355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Сергей Жадан » Дэпэш Мод » Текст книги (страница 1)
Дэпэш Мод
  • Текст добавлен: 26 сентября 2016, 21:25

Текст книги "Дэпэш Мод"


Автор книги: Сергей Жадан



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 11 страниц)

Сяргей Жадан

Дэпэш Мод

Судзьдзя – западліст:

ён ня любіць «Мэталіст».

15.02.04 (нядзеля)

Калі мне было 14 і ў мяне былі свае віды на жыцьцё, я ўпершыню накачаўся алькаголем. Пад самую завязку. Было вельмі цёпла і нада мной плылі сінія нябёсы, а я ляжаў і паміраў на паласатым матрацы і нават пахмяліцца ня мог, таму што мне было толькі 14 і пахмяляцца я яшчэ проста не навучыўся. За апошнія 15 гадоў у мяне было больш чым дастаткова падстаў, каб не любіць гэтае жыцьцё, жыцьцё спачатку, як толькі я пачаў яго ўспрымаць, выявілася штукай подлай і няўдзячнай, яно адразу ж узяло за звычай абарочвацца такімі лажовымі сытуацыямі, згадваць пра якія ня хочацца, але запамінаюцца якія надоўга. Хоць са свайго боку я асаблівых прэтэнзій ніколі не выказваў, відавочна, у мяне ўсё добра ў маіх стасунках з жыцьцём, нават насуперак ягонай клінічнай мудакаватасьці. Мяне, па вялікім рахунку, калі не траплялася чарговых дэмаршаў звонку, усё задавальняла – мяне задавальнялі абставіны, у якіх я жыў, задавальнялі людзі, зь якімі я меў зносіны, зь якімі я час ад часу бачыўся і зь якімі мне даводзілася мець справу. Яны мне, па вялікім рахунку, не перашкаджалі, спадзяюся – я ім таксама. Што яшчэ? Мяне задавальняла тая колькасьць бабак, якая ў мяне была, то бок задавальняла ня колькасьць як такая, бабак у мяне, насамрэч, амаль ніколі не было, задавальняў сам прынцып абарачэньня іх вакол мяне – я зь дзяцінства заўважыў, што зьяўляюцца акурат тады, калі табе патрэбна, і прыблізна ў той колькасьці, безь якой ты не абыйдзешся, звычайна гэта спрацоўвала, дакладна спрацоўвала, вядома, калі ты не да канца страціў сумленьне і зьберагаеш хаця б рэшткі нейкай прыстойнасьці, у сэнсе там чысьціш зубы, або не ясі сьвініну калі ты мусульманін, то да цябе з нявысьветленай табой рэгулярнасьцю прыходзіць анёл з чорнымі бухгалтарскімі нарукаўнікамі і перхаццю на крылах і абнаўляе твой бягучы рахунак пэўнай сумай у грашовым эквіваленце так, каб ты, з аднаго боку, зусім ногі не працягнуў, а зь іншага – ня надта выёбваўся і не перапаскудзіў сваёй рэінкарнацыі купляй танкераў з нафтай і цыстэрнаў са сьпіртам. Мяне гэта задавальняла, у гэтым я анёлаў разумеў і падтрымліваў. Мяне задавальняла краіна, у якой я жыў, задавальняла тая колькасьць гаўна, якім яна была запоўненая і якое ў найбольш крытычныя моманты майго ў гэтай краіне пражываньня сягала каленяў і вышэй. Я разумеў, што цалкаммог нарадзіцца ў іншай краіне, куды горшай, напрыклад, з больш суворым кліматам ці аўтарытарнаю формай кіраваньня, дзе каля ўлады стаялі б ня проста ўблюдкі, як у маёй краіне, а якія-небудзь замарочаныя ўблюдкі, якія перадавалі б уладу ў спадчыну сваім дзецям, разам са зьнешняй запазыкай і ўнутраным цемрашальствам. Так што я лічыў, што даволі добра трапіў, таму ня трэба пераймацца гэтымі рэчамі. Па вялікім рахунку, мяне задавальняла ўсё, мяне задавальняла тэлевізійная карцінка, якую я бачыў за вокнамі памяшканьняў, дзе жыў, таму я намагаўся проста ня надта хутка пераключаць каналы, паколькі пасьпеў заўважыць, што любыя праявы ўвагі з боку змантаванай вакол мяне рэальнасьці абавязкова сканчаюцца наперад прагназаваным паскудствам ці проста дробным жыцьцёвым западлізмам. Рэальнасць прыкольная сама па сабе, але цалкам лажовая пры падліку пасьляматчавай статыстыкі, калі ты аналізуеш свае і яе паказальнікі і бачыш, што парушэньняў зь яе боку было ў некалькі разоў болей, а выдаленьні трапляліся толькі ў тваёй камандзе. Калі нешта мяне і прыгнятала па-сапраўднаму, то менавіта пастаянныя і настойлівыя намаганьні гэтай тэлекарцінкі ўступіць са мной у супрацьпрыродныя палавыя адносіны, то бок па-просту кажучы – адтрахаць мяне, скарыстаўшыся маімі ж такі грамадзянскімі правамі і хрысціянскімі абавязкамі. Я весела пражыў гэтыя свае 15 гадоў дарослага жыцьця, не беручы ўдзелу ў пабудове грамадзянскай супольнасьці ,не прыходзячы на выбарчыя ўчасткі і пасьпяхова пазьбягаючы кантактаў з антынародным рэжымам, калі вы разумееце, што менавіта я маю на ўвазе; мяне не цікавіла палітыка, не цікавіла эканоміка, не цікавіла культура, нават прагноз надвор’я мяне не цікавіў, хоць гэта была ці не адзіная ў гэтай краіне рэч, што выклікала давер, але мяне яна ўсё адно не цікавіла.

Цяпер мне 30. Што зьмянілася за апошнія 15 гадоў? Амаль нічога. Нават зьнешнасьць гэтага ё…га прэзыдэнта ня надта зьмянілася, ва ўсялякім разе яго партрэты як рэтушаваліся тады, так і цяпер рэтушуюцца, нават я гэта заўважыў. Зьмянілася музыка на радыё, але я яго, па вялікім рахунку, і ня слухаю. Зьмянілася адзеньне, але 80-тыя, наколькі я разумею, і надалей у модзе. Не зьмянілася тэлекарцінка, яна такая ж ліпкая й едкая, як разьліты на паркеце ліманад. Не зьмяніўся клімат, зімы ўсё такія ж доўгія, а весны – доўгачаканыя. Зьмяніліся сябры, то бок адны назаўсёды зьніклі, а іншыя замест іх зьявіліся. Зьмянілася памяць – яна стала даўжэйшай, але ня стала лепшай. Спадзяюся, яе хопіць яшчэ гадоў так на 60 трывалага пабытовага пахуізму і нязломнай душэўнай раўнавагі. Чаго я сабе і жадаю. Амінь.

17.06.93 (чацьвер)

Уступ №1

16.50

17 чэрвеня каля пятай гадзіны дня Сабака Паўлаў намагаецца спусьціцца ў падземку. Ён падыходзіць да турнікету, ідзе проста на жанчыну ўва ўніформе і дастае з кішэні вэтэранскае пасьведчаньне. Жанчына ва ўніформе глядзіць у пасьведчаньне і чытае: «Паўлава Вера Навумаўна». «Ну?», – пытаецца.

– Бабуля, – кажа Сабака Паўлаў.

– Дзе бабуля?

– Гэта, – паказвае Сабака пасьведчаньне. – Мая бабуля.

– Ну і што?

– Яна – вэтэран.

– Ну, а ты што хочаш?

– Яна ў танку гарэла.

Жанчына яшчэ раз глядзіць ў пасьведчаньне. Хто яе ведае, думае яна, можа і гарэла, па фота ня скажаш.

– Ну, добра, – кажа яна. – А ад мяне што трэба?

– Прапусьціце, – гаворыць Сабака.

– А ты што – таксама ў танку гарэў?

– Ну, пачакайце, – пачынае таргавацца Сабака, – можа я ёй паесьці нясу.

– Што паесьці?

– Ну, паесьці, – Сабака прыгадвае, што насамрэч есьць ягоная бабуля, калі ёй даюць. – Малочныя прадукты, разумееце? Сыр.

– Сам ты сыр, – бяззлобна кажа цётка ва ўніформе.

Сабака разумее, як усё гэта выглядае з боку. Што вось ён б’ецца галавой аб велічэзны бясконцы мур, якім ад яго адгарадзілася жыцьцё, б’ецца без ніякай надзеі на посьпех, і ўсе жыцьцёвыя спакусы, у тым ліку і праезд у мэтрапалітэне, яму цяпер проста ня сьвецяць, вось як гэта выглядае. Ён зьбірае ўсю сваю волю ў кулак і гаворыць нешта кшталту таго, што, маўляў, паслухайце, жанчына, ён, вядома, гаворыць ня так, але зьмест прыблізна такі. Дык вось, паслухайце мяне ўважліва, – кажа ён, – добра? Толькі не нэрвуйцеся. Вось што я вам скажу, жанчына. Вы, канешне, можаце зьневажаць мяне, я бачу, што вы зьневажаеце мяне, вы ж зьневажаеце, так? Паслухайце, паслухайце, я хачу яшчэ сказаць, паслухайце. Але пры ўсім пры гэтым, разумееце, як бы гэта сказаць – ну, вы там, я ня ведаю што, вы па-рознаму можаце да гэтага ставіцца, згодны, для вас гэта можа нічога ня значыць, але пагадзіцеся – мая бабуля можа здохнуць з голаду толькі праз тое, што мяне – яе законнага ўнука, перапрашаю, вось так проста не прапусьціла ў мэтро нейкая падла тылавая. Пагадзіцеся? (ну, у гэтым месцы яны проста паабкладалі адно аднога, але хай будзе так) – ён канцэнтруецца і раптам сігае жанчыне пад рукі, узмахваючы ў паветры вэтэранскім пасьведчаньнем, і зьнікае ў халодных кішках падземкі.

«Якая падла тылавая? – думае жанчына. – Я наагул – 49-га году нараджэньня».

17.10

Сабака выходзіць пад стадыёнам, на пустую плятформу, недзе праз гадзіну «Мэталіст» гуляе апошні дамашні матч, сёньня ўсе павінны зьехацца, ведаеце, як бывае, закрыцьцё сэзону і ўсё такое, наверсе дажджыстае лета, неба з хмарамі і недзе акурат над Сабакам стаіць напаўразвалены стадыён, у апошнія гады ён зусім размок і асунуўся, скрозь бэтонныя пліты пачынае прабівацца трава, асабліва пасьля дажджоў, трыбуны засраныя галубамі, на полі таксама гаўно, асабліва калі там гуляюць нашыя, разваленая краіна, развалены фізкультурны рух, вялікія стырнавыя праябалі найгалоўнейшае, як на мяне, вось жа, як ні круці, а ў Саюзе былі дзьве рэчы, якімі можна было ганарыцца – футбольны чэмпіянат і ядзерная зброя ;тых, хто пазбавіў народ такіх атракцыёнаў, наўрад ці чакае спакойная бестурботная старасьць, нішто так не падрывае карму, як хуёвая нацыянальная палітыка, гэта ўжо дакладна. Сабака яшчэ нейкі час стаіць на плятформе, зь іншага боку маюць пад’ехаць знаёмыя, так што патрэбна іх дачакацца, Сабака стомлены і змучаны – ён п’е ўжо трэці дзень, яшчэ і надвор’е дрэннае, напэўна, гэта ад надвор’я, ціск ці як гэта называецца, як называецца стан, калі ты п’еш трэці дзень і раптам перастаеш пазнаваць родных і блізкіх? Вядома, ціск.

Ён нават ня можа ўзгадаць, што адбылося – лета пачыналася так добра, ішлі дажджы, Сабака пасьпяхова і бестурботна прасяраў свае маладыя гады, але раптам сябры-рэклямнікі зацягнулі стабільна беспрацоўнага Сабаку ў нетры рэклямнае індустрыі, кажучы прасьцей, узялі кур’ерам у аддзел рэклямы сваёй газэты, Сабаку ламала, але ён трымаўся і хадзіў на працу. Карысьці ён прыносіў ня шмат, але добра было ўжо тое, што недзе лічыўся чалавекам, сам ён гэтым асабліва ніколі не пераймаўся, ну, а сябры, на тое яны і сябры, каб грубым кантактным спосабам выпраўляць твой сацыяльны статус, я ад самага пачатку казаў, што надоўга яго ня хопіць, але мяне ня слухалі, казалі нічога, ён нармальны ўвогуле хлопец, ёбнуты трошкі, але нічога, нічога, пагаджаўся я, нічога.

Сабакі хапае дзён на дзесяць, пасьля ён запівае і на працу больш ня ходзіць, а каб яго не знайшлі, п’е па знаёмых, у Сабакі ў ягоныя 19 паўгораду знаёмых, адну ноч ён нават начуе на вакзале – сустракае там знаёмых грыбнікоў, што едуць ранішняй электрычкай кудысьці на Данбас за сыравінай, і начуе зь імі пад калонамі на вуліцы, тройчы шманаецца патрулямі, сумленна адседжвае да ранку, слухаючы байкі пра грыбы ды іншыя тэрмаядзерныя рэчы, потым не вытрымлівае і звальвае дахаты. Тут яго і засьпявае тэлефонны званок. У іншым стане Сабака ні за што слухаўку ня зьняў бы, але ўнутры ў яго ўжо плаваюць срэбныя халодныя стронгі трохдзённага алькагольнага запою і балюча б’юць зь сярэдзіны хвастамі па нырках і печанях, так што сьвет ў Сабакавых вачах цямнее, і слухаўку ён бярэ аўтаматычна. «Сабака? – крычаць у тэлефон. – Ня сьмей кідаць слухаўку!»: сябры-рэклямнікі Вова і Валодзя, якія ўладкавалі яго на сваю галаву ў рэклямны бізнэс, сядзяць недзе ў сваім камсамольскім офісе, і, вырываючы адзін у аднаго слухаўку, імкнуцца пераканаць Сабаку пагаварыць зь імі, зьбіваючыся час ад часу на мат. «Сабака! – гавораць яны. – Галоўнае, ня сьмей кідаць слухаўку. Підар! – гавораць яны, пераканаўшыся, што Сабака іх слухае – калі ты зараз кінеш слухаўку, табе хана. Мы цябе ўрыем, чуеш?» «Алё» – кажа на гэта Сабака. «Што алё? – нэрвуюцца Вова і Валодзя – Што алё? Ты нас чуеш?». «Так», – кажа Сабака напалохана. «Добра, – жвавеюць Вова і Валодзя. – Значыцца так – цяпер дзясятая ранку». «Што»? – Сабака канчаткова пужаецца і слухаўку кідае. Тэлефон адразу трашчыць па-новай. Сабака нерашуча падымае слухаўку. «Ты!!! – раве ў слухаўцы. – Підар!!! Ня сьмей кідаць слухаўку!!! Ты нас чуеш??? Ня сьмей кідаць слухаўку!!!». Сабака цяжка зглытвае сьліну. «Ты нас чуеш?» «Ну», – няўпэўнена кажа Сабака. «Значыцца так – разрываюцца рэклямнікі. – Цяпер – дзясятая ранку. Ня сьмей кідаць слухаўку!!! Ты чуеш??? Ня сьмей кідаць слухаўку!!! Цяпер дзясятая. А палове на шостую мы чакаем цябе каля стадыёну. Калі ня прыйдзеш – мы табе адарвем яйцы. Калі прыйдзеш – мы табе таксама адарвем яйцы. Але табе лепш прыйсьці. Ты зразумеў???» «Так», – кажа Сабака. «Ты нас зразумеў?!!» – ня могуць супакоіцца рэклямнікі. «Зразумеў», – кажа Сабака Паўлаў, адчуваючы як стронгі весела ганяюць недзе ў яго пад горлам. «Што з табой? – нарэшце пытаюцца рэклямнікі. – Табе дрэнна?» «Так». «Табе чаго-небудзь прынесьці?» «Вадзяры прынясіце». «Підар», – гавораць Вова і Валодзя і кладуць слухаўку.

Сабака пераводзіць дых. Дзясятая гадзіна. Трэба пераапрануцца або пахмяліцца, лепш, канешне, пахмяліцца. З суседняга пакою выходзіць яго бабуля. Гэта яго бабуля, ён яе любіць, ну і ўсякае такое, нават ходзіць зь яе вэтэранскім пасьведчаньнем, можна нават сказаць, што ён ганарыцца ёю, не зусім, канешне, але да пэўнай ступені, гаворыць, што яна ў танку гарэла, я сабе слаба ўяўляю старэнькую ў танкавым шлеме, але усё можа быць. «Што, Віталік?» – гаворыць яна. «Праца, бабуля, – кажа Сабака. – Праца». «Што гэта за праца такая, – бядуе старэнькая. – Учора цэлы дзень тэлефанавалі, дзе, кажуць, гэты підар. А я адкуль ведаю?»

17.22

Вова і Валодзя выскокваюць з вагона, падбіраюць Сабаку і выходзяць на вуліцу. «Жывы?», – пытаюцца. Сабака зусім бледны, ніяк не паправіцца, яны цягнуць яго ў гастраном на Пляханаўскай і бяруць там дзьве пляшкі вадзяры, ня бойся, гавораць яны Сабаку, мы цябе спачатку адкачаем, а ўжо потым яйцы рваць будзем, які нам інтарэс рваць нешта ў цябе такога, ты на сябе паглядзі, яны падводзяць яго да вітрыны гастраному, гастраном цёмны і пусты, як і большасьць гастраномаў у краіне ў гэты трывожны час, развалілі краіну, сукі, глядзі, гавораць яны Сабаку, глядзі, на каго ты падобны, Сабака зусім расслаблены, ён глядзіць у вітрыну, за якой стаіць прадавачка ў белым халаце і таксама глядзіць, як за вакном на вуліцы, акурат насупраць яе, стаяць двое навалачнага выгляду ўблюдкаў, трымаюць пад рукі трэцяга такога ж і паказваюць на яе пальцамі. Яна глядзіць на іх зь нянавісьцю, Сабака неяк факусуе позірк, пазнае сваё адлюстраваньне і раптам заўважвае, што ў гэтым адбітку ёсьць яшчэ нехта, нейкая дзіўная істота ў белым адзеньні зь вялікай колькасьцю касмэтыкі на твары цяжка паварочваецца ў яго абалонцы, у межах ягонага цела, нібы намагаецца прарвацца скрозь яго, так што яму робіцца дрэнна, напэўна, думае Сабака, гэта мая душа, толькі чаму ў яе залатыя зубы?

17.35 – 18.15

Цягам сарака пяці хвілін Сабаку прыводзяць у прытомнасьць. У яго ўліваюць вадзяру, і, па нейкіх законах фізыкі, Сабака, напаўняючыся ёю, прыбывае на паверхню, гаворыць усім прывітаньне, яго таксама вітаюць усе прысутныя, зь вяртаньнем цябе, піянер-герой Сабака Паўлаў, клёва, што ты вярнуўся да нас, нам тут цябе таксама не хапала, ага, гавораць прысутныя, то бок Вова і Валодзя, мы проста мусілі цябе адкачаць, каб яшчэ раз паглядзець у твае, хоць і п’яныя, але ўсё адно сумленныя вочы, каб ты нам сказаў, за што ты так ненавідзіш рэклямны бізнэс цалкам і нас з Валодзем – кажа Вова – у прыватнасьці, што мы табе зрабілі, што ты нас так беспантова кінуў, зьнік зь вельмі важнай, дарэчы, карэспандэнцыяй, за якую, калі б маглі, мы б табе двойчы адарвалі яйцы. І так паміж імі вядзецца нейкая такая сяброўская размова, ведаеце, як яно бывае, і Сабака поўнасьцю вяртаецца на сьвет, зь якога яго лездь не выштурхнула яго ж уласная душа, ён азіраецца навокал і прыслухоўваецца: стронгі ляжаць недзе на глыбіні, злы залатазубы анёл у белым халаце і капронавых панчохах таксама адляцеў, рэклямнікі Вова і Валодзя зацягнулі яго кудысьці ў зелень за мэталічныя, пафарбаваныя ў белы, кіёскі і шчодра пояць вадзярай. Соцыюм патрабуе кампрамісаў.

18.15

Чаму яны ніколі не прыходзяць на стадыён своечасова, калі там гучаць маршы і прывітальныя прамовы клеркаў ад муніцыпалітэту? Па-першае, яны зазвычай прыходзяць не зусім цьвярозыя і ўжо дрэнна арыентуюцца, колькі часу, іншым разам яны наагул дрэнна арыентуюцца, што ўжо там час, яны поры году не адрозьніваюць, заўжды то ў цёплых швэдрах пад пякучым сонцам, то ў мокрых футболках пад першым сьнегам. Па-другое, перад матчамі адбываецца якая-небудзь лятарэя, а ў лятарэю яны ня вераць, тут і гаварыць няма пра што. Па-трэцяе, іх таксама можна зразумець – калі табе 19 і ты запаўзаеш у свой сэктар, і ўсе – уключна зь міліцыяй – бачаць, у якім ты цудоўным прыўзьнятым стане, што можа быць больш узбуджальным для цябе? Потым, калі ты вырасьцеш і станеш працаваць ў банку ці газавай канторы, калі з рэальнасьцю будзеш вымушаны мець зносіны толькі па тэлевізары, а зь сябрамі – па факсе, калі ў цябе будуць сябры, а ў іх – факс, тады, канешне, табе по хуй будзе такая штука як п’яны тынэйджарскі драйв, што зносіць башку і кідае цябе на ўсе амбразуры сьвету, калі вочы вільгатнеюць ад ўзбуджэньня, кроў пад пазногцямі спыняецца ад таго, што вось некалькі сотняў чалавек сочаць, як яны заходзяць у сэктар і шукаюць свае месцы, і нават кагосьці нясуць на плячах, называючы яго чамусьці сабакам, час ад часу губляюць яго паміж лавамі, але ўпарта і настойліва падбіраюць і цягнуць на запаветныя месцы, далей ад вартавых, далей ад прадавачак марозіва, увогуле – далей ад футболу, як яны яго разумеюць.

18.25

Наступны раз у прытомнасьць Сабака Паўлаў прыходзіць ужо на стадыёне, добра вось так сядзець зь сябрамі, думае ён, на лаве, недзе пад нейкімі дрэвамі, што шумяць і хістаюцца ва ўсе бакі, не, раптам думае ён, гэта ня дрэвы, тады што гэта?

Празь некалькі сэктараў, зьлева ад іх, пад цяжкім чэрвеньскім дажджом, стаяць фанаты суперніка. Іх некалькі дзясяткаў, яны прыехалі зранку на вакзал і за імі цэлы дзень цягаецца некалькі патрулёў, на стадыёне ім адвялі асобны сэктар, у якім яны сумна махаюць размоклымі і разбухлымі сьцягамі. Яшчэ да перапынку нашыя, незадаволеныя вынікам і надвор’ем, прарываюць кардон і пачынаюць іх біць. Зьнізу, ад поля, падцягваецца рота курсантаў-пажарнікаў, міліцыя, зрэшты, не прыдумвае нічога лепшага, як выпхаць усіх са стадыёну, і пачынае адцясьняць народ да выхаду, пакуль яшчэ ідзе першы тайм; усе, ясная рэч, забываюцца на футбол і пачынаюць хварэць за нашых на трыбунах, каманды таксама больш пераймаюцца бойкай, чым вынікам, цікава ўсё ж такі, непрадбачана, тут на полі і так усё было зразумела – хтосьці пад канец абавязкова гульню салье, а там – бач ты, нейкая барацьба, зусім табе рэгбі, вунь і пажарныя па галаве ўжо атрымалі, а тут і тайм заканчваецца, і каманды неахвотна цягнуцца ў тунэль, міліцыя выносіць апошніх гастралёраў, таму, калі гульня аднаўляецца, сэктар пусты ўжо. Толькі растаптаныя і разарваныя сьцягі, нібы фашысцкія штандары на чырвонай плошчы, сьцяжэла ляжаць у лужынах, нашыя, хто ацалеў, задаволена вяртаюцца ў свае сэктары, найбольш зацятыя і прынцыповыя заўзятары едуць на вакзал – адлоўліваць тых, хто будзе вяртацца дадому; і тут, недзе на пятнаццатай хвіліне другога тайму, на трыбуны забягае яшчэ адзін гастралёр – зусім юны чувак, раскудлачаны і намоклы, дзе ён быў дагэтуль – невядома, але вось ён ужо дакладна ўсё найцікавейшае прапусьціў, ён убягае і бачыць сьляды пабоішча і рваныя сьцягі сваёй каманды і нікога зь сяброў; дзе нашы? – крычыць ён, азірнуўшыся на прыціхлыя трыбуны, эй, дзе ўсе нашы?! – і ніхто яму нічога ня можа адказаць, шкада чувака, нават ультрасы замоўклі, абарвалі сваё працяглае «судзьдзя – підарас», глядзяць сарамліва на гастралёра, няёмка перад чуваком, сапраўды – неяк непрыгожа выйшла, і чувак глядзіць зьнізу на заціхлыя сэктары і глядзіць на мокрае поле, на якім месяць гаць каманды, і глядзіць у халоднае і маларухомае неба і ня можа зразумець – што адбылося, дзе пацаны, што гэтыя клоўны зь імі зрабілі, і падбірае пагнутую піянерскую трубу ,у якую да гэтага дзьмуў нехта зь яго палеглых сяброў, і раптам пачынае пранізьліва сьвісьцець у яе, плаксіва і роспачна, так што аж усе афігелі – трэба ж так, сьвісьціць, адвярнуўшыся і ад поля, і ад ультрасаў, і ад прыціхлых і прысаромленых пажарных, сьвісьціць нейкую сваю, толькі яму аднаму вядомую, гучную і фальшывую ноту, укладаючы ў яе ўсю сваю адвагу, усю сваю безнадзейнасьць, усю сваю чыста пацанскую любоў да жыцьця...

19.30

Пад самым дахам, над апошнімі радамі, сядзяць сонныя галубы, якія ўжо звыклі да паразаў нашай каманды, і сонна буркочуць, жывуць сабе, нікому не перашкаджаюць, прыкольныя мокрыя зграі, але вось Сабака слухае іх скрозь сон, яны яму зьяўляюцца ў ягонай алькагольнай прастрацыі і выцягваюць яго адтуль, ведаеце, такі дзіўны стан, калі ты адным вокам бачыш сьвятло сьпераду, а іншым, як бы гэта патлумачыць – іншым ты бачыш тое, што можна, напэўна, назваць іншым бокам сьвятла, ну, вы разумееце, адным словам, калі табе адначасова паказваюць вельмі многа, але ты ў такім стане, што ўбачыць ужо нічога ня можаш. Ды й ня хочаш. Таму Сабака спаўзае на цэмэнтную падлогу і пачынае адпаўзаць у бок праходу, трушчачы сваімі змучанымі грудзямі сланечнікавае шалупіньне, недапалкі і лятарэйныя білеты. Адпаўзае да праходу, устае на ногі і нерашуча рушыць наверх, да апошняга раду, чапляецца там за мэталічнае мацаваньне і павісае на ім зусім бязь сілаў – ня ўпасьці на трыбуну і не прыціснуць заўзятараў якіх-небудзь калі ўпадзеш трэба будзе выбачацца з кімсьці сутыкацца, штосьці гаварыць і тады ўсе адразу адчуюць як дрэнна пахне ў цябе з рота і адразу здагадаюцца што ты піў так што галоўнае ні з кім не гаварыць і ні да каго не зьвяртацца а калі ўпадзеш абавязкова з табой хто-небудзь загаворыць і не адкруцішся потым скажуць што ў цябе так з рота дрэнна пахне дакладна ўнюхаюць толькі пачнуць гаварыць нават калі адвярнуцца і гаварыць убок усё адно ўнюхаюць хіба што добра адвярнуцца і так гаварыць. што гаварыць? што трэба гаварыць каб яны не даведаліся? што я павінен сказаць? хутчэй а то заўважаць скажуць што-небудзь. што скажуць? скажуць чаму маўчыш? не крычыш? чаму я не крычу? трэба крычаць інакш яны заўважаць што ў мяне дрэнна пахне з рота скажуць што ў мяне дрэнна пахне з рота таму што я не крычу або падумаюць што я п’яны таму што я не крычу што я павінен крычаць? што я павінен крычаць? ну што я павінен крычаць? трэба запытаць у каго-небудзь трэба адвярнуцца і запытацца або адвярнуцца і закрычаць тады ніхто нічога не заўважыць усё адно не заўважаць такі шум стаіць добра я крыкну штосьці ў бок ніхто не пачуе як у мяне дрэнна пахне з рота але ўсе заўважаць што я крычу значыць я не п’яны нармальна гэта я нармальна прыдумаў толькі што крыкнуць ну што ж мне крыкнуць што яны ўсе крычаць? пра судзьдзю пра судзьдзю толькі крыкнуць убок каб не пачулі і каб не заўважылі неяк так патрэбна крыкнуць і абавязкова пра судзьдзю тады будзе нармальна – і тут наш форвард вывальваецца сам-насам з брамнікам і б’е, проста хуячыць з усяе моцы, некалькі тысяч мокрых заўзятараў заміраюць, затрымліваюць, можна сказаць, дых, і тут за іхнымі сьпінамі ў вільготнай цішыні роспачна лунае:

– Гэээээээээээээээй!!! Тыыыыыыыыыыыыыыыыыыы!!!!!!!!!!!!!!!

І мокрыя заўзятары ў бліжніх сэктарах зачаравана паварочваюць галовы і бачаць там Сабаку Паўлава, старога добрага Сабаку Паўлава, якога тут ведае кожны сабака, то бок кожны сэржант з рацыяй, ён зусім зьняможана павісае на жалезным мацаваньні, павярнуўшыся да трыбун, назавем гэта сьпінай, і працяжна вые кудысьці ў нікуды, ці як гэта назваць.

19.45

Чаму? Таму, што ты ня проста нейкі мудак, які зьмірыўся з існуючым несправядлівым станам рэчаў і са штодзённымі наёбкамі зь яго боку, таму што ты не зьбіраешся да канца сваіх дзён угрызацца ў чыёсьці горла за расфасаваную імі хаўку. Таму, што ты, у рэшце рэшт, маеш што сказаць, калі б нехта запытаў у цябе пра найгалоўнейшае, так што гэтага ўжо хопіць, думае Сабака, дакладней ён, вядома, у такім стане нічога падобнага ня думае, але каб ён мог зараз думаць, ён, мне здаецца, думаў бы менавіта так, таму ён пачынае лезьці ўгору па бэльцы, што падпірае дах, зьдзіраючы пальцамі старую зялёную фарбу і засохлае пташынае лайно, прыціскаючыся да халоднай трубы, асьцярожна цягнецца ўгору, перастаўляючы ногі па жалезнай канструкцыі, апынаецца акурат над галовамі сяржантаў, што на нейкі час забыліся на яго, над галовамі ўсіх сваіх мокрых і п’яных знаёмых, колькі іх тут ёсьць, над шчасьлівымі галовамі Вовы і Валодзі. Іх ён і пазнае і спыняецца акурат над імі, разглядае іх зьверху, думае, о, як клёва, калі працягнуць руку ўніз, можна абодвух падняць сюды, і ён цягне да іх руку і нешта ім кажа, нават не заўважаючы, як дрэнна ў яго пахне з рота.

І тут нашы закалочваюць мяч, і мокрыя горлы равуць – вау-у-у-у-у!!! – вау-у-у-у-у!!! – равуць яны, і ад гэтага рову сотні і тысячы сонных галубоў выпырхваюць са сну і вылятаюць, як снарады, са сваіх седалаў, усланых пер’ем, зямлёй і лятарэйнымі квіткамі, вылятаюць хваляй пад мокрае неба і гэтая хваля б’ецца аб Сабаку і той ня ўтрымліваецца і ляціць уніз, пралятае свае некалькі мэтраў і смачна плюхаецца на лаву, поруч з Вовам і Валодзем, тыя нарэшце згадваюць пра свайго таварыша, паварочваюцца да яго і бачаць яго побач з сабою, як і мае быць.

– О, Сабака, – крычыць Вова.

– Сабака, мы забілі, – крычыць Валодзя.

– Здорава, – гаворыць Сабака і ўсьміхаецца. Упершыню за апошнія тры дні, дарэчы.

19.50 – 8.00

Вова і Валодзя не наважваюцца паказаць свае дакумэнты, таму да шпіталізаванага Сабакі іх не пушчаюць, яны тлумачаць, што яны сябры, нават родныя, далёкія, але ўсё ж такі родныя, але ім кажуць, што такіх родных, як Сабака, саромецца трэба, і ўкладваюць яго – п’янага і соннага – на насілкі, а потым запіхваюць у хуткую, чамусьці яны ўсе думаюць, што Сабака менавіта траўмаваны, а не п’яны, гэта яго і ратуе, яго не забіваюць на месцы, як гэтага вымагаюць інструкцыі паводзінаў для сяржантаў, старшынаў і мічманаў пры гераічнай абароне спартыўных комплексаў і месцаў масавага адпачынку працоўных падчас правядзеньня там футбольных матчаў, палітычных мітынгаў ды іншых фізкультурна-асьветніцкіх шабашаў. Нейкі сэрдабольны сяржант нават падыходзіць да кіроўцы хуткай, запісвае яго каардынаты, пакідае яму свой працоўны тэлефон і загадвае неадкладна імчаць цажкапараненага Сабаку, а заўтра, калі нічога сур’ёзнага ня здарыцца, прывезьці яго залатанае цела да іх у руус для далейшых лябараторных дасьледаваньняў, там яны і высьветляць, што гэта за Гагарын наябнуўся ім на галовы. Кіроўца бярэ пад казырок, ну вы разумееце, пра што я, і хуткая зьнікае за зялёнай брамай стадыёну, разганяючы сваімі сырэнамі мокрых заўзятараў, у вясёлым віры якіх губляюцца і Вова з Валодзем – бо перамога прадугледжвае гуртаваньне і радасную калектыўную масу, салюты і зладжаны харавы сьпеў, і толькі параза, горкая асабістая параза, не прадугледжвае нічога, акрамя п’яных санітараў і апарату штучнага дыханьня, які, да таго ж, і не працуе, дакладней не – ён працуе, але ніхто ня ведае як.

Да раніцы Сабака абрыгвае ўсе прасьціны, у якія ён быў загорнуты, і выклікае рэзкую агіду з боку мэдычнага пэрсаналу. Дзяжурныя мэдсёстры намагаюцца кудысьці дазваніцца, знайсьці тых далёкіх родзічаў, якія хацелі гэтую навалач забраць яшчэ там – на стадыёне, але тэлефону ніхто ня ведае, у Сабакі з усіх дакумэнтаў знаходзяць толькі вэтэранскае пасьведчаньне, выданае на імя Паўлавай Веры Навумаўны, усе разглядаюць гэта пасьведчаньне – пашарпанае й абгарэлае па краях – але Сабака, хоць ты забі, на Паўлаву Веру Навумаўну ня цягне, яны на ўсякі выпадак яшчэ глядзяць па картатэцы і са зьдзіўленьнем высьвятляюць, што, згодна зь іхнымі запісамі, гэтая самая Вера Навумаўна яшчэ тры з паловай гады таму богу душу аддала, але ў гэтых картатэках такое трапляецца, гаворыць старшая дзяжурная медсястра, поўнасьцю прызнаць, што перад ёю такі не Паўлава Вера Навумаўна, а нейкі неідэнтыфікаваны ўёбак, яна адмаўляецца, таму зранку яны вызвоньваюць кіроўцу з хуткай, той толькі што адпрацаваў зьмену і з гэтай нагоды піў усю ноч, таму пра Сабаку зразумеў не адразу, сказаў, што ніякай Веры Навумаўны ён учора са стадыёну не прывозіў, бажыўся, што жанаты і што з жонкай у іх усё добра, нават сэкс зрэдчас бывае, калі ён не на зьмене, ну, але зрэшты зразумеў, пра што вядзецца, і выдаў мэдсёстрам тэлефон сяржанта, што цікавіўся ўчора далейшым лёсам падабранага Сабакі. Мэдсёстры кідаюцца тэлефанаваць сяржанту, гавораць, што, маўляў, бяда, таварыш сяржант, у нас тут ляжыць абрыганы неданосак, які-які? з ранішняй бадзёрынкай у голасе перапытвае сэржант і тут такі пачынае запісваць, запісваю, кажа ён – аб-ры-га-ны, ну-ну? вось, кажуць мэдсёстры, мала таго, што абрыганы, дык ён яшчэ і бяз пашпарта, так-так-так, адказвае на гэта сяржант, не так хутка – ма-ла-та-го-што-аб-ры-г, слухайце, раптам пытаецца ён, ну, а мне-та што, можа ў яго страсеньне мазгоў? Няма ў яго, – кажуць сёстры – ні страсеньня, ні мазгоў, ён наагул нейкі дэзэртыр, ходзіць з чужымі дакумэнтамі, ага, ажыўляецца сяржант, з чужымі, яшчэ і абрыгаў нам тут усё, – ня могуць супакоіцца сёстры, ну, гэта вы добра, сувора гаворыць сяржант, давайце, цягніце яго да нас, але хутчэй, у мяне а дзявятай зьмена сканчаецца, а напарнік мой зь ім цягацца наўрад ці захоча – у яго ціск. Зразумела, кажуць сёстры, ціск.

Яны тут-такі выклікаюць дзяжурнага кіроўцу, забірай, кажуць яму, гэтую навалач, якая нам тут усё абрыгала, і вязі яе ў Кіеўскі руус, у яе там нейкі непарадак з дакумэнтамі, ага, кажа кіроўца, вось зараз усё кіну і павязу вашую навалач выпраўляць дакумэнты, можа, яго яшчэ ў загс адвезьці? рабіць мне няма чаго, у прынцыпе, ён нядаўна заступіў на зьмену і рабіць яму сапраўды няма чаго, ты давай не выёбвайся, гаворыць яму старшая дзяжурная мэдсястра, чыя зьмена заканчваецца, адвязеш яго і адразу назад, у нас тут яшчэ работы мора, ну да, кажа кіроўца, чорнае мора, і грэбліва ўзяўшы пад руку аслабелага і дэмаралізаванага Сабаку, вядзе яго ўніз, адчыняе заднія дзьверы хуткай, давай, кажа Сабаку, залязай, сядай вунь на насілкі, а лепш кладзіся, а то ўпадзеш на павароце, разаб’еш якое-небудзь шкло, або парэжашся, або фарбу перакуліш, якую фарбу? пытаецца Сабака, якую-небудзь, гаворыць кіроўца, кладзіся давай, можа я пасяджу? баязьліва пытаецца Сабака, ты давай не выёбвайся, кажа яму кіроўца і сядае за штурвал. Сабака спрабуе легчы, але яму адразу ж робіцца дрэнна, і ён пачынае рыгаць – на насілкі, на сьцены, на нейкую фарбу, ну вы разумееце. Кіроўца ў адчаі тармазіць, бяжыць да задніх дзьвярэй, адчыняе іх, атрымлівае сваю порцыю Сабачых рыгакаў і выкідае напаўахаладзелага Сабаку на ранішні харкаўскі асфальт, і ўжо лаючыся на чым сьвет стаіць, вяртаецца назад у шпіталь, дзе яго, калі сказаць па праўдзе, ніхто асабліва не чакае.

Уступ № 2

9.00

– Ведаеце, што найгоршае – я ня ведаў, што там іх дзьве. Адна на балконе была.

– Ну.

– Ну, я зайшоў, а яна там адна. Я ж ня ведаў, разумееце? І яна ляжыць амаль поўнасьцю распранутая, там нейкія трусікі, бюстгальтары.

– Што, некалькі бюстгальтараў?

– Не, ну, проста розная бялізна.

– Як гэта?

– Ну, рознага колеру, разумееш?

– Нават гаварыць пра гэта не хачу.

– Я ж кажу. Я наагул не люблю бялізну. Жаночую, маецца на ўвазе.

– Ну, зразумела.

– Карацей, я бачу, яна ўгашаная, ну, таксама пачынаю распранацца. А я ж ня ведаў, што яны ўжо зранку. Яны там, значыцца, спачатку наглыталіся нейкай брыдоты, а потым вадзярай залілі, уяўляеце? Сукі п’яныя. А я стаю, і ў мяне эрэкцыя.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю