Текст книги "Танцы над горадам"
Автор книги: Уладзімір Арлоў
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 8 страниц)
Annotation
Кніга Уладзіміра Арлова, аднаго з самых улюбёных беларускіх празаікаў апошніх трыццаці гадоў.
Героі аповесці «Танцы над горадам», што дала назву кнізе, – самнамбулы. Удзень яны незнаёмыя паміж сабой, а ўначы ўтвараюць свае таемнае брацтва.
Для шырокага кола аматараў метафізічных вандровак.
Уладзімір Арлоў
ТАНЦЫ НАД ГОРАДАМ
ЧОРНЫ ЧАЛАВЕК НА ЗЯЛЁНАЙ КАНАПЕ
ДОМ З ДАМАВІКАМІ
notes
1
2
3
4
5
6
Уладзімір Арлоў
ТАНЦЫ НАД ГОРАДАМ
тры аповесці
.
ТАНЦЫ НАД ГОРАДАМ
О deja vu
у свеце гэтым цесным!
о тайніцы
ў фіранках ветрам гнаных…
1
Гэтая гісторыя пачалася вельмі даўно, калі я быў яшчэ неўміручы. Зрэшты, як і ўсе навокал: сябры, бацькі, настаўнікі. Калі смерць існавала, то – недзе на іншай планеце.
2
Успамін надзвычай выразны і востры – шматколерны, з жывымі гукамі і пахамі.
Я прачынаюся – нібыта вынырваю з утульнай зялёнае глыбіні – і не магу ўцяміць, чаму я, цалкам апрануты, сяджу на лавачцы ў нашым двары. Навокал цёплая травеньская ноч і – неверагодная цішыня, што пахне зацвілым белым бэзам. Мама трасе мяне за плечы, ейныя вусны варушацца, ды я нічога не чую, усё адбываецца, як у нямым кіно. І раптам, быццам з вушэй выліваецца вада, пакрысе вяртаецца слых. У зарасніку бэзу шамаціць ветрык, здалёк азываецца цягнік…
У цішыню ўрываецца мамін голас. Сынок, Уладзя, куды ты сабраўся? – скрозь слёзы паўтарае мама. Яна ўжо не трасе мяне, а гладзіць па галаве. Мама ў сваім улюбёным бэзавым швэдры. Побач у сіняй начной піжаме – тата.
Мяне вядуць за руку дадому. Я сам распранаюся і кладуся ў ложак. Тата перацягвае з бацькоўскае спальні раскладны зялёны фатэль, на якім сцеле сабе пасцель мама. Яна больш не плача і не пытаецца, куды я сабраўся, але, каб і пыталася, гэта не мела б ніякага сэнсу. Я нікуды не збіраўся і ані не разумею, як выйшаў з кватэры і апынуўся на лавачцы. Аднак мне зусім ня страшна. Начное здарэнне нагадвае казку з зачараванымі героямі, што могуць знячэўку заснуць і расплюшчыць вочы праз цэлы год або легчы ў ложак у беднай хаціне, каб ачуцца раніцой у каралеўскім палацы.
Хтосьці ўва мне не пагаджаецца: верыць у казкі шасцікласніку пазнавата. Пад падушкаю ляжаць амаль дачытаныя «Марсіянскія хронікі» Рэя Брэдберы, і я ўсцешана параўноўваю сябе з таямнічым хлопчыкам, які ўначы стукаецца ў дзверы зямных каланістаў.
У вокны просіцца світанак. Ківач старадаўняга насценнага гадзінніка адлічвае апошнія хвіліны перад пятай гадзінаю. Нават не адлічвае, а асцярожна адразае іх двума круглымі лёзамі ад невідочнай крышталёвай прасторы часу, і яны, хвіліны, падаюць на паркет з ціхуткім, меладычным і шматзначным звонам, што здольны пачуць адно я.
3
Назаўтра прыгоды працягваліся.
Усяго праз некалькі дзён травень дзівосным чынам пераходзіў у бясконцыя пакуль летнія вакацыі, і мне ўкрай трэба было паспець выправіць чацвёрку па гісторыі – справа гонару, бо мама, праўда ў іншай школе, выкладала менавіта гэты прадмет. Тата ўсё разумеў, але забраў мяне з урокаў, і мы на яго службовай пракурорскай «Волзе» паехалі да «спецыяліста». Калі машына не спынілася каля дзіцячай паліклінікі, а павярнула да будынка са старасвецкай чырвонае цэглы, дзе на Верхнім замку месціўся «дарослы» шпіталь, я проста ўспеніўся самапавагаю і нагадаў самому сабе кубак, у які мама налівала мне на сняданак гарачае малако.
Мама чакала пры белых дзвярах з габрэйскім прозвішчам на блакітнай таблічцы. Бацькі непахісна верылі, што найлепшыя дактары, прынамсі ў нашым горадзе, – габрэі.
«Спецыяліст» запрасіў спачатку аднаго мяне. Ён застаўся ў памяці найперш акулярамі і чамусьці зусім не нагадваў вясёлых, чарнявых і рудых суседзяў-габрэяў з таго раёна прыватнай забудовы, адкуль мы нядаўна пераехалі ў чатырохпавярховы дом, збудаваны пасля вайны палоннымі немцамі. Дом з высокімі столямі і такімі ж высокімі цяжкімі дзвярыма, з парадным уваходам і шырокімі лесвіцамі ды прасторнымі кватэрнымі пляцоўкамі, дзе цудоўна гулялася ў хованкі і можна было цэлы вечар удала ратавацца ад «вадзілы» – гаротніка, якому выпала доля з завязанымі вачыма паляваць на астатніх.
Гаворка пра хованкі зайшла невыпадкова: доктар цікавіўся маімі ўлюбёнымі гульнямі і, пачуўшы пра хованкі, адразу страпянуўся і ўзяўся штосьці занатоўваць. Яму карцела даведацца, у які час мы гуляем, ці ёсць сярод нас дзяўчаткі і ці даспадобы мне быць тым самым «вадзілам» з завязанымі вачыма. Гулялі мы пераважна ўвечары, дзяўчатак хапала, а соўгацца па пад’ездзе з растапыранымі рукамі і прыслухоўвацца да нечага стоенага дыхання, каб маланкаю кінуцца ў той бок, мне ніколі не падабалася. Пра ўсё гэта я сумленна і паведаміў доктару. Таго мой адказ відавочна расчараваў, і, пашкрабаўшы пальцам скронь, ён вырашыў высветліць, ці часта мне сняцца сны і ці добра я памятаю прыемнае.
Гэты допыт хутка надакучыў, і я вырашыў шыфравацца, адказваючы як мага карацей. Пагатоў, размова скіроўвалася на рэчы, якія належалі да таямніц. Нават сябру Артуру, ці папросту Арціку, з трынаццатай кватэры я не прызнаваўся, што кружляю ў сне вакол вежаў Сафійскага сабора, а бывае, наадварот, спускаюся вельмі нізка і разам з чайкамі імкліва пралятаю над дзвінскаю плынню. Аднойчы мне пашанцавала выхапіць з вады акунька, якога я, аднак, не праглынуў, а выпусціў назад у родную стыхію, прычым, прачнуўшыся, так і не ўзгадаў, як злавіў рыбку – птушынай дзюбаю або чалавечай рукой.
Доктар пачуў, што ягоны пацыент бачыць сны надзіва рэдка і нічога з іх не памятае. А мо ўсё ж нешта ўзгадаецца, бо тое вельмі важна? – Добра, – сказаў я і на хаду прыдумаў, што ездзіў у сне на жырафе, а потым, ператварыўшыся ў мядзведзя, зрабіў засаду ў малінніку, каб дачакацца, пакуль дзяўчаткі назбіраюць поўныя кошыкі.
Гаспадар кабінета прыўзняў акуляры і, уважліва гледзячы мне ў вочы, папрасіў працягваць. І тут я, сам не ведаю чаму, мусіць, патрапіўшы пад гіпноз ягонага позірку, прызнаўся, што бачыў у сне аднакласніцу Сіму. І як яна табе снілася? – унікліва запытаў доктар. Голай, – шчыра адказаў я. Доктар заззяў і падняў угору ўказальны палец. Здалося, тое самае зрабілі і два барадатыя партрэты на сценах. А іншыя голыя… дзяўчаткі табе сняцца? У мяне бліснула здагадка: ён хацеў запытацца і пра дарослых жанчын, аднак чамусьці не ўдакладніў, і я з чыстым сумленнем мог прамаўчаць пра сон, дзе гуляў у футбол з голай настаўніцай біялогіі.
Акуляры цікавіла таксама, якія кнігі я люблю чытаць. Адказ быў імгненна гатовы: падручнікі для сёмага класа. Доктар зноў утаропіўся ў мае вочы. Што я чытаў учора перад сном? Гэтым разам з гіпнозам у яго не атрымалася. Падручнік па геаграфіі, – абвясціў я, увайшоўшы ў змову з Рэем Брэдберы.
Назваўшы мяне «маладым чалавекам», доктар папрасіў пачакаць у калідоры і запусціў у кабінет бацькоў. Мама няшчыльна зачыніла дзверы – і, як пішуць у кніжках, я адразу ператварыўся ў слых.
Пачуць удалося вобмаль. Спярша ў маміным выкананні я выслухаў добра знаёмую гісторыю. Я-маленькі не баяўся цемры, смела заходзіў у цёмны пакой, зачыняўся і доўга глядзеў на неба. З’явіўшыся пасля астранамічных назіранняў перад бацькамі, я – бо толькі нядаўна загаварыў – быў лаканічным: Ула і месяц! Калі месяца не было, справаздача мела два варыянты: Ула і зоркі! або – Ула і неба!
Потым я разабраў, што доктар пацікавіўся, ці не хварэю я на нейкую хваробу на літару «э». Крый Божа! Крый Божа! – спалохана адгукнулася мама. Яны размаўлялі даволі доўга, і да майго слыху данеслася некалькі разоў паўторанае слова – перарасце. Было зразумела, каго яно датычыла, але перарастаць самога сябе чамусьці не хацелася.
4
Візіт у «дарослы» шпіталь меў два наступствы: па-першае, перад сном мяне пачалі карміць блакітнай саладкаваю пігулкай, а па-другое, адбыліся перастаноўкі ў нашай трохпакаёўцы на другім паверсе. Раней я спаў у пакоі, дзверы ў які вялі адразу з вітальні. Цяпер мой ложак перавандраваў у спальню да бацькоў, дзе можна было апынуцца, пакінуўшы за сабой так званую «залу» з канапай, двума фатэлямі ды чорнабелым тэлевізарам, бо каляровыя ў гэтых шыротах тады проста не сустракаліся. У выніку пературбацыі «зала» сталася адначасова і бацькоўскай спальняй.
Такім чынам, я быў узяты пад пільны нагляд, але на перастаноўках перамены не скончыліся. Вакно ў маёй новай рэзідэнцыі адчынялася ўсяго на далонь, а далей яму перашкаджалі дзве заглушкі з прышрубаваных да рамы старых дзвярных ручак. Трэцяя заглушка блакавала фортку. Гэта камера? – спакойна, як і належала ў такім выпадку сыну пракурора, запытаўся я. Тата паклаў мне руку на голаў: Пра такую камеру мараць усе на свеце злачынцы. Гэта рэкамендацыя доктара дзеля маёй бяспекі. І – зусім ненадоўга. Я амаль дарослы і павінен зразумець.
І сапраўды, каб зразумець, што адбываецца, я пражыў ужо дастаткова. Рэч не ў міжволі падслуханай мамінай тэлефоннай размове: …у нашым родзе не было… калі не дапаможа, доктар прапануе гіпноз… не ведаю з вёскай… Апанаваны самымі супярэчлівымі пачуццямі, я не сумняваўся, што апынуўся ў ліку лунацікаў.
З вядомага мне раней вынікала, што ў поўню лунацікі выходзяць на дахі і любяць ісці па самым краі. Артурава бабуля расказвала нам, як вельмі даўно, за царскім часам, лунацік перайшоў па парэнчах мост цераз Дзвіну. Ты ўсё пераблытала, – сказаў Арцік, – не лунацік, а акрабат, і не Дзвіну, а – Ніягарскі вадаспад у Амерыцы. Мы зарагаталі, а бабуля пакрыўдзілася. Чамусьці выглядала, што такія неймаверныя падзеі насамрэч могуць адбывацца адно дзесьці за акіянам, а не ў ціхім прыдзвінскім горадзе, дзе толькі летась з’явіўся першы святлафор.
5
Аднаўляючы ў памяці сваё абуджэнне на лавачцы пад бэзам, я, хоць забіце, не мог узгадаць, каб на небе была поўня або наогул месяц. З урокаў прыродазнаўства ў чацвёртым класе я засвоіў, што калі серп зямнога спадарожніка выглядае як літара «С» – месяц сыходзіць, або, іншымі словамі, знаходзіцца ў апошняй квадры, а калі, правёўшы ад адной «дзюбкі» да другой простую лінію і працягнуўшы яе ўніз, вы атрымаеце літару «Р» – месяц расце. Што ж дзеялася ў тую ноч? І тут, як казалі ў нас у двары, хтосьці даў мне шчаўбана: каляндар! На кухні вісеў адрыўны каляндар, які, апрача ўсяго іншага, паведамляў і квадры месяца!
На шчасце, мама не зрывала з календара лісткі, бо пры канцы года выбірала надрукаваныя на адгортах кулінарныя рэцэпты, і я без праблем знайшоў дзень з «бэзавай» ноччу. Чорны кружок у правым ніжнім куце старонкі неабвержна сведчыў, што месяц на неба тады не выходзіў, значыць, быў западозраны цалкам беспадстаўна. Хоць, магчыма, і не зусім, бо ён усё ж быў прысутны сярод зорак, але – павярнуўшыся да Зямлі неасветленым бокам.
Лісток ніякіх карысных парадаў не ўтрымліваў, а таму я без згрызотаў сумленна адарваў яго і схаваў у шуфлядку стала, пры якім рабіў хатнія заданні, – праўдзівей, не стала, а засіўленай салатавым абрусікам мамінай нажной швачнай машынкі Veritas, якая ўслед за ложкам пераехала ў маю новую спальню. У той самай шуфлядцы таіўся мой дзённік, не школьны, а асабісты – пачаты з Новага года агульны сшытак у смарагдавай вокладцы. Акурат дзякуючы гэтаму дзённіку, які я давёў да восені, мне і ўдаецца цяпер узнаўляць некаторыя падзеі ды нюансы.
Напрыклад, паход у бібліятэку.
6
Патрэбны цяжкі жоўты том «Дзіцячай энцыклапедыі» называўся «Чалавек». Такіх сур’ёзных кніг у школьнай бібліятэцы дадому не выдавалі, аднак мне як заслужанаму чытачу зрабілі да заўтрашняй раніцы выключэнне.
Уладкаваўшыся за швачнай машынкай і раз-пораз націскаючы ад хвалявання на шырокі понаж, я высветліў: артыкула пра лунацізм у кнізе няма, але не паспеў засмуціцца, бо раздзел, прысвечаны сну, разгарнуўся акурат на малюнку, які ўмомант заваражыў.
Па гзымсе старадаўняга трохпавярховага будынка на чорным тле ночы спакойна ішоў мужчына ў паліто і цыліндры, а ўнізе, на вузкай брукаванцы, панаваў пярэпалах: пасажыры двух экіпажаў разам з мінакамі, закінуўшы галовы, у жаху сачылі за лунацікам. Пра тое, што гэта быў менавіта ён, сведчыў подпіс: Лунацік не ўсведамляе небяспекі і таму не адчувае страху перад вышынёй.
На той жа старонцы я праглынуў некалькі дзясяткаў радкоў, якія апавядалі, што лунацізм – рэдкае парушэнне сну, калі чалавек, не прачынаючыся, устае з пасцелі, блукае па доме або падымаецца на дах і дэманструе неверагодны спрыт у рухах. Пасля гэтага ён вяртаецца ў ложак і ўранні нічога не памятае. Насуперак пашыранаму меркаванню, таямнічы ўплыў месяца тут ні пры чым, бо лунацікі выходзяць на прагулянкі і ў бязмесяцавыя ночы, і падчас дзённага сну, а таму ў навуцы апісаная з’ява называецца самнамбулізмам. Энцыклапедыя раіла ні ў якім разе не палохаць лунаціка, не будзіць яго, а пастарацца асцярожна адвесці назад у ложак. Бацькі таго відавочна не ведалі, але доктар іх, пэўна, ужо адукаваў.
Я адарваўся ад кнігі і перавёў дыханне. За вакном апусціўся вечар, і на небе заззяла зорка Венера. Заставалася даведацца, што начныя блуканні залежаць ад успышак узбуджэння ў асобных частках заснулага мозгу і могуць быць прыкметаю развіцця эпілепсіі. Вось тая хвароба на «э», пра якую пытаўся доктар!
Што такое эпілепсія, наш клас добра ведаў дзякуючы рыжаму Яшу, якога гэтая хвароба схапіла сёлета на кантрольнай па алгебры. Уявіць сябе на ягоным месцы мне не хацелася, а таму я з велізарнай палёгкаю прачытаў: самнамбулізм паддаецца лекаванню! Успамін пра Яшаў прыпадак не даваў спакою, і на дадатак да блакітных пігулак я на хаду вынайшаў новы сродак лекавання: перад сном буду прывязваць вяровачкай левую руку да білца ложка.
На сон я пачытаў і пра летаргію. Знакаміты расейскі фізіёлаг Паўлаў назіраў хворага, што праспаў дваццаць гадоў. На малюнку дзяўчына, якую везлі на катафалку ў труне, уздымала ейнае вечка, разганяючы пахавальную працэсію. Энцыклапедыя суцяшала, што сучасная навука такія выпадкі выключае. Яшчэ больш супакоіла і нават развесяліла фраза з артыкула пра сны: чалавек усю ноч праспаў, а ўранні распавядае, як хадзіў на паляванне з людзьмі свайго племені. Хацелася б мне прысніць маё племя.
7
Між тым чацвёрка па гісторыі была выпраўлена, і, прагрукатаўшы навальніцаю, прыйшоў чэрвень. Такой парой мяне штогод адпраўлялі на лета ў бабуліну вёску. Але дзень прамінаў за днём, а я па-ранейшаму глытаў нанач блакітную пігулку, прывязваўся да ложка вяровачкай і засынаў з новай кніжкаю фантастыкі.
Там, на далёкай планеце, расло дзівоснае дрэва, вершаліна якога гублялася ў захмар’і. Прыхадні з Зямлі, узброеныя магутнымі піламі, уздымаліся па дрэве-волаце, каб спілоўваць галіны, здабываючы каштоўную драўніну. Аднак іхняя дзейнасць не заставалася беспакаранай. Дрэва баранілі тубылкі-дрыяды. Мне снілася, што мы з Артурам далучыліся да іх і жылі ў дуплах на вышыні кіламетра. Там, у густой лістоце, мы чакалі чарговага зямляніна, каб бязлітасна скінуць яго разам з крукамі, вяроўкамі ды піламі ў зялёную бездань. Зрэшты, на такі выпадак шкоднікі мелі парашуты.
Падзяліцца сном ужо не было з кім: мой паплечнік з’ехаў з бацькамі на мора. Заставаўся дзённік, які захаваў звесткі, што назаўтра пасля нашай гераічнай абароны ад зямлянаў тата абвясціў: курс прапісаных мне пігулак сканчаецца, і ў пятніцу ягоны кіроўца адвязе мяне ў вёску.
Дарогаю, апавядае дзённік, я згадваў, як некалі, малы, быў перакананы, што – калі пры канцы жніўня ад’язджаў назад у горад – жыццё ў вёсцы замірала: бабуля і цётка з маімі стрыечнымі сястрычкамі застывалі пры весніцах, тое самае адбывалася з каровамі на пашы пры лесе, да новага лета заціхалі і гракі на старой бярэзіне. Усё спынялася, пакуль маё новае з’яўленне пры канцы вясны зноў не запускала таемны механізм усеагульнага руху. Як даўно тое дзеялася! Я быў на парозе дарослага жыцця і лекаваўся ад цалкам дарослай хваробы – уваччу стаяў чалавек у цыліндры, што імкліва крочыў па даху.
Мама сказала, гэтым летам давядзецца выконваць пэўныя правілы: спаць буду, дзе і раней, у другім пакоі бабулінай хаты, а вось начаваць на свежым сене ў адрыне будзе забаронена, і зразумела – чаму. Мама вырашыла развіць думку ў жартоўным кірунку: я магу сесці ўначы на станцыі ў цягнік і апынуцца, напрыклад, у Адэсе. І што ім з татам тады рабіць? Перспектыва выйсці з цягніка ў Адэсе выглядала зваблівай, ды я, намацваючы ў кішэні сваю начную вяровачку, пагадзіўся: лепей усё ж выправіцца туды разам з бацькамі, што было абяцана пасля сёмага класа.
Ад’язджаючы ў нядзелю, мама дала наказ: абавязкова піць сырадой, прычым не толькі па раніцах, але ў абед і ўвечары. У вайну яна хварэла на запаленне лёгкіх і, паводле яе глыбокага пераканання, засталася жыць выключна дзякуючы сырадою, бо кароўку ўдавалася хаваць і ад немцаў, і ад партызанаў. Вера ў цудадзейныя ўласцівасці малака не пакідала маму ніколі. Свежае паветра і малако. Вернешся здаровенькі.
Мама не памылілася. Вяровачка мяне ні разу не разбудзіла. Я вярнуўся ў свой пакой справа ад вітальні, і вокны ў ім ужо адчыняліся наросцеж.
8
Ад тых прыгодаў прамінула цэлыя чатыры зімы і тры леты.
Вясна апошняга школьнага года засталася ў памяці ранняй і ласкаваю. Я пачуваўся зусім самастойным: па-даросламу, як у нас тады казалі, сустракаўся з прыгажуняю Лорай з паралельнага класа, рыхтаваўся да выпускных экзаменаў і збіраўся стаць студэнтам гістарычнага факультэта ў сталіцы.
Лора жыла з маці, якая часта працавала ў начную змену. У такія дні я вяртаўся дадому пад раніцу, асцярожна адмыкаў дзверы і шчасліва выцягваўся на ложку пад выразанымі з польскіх часопісаў партрэтамі Джона Ленана і Міка Джагера. Мае неверагодна адчувальныя, як нядаўна высветлілася, смочкі нават ад дотыку прасціны зноў запальвалі жаданне, інтымна дамаўляючыся з якім я і правальваўся ў кароткі сон.
Фігурыстая, з воблакам медных валасоў і агатавымі вачыма, Лора сталася і каханкаю, і сяброўкай. У другой іпастасі яна замяніла Артура, што пасля восьмага класа паступіў у мараходку і прыслаў на памяць пра дзіцячае сяброўства дзве паштоўкі з балтыйскімі краявідамі, якія разам з іншымі рэліквіямі знайшлі сабе месца ў шуфлядцы маёй роднай швачнай машынкі, як і раней засцеленай салатавым настольнікам.
Неяк увечары я вырашыў зрабіць у гэтай маленькай кунсткамеры рэвізію. Апрача Артуравых мараходных паштовак, пакруціў у руках колькі старадаўніх манет, потым старую блешню са шпуляй лёскі ды свой першы гадзіннік, што даўно стаміўся вымяраць час. Цёпла адгукнулася ў душы важкая ад пяску бляшанка з-пад гуталіну, з якой я паспяхова гуляў на асфальце ў «класікі».
У глыбіні вузкай шуфлядкі сумаваў альбом з маркамі, а пад ім зелянеў агульны сшытак майго даўняга дзённіка.
Сэрца злёгку падскочыла: няўжо гэта я выводзіў такія роўныя радкі з круглявымі літарамі, не падкрэсліваючы, як цяпер, «ш» і не пішучы друкаванае «т»? Вока выхоплівала фрагменты па-дзіцячы наіўных сказаў з акуратна выпраўленымі зверху памылкамі. Мільганула думка пагартаць знойдзены помнік пісьменства разам з Лораю, але там сустракаліся імёны іншых дзяўчатак…
Сярод старонак вытыркалася закладка – пажоўклы лісток календара, што прымусіў кроў пабегчы па жылах хутчэй. «Учора тата і мама вадзілі мяне да "спецыяліста". Магчыма, я – лунацік. Ды мне не страшна, таму што я смелы і люблю фантастыку». Цёплымі хвалямі бэзавага паху вярталася мінулае. Маміны слёзы і тата ў піжаме на начным двары… Узняты ўгору палец доктара… Вакно ў маім пакойчыку, куды можна было прасунуць адно руку… Вяровачка, якой прывязваўся да ложка… Я міжволі ўсміхнуўся: шкада, што ўсё скончылася, так і не разгарнуўшыся ў сюжэт з прагулянкамі па дахах, знаёмствамі з тамтэйшымі катамі й коткамі, пярэпалахам начных мінакоў…
Але сюжэт толькі пачынаў закручвацца.
9
У няпісанай гарадской тапаніміі тая спаруда над Дзвіной мела дзве назвы: Гатэль і База. Сваёй загадкавасцю і метафізікай – улюбёнае слоўца нашага настаўніка астраноміі – мне значна больш падабаўся Гатэль. Гатэль, дзе ніхто не жыве… Тут было разгарненне для фантазіі.
Некалі ў тым будынку меліся адкрыць спартовую базу з гатэлем для весляроў і яхтсменаў.
З тае прычыны спаруда сапраўды нагадвала карабель: супроць рачной плыні быў павернуты ветразь з арматуры і цёмнага, амаль чорнага шкла, пад якім намагаўся трымацца на плаву бетонны галіён з палубамі-паверхамі. Мы з Арцікам спрабавалі называць гэты «карабель» Лятучым Галандцам, ды пастанавілі адмовіцца ад рамантычнага наймення. Лятучай лёгкасці там і не начавала: цяжкі шасціпавярховы бетонны кубік меў яшчэ і нізкую грувасткую карму. Будоўлю закінулі гады чатыры таму. Ветразь зеўраў шматлікімі квадратамі з выбітым – ці то звонку, ці то знутры – шклом, а зашкліць вокны самому Гатэлю так і не паспелі.
Калісьці там адбылася жахлівая падзея: загінулі хлопец і дзяўчына. Адны лічылі, што яны выпадкова сарваліся з высачыні, другія – што скончылі жыццё самагубствам, трэція сцвярджалі, нібыта з гатэльнага даху іх хтосьці скінуў. Следства, казаў тата, скончылася нічым. Што б тады ні здарылася, але ўдзень Гатэль, які чакаў лепшых часін за пакінутым будаўнікамі высокім плотам, нязменна выклікаў у душы лёгкую трывогу, што, праўда, не палохала, а, наадварот, вабіла. Мы з Артурам некалькі разоў даследавалі тыя мясціны, і кожная такая выправа пакідала адчуванне дотыку да таямніцы.
Вакол пацямнелага ад дажджоў дашчанага плота буяў бур’ян і гусцелі астраўкі вербалозу. Утравелая дарога падводзіла да забітай крыж-накрыж брамы і, ператварыўшыся ў сцежку, паварочвала направа. Сцежка пакрысе рабілася больш зарослай, аднак знаходзіла сілы абабегчы ўсю згароду і, амаль зніцеўшы, вярнуцца да брамы. Калі, абдзіраючы рукі і ногі, мы пералазілі плот з боку ракі, то апыналіся ў тыле колішняй будаўнічай пляцоўкі, дзе ацалеў лапік поплава з высокай травой і дываном красак – смолак, зязюльчыных слёзак, званочкаў, піжмы, белага і жоўтага донніку, мышынага гарошку… – за веданне ўсіх гэтых назваў я ўдзячны сваёй бабулі.
Вядома, у тых рызыкоўных вылазках мы з Арцікам спрабавалі патрапіць і ў сам Гатэль. Але ўсе пяць ягоных дзвярэй заўсёды стаялі замкнёныя, а з замочных адтулінаў тырчала пакулле. Ніхто не ведаў, што магло чакаць за тымі дзвярыма, і надыходзіў момант, калі ўзнікала адчуванне, быццам нехта спрабуе адчыніць дзверы і з таго боку. Тады мы, не згаворваючыся, адступалі да плота і адно за ім адважваліся кінуць праз шчыліну позірк назад. Усе ўваходы па-ранейшаму былі зачыненыя, ды мы не сумняваліся: з Гатэля за намі таксама хтосьці назірае.
10
Я ведаў: гэта не сон, і абсалютна ўсё памятаў і разумеў, хоць усведамленне таго, што дзеецца, прыходзіла з пэўным адставаннем, паступова праяўляючыся на экране свядомасці. Апынуўшыся на двары, я ўспамінаў, як ціхутка зачыняў дзверы і спускаўся па лесвіцы. Прамінуўшы арку і ступіўшы на вулічны ходнік, «бачыў», як пераходжу начны двор. Пакінуўшы за спінай даўно зачынены касцёл і павярнуўшы на закінутую дарогу да Гатэля, я запознена сустракаўся позіркам са святымі Пётрам і Паўлам, якія аздаблялі франтон, але не маглі нікога багаславіць, бо ў кожнага хтосьці рупліва адбіў рукі.
Сам паварот за мураванай касцельнай агароджаю «даганяў» мяне ўжо на закінутай дарозе, што ад часу нашых з Артурам адважных экспедыцый зарасла не толькі травою, а сям-там і хмызняком. Аднак прамежкі паміж маімі дзеяннямі ды іхняй «трансляцыяй» хутка скарачаліся. За плотам яны канчаткова знікалі, і я, можна сказаць, нарэшце супадаў з самім сабой.
Плот пераадольваўся там, дзе і калісьці, а падцягвацца і пералазіць цераз яго не было патрэбы: праз колькі крокаў ад выспы вербалозу, падобнай здалёк да велізарнага вожыка, шырокая дошка трымалася ўсяго на адным верхнім цвіку і лёгка адыходзіла ўбок. Адтуль ледзь прыкметная сцяжынка – дакладней, намёк на яе – наўпрост вяла да саміх непрыкметных гатэльных дзвярэй. Яны, як і астатнія, былі на замку, ды адчыняліся і зачыняліся звычайным цвіком з расплясканай галоўкай. Яго дастаткова было павольна павярнуць тры, а часам і два разы. Кожны меў уласны такі ключ, прычым я не мог прыгадаць, ад каго і калі яго атрымаў.
Дзверы, найверагодней, павінны былі служыць чорным ходам, які праз дзясятак прыступак выводзіў у шырокую прастору першага паверха, дзе, відаць, меркавалася зрабіць рэстарацыю або канферэнц-залу. Два бетонныя маршы і сорак восем засыпаных бітым шклом і тынкам прыступак вялі на другі паверх. Потым лесвічныя пралёты рабіліся карацейшыя, і паміж паверхамі заставалася па трыццаць прыступак, што аўтаматычна адлічваліся ў паўзмроку. На кожным паверсе на два бакі разыходзіліся кароткія цёмныя калідоры з прахонамі для дзвярэй гатэльных нумароў. Аднаго разу тарганулася жаданне прайсці па калідоры. Я зрабіў колькі крокаў, але прыцемак наперадзе адразу згусціўся, папярэджваючы, што мне туды не трэба.
Мне трэба было на шосты паверх, адкуль заставаліся апошнія прыступкі да выйсця ў зорнае неба.
11
Мы ішлі па адным і ніколі не сустракаліся, бо кожны меў свой маршрут, ды часам, ужо на закінутай дарозе да Гатэля, я мог знячэўку ўбачыць наперадзе невысокую, вузкаплечую і трохі нехлямяжую постаць Настаўніка, які рухаўся, здавалася, нейкімі рыўкамі – то павольна, то паскараючы крок. За ім, крыху воддаль, нязменна ішла Гімнастка. Маленькая, танклявая, але налітая сілай, яна, наадварот, крочыла рытмічна і лёгка, так, быццам пад ступачкамі ў яе былі схаваныя спружынкі, што падкідвалі цела над зямлёй. Юная зорка спартыўнай гімнастыкі, як называла яе гарадская газета, вучылася ў восьмым класе суседняй школы. Я запамятаваў, дый не хацеў узгадваць ейнага імя, бо яно магло парушыць загадкавы баланс таго, што з намі адбывалася.
Наогул у тыя імгненні не думалася ні пра зорнасць Гімнасткі, ні пра нехлямяжасць Настаўніка. Мяне апаноўвала невыказная радасць: я – не самотны, мы ідзем, мы – разам, мы падымемся па прыступках і выйдзем на дах, дзе сустрэнем астатніх. Магчыма, азірнуўшыся, я мог бы ўбачыць яшчэ кагосьці з нашага маленькага брацтва, аднак ніколі не рабіў гэтага: хапала і той радасці, што перадавала сваю вібрацыю кожнай часцінцы маёй істоты.
Мы збіраліся ў розным парадку, але Залацістая і Котка кожнага разу ўжо былі там. Яны ж і заставаліся апошнімі – нібыта жылі на даху або недзе ў нетрах Гатэля, хоць такая версія мне не надта падабалася. Залацістая зазвычай сядзела на краі люка, у які звісалі яе босыя ногі, а Котка вітала нас, збягаючы насустрач па прыступках да шостага паверха, затым паважна, быццам паказваючы дарогу, ішла наперадзе да лесвіцы ў неба, перад якою прасілася на рукі, каб цёплым вуркатлівым камячком аддана прытуліцца да грудзей. Найпазней з’яўлялася Кіяскёрка – як неўзабаве стала вядома, яна ішла з няблізкага Зарэчча.
З прыходам кожнага пачуццё еднасці мацнела. Заўсёды шчаслівыя адно ідыёты, але ж чалавеку выпадаюць шчаслівыя хвіліны, гадзіны, дні. Той час на даху ўкрай поўніўся шчасцем.
Чакаючы, пакуль усе будуць у зборы, Гімнастка, здаралася, успамінала, што яна – гімнастка: выходзіла на сярэдзіну даха ды, палохаючы ластавак, якія гэтаксама лічылі дах сваім, пачынала круціць сальта за сальтам, лёгка пералятаючы вентыляцыйныя калодзежы і часам відочна пакідаючы межы нашага прастакутніка, ды ў апошні момант паспяваючы згрупавацца і мякка прызямліцца на самюткі край. Чамусьці ні я, ні, думаю, ніхто іншы не адчуваў страху за яе, толькі Котка пасля такіх рызыкоўных вылетаў падыходзіла і церлася аб ногі з рэльефнымі цягліцамі – можа, дзякуючы за пабачаную віхуру скачкоў, а можа – за тое, што Гімнастка вырашыла застацца тут, з намі.
12
Цяпер ведаю, я не проста належаў да меншасці, якая, абуджаючыся, памятае свае дзеянні, але і сярод меншасці быў анамаліяй, бо выразна бачыў ці, прынамсі, меў перакананне: мне на яве дадзена бачыць усё адбытае. Поўнай упэўненасці ў мяне няма, бо па дарозе дадому зноў пачыналіся затрымкі ва ўспрыманні рэчаіснасці, і тое, як я адмыкаў дзверы і рабіў з вітальні тры крокі да свайго пакоя, праяўлялася ў свядомасці ўжо тады, калі я нацягваў на сябе коўдру.
Аднак існавалі і невытлумачальныя прагалы. Напрыклад, немагчыма ўспомніць, як пераадольвалася адлегласць ад пляцоўкі паміж чацвёртым і пятым паверхамі Гатэля і пляцоўкаю шостага. Наяўнасць паміж гэтымі пляцоўкамі трох маршаў і сарака пяці прыступак я сцвярджаю ўсяго паводле аналогіі.
З памяці амаль сцерлася і тое, у што мы былі апранутыя. Амаль – бо здалёк усё ж свеціцца нечы «чмяліны», у чорную і залацістую палоскі, швэдрык, пад якім нагадваюць пра сябе жаночыя грудзі.
Затое абліччы кожнага з нашага брацтва – перада мною, усё роўна як гэта адбывалася ўчора, хоць яны, абліччы, і падсвечаныя праз далечыню гадоў маім сённяшнім успрыманнем.
Настаўнік не можа пахваліцца ростам, але ўвесь якісьці светлы, і таму выдае вышэйшым. Малады і адкрыты, нязменна чыста выгалены і крыху здзіўлены твар. На лоб спадае густая пасма ячменных валасоў, ды ёй не ўдаецца схаваць вялікай радзімай плямы, што нечым падобная да зоркі. Вочы за акулярамі ў тонкай аправе глыбокія і сур’ёзныя і разам з тым – безабаронныя.
Смуглявая, каравокая Гімнастка з тонкай таліяй і кароткай каштанавай касой. У яе ўсё невялікае і зграбнае – вушкі, задзірлівы нос, пальчыкі на выштукаваных руках, бездакорныя ступачкі…
У Залацістай не толькі кучаравыя валасы гэтага колеру, ейнае цела – марэлевае і злёгку свеціцца. Потым звяртаеш увагу на месяцападобны твар з зялёнымі вачыма пад доўгімі, як крылцы матылька, вейкамі. Яна трымае правае плячо крыху вышэй за левае, ногі не зусім дасканалыя, але затое – неверагодна прыгожыя рукі з доўгімі пальцамі і раптоўна тонкімі запясцямі. Уся гэтая вонкавая несуладнасць выглядае па-асабліваму гарманічна. (Тады я не ведаў, аднак адчуваў, што «прыгажосць» не ёсць прыгажосцю, а недасканаласць можа быць прыкметаю якраз дасканаласці.) Аблічча Залацістай цудоўна дапаўняе няўлоўнасць яе гадоў: ёй можна даць дваццаць пяць, а праз хвіліну – удвая болей. Яна проста не мае ўзросту.
Кіяскёрка – самая рослая з нас, ці не на паўгалавы вышэйшая, чым я, з навальнічнаю хмараю чорных, з сінім адлівам валасоў і вузкім авалам твару, які цяжка назваць прывабным, ды сітуацыю ратуюць вялікія вочы, што – у залежнасці ад асвятлення – мяняюць колер ад аксамітава-чорных да валошкавых і раз-пораз успыхваюць бурштынавымі агеньчыкамі. Яе доўгія стройныя ногі пераходзяць у высокія клубы і адначасова нібыта дасягаюць і спакуслівых грудзей, трымаючы іх на жывой зваблівай кансолі. Я, зрэшты, як і сёння, не адмыслоўца ў вызначэнні жаночага веку, але Кіяскёрка здаецца ўдвая старэйшай за мяне.
Не магу нічога сказаць пра галасы, бо мы ніколі не размаўлялі: нам ставала моўкнасці, кожны, як і я сам, відаць, кіраваўся тут унутранай забаронаю, парушыўшы якую мы рызыкавалі б разбурыць нашае брацтва. Праз гэта я не ведаў і імёнаў, апрача імя і голасу Настаўніка – вам ужо вядома, ён выкладаў у нас астраномію і любіў уштукаваць у расповед пра сузор’і і планеты сваю ўлюбёную метафізіку. Але я быў пэўны: у яго ёсць іншае імя.