Текст книги "Танцы над горадам"
Автор книги: Уладзімір Арлоў
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 2 (всего у книги 8 страниц)
І – Котка.
Яна не належала да экзатычнай пароды – звычайная трохколерная рыска, аднак з невераемна доўгім хвастом, што, закінуты на спінку, даставаў да вушак. Я не памыляюся, бо там, на лесвіцы, браў нашую сяброўку на рукі, і далей мы падымаліся разам. Яна пакусвала мяне за мезенец левай рукі, а правай я пагладжваў яе па асабліва чуйным падчарэўцы. Там у Коткі з правага боку была круглая ружовая плямка без поўсці, усё роўна як хтосьці прыклаў на міг распаленую жалезную пячатку. Ад маіх ласак Котка шчасліва вуркатала, але, калі пальцы краналіся плямкі, мая трапяткая ноша здрыганалася і амаль па-чалавечы ўскрыквала.
Котка была адзінай, хто падаваў голас. У астатнім яна ўспрымалася намі як роўня, хоць не мела ключа ад уваходных дзвярэй. Ды хто ведае…
13
Калі не лічыць Залацістай і Коткі, мы прыходзілі ў абутку, але танчылі басанож, і крыты руберойдам з бітумнымі швамі дах дзяліўся з намі назапашанай за дзень цеплынёю.
Канона не існавала, і ўсё адбывалася па-рознаму. Часам мы ўтваралі кола вакол Коткі, ды тая не заставалася на месцы, рухаючыся па ўласнай складанай траекторыі. Котка ніколі не блыталася пад нагамі, яна трымала дыстанцыю і таксама танчыла.
Мы пачыналі разам з музыкай. Спярша ў паветры тонка-тонка звінела невідочная страла, і з гэтым гукам дзесьці ўзлятала рука дырыжора. Музыка была нячутнай вуху, аднак запаўняла сабой усю прастору і цалкам брала ў сваю ўладу. Мелодыі нябесных сфераў… Вызначэнне мне не надта даспадобы, але лепшага знайсці не ўдалося. У маім уяўленні для нас гучалі санаты: імклівыя алегра, задуменна-павольныя андантэ, імпэтныя кантрастныя скерца…
Наш танец немагчыма дакладна апісаць, бо кожны аддаваўся яму па-свойму, ды існавала і тое, што яднала: тут не было старэйшых і малодшых, галоўных і тых, хто мусіў слухацца. Усе – роўныя, і гэта давала непараўнанае пачуццё лёгкасці і свабоды.
Спачатку мы рухаліся маленькім колам у адзін бок, потым, не згаворваючыся, паварочвалі ў іншы. Кола то пашыралася, то, наадварот, сціскалася так, што мы судакраналіся плячыма і рукамі. Кожны такі дотык быў неверагодна прыемны, нагадваючы адчуванне, калі я, малы, кранаў ручкаю маму. Праз нейкі час надыходзіла імгненне, калі мяне і – упэўнены – усіх астатніх працінала пачуццё вусцішнай самоты. Тады мы без усякае каманды бралі адно аднаго за рукі і Котка зноў выходзіла ў сярэдзіну.
Раз і назаўсёды зацвержанага парадку ў коле не існавала, мы мяняліся месцамі, і таму я памятаю рукі ўсіх танцораў. Маленькая і цёплая рука Гімнасткі здзіўляла моцнымі кароткімі пальчыкамі, якія я мог асцярожна перабіраць, адчуваючы, як яны адгукаюцца лёгкім паколваннем нябачных іголачак. Здаралася, мае ногі сустракаліся з ейнымі такімі ж маленькімі цёплымі ступакамі. Рукі Настаўніка таксама былі цёплыя і моцныя, аднак вялікія ды шурпатыя, а яшчэ – знаёмыя з дзённага жыцця, бо ён, спаткаўшы вучня ў школе або нават у горадзе, шторазу вітаўся за руку. Залацістая мела рукі надзіва далікатныя і амаль няўлоўныя, з ядвабнымі падушачкамі на пальцах, вакол якіх віхурыўся ветрык. Кіяскёрка ўражвала шорсткімі рукамі з мазалямі: відаць, не толькі гандлявала газетамі і часопісамі, але, думалася мне, часам садзіла памідоры і кветкі. Ейныя выцягнутыя далоні з доўгімі пальцамі неслі камфортны халадок і любілі злёгку сціскаць чужую руку, прынамсі маю, ад чаго па ўсім целе разлівалася хуткая гарачыня. Тое самае дзеялася, калі ногі сутыкаліся з сухімі лодачкамі яе ступакоў.
Потым мы абдымаліся за плечы, ствараючы зусім шчыльнае кола, у якім кожны чуў дыханне ўсіх іншых. Вузкія плечы Настаўніка сцвярджалі сябе дужасцю. Гімнастка, здавалася, заўсёды гатовая выслізнуць з-пад твае рукі, ды ніколі не рабіла гэтага. У Кіяскёркі плечы чымсьці нагадвалі ейныя рукі, а ў Залацістай здзіўлялі дзьмухаўцовай эфірнасцю. У такія хвіліны Котка вандравала з пляча на плячо, часам асцярожна выпускаючы кіпцікі, што, як выглядае, замяняла для яе нашыя абдымкі.
Расціскаць абдымкі ніколі не хацелася, але законы танца былі вышэйшымі. Набліжалася хвіля, у якую мы – без чыйго-небудзь знаку – не спыняючы руху, зноў браліся за рукі і заплюшчвалі вочы. Першы раз уявілася, што такое жаданне наведала адно мяне, ды, употай стрэліўшы позіркам па баках, я пераканаўся: павекі апушчаныя ва ўсіх.
Так мы рухаліся даволі доўга, і гэта была самая небяспечная частка танца, бо дах меў невялікую плошчу. Аднак, калі кола набліжалася да краю, Котка падавала нягучны сігнал, і ўсе на міг заміралі. Аднойчы Настаўніка аддзяляў ад бездані вузкі раўчук бляшанага вадасцёку. Іншым разам адна ножка Гімнасткі ўжо марна намацвала цвёрдую паверхню. Ніякага пярэпалаху не ўзнікала, і мы пачыналі танчыць, пакрысе аддаляючыся ад магчымасці палёту.
І нарэшце ў бязгучным суладдзі танца надыходзіў момант, калі мы адпускалі рукі і ўскідвалі іх у неба, туды, адкуль на нас глядзелі зоркі.
14
Яшчэ працягваліся ўрокі, і ў школьным калідоры я сутыкнуўся з Настаўнікам, што на выцягнутай руцэ нёс разгорнутую мапу зорнага неба. Сэрца шалёна закалацілася, але Настаўнік аказаўся проста настаўнікам астраноміі. Перакінуўшы зорны небасхіл у левую руку, ён, паводле завядзёнкі, праваю павітаўся са мной і рушыў далей. Няўжо гэта не ягоная рука ляжала ў маёй два дні таму? Няўжо гэта не мы пад ціхі посвіст ластаўчыных крылаў уздымалі твары да зорнага сяйва?..
Блакітны шапік, дзе працавала Кіяскёрка, месціўся пад старымі ліпамі каля кінатэатра. У дзявятым класе, у перыяд захаплення спортам, па аўторкавых раніцах я бегаў сюды, каб купіць футбольны тыднёвік, і атрымліваў газету з будзённай ветліваю ўсмешкай з-за шкла. Цяпер, убачыўшы там знаёмы авал твару ў абладзе чорных валасоў, я некалькі разоў прайшоўся вакол кінатэатра і ўрэшце наважыўся павітацца і спытаць тэлепраграму. Рука з доўгімі пальцамі працягнула газету і адлічыла рэшту. У вачах – гэтым разам яны здаліся зялёнымі – не адбілася ні радасці пазнавання, ні іскрынкі цікавасці – нічога.
Злева ад вакенца шапіка вісела таблічка з імёнамі і прозвішчамі Кіяскёркі і ейнай напарніцы. Нескладана было высветліць, якое належыць нашай танцорцы, ды таго хацелася найменш. Я не сумняваўся: напісанае тут імя служыць ёй толькі ўдзень.
15
У суботу, гуляючы з Лорай па парку, я ўбачыў на лавачцы каля каруселяў Гімнастку, якая засяроджана ласавалася шакаладным пламбірам. Гімнастка безуважна слізганула па мне вачыма, нібы не яна, а хтосьці іншы пракруціў у пазамінулую ноч на даху цэлы каскад складаных сальта. Заставалася сустрэцца з Залацістай і Коткаю, але, не выключана, яны ў горадзе ніколі і не з’яўляліся. Я ўжо казаў, што сёння ведаю пра сваю прыналежнасць да меншасці, якая ўсё памятае. Тады ж падавалася, быццам адрозна ад астатніх з нашага начнога брацтва я проста яшчэ не навучыўся трымацца так, як яны, каб таямніца заставалася непарушнай.
Але ў тыя дні ў мяне ўжо з’явілася іншае імя. Яно прыйшло аднаго разу ў танцы, калі мы абняліся за плечы. Імя пачулася невядома адкуль, і ад неспадзяванкі я спыніўся. Ды кола не магло чакаць, і праз мірг вока я зноў аддаўся ягонаму рытму: новаму імю, якое на розныя лады гучала ўва мне, не запярэчыў ніводны куточак маёй істоты. Такое імя мог мець, магчыма, і марсіянскі хлопчык, што стукаўся ўначы да зямных перасяленцаў.
Мяне звалі – Эф.
Лора, у якой было ўсяго адно імя, душою юнай жанчыны, відаць, адчувала, што са мною нешта адбываецца. Я аддаляўся, пакуль не адчуваючы ніякай віны, бо Лора заставалася маёй адзінай. Мы не падазравалі, як хутка ўсё зменіцца.
16
Аднае начы, мяняючыся месцамі ў коле, я абавязкова апынаўся ў танцы побач з Кіяскёркай і, калі мы ўсе браліся за рукі, мая рука нецярпліва чакала ейных доўгіх шорсткіх пальцаў з затоеным паміж імі халадком.
Па дарозе дадому я раптам уцяміў, што за касцёлам павярнуў не направа, а налева… Кіяскёрка ішла крокаў за дваццаць наперадзе, і ўслед за ёю я ступіў на бязлюдны стары мост цераз Дзвіну. Падымаўся туман, і мост плыў разам з намі над нябачнай унізе ракой.
На самім мосце туману не было, але, спусціўшыся на тым беразе за маёй праваднічкаю па драўляных прыступках на насыпе, я разгубіўся: наваколле паглынала густая малочная субстанцыя. У наступную хвіліну на дапамогу прыйшла рука, якая ўсцешыла нечаканай грубавата-шорсткай цеплынёй.
Мы ішлі даволі доўга, вуліца пачала падымацца, а туман – адступаць, адкрываючы вачам зарэчны раён з прыватнаю забудовай, садамі і гародамі, дзе жыхары трымалі кароў, а перад Новым годам у дварах смалілі кабанчыкаў. Кіяскёрка выпусціла маю руку і, паказваючы дарогу, зноў ішла за пару дзясяткаў крокаў ад мяне. Яна спынілася пры жалезнай брамцы, за якой у засені маладой травеньскай лістоты стаяла залітая месяцавым святлом мураванка. Брамка засталася адчыненай, і праз дзесяць удараў сэрца я ступіў на брукаваную сцежку.
У цесным калідоры гаспадыня раскрыліла мне абдымкі. Як і ў танцах на даху, у спальні з двума вокнамі і доўгім вузкім ложкам мы маўчалі, ды ўзахапы размаўлялі й спявалі рукі, целы, яе грудзі, большыя, чым здаваліся пад адзеннем, смоль ейных валасоў, калі яна апыналася зверху. Тонкую мелодыю вялі і знянацку жарыя, а не чорныя кудзеркі над улоннем.
На белай процілеглай сцяне вісела карціна з незвычайным краявідам – у небе над начной ракою плылі, люструючыся ў вадзяной роўнядзі, адразу дзве налітыя залатым сокам поўні. Трэцяя поўня, пакуль не такая спелая і дасканалая, але найярчэйшая, зазірала ў бліжэйшае да нас вакно. Усе поўні неўпрыкмет увайшлі ў наш рытм і пачалі мяняцца месцамі: тая, за вакном, перавандроўвала на карціну, каб дадаць у пакоі святла, а залатыя, што адбіваліся ў рацэ, зазіралі ў вокны – кожная ў сваё…
Назаўтра ўсё паўтарылася: туман, брамка, вузкі ложак, поўні, што далучаліся да танца нястомных целаў. У нейкі момант дзверы спальні бязгучна адчыніліся і на парозе ўзнікла жаночая постаць. У мігатлівым прыцемку яе немагчыма было разгледзець, і штосьці знаёмае мне, пэўна, толькі прымроілася. Жанчына некалькі імгненняў глядзела на нас, скрыжаваўшы на грудзях рукі, і гэтаксама, без гуку і шолаху, растала за дзвярыма. Наш танец не перапыняўся: Кіяскёрка танчыла спінаю да ўваходу і магла ўбачыць прывідную візітантку адно ў маіх вачах, але я папрасіў іх маўчаць.
З той начы памятаю і высокія тонкія шклянцы, адкуль мы пілі адзіны напой – ваду, у якой грала, пералівалася і танчыла, намагаючыся перадаць нам свае тайніцы, месяцавае святло.
17
Напачатку ўяўлялася: ночы не ўплываюць на дзённае жыццё, бо дзве гэтыя рэальнасці – паралельныя і не перасякаюцца. Я памыляўся.
Спаткаўшыся праз два дні з Лораю, я пацярпеў жорсткую мужчынскую паразу. Лорыны намаганні натхніць мяне толькі пагаршалі становішча. Яна пайшла на тое, каб аголенай станчыць імправізаваны эратычны танец, пасля чаго мой сорам стаўся адно больш пякучым. Нечакана Лора, праявіўшы жаночую мудрасць – чым, трэба сказаць, моцна ўразіла, – абвясціла, што, маўляў, з кожным хоць раз, але такое абавязкова здараецца.
Мая мужчынская існасць прагнула рэваншу, і па дарозе дадому я адмыслова прайшоў каля кінатэатра. Працавала якраз Кіяскёрка. Ці застаўся ў вас «Футбол»? – таймуючы сэрца, запытаўся я. «Футбол» па аўторках, – дзяжурна адказала яна, падняўшы фіялетавыя вочы. Я змусіў сябе не адвесці позірку. Што яшчэ? – Скажыце, а вы жывяце ў Зарэччы? Ейныя вочы імгненна сталіся гуллівымі: Малады чалавек, вы, здаецца, хочаце пазнаёміцца са мной бліжэй? Адвагі хапіла на тое, каб выціснуць з сябе: Хачу. Кіяскёрка крыху падумала. Тады можаш правесці мяне заўтра ўвечары дадому. Прыходзь а восьмай, – весела прапанавала яна. Заўтра ўвечары не магу, – у раптоўнай паніцы адказаў я. Ну як сабе хочаце… — Яна зноў перайшла на «вы», а голас набыў адценне паблажлівасці.
Я доўга не мог супакоіцца, хоць адчуваў, што зрабіў абсалютна правільна. Яе раніцы, дні і вечары пасля восьмай няхай належаць каму заўгодна, але ночы, калі мы танчым, будуць толькі маімі.
18
Пачаліся выпускныя школьныя экзамены. Дні стаялі ветраныя, з дажджамі ды халоднымі начамі, і я засынаў і прачынаўся, не выходзячы з пакоя. Маці ўхваліла мае паводзіны: маўляў, цяпер на першым месцы адзнакі, а Лора – пачакае.
За дзень да апошняга экзамена вярнулася пагода. Радасць ува мне злівалася з хваляваннем. Мы ніколі не танчылі ў непагадзь, аднак і пагодлівы дзень не абавязкова азначаў, што ўначы Котка кінецца да мяне па прыступках, ускочыць на рукі і я пачую тахканне маленькага сэрца.
Але ноч рыхтавала свае падарункі.
Гладзячы Котку, мае пальцы ўпершыню адчулі: яе круглая выпаленая плямка зарастае густым пушком. У адказ на дотыкі ў тым месцы Котка не ўздрыгвала, а ўдзячна муркала.
Праз дзясятак прыступак чакала новая неспадзяванка. Хтосьці шчодра раскідаў па руберойдзе сцябліны маладога аеру. Чорнае палатно даху маляўніча спярэшчвалі зялёныя мазкі, і гэтая карціна цешыла не толькі вока: у паветры струменіў вытанчаны святочны водар. Я памятаў яго з дзяцінства, калі ў мамінай вёсцы перад Сёмухай прыцярушвалі аерам падлогу. Праўда, там аерны пах змешваўся з іншымі пахамі сялянскае хаты, тут жа ў паветры непадзельна ўладарыў адзін ён.
Кожны з нас радаваўся нечаканцы па-свойму. Залацістая аздобіла стрэлкай аеру кучаравую фрызуру. Кіяскёрка змайстравала сабе зялёныя, з ружовымі квадрацікамі ад карэньчыкаў каралі. Котка ўзяла аеравую шабельку ў зубы і не выпускала яе ні рухаючыся па коле, ні танцуючы пасярод яго, што выглядала асабліва святочна.
Аер, безумоўна, служыў знакам, які нам прапаноўвалася разгадаць або, наадварот, не імкнуцца зазірнуць у таямніцу, а проста чакаць яе разгадкі, атрымліваючы асалоду ад водару, які падчас танца рабіўся мацнейшым, бо нашыя босыя ногі міжволі расціскалі сакавітыя духмяныя сцябліны.
Іншым знакам, адрасаваным аднаму мне, сталася тое, што я ніводнага разу не адчуў у руцэ ядвабных падушачак Залацістай. Звыклы ў кожным танцы сустракацца з рукамі ўсіх танцораў, я – калі мы мяняліся ў руху месцамі – спрабаваў апынуцца побач з Залацістай, аднак усе манеўры сканчаліся безвынікова. Стоячы ў фінале з узнятымі ў неба рукамі, я падумаў: такое несупадзенне пярэчыць самой тэорыі імавернасці, вядома, калі яна тут дзейнічае.
Гэта было не астатняе парушэнне заўсёднай хады начных падзеяў.
Як зазвычай, мы разыходзіліся ў розным парадку, але апошнімі нязменна заставаліся Котка і Залацістая. Першым рушыў да адкінутых дзверцаў люка Настаўнік, за ім, як заўсёды, нырнула туды Гімнастка і, крыху памарудзіўшы, спусцілася Кіяскёрка. Надышла мая чарга, ды каля люка стаяла з Коткаю на руках Залацістая. Значыць, сёння апошнім адыходзіў я. Абвёўшы вачыма чорна-зялёны дах, я ўдыхнуў на развітанне аерны водар.
19
Раней я адзначаў дзіўную з’яву: пры пад’ёме на дах пяты паверх кудысьці знікаў: з пляцоўкі паміж чацвёртым і пятым паверхамі ты адразу трапляў на шосты і ўжо чакаў, як насустрач выбяжыць і папросіцца на рукі Котка. Я ніколі не мог узгадаць, як пераадольваў гэтыя сорак пяць – або ў дадзеным выпадку зусім іншую колькасць – прыступак, нават не паспяваў чарговы раз здзівіцца, як таямнічы ліфт вокамгненна пераносіў мяне на шосты паверх і пакідаў перад кароткай лесвічкаю на дах. Тое самае, але ў адваротным парадку, адбывалася па дарозе назад.
Аднойчы мне прыснілася, што Гатэль, важка зыбаючыся, ідзе начной ракою пад цёмным ветразем, а я ўглядаюся ў начны незварушлівы карабель са стромага берага, лічачы ягоныя палубы. Іх шэсць, і пацеркі каютных вокнаў не палохаюць цемрай, а прытульна свецяцца на ўсіх шасці, у тым ліку, зразумела, і на пятай. Але тое адбывалася ў сне, а на яве выглядала якраз наадварот: і ўдзень, і ўначы на ўсіх шасці лініях паверхаў цягнуліся цёмныя ланцужкі незашклёных вокнаў. Такім чынам, паміж чацвёртым і шостым паверхамі існаваў яшчэ адзін, аднак таямнічае поле, якое яго вартавала, дазваляла толькі маланкава пераадолець гэтую прастору, не даючы дазволу хоць на хвілю там затрымацца.
Вось жа, застаўшыся апошнім у тую «аеравую» ноч на даху, я набраў поўныя лёгкія духмянага паветра, ступіў на першую прыступку лесвіцы і – прачнуўся ў сваім ложку.
20
Мама трымала нада мною будзільнік, што падымаў на апошні экзамен. Зусім вы з тваёй Лорай з рэек з’ехалі, – прамовіла мама, і я спрасонку рэкнуў: Пры чым тут Лора? Дапіваючы ранішняе малако, я не ўспомніў анічога, апрача звыклага хрумсту шкла пад нагамі і знаёмага вядра з немаведама калі скамянелай рошчынай на шостым паверсе.
Усё вярнулася праз сем халодных дажджлівых дзён, у такі самы хмурны мокры вечар. Ужо застаўся ў мінулым выпускны школьны баль, на якім Лора павіншавала мяне з залатым медалём, але падкрэслена вальсавала з аднакласнікам. Месяц таму я вар’яцеў бы ад рэўнасці, трымцеў бы ад жарсці, уяўляючы Лору пад тонкай блакітнаю сукенкай, а цяпер ціха радаваўся такому развіццю падзеяў.
Назаўтра пасля выпускной вечарыны я затэлефанаваў Лоры з прапановаю сустрэцца. Можа, ніколі мы не кахаліся так доўга і апантана, аднак у шаленстве целаў зеленаватай яшчаркаю праслізгвала адчужанасць. Калі мы знясілена выцягнуліся на ложку, Лора раптам паднялася і вымкнула музыку. Ты не мой. Ідзі. Проста хацела з табой развітацца.
Я ішоў пад дажджом, не раскрываючы парасона. Прамок да ніткі, ды не адчуваў холаду. Зняў чаравікі і басанож плюхаў па лужах. Каля перапоўненага фантана на плошчы зачэрпнуў у чаравікі вады і зрабіў сабе душ. Напалохаўшы бацькоў, я пераапрануўся ў сухое, напіўся гарачага малака і пайшоў да сябе ў пакой. Вецер шпурнуў у вакно жменю буйных кропляў, па шыбах пабеглі тонкія стуменьчыкі, і скрозь іх я ўбачыў усё, што пачалося пасля вядра з застылай рошчынай.
21
Мы з Залацістай плылі ў чыстай вадзе колеру каменю хрызапразу з майго цяперашняга пярсцёнка. Нават не плылі, а луналі па-над густым падводным лесам, вершаліны якога казыталі нам ногі, ды не заміналі рухацца лёгка й імкліва. А можа, гэта было не багавінне, што цягнулася з глыбіні, а рыбы, якія мільгалі пад намі ў насычанай сонцам прытульнай прасторы. Возера прыняло нас аголенымі, адно на безыменным пальцы левай рукі ў Залацістай пабліскваў шырокі срэбны пярсцёнак з зялёным каменем. Гэта надавала заплыву адценне ўрачыстасці, і мне хацелася, каб возера запомніла абрысы нашых целаў, запісала звесткі пра нас у свае хронікі – на донных камянях, на карэнні прыбярэжных дрэваў, выбеленым вадою, што мела сваю жывую плыўкую памяць і магла зноўку паклікаць нас у зменлівы хрызапразавы сусвет.
Раз-пораз мы адначасова давалі нырца і, трымаючыся за рукі, праплывалі колькі дзясяткаў метраў пад вадой. Тады доўгія валасы маёй спадарожніцы пачыналі нагадваць расчасаныя плынню «русалчыны косы», якія з дзяцінства заўсёды заварожвалі мяне, толькі гэтыя косы былі не смарагдавыя, а залатыя, кранутыя грабянцом сонечных промняў.
Вада здзіўляла свежасцю й смакам. Яе хацелася пакаштаваць, і мы не ленаваліся рабіць маленькія асцярожныя глыткі. Серабрыстай платвіцаю бліснула думка: у мінулым або пазамінулым жыцці мы абое былі рыбамі і хвіліны, што перажываюцца зараз, – гэта сустрэча двух нашых ранейшых увасабленняў.
Блізкі ўжо бераг аздаблялі лапікі трыснягу і вясёлыя выспачкі аеру. Мы кіраваліся да пазначанай радком хвояў касы, якая вабіла паскам пясчанае водмелі. Там навісала над вадою, адкідваючы на яе доўгі цень, высокая грацыёзная вольха, што валадарыла над раскошна ўтравелым берагам. Целы наструньваліся, трымцелі ад прагі схавацца ў высокай мяккай траве, даверыцца засені вольхі й выправіцца ў іншае плаванне.
Там, на беразе, яно атрымалася неверагодна імклівым, але асалода ад гэтага анічога не страціла. Рукі, ногі, вусны, яе ўлонне дзіўным чынам былі адначасна халаднаватымі й гарачымі. Мы ператварыліся ў рабоў адно аднаго і – уладароў цэлага свету. Потым я нібыта памёр і вярнуўся назад – дарослым і спустошаным, сцішаным і шчаслівым. Я пачуў і ўбачыў, як наваколле жыве сваім адвечным парадкам. Па руцэ бегла порсткая рудая мурашка. Гушкаліся на травінках сапфіравыя і бурштынавыя стрыблі. У гушчары жаласна пішчала злоўленая вужакай лясная мышка.
Цела ў Залацістай было проста абсыпанае радзімкамі розных колераў і адценняў ад антрацыту да алівіну – цэлая галактыка. Але я не паспеў пачаць яе вывучэнне, бо Залацістая з уладнай пяшчотаю перавярнула мяне са спіны на жывот. Яе дыханне ставала ўсё бліжэйшым, яго цёплая змейка бегла па маіх плячах, і ў нейкі момант я адчуў на мокрай макаўцы пяшчотныя вусны. Знайшоўшы патрэбную кропку, Залацістая пачала хутка-хутка дзьмуць туды гарачым струмком паветра. Цела зрабілася бязважкім і не маім, што, аднак, не палохала, а захапляла.
Вагомасць і моц вярнуліся целу – разам з усведамленнем яго сваім уласным – ужо тады, як мы зноў плылі поруч. Але нешта зыначылася. З пальца ў Залацістай знік пярсцёнак з зялёным каменем. Я не мог сказаць ёй пра гэта, бо мы і тут маўчалі, ды мая спадарожніца хуткім рухам левай рукі дала зразумець, што ведае пра страту. Я адно не мог даўмецца: шкадуе яна або не?
І замест адказу ўва мне ціха прагучала: Маё імя – Эфа.
22
Праміне шмат гадоў, і я апынуся, відаць, у самым прыгожым і загадкавым сне свайго жыцця, у сне, шчодра наладаваным сімваламі, алюзіямі й дагэтуль не раскрытымі знакамі.
Пачынаўся сон досыць будзённа і нават з прысмакам анекдатычнасці. Перад адпраўленнем экскурсійнага аўтобуса я пабег у прыбіральню. Зрэшты, завязка атрымалася ўсё ж не зусім звычайнай: аўтобус стаяў пасярод выпаленай камяністай пустэльні, над якой у зіхоткім мроіве плыло бязлітаснае паўднёвае сонца.
Усе кабінкі ў прыбіральні былі крыж-накрыж заклееныя ліпучкай, а намаляваныя на іх стрэлкі паказвалі ўправа на адзіныя чыстыя ад ліпучкі дзверы, за якімі адкрыўся душны калідор кудысьці ўніз. Ісці па ім не хацелася, але іншага выйсця я не меў, бо назад дзверы не адчыніліся. Сотавая сувязь знікла, і, скарыўшыся з тым, што адстану ад сваіх, я рушыў наперад.
Неўзабаве калідор прывёў у падземны горад-лабірынт, а магчыма, нават у цэлую краіну, з несканчонымі вуліцамі-анфіладамі. Сярод іх часам узнікалі пляцы з фантанамі й фінікавымі пальмамі, ад якіх разыходзіліся промні новых вуліц і завулкаў. Некалькі суседніх вуліц насяляў нейкі адзін народ. Найчасцей – габрэі, аб чым сведчылі меноры, шасціканцовыя зоркі і пісьмёны на сценах і нізкай столі. У адных анфіладах жылі светласкурыя ашкеназі, між якіх, мне здалося, я двойчы пазнаў аднакласнікаў, што з’ехалі з бацькамі на зямлю продкаў. Іншыя вуліцы належалі смуглым сэфардам або цёмнатварым кучаравым юдэям-абісінцам. Ад іх адгаліноўваліся ўладанні мараканскіх габрэяў, а за імі ляжаў анклаў марыскаў.
З тых кварталаў я зноў трапляў у габрэйскія, ужо адрозніваючы сімволіку і мовы. Хутка прыйшло разуменне: паміж нашай экскурсіяй і тым часам, у якім жыў падземны горад, пралеглі стагоддзі: нават друкаваныя кнігі трапляліся тут вельмі рэдка, а ўбачаная недзе на падваконні мікрахвалёўка падалася аптычным падманам.
Мясцовыя жыхары сустракалі мяне ў горшым разе абыякава-спакойна, а найчасцей – прыязна, аднак тыя, каго я спрабаваў распытаць пра дарогу назад, аніколі не збіраліся дапамагчы, прапаноўваючы наўзамен пачостку або начлег. Вандруючы па лабірынце не адзін дзень, я, відаць, паспеў пакаштаваць усе тамтэйшыя прысмакі: свежыя буйныя фінікі, тэйгелах, размаітыя перапечкі і праснакі з мёдам, разынкамі, цынамонам. Адну ноч я спаў на ложку з белымі і халаднаватымі льнянымі прасцінамі, другую – на тонкай бруднай посцілцы, кінутай на каменную падлогу. Трэцяе начы ў багатую спачывальню гаспадыня прывяла юную нявольніцу ў вянку з белых лілеяў.
Між тым азарт падарожніка хутка запаветрыў, і на змену яму прыйшло вусцішнае падазрэнне, што выцяла як пярун: я асуджаны! Асуджаны да канца дзён блукаць у чужым часе, пад небам, што ўяўляе сабой не больш як столь, дзе ніколі не шэпчуцца зоркі і не ўзыходзіць здзіўлены месяц, а дзень надыходзіць тады, калі паводле нечага загаду паўсюль загараюцца вымкнутыя нанач свяцільні. Здагадка была нясцерпна-пякучай, і я закрычаў і пабег. Я бег бясконца доўга і, калі знясілеў, убачыў: вуліца заканчваецца глінабітным тупіком. У роспачы я заваліўся на дол і заскавытаў, як бадзяжны сабака.
Наступныя дні я то ішоў, то бег і, адмаўляючыся ад запрашэнняў заначаваць, спаў на голай зямлі. Я згубіў лік дням і заўважыў, што трапляю ў тыя ж месцы, а значыць, рухаюся па коле. Аднаго разу яшчэ раз заўважыў знаёмую мікрахвалёўку, і гэта толькі дадало адчаю. Ад нечалавечай, жывёльнае стомы цела выдавала мёртвым. Агеньчык надзеі патух, і замест яго прыйшла выратавальная думка – назбіраць за пазуху цяжкіх камянёў і спыніць пакуты, кінуўшыся ў глыбокі фантан-вадаліў на падземным пляцы.
Калі груз, што мусіў стаць маёй вечнай кітвагаю, быў амаль сабраны і камяні драпалі запаленую скуру пад кашуляй, павуціна вуліц вывела да вадаліву з высокімі мармуровымі краямі-пялёсткамі. На самым далёкім пялёстку гэтае кветкі, звесіўшы ногі ў ваду, сядзела жанчына, з якою я недзе сустракаўся… з якою я… танчыў!
Эфа! — моўчкі паклікаў я, і яна адвяла ад маціцовай гульні вадзяных струменяў месяцападобны твар…
23
Нашыя абдымкі доўжыліся пяць удыхаў і выдыхаў мёртвага падземнага паветра. Трэба спяшацца, праз гадзіну будзе позна, – моўчкі паведаміла яна, загадаўшы паўтараць ейныя дзеянні. – Але спачатку – камяні.
Высыпаўшы з-за пазухі свой груз, я выклаў з меншых камянёў першую літару яе імя, пасля чаго ўслед за ягонай уладальніцай сарваў з пальмы і кінуў у рот два фінікі. Мы сінхронна нырнулі і доўга плылі пад вадою, колер якой праходзіў усе адценні – ад маціцы да амаль чорнага малахіту. Лёгкія ўжо не вытрымлівалі, і мы нарэшце апынуліся на паверхні хуткай падземнай ракі. Плынь падхапіла нас, але адпачынак выпаў нядоўгі: Эфа загадала зноў даваць нырца.
Я плыў, згадваючы хрызапразавае возера, і маліўся, каб гэтая рака адразу ж і назаўсёды сцёрла нашыя целы са сваёй змрочнай прыемнай памяці, і калі мы зноўку напоўнілі грудзі паветрам, у небе мігцелі зоркі і ўзыходзіў над краем прыазёрнага лесу малады месяц.
Мы кахаліся там, дзе і ўпершыню, пад вольхаю, і, стаіўшыся ў траве, нас вартавалі лагодныя сытыя вужы, якія раз-пораз прыўздымалі галовы з залатымі «акулярамі». Аб тым, што адбывалася нядаўна, нагадвалі адно фінікавыя костачкі, якія знайшліся за шчакой. Я так і прачнуўся – з выразным фінікавым смакам у роце.
24
Танцы працягваліся ўвесь павольны аксамітавы ліпень. Пасля іх я то апынаўся на вузкім ложку Кіяскёркі, то плаваў з Залацістаю Эфай, што так і не знайшла пярсцёнка, а мо і не шукала яго, здзейсніўшы з возерам таемныя заручыны. Загадку таго чаргавання я разгадваю дагэтуль. Можа, тады мне паказваліся два бакі, дзве розныя іпастасі кахання? Ці – самога жыцця?..
Але ў жніўні пачыналіся ўступныя экзамены ва ўніверсітэт, і я паехаў у сталіцу. Добра памятаю: у апошнюю ноч мы былі з Эфай, і цёплая змейка яе дыхання зноў бегла па плячах, зусім не пакідаючы адчування, што пасля кароткага ад’езду ўсё гэта скончыцца.
25
Праз два тыдні я вярнуўся пераможцам, ды радасць, што спявала ўва мне, чакала іншага, апроч размоваў з бацькамі і знаёмымі, выйсця. Кожны вечар, разнасцежыўшы вакно, я ўкладваўся ў ложак, які ўпершыню здаўся цесным, і хутка засынаў, каб сярод ночы расчаравана прачнуцца на пакамечанай прасціне і злёгку вільготнай падушцы. Гэта ўспрымалася як трагедыя: хтосьці скраў самае дарагое, што я меў у свае сямнаццаць гадоў. Цяпер я думаю: у тыя два астатнія жнівеньскія тыдні нічога не змянілася, проста я чамусьці, за нейкую правіну, страціў здольнасць памятаць.
Птушыныя чароды адляталі ў вырай, а жнівень на срэбных павуцінках адплываў у процілеглым кірунку, насустрач восені. І аднойчы мамін адрыўны каляндар засведчыў: увечары я пакажу правадніку начнога цягніка плацкартны квіток у сталіцу.
26
У першую ж нядзелю я, здзівіўшы супрацоўніцу ўніверсітэцкай бібліятэкі, замовіў усё, што мела дачыненне да самнамбулізму, не ўтрымаўшыся пры гэтым – дзеля дэжавю – ад чытанага некалі тома дзіцячай энцыклапедыі.
Навука лічыла прагулянкі ў сне хваравітым станам, калі паводзіны толькі выглядаюць адэкватнымі. Насамрэч самнамбул дзейнічае абсалютна немэтанакіравана або, заўважце, у адпаведнасці са сваім сном. З дзіўным пачуццём я чытаў, што вочы ў самнамбулаў звычайна расплюшчаныя і яны, уявіце сабе, здольныя абыходзіць перашкоды і нават рабіць складаныя ўчынкі. Аднак такія іхнія манеўры ўсё ж не ёсць свядомымі і большасцю пры абуджэнні не ўспамінаюцца.
Калі верыць вучоным, лунацікі могуць выпадаць з вокнаў, прымаючы іх за дзверы. Прычым самнамбулы бываюць агрэсіўныя, і тады не пазайздросціш тым, хто спрабуе ім дапамагчы ці трапляецца на шляху. Ну а падарожнічаюць лунацікі нядоўга, не больш за гадзіну, і пры гэтым ходзяць не ўсе, некаторыя – сядзяць або стаяць.
Увязвацца ў завочныя спрэчкі з высакалобымі адмыслоўцамі мне не хацелася.
Як выявілася, самнамбулаў прыблізна два адсоткі. У дзяцей такое адхіленне ад нормы сустракаецца досыць часта, ды з гадамі ў большасці выпадкаў мінаецца. У дарослых яно вымагае сур’ёзнай увагі, бо прычынамі могуць быць стрэс, трывога, а часам – эпілепсія. І – адзінота, – падумаў я ў тралейбусе, калі на прыпынку зайшла жанчына, здалёк падобная да Залацістай.
27
У першую студэнцкую восень я прыехаў у родны горад разам з «бабіным летам». Аўтобус прыйшоў надвячоркам у суботу, і я ледзьве дачакаўся вечара. У маім пакоі нічога не змянілася, адно побач з партрэтамі Ленана і Джагера мама пачапіла на суровай ільняной нітцы мой прасвідраваны дзеля гэтага ў знаёмага ювеліра школьны медаль і ўзятае ў рамку паштовае паведамленне пра залічэнне ва ўніверсітэт.
Ноч не падаравала нічога, апрача моцнага сну. Сняданак аказаўся да болю знаёмы ад школьных гадоў: збітыя яйкі і гарачае малако з печывам, хоць у сталіцы я паспеў прызвычаіцца да кавы. Бацькі пачулі, што я хачу хутчэй пабачыцца з аднакласнікамі. Ключ ад Гатэля чакаў на салатавым дне шуфлядкі швачнай машынкі, якая, магчыма, крыху сумавала па мне.
Ішла дзясятая гадзіна раніцы, у нядзелю горад яшчэ драмаў. У святога Пётры на касцёле адбілі ў дадатак і ногі, але і ён, і святы Павел, відавочна, пазналі мяне і зразумелі, куды я так рана кіруюся.
Цёмны ветразь з прабоінамі, як і сам бетонны карабель, сустрэлі звычайным, хоць і не надта звыклым удзень выглядам. На месцы быў і дашчаны плот. Раса на закінутай дарозе не збітая. Наогул не пакідала адчуванне, што трава на ёй ужо даўно нікім не прыгіналася. Шырокая дошка за вербалозам, якая трымалася на верхнім цвіку, нікуды не прапала і лёгка падалася ўбок. За плотам ацалела выспачка лета са святаяннікам, здрыжнічкамі і познімі рамонкамі з іхнімі выцвілымі «сонейкамі».
Цвік з расплясканай галоўкай лёгка зайшоў у замочную шчыліну, ды не захацеў паварочвацца. Замок замянілі. Я абышоў Гатэль вакол. Ключ не падыходзіў ні да воднай з астатніх чатырох дзвярэй. Як у гэтым свеце ўсё крохка, – падумаў не я, а хтосьці іншы, больш сталы.