутны хтосьці яшчэ. Раптоўнае адкрыццё змусіла перахапіць неадкаркаваную пляшку за рыльца. Пасля кароткага роздуму я перакінуў гэтую зброю ў левую руку, у правай сціснуў самы вялікі кухонны нож і асцярожна ступіў у калідор.
Першае павярхоўнае абследаванне кватэры не прынесла ніякіх вынікаў. Надзейныя дубальтовыя дзверы на лесвічную пляцоўку былі на моцнай металёвай засаўцы. Пластыкавыя вокны прачыненыя зверху, і ў іх, апрача мух і камароў, маглі заляцець хіба што матылёк і, пры моцнай ахвоце, верабей.
Але адчуванне чужой прысутнасці не пакідала, а рабілася мацнейшым. Яно прымусіла рассунуць у спальні дзверцы шафы-купэ і перабраць вешакі з сестрынымі сукенкамі, каб упэўніцца, што за імі або ў іх саміх ніхто не затаіўся. Зазірнуўшы дзеля прыліку пад ложак і напалохаўшы порсткага павучка, я з парога зноў уважліва абвёў позіркам гасцёўню. Упэўніўся, што нікога няма ні ў кабінеце, ні ў маленькім пакоі паміж спальняй і кухняй, які некалі служыў у бацькоў спальняю для гасцей. У вітальні я падміргну ў расхваляванаму чалавеку ў вялікім авальным люстры. Чалавек з люстра міргнуў у адказ, тым самым сведчачы, што з ягонай прасторы ў маю ніхто пакуль што не патрапіў. Праінспектаваўшы прыбіральню з лазенкай, я вярнуўся да круглага кухоннага стала і ўсё ж вырашыў – перадусім дзеля супакаення – выпіць віна. Перапрацаваўся, – паспрабаваў я ўголас растлумачыць свой стан, ды атрымалася зусім непераканаўча.
Корак з пляшкі выйшаў так звонка, нібы шніпар быў у руках у некага іншага. Нервы… Яно, можа, і не дзіва, калі ўзяць пад увагу, што ты пішаш.
Мая аповесць, умоўна кажучы, прысвячалася самнамбулам. Спярша гэта былі трое дарослых – Настаўнік, Залаціставалосая і Кіяскёрка, а таксама двое падлеткаў – Гімнастка-васьмікласніца і крыху старэйшы за яе хлапчук, ад імя якога і распавядалася тая гісторыя. Ён быў адзіны, хто, прачнуўшыся, усё памятаў, таму што раней бачыў адбытае і на яве.
Самнамбулы збіраліся з розных канцоў горада на даху недабудаванага закінутага гатэля і танчылі пад зоркамі, каб пасталець, згубіцца ў вялікім свеце і зноў – каму пашанцуе – сустрэцца ў маўклівым паўночным танцы ў памяць пра тых, хто танчыць на дахах ужо ў тагасветных гарадах. Разам з людзьмі ад самага пачатку танчыла Котка – нібыта звычайная трохколерная бела-чорна-рудая рыска, аднак з дзівосна доўгім хвастом, які, перакінуты на спінку, даставаў да вушак. Потым у аповесці павінны былі з’явіцца яшчэ два нешараговыя персанажы – Паэт і карузлік.
Шыраз трапіўся сапраўдны – густы, цёмнафіялетавага колеру, букет, як і ўласціва гэтаму віну, бліжэйшы не да садавіны, а да спецыяў, з выразнымі смакавымі адценнямі шакаладу і чорнага перцу. Адмыслоўцы, згадалася мне, нездарма называць шыраз віном пачуццёвым ці нават непрыстойным.
Ды падмануць сябе не ўдалося: думкі пра віно існавалі самі сабой, а ўся істота наструнена прыслухоўвалася да кватэры, прымушаючы ўнутраны зрок зноў, пачаўшы ад спальні, сканаваць пакой за пакоем.
Праз колькі імгненняў келіх з віном ледзь не выпаў з рукі. Цяпер я ўжо напэўна ведаў: хтосьці ў кабінеце. Прысутнасць гэтага кагосьці лакалізавалася на зялёнай велюравай канапе. Вольна адкінуўшыся на падушкі і паклаўшы нага на нагу, на канапе сядзеў… абсалютна чорны чалавек.
7
Каб авалодаць сабой, я зрабіў глыток, затым другі і трэці. Шыраз цалкам страціў нядаўнія ўласцівасці, перайначыўшыся ў шараговае пітво айчыннай фірмы Ambassador; якая з аднолькавай сыравіны паспяхова вырабляла амаль што ўсе на свеце віны. Я механічна дапіў келіх і падняўся. Сказаўшы, што дзейнічаў рашуча, я нахабна б схлусіў. Праўдзівым было іншае слова – зацкавана. Аднак я зрабіў некалькі крокаў, выйшаў у калідор і, таймуючы сэрца, асцярожна зірнуў у прачыненыя дзверы майго часовага кабінета. Як і чакалася, там нікога не было. І разам з тым ён, бясспрэчна, знаходзіўся ў гэты момант на канапе.
Зноў апынуўшыся на кухні, я зразумеў, што здолеў разгледзець яго лепей. Першы раз здалося, быццам Чорны чалавек голы, але на ім выявілася нешта накшталт цёмнаатрамантавага, з лёгкім серабрыстым адлівам трыко. На нагах ён меў чорныя, нізкія і пляскатыя пантофлі з даўгімі, загнутымі ўгару мыскамі. Такі абутак можна ўбачыць на палотнах старых майстроў ва ўборах прыдворных блазнаў, хоць мой няпрошаны госць выдаваў на каго заўгодна, але не на блазна. З тае прычыны, што ён сядзеў, рост вусцішнага візітанта заставаўся нявызначаным, і пра яго мне наканавана было даведацца адно праз два тыдні.
Спадабаўшыся самому сабе, я даволі спакойна выпіў другі келіх шыразу. Рука не трымцела, віно вярнула сабе смакавыя якасці і прыемна паколвала язык.
Чорны чалавек, які рабіўся невідочным, калі я зазіраў у кабінет, і матэрыялізоўваўся, як толькі я адводзіў пагляд, ані не нагадваў абліччам мурына – ні класічнага жыхара экватарыяльнай Афрыкі, ні чарнаскурага амерыканца. Не выдаваў ён – тут, мяркую, са мною пагадзіўся б і Тэрэнцыян Маўр – і на жыхара Магрыбу, дзе мне калісьці пашчасціла тыдзень павандраваць і нават выключыць з гульні двух скарпіёнаў.
Еўрапейскія рысы твару, у меру высокі лоб, прамы, з няўлоўнаю гарбінкаю нос. Валасы кароткія, аднак не ў дробныя кудзеркі, як руно, а – густы падрослы вожык, і такая самая кароткая кучаравая бародка. Вызначыць колер вачэй у прыцемку не ўдалося, але яны падаліся агатавымі, не, лепей сказаць – чорнаслівовымі.
8
Выратавальную, як выглядала спачатку, думку – затэлефанаваць некаму з сяброў і, вымысліўшы праўдападобную прычыну, папрасіцца нанач – я цвёрда пастанавіў не разглядаць. Па-першае, час набліжаўся да поўначы. Па-другое, хатні тэлефон стаяў на паліцы ў кабінеце, і тамсама, на стале побач з рукапісам, я пакінуў мабілку. Па-трэцяе, госць, хоць і ствараў у кватэры напружанне, відавочна не ўяўляў сабой непасрэднай пагрозы.
Апрача таго, кожны з нас знойдзе ў памяці прынамсі адно здарэнне, якое аніяк немагчыма вытлумачыць у звыклай сістэме матэрыялістычных каардынат.
Карацей, ад намеру сысці да сяброў, або на недалёкі адчынены ўначы аўтавакзал, або проста на лавачку ў парку каля ракі, бо ноч была аксамітава цёплай, я адмовіўся. І не без палёгкі. Едучы да сястры, я пастанавіў унікаць сустрэч са знаёмымі, каб не парушыць неабходнай адзіноты. Дый адваротны варыянт – сыход з дому – стаўся б маладушнымі ўцёкамі. Хто ведае, што атрымалася б у выніку. Напрыклад, ці не была б кватэра, калі я вярнуся, зачыненая на засаўку з сярэдзіны?
Дзеля смеласці я выцадзіў новы келіх віна, пасля чаго досыць бадзёра накіраваўся ў спальню, дзе, зачыніўшы дзверы, прылёг на неразасланы ложак і вымкнуў святло. Адчуванне ягонай прысутнасці не пакідала. Круцячыся на ложку, што зрабіўся страшэнна мулкім, не раўнуючы, як у матрац нехта падступна насыпаў жвіру, а падушку наладаваў пілавіннем, я ўспомніў маміны вяртанні.
Пасля пахавання мамы сястра штоночы прачыналася роўна ў дваццаць хвілін на трэцюю ад таго, што адчувала несумнеўнае маміна з’яўленне. Яна тады спала ў маім цяперашнім кабінеце, бо мама прамовіла апошнія словы якраз там, дзе я зараз варочаўся з боку на бок, страціўшы ўсякі спадзеў знайсці зручнае месца. У сваю сённяшнюю спальню сястра перасялілася толькі пасля ўгодкаў мамінай смерці.
Мама заўсёды вярталася сюды, у пакой, дзе развіталася з намі, затым, паводле слоў сястры, выходзіла ў гасцёўню і доўга стаяла там каля вакна, гледзячы ў яго праз свае акуляры з чарапахавай аправай, ды ніколі не пераступала парогу вітальні.
Першыя дні сястра баялася, а потым прывыкла, аднак да трэцяе гадзіны ночы – пакуль мама не развітвалася з роднымі сценамі – ляжала без сну. Але ў адну з начэй не прачнулася, і мама з яе паслясмерця больш ніколі не завітвала.
З візітамі мамы было збольшага зразумела. Яна, пакуль канчаткова не знайшла сабе месца ў новых, таемных для нас сферах, прыходзіла дамоў. Адкуль жа і чаму акурат у нашай кватэры з’явіўся Чорны чалавек? Што ў яго за мэты? З якой такой прычыны ён абраў менавіта кабінет? З сумам падумалася, што мара вярнуцца дахаты з новай аповесцю мае высокія шанцы пайсці дымам.
9
Трэба было неяк датрываць да раніцы. Мой лёгкі хмельны кураж тым часам стаўся ўспамінам, але задача выглядала цалкам рэальнай, паколькі Чорны чалавек не дэманстраваў варожых намераў.
Я падняўся і выйшаў у калідор. Зачыніў дзверы ў гасцёўню, зрабіў тое самае з усімі астатнімі, акрамя дзвярэй кабінета і кухні, да якіх не рызыкнуў набліжацца. Пасля, зачыніўшыся ў спальні, разаслаў ложак, разнасцежыў вакно, што выходзіла на паркоўку пры гатэлі, і лёг. Позняй парою паркоўка, на жаль, азвалася не ўтульнымі зямнымі гукамі, якіх прагла знерваваная душа, а густой глыбокай цішынёю.
Каб заснуць, я паспрабаваў вынайдзены ў гады студэнцтва досыць дзейсны спосаб: у адваротным парадку, ад апошняга да першага, згадваць імёны нашых вялікіх князёў і каралёў. Звычайна ўжо недзе на сярэдзіне, прыкладна на Жыгімонце Аўгусце або на ягоным бацьку Жыгімонце Старым, жанатым з італійкаю Бонай Сфорца, думкі пачыналі блытацца ў прадчуванні блізкай дрымоты, і астатнія манархі маглі адно прысніца. Гэтым разам мае намаганні скончыліся тунна. Аўгусцейшыя асобы, пакінуўшы старадаўнія партрэты і няроўна пашыхтаваўшыся, кпліва зіркалі на бяссонніка, а Бона з нялюбай нявесткаю Барбарай Радзівіл нечакана аб’ядналіся ў непрыхавана здзеклівым смеху.
Дапамога з’явілася, адкуль я яе не чакаў. У начной вусцішы натхнёна зазвінеў і спікіраваў на мяне камар. Ён падаўся стварэннем бясконца зямным, блізкім і родным. Беспаспяховае, але шчаслівае змаганне з камаром і дазволіла заснуць.
Я не назваў бы сон спакойным і ціхамірным. У ім мроілася, што я ўскокваю ад рыпення дзвярэй і вачам адкрываецца іхні пусты прахон, які, між тым, зусім не пусты. Па-сапраўднаму глыбока заснуць удалося тады, калі ў вакно разам з радасным званком самага ранняга трамвая нарэшце зазірнуў світанак.
10
Раніца падаравала развітанне з тэатрам сціхотных ценяў. Дапамог і кароткі начны дождж, што пакінуў мокрыя газоны ды лужынкі на падсохлым асфальце, якія павінны былі вось-вось дазвання знікнуць разам з рэшткамі трывогі. Яшчэ лежачы ў ложку, я мог бы прысягнуць, што больш у кватэры нікога няма.
Паснедаўшы аўсянкай, я з кубкам гарбаты і сліўкай у шакаладзе за шчакой смела зайшоў у кабінет. На сонечнай стальніцы, як і на зялёнай канапе, нічога – калі не лічыць, што разрадзіўся сотавы тэлефон, – не перайначылася. Акурат затэлефанавала з санаторыя сястра. Мы паразмаўлялі на звычайныя ў такіх выпадках тэмы, і я лёгка развітаўся з прамільгнулым жаданнем запытацца штосьці накшталт: Ці не заўважала ты калі-небудзь у пакоі з кнігамі нечага дзіўнаватага?
Словы-ключыкі пачалі пераўвасабляцца ў сказы і абзацы раней, чым я сеў за стол. Начныя прыгоды надзіва не заміналі, а – прынамсі, хацелася так думаць – абвастрыўшы пачуцці, спрыялі руцэ з асадкай. Нечаканы візітант цяпер успрымаўся чымсьці сугучным маім таксама начным героям, маленькая сябрына якіх удзень распадалася на незнаёмых між сабою чужых людзей.
Нядаўняя прысутнасць Чорнага чалавека ніяк не адчувалася ці, можа, выявілася адно ў тым, што я зноў, ды ўжо асэнсавана, не пайшоў купацца. Урупіўшыся ў тэкст, проста забыўся на начнога госця, але, калі за вакном зашарэла, у душы зварухнуўся неспакой. Чорны чалавек зараз не выглядаў плёнам гульні ўяўлення, якое ўчора на знак падзякі ці пакарання за нешта намалявала тую невераемна жывую карціну – ажно да адметна загнутых мыскоў блазенскіх пантофляў.
І надышоў момант, калі ўва мне прагучаў выразны загад ставіць на сёння кропку, іначай у кабінеце можа зрабіцца зацесна. Без панікі адступаючы на кухню, я не забыў прыхапіць мабілку, халаднаватая пластыкавая рыбінка якой прыкметна дадавала ўпэўненасці.
11
Чорны чалавек з’явіўся той самай парою. Праўда, цяпер ён сядзеў на канапе не закінуўшы нага на нагу, а роўна, з пакладзенымі на калені рукамі. Яго сур’ёзная і ў адначас мірная пастава спадабалася мне значна болей, хоць, зрэшты, што тут магло асабліва падабацца?
Удзень я з дому не выходзіў, таму вячэра была падобнай да ўчорашняй як дзве кроплі вады. Праўдзівей – не вады, а віна, бо разам з рэшткамі халоднага языка чакаў недапіты шыраз. Зрабілася ясна як божы дзень, што Чорны чалавек – наведнік невыпадковы і датычна яго трэба выбудаваць адпаведную лінію паводзін. Няхай, вырашыў я, гэта будзе палітыка асцярожнага нейтралітэту з магчымымі дыпламатычнымі кантактамі.
Калі б Чорны чалавек паседжваў на канапе раней, сястра неадменна б папярэдзіла мяне і без лішніх роспытаў. Адсюль вынікала, што ягонае з’яўленне звязанае якраз з маім прыездам і, відаць, з тым, чым я займаюся.
Перад сном я зачыніўся ў спальні і паспрабаваў чытаць захопленага з дому Марка Аўрэлія. Утульны томік разгарнуўся на кнізе сёмай: Усё матэрыяльнае вельмі хутка знікае ў сусветнай сутнасці… І памяць пра ўсё не менш хутка знаходзіць сваю магілу ў вечнасці. Не сказаць, каб сентэнцыя надта спрыяла добрым снам. Я перагарнуў некалькі старонак. Уяві, што ты памёр, што жыў толькі да гэтага моманту… Дачытаўшы да канца, я быў узнагароджаны: …а час, што табе застаўся, успрымай як дадзены звыш адмеранага і жыві ў ім згодна з прыродай.
Я нечакана супакоіўся: жыві ў ім, жыві ў ім… і на мяжы явы і сну працягнуў: жыві ў ім… пры ім… за ім… над ім… ім… Думкі блыталіся, ды, адплываючы ў сон, я паспеў згадаць дасціпна заўважанае калісьці, што імператар Марк Аўрэлій стаўся адно выпадковасцю, якая напаткала філосафа з тым самым імем. Прысніцца можаце абодва, – запрасіў я, але з Маркам Аўрэліем у тую ноч спаткаўся хтосьці больш шанцоўны.
12
Штораніцы з кубкам першай, наймацнейшай за цэлы дзень гарбаты я перачытваў напісанае напярэдадні і вяртаўся да сваіх танцораў. А мо гэта яны вярталіся да мяне, і я па чарзе нейкай часткаю істоты ператвараўся ў аднаго ці ў адну з іх, не мінаючы і Коткі. Каб перанесціся ў іхні свет, часам я нават пачынаў танчыць, робячы зусім маленькія, адпаведныя памерам кабінета колы. Нарэшце хтосьці з маіх нябачных, ды ўсё больш адчувальных партнёраў дакранаўся мне да рукі або да пляча. Гэта і служыла знакам таго, што вяртанне здзейснілася. На колькі гадзін я забываў і пра Чорнага чалавека, і, калі выпадала шчаслівая карта, пра ўсё астатняе.
13
Травеньская ноч была цёплая і чуйная. Шчыльныя аблокі захінулі месяц і зоркі, аднак, ратуючы наваколле ад цямрэчы, злёгку свяціліся самі. Як звычайна, мы збіраліся па адным, але Залацістая з Коткай заўсёды чакалі астатніх каля квадратнага люка, усё роўна як і не пакідалі даха з мінулага разу.
Тонка праспявала нябачная страла, і ўслед за ёю недзе ўзляцела рука таямнічага дырыжора. Узляцела і застыла ў найвышэйшай кропцы, каб праз няўлоўнае імгненне даць сігнал музыкам…
Мы паспелі прайсці некалькі колаў, мяняючы хуткасць ды кірунак і пакрысе напаўняючы танец усё большай энергетыкай, як раптам нас зрабілася не шасцёра, а сямёра.
У паветры ціха прашамацелі крылы, і на плячук Гімнасткі апусцілася дзіўная начная птушка, падобная да грака, але з двума ярказялёнымі пералівістымі пёрамі на баках і такой самай аблямоўкаю чорнай шыі. Трэцяе пяро – доўгае і вузкае, спакойнага салатавага колеру – птушка трымала ў дзюбе. Прыгледзеўшыся, я зразумеў, што гэта не пяро, а стрэлка аеру.
Як выглядала, ні Гімнастка, ні хто-небудзь яшчэ з танцораў, апроч мяне, не заўважыў нябеснай госці. Адно Котка наструнілася і наставіла поўсць так, што стала добра відаць ейная абсалютна круглая ружовая плямка-пячатка, выпаленая некім ці нечым на падчарэў’і справа. Але праз хвілю наша пільная чатырохногая танцорка ўжо ўсім сваім выглядам паказвала, што ніякае небяспекі яна не адчула.
Птушка не замінала танцу, і ён ні на момант не перапыняўся – ні тады, калі мы мяняліся месцамі, ні тады, калі, працятыя сціхотнай самотаю, браліся за рукі. Толькі перад тым як – быццам на нечы загад – мы павінны былі абняць адно аднаго за плечы, зрабіўшы нашае кола зусім вузкім, птушка паднялася ў паветра. Трымаючыся кірунку агульнага руху і не выпускаючы аеравай сцяблінкі, яна пачала лётаць над намі нізкімі коламі – нібы таксама брала ўдзел у танцы.
Калі невідочныя музыкі, папярэджваючы нас пра небяспеку, зайгралі зусім ціха і мы яшчэ раз узяліся за рукі, каб далей танчыць, заплюшчыўшы вочы, птушка зноў апусцілася на плячо Гімнасткі. Няўжо наша зялёнапёрая госця наперад ведала, што цяпер яна найбольш патрэбная менавіта дзяўчынцы, што на сваіх цёплых спружыністых ступачках найчасцей датанцоўвала да самага краю?
Птушка заставалася з намі да той хвіліны, калі напрыканцы мы ўскінулі рукі да зорак…
14
У наступны, спякотны, як і папярэднія, дзень нарэшце ўдалося надвячоркам сустрэцца з возерам.
Заўсёдна адплыўшы падалей ад невялікага пляжу і базы вадналыжнікаў, я перавярнуўся на спіну, раскінуў рукі ды, унармаваўшы дыханне, пакінуў вачам толькі неба. Па ім плыла ўсяго адна круглявая белая аблачынка. Манада, – падумаў я. Маё небездакорнае параўнанне, магчыма, упадабаў бы знаёмы філосаф, які аднойчы, седзячы ў позе лотаса, паведаміў: Людзі ўжо не цікавяць. Выключна аблокі. Мяне, адрозна ад філосафа, пакуль што займалі і людзі, а таксама падобныя да іх істоты, прынамсі адна, сустрэча з якой чакала ўвечары.
Небу, цікавасць да якога пакуль не зрабілася непадзельнай – нібыта яно прачытала мае думкі, – заманулася трохі пазабаўляцца. Чародка аблокаў, што з’явілася з-за зубчатага краю лесу, неўзабаве пачала пераўтварацца ў невялікі бестыярый: першая аблачына набыла абрысы грыфона, другая выдавала на кентаўра, за ім даволі шпарка рухаўся велізарны вусень, які ўвачавідкі дзяліўся на мудрагелістыя часткі, якія мелі нешта агульнае з маімі танцорамі на даху і нават з начным госцем…
Ідучы лясной дарогаю, я быў гатовы да першых эксперыментаў. З часам разлічыў дакладна і на нашым трэцім паверсе быў, маючы ў запасе прыкладна гадзіну.
Пад правую руку Чорнаму чалавеку, калі ён зойме заўсёднае месца, я паклаў томік Марка Аўрэлія. З супервокладкі ў скептычным здумленні пазіраў сам барадаты мысляр, які нібы падказваў разгарнуць кнігу на сотай старонцы.
Вока прабеглася пачаткамі абзацаў: Не аддавайся цалкам палёту свайго ўяўлення… Куды б ні патрапіў, можаш быць шчаслівы… Гучала надзіва жыццесцвярджальна.
Другі эксперымент здаваўся больш складаным. На іншым краі канапы я, запрашаючы Чорнага чалавека ацаніць плён маіх трохдзённых намаганняў, пакінуў акуратны стосік спярэшчаных дробнымі радкамі аркушаў, спачатку падступна ператасаваўшы іх, як калоду карт.
Трэці тэст можна назваць хуліганістым: на стальніцу насупроць звыклага госцевага месца быў пастаўлены келіх віна.
У той вечар я не зачыніў перад сном ніводных дзвярэй. Прычынаю паслужыла не дапітая новая пляшка шыразу, пасля якой планавалася весці цвярозы – ажно да апошняга сказу – лад жыцця. І, пагатоў, не сюжэт з вечаровага выпуску тэленавінаў, дзе светласкуры кат ісламістаў, відавочны еўрапеец, рыхтаваўся адсекчы галовы тром палонным лівійцам, такім чынам закрываючы ім шлях у мусульманскі рай з гурыямі ў вечназялёных садах. Рэч у іншым: я ўжо ўспрымаў Чорнага чалавека часткаю майго свету, непазбежнасцю, з якой наканавана суіснаваць, не губляючы годнасці, а нават гумару і самаіроніі.
15
Марк Аўрэлій сустрэў уранні разгорнутым на той самай старонцы. Аркушы ў стосіку не былі раскладзеныя па парадку, а віна ў келіху паменела роўна на столькі, колькі паспелі выпіць дробныя мушкі, што прыляцелі ад кухоннай вазы з садавінай і прывіталі мяне, шчасліва боўтаючыся ў шыразавай нірване.
Зрабілася, далібог, смешна з таго, што яшчэ ўчора мае, далікатна кажучы, навылёт сумнеўныя эксперыменты ўспрымаліся сур’ёзна і важка. Можна ўявіць, што начны візітант, пашамацеўшы кнігай, не даўмеецца пакінуць яе на тым самым разгорце… Зрэшты, метафізічным стварэнням, да якіх ён, бясспрэчна, належаў, зусім неабавязкова перагортваць старонкі, каб даведацца іхні змест, гэтаксама як і няма ніякай рахубы раскладаць паводле нумарацыі пераблытаныя старонкі, каб прачытаць першыя раздзелы аповесці.
Тым не менш я ўцягнуўся ў гульню і штодня прыдумляў нешта новае. Напрыклад, у стосе старонак чарнавіка кожную цотную клаў дагары нагамі або хаваў кожную няцотную паміж тамамі Эдгара По. Трэба, дарэчы, зацеміць, што пакінутая на пісьмовым стале мабілка, адрозна ад першае ночы, ніколі не разраджалася, сведчачы, што тады тое здарылася выпадкова.
Неяк па дарозе з возера памяць падсунула задаўненую гісторыю пра знаёмага мастака, з якім калега вёў зацятую вайну за майстэрню. Стратэгічнай зброяй быў абраны блакітны парашок, якім пасыпалася падлога ў калідоры. На парашку адбіваліся сляды жаночых туфлікаў, што давала падставы абвінавачваць канкурэнта ў амаральных паводзінах. Ідэю з парашком – хоць і звабліва было б убачыць сляды шырокіх пантофляў з загнутымі мыскамі – я адкінуў, злавіўшы сябе на думцы, што калі б Чорны чалавек сёння, вядома, па-свойму, метафізічна, не матэрыялізаваўся, мне б яго не хапала.
16
Безумоўна, вашае права не даваць мне веры, не чытаць далей або дачытаць і лічыць аўтара ціхім вар’ятам з літаратурнымі схільнасцямі. Але, на шчасце, тая гісторыя ў спякотным ліпені мінулага года напраўду здарылася, што нейкім чынам пацвярджае і сам гэты тэкст.
17
Аповесць, між тым, напоўнілася героямі ды падзеямі і жыла сваімі барвамі, пахамі і гукамі. Апошніх атрымлівалася меней, чым зазвычай, бо самнамбулы танчылі ў поўнай, калі не лічыць посвісту ластаўчыных крылаў, маўкліні.
Не сказаў бы, што пяро лётала па паперы, аднак яно не буксавала, не захрасала ў небяспечнай субстанцыі тэксту, не прыводзіла нявызнанымі сцежкамі да тупіковага завулка з крапівой і дзядоўнікам, куды прагнецца закінуць ненавісны рукапіс, каб назаўсёды забыць пра яго.
Чорны чалавек наўрад ці, як уявілася напачатку, дапамагаў. Ён, мо таму, што з’яўляўся ўвечары, не падказваў нечаканых сюжэтных хадоў, але і не пярэчыў напісанаму. Аднаго разу ён не сядзеў на канапе, як раней, а прылёг на яе нагамі да дзвярэй, закінуўшы рукі за голаў. Колькі разоў, трохі лякаючы мяне, ён стаяў у сутонні насупроць кніжных паліцаў. Але ніколі не пакідаў кабінета, дзе на начныя гадзіны рабіўся паўнаўладным гаспадаром. Ён не ўмешваўся, а толькі прысутнічаў. Тут хавалася свая таямніца, і я думаў, што без Чорнага чалавека жыццё плыло б сумнавата. Больш за тое: я пачаў адчуваць да пунктуальнага госця нешта кшталту ўдзячнасці, што, зрэшты, не замінала працягваць гуляцца ў свае дзіцячыя, па сутнасці, эксперыменты.
Дайшло да таго, што – у апошні момант, калі Чорны чалавек ужо быў у дарозе, – я паставіў на пісьмовы стол знойдзеную ў сястры недапітую бутэльку каньяку з двума кілішкамі і хуценька напісаў цыдулку: Дабранач! Калі захочацца, наліце і гаспадару.
Бліжэйшыя падзеі паказалі, як легкадумна я паводзіўся.
18
Таго дня падчас выправы на возера мне заманулася замест традыцыйнага заплыву ўсцяж берагавой лініі здзейсніць невялікае падарожжа на другі бок, дзе, паводле маіх разлікаў, зацвілі белыя лілеі.
Я неблагі плывец і, здаралася, перамерваў не надта шырокае ў тым месцы возера па тры разы туды і назад без адпачынку. Прычым добра ведаў, што на процілеглым баку з ягоным бузяна-багністым дном выходзіць на бераг не проста непрыемна, але і вельмі небяспечна. У вечна каламутнай вадзе там таілася мноства карчоў, таплякоў і цэлых дрэваў, абрынутых з падмытага краю.
Зрэшты, я дакладна ведаў, адкуль паварочваць назад, што, праўда, аднойчы неўратавала. Два гады таму, плывучы на спіне, я безразважна захапіўся і моцна параніў сябе аб схаваны пад вадой слізкі і востры, бы корд, сук, на якім пры іншым збегу абставін мог бы павіснуць, як рыбіна на кручку. Назад, пакідаючы рудаваты ад крыві след, я з астатніх сіл плыў кролем, а на беразе напалохаў афіцыянтак летняй кавярні, куды прыбег перавязаць рану.
Цяпер ні на хвілю нельга было выпускаць з-пад увагі надзейную для такой пары дня прыкмету: доўгі густы цень, што адкідала ў возера нечакана высокая і стромкая для дрыгвяністага берага яліна. Калі ўявіць сябе караблём, цень мог служыць бакенам, за якім ляжала небяспечная частка акваторыі.
На сярэдзіне возера я лёг на спіну і доўга гайдаўся на хвалях ад катараў вадналыжнікаў, што наразалі вакол мяне далёкія кругі. Выдатна памятаю: сумоўе з небам у той дзень дарыла невераемна моцнае, як ніколі раней, адчуванне, што наперадзе сапраўды цэлая вечнасць.
Далей я, поўнячыся шчасцем ад суладнасці душы з целам, лёгка паплыў таксама на спіне, а адчуўшы набліжэнне берага, перайшоў на павольны брас.
Наперадзе паказалася спачатку цёмназялёнае, з ружаватым сподам круглае лісце, а затым і самі лілеі, што яшчэ радаваліся нізкаму сонцу. Я наважыўся даплысці да першых кветак, балазе сіні цень ад яліны ляжаў далекавата. Хацелася выбраць буйную, шчодра расцвілую лілею, асцярожна ўзяць яе ў руку і, заплюшчыўшы вочы, удыхнуць тонкі непаўторны водар, што з дзяцінства хваляваў душу, нараджаючы несканчоныя ланцужкі ўспамінаў і асацыяцый.
Да найбліжэйшай лілеі заставаліся два-тры спакойныя грабкі, як мой рамантычны настрой каменем пайшоў на дно. Я з жахам, неверагодным чынам часткова тэлепартаваўшыся ў сестрыну кватэру, убачыў Чорнага чалавека. Ён не сядзеў на канапе, а стаяў у дзвярах кабінета. У дзвюх чарнаслівінах ягоных вачэй зырка гарэлі агеньчыкі маленькіх свечак. Ад нечаканасці я ніштавата хлебтануў вады. Насланнё не знікала. Каб абагнацца ад яго, я даў нырца, але там, пад вадой, чамусьці не паплыў наперад да лілеяў, а рэзка ўзяў убок. Вынырнуўшы, я па-ранейшаму бачыў Чорнага чалавека, які яўна збіраўся выйсці з кабінета. Зноў глынуўшы цёплай і ўжо не надта празрыстай тут азёрнай вады і дазвання забыўшыся пра намер павітацца з лілеямі, я – колькі змогі – паплыў назад. Чорны чалавек стаяў у дзвярах, пакуль мае ногі не намацалі тугі пясок роднага берага.
Адпачываючы пад маладым ясенем, з якім некалі мы былі роўныя ростам і з якім я цяпер кожнага разу вітаўся, тройчы прыкладаючы далонь правай рукі да вялікай круглай шышачкі на стаўбуры, і пазней, дарогаю дахаты, я мучыўся над тым, што можа азначаць з’яўленне начнога госця сярод белага дня і з відавочна іншаю мэтай.
Вярнуўшы памяць назад, я разгледзеў дэталі. Чорны чалавек меў высокі рост і не вельмі шырокія, але адпаведныя яму плечы. Па ягонай шчыгульнай чорнай апранасе хутка і трывожна бегалі серабрыстыя бліскаўкі. Ногі… ногі былі босыя, як быццам ён спяшаўся і не паспеў абуцца. Бліснула згадка пра мастацкі прыём з блакітным парашком перад дзвярыма майстэрні. Цікава, чым усё ж скончыўся б такі эксперымент у маім выпадку? Якія б сляды ён пакінуў і ці засталіся б яны ўвогуле? Наўздагон недарэчна падумалася, што для парашку добра было б абраць зялёны колер.
19
Паварочваючы ключ у замку, я ведаў: кватэра пустая, аднак трывога не пакідала і старонка перад вячэрай засталася мараю.
Ноч выдалася неспакойнай. Калі за вокнамі сцямнела, Чорны чалавек – цяпер не басаногі, а ў сваім незвычайным абутку – заняў звыклае месца на канапе, як у першы прыход, адкінуўшыся на падушкі. Міралюбная пастава мусіла б супакоіць, ды гэта быў другі ягоны візіт за дзень, і я абсалютна не ўяўляў, чаго чакаць уначы.
Перад сном я пазачыняў дзверы і ў спадзеве на новы ратавальны прылёт камара адчыніў вакно. Я гатовы быў з радасцю здаць кроў, ды камары, на жаль, недзе прапалі. Мой унутраны краявід дыхаў неспакоем і цьмяным прадчуваннем нядобрага. Бясконца пракручваючы перад вачыма дзённую прыгоду, я нават адчуў у роце выразны прысмак азёрнай вады. Хацелася прагнаць яго мінералкай, але я трываў і не ішоў на кухню, баючыся, што Чорны чалавек зноў выйдзе на парог кабінета, а мо і рушыць далей. Урэшце, ён мог, жудліва бліскаючы свечкамі ў вачах-чарнаслівінах, паўстаць і ў дзвярах спальні.
Мяне наведала непамыснае адкрыццё: людзі, якія нібыта спакойна і ціхамірна паміраюць у сне, насамрэч могуць разлучыцца з жыццём зусім іначай, а менавіта ў выніку сустрэчы з гасцямі кшталту Чорнага чалавека.
Канец ночы і праўда выпаў такі, што можна было і не перажыць. Нехта стукаўся ў вакно. У сне я ведаў, што жыву на трэцім паверсе, ды гэта не давала палёгкі, бо высветлілася, што той нехта стукаецца ўжо і з люстэрка ў цёмнай вітальні. Я шукаў рукой уключальнік і намацваў яшчэ нечую руку. Тамсама, у сне-трызненні, галаву бясконца свідравала думка-жахалка: Я ніколі не кладуся спаць, але заўсёды прачынаюся.
Прарвацца ў мой сон Чорны чалавек усё ж не патрапіў, хоць, найверагодней, ён і не меў такой мэты. Дый гэта быў і не сон, а нейкая прамежкавая паміж сном і яваю трэцяя прастора.
Між тым, прынёсшы невыказную палёгку, ленавата прачнулася гатэльная паркоўка.
20
Назаўтра героі маёй аповесці пераважна адпачывалі. Ледзьве агораўшы адзіную няшчасную, крэмзаную-перакрэмзаную старонку, я выправіўся на возера значна раней і ў лесе спахапіўся, што не ўзяў ручніка.
Але паплаваць усё роўна не выпала.
Бераг сустрэў нязвычнай мітуснёй, якая, тым не менш, мела сваю логіку і пакуль незразумелы сціхотны парадак.
Каля пляжа стаялі на прычале абодва катары вадналыжнай базы, на якія грузіліся аквалангісты. Воддаль, пад старым клёнам, наўзрыд плакалі дзве жанчыны – старэйшая, з сівізною ў валасах, і юная, з рыжаю стрыжкай.
Неўзабаве я ўсё ведаў.
Учора ўвечары пад самым тым берагам патануў юнак, што прыехаў да бацькоў на студэнцкія вакацыі. Магчыма, выцяўся галавой аб тапляк, калі даваў нырца, або напароўся на падводны корч, або – трэцяя версія – заблытаўся ў багавінні і галлі паваленых вольхаў і бярэзін. З размоў вадналыжнікаў і аквалангістаў вынікала, што сёлета вада апусцілася значна ніжэй штогадовага роўню і на той бок возера нельга было плаваць іначай, як на лодцы.
Кроў ударыла ў скроні, і я бяссільна апусціўся на траву. Выходзіла, што ўчора Чорны чалавек ратаваў мяне ад смерці. Я ўявіў слізкі дотык затопленага дрэва, што даўно жыве сваім мёртвым жыццём, або вусцішны падводны козыт абседжаных ракавінкамі галінаў і, скалануўшыся ад агіды і жаху, з цяжкасцю ўтаймаваў ваніты.
21
Аквалангістам не давялося доўга шукаць.
Тапельца ў сініх плаўках з залатой кітвагай, перадаючы з рук у рук, перанеслі з катэра на цёплыя серабрыстыя дошкі прычала. Малады, пасінелы твар у аблямоўцы светла-каштанавых валасоў складана было назваць спакойным і прыгожым: у скрыўленых бяскроўных вуснах застыла разуменне загубы. Рукі з развітымі цягліцамі склалі на грудзях, і стала відаць, што на целе няма ранаў. Значыць, возера – не, не яно, а той бераг, што заўжды трымаўся сваіх апрычоных законаў, проста злавіў юнака ў свае смяротныя мярэжы.