355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Сергей Жадан » Дэпэш Мод » Текст книги (страница 2)
Дэпэш Мод
  • Текст добавлен: 26 сентября 2016, 21:25

Текст книги "Дэпэш Мод"


Автор книги: Сергей Жадан



сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 11 страниц)

– Нішто сабе.

– А тут гэтая сука з балкону выходзіць, ну, другая. Пужаецца, канешне.

– Зразумела...

– Тая, што ў пакоі, нічога, мабыць, прывыкла ўжо.

– Да чаго?

– Да мяне. Яна мяне такога ўжо бачыла, ну, з эрэкцыяй.

– Завал.

– Я ж кажу. А тая, што на балконе, ужо ўгашаная, вы разумееце, яны зранку пілі, сукі. Я жанчынам наагул забараніў бы піць. Вы разумееце, пра што я?

– Да, бабы. У мяне сусед ёсьць, дык ён зранку выходзіць і бярэ літры два вадзяры.

– Два літры?

– Сур’ёзна.

– Пра гэта нават думаць непрыемна.

– Я пытаюся ў яго – на хуя табе, мужык, два літры? Ты ж ня вып’еш. А ён, ведаеце, што кажа?

– Што?

– Я, кажа, калі вып’ю, ну там першы пузыр, ужо баюся кудысьці выходзіць. А выпіць хачу, не магу спыніцца.

– Сур’ёзна?

– А хулі ён баіцца?

– Ну, ня ведаю, страшна яму. Стром пачынаецца ад вадзяры. А выпіць хочацца. Ну, ён і бярэ адразу два літры. Сядзіць і квасіць.

– Ну, пачакай, раздушыць ён пузыр, раздушыць другі, ды хрэн зь ім – вып’е ўсё. А далей?

– Што – далей?

– Ну, выпіць жа і зноў хочацца?

– Хочацца.

– Але ж выходзіць страшна.

– Не, не фіга, там, разумееце, такая сыстэма – ён калі выпівае свае два літры...

– Два літры!

– ...ну, два літры, яго перамыкае, і яму ўжо ня страшна.

– Сур’ёзна?

– Я сам бачыў.

– Ну, а як яму?

– Што значыць – як?

– Ну, як яму, калі ня страшна?

– Яму по хуй.

– І што?

– Ну, і ён далей валіць за вадзярай. Падае, а ідзе.

– Да...

– Ну яшчэ б. А ты кажаш – эрэкцыя.

– Што эрэкцыя?

– Ты кажаш – эрэкцыя.

– Ну, эрэкцыя.

– І што?

– Нічога. Ну, стаю я са сваёй эрэкцыяй.

– Завал...

– Ну.

– І тут выходзіць гэтая п’яная сука з балкону, уяўляеце?

– Я гэтага не ўяўляю.

– Ну, і бачыць мяне. І, значыцца, думае – што гэта за мудак сюды прыпхаўся і стаіць тут?

– Што стаіць?

– Стаіць, кажа.

– Мабыць, думае яна, сусед, прыйшоў патрахацца. І, значыцца, хапае пусты фугас з-пад шампанскага і запускае мне проста ў чэрап.

– А ты?

– Ну, я прытомнасьць страціў. Упаў, значыцца, весь у крыві. А гэтая сука п’яная, уяві, падбягае да іншай і давай яе будзіць, уставай, кажа, трэба яго, ну, то бок мяне, вязаць. І яна ўстае, прыкінь, і яны мяне вяжуць прасьцінамі па руках і нагах.

– Так яна ж цябе ведала, ну, тая іншая.

– Ды яны ўгашаныя абедзьве зранку, сукі, я ж кажу! Яны нейкай фігні нажэрліся, а потым яшчэ вадзяра. Як тая сука з балкону назад трапіла – не ўяўляю. Яны адна адну ўжо не пазнавалі.

– Ну?

– І, значыць, вяжуць мяне і зацягваюць у ванну, кінулі і пайшлі спаць.

– Да...

– А зранку, значыць, адна зь іх, тая, што з балкону выйшла, ясная рэч, ужо нічога не памятае, і папёрлася ў ванну мыцца. Прычым, карова, сьвятло не ўключае, навобмацак лезе. Залазіць, значыць, у ванну, а там я...

– Водка, ты разумееш, яна жанчын глушыць, яны, як рыбы, робяцца.

– Я калісьці кантралёрку ў трамваі сустрэў, дык яна са сваім кампосьцерам хадзіла.

– Не пізьдзі.

– Што – не пізьдзі? Сур’ёзна – ідзе баба, п’яная сто пудоў, я ёй свой талончык даю, а яна аднекуль з кішэні дастае кампосьцер, уяўляеце?

– Свой кампосьцер, мабыць, прыкольна мець.

– Твая праўда.

– Да...

– Я спрабаваў калісьці зьняць у трамваі. Уначы акурат ехаў, нікога не было, ну, я давай яго выломваць, распароў руку, уяўляеце, кроў цячэ ва ўсе бакі, а тут кантралёры заходзяць.

– Сукі.

– Ну, і адразу да мяне, у прынцыпе я адзін там ехаў, больш нікога. На хуя, кажуць, кампосьцер ламаеш.

– А ты?

– Што я? Кажу, не ламаю я нічога, хацеў, кажу, талончык пракампасьціраваць, а ваш траханы кампосьцер мне руку зажаваў. О, кажу – глядзіце.

– Крута.

– Да...

Какава, непаваротлівы і ўспацелы, у гэтай кампаніі добра, наагул, пачуваецца. Маленькі пакойчык, у якім яны сядзяць, наскрозь прапах цыгарэтным дымам і кавай, кубкаў на ўсіх не хапае, яны пускаюць па колу першую каву, потым другую, перадаюць кубкі з рук у рукі, потым перадаюць кавалкі белага хлеба, пасьля гадзіны сядзеньня ў гэтым пакоі іхнае адзеньне і іхныя валасы і яны самі пахнуць тытунём і хлебам, хлебам нават больш. Какава выцірае рукавом успацелы лоб, ты што, сьмяюцца ўсе, Какава, гэта ж твой выхадны касьцюм, нічога – Какава чырванее – ня страшна, вымыю, ну да, сьмяюцца ўсё далей, ты ўжо другі год абяцаеш, бяры хлеб, Какава бярэ з рук сяброў сьвежы белы хлеб і далей слухае байкі, ён гатовы быць зь імі хоць увесь час, яму зь імі добра, дзеляць разам зь ім хлеб і цыгарэты, і галоўнае – яго ніхто не праганяе. А ў наш час ты яшчэ пашукай кампанію, якая будзе цярпець цябе некалькі дзён у тваім пясочным касьцюме, які ты ня мыеш ужо другі год, калі ня трэці.

Какава да таго ж затоўсты для гэтай кампаніі, і ў касьцюме сваім ён выглядае жахліва, але гэты касьцюм яму падабаецца, ня ведаю дзе такія касьцюмы прадаюцца, Какава ж яго недзе знайшоў, лічыць, што касьцюм стылёвы, ён памяшаны на такіх штуках, Какава ці не адзіны з маіх знаёмых ходзіць у цырульню, карыстаецца нейкім підарскім гелем, нават голіцца час ад часу, хоць на карысьць яму гэта ня йдзе. Іх набілася ў пакой чалавек шэсьць, сядзяць і слухаюць Малога Чака Бэры, той апавядае як ён сьвяткаваў свае народзіны, гісторыя ўсім падабаецца, Какава слухае з адкрытым ротам, яму асабліва спадабалася пра бялізну розных колераў, ён спрабуе сабе гэта ўявіць, але ня можа. Пасьля Малы Чак Бэры пускае па коле яшчэ адну цыгарэту і раптам гаворыць – Какава, раскажы ты што небудзь, усе пагаджаюцца – да, Какава, давай, раскажы нам што-небудзь, што ты сядзіш маўчыш, нам жа таксама цікава, давай, раскажы нам што-небудзь, о – раскажы нам пра сваіх баб, усе сьмяюцца, да, крычаць, Какава – давай, раскажы нам пра сваіх баб. Какава саромеецца, ён усё-ткі адчувае сябе не зусім упэўнена, яны каманда, а ён так – проста зайшоў да іх у госьці, але ісьці прэч яму ня хочацца, таму ён думае што расказаць, так, каб гэта было пра баб. Пра баб. Баб ён бачыць пераважна па тэлевізары. Можа, ім пра тэлевізар расказаць.

У пакой забягае нехта з адміністрацыі, усё – крычыць, пайшлі, пайшлі, хутчэй, час пачынаць, і яны пачынаюць падымацца і выпаўзаюць у калідор, ідуць гуськом, адзін за адным, дажоўваючы хлеб, дабіваючы цыгарэты, Какава цягнецца за імі, яны праходзяць нейкімі закавулкамі, паўсюль стаяць шчыты з агітацыяй, на сьценах вісяць вогнегасіцелі, нарэшце яны выходзяць на сьвятло, нехта паварочваецца да Какавы і кажа – давай, сябру, пачакай нас тут, добра? мы ня доўга. А колькі гэта будзе доўжыцца? – пытаецца Какава, ды пару гадзін, можа трошкі долей, давай, – сядай вунь пад сьценкай і пачакай. А можна я паслухаю? – пытаецца Какава, паслухай, – кажа нехта, – паслухай, але ў прынцыпе тут ня вельмі цікава – так, хуйня поўная. Какаву застаецца толькі паверыць ім на слова.

Заля забітая, сабралася больш як дзьве тысячы чалавек, хто прыйшоў пазьней – стаяць у праходах, таўкуцца пад сцэнай, публіка стромная – студэнты, пенсіянеры, вайскоўцы, інваліды, інвалідаў асабліва шмат, ну гэта зразумела, ёсьць нават бізнэсмэны, у касьцюмах едкіх колераў, ну і гэтак далей. Калі яны выходзяць, заля радасна выбухае, інваліды пачынаюць крычаць нейкія свае мантры, ім махаюць рукамі, усьміхаюцца, нават пару букетаў паляцела на сцэну, яны выходзяць і нясьпешна бяруць у рукі інструмэнты, падключаюцца, хтосьці нешта паказвае гукавікам, маўляў дайце мне больш, хтосьці адкаркоўвае пляшку зь мінэралкай, народ працягвае скандаваць, ладзячы сабе невялічкае сьвята, але яны ня надта на гэта вядуцца, усе разумеюць у чым тут рэч, хто тут насамрэч галоўны і чым усё гэта скончыцца, і калі разагрэтыя інваліды пачынаюць сьпяваць хорам, і на іх ужо амаль ніхто не зьвяртае ўвагі, зьяўляецца ён –

10.00

Прападобны Джонсан-і-Джонсан, сонца на затуманеным небасхіле новага амэрыканскага пастарства, зорка найбольш масавых прыходаў на ўсім Заходнім узьбярэжжы, лідэр Царквы Ісуса (аб’яднанай), поп-стар, які ўпраўляе мазгі ўсім, хто гэтага прагне і хто прыйшоў да яго гэтым летнім дажджлівым ранкам, проста пасярод тыдня, прападобны Джонсан-і-Джонсан пляваць хацеў на ўсе гэтыя ўмоўнасьці, ён не старавер які-небудзь, каб адпраўляць свае службы толькі па выходных, што за гаўно, кажа ён, што за стараабраднае гаўно, і ўсе зь ім пагаджаюцца. Ён прыехаў у горад пару тыдняў таму, зьняў канцэртную залю на месяц наперад, набраў музыкаў і вось ужо чацьверты дзень ябошыцца тут, прапаведваючы абарыгенам слова божае, абарыгенаў набіваецца з кожным разам усё больш, прападобны мае фантастычных агентаў, усе гарадзкія газэты яшчэ за месяц да яго прыезду пачалі пра гэты прыезд пісаць, улёткі зь яго ўсьмешлівым амэрыканскім яблом раздаваліся на заводах, базарах і ў банках, у першы ж дзень па прыезьдзе ён даў інтэрвію найпапулярнейшаму гарадзкому ціві, і да найвялікшага зьдзіўленьня глядацкай аўдыторыі нават гаварыў на больш-менш прыстойнай дзяржаўнай мове, набіраючы трохачковыя проста на пустым месцы, гаварыў, што мае мясцовыя карані, але наагул ёсьць васпам, то бок стопрацэнтным белым з Тэхасу, ня дзіўна, што пра яго гаварыў цэлы горад, падчас перашага казаньня ў залі было некалькі тэлекамэр, усе больш-менш апэратыўныя каналы лічылі мэтазгодным сказаць, што першае казаньне прападобнага Джонсана-і-Джонсана, пра якое так доўга гаварылі бальшавікі, адбылося, усё клёва, дарагія харкавяне, вы проста мусіце гэта ўбачыць, тым больш – уваход халяўны, плюс усім раздаюць бясплатныя каляндарыкі зь фізіяй прападобнага, службы будуць праходзіць кожны дзень да канца чэрвеня, пачатак а дзясятай, трынаццатай і сямнаццатай нуль-нуль, без выходных.

І вось ужо чацьвёрты дзень запар ён стрыжэ купоны, агалошваючы па тры казаньні на дзень, у яго тут ужо свае фанаты, яны аддана рэагуюць на кожны саплівы ўсхліп прападобнага, перакладзены для іх нейкай цёткай у шэрым афіцыйным касьцюме, якая працуе ў прападобнага перакладчыцай і якая яго, здаецца, не разумее, ва ўсялякім разе перакладае яна абы што, а самому прападобнаму, здаецца, проста западло яе карэктаваць, відаць, адкрыцьцё божае накрывае яго з галавой, яго проста прэ падчас казаньня, на яго нават пачалі хадзіць плянавыя, яны па-свойму разумеюць старога, гэта нібы такая сусьветная салідарнасьць усіх абкілбашаных прыдуркаў, якім тым ці іншым спосабам, кожнаму па-свойму, канешне, адкрываюцца божыя таямніцы, вось іх разам і прэ, а тут яшчэ і музыка гучыць.

Музыку граюць менавіта яны, прападобны правёў сярод іх дасканалы кастынг, выбраў у асноўным студэнтаў кансэрваторыі, толькі Малы Чак Бэры паходзіў з панкаў, яго прападобны ўзяў за пачуцьцё рытму, наагул для яго асьвета не была вызначальнаю, галоўнае, каб яны добра выглядалі на сцэне, ну, там, ніякіх габрэяў, ніякіх манголаў, ні ў якім разе каб ня чорныя, карацей, сапраўдны фашысцкі ўблюдак, але народу падабаецца.

Прападобны накручвае сябе ў грымёрцы, глытае нейкія пігулкі, п’е шмат кавы без кафеіну, і ўголас рэцытуе нешта з голі бібла, прымушаючы перакладчыцу паўтараць, перакладчыца панура маўчыць, прападобнага гэта заводзіць яшчэ больш, у яго ўжо першыя прыступы божага адкрыцьця, у яго гэта як срачка, яго проста разрывае і ўсё тут. Заходзіць нехта з адміністрацыі, час, кажа, ісьці, народ ужо чакае, прападобны сёрбае зь вялікага плястыкавага кубка сваю беспантовую каву, аблівае ёю сваю беласьнежную кашулю, шыт, кажа, факін шыт, перакладчыца спрабуе перакласьці гэта чуваку з адміністрацыі, але той толькі адмахваецца. Добра, гаворыць прападобны, давядзецца зашпіліцца на ўсе гузікі, будзем як вустрыцы, або як малюскі, як васьміногі адным словам, усе мы пад богам ходзім, дадае ён і выходзіць у калідор. За кулісамі, пад самаю сцэнай, прападобны на імгненьне спыняецца, яго ўвагу прыцягвае паўнаваты юнак у пясочным касьцюме, нішто сабе юнак, думае прападобны і на хвілінку прытарможвае. «Ты хто?» – пытаецца ён, і ў закулісным сутоньні на імгненьне бліскае корпус яго наручнага гадзіньніка, Какава замірае і на нейкі момант губляе мову, што ты маўчыш? нецярплівіцца прападобны, у цябе ёсьць сям’я? Какава ківае сваёй вялікай галавой, але імя не называе. Ну, добра, прападобны губляе рэшткі цярплівасьці, вялікая ласка госпада, хай яна ляжа і на такіх ебанатаў, як ты, перакладчыца хоча гэта перакласьці, але прападобны перапыняе яе – потым-потым, кажа ён і ідзе на сцэну, цяжка цягнучы над сабой жоўты непагасны німб.

Какава вырачана глядзіць на тое месца, дзе стаяў прападобны, доўга прыходзіць у прытомнасьць і на ватных нагах ідзе шукаць прыбіральню, нарэшце знаходзіць, з апошніх сіл адчыняе дзьверы, запаўзае ўнутр і пачынае бляваць. Я даўно заўважыў – калі ён нэрвуецца, калі ў яго стрэсы ці што, ён абавязкова блюе, проста бяда нейкая, калі пачынаецца сэсія, да яго лепш увогуле не падыходзіць, такі чалавек. «Госпадзе, – думае Какава, – о, госпадзе. Няўжо гэта сапраўды я, няўжо гэта сапраўды да мяне толькі што падыходзіў гэты чалавек? Ня можа быць, я, натуральна, ведаю сабе цану, у мяне добрыя сябры, у мяне мама ў бібліятэцы працуе, мяне ў Макееўцы няблага ведаюць і ў Мелавым таксама, але каб так! Ня ведаю нават, што і падумаць», – думае ён і зноў пачынае бляваць. «Як жа гэта, – думае ён адпляваўшыся, – гэта ж каму распавяду – не павераць. Скажуць, што ты вярзеш. Блін, сам сабе ня веру – жыў як жыў, сумленна рабіў сваю справу, нікому не перашкаджаў, нікога не падстаўляў, магчыма, гэта і ёсьць падзяка госпада. Інакш як, як – проста не разумею, як так сталася, што да мяне, проста да мяне, непасрэдна, вось так узяў і падышоў чалавек, У ЯКОГА НА РУЦЭ ЗАЛАЧОНЫ РОЛЕКС!!!»

Какава яшчэ раз нахіляецца і бачыць на падлозе, побач з ракавінай, стосік брашурак з казаньнямі прападобнага, ён пабожна бярэ адну, разглядае трошкі пажмяканы твар Джонсана-і-Джонсана, разглядае ролекс у яго на руцэ, і ўсьміхнуўшыся, хавае брашуру ў кішэню свайго пясочнага пінжака.

Дарагія браты і сёстры! (Дарагія браты і сёстры! – перакладае цётка ў касьцюме). Госпад маніпуляцыямі сваіх боскіх рук сабраў тут нас з вамі! (Госпад прарабіў пэўныя маніпуляцыі, – перакладае яна. – З вамі.) Так падзякуем яму за тое, што мы тут сабраліся – і вы, і я! (Таму дзякуй вам, што вы тут сабраліся, і я.) Я кажу вам, браты і сёстры, – устанем, устанем і прачытаем малітвы, у імя госпада, алілюя! (Алілюя, – не зусім разумее яго цётка.) Госпадзе, кажу я! (Ён кажа – «Госпадзе».) Паглядзі на гэтых людзей, якія тут сабраліся гэтым ранкам! (Зранку ўжо сабраліся.) Іх прывяла сюды твая боская любоў, ці не так? (Іх прывяла сюды не так любоў.) Так, Госпадзе! (Так.) Так, алілюя! (Цётка маўчыць.) Але вы можаце запытацца, чаму ты, прападобны Джонсан-і-Джонсан, гаворыш нам пра гэта, мы ведаем, усё гэта пра нас, таму лепш пакажы цуд! (Мы ведаем пра вас усё! – пагрозьліва гаворыць цётка, – можаце запытацца.)

Я хачу апавесьці вам адну гісторыю, я хачу вам паказаць на канкрэтным прыкладзе, каб вы зразумелі, што я маю на ўвазе. (Я хачу вам, напрыклад, паказаць, вы разумееце, што я маю на ўвазе.) Адна дзяўчына з паўднёвага Канэктыкуту (Адна дзяўчына з поўдня) жыла ў вялікай скрусе (жыла сабе на поўдні), яна ня мела бацькоў, ня мела сяброў, ня мела ўласнага псіхолага (яна займалася псіхалогіяй, была псіхолагам, уласным), яна зусім страціла надзею на божае адкрыцьцё, і яе дні цягнуліся бясконцай плыняй (яна ўсё страціла і цягалася без канца.) Алілюя! (Цётка маўчыць.) Аднаго разу на яе шляху трапіўся божы чалавек, пастар (у ейным жыцьці зьявіўся чалавек, мужчына) і ён сказаў ёй – сястра! (гэта была яго сястра) сястра! (яшчэ адна) спыніся, гэта кашмарна – ты сама зачыняеш дзьверы, празь якія мог бы ўвайсьці да цябе Ісус (зачыняй дзьверы, сказаў ён, да цябе можа прыйсьці кашмарны джызус.) Навошта ты гэта робіш? (Што ты для гэтага робіш?) І ён пайшоў ад яе, ён меў ужо досыць яе зьнявер’я (Стары, выяўляецца, меў яе, і ён сказаў досыць. І пайшоў.) І яна засталася адна, і дні яе далей цягнуліся бясконцай плыняй (І так яна далей цягалася, адна.) І вось аднаго разу, калі яна вярталася з пакупкамі (Аднаго разу яна такі патрапіла на шопінг) і пераходзіла вуліцу, нейкі п’яны аўтааматар ня змог як сьлед прытармазіць і зьбіў яе з ног (яна была ўжо такая п’яная, але не магла спыніцца і падала з ног, як аўтааматар), і калі яна апрытомнела ў рэанімацыі, на апэрацыйным стале (яна прачнулася на стале, ну там п’яная, брудная, у разарваным аддзеньні, шалава), пад скальпелем хірурга (на ёй ужо быў хірург), яна не змагла ўзгадаць свайго імені (яна не магла яго нават узгадаць. Ды яна ўсё забыла, яна п’яная была, алькагалічка кончаная), яна страціла памяць! Яна зусім нічога ня памятала (прапіла ўсё – і хату, і рэчы, грошы зьняла з кніжкі – таксама прапіла, знайшла хахаля, пачалі самагон гнаць), ня памятала сваіх бацькоў, свайго тату, сваю маму (тваю маму, казалі яны, што за курва падсялілася да нас у пад’езд, нам хутка электрычнасьць адключаць празь яе апарат), яна забылася на ўсё сваё жыцьцё (усё сваё жыцьцё мы тут не разгінаемся, а гэтая прашмандоўка прыйшла на ўсё гатовае, яшчэ і хахаля з сабой прывяла), і калі ўжо ўсе, нават дактары, страцілі надзею (мы табе, сука, пакажам будынак узорнага побыту і маральны кодэкс будаўніка камунізму. Мы табе, падла, ногі паадрываем. А хахаля твайго ў дыспансэр здамо, хай лечыцца), ёй раптам зьявілася божае адкрыцьцё (а то зусім абарзела сучка прывакзальная, з хахалем сваім, прашмандоўка, думае, што мы замест яе за электрычнасьць плаціць будзем, думае, яна тут самая разумная, дрэнь марская, і яшчэ гэты, хахаль ейны, ёбаны-сьмешны: здамо ў дыспансэр і кранты, ды хулі мы тут зь імі ручкаемся – зараз паклічам участковага, абрэжам драты і хахаля ейнага таксама абрэжам, знайшоўся тут – марак тарговага флоту, ёбаны-сьмешны, прыйшлі на ўсё гатовае, прашмандоўкі, блядзь), і Бог сказаў ёй (на хуй, на хуй з пляжу, дзевачка, мы ўсё сваё жыцьцё тут гарбацімся, а ты думаеш што – самая галоўная, за хахаля за свайго думаеш схавацца, за марачка? Дыспансэр па тваім марачку плача, вось што мы табе скажам, да-да – дыспансэр.) Які дыспансэр? – раптам думае Джонсан-і-Джонсан, што гэтая факін-сучка перакладае? Ён робіць паўзу, падчас якой чутны плач інвалідаў, і працягвае.

Дарагія браты і сёстры! (Дарагія браты і сёстры! – вяртаецца бліжэй да тэмы перакладчыца.) І вось Госпад кажа ёй – згадай усё (госпад кажа вам – згадайце і ўсё!), устань і ідзі! (і ідзіце сабе!), і яна пайшла (і пайшла яна), і яна спыталася дактароў (запытайце дактароў) – хто плаціў за маё лячэньне? (хто за ўсё плаціць будзе). І яны сказалі ёй – гэта цуд, божы цуд, але нехта аплаціў тваю страхоўку (страхуйце свой цуд), і нехта перадаў табе адзеньне, рэчы, і гэта другі цуд (іншая рэч, што нехта перадаў табе цуд), і нехта зьняў для цябе жытло, ты маеш цяпер дах над галавой, і гэта трэці цуд (і гэта цуд, які ўжо трэці раз у цябе над галавой.) І тады яна зразумела – вось яно, адкрыцьцё госпада, адкрыцьцё, што адкрылася ёй (і тады ў ёй адкрылася), і што гэта сам ісус дорыць ёй прасьвятленьне, зусім невялічкае, невялічкую такую палоску сьвятла, як уначы, калі вы адкрываеце лядоўню (кашмарны джызус уночы хоча падарыць ёй лядоўню, зусім такую невялічкую.) Дзеля чаго я апавядаў вам гэта, браты і сёстры? (Для чаго вам браты, сёстры?) Дзеля таго, каб вы зразумелі, што божае адкрыцьцё гэта як марскія прадукты (цётка замучана змаўкае і пра нешта задумваецца) – галоўнае ня проста злавіць яго, галоўнае – умець яго прыгатаваць. Божае адкрыцьцё гэта як мазгі васьмінога – ты ня ведаеш, дзе яны ў яго знаходзяцца. Таму што ты падыходзіш да васьмінога, глядзіш на яго, і ты думаеш – алілюя! – дзе ў гэтага факін васьмінога мазгі? Вось жа, калі ёсьць васьміног, то павінны быць і мазгі? Але ты ня можаш дайсьці да гэтага сваім розумам, твой розум лянівы і зьнявераны, ты ня можаш вось так проста ўзяць васьмінога і зрабіць сваю справу, ты мусіш усё зьвяраць з унутраным голасам, які гаворыць табе – кінь яго, кінь, ты ня знойдзеш тут нічога, гэтая задача не для цябе. І тады ты пачынаеш сумнявацца ў сабе. Алілюя! Ты думаеш – так, я ня варты гэтага, я надта слабы і немачны, каб прайсьці гэты шлях да канца і ўва ўсім разабрацца, гэтая праца не для мяне. Я лепш адыйду ўбок. Таму што ты бачыш ягонае цела, яно такое самае, як тваё цела. І ты бачыш ягоныя вочы – яны такія самыя, як твае вочы, і ты слухаеш, як б’ецца яго сэрца, – хай будзе слаўны госпад – яно б’ецца гэтаксама, як тваё! Так хто ты такі?

– Васьміног! – крычыць нехта з залі.

Які васьміног? – не разумее Джонсан-і-Джонсан, чаму васьміног? ён на імгненьне разгублена замаўкае, але не губляе хвалі і зноў дае нырца ў квяцістае пурпуровае казаньніцкае гаўно: правільна, ты – дзіцё божае! Усе мы дзеці божыя! Адкрыцьцё госпада ў кожным з нас (Кожнаму з вас, – уключаецца цётка, – на выхадзе дадуць брашурку і каляндарык з фота прападобнага), памятайма пра ўвагу ўсявышняга (дзякуй вам за ўвагу, усяго добрага, да наступных сустрэч на казаньнях Царквы Ісуса (аб’яднанай)), сустрэча зь якім нас чакае наперадзе! (да наступных сустрэч, – паўтараецца цётка. – Не забывайце свае рэчы, – дадае яна, – і забярыце адсюль гэтых траханых інвалідаў.)

Ах, як я іх зрабіў, – гаворыць прападобны Джонсан-і-Джонсан чуваку з адміністрацыі. Чувак глядзіць на яго закаханымі вачыма. Так, – паўтарае прападобны, – як я іх зрабіў. Толькі навошта я зноў пра васьміногаў вёрз, што са мной апошнім часам адбываецца? – пытаецца ён у чувака, – толькі-тка прыму вітаміны, як адразу пачынаю гаварыць пра васьміногаў. Нічога не магу з сабой зрабіць, – апраўдваецца ён, – мяне проста прэ ад гэтых чароўных істот. Вой, як мяне прэ, – радасна гаворыць ён і зьнікае ў грымёрнай.

11.00

Пакуль усе гэтыя артадоксы сёмага дня яшчэ не разышліся і прападобны, размахваючы рукамі, пакідае сцэну, Какава сядзіць на лаве і намагаецца зразумець, пра што яны там гаварылі, але да яго ня надта даходзіць зьмест прамовы прападобнага, штосьці там пра электрычнасьць і пра дыспансэр, пра васьмінога, Какава нудзіцца, лепш бы дома тэлевізар паглядзеў, – думае ён, – але тут, у дадатак да адкрыцьцяў прападобнага, вытрымліваючы драматургію агітацыйнай работы сярод абарыгенаў, у гульню ўступае «Боскі аркестар прападобнага Джонсана-і-Джонсана», сябры Какавы, на вырашальным этапе няроўнай барацьбы дабра са злом і прападобнага Джонсана-і-Джонсана з уласным маразмам. Яны граюць блюзы, клясычныя рэчы, якія патрон выбіраў для іх асабіста, інваліды ў залі пачынаюць падтанцоўваць, бізнэсмэны расшпільваюць гузікі на сваіх салатавых пінжаках, публіка ажыўляецца, прападобны ў грымёрнай радасна выцірае пот на твары, пабліскваючы ролексам, аркестар заводзіцца, яны граюць старую тэму, паступова адыходзячы ад яе, канчаткова распальваюцца і заводзяць нешта такое, чаму іх у кансэрваторыі дакладна не вучылі – «Atomic Bomb Blues», напісаны ў далёкія пасьляваенныя гады Гомэрам Гарысам, нікому тут не вядомым, нават прападобнаму Джонсану-і-Джонсану не вядомым, яго божае адкрыцьцё не залазіць на такія паўзьмежныя тэрыторыі, адкуль яму ведаць пра Гомэра Гарыса, васьміногу ёбанаму. Вось гэта Какаву падабаецца значна больш, чым казаньне прападобнага, яму тут усё зразумела, ён таксама пачынае падтанцоўваць за сцэнай і раптам чуе, як нехта проста выграбае з аркестру, валіць упоперак партытуры, Какава адразу ж пазнае гітару Малога Чака Бэры, які, відавочна, таксама злавіў сваё адкрыцьцё, і нібы гаварыў, зьвяртаючыся да натоўпу інвалідаў –

божа, калі ты мяне чуеш за крыкамі гэтай скаціны Джонсана-і-Джонсана, калі ты наагул яшчэ не абламаўся браць ува ўсім гэтым удзел, дай мне хаця б шанец, усяго некалькі фразаў, і ўсё, я хутка ўсё табе патлумачу, галоўнае, зьвярні на мяне ўвагу, я ўсё ж такі ў боскім аркестры граю, хай я нават суцэльнае гаўно ў тваіх вачах і табе сорамна за мяне, за ўсё, што я, так бы мовіць, раблю, але не адварочвайся яшчэ хаця б некалькі сэкунд, мне херова, божа, як мне херова, хто б ведаў, і граю я херова, але ўсё адно – пашлі мне хоць бы які пробліск ,калі я зразумела тлумачу, разбоўтай гэты смутак у маіх лёгкіх, у маім сэрцы і страўніку, усё гаўно, умоўна кажучы, чуеш, я прашу ўсяго толькі прасьвятленьня, мне толькі 19, магчыма, я мала чакаў, але ж я гавару толькі пра палоску сьвятла, невялічкую такую, як уночы, калі адчыняеш лядоўню, ну ты ведаеш, пра што я, каб можна было выдыхнуць усё тое, што ўдыхнуў у сябе за ўсе гэтыя 19 гадоў, хоць бы якую радасьць, божа, якуюсьці мінімальную, так каб спэцыяльна не замарочвацца, проста як-небудзь пры нагодзе, паслухай мяне, хоць бы нешта, хоць бы трошкі, ну хоць бы нешта, хоць бы якогасьці прасьвятленьня, чуеш, божа, добра? добра? ну і красоўкі, божа, красоўкі, пару красовак, ты чуеш?! ты чуеш мяне?!! ты, чуеш ты, чуеш наагул, пра што я тут гавару?!!! а??!!!!! а?!! ааааааа!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!ааааааааааааааааааааааааааааааааааа!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!

Аркестар падхоплівае гэтую хімэрную тэму, усе раптам прах а валі які клёвы чувак, гэты Малы Чак Бэры, як ён усё зьвязаў прыкольна, таму кожны намагаецца нічога не сапсаваць, Какаву даўно так не ўстаўляла, ён проста ўпаў на лаву, сядзеў забіты і слухаў, слухаў, а яны ўсё валілі і валілі, і нават калі інваліды пачалі распаўзацца і бізнэсмэны разбрыліся па тачках і прыбіральніцы рушылі зьбіраць паміж радамі пустыя пляшкі з-пад вадзяры і пакамечаныя каляндарыкі з амэрыканскім яблом прападобнага – яны і далей ніяк не маглі спыніцца. І як яны гралі! Як багі! То бок амаль не лажалі.

Уступ № 3

00.00

Мае сябры хочуць, каб зь імі лічыліся. Яны раўніва ставяцца да таго, як зь імі размаўляюць і пра што, як на іх пры гэтым глядзяць, намагаюцца зразумець, што пра іх думаюць, калі гавораць, пастаянна скандаляць, зь імі цяжка мець справу, яны нэрвуюцца ў кампаніях, калі гэта ня іхняя кампанія, іх час ад часу аднекуль выкідаюць, калі б нехта зь іх ляцеў на самалёце, яго б і з самалёта выкінулі, гэта ўжо дакладна. Я сам да такіх рэчаў раней нармальна ставіўся, але апошнім часам таксама пачынаю замарочвацца – не люблю, скажам, калі нехта забывае маё імя, вось, скажам, мы гаворым-гаворым, і раптам выяўляецца, што ніхто ня ведае як мяне завуць, навокал столькі прыдуркаў круціцца; або не цярплю, калі ў кагосьці на твары розная хуйня, ну, я маю на ўвазе не якіхсьці там цыклопаў аднавокіх, вядома, проста калі ў некага твар парэзаны пасьля галеньня, або кроў на вуснах, або іншыя рэчы – не люблю, па-мойму, гэта непавага – хадзіць з такой брыдотай на твары, ня ўмееш галіцца – сядзі дома, утыкай ў тэлевізар, або займіся чым-небудзь карысным, не – абавязкова расхуячыць сабе пысу якім-небудзь станком, перастрэне цябе на вуліцы і давай грузіць нікому не патрэбнымі рэчамі, не памятаючы, да таго ж, як цябе завуць. Або не люблю касмэтыку, жахлівая рэч – касмэтыка, агрэсыўная і дрэнна пахне, парфуму цярпець не магу, піць яшчэ ладна, але так – не разумею, розныя бранзалеткі, завушніцы, значкі – ува ўсім гэтым ёсьць непавага, ва ўсялякім разе мне так здаецца. Раней я спакойна ставіўся да такіх рэчаў, наагул – раней я шмат рэчаў проста не заўважаў, жыцьцё такая прыкольная штука – чым далей заплываеш у яго акваторыю, тым больш гаўна плавае наўкола, плавае і ня тоне, але зь іншага боку так і цікавей.

Сяброў у мяне досыць шмат, гэта нават не кампанія, хутчэй такі дружны калектыў сымулянтаў, што кідаюць усіх вербавальнікаў і працадаўцаў, мы жывем у некалькіх суседніх пакоях на адным паверсе, сьпім упокат, я нават ня ўсіх ведаю, сапраўдны сябар тут адзін – Вася Камуніст, іншыя – публіка больш-менш выпадковая, хоць яны таксама нашыя сябры, яны то зьяўляюцца, то зьнікаюць, час ад часу іх набіваецца на нашым паверсе больш як дзесяць, іншым разам я сам па некалькі сутак блукаю па калідорах, вылажу на дах і гляджу навокал. Нам усім па 18 – 19, пераважную большасьць маіх сяброў павыганялі ўжо з вучобы, яны цяпер або беспрацоўныя, або займаюцца нікому не патрэбнымі рэчамі, напрыклад, Сабака Паўлаў – я ніколі ня мог зразумець, чым ён напраўду займаецца. Бацькі ў Сабакі Паўлава габрэі, але на сябе ён гэта не пераносіць, гаворыць, што бацькі гэта бацькі, а ён – гэта ён, і больш за тое – Сабака Паўлаў гаворыць, што ён пр а вы. Адпаведна, з бацькамі ён не жыве, гаворыць, што ня можа жыць з жыдамі, тусуецца па знаёмых, часам завісае ў нас на тыдзень-другі, яшчэ ў яго ёсьць бабуля, відаць, не габрэйка, бо ў яе ён таксама іншым разам спыняецца. Час ад часу ён цягае ў бабулі з сэрвантаў розную антыкварную парцаляну і прадае яе на барахолцы, на атрыманыя грошы панакупляе ў аптэчных кіёсках каля рынку розных пігулак і ідзе да нас. Тады мы наагул не выходзім з пакою па некалькі дзён, хіба што адліць ці парыгаць, але парыгаць можна і ў пакоі. Адліць, у прынцыпе, таксама. Я люблю Сабаку Паўлава, нават ня гледзячы на ягоны антысэмітызм, мне-та што.

Сабак ідэйна не працуе, лічыць, западло, гаворыць: «Мне западло працаваць на іх», ён наагул лічыць, што ў нашай рэспубліцы адбыўся пераварот і да ўлады прыйшлі габрэі, жыды – кажа ён, – паўсюль жыды; я ў прынцыпе лічу, што ён дарэмна так гаворыць, але працаваць таксама не хачу. Ня так даўно, праўда, нашы сябры – рэкламнікі Вова і Валодзя – уладкавалі Сабаку да сябе ў газэту, у аддзел рэкламы, кур’ерам, Сабака доўга вагаўся, прыходзіў да нас на паверх, блукаў па кухні, называў Вову і Валодзю жыдамі і вагаўся. Нарэшце адважыўся і пайшоў працаваць. Прапрацаваў дзён дзесяць. Некалькі дзён таму зьнік разам зь нейкай карэспандэнцыяй, Вова і Валодзя прыяжджалі да нас, але мы нічога ня ведалі, тэлефанавалі бацькам, тыя таксама ня чулі пра свайго сына-Сабаку паўтары гады, здаецца, гэта іх задавальняла, нават да бабулі паехалі, бабуля іх не пусьціла, глядзела праз напаўадчыненыя дзьверы і не разумела, што ад яе хочуць, здаецца, Сабака да рэшты замардаваў старую, паспрабуйце, пажывіце з унукам, які на сьняданак спажывае спачатку вадзяру, а потым ужо ўсё іншае. Адным словам, Сабака зьнік і нашы сябры-рэкламнікі пагражалі зрабіць зь ім штосьці страшнае ў тым выпадку, калі ён знойдзецца: «Так і перадайце Сабаку, – казалі яны нам, – яйцы адарвем». Я сумняваўся, што такім спосабам можна было заманіць Сабаку назад у рэдакцыю, але абяцаў перадаць. Мне ня цяжка. Вову і Валодзю мы не далюблівалі, але цярпелі, яны вучыліся на гістарычным, і як большасьць выдатнікаў з гістарычнага, супрацоўнічалі з кдб; кдб, я думаю, моцна пацярпела ад прысутнасьці ў сваіх шэрагах двух даўнаў – Вовы і Валодзі, але парадак ёсьць парадак, я так думаю, інакш для чаго б іх трымалі ў штаце. Вова і Валодзя, вядома па пратэкцыі кдб, ужо на першым курсе ўладкаваліся ў рэклямны аддзел адной зь першых харкаўскіх незалежных газэт, газэта іхняя працавала ад нейкага фонду дэмакратычнага разьвіцця, рэдактар – підар-праныра – выбіў з амэрыкосаў салідны грант, і яны запусьцілі ў сьвет сваю незалежную газэту, аднымі зь першых пачалі друкаваць на вокладцы голых цётак, а ў сярэдзіне – шырокія праграмы тэлеперадач. Акрамя гэтага, пастаянна гналі на савок, можна сказаць, што за грошы амэрыкосаў палівалі гаўном нашу савецкую бацькаўшчыну, нашу маладосьць, можна сказаць, я не любіў гэтую газэту, хаця цёткі на вокладцы мне падабаліся. Вова і Валодзя працавалі, як я ўжо сказаў, у рэкламным аддзеле, ня ведаю, як яны там працавалі, напэўна, дрэнна, бо традыцыйна раз ці двойчы на тыдзень яны заяжджалі да нас, напіваліся вадзяры і біліся між сабой. Наагул яны сябравалі, а як напіваліся, выходзілі незаўважна ў калідор і пачыналі мачыць адзін аднаго, прычым па-сапраўнаму, бяз дурняў, з выбітымі зубамі, з саплямі і сьлязамі на фэйсах. Так што якія зь іх маглі быць кадэбісты – ня ведаю. Мы іх спачатку разводзілі, а потым глядзім – ну, хулі, б’юцца пацаны і няхай сабе. Можа, у іх, у гісторыкаў, так прынята, можа, ім кдб за гэта даплочвае, чаго лезьці.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю